A R C H E П а ч а т а к № 11 (51) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


11-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • палеміка • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  ПАВАЛ АБРАМОВІЧ

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Абрамовіч
Ад дзёньніка да літаратуры


Тэда Лі. Каляндарык сярэдзіны кастрычніка // Дзеяслоў. № 8. 2004.

Тэда Лі. Інфэкцыйны клюб // ARCHE. № 3. 2005.

Тэда Лі. Ліпавы шлюб // Дзеяслоў. № 22. 2006.

Пра беларускую жаночую прозу ня пішуць артыкулаў і навуковых працаў. Наша літаратуразнаўства не сьпяшаецца разгледзець гэты важкі сэгмэнт сучаснай літаратуры і такім чынам легітымізаваць яго. Не ў апошнюю чаргу праз маўчаньне навукоўцаў склалася ненармальная сытуацыя, калі беларускую літаратуру ў вачах замежнага чытача рэпрэзэнтуюць пераважна пісьменьнікі-мужчыны. Да прыкладу, зь дзевяці твораў, зьмешчаных у анталёгіі «Białoruś. Kraina otoczona wysokimi górami» (Wybór i przekład Katarzyna Kotyńska, Małgorzata Buchalik. — Olsztyn: Borussia, 2004), толькі адзін належыць пяру жанчыны (апавяданьне Евы Вежнавец «Візыт архіварыюса»).

Прабіць сьцяну спрабуе крытык Ганна Кісьліцына1. Ніжэй я разгледжу тры апавяданьні пісьменьніцы Тэды Лі (часопіс «Дзеяслоў» раскрыў таямніцу псэўданіму, паведаміўшы, што за ім «схавалася» 21-гадовая студэнтка і журналістка зь Менску Адэля Дубавец) — і такім чынам далучуся да Ганьнінага высілку.

ХІБЫ ЖАНОЧАЙ ПРОЗЫ

У 1931 г. расейскі паэт і літаратурны крытык Уладзіслаў Хадасевіч напісаў рэцэнзію «Жаночыя» вершы» для газэты «Адраджэньне» (Парыж), у якой, на мой погляд, сказана галоўнае пра слабыя бакі жаночага слоўнага мастацтва. На думку У. Хадасевіча, трэба разьмяжоўваць спачуваньне чалавечае і спачуваньне мастацкае. Наяўнасьць першага яшчэ не ўтварае другога. «Паэзія патрабуе ўсталяваньня асаблівай, чыста літаратурнай сувязі, якая ствараецца пры дапамозе гэткіх жа спэцыяльных, літаратурных спосабаў узьдзеяньня, — пісаў У. Хадасевіч. — Паэт павінен умець і жадаць імі карыстацца». Дакумэнтальная моц перажываньня ілжывая і небясьпечная для літаратара, бо той, хто спадзяецца толькі на яе — без усталяваньня літаратурнай сувязі з чытачом — пакідае без увагі эстэтыку і паэтыку. У. Хадасевіч перакананы, што жанчыны больш давяраюць асабістаму досьведу, сваім перажываньням, чым «доказам, створаным тэорыяй». Таму жаночая літаратура за рэдкім выняткам нагадвае хутчэй прыватныя дзёньнікі, чым мастацкія творы — зашмат у ёй асабістага, інтымнага, выпадковага, другаснага, зашмат «капрызаў» і «недаразьвітага». Таму яна больш цікавая менавіта як «чалавечы дакумэнт», сьцьвярджаў крытык.

Нехта скажа, што У. Хадасевіч быў небесстаронным крытыкам і жанчынаненавісьнікам. Гэта няпраўда. Ён быў удумлівым чалавекам, здольным спасьцігаць сутнасьць рэчаў (нездарма ён першы зразумеў дар Уладзімера Набокава). І да таго ж ён — таленавіты літаратар, які ведаў усё пра ўзьвядзеньне крыштальных літаратурных мастоў і дбаў найперш пра чысьціню, гарманічнае разьвіцьцё слоўнага мастацтва. Ягоныя развагі пра неабходнасьць «мастацкага спачуваньня» і небясьпеку для літаратуры «чалавечых дакумэнтаў» застаюцца актуальныя.

Ці нараджаецца «мастацкае спачуваньне» ад апавяданьняў Тэды Лі? Адказ на гэтае пытаньне мы і паспрабуем знайсьці.

ДЗЁНЬНІК «ПЕРАВАЖЫЎ»

Сюжэт першага, дэбютнага, апавяданьня Тэды Лі «Каляндарык сярэдзіны кастрычніка» вельмі просты. Дзяўчына кахае хлопца, але той здраджвае ёй, і таму яна яго кідае. Ёй кепска, яна робіць усё, каб забыць нягодніка. Нарэшце праз тры дні дзяўчына ўсьведамляе, што ўсё скончылася — яна вызвалілася з палону каханьня і можа жыць па-новаму, паводле іншага каляндарыка.

Гераіня апавяданьня мусіць выклікаць спачуваньне. Сапраўды, яе па-чалавечы шкада: «Усё скончылася. Ён сыходзіць, ты — заміраеш з распухлым ад сьлёз і ветру тварам. Сёньня будзеш сама гатаваць на сьцюдзёнай камфарцы свой гарачы мармэляд. Сама — есьці лыжачкай, запіваючы моцнай бэргамотавай гарбатай: вы ніколі не пілі такой разам».

Аўтарка ведае, што чытачоў будзе найперш цікавіць тое, як ейная гераіня пераадолее варункі, якое выйсьце яна знойдзе. Балазе варыянтаў нямнога, і гераіня спрабуе іх усе па чарзе. Спачатку, як і ў жыцьці, адзінота і сьлёзы, успаміны, якія вярэдзяць душу, спробы зразумець, чаму так выйшла. Потым — алькаголь і дапамога сябровак. Затым думкі пра самагубства, злосьць, жаданьне адпомсьціць — дзеля гэтага гераіня ненадоўга аднаўляе сустрэчы з былым каханым. Потым у душы наступае цішыня; надыходзіць усьведамленьне таго, што жыць безь ЯГО можна і трэба: «…ты больш ня ЁН, ты цяпер проста «ён», яшчэ адзін з тых, каму я пасіўна не жадаю нічога і адпускаю назаўсёды». Вось і ўсё. Наўрад ці гэта было каханьне, хутчэй закаханасьць.

Мяне больш цікавіць іншае: ці ўзьдзейнічае Тэда Лі на сьвядомасьць чытачоў пры дапамозе сродкаў мастацтва, ці ўсталёўвае яна, карыстаючыся словамі У. Хадасевіча, «літаратурную сувязь»?

Усе даты ў «Каляндарыку…» рэальныя. Перад намі — сапраўдны «чалавечы дакумэнт». Мы прагарталі прыватны дзёньнік, пражылі чатыры дні з гераіняй А. Дубавец. З пункту гледжаньня псыхалёгіі тут усё дакладна, усё, як у рэчаіснасьці. З усяго відаць, што аўтарка сама перажыла падобнае, праўдзіва занатавала свае перажываньні, «падзялілася» імі з пэрсанажам. Але што Тэда Лі прапануе нам, апроч фактаграфічнасьці, дакумэнтальнасьці? Амаль нічога. Дзеля справядлівасьці зазначу, што аўтарка іншым разам прыбягае да мастацкіх прыёмаў, спрабуе стварыць вобраз: «У ценях кастрычніцкіх сквэраў і алеяў я заўважаю, што я ўжо не адна, нас як мінімум двое: я і мой горад, які абдымае мяне, запальвае гронкі ілюмінацыяў для мяне і для мяне залоціць лістоту дрэваў… Адзінота адхлынае, дзень сканчаецца».

Аднак гэта ня робіцца мэтаю, і дакумэнтальнасьць перамагае, забіваючы кволыя мастацкія парасткі. Тэда Лі палічыла, што істотней, вышэй за праўду жыцьця ня можа быць нічога, але памылілася: мастацкага спачуваньня ў чытача не нарадзілася, апавяданьня не атрымалася.

БЫЦЦАМ СЁСТРЫ

Праблемы зь перапрацоўкай асабістага, прыватнага ў літаратурнае ўласьцівыя і іншым беларускім аўтаркам-дэбютанткам. Вось і 25-гадовая гамяльчанка Югася Каляда (псэўданім Яўгеніі Парашчанкі) у трылёгіі «Лета» нярэдка зьбіваецца і, захапіўшыся дзёньнікамі, сырым матэрыялам, пакідае тэрыторыю мастацтва. Пры гэтым пісьменьніца з уласьцівым ёй гумарам пераконвае даверлівых чытачоў у адваротным: «Ну ў чым быў вінаваты перада мною хоць бы той самы Сева? Якое злачынства ён зрабіў, каб я, узмахнуўшы чароўным алоўкам, ператварыла яго ў літаратурнага героя?» («Экіпаж разьвітваецца з вамі»).

Адрозна ад Тэды Лі, Ю. Каляда, відаць, усьведамляе свае хібы, і таму ідзе на хітрыкі. Так, дзеля таго, каб выразна пазначыць свой статус як пісьменьніцы і пераканаць чытачоў у тым, што перад імі — 100-адсоткавы мастацкі твор, яна нярэдка распачынае гульню са сваімі пэрсанажамі: «Яны [героі] проста моўчкі адвярнуліся ды пайшлі прэч па белай дарозе і хутка-хутка зьніклі, пакінуўшы мяне сам-насам з гэтай белай дарогай — чыстай паперай. Я са сьлязамі на вачах і болем у сэрцы праводзіла іх сваім мэнтальным позіркам» («Замалёўкі зь вясковага жыцьця»).

Некаторыя беларускія літаратурныя крытыкі, як, прыкладам, Ігар Бабкоў, адразу «павяліся» (гэта зразумела, бо падобныя мадэрновыя прыёмы ў нашым слоўным мастацтве вельмі рэдкія), прычым заявілі, што гэта і іншае ім вельмі, вельмі падабаецца, ня здолеўшы, аднак, патлумачыць нам, чаму і за што яны ўпадабалі творчасьць Ю. Каляды. Але няма нічога дзіўнага, што аўтар «Адама Клакоцкага і ягоных ценяў» прызнаўся ў сымпатыях да аўтаркі «Галоўнай памылкі Афанасія» — у «эстэтычным вымярэньні» Бабкова вельмі адзінока, а тут, нарэшце, зьявілася родная душа (хутчэй, яе ўдалая імітацыя).

Ю. Каляда шмат чытае і спрабуе тое-сёе скарыстаць з багатага арсэналу клясычнай і найноўшай сусьветнай літаратуры. Гэта — пэрыяд вучнёўства ў жыцьці маладой, дзёрзкай і пэрспэктыўнай пісьменьніцы. Магчыма, ён ужо сканчаецца2, а магчыма, што Ю. Каляда зробіць высьвятленьне стасункаў з пэрсанажамі сваім «фірмовым знакам» у спадзеве на ўвагу тых чытачоў, якія ніколі ня бралі ў рукі «Пніна» ці «Празрыстыя рэчы» У. Набокава.

  літаратурны крытык. Рэгулярна друкуецца ў «ARCHE».

1 Гл., прыкладам, артыкул «Фэміністычны дыскурс у сучаснай беларускай літаратуры» ў ейнай кнізе «Новая літаратурная сытуацыя: зьмена культурнай парадыгмы».

   
Тэда Лі і Ю. Каляда злоўжываюць «чалавечымі дакумэнтамі» (дакладней, сваімі біяграфіямі), аднолькава разьлічваюць на дакумэнтальную моц перажываньня (чытай, уласных пачуцьцяў). Таму іхныя першыя творы (апавяданьне «Каляндарык сярэдзіны кастрычніка» Тэды Лі і апавяданьне «Зялёны акіян, залатыя бурбалкі» і трылёгія «Лета» Югасі Каляды) блізкія і праблематыкаю. Супольныя для аўтарак, якія ўпершыню ўзяліся «памахаць чароўнымі алоўкамі», не збаяўшыся наступстваў, тэмы пошуку каханьня і шчасьця, выбаўленьня ад самоты, а таксама… матыў дзіцячага садка3. Акрамя таго, іх яднае прага самаўдасканаленьня. У дэбютных творах маладыя пісьменьніцы занятыя пераважна сабой: яны высьвятляюць, чаму зь іхнага жыцьця «зьніклі мужчыны» (Югася Каляда), і адчуваюць «амаль навобмацак сваю адзіноту» (Тэда Лі). Яны разгубленыя, знэрваваныя, але адначасова пераконваюць сябе ў тым, што моцныя і ўсё здолеюць — падобна гераіням «Дзёньнікаў Брыджыт Джонз» альбо «Тарыфу на месяцовае сьвятло».

Гераіня Тэды Лі глыбока занураная ў свой унутраны сьвет, і таму рэчаіснасьць для яе размытая, пазбаўленая выразнага аблічча. У «Каляндарыку…» дарэмна шукаць беларускіх рэаліяў, прыкметаў гораду Менску, дзе жывуць аўтарка і ейны пэрсанаж. Адно «вось мы на праспэкце» і «ў клюбе людна, усе танчаць і абдымаюцца». Югасі Калядзе таксама няма калі аднаўляць ці нават пазначаць у сваіх тэкстах навакольны сьвет — яна толькі кідае два-тры агульныя слоўцы для стварэньня фону («я думаў пра сэпаратысцкія тэндэнцыі ў партыях» ці «на працы рыхтаваліся да выбараў…») і зноў вяртаецца да сваіх дзявочых праблемаў.

ЛОКЦІ НАРКАМАНКІ ЯК ЛІТАРАТУРНЫ ВОБРАЗ

Давайце разьвітаемся зь Ю. Калядой — яна сыходзіць з маёй рэцэнзіі, бліснуўшы акулярамі. А мы разгледзім другое апавяданьне Тэды Лі — «Інфэкцыйны клюб» — і паспрабуем адказаць на тое ж пытаньне: ці мастацкі гэта твор?

Апавяданьне напісанае ад імя першай асобы. Як і ў выпадку з «Каляндарыкам…», гэты ход патрэбны, каб пераканаць чытачоў, што аўтарка — сьведка апісаных падзеяў і ўсё тут праўда. Ізноў «чалавечы дакумэнт»? Зусім не. А. Дубавец гэтым разам ня робіць выпісак са свайго прыватнага дзёньніка: у апавяданьні «Інфэкцыйны клюб» яна гаворыць ад імя мужчыны, сталага наведніка месца, якое ў міліцэйскіх зводках называюць «наркапрытонам». Калі я чытаў тэкст, дык баяўся, што зараз ізноў атрымаю іньекцыю мэлядраматызму, але не, абышлося. Тэда Лі ўтрымалася ад гэтага. Больш за тое, пісьменьніца здолела намаляваць шэраг адметных запамінальных вобразаў:

Лоры не было ў той вечар. Яе не было яшчэ вельмі доўга. Урэшце аднойчы яна прыйшла. Яе калаціла, яна была жудасна гарачай, з бліскучымі вачыма і пачырванелай скурай пад носам. Яна зайшла ў той самай ружовай маечцы, у яе па-ранейшаму не было грудзей. Была толькі тоненькая маечка, жахлівая прастуда і суворая зіма на вуліцы. Яна стаяла пасярод пакою, выставіўшы локці, пакуль мы ўсе глядзелі на яе ў чаканьні чагосьці асаблівага.

Літаратура пачынаецца з назіраньня, потым надыходзіць чарга цішыні, роздуму, затым — перастварэньня. Тэда Лі ўсьвядоміла гэта, пра што, у прыватнасьці, сьведчыць яе ўвага да дэталі («ружовая маечка», «стаяла пасярод пакою, выставіўшы локці»). У «Інфэкцыйным клюбе» яна вырашае цалкам мастацкія задачы: аўтарка імкнецца паказаць людзей, чые жаданьні, мэты і мары адрозьніваюцца ад нашых (але адначасова, як і мы, яны хочуць быць шчасьлівыя), людзей, якія прагнуць вырвацца з задушлівых абдымкаў рэчаіснасьці. Дзеля таго, каб перадаць «інакшасьць», адметнасьць сваіх герояў, Тэда Лі выкарыстоўвае выключна мастацкія сродкі. Сцэна, калі кампанія наркаманаў глядзіць фільм у кінатэатры і літаральна патанае ў кінавобразах, выглядае пераканаўчай, па-мастацку сьпелай. Сэксуальныя трызьненьні закаханага наркамана яркія, індывідуальныя («Лорыны локці былі насамрэч вельмі прыгожыя, вытанчаныя і ружовыя. Бывае, я пачынаю трызьніць яе локцямі. Ня вуснамі, не вачамі, не нагамі. Локці ў яе гэткія ж вострыя, пругкія і значныя, якімі бываюць грудзі».) У Тэды Лі атрымліваецца прыкмячаць дэталі, ствараць эпізоды, казаць пра пачуцьці. Аднак калі аўтарцы спатрэбілася сфармуляваць у апавяданьні жыцьцёвае крэда аматараў галюцынагенаў, зрабіць панарамны здымак, надаць твору філязофскую глыбіню, то ў яе, на жаль, нічога не атрымліваецца — адно літаратурныя штампы:

Мы робім з сабой усё, каб забыцца, усё, каб сьвет страціў сваё рэальнае аблічча, усё, каб яго карцінка ня рэзала вочы, не мусоліла пагляд. Мы тут лішнія, і мы анічога ня цэнім. Нам напляваць на заўтра. Мы накачваемся рознай дрэньню, каб паверыць у тое, што мы — не слабакі, і што сьвет, які мы так і не адолелі, — усяго толькі бутафорыя, падман. Мы — трагедыя.

На мой погляд, пісаць гэткія банальнасьці пасьля таго, як выйшлі друкам жорсткія, гранічна шчырыя кнігі Ўільяма Бэраўза і Пітэра Ўэлша, нельга. Але ня будзем забывацца, што Тэда Лі зусім нядаўна дэбютавала ў літаратуры. Яна яшчэ шукае свой шлях, уласную тэму. І робіць гэта, трэба прызнаць, энэргічна. Пазаўчора яна пісала пра тыповыя перажываньні тыповай дзяўчыны, спадзеючыся, што атрымаецца мастацкі тып, а ўчора, забыўшыся на «чалавечыя дакумэнты», не збаялася выказаць сваё «літаратурнае» меркаваньне датычна складанай і актуальнай для беларускага слоўнага мастацтва тэмы — стасункаў меншасьці і большасьці. Гэта — вялікі крок наперад, чарговае пацьвярджэньне мудрых словаў Максіма Багдановіча, што ў нашай літаратуры ўсё робіцца шпарка.

Аб чым піша Тэда Лі сёньня?

«НЯЛІПАВАЕ» АПАВЯДАНЬНЕ

У трэцім апавяданьні — «Ліпавы шлюб» — пэрсанажы атрымаліся яшчэ больш складаныя, чым у «Інфэкцыйным клюбе», — яны маюць уласныя душы, жывуць у паралельным сьвеце, створаным для іх воляй аўтаркі, але надзеленым прыкметамі нашай убогай сучаснасьці: бурачковая салата, бюлетэнь Сьведкаў Еговы і часопіс «Маладосць» у паштовай скрынцы, заначка гаспадарчага мыла, «вялікія елкі ў цесных хатах» пад Новы год, пэнсійнага ўзросту кабета, якая ў радыёперадачы «скуголіць у ролі надзвычай уразьлівага дашкольніка». Учынкі герояў псыхалягічна дакладныя, маюць унутраную матывацыю (вельмі добра атрымаўся камічны вобраз матулі галоўнай гераіні). Мова добрая, пругкая.

Што таксама важна, гісторыя каханьня ў «Ліпавым шлюбе» ня мае нічога агульнага з комам злобна-нэрвовых павярхоўных перажываньняў і капрызаў з псэўдалітаратурнага «Каляндарыка…». Тут — сапраўднае глыбокае пачуцьцё, ад якога ў сэрцах чытачоў нараджаецца (нарэшце!) мастацкае спачуваньне: «Ты не пацан. Ты проста сапраўдная. Сапраўдная. І яшчэ ў цябе скура пахне пяском, і ты для мяне».

Таму няма нічога дзіўнага, што, публікуючы гэтае апавяданьне, часопіс «Дзеяслоў» назваў сапраўднае прозьвішча аўтаркі: прыйшоў час Адэлі Дубавец выйсьці на літаратурную авансцэну і зірнуць у вочы сваім чытачам, якія чакаюць ад яе новага перастварэньня рэчаіснасьці.

  2 Пасьля «Галоўнай памылкі Афанасія» зьявіліся апавяданьні Ю. Каляды пра выпрабаваньне эміграцыяй «Пакаленьне «Нуль» і «Затрымка рэйсу» (ARCHE. 2006. № 1—2), напісаныя ў новай манеры.

3 Апошняе цалкам зразумела, бо жыцьцёвага досьведу, асабістага вопыту маладым пісьменьніцам яшчэ бракуе, і таму ім, якія зрабілі выбар на карысьць «чалавечага дакумэнту», нічога не застаецца, як «бытапісаць», у тым ліку і дашкольную ўстанову. Альбо, падобна пакуль малавядомай Наталцы Харытанюк зь Берасьця, якая ўдала дэбютавала ў калядным нумары «Нашай Нівы» за 2005 г., апавядаць сямейныя гісторыі і паданьні.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 11 (51) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/01/29