A R C H E | П а ч а т а к | № 12 (52) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ЭТАН С. БЭРГЕР | ||||
Злучаным Штатам патрэбная новая палітыка ў дачыненьні да Беларусі Ніякіх ружовых, памаранчавых ці бананавых рэвалюцыяў у нашай краіне ня будзе. Аляксандар Лукашэнка8 студзеня 2005 г.
У Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў уваходзіць больш за 180 удзельнікаў. Аднак можна сьцьвярджаць, што на практыцы ў сьвеце ўсяго каля 40 краінаў. Астатнія — проста тэрыторыі, дзе ўсім распараджаецца вярхушка, асноўная мэта якой — самаўзбагачэньне і захаваньне асабістай улады. Як правіла, яе мала абыходзяць правы і патрэбы людзей, што жывуць на землях, якімі яна кіруе.
Аднак міжнароднае права лічыць нацыянальную дзяржаву (краіну) асноўным суб’ектам замежнапалітычных дачыненьняў. Яна разглядаецца як сувэрэнная адзінка, надзеленая пэўнымі правамі, што сфармаваліся на працягу часу на падставе традыцыяў і дамоўленасьцяў. Паводзіны беларускіх уладаў часам заслугоўваюць меншага асуджэньня ў параўнаньні зь іншымі рэжымамі.У гэтым тэксьце каротка аналізуецца лёгіка гэткай сыстэмы на прыкладзе разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі. Яе асаблівасьць у тым, што яна зазвычай не ўважаецца за «няспраўджаную дзяржаву». Хутчэй, гэта дыктатура ў агульнапрынятым сэнсе слова. Ад яе не зыходзіць ваеннай пагрозы суседзям. Шмат у чым паводзіны яе ўладаў заслугоўваюць меншага асуджэньня ў параўнаньні зь іншымі рэжымамі. Адрозьнівае яе тое, што яна знаходзіцца не ў якой-небудзь аддаленай частцы сьвету, а на ўсходняй мяжы Эўразьвязу і НАТО. Магчыма, таму да яе падыходзяць зь іншымі меркамі, чым да большасьці астатніх дзяржаваў сьвету. І гэта апраўдана, бо вынікае з абавязкаў, прынятых на сябе самою дзяржавай. Як заўважыў адзін амэрыканскі філёзаф і пісьменьнік, «бязглуздая пасьлядоўнасьць — знак абмежаванага розуму». Сапраўды, Беларусь — гэта адмысловы выпадак. Магчыма, таму, што яна мае вялікае стратэгічнае значэньне, ці таму, што для шмат каго зь яе суседзяў разьвіцьцё палітычнай сытуацыі ў Беларусі — як лякмусавая паперка для краінаў, што ажыцьцяўляюць палітычныя і эканамічныя пераўтварэньні.
Мы часта забываемся, што ў 1994 г. Лукашэнку абралі прэзыдэнтам у выніку справядлівых, паводле агульнапрынятых крытэраў, выбараў — ён не захопліваў улады гвалтоўнымі сродкамі. Але гісторыя Эўропы ведае і іншых дыктатараў, якія прыйшлі да ўлады і ўмацавалі яе амаль што законным шляхам. У Беларусі за Лукашэнкам апазыцыю імкнуліся ў ідэале выштурхнуць за мяжу, пазбаўляючы яе рэсурсаў, неабходных, каб супрацьстаяць ягоным дзеяньням.Лукашэнка забясьпечвае ў Беларусі парадак (у сэнсе «стабільнасьць») тым, што ўжывае сілу, дзе лічыць патрэбным. У сваёй кнізе «Віртуальная палітыка: імітацыя дэмакратыі на постсавецкай прасторы» Эндру Ўілсан тлумачыць, што і Лукашэнка, і шмат якія іншыя лідэры дзяржаваў — пераемніцаў СССР адчуваюць свой абавязак праводзіць выбары і ствараць сыстэму кіраваньня, заснаваную, здавалася б, на прынцыпах прававой дзяржавы. Аднак насамрэч гэта даніна савецкай эпосе: лідэры СССР таксама адчувалі сябе абавязанымі праводзіць выбары ў саветы рознага ўзроўню. Лукашэнка праводзіць палітыку запалохваньня апазыцыі, удушае і зьнішчае незалежныя СМІ. Яму, у прынцыпе, хапала майстэрства быць начальнікам турмы, дзьверы якой адчыненыя — да нядаўняга часу незадаволеным ніхто не замінаў зьехаць. Студэнты маглі вучыцца (і заставацца) за мяжой. Па магчымасьці, улады не дапушчалі зьяўленьня «адмаўленцаў» і пакутнікаў за ідэю. У Беларусі за Лукашэнкам апазыцыю імкнуліся ў ідэале выштурхнуць за мяжу, пазбаўляючы яе рэсурсаў, неабходных, каб супрацьстаяць ягоным дзеяньням. Рэдка бывае, каб кіраўнік аўтарытарнай краіны дазваляў выбары, ня маючы ўпэўненасьці ў іх выніках. І Лукашэнка — не выключэньне з правіла. Апазыцыя ня мае ілюзіяў наконт магчымасьці атрымаць бясспрэчную перамогу над Лукашэнкам, ня маючы належных рэсурсаў і доступу да дзяржаўных СМІ. Але яе, здаецца, глыбока ўразіў маштаб фальсыфікацыяў. Апазыцыя ўбачыла, што Лукашэнка прагнуў дамагчыся рашучай перамогі на выбарах, каб здэмаралізаваць сваіх апанэнтаў і прымусіць замаўчаць крытыкаў за мяжою.
ШТО ПАМАГЛО ЛУКАШЭНКУ ЗАСЯРОДЗІЦЬ УЛАДУ Ў СВАІХ РУКАХ?Праз два дні пасьля выбараў у Беларусі ў 2001 г. сьвет зьмяніўся пад уплывам падзеяў 11 верасьня і іх наступстваў. Беларусь амаль цалкам зьнікла з поля зроку большасьці афіцыйных асобаў у амэрыканскім урадзе. Доўгачаканыя «дывідэнды міру» расталі, фондавы рынак абваліўся. Міжнародныя арганізацыі ў правах чалавека сутыкнуліся з тым, што іх спонсары ўжо не маглі выдаваць столькі грантаў, як раней.За наступныя некалькі гадоў Лукашэнка зрабіў захады, каб пазбавіць апазыцыю пляцдарму для супраціву. Рэдка бывае, каб кіраўнік аўтарытарнай краіны дазваляў выбары, ня маючы ўпэўненасьці ў іх выніках. І Лукашэнка — не выключэньне з правіла.Каб запалохаць беларускую прэсу, усё часьцей выкарыстоўвалася прававая сыстэма: на пэрыядычныя выданьні падавалі ў суд за «паклёп», яны закрываліся за дробныя парушэньні. Чым шырэй разгортваліся рэпрэсіі, тым больш палітычных актывістаў не адважвалася працягваць дзейнасьць, баючыся за свае сем’і. Беларускія ўлады ўзмацнялі кантроль над грамадзтвам, часта адмаўляючы ў рэгістрацыі недзяржаўным арганізацыям, якія маглі б прытуліць і фінансава падтрымаць прыхільнікаў апазыцыі. Беларускім арганізацыям у правах чалавека стала бракаваць сродкаў, таму дзейнасьць многіх зь іх зрабілася менш эфэктыўнай, а некаторыя проста спынілі сваё існаваньне. Пры гэтым многія з тых, хто раней спадзяваўся зьмяніць палітычнае становішча ў Беларусі, адчулі глыбокае расчараваньне. Шмат хто зьехаў на Захад, часта дзеля таго, каб рэалізаваць свае здольнасьці ў навуковай сфэры. Іншыя перабраліся ў Расею ў пошуках матэрыяльнага дабрабыту для сябе і сваіх сем’яў.
МАРЫЯНЭТКАВЫ ПАРЛЯМЭНТ І ПРАВА НА ПАЖЫЦЬЦЁВАЕ ПРЭЗЫДЭНЦТВААдзін са спосабаў забясьпечыць сабе паслухмяны парлямэнт — гэта ня даць апазыцыі ўнесьці сваіх кандыдатаў у выбарчыя бюлетэні. На парлямэнцкіх выбарах 2004 г. нібыта незалежная Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала толькі 26 з 58 кандыдатаў ад АГП і 20 з 30 ад Партыі БНФ. З 912 прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты збольшага бяспраўнага заканадаўчага органу Цэнтравыбаркам адмовіў у рэгістрацыі 313. Раённыя выбарчыя камісіі пазбаўлялі кандыдатаў рэгістрацыі напярэдадні галасаваньня.7 верасьня 2004 г. Лукашэнка зрабіў нечаканую заяву. У дадатак да парлямэнцкіх выбараў беларускі электарат мусіў адказаць, ці трэба дазволіць Лукашэнку ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах па заканчэньні другога прэзыдэнцкага тэрміну. Пытаньне, што выносілася на рэфэрэндум, ніяк нельга назваць узорам добрага пісьма: Ці дазваляеце Вы першаму Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзыдэнта і ці прымаеце частку першую артыкулу 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: «Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаваньні»?
