A R C H E П а ч а т а к № 10 (50) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


10-2006
" да Зьместу "

 



крытыка • аналітыка • эсэістыка • гісторыя • палеміка • літаратура

 


 

   

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Слоўнік, зроблены на энтузiязьме
Гутарка з рэдактарам «Ангельска-беларускага слоўніка» Валентыны Пашкевіч Сяргеем Шупам

– Сяргей, нарэшце мы можам узяць у рукі «Ангельска-беларускі слоўнік» Валентыны Пашкевіч пад Вашай рэдакцыяй. Як бы Вы ацанілі значнасьць гэтай падзеі? Што, уласна кажучы, адбылося?

— Па-першае, чаму імя аўтаркі Валентына, а не Валянціна. Можа, на нашае вуха гучыць крыху нязвыкла, але гэта была яе сьвядомая спроба дыстанцыявацца ад расейскага варыянту. Гэтае імя мы мусім успрымаць як любое іншае заходняе ўласнае імя, скажам, Клемэнтына, Рабэртына, Палестына.

А што да значнасьці слоўніка, то, шчыра сказаўшы, мне яшчэ цяжка ацаніць маштаб падзеі. Патрэбная хоць мінімальная дыстанцыя, каб зразумець, што адбылося. Безумоўна, прафэсіяналы, перакладчыкі і студэнты — усе могуць свабодна карыстацца ангельска-расейскімі слоўнікамі. Калі вам трэба было даведацца значэньне ангельскага слова, то вялікай праблемы не існавала. Але бяда была ў тым, што абміналася, проста выключалася з гэтага ланцугу беларуская мова. Калі нехта перакладаў з ангельскай на беларускую, ён мусіў або рабіць падвойны пераклад праз ангельска-расейскія слоўнікі, або, карыстаючыся ангельскімі тлумачальнымі слоўнікамі, прыдумляць, як перадаць слова па-беларуску. А ў нашым слоўніку гэтая дадатковая задача вырашаная — адразу даюцца беларускія адпаведнікі. Калі параўноўваць з аналягічнымі расейскімі слоўнікамі, розьніца ў тым, што ў нас значна багацейшая сынанімія «правай часткі». Гэта слоўнік не нарматыўны, а хутчэй дэскрыптыўны, то бок ён фіксуе ўсё, што «гуляе» сёньня ў нашых вусных і пісьмовых тэкстах. Там ёсьць словы больш-менш «афіцыйныя», з афіцыйных беларускіх слоўнікаў, і ёсьць словы, якія не фіксуюцца ў афіцыйных словазборах, а ўжываюцца ў нейкіх нефармальных колах. Мы ня ставілі заслоны ніводнаму з гэтых пластоў — усе яны прысутнічаюць. Наш слоўнік — спроба разгарнуць, наколькі магчыма, усё багацьце беларускай лексыкі. Але, на жаль, напоўніцу гэтага не ўдалося.

— Як рабіўся слоўнік? Калі пачалася праца? Як яна арганізоўвалася? Як фармаваўся рэестар? Як разьмяркоўваліся абавязкі ў аўтарскім калектыве?

— Праца пачалася даўно. Яна вялася настолькі доўга, што пра большую частку гэтай гісторыі я ведаю ўжо толькі са словаў тых, хто працаваў на ранейшых стадыях. Недзе ў 1970-я гады Валентына Пашкевіч — беларускі пэдагог, якая атрымала філялягічную адукацыю ў Віленскім унівэрсытэце яшчэ ў канцы трыццатых гадоў, а пазьней выкладала беларускую мову ў беларускіх нядзельных школках у Канадзе, — атрымала грант ад канадыйскага ўраду на падрыхтоўку падручніка Fundamental Byelorussian. Ягоныя два тамы выйшлі ў 1974 і 1978 гадах. Гэты падручнік прызначаўся найперш для дзяцей эмігрантаў, якім беларуская мова не была ўжо родная, каб яны маглі яе крыху падвучыць, а таксама для ангельскамоўных пачаткоўцаў. У кожным томе ў канцы быў досыць прыстойны ангельска-беларускі і беларуска-ангельскі слоўнік. Гэта быў пачатак. Да працы вельмі актыўна прычыніўся Антон Адамовіч, і, магчыма, на тым этапе ўзьнікла думка стварыць больш сур’ёзны ангельска-беларускі слоўнік. Валентына Пашкевіч пачала зьбіраць карткі. Праблема была ў тым, што праца рабілася на энтузіязьме, магчыма, аўтарка ня мела дастатковай лексыкаграфічнай падрыхтоўкі, хоць яна, бясспрэчна, была выдатным філёлягам. Але праца лексыкографа патрабуе пэўных адмысловых навыкаў і ведаў пра тэхналёгію складаньня слоўнікаў. Таму напачатку засталіся нявызначанымі ні крытэры адбору словаў, ні задачы слоўніка — ён ствараўся як мастацкі твор. За аснову сп-ня Пашкевіч узяла нейкі перакладны слоўнік — магчыма, Мюлера — і зьбеларусіла яго правую частку, беручы пад увагу ўсе магчымыя беларуска-расейскія адрозьненьні. Пасьля ёй падалося, што гэтага недастаткова. Тады яна ўзяла ангельскі тлумачальны слоўнік, выдадзены ў Канадзе, і стала трошкі перарабляць свае карткі — да эквівалентаў у правую частку пачалі дадавацца тлумачэньні словаў, фактычна дублюючы іх пераклад. Вельмі часта гэта было залішне. Але сам працэс ёй страшэнна падабаўся, яна працавала як энтузіяст, як мастак, што піша карціну. Пра тэрміны выданьня тады, на пачатку 1980-х, яшчэ ня думалася, і таму не адчувалася такой патрэбы ў лексыкаграфічнай дысцыплінаванасьці. Але паступова рэестар набіраўся, і калі колькасьць картак дайшла да плянаванага памеру, Валентына Пашкевіч зьвярнулася ў Беларускі інстытут навукі й мастацтва, і да працы над слоўнікам далучыліся іншыя супрацоўнікі — гэткія ж энтузіясты, інтэлектуальнае ядро нашай эміграцыі: Вітаўт і Зора Кіпелі, Ян Запруднік, іншыя… Урэшце ў склад рэдакцыйнай камісіі ўвайшло каля дзесяці чалавек. Юрка Станкевіч зрабіў кампутарны набор. І калі сябры камісіі атрымалі тэкст не на картках, а на звычайных старонках, яны пабачылі, што там няма еднасьці ў падыходзе, ніякія крытэры ня вытрыманыя… Карацей кажучы, слоўнік атрымліваўся вельмі прыгожы, вельмі цікавы, але не зусім звыклы. Ім цяжкавата было б карыстацца. І камісія вырашыла, што з гэтым матэрыялам трэба працаваць далей. Усе яны мелі вышэйшую адукацыю, на той час па трыццаць-сорак гадоў пражылі ў Амэрыцы і выдатна ведалі як ангельскую мову, гэтак і беларускую — гэтае пакаленьне яшчэ захавала родную мову. Абапіраючыся на свой досьвед — прыватны, грамадзкі, прафэсійны, — яны пачалі перапрацоўваць слоўнік, разьмеркаваўшы літары — кожнаму па некалькі. Натуральна, наступны прамежкавы прадукт выйшаў ня менш творчы і фантазійны. Ён таксама зьзяў усімі колерамі вясёлкі, і на кожнай літары адбілася і асоба аўтара, і ягоны погляд на лексыкаграфію. У складзе рэдакцыйнай камісіі былі прафэсійныя філёлягі, фізыкі, хімікі, але не было лексыкографаў. Таму па заканчэньні гэтага этапу стала зразумела, што слоўнік яшчэ далёкі ад ідэалу і выдаваць яго пакуль зарана. Тады нашыя дарогі неяк перакрыжаваліся. Мы даўно супрацоўнічалі зь Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў розных іншых праектах. Яны ведалі, што слоўнікі — гэта маё жыцьцёвае захапленьне, мая справа — больш, чым усе іншыя, якімі я калі займаўся. Калі я быў асьпірантам у Інстытуце мовазнаўства, лексыкаграфія была тэмай маёй дысэртацыі. Праўда, я не абараніўся, але прайшоў увесь курс, здаў усе іспыты і стаў такім хоць і «недапечаным», але ўсё ж лексыкографам. І таму рэдакцыйная рада слоўніка ў 1997 годзе вырашыла, што ёсьць сэнс да мяне зьвярнуцца, тым болей, што я амаль усё сваё прафэсійнае жыцьцё працаваў рэдактарам. Я, вядома, палічыў за вялікі гонар узяцца за рэдагаваньне слоўніка. Але, на жаль, я ніколі ня мог займацца ім як асноўнай працай. Усё даводзілася рабіць у дадатак да асноўнай працы. А зь ёю ўвесь час узьнікалі нейкія пытаньні, даводзілася пераяжджаць у Прагу, з Прагі — у Вільню, зь Вільні — у Прагу, паўсюль вырашаць праблемы, зарабляць на хлеб і гэтак далей… Слоўнік заставаўся прыярытэтам нумар два. Але праца рухалася. Давялося перагледзець кожную літару. Умяшаньні рабіліся ледзь ня ў кожным слоўнікавым артыкуле. Наўздагон мы паспрабавалі вызначыць пэўныя прынцыпы і крытэры, пра якія трэба было дамаўляцца яшчэ да пачатку працы над слоўнікам. Трэба было яе прафэсіяналізаваць і надаць сыстэмнасьці. Адна зь першых прапановаў была перайсьці на міжнародную фанэтычную транскрыпцыю, якую ў нас вучаць у кожнай школе. Патрабавалася вельмі вялікая праца і каб выверыць беларускую частку. У папярэднім варыянце было шмат русізмаў, якія людзі, што жывуць на эміграцыі, не адчуваюць як русізмы: трапляліся словы, не зафіксаваныя ні ў водным савецкім слоўніку. Былі там і занадта радыкальныя «эмігрызмы», якія ня ўсім былі б зразумелыя і ня ўсімі б належным чынам успрымаліся. Але некаторыя з гэтых «экзатызмаў» мы ўсё ж пакінулі, каб перадаць пэўны калярыт, з увагі на тое, што слоўнік у нечым аўтарскі.

— Што для Вас як для рэдактара было самым складаным у працы над слоўнікам?

— Велізарны аб’ём працы, не заўсёды цікавай, не заўсёды радаснай і захапляльнай, а нуднай і карпатлівай.

— Выдатныя бакі «Ангельска-беларускага слоўніка» Валентыны Пашкевіч відавочныя: гэта і вельмі добрая паліграфія, і значна большы за папярэднія аналягічныя слоўнікі аб’ём, і досыць падрабязна расьпісаная сэмантычная структура кожнай лексычнай адзінкі, багата пададзеная фразэалёгія і разнастайныя прыклады словаўжываньня… Але калі б Вы мелі магчымасьць удасканаліць слоўнік, што б Вы дадалі?

— Дасканаліць яго можна было б бясконца. Кожны раз усплывалі ўсё новыя праблемы, якія я прапаноўваў разьвязаць іначай. І папросту на нейкім этапе мы вырашылі, што да ідэалу мы можам ісьці вечна, але нам трэба ў нейкі момант спыніцца і сказаць сабе: «Мы дайшлі да пэўнай рысы. Цяпер ёсьць сэнс выдаць слоўнік, а дасканаленьне працягваць потым». З чаго б я пачаў? Праблема нумар адзін — пэўная несыстэмнасьць у выбары словаў, бо рэестар фармаваўся выпадкова. Да таго ж гэта было даўно — там ня ўлічаныя вельмі шмат новых словаў. Я б узяў за аснову тлумачальны слоўнік прыкладна такога самага памеру і выверыў бы паводле яго ангельскую частку. Апроч таго, у слоўніку засталіся прыклады, якія часьцяком нічога новага не тлумачаць, ілюструюць, напрыклад, не фразэалёгію, а нейкія абсалютна трывіяльныя рэчы.

— Але для нас прыклады словаўжываньня, узятыя з жывой мовы, — гэта вельмі важна. Мне здаецца, такое багацьце прыкладаў — адзін з найвыдатнейшых бакоў слоўніка.

— Я не падзяляю гэтай думкі, бо ў прыкладах рэалізуюцца тыя самыя значэньні, што падаюцца ў самім слоўнікавым артыкуле, безь ніякіх нюансаў. Дык вось, я б узяў за аснову Oxford Dictionary of Current English. Ён мае каля шасьцідзесяці тысячаў словаў, і ён вельмі новы — рэгулярна аднаўляецца і перавыдаецца. Там вельмі добры рэестар, вельмі прафэсійна расьпісаныя значэньні. (Яшчэ адна праблема ў нашым слоўніку — частая блытаніна паміж аманімічнымі словамі і рознымі значэньнямі таго самага слова: амонімы, якія трэба разьвесьці па розных слоўнікавых артыкулах, трапляюць у адзін, і наадварот.) Напэўна, ня мае сэнсу ў кожным выпадку спрабаваць знайсьці нейкае сваё рашэньне, калі можна абаперціся на добры ангельскі слоўнік — узяць яго за аснову і проста стварыць перакладную частку. Дарэчы, яшчэ адзін слоўнік, які мне вельмі падабаецца — Cambridge International Dictionary of English. Там выдатна расьпісаная фразэалёгія, надзвычай падрабязна разгорнутыя трывалыя выразы тыпу as soon as і г. д., а кожны прыклад — вельмі дарэчны. Адтуль можна перакладаць усе прыклады. Ён дае адказы на пытаньні, якія іншыя слоўнікі абмінаюць — па спалучальнасьці словаў і г. д. Да таго ж ён падае ўсе варыянты — амэрыканскі, брытанскі, а часам і аўстралійскі. Нам таксама можна было б не абмяжоўвацца толькі амэрыканскім варыянтам, а даваць брытанскі і амэрыканскі паралельна. Я б узяў за аснову гэтыя два слоўнікі і яшчэ раз вельмі ўважліва перагледзеў беларускую частку. Нам ужо рабілі закіды, што ангельскае слова і яго пераклад могуць разыходзіцца ў стылістыцы: appropriation перададзенае зусім нефармальным «прысабечваньне».

— Дарэчы, пра «амэрыканскасьць». У прадмове гаворыцца: «У адрозьненьне ад звыклай для беларускага карыстальніка расейскай слоўнікавай традыцыі, у ангельскай частцы слоўніка ўжыты не брытанскі, а амэрыканскі варыянт ангельскай мовы як больш пашыраны ў сьвеце». Даруйце, але акадэмічныя расейскія слоўнікі (Гальперын, Мюлер, Апрэсян, Аракін) падавалі і падаюць як брытанскі, гэтак і амэрыканскі варыянты. Да таго ж мне здаецца, што браць за аснову амэрыканскі варыянт «як больш пашыраны» — тое ж самае, што выдаваць у Беларусі кнігі на расейскай мове, бо яна «больш пашыраная». Грунтоўны слоўнік мусіць адлюстроўваць усе варыянты мовы. Дарэчы, заяўленая «амэрыканскасьць» сыстэмна ня вытрыманая: напрыклад, color/colour падаецца і ў амэрыканскім, і ў брытанскім правапісе, але толькі ў амэрыканскім вымаўленьні; monolog/monologue — у двух варыянтах правапісу, а аналягічныя dialog, analog — толькі па-амэрыканску. Відавочная «разбэрсанасьць» зь дзеясловамі на -ize/-ise: часам даецца і брытанскі, і амэрыканскі варыянт, часам — толькі амэрыканскі (з таго, што кінулася ў вочы: vocalise і vocalize пададзеныя як дзьве адзінкі з адрознымі значэньнямі). Pants прыводзіцца і ў амэрыканскім, і ў брытанскім значэньнях, але не тлумачыцца, дзе — якое.

— Не-не, тут некалькі пытаньняў. Што да сыстэмнасьці, то, па-мойму, амэрыканскасьць, калі не лічыць статыстычнага працэнту хібнасьці, акурат вытрыманая.

— Але часам падаецца і амэрыканскі, і брытанскі правапіс, аднак толькі амэрыканскае вымаўленьне.

— Дык а чым тут парушаецца амэрыканацэнтрызм? Тым, што паралельна часам падаюцца брытанскія формы?

— Часам падаюцца, а часам — не.

— Дык гэта акурат таму, што слоўнік — амэрыканскі. Якраз амэрыканскасьць вытрыманая, калі не лічыць нейкіх відавочных памылак.

— Побач з брытанскім напісаньнем tyre падаецца амэрыканская транскрыпцыя — мне гэта неяк дзіўна.

— Гэта ня сьведчыць пра несыстэмнасьць у амэрыканацэнтрызьме. Вымаўленьне ў нашым слоўніку — толькі амэрыканскае. Няма брытанскіх значэньняў, дзе не пазначалася б, што яны — брытанскія.

— Ёсьць! Тыя ж самыя pants!

— Ну, гэтыя pants у перавыданьні паправім. Але гэта ня самае важнае. Наконт пытаньня, чаму абраны менавіта амэрыканскі варыянт. У беларускай сытуацыі пытаньне выбару паміж расейскай і беларускай мовамі — і палітычнае, і эмацыйнае. Яно вельмі балючае. У выбары амэрыканскага варыянту няма ніякай палітыкі — у сьвеце на традыцыйнае клясычнае брытанскае вымаўленьне даўно ніхто не зважае. Я думаю, што ў людзей, якія спантанна гавораць па-ангельску, ня будзе ні чыста брытанскага, ні чыста амэрыканскага варыянту, а будзе нейкая «міжнародная ангельская» мова. Таму выбар рабіўся абсалютна адвольна. Мы наўрад ці абразім нечыя пачуцьці, калі спынімся на тым, а ня гэтым варыянце.

— Карыстальніку патрэбныя абодва!

— Гэта іншая справа. Але тут можна спаслацца на тое, што слоўнік рабілі людзі, якія жывуць у Амэрыцы. Для іх брытанскі варыянт — далёкі.

— На старонцы 175 мяне ўразіў прыклад: They called him George. а. Яго назвалі Юркам. б. Яго звалі Юркам. А на старонцы 914 — John is a fine type of schoolboy. Янка — прыкладны вучань. (Пакінем убаку тое, што ён насамрэч ня «прыкладны», а «ўзорны».) Здаецца, увесь цывілізаваны сьвет даўно адмовіўся ад таго, каб «падганяць» іншаземныя ўласныя імёны (за выключэньнем хіба што імёнаў каранаваных асобаў, сьвятых і папаў рымскіх) пад свае моўныя сыстэмы. Чаму беларусы, якія больш за каго іншага нацярпеліся ад перакручваньня сваіх імёнаў то на польскі, то на расейскі капыл, робяць тое ж самае з ангельскімі імёнамі?

— Я цудоўна разумею ўсе пачуцьці, якія гэта можа выклікаць. Мы пакінулі гэтыя прыклады, з аднаго боку, амаль што жартам. А з другога, гэта рэаліі таго кола, якое прычынілася да ўкладаньня слоўніка. Так сябе называюць іхныя дзеці. Скажам, George Kipel па-амэрыканску — Юрка Кіпель па-беларуску. Гэта абсалютна адпавядае таму духу, што сярод іх існуе. Пакаленьне дзяцей эмігрантаў усе свае беларускія імёны перакладае на ангельскую: Алеся — Alice і г. д. Вядома, гэта не падстава замацоўваць падобную практыку праз слоўнік, але падобныя прыклады мы пакінулі зь лёгкай усьмешкай.

— Мяркуючы з таго, што не прыводзяцца «інтэрнэтна-кампутарныя» значэньні, прыкладам, словаў browse, paste, domain, surf, уласна лексыкаграфічная праца завершылася досыць даўно. Колькі часу прайшло ад таго, як быў падрыхтаваны тэкст, да выданьня?

— Рэестар быў гатовы да пачатку 1990-х гадоў. На пазьнейшых стадыях сёе-тое дадавалася, але бяз пэўнай сыстэмы. Як я ўжо казаў, абнаўленьне рэестру будзе першым пунктам у працягу працы.

— Слоўнік адрасаваны ў тым ліку і перакладчыкам. Даруйце, але зь яго дапамогай мы не перакладзем ня тое што Чака Палагнюка ці Brokeback Mountain, але і моўна зусім цнатлівую «Красуню» ды «Чатыры вясельлі і хаўтуры». У слоўніку ў «найлепшых» савецкіх традыцыях не адлюстраваная табуяваная лексыка, вельмі рэдка прыводзяцца эўфэмістычныя значэньні — у сьпісе скаротаў нават няма тэрміну «эўфэмізм». Чаму Вы пайшлі на гэткія «рэпрэсіі»? Грунтоўны слоўнік мусіць жа падаваць усе пласты лексыкі — для лінгвіста, як для доктара, няма словаў «добрых» і «кепскіх».

— Я цалкам згодны, што бяз гэтага пласту слоўнікі няпоўныя. Я асабіста, калі выбіраю слоўнікі, адразу гляджу табуяваную лексыку, і калі яе няма, я слоўнік адкладаю — значыць, ён недастаткова поўны. У нашым выпадку было сьвядомае рашэньне аўтараў — і аўтаркі, і рэдкалегіі — табуяваную лексыку ня браць. Яны належаць да таго пакаленьня, для якога пабачыць нецэнзурнае слова ў друкаваным тэксьце — штосьці жахлівае. Яны не маглі нічога падобнага і блізка сабе ўявіць. Пэўна, калі б я сам вырашаў, у слоўніку было б усё. Зрэшты, параўнальна невялікі аб’ём таксама накладае свае абмежаваньні, але ў слоўніках, на якія я абапіраўся б, гэты пласт лексыкі прысутнічае. Тым больш тут паўстаюць і вельмі цікавыя задачы для беларускай мовы: як перадаць тую ці іншую адзінку, якія адшукаць эквіваленты?

— На Вашую думку, ці зручны слоўнік для карыстальніка?

— Я ня ведаю, як ацэньваецца зручнасьць. Тым, наколькі лёгка знайсьці слова? У гэтым сэнсе наш слоўнік не адрозьніваецца ад іншых.

— Ну, мне, як мінімум, хацелася б бачыць перакрыжаваныя спасылкі. Да таго ж у адным слоўнікавым артыкуле спачатку падаюцца значэньні слова як, напрыклад, назоўніка, дзеяслова і прыметніка, потым — устойлівыя выразы і ідыёмы да ўсяго адразу. Фразавыя дзеясловы не вылучаюцца з агульнага сьпісу ідыёмаў.

— Гэтыя дэталі таксама хацелася б зьмяніць, але, як я ўжо казаў, мы адчувалі, што трэба падвесьці нейкую рысу і выдаць слоўнік. Калі б за аснову браўся добры ангельскі слоўнік, дзе ўся гэтая праца ўжо зробленая, нам не давялося б вынаходзіць ровар. А ў нас няма сыстэмнасьці ў тым, якая часьціна мовы падаецца першай — назоўнік, дзеяслоў ці што іншае. Можа, мы ставілі на першае месца больш пашыранае паводле частотнасьці. Але тут застаецца вялікая прастора для суб’ектывізму.

— Правяраць частотнасьць трэба паводле вялікіх корпусаў, да якіх мы, на жаль, ня маем доступу.

— І гэта вялікая праца…

— Сяргей, мае былыя каляжанкі па Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце сказалі, што гэтая навучальная ўстанова, мабыць, прыдбае некалькі асобнікаў дзеля навуковых мэтаў, але ня будзе замаўляць яго для студэнтаў, бо ў слоўніку выкарыстаны клясычны правапіс.

— Па-першае, клясычны правапіс ужыты з тае самае прычыны, што і амэрыканскі варыянт: слоўнік складалі людзі, якія гэтым правапісам карыстаюцца. А па-другое, я сабе не ўяўляю чалавека, які, валодаючы беларускай мовай, разгарнуў бы гэты слоўнік і не зразумеў, што такое, напрыклад, «парлямэнт», і ня ведаў, як гэта перадаць афіцыйным правапісам. Немагчыма ўявіць, каб мяккі знак перашкодзіў каму-небудзь зразумець, што такое «сьнег» — гэта проста сьмешна.

— Урэшце два варыянты правапісу — гэта нашая рэчаіснасьць, якую не абмінеш, як нельга праігнараваць брытанскі або амэрыканскі варыянт ангельскай мовы.

— Калі нехта прымае рашэньне, што карыстацца слоўнікам нельга, бо ён зроблены «ня тым» правапісам — гэта спроба палітызаваць пытаньне. Клясычны правапіс — гэта тая самая беларуская мова. І трансфармацыя з адной правапіснай сыстэмы ў другую ідзе чыста аўтаматычна. Я сам працаваў з абодвума правапісамі, я быў рэдактарам у дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура» напрыканцы 1980-х, і мы ў рамках афіцыйнага правапісу ўжывалі дакладна тую самую мову, што ўжываецца ў клясычным правапісе — гэта абсалютна не залежыць ад мяккіх знакаў, мяккага л і г. д.

— Безумоўна, «Ангельска-беларускі слоўнік» Валентыны Пашкевіч — велізарны крок наперад у беларускай лексыкаграфіі. Але вельмі хацелася б верыць, што на гэтым праца ня спыніцца. Ну мусім жа мы мець вялікі акадэмічны дзьвюхмоўны слоўнік, які паводле ўсіх крытэраў не саступаў бы найлепшым тлумачальным ангельскім! Што дзеля гэтага трэба?

— Мне цяжка адназначна адказаць. Натуральна, патрэбная зацікаўленасьць дзяржавы, патрэбнае фінансаваньне, патрэбная група прафэсіяналаў і адначасна энтузіястаў, якія не фармальна, а з захапленьнем будуць займацца слоўнікам як асноўнай працай і яшчэ атрымліваць за гэта грошы. Зразумела, гэтая каманда мусіць ні на крок не адставаць ад усіх найноўшых дасягненьняў сусьветнае лексыкаграфіі, праца мусіць засноўвацца на корпуснай лінгвістыцы. У нас справа неяк робіцца, аднак зноў жа, больш за кошт энтузіязму. Зрэшты, у нас вельмі шмат праектаў, і часам вельмі добрых, робіцца на энтузіязьме. Таму можна спадзявацца, што і гэтак мы зробім можа й не ідэальны, але вельмі добры і грунтоўны слоўнік. Вядома, гэта зойме больш часу, але галоўнае — імпэт, энтузіязм і жаданьне рабіць справу. Ня варта чакаць ідэальнай сытуацыі, калі будзе і фінансаваньне, і адпаведная структура — можна рабіць тое, што ўдаецца рабіць цяпер.

Гутарыла перакладчыца Вольга Калацкая

   
Пачатак  Цалкам Форум

№ 10 (50) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/10/08