A R C H E | П а ч а т а к | № 11 (51) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
НЯРЫЮС ПРАКЯВІЧУС | ||||
Анатоль Рубінаў і «залаты век» за Лукашэнкам
КАЛІ ПОСПЕХІ САЮЗНІКАЎ БАЛЮЧА РАНЯЦЬМіжнароднае становішча заўсёды змяняецца. Некаторыя працэсы больш істотныя, некаторыя – менш. На маю думку, для Беларусі найважнейшымі падзеямі году за мяжой сталіся распад «памаранчавай» кааліцыі ва Украіне і нядаўняе абвастрэнне напружанасці вакол Ірана і Паўночнай Карэі. У дадатак узраслі цэны на сыравіну, у т. л. і на энэрганосьбіты. Усё гэта істотна аслабіла пазіцыі Беларусі на міжнароднай арэне. Я б ахарактарызаваў палітыку Беларусі ў міждзяржаўных статунках і замежным гандлі як перадусім двухбаковае ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Расіяй. З аднаго боку, Беларусь для Расіі – вайсковы саюзнік і транзітная краіна ў гандлі з заходнееўрапейскімі партнёрамі. З другога – Расія падтрымлівае беларускі рэжым палітычна, пастаўляючы сыравіну па нізкіх цэнах і прапаноўваючы рынкі збыту для беларускіх прадпрыемстваў. Не ўсе гэтыя чыннікі аднолькава істотныя, і ніводны з іх нельга назваць абсалютным. Для Расіі значэнне вайсковага саюзу з Беларуссю прапарцыйнае пагрозе з боку Еўразвяза і НАТО. Транзітны патэнцыял Беларусі трэба разглядаць у параўнанні з умовамі, якія прапануюць Украіна і дзяржавы Балтыі. Вага расійскай палітычнай падтрымкі вызначаецца ступенню самастойнасці беларускай улады і яе дачыненнямі з іншымі краінамі. Наколькі істотны для Беларусі гандаль з Расіяй, залежыць ад дасяжнасці іншых рынкаў збыту. Для Расіі вартасць палітычнага саюзу з Беларуссю досыць невялікая. Меркаваць, што НАТО збіраецца напасці на Расію, папросту смешна. Расія адыгрывае ўсё большую ролю як крыніца сыравіны для краін Еўразвяза і ЗША, і ніхто ў заходнім альянсе не хоча пазбыцца гэтых паставак. Аднак нельга адмаўляць, што некаторыя расійскія палітыкі прыкрываюцца ўяўнай «пагрозай з Захаду», каб схаваць уласную няздольнасць вырашаць штодзённыя праблемы звычайных расійскіх грамадзянаў. Пэўныя колы ў Расіі могуць успрымаць як пагрозу жаданне Захаду бачыць краіну больш дэмакратычнай. Але саюз з Беларуссю ніяк не ўплывае на гэтую сітуацыю. Больш за тое, рост коштаў на прыродныя рэсурсы падвышае ўпэўненасць Расіі ва ўласных сілах, таму ёй менш патрэбны саюз з Беларуссю. Праз канфлікт Захаду з Іранам і Паўночнай Карэяй Расія робіцца яшчэ важнейшым гульцом у сусветнай палітыцы. Магчыма, кіраўніцтва Расіі адчувае, што можа знайсці сабе саюзнікаў і па ніжэйшым кошце. Некаторыя каланіяльныя імперыі распаліся не таму, што цэнтр не мог іх кантраляваць, а таму, што іх утрыманне задорага абыходзілася. Такім чынам, саюз з Беларуссю для Расіі – папросту справа прэстыжу. Роля Беларусі як транзітнай зоны зменшылася, калі ва Украіне В. Януковіч перахітрыў сваіх «памаранчавых» супернікаў. Расіі, відавочна, патрэбныя розныя партнёры па транзіце, каб яны, канкуруючы між сабою, прапаноўвалі выгаднейшыя для Расіі ўмовы. Напрыклад, калі А. Лукашэнка займае занадта жорсткую пазіцыю, Расія можа звярнуцца да В. Януковіча, так што, трэба меркаваць, А. Лукашэнка вымушаны будзе памякчэць. Цяжэй весці справы з палітычна непрыхільным да вас партнёрам па транзіце. У такім выпадку палітычныя меркаванні могуць пераважыць над эканамічнымі. Больш за тое, пашырэнне Пецярбургскага порта, адкрыццё паромнай лініі на Калінінград і будаўніцтва простага газаправода ў Нямеччыну сведчаць, што Расія гатовая пайсці на дадатковыя выдаткі, каб зменшыць кошт транзіту. Палітычная падтрымка з боку Расіі мае для цяперашніх беларускіх уладаў двайное значэнне. Па-першае, Расія дапамагае ім супрацьстаяць міжнароднаму ціску. Па-другое, прыхільнасць Расіі забяспечвае А. Лукашэнку далейшую падтрымку пэўных сацыяльных колаў. Прэзідэнт гадамі развіваў асаблівыя стасункі з Расіяй. Нават можна сказаць, што саюз з Расіяй стаўся для яго сэнсам існавання. І хоць ён можа знайсці міжнародную падтрымку ў іншых дзяржаў (напрыклад, у Кітая), Расія незаменная як фактар унутранай стабільнасці. На Еўрапейскім кантыненце месцяцца краіны, што ўваходзяць у Еўразвяз або імкнуцца да яго далучыцца. Таму Беларусь застаецца ізаляванай ад Еўропы. Магчыма, гэтым тлумачыцца замірэнчы тон у выказваннях Лукашэнкі наконт стасункаў з Еўразвязам. Гандаль з Расіяй, мабыць, на сучасным этапе прыносіць Беларусі большую карысць, чым Расіі. РФ можа з лёгкасцю знайсці замену таварам, што пастаўляе Беларусь (такім, як грузавікі, малочныя прадукты, лядоўні і г. д.). Але Беларусі не знайсці таннай замены расійскім прыродным рэсурсам (газу, нафце, вугалю, металу і г. д.). Яшчэ больш істотна тое, што канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў у вялікай ступені залежыць ад гэтых паставак з Расіі. І з цяжкасцямі ў пошуках новых рынкаў збыту сутыкнецца Беларусь, а не Расія. Сітуацыя для Беларусі пагаршаецца праз павелічэнне эканамічнага росту ў развіваных краінах, у якіх таксама расце попыт на энэрганосьбіты і сыравіну. Заўважна, што А. Лукашэнка паступова пераарыентоўвае беларускую эканоміку на іншыя рынкі ў развіваных краінах. Але падобны падыход можа аказацца не такім плённым, як здаецца. Некаторыя з патэнцыйных партнёраў (Венесуэла, Іран, Куба) хочуць змяніць наяўны status quo ў міжнародных стасунках. Гэткае сяброўства не палепшыць дачыненняў Беларусі з заходнімі дзяржавамі. Некаторыя з іх (напрыклад, Куба) неплацежаздольныя, а некаторыя (напрыклад, Кітай) складаюць канкурэнцыю беларускай прамысловасці, а не дапаўняюць яе. Урэшце, нельга пераацэньваць аб’ёму гандлю Беларусі з развіванымі краінамі. Калі паглядзець на статыстыку за гэты год1, можна заўважыць, што толькі 11 % вонкавага гандлёвага абарачэння Беларусі прыпадае не на краіны Еўразвяза і СНД. Кітай і Бразілія ўваходзяць у спіс пятнаццаці найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі, але з абедзвюма Беларусь мае адмоўнае гандлёвае сальда!
У БОК ЗАХАДУ? |
стыпэндыят унівэрсытэцкага коледжу «Södertörn» у Стакгольме, сталы аўтар «ARCHE». |
Усе адзначаныя вышэй складанасці адлюстроўваюцца ў афіцыйным дыскурсе, які ва ўмовах Беларусі выяўляецца ў форме г. зв. дзяржаўнай ідэалогіі. Наш аналіз пераважна абапіраецца на два артыкулы першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Анатоля Рубінава, надрукаваныя ў газеце «Советская Белоруссия» ад 28 ліпеня і 27 кастрычніка гэтага года2.
А. Рубінаў пачынае адзін са сваіх артыкулаў характарыстыкай ідэалогіі як неабходнай грамадству рэчы. Далей ён сцвярджае, што Беларусь можа выжыць толькі ў тым выпадку, «калі ўсе грамадзяне рэспублікі […] будуць аб’яднаныя адзінай культурай, адзінай сістэмай адукацыі, будуць адданыя адным і тым жа каштоўнасцям, падзяляць адну ідэалогію». А. Рубінаў выказвае меркаванне, што гэтае адзінства маецца ў наяўнасці: «...падтрымка А. Р. Лукашэнкі […] сведчанне ідэалагічнага адзінства нашага народу». Разам з тым, ужыванне тэрміна «ідэалогія» ў абодвух артыкулах вельмі няяснае. Ідэалогія вызначаецца як прынцыпы пабудовы грамадскіх дачыненняў, сістэма каштоўнасцяў, грамадская думка. Прынцыпы, характэрныя для дзяржаўнай ідэалогіі («чэсная дзяржаўная ўлада, моцная сацыяльная палітыка і апора на народ»), пытання не праясняюць. Калі ўвагу да сацыяльнай палітыкі можна прыняць за кампанент ідэалогіі3, дык два астатнія цверджанні надзвычай цмяныя: якая ж улада заявіць, што яна несумленная або што яна не мае народнай падтрымкі? А. Рубінаў таксама характарызуе беларускую ідэалогію ў прыватнасці як «ідэалогію на справе, ідэалогію жыцця», змешваючы палітычныя ідэі з іх рэалізацыяй. Тая самая блытаніна з’яўляецца пры разглядзе распаду Савецкага Саюза. Палітык сцвярджае, што крызісу не было, але дагматычная ідэалогія «скоўвала палітычнае кіраванне і не дазваляла адэкватна рэагаваць на змену ўмоваў развіванага свету». Іншымі словамі, калі б савецкае кіраўніцтва мела больш гнуткую ідэалогію або не мела патрэбы звяртаць на яе ўвагу, не пачалося б ніякага крызісу4.
|
1 belstat.gov.by (.doc) 2 sb.by 3 Тым не менш, можна было б чакаць мацнейшага тэарэтычнага абгрунтавання гэтай думкі.
|
Аднак зменлівасць дзяржаўнай ідэалогіі не павінна здзіўляць. У сваім першым артыкуле для «ARCHE» я пісаў, што пэўная ідэалогія перадусім адлюстроўвае сучасныя патрэбы – апраўдвае дзеянні. Такім чынам, не павінна дзівіць і тое, што яна можа рэзка змяняцца. Адмовіўшыся ад прынятай раней ідэі пра асобную еўразійскую або ўсходнеславянскую цывілізацыю, А. Рубінаў (гэтаксама як і прэзідэнт у сваіх апошніх прамовах) прызнае перавагу заходняй цывілізацыі, адначасова крытыкуючы тых, хто супрацьпастаўляе сябе ёй, за «залішні дагматызм, нежаданне лічыцца з відавочнымі сусветнымі працэсамі і тэндэнцыямі, высакамернае стаўленне да сучаснай заходняй цывілізацыі і ўсячаснае імкненне выпрацаваць свой адмысловы шлях развіцця, у корні адрозны ад таго, што прыняты ў разьвітым свеце». Гэткае імкненне да выключнасці разглядаецца ў якасці адной з прычын развалу Савецкага Саюза.
А. Рубінаў не ўхваляе «паспешнае, сляпое капіяванне асобных пазіцый і палажэнняў заходняга ладу і стылю жыцця». Належыць гэта рабіць павольна («па меры саспявання і развіцця ў грамадстве неабходных традыцый, механізмаў, фінансавай сферы, інфраструктуры, заканадаўчай базы, урэшце, менталітэту народу»), каб захаваць стабільнасць. Тым не менш, палітык сцвярджае, што раней ці пазней гэта будзе зроблена – «рынкавыя ўмовы, ад якіх мы нікуды не дзенемся, запатрабуюць ўрэшце і ад нас раздзяржаўлення асноўных сфераў вытворчасці і паслуг». Такім чынам, агульная ідэя ў тым, што Беларусь у прынцыпе прымае заходнія мадэлі развіцця, аднак не можа адразу пусціць іх у ход, таму ёй неабходны доўгі перыяд пад [мудрым] наглядам і кіраваннем улады, каб пабудаваць грамадства «на заходні лад». Парадаксальным чынам гэта цверджанне апраўдвае дзяржаўнае ўмяшанне ў стварэнне рынкавай эканомікі і развіццё грамадзянскай супольнасці. Паколькі дакладная працягласць гэтага перыяду клапатлівага кіраўнічага нагляду няясная5, мы маем новае і нашмат больш арыгінальнае абгрунтаванне аўтарытарызму. |
4 Іншымі словамі, калі б камуністы не былі камуністамі, яны б тады вырашылі праблемы, што паўсталі ў выніку адлучанасці камуністычнай ідэалогіі ад вонкавага свету. Выглядае даволі таўталагічна.
|
ЗАСТАЦЦА Ў СУЧАСНАСЦІ?А. Рубінаў дасюль ідэалізуе дасягненні савецкага часу: «...гэтая «міфалагізаваная агульнасць»... [савецкае грамадства] пабудавала магутную дзяржаву, зрабіла гістарычныя прарывы ў сучаснай навуцы і тэхніцы, перамагла фашызм». Распад Савецкага Саюза ўспрымаецца як катастрофа накшталт землятрусу – «не барацьба за нацыянальную незалежнасць […] а тэктанічныя гістарычныя працэсы, якія адбыліся насуперак волі і жаданню беларускага народу». Што даволі цікава, большая частка раздзела пра гістарычную пераемнасць прысвечаная савецкай спадчыне. Аднак гэта настальгія аб савецкім часе не мае наступстваў – Савецкі Саюз застаўся ў мінулым.З іншага боку, А. Рубінаў крытыкуе ідэі «нацыянальнага адраджэння», спасылаючыся на адсталасць Беларусі да 1917 г. У пэўнай ступені ён прапануе развіваць беларускую нацыянальную самасвядомасць, засяродзіўшыся толькі на сучаснасці – «ствараць новае, прагрэсіўнае». Гэта, безумоўна, паспрыяе ўхваленню і падтрымцы дзейнага прэзідэнта. У абодвух артыкулах паўсюль бачная засяроджанасць на сучаснасці, імкненне выявіць «залаты век» за Лукашэнкам. Цяперашняе жыццё апісваецца як амаль што ідэал: «...такога жыцця, такога забеспячэння прадуктамі, таварамі, такой увагі да людзей ніколі тут яшчэ не было». Усё гэта разглядаецца як вынік палітыкі прэзідэнта («усё гэта дасягнута пры Прэзідэнту А. Р. Лукашэнку»). Ягоная інаўгурацыя выглядае ідылічнай карцінай: «...па ўсёй краіне было свята». Гэты пазагістарычны падыход можа падацца натуральным кірункам далейшага развіцця дзяржаўнай ідэалогіі. Ранейшы акцэнт на супольнай з Расіяй гісторыі можа прывесці да адваротных вынікаў у час, калі стасункі паміж краінамі пагаршаюцца. З іншага боку, адсутнасць у Беларусі выразнай нацыянальнай ідэнтычнасці ўскладняе навязванне агульнага погляду на гістарычныя падзеі.
НАЙЛЕПШЫЯ ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ ІНСТЫТУТЫ |
5 Хто можа вызначыць, калі будзе «слушна» ўжыць заходнія мадэлі?
|
На думку А. Рубінава, для дэмакратычных дзяржаў характэрныя, галоўным чынам, «выбарнасць кіраўніка дзяржавы і незалежнасць трох галін улады»6. У якасці другасных кампанентаў выступаюць незалежныя СМІ, шматпартыйная сістэма, прафсаюзы і грамадзянская супольнасць. Палітык разглядае падзел уладаў як адзін з ідэалаў («разумная сістэма, якая стабілізуе грамадства»), якога цяжка дасягнуць у рэчаіснасці (у якасці прыкладу згадваецца Расія). Замест таго, каб спрабаваць давесці, што Беларусь цалкам адпавядае ўсім вышэйпералічаным крытэрыям, А. Рубінаў пераходзіць да разгляду прэзідэнцкіх выбараў.
На першае месца ён ставіць выбары кіраўніка дзяржавы. Па праўдзе кажучы, гэта даволі своеасаблівы падыход. Кіраўнікі дзяржаў выконваюць галоўнам чынам сімвалічную ролю ў парламенцкіх сістэмах, якія пераважаюць сярод устойлівых дэмакратый. У выніку не мае такога вялікага значэння, ці кіраўнік дзяржавы выбіраецца праз прамыя, ці праз шматступенныя выбары, ці то наогул атрымлівае месца ў спадчыну (у канстытуцыйных манархіях)7. Варта ўвагі, што, за выключэннем Злучаных Штатаў, прэзідэнцкія сістэмы кіравання (калі кіраўнік дзяржавы з’яўляецца адначасова кіраўніком ураду) пераважаюць у краінах, якія знаходзяцца на шляху развіцця і маюць даволі кепскую рэпутацыю што да палітычнай стабільнасці. Гэта галоўным чынам тлумачыцца схільнасцю прэзідэнцкай галіны да паглынання дзвюх астатніх галінаў улады. Большасць паўпрэзідэнцкіх сістэм8 (першай з іх стала Францыя ў 1958 г.) перайшлі або да мадэлі парламенцкага кіравання (уключна з большасцю суседніх Беларусі дзяржаў, якія не ўваходзяць у СНД), або да прэзідэнцкага кіравання (уключна з большасцю дзяржаў СНД). А. Рубінаў засяроджваецца выключна на прэзідэнту («народ наўпрост выбірае свайго лідэра»), падкрэслівае ролю дзейнага кіраўніка дзяржавы («калі ранейшы кіраўнік спадабаўся, то яго зноў падтрымаюць»), адкідаючы іншых прэтэндэнтаў як не вартых увагі («не столькі выбар, колькі пратэстнае галасаванне»). Палітык яшчэ раз сцвярджае, што «развітыя» палітычныя сістэмы («дзе ёсць дзве-тры асноўные партыі»9) спараджаюць пажаданыя вынікі («кандыдат на пасаду кіраўніка дзяржавы не ўзнікае з ніадкуль»), што таксама не з’яўляецца ідэалам («у ход ідуць самыя хітрыя піараўскія прыёмы»). А. Лукашэнка параўноўваецца з расійскім царом Пятром І – яму патрэбныя тыя ж самыя якасці («асоба лідэра, ягоная энэргія, воля, інтэлект, інтуіцыя, здольнасць бачыць перспектыву, здольнасць аб’яднаць і накіраваць грамадства»). У з’яўленні прэзідэнта як лідэра бачыцца наканаванне («вынік спрацоўвання інстынкту самазахавання грамадства»). У абарону трэцяга прэзідэнцкага тэрміну А. Лукашэнкі прыводзяцца спасылкі на розныя прыклады з Захаду (амерыканскі прэзідэнт Ф. Д. Рузвельт, прэм’ер Вялікабрытаніі Т. Блэр, князь Манака Рэнье) 10. Падкрэсліванне ролі прэзідэнта дазваляе абмінуць увагай іншыя інстытуты дэмакратыі, і зноў паўстае пытанне, што можа здарыцца з гэтай сістэмай, створанай пад лідэра, пасля сыходу А. Лукашэнкі. Адзін з моцных бакоў дэмакратыі – непарыўнасць, пераемнасць сістэмы: будучыя лідэры гартуюцца ў палітычных кампаніях і парламенцкіх дэбатах. Іначай застаецца толькі спадзявацца на празорнасць Божую.
ЯК ДАЦЬ РАДЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЦІА. Рубінаў хоча давесці, што беларускае грамадзтва не даспела да дэмакратыі: «Дэмакратыя несумяшчальная з карупцыяй, крадзяжом, падманам, здзірствам, грэблівым стаўленнем да экалогіі, рэсурсаў, непавагай і няўвагай да чалавека. А хіба мы, грамадзяне, сёння вырашылі ў нашым грамадстве гэтыя праблемы?» Да таго ж «гэты рацэпт паводзінаў арганічна не спалучаецца з традыцыямі народу». Гэтай фразай палітык фактычна адмятае ўсе крытычныя заўвагі Захаду наконт развіцця дэмакратычных інстытутаў у Беларусі. Але заходняя мадэль – не толькі прыклад сталай, трывалай дэмакратыі. Яе трэба браць за ўзор, за пункт адліку, іначай усялякую сістэму кіравання можна будзе назваць дэмакратычнай. А. Рубінаў сцвярджае, што толькі прэзідэнт не дае грамадзтву скаціцца да хаосу: «...высілкі ўлады, Прэзідэнта прымушаюць нас выбрацца з бруду і бескультур’я». Лукашэнка выглядае гэткім платонаўскім валадаром-філосафам, які ведае, што лепш для грамадзтва: «...адлюстроўваецца вялікая інтуіцыя Прэзідэнта, які не перашкаджае натуральнаму развіццю грамадскай свабоды, але і не дазваляе выйсці гэтаму працэсу з-пад разумнага кантролю». Грамадства разглядаецца як пасіўны аб’ект кіравання: «...свабода мусіць давацца грамадству настолькі, наколькі яно гатовае несці за яе адказнасць». Выглядае, што А. Рубінаў перакульвае сістэму дачыненняў «вядоўца – ведзены» паміж грамадствам і дзяржавай: у яго грамадства адказвае перад дзяржавай, а не наадварот. Нарэшце, дэмакратыя разглядаецца як інструмент сацыяльнай інжынерыі, а не як мэта: «...дэмакратыя з сродку дасягнення мэты – пабудовы эфэктыўнага і справядлівага грамадства – пераўтварылася ў саму мэту».Развіваючы гэты тэзіс, А. Рубінаў падыходзіць да СМІ як да неад’емнага кампанента дзяржавы, механізма кіравання грамадствам: «...даючы насельніцтву праўдзівую інфармацыю пра розныя бакі жыцця ў краіне і сусвеце, трэба клапаціцца пра тое, каб не запаўняць экрана сцэнамі жорсткасці і жахаў, не нагнятаць упадніцкіх настрояў, песімізму, нявер’я ў сваю краіну, не падкідваць ў грамадства бацылаў нянавісці і вострых супярэчнасцяў». Гэтая цытата – вельмі паказальная. Яна сведчыць, што аўтар перакананы: меркаванне ўлады і ёсць праўдай. У ёй выказваецца агульнае кансерватыўнае стаўленне да СМІ і надзіва песімістычны погляд на цяперашнюю сітуацыю: навошта змагацца з «упадніцкімі настроямі», калі ўсё так добра? А. Рубінаў таксама сцвярджае, што СМІ не павінны заплюшчваць вочы на праблемы ці праяўляць староннасць, бо гэта падрывае давер да СМІ і ўлады. (Тут варта было б запытацца, ці можна распаўсюджваць старонную інфармацыю, калі грамадства схільнае прымаць яе на веру?) Аўтар скептычна выказваецца пра незалежнасць СМІ: «...поўнай незалежнасці ні ў кога не існуе». Гэта досыць звыклы стэрэатып: паколькі ідэал свабоднай прэсы – недасяжны, навошта турбавацца пра абарону наяўнай – недасканалай – свабоды прэсы? А. Рубінаў нават малюе ўрад заступнікам прэсы перад адсталым грамадствам і мясцовымі ўладамі: «…натыкаемся […] на няздатнасць успрымаць розныя меркаванні і падыходы, на нецярпімасць да крытыкі, якая почасту разглядаецца як асабісты выпад і падрыў аўтарытэту мясцовага кіраўніка». А. Рубінаў ускосна закранае канфлікт, які працягваецца вакол Саюза палякаў. Спачатку ён папросту адкідае праблему, называючы этнічныя пытанні «хобі»: «Можна толькі вітаць грамадскія арганізацыі і клубы па вывучэнні, напрыклад, кітайскай, польскай ці азербайджанскай культуры». (З гэткім жа посьпехам можна было сказаць: «У Менску жывуць туркі, беларусы і армяне». Такая паслядоўнасць сведчыць пра поўнае ігнараванне нацыянальнага складу насельніцтва.) Далей аўтар ставіць пад сумнеў мэтазгоднасць стварэння нацыянальных арганізацый: «...навошта ж асобным групам адасабляцца?» І нарэшце ён заяўляе, што нацыянальныя інтарэсы нясуць у сабе пагрозу і яны павінны падпарадкоўвацца дзяржаўным: «...краіна падзеліцца на асобныя дыяспары са сваімі мовамі, сваімі школамі, сваімі газетамі і тэлевізійнымі праграмамі, арганізацыйна-структурнымі цэнтрамі (почасту фінансаванымі з-за мяжы)». Аднак, на нашую думку, гэтая заява звязаная не столькі з праблемамі нацыянальных меншасцяў, колькі з агульнай лініяй на тое, каб пазбавіць беларускія НДА замежнага фінансавання. Кантроль над грамадзянскай супольнасцю – асноўная тэма артыкулаў А. Рубінава. Ён не адмаўляе дэмакратыю ўвогуле, а надае ёй новае азначэнне – такое, што служыць на карысць уладзе.
БЕЛАРУСКІ АДЫСЕЙ ПАМІЖ СЦЫЛАЙ І ХАРЫБДАЙАртыкул А. Рубінава суправаджаецца шэрагам каментароў – звязаных з тэмай і безадносных да яе. «Советская Белоруссия» радасна заяўляе, што «свой пункт гледжання на ідэалагічныя працэсы выказваюць навукоўцы і пенсіянеры, дзяржаўныя дзеячы і студэнты». Яны з настальгіяй аб савецкім часе разважаюць пра «вынікі развалу магутнай Страны Саветаў, што спарадзілі бездухоўнасць»11, выказваюць меркаванне, што «неабходна прывесці ўсе вядомыя навукі да адной роўніцы»12, прапаноўваюць увесці дзяржаўную ідэалогію: «...ёсць безліч ідэалогій і ёсць выбар адзіна слушнага ў цяперашні час пункту гледжання і кіраванне ім» – і не зважаюць на праблему нацыянальнага самавызначэння: «...адправіць гэтую [нацыянальную] ідэю на перыферыю грамадскай зацікаўленасці»13. Аўтары згодныя з А. Рубінавым што да залежнасці СМІ: «…калі «свабода» пераўтвараецца ў бізнес, то церпіць перадусім свабода»14, і што да «непрымальнасці і гістарычнай бесперспектыўнасці штампу «адраджэння Беларусі» незалежна і насупраць братэрскай дапамозе рускага народу і Расіі, савецкай краіны»15.Складваецца ўражанне, што ідэя А. Рубінава наконт паступовай пераарыентацыі Беларусі на заходні ўзор згубілася. У другім артыкуле палітыка дачыненні паміж Беларуссю і Захадам апісваюцца ў больш ваяўнічым ключы – ствараецца вобраз варожага атачэння: «…і радыёстанцыямі атачылі, і прапагандысцкую літаратуру закідваюць, і інструктараў шлюць, і запалохваюць замарожваннем міфічных замежных рахункаў». Замежныя пасольствы абвінавачваюцца ў тым, што яны ўзгадоўваюць апазіцыю: «…служаць не для палягчэння стасункаў між краінамі, а для дэстабілізацыі дзяржавы». А праціўнікі ўлады «імкнуцца сваім жаласным выглядам выдурыць з прастадушнай публікі хаця б пару залатых». А. Рубінаў ураўнаважвае гэтыя заявы словамі, што Расія – не тая, што была раней: «…іншы ўклад, іншыя прыярытэты, іншыя сілы ўплыву». Ён усведамляе: «…брацкія саюзніцкія памкненні з боку Беларусі для многіх карпаратыўных групаў Расіі чужыя». Асноўная ідэя, якую даводзіць палітык, спалучае раней афіцыйна прапагандаваны вобраз Беларусі, што ідзе на ахвяры дзеля Расіі («нам у інтарэсах большасці трэба праявіць цярпенне, мудрасць і паслядоўна дабівацца сваёй мэты»), і расчараванне тым, што падобная палітыка не прыносіць вынікаў: «…эйфарыя ад… рытуальных дасягненняў Расіі ў стасунках з заходнімі краінамі хутка пройдзе». Агульная ідэя А. Рубінава ў тым, што Беларусь хоча развіваць сяброўскія дачыненні і з Захадам, і з Расіяй, але гэтае жаданне – аднабаковае. І Захад, і Расія патрабуюць ад беларускай улады немагчымага. Захад хоча бачыць у Беларусі больш адкрытую палітычную і эканамічную сістэму. Расія хоча змяніць мадэль супрацоўніцтва з Беларуссю так, каб рэспубліка цалкам увайшла ў склад РФ. У мінулым А. Лукашэнка выяўляў немалую палітычную вынаходлівасць. Цікава, як ён дасць рады з тым, што больш магутная Расія менш добразычліва ставіцца да Беларусі?
Пераклала з ангельскай Аляксандра Каласоўская |
6 У іншым артыкуле ён згадвае «выбарнасць Кіраўніка дзяржавы і Парламента». 7 Напрыклад, кароль Швецыі цяпер страціў ужо нават фармальнае права прапаноўваць кандыдатаў на пасаду прэм’ер-міністра. 8 Гэтую мадэль упершыню ўвялі ў Францыі ў 1958 г. Такія сістэмы характарызуюцца наяўнасцю прэм’ер-міністра, які падпарадкоўваецца і парламенту, і прэзідэнту. Прэзідэнт стаіць на чале ўраду, калі яго партыя мае парламенцкую большасць. Інакш ён ці яна ў асноўным выконвае толькі функцыю кіраўніка дзяржавы. 9 Аднак хаця сацыял-дэмакраты і «памяркоўныя» [шведскія кансерватары] маюць большую электаральную падтрымку, гэта не пазбаўляе вагі іншыя партыі. 10 Гэтыя прыклады далёка не бездакорныя. Ф. Д. Рузвельт быў апошнім прэзідэнтам да таго, як было ўведзена абмежаванне колькасці тэрмінаў. Праўду кажучы, абмежаванне і было ўведзена менавіта праз яго. На кіраванне была абраная партыя лейбарыстаў, а не Блэр, якога партыя вымусіла абвесціць пра сваю адстаўку ў наступным годзе пасля дзесяці гадоў перабывання на пасадзе. Крыніца ўлады Рэнье – у грашовых актывах дынастыі, а не ў канстытуцыйных абавязках.
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 11 (51) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |