A R C H E П а ч а т а к № 10 (50) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


10-2006
" да Зьместу "

 



крытыка • аналітыка • эсэістыка • гісторыя • палеміка • літаратура

 


палеміка

  ТАЦЦЯНА ВАДАЛАЖСКАЯ

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Таццяна Вадалажская
Ці руйнуюцца дыктатуры?


Сакавіцкія падзеі для Беларусі былі, ёсць і, мабыць, яшчэ некаторы час будуць асноўнай крыніцай і нагодай з’яўлення рознага роду тэкстаў сацыяльна-палітычнай тэматыкі. Мы не ставім сабе тут задачы аналізу ўсяго масіву інтэлектуальнай і псеўдаінтэлектуальнай прадукцыі, вырабленай за гэты час, хоць такая задача, бадай што, з’яўляецца адной з самых актуальных як для палітычнай, так і для інтэлектуальнай сферы Беларусі. Артыкул В. Сіліцкага «Памятаць, што дыктатуры руйнуюцца» ўяўляецца шмат у чым сімптаматычным і ў асноўным характэрным для сучаснай беларускай аналітыкі, таму разгледзім яго як прыклад, ці case-study.

Перш чым звярнуцца да артыкула, варта абазначыць яшчэ адну ўмову, ці рамку, нашага стаўлення да яго – гэта ўласная аналітычная практыка, што грунтуецца на сістэмна-разумовадзейнаснай метадалогіі, якая з’яўляецца як мінімум альтэрнатыўнай, калі не процілеглай тым падыходам, на якіх будуецца аналіз і развагі Сіліцкага1. У ходзе гэтай практыкі таксама з’яўляліся тэксты2, напісаныя па гарачых слядах сакавіцкіх падзей (што як прагназавалі, так і аналізавалі іх разгортванне), якія пераважна «негатыўна» ўспрымаліся «інтэлектуальнай і палітычнай грамадскасцю».

Улічваючы гэтыя дзве акалічнасці, звернемся да артыкула В. Сіліцкага. Што адразу ж кідаецца ў вочы чалавеку, які ставіцца да сакавіцкіх падзей не проста з даследчым інтарэсам, а з глыбокай зацікаўленасцю ўдзельніка, гэта тое, што пазіцыі ў ацэнцы тых ці іншых прынцыповых аспектаў супадаюць.

Па-першае, у ацэнцы характару сакавіцкіх падзей і ролі афіцыйнай апазіцыі ў іх развіцці.

Сіліцкі: Сакавіцкі чын на плошчы Каліноўскага, нягледзячы на тое, што ён быў спрычынены перадвыбарнымі падзеямі і ўдзелам апазіцыі ў выбарах, быў не палітычным, а хутчэй дысідэнцкім пратэстам. Ён не дамагаўся канкрэтных мэтаў (якіх ніхто канкрэтна і паслядоўна не пазначыў), а хутчэй быў сродкам захавання пачуцця ўласнай годнасці прадстаўнікамі дэмакратычнай субкультуры.

[...] Стратэгічныя мэты дэмакратычных сілаў так і не былі вызначаныя, а спробы іх дэкларацыі гучалі даволі агульна (узгадаем тэзу пра «аблогу аўтарытарнай фартэцыі»), з розных бакоў і часцяком уступалі ў супярэчнасць адна з адной. Калі не вызначаныя мэты, няма і больш-менш рэальнага плана дзеянняў у іх дасягненні.

Сайт «Рушэньня»: Кожны на плошчы адстойваў нешта сваё, а значыць, і дзейнічаў аўтаномна. Узніклая салідарнасць тычылася не столькі агульных задач, колькі агульных пачуццяў, настрояў. Многія ішлі, не спадзеючыся на рэальныя змены, але адчуваючы, што па-іншаму не могуць. А ці было нешта, што сапраўды можна было адстаяць? Каб нешта адстойваць, яно павінна быць бачным, рэальным, гатовым да праяўлення. Што ж абаранялі людзі на плошчы? Пачуцце ўласнай годнасці і магчымасць свабодна выказваць свае погляды.

[...] У цэлым усе прэтэнзіі, выказаныя да АДС яшчэ ў лістападзе і снежні 2005 г., засталіся без адказу, а ў ходзе выбараў пацвердзіўся і шэраг нашых найгоршых асцярог: 1) адсутнасць стратэгіі (можна ўжываць іншыя тэрміны: канцэпцыі кампаніі, плана дзейнасці, праграмы работ і да т. п. Нічога, словам, няма); 2) памылкі ў кадравай палітыцы (можна гаварыць пра памылкі ў персанал-тэхналогіях, у кадравым менеджменце, ужываць іншыя модныя словы – сутнасць справы ад гэтага не мяняецца: Мілінкевіч зрабіў дрэнныя назначэнні); 3) замест кансалідацыі і прыцягнення людзей да кампаніі адзінага кандыдата – адштурхоўванне, адкрытая дэманстрацыя незацікаўленасці ў прыхільніках і партнёрах.

Па-другое, у ацэнцы стану рэжыму як усталяванага ўсур’ёз і надоўга, угрунтаванага на адпаведным стане грамадства. Сіліцкі кваліфікуе яго як развіццё карпаратыўнай дзяржавы і тэндэнцыі віртуалізацыі светапогляду і светаадчування, АГТ – як медыя-фашызм, што абапіраецца на кубінізацыю беларускага грамадства. І ў адным, і ў другім выпадку відавочна, што ўзніклі і замацаваліся новыя ўмовы, якія неабходна ўлічваць і ў аналізе, і тым больш у дзейнасці дэмакратычна настроеных сілаў. Гэтыя абставіны патрабуюць пераасэнсавання і рэфармавання дейнасці апазіцыі.

Сіліцкі: Аднак палітычная апазіцыя пакуль што існуе, а магчымасцяў займацца палітычнай дзейнасцю амаль не засталося. Інстытуцыянальны стан беларускай апазіцыі фактычна не змяніўся з таго часу, калі паўсталі палітычныя суб’екты, – з больш лагодных, плюралістычных часоў. Атрымалася, што форма цалкам не адпавядае жыццю. […] У новых умовах патрэбна было б нейкае пераасэнсаванне сваіх мэтаў і задачаў, а таксама і змены інстытуцыянальных рамак сваёй дзейнасці, рэканструкцыя іх пад новыя рэаліі, якія не зводзяцца да барацьбы за ўплыў той ці іншай партыі ці партыйнай ідэалогіі.

Сайт «Рушэньня»: На сённяшні дзень апазіцыя мае цэнтралізаваную лідэрскую структуру, пабудаваную на прызнанні асобы лідэра (аб’яднання лідэраў). […] Такая структура паводле азначэння не можа процістаяць таталітарнай машыне праз неадпаведнасць тыпаў арганізаванасці («Аналітыка – красавік»).

Патрабуецца кардынальнае абнаўленне ўсёй апазіцыі Лукашэнкаваму рэжыму ў краіне, абнаўленне ідэй, кадраў, электаральнай базы. Адначасова з гэтым патрабуецца абнаўленне і вонкавага контуру сувязяў апазіцыі з міжнароднай супольнасцю («Некалькі тэзісаў па гарачых слядах беларускіх выбараў 2006 года»).

Па-трэцяе, ва ўяўленнях пра перспектыўнасць новых дэцэнтралізаваных формаў арганізацыі дэмакратычных сілаў, заснаваных не на структурных арганізацыях, а на агульнасці ідэй і каштоўнасцей. Для Сіліцкага гэта разгортванне грамадзянскай дысідэнцкай актыўнасці, для «Рушэньня» – уласна рух як працэс.

Аднак, як можна заўважыць па датах публікацыі, дасягнутая згода мае істотны лаг у часе. Асабліва калі прыгадаць, што задача кардынальнага рэфармавання апазіцыі, вырашэнне кадравага пытання ў адпаведнасці з патрабаваннямі сітуацыі і арганізацыя «Рушэньня» з’яўляліся цэнтральнай задачай для «Стратэгіі-2006», апублікаванай без малога за год да выбараў. Але тады беларускія аналітыкі былі заняты зусім іншымі праблемамі. Той жа Сіліцкі ў пачатку 2006 г. падрабязна разбіраў, чаго менавіта спалохаўся рэжым, прызначыўшы датэрміновыя выбары («Выбары навыварат»), і таксама заклікаў спадзявацца на лепшае: «Жыццё пасля Лукашэнкі калі-небудзь і надыдзе. Вядома, не сёння і не заўтра. Але ж кожны год, кожныя выбары, нават сакавіцкія, няўхільна набліжаюць гэты дзень».

Сёння ўсе асноўныя праблемы і задачы, якія ў «Стратэгіі-2006» прапаноўвалася рашыць апазіцыі, лёгка прызнаюцца і ўзнаўляюцца практычна ўсімі, хто піша ці гаворыць аб мінулых выбарах. Але праблема ў тым, што ў якасці тлумачэння гэтыя вывады ўжо практычна нічога не вартыя, яны трацяць свой сэнс і каштоўнасць. І тут выяўляецца асноўная супярэчнасць паміж рознымі падыходамі да аналітыкі.

Гэтае адрозненне заключаецца ў адказе на пытанне «Якая пазіцыя аналітыка ў сістэме сацыяльна-палітычнай дзейнасці?». Прынцыповыя адрозненні аналітычных прадуктаў звязаны менавіта з несупадзеннем у гэтых пазіцыях, адносна якога прыватныя супадзенні ці несупадзенні ацэнак і прагнозаў неістотныя.

Пазіцыя В. Сіліцкага – гэта пазіцыя пабочнага, «аб’ектыўнага» наглядальніка, вынесеная за рамкі непасрэднай сацыяльна-палітычнай дзейнасці. Пры гэтым няўключанасць не азначае адсутнасці ўплыву на гэтую самую дзейнасць і разгортванне тых ці іншых працэсаў на палітычным полі. Тут важна, што сам аналітык выносіць сябе і тое, што ён робіць, так сказаць, за дужкі, фіксуючы «аб’ектыўныя» тэндэнцыі і даючы тлумачэнне падзеям, якія адбываюцца, зыходзячы з тых ці іншых тэарэтычных палажэнняў і на тых жа падставах даючы прагнозы далейшага развіцця. Такім чынам, гранічнай рамкай аналізу з’яўляецца данасць сітуацыі, тое, што ёсць тут і цяпер. Змяненне гэтага самага «тут і цяпер», якое падпарадкоўваецца ўласным законам, робіць «рухомай» і пазіцыю аналітыка, што адсочвае і тлумачыць тэндэнцыі кожны раз у новай сітуацыі. Рэальнасць тых ці іншых тэндэнцый, значнасць падзей ці суб’ектаў вызначаецца на падставе мінуўшчыны ці зыходзячы з адпаведнасці тэарэтычным пабудовам.

Іншая пазіцыя – дзейнасная, якая грунтуецца не на аб’ектывісцкім, а на сістэмна-разумовадзейнасным падыходзе (СРД-падыходзе), – ацэньвае і разглядае тое, што адбываецца, зыходзячы з яго адпаведнасці таму, што павінна быць. Менавіта гэтыя адносіны вызначаюць ступень «рэальнасці» тых ці іншых падзей і дзеянняў. Гэта кардынальным чынам мяняе пазіцыю аналітыкі ў сістэме сацыяльна-палітычнай дзейнасці, па сутнасці ўключаючы яе ў гэтую сістэму. Аналітыка не апісвае і тлумачыць існую сітуацыю, а інтэлектуальна і рэфлексійна забяспечвае дзейнасць у дасягненні пастаўленых мэтаў. І гэтыя мэты, сфармуляваныя як тое, што павінна быць, з’яўляюцца асновай і рамкай для аналізу таго, што ёсць. Тут нязменнасць і ўнутраная цэласнасць пазіцыі забяспечваецца за кошт захавання мэтаў дзейнасці, а не за кошт статычнасці самой пазіцыі, якая знаходзіцца «над» бягучымі падзеямі. Падставы для таго, каб тыя ці іншыя падзеі, факты і суб’екты лічыць рэальнымі і значнымі, ляжаць не ў мінуўшчыне, а ў будучыні.

Апазіцыя тэндэнцый і інтэнцый як стрыжня аналітычнай дзейнасці прасочваецца, у першую чаргу, у тых прагнозах і вызначэнні задач, якія даюцца ў выніку аналізу. Пры гэтым кваліфікацыя сучаснай сітуацыі можа быць падобная. Гэтае адрозненне можна прасачыць на прыкладзе аналізу апазіцыйнай партыйнай структуры.

Прызнаючы факт неадпаведнасці паміж наяўным у Беларусі палітычным рэжымам і існаваннем сістэмнай апазіцыі ў яе класічных партыйных формах, два аналітычныя падыходы прапануюць кардынальна розныя схемы разумення і вырашэння гэтай супярэчнасці.

В. Сіліцкі піша:

Ва ўмовах немагчымасці кантралявання базавых працэсаў, што адбываюцца ў дзяржаве і грамадстве, палітычная апазіцыя робіцца закладніцай абставін, мусіць, пры самых сваіх актыўных дзеяннях, спадзявацца на цуд, на форс-мажор ці на натуральны ход падзей, які можа заняць балюча шмат часу. Яна не можа даць аніякіх гарантый, што самыя эфектыўныя індывідуальныя і калектыўныя дзеянні прынясуць плён, што яны не будуць ануляваныя прэвентыўнымі дзеяннямі ўлады.

У выніку такога аналізу наяўная сітуацыя прызнаецца фатальнай і прапануецца чакаць, калі ўзнікнуць больш спрыяльныя ўмовы – унутраная дэзарганізацыя сістэмы. А тады ўжо «інтэрпрэтаваць яго (крызісу) прычыны і навязаць гэтую інтэрпрэтацыю грамадству». Пры гэтым сцвярджаецца, што «неабходныя памеры дэзарганізацыі ўсёй лукашэнкаўскай сістэмы такія, што яны наўрад ці могуць быць спрычыненыя дзеяннямі апанентаў». Гэта значыць, застаецца чакаць, калі ў ходзе натуральнага развіцця сістэма сама сябе зжыве. Такім чынам, для палітычнай апазіцыі ў сучасных умовах даецца дыягназ, які сведчыць пра скон яе як рэальнага гульца на палітычным полі. Даючы крытычную ацэнку дзеянням апазіцыі падчас сакавіцкіх падзей, аўтар сцвярджае, што памылкі не з’яўляліся фактарам, які істотна паўплываў на сітуацыю. Сама сітуацыя такая, што ЛЮБЫЯ дзеянні былі б безвыніковыя.

На фоне такіх разваг фраза: «У новых умовах патрэбна было б нейкае пераасэнсаванне сваіх мэтаў і задач, а таксама і змены інстытуцыянальных рамак сваёй дзейнасці, рэканструкцыя іх пад новыя рэаліі, якія не зводзяцца да барацьбы за ўплыў той ці іншай партыі ці партыйнай ідэалогіі» – выглядае як даніна модзе ці традыцыйныя паліталагічныя заклінанні. Што, зрэшты, сам аўтар і пацвярджае: «Праблема ў тым, што зрабіць гэта амаль немагчыма».

На пытанне пра тое, ці магчыма ў сучаснай Беларусі асэнсаваная палітычная дзейнасць, аўтар сваім тэкстам адказвае: «не». Для такой дзейнасці патрэбныя ўмовы, з’яўлення якіх неабходна дачакацца і быць гатовымі да іх надыходу. У гэтым кантэксце робіцца зразумелай назва артыкула, якая нагадвае словы падбадзёрвання і падтрымкі ў тых сітуацыях, калі зрабіць нічога нельга і застаецца толькі спадзявацца на натуральнае вырашэнне неспрыяльнай сітуацыі, з шэрагу «пасля чорнай паласы абавязкова надыдзе белая», «што ні робіцца, усё да лепшага» і да таго падобнае.

Зыходзячы з аналізу сітуацыі, аўтар робіць вывады пра тое, што адзіна магчымай прасторай супраціўлення, закліканай, зрэшты, не даць знішчыць канчаткова ўжо загнаныя ў рэзервацыю дэмакратычныя сілы, з’яўляецца грамадзянская дысідэнцкая актыўнасць. Палітычная ж дзейнасць мае сэнс толькі для таго, каб дапамагаць разрозненым дысідэнтам «захоўваць надзею ў тым, што палітычны прарыў магчымы». У адпаведнасці з гэтай муляжнай функцыяй прапануюцца і асноўныя кірункі работы, а таксама стратэгіі паводзін.

Галоўным і адзіным спосабам дзеяння палітычных структур прызнаецца арганізацыя масіўнага інфармацыйнага прарыву звонку. А для захавання «светлага вобразу» прапануецца памятаць, што «любыя дзеянні па высвятленні адносін, любыя адкрытыя канфлікты, звязаныя з барацьбой за лідэрства, сёння дыскрэдытуюць увесь дэмакратычны Рух». Гэтыя вывады яшчэ раз пацвярджаюць, што «пераасэнсаванне інстытуцыянальнага застою і крызісу ідэй палітычнай апазіцыі» не разглядаецца аўтарам як сапраўдная задача ў сённяшняй сітуацыі.

Пры гэтым Сіліцкі агаворваецца, што ва ўладкаванні і функцыянаванні беларускай апазіцыі шмат праблем. Застаецца незразумелым, якім чынам яна пераадолее гэтыя праблемы да моманту распаду рэжыму, не робячы «рэзкіх рухаў» і захоўваючы твар. Відаць, гэтыя змены таксама з’яўляюцца вынікам натуральнага працякання працэсаў дэмакратызацыі пры «правільных» умовах.

У процілегласць погляду Сіліцкага, у рамках дзейнаснага падыходу змяненне ў задачах і спосабах палітычнай дзейнасці, пераструктураванне яе ў адпаведнасці з характарыстыкамі супрацьстаўленай сістэмы разглядаецца як асноўная задача. Менавіта ў гэтым заключаецца радыкальнасць «Стратэгіі-2006», адзначаная ў артыкуле Сіліцкага, а не ў самім дапушчэнні магчымасці рэвалюцыі. Рэвалюцыйны сцэнарый разглядаецца там не як рэалізацыя ўжо наяўных у грамадстве тэндэнцый, а як задача, што патрабуе кардынальных крокаў у яе ажыццяўленні. І гэтая задача мае на ўвазе кардынальныя змены ў апазіцыйным лагеры. Тут прыярытэт не ў захаванні іміджу, а ў выкананні патрэбных функцый, паколькі на натуральнае вырашэнне сітуацыі спадзявацца не варта.

Пры такім падыходзе захаванне тых ці іншых палітычных структур не з’яўляецца каштоўнасцю само па сабе, як, дапусцім, існаванне апазіцыйных партый з’яўляецца неабходнай нормай для дэмакратычных сістэм. Адзінай падставай існавання чаго б там ні было ў палітычным полі з’яўляецца яго мэтазгоднасць. Зыходзячы з гэтага, і ў «Стратэгіі», і ў постсакавіцкай аналітыцы прапаноўвалася правядзенне жорсткай кадравай работы і ігнараванне нефункцыяноўных партыйных структур, а таксама стварэнне шырокага Руху над існымі палітычнымі і грамадскімі арганізацыямі.

Ён павінен быць пабудаваны на прынцыпе калектыўна размеркаванага суб’екта, у якім кожная з часцінак (асобныя людзі ці арганізацыі) рухаюцца да агульнай мэты, выконваючы тыя ці іншыя функцыі, адпаведныя іх здольнасцям і кампетэнцыі. Размеркаванне функцый адбываецца не паводле рашэння кіраўніка (лідэра), а праз прызнанне часткамі калектыўна размеркаванага суб’екта адна ў адной аўтарытэтаў у выкананні прынятай функцыі ці задачы.

Для рэалізацыі такой схемы патрабуецца адмова ад стратэгіі выжывання, якая прыводзіць да таго, што поле апазіцыйнай палітыкі канстытуюецца камерцыйнай логікай. Чаканне неабходных умоваў для палітычнай дзейнасці прыводзіць да «пераўтварэння палітычнай барацьбы ў сродак выжывання і самаўзнаўлення. Яно патрабуе такіх формаў арганізацыі, пры якіх перамога немагчымая. У сваю чаргу, рэфармаванне апазіцыі, абнаўленне ідэй, стратэгій і ратацыя кадраў непрымальныя».

Такім чынам, патрабаванні, якія задаюць кірункі дзейнасці, ляжаць у будучыні. Змяненне сітуацыі не мяняе мэты, а мяняе спосабы і шлях яе дасягнення. Напрыклад, для тых жа беларускіх палітычных партый у 1994 г. стаялі зусім іншыя задачы: «будаўніцтва анталагічнага падмурку» і «праграмаванне дзейнасці» (У. Мацкевіч), якія б замацавалі іх як структуры і стварылі падставы для канкурэнцыі адна з адной. Цяпер канкурэнцыя ляжыць не ў сферы падыходаў да грамадскага ўладкавання, а ў функцыянальнай кампетэнтнасці. І калі з нагоды першага недарэчна і нават злачынна жорстка разгортваць канкурэнтную барацьбу (і тут нельга не пагадзіцца з Сіліцкім), дык з нагоды другога – толькі жорсткая канкурэнцыя з’яўляецца ўмовай перамогі над рэжымам.

Такім чынам, калі ўжо мы прызнаём, што сённяшні час – гэта час рэфлексіі і пераасэнсавання падстаў і стратэгій дзейнасці, то гэта датычыць і аналітычнай дзейнасці ў тым ліку. Таму, разгортваючы параўнанне альтэрнатыўных падыходаў, мы абазначаем і прапануем для «засялення» прастору для такой рэфлексіі і дыскусіі. Прастору, якая канстытуюецца пытаннем пра мэты і нормы аналітычнай дзейнасці.

  сацыёляг, супрацоўніца Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі.

1 Гаворка ідзе аб процілегласці менавіта падыходаў, а не асобных вывадаў і палажэнняў. Падрабязней яна будзе разгледжана ніжэй.

2 Гл. сайт worvik.com.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 10 (50) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/10/15