A R C H E | П а ч а т а к | № 11 (51) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ПАВЕЛ УСАЎ | ||||
Вялікія прэтэнзіі малой дзяржавы Адраджэнне Вялікай Літвы: міф ці новая геапалітычная рэчаіснасць?
Дарма што амаль уся Еўропа ўяўляе сабой адзіную палітычную і эканамічную прастору, тым не менш, яна не з’яўляецца суцэльным геапалітычным арганізмам, які б меў адзінае бачанне кірункаў вонкавай палітыкі і акрэсленыя геапалітычныя прыярытэты. З гэтай прычыны ў нібыта агульным Еўрапейскім Саюзе існуе некалькі геапалітычных цэнтраў, якія імкнуцца праводзіць адносна самастойную вонкавую палітыку, асабліва ў дачыненні той часткі Усходняй Еўропы, якая ляжыць па-за межамі ЕС.
За апошні час у межах ЕС дакладна акрэсліліся тры геапалітычныя цэнтры, чые інтарэсы засяроджаныя на Беларусі, Украіне, Малдове і Расіі. Гэтымі гульцамі ёсць Германія, Польшча і Літва. Калі памкненні Германіі і Польшчы падаюцца зразумелымі, то з’яўленне Літвы як самастойнага геапалітычнага суб’екта са сваёй асабістай вонкавапалітычнай дактрынай падаецца дзіўным і незразумелым. Тым не менш, Літва — вельмі актыўны геапалітычны суб’ект, які імкнецца, прынамсі, зацвердзіць сябе як асноўнага геапалітычнага гульца ў рэгіёне і стараецца ўплываць на палітычныя працэсы, што адбываюцца ў суседніх дзяржавах. Ускосна пра гэта сведчаць абвінавачанні з боку афіцыйнага Менска на адрас Літвы, што апошняя падтрымлівае беларускую апазіцыю і тым самым умешваецца ва ўнутранныя справы незалежнай дзяржавы, а таксама тое, што менавіта на тэрыторыі Літвы адбываюцца важныя сустрэчы прадстаўнікоў беларускай апазіцыі з еўрапейскімі і амерыканскімі палітыкамі. Геапалітычную актыўнасць Літвы можна вытлумачыць наступнымі прычынамі. Перш за ўсе, гэта зніжэнне геапалітычнай зацікаўленасці і актыўнасці Заходняй Еўропы ў дачыненні ўсходне-еўрапейскіх дзяржаў, якія не ўвайшлі ў ЕС, тым самым іх перадача ў сферу геапалітычнага ўплыву Расіі. Па-другое, сама Літва, хаця і імкнецца да добрасуседскіх стасункаў з Расіяй, адчувае ўсё большую ейную прысутнасць у рэгіёне, а значыць і пагрозу для сваіх геапалітычных памкненняў і інтарэсаў. Па-трэцяе, нязменным застаецца інтарэс і прысутнасць ЗША, для якіх Літва і іншыя балтыйскія краіны ёсць важкімі геапалітычнымі сатэлітамі як у дачыненні да Расіі, так і да Еўрасаюза. Чацвертае, у літоўскіх палітычных і грамадзкіх колах застаецца настальгія па «залатым веку» Літвы. Даючы геапалітычную ацэнку Літве, можна казаць, што яна ператварылася з геапалітычнага аб’екта ў геапалітычнага медыятара з пэўнай геапалітычнай аўтаноміяй. Гэта азначае, што Літва хаця і з’яўляецца незалежнай краінай, тым не менш, з прычыны слабога гаспадарчага, сацыяльнага і тэрытарыяльнага патэнцыялу, не можа быць паўнавартасным геапалітычным суб’ектам, гэта значыць праводзіць цалкам незалежную ад іншых дзяржаў вонкавую палітыку. Але ў інфармацыйны век, калі геапалітыка пераходзіць з узроўню тэрытарыяльнага захопу на ўзровень прасторавай прысутнасці і геапалітычнага ўплыву, значна павялічваецца роля дзяржаў-медыятараў, якія выконваюць наступныя функцыі: 1. Рэпрэзентуюць інтарэсы рэальных геапалітычных гульцоў. 2. Павялічваюць прастору і магчымасьці ўплыву на тэрыторыі патэнцыйнага ворага. 3. Аддаляюць магчымасці варожага ўплыву на ўласныя тэрыторыі. У большасці выпадкаў дзяржавы-медыятары становяцца своеасаблівай буфернай зонай, але ўключыўшыся ў такую геапалітычную гульню, яны могуць пашырыць асабістыя інтарэсы і прысутнасць у зоне ўплыву. Літоўскі істэблішмэнт, абапіраючыся на вонкавую палітыку ЗША і крытыкуючы ЕС, тым самым імкнецца выпрацаваць і рэалізаваць сваю асабістую геапалітычную дактрыну. «Літва намагаецца прымусіць ЕС і НATO праводзіць палітыку «адкрытых дзвярэй» у дачыненні да ўсходніх суседзяў. Справа ў тым, што большасць старых сяброў ЕС бачаць перспектывы развіцця ЕС у іншым святле, чым гэта бачыцца Літве і іншым новым сябрам»1. |
палітоляг, сталы аўтар «ARCHE». |
Да 2004 г. геапалітычныя прыярытэты Літвы акрэсліліся. Найбольш важнымі, праз якія Літва можа рэалізаваць сябе як геапалітычны суб’ект, з’яўляюцца наступныя: 1. Узмацненне Паўночна-Балтыйскага супрацоўніцтва, з мажлівасцю ўтварэння больш зынтэграванага Балтыйскага рэгіёна. 2. Спрыянне інтэграцыі Калінінградскай вобласці з Еўропай. 3. Актыўная падтрымка Беларусі ў ейных памкненнях быць дэмакратычнай і незалежнай еўрапейскай краінай. 4. Поўная падтрымка рэформаў ва Украіне і ейных крокаў у далучэнні да ЕС.
Выпрацоўваючы і рэалізуючы ўласную геапалітычную канцэпцыю, Літва прэтэндуе не толькі на ролю звычайнага актара ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне, але жадае выйсці на ўзровень рэгіянальнага лідэра. Неабходнасць гэтага падкрэсліваюць як палітыкі (у рэзалюцыі Літоўскага парламенту ад 1 мая 2004 г. гаворыцца, што Літва павінна стаць рэгіянальным цэнтрам і мець уплыў на палітыку ЕС у дачыненні да суседзяў), так і літоўскія навукоўцы: «Найбольш важным элементам новай палітыкі Літвы ёсць памкненне стаць «цэнтрам рэгіянальнага прыцягнення», рэгіянальным лідэрам», альбо, кажучы простымі словамі, «рэгіянальным цэнтрам»2. |
1 Nekrašas, Evaldas. Lithuanian Foreign Policy: Concepts, Achievements and Predicaments // Lithuanian Foreign Policy Review. 2004. № 1—2. Р. 34.
|
Спецыфіка геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне спрыяе таму, каб Літва магла замацавацца як суб’ект уплыву на суседнія краіны. Больш за тое, праз сваю актыўную палітыку яна таксама імкнецца калі не паменшыць, дык прынамсі стварыць альтэрнатыву геапалітычнаму ўплыву ў рэгіёне з боку Польшчы, якая на працягу апошніх гадоў праводзіла вельмі актыўную палітыку датычна суседніх дзяржаў, у тым ліку і самой Літвы.
Геапалітычным арэалам сваіх непасрэдных інтарэсаў Літва лічыць Беларусь, Украіну, Калінінград і часткова Малдову. Разам з тым, Літва павінна лічыцца з інтарэсамі Польшчы і іншых балтыйскіх краін. Але літоўскія геапалітычныя планы выглядаюць больш канкрэтнымі, чым планы Латвіі і Эстоніі. Як заўважыў літоўскі палітоляг К. Паўлаўскас: «Літва мае больш шырокую рэгіянальную праграму працы і адыгрывае больш актыўную ролю ва ўсходне-суседскай палітыцы, чым Латвія і Эстонія… Латвія падзяляе літоўскія інтарэсы што да будучыні Беларусі і намагаецца дапамагаць Украіне і Паўднёваму Каўказу. Эстонія менш зацікаўленая ў Калінінградзе і Беларусі, але праяўляе свой інтарэс да Украіны і Паўднёвага Каўказу»3. |
2 Nekrašas, Evaldas. Lithuanian Foreign Policy… Р. 31—32.
|
Разглядаючы геапалітычную функцыянальнасць Літвы ў рэгіёне, спынімся на сціслым аналізе асобных кірункаў з пункту гледжання перспектыў і пагроз.
1. Расія — геапалітычна пагрозлівы і бесперспектыўны кірунак. Дарма што Літва, уступіўшы ў ЕС і НАТО, пазбавілася непасрэднай пагрозы з боку Расіі, яна, тым не менш, успрымае Расію як патэнцыйнага ворага, які так ці інакш імкнецца аказваць уплыў на рэгіён. Больш за тое, у вонкавай палітыцы Расіі ўсё ясней прасочваюцца рэвізіянісцкія тэндэнцыі, асноўны матыў якіх — адраджэнне «Вялікай Расіі». Літва не ў стане самастойна супрацьстаяць геапалітычнаму монстру, а таксама аказваць нейкі ўплыў на палітычныя працэсы ў Расіі. У гэтым выпадку Літва выступае не толькі як медыятар геапалітычных інтарэсаў ЗША, але, разам з іншымі балтыйскімі дзяржавамі, уключаная ў глабальную таласакратычную сістэму, якая супрацьстаіць тэлуракратычнай4. |
3 Paulauskas, Kкstutis. The Baltic States: picking region, shedding myths, decoding acronyms // Lithuanian Foreign Policy Review. 2005. № 1—2. Р. 54.
|
Прыбалтыйскія дзяржавы ствараюць бар’ер і з’яўляюцца аванпостам марскіх дзяржаў супраць кантынентальных. Літва выконвае ролю эксперта па Усходняй Еўропе і Паўночнай Расіі (аванпост у распаўсюджанні ўплываў ЗША), які ў любы момант можа стаць важнай перашкодай для рэімперыялізацыі Расіі. Рэалізацыя памкненняў ЗША ва ўзмацненні трансатлантычнага супрацоўніцтва (стварэнне трансатлантычнай зоны свабоднага гандлю, трансатлантычнага вышэйшага савета і гэтак далей) дала б магчымасць Літве спадзявацца на атрыманне палітычных і эканамічных выгад5.
2. Калінінград — праблемны і непрадказальны кірунак, але зона мажлівага ўплыву. Гэта частка Расіі атрымала назву «шэрай зоны», тэрыторыі, якая з’яўляецца геапалітычна нестабільнай. Дарма што Калінінград — гэта суб’ект Расійскай Федэрацыі, ён знаходзіцца ў спрыяльнай для геапалітычнага ўплыву зоне і разглядаецца як геаграфічная і гістарычная частка Еўропы. Зразумела, што адарваць гэтую тэрыторыю ад Расіі проста немагчыма, прынамсі ў найбліжшы час, аднак жа можна стварыць на ёй такія гаспадарчыя і палітычныя ўмовы, пры якіх Калінінград больш наблізіцца да еўрапейскай цывілізацыі. 3. Украіна — найбольш спрыяльны кірунак для ўплыву і супрацы. Украіна — гэта тэрыторыя, якая на сённяшні дзень адчувае на сабе моцны геапалітычны ўплыў з боку Усходу і Захаду. Нягледзячы на перамогу Памаранчавай рэвалюцыі ў 2004 г. і змену ўлады, Украіна пакуль не ў стане цалкам выйсці з-пад геапалітычнага ўплыву Расіі. Гэтаму спрыяе і неакрэсленая пазіцыя ЕС у дачыненні да Украіны. Краіны ЕС «не разумеюць геапалітычнай важнасці Украіны і як заўсёды азіраюцца на мажлівую рэакцыю з боку Расіі ў адказ на ініцыятывы ЕС у гэтай краіне… І, прынамсі псіхалагічна, разглядаюць Украіну як частку Расіі»6. |
4 Згодна з традыцыйнай геапалітычнай тэорыяй, дзяржавы свету падзеленыя на марскія (таласакратычныя) і сухапутныя (тэлуракратычныя), якія вядуць паміж сабою бясконцую барацьбу. ЗША з’яўляецца тыповай марской дзяржавай, Расея — сухапутнай. 5 Lopata, Raimundas. Nortautas Statkus Empires, the World Order and Small States // Lithuanian Foreign Policy Review. 2005. № 1—2. Р. 57.
|
Зусім іначай на праблему геапалітычнага становішча Украіны глядзіць Літва. З аднаго боку, геапалітычныя памкненні Літвы ў гэтым кірунку ёсць працягам палітыкі ЗША ў адарванні Украіны ад геапалітычнай сферы Расіі. З другога боку, супраца Літвы і Украіны можа значна ўзмацніць палітычныя пазіцыі Літвы ў НАТО і ЕС і ў рэгіёне.
Іншымі словамі, для Літвы незалежная і праеўрапейская Украіна з’яўляецца элементам стабільнай сістэмы бяспекі ў рэгіёне. 4. Беларусь — геапалітычна нестабільная і патэнцыйна агрэсіўная зона. З аднаго боку, Беларусь стварае для Літвы стратэгічную праблему, бо яна з’яўляецца элементам геапалітычнага абшару Расіі. З другога боку, Беларусь — гэта аб’ект для непасрэднага геапалітычнага ўплыву Літвы, які з цягам часу можа стаць больш перспектыўным, бо ў выпадку палітычных перамен Літва адразу становіцца геапалітычным апірышчам і важным саюзнікам для Беларусі і новай палітычнай эліты. Вядома, што геапалітычныя прыярытэты Беларусі цалкам залежаць ад цяперашніх інтарэсаў лукашэнкаўскага рэжыму. Перамены на палітычнай сцэне Беларусі маюць прывесці да перамен у геапалітычнай сітуацыі. Таму першая мэта, якую ставіць перад сабою Літва, — гэта дэмакратызацыя Беларусі. Другой мэтай з’яўляецца памяншэнне геапалітычнага ўздзеяння Расіі, трэцяй — уцягненне Беларусі ў сферу непасрэднага еўрапейскага ўплыву. Такім чынам, актыўная пазіцыя ў рэгіёне — пэўная палітычная карысць і дывідэнды для Літвы: 1. Літва разглядаецца іншымі дзяржавамі рэгіёну, якія не ўваходзяць у ЕС, як саюзнік і пасярэднік у перамовах з Захадам, што павялічвае ейную палітычную значнасць. 2. Канцэнтрацыя ў Літве матэрыяльных рэсурсаў, неабходных для падтрымання працэсаў дэмакратызацыі ў рэгіёне. 3. Перспектывы стварэння асобнай геапалітычнай групы ў рамках балтыйска-чарнаморскай рэгіянальная супрацы, дзе Літва будзе займаць галоўную пазіцыю. Сярод літоўскіх інтэлектуалаў існуюць і больш амбітныя вонкавапалітычныя тэорыі. Размова ідзе аб намаганнях папулізаваць ідэю адраджэння новай Літоўскай імперыі. «Мы павінны стварыць самадастатковую імперыю і пашыраць ейны ўплыў. Былыя тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага акрэсліваюць ейныя натуральныя межы, — піша адзін з вядомых літоўскіх гісторыкаў Гінтарас Бераснявічус, — неабходна, каб ЗША і Расія рухнулі. Тады адзінай рэальнай моцай застанецца Еўропа, і мы будзем адной з тых сілаў, якія будуць кантраляваць Еўропу»7. |
6 Nekrašas, Evaldas. Lithuanian Foreign Policy… Р. 34.
|
Такія сцверджанні выклікаюць крытыку і вядомы скепсіс, бо ў Літвы для іхнай рэалізацыі не хапае матэрыяльных рэсурсаў. Тым не менш, геапалітычныя абшары «новай імперыі» супадаюць з вонкавапалітычнымі кірункамі, якія Літва акрэсліла для сябе як прыярытэтныя: Беларусь, Украіна і часткова Малдова. Акрамя гэтага, яны адгрываюць практычную ролю ў пабудове геапалітычнай канцэпцыі самой Літвы і яе самаакрэслення ў геапалітычнай прасторы свету. Палітолаг Альвідас Нікжэнтайціс сцвярджае:
Літва намагаецца замацавацца на пазіцыях рэгіянальнай дзяржавы, і яе вонкавая палітыка ўсё больш набывае рысы імперскай палітыкі. Вось чаму, абмяркоўваючы сённяшнюю вонкавую палітыку, будзе справядлівым вярнуцца ў мінуўшчыну, да часу «імперскай» Літвы8. |
7 Lopata, Raimundas. Nortautas Statkus Empires… Р. 16.
|
Літоўскі істэблішмент разглядае ВКЛ як літоўскую дзяржаву і лічыць сённяшнюю Літву пераемніцай геапалітычных традыцый ВКЛ. Таму сучасная літоўская геапалітыка мае канкрэтныя ідэалагічныя падмуркі, якія: а) паказваюць і тлумачаць абгрунтаванасць геапалітычнай актыўнасці Літвы ў рэгіёне, бо тэрыторыі, у дачыненні да якіх рэалізуецца актыўная вонкавая палітыка, былі часткай літоўскай дзяржавы; б) ствараюць каштоўнаснае абгрунтаванне геапалітычным амбіцыям Літвы, дзякуючы чаму становіцца зразумелая ейная гістарычная і палітычная місія. Гэтая місія заключаецца ў геапалітычнай інтэграцыі зямель ВКЛ; в) спрыяюць выцясненню іншых геапалітычных гульцоў, якія б маглі прэтэндаваць на ролю палітычнага цэнтру такой інтэграцыі і маглі б зрабіць гэтую ідэю часткай сваёй геапалітычнай дактрыны. Напрыклад, Беларусі. Важным механізмам у рэалізацыі гэтай ідэі павінна стаць дэмакратызацыя суседзяў, бо ўключыўшыся ў барацьбу з аўтарытарызмам і постсавецкай спадчынай, Літва зможа прышчапіць новае бачанне будучыні рэгіёну, дзе яна будзе адыгрываць галоўную ролю.
Хаця культурная памяць — гэта не тое самае, што гісторыя, але мажліва, гісторыкі павінны перайсці рубікон у імя дэмакратыі суседніх дзяржаў, з якімі Літву абагульняе мінуўшчына, і не толькі вывучаць, але таксама і ствараць новую культурную памяць. У імя Літвы9. |
8 Nikžentaitis, Alvydas. The «Imperial» Diplomacy of Lithuania // Lithuanian Foreign Policy Review. 2005. № 1—2. Р. 41. |
Літва за апошнія гады сталася новым геапалітычным суб’ектам, які імкнецца зрабіцца цэнтрам прыцягнення для тых дзяржаў Усходняй Еўропы, якія яшчэ не да канца акрэсліліся ў сваім геапалітычным выбары. І хаця сама ідэя Літоўскай імперыі больш падобная да прадукту для ўнутранага карыстання, а для ейнай рэалізацыі не існуе аб’ектыўных умоваў, вонкавая палітыка Літвы падаецца рацыянальнай і паспяховай, прынамсі ў межах усходняга рэгіёну. |
9 Nikžentaitis, Alvydas. The «Imperial» Diplomacy of Lithuania… Р. 47. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 11 (51) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |