A R C H E П а ч а т а к № 11 (51) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


11-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • палеміка • літаратура

 


гісторыя

  ВАЛЯНЦІН ГРЫЦКЕВІЧ

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Валянцін Грыцкевіч
Справа аб замаху Барыса Каверды на Пятра Войкава
Яшчэ адзін міт пра этнічнага беларуса

Не аднойчы аўтар гэтага артыкулу зьвяртаў увагу на неабходнасьць дасканаліць мэтодыку вывучэньня гістарычных крыніцаў і спосабы гістарыяграфічных досьледаў1. На жаль, у нас часта пануе спажывецкі падыход да крыніцаў, калі яны падганяюцца пад канцэпцыі навукоўца. Я ўпэўнены: безь пераходу да іх сур’ёзнага вывучэньня з аналізам і сынтэзам, у адпаведнасьці з распрацаванай за некалькі апошніх стагодзьдзяў мэтодыкай2, вырашальных зьменаў у беларускай гістарычнай навуцы не адбудзецца. Апрацоўка і асэнсаваньне біяграфіі аднаго гістарычнага пэрсанажа — Барыса Каверды, — як мне здаецца, можа быць спробай падобнага досьледу.

* * *

Гэта адбылося восем дзясяткаў гадоў таму. Адзін юнак зь Вільні (звалі яго Барысом Кавердам) вырашыўся на адчайны крок. Зрабіў ён гэта прылюдна — на пэроне галоўнага вакзалу Варшавы 7 траўня 1927 г. маладзён застрэліў паўнамоцнага прадстаўніка3 Савецкага Саюзу ў Польшчы Пятра Лазаравіча Войкава. Замаховец здаўся двум паліцыянтам. Яго зьмясьцілі ў вязьніцу Павяк. Польскі суд пасьпешліва асудзіў Барыса Каверду на пажыцьцёвую катаргу.

Гэтыя падзеі асьвятляліся ў тагачасных газэтах4. (Інцыдэнт вельмі нагадваў забойства іншым юнаком спадкаемцы імпэратарскага пасаду Аўстра-Вугоршчыны эрцгерцага Франца Фэрдынанда на 13 гадоў раней і забойства ў Швайцарыі савецкага дыплямата Вацлава Вароўскага белаэмігрантам Конрадзі ў 1923 г.)

Справаздача суду над Б. Кавердам выдавалася ў Варшаве па-польску5, яе пераклад на расейскую мову зьявіўся ў эмігранцкім друку ў Парыжы6 і ў савецкім — у Маскве і Леніградзе7.

Імя Барыса Каверды неўзабаве перасталі згадваць. Яго хіба можна было сустрэць у біяграфіі П. Войкава ў трох выданьнях «Вялікай савецкай энцыкляпэдыі» і ў дзьвюх брашурах, прысьвечаных гэтай асобе, што выйшлі падчас эфэмэрнай адлігі ў Сымфэропалі і Сьвярдлоўску8.

Барыса Каверду вызвалілі паводле амністыі празь дзесяць гадоў. На схіле свайго веку ён надрукаваў у расейскай эмігранцкай прэсе ўспаміны пра замах, напісаныя амаль з кінадакумэнталістычнай дакладнасьцю9. Зьвесткі з жыцьця Б. Каверды зьявіліся ў эмігранцкім друку ў двух нэкралёгах 1987 г.10 і ў артыкуле 1989 г.11.

У Расеі ўспомнілі пра Б. Каверду крыху пазьней. У 1992 г. маскоўскі часопіс «Родина» надрукаваў частку паказаньняў і выступаў на судовым працэсе (паводле савецкага выданьня 1927 г.) пад характэрным назовам «Мсьціўца»12. У гэтай публікацыі замежныя артыкулы ня згадваюцца.

Для нас цікавае тое, што Барыс Каверда з паходжаньня быў беларус. Часам постаці замахоўцаў надоўга захоўваюцца ў гісторыі. Праўда і тое, што іншых зь іх спэцыяльна асуджаюць на забыцьцё. У кожнай нацыянальнай гістарыяграфіі пра замахоўцаў ствараюцца міты. Не бракавала іх і ў беларускай: можна прыгадаць забойцу цара-вызваліцеля Аляксандра ІІ Ігната Грынявіцкага або чальца Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) Сяргея Прытыцкага. Зьдзейсьненае ім забойства сьведкі на судзе ў 1936 г. праславіла на ўвесь Савецкі Саюз кінастужка Беларусьфільму «Чырвонае лісьце». Пасьля прыходу Чырвонай Арміі на заходнебеларускія землі С. Прытыцкі спатрэбіўся савецкаму рэжыму, каб цэнтар мог дэманстраваць уяўную прыхільнасьць да рэштак КПЗБ, што цудам ацалелі падчас вялікага тэрору 30-х гг. ХХ ст. Прытыцкага ўлучылі ў савецкую ўладную сыстэму.

Не дачакаўся на такую кар’еру іншы актывіст КПЗБ Сяргей Клінцэвіч, які з дапамогай Андрэя Капуцкага — таксама чальца КПЗБ — раней за С. Прытыцкага ўчыніў падобнае. Яшчэ ў 1928 г. ён забіў дзеяча КПЗБ Міхала Гурына-Маразоўскага. С. Клінцэвіча і А. Капуцкага расстралялі ў 1937 г. органы НКВД, як дзеячаў Камуністычнай партыі Польшчы (КПЗБ была яе філіяй), абвешчанай Сталіным «партыяй здраднікаў».

Цікава, што аніводзін з гэтых тэрарыстаў ня помсьціў сваім ахвярам за крыўду ў дачыненьні да беларускай нацыі. У нашым нацыянальным друку роля падобнага мсьціўцы апошнім часам пачала адводзіцца Барысу Каверду. Ніна Стужынская ў сваёй кнізе «Беларусь мяцежная» выказвае меркаваньне, што «беларуская справа была сямейнай справаю Кавердаў»13. Ейную думку падзяляе Ірына Кашталян14. Відаць, з гэтай вэрсіі ўчынку Б. Каверды зыходзіць аўтар ананімнай нататкі ў газэце «Наша свабода» ў рубрыцы «Нагода ўспомніць»15:

1927. Віленскі беларус 17-гадовы гімназіст Барыс Каверда на варшаўскім вакзале забіў паўнамоцнага прадстаўніка СССР Пінхуса Вайкова (так у тэксьце. — В. Г. ) (Вайнера). За гэта Каверда быў асуджаны польскімі ўладамі на 15 гадоў зьняволеньня, але праз чатыры гады ў камэры скончыў жыцьцё самагубствам.

У тэксьце некалькі памылак. Першае: Н. Стужынская называе П. Войкава «Навумам Вейкіным»16, а ня «Пінхусам Вайнерам». Другое: Б. Каверду асудзілі не на 15-гадовае зьняволеньне, а на пажыцьцёвае. Трэцяе: Б. Каверда не загінуў у турме — яго выратавалі17.

У тым жа 2002 г. А. Татарэнка ў газэце «Народная Воля» напісаў, што «Пётар Войкаў, сапраўднае імя якога было Навум Вейкін, (…) свой бясслаўны канец (…) знайшоў ад кулі, пасланай рукою 19-гадовага беларускага хлопца. На жаль, вядома пра яго так мала, што ягоная асоба ўсё яшчэ застаецца для нас таямніцай, прыгожай легендай. Хто ж ён, гэты вядомы і ў той жа час невядомы герой?»18.

Далей А.Татарэнка крочыць за вэрсіяй біяграфіі Б. Каверды, выкладзенай Н. Стужынскай. Дасьледчыца ў заўвагах да разьдзелу пра жыцьцё Б. Каверды з 1907 па 1931 г. (год спробы ягонага самагубства) у кнізе «Беларусь мяцежная» спасылаецца на асноўную крыніцу, якой яна карысталася. Гэта згаданы намі вышэй пераклад на расейскую мову кнігі з матэрыяламі сьледзтва і суду над Б. Кавердам, зроблены Сяргеем Вайцяхоўскім і выдадзены ў Парыжы варшаўскім журналістам. Н. Стужынская выкарыстала таксама некаторыя расейскія эмігранцкія газэты.

Аднак дасьледчыца не ўлічыла, што судовая справа як крыніца мае спэцыфічны характар. Судовы працэс у сваёй сутнасьці спаборны. Бакі, якія прымаюць у ім удзел, абавязкова нешта недагаворваюць, нешта хаваюць. Таму паказаньні патрабуюць крытычнага стаўленьня з боку гісторыкаў.

Зьдзіўляе, што Н. Стужынская абмінула ўвагай успаміны Б. Каверды — бадай, самую значную крыніцу па тэме. А іх аўтар тлумачыць складаньне сваіх мэмуараў наступным чынам:

Вакол гэтай тэмы (замаху на П. Войкава. — В. Г. ) узьнік шэраг легендаў і загадак, якія ў большасьці выпадкаў не адпавядаюць рэчаіснасьці або давалі няпоўны ці аднабаковы вобраз таго, што адбылося. Апрача таго лічу, што ня трэба замоўчваць удзелу ў справе іншых асобаў19.

  доктар культуралёгіі, радны Беларускай Народнай Рэспублікі на выгнаньні, ганаровы чалец Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», ганаровы чалец Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сябра Беларускага ПЭН-цэнтру.

1 Гл.: Грыцкевіч В. Якой быць беларускай гістарычнай навуцы. Полымя. 1992. № 5. С. 202—228; Грыцкевіч В. Гісторыя і міфы. — Мінск: БелФранс, 2000. — 205 с.

2 Гл.: Грицкевич В. П., Каун С. В., Ходин С. Н. Теория и методика источниковедения. Минск: БГУ, 2000. Асабліва с. 61—70.

3 Савецкі адпаведнік дыпляматычнага рангу пасла з 1918 па 1941 г.

4 Гл., у прыватнасьці, газэту «Kurjer warszawski» (№№155—163 за 8—16 чэрвеня 1927 г.), мікрафільм якой захаваўся ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы ў Варшаве.

5 Sprawa Borysa Kowerdy. Zabójstwo posła Z.S.S.R. Piotra Wojkowa. — Warszawa: Skład Główny w Księgarni F. Hoesicke, 1927. — 84 s. — (Polski Związek prawników kresowych).

6 Убийство Войкова / Пер. с польск. и дополн. W. (С. Войцеховский). — Париж: Возрождение, [б. г. Дата издания 1927 г.]. — 118 с.

7 Убийца товарища Войкова перед польским судом / Пер. с польск. по стенографическому отчету судебного процесса Н. Седельникова. — Москва, Ленинград: Госиздат, 1927. — 116 с.

8 Губенко Г. Н. Петр Лазаревич Войков. Краткий биографический очерк. — Симферополь: Крымиздат, 1959. — 48 с.; Захаров С. А. Комиссар-дипломат (Петр Лазаревич Войков). — [Свердловск]: Свердловское книжное издательство, 1962. — 71 с.

9 Коверда Б. С. Покушение на полпреда Войкова 7 июня 1927 года. Свидетельское показание // Русская мысль. № 3505. Париж, 1984. 23 февраля. С. 9; [Тамсама.] № 3506. 1984. 1 марта. С. 9. Перадрук: Коверда Б. Покушение на полпреда Войкова // Часовой. № 647 (1). Брюссель, 1984. С. 11—18. Далейшае цытаваньне ў тэксьце падаецца паводле гэтага перадруку.

10 Орехов В. Б. С. Коверда // Часовой. № 665 (3). 1987. Апрель. С. 30; Самарин В. Звёздный час. (Памяти Б. С. Коверды) // Вече. Т. 25. Мюнхен, 1987. С. 175—179.

11 Боголюбов А. Борис Коверда. Выстрел на Варшавском вокзале // Вече. Т. 34. 1989. С. 174—199. Усе тры аўтары (нэкралёгаў і біяграфічнага нарысу), мяркуючы паводле тэкстаў іхных працаў, добра ведалі Б. Каверду.

12 Мститель // Родина. 1992. № 4. С. 15—18.

13 Стужынская Н. І. Беларусь мяцежная. З гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву. 20-я гады ХХ стагоддзя. Вільня: Беларуская жаночая ліга, 2000. С. 134.

14 Кашталян І. Тэрарыст ці герой? Па матэрыялах сп. Н. Стужынскай // Студэнцкая думка. 1999. № 5. С. 27—29.

15 Нагода ўспомніць // Наша свабода. № 51. 2002. 7 чэрвеня.

16 Стужынская Н. І. Беларусь мяцежная… С. 128.

17 Тамсама. С. 136.

18 Татаренко А. Выстрел в палача // Народная Воля. 2002. № 130. 5 ліпеня.

   

Дакладнасьць дэталяў: падрыхтоўка да замаху, нават колер вопраткі ахвяры і зьнешні выгляд сьведкаў падзеяў, рэплікі паліцыянтаў і сьледчых пасьля замаху і інш. — сьведчыць ня толькі пра добрую памяць Б. Каверды, але і пра тое, што пры складаньні тэксту ўспамінаў ён карыстаўся дадатковымі крыніцамі (не ў апошнюю чаргу газэтнымі публікацыямі).

Перафразуючы словы Юр’я Тынянава, адзначу, што там, дзе спыняе пошук адзін навукоўца, пачынаюць іншыя. Мяне, як дасьледчыка мэтодыкі гістарычнага пошуку і аналізу крыніцаў, а таксама тэмы «Гісторыя і міты», крыху зьдзівіла, што ў згаданых беларускіх публікацыях лёс Б. Каверды прасочаны толькі да 1931 г.20.

  19 Коверда Б. Покушение на полпреда Войкова… С. 13.

   
У нашае поле зроку названыя вышэй крыніцы трапілі яшчэ ў сярэдзіне 90-х гг. ХХ ст. падчас суцэльнага агляду расейскага эмігранцкага друку ў пошуках зьвестак пра Беларусь і выхадцаў зь Беларусі. Па сутнасьці, гэта самы традыцыйны для мэтодыкі пошуку крыніцаў і дасьледаваньняў шлях уліку ўсіх матэрыялаў па тэме. І ім ня проста можа, але, з майго пункту гледжаньня, абавязкова павінен ісьці кожны гісторык21.

Праз пэўны час пры чарговым франтальным аглядзе літаратуры знайшлася яшчэ адна (мо і ня надта значная) крыніца, што выйшла з-пад пяра Б. Каверды: ягоны ліст ад 18 ліпеня 1927 г. з варшаўскай турмы расейскаму пісьменьніку А. Амфітэатраву (той у свой час эміграваў у Варшаву)22. Улетку 2005 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы ў Варшаве я азнаёміўся з арыгіналам, а не перакладам выданьня тэксту судовай справы Б. Каверды і мікрафільмам газэты «Kurjer Warszawski» за чэрвень 1927 г. са зьвесткамі пра ход гэтай справы23.

Усё гэта дало магчымасьць супаставіць польскамоўны тэкст судовай справы з расейскім перакладам С. Вайцяхоўскага, на які спасылалася Н. Стужынская, і з расейскім перакладам Н. Сядзельнікава, надрукаваным у СССР, але абмінутым увагай дасьледчыцы (як і польскі арыгінал). Выявілася, што тэксты польскага і двух расейскіх выданьняў адрозьніваюцца, у іх сустракаюцца дадаткі перакладчыкаў, якія часам адступаюць ад арыгіналу.

З нэкралёгу ў памяць Б. Каверды я даведаўся, што прозьвішча ягонай дачкі, Натальлі Барысаўны, па мужу — Мантавілава. Прозьвішча даволі рэдкае. Маю ў Німе (дэпартамэнт Гар, Францыя) старога знаёмага прафэсара-эмэрыта мясцовага ўнівэрсытэту Міхаіла Віктаравіча Мантавілава. Міхаіл Віктаравіч ласкава пераслаў мне электронны адрас сваёй нявесткі Натальлі Барысаўны Мантавілавай, якая жыве ў Фолз-Чэрч, штат Вірджынія, ЗША. Яна пацьвердзіла вядомыя мне біяграфічныя зьвесткі пра свайго бацьку. Паводле ейнага сьведчаньня, той быў «вельмі сьціплым чалавекам», амаль ніколі не размаўляў з дачкою пра сваё мінулае і «не любіў, каб яго распытвалі пра гэта»24.

  20 Згодна з Н. Стужынскай (Беларусь мяцежная… С. 136), «апошнія зьвесткі пра беларускага тэрарыста далі эўрапейскія газэты ў жніўні 1931 г., спасылаючыся на сьведчаньне дэпутата сойму Станіслава Мацкевіча». Пра С. Мацкевіча падрабязьней гл.: Грыцкевіч В. П. Гісторыя і міфы… С. 159.

21 Гл.: Грицкевич В. П., Каун С. В., Ходин С. Н. Теория и история источниковедения. Минск: БГУ, 2000. С. 78—79.

22 Амфитеатров и русские в Польше (1922—1932) / Публ. Д. И. Зубарева // Минувшее. Т. 22. Санкт-Петербург: Atheneum—Феникс, 1997. С. 464—465.

23 Kurjer warszawski. 1927. №№ 155—163. 8—16 czerwca; Sprawa Borysa Kowerdy. Zabójstwo posła Z.S.S.R. Piotra Wojkowa…

   
Толькі тады я даведаўся пра Б. Каверду і пра ягонае не такое ўжо і простае стаўленьне да беларускасьці трохі больш за сваіх папярэднікаў па тэме. Таму і вырашыў перадаць свае меркаваньні на прысуд чытача.

Зьвернемся да фактаў зь біяграфіі Барыса Каверды.

12 жніўня 1907 г. у сялянскай сям’і Сапрона і Ганны Кавердаў нарадзіўся сын Барыс25.

  24 Электронны ліст Н. Б. Мантавілавай да аўтара артыкулу ад 22 ліпеня 2005 г.

   
У Вільні Сапрон Каверда ўваходзіў у расейскую партыю эсэраў, удзельнічаў у нелегальнай працы. Падчас Першай сусьветнай вайны ён ваяваў на германскім фронце. Пасьля рэвалюцыі Сапрон Каверда служыў у Чырвонай Арміі камандзірам. Потым перайшоў савецка-польскую мяжу і пасяліўся асобна ад жонкі і дзяцей на Падляшшы.

Маці Барыса Ганна Каверда разам з трыма дзецьмі ў 1915 г. эвакуавалася спачатку ў Тамбоў, а потым у пасёлак Зубчанінава пад Самарай. У гэты горад на заняткі ў рэальнае вучылішча за сямнаццаць вёрстаў езьдзіў цягніком Барыс Каверда. Падлетак стаўся сьведкам жахлівых падзеяў: гвалту і забойстваў з боку чырвоных падчас рэвалюцыі і грамадзянскай вайны.

У 1921 г. Ганна Каверда зь дзецьмі вярнулася ў Вільню. Там яна ўзначаліла беларускі прытулак для дзяцей-сіротаў. Барыс Каверда, як і ягоныя дзьве сястры, спачатку навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Паводле ягоных сьведчаньняў, юнак адчуваў сябе там дрэнна і паказваў на судзе, што «вучні, зь якімі я навучаўся, былі камуністамі, і калі падчас працэсу вучняў, зь якімі я навучаўся, я даў неспрыяльныя для іх паказаньні, мяне пачалі цкаваць». Зь беларускай гімназіі Барысу Каверду давялося перайсьці ў гімназію Віленскага расейскага таварыства, але беднасьць не дазваляла плаціць за навучаньне, ён прапускаў заняткі, за што і быў выключаны.

Бацька не дапамагаў сям’і. Барыс Каверда пачаў працаваць экспэдытарам беларускай газэты «Наша думка». Маладзён палічыў, што яна «была кірунку не зусім камуністычнага, але блізкага да камуністаў». На судзе ён сьведчыў: «Нешта мне падказвала, што гэта праца на чырвонцы, атрыманыя ад продажу царкоўных рэчаў»26.

  25 Усе аўтары, якія пішуць пра паходжаньне Б. Каверды, адзначаюць, што ён нарадзіўся ў Віленскай губэрні, а Н. Стужынская дадае, што яго хрысьцілі ў праваслаўнай царкве ў Індуры. Гэта 25 км на поўдзень ад Горадні, у пэўным аддаленьні ад мяжы Віленскай губэрні.

   
Юнак перайшоў у рэдакцыю газэты антыкамуністычнай арыентацыі «Грамадзкі голас» на пасаду экспэдытара, а фактычна карэктара. У студзені-лютым 1926 г. выдавец, лекар Арсень Паўлюкевіч, перайменаваў сваё выданьне ў «Беларускае слова».

А. Паўлюкевіч нарадзіўся ў Слуцкім павеце, працаваў у Слуцку, у лістападзе 1920 г. узначаліў Белнацкам Случчыны. На зьезьдзе Случчыны ў тым жа месяцы ён беспасьпяхова спрабаваў узначаліць Беларускую раду Случчыны, падчас збройнага чыну загадваў шпіталем для яго ўдзельнікаў.

Як прадстаўнік рады, А. Паўлюкевіч браў удзел у Праскай агульнанацыянальнай палітычнай канфэрэнцыі ў верасьні 1921 г. Ён выступаў з прапольскіх пазыцыяў, апанэнтам левых і цэнтрысцкіх беларускіх арганізацыяў27.

  26 Sprawa Borysa Kowerdy. Zabójstwo posła Z.S.S.R. Piotra Wojkowa… S. 27; Убийство Войкова… С. 29.

   
Паводле сьведчаньня Б. Каверды, А. Паўлюкевіч быў рашучым «антыкамуністам». Ён паўплываў на фармаваньне поглядаў юнака. Пазьней Б. Каверда прыгадваў, што іх зьвязвалі не адно службовыя, але і сяброўскія стасункі28.

Адначасова ў Б. Каверды «ўзьніклі сувязі і знаёмствы з прадстаўнікамі расейскіх антыбальшавіцкіх колаў у Вільні». «У прыватнасьці, — успамінаў ён, — у мяне наладзіліся сяброўскія дачыненьні зь есаулам Міхаілам Ільлічом Якаўлевым, які пражываў на той час у Вільні, а падчас грамадзянскай вайны быў камандзірам так званага «Валчанскага атраду» — на мяжы Ўкраіны і Расеі, ён дзейнічаў падчас польска-савецкай вайны на польскім баку (1920) як начальнік штабу падразьдзяленьня С. Булак-Балаховіча. М. І. Якаўлеў выдаваў у Вільні штотыднёвую газэту «Новая Россия»29.

Якімі ж былі ідэйныя матывы замаху Б. Каверды на П. Войкава? Пэўныя расейскія эмігранцкія пэрыядычныя выданьні ў чэрвені 1926 г. называлі яго «манархістам». У савецкіх выданьнях ён быў «белагвардзейцам» і «манархістам».

Белагвардзейцам Б. Каверда быць ня мог, таму што падчас грамадзянскай вайны яму было 10—13 гадоў. Адпадае і другая вэрсія савецкага друку. На судовым працэсе абвінавачаны паказаў: «Частка пэрыёдыкаў называе мяне манархістам. Я не манархіст. (…) Я дэмакрат»30. Як нам здаецца, мае рацыю Д. Зубараў, прыводзячы тэкст ліста Б. Каверды да А. Амфітэатрава ад 19 ліпеня 1927 г. са сьледчага ізалятару Павяк: «Аўтограф ліста, які публікуецца тут, напісаны новай, гэта значыць савецкай артаграфіяй — рэч для манархіста немагчымая: супраць бальшавіцкага правапісу ўвесь манархічны друк вёў бязьлітасную вайну»31. (Між іншым, пераклад С. Вайцяхоўскім судовай справы Б. Каверды выйшаў у Парыжы ў 1927 г. менавіта старой артаграфіяй.)

Трэцюю вэрсію матываў учынку Б. Каверды выклала Н. Стужынская: «Як засьведчыла пані Ганна (Каверда. — В. Г. ) на судзе: «Мы былі рускімі паводле культуры. Але Беларусь ніколі часткай Расеі намі не лічылася»32. Гэта няпоўная і не зусім дакладная цытата. Насамрэч Г. Каверда казала трохі інакш: «Дома мы размаўлялі толькі па-расейску. Мы лічым сябе рускімі паводле культуры. Беларусь я Расеяй не лічу»33. У кнізе «Беларусь мяцежная» Н. Стужынская цытуе паказаньні Сапрона Каверды: «Я беларус, жонка мая таксама. Дома мы размаўлялі па-беларуску, па-руску, па-польску». Н. Стужынская прыводзіць зьвесткі, што дзейнасьць Сапрона Каверды цікавіла «савецкія спэцслужбы (…), паколькі Каверда-старэйшы ў 1924—1925 гадах актыўна займаўся вэрбоўкай баевікоў-добраахвотнікаў у «Зялёны дуб». На гэтай падставе гісторык робіць выснову пра тое, што «беларуская справа была сямейнай справай Кавердаў»34.

Гэтае цьверджаньне выклікае ў мяне сумнеў. Апроч вэрбоўкі ў «Зялёны дуб», зьвестак пра дзейнасьць Каверды-старэйшага Н. Стужынская не прыводзіць. А ўвогуле, ці існавала супольная «сямейная справа» ў старэйшых Кавердаў, калі яны жылі паасобку? Калі бацька кінуў сям’ю, а Барыс мусіў працаваць, каб яе ўтрымліваць? Ці мог ён прыхільна ставіцца да бацькавай дзейнасьці?

Н. Стужынская абмінае выказваньне А. Паўлюкевіча пра Барыса Каверду:

Погляды яго былі неакрэсьленыя. Да каго трэба залічыць [Б.] Каверду ў нацыянальным сэнсе, да беларусаў ці да расейцаў — ня ведаю. Мы яго называлі Барысом і пра нацыянальнасьць не пыталі. У мінулым годзе зь ім адбыўся некаторы пералом. Барыс казаў, што ён ня верыць у посьпех Беларусі і хутчэй схіляецца да нашага (антысавецкага. — В. Г. ) кірунку. Я не магу сказаць, кім ён сябе лічыў — расейцам ці беларусам. (…) Нацыянальная самасьвядомасьць у Каверды не акрэсьлілася35.

Сам Барыс Каверда быў рашуча настроены супраць Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Ён сьведчыў на судзе, што шэсьць месяцаў таму чытаў пра тэрор у дачыненьні людзей, якія выступалі супраць Беларускай грамады36.

Ці ня лепш зазірнуць у паказаньні Б. Каверды на судзе? А ён там казаў:

Забіваючы Войкава, я хацеў помсьціць за мільёны, аказаць паслугу бацькаўшчыне. (…) Я ж жадаю, каб у Расеі быў калі-небудзь урад, толькі не бальшавіцкі, не камуністычны, ня банда разбойнікаў, якая зьнішчыла мільёны рускага народу37.

Дзе ж тут клопат пра Беларусь і беларускі народ, які ўбачыла Н. Стужынская? У судовай справе Барыса Каверды, на нашую думку, дастаткова поўна выкладзеныя ягоныя палітычныя і этнічныя погляды напярэдадні замаху на П. Войкава. Там выразна падкрэсьліваецца ягоная прарасейская і зусім не беларуская антысавецкая арыентацыя. Дзіўна, што Н. Стужынская пакідае гэта па-за ўвагаю і абвінавачвае расейскую белую эміграцыю «ў тым, што тая прыклала шмат намаганьняў, каб зрабіць з малодшага Каверды сапраўднага патрыёта Расеі»38. Сам Б. Каверда фактычна выявіў рысы такога патрыёта, калі ўлічваць ягоныя ўласныя паказаньні на працэсе, а не замоўчваць іх.

У сваіх успамінах 1984 г. Барыс Каверда падкрэсьлівае, што шэсьцьдзесят гадоў таму «расейская белая эміграцыя яшчэ разьлічвала на магчымасьць узнаўленьня збройнай барацьбы з камуністычнаю ўладаю ў Расеі. У асяродзьдзі непрымірымай да бальшавізму часткі эміграцыі ўзьнікалі розныя праекты працягу барацьбы. Існавала ўпэўненасьць у мэтазгоднасьці антыбальшавіцкай тэрарыстычнай дзейнасьці, каб узнавіць барацьбу ў самой Расеі». Мэмуарыст адзначыў, што ягоныя гутаркі на гэтую тэму з А. Паўлюкевічам і М. Якаўлевым, магчыма, ня мелі б фатальных для яго наступстваў, калі б на пасаду савецкага паўнамоцнага прадстаўніка ў Польшчы ня быў прызначаны Пятро Войкаў, «вядомы бальшавік, які праехаў у свой час празь Нямеччыну ў «заплямбаваным вагоне» разам зь Леніным і роля якога ў забойстве царскай сям’і і наступным зьнішчэньні целаў забітых была вядомая»39.

Тут Барыс Каверда не пазьбегнуў некаторых памылак. Па-першае, Пятро Войкаў уступіў у бальшавіцкую партыю толькі ў жніўні 1918 г.40. Па-другое, увесну 1917 г. германскія ўлады прапусьцілі праз тэрыторыю Нямеччыны ў Расею не адзін цягнік з вагонам, поўным рэвалюцыйных эмігрантаў на чале з У. Леніным, а два. П. Войкаў ехаў у вагоне з эмігрантамі, прычэпленым не да першага, а да другога цягніка, каб даставіць у Расею, як пазьней зьдзекаваліся ворагі бальшавікоў, «дэсант Гіндэнбурга» (нямецкага галоўнакамандуючага). Я праверыў сьпіс асабістага складу пасажыраў абодвух цягнікоў, надрукаваны вядомым неафіцыйным «контраразьведчкам» рэвалюцыйнай эміграцыі В. Бурцавым41. Ён зьмяшчае імёны і прозьвішчы эмігрантаў згодна з афіцыйнымі дакумэнтамі, але ня іхныя псэўданімы (падобна прадстаўнікам крымінальнага сьвету, яны звычайна мелі некалькі мянушак)42.

Прагляд сьпісаў абвяргае думку і Н. Стужынскай, што нібыта «Войкаў» — гэта псэўданім Навума Вейкіна, аўтара нататкі пра Б. Каверду ў «Нашай свабодзе» і А. Татарэнкі датычна сапраўднага імя П. Войкава. Аніякіх «Навумаў Вейкіных» або «Пінхусаў Вайнераў» у сьпісах няма. Ёсьць толькі Пятро Войкаў, хоць побач поўна габрэйскіх імёнаў і прозьвішчаў43.

Ва ўспамінах Барыс Каверда нагадаў, што думка пра замах на адыёзную фігуру новага дыплямата СССР гучала ў ягоных размовах з А. Паўлюкевічам і М. Якаўлевым усё часьцей, і на пачатку 1927 г. юнак выказаў жаданьне зьдзейсьніць гэты ўчынак. Б. Каверда атрымаў ад першага дзьвесьце злотых на праезд і пражываньне ў Варшаве, а ад другога — стары маўзэр з патронамі. Есаул навучыў Б. Каверду страляць.

22 траўня 1927 г. Б. Каверда паехаў у Варшаву. Там ён адзін высочваў П. Войкава. На трэці дзень па прыезьдзе Б. Каверда зьявіўся ў консульства прасіць візу на праезд у СССР, нібыта каб вучыцца там, і нечакана для яго ў прыёмнай консульства зьявіўся П. Войкаў, вядомы Б. Каверду з фатагарафіі ў друку. Але той быў у прыёмнай занадта мала, каб юнак мог выканаць свой намер.

Грошы ў маладога віленчука канчаліся. Ён ужо думаў вярнуцца дадому, але ў адной з газэтаў прачытаў, што «пасол Войкаў ад’яжджае ў Маскву». Потым высьветлілася, што інфармацыя была няслушная.

Б. Каверда стаў прыходзіць на пэрон вакзалу ў чаканьні адыходу цягніка на Маскву а 9.55 зранку. Так прайшлі тры дні.

7 чэрвеня маладзён вырашыў апошні раз прыйсьці на пэрон Варшаўскага вакзалу. Б. Каверда зьбіраўся ўжо вярнуцца ў Вільню, калі не сустрэне паўнамоцнага прадстаўніка СССР. Зусім нечакана за пяцьдзясят хвілінаў да адыходу цягніка Барыс Каверда ўбачыў савецкага дыплямата, які чамусьці ішоў не да цягніка, а наадварот, з пэрону ў памяшканьне вакзалу. Ён быў у кацялку і зялёным вясновым паліто. Даволі хутка П. Войкаў разам са сваім спадарожнікам, зь якім ён ішоў і ад цягніка ў вакзал, вярнуліся на пэрон.

Пазьней Б. Каверда даведаўся, што П. Войкаў не зьбіраўся ў Маскву, а прыйшоў на вакзал сустрэцца з гандлёвым прадстаўніком СССР у Брытаніі Аркадзем Разэнгольцам — брытанскія ўлады выслалі яго з краіны, і ён вяртаўся ў Маскву. Менавіта на гэтую сустрэчу і прыехаў у нядобры для сябе час Пятро Войкаў.

Б. Каверда ўспамінаў: «Такім чынам, мая сустрэча з Войкавым на варшаўскім вакзале, хоць я яе і шукаў, была цалкам выпадковасьцю. Быў тут нейкі фатум. Калі б Разэнгольц праяжджаў праз Варшаву нават днём пазьней, то замаху не было б. Грошы ў мяне (…) скончыліся. Каб набыць пэронны білет, я патраціў апошнія дваццаць грошай, якія меў»44.

Б. Каверда пайшоў насустрач П. Войкаву і пачаў страляць у яго. Дыплямат кінуўся ўцякаць, а замаховец пабег усьлед і выпусьціў у таго шэсьць куль. У ахвяру трапілі дзьве. П. Войкаў пачаў адстрэльвацца. Паліцыянты, якія дзяжурылі на пэроне, падбеглі да Б. Каверды і схапілі яго. П. Войкаў упаў на пэрон. Адзін з паліцэйскіх запытаўся ў Б. Каверды, у каго той страляў. Пачуўшы, што той страляў у савецкага пасла, адгукнуўся: «Шкада, што ня ў Троцкага»45.

Сьмяротна параненага П. Войкава адвезьлі ў шпіталь, дзе той памёр. Замахоўцу накіравалі ў вязеньне Павяк.

Стрэлы на вакзале мелі вялікі розгалас. Прэм’ер-міністар Польшчы Ю. Пілсудзкі паклікаў да сябе віцэ-прэм’ера Бартэля46. На самым высокім узроўні было вырашана не абвастраць польска-савецкіх стасункаў, досыць напружаных і пасьля заключэньня Рыскай дамовы 1921 г. Таму ўзьнікла неабходнасьць судзіць Б. Каверду паскораным надзвычайным судом.

Ані польскі, ані савецкі ўрады не былі зацікаўленыя ў розгаласе забойства П. Войкава. Першаму не хацелася псаваць дачыненьняў з моцным усходнім суседам. У другога хапала дыпляматычных непрыемнасьцяў у Кітаі і ў Вялікабрытаніі. (Менавіта з высланым зь Лёндану савецкім дыпляматам А. Разэнгольцам і піў апошні раз у сваім жыцьці кубак кавы П. Войкаў у вакзальным буфэце.)

Ва ўспамінах Б. Каверда ахарактарызаваў сваю судовую справу наступным чынам:

Паскарэньне ў разглядзе маёй справы адбылося ў выніку патаемнага пагадненьня польскага і савецкага ўрадаў. І Масква, і Варшава пашырэньне справы не лічылі карысным. Абодва ўрады жадалі найхутчэйшага вычарпаньня гэтага інцыдэнту. Таму працэс аказаўся пакамечаны… шматілкія пытаньні ўвогуле абмінулі. Гэта тычыцца і афіцыйнага пратаколу судовага паседжаньня. У газэтных справаздачах аб працэсе можна знайсьці значна больш за тое, што мелася ў запісе судовага сакратара47.

  27 Пра А. Паўлюкевіча падрабязьней гл.: Грицкевич А. П. Борьба с контрреволюцией в Белоруссии в последний период гражданской войны // Acta Baltico-Slavica. T. 9. Wrocіaw—Warszawa—Krakуw, 1976. S. 247, 251, 252, 263; Слуцкі збройны чын у дакументах і ўспамінах. Мінск: Энцыклапедыкс, 2001. С. 35, 36, 180, 183, 201—203, 221, 227, 228, 301, 317, 318; Ляхоўскі У., Чарнякевіч А. Паўлюкевіч А. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 2. Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2003. С. 422.

28 Коверда Б. Покушение на полпреда Войкова… С. 13.

29 Sprawa Borysa Kowerdy. Zabójstwo posła Z.S.S.R. Piotra Wojkowa… S. 30; Коверда Б. Покушение на полпреда Войкова… С. 13.

30 Убийство Войкова… С. 51; Мститель… С. 16.

31 Амфитеатров и русские в Польше… С. 395.

32 Убийство Войкова… С. 29.

33 Sprawa Borysa Kowerdy. Zabójstwo posła Z.S.S.R. Piotra Wojkowa… S. 11; Убийство Войкова… С. 29.

34 Стужынская Н. Беларусь мяцежная… С. 134.

35 Sprawa Borysa Kowerdy. Zabójstwo posła Z.S.S.R. Piotra Wojkowa… S. 23; Убийство Войкова… С. 42; Убийца товарища Войкова перед польским судом… С. 37.

36 Sprawa Borysa Kowerdy. Zabójstwo posła Z.S.S.R. Piotra Wojkowa… S. 27—30; Убийство Войкова… С. 45; Убийца товарища Войкова перед польским судом… С. 48.

37 Sprawa Borysa Kowerdy. Zabójstwo posła Z.S.S.R. Piotra Wojkowa… S. 29.

38 Стужынская Н. Беларусь мяцежная… С. 134.

39 Коверда Б. Покушение на полпреда Войкова… С. 13.

40 Стужынская Н. Беларусь мяцежная… С. 129.

41 [Бурцев В. Л.] Наше несчастие и наш позор (1917). [Перадрук]. // Вече. 1982. № 6. С. 114.

42 Пра асаблівасьці афіцыйных дакумэнтаў рэвалюцыянэраў гл. падрабязьней: Грицкевич В. П., Каун С. Б., Ходин С. Н. Теория и история источниковедения… С. 173.

43 Стужынская Н. (Беларусь мяцежная… С. 128) называе «сапраўднае» імя П. Войкава — Навум Вейкін. «Пінхусам Вайнерам» назваў Войкава і Аляксей Багалюбаў (Боголюбов А. Борис Коверда. Выстрел на Варшавском вокзале… С. 194). У апалягетычных савецкіх біяграфіях Пятра Войкава (Губенко Г. Н. Петр Лазаревич Войков. Краткий биографический очерк…; Захаров С. А. Комиссар-дипломат (Петр Лазаревич Войков)…) аб ягоным габрэйскім паходжаньні нічога няма. Рэзка адмоўную характарыстыку П. Войкаву даў у сваіх успамінах савецкі дыплямат Г. Бесядоўскі, які служыў разам з Войкавым у Варшаве, а потым у Парыжы ўцёк з савецкага пасольства і застаўся на Захадзе. Ён сьведчыць, што пра бацьку П. Войкава сярод дыпляматычнага пэрсаналу пасольства ў Варшаве хадзілі чуткі, нібыта той быў у свой час чальцом Саюзу рускага народу (Беседовский Г. З. На путях к термидору. Москва: Современник, 1997. С. 104—137). Як перабежчык, Г. Бесядоўскі ганіў усё савецкае, таму поўнай веры ягоным сьведчаньням даваць няможна. Цікава тое, што і Барыса Сафронавіча Каверду «Kurjer warszawski» спачатку таксама залічыў да прадстаўнікоў этнасу «носьбітаў іманэнтнага зла», назваўшы яго «Барысам Эфраімавічам Кавердам» (Po zamordowaniu posła sowieckiego w Warszawie // Kurjer warszawski. Wydanie poranne. 1927. № 155. 8 czerwca).

44 Коверда Б. Покушение на полпреда Войкова… С. 16.

45 Тамсама. С. 16.

46 Kurjer warszawski. 1927. № 155. 8 czerwca. S. 5.

   

На працэсе прысутнічала сто дваццаць журналістаў, расейскія эмігранцкія газэты паведамлялі падрабязнасьці знаходжаньня абвінавачанага ў зьняволеньні, ён атрымліваў шмат віншавальных лістоў і тэлеграмаў ад расейскіх эмігрантаў з розных краінаў, у тым ліку з Кітаю.

Працэс над Б. Кавердам пачаўся 15 чэрвеня 1927 г. Польскі суд не пайшоў шляхам швайцарскага, які апраўдаў забойцаў іншага савецкага дыплямата Вацлава Вароўскага ў 1923 г. Канрадзі і Палуніна. Барыса Каверду прыгаварылі да пажыцьцёвай катаргі.

Тым ня менш, правая расейская эміграцыя была задаволеная ходам працэсу. Падсудны трымаўся акрэсьленай лініі, вінаватым сябе не прызнаў, рэальных натхняльнікаў замаху А. Паўлюкевіча і М. Якаўлева ня выдаў і ўзяў на сябе ўсю адказнасьць за замах.

Ці была справа Барыса Каверды карыснай для польскага ўраду? «Kurjer Warszawski» з задавальненьнем адзначаў: «Пра тое, што забойства пасла Войкава не было вынікам змовы, польская публічная думка даведалася з пачуцьцём значнай палёгкі. (…) Ва ўсялякім выпадку, было ясна, што польская дзяржава аніякіх змоваў у сябе цярпець ня можа»48. (Насамрэч гэта не адпавядала рэчаіснасьці: змова існавала, але яе суд не раскрыў.)

  47 Коверда Б. Покушение на полпреда Войкова… С. 18.

   
Б. Каверда ўспамінаў, што ў вакзальным паліцэйскім пастарунку адзін з тых, хто вёў першасны допыт, «пачаў крычаць на мяне, пытаючыся, навошта я гэта зрабіў (забіў П. Войкава. — В. Г. ). Я адказаў, што дзейнічаў у інтарэсах маёй айчыны. Той, хто пытаўся, заявіў, што гэта «мядзьведжая паслуга». Пазьней я даведаўся, што гэта быў Сухенэк-Сухецкі, начальнік аддзелу бясьпекі ў Міністэрстве ўнутраных справаў»49.

Мабыць, гэты чыноўнік меў рацыю. Для супраціўнікаў савецкай дзяржавы стрэлы Барыса Каверды мелі нулявы палітычны вынік. Народнага ўздыму супраць бальшавікоў не адбылося. Стасункі Савецкага Саюзу зь іншымі краінамі не пагоршыліся. Унутраная палітыка ягоных уладаў зрабілася яшчэ больш жорсткай — учынак Б. Каверды даў падставу для чарговага ўсплёску рэпрэсіяў супраць інтэлігенцыі і рэштак былых кіроўных клясаў (г. зв. «войкаўскі набор»).

30 кастрычніка 1927 г. Барыса Каверду накіравалі на пажыцьцёвую катаргу ў крэпасьць Грудзёндз (па-нямецку Граўдэнц) на ніжняй Вісьле (у Н. Стужынскай і І. Кашталян яна памылкова названая «Граўдэнш»). У вязьніцы, як мы ведаем, маладзён спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Але яго выратавалі.

Далейшы лёс Б. Каверды асьвятляецца ў нэкралёгах у сувязі зь ягонай сьмерцю (1987 г.), у артыкуле А. Багалюбава (1989 г.) і камэнтарах Д. Зубарава да публікацыі ліста Б. Каверды да В. Амфітэатрава з варшаўскай турмы (1997 г.).

Паводле амністыі прэзыдэнта Польшчы, Б. Каверду пасьля дзесяці гадоў вязьніцы выпусьцілі на волю. Як сьведчыў сябар Б. Каверды на эміграцыі Ўладзімер Самарын, той зьехаў з Польшчы ў Югаславію — моцны асяродак расейскай эміграцыі, здаў там экзамэн на атэстат сталасьці пры расейскім кадэцкім корпусе ў Белай Царкве (Вайводзіна, на мяжы з Румыніяй). У 1938 г. ён вярнуўся ў Варшаву, ажаніўся зь Нінай Аляксееўнай Пятрушынай, увосень яны абое пераехалі ў Бялград. Там Б. Каверда паступіў на тэхналягічны факультэт Бялградзкага ўнівэрсытэту.

Увосень 1939 г., калі пачалася Другая сусьветная вайна, сям’я Кавердаў была ў Варшаве. Капітуляцыя Нямеччыны засьпела Б. Каверду ў княстве Ліхтэнштайн50, якое нібыта прытулілася да Альпаў між Швайцарыяй і Аўстрыяй. Улады княства не выдавалі нікога з былых грамадзянаў ані СССР, ані іншых краінаў Усходняй Эўропы савецкай уладзе, адрозна ад акупацыйных уладаў ЗША і Брытаніі ў суседніх Аўстрыі і Нямеччыне (мо таму, што княства межавала толькі з францускай зонай акупацыі Аўстрыі).

  48 B. K. Po wyroku w sprawie Kowerdy // Kurjer warszawski. Wydanie wieczorne. 1927. №164. 17 czerwca. S. 2, 3.

49 Коверда Б. Покушение на полпреда Войкова… С. 17.

   
Жонка Б. Каверды з дачкою і бацькамі апынулася ў лягеры прымусовых перасяленцаў у Рэгенсбургу (амэрыканская зона акупацыі Нямеччыны). Неаднойчы супрацоўнікі службы СМЕРШ дапытвалі яе пра месцазнаходжаньне мужа, але нічога не даведаліся.

У сваім электронным лісьце да аўтара артыкулу ад 29 ліпеня 2005 г. Натальля Барысаўна Мантавілава паведаміла, што ў Ліхтэнштайне сувязі зь сям’ёю яе бацька ня меў. Ён зьвязаўся са сваёй сястрою, якая жыла ў Парыжы, і прыехаў да яе. Толькі тады Б. Каверда адшукаў сваіх жонку і дачку. Яны з дапамогаю Талстоўскага фонду ў 1956 г. эмігравалі ў ЗША.

Б. Каверда меўся ехаць празь некалькі месяцаў туды ж, але ведамства іміграцыі і натуралізацыі ЗША адмовілася пускаць у краіну Б. Каверду, як асобу, асуджаную за забойства. Толькі праз хадайніцтва вядомай апякункі расейскіх эмігрантаў Аляксандры Лявоўны Талстой і князя С. Беласельскага-Белазёрскага кангрэсмэн Ўолтэр унёс у кангрэс ЗША праект пастановы пра дазвол прыехаць у ЗША для Б. Каверды. Пасьля падпісаньня прэзыдэнтам Д. Эйзэнхаўэрам дакумэнт займеў моц.

У ліпені 1956 г. Б. Каверда прыехаў у ЗША, і ягоная сям’я зноў аб’ядналася. Ён працаваў у рэдакцыі газэты «Россия», а праз два гады, пасьля яе закрыцьця, стаў перакладчыкам у рэдакцыі газэты «Новое русское слово» (Нью-Ёрк).

У 1974 г. Б. Каверда сышоў на пэнсію, у 1976 г. ён зь сям’ёю пераехаў у Адэлфі (штат Мэрылэнд, ЗША). Памёр ён у Адэлфі 18 лютага 1987 г., пахаваны на расейскіх могілках манастыра Нова-Дзівеева ў штаце Нью-Ёрк51.

Колькі словаў пра сяброў Б. Каверды. Ён высьветліў лёс М. Якаўлева і А. Паўлюкевіча (зьвесткі пра апошняга ў беларускім друку бязь сьведчаньняў Б. Каверды няпоўныя). М. Якаўлева ўлетку 1940 г. арыштавалі гітлераўцы, і ў красавіку 1941 г. ён загінуў у Асьвенціме. А. Паўлюкевіч удзельнічаў у руху супраціву нацыстам у Польшчы, яго арыштавалі і расстралялі гітлераўцы52.

Варта адзначыць, што сьведка забойства П. Войкава, савецкі дзяржаўны дзеяч А. Разэнгольц, якога той сустракаў на вакзале ў Варшаве, таксама не ацалеў. Яго расстралялі як «ворага народу» паводле прысуду савецкага суду ў Маскве ў 1938 г.

У заключэньне варта адзначыць, што дасюль ня цалкам высьветленыя матывы і падрабязнасьці забойства Б. Кавердам П. Войкава цяпер больш зразумелыя. Згодна з прызнаньнем Б. Каверды, ён «забіў Войкава за ўсё тое, што бальшавікі зрабілі ў Расеі»53.

Зразумела і іншае. Забойства згаданага савецкага дыплямата да беларускіх справаў дачыненьня ня мае. Залічаць Б. Каверду ў лік «беларускіх герояў», як уяўляецца мне на аснове аналізу крыніцаў, наўрад ці выпадае.

Гісторыя беларускага народу даўняя і невычэрпна багатая. Няма патрэбы штучна яе ўпрыгожваць за кошт мітаў пра этнічных беларусаў, якія адышлі ад беларушчыны.

На першы погляд, «кавердазнаўства» досыць далёкае ад тэматыкі маіх папярэдніх працаў у гісторыі культуры. Калі б узьнікла пытаньне, а чаму ж гэта мне давялося ім займацца, я б адказаў прыкладна так. Мне на вочы трапілі ўспаміны пра мастака Мартыроса Сар’яна. Адзін навуковец згадваў, як мастак, ужо стары чалавек, гуляў у парку санаторыі Акадэміі навук СССР «Вузкае» і ўласнаручна зьбіраў усялякія паперкі і сьмецьце, нібыта лічыў сваім абавязкам папраўляць чужую неахайнасьць54.

Мяркую, што старога мастака можна зразумець.

Што ж у выніку дала мне асабіста праца над тэмаю «Барыс Каверда»? Прыкладна тое, што для шахматыста рашэньне шахматнай задачы. Крокі на шляху да тлумачэньня таямніцаў людзкой душы далі мне ў гэтым выпадку ня менш, чым чытаньне цікавай бэлетрыстыкі. Бо, як казаў П. Рыкёр, «разуменьне без тлумачэньня сьляпое, а тлумачэньне без разуменьня пустое».

Што дазваляе Н. Стужынскай і іншым аўтарам, якія ў беларускім друку пісалі пра Б. Каверду, даказваць сувязь «ягонага адчайнага ўчынку» зь беларускім супрацівам?

1) Грэбаваньне традыцыйнай мэтодыкай пошуку і разгляду крыніцаў па тэме;

2) няўлік карысьці ад суцэльнага агляду крыніцаў і досьледаў як абавязковага для беларускай гістарыяграфіі. Падзеі беларускай гісторыі перакрыжоўваюцца з польскай, літоўскай, расейскай, калі этнічныя беларусы часта залічваюць сябе ў дзеячы ці то аднаго, ці другога грамадзкага і культурнага працэсу — як раней, так і цяпер;

3) адвольнае тлумачэньне абмежаванай колькасьці крыніцаў па тэме і пасьпешлівая публікацыя вынікаў працы зь імі;

4) нежаданьне пры аргумэнтацыі ўлічваць контраргумэнты;

5) выкарыстаньне толькі тых фактаў з крыніцаў, што адпавядаюць пэўнай схеме55;

6) паўтарэньне старых стэрэатыпаў, як і зьмяненьне ў іх знаку «плюс» на знак «мінус» і наадварот.

Гэта толькі адсоўвае чаканую адмену старога падыходу да гісторыі як да паслугачкі палітыкі.

  50 Пра Ліхтэнштайн як дзяржаву, што пасьля Другой сусьветнай вайны не выдавала ўладам СССР асобаў, якія прымалі ўдзел у вайне на баку нацыстаў, а таксама іншых грамадзянаў Савецкага Саюзу і дзяржаваў, вызваленых або акупаваных Чырвонай Арміяй, гл.: Чуев С. Проклятые солдаты. Москва: Яуза, Эксмо, 2004. С. 209. У кнізе: Raton, Pierre. Le Liechtenstein. Histoire et Institutions. — Généve: Librarie Droz, 1967. 2-nde édition — ёсьць цікавая нататка: «За пэрыяд з 25 красавіка па 2 траўня 1945 г. каля 7000 уцекачоў схавалася ў Ліхтэнштайне праз пост Шаанвальдэ: у тым ліку 3424 французы і 1254 савецкія расейцы» (с. 171). Факт перабываньня Б. Каверды ў Ліхтэнштайне не прыводзіць у сваёй вартаснай даведцы пра Б. Каверду Д. Зубараў. Ён дапускае памылку, калі сьцьвярджае, нібыта Б. Каверда «ў канцы 1940-х гг. жыў у лягеры для перамешчаных асобаў у Заходняй Нямеччыне (Зубарев Д. И. Амфитеатров и русские в Польше… С. 395). Але з Заходняй Нямеччыны асобаў, якіх патрабавалі выдаць савецкія ўлады, ахвотна выдавалі.

51 Самарин В. Звёздный час… С. 175—177.

52 Ліст Н. Б. Мантавілавай да аўтара артыкулу ад 22 ліпеня 2005 г.

53 Убийство Войкова… С. 18.

54 Черёмушкин П. Пан профессор (Ленинского проспекта) // Новая Польша. 2004. № 11. С. 52.

55 Ці не таму аўтарка «Беларусі мяцежнай» тлумачыць Слуцкі збройны чын 1920 г. супрацівам з боку сялянскіх масаў Беларусі палітыцы ваеннага камунізму, гэта значыць, як і раней было прынята сярод савецкіх гісторыкаў беларускага паходжаньня, клясавымі, матэрыяльнымі, а не нацыянальнымі, духоўнымі прычынамі?

Пачатак  Цалкам Форум

№ 11 (51) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/01/28