A R C H E П а ч а т а к № 12 (52) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


12-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  ПЯТРУШКА ШУСТРАВА

Вокладка «ARCHE» №12
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Пятрушка Шустрава
Прадажная Беларусь

Празь некалькі дзён пасьля г. зв. сакавіцкіх падзеяў у Менску — то бок пасьля выбараў, што выклікалі масавыя пратэсты, і пасьля разгрому намётавага мястэчка, стыхійна ўзьніклага на цэнтральнай плошчы сталіцы, — некалькі чалавек запар даслалі мне электронныя лісты з расейскім тэкстам. Ён называўся «Дыялектыка беларускага міту». Яго аўтар — Вольга Цімохіна. Гэта ці не найлепшае апісаньне ўнутранага адраджэньня грамадзтва, якое я калі-небудзь чытала. Адзін абзац у ім навёў мяне на роздум пра зьяву, якую мне б хацелася абмеркаваць. Вось ён:

Яшчэ адзін беларускі міт — заробкі. Своечасовая іх выдача і рост абсалютна дакладна абумоўленыя вонкавымі чыньнікамі, а менавіта: вымушанай міласьцю Пуціна. Але, як слушна адзначыў у пердвыбарчым тэлезвароце апазыцыйны кандыдат Казулін, заробкі ў нас беларускія, а цэны, у тым ліку і на прадукты, эўрапейскія. Самая танная аднапакаёвая кватэра ў Менску каштуе 30 тысячаў даляраў, а «добры заробак» — 200 даляраў. Усялякія падпрацоўкі абкладаюцца рабаўніцкімі падаткамі — ад 9 да 20 %.

Так піша Вольга Цімохіна пра эканамічнае становішча беларусаў.

Але, нягледзячы на гэтыя, бясспрэчна, апраўданыя заўвагі, вялікая частка — а мабыць, і большасьць — беларусаў лічыць, што ў іх надзейнае фінансавае становішча і што дзяржава — перадусім у асобе прэзыдэнта Лукашэнкі — гарантуе ім забясьпечанасьць і стабільнасьць.

У 1970—1980-я гады фінансавая забясьпечанасьць выразна ўплывала на стабільнасьць у краінах былога савецкага блёку. Дастаткова прыгадаць масавыя выступленьні ў Польшчы, асабліва ў 1970, 1976 і 1980 гадах. Сёньня мы іх справядліва разглядаем як праявы барацьбы за свабоду, але першасным імпульсам заўсёды служыла пагаршэньне эканамічных умоваў. Аднак нельга не пагадзіцца: там, дзе стыхійна зьбіралася мноства незадаволеных грамадзянаў, што жылі за рэпрэсіўным камуністычным рэжымам, заўжды гучалі і лёзунгі свабоды.

У Чэхаславаччыне на той час было ціха. Я ня веру, што чэхам і славакам падабаўся камунізм ці што яны мелі больш свабоды ў параўнаньні са сваімі польскімі суседзямі. Але г. зв. працэс нармалізацыі, што пачаўся ў Чэхаславаччыне ў 1970 годзе і адняў у чэскага і славацкага народаў атрыманую ўвесну і ўлетку 1968 году свабоду, апроч усяго іншага, у масавым парадку разбэшчваў і падкупляў людзей. Нармалізацыйны камуністычны рэжым рабіў чэхам і славакам маўклівую прапанову: мы вам гарантуем прыстойныя заробкі, будуем аўтастрады, дамо магчымасьць набыць або пабудаваць лецішчы за горадам. За гэта вы ня будзеце наракаць і забудзецеся пра ўсялякую свабоду.

Падобная стратэгія прынесла посьпех. Гарады, што былі цэнтрамі хваляваньняў, цяпер на выходных пусьцелі: людзі разьяжджаліся на свае лецішчы, каб пабыць зь сям’ёй, зь сябрамі, заняцца садам, рознымі ўлюбёнымі справамі, адпачыць. Быў ува ўсім гэтым і іншы бок: за камуністамі ўсё было ў заўсёдным калясальным дэфіцыце, таму збудаваньне лецішча зьвязвалася ня толькі зь няспынным пошукам патрэбных тавараў, але і з самымі рознымі праявамі карупцыі. Такім чынам ледзь ня кожны чалавек уцягваўся ў не зусім сумленныя апэрацыі або дробны крадзеж зь месца працы. Іншага спосабу набыць будаўнічыя матэрыялы і інструмэнты фактычна не было. Практычна кожнага можна было шантажаваць, практычна кожны ведаў: калі ён пачне пратэставаць, улады могуць лёгка прымусіць яго замаўчаць, прыгадаўшы дапушчаныя ім парушэньні.

Мне думаецца, існуе пэўнае падабенства паміж чэхамі і славакамі тады і беларусамі цяпер. Нездарма Цімохіна кажа пра «нэасавецкі лад жыцьця». Пасьля пачатку эканамічных пераўтварэньняў у 1990-я гады Лукашэнка таксама прапанаваў у Беларусі своеасаблівы варыянт нармалізацыі. Сярод яе складнікаў — і выгоды, якія гэтак высока цэняць шараговыя беларусы: рэгулярная выплата і нават рост заробкаў і пэнсіяў. У постсавецкія дзевяностыя падобнага не было, і дзяржаўная прапаганда без разважаньняў стала няспынна прыўзносіць гэтае дасягненьне ў СМІ.

Калі я была ў Менску перад самымі выбарамі 2003 г., мне надарылася распытаць некаторых выпадковых мінакоў сталага веку, чаму яны будуць галасаваць за Лукашэнку. «Я штомесяц атрымліваю пэнсію ў 50 даляраў», — сказаў адзін стары і запытаўся: «Вы ведаеце краіну, у якой пэнсіянэр мог бы жадаць чаго-небудзь яшчэ?» Бабулька, якая несла дахаты з кірмашу бульбу і моркву, заявіла: «Прэзыдэнт даў мне магчымасьць купіць усё, што я хачу. Дык як я магу галасаваць за апазыцыю?!»

Дзяржаўная прапаганда ўвесь час паўтарае, што ў параўнаньні з суседнімі краінамі, дзе не спыняюцца хваляваньні, Беларусь — востраў стабільнасьці і міру. Гэта прыносіць свае плады. Але добра вядома, што савецкая эканоміка не магла працаваць так, каб надоўга забясьпечваць дабрабыт уласнага народу. Ня зможа гэтага і нэасавецкая беларуская эканоміка. Без свабоднага рынку яна ня ў стане паўнавартасна разьвівацца. І хоць беларусы задаволеныя адносна малым, яно таксама мусіць аднекуль ды брацца.

Лукашэнкаўскі постсавецкі вырай з рэгулярнай выплатай пэнсіяў і заробкаў не такі надзейны, як хацелася б ягоным начальнікам. У краіне занадта вялікая доля даходаў паступае з Расеі — Крэмль прадае Беларусі газ і сырую нафту па значна ніжэйшых коштах, чым, напрыклад, дзяржавам Балтыі і Ўкраіне. Беларусь перапрацоўвае сырую нафту і прадае нафтапрадукты на Захад па сусьветных коштах.

Аднак гэтая ідылія не працягнецца вечна: «Газпром» (чытай: расейскі дзяржапарат) абвясьціў, што да 2007 г. цэны на газ для Беларусі падымуцца да ўзроўню эўрапейскіх, г. зн. у пяць разоў у параўнаньні зь цяперашнімі. У апошнім квартале 2006 г. пастаўкі сырой нафты з Расеі на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы скараціліся амаль на траціну. У дадатак Расея плянуе скараціць імпарт беларускіх тавараў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, гэта адказ на абмежаваньне Менскам доступу расейскіх імпартэраў на беларускі рынак. Але насамрэч падобныя захады больш зьвязаныя з зацягненымі расейска-беларускімі перамовамі наконт супрацоўніцтва ў энэргетычнай галіне, на якім настойвае Расея. Лукашэнка трапіў у пастку: з аднаго боку, ён ня хоча псаваць дачыненьняў з расейскай дзяржавай і яе чыноўнікамі; з другога, ён ня хоча саступаць перад ціскам і згаджацца на эканамічна невыгодныя для ягоный краіны крокі. Аднак вельмі цяжка прадказаць, як доўга Лукашэнку ўдасца захоўваць фінансавую стабільнасьць пры абмежаваным доступе грамадзянаў да ўлады, калі ён пазбавіцца моцнай падтрымкі з Расеі.

У Беларусі крыху больш за сотню прыбытковых буйных прадпрыемстваў. Астатнія субсыдуюцца зь дзяржаўнага бюджэту. Усяго каля 8 % буйных і палова малых і сярэдніх кампаніяў — прыватныя. Вядома, падобнае абмежаваньне прыватнай эканамічнай ініцыятывы ў доўгатэрміновай пэрспэктыве ня можа ня шкодзіць. Але дзяржаўная форма ўласнасьці гарантуе ляяльнасьць працоўных уладзе. Нязгодныя могуць сыходзіць.

А магчымасьці знайсьці працу па-за дзяржаўным сэктарам жорстка абмежаваныя: нават прыватны бізнэсоўца (а такіх у Беларусі адносна мала) двойчы падумае, перш чым узяць на працу чалавека, вядомага сваімі апазыцыйнымі поглядамі. Застаецца дробны гандаль і «чаўночніцтва». Але дзеля гэтага трэба заплаціць за візу і прайсьці вельмі суворы памежны кантроль. Да таго ж у Беларусі існуе сьпіс «сумнеўных» асобаў, якім хоць і не забаронена езьдзіць за мяжу, але не дазваляецца нічога з сабою прывозіць.

Сёньня большасьць беларусаў заклапочаная хутчэй тым, як здабыць кавалак хлеба з кілбасой, чым цьмяным прывідам свабоды. Аднак як толькі дзяржава ня зможа больш субсыдаваць стратныя і неканкурэнтаздольныя прадпрыемствы, гарантаваць грамадзянам фінансавую забясьпечанасьць і сацыяльную абароненасьць, людзям больш ня будзе чаго губляць. Тады, магчыма, замест дваццаці тысячаў, як пасьля сёлетніх вясновых выбараў, на вуліцы выйдзе дзьвесьце тысячаў дэманстрантаў. Акурат у гэты момант, як мы ведаем з досьведу мінуўшчыны, і зрынаюцца недэмакратычныя рэжымы.

  журналістка
«Lidovych Novin»,
экс-міністар
унутраных справаў
Чэскай рэспублікі.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 12 (52) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/03/03