A R C H E П а ч а т а к № 12 (52) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


12-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ

Вокладка «ARCHE» №12
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Андрэй Хадановіч
Гедройць думае пра Беларусь, альбо Запіскі кантрабандыста

Увосень 1994 г. я, тагачасны студэнт БДУ, з маленькай групкай аднакурсьнікаў прыехаў у горад Люблін. Мэта візыту была высакародная. Мы ўпершыню прымерылі на сябе ролю культуртрэгераў, а папросту кажучы — кніганошаў. Адна зь люблінскіх бібліятэк бескаштоўна перадала нашай унівэрсытэцкай горы сьпісаных, але яшчэ вельмі чытэльных польскіх кніжак. Кожнаму з нас дасталося цягнуць некалькі аграмадных кніжных пакункаў. Ва ўзнагароду за альтруізм кожнаму было дазволена ўзяць у асабістае карыстаньне трохі са сьпісаных кніжак — і мы з азартам галодных капаліся ў набітых кніжкамі скрынях. Апускаю сваю радасьць навасьпечанага ўладальніка томікаў паэзіі Леапольда Стафа й Юльляна Тувіма, Яраслава Івашкевіча й Тадэвуша Ружэвіча. Скажу, што найбольш пацешыў мяне двухтомнік вершаў Чэслава Мілаша, якім я рэгулярна карыстаюся й да сёньня. А яшчэ было некалькі нумароў парыскай «Культуры», адзін зь якіх выклікаў маё шчырае захапленьне, і непадробную зайздрасьць — у калегаў.

Нумар быў малюткі — лёгка зьмяшчаўся на далоні, і яшчэ месца пагадаць па лініях рукі заставалася. Папера была танюткая, амаль празрыстая. Ледзь угледныя літары відавочна патрабавалі люпы. Я дагэтуль тэарэтычна ведаў пра існаваньне ў сьвеце забароненай літаратуры, якую можна перавозіць празь мяжу адно кантрабандаю. Цяпер жа я сам трымаў у руках такі музэйны экспанат. То бок ён мне тады здаваўся музэйным экспанатам, бо на дварэ быў 94 год, я жыў у амаль свабоднай краіне і быў сьвята ўпэўнены, што больш нікому й ніколі не давядзецца правозіць літаратуру ў Беларусь нелегальна.

Тады я толькі-толькі пазнаёміўся з забойча-іранічным вершам Адама Міцкевіча «Exegi munimentum» з радкамі «Stąd mimo carskich groźb, na złość strażnikom ceł / Przemyca w Litwę Żyd tomiki moich dzieł». Я тады яшчэ блізка не атаясамляў сябе з такім габрэем-культуртрэгерам. Шмат што ў вершы я палічыў паэтычным перабольшаньнем, пасмакаваў вобраз моладзі, што чытае «прарока» ў Менску й Наваградку. Уявіў сабе сёньняшніх жыхароў Менску й Наваградку за чытаньнем Міцкевіча ў арыгінале — ды хоць бы і ў перакладзе! — і сумна ўсьміхнуўся. Але нешта ў гэтым вершы зачароўвала — а найперш сам вобраз паэтычнага мройцы, што, фізычна знаходзячыся ў Парыжы, будуе адтуль польскую, літоўскую, беларускую «крэпасьць» — чытай «дзяржаву». Потым, падчас чытаньня супэркішэннага нумару парыскай «Культуры», а пасьля й іншых, нармальных нумароў часопісу, у маёй галаве паступова складаўся вобраз яшчэ аднаго парыскага мройцы, які, калі не збудаваў, то прынамсі выношваў у ідэях свой польскі, але таксама й беларускі, украінскі, літоўскі munimentum, а магчыма, нават наблізіў іх зьяўленьне. Я пра Ежы Гедройця, нязьменнага рэдактара ўсіх кішэнных і некішэнных нумароў парыскай «Культуры».

Ня буду лішні раз казаць ні пра месца нараджэньня Гедройця, ні пра безьліч плённых ідэяў, якімі абавязаныя польскія дый — што граху таіць! — беларускія інтэлектуалы гэтаму «wieszczu» (дазвольце, я ўжыву гэтае старасьвецкае й крыху запатаснае слова ў адрас Гедройця). Абмяжуюся тым, што большасьць ідэяў гэтых, як часта й бывае з прарокамі, доўгія гады ўсё ніяк не матэрыялізуюцца, дагэтуль чакаюць сваёй рэалізацыі. Я пра ідэі талерантнасьці і нексэнафобскага патрыятызму, пра адкрытасьць для дыялёгу й пабудову напраўду раўнапраўных дачыненьняў паміж Польшчаю і яе нядаўна палітычна паўсталымі ўсходнімі суседзямі. Найперш мяне цікавіць імідж маёй краіны, а перадусім вобраз беларускай культуры ў вачах як найкультурнейшых і найцікаўнейшых палякаў, так і крыху менш рафінаваных польскіх грамадзянаў. Не прэтэндуючы на аб’ектыўнасьць і нават не стараючыся рабіць высновы, адно падзялюся «кавалкамі» ўласнага досьведу, бо іншага матэрыялу для аналізу проста ня маю.

Шмат гадоў маю гонар удзельнічаць у міжнароднай школе мастацкага перакладу «Translatorium». Маладыя перакладчыкі з Польшчы, Украіны, Беларусі, а ў апошнія гады й Расеі сустракаюцца, дэманструюць адно аднаму й абмяркоўваюць свой творчы плён. З ініцыятывы кіраўнікоў праекту выбітных інтэлектуалаў Олі Гнацюк і Адама Паморскага адным з прынцыпаў існаваньня школы ёсьць такі: кожны яе ўдзельнік гаворыць сваёй роднай мовай, а ўсе іншыя мусяць яе разумець. Ну чым вам не пераможнае ўвасабленьне ідэяў Гедройця! Пару год таму заняткі школы праходзілі ў бібліятэцы Варшаўскага ўнівэрсытэту. Памятаю адзін прыўкрасны ранак, калі групка перакладчыкаў, гучна размаўляючы па-беларуску, уваходзіла ў бібліятэку, і, здавалася, нішто не абяцала нэрвовага стрэсу. Ды раптам, як вядро халоднай вады, рэпліка адной зь бібліятэкарак, якая думала, што яе не разумеюць альбо ня чуюць: «Вось ужо гэтыя ўкраінцы! Панаехалі тут, ходзяць, а пасьля кніжкі ў бібліятэцы зьнікаюць!» Дагэтуль шкадую, што не патлумачыў ёй тады, чым беларусы адрозьніваюцца ад украінцаў, а талерантнасьць ад ксэнафобіі. Вось і думай, што горш, антыўкраінскія стэрэатыпы — ці амаль суцэльная адсутнасьць беларусаў у польскай сьвядомасьці.

Я ня згадваў бы гэтага адзінкавага выпадку, каб пару тыдняў таму ня здарыўся амаль такі самы. Мы з калегам спакойна шпацыруем па кракаўскім Казімежы, размаўляем: ён польскаю, я беларускаю. Ізноў жывое ўвасабленьне гедройцеўскага дыялёгу. І тут за намі (калі быць дакладным, то за мной) увязваецца зграйка хуліганістых з выгляду польскіх дзетак і падлеткаў. Кракаўскія гаўрошы радасна атачаюць нас і, спрабуючы перадражніць, выгукваюць: «Добрый дэнь! Добрый дэнь!» А потым нешта пра «горілку» ды іншыя тавары. У пэўны момант мне падумалася, ці не закідаюць каменьнем? Абышлося. Я нават уступіў у дыскусію і ў жартаўлівай форме нешта ім патлумачыў. (На старасьці гадоў, калі дажыву, можа, пайду ў вулічныя прапаведнікі.) А самому згадаўся люстрана-сымэтрычны выпадак зь беларускага дзяцінства. У 88-м ці 89-м, калі я быў на спартовых зборах у горадзе Пінску, на мясцовым кірмашы было шмат палякаў, што прыяжджалі тады гандляваць у Беларусь. Адзін з маіх калегаў-спартоўцаў чамусь вельмі іх не палюбіў. Ён хадзіў на кірмаш, жартаваў і зьдзекаваўся з гандляроў, нават спрабаваў скрасьці ў іх дробныя тавары й грошы. Злоўлены на гарачым учынку й сурова асуджаны трэнэрам, ён абсалютна не разгубіўся й на заўвагу, што нельга ж так паводзіцца зь людзьмі, адказаў так, што ўсіх агаломшыў: «З гэтымі можна. Яны ж — жыды!» Апошняе слова было ўжыта яўна мэтафарычна, і цяжка вызначыць, чаго больш: антысэмітызму ці антыпольскіх настрояў — было ў гэтым ксэнафобскім кактэйлі. (Дзеля справядлівасьці адзначу, што сустрэў гэтага знаёмага гадоў пяць-шэсьць таму й паразмаўляў пару хвілінаў, але мне хапіла. Ён апавядаў, як працуе турэмным ахоўнікам на Валадарцы й як цешыцца, калі ўдаецца пачасаць аб зьняволеных кулакі. А потым за сэкунду ператварыўся ў пяшчотнага мужа й бацьку, гаворачы пра жонку й пра маленькую дачку, якая цяжка хварэе…)

Але вернемся да польска-беларускага дыялёгу. Відавочна, у апошнія гады ў Польшчы расьце цікавасьць да Беларусі. У Варшаве, Кракаве, Уроцлаве праводзяцца дні беларускай культуры. Усё болей арганізоўваецца канфэрэнцыяў і інтэлектуальных форумаў, канцэртаў, мастацкіх выставаў і літаратурных чытаньняў з удзелам беларускіх творцаў. (Праўда, на адной з такіх сустрэчаў мне давялося пазнаёміцца зь вядомым польскім літаратарам, што некалі, яшчэ зусім юнаком, пераехаў у Гданьск зь Беларусі. «Вось будзе цікавая размова», — загадзя цешыўся я. Літаратар таксама ўзрадаваўся й, дазнаўшыся маё імя, закрычаў на чысьцюткай беларускай: «Андрэй, не дурэй, не дзяры сарочку!» Вось і пагаварылі як інтэлектуалы!) Тэксты беларускіх пісьменьнікаў патроху трапляюць у польскія літаратурныя часопісы, беларускіх паэтаў пачалі запрашаць на міжнародныя паэтычныя фэстывалі. (Праўда, польскія ангельскамоўныя мадэратары ніяк не навучацца казаць «Belarusan», а ўпарта кажуць нават не «Belarussian» — «Whiterussian».) Беларускія аўтары пачалі карыстацца пісьменьніцкай стыпэндыяй, да якой раней мелі доступ толькі нямецкія, польскія ды ўкраінскія літаратары. (Хоць адна з арганізатарак гэтага шчасьця, вельмі інтэлігентная жанчына, нядаўна спытала ў мяне, ці мяжуе Беларусь з Польшчай. Добра, што хоць дапусьціла такую магчымасьць!) У гэтым годзе ва Ўроцлаве ў выдавецтве «Kolegium Europy Wschodniej» пачала выходзіць кніжная сэрыя «Literatura Białoruska», і ваш пакорны слуга нават выпусьціў там кніжку сваіх вершаў і меў гонар удзельнічаць у кракаўскіх targach książki. . (Праўда, у раскладзе працы гэтага кніжнага кірмашу назва сэрыі крыху зьмянілася й гучала ўжо як «Literatura białowieska». Дарэчы, калі я запісваў гэтыя словы, функцыя праверкі артаграфіі майго нядаўна купленага ў Польшчы ноўтбука словазлучэньне «literatura biaіoruska» падкрэсьліла як няправільнае, а «literatura białowieska» прапусьціла. Так што, можа, арганізатары кірмашу мелі рацыю, і мне надалей варта называцца «żubr literatury białowieskiej»?)

Што могуць зьмяніць у гэтай сытуацыі беларускія й польскія інтэлектуалы? Што могуць зрабіць пісьменьнікі, калі ў Беларусі робіцца зусім не да жартаў і пачынаюць перасьледаваць нацыянальныя меншасьці — учора габрэяў, сёньня палякаў, каго заўтра? Некалі прагрэсіўныя расейскія літаратары адказвалі на габрэйскія пагромы перакладамі габрэйскіх пісьменьнікаў з мовы ідыш на расейскую. Ня так і шмат зьмянілася з таго часу, і літаратар мае ўсё тую ж зброю, набліжаючы да рэальнасьці самыя сьмелыя ідэі парыскага мройцы Гедройця. Што можа зрабіць кожны з нас? Я, скажам, магу падрыхтаваць для польскага чытача анталёгію маладой беларускай паэзіі й падбаць пра тое, каб яе перастварылі па-польску напраўду клясныя перакладчыкі. Альбо давесьці да друку колькі кніг сучаснай польскай літаратуры па-беларуску, паэтычных і ня толькі. А потым, магчыма, цягнуць іх на сабе кантрабандаю цераз польска-беларускую мяжу, бо апасаюся, што друкавацца яны будуць усё-ткі ў Польшчы.

Ці будзе гэта ўсё мець хоць нейкія грамадзкія наступствы? (Паэзія нічога не зьмяняе ў жыцьці, казаў У. Х. Одэн.) Ці, можа, я такім чынам проста супакойваю сам сябе, спрабую ўлагодзіць прывідаў, якія казычуць сумленьне? Так ці іначай, працытую пры канцы колькі радкоў зь вершу «Адам і Ева», напісанага Чэславам Мілашам, нобэлеўскім ляўрэатам і сталым аўтарам парыскай «Культуры», чый двухтомнік я некалі таксама шчасьліва выцягнуў са скрыні сьпісаных кніжак люблінскай бібліятэкі:

Адам і Ева чыталі пра малпу ў лазенцы,
Якая скочыла ў ванну, за прыкладам гаспадыні.
І пачала круціць — ратунку! горача! — краны.
Гаспадыня прыбегла як была ў пэньюары:
Вялікія белыя грудзі з блакітнай жылкай трасуцца.
Малпку ратуе, сядае за туалетны столік
І пакаёўку гукае: час зьбірацца ў касьцёл.

І ня толькі пра гэта чыталі Адам і Ева,
Разгарнуўшы выгодна кніжку на голых каленях.
Тыя замкі! Палацы! Агромністыя гарады!
У атачэньні пагадаў плянэтарныя аэрапорты!..

Напраўду, шмат ёсьць на сьвеце рэчаў, якія яшчэ ўчора ня сьніліся мудрагелям з самай буйнай фантазіяй. І, магчыма, ужо заўтра беларускія аўтары прынамсі паўтораць міжнародны посьпех сваіх украінскіх калегаў. Альбо мы станем сьведкамі зьяўленьня беларускага інтэлектуальнага часопісу, які будзе друкавацца ў Парыжы й нелегальна (альбо — мроіць дык мроіць! — абсалютна легальна) прывозіцца ў Беларусь. І тады выраз «literatura białoruska» будзе свабодна, не выклікаючы зьдзіўленьня, праходзіць праз горла польскага чытача й ня будзе падкрэсьлівацца польскім спэлчэкерам як няправільны.

  паэт, выкладчык. Аўтар кнігі «Сто лі100ў на tut.by» («Наша Ніва», Логвінаў).
Пачатак  Цалкам Форум

№ 12 (52) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/03/03