A R C H E | П а ч а т а к | № 11 (51) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
САЙМАН ФРАНКЛІН | ||||
«Слова пра паход Ігараў» — Багемская рапсодыя?
Keenan, Edward L. Josef Dobrovsky and the Origins of the Igor’s Tale. — «Слова пра паход Ігараў» — невялікі тэкст, які нарабіў шмат шуму. Да Пушкіна ніводны літаратурны твор не выклікаў такой плоймы навуковых і калянавуковых публікацый, не кажучы ўжо пра невычэрпную плынь аматарскіх разваг і проста бязглуздых домыслаў. А калі б падлічыць аб’ём аналітычнай літаратуры на слова зыходнага тэксту, «Слова» магло б пацягацца і з самім Аляксандрам Сяргеевічам. Нядаўна слынны русіст Эдвард Л. Кінан дадаў да сціжмы тэкстаў свой — больш як на пяцьсот старонак, — у якім высунуў і паспрабаваў абгрунтаваць новую гіпотэзу што да паходжання і аўтарства «Слова». Спрэчкі наконт паходжання і аўтарства «Слова пра паход Ігараў», вядома, пачаліся не ўчора. Твор не падпісаны і не датаваны, чуткі віліся над ім з моманту яго першага апублікавання ў 1800 г. Для большасці «Слова» было і застаецца ананімным літаратурным шэдэўрам канца ХІІ — пачатку ХІІІ ст. Месцамі цяжкі для разумення, твор хутчэй за ўсё не захаваўся ў першапачатковым выглядзе, але, нягледзячы на гэта, «Слова» застаецца істотным — нават найістотнейшым — помнікам свецкай літаратуры дамангольскага часу, роўным заходнееўрапейскім аналагам. Іншых даследнікаў бянтэжыць ананімнасць твора, і яны намагаюцца высветліць імя аўтара. У спіс магчымых кандыдатур уваходзяць кніжнік Цімафей, пясняр Мітуса, яшчэ адзін пясняр, Хадына, чарнігаўскі ваявода Ольсцін Алексіч, кіеўскі баярын і летапісец Пётр Барыславіч, сам князь Ігар Святаславіч і кіеўскі князь Святаслаў Усеваладавіч1. Але некторыя мяркуюць, што шукаць аўтара не мае сэнсу. І не толькі таму, што ніводную з тэорыяў немагчыма пацвердзіць пераканаўчымі доказамі, а найперш таму, што таямніца аўтарства «Слова» крыецца зусім не там, дзе яе шукаюць, — у іншай эпосе. Кінан прымае бок «скептыкаў», для якіх «Слова» створанае не ў Сярэднявеччы, а паміж Асветніцтвам і рамантызмам: не ў ХІІ, а ў ХVIII ст. Сярод магчымых аўтараў, паводле версіі «скептыкаў», — настаяцель Спаскага манастыра ў Яраслаўлі Ёйль Быкоўскі, Мікалай Бантыш-Каменскі, адзін з рэдактараў выдання 1800 г.2, граф Аляксей Мусін-Пушкін, нібыта першы ўласнік згубленага пазней арыгінала3, і нават жонка Мусіна-Пушкіна4. Кінан бачыць аўтарам «Слова», пра што і кажа назва яго кнігі, слыннага чэшскага навукоўца Ёзэфа Добраўскага (1753—1829). Папярэднія даследнікі-«скептыкі» (перадусім Андрэ Мазон і Аляксандр Зімін, часткова Джон Фэнэл) мелі на мэце давесці толькі пазнейшае паходжанне тэксту, пры гэтым пытанне аўтарства адыходзіла на другі план. Асаблівасць гіпотэзы Кінана ў тым, што ён адносіць твор да ХVIII ст. менавіта таму, што ўважае Добраўскага за аўтара «Слова». Перад тым, як падрабязна аналізаваць аргументы Кінана, падагульнім яго галоўныя высновы. Паводле Кінана, падзеі разгортваюцца прыблізна наступным чынам. Ад жніўня 1792 г. Ёзэф Добраўскі правёў некалькі месяцаў у Расіі, дзе актыўна вывучаў старажытныя рукапісы. За гэты час «Добраўскі стварыў некалькі паэтычных фрагментаў у стылі сярэднявечных славянскіх тэкстаў, якія ён чытаў у зборах летапісаў». Нішто не сведчыць ані пра ягоны намер кагосьці падмануць, ані пра тое, каб выдаць свае пісанні за аўтэнтычныя старажытныя творы, ані нават пра жаданне іх друкаваць. Добраўскі проста практыкаваўся ў інтэлектуальнай мімікрыі, у яго не было задумы распаўсюдзіць падробку. Чэшскі навуковец даслаў напісанае — ці толькі яго частку — пісьменніку і прыдворнаму Івану Ялагіну. Пазней апошні скарыстаў вытрымку з першай часткі твора Добраўскага ў дадатку да рыхтаванага ім рукапісу працы са старажытнай гісторыі Расіі. У верасні 1793 г. Ялагін памёр, і ягоная цытата сталася першым захаваным сведчаннем існавання тэксту «Слова». Па вяртанні дадому Добраўскі напісаў яшчэ некалькі фрагментаў, якія ён таксама даслаў у Расію, магчыма, таму ж Ялагіну. Пасля смерці апошняга ягоныя паперы перадалі ў збор ягонага сябра і апекуна Мусіна-Пушкіна, а ў 1797 г. перавезлі ў Маскву і даручылі архіварыусу Аляксею Маліноўскаму. Так пачалося «публічнае» жыццё «Слова». У кастрычніку 1797 г. Карамзін аб’явіў, што знайшоўся (два гады таму) невядомы сярэднявечны «спеў», і Маліноўскі пачаў перапісваць і перакладаць створаныя Добраўскім фрагменты, рыхтуючы іх да публікацыі. Калі даць веры Кінану, сапраўдным злачынцам выглядае Маліноўскі. Ён аб’яднаў разрозненыя кавалкі, напісаныя Добраўскім, каб склалася ўражанне суцэльнага твора. Маліноўскі мог і не ведаць, што фрагменты належаць Добраўскаму, але ён выдаў іх за старажытныя і — галоўнае ягонае злачынства — бессаромна прыдумаў крыніцу іх «сярэднявечнага» паходжання. «Яраслаўскі летапіс», у якім нібыта было змешчанае «Слова», ніколі не існаваў. І як жа зручна, што праз колькі дзесяцігоддзяў можна распаўсюдзіць праўдападобныя байкі пра ягонае трагічнае знікненне! Першапачатковыя сумневы адкінутыя, і «Слова» заняло сваё месца ў міфалогіі расійскага нацыянальнага генія. Замест таго, каб застацца цікавым прыкладам славянскага асіянізму, фальшыўка Маліноўскага (складзеная з твораў Добраўскага), атрымала сталую прапіску ў новым каноне. Высновы Кінана грунтуюцца на трох тыпах доказаў: гістарычных, тэкстуальных і моўных. Гістарычныя падставы для скептычнага стаўлення да «Слова» навідавоку. Мы не маем ані арыгінала твора, ані дакладных сведчанняў яго існавання. Няма таксама і надзейных доказаў таго, што рукапіс знік разам з некаторымі іншымі зборамі Мусіна-Пушкіна, як прынята сёння лічыць. У сувязі з гэтым Кінан усяляк падкрэслівае няшчырасць у адказах Мусіна-Пушкіна на пытанні маладога архіварыуса і антыквара Канстанціна Калайдовіча ў 1813—1814 гг. Час, калі было «знойдзенае» «Слова», прыпаў у Расіі на гады захаплення асіянскім дарамантызмам (так супала — а мо гэта і не проста супадзенне, — што пераклад псеўдасярэднявечных вершаў «Асіяна» на расійскую мову пабачыў свет у 1792 г.). Што да канкрэтных гістарычных акалічнасцяў, Кінан сцвярджае: Добраўскі — адзіны, хто адначасова меў доступ да ўсіх больш-менш значных рукапісаў і друкаваных выданняў, якія паўплывалі на ягоны твор, і філалагічныя веды і здольнасці, дастатковыя, каб скласці такога кшталту тэкст. Даследнік піша: «Не будзе перабольшаннем сцвярджаць, што да 1793 г. адзіны, хто мог напісаць «Слова», — Добраўскі». Тым самым Кінан вельмі сур’ёзна падвышае стаўкі. Калі проста прыняць гістарычныя аргументы і цверджанні на веру, час напісання тэксту (XVIII ст.) стаецца цалкам залежным ад аўтарства Добраўскага. Або Добраўскі, або ніхто. Калі аўтарства не належыць яму, «Слова» аўтаматычна вяртаецца ў Сярэднявечча. Кінан звяртае ўвагу чытача на два тыпы тэкстуальных аргументаў. Не дзіва, што ў традыцыйнай спрэчцы: што было раней — «Слова» ці «Задоншчына», — Кінан аддае перавагу апошняй. Сам даследнік прызнае, што адны тэкстуальныя параўнанні нельга прымаць за кончыя доказы. Але нягледзячы на гэта Кінан намагаецца давесці, што калі прызнаць «Задоншчыну» даўнейшай за «Слова», можна раскрыць некаторыя асаблівасці пабудовы апошняга. Больш арыгінальна падыходзіць Кінан да аналізу «фрагментаў Маліноўскага» — кавалкаў «Слова», занатаваных у рукапісах Маліноўскага. Напрошваецца выснова, што гэтыя «фрагменты» — простыя цытаты, выпісаныя з тэксту, магчыма, для таго, каб іх пракаментаваць, таму яны не маюць вялікай каштоўнасці як тэкстуальныя доказы. Але Кінан прапануе зусім іншую інтэрпрэтацыю. Ён сцвярджае, што «фрагменты Маліноўскага» — насамрэч дадаткі да тэксту, у пачатковай версіі іх не было. Добраўскі не пісаў іх у Расіі. На думку Кінана, «фрагменты» — гэта часткі, якія Добраўскі стварыў і даслаў у Расію па вяртанні дадому. А аб’яднанне розных тэкстаў — ужо справа рук Маліноўскага. Таму пры грунтоўным разглядзе «Слова» Кінан вылучае «фрагменты Маліноўскага» як асобны тэкст, адрозны ад «Слова». Ладную частку кнігі Кінана займае мовазнаўчы каментар. Як і ў абсалютнай большасці твораў, прысвечаных «Слову», у лінгвістычнай частцы Кінанавай працы збольшага аналізуюцца асобныя словы, рэканструюецца і інтэрпрэтуецца лексіка твора, пры гэтым адносна мала ўвагі надаецца праблемам сінтаксісу. Тут аўтар прапануе два кардынальна новыя цверджанні. Па-першае, ён пастулюе, што процьму фрагментаў «Слова» прасцей зразумець з улікам асаблівасцяў чэшскай (у тым ліку старачэшскай) мовы. То бок аўтар мае на ўвазе, што ў творы адлюстраваны асабісты моўны досвед Ёзэфа Добраўскага. Паўсюль у «Слове» Кінан бачыць «багемізмы». Пераканаўчасць ягонай аргументацыі — не столькі ў даказанасці кожнай канкрэтнай інтэрпрэтацыі таго ці іншага фрагмента тэксту, а ў праўдападабенстве (ці няпраўдападабенстве) іх усіх разам узятых. Па-другое, Кінан прапануе літаральна некалькі новых прачытанняў асобных момантаў «Слова», якія, на ягоную думку, уяўляюць сабой моцныя — нават неабвержныя — доказы, што «Слова» не можа быць сярэднявечным тэкстам. Ён, у прыватнасці, надае аграмаднае значэнне новай інтэрпрэтацыі словаў з біблійнага іўрыту урим і туммим (датычна нагрудніка першасвятара: габрэйскае слова не магло быць вядомае ўсходнім славянам у Сярэднявеччы) і пераасэнсаванага італьянскага (праз старачэшскую) слова altana ў значэнні «маленькая вежа». Такім чынам, падмурак Кінанавай тэорыі складаюць хутчэй лексічныя, чым гістарычныя аргументы. Менавіта ў гэтай сферы Кінан пераходзіць ад «магчыма» да «бясспрэчна», тут ён выказвае пэўнасць што да пазнейшага паходжання «Слова» і паўсюднай прысутнасці ў тэксце самога Добраўскага. Апроч трох традыцыйных узроўняў аналізу тэксту, Кінан заклікае перагледзець эстэтычныя вартасці «Слова», скінуць бярэмя двух стагоддзяў піетэту перад тэкстам як літаратурным шэдэўрам Сярэднявечча. Гэтая вера традыцыяналістаў, на думку Кінана, часткова грунтуецца на глыбокіх, але няслушных перакананнях што да крыніц і значэння стылю «Слова». У прыватнасці, на залішне наіўнай схільнасці прымаць лексічныя недарэчнасці за «паэзію». Кінан бачыць у «Слове» няшмат паэтычнага. Мастацкія якасці тэксту ён ацэньвае як «вельмі сціплыя», хоць і прызнае, што аўтар — «бліскучы вынаходца, майстар ствараць загадкі». Але ні ў якім разе не паэт. Нашыя аблуды наконт «паэтычных» якасцяў «Слова» тлумачацца дзвюма памылкамі. Першай стаецца схільнасць бачыць паэтычнае ў незразумелым, лічыць па-мастацку геніяльнымі фразы, якія Кінан, наадварот, называе банальнай моўнай кантамінацыяй, што акурат і сведчыць пра асяродак і метады Добраўскага: «У «Слове» поўна агульнаславянізмаў, ужытых не да месца […] маладасведчанаму чытачу з завышанымі чаканнямі такія выразы пададуцца не «няслушнымі», а пранікнёнымі, нават у найвышэйшай ступені «паэтычнымі». Другая памылка карэніцца ў неразуменні характару самога Добраўскага. Кінан надае вялікае значэнне псіхічнай хваробе чэшскага навукоўца, якую ён вызначае як біпалярны разлад, або маніякальную дэпрэсію. Адсюль і мноства эпізодаў у «Слове», якія Кінану падаюцца «ірацыянальнымі»: «Усевалад, Рурык і Давід крыху апантаныя […], Баян… уводзіць сябе ў стан, падобны да шаманскага трансу… […] размовы Яраслаўны і Ігара з ракой падобныя да галюцынацыяў. Усяслаў перажывае слыхавыя галюцынацыі. На працягу ўсяго твора аўтар, героі, гарады, гарадскія ўмацаванні, птушкі, жывёлы, рэкі, кветкі, трава і дрэвы — наогул уся Русь вагаецца паміж хісткім шчасцем, экзальтацыяй і дэпрэсіяй». Атрымліваецца, што сама паэтыка «Слова» не мае нічога агульнага з вуснай мастацкай традыцыяй старажытнасці, не кажучы ўжо пра тагачаснае светаўспрыманне і вераванні: «Безумоўна, што паралель паміж тэкставымі рэаліямі і тым, што мы ведаем пра Добраўскага, не будзе ўсяго толькі плёнам нашай фантазіі». Кінан ладзіць наступ на агульнапрынятае меркаваньне з двух бакоў. Па-першае, ён звяртаецца да метадаў і крытэраў традыцыйнай навукі, якая вымагае, каб кожны доказ пераправяраўся і ўзважваўся, кожная гіпотэза праходзіла праз дробнае «сіта» сумневу і тэорыя будавалася «ад падмурка». Па-другое, ён прапануе цалкам іншы агульны погляд на «Слова», што дазваляе (прынамсі, Кінану) у шмат якіх выпадках не толькі дакладней чытаць тэкст, але і высунуць лепшую, значна больш верагодную тэорыю паходжання твора. Напрыканцы сваёй кнігі аўтар, натуральна, вітае (ці хаця б прадчувае) крытыку: «Толькі час і адкрытая навуковая дыскусія пакажуць, ці падаюцца мае высновы такімі ж пераканаўчымі іншым, як і мне самому». Пачнем з дробных «зачэпак» і пакінем пакуль убаку асноўную парадыгму. Мы паслядоўна разгледзім асноўныя тыпы Кінанавых доказаў: гістарычныя, пасля тэкстуальныя і моўныя. Гістарычныя аргументы самі сабой нельга ўважаць за пераканаўчыя. У іх зашмат няпэўнасцяў, каб пацвердзіць любую тэорыю. Гісторыя пра тое, як быў знойдзены і згублены рукапіс, месцамі не ўдае на праўду. Можа таксама падацца падазроным, што некаторыя дзейныя асобы ўхіляліся ад адказаў на пытанні або нават нешта хавалі. Тым не менш, «белыя плямы» ў гісторыі рукапісаў зусім не абавязкова сведчаць пра падман. Недакладнасці і нядбайнасць што да дэталяў былі характэрныя ў той час нават для твораў, аўтэнтычнасць якіх не ставіцца пад сумнеў. Гэты факт у пэўнай ступені раздражняе навукоўца, што прызвычаіўся да жорсткіх патрабаванняў, якім мусіць адпавядаць сучасны дослед. Напрыклад, выглядае вельмі дзіўна, што ані Аляксандр Шышкоў, ані Якаў Пажарскі, якія адпаведна ў 1805 г. і 1819 г. рыхтавалі выданні «Слова» з каментарамі, не выявілі аніякай цікаўнасці да рукапісу і задаволіліся друкаваным тэкстам, хаця Пажарскі, відаць, верыў, што арыгінал «Слова» ў той час яшчэ існаваў5. |
прафэсар, загадчык катэдры славянскіх моваў прэстыжнага Клар-каледжу Кембрыдзкага ўнівэрсытэту. Апошняя публікацыя — «National Identity in Russian Culture: an Introduction» (Cambridge, 2004).
1 Гл., напр.: Дмитриев Л. А. 2 Паводле версіі А. А. Зіміна і (умоўна) Андрэ Мазона; гл.: Кінанаў кароткі гістарычны агляд поглядаў «скептыкаў». С. 12—27.
3 Акчурин Ш. Х. 4 Perepelkina, Klavdiia. Imaginary Friend: A Feminist Investigation of the Slovo o polku Igoreve (Igor Tale), Its Folkloric Roots, and Its Relationship to the Works of the Kulikovo Cycle, with New Evidence against the Authenticity of This Purportedly Twelfth-Century Epic. — Jupiter, FL: Birchbank Press of Karacharovo, 2003.
|
Кінан усведамляе, што прапанаваная ім альтэрнатыўная рэканструкцыя падзей не дае адказаў на праблемныя пытанні. Ён прызнае: дакументальных пацверджанняў аўтарства Добраўскага няма. Да таго ж, Кінан не можа ніяк перакрэсліць адзін гістарычны доказ супраць Добраўскага: апошні на працягу трыццаці гадоў у сваіх працах шмат цытуе і спасылаецца на «Слова». Добраўскі ніводнага разу не дае нават слабой намінкі на тое, што ставіць пад сумнеў аўтэнтычнасць старажытнага тэксту. Кінан мяркуе, што Добраўскі вырашыў не выкрываць падману Маліноўскага. Можна паверыць, што так яно і было, калі разглядаць толькі спасылкі на «Слова» ў друкаваных працах Добраўскага. Але як патлумачыць цытаванне «Слова» ў асабістых нататках, дзе няма патрэбы нікога ўводзіць у зман?6
Кінан абмінае ўвагай больш сур’ёзныя гістарычныя доказы, якія тычацца важнейшай праблемы — існавання рукапісу Мусіна-Пушкіна. Кінан павінен ведаць, што Карамзін у сваёй «Гісторыі расійскай дзяржавы»7 называе першакрыніцай менавіта рукапіс, хоць і без спасылкі на «Слова». Такім чынам, Карамзін або хлусіў сваім чытачам (у гэтым выпадку ён таксама быў у змове з Маліноўскім), або казаў праўду, і рукапіс Мусіна-Пушкіна сапраўды існаваў8. Яшчэ дзіўнейшае маўчанне ўважлівага да ўсялякага роду сведчанняў Кінана пра тое, што на «Слова» ў сваіх нататках спасылаўся і Іван Ялагін. Ялагін не толькі першы згадвае тэкст «Слова». Яму належыць першае цверджанне, што «Слова» паходзіць са старога рукапісу , які належаў Мусіну-Пушкіну9. Пра гэта Ялагін сваёй рукой напісаў у заўвагах да свайго чарнавога спісу. Калі верыць Ялагіну, мы мусім як мінімум адкінуць цверджанне Кінана, што рукапіс прыдуманы Маліноўскім для друкаванага выданьня «Слова». У выніку маем тры версіі. Першая: Ялагін таксама хлусіў, бо, паводле Кінана, ён бачыў толькі ўрыўкі Добраўскага. Другая: Добраўскі сам прыдумаў няісны рукапіс і маніў Ялагіну што да паходжання тэксту. І апошні магчымы варыянт: усе казалі праўду, Добраўскі «Слова» не пісаў, а рукапіс Мусіна-Пушкіна насамрэч існаваў. Унёсак Кінана ў тэкстуальныя дыскусіі напалову палягае ў сумарным эфекце ягоных спробаў давесці, што больш лагічна ўспрымаць «Слова» як вытворнае ад «Задоншчыны». Другую палову складае гіпотэза пра «фрагменты Маліноўскага». На думку Кінана, «фрагменты» адрозніваюцца ад астатняга тэксту («адпачатковага» «Слова») з дзвюх прычын. Па-першае, іх можна прыбраць з тэксту без аніякае шкоды для сэнсу таго, што застаецца. Па-другое, «фрагменты» перагукаюцца з сінадальным спісам «Задоншчыны», а «адпачатковы» тэкст блізкі да тэкстаў з калекцыі Ундольскага. Вылучэнне «фрагментаў Маліноўскага» добра тлумачыць дагэтуль не зразумелы факт, чаму «Слова» па-рознаму адлюстраванае ў розных варыянтах «Задоншчыны». Абодва цверджанні Кінана слабыя. Можна пагадзіцца, што «Слова» месцамі больш падобнае да шэрагу знітаваных фрагментаў, чым да звязнага тэксту. Але высновы, што цягне за сабой гэтая версія, не на карысць галоўнага аргумента Кінана пра «фрагменты Маліноўскага». Ну і што з таго, што «фрагменты» можна лёгка прыбраць, і ў тэксце не застанецца відавочных прабелаў? Паколькі «Слова» ўвогуле «фрагментарнае», гэтак жа проста можна выдаліць з тэксту і іншыя ўрыўкі або камбінацыі ўрыўкаў. Таму сучасным крытыкам даспадобы гульні з усялякімі перастаноўкамі і дадаткамі. Што да крыніц, пераканаўча давесці падабенства «фрагментаў Маліноўскага» да пэўнага спісу «Задоншчыны» (як тое патрэбна Кінану) немагчыма10. Больш за тое, калі разглядаць «фрагменты» разам з кароткімі заўвагамі самога Маліноўскага (на якія Кінан не звяртае ўвагі), складаецца моцнае ўражанне, што самая простая іх інтэрпрэтацыя — да расчаравання аўтараў тэорыі змовы — адначасова і самая верагодная. Усё проста — «фрагменты» ўзятыя Маліноўскім з тэксту для каментавання і аналізу, а не дададзеныя да яго. Найвялікшую частку кнігі Кінана займае падрабязны, амаль парадковы лінгвістычны аналіз тэксту «Слова». У нашым крытычным аглядзе твора Кінана мы можам разгледзець толькі мізэрную частку ўсіх ягоных прапаноў і гіпотэзаў. Магчыма, тое несправядліва, але я засяроджу сваю ўвагу на момантах, якія лічу найбольш спрэчнымі, хаця і мушу заўважыць, што для агульнай тэорыі Кінана самі сабою маюць асноўнае значэньне толькі лічаныя ягоныя мовазнаўчыя здагадкі. Не трэба даводзіць, што «Слова» — тэкст складаны. Ніхто не можа сцвярджаць, што дакладна ведае сэнс кожнага ягонага слова, а новыя спробы праліць святло на незразумелыя моманты толькі вітаюцца. Кінан старанна вышуквае ў «Слове» «багемізмы». Я не «багеміст» і не мовазнаўца, таму я не вазьмуся ацэньваць вартасць выключна мовазнаўчых высноў аўтара11. Тым не менш, у мяне выклікаюць пытанні некаторыя аспекты метадалогіі Кінана. Перш за ўсё, ён абірае для лексічнага параўнання несувымерныя корпусы тэкстаў. Кінан заяўляе, што «прыдатным» пры разглядзе нібыта раннеўсходнеславянскай моўнай прыроды «Слова» можна лічыць вельмі абмежаванае кола тэкстаў. Ён не ўключае сюды фальклорных твораў; неахвотна прымае «прынесеныя» царкоўнаславянскія тэксты і пераклады. Даследнік прытрымліваецца «строгага падыходу», згодна з якім «сапраўды прыдатнымі для супастаўлення лічацца толькі аўтэнтычныя «рускія» тэксты», а іх сапраўды няшмат. А вось «багемізмы» Кінан чамусьці шукае ў значна шырэйшым корпусе: у старачэшскай мове, сучаснай чэшскай, літаратурнай і гутарковай чэшскай. На першы погляд, Кінанавы падставы для жорсткага адбору «супастаўных» крыніц проста бездакорныя: даводзіць старажытнасць твора пры дапамозе пазнейшых крыніц нельга, а вось аўтара пазнейшага часу (у прыватнасці, Добраўскага) можна з поўным правам змясціць у шырэйшы лінгвістычны кантэкст. Такі метад, тым не менш, не на карысць мэтам доследу. Калі поле доследу асіметрычнае, яго вынікі амаль непазбежна будуць гэтаксама асіметрычныя. Такім чынам, яны ў большай ступені будуць адлюстроўваць параметры эксперыменту, чым ягоны аб’ект. Кінан няслушна вызначае мэту — або, прынамсі, адну з мэтаў — пашырэння «прыдатных» для аналізу крыніц. Рэч не ў тым, каб абавязкова давесці сярэднявечнае паходжанне «Слова», а ў тым, каб знайсці пераканаўчыя тлумачэнні яго моўных асаблівасцяў. Менавіта таму цалкам абгрунтавана — нават неабходна — будзе прызнаць «прыдатнымі» крыніцы, што выходзяць за межы непасрэднага кантэксту, у якім магло стварацца «Слова». Безумоўна, што ў гэтым выпадку мэта менш канкрэтная, чым давесці сярэднявечнае паходжанне тэксту, але і сам Кінан робіць акурат тое ж, калі прыводзіць дзеля параўнання чэшскія крыніцы. У інтарэсах падманнай навуковай чысціні Кінан хібіць, яшчэ не пачаўшы выкладаць свае доказы. Па-другое (што, пэўна, менш значна), безумоўная арыгінальнасць мыслення заводзіць Кінана так далёка, што ён даволі некрытычна падыходзіць да сваіх гіпотэз. Так, некаторыя з ягоных «багемізмаў» насамрэч уяўляюць вельмі цікавыя магчымыя тлумачэнні загадак «Слова». Але залішняя схільнасць прыдумляць новыя прачытанні і бачыць «багемізмы» там, дзе іх няма, толькі псуе станоўчы эфект. Напрыклад, Кінану не падабаецца, што пальцы Баяна, як сокал, «даганялі» (дотечяше ) струны ягонага інструмента, бо «гэта не мае сэнсу (як могуць пальцы гусляра «даганяць» струны?)». Адсюль ён робіць выснову, што на месцы дотечяше мусіць быць форма, вытворная ад dot’’katisia/dot’’knutisia , «якія ў чэшскай і старачэшскай… выкарыстоўваюцца ва ўсіх значэннях «дакранацца» […] Відавочна, што дотечяше — яшчэ адзін багемізм». «Відавочна»? Выпраўленне, магчыма, і можна вытлумачыць як «багемізм». Але навошта наагул нешта выпраўляць? Шаноўны спадар Кінан, у тэксце вядзецца не пра пальцы, што «даганяюць» струну, а пра сокалаў, якія даганялі лебедзяў. Навукоўцу Кінану могуць быць недаспадобы «паэтычныя» звароты, але ў межах гэтай метафары ягонае выпраўленне не проста непатрэбнае, а нават недарэчнае і згубнае. Можна спрачацца, ці пасуе слова дотечяше да сокала, але каб сцвярджаць, што гэта «відавочны багемізм» патрэбныя нашмат больш грунтоўныя доказы. Такія катэгарычныя цверджанні пры спрэчнай аргументацыі мы знаходзім у працы Кінана досыць часта12. |
5 Гл. прадмову Якава Пажарскага да: Слово о полку Игореве, удельного князя Новагорода- Санкт-Петербург: В типографии Департамента Народного Просвещения, 1819. С. 5. 6 Гл., напрыклад, с. 241, для вытрымкі са «Слова» ў Institutiones linguae Slavicae dialecti veteris, але параўн. са с. 260 заўв. 506 датычна звароту Добраўскага да «Слова» ў нататнікавых запісах (дзе Добраўскі цытуе выданне Ганкі 1821 г.); гл. таксама с. 353. Хацелася б больш даведацца пра заўвагі, што Добраўскі рабіў у сваім асобніку выдання Шышкова 1805 г., гл.: Моисеева Г. Н. Чешский славист Иосеф Добровский и «Слово о полку Игореве» // Альманах библиофила. № 21: Слово о полку Игореве. 800 лет. Москва: Книга, 1986. С. 102—103. 7 Карамзин Н. М. История государства Российского. В 12 т. Изд. 2-е, исправл. Т. 3. Примеч. 272, 2. Санкт-Петербург: Н. Греч, 1818. С. 165—167. 8 Звышкрытычны чытач заўважыць, тым не менш, што Карамзін толькі сцвярджае, што цытуе працы, змешчаныя ў адным манускрыпце са «Словам», хаця гэта было б натуральнай інтэрпрэтацыяй ягоных словаў. Для падрабязнага тэкстуальнага параўнання, якое сведчыць на карысць таго, што Карамзін усё ж карыстаўся рукапісам «Слова», гл. аналіз Вольгі Страхаў у яе артыкуле-аглядзе «A New Book on the Origin of the Igor’ Tale: A Backward Step» у: Paleoslavica. № 12 (2). 2004. P. 204—238. 9 Змешчана ў: Козлов В. П. Кружок А. И. Мусина-Пушкина и «Слово о полку Игореве»: Новые страницы древнерусской поэмы в 18 в. Москва: Наука, 1988. С. 142; тэкст і варыянты — с. 146 заўв. 24*; гл. таксама с. 169 заўв. 245. 10 Падрабязна пра гэта гл.: Strakhov, Olga B. A New Book… 11 Падрабязны адказ на лінгвістычныя доказы Кінана гл.: Strakhov, Olga B. The Linguistic Practice of the Creator of the Igor’ Tale and the Linguistic Views of Josef Dobrovskэ // Paleoslavica. № 11. 2003. P. 36—67; Зализняк А. А. «Слово о полку Игореве»: Взгляд лингвиста. Москва: Языки русской культуры, 2004. С. 265—323.
|
Па-трэцяе, большасць прапанаваных Кінанам новых прачытанняў зыходзіць з прыпушчэння, што аўтар слова — Добраўскі, а не сведчыць, што ён мог ім быць. У выніку — мноства непатрэбных, а часам недарэчных інтэрпрэтацыяў. Так, Кінан мяркуе, што слова красный датычна Рамана Святаславіча ўжытае ў іранічным сэнсе, таму што, па-першае, аснова красн- «у пісьмовай рускай мове ніколі не ўжываецца для апісання мужчынскай прыгажосці» і, па-другое, Добраўскі ведаў з летапісаў, што Раман не быў героем. Але спасылкі на «пісьмовую рускую» недарэчныя, бо ў гэтым значэнні слова шырока ўжывалася ў царкоўна- і ўсходнеславянскай мовах. Яскравы прыклад таму — «Сказанне пра Барыса і Глеба» з «Успенскага зборніка», якое, бясспрэчна, адпавядае нават самым жорсткім крытэрам «прыдатнасці»13. Што тычыцца другога аргумента, як можна быць упэўненым у тым, што аўтар мусіць падзяляць нашыя маральныя ацэнкі пэўнага эпізоду ў пэўным летапісе? Думка, што аўтар ужывае слова красный у іранічным сэнсе, лінгвістычна нічым не падмацаваная і бессэнсоўная.
Іншы прыклад: Кінану недаспадобы вялікае значэнне, якое надаецца рацэ Нямізе, і ён робіць выснову, што Добраўскі «вырашыў увекавечыць» рачулку, якую ўбачыў па дарозе ў Прагу праз Менск. Іншае, разгорнутае і больш верагоднае, тлумачэнне мы знаходзім у летапісах: хто б ні напісаў «Слова», Добраўскі або сярэднявечны пясняр з паўднёвай Русі, велічыня ракі — дробязь у параўнанні з яе сімвалічным значэннем як часткі драматычнай гісторыі князя Ўсяслава Полацкага. Ізноў адцягненыя прыдумкі Кінана робяцца непатрэбнымі — яны нічога не тлумачаць. Нарэшце, крыху пра «габраізмы» і «багемізм», што пайшоў з італьянскай мовы часу Рэнесансу. Згадаем, што Кінан бачыць габрэйскае біблійнае слова урим у фразе Уримъ [часта замяняецца на У Римъ ] крычять ; габрэйскі дублет урим і туммим (скарочана ур-тм ) у загадкавым слове орьтъмами і змяняе фразу Стреляеши… салътаны на Стреляеши… съ алътаны (то бок з altán[a], што па-чэску значыць, таксама як і ў італьянскім арыгінале, «маленькая вежа»). Новыя прачытанні падаюцца Кінану звышважнымі. Зноў і зноў ён падкрэслівае іхную праўдзівасць і значнасць як сведчанняў пазнейшага за сярэднявечнае паходжання тэксту: «Я лічу гэтае прачытанне бясспрэчным і вельмі важным у некалькіх аспектах», «урывак сведчыць пра тое, што «Слова» не можа быць сярэднявечным славянскім тэкстам». Праз габраізмы «проста немагчыма датаваць тэкст ХІІ ст.», «даказанае ўжыванне архітэктурнага тэрміну часу італьянскага Рэнесансу altana ставіць пад вялікі сумнеў узнікненне тэксту раней за канец XVI ст.», «зыходзячы з этымалогіі уримъ і altana , «Слова» было напісанае пасля «Задоншчыны». Ці можна будаваць нагэтулькі далёкасяжныя высновы, абапіраючыся на два-тры словы? Наўрад ці. Я не маю на мэце сцвердзіць няслушнасць Кінана, а толькі не разумею, якім чынам ён можа пераканаўча давесці сваю рацыю. Што мы насамрэч маем? Пару нестандартных здагадак: першая (altana ) семантычна выглядае прывабна, другая (урим і г. д.) — больш спрэчная. Добра. Гіпотэзы такога кшталту вітаюцца. Але яны — толькі гіпотэзы, ніводная з якіх не падтрымліваецца нічым іншым, апроч асабістага адчування што да іхнай верагоднасці або неверагоднасці. Метадалагічна, калі казаць пра крытэр даказанасці, Кінан не паказвае, чым яго версіі адрозніваюцца ад соцень іншых спробаў патлумачыць незразумелыя месцы «Слова» праз аналогію з сугучнымі словамі іншых моваў. Насамрэч, метадалагічна яны ненашмат лепшыя за спробы візантыйскага гісторыка Льва Дыякана вывесці назву Рось (Русь) ад біблейскай Росі (Рошы), дзе ўладарылі, паводле Кнігі прарока Езекіля, Гог і Магог14. |
12 Параўн., напрыклад, яго простыя цверджанні датычна къмет (с. 178) з тонкасцямі, даследаванымі Кірылам Аляксандравічам Максімовічам у: Моравизмы в древнерусском книжном языке: Ст[аро]сл[авянский] къмет, др[евне]рус[ский] кмет // Russian Linguistics. № 28 (1). 2004. С. 109—123. 13 Успенский сборник ХII—ХIII вв. / Под ред. C. И. Коткова. Москва: Наука, 1971. С. 58.
|
Кінан прадбачыць багата крытыкі на свой адрас і робіць некалькі папераджальных захадаў. З аднаго боку, ён спасылаецца на «прэцэдэнт» — крытыкуе тых, хто ў 60-я гг. ХХ ст. выступіў з абвяржэннем «скептыка» Зіміна, праца якога збольшага засталася ненадрукаванай15. З іншага — ён дае адчуць, што большасць «вернікаў» не можа мець аб’ектыўнага погляду, бо яны не здольныя пазбавіцца ад друзу заімшэлых аблудаў. Калі на карту пастаўлена вельмі шмат, калі вядзецца пра вартасць усёй папярэдняй навуковай кар’еры, толькі адзінкі, на думку Кінана, здольныя, як апостал Павел, навярнуцца ў новую веру. І тут Кінан мае рацыю. Але слушнага закліку праявіць разуменне і адкінуць забабоны недастаткова, каб абвергнуць крытыку.
Раздзьмуваннем высноў са сваёй тэорыі Кінан не дасягае большай пераканаўчасці. Нават калі мы пагодзімся з ягоным бачаннем «Слова», цверджанне, што яно прывядзе да «кардынальнага перагляду амаль усяго, што мы ведаем і выкладаем пра гісторыю культуры ўсходніх славянаў дамаскоўскага часу», проста камічнае. Як навуковец, што вагаецца паміж агнастыцызмам і слабой верай у сапраўднасць «Слова», я ў сваіх навуковых працах і выкладах імкнуўся пазбягаць ацэнак культуры, якія б падмацоўваліся адным «Словам». Нават сярод перакананых «вернікаў» толькі адзінкі наважацца ацэньваць дамаскоўскую культуру выключна на базе «Слова», як тое сцвярджае Кінан. І толькі фанатыкі-фундаменталісты будуць сцвярджаць, што агульнапрынятая версія тэксту, што мы сёння маем, — артэфакт ХІІ ст. Разумны «вернік» і без аргументаў скептыкаў пагодзіцца з тым, што агульнапрынятая версія наўрад ці вельмі блізкая да арыгінала ХІІ ст. І не таму, што, як безапеляцыйна сцвярджае Кінан, «вернікі» вымушаныя прызнаць: перапісчыкі «Слова» былі рэдкаснымі «ёлупнямі». Рэч у іншым. Лёгка прасачыць відавочную тэндэнцыю: рукапісы большасці блізкіх да «Слова» твораў, такіх як «Задоншчына» і «Маленне Данілы Затачэнца», розняцца між сабой у значна большай ступені, чым копіі біблійных тэкстаў. Можна са скепсісам ставіцца да аўтэнтычнасці тэксту , не ставячы пад сумнеў аўтэнтычнасць самога твора. Я папярэдзіў, што збольшага буду займацца дробнымі зачэпкамі, але кнігу Кінана можна аналізаваць і з іншых пазіцый. Аўтар адданы сваёй ідэі, ён абараняе высунутую ім тэорыю з навуковай жарсцю і інтэлектуальнай энергіяй. Шмат у чым праца сапраўды ўражвае. Можна не пагаджацца з агульнымі пастулатамі або асобнымі заўвагамі Кінана, але неабходна прызнаць, што ў працы шмат каштоўнага. Першыя раздзелы цікавыя як бліскучыя ўводзіны ў гісторыю «Слова» і расповед пра асоб, што мелі дачыненне да ягонага існавання на раннім этапе. Амаль парадковы мовазнаўчы каментар — самы поўны на сённяшні дзень на англійскай мове, а заўвагі і ідэі Кінана нярэдка стаюцца карыснымі і даюць штуршок думцы самога чытача. Больш за тое, з майго боку несправядліва падкрэсліваць толькі слабыя месцы доследу. Кінан не можа давесці і не даводзіць сваю слушнасць, але яму і не трэба гэтага рабіць. Ён не абавязаны сцвердзіць бездакорнасць сваёй гіпотэзы — толькі паказаць, што яна больш праўдападобная за ўсе астатнія, што напісанне «Слова» Добраўскім у XVIII ст. больш верагоднае — або менш абсурднае, — чым любым аўтарам ХІІ ст. Яго пераканаўчасць залежыць ад сумарнага эфекту ўсіх яго інтэрпрэтацый тэксту ўзятых разам, а не ад значнасці кожнай з іх паасобку. Думаю, мала хто з навукоўцаў будзе перакананы, што Кінан знайшоў разгадку тайны «Слова». Але ён да гэтага звыклы.
Пераклаў з англійскай Алесь Мартынаў паводле: |
14 Leo the Deacon. Historiae libri decem / Ed. B. Hase. Bonn: Weber, 1828. S. 150; параўн., напрыклад, з Кнігай прарока Езекіля 39:1 («Рос» — грэчаскі варыянт).
15 Для грунтоўнейшай ацэнкі поглядаў навукоўцаў, што гуртаваліся вакол Дзмітрыя Сяргеевіча Ліхачова ў аддзеле старажытнарускай літаратуры Інстытута расійскай літаратуры Акадэміі навук СССР, гл.: Соколова Л. В. Спор о подлинности «Слова о полку Игореве»: История одной неосуществлённой публикации (по письмам из архивов Л. А. Дмитриева и Д. С. Лихачева) // Труды Отдела древнерусской литературы. № 56. 2004. С. 385—422; Сакалова таксама сцвярджае, што поўная версія кнігі Зіміна хутка будзе надрукаваная ў Санкт-Пецярбурзе. Для кароткага агляду апошніх «антыскептычных» аргументаў гл.: Горский А. А. Проблема подлинности «Слова о полку Игореве»: Современное состояние изучения // 200 лет первому изданию «Слова о полку Игореве»: Материалы юбилейных чтений по истории и культуре древней и новой России, 27—29 августа 2000 года. Ярославль—Рыбинск / Под ред. Л. В. Соколова и др. Ярославль: Александр Рутман, 2001.
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 11 (51) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |