A R C H E П а ч а т а к № 10 (50) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


10-2006
" да Зьместу "

 



крытыка • аналітыка • эсэістыка • гісторыя • палеміка • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  СЯРГЕЙ ЗАПРУДСКІ

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Сяргей Запрудскі
Карскі без рэдактара


Карский Е. Ф. Белорусы. Т. 1. Введение в изучение языка и народной словесности.
Минск: Беларуская Энцыклапедыя, 2006. – 656 с.

Надрукаваны больш за сто гадоў таму 1-шы том фундаментальнай працы Я. Карскага «Беларусы» выдадзены ў заснаванай сёлета серыі «Помнікі гістарычнай думкі»; уласна гэты том адкрывае серыю. У рэдакцыйны савет увайшлі некалькі энцыклапедычных і акадэмічных супрацоўнікаў, іхныя прозвішчы пералічаны ў кнізе, галоўны рэдактар – Генадзь Пашкоў. Аб прынцыпах укладання серыі можна толькі здагадвацца са змешчанага ў кнізе кароткага непадпісанага зварота «Да чытача»: мэтай выдання серыі з’яўляецца «вярнуць у шырокі навуковы і паўсядзённы ўжытак найбольш істотныя працы аўтараў, што прысвяцілі свой талент вывучэнню беларускага народу, яго гісторыі і асяроддзя пражывання». У прыватнасці, называюцца імёны «найбольш значных рупліўцаў на ніве беларускай навукі, славянскай духоўнасці» Я. Ф. Карскага, Е. Р. Раманава, М. В. Доўнар-Запольскага, П. В. Шэйна, В. Ю. Ластоўскага, А. П. Сапунова.

Магчыма, аўтар ананімнага зварота не ведае, але спадчына пералічаных асоб нядрэнна-такі зафіксавана ў беларускай гуманітарнай навуцы. Па меры публікацыі серыі можна будзе прасачыць, ці папраўдзе першымі будуць выдадзеныя ўсе названыя аўтары. Што тычыць Я. Карскага, то з пасляваенных гадоў увага да яго спадчыны была заўсёднай, пра што могуць сведчыць, прыкладам, змешчаныя ў беларускім друку шматлікія артыкулы, апублікаваныя да 90-гадовага (1951 г.), 100-гадовага (1961 г.), 120-гадовага (1981 г.), 125-гадовага (1986 г.) юбілеяў класіка. 2-гі (мовазнаўчы) том «Беларусаў» быў надрукаваны ў Маскве ў 1955–1956 гг., ягоныя працы па беларускай і іншых славянскіх мовах – у 1962 г. Спецыяльная манаграфія пра Я. Карскага (аўтар – М. Булахаў) выйшла ў Менску ў 1981 г. Ужо добры дзесятак гадоў у Гродзенскім універсітэце рэгулярна праходзяць Карскія чытанні, на якіх у тым ліку даследуецца спадчына земляка і ейнае значэнне для нашага часу. Ужо некалькі дзесяцігоддзяў навукоўцы карыстаюцца працамі Я. Карскага папраўдзе штодзённа. Выданне твора класіка сёння (накладам 2000 асобнікаў) мела б на ўвазе не столькі «вяртанне», колькі грунтоўнае, на ўзроўні патрабаванняў часу навукова-эдыцыйнае забеспячэнне працаў нашага вялікага папярэдніка, без чаго, уласна кажучы, не можа ісці гаворкі пры выданні аўтараў падобнага рангу.

Тэксту Я. Карскага папярэднічае прадмова супрацоўнікаў трох акадэмічных гуманітарных інстытутаў: мовазнаўцы В. Курцовай, гісторыка А. Унучка і этнолага І. Чаквіна (с. 15–30), у якой спадчына Я. Карскага ацэньваецца ў значнай меры згодна з вымогамі часу. Аўтары справядліва адзначаюць, што працы Я. Карскага маюць «комплексны, сістэмны характар і з’яўляюцца асновай беларусазнаўства як навуковай дысцыпліны» (с. 15). В. Курцова, А. Унучак і І. Чаквін далучаюцца да меркавання эмігранцкага гісторыка В. Тумаша, згодна з якім дзякуючы Я. Карскаму беларускі народ ужо ў самым пачатку ХХ ст. у галіне навуковага вывучэння сваёй мовы аказаўся «на самым перадзе сярод іншых славянскіх народаў» (с. 23). (Такая ацэнка, заўважым у дужках, у пэўнай меры сугучная меркаванням расіяніна Барыса Ляпунова і англічаніна Арнольда Макміліна, выказаным імі адпаведна ў 1932 і 1967 гг.) У прадмове не толькі называюцца ўмовы, якія спрыялі ўзнікненню твора тыпу «Беларусаў» на пэўным гістарычным этапе развіцця беларускага народу, але і пазначаюцца некаторыя будучыя перспектыўныя кірункі даследаванняў (у гэтым выпадку маецца на ўвазе спасылка на значэнне для дзейнасці Я. Карскага «ўкраінскага чынніка», с. 16).

Аднак шэраг прыватных выказванняў аўтараў прадмовы (тыпу таго, што праца Я. Карскага рыхтавалася на сродкі, выдаткаваныя віленскім генерал-губернатарам П. Святаполк-Мірскім; што першай навуковай працай Я. Карскага быў «Агляд гукаў і формаў беларускай мовы») даводзіцца прызнаць недакладнымі. Парадаксальна выглядае меркаванне, паводле якога для Я. Карскага «беларускія гаворкі не з’яўляліся асобным, самастойным утварэннем, але разам з тым яны характарызаваліся ўласным комплексам лінгваасаблівасцей» (с. 28). Матэрыял у прадмове размеркаваны не заўсёды рацыянальна: напрыклад, пра меркаванні Я. Карскага адносна этнагенезу беларускай нацыі, а таксама пра сёмы і восьмы раздзелы манаграфіі даводзіцца чытаць двойчы ў розных месцах прадмовы – у фрагментах, напісаных рознымі аўтарамі.

В. Курцова, А. Унучак і І. Чаквін падрыхтавалі таксама каментары да тома, апублікаваныя на с. 372–402. Пры тым, што ў значнай меры каментары выглядаюць вельмі грунтоўна, у цэлым шэрагу выпадкаў у вочы кідаецца паспешлівасць, якая, відавочна, спадарожнічала іхнай падрыхтоўцы. Даволі звычайнай у кнізе выглядае, напрыклад, практыка, калі аднолькавыя ці, прынамсі, сувымерныя паняцці ці імёны трактуюцца па-рознаму: адны з іх каментуюцца, а іншыя – не.

У шэрагу выпадкаў каментар падаецца не пры першай згадцы таго або іншага твора або прозвішча. Напрыклад, этнаграфічныя карты А. Рыціха, П. Кепен, «Матэрыялы па гісторыі тапаграфіі Віцебскай губерні» Е. Раманава ўпершыню згадваюцца Я. Карскім на с. 34, 35 выдадзенага тома, у той час як каментары да гэтых прозвішчаў і твораў дадзены ў сувязі з іх згадваннем на с. 37, 38, 164.

Неабгрунтаваным выглядае прыём, пры якім некаторыя каментары падзяляюцца на дзве часткі, змешчаныя ў розных месцах тома. Напрыклад, на с. 41 з нагоды спасылкі Я. Карскага на 69-ю старонку працы А. Сабалеўскага «Спроба рускай дыялекталогіі» тлумачыцца, што тут мае месца спасылка на працу «вядомага расійскага лінгвіста» (с. 373) і падаецца крыніца яе часопіснай публікацыі ў 1892 г. (Кніжная публікацыя працы Сабалеўскага 1897 г., пра якую піша сам Я. Карскі на с. 265, пры гэтым не згадваецца.) Папраўдзе, незразумелая ўпэўненасць каментатараў у тым, што Я. Карскі карыстаўся менавіта часопіснай публікацыяй Сабалеўскага пры існаванні больш позняй і вядомай Я. Карскаму кніжнай – тым больш, што, як вынікае з іншай заўвагі ў томе (с. 378), публікацыя Сабалеўскага ў «Живой старине» змяшчалася на с. 1–61 (і, значыць, у ёй не магло быць 69-й старонкі). Больш падрабязная характарыстыка «рускага і ўкраінскага філолага» (с. 377) А. Сабалеўскага ў каментарах з’яўляецца, аднак, пазней – з нагоды спасылкі Я. Карскага на А. Сабалеўскага на с. 69.

Некаторыя каментары няпоўныя. Так, у заўвазе з нагоды спасылкі Я. Карскага на Яна Карловіча (с. 107) не называюцца суаўтары працы «Слоўнік польскай мовы» А. Крынскі і У. Нядзведскі (якія, дарэчы, згадваюцца самім Я. Карскім на с. 139). У томе не каментуецца вялікае мноства геаграфічных назваў і прозвішчаў (Д. Языкаў, Ф. Булгарын, С. Пташыцкі, М. Карпінскі, Е. Барсаў, К. Гаворскі, М. Любаўскі і інш.).

Некаторыя імёны або творы (напрыклад І. Первольф, В. Сопікаў, «Этымалагічны слоўнік славянскіх моў» Ф. Міклашыча, «Цывілізацыя і мова» А. Брукнера, «Чэцця» 1489 г., праца Я. Галавацкага «Рысы хатняга побыту рускіх дваран на Падляссі»), наадварот, каментуюцца двойчы, тройчы (праца «Да пытання аб утварэнні рускіх гаворак...» А. Шахматава) ці нават (П. Чубінскі) чатыры разы (с. 372, 382, 387, 392). Толькі ў адзінкавых выпадках у каментарах сустракаюцца пажаданыя ў такіх выпадках унутрыкаментарныя адсылкі.

У шэрагу выпадкаў публікатары ўхіліліся ад каментароў – у тым ліку ў сувязі з нейкімі недакладнымі або тэндэнцыйнымі меркаваннямі Я. Карскага. Напэўна, заўвагу можна было змясціць пры выказванні Я. Карскага аб тым, што на самым захадзе Белавежскай пушчы, каля станцыі Гайнаўка, беларусаў няма (с. 39). Праўдападобна, не лішнім быў бы каментар пры выказваннях Я. Карскага пра «заходнюю дыпламатыю, якая хацела ўмяшацца ў славянскую сямейную справу» (с. 202), пра «неэфектыўнасць» выдання «Мужыцкай праўды» К. Каліноўскага (с. 351), пра крайнюю «тэндэнцыйнасць» «Дудкі беларускай» Ф. Багушэвіча (с. 357). Я. Карскі несправядліва ацэньваў працы некаторых заходніх аўтараў (Ё. Х. Адэлунга, С. Б. Ліндэ), у гэтых выпадках у сваіх заўвагах каментатары беспадстаўна некрытычна пайшлі ўслед за Я. Карскім (гл. рэмарку з нагоды С. Б. Ліндэ на с. 400).

У кнізе аўтаматычна ўзноўлена недакладнае датаванне некаторых крыніц. Так, выказванне Ё. Х. Адэлунга аб беларусах было надрукавана ў шматтомнай працы «Мітрыдат...» не ў 1806 г., як падаў Я. Карскі, а ў 1809 г. у 2-м томе (у 1806 г. выйшаў 1-шы том працы Ё. Х. Адэлунга). Памылковая рэмарка каментатараў аб тым, што тэрмін Белая Русь ужываецца з VIII ст. (с. 381). Насуперак каментатарам даводзіцца сцвердзіць, што, бадай, легендарным з’яўляецца меркаванне, што Чачот дасылаў С. Б. Ліндэ беларускія лексічныя матэрыялы для яго славутага слоўніка (с. 385). «Слоўнік польскай мовы» С. Б. Ліндэ пачаў друкавацца ў 1807 г. (калі Я. Чачоту было ўсяго 11 гадоў), скончыў публікавацца ў 1814 г., калі Я. Чачот яшчэ нават не быў студэнтам Віленскага універсітэта... Выразным перабольшаннем з’яўляецца выказванне пра тое, што П. Шпілеўскі праславіўся сваімі мовазнаўчымі працамі (с. 391). Незразумела, адкуль у каментарах магла з’явіцца заўвага пра тое, што В. Грыгаровіч з’яўляецца заснавальнікам славяназнаўства ў Расіі (с. 393).

Творы Я. Карскага апублікаваны згодна з сучаснымі нормамі расійскага правапісу і граматыкі, але хто займаўся моўнай адаптацыяй, не пазначана. У шэрагу выпадкаў, аднак, пакінуты «ёр» на канцы словаў-ілюстрацый (напрыклад с. 121 і наступныя), а таксама «яць» (с. 192 і інш.), не выпраўлены стары канчатак роднага склону прыметніка -аго (с. 333). Часам пры апрацоўцы тэксту змест быў скажоны. Напрыклад, на с. 181–182 з нагоды працы К. Калайдовіча «Аб беларускай гаворцы» Я. Карскі заўважыў, што ў слоўніку К. Калайдовіча ў некаторых выпадках незнарок адзначаны істотныя гукавыя асаблівасці, і пры гэтым падаў напісанне сстатокъ. У томе гэта форма надрукавана як статок, і таму чытачу незразумела, якую гукавую асаблівасць меў на ўвазе Я. Карскі. Грубай сваволяй выдаўцоў з’яўляецца замена формы руський формай русский у наступным кантэксце: «Вядомы крытык прафесар Качаноўскі пусціў ва ўжытак тэрмін русский для назвы заходнярускай мовы» (с. 180). У гэтым выпадку ішлося акурат пра тэрмін руський (ці, згодна з тагачасным напісаннем, руській), што ўласна і відаць на аснове пададзенай ніжэй цытаты з М. Качаноўскага. Неабазнанага чытача такая вольнасць выдаўцоў можа проста паставіць у тупік. Згаданы на с. 183 артыкул Д. Языкава папраўдзе называўся «Белорусский или Руський язык», а не русский, як зноў-такі неабгрунтавана «паправілі» Я. Карскага (а разам і Д. Языкава) публікатары. І ў цытаце з М. Грэча (с. 184) нельга было замяняць форму руський на русский, балазе на наступнай старонцы Ф. Булгарын тлумачыў сэнс гэтай дыферэнцыяцыі: «Гэты ь пасля літары с складае ў нас розніцу паміж народнай мовай Рускай (г. зн. расійскай мовай. – С. З.) і Руськай або Літоўскай (г. зн. беларускай мовай. – С. З.)». Назва руськая мова ў якасці назвы беларускай мовы ў М. Качаноўскага, Д. Языкава, Ф. Булгарына і М. Грэча процістаўлялася назве руская мова (русский язык), адпаведна ўжываць іх узаемазамяняльна нельга.

Са старога выдання публікатары перанеслі ў новае «Паказальнік асобаў...» (с. 360–365; пры гэтым перайначыўшы назву) і «Паказальнік геаграфічных месцаў...» (с. 366–371; таксама падрэдагаваўшы загаловак). Тое, што такія паказальнікі ў кнізе ёсць, вядома, добра. Аднак сучасныя выдаўцы (хоць, напэўна, былі ўзброены камп’ютэрам) на адрозненне ад выдаўцоў стогадовай даўнасці (якія камп’ютэраў не мелі)... не пазначылі пры прозвішчах і геаграфічных назвах нумароў старонак, ласкава пакідаючы чытачам кнігі «захапляльную» магчымасць самастойна і неаднаразова гартаць розныя старонкі тома ў пошуку патрэбных прозвішчаў ці тапонімаў. Ці можна ў гэтым выпадку гаварыць пра павагу да чытачоў кнігі?

У шэрагу выпадкаў пакідае жадаць лепшага карэктарская работа (с. 41, 42, 51, 135, 136, 139, 177, 233, 275, 283, 326, 375). Не зменена нумарацыя пры спасылках Я. Карскага на папярэднія старонкі ўласнага тома (напрыклад на с. 174, дзе Я. Карскі паклікаецца на с. 13–14 колішняга выдання, аднак у агляданым томе адпаведнае месца знаходзіцца на с. 41). Не выпраўлены памылкі друку, якія фіксаваліся ў выданні стогадовай даўнасці: 1812 (замест 1821) году – с. 51. Гаворка тут ідзе пра ўражанні Бястужава-Марлінскага з нагоды яго побыту ў Беларусі ў 1821 г., пра што паведамляецца ў каментары на с. 376. Выдаўцы пакінулі без зменаў арфаграфічную варыянтнасць пры перадачы Я. Карскім прозвішча Кепена, пішучы яго то як Кеппен, то як Кёппен. У некаторых выпадках не прыведзена да уніфікацыі неаднастайнае тэхнічнае афармленне выдання 1903 г. (гл. напрыклад загалоўкі на с. 134 і 150). Выдаўцы фатальна выправілі назву аднаго з выданняў П. Бяссонава: замест «Калики перехожие» напісалі... «калеки» (с. 209). Гэтая, з дазволу сказаць, «праўка» змушае думаць, што непасрэдным навуковым рэдагаваннем тома або ніхто не займаўся, або такое рэдагаванне было ўскладзена на карэктара, або рэдагаваннем займаліся нейкія невядомыя (і, як бачым, непрафесійныя) асобы.

Паводле вартай даверу інфармацыі, энцыклапедычныя выдаўцы задумалі сваю серыю без шырокіх кансультацый з элітай беларускай акадэмічнай навукі. Што да падрыхтоўкі выдання «Беларусаў», то ўжо на прасунутым этапе працы, незадоўга да запланаванага тэрміну публікацыі, выдаўцы зразумелі, якога ўзроўню публікацыю яны ініцыявалі, і звярнуліся ў акадэмічныя інстытуты па дапамогу з навуковым забеспячэннем выдання (уступны артыкул, каментары і інш.). Зразумела, падобныя справы (асабліва, калі мець на ўвазе дэфіцыт рабочых рук у акадэмічных гуманітарных інстытутах) на працягу двух-трох месяцаў не робяцца. Акадэмічным кіраўнікам выпадала або сарваць высакародную справу «вяртання» спадчыны Я. Карскага беларускаму народу, або выканаць замову энцыклапедыстаў у вялікай спешцы – з усімі спадарожнымі малапрыемнымі наступствамі. Быў абраны другі падыход. Акадэмічныя каментатары, напэўна, ведалі, што і як трэба зрабіць, але не мелі магчымасцяў выканаць сваю працу адказна. У некаторых выпадках яны свядома падалі частковыя каментары, падстаўляючы тым самым сябе пад крытыку – аднак пазначаючы будучыя кірункі працы для даследчыкаў Я. Карскага. Так, напрыклад, з нагоды прыведзенага Я. Карскім спіса літуанізмаў і паланізмаў у беларускай мове каментатары (праўдападобна, В. Курцова) напісалі: «Пададзеныя Я. Карскім падборкі літуанізмаў і паланізмаў патрабуюць абавязковай пераправеркі па сучасных этымалагічных крыніцах» (с. 383). Падобны каментар знаходзім і з нагоды спісаў гебраізмаў і цюркізмаў (с. 386). Гэтыя фразы-сігналы трэба разумець прыблізна так: «Многія (ці некаторыя) этымалогіі Карскага адносна літуанізмаў, паланізмаў, гебраізмаў і цюркізмаў не знайшлі пацвярджэння ў сучасных працах па этымалогіі». Але ці не акурат абавязкам каментатараў было выканаць такую праверку, балазе за апошнія дзесяцігоддзі этымалагічнае вывучэнне беларускай лексікі радыкальна пасунулася наперад? Напэўна, на такую праверку не хапіла часу... Несумненна, аўтары прадмовы і каментароў заслугоўваюць ухвалы і падтрымкі за хутка выкананую работу. Дзякуючы В. Курцовай, А. Унучку і І. Чаквіну само выданне стала магчымым...

У дадатку (с. 405–650) без ніякага абгрунтавання, тлумачэння ці каментара змешчаны шэраг іншых працаў Я. Карскага, узятых, напэўна, з маскоўскага выдання 1962 г., пра што сведчыць захаванне пры некаторых артыкулах указанняў на крыніцы першых публікацый з пазнакай «ред.». Але ж рэдактара (праўдзівага, а не калектыўнага рэдактара-«генерала») агляданая кніга не мае. Яўна неадпаведнымі ў гэтым томе выглядаюць русістычныя працы Я. Карскага («Аб уплыве паэтычнай дзейнасці А. С. Пушкіна на развіццё расійскай літаратурнай мовы», «Значэнне М. В. Гогаля ў гісторыі расійскай літаратурнай мовы». «Значэнне М. В. Ламаносава ў развіцці расійскай літаратурнай мовы» і інш.). З другога боку, перадрук артыкула «Культурныя заваёвы рускай мовы ў старажытнасці на заходняй ускраіне яго пашырэння», у якім ішла гаворка пра беларускі ўплыў на літоўскую, латышскую, татарскую і жыдоўскую мовы, мог бы быць карысным.

Крытычна пісаць пра здзейснены друк – нялёгкае маральнае выпрабаванне. Акурат цяпер «Энцыклапедыя» перажывае ня лепшы час, а каментатары зрабілі тое, што змаглі ў прапанаваных умовах... Атрымліваецца, пытанне прафесіяналізму выдаўцоў – у гэтым выпадку адрасуюся да Г. Пашкова – пры падрыхтоўцы тома трэба было б неяк «вынесці за дужкі»?..

Між тым «Беларуская Энцыклапедыя» мае занадта глыбокую традыцыю прафесійнай працы, каб сёння яе можна было занядбаць. І ўсёй сваёй дзейнасцю Я. Карскі сцвердзіў, што ў пачатку было Слова. Я. Карскі дасягнуў небывалых навуковых вяршыняў – і канкрэтна, карпатліва і прафесійна давёў існаванне беларусаў – у тым ліку таму, што з глыбокім піетэтам ставіўся да прамоўленага слова і надрукаванай літары. Было б добра, калі б людзі, якія сёння дакранаюцца да ягонай несмяротнай спадчыны, былі – хоць бы там, дзе гэта залежыць ад нас, смяротных – вартымі заснавальніка беларускай філалогіі.

  мовазнавец, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 10 (50) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/10/18