A R C H E П а ч а т а к № 3 (43) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


3-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка•крытыка•гісторыя•эсэістыка•літаратура•палеміка•рэцэнзіі

 


аналітыка

  СЯРГЕЙ БОГДАН

У афармленьні вокладкі выкарыстаны фрагмэнт карціны Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 г.» (1955). Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1,2’2006)
   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Сяргей Богдан
Амэрыканскія мары пра беларускую ўладу


Bekkerman Gerald J. The End of Last Dictatorship in Europe:
Four Keys to a Successful Color Revolution in Belarus
.

Гэты даклад быў прадстаўлены Джэралдам Бэкерманам у Чыкаска-Кенцкім каледжы права ў верасьні 2005 году. Адначасова зь беларускай тэмай на сэмінары «Законы нацыятварэньня» шырока абмяркоўваліся пэрспэктывы паўстаньня ў Тыбэце. (Трэба думаць, што гэтыя дзьве тэмы былі аб’яднаныя разам дзеля падкрэсьленай міралюбнасьці беларускага і тыбэцкага рухаў. Адпаведна, прапанаваныя сцэнары беларускай рэвалюцыі і тыбэцкага паўстаньня ўключаюць толькі мірныя захады.) Яшчэ адзін даклад – Енса Фрыдрыха Віснэра – разглядаў магчымасьці фінансаваньня беларускай рэвалюцыі і тыбэцкага паўстаньня празь нямецкія і амэрыканскія дабрачынныя фундацыі.

Падыход арыгінальны, бо гісторыя амаль выключна мірнага супраціву ў Тыбэце і Беларусі магутным дзяржаўным апаратам недэмакратычных рэжымаў дае падставы разважаць пра пэрспэктывы мірнага руху за дэмакратызацыю ў гэтых дзьвюх краінах паралельна. У гэтым сэнсе беларуская сытуацыя сапраўды больш нагадвае супрацьстаяньне тыбэтцаў магутнай кітайскай уладзе, а не каляровыя рэвалюцыі ўва ўмовах мяккіх аўтакратычных рэжымаў. Каляровая рэвалюцыя мажлівая, калі існуе магчымасьць разьбіць намёты на цэнтральным пляцы сталіцы. Гэта – Грузія восені 2003 году і Ўкраіна восені 2004 году. У Тыбэце і Беларусі нашых дзён такой магчымасьці няма.

На думку Джэралда Бэкермана, дамагчыся кардынальнага зьмяненьня сытуацыі ў Беларусі можна толькі пры ўмове наяўнасьці агульнай стратэгіі апазыцыйнага руху. Дзеля яе распрацоўкі трэба спачатку мець яснае ўяўленьне пра існуючае становішча. Яго даклад распачынаецца ўводзінамі «Апошняя сапраўдная дыктатура ў Эўропе»:

З 1994 году былой савецкай рэспублікай Беларусяй, якая займае стратэгічнае становішча паміж Расеяй і Ўсходняй Эўропай, кіруе лідэр савецкага тыпу Аляксандар Лукашэнка. За часы свайго скандальнага кіраваньня Лукашэнка зьмяніў канстытуцыю, перасьледаваў і падаўляў палітычных супернікаў, журналістаў і замежных дыпляматаў, разбурыў касьцяк палітычнай апазыцыі, усталяваў дзяржкантроль над СМІ і мадэляваў вынікі выбараў, каб запабегчы адхіленьню сябе ад улады. Лукашэнкава візія Беларусі – гэта візія аб’яднаных у выглядзе імпэрыі Беларусі і Расеі. У выніку Лукашэнка выключыў Беларусь з усіх аспэктаў заходняй інтэграцыі, у краіне працьвітае ўспадкаваны з савецкіх часоў эканамічны і сацыяльны парадак. Беларусь – адзіная постсавецкая дзяржава, дзе спэцслужбы па-ранейшаму завуцца КДБ і прынамсі 80 адсоткаў беларускай эканомікі падлягае цэнтральнаму плянаваньню, а дробны дазволены прыватны бізнэс жорстка рэгулюецца і абкладаецца падаткамі. У краіне па-ранейшаму не захоўваюцца сацыяльныя і палітычныя правы, асабліва для тых, хто апазыцыйна ставіцца да рэжыму.

Такі аналіз цяжка назваць вычарпальным. Усе спасылкі да дакладу – інтэрнэтныя лінкі, аніводнай кніжкі аб Беларусі або прынамсі па Ўсходняй Эўропе. Адсякаецца ўся лішняя інфармацыя, важны толькі «цмок» – дыктатура, якая павінна быць зьнішчаная. Гэта зьдзіўляе, бо беларуская дыктатура ёсьць натуральным прадуктам беларускага грамадзтва, і змагацца зь ёй, не зразумеўшы яе прычынаў, марна.

Бэкерман асобна падкрэсьлівае ў сваім аналізе важнасьць досьведу нядаўніх каляровых рэвалюцыяў для Беларусі, бо «сытуацыя, зь якой сутыкнулася сёньня Беларусь, добра вядомая». Ён шматкроць падкрэсьлівае падабенства: «Элемэнты каляровых рэвалюцыяў былі падобныя ўва ўсіх трох савецкіх рэспубліках, а ў сваёй аснове ляжалі падобныя рэвалюцыйныя элемэнты, што раней былі наяўныя ў падобных рухах ва ўсім сьвеце».

Значыцца, пры маральнай падтрымцы і фінансаваньні з боку міжнароднай супольнасьці дэмакратычная апазыцыя, аб’яднаная супольным лідэрам, супрацьстаіць аўтарытарнаму лідэру ў часе чарговых выбараў. Дзеля папулярызацыі апазыцыйнага кандыдата праводзіцца масавая мабілізацыя людзей, ажыцьцяўляная моладзевым рухам і харызматычнымі палітыкамі, якія не баяцца рэпрэсіяў, а таксама незалежнымі СМІ. Намаганьні па мабілізацыі з боку аб’яднанай апазыцыі дасягаюць свайго апагею ў дні пасьля сфальшаваных выбараў, калі людзі далучаюцца да грамадзянскага руху, патрабуючы абвяшчэньня сапраўдных вынікаў выбараў і адмаўляючыся ісьці ўладам на саступкі. Ува Ўкраіне, Кіргізіі і Грузіі вынікам гэтага ланцужка падзеяў была дэмакратычна абраная ўлада, арыентаваная на Захад.

Такім чынам, трэба паказаць простасьць рэвалюцыі і дэміталягізаваць яе. Нельга дэманізаваць рэжым і глядзець на яго як на касьмічнае, вечнае Ліха. Бо калі рэжым – звышнатуральны фэномэн, дык і для змаганьня зь ім патрэбныя звышнатуральныя супэргероі. Але калі ўбачыць у беларускім рэжыме ўсяго толькі крыху больш зацяты адпаведнік рэжымаў, нядаўна паваленых ува Ўкраіне ці Грузіі, дык яго дэмантаж застаецца справай тэхналёгіі. Для амэрыканскага аналітыка важныя не спэцыфічныя нацыянальныя асаблівасьці, ён пэўны: каляровую рэвалюцыю ў Беларусі можна ажыцьцявіць за чатыры крокі».

Гэтыя чатыры асноўныя кампанэнты будучай каляровай рэвалюцыі ў Беларусі выглядаюць так:

1. Арганізаваны, інавацыйны і тэхналягічна падкаваны моладзевы апазыцыйны рух, што дзейнічае ў рамках герархічнай сыстэмы. Гэткі моладзевы рух павінна ўзначальваць падпольнае кіраўніцтва, што складаецца з найбольш актыўных і выдатных рэвалюцыянэраў. Моладзевы рух павінен выкарыстоўваць шматлікія тэхналягічныя навацыі і разьвівацца ў ходзе таемнай мабілізацыйнай кампаніі, імкнучыся пашырыць свае шэрагі і публічна прапагандаваць ідэі апазыцыі сярод масаў. Гэты рух моладзевай апазыцыі стане іскрай, ад якой запаліцца аб’яднаны агульнанацыянальны грамадзянскі апазыцыйны рух.

2. Аб’яднаная палітычная кааліцыя, што складаецца з асноўных апазыцыйных партыяў, якія разам працуюць над супольнай мэтай перамогі над Лукашэнкам падчас выбараў. Аб’яднанай апазыцыі трэба абраць аднаго кандыдата і падтрымліваць яго як адзінага, тым самым пазьбягаючы любых унутраных палітычных разыходжаньняў. Палітычнай апазыцыі трэба надалей працаваць зь міжнароднай супольнасьцю, НДА і моладзевым рухам над арганізацыяй пасьпяховай прэзыдэнцкай кампаніі, накіраванай на перамогу над Лукашэнкам.

3. Вольныя, жыцьцяздольныя і папулярныя СМІ, якія здатныя пераадолець жорсткі кантроль, усталяваны Лукашэнкавым рэжымам над дзяржаўнымі СМІ. Незалежныя СМІ будуць служыць голасам апазыцыйнага руху і супрацьстаяць нястрымнай прапагандзе дзяржаўных СМІ. Каб пазьбегчы ўціску з боку рэжыму, незалежныя СМІ маюць выкарыстоўваць Інтэрнэт, магчымасьці ТБ і радыёвяшчаньня з-за мяжы, падпольныя друкарні, надзейна схаваныя ад уладаў.

4. Міжнародная падтрымка і ўмяшаньне з боку міжнароднай супольнасьці, перадусім Злучаных Штатаў і Эўразьвязу. У лік дзеяньняў, якія можа ажыцьцявіць міжнародная супольнасьць, апрача фінансаваньня і падтрымкі апазыцыі, уваходзяць: увядзеньне лёгкіх эканамічных санкцыяў, абмежаваньне магчымасьцяў замежных паездак для вярхушкі рэжыму і замарожваньне яе рахункаў у замежных банках.

Моладзь. Джэры Бэкерман кажа пра ўплыў на моладзевыя апазыцыйныя групы пасьпяховай дзейнасьці іх украінскіх і грузінскіх калегаў («Пары» і «Кмары») дый пра эфэктыўнасьць моладзевай апазыцыі ў супрацьстаяньні з рэжымам. Але наш сёньняшні моладзевы рух слабейшы, чым нават пяць гадоў таму. Моладзь было прасьцей прыцягнуць да сябе ў ранейшыя гады, калі ішлося ня толькі і ня столькі пра дэмакратыю, колькі пра незалежнасьць і супраціў інкарпарацыі ў Расею. У змаганьні ж за правы чалавека рамантыкі менш, а мудрагелістасьці больш.

Дзеля стварэньня пасьпяховай моладзевай апазыцыі Джэры Бэкерман прапануе моладзевым групам зрабіць тры крокі.

Па-першае, розныя апазыцыйныя моладзевыя групы павінны аб’яднацца ў адзіную структуру, пажадана на ўзор пасьпяховага аб’яднаньня ўкраінскіх моладзевых апазыцыйных груповак у грамадзянскі рух «Пара». Па-другое, моладзевыя апазыцыйныя групы павінны праводзіць старанна сплянаваны падпольны працэс рэкрутацыі, як сярод студэнтаў, так і сярод шырокіх слаёў моладзі, каб павялічыць сваю колькасную базу. Па-трэцяе, моладзевыя групы павінны арганізаваць добра прадуманы маніторынг выбарчай кампаніі і пашыраць свае ідэі сярод масаў (асабліва старэйшага пакаленьня беларусаў)… Урэшце, моладзевая апазыцыя павінна падрыхтавацца да прэзыдэнцкіх выбараў, выкарыстоўваючы тэхнікі назіраньня за выбарамі, абнародаваньня выбарчых фальсыфікацыяў і выхад на вуліцы дзеля пратэсту супраць падтасаваных вынікаў галасаваньня.

Тым, хто ўсумніцца ў тым, што рэвалюцыя магчымая, прапануецца зьвярнуць увагу на досьвед украінскае «Пары», прыкладамі з гісторыі якой шчодра перасыпаныя рэкамэндацыі. Эквівалентам «Пары» ў сёньняшняй Беларусі для аўтара зьяўляецца ўсё той жа незарэгістраваны «Зубр», чые колькасны склад і фінансавы патэнцыял, маўляў, растуць, што спрыяе яго пераходу да больш сучасных тэхналёгіяў. У беларускай сытуацыі Джэры Бэкерман арыентуецца зусім слаба і лічыць моладзевымі групамі ня толькі незарэгістраваныя «Зубр» (ягоны фаварыт), «Лімон» (чамусьці прыпісваючы яго да АГП), «Малады фронт», але і «Вясну» ды нават часопіс «Студэнцкая думка».

Такім чынам, патрэбная моладзевая арганізацыя, здольная на тое і тое; перад ёй будуць стаяць наступныя задачы – А, Б, В. Пры ўзьнікненьні такой сытуацыі дзейнічаем па пляне 1, інакш – па пляне 2. І гэтак далей. Ня важныя ідэалягічныя асаблівасьці – галоўнае, каб арганізацыя выконвала пастаўленыя задачы і прывяла да ўлады дэмакратычны ўрад.

Так, моладзевыя апазыцыйныя групы павінны зьліцца. Сьпярша аб’яднацца пад кіраўніцтвам шырокага грамадзкага руху ў адзіную нацыянальную арганізацыю з зыркім брэндам, а пасьля пашырыць свой колькасны склад дый разгарнуць шырокую гарызантальную сетку, падобную да той, што была створаная «Парой». Гэта дазволіць «забясьпечыць рэзананс апазыцыі ўва ўсёй краіне»:

Арганізацыйная структура грамадзянскай кампаніі «Пары» была пабудаваная на мадэлі, пры дапамозе якой ажыцьцяўляецца кіраваньне гарызантальнай сеткай. Згодна зь ёй, мабільныя групы, прызначаныя праводзіць інфармацыйную і адукацыйную дзейнасьць, высылаліся ў розныя рэгіёны Ўкраіны. Калі браць разам, ад 380 да 400 гэтых групаў утваралі арганізаваную сетку, што функцыянавала цягам выбарчае кампаніі, а іх дзейнасьць, паводле пэўных ацэнак, ахапіла 25 мільёнаў грамадзянаў… Дзейнасьць гэтае вялізнае сеткі была арганізаваная каардынацыйным цэнтрам кампаніі пад кіраўніцтвам лідэраў «Пары», які адказваў за выпрацоўку інфармацыйнай стратэгіі кампаніі, каардынаваў дзеяньні рэгіянальных аддзелаў, арганізоўваў вытворчасьць і распаўсюд друкаванай прадукцыі, а таксама ажыцьцяўляў кансультацыі з партнэрамі.

Бэкерман пералічвае колькасьць ВНУ, мабільнікаў і карыстальнікаў Інтэрнэту ў Беларусі і прыходзіць да высновы, што сучасная беларуская моладзь валодае адпаведным патэнцыялам дзеля барацьбы, у тым ліку з выкарыстаньнем высокіх тэхналёгіяў, бо ўсе адпаведныя паказьнікі супастаўныя з украінскімі. Ён кажа пра «спрыяльную» для росту апазыцыі сытуацыю з ВНУ і студэнцтвам. Застаецца толькі зьдзівіцца, чаму гэтая рэвалюцыя яшчэ не адбылася!

Апазыцыйная вэртыкаль. У герархіі моладзевай апазыцыі маюць быць тры ўзроўні. Карыстаючыся сучаснымі сродкамі камунікацыі цэнтар руху (першы ўзровень) ў Менску мае на прынцыпах герархіі кіраваць разгалінаванай сеткай моладзевых групаў у шматлікіх унівэрсытэтах краіны па-за Менскам, ажыцьцяўляючы фінансавае і іншае забесьпячэньне, неабходнае дзеля апазыцыйнай дзейнасьці.

Паколькі кіраўнікі падпольнага цэнтру занадта вядомыя, каб самім пранікнуць у ВНУ, цэнтар руху павінен кіраваць падпольнай сеткай праз кібэрпрастору. За пасярэдніцтвам гэтай сеткі актывісты руху, што навучаюцца ў ВНУ, змогуць кіраваць тайнымі падпольнымі групамі сярод студэнтаў, выкарыстоўваючы сукурсьнікаў, што сымпатызуюць іх справе, і распаўсюджваючы ідэі руху ў ВНУ і за яе межамі. Удзельнікі гэтага другога ўзроўню руху – унівэрсытэцкія студэнты і падрыхтаваныя рэвалюцыянэры ў менскіх арганізацыях – змогуць зьвязацца з студэнтамі зь іншых асноўных рэгіянальных унівэрсытэтаў. Гэтыя студэнты-добраахвотнікі ў гарадох па-за Менскам (трэці ўзровень)… будуць адказваць за распаўсюджаньне апазыцыйных ідэяў ува ўсіх рэгіёнах краіны, тым самым дасягаючы прынцыпова важнай глыбінкі, у якой людзі, магчыма, нават і не ўсьведамляюць, што рэвалюцыйны працэс ідзе.

Зацікаўленасьці моладзі ў перамозе апазыцыі спрыяюць тры чыньнікі. Па-першае, яе незадаволенасьць жорсткім кантролем Лукашэнкі над грамадзтвам і яе імкненьне да пашырэньня індывідуальных свабодаў; па-другое, прыклад грузінскай ды ўкраінскай моладзі; па-трэцяе, «беларуская моладзь, незадаволеная адсутнасьцю дэмакратычных рэформаў і эўрапейскай інтэграцыі пасьля падзеньня камунізму ў 1991 годзе імкнецца стаць часткай заходняга сьвету».

Праўда, выяўляецца, што ў моладзевым руху рэжым на крок ужо апярэдзіў апазыцыю, стварыўшы свой буйнамаштабны праект БРСМ, і гвалтоўныя дзеяньні ўладаў могуць эфэктыўна задушыць паўстаньне моладзі:

Як жа моладзевая апазыцыя можа выйграць барацьбу за папаўненьне сваіх шэрагаў? Зноў-такі, гэтая барацьба пачынаецца з герархічнай мадэлі арганізацыі... Пры дапамозе тэхналягічных сродкаў, пачынаючы з падпольнага ядра і даходзячы да валянтэраў ува ўнівэрсытэтах усёй краіны, моладзевыя групы павінны працягваць добра арганізаваную мабілізацыйную кампанію, каб павялічыць колькасьць удзельнікаў рэвалюцыйнага руху.

Тэхналягічна гэта таксама нібыта проста: «Важным складнікам працэсу мабілізацыі ёсьць цэнтральны сайт у Інтэрнэце, які прадстаўляе аб’яднаны моладзевы рух… і будзе служыць ключавой крыніцай інфармацыі для патэнцыйных прыхільнікаў моладзевай апазыцыі, якія могуць пазнаёміцца на ім з мэтамі і стратэгіяй апазыцыйнага руху… Сайт будзе прапагандаваць дзейнасьць апазыцыі, а таксама служыць падпольнай крыніцай інфармацыі аб апазыцыйных мітынгах, дэманстрацыях і спадарожных мерапрыемствах». Маўляў, і сайт гэты прапагандаваць можна безь вялікай рызыкі, пішучы ягоны адрас дзе заўгодна, напрыклад, на дошцы ў аўдыторыі. Праўда, супрацьлеглы бок добра ўсьведамляе такія пагрозы і ўсё больш абмяжоўвае доступ да Інтэрнэту.

Амэрыканскі аналітык кажа пра неабходнасьць выкарыстаньня яшчэ дзьвюх тактык мабілізацыі, якія добра зарэкамэндавалі сябе ва Ўкраіне – графіці і музычных канцэртаў. «Рэжым ня будзе разглядаць канцэрт як нешта відавочна варожае». На жаль, рэжым ужо іх так разглядае, а таму паўтарыць досьвед «Пары» з арганізацыяй дзясяткаў перадвыбарных канцэртаў у Беларусі наўрад ці каму ўдасца. Рэглямэнтацыя грамадзкай актыўнасьці ў Беларусі сягнула шмат глыбей, і хаця здаровы амэрыканскі розум кажа, што канцэрт ня будуць разглядаць з такой падазронасьцю, як дэманстрацыю на плошчы, аднак практычны беларускі розум падказвае, што дазволу на правядзеньне ні першага, ні другога не дадуць.

Апрацоўка масаў. Пасьля пасьпяховай арганізацыі і павелічэньня сваіх шэрагаў моладзевы рух павінен пайсьці ў народныя масы і сказаць людзям праўду пра скарумпаванасьць рэжыму, выгады пераменаў і перавагі сумленнага выбарчага працэсу:

Апрача выкарыстаньня незалежных СМІ, самымі важнымі складнікамі пасьпяховага распаўсюджваньня ідэалаў руху зьяўляюцца: 1) выбар адмысловага стылю, у тым ліку колеру, лёга, слогану ці іншай візуальнай сымболікі; 2) друкаваньне флаераў, сьцяжкоў, маек і іншай рэклямнай прадукцыі, а таксама іх распаўсюд на гарадзкіх плошчах ці ў сетцы грамадзкага транспарту; 3) арганізацыя пікетаў, сядзячых страйкаў і дэманстрацыяў на плошчах у гадзіны, якія найбольш прыдатныя, каб прыцягнуць увагу звычайнага насельніцтва.

Вядома, сучасная рэкляма сягнула вышыняў у распрацоўцы мэтадаў перакананьня чалавека. Але гэткія тэхналёгіі нічога ня вартыя там, дзе іх павярхоўнае ўзьдзеяньне натыкнецца на глыбока закарэнены і штодня падмацоўваны страх сапраўдных ці ўяўных рэпрэсіяў. Зрэшты, сам аўтар прызнае, што моладзевы рух у Беларусі чакаюць значна больш сур’ёзныя выпрабаваньні, чым тое было ва Ўкраіне: «рэжым Лукашэнкі таксама засвоіў навуку Памаранчавай рэвалюцыі. Верагодней за ўсё, Лукашэнка ніколі не дазволіць грамадзянскім хваляваньням дасягнуць узроўню, нават блізкага таму, які дазволілі ўкраінскія ўлады перад выбарамі». Таму трэба спадзявацца на моц і волю апазыцыянэраў.

Дзень «X» – назіраньне за выбарамі і арганізацыя пратэстаў. «Пасьля многіх месяцаў герархічнай арганізацыі, мабілізацыі і раскруткі, а таксама масавага пашырэньня дэмакратычных ідэяў, моладзевы апазыцыйны рух у Беларусі павінен падрыхтавацца да крытычнага дня ў сваёй грамадзянскай кампаніі: выбараў. Каб дасягнуць посьпеху ў дзень выбараў, моладзевы рух павінен скаардынаваць свае дзеяньні з назіральнікамі, што фіксуюць выбарчыя падтасоўкі, супрацоўнічаць з партыяй асноўнага апазыцыйнага кандыдата дый эфэктыўна арганізаваць масавыя мірныя пратэсты ў дзень выбараў, закліканыя прыцягнуць міжнародную ўвагу». На жаль, украінскі тактычны досьвед у гэтым разе зноў выглядае сумнеўна, хаця Джэры Бэкерман і заклікае да яго перайманьня. Арганізаваць масавую кампанію назіраньня за выбарамі ў паўнавартасным выглядзе таксама, хутчэй за ўсё, ня ўдасца. Дамагчыся ж непрызнаньня выбараў у сьвеце для апазыцыі будзе няцяжка, проста ў самой Беларусі ад гэтага нічога ня зьменіцца. Сапраўды, як піша Джэры Бэкерман, толькі «неадкладная рэакцыя на непазьбежныя выбарчыя падтасоўкі вызначыць посьпех вольных і сумленных выбараў у Беларусі»:

Выкарыстоўваючы доказы падтасовак у часе выбараў, моладзевы апазыцыйны рух павінен паведаміць пра гэта народу празь незалежныя СМІ, выпусьціўшы адпаведны прэсавы рэліз… які абвяшчае, што моладзевы рух і народ Беларусі не прымаюць вынікаў выбараў. Гэты грамадзкі прэс-рэліз ня толькі дасьць народу Беларусі знак, што выбарчы працэс нелегітымны, але і будзе служыць апраўданьнем для масавых вулічных пратэстаў, якія моладзевая апазыцыя павінна арганізоўваць, пачынаючы з ночы выбараў і працягваць столькі, колькі трэба, пакуль вынікі выбараў ня будуць афіцыйна абвешчаныя несапраўднымі.

Ува Ўкраіне зрабіць гэта было няцяжка. З пачаткам 2006 году незалежныя СМІ ў Беларусі пазбаўленыя шырокай аўдыторыі, не распаўсюджваюцца праз падпіску і не прадаюцца ў звыклых месцах. І як жа тады паведаміць масам пра падтасоўкі?

Апрача гэтага, яшчэ да выбараў моладзевы апазыцыйны рух павінен пачаць працаваць з асноўным дэмакратычным кандыдатам і ягонай партыяй:

У прэсавы рэліз з нагоды выбараў трэба ўключыць заяву лідэра дэмакратычнай апазыцыі. Лідэр апазыцыі павінен быць цэнтральнай часткай працэсу дэманстрацыяў, гэта прадугледжвае выраб гіганцкіх постэраў з выявай лідэра апазыцыі, слоганы зь ягоным іменем і арганізацыю прамоваў на дэманстрацыях.

Сур’ёзнай праблемай, зь якой не сутыкалася ўкраінская апазыцыя, але якая, відаць, паўстане перад беларускім рухам, будзе адсутнасьць другога туру выбараў.

Упарта вызначаючы ўсё новыя і новыя адрозьненьні паміж Беларусяй і Ўкраінай, Бэкерман працягвае, тым ня менш, распрацоўваць сцэнар паўтарэньня ўкраінскай Памаранчавай рэвалюцыі ў Беларусі. Але зважаючы на глыбокія адрозьненьні паміж беларускай сытуацыяй і сытуацыямі, якія існавалі на момант пачатку каляровых рэвалюцыяў у Грузіі, Украіне ды Кыргызстане, мы ня маем падставаў разглядаць сцэнар разьвіцьця падзеяў у згаданых краінах як рэалістычны і верагодны для Беларусі. Досьвед украінскага руху стратэгічна правільны для Беларусі (як і для кожнай краіны сьвету, якую чакае пераход да дэмакратыі), але тактычна ён для Беларусі нічога ня варты.

Бэкерман сьцьвярджае, што калі б у верасьні 2001 году супраць фальшаваньняў выйшлі пратэставаць ня пара тысячаў, а некалькі сотняў тысячаў чалавек, перамога Лукашэнкі была б пад сур’ёзным сумневам. Але калі б выйшлі некалькі сотняў тысячаў, дык гэта была б іншая краіна зь іншымі ўмовамі. Выбары 2001 году паказалі сапраўдную вартасьць маркетынгава-рэклямных захадаў і «грамадзянскіх кампаніяў», бо нягледзячы на ўсю каляровую апазыцыйную прадукцыю ахвотных галасаваць за апазыцыйнага кандыдата не паболела, а бараніць Палац прафсаюзаў і дэмакратыю прыйшлі толькі нацыяналісты. Тое самае тычыцца і 1996 году.

Таму футурыстычнымі здаюцца такія тактычныя парады, як:

Сьледуючы ўкраінскай мадэлі, трэба ўсталяваць намётавыя мястэчкі на галоўных бульварах і сквэрах ў гарадох ува ўсёй краіне, але перадусім у Менску. Гэтыя намётавыя мястэчкі, укамплектаваныя з актыўных валянтэраў і лідэраў моладзевага руху, а таксама іншых прыхільнікаў справы дэмакратыі і нават простых беларускіх грамадзянаў, што вераць у мэты і ідэі моладзевага руху, павінны быць афарбаваныя ў колеры рэвалюцыйнага руху, там павінны быць сьцягі, мэгафоны ды іншыя візуальныя і аўдыёсродкі дзеля пашырэньня ідэяў руху. Выкарыстаньне знакамітых асобаў і папулярных музычных гуртоў, прыхільных да дэмакратыі, будзе служыць мэтам легітымізацыі пратэстаў. Посьпех вулічных пратэстаў і намётавых мястэчак залежыць выключна ад колькасьці людзей, гатовых прыйсьці, каб падтрымаць дэмакратыю. Гэта дадасьць легітымнасьці і дазволіць пазьбегчы ўражаньня, што гэтыя пратэсты ёсьць толькі разрозьненымі студэнцкімі дэманстрацыямі, дый будзе спрыяць пераадоленьню псыхалягічных бар’ераў, зь якімі сутыкаецца звычайны грамадзянін, які баіцца палітычнай дзейнасьці, перш як далучыцца да дэманстрацыі.

Гэтыя намётавыя мястэчкі і вулічныя пратэсты павінны прыцягваць да сябе ўвагу паспалітых грамадзянаў ужо сваёй маштабнасьцю і зладжанасьцю, бо спадзявацца на ўвагу да іх з боку дзяржаўных мэдыяў не выпадае. Удзельнікі гэтых акцыяў павінны падрыхтавацца доўжыць іх датуль, пакуль вынікі выбараў ня будуць абвешчаныя несапраўднымі. Але «ключом да іх посьпеху будзе міжнародная ўвага, якую яны прыцягнуць». Зважаючы на ранейшы досьвед разгону масавых акцыяў, варта чакаць выкарыстаньня гвалту супраць удзельнікаў намётавых мястэчак:

Як мага большая колькасьць удзельнікаў ня толькі зробіць вайсковую контрапэрацыю больш складанай задачай, але і любая вайсковая апэрацыя супраць такой вялікай дэманстрацыі, праўдападобна, выкліча міжнароднае абурэньне… Шырокамаштабная міжнародная ўвага да ўдзельнікаў пратэстаў абмяжуе магчымасьці… гвалтоўнага разгону негвалтоўных дэманстрацыяў і, праўдападобна, прывядзе да легітымізацыі руху ў вачах беларускага народу.

Аб’яднаньне апазыцыі. Разьдзел дакладу Бэкермана, прысьвечаны аб’яднаньню апазыцыі, пацьвярджае тэарэтычную правільнасьць дзеяньняў апазыцыі ў абраньні адзінага кандыдата. «Аб’яднаньне (unification) і арганізацыя асноўных апазыцыйных палітычных партыяў Беларусі – крытычна важны чыньнік для патэнцыйнага адхіленьня Лукашэнкі ад улады ў 2006 годзе». Каб дасягнуць посьпеху ў стварэньні ў Беларусі дэмакратычнага і празаходняга рэжыму, палітычныя апазыцыйныя партыі павінны:

– аб’яднацца ды абраць адзінага кандыдата, што будзе процістаяць Лукашэнку;

– супрацоўнічаць з дэмакратычнымі НДА і арганізацыямі, што працуюць над зьмяненьнем рэжыму ў Беларусі;

– цесна супрацоўнічаць з моладзевым апазыцыйным рухам у каардынацыі выбарчага працэсу і пашырэньні рэвалюцыйных ідэяў у масах.

Першы пункт гэтага пляну пасьпяхова выконваецца, і шэраг партыяў ужо супрацоўнічаюць. Праўда, вырашальным чыньнікам могуць аказацца хутчэй ня партыі, а недзяржаўныя арганізацыі – НДА, чыя сетка і патэнцыял у краіне пакуль не зусім ясныя. У гэтым палягае вялікае Невядомае будучых падзеяў. (Падобная інтрыга была і ў 2001 годзе, калі вялікім Невядомым былі прафсаюзныя структуры. У выніку выбараў высьветлілася, што значэньне гэтай Невядомай малое, а разьлік на яе пахаваў усю кампанію апазыцыі.) Няважна, як НДА сябе павядуць у выбарчай барацьбе, іх віна палягае ўжо ў тым, што зь іх асяродзьдзя выйшаў галоўны апанэнт Лукашэнкі на гэтых выбарах – Аляксандар Мілінкевіч, як на папярэдніх выбарах з асяродзьдзя прафсаюзаў выйшаў Ганчарык, што стала прысудам для ўсёй незалежнай прафсаюзнай супольнасьці. Таму папярэджаньні Джэры Бэкермана пра неабходнасьць разьмежаваньня паміж НДА і апазыцыяй, каб перадухіліць рэпрэсіі супраць НДА, наўрад ці апраўданыя.

Джэры Бэкерман нястомна паўтарае пра патрэбу цеснай каардынацыі і супрацы паміж моладзевымі групамі і партыямі.

Прынцыпова важна, каб знойдзеныя партыямі грошы ішлі на падтрымку дзейнасьці моладзевай апазыцыі. Супраца з моладзьдзю павінна быць ключавой задачай для палітычнай апазыцыі ў тых сфэрах, дзе моладзь робіць тую чарнавую работу, якой ня могуць зрабіць партыйныя палітыкі. Моладзевы рух ня толькі лепш валодае Інтэрнэтам і зьвязанымі зь ім тэхналёгіямі, але таксама мае добраахвотнікаў, гатовых за сваю справу цярпець пабоі, арышты і нават зьняволеньне. Маладыя ўдзельнікі пратэстаў, што раздаюць улёткі, арганізуюць канцэрты і пратэсты ў гарадзкіх парках, будуць шчытом для палітычных партыяў, якія ня могуць падстаўляць сваё кіраўніцтва пад пагрозу зьняволеньня ці высылкі. У прыватнасьці, апазыцыйны кандыдат Аляксандар Мілінкевіч павінен супрацоўнічаць з моладзевым рухам, каб забясьпечыць зьяўленьне свайго аблічча на постэрах, бігбордах і іншай прапагандысцкай прадукцыі.

Сродкі масавай інфармацыі. Каб пераадолець перашкоды, створаныя рэжымам для дзейнасьці незалежных СМІ, трэба выкарыстаць перавагі сучасных тэхналёгіяў – Інтэрнэту, ТБ і радыёперадаваньня з-за мяжы. Друкаваным СМІ варта самім сысьці ў падпольле, папярэдне стварыўшы друкарні і наладзіўшы пры дапамозе палітычнай апазыцыі і моладзевага руху падпольныя сеткі распаўсюду. Фактычна, гэта ўжо адбываецца.

Бэкерман кажа пра манаполію дзяржаўных мэдыяў, але не заўважае яе татальнага характару ў Беларусі. У Беларусі, напрыклад, ніколі не існавала недзяржаўнага агульнанацыянальнага каналу тэлебачаньня. Сёньня стаіць пытаньне пра выжываньне нават апошніх друкаваных незалежных СМІ. Ідзецца ўжо не пра ахоп большае аўдыторыі ў зьвязку з выбарамі. Ідзецца пра выжываньне – быць альбо ня быць! Апазыцыя не спадзяецца на свае сілы ў гэтай галіне наагул, пакладаючыся на замежнае вяшчаньне.

Каб забясьпечыць пасьпяховае функцыянаваньне незалежных СМІ, прапануецца 1) выкарыстоўваць тэхналягічныя дасягненьні дзеля дзейнасьці СМІ і забясьпечыць вяшчаньне на Беларусь з суседніх краінаў; 2) выкарыстоўваць падпольныя друкарні і сетку распаўсюду, каб абысьці юрыдычныя перашкоды; 3) даваць палітычны прытулак у Эўропе журналістам, якіх перасьледуе рэжым.

Праўда, прызнае Джэры Бэкерман, «апазыцыйныя вэб-старонкі будуць недасяжныя для ключавой аўдыторыі – людзей старэйшага веку з правінцыі, у якіх няма доступу да Інтэрнэту. Аднак гэтая крыніца незалежнай інфармацыі будзе дасягальная для тэхналягічна падкаваных прадстаўнікоў моладзі і старэйшых пакаленьняў у буйных гарадох».

І далей:

Падобна моладзеваму апазыцыйнаму руху, які будзе дзейнічаць у падпольлі, незалежныя СМІ таксама павінны быць гатовыя зьмяніць спосаб друку сваіх выданьняў… Пасьпяховае функцыянаваньне падпольнага друку вымагае двух складнікаў: друкарні і сеткі распаўсюду. Забароненыя да друку газэты й часопісы павінны без адвалокі зьмяніць месца дысьлякацыі і працягваць выхад, хаця б у меншым маштабе ды ў падпольлі. Жыцьцёва важны момант для падпольнага выданьня незалежнага друку – эфэктыўная дапамога яму з боку палітычнай апазыцыі і моладзевага руху.

Палітычная апазыцыя павінна неадкладна аказваць дапамогу СМІ, якія былі зачыненыя ўладамі. Выкарыстоўваючы свае палітычныя сувязі і іншыя сродкі, СМІ павінны перамясьціць сваё абсталяваньне (калі яно ацалела) і свае рэдакцыі ў невядомыя ўладам месцы. У пэўных выпадках разумнай альтэрнатывай будзе перамяшчэньне рэдакцыяў за мяжу, хаця тады занадта складана будзе перакідваць праз кардон у Беларусь вялікія наклады выданьняў. Найлепшым варыянтам для незалежных СМІ будзе разьмяшчэньне падпольных друкарняў у складзкіх комплексах ці іншых складаных для правядзеньня праверак раёнах такіх местаў, як Менск, альбо на фэрмах у вясковай мясцовасьці.

Пасьля пераезду і працягу сваёй работы ў падпольлі, незалежныя СМІ павінны скарыстаць з магчымасьцяў моладзевага руху ў пляне распаўсюджаньня. Газэты й часопісы павінны выкарыстоўваць свае фінансавыя рэсурсы, каб наймаць удзельнікаў моладзевага руху распаўсюднікамі. Моладзевы рух можа выкарыстоўваць пры гэтым тыя ж каналы распаўсюду, па якіх ён рассылае ўлёткі ды іншыя прапагандысцкія матэрыялы… Зноў жа ідэальным спосабам ахопу найвялікшай аўдыторыі будзе распаўсюд у шматлюдных гарадзкіх месцах і ў грамадзкім транспарце.

Хаця большасьць падпольных журналістаў будзе выкарыстоўваць… адпаведныя тэхнікі, каб унікнуць выкрыцьця, аднак надзвычай важна, каб існавала міжнародная сетка бясьпекі для журналістаў незалежных СМІ, якія маглі б уцячы на бясьпечную тэрыторыю…

Апынуўшыся ў бясьпецы за межамі Беларусі, гэтыя журналісты працягнуць, на думку Бэкермана, сваю дзейнасьць на карысьць дэмакратыі і будуць натхняць рух, а таксама спрыяць дэлегітымізацыі рэжыму ў эўрапейскіх краінах і прапагандзе справы апазыцыі.

Міжнароднае ўмяшаньне і падтрымка. «У дадатак да работы, зробленай унутры краіны палітычнай апазыцыяй, моладзевым рухам, НДА і незалежнымі СМІ, адной з самых важных частак прасоўваньня да дэмакратызацыі і зьмяненьня рэжыму ў Беларусі зьяўляецца ўплыў міжнароднай супольнасьці. У авангардзе міжнароднага ціску… будуць Злучаныя Штаты і Эўразьвяз. Дэмакратычная, празаходняя Беларусь выгадная як беларускаму народу, гэтак і ЗША ды ЭЗ... Каб дасягнуць сапраўднай эфэктыўнасьці, ЗША неабходна: 1) узаемадзейнічаць з аб’яднанай палітычнай апазыцыяй у Беларусі, спрыяючы апазыцыйнаму кандыдату і фінансуючы апазыцыю ўнутры Беларусі; 2) супрацоўнічаць з моладзевым апазыцыйным рухам, фінансуючы яго дзейнасьць і забясьпечваючы юрыдычную падтрымку для ягоных лідэраў; 3) увесьці лёгкія эканамічныя санкцыі, а таксама санкцыі, скіраваныя на зьмяншэньне легітымнасьці рэжыму ўнутры краіны, у тым ліку празь візавыя абмежаваньні і абмежаваньні перамяшчэньня кіраўніцтва дзяржавы».

Сёньняшняй адміністрацыі Белага дому трэба дэманстрацыйна сустрэцца зь Мілінкевічам, каб падвысіць ягоную легітымнасьць і паказаць гатовасьць Вашынгтону працаваць з апазыцыйным кандыдатам у выпадку яго абраньня прэзыдэнтам. ЗША разам з апазыцыйным кандыдатам і аб’яднанай апазыцыяй варта распрацаваць супольную плятформу, бо «апазыцыйны кандыдат зможа весьці кампанію, выкарыстоўваючы пэрспэктывы эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларусяй і ЗША».

Больш важна тое, што:

Валодаючы досьведам і ведамі ў правядзеньні сумленных выбараў, ЗША павінны навучыць апазыцыю, як весьці кампанію, ажыцьцяўляць публічныя выступы, назіраць за выбарамі… ЗША павінны цесна супрацоўнічаць з апазыцыяй у распрацоўцы слоганаў і стратэгіяў кампаніі. Яшчэ больш важна, каб ЗША забясьпечылі ўсім неабходным правядзеньне назіраньня ў дзень выбараў… Калі прадстаўнікам ЗША не дазволяць назіраць за выбарамі, ЗША павінны падрыхтаваць беларускіх назіральнікаў і забясьпечыць іх неабходным абсталяваньнем… ЗША павінны падтрымаць кампанію апазыцыйнага руху, у тым ліку празь фінансаваньне НДА і незалежных СМІ…

(Кажучы пра ўсе тыя кантакты і фінансаваньне, варта памятаць, што дэманстрацыйна аказваная дапамога можа мець адваротны эфэкт і дыскрэдытаваць дэмакратычную апазыцыю.)

Апрача чыста фінансавай дапамогі, ЗША могуць адыграць ключавую ролю ў забесьпячэньні юрыдычнай дапамогі моладзевым актывістам, чые правы парушыць рэжым… ЗША павінны ня толькі падтрымліваць НДА, што спрыяюць умацаваньню свабоды слова, сумленным выбарам і правам чалавека, але і... праз сваіх юрыдычных экспэртаў... абараняць лідэраў і актывістаў моладзевай апазыцыі… Іншай добрай альтэрнатывай будзе падрыхтоўка маладых юрыстаў зь Беларусі ў галіне міжнароднага права і юрыдычных аспэктаў абароны правоў чалавека.

Амэрыканскі «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» 2004 году прадугледжвае два віды санкцыяў супраць рэжыму: 1) лёгкія эканамічныя санкцыі і 2) замарожваньне банкаўскіх рахункаў і абмежаваньне замежных паездак кіраўніцтва рэжыму. Бэкерман перасьцерагае ад увядзеньня цяжкіх санкцыяў, якія толькі паспрыяюць захаваньню рэжыму. «Аднак дакладна ажыцьцяўляныя [слабыя] эканамічныя санкцыі могуць паслужыць карыснай мэце, бо ў іх выніку рэжым Лукашэнкі ў вачах народу будзе выглядаць слабым». Праўда, пачынаючы з 1970 году аднабаковыя амэрыканскія санкцыі былі дзейсныя толькі ў 13 % выпадкаў. Таму лепшай альтэрнатывай, на думку амэрыканскага аналітыка, будуць візавыя абмежаваньні для вярхушкі рэжыму, якая дзеля няздольнасьці сустракацца з замежнымі лідэрамі выглядацьме слабой і нелегітымнай.

Але такая сытуацыя захоўваецца з 1997 году і, здаецца, цяперашні рэжым ужо прызвычаіўся да яе. Больш важна для кіраўніцтва Беларусі тое, якую пазыцыю зойме наш сусед Эўразьвяз. Таму любыя дзеяньні з боку Эўразьвязу будуць мець шмат больш уплыву на афіцыйны Менск, чымся ўсе санкцыі Вашынгтону разам узятыя:

Апрача супрацы з палітычнай апазыцыяй і моладзевым рухам, а таксама ўвядзеньня лёгкіх эканамічных санкцыяў і забароны на падарожжы для беларускай вярхушкі, Эўразьвяз павінен зрабіць колькі іншых ключавых крокаў… Найперш, ЭЗ павінен стаць прытулкам для незалежных СМІ, якія будуць ажыцьцяўляць вяшчаньне на Беларусь, напрыклад, радыё- і тэлестанцыяў… ЭЗ павінен забясьпечыць стыпэндыямі для працягу адукацыі маладых беларусаў, выключаных з унівэрсытэтаў за распаўсюджваньне апазыцыйных ідэяў, альбо студэнтаў з унівэрсытэтаў, што былі зачыненыя рэжымам… Урэшце павінен тым ці іншым спосабам адкрыта асудзіць рэжым Лукашэнкі, прыняўшы нешта падобнае да амэрыканскага «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі». Афіцыйны і адзінадушны заклік з Брусэлю да дэмакратычных пераменаў у Беларусі дасьць беларускаму народу сыгнал, што ягоныя эўрапейскія суседзі і ўся міжнародная супольнасьць, а ня толькі ЗША, падтрымліваюць зьмяненьне рэжыму ў Беларусі.

* * *

Як зазначае Джэры Бэкерман, «беларускаму народу пэрспэктывы палітычных пераменаў падаюцца пажаданымі, але складанымі дзеля ажыцьцяўленьня». Таму, працягнем яго думку, так важна гаварыць пра зьмяненьні, пра «рэвалюцыю-перамены-дэмакратызацыю» і г. д. Па-першае, гэта прывучыць людзей не палохацца гэтых словаў. Па-другое, дапаможа знайсьці аптымальныя шляхі ажыцьцяўленьня пераменаў. Таму трэба абмяркоўваць тэму пераменаў, і даклад Джэры Бэкермана, відаць, нечакана для аўтара прыцягнуў да сябе ўвагу беларускіх палітолягаў.

Ахвотным рабіць рэвалюцыю ў Беларусі можна параіць натхняцца каляровымі рэвалюцыямі ў былым СССР, але выйсьці ўрэшце зь іх ценю, бо ў тактычным пляне Беларусь вымагае іншых падыходаў. Краіна больш зьяднаная з рэгіянальнага пункту гледжаньня (чым Грузія, ад якой адкалоліся аўтаномныя ўскраіны), багацейшая эканамічна (чым Украіна ці Грузія) і мае больш адукаванае насельніцтва (чым Кыргызстан).

Стратэгічныя выкладкі Джэры Бэкермана простыя і дзеля таго геніяльна слушныя для ўсяго чалавецтва. Дэмакратызацыя сапраўды пойдзе гэтым шляхам. Але тактыка, то бок сцэнар, выклікаюць шмат пытаньняў што да іх рэалістычнасьці. Праектаваная ім рэвалюцыя – гэта фактычна тэхналягічны працэс. Другі ўдзельнік дэбатаў па Беларусі Енс Віснэр наагул параўноўвае рэвалюцыйную дзейнасьць з карпарацыйнай. Але наўрад ці хто хоча падстаўляць сваю галаву за «карпарацыю» ці тэхналёгію. Ідэі, якія нясе рэвалюцыя, апісваная Бэкерманам, лібэральныя. Яшчэ Бэнэдыкт Андэрсан задаў рытарычнае пытаньне: «Усе бачылі помнікі невядомаму жаўнеру, але ці хто бачыў Помнік невядомаму загінуламу лібэралу?».

Разважаючы пра эвалюцыю ўва ўмовах дыктатуры, варта памятаць, што толькі высокія ідэалы, а не імкненьне да неабмежаванага спажываньня заходніх фільмаў і нашэньня заходняй вопраткі (якія, на думку Бэкермана, забароненыя беларускім рэжымам), заахвоцяць людзей да самаахвярнасьці. На любую тэхналёгію апазыцыі добра арганізаваны дзяржаўны апарат (а ня той, што панаваў у Грузіі, Кыргызстане і Ўкраіне) знойдзе контратэхналёгію. Але супраць высокіх ідэалаў тэхналёгія бясьсільная. Ідэалы – гэта ня доступ да вопраткі і фільмаў, ідэалы – гэта тое, дзеля чаго ахвяруюць, дзеля чаго салідарызуюцца мільёны. Ідэал – гэта калі нехта гатовы нават загінуць, каб пракласьці дарогу іншым. Але гэта ўжо выходзіць за межы тэхналёгіі, а таму ў дакладзе Бэкермана ня згадваецца.

Рэвалюцыя павінна быць натуральным прадуктам тутэйшага грамадзтва. Францускія асьветнікі гадамі пісалі й спрачаліся, каб настаў 1789 год, а марксісты – каб прычакаць 1917 году! Памаранчавая рэвалюцыя таксама вымагала магутнага інтэлектуальнага зруху. Вядома, паспалітыя ўкраінцы не чыталі Рабчука або Кузё, але іх чыталі тыя, хто распрацоўваў стратэгію тае ж «Пары».

На маю думку, перамены ў Беларусі ня толькі будуць ісьці згодна зь іншым «некаляровым варыянтам», але і будуць зыходзіць зь іншых асяродкаў – ня сёньняшніх партыяў і арганізацыяў. Магчыма, вернецца пэрыяд «народнага фронту», калі будзе створаная новая палітычная арганізацыя з нуля.

У Беларусі цяперашнія выбары ня будуць роўныя рэвалюцыі. Рэвалюцыя можа быць прысьпешаная, зьвязаная, аблегчаная сфальшаванымі выбарамі, але адбудзецца яна зь іншай нагоды і па іншым сцэнары, калі ня будзе перадухіленая ў далейшым праз эвалюцыю рэжыму. Развагі пра рэвалюцыю па ўкраінскім сцэнары ў Беларусі 19 сакавіка павінны суправаджацца адной істотнай заўвагай – калі Бог даруе цуд.

  выпускнік факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ. Вывучае ісламскую тэалёгію. Аўтар часопісаў «ARCHE», «Палітычная сфера», «Праўнік», «Минарет».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 3 (43) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/19