A R C H E П а ч а т а к № 12 (52) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


12-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • >эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


літаратура

  ДЖОН РОНСАН

Вокладка «ARCHE» №12
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Джон Ронсан
Жыцьцё — казка

Сьнежаньская пятніца. Я апрануты Санта-Клаўсам ужо цэлых пяць гадзінаў. Ацяпленьне ў нашым доме ўключана на максымум. Ад касьцюма ўсё цела пачало сьвярбець, як толькі я яго апрануў. Цяпер жа адчуваньне такое, быццам мне пад адзежу запусьцілі мурашнік.

— Мне трэба зьняць бараду, — кажу.

— Не! — вішчыць Джоэл, мой чатырохгадовы сын.

— Па мне ўжо высыпка пайшла.

— Санта, застанься са мной, калі ласка, — просіць Джоэл.

Звоніць тэлефон.

— Не адказвай! — патрабуе Джоэл.

Я чую, як уключаецца аўтаадказчык.

Першапачатковы плян — я прыдумаў яго, калі мы сьнедалі, падчас хвіліннай паўзы ў размове — быў такі: пераапрануты Сантам, я падкрадаюся да Джоэла і кажу басам: «Хо! Хо! Хо!» Мы павесялімся, а потым я здыму бараду і ўсё будзе як звычайна. Але атрымалася інакш. Джоэл ведаў, што гэта я, але яму так спадабалася мець уласнага Санту, што ён ну ніяк не хацеў выходзіць з гульні. Тры гадзіны таму ён прашаптаў: «Санта, ты застанесься са мной назаўжды?»

— Так, — адказаў я. — Застануся. Назаўжды…

Цяпер я кажу:

— Здаецца, у мяне алергія на гэтую бараду.

— Не, Санта! — просіць Джоэл. — Не сыходзь!

Я з мальбой гляджу на жонку. Элейн паціскае плячыма і ідзе на кухню. Яна лічыць, што я сам вінаваты.

— Напэўна, у мяне крапіўніца, — кажу я. — А яшчэ пачынаецца кляўстрафобія.

— Не, Санта, не! — крычыць Джоэл.

— Мне не хапае паветра, — хрыплю я, — я задыхаюся.

Мяне ахоплівае паніка.

— А цяпер — спакойна: я здымаю бараду! — кажу я. І здымаю. Джоэл з плачам выбягае з пакою. Я іду наверх, каб запаліць цыгарэту.

У кабінэце я заходжу ў Інтэрнэт на сайт «Сустрэчы старых сяброў». Апошнім часам я лажу туды даволі часта. Некалькі тыдняў таму я вырашыў знайсьці электронныя адрасы хлопцаў, якія ўзімку 1983 году кінулі мяне ў возера Роўт-парк у Кардыфе. Мне тады было шаснаццаць. Неяк у нядзелю апоўначы я зразумеў, што ўсе яшчэ злуюся і не магу ім гэтага дараваць. Я знайшоў аднаго нягодніка і даслаў яму ліст, дзе напісаў, што цяпер я папулярны аўтар бэстсэлераў.

Празь некалькі гадзінаў ён адказаў. Напісаў, што яны кінулі мяне тады ў возера, бо я быў выключным засранцам, а з тону майго ліста вынікае, што ім і застаўся. І што найлепшым адказам на такі ліст было б кінуць мяне ў возера яшчэ раз.

Я напісаў, што ён — паводле ягонай анкеты — усяго толькі страхавы агент, і я напэўна зарабляю больш.

Ён не адказаў.

Touche!

— Санта! — кліча зьнізу Джоэл.

— Іду! — крычу я.

Паведамленьне на аўтаадказчыку — ад маці.

Яна з бацькам, маім братам і ягонай жонкай запраўляе гатэлем «Нант Ду» ў гарах Брэкан Бэканз, што ў цэнтральнай Валіі. Я прыяжджаю дадому на кожнае Раство і ў пэўны момант заўсёды кажу, што для мяне гэта самы сапраўдны гатэль. Пасьля маіх словаў усе кожны раз сьмяюцца.

Часам у гатэлі спыняюцца знакамітасьці. Тады маці заўсёды тэлефануе мне. Калі ў гатэль прыехаў Джон Коўл, журналіст зь Бі-Бі-Сі, яна патэлефанавала і сказала: «Здагадайся, хто ў нас спыніўся? Джон Коўл. І ён пра цябе ня ведае». Некалькі гадоў таму ў гатэль на ланч заехаў Джон Бэрт, тагачасны генэральны дырэктар Бі-Бі-Сі. Бацька падышоў да ягонага століка.

— Вы Джон Бэрт? — запытаўся ён.

— Так, — адказаў Джон Бэрт.

— Ці не маглі б вы нам дапамагчы? — спытаў бацька. — У гэтым раёне вельмі кепска ідзе тэлевізар: заўсёдны трэск і карцінка плыве. Ці можна што-небудзь зрабіць?

Думаю, бацька чакаў, што Джон Бэрт залезе на дах і адрамантуе антэну.

— Пра што мы толькі ні гутарылі, — расказваў мне потым па телефоне бацька. — Ён ня мог паверыць, што мая машына была ў рамонце ўжо шэсьць разоў.

— І ён пра цябе ня ведае, — дадала маці з паралельнага апарата.

Нядаўна збылася мара маіх сямейнікаў: яны перамаглі ў конкурсе «Валійскі гатэль году». Гэта было вельмі пачэсна, і родныя захацелі неяк адзначыць посьпех. Яны вырашылі замовіць мастаку партрэт, каб увекавечыць сям’ю Ронсанаў.

— Гэта будзе сямейны партрэт, — паведаміла па тэлефоне маці. — Партрэт сям’і Ронсанаў. Мы павесім яго ў бары. Ты зможаш пазаваць?

— Вядома, — адказаў я. — А хто будзе маляваць?

— Вельмі таленавіты тутэйшы мастак, хоць яму і нялёгка даводзіцца. Ён расьпісваў сьцены новага кінатэатру ў Кардыфе. Напэўна, ты чуў пра яго.

— Не, — адказаў я.

— Перастань, — сказала маці. — Усе газэты пра гэта пісалі.

Высьветлілася, што ў дадатак да асноўнай спэцыяльнасьці мастак займаецца маляваньнем партрэтаў знакамітасьцяў у клясычным рэнэсансным інтэр’еры: скажам, Клінт Іствуд, які ўзносіцца ў нябёсы ў атачэньні анёлаў. Любоўна ўвасобленыя вобразы зорак навялі маіх бацькоў на думку: у гатэлі спыняецца шмат вядомых людзей. А што калі і іх уключыць у сямейны партрэт?

— Ты толькі паслухай! — тэлефанавала на наступны дзень маці. — Мы, Ронсаны, стаім на лужайцы перад гатэлем у атачэньні вядомых людзей.

— Якіх канкрэтна? — пацікавіўся я. — Тых, хто спыняўся ў гатэлі?

— Зусім неабавязкова, — сказала маці. — Любых знакамітых асобаў. Назаві да пятніцы сваіх трох. У нас вельмі мала часу. Дашлі мастаку сваю фатаграфію і хутчэй выбірай знакамітасьцяў, жывых ці памерлых. Комікі, палітыкі, акторы — усё роўна.

— Пачакай, я ня ўсё зразумеў…

— Няма чаго разумець, — сказала маці.

— Табе не здаецца, што будзе крыху нясьціпла? — запытаўся я.

— Я выбрала прэзыдэнтаў Кенэдзі, Гандзі і Чэрчыля.

Паведамленьне на маім аўтаадказчыку — акурат з гэтай нагоды. Ці склаў я ўжо сьпіс сваіх знакамітасьцяў?

У мяне няма часу на такія забаўкі. Я ствараю для Джоэла найлепшае ў сьвеце Раство. Гэта частка майго генэральнага пляну па забесьпячэньні яму абсалютна казачнага дзяцінства. Не хачу сьпяваць сабе дыфірамбы, але, здаецца, ніхто з маіх продкаў не дарыў дзецям столькі чароўных хвілінаў, колькі я Джоэлу. Я амаль не спыняюся — можа, толькі каб падняцца ў кабінэт па цыгарэты. Гэтае Раство павінна стаць вяршыняй няспыннай складанай працы.

Шмат разоў за гэты месяц, чакаючы за школьнай брамай Джоэла, я размаўляў зь іншымі бацькамі пра тое, як яны зьбіраюцца арганізаваць для сваіх дзяцей найлепшае ў сьвеце Раство. Цікава, ці сустрэну я кагосьці зь іх у Ляпляндыі? Сёньня адна мама відавочна нэрвавалася. Яна расказала, што ўчора яе чатырохгадовы сын запытаўся, ці памрэ ён.

— І што вы адказалі? — спытаўся я.

— Я, — уздыхнула яна, — адказала, што ён ніколі не памрэ. «А вы з татам? — пытаецца ён. — Ці памраце вы?» «Не, — кажу, — і мы ніколі не памром. Ніхто з нас не памрэ».

Яна занепакоена паглядае на мяне.

— Вы слушна зрабілі, — сказаў я.

Часам мне здаецца, што мы як рота сапэраў-аматараў, якія заўсёды пераразаюць ня той дрот.

У брашурцы пра Ляпляндыю сьцьвярджаецца, што Джоэл будзе катацца на сабаках, на паўночных аленях, на аэрасанках, на звычайных санках і — урэшце — сустрэнецца з самім Сантам у сьнегавым доме ў густым хваёвым лесе. І я не аплачваю падарожжа. Я пішу пра яго і здаю артыкул у «Гардыян». Гэта значыць, што я абсалютна бясплатна забясьпечваю Джоэлу казачнае, незабыўнае Раство, да таго ж ён атрымлівае ад мяне адзіны ў сваім родзе падарунак — славу. Рэч у тым, што «Гардыян» дасылае ў Ляпляндыю фатографа Бэры Льюіса, які будзе здымаць Джоэла (Джоэл гуляе ў сьнежкі, Джоэл катаецца на аленях, Джоэл з Сантам і г. д. і да т. п.). Здымкі зьявяцца на вокладцы каляднага нумару «Ўік-энд» — дадатку да «Гардыян». Мы захаваем гэты нумар, і калі — праз гады — Джоэл будзе праглядаць яго, ён ацэніць, што калісьці ягоны бацька змог зьмясьціць фатаграфію сына на вокладцы.

Да Ляпляндыі застаецца два дні. Я падумваю, а ці не звазіць Джоэла спачатку ў Каралеўства Санты ва Ўэмблі. У рэклямцы яно выглядае бы ў казцы — засьнежаная вёсачка, як з каробкі шакалядных цукерак, разьмешчаная ў выставачных залях нумар 1 і 2 Уэмблі. На афіцыйным сайце ёсьць урывак зь дзёньніка сямігадовай наведніцы Мэры Т. Мур. Яна піша: «12 сьнежня 2002 г. Мы зарэгістраваліся, і нам выдалі бранзалеткі цудоўнага ярка-блакітнага колеру. Вуліца Эльфаў — проста супэр! Санта абсалютна такі, як на здымках, і ён сапраўды багата есьць шакаляду. Мы гулялі ў Алеі сьнежак, а мама хадзіла па крамах».

Хаця гэты запіс датаваўся 12 сьнежня, на сайце ён зьявіўся 29 лістапада. Мяне гэта насьцярожвае. А ці была ўвогуле Мэры Т. Мур? Маркетынгавыя хітрыкі — нармальная рэч у штодзённым дарослым жыцьці, але я ствараю ідэальнае Раство для чатырохгадовага дзіцяці, і мне зусім ня хочацца, каб мяне ашукалі. Рэальных ворагаў, ад якіх я мог бы абараняць свайго сына, няма, але я заўсёды баюся, што нейкі прыхадзень можа неабачліва зьнішчыць тую атмасфэру казкі, якую я ствараю вакол яго. Я вырашаю ня ехаць у Каралеўства Санты.

Тэлефануе бацька.

— Ты каго выбраў са знакамітасьцяў? — пытаюся я.

— Гары Плэера, Арнолда Палмэра і Джэка Ніклаўса, — кажа ён.

— Усе — гульцы ў гольф? — удакладняю я.

— А ты каго выбраў? — пытаецца маці з паралельнага тэлефона.

Мне нічога не прыходзіць да галавы. Я пачынаю панікаваць. Я ўяўляю, як — праз стагодзьдзі — аўтарытэтныя гісторыкі мастацтва зьбіраюцца каля карціны і абменьваюцца саркастычнымі заўвагамі. Мне зусім не падабаецца задума маіх бацькоў, таму я і не сьпяшаюся з выбарам.

— Няхай гэтымі няшчаснымі будуць «Beverly Sisters», — кажу я.

Насамрэч мяне не цікавяць дзявочыя музычныя гурты 1950-х, але я дакладна ведаю, што ўсе «сястрычкі» выглядаюць абсалютна аднолькава. І я выбіраю іх, каб мастацтвазнаўцы ў далёкай будучыні зразумелі, што гэта мой іранічны маўклівы пратэст.

— «Beverly Sisters» ня пойдуць, — маці адразу раскусіла мой плян: яна ўсё ж крыху мяне ведае.

— А «Sister Sledge»?

— Ты хочаш усё сапсаваць? — пытаецца маці.

Я саступаю і называю свайго сапраўднага куміра.

— Рэндзі Ньюман, — кажу я.

— Рэндзі Ньюмана ніхто ня ведае, — укалола мяне маці.

Нарэшце мы прыходзім да кампрамісу. У вечнасьці я застануся ў кампаніі з Айкам і Тынай Тэрнэр ды Барысам Ельцыным.

Я вырашаю не гаварыць Джоэлу, што мы едзем у Ляпляндыю. Няхай гэта будзе для яго чароўнае казачнае падарожжа. У таксі па дарозе ў аэрапорт Джоэл літаральна засыпае мяне пытаньнямі, каб дазнацца, куды мы едзем.

— Гэта «Музэй чалавека»? Ура! Нарэшце мы ідзём у «Музэй чалавека»!

«Музэй чалавека» — гэта выстава забальзамаваных чалавечых парэшткаў.

— Не, — адказваю я.

Джоэлаў тварык пахмурнее.

— Я хачу ў «Музэй чалавека»! — хныкае ён.

— Паслухай, — строга кажу я, — калі ты будзеш кепска сябе паводзіць, мы вернемся і зноў будзем глядзець «Стомп».

— Не! — крычыць Джоэл. — Ён глыбока ўстрывожаны такой пэрспэктывай. — Толькі ня «Стомп»! Калі ласка, толькі ня «Стомп»!

Пагроза дзейнічае некалькі хвілінаў. Потым ён пачынае зноў.

— Калі мы ня пойдзем у «Музэй чалавека», — паведамляе Джоэл, — я буду ўвесь час казаць «ідзі ты ў дупу».

— Джоэл, мы ня пойдзем у «Музэй чалавека».

— Ты горшы за Джонатана Кінга! — вішчыць Джоэл.

Таксіст падазрона косіцца на нас у люстэрка. Я праклінаю той дзень, калі растлумачыў Джоэлу, што Джонатан Кінг — а сыну страшэнна падабаецца яго музыка — у турме за тое, што крыўдзіў хлопчыкаў.

— Ідзі ты ў дупу! — крычыць Джоэл.

Я вымаю апошні козыр, аргумэнт, які заўсёды спрацоўвае.

Ісус ніколі б не сказаў «ідзі ты ў дупу», і Ісус не прасіўся б у «Музэй чалавека», — кажу я.

Джоэл любіць Ісуса. Я ня ведаю, адкуль гэта ўзялося, — падазраю, што з рэклямнага роліку да мульціку «Ягнё Божае» на касэце са «Скубі Ду і Прывід Вядзьмаркі». Сям’я ў нас не рэлігійная. Як і многія людзі, я рашуча адмовіўся амаль ад усяго, што заходнеэўрапейцы называюць «быць часткай чагосьці большага за сябе». Я не належу ні да адной арганізацыі. Не наведваю сынагогу. Адзіныя клюбы, куды я ўваходжу, — гэта спартзаля, дзе я ні з кім не размаўляю, і фан-клюб Рэндзі Ньюмана, на сайт якога я зрэдку залажу. Калі я быў малы, у бацькі, як і ў большасьці людзей ягонага пакаленьня, хапала энэргіі на разнастайныя клюбы: крыху энэргіі на гольф-клюб, крыху — на брыдж-клюб, крыху — для дому і сям’і. Я ж сканцэнтраваў усю сваю энэргію на Джоэлу.

Поўнач Фінляндыі. Ляпляндыя. Нядзеля. Вечар. Нас усяго пяцёра — своеасаблівая арктычная міні-экспэдыцыя: Сэмі, тутэйшы гід і кіроўца, Бэры Льюіс, фатограф з «Гардыян», адказны за дасканалы здымак Джоэла з Сантам для вокладкі, мая жонка Элейн, Джоэл і я. Палова на восьмую. Сэмі толькі што забраў нас з аэрапорту Куусама. Мы яшчэ не даехалі да бервяной хаткі паблізу Руку, якая на найбліжэйшыя тры ночы стане нашым домам. Замест гэтага Сэмі адвёз нас у салён пракату — будан у лесе, — дзе мы бяром зімовую адзежу. Мы крыху пабегалі па лесе і пагуляліся ў сьнежкі. Джоэл ніколі яшчэ не дакранаўся да сапраўднага сьнегу, ён у захапленьні. Але сем гадзінаў падарожжа зь перасадкай у хэльсынскім аэрапорце (дзьве гадзіны чаканьня) даліся ў знакі: ён зусім стомлены.

— Можна, я пайду спаць? — пытаецца ён у дарослых.

Сэмі загадкава ўсьміхаецца.

— А магчыма, сёньня цябе чакае штосьці цікавейшае за сон. Напрыклад, неймаверныя калядныя прыгоды.

— Спачатку — неймаверныя прыгоды ў сьне, — весела адказвае Джоэл, — а калядныя прыгоды наяве пакінем на заўтра.

— А вось і не, — сьмяецца Сэмі, — а вось, можа, прыгоды пачнуцца сёньня.

Я адводжу Сэмі ў бок.

— Што адбываецца? — пытаюся.

— Джоэл павінен сустрэцца з Сантам менавіта сёньня! — нэрвова шэпча ён. — Каля дому ўжо чакаюць конныя санкі. Яны вас адвязуць да іншай хаткі — там ужо схаваўся Санта, чакае Джоэла.

— Хай яно лясьне! — лаюся я.

Джоэл пазяхае, не падазраючы, што набліжаюцца непрыемнасьці.

Элейн учула сёе-тое з нашай размовы і цяпер з жахам глядзіць на мяне, просіць, каб я, дзеля ўсяго сьвятога, угаварыў іх адкласьці сустрэчу з Сантам.

— Джоэл вельмі стаміўся, — кажу я. — Няўжо нельга сустрэцца з Сантам раніцай? Мы выбіліся са звыклага рытму, нам трэба распакаваць рэчы, акліматызавацца.

— Гэта немагчыма, — адказвае Сэмі зь дзівоснай рашучасьцю.

Маўчаньне.

— Быць можа, убачыўшы каня і санкі, Джоэл узбадзёрыцца, — кажу я.

Упяцярых мы загружаемся ў мікрааўтобус і едзем праз засьнежаны лес. Нарэшце кіроўца паварочвае, і ад зьдзіўленьня ў нас ва ўсіх перахоплівае дыханьне. Блішчаць пад сьнегам хвоі, а пасярод іх — наша хатка пад вялізнай пухнатай шапкай сьнегу. Да яе вядзе дарога, абапал якой палаюць сьвечкі. Перад дамком чакаюць конныя санкі са званочкамі. Знутры яны высланы аленевымі скурамі. Я ніколі ў жыцьці ня бачыў нічога больш чароўнага.

— У ложак! — крычыць Джоэл. Ён выскоквае зь мікрааўтобуса і, не зьвяртаючы ніякай увагі на санкі і каня, наўпрост ляціць у цёплую хатку. Я іду за ім. Ён ужо знайшоў ложак, ускочыў у яго і па самыя вушы схаваўся пад пуховай коўдрай.

— Вельмі добры ложак, — пазяхае ён. — Дабранач.

— Па-мойму, — кажу, — з табою вельмі хоча пазнаёміцца нехта незвычайны. Акурат цяпер, перад сном.

Джоэл хвілінку думае.

— Не, — адказвае ён.

Я шпарка выходжу.

— Сэмі, — кажу я, — у нас сур’ёзная праблема. Джоэл ужо амаль сьпіць. Яму толькі чатыры гады.

— Праблема сапраўды сур’ёзная, — адказвае Сэмі, — бо Санта заплянаваны толькі на сёньня, яго немагчыма адкласьці.

За Джоэла заступаецца фатограф Бэры.

— Вам патрэбны здымкі напалоханага, стомленага і заплаканага дзіцяці? — пытаецца ён.

— Не, — адказвае Сэмі. — Але мы ня можам зьмяніць графік.

У цемры за домам я заўважаю нейкія цьмяныя постаці. Я ня ведаю, хто гэта, — магчыма, маленькія шрубкі вялікага мэханізму, які відавочна даў збой. Я кідаюся да Элейн.

— Яны не адступяцца! — шапчу я.

— О Божа! — кажа яна.

— Я нікуды не пайду! — крычыць Джоэл з акна.

Я бягу ў дом.

— Конік плача, — кажу я, — бо ён страшэнна хоча з табой пазнаёміцца. Чуеш, як плача?

Звонку абсалютна ціха.

— Добра, — згаджаеца Джоэл, — я пазнаёмлюся з канём, і ўсё. А потым — адразу ў ложак.

Мы з Джоэлам выходзім.

— Здароў, косю, — велікадушна зьвяртаецца ён да каня.

— Джоэл, — кажа Сэмі, — а ты ня хочаш пасядзець у санках, пакуль будзеш размаўляць з канём?

Джоэл недаверліва глядзіць на Сэмі, аднак залазіць у санкі. Я хуценька ўскокваю сьледам і захутваю Джоэла ў аленевую скуру. Элейн і Бэры залазяць за намі.

— Ну! — сыкаю я. — Паехалі!

Фурман пстрыкае пугай, і конь нясьпешліва трушком бяжыць па засьнежанай сьцяжынцы да Санты. Апускаецца чароўная цішыня. З кожным крокам каня чароўна заліваюцца званочкі. Загадкава пабліскваюць хвоі, а над намі бязгучна мігціць паўночнае зьзяньне. Джоэл весялее і пачынае напяваць сабе пад нос песеньку «Званочкі зьвіняць».

— Як прыгожа! Праўда, Джоэл? — зьвяртаюся я да сына.

Джоэл не адказвае.

Элейн і Бэры за маёй сьпінай увесь час наракаюць.

— Няўжо так цяжка было дамовіцца на зручны час? — бурчыць Бэры.

— Жудасьць! — згаджаецца Элейн.

Тут, пасярод казачнага хваёвага лесу, яны накручваюць сябе ледзь не да шаленства.

— Сюды прывозяць сьмяротна хворых дзяцей, — кажа Элейн. — Як можна прымушаць сьмяротна хворае дзіця сустракацца з Сантам?

— Маеце рацыю, — пацьвярджае Бэры.

Мы спыняемся перад хаткай. Унутры нас чакае сьвяточна ўбраны стол, а на ім — столькі смакоцьця… Джоэл абвёў поглядам вяндліну, прысмакі, сокі, ласасіну і разрыдаўся.

— Вы мяне падманулі! — крычыць ён, кідаецца пад лаўку і скручваецца там у позе эмбрыёна.

Звычайна ў такіх сытуацыях, каб палепшыць Джоэлу настрой, я пачынаю са скуры вылузвацца, як клоўн, бо галоўнае для мяне — захаваць для Джоэла атмасфэру казкі. За рэквізыт пойдзе ўсё, што трапіць пад руку, і ў сваю прымітыўную буфанаду я ўстаўляю падбадзёрваньні тыпу «Ты надзвычай таленавіты, Джоэл!», «Цябе чакае бліскучая будучыня!».

Цяпер жа я шапчу Сэмі:

— Калі Санта зьявіцца менавіта цяпер, усё яшчэ можа абысьціся.

Мы выбягаем з хаткі, каб знайсьці добрага старога Санту. Ён сядзіць у прыпаркаванай за дрэвам машыне і пацірае рукі, каб сагрэцца.

— Добры вечар! — басам гундосіць ён.

— Твой выхад, Санта, — кажу я.

— Няма праблемаў, — згаджаецца той.

Я бегма вяртаюся ў хатку. Праз момант рэзка расчыняюцца дзьверы. Джоэл заўважае, што ёсьць шанец уцячы, выкараскваецца з-пад лаўкі і кідаецца да дзьвярэй. Акурат у гэты момант у іх зьяўляецца Санта. Ад нечаканасьці Джоэл, пасьлізнуўшыся, ледзь ня падае.

— Хо-хо-хо! — кажа Санта.

— Пастаў іх побач, — упрошвае Бэры. — Я не магу іх разам злавіць у кадар.

Санта робіць крок да Джоэла. Джоэл спалохана адступае.

— Ён так стаміўся, што ўжо нічога не разумее, — праз зубы шэпча Элейн.

— Лепшага за Санту нікога няма! — крычу я як мага гучней, каб настроіць усіх толькі на добрае.

— Яны быццам у розных пакоях, — роспачна шэпча Бэры. — Джоэл! А можа, у барадзе ў Санты жыве мышка? Ня хочаш яе пашукаць?

— Я не магу на гэта глядзець, — кажа Элейн.

— Я так стаміўся, Санта, — Джоэл умольна глядзіць на яго, спадзеючыся, што ўжо хто-хто, але Санта можа спыніць гэтае вар’яцтва.

— Мы цябе любім, Санта! — верашчу я.

Аднойчы Рэндзі Ньюмана папрасілі расказаць пра ягоную песьню «Я люблю глядзець на тваю ўсьмешку» — гукавую дарожку да фільму «Бацькі».

— Яна прынесла мне найбольшы прыбытак, — сказаў ён. — Я змог наняць сваім дзецям няньку. Такім чынам, фільм пра тое, як быць добрымі бацькамі, яшчэ больш аддаліў мяне ад дзяцей.

З гэткімі думкамі ў галаве я спрабую прымусіць ушчэнт змучанага Джоэла падысьці да Санты, каб у Бэры атрымаўся добры здымак для майго артыкулу і я змог заплаціць няньцы Джоэла за наступныя два месяцы. Потым я паціскаю плячыма — цяпер позна што-кольвек мяняць — і прапаную Джоэлу знайсьці ў барадзе Санты мышку.

— Нарэшце спакой і цішыня! — кажа Джоэл, кладучыся ў ложак у нашай драўлянай хатцы.

— Цудоўны быў Санта, праўда? — пытаюся я, спрабуючы ацаніць сур’ёзнасьць эмацыйнай траўмы, нанесенай Джоэлу за апошнюю гадзіну. Санта насамрэч быў цудоўны: не зьбянтэжыўся ў агульным хаосе і ідэальна справіўся з роляй. Неўзабаве Джоэл ужо тлумачыў Санту, што ў ягонай спальні два постэры з Гары Потэрам, і Санта лёгка зразумее, дзе пакінуць падарункі. Але цяпер, перад сном, Джоэл думае пра іншае. Ён успамінае аднаклясьніка, забіяку і задзіру. За два дні да нашага ад’езду той пакрыўдзіў Джоэла. Джоэл раптам садзіцца ў ложку і кажа:

— Мяне чакае жудаснае жыцьцё.

У мяне перахоплівае дыханьне.

— Не, — супакойваю яго я. — У цябе будзе жыцьцё бы ў казцы. Ведаеш чаму?

— Чаму?

— Таму што ты разумны і вясёлы. А ў разумных і вясёлых людзей жыцьцё заўжды бы ў казцы.

Джоэл нясьмела, але з надзеяй усьміхаецца. Да дзьвярэй нячутна падыходзіць Элейн.

— А ведаеш, — дадаю я, акрылены посьпехам, — каго чакае жудаснае жыцьцё? Кепскіх хлопчыкаў! Гэта ў іх пасьля школы будзе жудаснае жыцьцё, а ў такіх мілых і добрых людзей, як ты, яно будзе казачнае і шчасьлівае. І ў ім ніколі ня здарыцца нічога дрэннага.

— Праўда? — пытаецца Джоэл.

— Так, — адказваю я. — Усё дрэннае здараецца з кепскімі хлопчыкамі.

— Ніколі ў жыцьці ня чула больш ідыёцкага ўроку жыцьцёвай мудрасьці! — разьюшана крычала пазьней Элейн.

— А што такога?

— Па-першае, Джоэл не атрымае жыцьцё бы ў казцы аўтаматычна. А магчыма, яно будзе толькі горшае праз твае пустыя абяцанкі!

— О божа! — кажу я, няжартам спужаўшыся. — Але ён забудзе мае словы, праўда?

— А кепскія хлопчыкі не атрымліваюць аўтаматычна жудаснае жыцьцё, — дадае Элейн. — Ты прышчапляеш Джоэлу скажоныя ўяўленьні пра сьвет, а гэта можа толькі павялічыць ягоныя расчараваньні! Ты вучыш яго хаваць галаву ў пясок!

Да нараджэньня Джоэла я меў пэўнае ўяўленьне пра бацькоўства: мы з сынам едзем па трасе на машыне, паглядаем адзін на аднаго і ўсьміхаемся. І ўсё. Цяпер я заўважаю, што ў гэтым вобразе бракуе дыялёгу. Я ня меў ніякага ўяўленьня, пра што мы маглі б гутарыць. У маім бачаньні ніводзін з нас не казаў і не рабіў нічога, баючыся сапсаваць настрой іншаму.

Джоэл такі ўзрушаны, што ня можа заснуць. Мы з Элейн і Бэры сядзім перад камінам, п’ём каньяк. Джоэл скача вакол нас.

— Ідзі ў дупу, — пяе ён хрыпатым голасам.

— Пітэр, С’юзан, Эдмунд і Люсі ў Нарніі не гаварылі «ідзі ў дупу», — кажу я.

— З гумарам у цябе парадак, — адзначае Бэры, бацька чацьвярых дзяцей, — а вось з падтрыманьнем дысцыпліны праблемы.

— Ты праўда лічыш, што ў мяне добрае пачуцьцё гумару? — я не хаваю задавальненьня.

— Так, — пацьвярджае ён.

— Ты так кажаш, нібы добрае пачуцьцё гумару — гэта вельмі мала.

Бэры глядзіць на мяне, каб пераканацца, што я жартую. Калі ж ён разумее, што я ўсур’ёз, у ягоных вачах зьяўляецца шкадаваньне, і Бэры больш не заводзіць гутарку пра мае бацькоўскія здольнасьці.

Наступнага дня мне на мабільны тэлефануе маці. Яна пытаецца, ці падабаецца нам у Ляпляндыі, і паведамляе, што яны вырашылі чарговы раз зьмяніць канцэпцыю карціны і ўжо дамовіліся з мастаком. Замест таго каб гутарыць са знакамітасьцямі, Ронсаны будуць разносіць ім напоі. Гэта ўсё-такі гатэль.

— Такім чынам, я застыну ў часе ў пачцівым паклоне перад Барысам Ельцыным?

— І столькі пакутаў — усяго празь нейкую карціну, ліха на цябе! — кажа маці.

Ці можна сказаць пра карціну «нейкая»? Карціны, як і фатаграфіі, застаюцца і пачынаюць жыць уласным жыцьцём. Людзі, увасобленыя на іх, больш сабе не належаць. Яны становяцца такімі, якімі іх бачаць мастак, фатограф ці глядач. Я кажу маці, што мы пагаворым пра гэта дома, і вешаю слухаўку.

Каля стала Бэры гатуе каву. Ён занепакоена бурчыць, што ў яго няма ніводнага добрага кадра Джоэла з Сантам. Калі па нас прыяжджае Сэмі, Бэры цікавіцца, ці кампанія можа зладзіць для нас яшчэ адну сустрэчу з Сантам, гэтым разам больш прадуманую.

Сэмі заклапочана моршчыць лоб.

— Але гэта ўжо ня будзе сапраўдны Санта, — кажа ён.

— А то… — пачынаю я.

— Добра, добра, — Сэмі абрывае маё наступнае пытаньне. Ён неахвотна згаджаецца знайсьці Санту і арганізаваць сустрэчу зь ім заўтра на аленевай фэрме.

Наступныя двадцаць чатыры гадзіны мы правялі цудоўна: каталіся на сабаках, пілі аленевы булён у лясной хатцы. Дзень завяршыўся паездкай на сьнегаходзе праз замерзлае возера. Джоэл сядзіць разам з Сэмі — за гэты дзень Сэмі проста прычараваў сына. Раніцай Сэмі адводзіць нас на аленевую фэрму. Мы з Джоэлам садзімся ў санкі, і алень нясецца па полі. Сьнег з-пад капытоў ляціць Джоэлу ў твар.

— Хо-піць! — Джоэл люта глядзіць на нас з аленем, нібы хоча сказаць, што мы гэта знарок супраць яго змовіліся.

Я выціраю сьнег з тварыка Джоэла.

— Мяне чакае жудаснае жыцьцё, — кажа Джоэл.

Сын фэрмэра, які крыху размаўляе па-ангельску, падчас ланчу зьнікае. Хутка ён вяртаецца — пераапрануты Сантам. Санта атрымаўся высокі, худы і пахмурны.

— Глядзі, Джоэл! — кажа Бэры і ўзьнімае камэру. — Во хто прыйшоў! Што скажаш?

— Дабрыдзень ізноў, Санта! — радасна сьмяецца Джоэл. — Я ня ведаў, што ты яшчэ да мяне прыйдзеш.

Санта раздражнёна хітае галавой.

— Цікава, а ці бегае ў Сантавай барадзе мышка? — пытаецца Бэры.

— Я такі рады бачыць цябе! — кажа Джоэл.

Санта маўкліва складае рукі на грудзях і няўпэўнена паляпвае рукавіцамі па сваім футры.

— Санта, — устрывожана пытаецца Джоэл, — у цябе нешта здарылася?

— Санта перажывае за сваіх аленяў, — кажу я. — Праўда, Санта? Ты прыйшоў наведаць аленяў, бо яны прастудзіліся, і ты непакоісься.

Санта штосьці буркае. Бэры атрымлівае выдатны здымак Джоэла з Сантам.

Праз суткі мы вярнуліся ў Лёндан. Франчэлі, Джоэлава нянька, карміла ката. Джоэл забег у дом.

— У нашай хатцы ў лесе, — закрычаў ён ад дзьвярэй — было аж два туалеты!

— Праўда? — зьдзіўляецца Франчэлі.

— Цэлых два! — задаволена пацьвердзіў Джоэл.

Праходзіць месяц за месяцам. Раз-пораз бацька тэлефануе мастаку, каб пацікавіцца, як там наш сямейны партрэт і калі прыкладна мастак скончыць працу. Часьцей за ўсё мастак увогуле не здымае слухаўку, а калі адказвае, то ляканічна і нездаволена:

— Ужо амаль гатовы.

— Як вы адчуваеце — атрымліваецца? — пытаецца бацька.

— Не хвалюйцеся, — адказвае мастак.

Бацька пачынае хвалявацца.

Канцэпцыя карціны зноў зьмянілася. Маці вырашыла, што напояў мы разносіць ня будзем. Мы будзем гаварыць, а знакамітасьці — слухаць. Усё ж Ронсаны — гаспадары гатэлю.

— То бок ты будзеш штосьці расказваць, — удакладняю я, — а Кенэдзі, Чэрчыль і Гандзі — слухаць?

— А што?

— Нічога, — кажу. — Мне толькі здаецца, што нас могуць ня так зразумець. Нібы мы ставім сябе вышэй за Кенэдзі і…

— Што ты маеш на ўвазе?

— Ды так… Што ты будзеш расказваць Кенэдзі, Гандзі і Чэрчылю?

— Што ў цябе за пытаньні? Нічога. Я нічога ня буду ім расказваць. Гэта карціна.

— Мабыць, бацька будзе казаць сваім гальфістам, колькі разоў ягоная машына была ў рамонце, — дзялюся я сваімі думкамі.

Дзень урачыстай прэзэнтацыі мастацкага шэдэўру надыходзіць нечакана. Аднойчы ўранку зьяўляецца мастак, несучы карціну, захутаную ў белую прасьціну. Ён прытуляе яе да стойкі бару. Мае сямейнікі зьбіраюцца каля карціны і ўсхвалявана чакаюць. Усе глядзяць то на закрытае палатно, то на мастака, спрабуючы штосьці прачытаць на ягоным твары. Ён… як бы гэта сказаць… занепакоены.

— Мушу адразу папярэдзіць, што я цяпер праходжу праз складаны творчы пэрыяд і мае творы ня ўсе разумеюць.

Навісае напружанае маўчаньне.

— Я хацеў сказаць, — тлумачыць ён, — што, магчыма, карціна вам не спадабаецца.

Ронсаны занепакоена пераглядваюцца. Мастак шырокім жэстам здымае прасьціну.

— Вось і партрэт, — кажа ён.

Некаторы час Ронсаны проста моўчкі глядзяць. Потым маці шэпча: «О божа!» У яе вырываецца прыдушаны стогн, і яна вылятае з пакою. Брат з жонкай на знак салідарнасьці выбягаюць за ёй, ляснуўшы дзьвярыма.

У пакоі застаюцца мастак і бацька. Яны пазьбягаюць глядзець адзін аднаму ў вочы, стаяць, утаропіўшыся ў карціну. Знакамітасьці на ёй выпісаны ўважліва, з душою. Праўда, сярод іх Клінт Іствуд, Роўэн Аткінсан і Джэніфэр Сондэрс, якіх ніхто не замаўляў. Затое няма шмат каго з замоўленых.

Але гэта яшчэ кветачкі. Галоўны сюрпрыз у тым, што сярод старанна ўвасобленых знакамітасьцяў Ронсаны выглядаюць як пародыя на чалавека, агідныя карыкатурныя монстры. Брат нагадвае Франкенштайна. З шыі ў яго тырчыць шруба. Нельга не абурыцца. Бацькоў мастак сьпехам накідаў падобнымі да наркаманаў падчас курсу лячэньня. Я ўвасоблены нязграбным прышчаватым падлеткам у ідыёцкай позе. Але, прынамсі, гэты падлетак хаця б крыху падобны на мяне, чаго ня скажаш пра выявы астатніх Ронсанаў. Да таго ж Ронсаны як карлікі перад знакамітасьцямі: мой брат — Франкенштайн у мініятуры — выглядае з-за пляча Клінта Іствуда. Здаецца, мастак усе гэтыя месяцы ўдасканальваў партрэты знакамітасьцяў, а потым хуценька накідаў Ронсанаў, быццам раптоўна, у ноч перад здачай, яму прыйшла ідэя, як нам адпомсьціць.

— Даруйце, — кажа мастак, гледзячы ў падлогу.

— Мы не зьбіраемся за гэта плаціць, — адказвае бацька.

Павісае доўгае маўчаньне.

— Яна проста ня вельмі рэалістычная, — прымірэнча кажа бацька. Быццам папярэдні варыянт з Ронсанамі, якія падносяць мятны кактэйль Джону Ф. Кенэдзі і Робэрту Мітчэлу, быў больш рэалістычны. Бацька распараджаецца, каб мастак замаляваў Ронсанаў, і пасьля працяглых перамоваў той згаджаецца. Маці ён перамалёўвае ў Вудзі Алена. Вось дзе сапраўдная зьнявага: лёгкі ўзмах пэндзля — і вось вам Вудзі Ален! Бацька стаў Джымі Картэрам. Мне падаецца, што мастак выбраў Джымі Картэра, славутага міратворцу, каб аддаць належнае бацькавай дыпляматыі — ён адзіны з Ронсанаў ня вылецеў з пакою. Брат ператварыўся ў Дэвіда Ракфэлера, ягоная жонка — у Гэнры Кісынджэра, што я асабіста расцэньваю як помсту. Адзіны Ронсан, што застаўся на партрэце, як ні дзіўна, — я.

Карціна цяпер вісіць у пакоі для адпачынку побач з кавярняй у бацькоўскім гатэлі і нязьменна прыцягвае ўвагу наведнікаў. Яны зьбіраюцца каля карціны і адгадваюць, хто ёсьць хто.

— А вось Кенэдзі!

— Глядзі, Джэніфэр Сондэрз!

Ніхто не пазнае Дэвіда Ракфэлера. І я заўсёды падказваю: «Гэта Дэвід Ракфэлер».

— А, Дэвід Ракфэлер, — паўтараюць яны.

На маё падабенства яны глядзяць у поўнай разгубленасьці, часам хвілінамі, і намагаюцца здагадацца, хто ж я такі.

— Пісьменьнік, — кажу я.

Але яны толькі паціскаюць плячыма.

Законы фізыкі сьцьвярджаюць, што трэба быць вельмі асьцярожным, набліжаючыся да зоркі. Калі траекторыя і хуткасьць такія, як трэба, трапляеш на арбіту, цэлы і здаровы, і грэесься ў цудоўным зоркавым сьвятле. Калі ж хоць адна памылка — у кірунку ці хуткасьці, — налятаеш наўпрост на зорку і выпарваесься. Застаецца толькі зорка.

Я захаваў нумар зь ляпляндзкай фатаграфіяй Джоэла на вокладцы. На выпадак, калі Джоэл раптам праз шмат гадоў захоча на яе паглядзець. Калі я пільна ўзіраюся ў здымак, мне здаецца, што вочы Джоэла, хоць ён і ўсьміхаецца, блукаюць недзе далёка-далёка. Я гляджу на карціну ў гатэлі, на фатаграфію са сьнежнай Ляпляндыі — і разумею, што больш ніколі не змагу напісаць пра Джоэла.

Пераклала з ангельскай Кацярына Ермакова

  сучасны брытанскі пісьменьнік, журналіст і сцэнарыст.
Жыве ў Лёндане.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 12 (52) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/03/03