A R C H E | П а ч а т а к | № 12 (52) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ЮРЫ ЧАВУСАЎ | ||||
Раяль у кустах культурнай дыпляматыі Polska i Białoruś po rozszerzeniu Unii Europejskiej —
Колькасьць навуковых публікацыяў, прысьвечаных беларускай замежнай палітыцы, пакуль надзіва невялікая для незалежнай краіны, што прэтэндуе на ўласную актыўную пазыцыю на сусьветнай арэне. Застаюцца адзінкавымі нават дасьледаваньні двухбаковых стасункаў з найбліжэйшымі суседзямі. Недастатковае асьвятленьне беларускай замежнай палітыкі тлумачыцца і тым, што сама яна вельмі доўга была ў летаргічным сьне.
Але пры ўсёй беднасьці беларускага дыпляматычнага жыцьця краіна мусіць шукаць адказы на пэўныя пытаньні замежнай палітыкі. Сярод іх — пашырэньне Эўразьвязу і стасункі з найбліжэйшымі суседзямі ў гэтым кантэксьце. Згаданай праблеме і прысьвечаны зборнік «Polska i Białoruś po rozszerzeniu Unii Europejskiej — Беларусь і Пoльшча пасьля пашырэньня Эўрапейскага Саюзу». У апублікаваных артыкулах пераважна дасьледуецца дынаміка беларуска-польскіх стасункаў у сьвятле далучэньня Польшчы да Эўразьвязу і актыўная палітыка польскага боку ў пытаньні дачыненьняў паміж Рэспублікай Беларусь і Эўразьвязам. Экспэрты з абедзьвюх краінаў дасьледуюць сродкі ўзьдзеяньня на Беларусь у арсэнале эўрапейскай палітыкі. Таксама пільная ўвага надаецца інтэграцыі Беларусі з Расейскай Фэдэрацыяй: ці можна гэты працэс параўнаць з інтэграцыяй у Эўразьвязе, і якое значэньне мае для Беларусі партнэрства паміж Эўразьвязам і Расейскай Фэдэрацыяй? Выданьне сталася прамежкавым вынікам рэгулярнай сумеснай працы Польскага інстытуту міжнародных справаў і Цэнтру міжнародных дасьледаваньняў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У ім падсумаваныя матэрыялы двухбаковай навуковай канфэрэнцыі, што адбылася ў чэрвені 2004 г. у Камянецкім раёне. Зборнік зьявіўся ў час, калі Польшча ўжо ўвайшла ў Эўразьвяз і праводзіць у ягоных межах адмысловую палітыку ў дачыненьні да Беларусі, а таксама прымае надзвычай актыўны ўдзел у вайсковых місіях НАТО. Хоць канфэрэнцыя адбылася толькі празь месяц па ўступленьні Польшчы ў Эўразьвяз, у артыкулах зборніка ўлічваецца пазьнейшы ўплыў сяброўства Польшчы ў Эўразьвязе на беларуска-польскія стасункі — большасьць аўтараў апэруюць зьвесткамі за другую палову 2004 г. Такім чынам, канфэрэнцыя была толькі зыходным пунктам для досьледаў. Аўтары належаць выключна да беларускай і польскай акадэмічнай супольнасьці. Аднак падаецца, што надалей не пашкодзіла б пашырыць поле дасьледаваньняў і прыцягнуць да сумеснай працы прадстаўнікоў іншых экспэртных асяродкаў, а магчыма, і дасьледчыкаў зь іншых краінаў — менш ангажаваныя, яны маглі б разгледзець тэму ў іншым ракурсе. Адзначым удала абраны моўны фармат выданьняў. Абсалютна ўсе тэксты пададзеныя ў двух варыянтах — па-польску і па-беларуску. Аднак моўнае самавызначэньне яшчэ не азначае ўсьведамленьня ўласнай суб’ектнасьці. Як сувэрэнны суб’ект са сваімі інтарэсамі і дактрынай Рэспубліка Беларусь у гэтым зборніку амаль не фігуруе. Большасьць прапанаваных дасьледаваньняў яднае тое, што Беларусь «зьмяшчаецца ў кантэкст», разглядаецца як аб’ект узьдзеяньня вонкавых чыньнікаў (пераважна — эўрапейскіх і расейскіх). Гэта лёгка патлумачыць «летаргічнай» пазыцыяй краіны на міжнароднай арэне. Але патлумачыць — ня значыць дараваць хібнасьць падобнага стану, хібнасьць ня столькі дасьледчыкаў, колькі саміх дзейных асобаў, што выступаюць ад імя Беларусі ў сьвеце. Як бы там ні было, але цяпер беларуская дзяржава — самастойны, сувэрэнны суб’ект міжнародных дачыненьняў, і яе палітыка на міжнароднай арэне вызначаецца ня толькі фактарамі, але і інтарэсамі. У прынцыпе, кніга магла б называцца «Беларусь і Польшча пасьля пашырэньня Эўрапейскага Саюзу… у цяні Расеі» — надзвычай шмат увагі надаецца расейскаму фактару. Зразумела, для польскіх дасьледчыкаў ён значна больш інтрыгоўны і відавочна цікавейшы з навуковага гледзішча. Але ж беларускія аўтары трактуюць яго як вонкавы, што пацьвярджае іх беларускае самавызначэньне. Надзвычай цікава аналізуюцца ўнутраныя беларускія і вонкавыя перадумовы беларуска-польскіх дачыненьняў. Пры гэтым, на жаль, па-за ўвагай аўтараў застаўся ўплыў унутрыпольскай палітыкі на дачыненьні зь Беларусьсю. А ў гэтай сфэры можна знайсьці шмат цікавага. Варта было б згадаць асаблівае стаўленьне Анджэя Лепэра да Лукашэнкі і стварэньне вобразу Лукашэнкі на старонках польскай прэсы. Заслугоўваў бы на ўвагу і выхад беларускай праблематыкі на адно зь першых месцаў у польскай унутранай палітыцы, асабліва падчас выбарчых кампаніяў 2005 г. у Польшчы (адначасова з канфліктам вакол Саюзу палякаў у Беларусі). Застаецца толькі здагадвацца, ці то дасьледчыкі не заўважылі актуальнасьці беларускага пытаньня, ці, наадварот, заўважылі і паспрабавалі не закранаць занадта вострай і гарачай праблемы. Недастаткова раскрытая і роля польскай палітычнай эліты ў выпрацоўцы пазыцыі Эўразьвязу па Беларусі. А менавіта польскім палітыкам разам зь нямецкімі і літоўскімі цяпер належыць надзвычай важнае месца ў гэтай галіне. Вельмі цікава было б дасьледаваць польскі ўплыў на палітыку Эўразьвязу па Беларусі ў кантэксьце яго сутыкненьня зь нямецка-расейскім праектам (шмат у якіх кірунках ён і цяпер дамінуе ў Брусэлі). Роля эўрапейскіх праектаў у разьвіцьці дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці, візавыя абмежаваньні і пагрозы эканамічных санкцыяў таксама засталіся на пэрыфэрыі ўвагі дасьледчыкаў. Тэрміны кшталту «міжнародная ізаляцыя Беларусі» ўжываюцца пераважна польскімі ўдзельнікамі — беларускія аўтары больш асьцярожныя ў выбары азначэньняў і ўвогуле схільныя абмінаць вострыя тэмы. Але падобная абачлівасьць кампэнсуецца тым, што ўкладальнікі імкнуліся разгледзець праблемы зь дзьвюх пазыцыяў — беларускай і польскай. Асабліва цікавыя акурат паралельныя дасьледаваньні абраных тэмаў экспэртамі з абедзьвюх краінаў: пра сыстэмныя перадумовы дапамогі ЭЗ для Беларусі, плян дзеяньняў Эўразьвязу для Беларусi, беларуска-польскае памежжа, беларускую меншасьць у Польшчы. У зборніку «Беларусь і Польшча пасьля пашырэньня Эўрапейскага Саюзу» прапанаваныя некалькі вялікіх тэматычных блёкаў. Але адкрывае яго праграмны артыкул Адама Эбэргарта. У ім дасьледуюцца чыньнікі, што ўплываюць на пазыцыю Беларусі ў агульнаэўрапейскай палітыцы. Аўтар адзначае, што за апошнія гады самаізаляцыя Беларусі ў эўрапейскай прасторы ўзмацнілася пад уплывам як вонкавых, гэтак і ўнутраных фактараў. Сярод першых — далучэньне суседзяў Беларусі да Эўразьвязу і выпрацоўка асноваў эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва, а таксама аслабленьне беларуска-расейскай інтэграцыі і зьмяншэньне значэньня Беларусі для расейскай палітыкі за прэзыдэнтам У. Пуціным. Да другіх можна аднесьці далейшы рух палітычнай сыстэмы Беларусі да аўтарытарызму і макраэканамічную палітыку ўладаў. А. Эбэргарт сьвядома не адзначае сярод вонкавых фактараў уплыву Злучаных Штатаў. Беларусь цяпер ня толькі не выконвае ролі пасярэдніка паміж Эўразьвязам і Расейскай Фэдэрацыяй, але нават практычна ня ўдзельнічае ў міжнародных справах кантынэнту. У заключэньні А. Эбэргарт засьведчыў працяглы крызіс у замежнай палітыцы рэжыму А. Лукашэнкі і спрагназаваў узмацненьне санкцыяў з боку Эўразьвязу і Злучаных Штатаў. Аўтар тлумачыць гэта захаваньнем аўтарытарнай сыстэмы, а таксама архаічнай, адрознай ад іншых краінаў кантынэнту, эканамічнай мадэлі. А. Эбэргарт робіць выснову, што дэмакратычныя і рынкавыя пераўтварэньні ў Беларусі непазьбежныя, бо краіна ня можа доўга заставацца ў баку ад працэсаў супрацоўніцтва і інтэграцыі ў Эўропе. У працяг зададзенай А. Эбэргартам тэмы чыньнікі, што абумоўліваюць беларускую замежную палітыку, дасьледуюцца ў артыкулах пра трохкутнік ЭЗ—РФ—РБ. А. Ціхаміраў робіць агляд сучасных беларуска-расейскіх дачыненьняў, асабліва ў эканамічнай галіне, а таксама ў вайсковай і культурна-інфармацыйнай. Аўтар скептычна ставіцца да пэрспэктываў беларуска-расейскай інтэграцыі і прагназуе ўмацаваньне сувэрэнітэту бакоў. Ён адзначае, што Польшча цяпер мае шанец стаць экспэртам у беларускім пытаньні ў Эўразьвязе і мяркуе, што разьвіцьцё сувязяў з Польшчай дапаможа нашай краіне захаваць свой дзяржаўны сувэрэнітэт. У. Снапкоўскі ўсьлед за А. Эбэргартам дасьледуе чыньнікі, што ўплываюць на разьвіцьцё стасункаў Беларусі з Расеяй і Эўразьвязам. Ён заўважае, што хоць пазыцыі Расеі і Эўразьвязу ў беларускім пытаньні збліжаюцца, але сапраўднай праверкай для пазыцыі Расеі ёсьць стаўленьне да палітычных кампаніяў у Беларусі. Асобным блёкам падаюцца тэксты, прысьвечаныя пляну дзеяньняў для Беларусi, эўрапейскай палiтыцы добрасуседзтва датычна Беларусi і сыстэмным перадумовам дапамогi Эўразьвязу Беларусi. Э. Выцішкевіч і У. Улаховіч прапаноўваюць надзвычай цікавы матэрыял пра эфэктыўнасьць палітычных сродкаў узьдзеяньня на Беларусь з боку Эўропы. Аўтары характарызуюць канцэпцыю Вялікай Эўропы і пляны дзеяньняў у яе межах, а таксама падсумоўваюць падставы эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. Пры гэтым месца беларускай дзяржавы ў плянах ЭЗ фактычна выглядае вакантным: без рэформы беларускай палітычнай сыстэмы эўрапейскія структуры будуць мець дачыненьне з адміністрацыяй тэрыторыі, а не зь дзяржаўнай уладай — роўнабаковых стасункаў тут не прадугледжваецца. Доўгатэрміновая мэта Эўразьвязу датычна Беларусі — зьмяніць гэты ненармальны статус і ператварыць нашу краіну ў дэмакратычнага, стабільнага і раўнапраўнага партнэра, зь якім Эўразьвяз будзе мець ня толькі супольную мяжу, але і супольную праграму дзеяньняў, заснаваную на супольных каштоўнасьцях. Э. Выцішкевіч пераканаўча тлумачыць, што ў найбліжэйшыя гады наўрад ці зьявіцца адмысловы плян дзеяньняў для Беларусі, і тлумачыць гэта пераважна пазыцыяй беларускага рэжыму. Дасьледчык чакае ад Эўразьвязу не пашыраных эканамічных абмежаваньняў альбо скарачэньня і без таго мізэрнай дапамогі, а г. зв. мэтавых санкцыяў (targeted sanctions). У. Улаховіч прымярае для Беларусі розныя сцэнары і мадэлі дзеяньняў у межах эўрапейскай палiтыкi добрасуседзтва, аналізуючы іхны магчымы ўплыў у розных грамадзкіх сфэрах. Артыкулы М. Часноўскага і асабліва М. Крыштафовіча пра сыстэмныя перадумовы дапамогi Эўразьвязу Беларусi надзвычай цікавыя для беларускага чытача. Яны аналізуюць прынцыповыя падыходы эўрапейскіх структураў менавіта да беларускага пытаньня — з адказам на іх афіцыйнага Менску. Артыкул М. Часноўскага вельмі карысны тым, што ў ім выкладаецца афіцыйная палітыка беларускага МЗС што да пазыцыі Эўразьвязу, нават праз такі выкшталцоны аксюмаран, як «сёньняшняя геапалітычная ўнікальнасьць Беларусі — зьява часовая» (нонсэнс з пункту гледжаньня клясычнай геапалітыкі). Некаторыя выказваньні аўтара зробленыя дакладна паводле шаблёну афіцыйных заяваў беларускага лідэра: «Ва ўзаемаадносінах з Эўрапейскім Саюзам Беларусь гатовая ісьці так далёка, наколькі ЭС у стане рухацца насустрач» (цікава, а як гэта сумяшчаецца з аналягічнай тэзай прэзыдэнта датычна Расейскай Фэдэрацыі?). М. Часноўскі крытыкуе Брусэль за палітызацыю эканамічнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю і скарачэньне тэхнічнай дапамогі па лініі праграмы TACIS. Варта адзначыць, што прагноз аўтара наконт нармалізацыі стусункаў з Эўропай празь беларуска-польскае супрацоўніцтва аказаўся памылковым. Артыкул М. Кшыштафовіча важны і карысны тым, што прапаноўвае аб’ектыўную ацэнку вопыту эўрапейскай тэхнічнай дапамогі ў пэрыяд да 2003 г. Аўтар адзначае малаэфэктыўнасьць гэтай праграмы ў постсавецкіх краінах увогуле і ў Беларусі ў прыватнасьці. (Аднак заўважым, што з 2003 г. сытуацыя істотна пагоршылася: зьявіліся крымінальныя справы паводле фактаў выкарыстаньня грошай з праграмы тэхнічнага супрацоўніцтва TACIS, на чатыры няўрадавыя арганізацыі, што працавалі ў межах праграмы, накладзеныя эканамічныя санкцыі за нявыплату падаткаў з атрыманых ад Эўракамісіі сродкаў.) Дасьледчык перакананы, што дапамога Эўразьвязу — толькі адзін са складнікаў праграмы супрацоўніцтва і добрасуседзтва. І калі няма самога добрасуседзтва — ніякая дапамога ня будзе мець істотнага значэньня для дэмакратызацыі і рэформаў. Непасрэдна двухбаковыя стасункі Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча ў зборніку займаюць невялікае месца. Асабліва цікавыя ў гэтым блёку дасьледаваньні А. Скарупскай і М. Масюкова пра стан беларускай меншасьці ў Польшчы. Але чамусьці не зьвяртаецца ўвага на польскую меньшасьць у Беларусі. Аднак канфлікт беларускіх уладаў з новым кіраўніцтвам Саюзу палякаў і наступнае «прызначэньне» новага старшыні гэтай арганізацыі — гэта «раяль», які цяжка схаваць у кустах «культурнай дыпляматыі». Эўразьвяз хоць марудна і непасьлядоўна, без стратэгічнага пляну, але ўсё ж рэалізуе хоць нейкую палітыку ў дачыненьні да Беларусі. Аднак для беларускай адміністрацыі Эўразьвяз застаецца толькі рынкам, на якім нашыя нафтаперапрацоўчыя заводы прадаюць паліва. Зь іншага боку, для Эўразьвязу цяпер беларуская праблема трывала ўвайшла ў парадак дня. Для беларускай жа дзяржавы адсутнасьць выразнай актыўнай, адпаведнай нацыянальным інтарэсам пазыцыі ў дачыненьні да Эўразьвязу і нашых найбліжэйшых суседзяў папросту ганебная. Эўразьвяз, насуперак сьцьверджаньням аднаго з артыкулаў зборніка, застаецца і для Беларусі, і для беларусаў усяго толькі абстракцыяй. Эўразьвяз — суб’ект, які можа мець палітыку ў дачыненьні да Беларусі, але якая яна будзе — залежыць ад самой Беларусі. |
сучасны брытанскі пісьменьнік, журналіст і сцэнарыст. Жыве ў Лёндане. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 12 (52) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |