A R C H E | П а ч а т а к | № 11 (51) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ХЬЮ Л. АГН’Ю | ||||
Ёзэф Добраўскі: звышкрытык-асветнік або фальсіфікатар-перадрамантык? У сваёй працы «Ёзэф Добраўскі і паходжанне «Слова пра паход Ігараў» Эдвард Кінан прапануе, безумоўна, правакацыйны адказ на спрэчнае пытанне пра сапраўднасць і паходжанне гэтага літаратурнага помніка, нагэтулькі значнага для сучаснай расійскай культуры. Аўтар сцвярджае, што твор насамрэч — падробка, да якой спрычыніўся напрыканцы XVIII ст. найвыбітнейшы славянскі мысляр таго часу, патрыярх багемістыкі Ёзэф Добраўскі. Імя асобы, якой Кінан прыпісвае аўтарства, выклікае шок, асабліва ў даследнікаў чэскай гісторыі і культуры. Для іх Добраўскі — узор крытычнага навукоўцы эпохі Асьветніц тва, які скіраваў свой магутны інтэлектуальны патэнцыял на дослед гісторыі Багеміі, чэшскай мовы і літаратуры, істотна паспрыяў з’яўленню сучаснай чэшскай літаратурнай мовы і, між іншым, фактычна заснаваў новую дысцыпліну — параўнальнае славянскае мовазнаўства. Падобныя пачуцці выклікаў бы высока інтэлектуальны і лагічны доказ, што Чарльз Дарвін стварыў міф пра пілт даўн скага чалавека. Чаму ж цверджанне, што «Слова пра паход Ігараў» належыць Добраўскаму, выклікае такую рэакцыю? Адказ вынікае з той ролі ў гісторыі чэшскага нацыянальнага адраджэння, якую прыпісваюць гэтаму чалавеку. Чэшскі гісторык Міраслаў Грох высунуў вельмі трапную тыпалогію сучасных нацыянальных рухаў «малых народаў» Еўропы, у тым ліку і чэхаў. Ён мяркуе, што «абуджэнне» нацыі, як правіла, праходзіць за тры этапы. На першым патрыятычная дзейнасць абмяжоўваецца навуковымі доследамі. Вядуцца яны адносна невялікай групай інтэлектуалаў, якія вывучаюць гісторыю, мову і літаратуру сваёй нацыі, што толькі нараджаецца. Гэтыя інтэлектуалы могуць выяўляць моцную эмацыйную повязь з нацыянальнай супольнасцю, але іх інтарэсы перадусім звязаныя з даследаваннем і захаваннем мінуўшчыны, яны зусім не абавязкова маюць веру ў «адраджэнне» нацыі. На другім этапе ўжо большая, але ўсё яшчэ колькасна абмежаваная група палкіх патрыётаў, распрацаваўшы нацыянальную ідэалогію, праводзяць агітацыю ад імя нацыі і дзеля яе захавання і будучага развіцця. Трэцяя стадыя характарызуецца паўстаннем масавага нацыянальнага руху, які мае палітычныя мэты1. На першы этап чэшскага адра джэння збольшага наклала адбітак асветніцтва, на другі паўплываў рамантызм. Калі чэшскі нацыянальны рух увайшоў у трэцюю фазу, панавала своеасаблівае для Цэнтральнай Еўропы спалучэнне рамантызму і лібералізму. Творчасць Ёзэфа Добраўскага (1753—1829) захапіла і першы, і другі перыяды чэшскага адраджэння, але яго навуковыя метады і светапогляд практычна заўсёды атаясамліваюцца з першым. Палеміку Добраўскага з маладзейшымі патрыётамі, якой адзначаныя (або азмрочаныя) пазнейшыя гады яго жыцця, звычайна, як мінімум часткова, спісваюць на «канф лікт пакаленняў», розніцу ў светапоглядах чалавека эпохі Асветніцтва і патрыётаў-летуценнікаў перыяду рамантызму. У якасці самага яскравага прыкладу такога разыходжання Кінан прыводзіць ролю Добраўскага ў палеміцы, што разгарнулася вакол сапраўднасці літаратурных «помнікаў», дарагіх сэрцу ягоных сучаснікаў, асабліва Кралавадворскага і Зеленагорскага рукапісаў (названыя паводле мясцовасцяў, дзе яны нібыта былі знойдзеныя, адпаведна, у 1817 і 1818 гг.). |
прафэсар гісторыі і міжнародных дачыненьняў унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона. У сфэру ягоных навуковых інтарэсаў уваходзяць дасьледаваньне сымбаляў і рытуалаў чэскага нацыяналізму XIX ст. Апошняя публікацыя — кніга «The Czechs and the Lands of the Bohemian Crown» (Hoover Institution Press, 2004). |
Кралавадворскі і Зеленагорскі рука пісы — самыя знакамітыя з шэрагу фрагментаў старажытначэшскага ліра-эпасу, «знойдзеных» сярод іншых вучнем Добраўскага Вацлавам Ганкам і перададзеных Нацыянальнаму музею ў Празе2. Гэтыя «рэліквіі» служылі доказам, што чэхі маюць літаратурную спадчыну, якая можа супернічаць з нямецкай «Песняй пра Нібелунгаў». Рукапісы паспрыялі замацаванню шмат якіх дарагіх рамантыкам ілюзій пра характар старажытных славянаў. Добраўскі прыязна ўспрыняў першую знаходку, «Спеў аб Вышагра дзе», які ён уключыў у апошняе, трэцяе, выданне Geschichte der Böhmischen Sprache und ältern Literatur («Гісторыя чэшскай мовы і старажытнай літаратуры») (1818) у раздзеле чэшскіх тэкстаў да 1310 г. У дадатку да таго ж выдання ён прывёў тэкст Кралавадворскага рукапісу, але праз нейкі час, пад уздзеяннем сумневаў наконт сапраўднасці гэтай і наступных «знаходак», Добраўскі змяніў сваё да іх стаўленне. Спярша ён казаў, што «тут, бясспрэчна, прысутны дух нацыянальнага фальклору», высока ацаніў рукапісы за «лёгкасць пісьма, чысціню і дакладнасць мовы, моц і вытанчанасць», так што кожнага апануе жаданне ўбачыць дасканалы, поўны спіс арыгіналу3. Аднак пасля таго, як нібыта знайшліся новыя — яшчэ старэйшыя — часткі, што пазней атрымалі назву «Зеленагорскі рукапіс», Добраўскі пачаў сумнявацца ў іх сапраўднасці і заклікаў да глыбокага, падрабязнага аналізу тэксту. Калі англійскі энтузіяст Джон Баўрынг прапанаваў уключыць асобныя часткі манускрыптаў ва ўкладаную ім Cheskian Anthology (выдадзеная ў 1832 г.) і па прасіў парады Добраўскага што да адбору фрагментаў, такая пазіцыя патрыярха не толькі зрабіла спрэчку публічнай, але перанесла яе на міжнародны ўзровень. Добраўскі ўжо разыхо дзіўся ў поглядах з некаторымі прадстаўнікамі маладога пакалення наконт пэўных аспектаў прасодыі і арфаграфіі, і жаданне апошніх прынесці ў скарбніцу народу нагэтулькі старажытныя літаратурныя помнікі нацыянальнага генія пашырыла прорву між імі і Добраўскім. І ўсё ж некаторыя маладыя сучаснікі Добраўскага падтрымлівалі яго, часткова таму, што ён «больш за іншых вызначыўся служэннем нашай мове», а ягоныя меркаванні аспрэчвалі «безбародыя юнакі», якія не толькі навучыліся ў яго ўсяму, што ведаюць з чэшскай мовы, але нават «не вартыя развязваць яму матузкі на сандалях». Апошнія словы Юрай Палкавіч (1769—1850), славацкі пратэстант і прафесар чэшскай мовы ў Евангелічным ліцэі ў Браціславе, напісаў у лісце свайму сябру: ён заклікаў таго падтрымаць прапанову Добраўскага «ўважліва і крытычна» прааналізаваць гэтак званую знаходку, уздымаючы рытарычнае запытанне: «А можа, гэта Макферсаніяда?»4. Паўтараючы думку самога Добраўскага, Палкавіч фактычна заклікаў правесці навуковы аналіз твору. А ў гэтай сферы Добраўскаму не было роўных з часу яго з’яўлення на інтэлектуальным небасхіле Чэхіі ў 1778 г., калі ён разгледзеў фрагмент Евангелля паводле Марка са збору Карла IV, напісаны, як меркавалася, самім святым, і знаходзіўся пасля ў Чарльза IV. З тае пары Добраўскі сцвердзіў сваю рэпутацыю непахіснага абаронцы крытычнага гістарычнага метаду маўрысцкай школы. Даследчык спалучыў яго з дакладным, строгім філала гічным аналізам тэкстаў, прапанаваным гётынгенскім тэолагам Ёганам Давідам Мікаэлісам для біблістыкі. Добраўскі быў чальцом пражскага Чэшскага таварыства навук (пазней Каралеўскага чэшскага таварыства навук) і надрукаваў у яго часопісе шэраг сваіх гістарычных доследаў. Адзін ягоны ранні артыкул спецыяльна прысвячаўся выкарыстанню старажытных дакументаў пры напісанні нацыянальнай гісторыі. У ім Добраўскі, зыхо дзячы з крытычнага філалагічнага метаду, аналізуе статут Бржэўнаўскага кляштара5. Пазней, жывучы ў Празе, Добраўскі працаваў над цэлым шэрагам артыкулаў для часопіса Навуковага таварыства, аб’яднаных пытаннем, як адасобіць факты ад прыдумак у старажытных легендах, якія часцяком былі адзінай крыніцай старадаўняй гісторыі Чэхіі. Пры ягоным жыцці пабачылі свет тры такія доследы, дзе разглядаліся паданні пра хрышчэнне Баржывоя, пра Людмілу і Драгаміру, пра Вацлава і Баляслава. Чацвёрты артыкул, прысвечаны легендзе пра святога Пракопа, застаўся ненадрукаваны6. Добраўскі акрэсліў свой метадалагічны прынцып як «нічога не прымаць на веру без дастатковых доказаў і заўсёды звяртацца да найстаражытнейшай крыніцы»7. Гэтымі і іншымі сваімі гістарычнымі працамі Добраўскі зрабіў значны ўнёсак у прызнанне і распаўсюд крытычных, пазітывісцкіх метадаў гістарычнага даследавання. Сфера навуковых зацікаўленняў Добраўскага не абмяжоўвалася гісторыяй. Ён займаўся гісторыяй літаратуры і сучасным яе станам, пачынаючы з кароткатэрміновых і ўрэшце беспаспяховых спробаў выдаваць літаратурны часопіс Чэхіі, які ён заснаваў у 1779 г. (праз год пасля з’яўлення ягонага доследу фрагментаў Евангелля паводле Марка). Добраўскі надрукаваў Böhmische Literatur auf das Jahr 1779 («Літаратура Чэхіі ў 1779 г.»), затым Böhmische und Mährische Literatur auf das Jahr 1780 («Літаратура Чэхіі і Маравіі ў 1780 г.»), і скончылася ўсё на Litterarisches Magazin von Böhmen und Mähren («Літаратурны часопіс Чэхіі і Маравіі, у трох тамах») (1785—1787). У «Літаратурным часопісе» Добраўскі абяцаў рабіць агляды сучаснай чэшскай і мараўскай літаратуры «як яна ёсць»8. Яго цікавіла самае шырокое кола пытанняў, але Добраўскі заўсёды з асаблівай лю боўю друкаваў апісанні старачэшскіх кніг і рукапісаў, што змяшчаліся ў бібліятэчных фондах Чэхіі і Маравіі. Калі друкавалася апошняе выданне, «Літаратурны часопіс», Добраўскі ўключаў у яго матэрыялы з гістарыяграфіі, археалогіі, граматыкі чэшскай мовы і славянскай этна графіі. Ягоная прапанова скласці поўны каталог чэшскіх рукапісаў, створаных да з’яўленьня кнігадруку, ажыццявілася толькі часткова: Litterarisches Magazin за 1786 г. надрукаваў каталог чэшскіх рукапісных Біблій. Але нават частковае здзяйсненне ягонай задумы яскрава адлюстроўвае погляды Добраўскага на гісторыю і веру ў тое, што праз аналіз і інтэрпрэтаванне тэкстаў можна прыйсці да «слушнага» разумення гісторыі, у т. л. і гісторыі літаратуры9. Акрамя спробы выдаваць літаратурны часопіс, Добраўскі напісаў некалькі артыкулаў з гісторыі літаратуры для часопіса Навуковага таварыства. У ім таксама з’явілася першая версія яго манументальнай працы «Гісторыя чэшскай мовы і літаратуры». І тут ён не адыходзіў ад крытычнага, пазітывісцкага метадалагічнага падыходу10. Паралельна з гістарычнымі і літаратурнымі доследамі Добраўскі зрабіў унёсак у сучасную літаратурную чэшскую мову сваімі працамі з граматыкі і прасодыі, а часам і сваёй з’едлівай крытыкай апанентаў. Добраўскі дапамагаў свайму старэйшаму калегу Францішку Марціну Пэлцлу (1734—1801) рыхтаваць граматыку чэшскай мовы, чаго вымагала яго пасада першага прафесара чэшскай мовы і літаратуры ў Пражскім універсітэце. Ён браў удзел ва ўкладанні або рэцэнзаваў чэшскія слоўнікі Карала Гінэка Тама (1763—1816), Антаніна Яраслава Пухмаера (1769—1820), Францішка Яна Томзы (1751—1814) і інш. Пасля доўгіх гадоў працы ў 1809 г. ён нарэшце апублікаваў сваю кнігу Ausführliches Lehrgebäude der Böhmischen Sprache («Падрабязнае апісанне чэшскай мовы»). І вось іронія лёсу: Добраўскі зрабіў унёсак у фармаванне сучаснай літаратурнай чэшскай мовы, нягледзячы на свой часам моцны скептыцызм што да рэальнасці яе з’яўлення. У рэцэнзіі на палкую «абарону мовы» Тама Добраўскі зацеміў, што гэта не проста абарона мовы, а палымяны заклік актыўней бараніць і развіваць чэшскую мову. «Пытанне, ці дасягнем мы калі-небудзь узроўню нашых продкаў, — прадракаў ён, — ці нават здолеем узняцца да таго, што тут зафіксавана, не па трабуе адказу»11. Зрэшты, Добраўскі часам адкідаў свой скептыцызм. Так было, напрыклад, калі ў 1791 г. аўстрыйскі імператар Леапольд ІІ, каранаваўшыся ў Празе на караля Чэхіі, наведаў пася джэнне Навуковага таварыства. Звярнуцца да манарха з прамовай выпала Добраўскаму, і, адкінуўшы першапачатковую ідэю засяродзіцца на чыста філалагічных пытаннях і прасіць у Леапольда грошай на ўкладанне вялікага славянскага слоўніка, навукоўца казаў пра вя лікую ролю славянскіх падданых у імперыі Габсбургаў. У сваёй прамове Über die Ergebenheit und Anhänglichkeit der Slawischen Völker an das Erzhaus Österreich («Пра паслушэнства і адданасць славянскіх народаў каралеўскаму дому Аўстрыі») Добраўскі зазначыў, што сярод падданых Габсбургаў пераважаюць менавіта славяне, адцеміў іхную веліч як народу (прыводзячы Расійскую імперыю як прыклад таго, што славяне здольныя падпарадкаваць сабе вялізную тэрыторыю і кіраваць ёю) і ўнёсак у вайсковую моц Аўстрыі. Напрыканцы спавешчання Добраўскі меркаваў заклікаць Леапольда ІІ «бараніць чэшскі народ і неацэнную яго спадчыну, атрыманую ад продкаў, — матчыну мову — ад жорсткіх захадаў і прыхаванага ціску», якія б толькі шкодзілі інтарэсам дзяржавы. Умяшальніцтва найвышэйшага бургграфа Ротэнхана вымусіла Добраўскага выкінуць са сваёй прамовы апошні абзац, але нецэнзураваны нямецкі арыгінал і чэшскі пераклад тэксту, які, паводле словаў Добраўскага, «вельмі ўзрадаваў нашых славянска-чэшскіх па трыётаў», неўзабаве надрукавалі пражскія газеты12. Наведванне імператарам Чэшскага таварыства навук мела іншае значнае наступства, непасрэдна звязанае з цэнтральным тэзісам Кінана: у якасці развітальнага падарунка Леапольд пакінуў таварыству 6000 гульдэнаў на пад трыманне яго дзейнасці. Было прынятае рашэнне за гэтыя грошы паслаць Добраўскага і яшчэ аднаго сябра таварыства, графа Іяхіма фон Штэрнбэрга, у Швецыю і Расію. Штэрнбэрг меў вывучаць стан натуральных навук у Расіі, а Добраўскі мусіў шукаць у шведскіх і расійскіх бібліятэках старачэшскія кнігі, якія маглі трапіць туды пасля разрабавання шведамі Прагі падчас трыццацігадовай вайны, а таксама даследаваць матэрыялы з славянскай літаратуры13. Такім чынам, калі Добраўскі ўжо меў рэпутацыю найвыбітнейшага абаронцы крытычнага гістарычнага метаду і меў найбагацейшыя веды з параўнальнага славянскага мовазнаўства, у яго з’явілася магчымасць правесці блізу чатырох з паловай месяцаў у Расіі ў 1792—1793 гг. Як заўважае Кінан, цяжка знайсці больш удалы час, бо ў 1791 г. Кацярына ІІ загадала, каб манастыры перадалі ўсе рукапісы, звязаныя са старажытнай гісторыяй і культурай Расіі, у бібліятэку Акадэміі навук ці Святога Сінода. Яны апынуліся там прыкладна за год да прыезду Добраўскага. З неверагодным задавальненнем перапрацоўваў даследчык горы матэрыялаў па стараславянскай мове і літаратуры і рупліва рабіў мноства запісаў, з якіх ён будзе карыстаць усё астатняе жыццё14. Паездка Добраўскага ў Расію, разам з веданнем Добраўскім гісторыі першых славянскіх перакладаў Бібліі, дасведчанасцю ў біблійнай крытыцы і іншых га лінах славянскай лінгвістыкі, набывае асаблівую значнасць для Кінана ў святле цверджання, што Добраўскі — не толькі адзіны, «хто дастаткова добра ведаў міфалогію славянаў і Русі і гісторыю, каб стварыць такі (як «Слова пра паход Ігараў») тэкст», але і «без перабольшвання, да 1793 г. Добраўскі — адзіны, хто быў здольны напісаць «Слова» і, безумоўна, адзіны, хто мог яго прачытаць». У адным са шматлікіх сваіх амаль дэтэктыўных літаратурна-філалагічных пасажаў Кінан даводзіць, што Добраўскі не толькі ведаў крыніцы, якія, на думку сучасных навукоўцаў, маюць дачыненне да тэксту «Слова», але і рабіў выпіскі з рукапісаў, звязаных з рэдкімі лексічнымі адзінкамі, ужытымі ў «Слове». Прачытаўшы першыя тры раздзелы, чытач будзе гатовы пагадзіцца, што Кінан, выключна на аснове ўскосных доказаў, пераканаўча давёў: Добраўскі меў здольнасці і магчымасць стварыць «Слова». Але гэта не азначае, што Кінан давёў, нібы Добраўскі сапраўды напісаў «Слова». Спрабуючы даказаць аўтарства Добраўскага, Кінан прысвячае чацвёрты, найвялікшы, раздзел свайго доследу па драбязнаму, амаль парадковаму, аналізу «Слова пра паход Ігараў». Яго мэта — даследаваць усе неадназначныя і незразумелыя месцы ў тэксце, рэдкія словы і hapax legomena (словы або фразы, зафіксаваныя толькі аднойчы), якімі перасыпаны тэкст, каб паглядзець: дадае гіпотэза пра аўтарства Добраўскага да іхнага разумення ці, наадварот, ускладняе яго або нічога кардынальна не змяняе. Атрымліваецца ў Кінана гэта элегантна, і — калі не заглыбляцца ў дэталі лексічнага каментара, які займае ажно 237 старонак, — трэба прызнаць, што пераканаўча. Ён прапаноўвае каля трыццаці тэкставых удакладненняў, якія дазваляюць прымальна вытлумачыць сэнс незразумелых частак. Тут ён падае, магчыма, самы значны свой аргумент на карысць аўтарства Добраўскага: доўгі спіс лексічных, граматычных і фразеалагічных багемізмаў. Пры гэтым «ладная частка вядомых hapax legomena перастае імі быць, калі іх разглядаць у звязку з чэшскім і старачэшскім матэрыялам; мноства ўрыўкаў можна прачытваць толькі праз прызму чэшскай інфармацыі; шмат якія спасылкі на чэшскую дапамагаюць лепш зразумець тэкст, праліваючы святло на розніцу паміж славянскімі, рускімі і чэшскімі эквівалентамі або дэманструючы любоў аўтара да полісеміі». У якасці дадатковых доказаў Кінан прыводзіць акадэмічныя гэбраізмы, безумоўна, вядомыя Добраўскаму; пераканаўчыя аргументы на карысць таго, што прапанаваная гіпотэза выяўляе і тлумачыць стасункі паміж «Словам» і «Задоншчынай», і пацверджанні, што Добраўскі да следаваў шэраг іншых тэкстаў, лексіка якіх вельмі падобная да лексікі «Слова». Выкладзеныя доказы Кінанавай гіпотэзы агулам дастатковыя, хаця б згодна з крытэрам ляза Окама, каб сцвярджаць, што на сённяшні дзень яна самая пераканаўчая з наяўных. Тым не менш, найбольш загадкавае і цікавае пытанне застаецца нявырашанае. Кінан паспяхова давёў, што Добраўскі быў здольны напісаць «Слова», што ў яго была такая магчымасць. Праз аналіз тэксту ён сцвердзіў таксама, што ягоная гіпотэза, магчыма, тлумачыць больш спрэчных момантаў тэксту, чым іншыя. Але дзе матывацыя? Як з трывалым вобразам Ёзэфа Добраўскага — ідэала Асветніцтва, рацыянальнага, крытычнага (нават звышкрытычнага) навукоўцы — стасуецца прыпушчэнне, што ён здзейсніў дзёрзкі «літаратурны падман» (як ён сам ахарактарызаваў Зеленагорскі рукапіс у сваёй рэцэнзіі да аднаго з яго нямецкіх перакладаў)?15 Кінан прысвяціў большую частку пятага і заключнага раздзела тлумачэнню некаторых момантаў, звязаных з матывацыяй. Глава распачынаецца дзвюма важнымі папярэднімі заўвагамі. Першая з іх у тым, што «Добраўскі не «падрабляў» найкаштоўнейшай рэ ліквіі «рускай» літаратурнай мінуўшчыны; уяўленне пра «Слова» як пра велічны культурны помнік стварыла далейшая расійская інтэлектуальная гісторыя». Калі Кінан мае рацыю, Добраўскі ўсяго толькі напісаў колькі кавалкаў дзеля пераймання стылю «Задоншчыны», іншых тэкстаў, якія нядаўна бачыў у Расіі, і ўжо вядомых яму гераічных славянскіх летапісаў. Кінан сцвярджае, што падобныя «знаходкі» старажытных твораў былі ў той час з’явай далёка не рэдкай, ім не надавалі вялікага значэння. Галоўнае — «аднавіць «дух» нацыі або мінуўшчыны». Да агульнага настрою эпохі Асіянізму можна дадаць асаблівы стан чэшскіх патрыётаў у Чэхіі, купкі інтэлектуалаў (сярод іх было багата вучняў Добраўскага — магчыма, яны паўплывалі на настаўніка?), якія пачыналі распрацоўваць праект нацыі, што існавала, так бы мовіць, як «міф»16. |
1 Тэорыя Гроха, выдадзеная па-чэшску і па-нямецку на пачатку 1960-х гг., падагульненая па-англійску ў: Hroch, Miroslav. Social Preconditions of National Revival in Europe: A Comparative Analysis of the Social Composition of Patriotic Groups among the Smaller European Nations / Trans. by Ben Fowkes. — Cambridge: Cambridge University Press, 1985. 2 Самы сучасны і незаангажаваны навуковы дослед супярэчнасцяў згаданых рукапісаў пададзены ў працы: Otбhal, Milan. The Manuscript Controversy in the Czech National Revival // Cross Currents: A Yearbook of Central European Culture. 1986. № 5. P. 247—277. 3 Цыт. паводле агульнага выдання трох версій гэтай гісторыі, надрукаванага Каралеўскім чэшскім таварыствам навук: Dobrovský, Josef. Dejiny ceské reci a literatury v redakcích z roku 1791, 1792 a 1818 / Ed. Benjamin Jedlicka. Praha: Melantrich, 1936. S. 251—252. 4 Юрай Палкавіч Войцеху Ёзэфу Сэдлачэку, 2 чэрвеня 1818 г., у: Literární archiv Památníku národního písemnictví. Praha: Sedlácek collection. Sign. II. A. 35. 5 Dobrovský, Josef. Wie man die alten Urkunden, in Rücksicht auf verschiedene Zweige der vaterländische Geschichte, benutzen soll. Ein Versuch über die Brewniower Stiftungsbrief Boleslaws des Zweyten // Abhandlungen der böhmischen Gesellschaft der Wissenschaften zu Prag. № 1. 1785. S. 178—200. 6 Надрукавана пад агульнай назвай «Kritische Versuche, die ältere böhmische Geschichte von spätern Erdichtungen zu reinigen», першыя тры з’явіліся ў: Abhandlungen. 3rd series. № 1. 1803. S. 1—111; № 2. 1807. S. 1—87; № 6. 1818—1819. S. 1—119. Чацвёрты быў выдадзены пад рэдакцыяй Вацлава Фрайшганса: Josefa Dobrovského Kritická rozprava o legende Prokopské. Praha: Nákladem Ceské akademie ved a umení, 1929. 7 Цыт. паводле: Agnew, Hugh LeCaine. Origins of the Czech National Renascence. Pittsburgh: University of Pittsburgh Press, 1993. P. 37. 8 Dobrovský, Josef. Böhmische Litteratur auf das Jahr 1779. Prag: Verlag der Mangoldischen Buchhandlungen, 1779. S. 5. 9 Dobrovský, Josef. Litterarisches Magazin von Böhmen und Mähren. № 2. 1786. S. 30—50. 10 Гл. таксама: Agnew, Hugh LeCaine. Origins of the Czech National Renascence… P. 100—107. 11 Рэцэнзія Добраўскага ў: Litterarisches Magazin von Böhmen und Mähren. № 3. 1787. S. 143—144. Для аўтара відавочна, што адказ будзе адмоўны. 12 Гл.: Agnew, Hugh LeCaine. Origins of the Czech National Renascence… P. 179—180. 13 Dobrovský, Josef. Litterarische Nachrichten von einer auf Veranlassung der böhm: Gesellschaft der Wissenschaften im Jahre 1792 unternommen Reise nach Schweden und Russland. Nebst einer Vergleichung der Russischen und Böhmischen Sprache. Prag: Calve, 1796. S. 1—5. 14 Keenan, Edward L. Josef Dobrovský and the Origins of the Igor’ Tale. Harvard University Press, 2003. P. 104—105. 22 ліпеня 1818 г. Добраўскі пісаў славенцу Ернэю (Барталамею) Капітару, наглядчыку Імперскай бібліятэкі ў Вене: «Я не хачу нічога аддаваць са Slavicis, што прывёз, бо яны нагадваюць мне пра Расію». Гл.: Der Briefwechsel zwischen Dobrowsky und Kopitar 1808—1828 / Ed. Vatroslav Jagic. Berlin: Weidermann, 1885. S. 188. Граф Яўген Чэрнін занатаваў у сваім дзённіку, што Добраўскі з неверагодным задавальненнем згадваў сваё падарожжа ў Расію. Дзённік часткова змешчаны ў: Franta, Ondшej. Po stopách Dobrovského v deníku hrabete Eugena Cernína z Chudenic // Bratislava. № 3. 1929. S. 868—891, асабліва запіс за 30 чэрвеня 1810 г. |
Сэнс другой папярэдняй заўвагі ў тым, што пры любым разглядзе матываў Добраўскага мы мусім браць пад увагу характар і гісторыю яго псіхічнай хваробы. Прыблізна з трыццаці чатырох гадоў асветнік пакутаваў на перыядычныя, часам цяжкія прыступы біпалярнага псіхічнага разладу, што адбівалася на ягоных паводзінах і творчасці. Сябры намагаліся ўратаваць Добраўскага ад найгоршых наступстваў ягоных часам нерацыянальных паводзін і не зважалі на недарэчныя выказванні ў ягоных лістах. Так, славацкі пратэстант Юрай Рыбай заўважыў яму, што «я б ахвотней... пачытаў што-небудзь пра славянскую літаратуру, чым пра асвету славянскіх народаў ды хіліязм. Мушу прызнацца, што зусім не разбіраюся ў гэтых пытаннях»17. Нешта падобнае мы з рознай частотнасцю знаходзім у лістах іншым знаёмым, напрыклад, Вацлаву Фартунату Дурыху (1735—1802), з якім Добраўскі ліставаўся выключна на лаціне (лісты Дурыха цытуе ў сваёй працы Кінан). Для Кінана і ягонай версіі наконт матывацыі Добраўскага істотна тое, што падчас прыступаў Добраўскі прарочыў пра будучую веліч славянаў і іх сусветную гістарычную місію. Яшчэ адзін цэнтральны момант: нават самыя жорсткія прыступы часта супадалі з момантамі ягонай найвышэйшай прадуктыўнасці як навукоўцы, і свае ірацыянальныя відзежы ён апісваў на дасканалай навуковай лаціне або нямецкай. Навязлівыя ідэі тых, хто пакутуе на біпалярны разлад, — папросту скрайнія праявы іхных зацікаўленняў у стабільным стане. Напрыклад, можна заўважыць, што анталогія славянскіх тэкстаў пад рэдакцыяй Добраўскага Slawin: Botschaft aus Böhmen an alle Slawischen Völker, oder Beiträge zur Kenntniss der Slawischen Literatur nach allen Mundarten («Славін: Вестка ўсім славянскім народам з Багеміі, або Унёсак у веду пра славянскую літаратуру ва ўсіх дыялектах») (1806), якая задумвалася як агульнаславянскі аналаг таго, чым стаў для Чэхіі ягоны літаратурны часопіс, была ўкладзеная падчас найцяжэйшых абвастрэнняў псіхічнай хваробы18. Анталогію можна назваць узважаным увасабленнем панславісцкіх ідэй Добраўскага, роўна як некаторыя ірацыянальныя месцы ў ягоным ліставанні тых гадоў адлюстроўваюць тыя самыя ідэі ва ўспрыманні хворага чалавека. Так, відавочна, што псіхічная хвароба не замінала Добраўскаму прадуктыўна працаваць ці лагічна і звязна выказваць свае думкі на розных мовах19. Такім чынам, гіпотэза пра тое, што Добраўскі мог пад уздзеяннем хваробы напісаць тэкст, які пазней (у выніку шэрагу абставін, апісаных Кінанам) надрукуюць як «Слова», не падаецца фантастычнай. Безумоўна, Кінан не сцвярджае, што Добраўскі наўмысна здзейсніў літаратурны падман і ўвёў у зман усіх адукаваных людзей некалькіх краін. Наадварот, не выключана, што апублікаванне «Слова» было для яго поўнай нечаканасцю. (Кінан не адмаўляе цалкам і верагоднасці таго, што Добраўскі проста забыўся на створаныя ім фрагменты.) Без адказу застаецца пытанне, чаму аўтар (пры ўмове, што ён пазнаў напісанае), маўчаў пра сваё дачыненне да тэксту і дазволіў, каб міжнародныя навуковыя колы лічылі яго сапраўдным. Кінан таксама дапушчае, што вучань Добраўскага Ганка ведаў пра «шкілет у шафе» «патрыярха славістыкі» і спадзяваўся, што той, са зразумелых прычын, не бу дзе надта зацята выкрываць ягоныя рамантычныя падробкі. У гэтай сувязі цікава, што Ганка прысвяціў выдадзенае ім у 1821 г. «Слова» менавіта Ёзэфу Добраўскаму!20 Сам Добраўскі згадваў «Слова» ў адказе на заўвагу наконт рэцэнзіі на «Суд Лібушы». У кантэксце, які адназначна сведчыць, што Добраўскі верыў у сапраўднасць «Слова», ён адкрыта называе «Суд Лібушы» «літаратурнай падробкай». Добраўскі сцвярджаў, што той, хто падрабіў «Суд Лібушы», добра ведаў «Слова пра паход Ігараў», іншыя рускія крыніцы і выдатна засвоіў старачэшскі правапіс і мову паводле кнігі самога Добраўскага Geschichte der Böhmischen Sprache, так што «не складала завялікай цяжкасці напісаць 120 вершаў, на выгляд досыць старадаўніх, быццам іх склаў летапісец Лібушы». Адмаўляючы закіды ў непатрыятычнасці і горача пераконваючы чытачоў, што, хоць ён нарадзіўся і не ў Чэхіі, але тут узгадоўваўся і заўсёды падзяляў «нацыянальны гонар» Чэхіі, асабліва ў сферы яе літаратуры, Добраўскі пытаўся: «Ці будзе закрануты чэшскі нацыянальны гонар, калі мы адрозніваем сапраўдны твор ад падробкі?» Добраўскі сцвярджаў, што рукапіс — ніякі не каштоўны помнік ІХ—Х стст., і яго ў найлепшым разе можна назваць «небеспаспяховай спробай імітаваць мову часоў Лібушы»21. Добраўскі зноў звяртаецца да «Слова» ў іншай рэцэнзіі на Geschichte der slawischen Sprache und Literatur (1826) Паўла Ёзэфа Шафарыка (напісанае для таго ж часопіса) і ў каментары да Зеленагорскага рукапісу22. Як бы ні тлумачылася загадкавае маўчанне Добраўскага датычна «Слова» і яго палеміка з Ганкам і іншымі што да Кралавадворскага і Зеленагорскага рукапісаў, ужо цяпер відавочная пэўная іронія лёсу: Кінан зрабіў тую самую працу, да якой заклікаў Добраўскі датычна «знойдзеных» старачэшскіх рукапісаў. Да таго ж, Кінан ужывае метады, якімі заўсёды карыстаўся сам Добраўскі, пачынаючы з доследу фрагмента Евангелля паводле Марка. Тыя самыя гістарычныя і філалагічныя веды, якія гэтак эфектыўна выкарыстоўваў Добраўскі і якімі скарысталіся аўтары «падману» з Кралава дворскім і Зеленагорскім рукапісамі, каб стварыць пераканаўчыя фізічныя «арыгіналы» знаходак, цяпер павернутыя супраць самога Добраўскага. Парадаксальна, але і Добраўскі, і Кінан маюць агульную са стваральнікамі Кралавадворскага і Зеленагорскага рукапісаў і выдаўцамі «Слова» рысу: веру, што тэкст захоўвае мінуўшчыну, якой без яго ніяк няма. Хоць апошнія шукалі зусім не той мінуўшчыны, што Кінан і Добраўскі, але гэта не змяняе іх агульнага стаўлення да дакумента як да пісьмовай рэліквіі23. Высновы Кінана змяняюць гучанне «Слова» — з Русі ХІІ ст. ён пераносіць нас у Багемію і Расію канца XVIII ст. Яны, магчыма, выклікаюць навуковыя спрэчкі, як тое было з ягонай апошняй працай наконт ліставання цара Івана Жахлівага з князем Андрэем Курбскім. Здаецца, што Добраўскі, які ў шмат якіх праблемах працягла палемізаваў з іншымі даследнікамі, з асалодай далучыўся б і да гэтага абмеркавання24. Застаецца толькі загадкай, на чыім баку. |
15 Агляд Добраўскага, пад назвай «Literarischer Betrug», з'явіўся ў: Hormayr. Archiv für Geschichte. Statistik, Literatur und Kunst. 15. a 46. 1824. S. 260. Перадрукавана ў: Dobrovský, Josef. Literární a prozodická bohemika / Ed. Miroslav Herman. Praha: Academia, 1974. S. 152—153. 16 Гл. змястоўную частку «Ideálnost- 17 Рыбай — Добраўскаму, 21 студзеня 1796 г., у: Korespondence Josefa Dobrovského, díl 4.: Vzájemné listy Josefa Dobrovského a Jirího Ribaye z let 1783—1810 // Ed. Adolf Patera. Praha: Ceské akademie Císare Frantiska Josefa pro vedy, slovesnost a umění, 1913. S. 262—263.
18 Agnew, Hugh LeCaine. Origins of the Czech Renascence… P. 218—219.
19 Тамсама. P. 221—224; Keenan, Edward L. Josef Dobrovský… P. 108—118, 424—425.
20 Igor Swiatoslawic: Hrdinský zpiew o tazenj proti polowcum / Ed.Václav Hanka. — Praha: U Haze, Krausse, Endersa, 1821. З прысвячэннем у адмысловай Ганкавай «панславісцкай» транслітарацыі «Jego vysokoprepodobiju Josefu Dobrovskomu».
21 Адказ Добраўскага, надрукаваны пад назвай «Vorläufige Antwort auf des Herrn W. S. Ausfälle im Archive Nr. 64. Vom 28. Mai 1824», з’явіўся ў: Hormayr. Archive für Geschichte, Statistik, Literatur und Kunst. 15. a 79. 1824. S. 435—436, перадрук. у: Dobrovský, Josef. Literární a prozodická bohemika… S. 154—155.
22 Агляд Добраўскага з’явіўся ананімна ў: Jahrbücher der Literatur. № 37. 1827. S. 1—28, перадрук. у: Dobrovský, Josef. Literární a prozodická bohemika… S. 167—189. Адразу пасля яго была надрукаваная анатацыя: Jungmann, Josef. Historie literatury иeskй, дзе спасылкі на «Слова» няма, але змешчаныя падобныя заўвагі што да чэшскіх літаратурных падробак (тамсама, s. 194—210).
23 Пра гэта гл.: Lass, Andrew. Presencing, Historicity, and the Shifting Voice of Written Relics in Eighteenth-Century Bohemia // Bohemia. No. 28 (1). 1987. P. 92—107; Lass, Andrew. Romantic Documents and Political Monuments: The Meaning-Fulfillment of History in 19th Century Czech Nationalism // American Ethnologist. No. 15 (3). 1988. P. 456—471. Гл. таксама прадмову Кінана, асабліва старонкі xvii—xviii.
24 Пра частую палеміку Добраўскага з калегамі гл.: Agnew, Hugh LeCaine. Origins of the Czech Renascence… P. 31, 32, 73, 79—81, 83—90, 98, 104, 105.
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 11 (51) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |