A R C H E П а ч а т а к № 11 (51) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


11-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • палеміка • літаратура

 


эсэістыка

  СЯРГЕЙ АБЛАМЕЙКА

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Сяргей Абламейка
Эгіпецкія фараоны —
габрэі ці беларусы?

А гадзіне дня мы прыехалі ў гатэль і атрымалі пакой у дамку на беразе Чырвонага мора. Стаўшы пад вакном, я вырашыў зарыентавацца, куды падае цень. Ха-ха! Ценю няма. Сонца ў зэніце. Мы ў Афрыцы.

Трапны пачатак для эсэ, але з мастацкім перабольшаньнем. Насамрэч, прыгледзеўшыся, цень свой я знайшоў каля левай нагі — маленькі такі, сантымэтраў пятнаццаць-дваццаць.

* * *

Як толькі самалёт прызямліўся ў аэрапорце Каіру, праз ілюмінатар я ня ўбачыў ні караванаў зь вярблюдамі, ні пірамідаў, ні сьфінксаў і моцна зьдзівіўся. Пасьля падагналі трап, мы выйшлі з самалёта, і вецер чамусьці ня кінуў нам у вочы пясок з пустыні Сахары. А ў аэрапортаўскай прыбіральні я пералічыў усіх мух, і сярод іх не было ніводнай мухі цэ-цэ — усе звычайныя навозныя. Хіба гэта Афрыка, хіба гэта Эгіпет?! — абурыўся я.

Маё зьдзіўленьне тлумачыцца проста — я не люблю лётаць самалётам, а таму ў якасьці лекаў ад страху ўжываю гарэлку…

* * *

Каір — вялікі горад, ён цягнецца ва ўсе бакі на многія дзясяткі кілямэтраў. Сярод бясконцага мора агней, якія мы бачылі з самалёта, вельмі дзіўна вылучаліся шматлікія зялёныя агеньчыкі. Мне нават падумалася, ці ня мода гэта арабская — ставіць па ўсім горадзе разам са звычайнымі зялёныя ліхтары. Пасьля пасадкі мы ехалі начным Каірам, і зьдзіўленьню майму не было межаў, калі я зразумеў, колькі мячэтаў мы бачылі згары. Аказалася, тыя зялёныя агні ўпрыгожваюць… вежы мінарэтаў.

* * *

Паветра ў Эгіпце — малапразрыстае. Усё навокал як бы ахутвае гарачая смуга, краявід зацягнуты туманам. Недалёкія прыбярэжныя горы і горныя косы паабапал бухты ледзьве відаць у белаватым мроіве…

* * *

У эгіпецкай пустыні — ня толькі пясок, але і гліна. Можна сустрэць нават горы з засохлае і цьвёрдае як камень гліны. Вецер выдзімае зь іх цэлыя пласты, і ступеньчатыя, тэрасамі, схілы ўтвараюць фантастычныя незямныя пэйзажы. Можаш доўга рухацца пясковымі дзюнамі і раптам натрапіць на абрыў, пад нагамі далёка ўнізе адкрыецца велізарнае — на некалькі кілямэтраў — глінянае плято.

Пры заходзе сонца эгіпецкая пустыня набывае чырвона-карычневы колер…

* * *

Кожнае мора мае пах. Часам ледзь улоўны, а часам больш рэзкі. У ім адчуеш сьвежае паветра, салёную ваду, зацьвілыя водарасьці і вільготны пясок. Пах Чырвонага мора — ненавязьлівы, ледзьве ўлоўны і далікатны. Для гурманаў.

На Чырвоным моры ёсьць прыліў і адліў. Калі пасьля абеду мора пачынае адступаць, турысты бяруць плястыкавыя крэслы, заходзяць далёка ў мора на водмелі і сядаюць тварам да сонца загараць. Троху сюррэалістычны пэйзаж: далёка ў моры на вадзе стаяць крэслы, у іх дрэмлюць людзі…

Як прыемна сухапутнаму чалавеку глядзець на мора! Ці можа прыбярэжны жыхар з такой жа асалодай узірацца ў марскую далечыню?

* * *

Маё адкрыцьцё ў Эгіпце — фінікі. Ня сушаныя, а сьвежыя. Для арабаў яны тое самае, што яблыкі для беларусаў. Фінікі бываюць дзясяткаў гатункаў… Сьвежы фінік — гэта нешта сярэдняе паміж яблыкам, сьлівай і вінаградам. Іх ядуць і як першую страву, і як другую, і як дэсэрт. Іх можна есьці, заліўшы малаком, а можна зварыць, можна са скуркай, а можна і без — балазе, сыры фінік вылузваецца са скуркі так жа лёгка, як яго костка з пальцаў… Іх вараць, параць, тушаць, ядуць з соляй і цукрам… Карацей, цяпер я ведаю, чаму фінікі — асноўная ежа бэдуінаў.

* * *

Калі прыяжджаеш зь Беларусі ў Чэхію, адразу бачыш розьніцу ў прыродзе: навокал раз-пораз трапляюцца дрэвы і іншыя расьліны, якіх у нас няма. Але збольшага — тыя самыя хвоі, яліны і бярозкі. Калі ж прылятаеш у Эгіпет, адразу бачыш: практычна ўсё, што расьце навокал, не сустракаецца ў Беларусі. Прыехаў, агледзеўся і адразу зразумеў: ты на іншым кантынэнце.

* * *

Мова эгіпецкіх курортаў на Чырвоным моры — ангельская. Але калі араб ідзе і бачыць эўрапейскую бляндынку, ён чамусьці кажа ёй усьмешліва:

Buongiorno.

Няўжо гэта празь вялікую колькасьць фарбаваных італьянак на мясцовых пляжах? А можа, італьянская ўспрымаецца тут як мова каханьня?

Адказ зьявіўся празь некалькі дзён, калі я даведаўся, што наш гатэль — італьянскі, як і ягоны пераважны турыстычны кантынгент.

Наагул, «Бабілён» на беразе Чырвонага мора гаворыць на дзясятках моваў. У выніку — шмат дробных казусаў. Заходжу ў рэстарацыю і кажу:

Hello!

Афіцыянт мне ў адказ:

Auf Wiedersehen.

Славакаў паўсюль называюць чэхамі. Тыя не крыўдуюць і ў адказ памалу навучаюць арабаў «чэскай» мове. Арабы радуюцца і на разьвітаньне кажуць «па-чэску»:

Dovidénja.

Чэскае nashledanou, відаць, моцна крыўдуе.

Мы таксама навучылі арабаў казаць «добры дзень» і «да пабачэньня». Даволі добра дзекаюць.

* * *

У рэстарацыі гатэлю і ў пары рэстарацыяў у Каіры нам ні разу ня трапілася перасоленая страва. Вельмі шмат — наагул не салёныя. Відаць, тубыльцы навучаныя векавым досьведам: наясіся салёнага — захочацца піць…

* * *

У рэклямных праспэктах пра комплекс паслуг «усё ўлучана» падкрэсьліваецца, што ў рэстарацыях гатэлю і барах на пляжы бясплатна падаецца алькаголь толькі мясцовае вытворчасьці. Калі я пакаштаваў эгіпецкае піва Stella lager beer, я падумаў, што добра знаёмая ўсім маім суродзічам расейская «Балтыка» побач не стаяла з гэтай эгіпецкай «Стэлай»…

Добрае ўражаньне пакінулі і мясцовыя віны. Я ўпадабаў чырвонае Omar Chayam зь вінаграду «кабэрнэ» і «савіньён» і ружовае Rubis d’Egypte з гатунку з гэткай жа назвай. Дый ці могуць быць кепскія віны пры такой колькасьці сонца і цяпла?..

* * *

Эгіпет — ваенная краіна. Усюды шмат вайскоўцаў і паліцыі. Нават у пунктах аплаты за дарогі — людзі ў форме і ў цывільным з «калашнікавымі» ў руках. Спыняемся на запраўцы — таксама пяць-сем людзей з аўтаматамі. На сьцяне за прылаўкам — партрэт нейкага генэрала. Пытаемся, хто такі. На ламанай ангельскай адказваюць, што генэрал — заснавальнік запраўкі!

У пунктах кантролю паліцыянты пералічваюць колькасьць турыстаў у аўтобусе і паведамляюць праз мабільную сувязь ў наступны пункт.

У нашым турыстычным аўтобусе — два мажныя афіцэры эгіпецкіх спэцслужбаў у гарнітурах, пры гальштуках і з аўтаматамі «Узі» пад пінжакамі — ахова. Мы з жонкай у геройства арабаў ня тое што ня верым, але так, трохі яму не давяраем, і вырашаем, што нашыя ахоўнікі пры тэрарыстычным замаху ўцякуць першыя. А нам трэба глядзець, куды пабягуць, і — за імі.

* * *

Эгіпет — другая паводле колькасьці насельніцтва краіна Афрыкі. Першая — Нігерыя. У Эгіпце жыве 70 мільёнаў чалавек, зь іх 90 працэнтаў — у гарадах даліны Нілу. 94 працэнты насельніцтва — мусульмане. Астатнія — хрысьціяне: грэкі, армяне і арабы. Сярод насельнікаў-мусульманаў — ня толькі арабы. Жывуць у Эгіпце і бэрбэры, і іншыя народнасьці. 51 працэнт — непісьменныя. Штогод краіну наведвае 3 мільёны турыстаў.

На 17 мільёнаў жыхароў у Каіры 10 мільёнаў аўтамабіляў. У найбольш экстрэмальную сытуацыю ў эгіпецкай сталіцы трапляе якраз аўтааматар. Правілаў дарожнага руху як такіх не існуе. Дарожных знакаў, кажуць, ёсьць 10. Сьвятлафораў, за выключэньнем некалькіх раёнаў Каіру, няма. У маёй памяці на ўсё жыцьцё засталіся малюнкі з каірскіх вуліцаў: чатыры-пяць палосаў у адзін бок, чатыры-пяць — у другі. Перакрыжаваньне. Сьвятлафора няма. На дарозе — страшэнны гармідар. Каля дзясятка паліцыянтаў, размахваючы рукамі, разганяюць затор, сварацца з кіроўцамі і паміж сабой, прапускаюць пешаходаў і нават дапамагаюць кіроўцам-небаракам буксаваць на ўзбочыну іх заглухлыя аўто.

Але самая галоўная неспадзеўка чакала нас напрыканцы. І гэта добра, бо інакш шматлікія нашы падарожжы былі б — як гэта сказаць? — ну… больш пікантныя. Толькі пад канец адпачынку мы даведаліся, як у Эгіпце здаюць на правы. Будучыя кіроўцы вучацца два тыдні дома прыватным парадкам і пасьля здаюць у паліцыі экзамэн. Той, хто атрымаў правы, можа езьдзіць на ўсім, на чым захоча: на легкавіку, мапэдзе, матацыцкле, на самазвале, на аўтобусе і аўтафургоне з прычэпам. Правы выдаюцца адной унівэрсальнай формы на ўсё жыцьцё. Ведай мы пра гэта загадзя, маглі б пару разоў і не згадзіцца падарожнічаць па краіне маленькімі прыватнымі аўтобусікамі…

У самалёце дарогай назад прачыталі нарэшце парады турагенцыі: што з сабой браць, як паводзіцца ў Эгіпце і чаго рабіць ня варта. Наконт правілаў дарожнага руху там было напісана з гранічнай ляканічнасьцю: «У Эгіпце на дарогах пануе адно правіла: «права мацнейшага зь цьвярдзейшымі нэрвамі»…

* * *

У цэнтры Каіру ёсьць велізарныя могілкі. Да іх прымыкаюць кварталы Старога Гораду, які цяпер знаходзіцца ў вельмі занядбаным стане. У першую каірскую ноч, калі мы ехалі праз стары цэнтар, нас уразілі яго сылюэты: купалы дзясяткаў мячэтаў, сотні мінарэтаў, абрысы характэрных стральчатых брамаў і ламаныя дахі арабскіх дамоў у сьвятле аграмаднага чырвонага месяца… Амаль фантастычная карціна, якая абудзіла ў душы дзіцячыя ўспаміны пра лямпу Аладзіна, «старыка Хатабыча», «багдадзкага злодзея» ды іншыя чытаныя і чутыя сюжэты.

Гэты сантымэнт, аднак, імгненна зьнік, калі мы прыехалі празь некалькі дзён у Каір пазнаёміцца з горадам. Аказваецца, тое, што так прывабна і рамантычна выглядала ў месяцовым сьвятле, пры сьвятле дзённым выклікае зусім іншыя пачуцьці, нават цэлую іх гаму: шчымлівую спагаду, шкадобу, абурэньне, боль і пратэст.

Штогод пяцьсот тысячаў перасяленцаў зь ліку зьбяднелых ушчэнт сялянаў атабарваюцца пераважна на тых агромністых, на многія квадратныя кілямэтры, могілках у цэнтры Каіру і прылеглых да іх пакінутых кварталах старога цэнтру. Усё разам гэта называецца Мёртвым Горадам — гэта яго абрысы мы бачылі ў месяцовым сьвятле. Мёртвы Горад даўно ўжо ня мёртвы. Паміж магіламі новыя гарадчукі панаставілі буданоў і буданчыкаў, якія невядома як і невядома чаму ня падаюць ад парываў ветру. Паміж імі і магіламі ў брудзе і пыле поўзаюць у рызманах галодныя арабскія дзеці. Улады даўно зьмірыліся з засяленьнем могілак і нават пачалі праводзіць электрычнасьць і ваду да дамкоў на магілах. Ніхто ня ведае дакладнай колькасьці жыхароў Мёртвага Гораду, ніхто ня ведае, як ён можа прымаць новыя і новыя тысячы перасяленцаў з навакольных вёсак, і ніхто ня ведае, як і з чаго там жывуць і выжываюць.

Ня менш за Мёртвы Горад уражваюць бядняцкія кварталы на ўскраінах Каіру. Двух-, трох-, чатырохпавярховыя дамы, якія заканчваюцца абавязкова недаробленым паверхам, з кучамі будаўнічага друзу на ім. Недаробленыя паверхі шчэрацца ў неба бэтоннымі палямі і прутамі гнутае арматуры. Архітэктура найпростая: бэтонныя каркасы, сьцены і перагародкі, мураваныя ў адну цагліну ўпоперак, цэгла абпаленая, барвова-малінавая — з эгіпецкай гліны. Пыл, бруд, антысанітарыя. Вузкія вулачкі паміж гэтымі нетынкаванымі дамамі спрэс перагароджаныя кучамі сьмецьця. Яго ніхто не вывозіць — выкідаюць проста на вуліцах, або, у лепшым выпадку, выносяць і выкідаюць адразу за кварталам. Паміж дамамі можна бачыць цэлыя палі і пальмавыя гаі, заваленыя паўтарамэтровым слоем сьмецьця — суцэльны сьметнік. Стоячы проста на гэтых «брудных горах», падлеткі запускаюць паветраных зьмеяў. Зрэдчас сярод будаўнічага друзу на дахах — спадарожнікавыя антэны.

На першых паверхах — нейкія крамкі, майстэрні, «офісы», часта бяз вокнаў і дзьвераў. У арках і дзьвярных праёмах сядзяць захутаныя ў чорнае на саракаградуснай сьпякоце тоўстыя жанчыны, ля іх ног у пыле сярод пустых плястыкавых бутэлек, кавалкаў бруднае паперы і іншых адкідаў коўзаюцца прыгожыя, смуглявыя арабскія дзеткі. Побач сумуюць бяз працы работнікі-мужчыны…

Паветра насычанае невыноснай нудой, галечай і беспрасьветным адчаем.

Убачыўшы ўсё гэта, я зразумеў, адкуль вэрбуюцца дзеці на ролю будучых тэрарыстаў-самазабойцаў. Калі ты ня ўмееш чытаць і пісаць, калі ты недаядаеш і ня маеш прыстойнай апраткі, калі ты пазбаўлены большасьці натуральных дзіцячых і юнацкіх радасьцяў, калі ў цябе няма шанцаў завесьці і ўтрымаць сям’ю і толькі зрэдчас праз тэлевізію ты бачыш карцінкі прыгожага заходняга жыцьця, табе вельмі проста паабяцаць Вырай зь яго 72 прыгажунямі адразу пасьля таго, як ты заб’еш сябе і некалькіх ненавісных габрэяў, эўрапейцаў ці амэрыканцаў, якія ў тваёй бядзе і вінаватыя…

Зрэшты, у 1980-я гады мне выпала з музэйнымі экспэдыцыямі аб’ехаць ці ня ўсю Беларусь. І нельга сказаць, каб убачанае моцна натхняла — і ў эўрапейскай нашай краіне сям-там яшчэ жывуць у хатах, якія топяцца па-чорнаму, у якіх няма электрычнасьці і земляная падлога, а з мэблі — толькі клясычны сялянскі набор ХІХ стагодзьдзя: стол, зэдлі і лавы пад покуцьцю, на якіх старэнькія беларускія кабеты і сьпяць, дажываючы свой век…

* * *

На эгіпецкія курорты едуць тысячы турыстаў зь дзясяткаў краінаў сьвету. Знаходзячыся ў такім «Бабілёне», цяжка ўстрымацца ад спакусы супаставіць народы і іхныя характары. У Эгіпце я абраў дзеля параўнаньня дзьве прыкметы: пыху і фізычны тып.

Калі казаць пра пыху, дык усе дзеляцца на дзьве вялікія групы: у адных — прэтэнзія, у другіх — упэўненасьць. Можна, зрэшты, сказаць і інакш: у адных — упэўненасьць, у другіх — самаўпэўненасьць.

Упэўненыя, найперш, — ангельцы. Яны проста сядзяць у барах на пляжы, п’юць піва або джын, кураць цыгары і гамоняць — і ў паставах іхных спакойная, непахісная рацыя і ніякага сумневу. Яны паводзяць сябе як гаспадары сьвету, не раздражняючы пры гэтым пыхай. Вялікія інтравэрты ў Брытаніі, ангельцы могуць не павітацца з суседам або, у лепшым выпадку, стрымана кіўнуць яму галавой. Але за мяжой яны ператвараюцца ў экстравэртаў, аднак… толькі ў дачыненьні да іншых ангельцаў. Ангельцы заводзяць знаёмых і нават сяброў зь ліку сваіх суайчыньнікаў, выпадкова сустрэўшыся зь імі дзе-небудзь у Эгіпце ці на грэцкіх астравах. Так і сядзяць яны ў прыморскіх корчмах сваімі кампаніямі, нікому не замінаючы. На Маёрцы мне трапіўся нават спрэс ангельскі горад — усе навокал там гаварылі па-ангельску. І ў крамах, і ў рэстаранах, і ў гатэлях, і на пляжах.

Трошкі іншыя — ірляндцы. Гэтыя болей любяць піва і вялікія кампаніі сваіх суайчыньнікаў. Зьбіраюцца ў ірляндзкіх пабах, глядзяць футбол і гучна падтрымліваюць сваіх, могуць нават песьню на ўсё горла засьпяваць. Сярод ангельцаў і ірляндцаў вельмі шмат людзей, блізкіх вонкава да беларусаў.

Да ангельцаў збольшага падобныя паводзінамі немцы і галяндцы. Стрыманая ўпэўненасьць, самадастатковасьць, бяз пыхі. Хіба што немцы меней кантактуюць са сваімі суайчыньнікамі, а галяндцы — наадварот, такіх кантактаў шукаюць. Могуць таксама зьбірацца ў барах пры тэлевізійных трансьляцыях і выпіваць пры гэтым цыстэрны піва.

Італьянцы — бяз комлексаў, раскаваныя абсалютна. Гэтая іхная разьняволенасьць часам мяжуе з хамствам. Я б сказаў, што італьянцы — самаўпэўненыя, яны вакол сябе наагул нікога не заўважаюць. Італьянскія турысты ня могуць, як іншыя эўрапейцы, спакойна ляжаць на пляжы, глядзець на мора, думаць, чытаць. Яны бегаюць адзін да аднаго, перагукваюцца, жэстыкулююць і вельмі гучна размаўляюць. Абавязкова размаўляюць. Утвараюць кола з крэслаў і лежакоў і «сумоўнічаюць». Ім ня трэба купацца, нырцаваць і загараць — дастаткова сядзець у цянёчку, паліць і гутарыць. Калі італьянец заўважае такую кампанію і хоча да яе далучыцца, ён ня проста падыходзіць і загаворвае, ён пачынае крычаць, беручы ўдзел у размове за пятнаццаць-дваццаць мэтраў ад групы суайчыньнікаў. А падышоўшы, працягвае крычаць, як і астатнія. Часта такія групы даволі па-хамску выцясьняюць суседзяў з умоўна занятай тымі тэрыторыі пляжу, без дазволу «пазычаюць» плястыкавыя крэслы з-пад суседзкіх грыбкоў… Часам здавалася, што вакол — толькі італьянцы, якім на радзіме не хапае кантактаў з суайчыньнікамі. Нібыта ня ўчора з Італіі прыехалі, але ўпершыню сустрэліся з дарагімі сваякамі і сябрамі пасьля шматгадовага выгнаньня.

Італьянцы, дарэчы, фізычна вельмі падобныя да беларусаў: такія ж невысокія, зь вялікімі галовамі, жанчыны — зь цяжкімі азадкамі… Але тэмпэрамэнт — адваротны нашаму.

Чэхі і палякі даволі блізкія паміж сабой — сваім вонкавым выглядам, манерамі і выразам твара яны як бы падкрэсьліваюць сваю незалежнасьць. Часта атрымваецца — пыха і прэтэнзія. У такі спосаб, відаць, у «новых эўрапейцаў» выяўляецца іх комплекс другаснасьці перад «старымі». Зрэшты, яны нярэдка спрабуюць адыграцца на яшчэ больш усходніх эўрапейцах — беларусах, расейцах, украінцах і нават прыбалтах. Дарэчы, адно дасьледаваньне грамадзкай думкі ў Польшчы паказала нядаўна, што сярод замежнікаў найлепей палякі ставяцца якраз да чэхаў.

Славакі — больш даступныя і адкрытыя, чым чэхі. І, як на мой густ, прыгажэйшыя.

«Нашы» людзі пераважна ціхія і спакойныя. Могуць, вядома, нападпітку і пашумець, папець расейскія песьні і гучна вылаяцца матам, што якраз і выдае прытоены копмлекс непаўнавартаснасьці. Расейцы на замежных курортах часта паводзяцца з выклікам, як бы адказваючы на «нелюбоў» замежжа. А ці ёсьць яна? Калі і ёсьць, дык толькі ва Ўсходняй Эўропе, дзе Расея спрабавала панаваць і навязваць свае парадкі. Расейцы, дарэчы, не разумеюць, што калі б яны конча адмовіліся ад спробаў «аб’яднацца», дык займелі б сярод некалі паняволеных імі народаў болей сымпатыкаў.

Арабы — захоўваюцца незалежна, але ўдзячныя за ўвагу да іх асабіста, а таксама да іх мовы і краіны, што выдае нацыянальны комплекс.

Ну а мы, беларусы, стрыманыя, спакойныя, самадастатковыя і ўсіх прапускаем наперад — нікому ня шкодзім. Пазнаць беларусаў даволі цяжка: спрэс размаўляюць па-расейску, фізычна таксама за апошнія семдзесят-восемдзесят гадоў даволі моцна перамяшаліся з расейцамі і ўкраінцамі. Ну але пільнае вока і вуха сваіх пазнае. Наша з жонкай беларуская мова заўсёды прыцягвае ўвагу расейскамоўных турыстаў — відаць, некаторыя зь іх нас разумеюць, напружваюцца, але на кантакт звычайна не ідуць.

Фізычны тып арабаў у Эгіпце мяне ўразіў. Арабскія жанчыны ў Эгіпце больш высокія і танклявыя, у параўнаньні з кабетамі Блізкага Ўсходу. Ёсьць арабы — звычайныя эўрапэоіды, смуглявыя, чорнавалосыя і часта даволі прыгожыя. А ёсьць — нешта фантастычна старажытнае і незвычайнае, нібыта самі скульптуры фараонаў сышлі зь вітрынаў славутага Эгіпецкага музэю ў Каіры. У нашым гатэлі палова афіцыянтаў былі такія. Гэтыя заўсёды высокія вяскоўцы зь берагоў Нілу маюць вельмі масіўныя тулавы з шырачэзнымі плячыма, ненатуральна даўгія рукі, і трымаюць яны іх далонямі не назад (як мы), а да цела (як нэгры і жыхары Паўднёва-Ўсходняй Азіі). Ногі ў іх цяжкія, ступакі — аграмадныя. Твары таксама масіўныя, скуластыя, з прамымі насамі ды ілбамі — даволі эўрапейскія, але скура — амаль чорная. Глядзіш на такога — і ў памяці паўстаюць скульптурныя выявы эгіпецкіх фараонаў… Падабенства фантастычнае. Няма сумневу, што гэтак у арабскім моры «выстрэльваюць» гены аўтахтонных насельнікаў Эгіпту — старажытных эгіпцянаў.

* * *

Страх перад тэрактамі аказаўся меншы за цікаўнасьць і яшчэ дзіцячую мару паглядзець на адно зь сямі цудаў сьвету — эгіпецкія піраміды і славутага сьфінкса ў мястэчку Гіза пад Каірам.

І вось мы стаім перад самай вялікай пірамідай у сьвеце — пірамідай Хэопса. Побач яшчэ некалькі пірамідаў рознага памеру і сьфінкс. За гадзіну перад намі тут пабывала жонка прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага Лора, таму вакол яшчэ завіхаюцца сотні агентаў службы бясьпекі і паліцыянтаў. Зрэшты, і ў звычайныя дні іх тут процьма — улады як могуць стараюцца зьменшыць пагрозу тэрактаў.

Што адчувае чалавек у такія хвіліны? Захапленьне, зьдзіўленьне, цікаўнасьць? Усё так. Але ці не найболей — глыбока прыхаваны самасьцьвярджальны гонар, маўляў, і я таксама сюды дабраўся і гэта пабачыў. І фатаграфуюцца турысты масава на фоне пірамідаў і сьфінкса, каб захаваць свой уласны вобраз побач са славутымі помнікамі чалавечай цывілізацыі. Мы таксама зрабілі некалькі дзясяткаў здымкаў, у тым ліку і ў бэдуінскіх хустках з бэдуінамі ж у абдымку, на вярблюдах і побач з вярблюдамі, абышлі піраміды, памацалі рукамі камяні, падумалі трохі над тым, як тыя піраміды ўсё ж будавалі, узьняліся прыступкамі ўгару, паздымалі вершнікаў-паліцыянтаў на вярблюдах, пасьля на блізкім імправізаваным рынку купілі сувэнірных размаляваных кавалкаў папірусу (знаўцы сьцьвярджаюць, што насамрэч іх сёньня робяць ужо не з уласна папірусу, а з бананавага дрэва, таму яны недаўгавечныя). Але ўсё гэтае рабілі і іншыя ўдзельнікі нашай інтэрнацыянальнай турыстычнай групы. А мы з жонкай учынілі яшчэ нешта, да чаго не дадумаўся больш ніхто з нашага аўтобуса. Можа, таму, што мы паходзім з былога СССР?

Уваход у піраміду Хэопса для аднаго чалавека каштуе сто эгіпецкіх фунтаў (каля дваццаці амэрыканскіх даляраў), білет трэба купляць у недалёкай касе. Мы з жонкай нанесьлі шкоду эгіпецкаму бюджэту на суму 170 фунтаў: я даў бэдуіну-кантралёру на рукі дваццаць фунтаў за дваіх, і ён нас прапусьціў усярэдзіну. А калі мы дадалі яшчэ дзесяць фунтаў, бэдуін кінуў сваю кантралёрскую функцыю на паліцыянта, павёў нас углыб піраміды і ласкава згадзіўся сфатаграфаваць нас ля самага ўваходу ў разрабаваны склеп Хэопса. Каюся, вінаваты перад гасьціннай арабскай дзяржавай…

Але, зь іншага боку, і эгіпцяне вінаватыя перада мной. Калі я караскаўся аграмаднымі прыступкамі да ўваходу ў піраміду Хэопса, бэдуін зьверху пачаў у мяне пытацца, хто я такі:

Russo, russo?

Я так абразіўся, што, узьлезшы на піраміду, ледзь не хапаў бэдуіна за грудкі:

Why? Why russo? I’m not Russian, I am Belarusian, I’m from Be-la-rus! Have you heard about my country?

Бедны бэдуін так напалохаўся, што, відаць, таму і згадзіўся прапусьціць нас усярэдзіну ўсяго за дваццаць фунтаў. Потым ужо, вяртаючыся ў Каір, мы задумаліся, чаму ж я падаўся бэдуіну расейцам. Вэрсіяў было дзьве. Па-першае, крыжык на шыі, бачны пад расшпіленай кашуляй. Па-другое, мой белы ільняны гарнітур. Пасьля ўжо нам сказалі, што акурат так апранаюцца на паўднёвых курортах «новыя расейцы». Сумняюся, што яшчэ калі-небудзь той гарнітурчык надзену, дарма што куплены ён са зьніжкай у Празе, вельмі зручны для трапічнае сьпякоты, і бачыў я такія ня раз на турыстах з самых розных краінаў сьвету…

* * *

У самім прадмесьці Гіза, дзе наша група абедала ў рэстарацыі, мы з жонкай згубіліся. Проста адсталі ад сваёй групы і заблукалі. Прызнаюся, было страшнавата, нават вусьцішна. Вакол адны арабы і вярблюды. Кожны імкнецца зацягнуць цябе ў сваю крамку ці чайхану. Раптам паўз нас прабег натоўп зь зялёнымі насілкамі — арабскія хаўтуры, не раўнуючы, як праз тэлевізар паказваюць палестынцаў, што хаваюць сваіх нябожчыкаў… Праз паўгадзіны марных пошукаў мы зьвярнуліся да паліцыянтаў — у Каіры яны вельмі прыязныя, заўсёды гатовыя дапамагчы. Адзін зь іх і давёў нас да рэстарацыі, дзе наша турыстычная група ўжо даядала абед са страваў арабскай кухні.

Мы таксама паабедалі, адзначыўшы якасьць эгіпецкай сачовіцы, дзіўна замарынаванай і падсмажанай кавалкамі на грылі курыцы з бакляжанамі і сьвежавыціснутага соку (а дакладней, кашы) з пладоў манга. Падчас абеду мне думалася пра недарэчнасьць тэрарызму. Нас так ім запалохалі, за нас так баяліся дзяўчаты з турыстычнай агенцыі, што было нават няёмка. А між тым адзін з супрацоўнікаў нашага гатэлю, сэрб Ігар, казаў, што летась, таксама ў траўні, турыстаў у гатэлі было пяцьсот чалавек, а сёлета разам з намі — пяцьдзясят. Людзі баяцца тэрактаў. Узімку на мяжы з Ізраілем выбухнуў пяцізоркавы гатэль, некалькі гадоў таму тэрарысты расстралялі аўтобус зь нямецкімі турыстамі, у апошнія месяцы на рынках у Эгіпце адбылося некалькі драбнейшых тэрактаў. І вось ямо мы тыя эгіпецкія прысмакі і пытаемся самі ў сябе: ідэолягі тэрарызму, у тым ліку і родам з Эгіпту, наракаюць на Захад, які абкрадае мусульманскія краіны, але хто ж прайграў і страціў ад таго, што сёлета чатырыста пяцьдзясят чалавек абралі курорты іншых краінаў сьвету?

* * *

Арабы, як вядома, вельмі пільна ставяцца да асабістай гігіены. Яны, напрыклад, не карыстаюцца туалетнай паперай, а падмываюцца вадой. У багацейшых ёсьць бідэ, у астатніх — унітазы адмысловай канструкцыі з кранікамі ў задняй сьценцы. І вось у адной з рэстарацыяў Каіру я ўбачыў нешта неверагоднае. У задняй сьценцы ўнітаза не было маленькага краніка. Замест яго адтуль вытыркалася крукам угару 25-сантымэтровая мядзяная трубка. Гэта і быў кран для падмываньня. Прабачаюся за натуралізм, але для мяне вялікай загадкай засталося, як людзі спраўляюць вялікую патрэбу, цэлячы міма таго крана?

Дарэчы, калі мы ўжо чакалі свайго самалёта ў каірскім аэрапорце, каб ляцець у Прагу, я ўбачыў у тамтэйшай прыбіральні адмысловыя шлянгі з распыляльнікамі вады, як у душы. Меркавалася, што імі акуратна і ашчадна будуць карыстацца проста над унітазамі. Калі ж я ўбачыў велізарныя лужыны на падлозе і патокі вады з-пад дзьвераў занятае кабіны, дык адразу вырашыў, што лепш пачакаю пасадкі ў самалёт. Уцякаючы з прыбіральні, я яшчэ заўважыў, як некалькі чалавек чысьцілі зубы з пастай, але… пальцамі.

А наагул, каб адчуць калярыт Афрыкі, дастаткова правесьці пару гадзінаў у залі чаканьня каірскага аэрапорту. Якія там вакол пэрсанажы! Якая разнастайнасьць строяў, культураў, цывілізацыяў! Багатыя нэгры і арабы са сваімі гарэмамі. Дзясяткі адценьняў скуры і дзясяткі фізычных тыпаў. Важнасьць, прэтэнзія, пыха, цікаўнасьць, абыякавасьць, дабрыня — усё гэта можна ўбачыць на тварах і ў позірках людзей, апранутых ва ўсё, што заўгодна, толькі ня ў звыклае нам эўрапейскае адзеньне. Тоўстыя аграмадныя нэгрыцянкі, без зубоў, увешаныя кіляграмамі золата. Іхныя сонныя, падобныя да бэгемотаў, мужы ў халатах-сукенках з голымі лыткамі. Маладзенькія жонкі багатага араба зыркаюць вачыма скрозь шчыліны павязаных на твары хіджабаў. Бель, чырвань, блакіт, чорнядзь і бронза, золата і срэбра — усе колеры зьмяшаліся ў фантасмагорыі пачакальні начнога каірскага аэрапорту. Я адчуў сябе героем галівудзкага баевіка, які ў касмапорце на Месяцы чакае на рэйс на іншую плянэту…

* * *

Паезьдзіўшы па Эгіпце, я зразумеў, што цяпер ведаю адну краіну, дзе на будоўлях не працуюць украінцы…

* * *

Седзячы на падушцы ў каірскай чайхане са складзенымі па-турэцку нагамі, папіваючы эгіпецкую гарбату «каркадэ» і пакурваючы кальян пад бясконцую рытмічную ўсходнюю музыку, нават патрыёт Эўропы можа падумаць, што і ў гэтай культуры ёсьць шмат чаго прывабнага…

* * *

У Каіры нашу турыстычную групу завезьлі да прыватнага парфумэра на «шоў». Гаспадар усяляк выхваляўся, рэклямаваў свае эсэнцыі, іхныя лекавыя ўласьцівасьці і чыста натуральны, без дамешку хімікаліяў, склад. Мэта адна — прадаць. І вось араб па-нямецку кажа:

— Цяпер мы адна сям’я, на гэты дзень, толькі на сёньня…

А славачка гадоў пяцідзесяці побач са мной:

— Дзякуй Богу…

* * *

Вонкава ў Эгіпце адчуваецца поўная рэлігійная талерантнасьць. На вуліцах Каіру можна ўбачыць легкавікі з пачэпленымі на люстэрка задняга агляду ружанцамі. Хрысьціяне носяць на шыях крыжыкі адкрыта і ня тоячыся. Ва ўсім Каіры раскіданыя ня толькі мячэты, але й вялікія дагледжаныя хрысьціянскія храмы з высачэзнымі званіцамі і крыжамі на іх. Залатыя купалы званіцаў далёка відаць.

Я стаяў на каірскім бруку паблізу копцкай царквы, і, убачыўшы, як з храму выйшла захутаная ў чорнае жанчына-мусульманка, падумаў, што новым пакаленьням беларусаў сёньня ўжо зусім не вядомая сама ступень рэлігійнай нецярпімасьці, якую давялося перажыць мінулым пакаленьнямі нашага народу ў Расейскай імпэрыі. Аднойчы ў 1884 годзе празь Беларусь ува Ўкраіну ехаў праваслаўны мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі Платон. Убачыўшы пры дарозе касьцёл, мітрапаліт спыніў карэту і зайшоў на пяць хвілінаў паглядзець на набажэнства. У выніку пра гэты выпадак год пісалі газэты імпэрыі, а беднаму ксяндзу Вінцэнту Маравічу, што пусьціў у касьцёл мітрапаліта, забаранілі служыць.

У Эгіпце кідаецца ў вочы цывілізацыйнае адрозьненьне паміж арабамі-мусульманамі і арабамі-хрысьціянамі. Першыя часта ходзяць у нацыянальным адзеньні — даўгіх балахонах да пятаў, на галовах — бэдуінскія хусткі-чалмы, жанчыны ў чорным, з закрытымі тварамі. Незамужнія дзяўчаты — ня ў чорным, але таксама максымальна захутаныя. Можна ўбачыць мусульманскіх дзяўчат і ў штанах — галоўнае, каб апрача твару, нічога не было відаць. Другія (арабы-хрысьціяне) — абсалютна эўрапейскага выгляду і ў эўрапейскіх строях. Я назіраў на пляжах і тых, і тых. Арабаў-хрысьціянаў можна зблытаць з італьянскімі ці гішпанскімі парамі. Ідуць такія сабе па пляжы немаладыя сужэнцы — мужчына ў сьветлых штанах і кашулі з кароткімі рукавамі, жанчына — у джынсах і майцы з дэкальтэ, з крыжыкам на шыі і з цыгарэтай у руках. Хрысьціянская арабская моладзь на пляжы — у плаўках і купальніках. Мусульмане таксама бываюць па пляжы, толькі цалкам апранутыя, і жонак можа быць некалькі. Як жанчыны ня трацяць прытомнасьць на гэткай сьпёцы — загадка. Мусульмане, прынамсі на людзях, не купаюцца. У Эгіпце ўсе пляжы — прыватныя. Я неяк выпадкова зайшоў на пляж побач з прыватнай вілай, і пакуль ахоўнікі мне тлумачылі, што далей ісьці нельга, заўважыў, як гаспадары пляжу пад палатняным навесам адпачывалі ў крэслах ва ўсёй вопратцы…

Наагул, шмат цікавых карцінак з рэлігійнага жыцьця. На прыпынках уздоўж аўтабану — маленечкія мячэты для намазаў. Мы неяк ехалі праз пункт аплаты за дарогу і ня ўбачылі аховы. А пасьля згледзелі непадалёк паліцыянтаў, якія, прытуліўшы да кола джыпа аўтаматы Калашнікава, паслалі на зямлі кілімчыкі і пачалі біць паклоны Ўсёмагутнаму Алагу…

А раз у цэнтры Каіру я бачыў, як проста на ходніку сярод сотняў мінакоў немаладая кабета ў чорным села на кавалак анучы, склала ногі па-турэцку, выставіла рукі далонямі ўгару і пачала маліцца.

Ідучы каірскай вуліцай, вы можаце раптам побач з сабой пачуць прыгожую мусульманскую музыку і не зразумець, адкуль яна. І толькі пасьля сьцяміце, што гэта звоняць мабільнікі ў арабскіх маладзёнаў.

* * *

І вось мы нарэшце дабраліся да Каірскага музэю. Гэта адзін з самых вядомых музэяў сьвету і, калі верыць экскурсаводам, самы вялікі. У велізарнай будыніне з чырвонай цэглы ў цэнтры Каіру сабраныя сто дваццаць тысяч экспанатаў з старажытнага Эгіпту, і ўсе яны сапраўдныя — ніякіх муляжоў і падробак. Тысячы вялікіх і малых скульптураў, узрост якіх налічвае таксама тысячы гадоў. У скульптурах выяўлялі і фараонаў, і простых эгіпцянаў. Менавіта праз усю гэтую спадчыну старажытнага Эгіпту ламаліся і ламаюцца дзіды ў міжнароднай палітыцы. Ангельцы і амэрыканцы вывозілі старажытныя скарбы, арабы патрабавалі і патрабуюць іх вярнуць. Ну, але «тое-сёе» ім засталося.

Фатаграфаваць у музэі катэгарычна забаронена. На ўваходзе я налічыў каля сарака паліцыянтаў і тры мэталашукальнікі.

Перад ганкам музэю, дзе ў адмысловым басэйне расьце папірус, нас сустрэў даволі гаваркі экскурсавод-араб, які прымальна размаўляў па-ангельску. Было відаць, як ганарыўся ён усім тым багацьцем, што выстаўлена ў музэі: скульптуры, зброя, рыштунак, начыньне, творы мастацтва, чоўны і муміі. А мне ў тыя хвіліны думалася пра цікавую ў маральным сэнсе зьяву — здольнасьць сучасных народаў ганарыцца спадчынай сваіх краінаў, але не сваіх этнасаў. Інакш кажучы, ганарыцца спадчынай, да якой яны, у лепшым выпадку, ня маюць дачыненьня, а ў горшым — яшчэ і прыклалі руку да ейнага заняпаду і зьнішчэньня. Пра гэта мне думалася ў Рыме каля Калізэю, калі маларослыя чарнявыя італьянцы, апранутыя ў форму старажытнарымскіх легіянэраў, прапаноўвалі турыстам сфатаграфавацца зь імі за памяркоўную плату. Пра гэта ж падумалася і цяпер, калі араб-экскурсавод відавочна і адкрыта хваліўся культурай, да заняпаду якой арабская заваёва Эгіпту і спрычынілася.

Мастацтва старажытнага Эгіпту — сымбалічнае і рэалістычнае адначасова. Пры сымбалічным значэньні вобразаў дэталі выяваў — цалкам натуральныя, нават натуралістычныя. Гледзячы на вялікія і малыя скульптуры і кампазыцыі, цяжка пазбавіцца думкі пра пачварнасьць чалавека і чалавечага жыцьця наагул. Вось сядзяць фараон Агнатон і ягоная жонка Нэфэрціці. Што побач з прыгажуняй Нэфэрціці менавіта яе муж, відаць толькі зь ягонага адзеньня — ва ўсім астатнім старажытны скульптар выявіў… дзьвюх жанчын. Фараон быў абсалютна жонападобны тып.

А вось выява жанчыны, якая, наадварот, мае ўсе прыкметы мужчыны… А вунь там скульптурная выява сям’і: муж, жонка і двое дзяцей. Муж — карлік зь ненатуральна вялікай галавой і караценькімі крывымі ножкамі, жонка — высокая прыгажуня, якая замілавана абдымае звыродліўца рукамі і прыціскаецца да яго. Гэтак мастак выявіў суворую праўду жыцьця — карлік быў багатым злотнікам, а прыгажуня — бяднячкай, якая выйшла не за чалавека, а за ягонае багацьце, каб выгадаваць дзяцей у дабрабыце… Зусім актуальная сытуацыя, праўда? Калі чалавек меў фізычны недахоп, яго абавязкова адбівалі ў каменных выявах. Менавіта таму столькі ў Каірскім музэі фараонаў са ступакамі-ластамі, з жаночымі азадкамі ды іншымі калецтвамі і заганамі…

Золата Тутанхамона… Хто ня чуў пра яго? А вось пытаньне: чаму Тутанхамон такі вядомы, чым ён адзначыўся ў гісторыі? Абсалютна нічым. У дзевяць гадоў ён стаў фараонам, а ў сямнаццаць яго ўжо атруцілі і з помпай пахавалі. Увесь цымус у тым, што магіла Тутанхамона адзіная дайшла да нашых дзён неразрабаванай, яе знайшлі ў некранутым выглядзе ангельцы. Таму мы і ведаем, колькі было саркафагаў, як фараонаў хавалі, што клалі ў пахавальныя склепы пірамідаў. І вось нават такога скептыка, як я, ахоплівае хваляваньне, калі на другім паверсе Каірскага музэю нас запускаюць у асобную браняваную залю зь дзясяткамі сыстэмаў бясьпекі, з узброенымі паліцыянтамі і адмысловым падсьвечваньнем — там экспануецца золата Тутанхамона, у тым ліку велізарныя залатыя маскі-саркафагі ў поўны рост і розных памераў, якія накладалі на цела адну за адной, упрыгожаньні, латы, зброя… Тоны золата. Сотні захопленых людзкіх вачэй. І ціхі аповед экскурсавода, што гэта толькі частка знойдзеных у пахаваньні Тутанхамона залатых вырабаў — некаторыя ўсё ж вывезеныя з краіны…

Маю ўвагу прыцягнулі ложкі фараонаў зь сятчатымі матрацамі. Усе яны былі выгнутыя так, што чалавек, які лёг на сьпіну, мусіў бы знаходзіцца ў паўсагнутым стане.

На цокальным паверсе — самыя вялікія экспанаты. Велізарныя скульптуры і чоўны. Здалёк я ўбачыў васьмімэтровыя скульптуры фараона 18-й дынастыі Амэнофіса ІІІ і ягонай жонкі Туі. Я памкнуўся туды і ўжо на падыходзе стаў здагадвацца, што там убачу. Так яно і ёсьць, на каменным пастамэнце накрэмзана да болю знаёмае: «Здесь были Кондаков и Волащев. Сургут…»

У музэйных залях сям-там трапляюцца чалавечыя муміі. Але ёсьць і дзьве асобныя залі. Адна — з муміямі жывёлаў, туды можна заходзіць усім наведнікам. А іншая — з муміямі фараонаў, у яе ўваход за дадатковую плату. У будучай муміі абавязкова даставалі пячонку, лёгкія, страўнік і кішэчнік. Гэтыя органы хавалі ў асобных маленькіх саркафагах у выглядзе чатырох сыноў Ізыды-Сырыюса — чалавека, малпы, ваўка і птушкі. Дзіўна было глядзець на муміі сабакі, авечкі, пяцімэтровага кракадзіла і нават аграмаднай рыбы.

Мы доўга стаялі ля вялікай каменнай чорнай стэлі, на якой старажытнагабрэйскімі пісьмёнамі высечаная ўся гісторыя эгіпецкіх габрэяў. Стэляй моцна зацікавіўся адзін з удзельнікаў нашай групы, вучонага выгляду габрэй з Польшчы (пра сваё габрэйства ён казаў у аўтобусе). Але аповед экскурсавода аб тым, што праайцец Майсей быў эгіпецкім прынцам, нашага габрэя не зьдзівіў — відаць, ён абазнаны ў гісторыі свайго народу.

І вось да адной зь безыменных муміяў падышла мая Вольга, палашчыла шкло над засохлай галавой і спытала задуменна:

— Як жа цябе звалі, незнаёмец?

Славачка побач з намі пачула гэта і жартам адказала:

— Махмуд які-небудзь.

І тут, раптам, наш польскі габрэй злосна і зьедліва вымавіў:

— Ага, Махмуд… Фараоны ўсе былі жыдамі…

Мы з Вольгай пераглянуліся, усьміхнуліся, і я абсалютна сур’ёзна адказаў па-польску:

— Прошу пана, пан ня мае рацыі. Некаторыя фараоны былі беларусамі…

Паляк застаўся стаяць ля муміі, зьдзіўлена ўсьміхаючыся, а мы пайшлі сабе далей.

Мы мелі ўжо іншы клопат. Празь дзень трэба было адлятаць у Прагу. І мы думалі, што тыдзень на моры, бясспрэчна, мае сэнс, але два тыдні на моры маюць у два разы болей сэнсу.

Прага—Каір—Аль-Сохна—Прага
Травень-2005

  журналіст, працуе ў Празе. Скончыў гістарычны факультэт БДУ, дактарантуру Люблінскага ўнівэрсытэту (Польшча). Напісаў дысэртацыю па гісторыі Ўніяцкай Царквы ў Беларусі. Апошняя кніга — «Egoізмы. Канстатацыі» (Бібліятэка «Вострая брама», 2004).
Пачатак  Цалкам Форум

№ 11 (51) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/01/28