A R C H E | П а ч а т а к | № 11 (51) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ЛУКАН Э. ЎЭЙ | ||||
Аўтарытарызм і палітычная лібэралізацыя на захадзе былога СССР у 1992–2004 гг.* УВОДЗІНЫНа пачатку 1990-х у Беларусі, Малдове, Расеі і Ўкраіне існавала адносна свабодная палітычная канкурэнцыя. І гэта — нягледзячы на сур’ёзныя перашкоды: кіраўнікі дзяржавы былі выхадцамі з старой намэнклятуры, далёкімі ад дэмакратычных ідэалаў, краіны ня мелі трывалай традыцыі дэмакратыі і разьвітай грамадзянскай супольнасьці, у іх не ўсталявалася вяршэнства закону і існавалі яны ў адноснай міжнароднай ізаляцыі. Пры канцы 1990-х і на пачатку 2000-х гг. палітычная канкурэнцыя ўва ўсіх чатырох дзяржавах заўважна аслабілася, хоць і ў рознай ступені: ад надзвычай закрытых рэжымаў у Беларусі ды Расеі да больш адкрытых — у Малдове і Ўкраіне. Я спынюся на дзьвюх вельмі важных загадках. Па-першае, чаму на пачатку 1990-х усе чатыры краіны былі адносна адкрытымі, нягледзячы на сур’ёзныя перашкоды, але зь цягам часу зрабіліся больш закрытымі? Па-другое, чаму на пачатку ХХІ ст. у гэтых краінах палітычная канкурэнцыя прысутнічае не ў аднолькавай ступені?Вывучэньне мэханізмаў фармаваньня і адтварэньня палітычных сыстэмаў на прыкладзе гэтых чатырох краінаў сьведчыць, што нам трэба перагледзець сваё разуменьне пераходнага этапу, калі эліта не выяўляе адданасьці дэмакратыі. Апошнім часам дыскусіі пра пераўтварэньне дзяржаўнага ладу пераважна засяроджваюцца на дэмакратычнай частцы спэктру. Гэта стварае праблему, і ня толькі таму, што ў выніку нас ахоплівае беспадстаўны аптымізм. Што яшчэ больш істотна, дасьледнікі схільныя не зважаць на цэлыя працэсы і інстытуты — як то эфэктыўнасьць прымусу альбо здольнасьць лідэраў трымаць пад кантролем хаўрусьнікаў, — малаістотныя пры пабудове дэмакратыі, але надзвычай важныя для ўмацаваньня аўтакратыі. Менавіта таму, што ў свой час мы надавалі мала ўвагі аўтарытарызму, нам было цяжка зразумець, чаму там, дзе, як шмат хто меркаваў, няма месца палітычнай канкурэнцыі, усталяваліся досыць адкрытыя палітычныя сыстэмы. У 1990-х і на пачатку 2000-х гг. наяўнасьць палітычнае канкурэнцыі ў Беларусі, Малдове, Расеі і ва Ўкраіне была зьвязаная не з існаваньнем разьвітай грамадзянскай супольнасьці, моцных дэмакратычных інстытутаў і дэмакратычнага кіраўніцтва. Яна тлумачылася тым, што першыя асобы дзяржавы не маглі ўтрымліваць уладу і засяроджваць у сваіх руках палітычны кантроль, захоўваючы адзінства эліты, кантралюючы выбарчы працэс, а таксама СМІ і/ці ўжываючы гвалт супраць апанэнтаў. Не маглі, бо ў гэтых краінах на той час расла нацыянальная сьвядомасьць, скіраваная супраць першай найвышэйшай службовай асобы. Не маглі, бо самі былі слабыя: ня мелі неабходных навыкаў (ноў-хаў), эфэктыўнай арганізацыі намэнклятуры і/ці моцнай дзяржаўнай улады (яна залежыць ад памераў дзяржавы, цэнтралізаванага дзяржаўнага кантролю і аб’ёму рэальных паўнамоцтваў дзяржавы). Шляхі разьвіцьця дзяржавы вызначала моц (або слабасьць) першай асобы, бо ад яе залежала здольнасьць улады кантраляваць палітычныя працэсы і ўмацоўваць той ці іншы палітычны лад — дэ альбо аўтарытарызм. У сваю чаргу, высокі ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці грамадзтва, скіраванай супраць найвышэйшай службовай асобы, падрываў яе моц і дапамагаў зьяднацца апазыцыі нават пры слабой грамадзянскай супольнасьці. На раньніх этапах зьяўленьню палітычнай канкурэнцыі ўва ўсіх чатырох краінах паспрыяў надзвычай раптоўны распад савецкай дзяржавы ў 1990—1991 гг. Ён прывёў да таго, што кіраўнікі дзяржавы засталіся без арганізаванай намэнклятуры, ня мелі належных навыкаў і фінансавых сродкаў, каб утрымліваць уладу і/ці засяродзіць у сваіх руках палітычны кантроль. Праз слабасьць альбо адсутнасьць такіх фармальных альбо нефармальных арганізацыяў эліты, як партыі ўлады альбо трывалыя неафіцыйныя структуры, першым асобам было цяжэй не дапусьціць пераходу на бок апазыцыі прэм’ер-міністраў, віцэ-прэзыдэнтаў, іншых галоўных хаўрусьнікаў. Апроч таго, кіраўнікі дзяржавы ня мелі ў сваіх руках моцнай улады, таму для іх ускладнялася задача пусьціць у ход службы бясьпекі і іншыя дзяржаўныя структуры, каб захапіць палітычны кантроль — праз выбарчыя махінацыі альбо гвалт супраць апанэнтаў. Да таго ж, асабліва ў Беларусі, першым асобам часьцяком проста не хапала досьведу і элемэнтарных навыкаў (напрыклад, уменьня прамаўляць перад тэлекамэрамі), безь якіх ня даць рады нават з адносна слабой апазыцыяй. Таму ўва ўсіх чатырох краінах на пачатку 1990-х ішло бурлівае палітычнае жыцьцё, адбывалася рэальная барацьба за ўладу. У трох з чатырох выпадкаў яна скончылася зьменай кіраўніцтва на выбарах. Аднак з паляпшэньнем фінансавага становішча дзяржавы, удасканаленьнем арганізацыі намэнклятуры і набыцьцём досьведу палітычнай канкурэнцыі ўзрасла моц першых дзяржаўных асобаў. Тым ня менш, Захад не рабіў на іх пасьлядоўнага ціску праз Эўразьвяз ці іншыя інстытуты. У выніку ўва ўсіх чатырох краінах — хоць і ў вельмі рознай ступені — на пачатку ХХІ ст. склаліся ўмовы для ўзмацненьня аўтарытарызму. Лукашэнку ў Беларусі і Пуціну ў Расеі было прасьцей зрабіць палітычную сыстэму больш закрытай, бо, па-першае, у гэтых краінах нацыянальная сьвядомасьць, зьвернутая супраць кіраўніка дзяржавы, заставалася досыць слабой; па-другое, іх лідэры здолелі захаваць (у Беларусі) альбо аднавіць (у Расеі) маштаб узьдзеяньня дзяржаўнай улады на эканоміку і эканамічныя суб’екты. І наадварот, у Малдове і ўва Ўкраіне склалася мацнейшая нацыянальная сьвядомасьць, зьвернутая супраць кіраўніка дзяржавы, а маштаб дзяржаўнага кантролю над эканамічнымі суб’ектамі быў меншы. Гэта не дазволіла стварыць больш аўтарытарную сыстэму і зьвесьці да мінімуму рэальную палітычную канкурэнцыю. У Малдове і Ўкраіне новыя лідэры апазыцыі здолелі скіраваць пра-, а тады антырасейскую нацыянальную сьвядомасьць супраць новых найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў. У той жа час ува Ўкраіне намэнклятура была больш дэзарганізаваныя, чым у Малдове, таму кіраўнікі ўкраінскай дзяржавы сутыкнуліся з крыху вастрэйшай палітычнай канкурэнцыяй, чым іх малдаўскія калегі.
МОЦНЫ КІРАЎНІК ДЗЯРЖАВЫ І АЎТАРЫТАРЫЗМКаб стварыць і ўтрымліваць аўтарытарную ўладу, кіраўнік дзяржавы мусіць быць у належнай ступені моцным. За некалькімі адметнымі выключэньнямі ў літаратуры, прысьвечанай разьвіцьцю палітычных сыстэмаў у посткамуністычных краінах, на гэты чыньнік дасюль практычна не зьвярталася ўвагі. Пасьля халоднай вайны намаганьні аўтакратаў захаваць уладу і/ці засяродзіць у сваіх руках палітычны кантроль сутыкаюцца з сур’ёзнымі перашкодамі. Перш за ўсё, лідэры павінны ўмець трымаць пад кантролем сваіх хаўрусьнікаў. Так, дэмакратызацыя почасту апынаецца пад пагрозай, бо сярод эліты няма адзінства што да пэўных працэдурных нормаў. Але ўмацаваньню аўтарытарнай улады амаль заўжды пагражае адсутнасьць згуртаванасьці вакол кіроўнай партыі ці самога аўтакрата сярод ягоных хаўрусьнікаў. Апроч таго, міжнародная супольнасьць патрабуе прынамсі намінальнага выкананьня дэмакратычных працэдураў, таму аўтакрат павінен умець маніпуляваць вынікамі выбараў, а таксама запалохваць апазыцыю, кантраляваць СМІ і не даваць эканамічным суб’ектам падтрымліваць яго палітычных супернікаў. Калі ў міжнароднай палітыцы вядзе рэй лібэралізм, а аўтакрат няздольны выканаць згаданых захадаў, у выніку ў краіне часьцяком здараюцца ўспышкі палітычнай канкурэнцыі. Яе нярэдка называюць няўстойлівай дэмакратыяй — але, бадай, ня менш пасуе і азначэньне «няўстойлівы аўтарытарызм».Моц кіраўніка дзяржавы вызначаецца паводле трох узаемазьвязаных паказьнікаў: 1) аўтарытарызм дзяржаўнай улады, 2) арганізаванасьць намэнклятуры і 3) належныя навыкі (ноў-хаў). Па-першае, для захаваньня недэмакратычнага кіраваньня вырашальнае значэньне мае моцная дзяржава. Апошнім часам навуковая супольнасьць актыўна абмяркоўвае пытаньні вяршэнства закону і моцнай дзяржавы як перадумовы дэмакратыі. Але іншыя складнікі дзяржаўнай улады маюць вырашальнае значэньне для ўсталяваньня аўтарытарызму. Аўтарытарызм дзяржаўнай улады можна вызначыць паводле трох крытэраў: ступень кантролю, аб’ём уладных паўнамоцтваў і памеры дзяржавы. Ступень кантролю паказвае, наколькі загады найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў выконваюцца іх падначаленымі. Сапраўды: да якой ступені кіраўнікі дзяржавы могуць разьлічваць, што іх падначаленыя ў рэпрэсіўных структурах і мясцовых органах кіраваньня будуць удушаць апазыцыю і фальсыфікаваць вынікі выбараў? У сваю чаргу, на ступень кантролю наўпрост уплывае фінансавае становішча дзяржавы, бо ад яго залежыць, наколькі кіраўніцтва дзяржавы здольнае выплачваць заробкі і/ці прыцягваць на свой бок патэнцыйныя сілы апазыцыі грашовымі падачкамі. Здольнасьці лідэра ўсталяваць і ўтрымліваць аўтарытарную ўладу залежаць таксама ад аб’ёму ягоных адзінаасобных паўнамоцтваў1. У прыватнасьці, чым больш падпарадкаваная дзяржаве эканоміка, тым прасьцей аўтакрату не дапусьціць зьяўленьня апазыцыі. Адпаведна, пры роўных іншых умовах усталяваць і захаваць аўтакратызм цяжэй (але, вядома ж, магчыма) там, дзе праведзеная больш маштабная прыватызацыя эканомікі. Як ужо адзначалі шмат дасьледчыкаў, калі існуе моцны прыватны сэктар, незалежныя СМІ, і апазыцыйныя прэтэндэнты на ўладу могуць прыцягнуць больш рэсурсаў. Нарэшце, памеры дзяржавы ўплываюць на тое, наколькі кіраўнік дзяржавы паддаецца ціску з боку Захаду. Адпаведна, на лідэраў Расеі (і Кітаю) ціск Захаду дзейнічае ў меншай ступені, чым на лідэраў драбнейшых краінаў. Аднак іншыя буйныя дзяржавы празь фінансавую (і ня толькі) падтрымку могуць зьнізіць дзейснасьць ціску на невялікія краіны з боку заходніх дзяржаваў. |
прафэсар паліталёгіі Храмавага ўнівэрсытэту (Temple University), што ў Філадэльфіі, у 2004—2005 г. — стажэр Гарвардзкае акадэміі міжнародных і рэгіянальных дасьледаваньняў. Апошнім часам пачаў вучыць беларускую мову. У сфэру яго навуковых інтарэсаў уваходзіць тыпалёгія і шляхі трансфармацыі недэмакратычных рэжымаў, а таксама палітычныя працэсы ў посткамуністычных краінах. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» — аналіз «Рэвалюцыя і крах Кучмавага аўтарытарызму» (5/2005).
* Пры напісаньні гэтага артыкулу мне вельмі дапамаглі мае сябры і калегі: Ігар Бакан, Сэмюэль Гантынгтан, Анна Гжымала-Бусэ, Лары Дайманд, Кейт Дардэн, Палін Джонз Луонг, Рычард Дыг, Чарлз Кінг, Тым Колтан, Тарас Кузё, Стыў Лявіцкі, Майкл Макфол, Марк Плетнэр, Рычард Роўс, Уладзімер Салянары, Віталь Сіліцкі, Рычард Снайдэр, Брэнда Ўэй, Джозэф Шварц і Аксана Шэвель. |
Па-другое, фармальная й нефармальная арганізацыя намэнклятуры можа таксама адыграць ключавую ролю ў тым, каб не дапусьціць пераходу эліты ў лягер апазыцыі, бо гэта падрывае ўстойлівасьць аўтакратычнага рэжыму. Прэм’ер-міністрам, блізкім дарадцам і іншым хаўрусьнікам кіраўніка дзяржавы часта зручней, чым каму іншаму, прыцягваць сродкі і (дзякуючы доступу да дзяржаўных СМІ) дабівацца высокай папулярнасьці. А гэтым можна скарыстацца, каб кінуць выклік уладзе лідэра. Моцныя фармальныя ці нефармальныя арганізацыі: палітычныя партыі, трывалая сыстэма залежнасьці ад «дабрадзея» альбо разгалінаваныя «сямейныя» сувязі — нярэдка рабіліся важнымі мэханізмамі, каб зьменшыць лік «перабеглых». І наадварот, адсутнасьць альбо слабасьць такіх арганізацыяў можа павялічваць раскольніцкія настроі сярод хаўрусьнікаў, расьце верагоднасьць, што яны пяройдуць на другі бок, калі становішча кіраўніка дзяржавы захістаецца.
І ўрэшце, пры абмеркаваньні праблемаў «пабудовы» і пераходу да дэмакратыі цэнтральнае месца адводзіцца палітычным навыкам. Але яны ня менш істотныя і для стварэньня аўтарытарных рэжымаў. Роля навыкаў (ноў-хаў) асабліва ўзрасла пасьля распаду Савецкага Саюзу. Па сканчэньні халоднай вайны перад аўтакратамі, звыклымі да падтрымкі звонку, амаль поўнай адсутнасьці і ўнутранай апазыцыі, і міжнароднага ціску, паўсталі прынцыпова новыя праблемы. У гэтых новых умовах лідэры мусілі навучыцца выкарыстоўваць наяўныя рэсурсы, каб пасьпяхова канкураваць у часткова свабоднай палітычнай барацьбе, кантраляваць сваіх хаўрусьнікаў і стрымліваць апазыцыю, не выклікаючы міжнароднай рэакцыі. Праблема з вызначэньнем ролі гэтых навыкаў у тым, што існуе спакуса разглядаць іх альбо «наастачу» (г. зн. прызнаваць іх толькі там, дзе вынікі немагчыма патлумачыць нічым іншым), альбо, наадварот, аб’ядноўваць іх з самім вынікам (г. зн. у самім факце пасьпяховага ўсталяваньня аўтарытарызму бачыць доказ валоданьня належнымі навыкамі). Каб пазьбегнуць гэтых пастак, я буду разглядаць «навыкі» (ноў-хаў) як досьвед пасьпяховага ўдзелу ў агульнанацыянальных выбарах у посткамуністычную эпоху. У іх ходзе першыя асобы зразумелі, як можна маніпуляваць вынікамі выбараў і выходзіць зь іх пераможцамі. Апроч таго, я спынюся на некаторых асобных навыках, каб паказаць, як іх наяўнасьць/адсутнасьць адбівалася на выніках. Гэтыя тры чыньнікі, ад якіх залежыць моц кіраўніка дзяржавы: аўтарытарызм дзяржаўнай улады, арганізаванасьць намэнклятуры і належныя навыкі — разглядаюцца ў гэтым артыкуле ў сукупнасьці, а не паасобку, бо яны ўзаемазьвязаныя, і адзін зь іх можа ў пэўных выпадках кампэнсоўваць слабасьць іншага. Перш за ўсё, арганізаванасьць намэнклятуры не заўсёды адыгрывае аднолькавую ролю — яна зьвязаная з аб’ёмам аўтарытарнай дзяржаўнай улады (пра гэта згадвалася вышэй). Калі аб’ём дзяржаўнай улады абмежаваны, тады арганізаванасьць намэнклятуры набывае дадатковую вагу: яна дапамагае пазьбегнуць адкрытага дэзэртэрства хаўрусьнікаў і прызначэнцаў. Чаму? Пры больш абмежаванай уладзе кіраўніка дзяржавы былыя паплечнікі, што пераходзяць у апазыцыю, здольныя прыцягнуць больш сродкаў з большай колькасьці крыніцаў, знайсьці больш хаўрусьнікаў. У прыватнасьці, калі доля ўмяшаньня дзяржавы ў эканоміку меншая (і, адпаведна, больш разьвіты прыватны сэктар), былым хаўрусьнікам будзе лягчэй наладзіць і падтрымліваць фінансавае забесьпячэньне апазыцыі. І наадварот, пры шырэйшым дзяржаўным умяшаньні ў эканоміку такія мажлівасьці будуць больш абмежаваныя. Таму ў такіх краінах роля арганізацыі намэнклятуры будзе меншая. Далей мы пакажам, што больш абмежаваныя маштабы прыватызацыі ў Беларусі за Лукашэнкам часткова вызвалілі яго ад неабходнасьці ствараць моцную фармальную ці нефармальную арганізацыю намэнклятуры. І наадварот, у Малдове, Расеі і Ўкраіне, дзе маштабы кантролю дзяржавы над эканомікай меншыя, арганізацыя намэнклятуры мела асаблівую значнасьць для ўмацаваньня аўтакратыі. У гэтых выпадках большая разгрупаванасьць рэсурсаў па-за межамі дзяржаўнай сыстэмы павялічвала магчымасьці пераходу эліты ў лягер апазыцыі. Да таго ж валоданьне належнымі навыкамі (ноў-хаў) у пэўнай ступені можа — прынамсі, на кароткі час — кампэнсаваць адсутнасьць альбо слабасьць арганізацыі намэнклятуры. Таму лідэры з досьведам палітычнай канкурэнцыі ў часткова свабодных умовах могуць утрымліваць уладу, пакуль здольныя вызначаць і нэўтралізоўваць патэнцыйных супернікаў зь ліку сваіх хаўрусьнікаў, перш чым тыя пасьпеюць прарасьці ў сур’ёзную пагрозу. Аднак можна чакаць, што сама сабою гэтая здольнасьць, асабліва пры абмежаваным дзяржаўным кантролі, — досыць нетрывалы падмурак для захаваньня аўтакратыі. У сваю чаргу, калі намэнклятура слаба арганізаваная, а дзяржаўная ўлада абмежаваная, адкрытая барацьба эліты, хутчэй за ўсё, будзе падрываць ступень кантролю аўтакратаў над дзяржавай. На тое ёсьць некалькі прычынаў. Змаганьне эліты, якое выяўляецца ў росьце колькасьці ўзаемна супярэчлівых законаў і ўказаў выканаўчай улады, міністэрстваў і заканадаўчай улады. Гэта блякуе іх выкананьне, бо падначаленыя зьбітыя з панталыку: які ж загад ім выконваць? Нязгода ў вярхах можа таксама дазволіць падначаленым дасягнуць пэўнай самастойнасьці, гуляючы на рознагалосьсях. Нарэшце, адкрытая барацьба ўладных элітаў можа стварыць настолькі няпэўную атмасфэру, што падначаленыя палічаць за лепшае не рызыкаваць і не прымаць ніводнага з бакоў. Верагодна, калі магчымая перамога супраціўнага боку, падначаленыя будуць схільныя хутчэй гуляць асьцярожна і нічога не рабіць, чым рызыкаваць настроіць супраць сябе тую ці іншую фракцыю ў кіраўніцтве дзяржавы. Таму надзвычайная разьяднанасьць эліты, хутчэй за ўсё, падрывае ўстойлівасьць аўтарытарнай улады, бо зьмяншае ступень кантролю кіраўніка дзяржавы над падпарадкаванымі яму дзяржаўнымі органамі. А без адпаведнага кантролю нельга навязаць недэмакратычныя правілы гульні. Падвышаецца верагоднасьць, што СМІ ня стануць выконваць загадаў перадузята асьвятляць падзеі, органы бясьпекі — удушаць апазыцыю, а мясцовыя органы кіраваньня — фальсыфікаваць вынікі галасаваньня. І наадварот, у лідэра, які абапіраецца на аб’яднаную эліту, цалкам разьвязаныя рукі ў выкарыстаньні дзяржаўнага апарату, каб скасаваць усялякую пагрозу сваёй уладзе.
Такім чынам, калі эліта далёкая ад прынцыпаў дэмакратыі, ад моцы найвышэйшага дзяржчыноўніка (а яна вызначаецца аўтарытарызмам дзяржаўнай улады, арганізаванасьцю намэнклятуры і належнымі навыкамі) істотна залежыць ступень палітычнай канкурэнцыі. На яе наўпрост уплываюць усе тры згаданыя чыньнікі: яны вызначаюць, у якой ступені магчымая адкрытая барацьба эліты і на якія адміністрацыйныя і матэрыяльныя рэсурсы можа абапірацца аўтакрат, што прагне захаваць сваю ўладу. Разам з тым, гэтыя тры чыньнікі ўзаемазьвязаныя. Шырокі дзяржаўны кантроль над эканомікай і, у значна меншай ступені, навыкі могуць ураўнаважыць слабую арганізаванасьць намэнклятуры, калі трэба не дапусьціць адкрытага пераходу эліты ў апазыцыю. А ён магчымы пры зьмяншэньні дзяржаўнага кантролю, слабой арганізацыі намэнклятуры і/ці адсутнасьці ў лідэра адпаведных навыкаў і здольны наўпрост падрываць аўтарытарызм дзяржаўнай улады, бо падначаленыя могуць не выконваць загадаў цэнтру.
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СЬВЯДОМАСЬЦЬ, ЗЬВЕРНУТАЯ СУПРАЦЬ КІРАЎНІКА ДЗЯРЖАВЫ, І ЎМАЦАВАНЬНЕ АЎТАКРАТЫІДругі важны чыньнік, што ўплывае на ступень палітычнай канкурэнцыі — нацыянальная сьвядомасьць, зьвернутая супраць дзейнага кіраўніка дзяржавы. Яе выразная прысутнасьць і спрыяе мабілізацыі апазыцыі, і аслабляе найвышэйшага дзяржаўнага чыноўніка. Апазыцыйным лідэрам лягчэй арганізаваць рух пратэсту, калі яны могуць пераканаўча выявіць кіраўніка дзяржавы супраціўнікам нацыянальнай культуры ці сьветапогляду. Вядома, што праз такі зварот да эмоцыяў прасьцей абудзіць самаахвярнасьць і стварыць кааліцыю розных сацыяльных слаёў, нават пры адносна слабой грамадзянскай супольнасьці.Высокі ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці, зьвернуты супраць кіраўніка дзяржавы, можа істотна яго аслабіць. Па-першае, яе ўздым у пэўных рэгіёнах краіны можа зьнізіць там дзяржаўны кантроль цэнтру. У выніку кіраўніку дзяржавы будзе цяжэй фальсыфікаваць вынікі галасаваньня альбо ўжыць сілу. Па-другое, уздым нацыянальнай сьвядомасьці, зьвернутай супраць кіраўніка дзяржавы, можа перашкодзіць яму зьвярнуцца па дапамогу звонку, калі ў ёй бачыцца пагроза для нацыянальнай культуры і/ці ладу жыцьця. Так расейскае ўмяшаньне ў Малдове і Ўкраіне выклікала адмоўную рэакцыю ў гэтых краінах. Найчасьцей — як у дэкалянізаваных афрыканскіх краінах у 1950—1960-х гг., так і ў Цэнтральнай Эўропе пры канцы 1980-х, нацыянальная сьвядомасьць, зьвернутая супраць кіраўніка дзяржавы, аб’ядноўвае большасьць насельніцтва вакол лідэраў нацыянальнай апазыцыі. Радзей здараюцца выпадкі, як, напрыклад, у Малдове і Ўкраіне, калі дзьве спаборныя нацыянальныя ідэі аслабляюць кіраўніка дзяржавы і могуць выкарыстоўвацца абодвума бакамі. У такіх выпадках першая асоба, якую б нацыянальную ідэю яна ні падтрымлівала, сутыкаецца з сур’ёзнымі перашкодамі пры ўмацаваньні сваёй улады.
ЗАГАДКА: ШЛЯХІ РАЗЬВІЦЬЦЯ ПАЛІТЫЧНЫХ СЫСТЭМАЎ У БЕЛАРУСІ, МАЛДОВЕ, РАСЕІ І ЎКРАІНЕПабачыць, наколькі вызначаюць шляхі разьвіцьця дзяржаўнага ладу моц кіраўніка дзяржавы і наяўнасьць зьвернутай супраць яго нацыянальнай сьвядомасьці, можна на прыкладзе Беларусі, Малдовы, Расеі і Ўкраіны. Гэтыя краіны мелі цэлы шэраг блізкіх паказьнікаў, што, як прынята меркаваць, перадвызначаюць разьвіцьцё палітычнай сыстэмы. Па-першае, усе чатыры краіны ў 1990-х гг. прынялі канстытуцыі, што надавалі прэзыдэнтам даволі шырокія паўнамоцтвы. Па-другое, ніводная з гэтых краінаў да 1991 г. ня ведала дэмакратычнага кіраваньня. Па-трэцяе, ва ўсіх краінах на найвышэйшых дзяржаўных пасадах знаходзіліся высокапастаўленыя савецкія чыноўнікі, гатовыя ўжыць антыдэмакратычныя сродкі, абы толькі захаваць уладу. Па-чацьвёртае, у параўнаньні з краінамі Цэнтральнай Эўропы, з аднаго боку, і Сярэдняй Азіі, з другога, усе чатыры дзяржавы мелі прыкладна аднолькава шчыльныя сувязі з Заходняй Эўропай. Па-пятае, усе чатыры краіны ўваходзяць у Раду Эўропы*, але да 2004 г. ніколі не разглядалася магчымасьць іх далучэньня да Эўразьвязу. Па-шостае, ва ўсіх чатырох выпадках сілы апазыцыі на пачатку 1990-х гг. — калі меркаваць паводле колькасьці дэмакратаў-апазыцыянэраў, абраных у нацыянальныя парлямэнты ў 1990 г. — былі прыблізна аднолькавыя (ува ўсіх чатырох выпадках дэмакраты кантралявалі ў 1990 г. каля траціны месцаў у парлямэнце). Што гэтыя фактары вызначаюць шляхі разьвіцьця палітычных сыстэмаў, паказана ў асобных аналітычных працах, таму я разглядаю іх тут толькі павярхоўна. Нарэшце, у сфэры, дзе існуюць сапраўды важныя адрозьненьні — ува ўзроўні эканамічнага разьвіцьця — вынікі супярэчаць тэорыі. Так, велічыня ВУП на душу насельніцтва была значна ніжэйшая ў тых дзьвюх краінах, дзе больш прысутнічала палітычная канкурэнцыя (520 даляраў ЗША ў Малдове і 1133 даляры ўва Ўкраіне), чым у больш аўтакратычных (2248 даляраў ЗША ў Беларусі і 3528 даляраў у Расеі)2. |
1 Я падкрэсьліваю адзінаасобныя паўнамоцтвы, каб адрозьніць іх ад шырокіх паўнамоцтваў дзяржавы ў эканамічнай сфэры, замацаваных законам у разьвітых капіталістычных краінах. |
Дасьледаваньне разьвіцьця палітычнай канкурэнцыі ў рэгіёне выяўляе дзьве асаблівасьці, якія вымагаюць тлумачэньня: 1) на пачатку 1990-х гг. ува ўсіх чатырох краінах адбывалася адносна актыўная палітычная канкурэнцыя, але зь цягам часу яна зьменшылася; 2) разам з тым, усе чатыры дзяржавы ўступілі ў ХХІ ст. з рознымі ўзроўнямі закрытасьці.
Я ацэньваю ўзровень палітычнай канкурэнцыі/закрытасьці па распадзе Савецкага Саюзу паводле чатырох крытэраў3. Першае — гэта ўзровень выбарчых махінацыяў на карысьць кіраўніка дзяржавы. Гэты паказьнік сьведчыць, да якой ступені першы дзяржслужбоўца маніпулюе падлікам галасоў, удушае апазыцыйных кандыдатаў і/ці постфактум скрадае перамогу апазыцыі4. Другі крытэр — манапалізацыя кіраўніком дзяржавы СМІ — адлюстроўвае, наколькі электронныя СМІ зь вялікай аўдыторыяй даносяць да насельніцтва альтэрнатыўны афіцыйнаму пункт гледжаньня на падзеі5. Трэці крытэр — слабасьць апазыцыі — вызначаецца яе доступам да фінансавых і/ці арганізацыйных рэсурсаў6. Апошні крытэр закрытасьці — фактычны кантроль выканаўчай улады над парлямэнтам. «Высокі» паказьнік сьведчыць, што выканаўчая ўлада маніпулюе заканадаўчай як пажадае, так што ў парлямэнце фактычна ня можа зьявіцца якой-кольвек апазыцыі кіраўніку дзяржавы. «Сярэдні» паказьнік сьведчыць, што балянс улады зрушаны на карысьць выканаўчай галіны, але парлямэнт, тым ня менш, пэрыядычна ідзе на канфлікт з выканаўчай уладай альбо прымушае яе да кампрамісаў у такіх істотных пытаньнях, як прызначэньні дзяржаўных чыноўнікаў ці ключавыя палітычныя рашэньні. «Сярэдні» кантроль над парлямэнтам існаваў у Расеі ў 1994—1999 гг. і Ўкраіне ў 1995—2004 гг. Хоць у палітычным жыцьці збольшага вялі рэй прэзыдэнты, але існавалі і моцныя выразна антыпрэзыдэнцкія партыі, што стваралі нязьменную, а часам і эфэктыўную апазыцыю іх уладзе. Нарэшце, «нізкі» ўзровень сьведчыць, што балянс улады выразна зрушаны на карысьць парлямэнту. Прыкладам можа быць Украіна ў 1992—1994 гг., калі парлямэнт упарта блякаваў прэзыдэнцкія ініцыятывы ды дамогся правядзеньня датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў. Малдова ў 1993—2000 гг. таксама можа быць прыкладам нізкага ўзроўню кантролю выканаўчай улады над заканадаўчай: парлямэнт тады дамогся ўнясеньня ў канстытуцыю важных паправак, якія наўпрост пярэчылі волі прэзыдэнта, — у тым ліку рашэньня ў 2000 г. аб скасаваньні ўсенародных выбараў прэзыдэнта.
У Табліцы 1 адлюстраваны ўзровень закрытасьці кожнага з рэжымаў пасьля распаду Савецкага Саюзу ў 1991 г. На пачатку 1990-х ува ўсіх чатырох краінах назіраўся высокі ўзровень палітычнай канкурэнцыі. Асабліва варта адзначыць, што ўва ўсіх чатырох выпадках кіраўнікі дзяржаваў сутыкнуліся падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994—1996 гг. з жорсткай канкурэнцыяй і ўсюды, апроч Расеі, страцілі ўладу. Адначасова апазыцыя карысталася адноснай свабодай арганізацыйнай дзейнасьці; існаваў параўнальна моцны парлямэнт, а ў СМІ, нягледзячы на нярэдка тэндэнцыйнае асьвятленьне падзеяў на карысьць дзейнага кіраўніка дзяржавы, адзначаўся і сур’ёзны ўзровень адкрытага іншадумства. У другой палове 1990-х гг. палітычнае жыцьцё ва ўсіх чатырох краінах стала больш закрытым — хоць і ў рознай ступені. Сьпярша ў Беларусі Лукашэнка, які ў 1994 г. перамог на прэзыдэнцкіх выбарах тагачаснага кіраўніка дзяржавы прэм’ер-міністра Кебіча, усталяваў, пачынаючы з 1997 г., надзвычай закрыты рэжым з цалкам паслухмянымі заканадаўчай уладай, СМІ і судовай сыстэмай. Расея таксама зрабілася больш аўтакратычнай. На пачатку 2000-х гг. Пуцін змог узяць пад досыць жорсткі кантроль парлямэнт і абмежаваць свабоду СМІ, закрыўшы адзін за адным незалежныя тэлевізійныя каналы. На працягу 1990-х гг. з усіх чатырох краінаў найбольш свабоднае і дынамічнае палітычнае жыцьцё вялося ў Малдове. Існавала моцная заканадаўчая ўлада, разнастайныя СМІ, абмежаваньні для палітычных арганізацыяў былі нязначныя, і двойчы адбылася дэмакратычная зьмена ўлады — больш, чым у любой зь небалтыйскіх постсавецкіх краінаў у 1990-х гг. Паводле іроніі лёсу, Малдова пачала хіліцца ў бок аўтакратызму пасьля таго, як стала парлямэнцкай рэспублікай, а камуністычная партыя атрымала на выбарах 2001 г. 70 % месцаў у парлямэнце. Камуністычны ўрад узмацніў кантроль над сродкамі масавай інфармацыі ды судамі. Але ў той самы час апазыцыя працягвае кантраляваць сталіцу і атрымліваць значнае фінансаваньне. Украіна таксама на працягу 1990-х і на пачатку 2000-х гг. рухалася да ўсё большага аўтакратызму. Леанід Кучма, што зьмяніў у 1994 г. Леаніда Краўчука на пасадзе прэзыдэнта, узмацніў кантроль над парлямэнтам, узьвёў у сыстэму выбарчыя махінацыі і перасьлед апазыцыі. Аднак Кучма, адрозна ад сваіх калегаў зь Беларусі й Расеі, сутыкнуўся з сур’ёзным супрацівам сваёй уладзе і ў 2004 г. мусіў сысьці. Такім чынам, разгледзеўшы гэтыя прыклады, мы апынаемся перад дзьвюма загадкамі: 1. Чым можна патлумачыць, што ўва ўсіх чатырох краінах на пачатку 1990-х гг. існавала досыць актыўная палітычная канкурэнцыя, але зь цягам часу яна зьменшылася? 2. Чаму гэтыя краіны ўступілі ў ХХІ ст. з такім розным узроўнем закрытасьці?
АДГАДКА ТАЯМНІЦЫ ПАЛІТЫЧНАЙ КАНКУРЭНЦЫІ НА ЗАХАДЗЕ БЫЛОГА СССРУ 1990-х гг. рэгіён вызначаўся надзвычай актыўнай і трывалай палітычнай канкурэнцыяй, калі браць пад увагу ўвесь спэктар неспрыяльных для разьвіцьця дэмакратыі чыньнікаў. Інстытуцыйная спадчына старога рэжыму: адсутнасьць традыцыяў дэмакратыі і прававой дзяржавы, слабасьць грамадзянскай супольнасьці — істотна абцяжарвала разьвіцьцё дэмакратыі. Дык як жа патлумачыць існаваньне сапраўднай, хай сабе і далёкай ад дасканаласьці палітычнай канкурэнцыі ў краінах рэгіёну?Па-першае, здаецца, што інстытуцыйнымі трактоўкамі, якія цяпер пераважаюць у досьледах палітычных сыстэмаў, не патлумачыць шляхоў разьвіцьця дзяржаўнага ладу ў гэтым рэгіёне. Як ужо адзначалася вышэй, з інстытуцыйнага гледзішча нельга абгрунтаваць адрознасьці паміж гэтымі чатырма краінамі, бо ўсе яны на пачатку 1990-х гг. былі паўпрэзыдэнцкімі рэспублікамі. Гэтаксама з інстытуцыйнага гледзішча немагчыма зразумець зьмены, што адбываліся зь цягам часу ў кожнай з гэтых краінаў7. Напрыклад, Малдова пачала хіліцца да закрытасьці пасьля таго, як стала парлямэнцкай рэспублікай. Апроч таго, ва ўмовах слабасьці і крохкасьці палітычных інстытутаў, канстытуцыя і іншыя палітычныя інструмэнты почасту выступаюць хутчэй адлюстраваньнем, а не перадумовай улады вышэйшай службовай асобы. Так, прэзыдэнт Ельцын увёў звышпрэзыдэнцкую канстытуцыю пасьля таго, як у 1993 г. разагнаў парлямэнт. |
* Беларусь да 1997 г. была асацыяваным чальцом Рады Эўропы. - Рэд .
2 Лічбы 2003 г., курс даляра паводле стану на 1995 г. (WDI online). 3 Мае ацэнкі збольшага адпавядаюць зьвесткам «Freedom House», за выключэньнем Малдовы, якую на пачатку і ў сярэдзіне 1990-х гг. гэтая арганізацыя лічыла менш дэмакратычнай. Відаць, гэта адбывалася праз тое, што «Freedom House» уключала ў свае падлікі аўтакратычны рэжым у мяцежным рэгіёне Прыднястроўя. Я, наадварот, уключаю ў свой аналіз толькі кішынэўскі рэжым. 4 «Высокі» паказьнік сьведчыць, што прынамсі адзін зь пералічаных захадаў дастаткова эфэктыўны, каб выключыць элемэнт нявызначанасьці ў выбарчым працэсе. «Сярэдні» паказьнік сьведчыць, што прынамсі адзін зь пералічаных захадаў ужываецца дастаткова шырока, каб сур’ёзна зьмяняць сытуацыю на карысьць кіраўніка дзяржавы — але не настолькі, каб абсалютна пазбавіць выбары элемэнту канкурэнцыі. Напрыклад, «сярэдні» паказьнік адлюстроўвае ўзровень выбарчых махінацыяў у памеры 5—10 % галасоў (як у Сэрбіі ў 1990-я гг. і ўва Ўкраіне за часам Кучмы), які яшчэ пакідае сур’ёзныя магчымасьці апанэнтам рэжыму, — адрозна ад выбарчых махінацыяў на 40—60 % у Азэрбайджане й Беларусі, што робіць выбары фактычна бессэнсоўнымі. 5 «Высокі» паказьнік сьведчыць пра амаль поўную адсутнасьць апазыцыйных поглядаў у электронных СМІ. «Сярэдні» — што большасьць электронных СМІ кантралюецца кіраўніком дзяржавы, але існуюць таксама і досыць буйныя СМІ, якія адкрыта крытыкуюць урад. 6 Надзвычай слабая апазыцыя фактычна пазбаўленая фінансаваньня і/ці арганізацыйных рэсурсаў. Пры «сярэднім» паказьніку слабасьці ў апазыцыі ёсьць значныя фінансавыя й арганізацыйныя рэсурсы, але яна сур’ёзна саступае намэнклятуры. Нарэшце, «нізкі» паказьнік сьведчыць, што апазыцыя мае прыблізна такія самыя ці нават большыя фінансавыя і арганізацыйныя рэсурсы, як і кіраўнік дзяржавы.
|
Па-другое, наяўнасьць палітычнай канкурэнцыі часам разглядаецца як вынік прыхільнасьці кіраўніка дзяржавы да дэмакратыі. Такі падыход таксама не стасуецца да гэтых выпадкаў. Так, у 1990-х гг. большасьць лідэраў у названым рэгіёне не спрабавалі ўсталёўваць надзвычай рэпрэсіўную і закрытую ўладу, як у некаторых краінах Сярэдняй Азіі. Аднак выканаўчая ўлада ўва ўсіх чатырох краінах — прадстаўнікі былой камуністычнай эліты, далёкія ад уплыву з Захаду, — выявіла гатовасьць выходзіць па-за рамкі закону, абы застацца ўва ўладзе і/ці абмежаваць публічную крытыку на свой адрас. У Расеі, напрыклад, Ельцын у 1993 г. расстраляў непакорлівы парлямэнт, а ў 1996 г. ледзь не адмяніў прэзыдэнцкія выбары, якія ён мог прайграць. У Малдове першы прэзыдэнт краіны Сьнегур у 1991 г. перакройваў выбарчае заканадаўства, каб стаць адзіным кандыдатам на першых прэзыдэнцкіх выбарах напярэдадні распаду СССР, а неўзабаве пасьля гэтага ўвёў закон, што прадугледжваў неверагодна высокія штрафы і нават турэмнае зьняволеньне за «паклёп» на прэзыдэнта альбо старшыню парлямэнту (аднак у далейшым Сьнегур ня здолеў дамагчыся пераабраньня на другі тэрмін і сутыкнуўся з надзвычай вострай крытыкай у мас-мэдыях і моцным парлямэнтам, які, у прынцыпе, прадыктаваў яму ўмовы Канстытуцыі 1994 г.). Ува Ўкраіне Краўчук закрыў у 1994 г. антыпрэзыдэнцкі тэлеканал, а ў 1993-м ледзьве не разагнаў апазыцыйны парлямэнт пры дапамозе вайсковай сілы8. Урэшце, прэм’ер-міністар Кебіч у Беларусі зачыняў крытычна настроеныя да яго СМІ і фальсыфікаваў галасы падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г.9. Такія дзеяньні прымушаюць сур’ёзна задумацца, наколькі наяўнасьць палітычнай канкурэнцыі ў гэтых краінах можна вытлумачыць прыхільнасьцю кіраўніцтва да дэмакратыі.
|
7 Адзінае частковае выключэньне — Беларусь, што зрабілася менш дэмакратычнай пасьля ўвядзеньня пасады прэзыдэнта ў 1994 г. Аднак увядзеньне напаўпрэзыдэнцкага кіраваньня не тлумачыць, чаму на пачатку 1990-х гг., калі Беларусь была парлямэнцкай рэспублікай, узровень палітычнай канкурэнцыі там быў крыху ніжэйшы, чым у астатніх напаўпрэзыдэнцкіх краінах, і значна ніжэйшы пры канцы 1990-х гг.
|
Больш за тое, не пацьвярджаецца і тэза, што зыход разьвіцьця палітычнай сыстэмы залежыць ад узроўню народнай падтрымкі дэмакратыі. Насамрэч праведзеныя ў 1990-х гг. апытаньні паказваюць, што дэмакратычныя інстытуты мелі самую высокую народную падтрымку ў Беларусі (на ўзроўні краінаў Балтыі), а самую нізкую — у Малдове.
Больш пэрспэктыўна засяродзіць увагу на зьменах міжнароднай абстаноўкі цягам 1990-х гг. Распад Савецкага Саюзу прывёў да таго, што ў сусьветнай палітыцы запанаваў заходні лібэралізм. У выніку мы назіралі надзвычай шырокае фармальнае, хоць і далёка не заўсёды дзейснае ўкараненьне дэмакратычных інстытутаў. Нядаўна некаторыя аўтары зьвярнулі ўвагу, што эфэктыўнасьць ціску з Захаду, каб прымусіць посткамуністычныя краіны праводзіць дэмакратызацыю, залежыць ад ступені сувязяў гэтых краінаў з Захадам. Так, гэтым чыньнікам можна абгрунтаваць адрозьненьні паміж названым рэгіёнам і іншымі, напрыклад, Сярэдняй Азіяй. Але сувязі з Захадам не тлумачаць адрозьненьняў паміж самімі гэтымі краінамі, бо, як адзначалася вышэй, усе яны мелі прыкладна аднолькавы ўзровень кантактаў з Захадам. І аб’ём гэтых сувязяў зь цягам часу павялічыўся, што ніяк не стасуецца з параўнальным зьніжэньнем палітычнай канкурэнцыі.
МОЦ КІРАЎНІКА ДЗЯРЖАВЫ, ЗЬВЕРНУТАЯ СУПРАЦЬ ЯГО НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СЬВЯДОМАСЬЦЬ І ЎЗРОВЕНЬ ПАЛІТЫЧНАЙ КАНКУРЭНЦЫІУ значнай ступені адрозьненьні ўва ўзроўні палітычнай канкурэнцыі — паміж асобнымі краінамі і ў кожнай зь іх на працягу канкрэтнага часу — можна наўпрост суаднесьці з адрозьненьнямі ў тым, наколькі моцны кіраўнік дзяржавы і наколькі магутная зьвернутая супраць яго нацыянальная сьвядомасьць. Адпаведныя паказьнікі для кожнай краіны падсумаваныя ў Табліцы 210. |
8 Кравчук, Леонід. Маємо те, що маємо. Київ, 2002. С. 277—278. 9 Інтэрвію з Аляксандрам Дабравольскім, назіральнікам падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г., Менск, чэрвень 2004 г.
|
Зыходзячы з паказьнікаў Табліцы 2, нам варта было б чакаць: 1) большае закрытасьці палітычнай сыстэмы ва ўсіх чатырох краінах у пазьнейшы пэрыяд, бо зь цягам часу павялічылася моц кіраўнікоў дзяржавы, і 2) меншай закрытасьці ў Малдове і Ўкраіне ў параўнаньні зь Беларусьсю й Расеяй, бо ў першых дзьвюх краінах прысутнічае нацыянальная сьвядомасьць, зьвернутая супраць кіраўніка дзяржавы, а самі найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі слабейшыя, чым іх беларускія і расейскія калегі. Як мы бачым, акурат так яно і ёсьць. У наступным разьдзеле разглядаюцца мэханізмы, празь якія кожны з згаданых чыньнікаў уплывае на ўзровень палітычнай канкурэнцыі ў краіне. Далей я пакажу, як у кожнай з чатырох дзяржаваў розныя варыянты, у якіх моц кіраўніка дзяржавы спалучаецца са зьвернутай супраць яго нацыянальнай сьвядомасьцю, прывялі да розных вынікаў.
МОЦ КІРАЎНІКА ДЗЯРЖАВЫПераўтварэньні ўва ўзроўні палітычнай канкурэнцыі зь цягам часу абумоўленыя тым, як зьмянялася моц кіраўніка дзяржавы. На пачатку 1990-х гг., адразу па распадзе СССР, зьменшыліся магчымасьці эліты засяроджваць у сваіх руках уладу і выходзіць за рамкі прававога поля. І гэта — нягледзячы на практычна неабмежаваны доступ да дзяржаўных рэсурсаў і слабасьць фармальна арганізаванай грамадзянскай супольнасьці. Па-першае, роспуск камуністычнай партыі — асноўнай арганізацыі намэнклятуры — азначаў, што эліта ў былым Савецкім Саюзе, каб каардынаваць сваю дзейнасьць і трымаць сытуацыю пад кантролем, мусіла разьлічваць на нефармальныя сувязі. Аднак нефармальныя структуры элітаў у Беларусі, Малдове, Расеі і Ўкраіне — прынамсі на пачатку 1990-х, а можа і пазьней — былі параўнальна слабыя. Раптам апынуўшыся на чале новых дзяржаваў, кіраўнікі выканаўчай улады часьцяком мусілі прыцягваць у сваю адміністрацыю «чужынцаў», «людзей з боку». Адначасова неафіцыйныя патрабаваньні ляяльнасьці да свайго «патрона», прынятыя за савецкім часам, у постсавецкі пэрыяд нярэдка не выконваліся. Акурат таму ў 1990-х гг. і ўзьнікла сур’ёзная палітычная канкурэнцыя. Нямала палохаючы кіраўнікоў дзяржавы, высокапастаўленыя прызначэнцы часта кідалі сваіх патронаў. Напрыклад, першы прэзыдэнт Малдовы Сьнегур у размове з аўтарам наракаў, што ў 1996 г. прызначаны Сьнегурам прэм’ер-міністар вырашыў выставіць супраць яго сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах, нягледзячы на тое, што Сьнегур «яго цягнуў»11. У Расеі і Ўкраіне самымі сур’ёзнымі супернікамі дзейных прэзыдэнтаў таксама выступалі не «чужаніцы», а іхныя ж былыя хаўрусьнікі і/ці прызначэнцы: віцэ-прэзыдэнт Руцкой і мэр Масквы Юры Лужкоў у Расеі; прэм’ер-міністры Кучма, Лазарэнка і Юшчанка ўва Ўкраіне. Гэта ўсё адно, што на выбарах 2004 г. у ЗША Джорджу Бушу супрацьстаяў бы ня Джон Керы, а Дык Чэйні. У дадатак ува ўсіх чатырох краінах слабая арганізацыя ўладнай эліты спрычынілася да канфліктаў паміж парлямэнтам і выканаўчай уладай — дарма што шмат дэпутатаў залежалі альбо былі гатовыя прыняць залежнасьць ад выканаўчай улады. У кожнай з гэтых краінаў выканаўчая ўлада напачатку ня здолела арганізаваць у парлямэнце эфэктыўную ўладную кааліцыю, якая магла б праводзіць праграму выканаўчай улады і de facto засяродзіць у сваіх руках уладу. |
10 Досьвед вымяраецца колькасьцю альтэрнатыўных агульнанацыянальных выбараў, у якіх удзельнічаў кіраўнік дзяржавы альбо ягоная партыя (няма досьведу агульнанацыянальных выбараў — «нізкі», адны выбары — «сярэдні», больш за адны — «высокі»). «Арганізаванасьць намэнклятуры» адлюстроўвае, у якой ступені першая асоба можа разьлічваць на свае структуры ў захаваньні ўлады. «Нізкі» паказьнік — фактычная адсутнасьць любых фармальных альбо нефармальных аб’яднаньняў, што наўпрост падтрымліваюць кіраўніка дзяржавы. «Сярэдні» — існаваньне шматлікіх, але слаба зьвязаных міжсобку групаў, што падтрымліваюць выканаўчую ўладу. «Высокі» — адзіная вэртыкальна выбудаваная фармальная ці нефармальная высокадысцыплінаваная арганізацыя, шчыльна зьвязаная з кіраўніком дзяржавы. Нарэшце, паказьнік «аўтарытарызм дзяржаўнай улады» адлюстроўвае памеры дзяржавы; ступень цэнтралізаванага кантролю над органамі бясьпекі і мясцовай уладай (вымяраецца паводле непадпарадкаваньня чыноўнікаў ніжэйшага ўзроўню); а таксама аб’ём дзяржаўнага кантролю над эканомікай (вымяраецца паводле маштабаў прыватызацыі й фактычнага дзяржаўнага кантролю над эканамічнымі суб’ектамі). Уздым нацыянальнай сьвядомасьці, зьвернутай супраць кіраўніка дзяржавы, ацэньваецца паводле падтрымкі элітай і народам нацыянальнай ідэі, якую можна скіраваць супраць кіраўніка дзяржавы (гл. тлумачэньне ніжэй).
|
У Малдове, Украіне і Расеі ўзмацненьне фармальных і нефармальных арганізацыяў намэнклятуры пры канцы 1990-х і на пачатку 2000-х гг. наўпрост вяло да большай закрытасьці рэжымаў. У Малдове ўпэўненая перамога ў 2001 г. высокадысцыплінаванай і цэнтралізаванай камуністычнай партыі фактычна абярнулася пераходам паўнамоцтваў заканадаўчай улады да партыйнага кіраўніцтва. У Расеі Пуцін празь сетку спэцслужбаў і досыць дысцыплінаваную кіроўную партыю забясьпечыў сабе кантроль як над парлямэнтам, так і над дзяржапаратам. Ува Ўкраіне прэзыдэнт Кучма паставіў у залежнасьць шэраг разрозьненых прапрэзыдэнцкіх партыяў у парлямэнце і стварыў адносна разгалінаваную сыстэму шантажу, каб трымаць пад кантролем хаўрусьнікаў.
Па-другое, на пачатку 1990-х гг. распад савецкай дзяржавы і фінансавая крыза аслабілі аўтарытарызм дзяржаўнай улады. Увогуле дзяржаўныя лідэры на той час фармальна мелі шырэйшыя ўладныя паўнамоцтвы, чым пазьней. Але слабасьць вэртыкальнага кантролю, выкліканая нявыплатай заробкаў альбо субсыдыяў мясцовым органам кіраваньня, пазбавіла ўладу лідэраў рэальнага зьместу. Празь фінансавыя праблемы дзяржавы побач з адкрытым супрацьстаяньнем на вышэйшым узроўні аслабіўся кантроль над органамі бясьпекі й выведкай. Само падзеньне Савецкага Саюзу можна часткова патлумачыць стратай кантролю над войскам, міліцыяй і КГБ, якія ў 1991 г. адмовіліся падтрымаць путчыстаў. У постсавецкі пэрыяд выканаўчай уладзе ўва ўсіх чатырох краінах было няпроста змушаць органы бясьпекі чыніць ціск на апазыцыю. Ува Ўкраіне, напрыклад, прэзыдэнту Краўчуку ў 1993 г. давялося адмовіцца ад плянаў распусьціць парлямэнт, калі ён сутыкнуўся з супрацівам галавы МУС. «[Распусьціць парлямэнт] без падтрымкі міліцыі, — прызнае ў сваіх мэмуарах Краўчук, — было б занадта рызыкоўна»12. |
11 Інтэрвію зь Мірчам Сьнегурам, Кішынэў, Малдова, 8 лютага 2002 г.
|
Слабы кантроль над мясцовымі органамі кіраваньня на пачатку 1990-х гг. таксама замінаў займацца выбарчымі махінацыямі. Калі на выбарах 1996 г. у Малдове за пасаду прэзыдэнта змагаліся прэм’ер-міністар, старшыня парлямэнту і дзейны прэзыдэнт, ніводны з кандыдатаў ня змог атрымаць цьвёрдай падтрымкі мясцовай улады. Пры гэтым аслабляўся і кантроль цэнтру над рэгіянальнымі СМІ, бо яны, як правіла, залежалі ад мясцовых органаў кіраваньня. Так, напрыклад, у Расеі падчас парлямэнцкіх выбараў 1999 г. падкантрольны ўраду Масквы канал «ТВ-Центр» быў галоўнай крыніцай інфармацыі, якая асьвятляла падзеі з антыкрамлёўскіх пазыцыяў (хоць, урэшце, і беспасьпяхова). Падобным чынам ува Ўкраіне ў 1994 г. кантроль Краўчука над цэнтральнымі дзяржаўнымі мэдыямі ўраўнаважваўся праапазыцыйнымі СМІ на ўсходзе краіны, падкантрольнымі мясцовай уладзе. Нарэшце, слабы кантроль кіраўнікоў дзяржавы над сталіцай у Малдове і Ўкраіне на пачатку 2000-х гг. ня даў задушыць антыўрадавыя дэманстрацыі.
Апроч таго, у сярэдзіне 1990-х гг. урады Малдовы, Расеі і Ўкраіны (але не Беларусі) распачалі праграмы прыватызацыі. У выніку скараціўся аб’ём непасрэднай дзяржаўнай улады над эканомікай, што спрыяла разьвіцьцю палітычнай канкурэнцыі. Але прынцыпы прававой дзяржавы ў гэтых краінах былі надзвычай слабыя. Таму рэформы стварылі не самастойную бізнэс-клясу, як на Захадзе, а групу вельмі заможных «алігархаў», па-ранейшаму залежных ад сваіх «сувязяў» ува ўладзе. У Малдове за Лучынскім, у Расеі за Ельцыным і ўва Ўкраіне за Кучмам выканаўчая ўлада імкнулася праз гэтую залежнасьць купіць сабе падтрымку асобных алігархаў, сутыкаючы міжсобку розныя групоўкі. Аднак пры адсутнасьці моцнага прапрэзыдэнцкага (фармальнага альбо нефармальнага) палітычнага аб’яднаньня такая стратэгія аказалася ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве ненадзейная. Алігархі ў ключавых момантах адступаліся ад кіраўніка дзяржавы — фінансавалі апазыцыйныя палітычныя партыі і СМІ. Найбольш адметны ўкраінскі выпадак, дзе ў 2004 г. апазыцыйны кандыдат Віктар Юшчанка змог атрымаць велізарную падтрымку ад бізнэсоўцаў, яшчэ некалькі гадоў таму шчыльна зьвязаных з рэжымам Кучмы. Ува ўсіх чатырох краінах паляпшэньне фінансавага становішча дзяржавы, а таксама аслабленьне барацьбы ў асяродзьдзі эліты далі магчымасьць узмацніць кантроль цэнтру і, адпаведна, шырэй маніпуляваць СМІ і выбарчым працэсам. У Расеі Пуцін таксама няўхільна пашыраў аб’ём фармальнай і нефармальнай дзяржаўнай улады над эканомікай, што ў сваю чаргу абмяжоўвала рэсурсы лідэраў апазыцыі і іх партыяў. Нарэшце, захаваць уладу і/ці засяродзіць у сваіх руках палітычны кантроль замінала недасьведчанасьць, адсутнасьць адпаведных навыкаў. Калі раптам распаўся СССР, кіраўнікі новых дзяржаваў, якія да таго ўдзельнічалі выключна ў дэкаратыўных савецкіх выбарах, проста ня ведалі, як даць рады з апазыцыяй, нягледзячы на, бадай, неабмежаваны доступ да арганізацыйных і матэрыяльных рэсурсаў. Аднак зь цягам часу дзяржаўныя лідэры альбо навучыліся маніпуляваць грамадзкай думкай і спыняць дэзэртэрства эліты, альбо ім на зьмену прыйшлі новыя людзі, дасьведчаныя ў гэтай справе. Іронія лёсу ў тым, што яны эфэктыўна скарысталі шмат якія навыкі, неабходныя палітыкам у сталых дэмакратыях, як то палітычны маркетынг, дзеля мэтаў, надзвычай далёкіх ад дэмакратыі. Наступствы недасьведчанасьці ў палітычнай канкурэнцыі асабліва праявіліся ў Беларусі. Адрозна ад іншых краінаў, яе ўрад з савецкіх часоў амаль не зьмяніўся, і выканаўчая ўлада да 1994 г. не сутыкалася з агульнанацыянальнымі выбарамі. Дарма што ў часе прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г. прэм’ер-міністар Кебіч меў падтрымку СМІ, большасьці рэгіянальных органаў кіраваньня і большасьці дэпутатаў парлямэнту, праз сваю недасьведчанасьць ён не заўважыў пагрозы з боку Лукашэнкі, пакуль ужо не было запозна. Самае недаравальнае, што Кебіч у 1993 г., маючы на сваім баку трывалую парлямэнцкую большасьць, нічога не зрабіў, каб ня даць Лукашэнку, тады параўнальна невядомаму правінцыйнаму дэпутату, узначаліць адзін з галоўных парлямэнцкіх камітэтаў — расьсьледаваньня карупцыі ўва ўрадзе. Як казаў адзін блізкі паплечнік Кебіча, «ніхто з нас ня думаў, што нейкі неадукаваны дырэктар саўгасу [Лукашэнка] зможа зразумець тонкасьці дзяржаўных фінансаў. Мы не прадбачылі, як праз гэты камітэт можна раскруціцца. Мы проста ня мелі такога досьведу»13. Кебіч нават пяць месяцаў дазваляў Лукашэнку карыстацца ўрадавымі памяшканьнямі ў цэнтры Менску — амаль да самых выбараў, калі ўжо стала ясна, што Лукашэнка ўяўляе сабой рэальную пагрозу14. У выніку Лукашэнка праславіўся як змагар з карупцыяй і нечакана атрымаў на прэзыдэнцкіх выбарах ашаламляльную перамогу. |
12 Кравчук, Леонід. Маєм те, що маємо… С. 228.
|
Назапашаны досьвед у многіх выпадках пераканаў лідэраў у неабходнасьці вучыцца на мінулых памылках і больш эфэктыўна засяроджваць уладу ў сваіх руках. У Беларусі Лукашэнка ўлічыў фатальную памылку Кебіча, які недаацаніў патэнцыйнага апанэнта. Новы кіраўнік дзяржавы фактычна стаў душыць яшчэ ў зародку ўсялякую апазыцыйнасьць сярод эліты. Зусім нядаўна Лукашэнка пасадзіў у турму Міхаіла Марыніча, баючыся, што той робіцца занадта папулярным. У Расеі арганізатары «Адзінства» ўлічылі папярэднія спробы стварыць партыю ўлады. Яны пасьпяхова стварылі пракрамлёўскай групоўцы імідж маладога антымаскоўскага руху, што дапамагло партыі дабіцца нечакана добрых вынікаў на парлямэнцкіх выбарах 1999 г.
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СЬВЯДОМАСЬЦЬ, ЗЬВЕРНУТАЯ СУПРАЦЬ КІРАЎНІКА ДЗЯРЖАВЫПры канцы 1990-х і на пачатку 2000-х гг. ува ўсіх краінах — Беларусі, Малдове, Расеі, Украіне — паляпшэньне фінансавага становішча дзяржавы, умацаваньне дзяржаўнага кантролю, лепшая арганізаванасьць эліты і набыцьцё кіраўнікамі дзяржавы адпаведных навыкаў стварылі магчымасьць усталяваць мацнейшы палітычны кантроль. Аднак на пачатку ХХІ ст. у кожнай краіне назіраецца розны ўзровень закрытасьці: палітычная канкурэнцыя захавалася ў Малдове ды Ўкраіне ў большай ступені, чым у Беларусі і Расеі. Часткова гэтыя адрозьненьні можна патлумачыць, параўнаўшы нацыянальную сьвядомасьць, зьвернутую супраць кіраўніка дзяржавы, у гэтых чатырох выпадках. У Малдове і Ўкраіне раскол нацыянальнай сьвядомасьці азначаў, што новым кіраўнікам дзяржавы з абодвух бакоў пагражала досыць сур’ёзная небясьпека ў выглядзе дыямэтральна супрацьлеглых нацыянальных ідэяў. Адрозна ад Беларусі й Расеі (і, збольшага, усіх астатніх былых савецкіх рэспублік), Малдова і Ўкраіна маюць у сваім складзе значныя тэрыторыі, у насельніцтва якіх яшчэ да іх уключэньня ў Савецкі Саюз сфармавалася моцная антырасейская (антысавецкая) нацыянальная сьвядомасьць. У выніку тамтэйшыя жыхары вызначаюцца даволі моцнай антысавецкай і «праэўрапейскай» нацыянальнай сьвядомасьцю. Разам з тым, у склад гэтых краінаў уваходзяць і іншыя тэрыторыі, дзе на момант распаду Савецкага Саюзу моцна ўкаранілася савецкая сьвядомасьць. Гэтыя супярэчнасьці дазволілі апазыцыі (як пра-, гэтак і антырасейскай/антысавецкай) скіраваць тую ці іншую вэрсію нацыянальнай сьвядомасьці супраць вышэйшай службовай асобы. Гэта паспрыяла мабілізацыі масаў нават пры адсутнасьці фармальна арганізаванай грамадзянскай супольнасьці, а таксама пазбавіла кіраўніка дзяржавы інструмэнтаў кантролю і некаторых выгодаў ад падтрымкі звонку. І наадварот, адносная слабасьць антысавецкай нацыянальнай сьвядомасьці ў Беларусі і непапулярнасьць ідэі распаду Расеі пазбавіла апазыцыю гэтага важнага інструмэнту мабілізацыі масаў. Далей мы разгледзім, як у кожнай краіне спалучаліся моц кіраўніка дзяржавы і зьвернутая супраць яго нацыянальная сьвядомасьць, што прывяло да розных вынікаў у разьвіцьці палітычных сыстэмаў.
МАЛДОВА: РАСКОЛ, ПАРТЫЙНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ Й ПАЛІТЫЧНАЯ КАНКУРЭНЦЫЯРазьвіцьцё палітычнай сыстэмы ў Малдове пасьля халоднай вайны абумоўлівалася існаваньнем нацыянальнай сьвядомасьці, зьвернутай супраць кіраўніка дзяржавы, і кардынальнымі зьменамі ў арганізацыі намэнклятуры. У 1990-х гг. слабая арганізаванасьць намэнклятуры, невялікія магчымасьці для дзяржаўнага аўтарытарызму і адносная моц як пра-, гэтак і антырасейскай сьвядомасьці спрычыніліся да вельмі актыўнай палітычнай канкурэнцыі. Аднак прыход да ўлады на пачатку 2000-х гг. надзвычай згураванай камуністычнай партыі прывёў да большай закрытасьці палітычнай сыстэмы.Самі асаблівасьці ўлучэньня Малдовы ў склад СССР стварылі моцную базу як для антырасейскай, так і для антымалдаўскай/антырумынскай нацыянальнай сьвядомасьці. Малдова ўзьнікла з румынскай тэрыторыі, захопленай Савецкім Саюзам у рамках пакту Молатава—Рыбэнтропа 1939 г. У постсавецкі пэрыяд гэта выклікала жорсткія спрэчкі вакол нацыянальнага самавызначэньня: некаторыя нацыяналісты імкнуліся да аб’яднаньня з Румыніяй, між тым як іншыя хацелі разьвіваць больш шчыльныя сувязі з Расеяй. Выбухованебясьпечная сіла нацыянальнай сьвядомасьці, зьвернутай супраць кіраўніка дзяржавы, замінала захоўваць уладу і/ці засяроджваць у сваіх руках палітычны кантроль. Першы прэзыдэнт краіны Мірча Сьнегур прыйшоў да ўлады на пачатку 1990-х гг. на хвалі антысавецкіх настрояў. Аднак ягоная асоба асацыявалася з надзвычай непапулярным прарумынскім нацыяналізмам і ўзброеным канфліктам у Прыднястроўі на ўсходзе Малдовы. Таму ў значнай часткі эліты і насельніцтва расла няпрыязь да Сьнегура, і на прэзыдэнцкіх выбарах 1996 г. ён пацярпеў паразу ад прарасейскага кандыдата Пэтру Лучынскага. Адначасова існаваньне нацыянальнай сьвядомасьці, зьвернутай супраць кіраўніка дзяржавы, перашкаджала ўзмацненьню прэзыдэнцкай улады. На працягу 1990-х гг. малдаўскія лідэры былі між молатам і кавадлам: прарумынскім нацыяналістычным рухам, з аднаго боку, і прарасейскімі сіламі, з другога. Так, напрыклад, на пачатку 1990-х гг. прарумынскія нацыяналісты адмовіліся падтрымаць намаганьні Сьнегура пашырыць паўнамоцтвы прэзыдэнта, бо ён не пагаджаўся на аб’яднаньне з Румыніяй. Ягоны наступнік, прэзыдэнт Лучынскі, таксама сутыкнуўся з моцнай апазыцыяй як з боку нацыяналістаў, так і з боку прарасейскіх камуністаў. У адказ на спробы Лучынскага ўсталяваць прэзыдэнцкую ўладу, якая, паводле меркаваньня Вэнэцыянскай камісіі, «супярэчыла эўрапейскім прынцыпам дэмакратыі», гэтыя супрацьлеглыя групоўкі аб’ядналіся і ператварылі Малдову ў парлямэнцкую рэспубліку. Прыход да ўлады высокаарганізаванай і згуртаванай камуністычнай партыі абярнуўся большай закрытасьцю, нягледзячы на ўсталяваньне парлямэнцкай сыстэмы. Так, партыя, што ў 2001 г. атрымала 70 % месцаў у парлямэнце, скарысталася сваім паноўным становішчам і маналітнасьцю, каб фактычна паставіць пад свой аднаасобны кантроль дзяржаўныя СМІ і судовую сыстэму, якія на працягу 1990-х захоўвалі самастойнасьць, выкарыстоўваючы супярэчнасьці паміж рознымі палітычнымі сіламі. Да таго ж — і ў гэтым кардынальнае адрозьненьне ад Украіны, — надзвычай згуртаваная парлямэнцкая фракцыя малдаўскіх камуністаў, у складзе якой шмат прадстаўнікоў ніжэйшых сацыяльных слаёў: настаўнікаў, кіроўцаў, — што страцілі б усё, калі б пакінулі партыю, амаль цалкам пазьбегла пераходаў на іншы бок. Аднак нацыянальная сьвядомасьць, зьвернутая супраць кіраўніка дзяржавы, па-ранейшаму аслабляе ўладу. Узімку 2002 г. камуністы адмовіліся ад плянаў пашырыць выкладаньне расейскай мовы ў школах, калі нацыяналісты на працягу некалькіх месяцаў ладзілі ў малдаўскай сталіцы акцыі пратэсту з прыцягненьнем 50 000—80 000 чалавек, пры тым што ў Кішынэве пражывае толькі 670 000 чалавек. За апошні час канфлікт з Расеяй з-за Прыднястроўя прывёў да таго, што малдаўскія ўлады апынуліся ў моцнай залежнасьці ад падтрымкі ЗША і Эўразьвязу. І расейскі ўрад пачаў падтрымліваць апазыцыйныя ўраду групоўкі.
СЛАБАСЬЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ СЬВЯДОМАСЬЦІ, ЗЬВЕРНУТАЙ СУПРАЦЬ КІРАЎНІКА ДЗЯРЖАВЫ, І АЎТАРЫТАРЫЗМ У БЕЛАРУСІУ Беларусі слабасьць антысавецкай беларускай нацыянальнай сьвядомасьці і захаваньне аўтарытарнай дзяржаўнай улады ў значнай ступені дапамаглі Аляксандру Лукашэнку ўмацаваць аўтарытарную сыстэму. Хоць у Беларусі народ падтрымліваў дэмакратыю і дэмакратаў ня менш (а мо і больш), чым у Малдове альбо Ўкраіне, але антырасейская/антысавецкая альбо праэўрапейская беларуская сьвядомасьць заставалася слабой. Як і ў трох астатніх краінах, дэмакратычная апазыцыя атрымала прыблізна траціну месцаў у парлямэнце на выбарах 1990 г. Аднак, адрозна ад Малдовы і Ўкраіны, антысавецкія беларускія нацыяналісты складалі толькі невялікую частку дэпутатаў (5—8 %). На наступных выбарах 1995 г. яны не змаглі атрымаць аніводнага мандата. |
13 Інтэрвію зь Мікалаем Вайцянковым, былым сябрам пракебічаўскай фракцыі ў парлямэнце, Гомель, 9 ліпеня 2004. 14 Інтэрвію з Аляксандрам Фядутам, чальцом перадвыбарчага штабу Лукашэнкі ў 1994 г., Менск, 23 чэрвеня 2004 г.
|
Слабасьць антырасейскай і праэўрапейскай беларускай нацыянальнай сьвядомасьці спрыяла ўмацаваньню аўтакратыі некалькімі спосабамі. Па-першае, праз адсутнасьць папулярнай альтэрнатыўнай нацыянальнай ідэі апазыцыі — адрозна ад Малдовы і Ўкраіны — было значна цяжэй арганізаваць масавыя пратэсты супраць узмацненьня аўтакратыі. Так, дэпутаты, якія супраціўляліся разгону Лукашэнкам парлямэнту ў 1996 г., распавялі аўтару, што яны адчувалі сябе ізаляванымі й пазбаўленымі народнай падтрымкі, бо «тады было не зусім зразумела, за што [яны] змагаліся… не было відавочнай сур’ёзнай базы для канфлікту»15. У выніку дэпутаты так і не паспрабавалі заняць парлямэнт і прымусіць Лукашэнку рызыкнуць — пайсьці на гвалтоўныя захады ў вялікім ці нават сярэднім маштабе16. Ня так даўно, у кастрычніку 2004 г., апазыцыя не змагла арганізаваць акцыі пратэсту супраць лукашэнкаўскага рэфэрэндуму, вынікі якога, на думку большасьці, улада сфальсыфікавала. Па-другое, праз слабасьць антысавецкага беларускага нацыяналізму адкрытае ўмяшальніцтва Расеі на баку Лукашэнкі не сустрэла непрыманьня. У лістападзе 1996 г. расейскі прэм’ер-міністар Віктар Чарнамырдзін змог скарыстацца сваім уплывам, каб пераканаць сьпікера беларускага парлямэнту Сямёна Шарэцкага пагадзіцца на роспуск Лукашэнкам парлямэнту. Апроч таго, часткова ў абмен на адданасьць Беларусі ідэям інтэграцыі краіна плаціць за расейскія энэрганосьбіты на траціну-палову менш, чым Малдова і Ўкраіна. У 1990-х гг. гэтыя субсыдыі складалі прыблізна 20 % ВУП Беларусі17. У выніку Беларусь пры Лукашэнку здолела ў значнай ступені пазьбегнуць эканамічнага спаду і нявыплаты заробкаў, зь якімі сутыкнуліся астатнія краіны ў сярэдзіне і пры канцы 1990-х гг. Адрозна ад Беларусі, у Малдове і Ўкраіне падобнае адкрытае ўмяшаньне Расеі выклікала значна больш пратэстаў, што асабліва выявілася падчас прэзыдэнцкіх выбараў ува Ўкраіне ў 2004 г.
Да таго ж умацаваньню аўтарытарызму ў Беларусі паспрыяла захаваньне аб’ёмаў дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку. Беларусь вельмі моцна адрозьніваецца ад астатніх трох краінаў тым, што на яе тэрыторыі ніколі не ўспыхвала рэгіянальных ці этнічных закалотаў. Але, магчыма, яшчэ больш істотна тое, што Лукашэнка захаваў аб’ём уладных паўнамоцтваў дзяржавы, бо ніколі не праводзіў прыватызацыі, як у Малдове, Расеі і Ўкраіне18. У выніку становішча Лукашэнкі рэзка адрозьнівалася ад ягоных калегаў у трох астатніх краінах: яму ніколі не даводзілася сутыкацца з магутнай, амаль незалежнай клясай алігархаў. Нацыянальнае адзінства і захаваньне ўсёабдымнага дзяржаўнага кантролю над эканомікай пазбавілі Лукашэнку ад колькі-небудзь сур’ёзнай пагрозы ягонай уладзе нават бяз моцнай фармальнай ці нефармальнай арганізацыі намэнклятуры. Па сутнасьці, большасьць назіральнікаў згодныя, што самае слабое месца рэжыму Лукашэнкі — ягоная залежнасьць ад Расеі. Хоць Расея абараняе параўнальна невялікую беларускую дзяржаву ад ціску звонку, але гэтая сытуацыя стварае патэнцыйную небясьпеку для рэжыму Лукашэнкі ў будучыні, калі Пуцін вырашыць ад яго адмовіцца.
МОЦ КІРАЎНІКА ДЗЯРЖАВЫ І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ АДЗІНСТВА Ў РАСЕІУ Расеі дынаміка разьвіцьця палітычнай сыстэмы вызначалася памерамі самой краіны, а таксама зьменамі ў аб’ёме ўладных паўнамоцтваў дзяржавы і ў арганізаванасьці намэнклятуры. Першы і найбольш відавочны момант — дзякуючы сваім памерам і магутнасьці, Расея менш паддаецца ціску звонку, чым астатнія тры краіны. Аднак на пачатку 1990-х гг. фінансавая і эканамічная крыза моцна аслабілі дзяржаву, і ціск на ўлады быў значна больш эфэктыўны. Да таго ж Ельцын, як і ягоныя калегі ў астатніх краінах, ня меў моцнай арганізацыі намэнклятуры (фармальнай ці нефармальнай). Прыняўшы рашэньне выйсьці з партыі, Ельцын застаўся без арганізацыі, пры дапамозе якой ён мог бы трымаць пад кантролем сваіх хаўрусьнікаў і падначаленых. Напачатку пры фармаваньні ўраду Ельцын спрабаваў абаперціся на сваё нефармальнае сьвярдлоўскае кола, аднак пазьней яму давялося прыцягнуць значна больш службоўцаў, якіх ён часьцяком нават ня ведаў. Часткова і з гэтай прычыны шмат хто зь ягоных прызначэнцаў і хаўрусьнікаў на пачатку 1990-х гг. — у тым ліку перадусім Аляксандар Руцкой і Руслан Хасбулатаў — не выяўлялі ляяльнасьці і неўзабаве выступілі супраць яго. Апроч таго, Ельцын ня меў у парлямэнце трывалай падтрымкі. А падчас фінансавай крызы 1998 г. многія з тых, хто раней падтрымліваў прэзыдэнта, адышлі ад яго. У выніку прапанаваную Ельцыным кандыдатуру на пасаду прэм’ер-міністра адхілілі, і ён мусіў пагадзіцца з прызначэньнем Яўгена Прымакова, які ў далейшым падтрымаў у 1999 г. асноўныя апазыцыйныя антыкрамлёўскія сілы. У сваю чаргу, канчатковае рашэньне Ельцына абраць сабе пераемнікам Уладзімера Пуціна тлумачылася, відаць, пуцінскай ляяльнасьцю.Ельцыну таксама было няпроста нарошчваць аўтарытарызм дзяржаўнай улады. У 1993 г. ён ледзьве здолеў пераканаць сілавыя структуры выступіць супраць парлямэнту. І ён сустрэў адкрыты супраціў з боку спэцслужбаў, калі паспрабаваў у 1996 г. адкласьці прэзыдэнцкія выбары19. Магчыма, галоўнае ў тым, што ельцынская агрэсіўная праграма прыватызацыі значна зьменшыла аб’ём дзяржаўнага кантролю над эканомікай. Хоць алігархі, якія зьявіліся ў выніку прыватызацыі, значна больш залежалі ад дзяржавы, чым заходнія бізнэсмэны, але яны выявіліся вельмі ненадзейнымі хаўрусьнікамі ўлады і найперш дбалі пра ўласныя інтарэсы. Адметна, што Ўладзімер Гусінскі, якому належала тэлекампанія НТВ, атрымліваў ільготныя крэдыты і шырокія правы на вяшчаньне за адкрытую падтрымку ягоным каналам у 1996 г. выбарчай кампаніі Ельцына. Аднак гэта не перашкодзіла Гусінскаму стаць на бок асноўных апазыцыйных Крамлю сілаў падчас парлямэнцкіх выбараў 1999 г. Пры Пуціну аўтарытарызм дзяржаўнай улады рэзка вырас. Эканамічны рост і падвышэньне цэнаў на нафту палепшылі фінансавае становішча дзяржавы і павялічылі грамадзкую падтрымку ўраду. У той жа час Пуцін значна сур’ёзьней паставіўся да стварэньня арганізацыі намэнклятуры, чым Ельцын за амаль увесь свой прэзыдэнцкі тэрмін. Пуціну ўдалося стварыць і раскруціць прапрэзыдэнцкую партыю «Адзіная Расея», якая цяпер кантралюе 2/3 месцаў у парлямэнце. Значна больш дысцыплінаваная, чым папярэднія партыі ўлады, яна забясьпечвае поўнае падпарадкаваньне расейскай заканадаўчай улады ўсім пажаданьням выканаўчай. Што, бадай, яшчэ больш істотна, каб вярнуць сабе ўсю моц дзяржаўнай улады, Пуцін прыцягнуў адносна паслухмяныя, збудаваныя на прынцыпе жорсткай герархіі спэцслужбы. Так, на дзяржаўныя пасады і ў рэгіянальныя органы дзяржаўнага кіраваньня прэзыдэнт прызначыў безьліч былых вайскоўцаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў. Гэтая стратэгія значна ўзмацніла падпарадкаваньне цэнтру з боку рэгіянальных уладаў і павялічыла маштабы дзяржаўнага кантролю над эканомікай. У 2000—2003 гг. Пуцін, падпарадкаваўшы сабе спэцслужбы і суды, абмежаваў незалежнасьць алігархаў — кульмінацыяй стаў арышт Міхаіла Хадаркоўскага і захоп «Юкасу». У выніку рэзка зьнізілася палітычная канкурэнцыя. У 2003 г., адрозна ад 1999 г., усе нацыянальныя тэлекампаніі, а таксама некаторыя рэгіянальныя каналы, як то Маскоўскі «ТВ-Центр», знаходзіліся пад кантролем Крамля. Адрозна ад сваіх калегаў з Малдовы і Ўкраіны, Пуцін дамогся, каб алігархі на парлямэнцкіх выбарах 2003 г. падтрымлівалі толькі праўрадавыя партыі. Нарэшце, калі ў Малдове і Ўкраіне нацыянальная сьвядомасьць стала зброяй апазыцыі, дык у пуцінскай Расеі яна мацавала ўладу кіраўніка дзяржавы. Так, вайна супраць Чачэніі, якая хацела выйсьці са складу Расеі, дазволіла Пуціну падчас перадвыбарнай кампаніі 2000 г. падаваць сябе «абаронцам радзімы». Лідэры Малдовы і асабліва Ўкраіны, наадварот, мелі значна больш абмежаваныя магчымасьці ў выкарыстаньні расколу ў сваіх краінах, каб дамагчыся народнай падтрымкі. Да таго ж, Пуцін здолеў скарыстацца адзінай паноўнай расейскай нацыянальнай ідэяй, каб дыскрэдытаваць апазыцыю — у тым ліку алігархаў пераважна габрэйскага паходжаньня, прыкладам, Міхаіла Хадаркоўскага альбо апазыцыйнага лідэра Рыгора Яўлінскага. У выніку апазыцыя ўладзе Пуціна цяпер адносна слабая.
НАЦЫЯНАЛІЗМ, ЗЬВЕРНУТЫ СУПРАЦЬ КІРАЎНІКА ДЗЯРЖАВЫ, СЛАБАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ НАМЭНКЛЯТУРЫ І ЎСТОЙЛІВАЯ ПАЛІТЫЧНАЯ КАНКУРЭНЦЫЯ ЎВА ЎКРАІНЕУва Ўкраіне падзел на захад і ўсход, слабая арганізацыя партыі ўлады і слабасьць аўтарытарнай дзяржавы цягам усяго постсавецкага пэрыяду заміналі спробам умацаваць аўтарытарызм. У заходняй Украіне, якая ў XIX — пачатку XX ст. уваходзіла ў склад Аўстра-Вугорскай імпэрыі, сфармавалася моцная ўкраінская нацыянальная сьвядомасьць. А ўсходняя Ўкраіна бліжэйшая ў культурным пляне да Расеі. Першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук прыйшоў да ўлады ў хаўрусе з нацыяналістамі, падтрымліваючы ідэю незалежнасьці ад Савецкага Саюзу. Аднак у выніку рэзкага эканамічнага спаду пачатку 1990-х гг. прамысловая эліта на ўсходзе ставілася да Краўчука ўсё больш непрыхільна. На выбарах 1994 г. вялікая частка дзяржаўнага апарату ўва ўсходняй Украіне актыўна супрацьдзейнічала кампаніі Краўчука і падтрымлівала Кучму, які ў той час выступаў за больш шчыльныя стасункі з Расеяй. У далейшым украінскія нацыяналісты, адрозна ад сваіх малдаўскіх калегаў, падтрымалі спробы Кучмы ўзмацніць прэзыдэнцкую ўладу, калі ён пачаў адстойваць большую незалежнасьць Украіны. У выніку ўва Ўкраіне ўсталявалася мацнейшая, у параўнаньні з Малдовай, прэзыдэнцкая ўлада. Аднак ухіл прэзыдэнта ў бок украінскага нацыяналізму выклікаў моцную рэакцыю добра арганізаваных левых партыяў. У 1990-х гг. яны стаялі на чале парлямэнту, таму той адхіляў шмат якія прапанаваныя Кучмам захады дзеля рэфармаваньня эканомікі.Кучмавым спробам умацаваць сваю антыдэмакратычную ўладу таксама замінала слабая арганізаванасьць намэнклятуры і абмежаваньне дзяржаўнага ўмяшаньня ў эканоміку ў выніку прыватызацыі. Па-першае, Кучма, як і Ельцын, кантраляваў ход прыватызацыі і стварэньня надзвычай багатай групы квазісамастойных бізнэсоўцаў-алігархаў, якія часткова залежалі ад дзяржаўнай падтрымкі, але, тым ня менш, назапасілі вялізныя капіталы. У дадатак, падобна Ельцыну і адрозна ад Пуціна і Вароніна ў Малдове, Кучма заўсёды абапіраўся не на нейкую адну партыю, а на разьяднаную й вельмі хісткую кааліцыю алігархаў, што часта варагавалі паміж сабой. У выніку Кучму, як і Ельцыну, было цяжка трымаць у падпарадкаваньні сваіх хаўрусьнікаў. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2004 г. апазыцыйны кандыдат Віктар Юшчанка — а ў 1999—2001 гг. прэм’ер-міністар, прызначаны самім жа Кучмам, — скарыстаўся велізарнай фінансавай і арганізацыйнай падтрымкай каманды алігархаў і былых міністраў, усяго некалькі гадоў таму шчыльна зьвязаных з прэзыдэнтам. У далейшым, дарма што Кучму ў 2002—2004 гг. падтрымлівала парлямэнцкая большасьць, ключавыя фігуры, у тым ліку старшыня парлямэнту і былы кіраўнік адміністрацыі, адышлі ад яго перад самымі выбарамі. Адсутнасьць адзінства ў вярхах, у сваю чаргу, скончылася крахам аўтарытарнай герархіі дзяржаўнай улады пасьля спробаў сфальсыфікаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 21 лістапада 2004 г. Слабы кантроль цэнтру наўпрост спрычыніўся да таго, што апазыцыя здолела правесьці ў Кіеве пры канцы 2004 г. буйнамаштабныя акцыі пратэсту. Па-першае, як аўтар бачыў на ўласныя вочы па дарозе ў Кіеў у першы ж дзень Памаранчавай рэвалюцыі, камандаваньне міліцыі было спаралюшаванае, і аўтаінспэкцыя амаль не перашкаджала руху калёнаў аўтобусаў, у якіх у Кіеў ехалі ўдзельнікі пратэстаў20. Адвярнуліся ад ураду і некаторыя аддзяленьні дзяржаўнай чыгункі, якія перавозілі ў сталіцу тысячы дэманстрантаў. Гэта дазволіла вялікай колькасьці найбольш адданых прыхільнікаў Юшчанкі з заходняй Украіны вельмі хутка трапіць у Кіеў. У дадатак да ўсяго, паколькі адміністрацыя ўкраінскай сталіцы прыняла бок апазыцыі, падчас акцыяў была забясьпечаная работа гарадзкой інфраструктуры, у тым ліку электрасетак, каналізацыі, водазабесьпячэньня і службаў вывазу сьмецьця. Да таго ж асноўныя сілы міліцыі, войска й службаў бясьпекі хутка перайшлі на бок апазыцыі. |
15 Інтэрвію з Уладзімерам Навасядам, дэпутатам парлямэнту ў 1995—1996 гг., Менск, 8 ліпеня 2004 г. Інтэрвію з Паўлам Данэйкам, дэпутатам парлямэнту ў 1995—1996 гг., Менск, 6 ліпеня 2004 г. 16 Некаторыя супрацоўнікі спэцслужбаў, зь якімі размаўляў аўтар, сумняваліся, што міліцыя пагадзілася б штурмаваць парлямэнт. 17 Aslund, Anders. Is the Belarusian Economic Model Viable? // The EU and Belarus: Between Moscow and Brussels. London: Federal Trust, 2002. P. 182. 18 Напрыклад, адзін з дэпутатаў парлямэнту, зь якім размаўляў аўтар, зазначыў, што, адрозна ад Украіны, дзе ён нядаўна быў, у Беларусі «вы проста ня ўбачыце ў парлямэнце заможных людзей». Інтэрвію з У. Навасядам. Магчыма, таму Беларусь мае адзін з самых нізкіх узроўняў сацыяльнай няроўнасьці ў сьвеце (.pdf). 19 Ельцин, Борис. Записки президента. Москва, 1994. С. 386. Yeltsin, Boris. 1994. Struggle for Russia. Belka Publishing. P. 11—13. Ельцин, Борис. Президентский марафон. Москва, 2000. С. 32.
|
Нарэшце, апазыцыя скарысталася нацыянальнай сьвядомасьцю, зьвернутай супраць кіраўніка дзяржавы. Адрозна ад сваіх аднадумцаў у Маскве і Менску, кіеўскія лібэралы маглі разьлічваць на моцную падтрымку заходняга рэгіёну ў барацьбе супраць антыўкраінскага, на думку многіх, рэжыму. Відаць, гэтае эмацыйнае нацыянальнае пачуцьцё як аснова падтрымкі Юшчанкі дадавала актывістам рашучасьці амаль тры тыдні трымацца на вуліцах сталіцы пры мінусавых тэмпэратурах. А паколькі ўва Ўкраіне выразна выяўлялася праэўрапейская нацыянальная сьвядомасьць, адкрытая расейская падтрымка, што спрацавала ў Беларусі ў 1996 г., выклікала адваротную рэакцыю ўкраінскіх нацыяналістаў. Разам з тым верагодна, што прарасейскія настроі ў іншых рэгіёнах Украіны перашкодзяць любым будучым спробам Юшчанкі альбо ягоных хаўрусьнікаў усталяваць недэмакратычнае кіраваньне. Усё ж нават дарма што дзяржаўныя СМІ перад апошнім турам галасаваньня некалькі тыдняў падавалі асобу Юшчанкі ў станоўчым сьвятле, ён змог набраць толькі 52 % галасоў.
ВЫСНОВЫУ гэтым артыкуле на прыкладзе чатырох постсавецкіх краінаў дасьледуюцца падставы палітычнай канкурэнцыі ў неспрыяльных умовах: пры адноснай міжнароднай ізаляцыі, слабой грамадзянскай супольнасьці, адсутнасьці традыцыяў дэмакратычнага кіраваньня і прававой дзяржавы, калі на чале дзяржавы стаяць лідэры, гатовыя да антыдэмакратычных захадаў, абы ўтрымаць уладу. Адначасовы развал СССР і палітычных сыстэмаў у Беларусі, Малдове, Расеі і ўва Ўкраіне замінаў спробам кіраўнікоў дзяржаваў захаваць уладу і/ці засяродзіць у сваіх руках палітычны кантроль. На працягу гэтага раньняга пэрыяду, калі дзяржаўныя лідэры былі аслабленыя раптоўным распадам Савецкага Саюзу, ува ўсіх чатырох краінах назіралася даволі моцная палітычная канкурэнцыя. Пазьней рост арганізаванасьці намэнклятуры, паляпшэньне фінансавага стану дзяржаваў і досьвед кіраваньня ўва ўмовах часткова свабоднай канкурэнцыі спрыялі большай закрытасьці ўлады. У сваю чаргу выразная нацыянальная сьвядомасьць, зьвернутая супраць кіраўніка дзяржавы, у Малдове і Ўкраіне перашкодзіла спробам усталяваць антыдэмакратычнае кіраваньне на доўгатэрміновую пэрспэктыву.Папярэднія дасьледаваньні дазваляюць меркаваць, што слабасьць кіраўніка дзяржавы і зьвернутая супраць яго нацыянальная сьвядомасьць робяцца перашкодай для ўмацаваньня аўтарытарызму і ў іншых краінах, дзе эліта не выяўляе прыхільнасьці да дэмакратыі. У іншых постсавецкіх краінах, дзе нацыянальная ідэя, зьвернутая супраць кіраўніка дзяржавы, выявілася слабейшай, разыходжаньні ў ступені палітычнай канкурэнцыі часткова тлумачацца розьніцай у моцы кіраўнікоў дзяржавы. На Каўказе, напрыклад, краіна з найслабейшай дзяржаўнай уладай — Грузія — мела таксама найбольш дынамічную палітычную сыстэму з моцным парлямэнтам і адносна вольнымі СМІ. Адрозна ад Азэрбайджану, Грузія не атрымлівала выгады ад доступу да багатых прыродных рэсурсаў, і эканоміка краіны перажыла адну з найцяжэйшых крызаў на тэрыторыі ўсяго былога СССР. У той жа час грузінскія ўлады значна слабей кантралявалі свае спэцслужбы й мясцовыя органы кіраваньня, чым у Армэніі. Так, армянскае войска, якое на пачатку 1990-х гг. заваявала 20 % тэрыторыі Азэрбайджану, змагло задушыць 150-тысячныя акцыі пратэсту армянскай апазыцыі пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў у 1996 г. Адрозна ад Армэніі, напрыканцы 2003 г. органы бясьпекі Грузіі адвярнуліся ад Шэварднадзэ падчас значна менш маштабных — усяго 20 000—40 000 чалавек — акцыяў пратэсту. Разыходжаньні паміж сярэднеазіяцкімі рэжымамі таксама можна часткова патлумачыць розьніцай у моцы кіраўніка дзяржавы. Так, нечакана шырокая палітычная лібэралізацыя на пачатку 1990-х гг. у Кыргызстане была зьвязаная з абмежаванасьцю дзяржаўных рэсурсаў. Таму, адрозна ад Казахстану21, «кіраўніцтва краіны ня мела магчымасьці купляць згоду палітычнай эліты альбо прымушаць яе да згоды»22. Падсумоўваючы, адзначым, што засяродзіць увагу на аўтарытарнай частцы спэктру палітычных сыстэмаў — гэта значыць ня проста сказаць: «Шклянка напалову пустая», — калі астатнія кажуць: «Шклянка напалову поўная». Аналізуючы крыніцы аўтарытарызму, мы зьвяртаемся да цэлага шэрагу праблемаў — у тым ліку і мэханізму рэпрэсіяў і згуртаванасьці эліты вакол аўтакрата альбо партыі, — якім надаецца вобмаль увагі ў літаратуры, прысьвечанай перадумовам дэмакратычнага кіраваньня. Гэткая ўвага да аўтарытарызму важная ня толькі сама сабою. Калі кіраўнік аўтарытарнай дзяржавы не дае рады асноватворным праблемам антыдэмакратычнага кіраваньня ў сучасным сьвеце, тым самым ствараюцца істотныя падставы для росту і разьвіцьця палітычнай канкурэнцыі.
Пераклаў з ангельскай Сяргей Богдан |
20 Інтэрвію з чыноўнікам, блізкім да Юліі Цімашэнкі. 28 сьнежня 2004 г., Кіеў. Ён сьцьвярджаў, што апазыцыйныя дэпутаты змаглі пераканаць міліцыю прыбраць усе перашкоды на дарогах на працягу паўтара дня пасьля пачатку акцыяў пратэсту. 21 Нягледзячы на вялікую колькасьць расейскага насельніцтва ў Казахстане, краіна не сутыкнулася з такім расколам, як ва Ўкраіне і Малдове, бо перад уключэньнем краіны ў Савецкі Саюз казаская нацыянальная сьвядомасьць не была дастаткова выразнай. 22 McGlinchey, Eric M. Paying for Patronage: Regime Change in Post-Soviet Central Asia. PhD dissertation Princeton University, 2003. P. 13. Існуюць таксама некаторыя доказы сувязі паміж тым, наколькі моцны кіраўнік дзяржавы, і палітычнай канкурэнцыяй у небалтыйскіх краінах былога Савецкага Саюзу ўвогуле. Так, назіраюцца пазытыўныя суадносіны (0,81) паміж глыбінёй эканамічнай крызы ў 1990—2003 гг. і ўзроўнем палітычнай канкурэнцыі (паводле ацэнак арганізацыі «Freedom House» за 2002—2003 гг.).
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 11 (51) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |