A R C H E П а ч а т а к № 12 (52) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


12-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  АНДРЭЙ КАЗАКЕВІЧ

Вокладка «ARCHE» №12
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Андрэй Казакевіч
Ідэалягічная інфраструктура беларускае палітыкі

Ідэалягічная сфэра не зьяўляецца самай дынамічнай часткаю палітычнай сыстэмы. Ейная эвалюцыя адбываецца дастаткова павольна, а зьмены часам не зьяўляюцца відавочнымі. Але афіцыйная ідэалягічная сфэра Беларусі ў апошнія некалькі гадоў перажывала пэрыяд бурнага росту, якасныя і колькасныя змены. Гэты артыкул накіраваны на паглыбленьне нашых дасьледаваньняў гэтай сфэры. У «Беларускай сыстэме…»1 былі акрэсьленыя асноўныя спробы канцэптуалізацыі сучаснае Беларусі і самаапісаньня беларускага рэжыму, артыкул «Культурны фон беларускае палітыкі», у сваю чаргу, галоўным чынам аналізаваў мадэль ідэнтычнасьці, якую прапануе новы ідэалягічны праект, і ідэалягічную эвалюцыю рэжыму2. Гэты артыкул ставіць на мэце апісаньне інфраструктуры і ўмоваў разгортваньня ідэалягічнага праекту, а таксама некаторыя ягоныя вынікі. Такім чынам, аналізавацца будзе пераважна інстытуцыйны бок гэтага фэномэну.

Вызначэньне таго, чым зьяўляецца ідэалёгія ў сучаснай палітычнай сыстэме Беларусі, — справа няпростая. У розных кантэкстах пад гэтым паняцьцем разумеюцца розныя практыкі. З аднаго боку, гэта палітычныя канцэпты і ідэі што да разуменьня Беларусі, якія прапаноўваюцца ўладамі і замацоўваюцца ў выступах афіцыйных асобаў і праграмах, з другога — дастаткова эклектычны «навуковы» прадукт, што прапаноўваецца функцыянэрамі акадэмічнае сфэры. Акрамя гэтага, гаворка можа ісьці пра сукупнасьць рэклямных сымбаляў і лёзунгаў (накшталт дэвізу «За моцную і квітнеючую Беларусь»), самі практыкі рэклямаваньня рэжыму, прапагандысцкую, інфармацыйную і «тлумачальную» работу ды г. д. «Ідэалёгія» можа разумецца як «праект ідэнтычнасьці» і спроба стварыць новае пачуцьцё нацыянальнага адзінства, а таксама як звычайны сродак утрыманьня ўлады і забесьпячэньня ўласнае палітычнае будучыні3.

З практычнага пункту гледжаньня ідэалягічны праект накіраваны на стымуляваньне «патрыятызму», гэта значыць фармаваньне пазытыўнага стаўленьня да наяўнай палітычнай сыстэмы, ляяльнасьці да ўлады, разуменьня каштоўнасьці і карыснасьці беларускай «мадэлі разьвіцьця», таму рэкляма сыстэмы займае тут цэнтральнае месца. Але разам з гэтым ідэалягічнай работаю лічыцца стымуляваньне ў грамадзкай сьвядомасьці пэўных гістарычных вобразаў і сымбаляў, асабліва тых, што датычаць Вялікае Айчыннае вайны. Больш за тое, нават узнаўленьне гістарычных і стварэньне новых афіцыйных геральдычных сымбаляў можа разглядацца як дзейнасьць у фармаваньні ідэалёгіі беларускае дзяржавы4.

Такім чынам, ідэалёгія ўяўляе сабою дастаткова разнастайны набор практык, супольным для якіх зьяўляецца тое, што яны разглядаюцца як дзяржаўна-бюракратычная (а ня проста палітычная) дзейнасьць і ў любым выпадку накіраваныя на павышэньне легітымнасьці і ўстойлівасьці сучаснага палітычнага ўладкаваньня Беларусі.

Эвалюцыя праекту ідэалёгіі беларускае дзяржавы ўжо мае сваю гісторыю, але прынцыповых і эпахальных зьменаў (падобных да «ідэалягічнага павароту» пачатку ХХІ ст.) у апошні час не адбылося, і асноўныя пазыцыі ў канцэпцыі разуменьня Беларусі і праекце нацыянальнай ідэнтычнасьці, якія былі аформленыя ў 2003 г., засталіся. У той жа час назіраецца пэўнае зрушэньне акцэнтаў у гэтай сфэры. Гэты артыкул будзе прысьвечаны апісаньню асноўных структурных зьменаў у галіне дзяржаўнае ідэалёгіі, якая з 2003 г. зьяўляецца інстытуцыялізаванаю часткаю палітычнае практыкі ўладаў.

Дарма што «дзяржаўная ідэалёгія» функцыянуе ў якасьці элемэнту палітычнага працэсу, вызначэньне гэтага паняцьця застаецца даволі праблематычным. Ідэалёгія функцыянуе ў розных гіпастасях і па-рознаму інтэрпрэтуецца ўдзельнікамі ідэалягічных практык, гэта значыць тое, што разумеюць пад ідэалёгіяй работнікі выканкамаў і, напрыклад, унівэрсытэцкія выкладчыкі, якія выкладаюць аднайменную дысцыпліну, можа значна розьніцца. У акадэмічных і часткова палітычных тэкстах словазлучэньне «дзяржаўная ідэалёгія» ўжываецца ў адным сэмантычным шэрагу з паняцьцямі «нацыянальная ідэя», «нацыянальная ідэалёгія», «нацыянальна-дзяржаўная ідэалёгія» і г. д.5. Такім чынам, яны адсылаюць да больш мяккае і легітымнае тэрміналёгіі, звыклай для сучаснае палітычнае мовы. З аднаго боку, у ідэалёгію ўключаюць розныя сыстэмы ідэяў, канцэптаў, мадэль апісаньня Беларусі як унікальнага і своеасаблівага палітычнага фэномэну, схемы інтэрпрэтацыі мінуўшчыны. З другога — палітычная мова ўлады ўключае ў ідэалёгію ўзровень нацыянальнае культуры, каштоўнасьцяў, рэлігійнай традыцыі і г. д.

  палітоляг, галоўны рэдактар часопісу «Палітычная сфэра». Гэты тэкст быў напісаны для зборніка «Прэзыдэнцкія выбары 2006», які неўзабаве будзе выдадзены віленскім Інстытутам беларусістыкі.

1 Гл.: Казакевіч, Андрэй. Беларуская сістэма: марфалогія, фізіялогія, генеалогія // ARCHE. № 4 (33). 2004.

2 Гл. аднайменны артыкул у кнізе «Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму»
(Менск: Аналітычны грудок, 2005).

3 Разгортваньне праекту было ў тым ліку матываванае і сацыялягічнымі дасьледаваньнямі.

4 Гл. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2005 году.

   
У гэтай сувязі найбольш значныя падзеі ў ідэалягічных практыках тычыліся суадносінаў тэарэтычнага і прагматычнага ўзроўню. На пачатку свайго разгортваньня ідэя беларускае ідэалёгіі разглядалася ня толькі як інфармацыйная і прапагандысцкая работа, але і як важны інтэлектуальны праект, накіраваны на канцэптуалізацыю аўтарытарнае Беларусі, стварэньне пэўнага корпусу актуальных ідэяў і тэкстаў, самаапісаньне ўласнае палітычнае асаблівасьці і наданьне ўсяму гэтаму пэўнага надпабытовага значэньня. У пэўны час на сьвітанку ідэалягічнага праекту інтэлектуальная частка нават выносілася на першае месца, што мела праяву ў шматлікіх манаграфіях і артыкулах адпаведнае тэматыкі, а таксама ў рыторыцы ўлады. Праект ідэалёгіі ўключаў у сябе пераўтварэньні на акадэмічным узроўні: стварэньне навучальных курсаў, катэдраў, распрацоўку адпаведных дасьледчых праграмаў з прэтэнзіяй на фармаваньне асобнае акадэмічнае дысцыпліны з уласным прадметам і герархіяй статусаў. Але пасьля першаснага назапашваньня схемаў і мадэляў апісаньня сучаснае Беларусі асноўная роля паступова перайшла да інфармацыйнае работы, гэта значыць з канцэптуальнага на сымбалічны ўзровень. Такая зьмена акцэнтаў зьяўляецца галоўным і чаканым фактам эвалюцыі ідэалягічнага праекту з 2003 па 2006 г.

  5 Параўн.: Идеология белорусской государственности: проблемы теории и практики: Материалы научной конференции (12 ноября 1998). — Минск, 1998; Мельник В. А. Государственная идеология. — Минск, 2002; О состоянии идеологической работы и мерах по ее совершенствованию. — Минск, 2003.

   
Ініцыяцыя праекту ідэалёгіі на мэтадалягічным сэмінары 2003 г.6 сутыкнулася зь дзьвюма асноўнымі вэрсіямі разуменьня праблемы. Адна частка функцыянэраў выступала супраць ужываньня тэрміну «ідэалёгія» і прапаноўвала весьці гаворку пра «інфармацыю», «інфармацыйную работу». Другая частка разумела ідэалёгію ня столькі як інфармацыйны, колькі як інтэлектуальны праект, фармаваньне пэўнае сыстэмы ідэяў унікальнасьці існага рэжыму, нават фармуляваньне культурнае і палітычнае місіі для Беларусі ў маштабах рэгіёну. Пры гэтым сярод прыхільнікаў другой пазыцыі, якая ў выніку аказалася больш моцнаю і вызначыла на першых этапах разгортваньне праекту, не было ні канцэптуальнага, ні каштоўнаснага адзінства, а розныя групы і асобы выступалі як канкурэнты за новыя фінансавыя і палітычныя рэсурсы, што адкрываліся ў выніку разгортваньня гэтага шырокага праекту. У выніку ідэалягічны праект зрабіў магчымым пэўнае пераразьмеркаваньне статусаў на акадэмічным і часткова палітычным полі. Не аналізуючы гэты працэс дэталёва, трэба адзначыць, што збольшага ідэалягічныя практыкі спрычыніліся да ўзмацненьня «артадаксальных» асобаў і групаў «аўтарытарнай арыентацыі»7 (асабліва ў гуманітарных навуках), а таксама да павышэньня значэньня палітычнае ляяльнасьці (актыўнай падтрымкі) для акадэмічнай дзейнасьці. Гэта спалучылася з наданьнем дзяржаваю гуманітарнай навуцы ідэалягічных функцыяў, а адсюль — з пачаткам абавязковай работы ў гэтым кірунку, прынамсі на ўзроўні інстытутаў, і нават са зьяўленьнем адпаведнага паняцьця — «ідэалягічная эфэктыўнасьць» (інстытуту, дысцыпліны). Мела месца таксама агульнае пагаршэньне клімату і пашырэньне палітычнага ціску. Такім чынам, ідэалягічны праект непасрэдна закрануў значную частку акадэмічнае супольнасьці і палітыку ў сфэры гуманітарнае навукі ўвогуле.

КАНСТРУЯВАНЬНЕ ІДЭІ
(ІДЭАЛЁГІЯ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ)

Ад пачатку стварэньне ідэалёгіі беларускае дзяржавы як ідэі і інтэлектуальнага прадукту было дэцэнтралізаваным, а сам прадукт — разнастайным. Мела месца архаічнае ўзнаўленьне савецкага канону (адпаведных палітычных шаблёнаў, клішэ, інтэнцыяў рэабілітацыі таталітарнай сыстэмы, сакральных фігураў савецкага пантэону) і спробы мадыфікацыі панрусісцкіх гістарычных і палітычных мітаў (трэба сказаць, дастаткова абмежавана). Але ў асноўным атрыманы прадукт (гэта тычыцца як асобных артыкулаў, так і манаграфіяў) ня меў супольнае стылістыкі, а тэматыка вагалася ад прапагандысцкае практычнасьці да выкладаньня абстрактных тэарэтычных схемаў. Істотнай інтэлектуальнай падзеяй «канструяваньне ідэі» не зрабілася, прынамсі, ня ўзьнікла тэкстаў, якія сталі б легітымнымі для ўсяго поля ідэалягічнае вытворчасьці і тым больш цікавымі для шырэйшае аўдыторыі8. Большай часткай эфэктыўнасьць інтэлектуальнага боку ідэалягічнага праекту была нізкая, а зьмест адпаведных выданьняў не выклікаў асаблівых эмоцыяў у шырокіх колах ляяльнай і тым больш неляяльнай інтэлігенцыі. Галоўным здабыткам для практыкі канструяваньня ідэі можна назваць толькі інтэграцыю ў палітычную мову і афіцыйны акадэмічны ўжытак некалькіх канцэптаў і схемаў: «беларуская мадэль (эканомікі, права, палітыкі)», «карпарацыя», «цывілізацыйны выбар», «ідэалёгія як элемэнт любой дзяржавы», «незалежнасьць/сувэрэнітэт як каштоўнасьць» і г. д. Асабліва можна адзначыць агучваньне і цыркуляцыю ў асяродках адміністрацыйнае эліты розных ідэяў пра Беларусь як «карпарацыю». Акрамя гэтага, можна згадаць самаапісаньне і канцэптуалізацыю фэномэну аўтарытарнае Беларусі, кадыфікацыю праекту новае беларускае ідэнтычнасьці.

  6 Матэрыялы сэмінару былі выдадзеныя асобнай кнігай, якая была разасланая ў дзяржаўныя ўстановы і стала першым падручным тэкстам для ідэалягічнага праекту: О состоянии идеологической работы и мерах по ее совершенствованию. Материалы постоянно действующего семинара руководящих работников республиканских и местных государственных органов. — Минск, 2003.

7 Гэтае азначэньне ўмоўнае.

   
Праект распрацоўкі ідэалёгіі беларускае дзяржавы меў шэраг іншых істотных праблемаў, сярод якіх варта адзначыць адсутнасьць легітымных базісных тэкстаў, якія б не былі ўключаныя ў дастаткова складанае поле канкурэнцыі на ідэалягічным полі. Спробы ўвесьці ва ўжытак такія тэксты ня мелі посьпеху. Як ужо было адзначана, сама па сабе ніводная праца ня стала ўсеагульнай інтэлектуальнай падзеяй. Палітычная канкурэнцыя ў полі ідэалягічнае вытворчасьці была дастаткова складанай, што не спрыяла творчасьці, а вэрсіі ідэнтычнасьці і ідэалёгіі прапаноўваліся вельмі розныя — ад рудымэнтаў саветызму да «грамадзянскага патрыятызму» ці ўвогуле імкненьня адысьці ад жорсткае ідэнтыфікацыі.

Зь вясны 2003 г. прапаноўваліся розныя мэханізмы легітымацыі тэкстаў. Найбольш лягічнай зь бюракратычнага і палітычнага пункту гледжаньня падавалася прапанова стварыць канон ідэалёгіі з тэкстаў А. Лукашэнкі. Але, як вядома, прэзыдэнт аказаўся ня здольны на прадукаваньне ўласных тэкстаў, нягледзячы на шматлікія прапановы з боку атачэньня9, таму справа далей за выданьне розных эклектычных зборнікаў прамоваў і выступаў не пасунулася (пры тым што аўтарства прамоваў, відавочна, не належала прэзыдэнту ў поўнай ступені). Корпус «клясычных тэкстаў» зь мінулых эпох таксама адсутнічаў, спробы рэанімацыі савецкае традыцыі выглядалі бездапаможна, а беларуская нацыянальная традыцыя адназначна апазнавалася як непрымальная. Адзіным легітымным корпусам ідэяў, сымбаляў і тэкстаў была героіка Вялікай Айчыннай вайны, і ў меру магчымага яна эксплюатавалася бязьлітасна, але гэтага для стварэньня хоць бы часткова завершанага ідэалягічнага ўнівэрсу, відавочна, недастаткова. Прапановы зацьвердзіць базісныя ідэалягічныя тэксты праз рашэньні ўсебеларускага народнага сходу ці нарматыўныя акты прэзыдэнта або парлямэнту не знайшлі падтрымкі10.

  8 Паказальная ўвага да расейскіх крыніцаў і кніг у стылі Ю. Шаўцова.

   
Акрамя дэфармацыі афіцыйнай акадэмічнай сфэры, праект канструяваньня ідэі непасрэдна паўплываў на сыстэму адукацыі і сумежныя практыкі. Асноўнае месца тут адводзілася выкладаньню адмысловага курсу «Ідэалёгія беларускай дзяржавы». Курс быў уведзены для абавязковага выкладаньня студэнтам усіх вышэйшых навучальных установаў з 2003/2004 навучальнага году, арганізацыя навучальнага працэсу была ўскладзеная на гуманітарныя катэдры, элемэнты курсу былі інтэграваныя ў сыстэму сярэдняе адукацыі. Акрамя гэтага, у межах кваліфікацыйнага экзамэну пры паступленьні на дзяржаўную службу былі ўведзеныя пытаньні з курсу «Ідэалёгія беларускае дзяржавы». Зьмест курсу часткова апісваўся вышэй і ў цэлым характарызуецца эклектычнасьцю, пры гэтым рэальны зьмест моцна залежыць ад выкладчыка. Самі падручнікі па ідэалёгіі беларускай дзяржавы ўяўляюць сабой дастаткова разнародную сумесь з заходняе паводле паходжаньня паліталёгіі, краіназнаўства і назойлівых прапагандысцкіх тэкстаў (савецкага і сучаснага паходжаньня), з асобнымі дадаткамі філязофскіх (з практычна абавязковаю данінаю марксізму-ленінізму), эканамічных і гістарычных фрагмэнтаў11. У афіцыйных заявах на працягу 2004—2005 гг. неаднаразова гаварылася пра неабходнасьць павышэньня якасьці падручнікаў і ідэалягічнай работы са студэнтамі ўвогуле.

У 2003—2004 гг. меў месца сапраўдны бум у галіне вытворчасьці тэкстаў, зьвязаных з выкладаньнем і дасьледаваньнем ідэалёгіі. Колькасьць манаграфіяў, падручнікаў і артыкулаў была значнай, што адлюстроўвала, з аднаго боку, наяўнасьць значнага дзяржаўнага заказу, з другога — зьяўленьне пэрспэктыўнае для кар’ернага росту і назапашваньня палітычнага капіталу тэмы. Папулярнасьць тэмы была зьвязаная і з тым, што афіцыйнаму акадэмічнаму полю вытворчасьць ідэалягічнае прадукцыі для акадэмічных структураў стала неабходнай дзеля захаваньня статусу. У 2005 г. колькасьць выданьняў пачынае падаць, што адлюстроўвае перавытворчасьць і агульнае згортваньне ідэалёгіі як інтэлектуальнага праекту, відаць, гэтая тэндэнцыя захаваецца і надалей.

«ВЯЛІКАЯ АЙЧЫННАЯ ВАЙНА САВЕЦКАГА НАРОДУ»

Вялікая Айчынная вайна стала важным элемэнтам ідэалёгіі ў 2004—2005 гг., галоўным чынам з прычыны жаданьня ўладаў эксплюатаваць гэты сымбалічны пласт нацыянальнае сьвядомасьці з дэманстрацыяй «вернасьці памяці народу». Акрамя гэтага, у рамках ідэалягічнае кампаніі падкрэсьлівалася пагроза забыцьця і перапісваньня гісторыі ды страты набыткаў Перамогі (улада такім чынам выступіла галоўным і адзіным абаронцам Перамогі). Фармальнай падставаю для актуалізацыі памяці пра мінулую вайну стала сьвяткаваньне 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецкіх войскаў у 2004 г. і заканчэньня Другой сусьветнай вайны (перамогі савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне) у 2005-м. Праз год пасьля зьяўленьня курсу «Ідэалёгія беларускай дзяржавы», у 2004/2005 навучальным годзе ў школах і ВНУ быў уведзены абавязковы курс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народу»12, які ад пачатку разглядаўся як ідэалягічны праект. Прадмет зьяўляецца дастаткова спэцыфічным прадуктам палітыкі «захаваньня памяці» ў Беларусі: з аднаго боку, ён прызначаны для выхаваньня патрыятызму і павагі, з другога — актыўна прывязвае беларускі кантэкст да «савецкага народу», што спалучалася з разнастайнай апалягетыкай палітыкі СССР.

«БЕЛАРУСЬ — НАША РАДЗІМА»

Сярод іншых ідэалягічных акцыяў у сфэры адукацыі варта адзначыць выданьне кнігі «Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі першаклясьніку». Калі «Ідэалёгія беларускае дзяржавы» і «Вялікая Айчынная вайна савецкага народу» прызначаліся для моладзі старэйшага ўзросту, то новая акцыя была разьлічаная на пачатковую школу. Зьмест дапаможніка ўключае ідэалягічна стылізаваную кароткую інфармацыю пра Беларусь і накіраваны на выхаваньне адмысловага «патрыятызму і грамадзянскасьці». Кніга складаецца з дваццаці тэматычных разьдзелаў і пачынаецца са звароту А. Лукашэнкі да першаклясьнікаў, утрымліваецца таксама тэкст гімну, выявы афіцыйных сымбаляў, адміністрацыйная карта Беларусі з інфармацыяй пра асобныя рэгіёны, а таксама сьціслыя гістарычныя зьвесткі.

Упершыню акцыя распаўсюджваньня каляровага ілюстраванага навучальнага дапаможніка для першаклясьнікаў прайшла ў 2004 г. і была прызнана пасьпяховай. Акцыя праводзілася 1 верасьня ва ўсіх школах краіны ў рамках тэматычнага ўроку «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь»13. У 2005 годзе акцыя была праведзена паўторна (для больш чым 80 тысяч першаклясьнікаў). Была пастаўлена задача пашырэньня ў 2006 праекту і на старшых школьнікаў.

  9 Свае кнігі, як вядома, выдавалі многія прэзыдэнты постсавецкіх краінаў: Л. Кучма, Н. Назарбаеў, С. Ніязаў (Туркмэнбашы) і г. д.

10 Збольшага гэта мела рацыянальную аснову. Малаверагодна, каб калектыўны орган мог прыняць «рэфлексіўны тэкст», хутчэй дакумэнт падобны да бюракратычнай праграмы ці нарматыўнага акту (гэта значыць малазьмястоўны, нецікавы для чытаньня дакумэнт зь перавагаю агульных выразаў).

11 Гэта агульны кантэкст, які мае адпаведныя аўтарскія варыяцыі.

12 Былі выдадзены адпаведныя падручнікі для школы і ВНУ. Рэцэнзію на іх гл.: Корбут, Віктар. Культура вайны // ARCHE. № 2. 2005.

   

ДАМІНАВАНЬНЕ СЫМБАЛІЧНАГА ЎЗРОЎНЮ

Нягледзячы на імкненьне ўплываць на працэсы сацыялізацыі беларусаў, а таксама на інтэлектуальнае поле, асноўны цяжар ідэалягічных практык прыпадае на распрацоўку палітычнае рэклямы, лёзунгаў і інфармацыйную работу. Калі на першых этапах ідэалягічнага праекту адчувалася пэўнае захапленьне тэарэтычнымі канструкцыямі (канструяваньнем ідэі), то імкненьне да палітычнай эфэктыўнасьці прывяло да дамінаваньня на полі ідэалягічнае вытворчасьці СМІ і прапагандысцкіх структураў. Напачатку частка ідэалягічнага апарату спрабавала лабіраваць рэанімаваньне традыцыйных савецкіх мэтадаў працы: сустрэчы ў калектывах, лекцыі адмысловых прапагандысцкіх таварыстваў — але сацыялягічныя дасьледаваньні звычайна паказвалі значную неэфэктыўнасьць такіх акцыяў. Яны захавалі сваё пэрыфэрыйнае значэньне (у прыватнасьці, дзейнасьць таварыства «Веды»), але цэнтральная роля ўжо з канца 2003 г. надавалася СМІ, асабліва ў кантэксьце палітычных кампаній 2004 і 2006 гг. Гэта суправаджалася ростам дзяржаўных фінансавых і іншых інвэстыцыяў у інфармацыйныя праекты і павышэньнем тэхналягічнага ўзроўню апошніх. Такім чынам, асноўная нагрузка ў ідэалягічных практыках кладзецца на вытворчасьць палітычных сымбаляў, лёзунгаў, кароткіх канцэптаў і іншага прадукту, які можа быць хутка распаўсюджаны праз СМІ. Сымбалічны ўзровень у праекце ідэалёгіі дамінуе над канцэпцыямі і тэорыямі, а тэхналёгія — над зьместам, што цалкам натуральна, зыходзячы з пазыцыяў палітычнае мэтазгоднасьці. Такая сытуацыя цалкам вызначаецца структураю сучаснага беларускага грамадзтва, кантроль над якім найбольш эфэктыўна дасягаецца празь дзейнасьць СМІ, а не празь іншыя сродкі ідэалягічнае работы. Яшчэ раз зазначым, што такая сытуацыя зьяўляецца лягічнай, бо такое функцыянаваньне ідэалёгіі ўласьціва сучаснаму грамадзтву.

Праект ідэалёгіі як канструяваньня корпусу ідэяў у асноўным ня быў пасьпяховы, але на ўзроўні вытворчасьці рэклямнага прадукту і прапаганды дазволіў дасягнуць прынамсі часовае палітычнае эфэктыўнасьці і забясьпечыць высокі ўзровень мабілізацыі адміністрацыйнага апарату ды значнай часткі насельніцтва. Паміж палітычнымі кампаніямі рэйтынг улады быў высокі і стабільны, што ў пэўнай (а магчыма, і значнай) ступені было прадвызначана шчыльнай ідэалягічнай кампаніяй у СМІ.

ДЭЛЕГАВАНЬНЕ ІДЭАЛЯГІЧНЫХ ФУНКЦЫЯЎ

У адпаведнасьці з прынцыпамі дзяржаўнай палітыкі, аб’яўленымі з 2003 г., ідэалёгія (ідэалягічная работа) пачынае разглядацца як важная функцыя дзяржаўных і ляяльных дзяржаве структураў. Фактычна ідэалёгія пачынае лічыцца неабходным і важным дадаткам да асноўнае дзейнасьці, што аказвае свой уплыў на функцыянаваньне дзяржаўнага апарату. Больш за тое, ідэалягічныя функцыі ўскладаюцца і на недзяржаўныя структуры. Такім чынам, ідэалягічная практыка сталася мэханізмам падтрымкі ўсёй беларускай сыстэмы і важнай формай выказваньня ляяльнасьці да яе. Поруч з дэлегаваньнем ідэалягічных функцыяў практычна ўсім дзяржаўным структурам, для каардынацыі адпаведнай дзейнасьці, былі створаныя спэцыялізаваныя інстытуты.

СТРУКТУРА ІДЭАЛЯГІЧНАГА АПАРАТУ

Неабходнасьць стварэньня спэцыялізаваных дзяржаўных структураў для ажыцьцяўленьня ідэалягічнае і палітычнае дзейнасьці ў інтарэсах уладнае групоўкі абмяркоўвалася на базісным сэмінары ў сакавіку 2003 г., і адпаведнае рашэньне было прынятае. Вызначэньне дакладнае арганізацыйнае структуры новага ўтварэньня і абмеркаваньне дэталяў заняло практычна год. Першае абмеркаваньне праекту ўказу прэзыдэнта «Аб удасканаленьні кадравага забесьпячэньня ідэалягічнае работы ў Рэспубліцы Беларусь» адбылося ў жніўні 2003 г., другое — у лютым 2004-га, у выніку ўказ, з улікам заўваг і прапановаў, быў прыняты ў сакавіку 2004 г.14. Указ стаў дастаткова паказальным дакумэнтам, які забясьпечыў штатны патэнцыял і дзяржаўнае фінансаваньне разгалінаванае сыстэмы, абавязкам якой зьяўляецца павышэньне папулярнасьці і палітычных пазыцыяў улады, а таксама забесьпячэньне адпаведнае палітычнае рэклямы. Ад моманту свайго стварэньня ідэалягічная вэртыкаль пачала выконваць значныя палітычныя функцыі на месцах. Акрамя гэтага, указ вызначыў пэрсанальную адказнасьць кіраўнікоў дзяржаўных і іншых арганізацыяў Беларусі за стан ідэалягічнае работы ў калектывах (фактычна, за ўзровень палітычнае ляяльнасьці), адпаведна непасрэдная арганізацыя ідэалягічнае работы была ўскладзеная на аднаго з намесьнікаў кіраўніка, які зьяўляецца элемэнтам ланцуга ідэалягічнае вэртыкалі.

  13 Гэты вобраз, дарэчы, адлюстраваны на плякатах «За Беларусь».

   
Штатная колькасьць супрацоўнікаў ідэалягічных аддзелаў выканкамаў (уласна ідэалягічнай вэртыкалі) выглядае наступным чынам (без уліку тэхнічнага пэрсаналу). Упраўленьні ідэалягічнай работы абласнога ўзроўню і г. Менску налічваюць 15 чалавек кожнае — у суме, такім чынам, 105 штатных адзінак. Аддзелы ідэалягічнай работы гарадзкіх і раённых выканкамаў укамплектаваныя трыма-шасьцю работнікамі (у залежнасьці ад колькасьці насельніцтва), аддзелы ідэалягічнай работы мясцовых адміністрацых раёнаў у гарадах — чатырма чыноўнікамі15. Такім чынам, колькасьць работнікаў ідэалягічнае вэртыкалі «базавага ўзроўню» складае недзе 750—800 чалавек. Калі ўлічыць супрацоўнікаў адпаведнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта, агульная колькасьць дзяржаўных чыноўнікаў, якія займаюцца выключна ідэалягічнай і палітычнай работай у павышэньні папулярнасьці, рэклямаваньні існага рэжыму, у краіне набліжаецца да тысячы чалавек. Пры гэтым тут ня ўлічаныя галоўныя рэдактары і супрацоўнікі дзяржаўных СМІ (якія таксама ўключаюцца ў склад ідэалягічных работнікаў), супрацоўнікі спэцыялізаваных ідэалягічных аддзелаў у міністэрствах і іншых дзяржаўных органах, на дзяржаўных прадпрыемствах і ў арганізацыях, што фінансуюцца зь дзяржаўнага бюджэту. Таму агульная колькасьць асобаў, засяроджаных на палітычнай рабоце ў падтрыманьні існае палітычнае сыстэмы, дзейнасьць якіх фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту, складае некалькі тысяч чалавек16.

  14 Указ № 111 прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь аб удасканаленьні кадравага забесьпячэньня ідэалягічнай работы ў Рэспубліцы Беларусь ад 20 студзеня 2004 г.

15 Менш за 20 тысяч чалавек — тры адзінкі; ад 20 да 50 тысяч чалавек — чатыры адзінкі; ад 50 да 100 тысяч чалавек — пяць адзінак; 100 і больш тысячы чалавек — шэсьць адзінак.

   
Прызначэньне на пасады кіраўнікоў ідэалягічнае вэртыкалі таксама мае асаблівасьці. Прызначэньне кіраўнікоў па ідэалёгіі абласнога і больш высокага ўзроўню, уключаючы супрацоўнікаў ВНУ, галоўных рэдактараў нацыянальных СМІ, павінна ўзгадняцца з Адміністрацыяй прэзыдэнта. Кандыдатуры кіраўнікоў базавага ўзроўню, галоўных рэдактараў мясцовых дзяржаўных СМІ і, што паказальна, намесьнікаў кіраўнікоў, якія арганізуюць ідэалягічную работу на прадпрыемствах з колькасьцю работнікаў звыш тысячы чалавек, узгадняюцца з абласнымі выканкамамі і Менскім гарвыканкамам. Прызначэньне кіраўнікоў у ідэалягічнай сфэры больш нізкага ўзроўню абавязкова ўзгадняецца з раённымі (гарадзкімі) выканаўчымі органамі.

Арганізацыйна ідэалягічныя структуры ствараліся на аснове інфармацыйных аддзелаў і ўпраўленьняў, у назвах якіх слова «інфармацыя» замянялася на словазлучэньне «ідэалягічная работа». Уладамі неаднаразова падкрэсьлівалася, што стварэньне ідэалягічнае вэртыкалі не прывядзе да росту дзяржаўных выдаткаў, але малаімаверна, каб гэта адпавядала праўдзе. Пры гэтым трэба адзначыць, што дэ-факта выканаўчыя структуры займаліся ідэалягічнай ды палітычнай работай і да гэтага часу, толькі ў менш цэнтралізаванай і спэцыялізаванай форме.

ІНШЫЯ ІДЭАЛЯГІЧНЫЯ ФУНКЦЫІ

У адпаведнасьці з сучасным станам палітычнае сыстэмы ідэалягічныя функцыі выконваюць ня толькі спэцыялізаваныя дзяржаўныя структуры, але і іншыя дзяржаўныя і напаўдзяржаўныя фармаваньні; вядзеньне такое працы разглядаецца як важная праява ляяльнасьці да існае сыстэмы ўлады і яе палітыкі. Акрамя гэтага, ідэалягічны праект выкарыстоўваецца для рэалізацыі палітычных і эканамічных інтарэсаў17.

  16 Трэба адзначыць, што частка зь іх сумяшчае ідэалягічную работу з выкананьнем іншых функцыяў.

   
Ідэалягічная функцыя СМІ неаднаразова падкрэсьлівалася ў афіцыйнай інфармацыі і прамовах, таму ў пераважнай большасьці выпадкаў такая функцыя для дзяржаўных газэтаў, радыё і тэлеканалаў успрымаецца як натуральная і звыклая. У верасьні 2003 г. на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ прэзыдэнт аб’явіў, што «сродкі масавае інфармацыі сёньня — гэта перш за ўсё інструмэнт правядзеньня дзяржаўнае ідэалёгіі, і сваю дзейнасьць яны павінны будаваць з улікам гэтых функцыяў». Падчас прызначэньня на пасаду старшыні Белтэлерадыёкаманіі У. Мацьвейчука быў адзначаны ягоны «неацэнны досьвед у сфэры ідэалёгіі», якога ня мае ніводзін зь дзейных членаў ураду, і г. д. Разуменьне СМІ як элемэнту дзяржаўнае ідэалягічнае работы зьяўляецца цяпер хутчэй стандартам і ня толькі не адмаўляецца, але і пастаянна падкрэсьліваецца. Нават кадравыя зьмены ў кіраўніцтве агульнанацыянальных дзяржаўных СМІ называюцца прызначэньнямі ў ідэалягічнай сфэры18. Ідэалягічная функцыя СМІ таксама часта зьвязваецца з інфармацыйным супрацьстаяньнем, «абаронаю» ва ўмовах інфармацыйнай вайны, якая вядзецца супраць Беларусі, што спалучаецца з заявамі, што роля ідэалёгіі ў жыцьці беларускай дзяржавы павінна павышацца19.

  17 Дзейнасьць указу фармальна не пашыраецца на прыватныя структуры. Аднак і тут павінны выконвацца «дзейныя ў дзяржаве ідэалягічныя стандарты і каштоўнасьці».

   
Акрамя СМІ, ідэалягічныя функцыі дэлегуюцца і іншым інстытутам, нават тым, якія фармальна не зьвязаныя з прэзыдэнтам дачыненьнямі падпарадкаваньня (трэба адзначыць, што праект беларускае ідэалёгіі пазыцыянуецца як «агульнадзяржаўны», таму дзейнасьць у ягоную падтрымку — абавязак усіх дзяржаўных органаў). Правядзеньне ідэалёгіі беларускае дзяржавы («а значыць, і забесьпячэньне сацыяльна-палітычнай стабільнасьці грамадзтва») у войску і праваахоўных органах ускладаецца на афіцэраў20. У ідэалягічную работу ўключаны галіновыя і іншыя прафсаюзныя арганізацыі. На зьезьдзе БРСМ (верасень 2005 г.) прапаганда асноваў ідэалёгіі дзяржавы была названа А. Лукашэнкам важным кірункам дзейнасьці гэтае моладзевае арганізацыі. Паказальным зьяўляецца ня тое, што гэтыя структуры выконваюць ідэалягічныя функцыі (дэ-факта яны іх выконвалі і да гэтага), а адкрытае аб’яўленьне пра абавязкі і адказнасьць за нізкую актыўнасьць у гэтай сфэры. Адпаведныя задачы ўскладаюцца на рэктараў ВНУ («выхаваньне сталае асобы і наданьне асаблівае ўвагі пытаньням ідэалягічнай работы»), міністэрствы адукацыі, культуры, інфармацыі і фактычна на ўсе дзяржаўныя ўстановы21. Выключэньнем не зьяўляецца і заканадаўчая галіна ўлады. У звароце прэзыдэнта да беларускага народу і нацыянальнага сходу Беларусі за 2005 г., дзе даваліся ўказаньні фармальна незалежнаму органу, першай мэтаю было вызначана ўдасканаленьне заканадаўства, другой — «не забываць абавязак перад народам і ўладай, якая іх падтрымала», і працаваць з насельніцтвам, што зьяўляецца дэпутацкай ідэалягічнай работаю22.

СТАТУС ІДЭАЛЁГІІ Ў ПАЛІТЫЧНЫХ ТЭКСТАХ І ПРАГРАМАХ

У якасьці падсумаваньня разгляду фэномэну ідэалягічнай работы ў сучаснай палітычнай сыстэме Беларусі акрэсьлім статус і ролю, якія адводзяцца ідэалягічнаму корпусу. Першае, што варта адзначыць, — легітымнасьць ідэалягічнае тэрміналёгіі, якая практычна не выкарыстоўваецца ў суседніх краінах. Словы «дзяржаўная ідэалёгія» ўжываюцца ў пазытыўным значэньні, а ідэалягічныя здольнасьці (ці зьвязаныя зь імі факты ў біяграфіі) дадаюць магчымасьцяў для кар’ернага росту. Калі на пачатку рэалізацыі праекту ў 2003 г. аднаўленьне ідэалягічнае рыторыкі было дастаткова нязвыклым і яе часта абыходзілі, то ў сучаснай палітычнай практыцы гэта ўжо натуральная зьява, а ўлічэньне ідэалягічных рамак зрабілася, здаецца, прывычным стылем думкі ўцягнутых у афіцыйную сфэру. Звычайна гэта аргумэнтуецца тым, што ідэалёгія зьяўляецца абавязковым элемэнтам любое дзяржавы, толькі часам яна мае лятэнтны характар, як у заходніх дэмакратыях.

Пытаньні ідэалёгіі пачалі ўключацца ў палітычныя праграмы і выступы, галоўным чынам у разьдзелы, якія тычацца культуры, духоўнага разьвіцьця і г. д. Часам ідэалёгію адносяць да аднае са «сфэраў жыцьцядзейнасьці» грамадзтва і дзяржавы, разам з палітыкай, эканомікай і навукаю (тут «ідэалёгія» часта функцыянальна замяняе «культуру»). Дзяржаўная ідэалёгія фігуруе сярод «Галоўных прынцыпаў дзяржаўнае палітыкі Рэспублікі Беларусь», у разьдзеле «Сфэра культуры і грамадзкага жыцьця». Такім чынам, фармуецца адзін з прынцыпаў палітыкі ў грамадзкай і культурнай сфэры: «У краіне ажыцьцяўляецца пасьлядоўны курс на фармаваньне ідэалёгіі беларускае дзяржавы, крышталізацыю беларускае нацыянальнае ідэі»23. Традыцыю адносіць ідэалёгію да «культуры» працягвае і выступ прэзыдэнта на трэцім усебеларускім народным сходзе (сакавік 2006 г.), дзе адзначаецца, што і надалей «асаблівая ўвага будзе надавацца духоўна-культурнай сфэры грамадзтва, удасканаленьню ідэалягічнай работы». «Гэтыя тонкія матэрыі не даюць непасрэднага ўкладу ў эканоміку, але менавіта яны вызначаюць клімат у нашым грамадзтве, вызначаюць яго адзінства і цэласнасьць». У пасланьні прэзыдэнта парлямэнту (2004 г.) ідэалягічная праблематыка аднесеная да часткі, прысьвечанай «духоўнаму і фізычнаму разьвіцьцю».

  18 22 сьнежня 2005 г. А. Зімоўскі быў прызначаны старшынём Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Ю. Казіятка — генэральным дырэктарам ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне».

19 Паводле словаў прэзыдэнта, новыя кадравыя прызначэньні не выпадкова закранулі сфэру ідэалёгіі: «Сёньня супраць Беларусі, і вы гэта выдатна ведаеце, разьвязана сапраўдная інфармацыйная вайна. Роля ідэалёгіі ў нашай дзяржаве будзе павышацца. Электронныя СМІ заўсёды былі ў эпіцэнтры барацьбы і процістаяньня. Пакуль мы не прайграём, але рэзэрвы вельмі вялікія. Трэба выходзіць на больш высокі ўзровень у рабоце. Думаю, мы вытрымаем ідэалягічныя атакі, нападкі на нашу краіну».

20 Выступ 5 ліпеня 2005-га: Глава государства встретился с выпускниками военных учебных заведений.

21 Аднак кіраўнік дзяржавы рэзка раскрытыкаваў некаторыя выпадкі фармальнага стаўленьня да інфармацыйна-ідэалягічнай работы, калі рэальная справа падмяняецца напісаньнем плянаў, тлумачэньне палітыкі, што праводзіцца ў краіне, ператвараецца ў чытаньне бюракратычных лекцыяў.

22 Зварот прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі з пасланьнем да беларускага народу і нацыянальнага сходу, 19 красавіка 2005.

   
Да гэтага мы адзначалі, што праект ідэалёгіі беларускае дзяржавы разьвіваецца ў двух вымярэньнях: канструяваньне ідэі/ідэнтычнасьці і прапагандысцка-інфармацыйная работа. Першае вымярэньне ажыцьцяўляецца ў межах афіцыйнае акадэмічнае супольнасьці, культурных установаў ды сыстэмы адукацыі і, на думку ўлады, інтэгруецца, а часам падмяняе і паглынае паняцьці «культура», «духоўныя каштоўнасьці» і «духоўная сфэра» (пра што сьведчыць статус ідэалягічнае праблематыкі ў палітычных тэкстах). У акадэмічнай сфэры, акрамя гэтага, ідэалёгія шчыльна інтэгруецца ў гуманітарныя дысцыпліны, асабліва паліталёгію. Другое вымярэньне рэалізуецца ў прасторы СМІ, палітычнае рэклямы, прапаганды і public relations. Тут паняцьці «ідэалёгія» і «ідэалягічная работа» падмяняюць і выціскаюць паняцьце «інфармацыя». Паказальнай тут зьяўляецца рэарганізацыя ўпраўленьняў і аддзелаў інфармацыі выканаўчых органаў у структуры «ідэалягічнае работы». Гэтыя два фэномэны дастаткова рэльефна ілюструюць значэньне, статус і накіраванасьць праекту ідэалёгіі ў сучаснай Беларусі.
  23 Канцэнтраванае выражэньне нацыянальная ідэя знайшла ў лёзунгу прэзыдэнта «За моцную і квітнеючую Беларусь!».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 12 (52) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/02/26