A R C H E | П а ч а т а к | № 11 (51) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
Архіпелаг роспачы Набыўшы беспрэцэдэнтныя памеры, галадоўка пратэстанцкіх вернікаў царквы «Новае жыццё» адлюстравала ўсе палітычныя і сацыяльныя рэаліі сённяшняй Беларусі. Сам размах і выбуховы памер акцыі сведчыць пра многае. Хацелася б верыць, што яна – яшчэ адно сведчанне паступовай рэвалюцыі духу, што адбываецца ў беларускім грамадстве. Вера і прага волі сапраўды родняць вернікаў-галадоўнікаў з тымі, хто выйшаў у сакавіку на плошчу Каліноўскага. Аднак сёння аб тэндэнцыі можна гаварыць толькі ўмоўна. Адзін за другім адбываюцца лакалізаваныя выбухі пратэсту. Тое, што яны ўсё часцей набываюць форму галадоўкі, сведчыць, што гэтымі пратэстамі рухае не мэта, а роспач. Зразумеўшы, што іншых сродкаў камунікацыі з уладай не застаецца, пакрыўджаныя рашаюцца на адчайныя, ахвярныя дзеянні. Гэтыя пратэсты пакуль што лакалізаваныя. Характэрна, што першымі прарывае тых, хто ўсё яшчэ імкнецца да самастойнага, незалежнага ад дзяржавы існавання (пазбаўлены ўласнасці і ліцэнзіі прадпрымальнік – гэта сапраўдны беларускі пралетар – яму сапраўды ўжо няма чаго губляць), а таксама, усё больш і больш, людзей веры – хай будзе то вера ў Бога, хай вера ў палітычныя ідэалы. Важна тое, што гэтая вера сапраўды кіруе людзьмі, а не з’яўляецца дэманстратыўным атрыбутам прыналежнасці да нейкай групы. Людзей веры ў Беларусі пакуль мала. Таму гэтыя выспачкі адчаю пакуль што не сцягваюцца, не ствараюць прасторы пратэсту і супраціву, а застаюцца такім архіпелагам роспачы… Самай яскравай адметнасцю стварэння і існавання гэтай апошняй і самай буйной (як мінімум з моманту знікнення плошчы Каліноўскага) выспы адчаю ёсць відавочная разгубленасць улады. Апошняя яскрава дэманструе сваю неадэкватнасць перад сілай бяссільных. Яе звычайны сродак размовы з непакорнымі – націск, гвалт не спрацоўвае перад тымі, хто не проста гатовы супрастаяць гвалту, а лічыць гэта найвышэйшым абавязкам. Берасцейскі чыноўнік яўна паспяшыў абвесціць вядомага палітыка «трошкі вышэй за бога». Уварванне ў храм, нават пазбаўлены рэгістрацыі, пакуль што тая мяжа, перад якой спыняюцца нават лукашэнкаўцы. Бог – гэта вам не апазіцыя… Характэрна таксама амаль поўная адсутнасць рэакцыі палітычнай апазіцыі на беспрэцэдэнтныя падзеі. Выглядае, што апазіцыі грамадства патрэбнае толькі ў пэўных абставінах, калі гэта выгадна ёй самой. Нагадаем, што і падчас плошчы Каліноўскага апазіцыя не была лідэрам падзеяў, а хутчэй імкнулася ў іх упісацца. У Плошчы быў бачны пэўны палітычны капітал, які пасля гэтага быў выкарыстаны альбо, хутчэй, прафуканы. З іншага боку, аднак, трэба адзначыць, што і самі вернікі асабліва не імкнуліся ператварыць сваю акцыю ў палітычны пратэст, болей за тое, яны вельмі адмоўна ставіліся да наведвальнікаў з апазіцыйнай ці незалежніцкай «незарэгістраванай» сімволікай. Выходзіць, што апазіцыя не патрэбная незадаволеным? Бадай што, так яно і ёсць, але, калі падыходзіць аб’ектыўна, то рэч не столькі ў апазіцыі, колькі ў агульным пачуцці безнадзейнасці, што сфармавалася ў грамадстве да палітыкі і палітычнай дзейнасці ўвогуле. У адносінах да яе нават даведзеныя да роспачы вернікі пачынаюць паводзіць сябе рацыянальна – калі застаецца хоць маленькая надзея на тое, што з уладай можна дамовіцца, кантакты з палітычнай супольнасцю абрываюцца, бо яны могуць толькі сапсаваць магчымы кампраміс з уладай і стварыць падставы для апраўдання гвалту. Збіваць і выкідваць на вуліцу апазіцыю ў сённяшнім беларускім грамадстве вельмі нават паліткарэктна. Наўмысная непалітызаванасць апошніх акцыяў прыводзіць нас да відавочнай высновы, што пакуль мы маем справу хутчэй з лакалізаванай гапонаўшчынай, а не з нарастаючай пратэставай грамадскай актыўнасцю. Архіпелаг так і застаецца архіпелагам, а таму стрымліванне пратэстных настрояў стварае толькі лакальныя праблемы для ўлады. З іншага боку, апошнія падзеі паказальныя тым, што дынаміка пратэставых дзеянняў цалкам адпавядае структурнаму і палітычнаму стану нашай сатрапіі. Прыніжаныя і зняважаныя, шукаючы сродкаў абароны сваіх правоў, рэагуюць на стан сістэмы, якая не пакідае ім ніякіх іншых варыянтаў, акрамя радыкальных, самаахвярных дзеянняў. Робячыся больш жорсткаю, сатрапія прымушае да выпрацоўкі новага пратэставага рэпертуару, які ўжо відавочна не зводзіцца да традыцыйнай апазіцыйнай дзейнасці і стандартных тэхналогіяў электаральных рэвалюцый. Пратэставы рэпертуар, нават у межах архіпелагу, становіцца непрадказальным, неардынарным, нечаканым. Болей за тое, адбываецца яго дыфузія, распаўсюджванне праз медыі, інтэрнэт, чуткі. Калі сапраўдны грамадскі рух, аб неабходнасці якога так доўга гаварылі апазіцыйныя палітыкі, і сапраўды паўстане, ён паўстане менавіта праз гэты працэс дыфузіі, а не праз размеркаванне пасадаў у галоўным штабе ці радзе. Бо рух – гэта менавіта сінхранізаваны рэпертуар грамадскіх дзеянняў. Сапраўдны палітычны складнік руху паўстае тады, калі складзецца і аформіцца гэты рэпертуар, а значыць і ідэалогія калектыўнага пратэсту. Калі існая палітычная кааліцыя не здолее гэтага зрабіць, яна так і застанецца тусоўкай.
Тэкст перапрацаваны спэцыяльна для «АRCHE». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 11 (51) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |