A R C H E П а ч а т а к № 10 (50) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


10-2006
" да Зьместу "

 



крытыка • аналітыка • эсэістыка • гісторыя • палеміка • літаратура

 


гісторыя

  АНДРЭЙ ВАШКЕВІЧ

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Андрэй Вашкевіч
Прадбачанні
«Беларускага Фронту»


УСТУП

У другую палову 1930-х гадоў Еўропа ўвайшла, усё больш усведамляючы, што хутка пачнецца новая вайна. Вялікія дзяржаўныя нацыі актыўна рыхтаваліся да яе, аддаючы на ўзбраенне большую частку сваіх бюджэтаў і сплятаючы дыпламатычныя інтрыгі з мэтай стварыць выгадную для сябе сістэму ваенна-палітычных дамоў. Малыя недзяржаўныя нацыі, разумеючы, што ў будучай вайне ім адводзіцца роль пешак, спрабавалі падрыхтавацца да яе прынамсі ідэалагічна, бо ведалі – бойня, віноўнікамі якой яны не будуць, нясе ў сабе адначасова і пагрозу новага паняволення, і надзею на змену да лепшага. Да ліку апошніх належалі і беларусы, якія вось ужо паўтара дзесяцігоддзя жылі ў розных дзяржавах і ні ў воднай з іх не мелі правоў, належных свабоднай еўрапейскай нацыі.

У 1914 годзе Першая сусветная вайна захапіла беларусаў на культурна-асветніцкай стадыі «нашаніўства», калі нават сама ідэя незалежнасці краіны здавалася фантастычнай. Цяпер, праз дваццаць гадоў, беларусы ўжо мелі за спінаю досвед палітычнага, грамадскага і нават узброенага змагання, мелі дэклараваную незалежнасць у выглядзе БНР і фантомную савецкую дзяржаўнасць, мелі стотысячную Грамаду ў Заходняй Беларусі і колькі гадоў «беларусізацыі» ў Беларусі Ўсходняй. Тым не менш, у пачатку 1930-х беларускі нацыянальна-вызвольны рух быў разгромлены па абодва бакі рыжскай мяжы. Беларускія дзеячы, што жылі або пераехалі ў БССР, былі расстраляныя, а заходнебеларускія вёскі пасля бурлівых 1920-х гадоў вярнуліся да стану «спаконвечнага сну».

Газета «Беларускі Фронт», выданне якой было арганізавана ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім летам 1936 года, стала своеасаблівым індыкатарам грамадскай актыўнасці беларускіх эліт. Ніводная заходнебеларуская газета ў тое дзесяцігоддзе не прысвячала так шмат увагі міжнароднаму становішчу, не мела такога шырокага палітычнага кругагляду, не друкавала такіх добрых і актуальных публіцыстычных цыклаў, не прадбачыла так дэталі трагедыі, што пачалася ў Еўропе праз некалькі гадоў.

(51K)

НАРАДЖЭННЕ ІДЭІ

Гісторыя «Беларускага Фронту» пачалася ў канцы лета 1935 года, амаль за дзесяць месяцаў да выдання яго першага нумара. Менавіта тады функцыянеры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ўпершыню звярнуліся да кіраўніцтва Беларускай хрысціянскай дэмакратыі з прапановай супрацоўніцтва на аснове праграмы Народнага Фронту. Рабілася яна ў адпаведнасці з пастановамі сёмага кангрэса Камінтэрна, які акурат тады скончыў сваю працу ў Маскве. Кіраўніцтва КПЗБ, якое ў 1928–1935 гг. падтрымлівала тэорыю «нацыянал-фашызму» (паводле яе ўсе нацыянальныя дэмакратычныя партыі разглядаліся як ворагі КПЗБ і памагатыя фашыстаў), цяпер павінна была заклікаць усе прагрэсіўныя заходнебеларускія сілы да сумеснай барацьбы з фашызмам. Такі саюз усіх дэмакратычных арганізацый (ад цэнтрыстаў да камуністаў) павінен быў атрымаць назву Народнага Фронту. Сярод усіх заходнебеларускіх партый прапанову ўступіць у Народны Фронт атрымала толькі БХД.

(16K)
Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі,
пачатак 1930-х гг.
Беларуская хадэцыя, хоць і значна аслабленая польскімі рэпрэсіямі, працягвала заставацца ўплывовай беларускай нацыянальнай арганізацыяй, якая стаяла на пазіцыях Акта 25 сакавіка 1918 г. Фармальна яе ўзначальвалі Янка Шутовіч, Адольф Клімовіч і Янка Пазняк, аднак рэальнае кіраўніцтва партыяй па-ранейшаму заставалася ў Вінцэнта Гадлеўскага і Адама Станкевіча. Пасля біскупскай забароны 1928 г. удзельнічаць ксяндзам у дзейнасці БХД, яны выйшлі з партыі, аднак першы займаў пасаду старшыні Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, другі – спачатку скарбніка, а пасля старшыні рэвізійнай камісіі інстытута. Менавіта ім трэба было вырашыць, ці пойдзе хадэцыя на супрацоўніцтва з камуністамі.

Хадэкі мелі масу рэальных падстаў баяцца правакацыі з боку заходнебеларускіх камуністаў, бо цягам апошніх некалькіх гадоў менавіта яны кляймілі БХД як згодніцкую, варожую беларусам і нават фашысцкую арганізацыю. Варта толькі згадаць выдадзеную КПЗБ у 1934 г. прапагандысцкую брашуру пад назвай «Як Беларуская хадэцыя гандлюе крывёю рабочых і сялян», у якой былі надрукаваныя ілжывыя звесткі пра супрацоўніцтва лідэраў хадэцыі з польскай дэфензівай1.

  гісторык. Адна з апошніх публікацыяў – «Беларускае насельніцтва Аўгустоўскага павету Сувальскай губэрні (2-я пал. XIX – пач. XX стст.) (Białoruskie Zeszyty Historyczne, 21/2004).
   
Менавіта ў прынцыповым пытанні аб справе супрацоўніцтва з КПЗБ і выявіліся супярэчнасці паміж Адамам Станкевічам і Вінцэнтам Гадлеўскім. Першы прызнаў неабходнасць тактычнага супрацоўніцтва найперш у галіне барацьбы за беларускую школу і нават даў у лютым 1936 г. інтэрв’ю камуністычнай газеце «Папросту», дзе ў агульных словах падтрымаў Народны Фронт. Другі схіляўся да думкі, што камуністы ставяць сваёй мэтай справакаваць палякаў да ліквідацыі БХД праз уцягванне яе ў нелегальную антыўрадавую працу. Больш за тое, кс. Гадлеўскі лічыў саму ідэю Народнага Фронту небяспечнай для беларусаў, паколькі за рэдкім выключэннем (Г. Дэмбінскі, Е. Ендрыхоўскі) лідэры народнафронтаўцаў нават не цікавіліся беларускім пытаннем.

У лютым 1936 г. адбылася таксама партыйная рэформа БХД. Арганізацыя змяніла сваю палітычную праграму ў бок больш радыкальных палажэнняў і атрымала новую назву – Беларускае народнае Аб’яднанне (БНА). Рэформа партыі была арганізавана людзьмі больш блізкімі да кс. А. Станкевіча і, нельга сумнявацца, праходзіла пад яго кіраўніцтвам. У рэформе кс. Гадлеўскі ўбачыў няўдалую спробу эклектычна аб’яднаць ідэі «папскіх энцыклікаў, саветызму і буржуазнай дэмакратыі». Да канчатковага рашэння аб разрыве з групай кс. Станкевіча, мабыць, спрычыніліся таксама канфлікты ў Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, за кіраўніцтва якім разгарнулася зацятая барацьба.

12 чэрвеня 1936 года кс. В. Гадлеўскі выдаў першы нумар газеты, якая атрымала назву «Беларускі Фронт» і мела падзагаловак «Незалежны народна-радыкальны часапіс». У рэдакцыйным артыкуле газета абвяшчала, што будзе стаяць на грунце незалежнасці Беларусі і таму адкідае ідэю стварэння Народнага Фронту. Былі таксама надрукаваны адкрытыя лісты кс. Гадлеўскага і В. Папуцэвіча (пасля 1945 года – Пануцэвіч) аб тым, што апошнія парываюць з ідэалагічнай лініяй БНА.

Хутка пасля выхаду газеты сябра і паплечнік абодвух беларускіх ксяндзоў кс. Язэп Рэшаць даслаў Адаму Станкевічу паштоўку, дзе дзяліўся думкамі наконт новага выдання. Гэта бадай што адзіны знойдзены пакуль дакумент, з якога можна даведацца аб прычынах выдання газеты і ідэалагічных разыходжаннях лідэраў былой БХД. Прапануем яго чытачу цалкам:

Дарагі,

прыслаў мне Вінцук [Гадлеўскі] 1 нумар «Бел. Фронту».

Газэта як газэта, магла б быць горшай, магла б быць лепшай.

Але ня ў тым справа. Аказваецца, што «Б[еларуская] К[рыніца]» так ужо моцна захісталася ў сваей незалежніцкай ідэалёгіі, што трэба ад яе ўцякаць, каб у катастрафальных развалінах не пахаваць сябе і ўсё, што жывое-беларускае… Хм…

«Рэзалюцыя Пазьняка…»

«проціў дыктатуры якой бы…»

Чытаючы гэныя матывы, думаецца, як сходна падзел ваш прыпамінае сярэднявечныя кірункі схалястычныя, дзе розныя spitzfindlichkeiten выклікалі ў вучоных глыбокія непаразуменьні.

Гэтак моцна падчоркнутая незалежнасьць «Б[еларускага] Ф[ронту]» кампрамэтуе між іншым выразна і пазыцыю «Б[еларускай] К[рыніцы]», мала таго, бо выглядае тут нават як бы трохі і правакацыйна…

Пішу, як мне здаецца, бо закулісовых вашых пэпарапэтыцыяў ня знаю добра.

Не разьбіраючыся ў ідэалёгічных падставах падзелу, трактую адную і другую старану зусім індывідуальна.

Залежнасьць у палітыцы… аб тым можна пісаць вялікую кнігу.

Незалежнасьць у палітыцы – таксама рэч рэлятыўная, знаючы, што такое палітыка.

А цяпер пачнецца страляніна між «Б[еларускім] Ф[ронтам]» і «Б[еларускай] К[рыніцай]», востры і горкі крытыцызм уключна аж да асабістых разрахункаў… А што [нечытэльна] на тым скарыстаюць? Каб «Б[еларускі] Ф[ронт]» быў толькі скрыдлам адным вялікага супольнага фронту, тады што іншае, але калі сэнс яго будзе ў падзеле ідэалягічным і таварыскім зь «Б[еларускай] К[рыніцай], чаго тады спадзявацца? Магчыма, што і добра будзе, але пакуль што ў гэтым я асабіста не арыентуюся.

Просіць В[інцук Гадлеўскі] якую капейку паслаць яму на падмогу – чаму ж не, пашлю. Не спэцыяльна дзеля падтрыманьня ідэалёгіі «Б[еларускага] Ф[ронту]» як апазыцыйнай газэты да даселяшняй «Б[еларускай] К[рыніцы]», а проста пакуль што дзеля таварыскіх узглядаў.

Язэп Рэшаць2.

  1 Брашура была напісана на аснове паказанняў вывезенага ў Менск з Усходняй Прусіі былога функцыянера БХД Паўлы Карузы. У ёй хадэкі і дзеячы Беларускага сялянскага саюза (у прыватнасці, кс. А. Станкевіч і Ф. Ярэміч) абвінавачваліся ў сувязях з кіраўніком віленскай дэфензівы Кіртыклісам, напрыклад, што атрымалі ад яго 74 тыс. злотых на правядзенне выбарчай кампаніі 1928 г. Праз многа гадоў П. Каруза прызнаваў, што, даведзены да знямогі бяссоннем (яму не давалі спаць), напісаў гэтыя «паказанні» пад дыктоўку менскага следчага Оберфельда. Больш падрабязна пра ўзаемаадносіны камуністаў і хадэкаў гл.: Вашкевіч А. БХД і КПЗБ: ад супрацьстаяння да супрацоўніцтва. 1935–1938 // Берасцейскі Хранограф. Брэст, 2004. С. 110–118.

   

Язэп Рэшаць у канцы чэрвеня пісаў Станкевічу аб пазіцыі Гадлеўскага: «Ён цвердзіць, што ўсё здаровае за ім, а шумовіны адны да вас горнуцца. Ён уважае, што катастрофа чакае вас поўная… Згаджаецца, што «Б[еларускі] Ф[ронт]» і «Б[еларуская] К[рыніца]» між сабой супярэчнасцяў важных не маюць». Гадлеўскі падкрэсліў, што не будзе канфліктаваць з Станкевічам, і вельмі абураўся наконт таго, як мог апошні пайсці «на такое» (саюз з камуністамі), маючы такі добры палітычны нюх3. На жаль, Рэшаць меў рацыю, канфлікт паміж рэдакцыяй «Беларускага Фронту» і выданнямі, што друкаваліся Беларускім народным аб’яднаннем («Беларускай Крыніцай», «Хрысціянскай Думкай» і «Шляхам Моладзі») то затухаючы, то ізноў распальваючыся, цягнуўся наступныя тры гады.

Нельга таксама пакінуць па-за ўвагай пытанне аб узаемаадносінах «Беларускага Фронту» і заходнебеларускіх камуністаў. Рэакцыя апошніх на выданне першага нумара газеты, задуманай як альтэрнатыва Народнаму Фронту, была адназначна негатыўнай. У ліпеньскім нумары легальнага камуністычнага выдання «Наша Воля» быў надрукаваны артыкул «Фронт супраць фронту», дзе для выдаўцоў «Беларускага Фронту» не шкадавалі эпітэтаў кшталту «сілы аду»; «гадлеўшчына» называлася прыстанішчам найбольш рэакцыйных элементаў унутры БНА. Далей, аднак, у адносінах афіцыйных выданняў КПЗБ да групы кс. В. Гадлеўскага можна заўважыць пэўную эвалюцыю. Артыкулы, надрукаваныя ў газеце «Чырвоны Сцяг» праз год, увосень 1937 г., мелі больш памяркоўны характар. Камуністычныя публіцысты прызнавалі пазіцыю «Беларускага Фронту» адносна барацьбы за беларускую школу, ажыўлення беларускіх арганізацый, аднак папракалі яго за негатыўнае стаўленне да справы арганізацыі Народнага Фронту4. «Калі прыхільнікі групы кс. Гадлеўскага сапраўды хочуць свабоды для беларускага народу, здаровы розум гаворыць, што трэба разам змагацца з фашызмам. Ці ж зачыненне БІГіК, змушанне нават кс. Гадлеўскага да чытання рэфератаў на польскай мове не ўказваюць, чаго можа чакаць група кс. Гадлеўскага ад фашызму», – пісаў «Чырвоны Сцяг», яўна намякаючы на мажлівасць супрацоўніцтва5.

Супярэчлівымі былі адносіны да выдаўцоў газеты і ў заходнебеларускага паэта-камуніста Максіма Танка. У сваім дзённіку Танк некалькі разоў называе «Беларускі Фронт» фашысцкім і тым не менш згадвае выдаўца газеты В. Папуцэвіча як свайго знаёмага, які ў маі 1939 г. дапамог яму ўладкавацца на працу6. Магчыма, слова «фашысцкі» ў дачыненні да газеты аўтар дзённіка ўставіў ужо пасля вайны, рыхтуючы свае нататкі да выдання. Дарэчы сказаць, «БФ» нярэдка пісаў пра творчасць гэтага паэта, тады яшчэ пачаткоўца.

Хутка, аднак, палеміка «Чырвонага Сцяга» і «Беларускага Фронту» спынілася, КПЗБ летам 1938 г. была распушчаная на загад Камінтэрна.

Ад першага нумара і да канца 1938 г. газету рэдагавалі чатыры чалавекі. Рэдкалегія складалася з інжынера Л. Дубейкаўскага, студэнта В. Папуцэвіча і магістраў М. Шкялёнка і В. Гадлеўскага. Варта адзначыць, што ксёндз Гадлеўскі падпісваўся менавіта як магістр (г. зн. чалавек, які мае закончаную вышэйшую адукацыю) і свядома не акцэнтаваў увагі на сваім духоўным званні. Гэтым ён стараўся, па-першае, падкрэсліць, што газета не мае сувязі з каталіцкай ідэалогіяй, а па-другое, даць сабе большую свабоду выказванняў на старонках свайго выдання. Рэдактарам-выдаўцом першых чатырнаццаці нумароў быў В. Папуцэвіч. Далей В. Папуцэвіч фігуруе толькі як выдавец, кс. В. Гадлеўскі робіцца адказным рэдактарам (да таго часу В. Папуцэвіч ужо ледзь не трапіў у турму як рэдактар газеты, і ксёндз, напэўна, не хацеў яго больш падстаўляць). Пачынаючы з 34-га нумара (снежань 1938 г.), рэдкалегія прынамсі афіцыйна спыніла сваё існаванне, нумар падпісалі Гадлеўскі і Папуцэвіч, а пад астатнімі сямнаццаццю нумарамі фігуруе толькі прозвішча рэдактара-выдаўца Вінцэнта Гадлеўскага.

Гэтыя чатыры чалавекі пры бясспрэчным лідэрстве кс. Гадлеўскага і складалі ідэалагічную аснову групы «Беларускага Фронту». Менавіта крыптонімамі В. Г. (В. Гадлеўскі), В. П. (В. Папуцэвіч) і М. Ш. (М. Шкялёнак) падпісана большасць артыкулаў (сустракаюцца таксама нерасшыфраваныя крыптанімы А.В., Р.С. і інш.). Рэдкалегія збіралася ў доме Л. Дубейкаўскага на Падгорнай вуліцы ў Вільні, дзе абмяркоўвала свае справы7. Фінансаванне газеты адбывалася з складак яе выдаўцоў, а паколькі друкаваўся толькі адзін нумар на месяц накладам 1000 асобнікаў8 (толькі з 1939 г. газета пачала выдавацца раз на два тыдні), то месячная агульная сума выдаткаў 150–200 злотых для заможнага інжынера, адваката і ксяндза не павінна была быць вельмі вялікая, тым больш што частку расходаў з часам пачаў пакрываць продаж.

Паводле В. Пануцэвіча, былі канфіскаваныя восем з пяцідзесяці аднаго нумара газеты (фактычна кожны шосты)9. Тры разы газету канфіскоўвалі яшчэ ў друкарні. У такім разе наступны нумар газеты друкаваўся са зместам папярэдняга, выкідаўся толькі канфіскаваны артыкул. Яшчэ некалькі разоў канфіскаты адбываліся ўжо на пошце, калі наклад рассылаўся чытачам. Быў канфіскаваны ўжо трэці нумар газеты, артыкул «Залежнасць ці незалежнасць» цэнзары выкраслілі праз выказванне «сапраўдную незалежнасць нельга атрымаць, яе можна толькі ўзяць». Праз сем месяцаў, у сакавіку 1937 г., адбыўся суд над рэдактарам В. Папуцэвічам; апошні атрымаў год турмы ўмоўна10. У пачатку 1939 г. як рэдактара газеты судзілі і кс. Гадлеўскага.

Афіцыйна ў перадваенны час групоўка кс. В. Гадлеўскага так і не была аформлена ў партыю або грамадскую арганізацыю, гэта быў зародак будучай партыі ці руху, арганізацыйнае ядро, здольнае выпрацаваць ідэалогію і асноўныя кірункі дзейнасці, таму мы і будзем называць яе групай «Беларускага Фронту». Праўда, у самым пачатку 1937 г. газета паведаміла, што неўзабаве будзе праведзена арганізацыйная канферэнцыя Беларускай народна-радыкальнай партыі, але, мабыць, ад гэтай ідэі адмовіліся. Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму ў Польшчы спробы стварыць легальную беларускую незалежніцкую партыю былі бессэнсоўныя.

Асноўнымі прынцыпамі газеты былі выключны палітычны прагматызм, асабліва ў міжнародных пытаннях. Група Гадлеўскага шукала палітычнага саюзніка і мела амбіцыю рыхтаваць нацыю да дзейснага змагання за незалежнасць.

АНАЛІЗ МІЖНАРОДНАГА СТАНОВІШЧА

Напярэдадні новай сусветнай вайны ўвесь свет раздзяліўся на тры вялікія блокі: дэмакратычныя дзяржавы (іх «Беларускі Фронт» называў яшчэ «сытым» блокам, бо яны гаспадарылі ў свеце пасля перамогі ў вайне 1914–1918 гг.); «галодны» або «дынамічны» блок, які складаецца з краін, пакрыўджаных пры раздзеле сусветнай здабычы ў 1919 г. (Германія, Італія і Японія), і Савецкі Саюз. І «дынамічны» блок, і СССР мараць пра перадзел свету і паслядоўна ідуць да гэтага:

Пасля вайны і Версальскага трактата (1919 г.) праз нейкі час існавала нейкая стабілізацыя, але чым далей ад Версаля і вайны, тым болей спасцерагаецца бурленне, якое прадказвае новыя змены і новую, яшчэ большую вайну. Значыць прыбліжаемся да апошняга этапу ніштажэння Версальскага трактата, а разам з ім і ўсіх іншых трактатаў...11

Насамрэч «Саветы вайны хочуць і да яе імкнуцца, нават хацелі б яе выклікаць, толькі не паміж сабою і некім, але паміж двума блокамі. Тактыка Саветаў, здаецца, такая: выклікаць сусветную вайну і ўмяшацца ў яе тады, калі надыдзе дагодная часіна»12. Італія імкнецца «заснаваць навокал Міжземнага мора вялікую Рымскую імперыю, як было на пачатку нашай эры», Германія – разбурыць Версальскі трактат, здабыць калоніі і рушыць на ўсход, Японія – завалодаць Кітаем і басейнам Ціхага акіяну, стварыўшы імперыю жоўтай расы з насельніцтвам больш як 600 млн чалавек.

Гэтая ацэнка Гадлеўскага была дадзеная за год да ўкладання афіцыйнага саюзу Італіі і Германіі. Пасля таго, як летам 1936 г. Італія прызнала прыярытэт Германіі ў Аўстрыі, «Беларускі Фронт» недвузначна сцвердзіў:

Угода гэтая мае велізарнае значэнне для эўрапейскай, а нават сусветнай палітыкі, бо ідзе не толькі аб згодзе Нямеччыны з Аўстрыяй, але сягае глыбей і далей: яна сцвярджае, наступіла згода паміж Нямеччынай і Італіяй, паміж гітлерызмам і фашызмам. Гітлер і Мусаліні праз Аўстрыю падалі сабе рукі13.

У пачатку кожнага каляндарнага года газета спрабавала вызначыць найважнейшыя падзеі папярэдніх месяцаў і даць прагноз на наступны год. Так, галоўнымі палітычнымі вынікамі 1937 г. газета называла стварэнне Антыкамінтэрнаўскага пакта, пачатак Японіяй вайны ў Кітаі і выхад Італіі з Лігі Нацый. Усё гэта былі першыя крокі да вялікай вайны.

Яшчэ адной міжнароднай падзеяй, пра якую «Беларускі Фронт» пісаў літаральна ў кожным нумары, была вайна ў Іспаніі. Газета нарадзілася фактычна адначасова з пачаткам грамадзянскай вайны і падрабязна асвятляла яе ход і ўплыў на сітуацыю ў свеце. Кс. В. Гадлеўскі глядзеў на палаючую Іспанію як на грандыёзны палігон, дзе будучыя ўдзельнікі сусветнай вайны вырашылі праверыць найноўшыя ваенныя тэхналогіі і трываласць створаных ваенна-палітычных блокаў. Ніякай сімпатыі да ваюючых бакоў ён не праяўляў (у адрозненне ад кс. А. Станкевіча і прэсы, звязанай з БНА, якая спагадала рэспубліканцам), прызнаючы, аднак, што віна за развязванне вайны ляжыць на Франка і германска-італьянскім імперыялізме. Ксяндза найбольш цікавілі два пытанні: ці стане вайна ў Іспаніі непасрэдным штуршком да сусветнай вайны і як паставяцца франкісты да баскаў і каталонцаў, што атрымалі аўтаномію з рук рэспуб-ліканскага Народнага Фронту. Аўтаномія баскаў і каталонцаў (з становішчам якіх заходнебеларускія інтэлектуалы пастаянна параўноўвалі свой народ) была для кс. Гадлеўскага бадай што галоўным аргументам за мадрыдскі ўрад.

«Беларускі Фронт» выступаў супраць крыжовага паходу заходніх краін (у тым ліку і фашысцкай Германіі) на СССР. У такім разе край быў бы разбураны, заходнія краіны бязлітасна эксплуатавалі б яго багацце, а пытанне пра незалежнасць па-ранейшаму засталося б адкрытым. Найлепшым варыянтам разгортвання падзеяў кс. Гадлеўскі ўважаў вайну Японіі супраць СССР, у такім разе беларусы маглі б дамагчыся незалежнасці, пазбегнуўшы разбуральнай вайны.

Падсумоўваючы, пазіцыю «Беларускага Фронту» можна выразіць так: у хуткай вайне беларусы бадай што не будуць мець ніводнага шчырага саюзніка.

ПРАБЛЕМА ПАЛІТЫЧНАГА ВЫБАРУ

Нацыю В. Гадлеўскі разумеў як своеасаблівы «палітычна-біялагічны арганізм», у якім арганічна спалучаюцца інтарэсы кожнай канкрэтнай асобы і ўсяго грамадства:

Нацыянальная ідэя лучыць усіх сяброў нацыі: і тых, што жывуць за граніцамі, і тых, што раздзелены часам. Нацыянальная ідэя лучыць паміж сабою тыя пакаленні, што адышлі, з тымі, якія маюць прыйсці, а злучвом ёсць жывучае пакаленне... Чалавечая адзінка толькі праз цесную сувязь з жыццём свайго народу, з ягонай мовай, з яго культурай і традыцыяй можа развіваць свае творчыя магчымасці. Жывучы й працуючы ў сваіх собскіх варунках, чалавечая адзінка найлепш і найкарысней спаўняе свае заданні. У іншых, чужых варунках чалавек не можа гэтак выявіць сваіх здольнасцяў.

(20K)
Вацлаў Папуцэвіч
на ганку свайго дому
ў Чыкага,
сярэдзіна 1960-х гг.
(друкуецца ўпершыню).
Характарызуючы беларускае грамадства паводле палітычных арыентацыяў, «Беларускі Фронт» дзяліў яго на чатыры групы. 1-я група – русафілы, якіх называюць яшчэ камуністамі, аднак ідэйных камуністаў сярод іх вельмі няшмат. Яны гатовыя былі б падтрымаць і фашызм, і цара, калі б тыя раптам перамаглі ў Расіі. 2-я група – кар’ерысты, якія актыўна прыстасоўваюцца да польскай дзяржаўнай палітыкі з мэтай заняць лепшыя пасады. 3-я група – нешматлікія, ідэйна раздробленыя і расцярушаныя ў краі свядомыя беларусы. Апошняя, 4-я група – уся астатняя маса беларусаў, якая жыве паводле прынцыпу «мая хата з краю» і на працягу апошняга дзесяцігоддзя (пасля Грамады) зусім не цікавіцца палітычным жыццём.

Кс. В. Гадлеўскі бачыў у адзінстве інтэлігенцыі і сялянства для беларусаў шанец выжыць у вялікай вайне. У імя гэтага трэба было развіваць гэтак званы «творчы» (у супрацьлегласць імперыялістычнаму, захопніцкаму) нацыяналізм беларусаў.

Час-почас у «Беларускім Фронце» з’яўляліся і цэлыя публіцыстычныя цыклы. Да ліку найбольш цікавых можна аднесці серыю артыкулаў, аб’яднаных агульнай назвай «Чаму бунтуюцца «Ройсты»?». Нагодай да яго стварэння стала з’яўленне кнігі Язэпа Мацкевіча пад назвай «Бунт Ройстаў». Пад словам «ройсты» (у беларускай мове – «забалочаныя, зарослыя чаротам мясціны») аўтар разумеў усю Заходнюю Беларусь і паспрабаваў у кнізе выявіць супярэчнасці грамадскага і гаспадарчага жыцця ў краі. У кнізе крытыкавалася палітыка польскага ўраду: амаль за дваццаць гадоў ён не дасягнуў амаль ніякіх поспехаў у паланізацыі беларусаў: «Цэлая ваша работа, паны, гэта адна вялікая фікцыя, гэта той павярхоўны пакост з вапны, якім вы загадалі маляваць сцены хатаў, зверненыя да шляху або дарогі, кудою можа праехаць пан прэм’ер Складкоўскі. Фікцыя, адна вялікая фікцыя!»14. Публіцысты «Беларускага Фронту» развілі тэму, і так з’явіліся артыкулы «Як выглядаюць «Ройсты», «Славянская ідэя на «Ройстах», «Матар’яльная галіта «Ройстаў», «Як памагчы беларускім «Ройстам».

  2 Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ).
Ф. 3. Воп. 1. Спр. 279.
Арк. 56–56 зв.

3 БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 279.
Арк. 24–24 зв.

4 «Białoruski Front» w ślepym zaułku // Czerwony sztandar. Listopad 1937.
№ 13 (23). S. 10.

5 М-ук. Адзінство дзеянняў – адзінство беларускага народу // Чырвоны Сцяг. Верасень 1937.
№ 10. С. 2.

6 Танк М. Лісткі календара. Мінск: Беларусь, 1970.
С. 259–260.

7 Kvietka Vitan. Lavon Vitan-Dubejkaŭski // Спадчына. 1998.
№ 1. С. 235.

8 Moroz M. «Krynica». Ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu. Białystok, 2001. S. 209.

9 Пануцэвіч В. Кс. Вінцэсь Гадлеўскі. Дзяржаўны муж і павадыр народу // Спадчына. 1993. № 3. С. 71.

10 Вашкевіч А. Яшчэ раз пра Вацлава Пануцэвіча // Куфэрак Віленшчыны. 2004.
№ 1 (9). С. 99–100.

11 На Новы 1938 год // БФ. 1938. № 7 (23).
5 студзеня. С. 1.

12 А. В. Што з вайною? //
БФ. 1938. № 7 (29).
5 ліпеня. С. 1–2.

13 БФ. 1936. № 4.
11 жніўня. С. 4.

   
Першым, што падкрэслівалі публіцысты з «Беларускага Фронту», была фікцыя польскага нацыяналізму на заходнебеларускіх землях. Паводле польскай статыстыкі, беларусаў станавілася ўсё менш і менш, між тым нават прысланыя асаднікі і цэлыя воласці, населеныя літоўцамі, пераходзілі на беларускую мову. «Ройсты», як і дваццаць гадоў таму, засталіся агромністым кансерватыўным беларускім балотам, якое засмоктвае чужынцаў і вельмі слаба рэагуе на вонкавыя раздражняльнікі:

Гледзячы збоку, здаецца, што ўсё спакойна. Наш народ на выгляд астаецца спакойны, паслушны, спаўняе ўсе вымаганні закону і вымаганні асоб, якія выконваюць закон... Хто не ўмее глядзець у нутро нашага народу, той скажа: «усё спакойна» – і пойдзе да сваёй працы або гульбы. Тымчасам унутры гэтага народу накіпела многа нядобрага15.

Апрача публіцыстыкі, «Беларускі Фронт» друкаваў таксама і працы (успаміны, навуковыя артыкулы) з нацыянальнай гісторыі, якія дасюль могуць уяўляць цікавасць для яе даследчыкаў. Гэта артыкулы М. Шкялёнка, прысвечаныя розным аспектам гісторыі Беларусі (напрыклад, пра раскопкі ў Горадні і Вільні), праца В. Папуцэвіча пра Слуцкае паўстанне16, аповед кс. Гадлеўскага пра 1-шы Усебеларускі кангрэс.

Кс. В. Гадлеўскі прызнаваў дэмакратыю як найбольш адпаведную форму рэалізацыі прынцыпу свабоды асобы: «Гэтай свабоды не можа даць ніякая дыктатура, а дае толькі сапраўдная дэмакратыя. Яна дае тыя свабоды, якіх заўсёды жадае чалавек: свабоду сумлення, думак, слова і асабістага дзеяння ў межах права»17. Выхад з крызісу класічнай парламенцкай дэмакратыі, выкліканага галечай масаў і бюракратызацыяй улады (што і прывяло да ўзнікнення і развіцця фашызму), кс. Гадлеўскі бачыў у замене капіталістычнай сістэмы, заснаванай на эксплуатацыі чалавека чалавекам, г. зв. «кааператыўным дэмакратызмам». Кааператывізм тут разумеўся як грамадскі лад, заснаваны на супольнай добраахвотнай працы, прыватнай уласнасці, бяскласавасці грамадства і кааператыўна-дэмакратычнай культуры. Прызнавалася неабходнасць перадзелу прыватнай уласнасці і надзялення ёю «кожнага ў такім ліку, каб ён мог злучыць яе ў супольным супрацоўніцтве». У зямельным пытанні гэта выглядала як канфіскацыя зямлі ў буйных уласнікаў і перадача яе сялянам па працоўнай норме. Адначасова сялянаў трэба было схіляць да развіцця спажывецкай, вытворчай і крэдытнай кааперацыі.

Ідэі каператывізму мелі значны адбітак і ў далейшай ідэалагічнай дзейнасці кс. Гадлеўскага. Так, у напісаным ім у пачатку 1941 г. «Ідэалагічным Статуце Беларускага Нацыянальнага Фронту» ксёндз прапанаваў скласці заканадаўчую ўладу (Гаспадарскую Раду) з прадстаўнікоў асноўных прафесій прапарцыйна іх колькасці і грамадскаму значэнню.

Час Х набліжаўся надзвычай імкліва. Недзе напрыканцы 1938-га ці ў пачатку 1939 г. кс. В. Гадлеўскі быў уражаны той лёгкасцю, з якой сусветная супольнасць дазволіла Гітлеру далучыць Аўстрыю і ліквідаваць незалежнасць Чэхаславакіі. Цытуючы польскую перыёдыку, «Беларускі Фронт» пісаў: «Істотная вартасць... Гітлера ляжыць у тым, што ён разумее… псіхіку Захаду і выкарыстоўвае яе. Ён умее расшыфраваць пад азнакамі магутнасці істотную маласць духу»18.

Акурат з канца 1938 г. «Беларускі Фронт» перастае крытыкаваць фашысцкую Германію, а яго публіцысты спрабуюць патрактаваць Гітлера як асобу, што працягвае справу амерыканскага прэзідэнта Уілсана ў барацьбе за самавызначэнне нацый.

Можна сказаць, што пранямецкая стаўка кс. Гадлеўскага стала вынікам зробленага ім аналізу палітычнага становішча ў свеце. Савецкі Саюз і Польшча як саюзнікі адпадалі катэгарычна, паколькі былі дасюлешнімі гаспадарамі становішча і прыгняталі беларусаў. Заходнія дэмакратыі мала цікавіліся беларускім пытаннем і разлічваць на іх было нельга, заставалася толькі фашысцкая Германія, якая пакуль ніяк не зарэкамендавала сябе. Пры тым кс. Гадлеўскі здагадваўся, што заходнія дэмакратыі і СССР прынцыпова не хочуць мяняць сітуацыі ў свеце (тады бадай што ніхто не мог падумаць, што пасля вайны СССР будзе такім моцным, каб падпарадкаваць палову Еўропы):

Пры перамозе кааліцыі астаецца ў нас status quo, гэта значыць той парадак, які цяпер існуе. Паводле дагавораў, граніцы на ўсходзе Еўропы не зменяцца. Могуць змяніцца толькі ў цэнтральнай Еўропе, магчыма, паўстала б ізноў незалежная Чэхія, ці нават Чэхаславаччына, знікла б з палітычнай карты Усх. Прусія, падзеленая паміж Польшчай і Літвою, магчыма, што і Саветы атрымалі б нейкую нагароду на ўсходзе ці ў іншым месцы – але наагул беручы, вялікіх змен не было б.

Калі б перамог «дынамічны» блок, зьмены былі б велізарныя, не толькі ў Еўропе, але і на ўсім свеце. Найболей зменаў было б у раёне Міжземнага мора, у ўсходняй Еўропе і на Далёкім Усходзе. Італія, Нямеччына і Японія падзялілі б свет паводле сваіх планаў19.

Адкрытую стаўку на Германію кс. Гадлеўскі фактычна зрабіў толькі ў апошнім нумары газеты, які выйшаў 1 верасня 1939 г., калі вермахт ужо перайшоў межы Польшчы. Гадлеўскі сцвердзіў: «Беларусь можа паўстаць толькі пры варожых адносінах Нямеччыны й Расіі. Беларускую справу можа паставіць на парадак дня толькі той блок, які выступае проціў Расіі й для якога падзел Расеі быў бы карысны...»

У самым пачатку верасня 1939 г. кс. Гадлеўскага наведаў В. Папуцэвіч, які, будучы мабілізаваным у польскае войска, ехаў на фронт. Ужо ў сярэдзіне 1960-х гг. ён успамінаў іхнюю размову:

Кс. Гадлеўскі мне дэтальна прадставіў магутнасць нямецкага ўдару на Польшчу і казаў, што за тыдзень не астанецца і следу з польскай дзяржавы. Што да будучыні, то радзіў мне пры першай нагодзе перайсці на нямецкі бок, куды і ён думае перайсці, і там «будзем бачыць, што рабіць». Гаворачы аб паляках, ён паказваў на поўную недалужнасць польскай палітыкі, на нечуванае засьляпленне нацыяналістычнае, што вядзе няўхільна да гібелі гэтую дзяржаву, што, магчыма, дасць новыя магчымасці для беларускага народу20.

Наступная сустрэча выдаўцоў газеты адбылася толькі праз два гады.

ПАСЛЯ «БЕЛАРУСКАГА ФРОНТУ»

«Будзем бачыць, што рабіць», «час пакажа, што трэба рабіць», «трэба дзейнічаць па сітуацыі» – выказванні падобнага кшталту часта сустракаліся на старонках «Беларускага Фронту». Яны выдатна адлюстроўваюць стан няпэўнасці, у якім апынуліся беларусы напярэдадні вялікай вайны. Ніводная з тых вонкавых сілаў, што маглі спрычыніцца да нацыянальнага самавызначэння беларусаў, так і не прапанавала ніякай канкрэтнай праграмы, а беларускі нацыянальна-вызваленчы рух быў занадта слабы, каб дамагчыся незалежнасці сам.

Як паказаў у сваёй кнізе нямецкі гісторык Б. К’яры, нямецкія ўлады ўсе тры гады акупацыі Беларусі кіраваліся ў сваёй дзейнасці не нейкімі прадуманымі планамі, а хутчэй канцэпцыяй «кантраляванага хаосу», падштурхоўваючы мясцовае насельніцтва да ўзаемнага знішчэння і зусім не думаючы пра вырашэнне актуальных праблем краю. Справа незалежнасці Беларусі цікавіла немцаў яшчэ менш, чым у гады Першай сусветнай вайны. Закладнікамі гэтай знішчальнай і, не ў меншай ступені, самазнішчальнай палітыкі акупантаў сталі і выдаўцы «Беларускага Фронту».

Далейшы лёс заснавальніка і галоўнага ідэолага «Беларускага Фронту» вядомы. Кс. Гадлеўскі, вырашыўшы стаць на бок немцаў, уцёк летам 1940 г. у акупаваную імі Варшаву, паспрабаваў арганізаваць беларускія вайсковыя адзінкі ў нямецкім войску, працаваў у школьным камісарыяце ў Менску і быў расстраляны гестапа ў снежні 1942 г.

Існуе мноства версій прычыны расстрэлу ксяндза. Хутчэй за ўсё, ён стаў ахвярай узаемнай барацьбы ў нямецкім кіраўнічым апараце (паводле Ю. Туронка).

Стаўка на Нямеччыну аказалася пройгрышная.

  14 Р. С. «Бунт Ройстаў» //
БФ. 1938. № 3 (25).
5 сакавіка. С. 2.

15 Тамсама. С. 3.

16 В. П. У шаснаццатыя ўгодкі Слуцкага паўстаньня //
БФ. 1936. № 8. 5 сьнежня.

17 Парлямантарны дэмакратызм //
БФ. 1937. № 10 (19).
5 верасьня.

18 Р. Шляхі Нямеччыны на Ўсход //
БФ. 1939. № 7 (41).
1 красавіка.

19 А. В. Перад вялікімі вырашэньнямі //
БФ. 1939. № 11 (45).
1 чэрвеня. С. 2.

20 Пануцэвіч В.
Кс. Вінцэсь Гадлеўскі… С. 71.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 10 (50) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/10/18