Фармулёўка цікавая зь некалькіх пунктаў гледжаньня. Па-першае, у ёй ня ўлічваецца, што першым прэзыдэнтам Беларусі калі не de jure, дык de facto быў Станіслаў Шушкевіч, а не Аляксандар Лукашэнка. Па-другое, у артыкуле 81 няма ніякага абмежаваньня тэрмінаў прэзыдэнцтва — гэта азначае, што Лукашэнка можа пераабірацца зноў і зноў. Па-трэцяе, на рэфэрэндуме для перамогі неабходна набраць 50 % плюс адзін голас ад унесеных у сьпісы для галасаваньня, а на прэзыдэнцкіх выбарах — толькі 50 % плюс адзін голас ад ліку тых, хто прагаласаваў. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што Лукашэнку падтрымалі 87,97 % ад тых, хто ўдзельнічаў у галасаваньні. Паводле яе словаў, гэта адпавядае 79,42 % ад агульнай колькасьці выбарцаў. Згодна з вынікамі экзыт-полаў, праведзеных арганізацыяй, заснаванай Інстытутам Гелапа, Лукашэнка атрымаў толькі 48,4 % галасоў тых, хто ўдзельнічаў у рэфэрэндуме, і, адпаведна, яшчэ меншы працэнт ад агульнай колькасьці выбарцаў. Хоць у такой краіне, як Беларусь (ня кажучы пра ЗША), вынікі экзыт-полаў могуць быць памылковымі, няма нічога дзіўнага, што апазыцыя абвінаваціла ўлады ў буйных фальсыфікацыях. Такім чынам, за тры гады, што прайшлі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г., Лукашэнка здолеў запалохаць апазыцыю і ўзмацніць кантроль над нібыта незалежнымі выбарчымі камісіямі. Са 110 акруг, дзе былі абраныя дэпутаты, у парлямэнт не прайшоў ніводны кандыдат ад апазыцыі. У 2004 г. абедзьве палаты кангрэсу ЗША адзінагалосна прынялі Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Яго падпісаў прэзыдэнт Буш, і ён набыў моц закону. Цяпер у кангрэсе разглядаецца новая рэдакцыя Акту аб дэмакратыі, якая ня толькі б удасканаліла некаторыя фармулёўкі і ўзмацніла санкцыі супраць беларускіх уладаў, але і дазволіла б фінансаваць адкрыта антылукашэнкаўскія праграмы.
КАМПАНІЯ 2006 г.Каб зьменшыць шанцы апазыцыі арганізавацца, Лукашэнка прымусіў парлямэнт перанесьці прэзыдэнцкія выбары зь ліпеня на сакавік. Гэтым ён дасягнуў адразу некалькіх мэтаў. Ён пазбавіў разьяднаную беларускую апазыцыю рэальнай магчымасьці правесьці эфэктыўную выбарчую кампанію. Халоднае сакавіцкае надвор’е зьмяншала верагоднасьць стыхійных антыўрадавых выступленьняў. Гэты крок таксама азначаў, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца за тыдзень да парлямэнцкіх ва Ўкраіне. Апроч таго, ён дадаў Лукашэнку ўпэўненасьці, што ўдзельнікі «вялікай васьмёркі» на сустрэчы ў Санкт-Пецярбурзе не адвядуць сытуацыі ў Беларусі (адрозна ад энэргетычных пытаньняў) значнага месца ў парадку дня.
Як кажа старое выслоўе, адзін харызматычны фанатык ператворыць 30 баязьліўцаў у змагароў. Лукашэнка зрабіў, здаецца, усё, што трэба, каб такая асоба не паўстала ў Беларусі. У апазыцыі не было кандыдата, які б карыстаўся вялікім аўтарытэтам у беларускім грамадзтве і мог бы праводзіць агрэсіўную выбарчую кампанію. Большасьць палітычнай апазыцыі вырашыла падтрымаць адзінага кандыдата — Аляксандра Мілінкевіча, колішняга дацэнта Гарадзенскага ўнівэрсытэту і былога намесьніка мэра Горадні. Перад выбарамі некаторыя эўрапейскія лідэры і высокія чыноўнікі сустракаліся зь Мілінкевічам на знак таго, што аддаюць яму перавагу перад Лукашэнкам. У сваіх публічных заявах Мілінкевіч адзначаў, што ён не сумняецца: Лукашэнка ўжо зрабіў усё неабходнае, каб галасаваньне сталася пустой фармальнасьцю. Таму кандыдат ад апазыцыі заклікаў сваіх прыхільнікаў не лічыць за мэту кампаніі перамогу на выбарах, а пераканаць тых, хто настроены супраць Лукашэнкі, што зьмена рэжыму мірнымі сродкамі магчымая ў будучыні.
ПРЭВЭНТЫЎНЫЯ ЗАХАДЫ ЛУКАШЭНКІ17 жніўня 2005 г. Лукашэнка падпісаў указ, які ўводзіў новыя абмежаваньні на атрыманьне тэхнічнай дапамогі з-за мяжы. Указ забараняе арганізацыям і асобным грамадзянам атрымліваць і выкарыстоўваць дапамогу для «падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў, рэфэрэндумаў, адкліканьня дэпутатаў і сяброў Савету Рэспублікі, арганізацыі і правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў, пікетаваньня, страйкаў, вырабу і распаўсюду агітацыйных матэрыялаў, правядзеньня іншых формаў палітычнай агітацыйна-масавай працы сярод насельніцтва». Указ стварыў заканадаўчую базу для забароны тэхнічнай дапамогі ў выглядзе арганізацыі сэмінараў, канфэрэнцыяў і публічных дыскусіяў.19 ліпеня 2005 г. беларускі парлямэнт прыняў закон, які ўводзіць абмежаваньні на стварэньне і дзейнасьць палітычных партыяў. У ім пералічваюцца падставы, паводле якіх Вярхоўны суд Беларусі пасьля звароту Міністэрства юстыцыі можа прыпыніць палітычную дзейнасьць партыі. Гэты закон на практыцы істотна перашкаджае ўтварэньню новых палітычных суб’ектаў. У лістападзе таго ж году Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову, якой уводзілася дзяржаўная манаполія на стварэньне новых сацыялягічных службаў, а пры Нацыянальнай акадэміі навук утваралася структура для кантролю над арганізацыямі, што мелі дазвол праводзіць апытаньні грамадзкай думкі. Калі ў дзейнасьці сацыялягічнай службы заўважаць парушэньні ці калі вынікі апытаньняў палічаць «прадузятымі і ня вартымі даверу», службу могуць пазбавіць акрэдытацыі. У сьнежні 2005 г. прэзыдэнт Лукашэнка падпісаў закон, якім уводзілася крымінальная адказнасьць за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». У Крымінальны кодэкс уносіліся папраўкі, згодна зь якімі падрыхтоўка людзей да ўдзелу ў вулічных акцыях пратэсту, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь за мяжой, заклікі да іншых краінаў і міжнародных арганізацыяў дзейнічаць «на шкоду бясьпецы, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэльнасьці краіны» павінны разглядацца як злачынства. Апроч таго, Лукашэнка прымусіў беларускі парлямэнт даць яму ў рукі дадатковыя інструмэнты, што не дазвалялі апазыцыі мабілізаваць «людзкую сілу» ў выпадку фальсыфікацыі выніку выбараў. Напрыклад, узмацнялася крымінальная адказнасьць за арганізацыю акцыяў пратэсту, прыналежнасьць да забароненай арганізацыі і выступленьне супраць нацыянальных інтарэсаў. У дадатак беларускі парлямэнт унёс папраўкі ў Закон Рэспублікі Беларусь аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных справаў. Цяпер яны атрымалі права разганяць антыўрадавыя дэманстрацыі. Парлямэнт надаў прэзыдэнту паўнамоцтвы загадваць беларускім войскам ужываць зброю і іншы ваенны рыштунак, каб захаваць парадак унутры краіны. Абмяжоўвалася права беларускіх вайскоўцаў адмовіцца ад выкананьня незаконных, на іх думку, загадаў (напрыклад, страляць ці ўжываць ваенную тэхніку супраць цывільных асобаў). Як у Нямеччыне за Гітлерам, вайскоўцы і міліцыя сталі прыносіць прысягу на вернасьць не Рэспубліцы Беларусь ці Канстытуцыі, а Лукашэнку.Больш за тое, як у Нямеччыне за Гітлерам, вайскоўцы і міліцыя сталі прыносіць прысягу на вернасьць не Рэспубліцы Беларусь ці Канстытуцыі, а Лукашэнку. Такім чынам зьмяншалася верагоднасьць, што ў выпадку праліцьця крыві вайскоўцы вырашаць падтрымаць апазыцыю. Лукашэнка мае ў сваім распараджэньні як мінімум 110 тысячаў байцоў спэцыялізаваных ваенізаваных фармаваньняў, у тым ліку АМАПу. Яны могуць істотна папоўніцца за кошт рэзэрвістаў. Лукашэнка мае таксама ахутаны заслонай сакрэтнасьці кантынгент асабістых целаахоўнікаў, адмыслова навучаных і забясьпечаных найноўшай тэхнікай. Апроч таго, улады ўзмацнілі СОБР — спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня — і атрад «Алмаз».
ПАСЬЛЯ ВЫБАРАЎЭканамісты і палітолягі падрабязна дасьледавалі эканамічную залежнасьць Беларусі ад Расеі. Сачыць за паваротамі беларуска-расейскіх дачыненьняў — само па сабе цэлая прафэсія. Шмат у каго склалася ўражаньне, што без паставак прыроднага газу і нафты з Расеі па цэнах, ніжэйшых за рынкавыя, беларуская эканоміка не дасягнула б цяперашніх паказьнікаў. Да таго ж Расея — рынак збыту для многіх беларускіх вытворцаў. Аднак нельга не заўважаць, што расейскія экспартэры зброі могуць рукамі беларускіх партнэраў рабіць пастаўкі ў краіны, зь якімі расейскі ўрад не хацеў бы весьці справы адкрыта. Трэба дадаць, што расейскія энэрганосьбіты паступаюць у Заходнюю Эўропу па трубаправодах, пракладзеных праз тэрыторыю Беларусі. Такім чынам, з эканамічным раскладам у беларуска-расейскіх стасунках ня ўсё так проста, як здаецца на першы погляд.На думку некаторых дасьледчыкаў, Расея знаходзіцца ў жудасным дэмаграфічным крызісе. Каля трох чвэрцяў этнічных расейцаў жыве на захад ад Уралу, а большасьць прыродных рэсурсаў знаходзіцца ў раёнах, што гістарычна належалі іншым народам. Пол Гобл выказаў здагадку, што надыдзе момант, калі большасьць насельніцтва Расейскай Фэдэрацыі будуць складаць мусульмане. Застаецца страх, што Расея паўторыць лёс Савецкага Саюзу. Мэта сёньняшняй расейскай нацыянальнай палітыкі — зноў цэнтралізаваць уладу ў Маскве і вярнуць краіне статус «вялікай дзяржавы», як за часам СССР. Зразумела, калі Расея анэксуе ці іншым чынам возьме пад свой кантроль Беларусь і ўсходнюю Ўкраіну, дзень, калі ўсходнія славяне перастануць складаць большасьць насельніцтва РФ, адсунецца ў больш аддаленую будучыню. Амэрыка ставіцца да рэжыму Лукашэнкі як да ўлады de facto, але не de jure. І Эўразьвяз, і ЗША забаранілі ўезд у свае краіны шэрагу беларускіх афіцыйных асобаў, аднак ні Амэрыка, ні Эўропа не жадаюць узмацненьня ціску на рэжым. Напрыклад, пакуль ідуць дыскусіі пра тое, каб пазбавіць у будучыні гандлёвых прэфэрэнцыяў постсавецкія краіны, якія не захоўваюць правоў чалавека, адхіляюцца прапановы эканамічных санкцыяў супраць Беларусі. Ні краіны Эўразьвязу, ні ЗША не парвалі дыпляматычных стасункаў зь Беларусьсю і не адклікалі зь Менску сваіх амбасадараў (праўда, некаторыя адклікалі амбасадараў для кансультацыяў). У параўнаньні са Злучанымі Штатамі, Эўразьвяз, нягледзячы на афіцыйныя заявы, праводзіць значна больш асьцярожную палітыку датычна Беларусі. Яе суседзі: Польшча, Літва, Латвія — больш за ўсіх публічна крытыкуюць Лукашэнку. Але яны ўвогуле ня маюць ніякага жаданьня псаваць эканамічныя стасункі зь Беларусьсю. Амэрыка ставіцца да рэжыму Лукашэнкі як да ўлады de facto, але не de jure.І гэта ня дзіўна, бо, паводле зьвестак фонду Pontis, у Беларусі адбываецца пераарыентацыя замежнага гандлю на краіны, што не ўваходзяць у СНД. Напрыклад, літоўскі прэм’ер-міністар Гедымінас Кіркілас нядаўна выказаўся супраць увядзеньня Эўразьвязам эканамічных санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. Ён заявіў, што ізаляцыя краіны і зьвязаныя зь ёю дадатковыя цяжкасьці для беларускага народу ніяк не адаб’юцца на рэжыме Лукашэнкі. Фактычна большасьць краінаў, якія выказваліся па гэтым пытаньні: Польшча, Літва, Латвія, Грэцыя, Кіпр — не падтрымлівалі ўвядзеньня санкцыяў. На нядаўнім пасяджэньні Эўразьвязу Чэхія, Італія і Славакія адмовіліся вызначыцца па беларускай праблеме. Гэта сьведчыць, што дзяржавы Эўразьвязу схільныя выступаць супраць гандлёвых санкцыяў, бо лічаць іх контрапрадуктыўнымі. Замест санкцыяў Эўразьвяз задавольваецца чыста сымбалічнымі жэстамі і закуліснымі мэтадамі. Чыноўнікі Эўразьвязу адыгралі не апошнюю ролю ў прысуджэньні прэміі імя Андрэя Сахарава за свабоду мысьленьня Аляксандру Мілінкевічу ў 2006 г. і Беларускай асацыяцыі журналістаў — у 2004 г.Напрыклад, некаторыя яго краіны зьлёгку падтрымлівалі палітычных апанэнтаў Лукашэнкі, даючы ім магчымасьць друкаваць свае выданьні і праводзіць сустрэчы. Асобныя краіны Эўразьвязу асьцярожна ўздымаюць пытаньні правоў чалавека непасрэдна пры сустрэчах зь беларускімі афіцыйнымі асобамі. Трэба меркаваць, чыноўнікі Эўразьвязу адыгралі не апошнюю ролю ў прысуджэньні прэміі імя Андрэя Сахарава за свабоду мысьленьня Аляксандру Мілінкевічу ў 2006 г. і Беларускай асацыяцыі журналістаў — у 2004 г. Эўразьвяз успрымае Мілінкевіча як легітымную палітычную фігуру. Ён мае магчымасьць сустракацца з афіцыйнымі асобамі Эўразьвязу. Гэта дапамагае яму даносіць голас апазыцыі да грамадзтва (прынамсі, за межамі Беларусі), але, відаць, не павялічвае арганізацыйнага патэнцыялу апазыцыі. Лукашэнка, магчыма, упэўнены, што ня страціць улады ў выніку вулічных акцыяў. Як ні парадаксальна, пры гэтым ён імкнецца яшчэ больш абмежаваць шанцы апазыцыі трапіць у выбарныя органы. Старшыня беларускага Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, абвяшчаючы папраўкі ў Выбарчы кодэкс, заўважыла, што беларускі парлямэнт плянуе разгледзець папраўкі ў Выбарчы кодэкс, якія пройдуць апрабацыю на выбарах у мясцовыя саветы ў 2007 г. Калі пісаўся гэты артыкул, рыхтаваліся два варыянты правядзеньня мясцовых выбараў: адзін паводле старога закону, а другі — паводле новага, які рэгулюе правядзеньне перадвыбарчых сустрэчаў у грамадзкіх месцах: «Калі такія сустрэчы будуць ладзіцца па-за закрытымі памяшканьнямі, на іх правядзеньне трэба будзе атрымаць згоду мясцовых выканаўчых камітэтаў». Бясспрэчна, гэтыя зьмены робяцца для таго, каб умацаваць пазыцыі Лукашэнкі і падарваць дух ягоных апанэнтаў.
ЯКОЙ МАЕ БЫЦЬ НОВАЯ АМЭРЫКАНСКАЯ ПАЛІТЫКА Ў ДАЧЫНЕНЬНІ ДА БЕЛАРУСІ?Закон Злучаных Штатаў аб міжнародных дачыненьнях сьцьвярджае:
Дзяржава ня можа прызнаваць альбо прымаць палітычны рэжым за ўрад, не прызнаючы тым самым дзяржаўнасьці той адзінкі, на кіраваньне якой прэтэндуе гэты рэжым. Аднак дзяржава можа прызнаваць адзінку за дзяржаву ці ставіцца да яе як да такой, не прызнаючы пры гэтым пэўны палітычны рэжым за яе ўрад.
Тэарэтычнае непрызнаньне Лукашэнкі законным і правамоцным прэзыдэнтам Беларусі аўтаматычна не вядзе да практычных вынікаў. Большасьць урадаў робіць адрозьненьне паміж урадам de facto і de jure, але на практыцы яно чыста сымбалічнае, бо міжнародная супольнасьць згодная мець справу з урадамі de facto. Большасьць дзяржаваў вельмі ня хоча праводзіць іншага разьмежаваньня: паміж легітымнымі і нелегітымнымі ўрадамі. У сьвеце, дзе рэальных дзейных дэмакратычных дзяржаваў — меншасьць, міжнароднай супольнасьці будзе складана (калі наагул магчыма) вызначыць, якія чыньнікі сьведчаць аб легітымнасьці ўраду. Але калі мы ня ў стане пакараць нелегітымныя рэжымы, гэта вельмі падобна да Крымінальнага кодэксу бязь мераў пакараньня. Мабыць, час прававым дзяржавам зьмяніць сваё стаўленьне да гэтай праблемы. Яны павінны паспрабаваць знайсьці адказ на пытаньне: ім рупяць паводзіны ўрадаў de facto толькі на міжнароднай арэне ці ўрад можна прызнаць нелегітымным паводле таго, як ён абыходзіцца з уласнымі грамадзянамі? Было б наіўна чакаць, што міжнародныя абавязкі пераважаць над замежнапалітычнымі меркаваньнямі ці інтарэсамі асноўных груповак унутры краіны. Аднак, магчыма, прыйшоў час, калі асобным дзяржавам трэба кіравацца наступным палітычным прынцыпам: калі ўрад замежнай краіны прыйшоў да ўлады ня ў выніку свабодных і справядлівых выбараў або дапушчае буйнамаштабныя парушэньні грамадзянскіх правоў, ён мусіць лічыцца нелегітымным. Трэба заахвочваць міжнародную супольнасьць дзейнічаць супраць нелегітымных рэжымаў звычайнымі мэтадамі. Іх дыпляматычны корпус не павінен карыстацца дыпляматычнымі прывілеямі. Іншыя дзяржавы не павінны выдаваць візы беларускім афіцыйным асобам, парушальнікам правоў чалавека і вядомым прыхільнікам рэжыму. Гэтыя захады няпроста ажыцьцяўляць на практыцы. Калі чалавек працуе на беларускі ўрад, гэта яшчэ аўтаматычна не азначае, што яму не было б больш даспадобы новае кіраўніцтва, якое паважала б закон і правы чалавека. Становішча складанае. З аднаго боку, калі беларускія «вярхі» вымушаныя будуць на сабе адчуць «кошт» лукашэнкаўскай палітыкі, можа, гэта зьменшыць іх падтрымку ўлады. Зь іншага боку, беларусы пазбавяцца шанцаў кантактаваць зь людзьмі за мяжою і лепей зразумець рэпрэсіўную сутнасьць рэжыму Лукашэнкі. Апроч таго, нелегітымныя рэжымы мусяць мець магчымасьць імпартаваць толькі прадукты харчаваньня, лекі і спажывецкія тавары. (Але гэта можа прывесьці да непажаданага выніку — росту залежнасьці ад Расеі і іншых дзяржаваў, якія парушаюць правы чалавека.) Замежныя банкаўскія рахункі чыноўнікаў нелегітымных рэжымаў трэба замарозіць, а нерухомасьць — перадаць пад кантроль апякунскай рады.
Пераклала з ангельскай мовы С. Т. |
навуковы супрацоўнік факультэту міжнародных справаў Амэрыканскага ўнівэрсытэту ў Вашынгтоне, ад’юнкт-прафэсар юрыдычнага цэнтру пры Джорджтаўнскім унівэрсытэце. Быў міжнародным назіральнікам на выбарах у Беларусі ў 2001 г. і 2004 г. Піша пра палітычныя, прававыя, эканамічныя праблемы і правы чалавека ў постсавецкіх краінах. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 12 (52) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |