A R C H E П а ч а т а к № 3 (43) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


3-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка•крытыка•гісторыя•эсэістыка•літаратура•палеміка•рэцэнзіі

 


аналітыка

  АЛЕНА КАРАСЦЯЛЁВА

У афармленьні вокладкі выкарыстаны фрагмэнт карціны Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 г.» (1955). Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1,2’2006)
   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Алена Карасцялёва
Якасць дэмакратыі ў Беларусі й Украіне


УВОДЗІНЫ

Мэта артыкула – разгледзець і параўнаць асаблівасці дэмакратыі1 ў Беларусі і Украіне і вызначыць, якія тыпы дзяржаўнага ладу развіваюцца ў гэты момант у гэтых краінах.

Аднак перш-наперш неабходна акрэсліць некаторыя зыходныя прынцыпы. Па-першае, якімі б «няўстойлівымі» або «ілюзорнымі» ні падаваліся новыя рэжымы, мы будзем разглядаюць іх не як пераходныя, а як кансадаваныя сістэмы. То бок мы падыходзім да іх як да сістэмаў, што ўжо набылі пэўны ўзровень «нармальнасці», з уласцівай ёй адноснай стабільнасцю і прадказальнасцю.

Па-другое, дарма што тэрмін «дэмакратыя» ўжываецца ўжо больш за дзве тысячы гадоў – дагэтуль застаецца шмат няяснасцяў адносна яго значэння, а таксама і магчымых формаў дэмакратыі. Значыць, застаюцца пытанні адносна больш і менш дэмакратычных рэжымаў. З сучасных паліталагічных дыскусій відаць, як цяжка знайсці вызначэнне сучасным рэжымам, бо іх колькасць імкліва расце, яны робяцца ўсё больш і больш размаітымі. З аднога боку, у наш час «сталейшыя» палітычныя сістэмы ў сваім развіцці набываюць рысы, што часам прымушаюць нас сумнявацца ў слушнасці традыцыйнага разумення дэмакратыі. З другога боку, паўстаюць новыя рэжымы, звязаныя з больш складаным і неаднародным грамадска-палітычным кантэкстам. Таму трэба на канцэптуальным узроўні высветліць, што ж насамрэч неабходна разумець пад паняткам «сучасная дэмакратыя». Такім чынам, у нашым доследзе мы будзем зыходзіць з таго, што формаў дэмакратыі – ад ліберальнай да дэлегатыўнай і дэмагагічнай – можа быць столькі, колькі дзяржаў. Адзіная неабходная ўмова – Канстытуцыя фармальна гарантуе грамадзянам магчымасць выбіраць і кантраляваць уладу2.

Па-трэцяе, з вышэйсказанага вынікае, што ліберальная дэмакратыя (дэмакратыя ў традыцыйным заходнім разуменні) – неабавязкова адзіны або найлепшы спосаб арганізацыі ўстойлівага кіравання. Могуць існаваць і іншыя палітычныя сістэмы, якія тэарэтычна маглі б спаборнічаць з дэмакратыяй у кіраванні стабільнымі дзяржавамі, дзе захоўваецца культурная разнастайнасць і забяспечваюцца структурныя асновы для партнёрства паміж сацыяльнымі групамі.

Нарэшце, тут мы падыходзім да апошняга ўступнага тэзіса. Важна не толькі ўдасканаліць наша разуменне дэмакратыі як такой, але і знайсці адпаведны інструментар, каб вызначаць ступень развіцця дэмакратыі. У сваёй працы мы трымаемся лініі Гільерма О’Донэла, які ў вызначэнні дэмакратыі нароўні з выбарамі і свабодамі нястомна падкрэслівае ролю «дзейных асоб» (agency) (у тэрміналогіі Арыстоцеля – грамадзян), калі кожны чалавек успрымаецца «як асоба з гледзішча закона, асоба, надзеленая правамі суб’екта, які робіць выбар і нясе за яго адказнасць»3. Мы пакажам, што вызначэнне дэмакратыі паводле наяўнасці фармальных працэдур, такіх як «свабодныя і справядлівыя выбары» і спадарожныя ім некаторыя «свабоды або гарантыі», магчыма, недастатковае. З яго не зразумець, як дзейнічае дэмакратыя і чаму шмат якія новыя рэжымы не прыходзяць да ліберальнай дэмакратыі. Замест вызначэння паводле фармальных працэдур трэба звярнуць увагу на «асвечанае разуменне» (enlightened understanding) грамадзянамі дэмакратыі і яе інстытуцыйных формаў, трэба пераасэнсаваць значэнне «дзейных асоб», якія выступаюць у прававых рамках новай устойлівай дзяржсістэмы.

ПЕРААСЭНСАВАННЕ РОЛІ «ДЗЕЙНЫХ АСОБ» У ВЫЗНАЧЭННІ ДЭМАКРАТЫІ

У найбольш папулярных вызначэннях дэмакратыі, па сутнасці, за аснову бярэцца практыка выбараў, бо менавіта яны даюць грамадзянам магчымасць ажыццяўляць сваё права голасу і выбіраць кіраўніцтва, якое ім больш падабаецца.

Аднак практыка некаторых сучасных рэжымаў паказвае, што нават калі рэгулярнае правядзенне выбараў замацаванае ў заканадаўстве, калі выбарцы маюць права ўдзельнічаць у выбарах і вылучаць свае кандыдатуры, калі сам рэжым – устойлівы, усё роўна сістэма не робіцца ад гэтага больш дэмакратычнай – у найлепшым выпадку яна застаецца «квазідэмакратыяй». Таму О’Донэл выказвае меркаванне, што няяснасці ў канцэптуальным вызначэнні сучаснай дэмакратыі выкліканыя не колькасцю і разнастайнасцю новых рэжымаў, а тым, што ў вызначэнне дэмакратыі дасюль не ўключаліся грамадзяне як «самастойныя, разумныя і адказныя сацыяльныя істоты»4.

  палітоляг. У 1994 годзе скончыла БДУ, затым атрымала ступень магістра ў Манчэстэрскім унівэрсытэце і доктара – ува ўнівэрсытэце г. Бат. Працавала на катэдры палітыкі ўнівэрсытэту Глазга, з жніўня 2004 – супрацоўніца катэдры міжнароднай палітыкі Валійскага ўнівэрсытэту ў Абэрыстуіце. Адна з укладальнікаў і рэдактараў кніг «Contemporary Belarus: Between Democracy and Dictatorship (London and New York: Routledge Curzon, 2002), «Postcommunist Belarus» (Lanham, MD: Rowman & Littlefield, 2004). Гэты артыкул напісаны ў 2003 годзе, таму некаторыя выкладзеныя ў ім факты пасьпелі састарэць. Друкуецца ў скароце.

1 Для мэтаў нашай працы Беларусь і Украіну лепей разглядаць як выпадкі «квазідэмакратыі», дэкаратыўнай дэмакратыі, што мае дэмакратычны фасад, за якім хаваюцца маладэмакратычныя парадкі, ці, кажучы словамі Арыстоцеля, «дэмакратыю-дэмагогію». Такі падыход дапаможа лепей зразумець усе ўласцівыя гэтай сістэме адрознасці, якія ўскладняюць або нават вяртаюць назад рух да дэмакратыі, замяняючы яго аўтарытарнымі практыкамі.

2 Пад дзяржавай тут разумецца форма кіравання, «поліс, што з’яўляецца не месцам ці сродкам, а сумесным удзелам грамадзян у канстытуцыі». Гл.: Aristotle. The Politics and The Constitution of Athens / Ed. by Stephen Everson. – Cambridge: Cambridge University Press, 1996. Паколькі кожная дзяржава ствараецца па-рознаму, адлюстроўваючы культурную і структурную разнастайнасць яе грамадства, ніводная асобна ўзятая дзяржава не падобная да іншай, нават калі яны падзяляюць тую самую Канстытуцыю; гэта абумоўлівае разнастайнасць дэмакратычных формаў кіравання.

3 O’Donnell G. Democracy, Law and comparative Politics. Working paper No. 274. Notre Dame: IN, Kellogg Institute Series, University of Notre Dame Press, 2000. P. 35.

   
Новы рэжым, прымаючы інстытуты дэмакратыі (выбары, канстытуцыю, парламент і гэтак далей), адначасова ўсталёўвае прававую сістэму, якая прызнае правы і абавязкі асобы з гледзішча закону. Аднак калі інстытуцыйныя атрыбуты не абапіраюцца на замацаваныя ў грамадзтве маральныя арыенціры, можа ўзнікаць рэзкае разыходжанне «паміж гэтымі правамі і агульнай структурай грамадства». Функцыянаванне гэткага рэжыму вызначаецца не столькі інстытуцыйнымі і прававымі рамкамі, колькі разуменнем чаканняў людзей і іх паводзін. Будаваць дэмакратыю ў гэткіх абставінах – усё адно што будаваць карабель у моры. Гэта будзе спроба ўзвесці інстытуцыйна-прававую надбудову дэмакратыі на няісным або недастатковым сацыяльным падмурку такога грамадства. У выніку зазвычай новыя рэжымы або рухаюцца па коле (як ува Украіне) або пераходзяць да аўтарытарнага кіравання (як у Беларусі), бо электарат не гатовы да шматбаковага ўзаемадзеяння з абранай ім уладай, не гатовы напоўніць прынесеную канцэпцыю дэмакратыі зместам «палітычнай адказнасці». Больш за тое, пры гэткіх рэжымах палітычная свядомасць, ці «дасведчанасць», грамадзян аслабляецца пры дапамозе наагул дзейснай прававой сістэмы, якую часцяком умацоўваюць, каб зрабіць служкай улады, а не простых грамадзян. Прычынай – няўменне падначаленых весці з прызначаным кіраўніцтвам дыялог аб сваіх правах.

ЗНАЧЭННЕ ДЭМАКРАТЫІ-ДЭМАГОГІІ

Арыстоцель зазначаў, што з усіх магчымых формаў дэмакратыі адна асабліва падпадае пад маніпуляванне і дыктат алігархіі – ён называе яе «дэмакратыяй-дэмагогіяй». Не на карысць гэтага тыпу дэмакратыі сведчыць яе канстытуцыйная неправамоцнасць, бо пры ёй указы маюць большую вагу, чым закон:

Ёсць розныя формы дэмакратыі... пятая форма дэмакратыі – такая, у якой найвышэйшая ўлада належыць не закону, а большасці: яе ўказы маюць вяршэнства над законам. Гэткі стан рэчаў ствараюць дэмагогі... Дэмагогі робяць так, каб пастановы народу адмянялі законы, усё выносячы на народны сход. І так яны ўзвялічваюцца, бо ўсё ў руках народу, а ў іхных руках – галасы паслухмянага ім народу...

Тым не менш Арыстоцель называў гэты рэжым ад пачатку формай дэмакратыі. У дэмакратычным кантынууме дэмакратыя-дэмагогія ўяўляе сабой памежны выпадак. Гэта і не дэмакратыя, і не дыктатура, а своеасаблівая «квазідэмакратыя», «нібы»-дэмакратыя. Ёй уласцівая ўстойлівасць улады і «квазі»-дэмакратычнасць сістэмы – што, аднак, «квазі»-задавальняе грамадзян.

Тым не менш, сутнасць гэткай дэмакратыі – у маніпуляванні. І як б ні стваралася ўражанне квазі-далучанасці звычайных грамадзян да ўлады, канкурэнцыі тых, хто пры ўладзе, за галасы грамадзян – усё роўна праглядаецца моцны ўхіл у бок уладных сілаў – дэмагогаў. Яны карыстаюцца нізкім узроўнем грамадскай свядомасці, каб на законных падставах атрымаць ад гэтай сістэмы выгоды сабе.

Квінтэсенцыю дэмакратыі-дэмагогіі складаюць адукаванасць грамадзян і грамадская повязь паміж уладай і звычайнымі грамадзянамі, бо кіраўнік можа «ўладарыць» над законам, толькі калі мае поўную легітымнасць і поўную згоду з боку кіраваных. Гэтую грамадскую повязь складае ўзаемная задаволенасць і захапленне, а таксама разуменне, што адзін без другога абодва бакі не змогуць ажыццяўляць уладу. Кіраўніку патрэбны «натоўп», на які б абапіралася ягоная ўлада. Умацоўваючы яе, ён будзе патрабаваць калектыўнага ўслаўлення, палкай падтрымкі ягоных подзвігаў. Ён пачынае ўспрымаць іх як вялікі «бескарыслівы» дарунак уласнаму народу і лічыць за абавязак працягваць сваё «кіраванне». Простаму народу, у сваю чаргу, патрэбна адчуванне далучанасці да ўлады і ўплыву на прыняцце рашэнняў – гэта дадае ім даверу да ўлады і ўпэўненасці ў слушнасці свайго выбару. Апроч таго, ува ўладзе ім патрэбны сябар, просты чалавек, які можа зразумець іх патрэбы і абараніць іх погляды. Гэткім чынам яны ўцягваюцца ў «заклятае партнёрства», калі замест таго, каб палепшыць сваё становішча, людзі жывуць у бясконцым чаканні перамен, бо вераць няспынным публічным абяцанням і ўскладаюць надзеі на змены Канстытуцыі. Часовую перамогу атрымлівае ўлада, якая працягвае кіраваць пры дапамозе дыялога, а калі той больш не дзейнічае, дык і праз прымус. Чым далей трывае такое партнёрства, тым верагодней, што яно набудзе рысы тыраніі і перажыве свой дэмакратычны фармат. Каб захаваць належны баланс улады, як правіла, будуць ужывацца прыхаваны гвалт, прымусовая мабілізацыя масаў і ўвядзенне дзяржаўнай ідэалогіі – да тае пары, пакуль натоўп з уласнага досведу не зразумее (згадайма «дасведчанасць»), наколькі неадэкватнае такое партнёрства.

Выспяванне дэмакратыі-дэмагогіі можа быць доўгім і пакручастым. Яна набывае ўстойлівасць, калі адпаведныя дачыненні замацоўваюцца заканадаўча. Па змене ўлады старая прававая сістэма можа захавацца і стрымліваць развіццё новага ладу. Тыповыя прыклады таго, як укараняецца дэмакратыя-дэмагогія, прасочваюцца ў сітуацыі ўва Украіне і асабліва ў Беларусі, дзе змяненне ў 1996 г. Канстытуцыі адкрыла шлях да кіравання праз дэкрэты і прэзідэнцкае ўсеўладдзе. Трымаецца гэты лад на недасведчаным натоўпе, які не разумее механізмаў дэмакратыі.

ДЭМАКРАТЫЯ-ДЭМАГОГІЯ Ў БЕЛАРУСІ І ВА УКРАІНЕ: ПАПЯРЭДНІЯ ВЫСНОВЫ

У святле вышэйпрыведзеных разважанняў пра дэмакратыю варта задаць пытанне: ці належаць Беларусь і Украіна да выпадкаў дэмакратыі-дэмагогіі? Ані цалкам аўтарытарныя, ані цалкам дэмакратычныя, яны, хутчэй, трапляюць пад азначэнне «квазі-дэмакратыі». Так, яны маюць інстытуцыйна замацаваныя выбары і пэўныя свабоды, прадстаўніцтва на ўсіх узроўнях і канстытуцыйнае кіраванне, калі фармальна ўсе падпарадкоўваюцца закону і без згоды народу не прымаюцца ніякія папраўкі. Аднак прававая сістэма працуе не на тое, каб абараніць грамадзян – то бок «разумных, адказных асоб з гледзішча закону», а на тое, каб надаць легітымнасць тым, хто пры ўладзе. Яна дзейнічае як праз дэкрэты і канстытуцыйныя рэформы, гэтак і праз нябачныя механізмы прававога кантролю і маніпулявання. Кантроль узмацняецца, каб абмежаваць магчымасці выбарцаў падвысіць узровень палітычнай пісьменнасці, а значыць, і навыкі дыялога з уладай, што да іх правоў і абавязкаў.

Беларусь і Украіна – два маладыя рэжымы, якія, падобна, адпавядаюць (у рознай ступені) «працэдурнаму» вызначэнню дэмакратыі. Іх можна аднесці да дэмакратыі-дэмагогіі, або «квазідэмакратыі», што прадугледжвае пэўныя інстытуты дэмакратыі, аднак не забяспечвае ўмоваў, каб грамадзяне дзейнічалі згодна з адпаведнымі «маральнымі прынцыпамі». У Беларусі ўлада няспынна ўдасканальвае майстэрства «нібы-дыялога» і «нібы-партнёрства» з грамадзянамі. Узяць хоць бы наступнае выказванне беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі: «Калі народ вызначыць, што я магу яшчэ працаваць прэзідэнтам у Беларусі, значыць Лукашэнка будзе працаваць. Калі народу я абрыдаў, то, ведама, я навязваць сябе не буду, паверце. Мне хапіла і за гэтыя гады» 5. Ува Украіне ж у дадзены момант* «вярхі» дзеля захавання ўлады робяць усё магчымае, каб перагледзець свае патрэбы і абмежаваць палітычную адукаванасць і палітычную пісьменнасць народу.

  4 Тамсама.

   
Каб зразумець, як функцыянуюць абодва рэжымы і якую будучыню ім рыхтуе дэмакратыя-дэмагогія, разгледзім modus operandi грамадскай думкі – традыцыйна лічыцца, што менавіта ад яе залежыць стабільнасць або нестабільнасць рэжыму. Мы спынімся на тым, як людзі разумеюць дэмакратыю, якой логікай яны кіруюцца пры галасаванні і чаму падтрымліваюць цяперашніх лідэраў.

НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ АПЫТАННІ Ў 1998 І 2003 гг. 6

  5 Гл. поўны тэкст інтэрв’ю Лукашэнкі праграме «Личный вклад» ад 19 ліпеня 2003 г. на (снежань 2003 г.).

* Артыкул напісаны ў 2003 г. - Заўв. перакл.

   
Апытанні 2003 г. у Беларусі і ва Украіне распрацоўваліся такім чынам, каб адлюстраваць усе трансфармацыі грамадскай думкі з 1998 да 2003 г. За гэтыя пяць гадоў у грамадстве выспявалі пэўныя перамены – да іх спрычыніліся і іх засведчылі як парламенцкія (у 2000 г. у Беларусі і ў 2002 г. ува Украіне), так і прэзідэнцкія (у 2001 г. у Беларусі і ў 1999 г. ува Украіне) выбары. Ад пачатку 1990-х гэта ўжо трэці цыкл выбараў, таму можна было б меркаваць, што ў грамадстве замацаваліся пэўныя свабоды, неад’емныя ад свабоднай і сумленнай барацьбы за галасы выбарцаў7. Каб выявіць іх разуменне дэмакратыі, а таксама вызначыць, ці змяніліся іх каштоўнасці і ступень даверу да розных інстытутаў, рэспандэнтам прапанавалі спіс пытанняў, падобных да тых, што задаваліся ў 1998 г.

Чакалася, што за 12 гадоў існавання дэмакратычных інстытутаў (такіх, як выбары, парламент, адносна свабодныя СМІ, суды і інш.) выбарцы ўспрынялі дэмакратычны дыскурс на ўзроўні як установак, так і паводзін. Аднак гэтага не адбылося. Вынікі апытанняў у вялікай ступені выяўляюць непаслядоўнасць у каштоўнаснай арыентацыі людзей і іх паводзінах. Высветлілася, што грамадзяне абедзвюх краін гатовыя падтрымліваць дэмакратыю «фармальна», але не на ўзроўні «сацыяльных установак», паводзін і перакананняў. Іншымі словамі, хоць інстытуцыйныя атрыбуты дэмакратыі паспяхова ўкараніліся і занялі трывалае месца ў грамадскай думцы, але каштоўнасныя арыентацыі збольшага не змяніліся або з часам рэгрэсавалі ў бок больш «аўтарытарных» поглядаў.

Калі казаць пра станоўчае, назіраюцца некаторыя заўважныя змены ў стаўленні да дэмакратычных інстытутаў. Апытанні 2003 г. сведчаць, што людзі наагул выступаюць супраць прамога прэзідэнцкага кіравання, цэнзуры СМІ і забароны партый. Яны таксама лічаць антыдэмакратычным і негуманным выкарыстанне міліцыі і войскаў для разгону дэманстрацый, судовыя прысуды ўдзельнікам акцый пратэсту і прыняцце парламентам закона аб забароне дэманстрацый. Больш за тое, у абедзвюх краінах большасць рэспандэнтаў бачыць выбары найлепшым спосабам прыходу да дэмакратычнай улады, а парламент лічыць неабходным «для паляпшэння сітуацыі ў краіне» (гл. Табліцу 1).

Табліца 1. Грамадскае стаўленне да дэмакратычных інстытутаў і каштоўнасцяў, 2003
Ці ўхваляеце вы… Беларусь (%) Украіна (%)
Так ці хутчэй так Не ці хутчэй не Так ці хутчэй так Не ці хутчэй не
Простае прэзідэнцкае кіраванне 44 43 36 55
Строгую цэнзуру СМІ 28 61 29 63
Забарону партый і грамадскіх арганізацый 24 58 28 51
Ужыванне міліцыі для разгону акцыяў пратэсту 20 67 9 84
Судовыя пакаранні 22 64 9 79
Законы, што забараняюць пратэсты 10 76 5 87
Ужыванне войска для разгону акцый пратэсту 7 81 3 93

Заўвагі: Прыведзеныя вынікі засноўваюцца на пытаннях: «Ці згодныя вы з тым, што ў выпадку надзвычайнай сітуацыі было б лепей, калі б (а) прэзідэнт абвясціў простае прэзідэнцкае кіраванне; (б) уводзілася б строгая цэнзура СМІ; (в) мы б пазбавіліся ад палітычных партый і грамадскіх арганізацый; (г) правы міліцыі былі б пашыраныя; (д) суды выносілі б жорсткія прысуды, каб пакараць удзельнікаў акцый пратэсту; (е) урад прыняў бы законы, якія б забаранялі грамадскія пратэсты; (ё) урад ужыў бы войска для спынення забастовак?» Сума лічбаў па гарызанталі не складае 100 працэнтаў, бо былі іншыя варыянты адказу («не ведаю» і «адмовіўся адказаць»), выключаныя з аналізу. Працэнтныя дадзеныя акругляліся да цэлай лічбы, 0,5 працэнта акруглялася ў бок павелічэння.

Крыніца: Апытанні, замоўленыя аўтаркай.

Аднак гэтым пазітыўным тэндэнцыям у развіцці грамадскай думкі супярэчыць той факт, што траціна насельніцтва ў абедзвюх краінах не магла вызначыць, якую ролю адыгрывае парламент, і была пэўная, што дэмакратыя – чужы для іх краіны дзяржаўны лад. Каля паловы не бачыла ніякай розніцы паміж наяўнымі партыямі, а большасць лічыла, што партыі служаць інтарэсам іх лідэраў. Больш за тое, у абедзвюх краінах абсалютная большасць рэспандэнтаў меркавала, што палітыкам нельга давяраць, што тыя заўжды маніпулююць грамадскай думкай на сваю карысць. Гэтая лічба павялічылася з 1998 г. на 10 % у Беларусі і на 20 % – ува Украіне.

Гэтыя тэндэнцыі выяўляюцца яшчэ больш яскрава ва ўяўленнях пра дэмакратыю. Напрыклад, на пытанне, што азначае дэмакратыя і што разумеюць пад гэтым словам рэспандэнты, толькі 3 % у Беларусі і, як ні дзіўна, 1 % ува Украіне адказалі, што ў іх уяўленні дэмакратыя азначае «ўладу народу». Што «дэмакратыя дае людзям магчымасць паўплываць на прыняцце рашэнняў у краіне» і прадугледжвае «асабістую адказнасць, павагу для іншых і боль абавязкаў», адказалі толькі 1 % апытаных у Беларусі і 0 % ува Украіне. Каля траціны рэспандэнтаў у абедзвюх краінах звязвалі дэмакратыю з забеспячэннем свабод, асабліва свабоды выказвання і сходаў, а ў некаторых выпадках і абсалютнай свабоды. Вельмі мала хто згадваў законнасць, правы чалавека і роўнасць. У Беларусі на другое месца ў адказе на пытанне, што вы разумееце пад дэмакратыяй, займаў варыянт «крызіс і поўная анархія», а больш за адну пятую апытаных у абедзвюх краінах палічыла пытанне занадта складаным. Тым не менш, уражвае, наколькі па-рознаму апытаныя вызначылі дэмакратыю: ад «чагосьці адрознага ад камунізму», «годнага жыцця» і «жыцця без азірання назад, свабоднага ад страху» да «невыканальнай місіі» і «палітычнага рэжыму ЗША».

Калі параўнаць гэтыя вынікі з дадзенымі 1998 г., адзінай станоўчай зменай, якую можна заўважыць, будзе нязначнае памяншэнне колькасці тых, хто не вызначыўся з адказам. Магчыма, гэта сведчыць, што людзі нарэшце пачынаюць больш дакладна фармуляваць сваё стаўленне да дэмакратыі. Аднак за апошнія пяць гадоў амаль або зусім не паболела тых, хто высветліў, што дэмакратыя звязаная з «забеспячэннем свабод». І наадварот, падобна, што некаторыя сутнасныя рысы дэмакратыі страцілі прывабнасць для насельніцтва (гл. Табліцу 2).

Табліца 2. Грамадскае разуменне дэмакратыі, 2003 і 1998 гг.
Што для вас азначае слова «дэмакратыя»? Беларусь (%) Украіна (%)
Забеспячэнне свабод (усіх свабод) 30 (-0,9) 23 (-14,7)
Крызіс, анархія, карупцыя 13 4
Цяжка сказаць 13 (-16,7) 19 (-8,6)
Падпарадкаванне закону 6 (-0,6) 9 (-1,1)
Абарона правоў чалавека 5 (+1) 3 (-8,8)
Поўная свабода 3 11
Улада народу 3 (-9,9) 1 (-5,5)
Роўнасць 1 9

Заўвагі: Працэнтныя змены паміж вынікамі апытанняў 1998 г. і 2003 г. па тых вызначэннях дэмакратыі, якія паўтараліся рэспандэнтамі, прыведзеныя ў дужках. Знак + або - паказвае на павелічэнне ці памяншэнне колькасці прыхільнікаў аднаго і таго ж меркавання. Працэнты акругляліся да бліжэйшай цэлай лічбы. Сума дадзеных у слупках не роўная 100 %, бо адабраныя варыянты адказаў, якія набралі больш за 1 % і маюць асаблівае значэнне для дадзенай працы.

Крыніца: Апытанне, замоўленае аўтаркай, і вытрымкі з апытання 1998 г. «Разуменне дэмакратыі», гл. зноску 6.

Параўнанне апытанняў 1998 і 2003 гг. таксама выяўляе безумоўны рост па ўсіх пазіцыях прыхільнасці да «антыдысідэнцтва», аднадумства і аўтарытарызму (гл. Табліцу 3). Разыходжанні выяўляліся толькі пры ацэнцы ролі іншадумства і прысутнасці замежнікаў, што крытычна ставяцца да ўрада.

Табліца 3. Грамадскае стаўленне да «аўтарытарных каштоўнасцяў»
Ці лічыце вы, што...? Беларусь (%) Украіна (%)
Так ці хутчэй так Не ці хутчэй не Так ці хутчэй так Не ці хутчэй не
Грамадства не павінна талерантна ставіцца да палітычных поглядаў, рэзка адрозных ад поглядаў большасці 49 (+12) 36 40 (-0,9) 42
Трэба забараніць дэманстрацыі і маршы пратэсту за распальванне экстрэмізму і беспарадкаў 46 (+1) 34 48 (-2,1)
Свабода выказвання можа быць шкоднай, калі яна дазваляе існаванне розных экстрэмісцкіх поглядаў 49 (+4) 28 39 (-0,8) 46
Лепей жыць ва ўпарадкаваным грамадстве, чым дазваляць, каб пэўнымі свабодамі карысталіся для таго, каб нас знішчыць 47 (-0,2) 33 49 (-13) 40
Тым, каму не падабаецца наш лад жыцця, нельга даваць магчымасць выказвацца 20 71 (+8) 19 73 (+12)
Замежнікаў, якія крытыкуюць наша кіраўніцтва, належыць выдаляць з краіны 36 (-0,2) 52 (+7) 38 (-2,1) 50 (+9)
Заўвага: Працэнтныя змены паміж 1998 і 2003 гг. па пытаннях, якія паўтараліся, падаюцца ў дужках. Працэнты акругляліся да бліжэйшай цэлай лічбы.

Паміж краінамі назіраецца на некаторае відавочнае падабенства ў развіцці грамадскай думкі. Але калі прааналізаваць стаўленне людзей да палітыкі, праступаюць відавочныя адрозненні. У Беларусі 58 % апытаных не абыходзіць, хто мае ўладу, пры ўмове, што сітуацыя ў краіне паляпшаецца – між тым 76 % украінцаў хвалюе «характар лідэрства». Зноў-такі, 47 % беларусаў, хутчэй, схільныя не ўмешвацца ў палітыку, бо гэта можа пацягнуць за сабой небяспечныя наступствы – а 86 % украінцаў не згодныя з гэтым меркаваннем. Так ці інакш, большасць апытаных у абедзвюх краінах пагадзілася, што «простых людзей ніколі не дапусцяць да ўлады». Нягледзячы на сваю яўную пасіўнасць, ашаламляльная колькасць – 46 % беларусаў (+27 %) – лічыць, што ўдзел у палітыцы – гэта «абавязак», а 75 % украінцаў трымаюцца супрацьлеглага меркавання.

Яшчэ адно сведчанне таго, ці людзі маральна гатовыя ўзаемадзейнічаць з уладай, весці дыялог наконт сваіх правоў і абавязкаў – давер людзей да розных інстытутаў. Выявілася, што ў сярэднім давер да іх з 1998 г. у абедзвюх краінах вырас на 10 %. Аднак пры гэтым давер беларусаў да свайго прэзідэнта ўпаў на 10 % (тым не менш, ён сягае 65 % і застаецца вышэйшы, чым да любога іншага палітычнага інстытута ў краіне, апрача арміі*). У Беларусі найменш давяраюць такім інстытутам, як палітычныя партыі (12 %, на 7 % больш за 1998 г.), прафсаюзы (23 %, на 1 % больш), парламент (30 %, на 3 % менш) і суды (32 %, на 5 % больш). Ува Украіне ж найменшым даверам карыстаюцца партыі (14 %, на 10 % больш за 1998 г.), прэзідэнцкая адміністрацыя (20 %), парламент (21 %, на 13 % больш), а таксама прэзідэнт (23 %, на 12 % больш) і ўрад (23 %, на 14 % больш).

  6 Нацыянальныя апытанні замаўляліся аўтаркай у сакавіку-красавіку 2003 г. у Беларусі (Цэнтр сацыяльна-палітычных даследаванняў БДУ) і ва Украіне (SOCIS–Gallup). Агульнанацыянальная выбарка ўключала 1000 дарослых, старэйшых за 18 гадоў, у Беларусі і 1250 ва Украіне; апытанне кожнага праводзілася асабіста; ступень імавернасці 99,47 %. Вынікі за 1998 г. узятыя з даследавання ’Understanding Democracy’, якое выконвалі тыя самыя арганізацыі ва Украіне і ў Беларусі. Вынікі пацвердзіліся пры зборы матэрыялу аўтаркай (у снежні 2000 – студзені 2001 гг.) у рамках даследавання EU–INTAS research (99–0245) у партнёрстве з вышэйзгаданымі арганізацыямі.

7 Гэта перыяд, які асацыюецца з адносна свабоднымі і сумленнымі выбарамі. Выбары 1990 г. у гэтай працы не прымаюцца да ўвагі.

   
Страхі людзей у абедзвюх краінах таксама адрозніваюцца. У Беларусі каля 86 % насельніцтва заклапочаныя збядненнем, узмацненнем дзяржаўнай апекі і тым, што ім бракуе сродкаў на адзенне, лекі і ежу (пералік у парадку памяншэння). Ува Украіне асноўны клопат – карупцыя і ўмяшанне дзяржавы (88 % апытаных), а таксама рост няроўнасці і некампетэнтнасць уладаў. Перспектыва дыктатуры ў абедзвюх краінах пужае найменш – яе баяцца толькі 13 % у Беларусі і 47 % ува Украіне.

Калі падсумоўваць усё вышэйсказанае, то, паводле нядаўніх апытанняў, пасля блізу 15 гадоў перамен і існавання дэмакратычных інстытутаў грамадзяне абедзвюх краін па-ранейшаму дэманструюць непаслядоўнасць поглядаў і супярэчлівасць у ацэнках структур і прынцыпаў дэмакратыі.

Як пазітыўны знак можна ўспрымаць тое, што на сённяшні дзень грамадзяне ўжо звыкліся з прысутнасцю інстытутаў дэмакратыі, хаця дзейнасць і ўплыў на сістэму некаторых з іх (напрыклад, партый, парламентаў, судоў) па-ранейшаму ацэньваюцца досыць нізка. Магчыма, гэта ў большай ступені тлумачыцца практыкай іх дзейнасці, чым зместам іх як інстытутаў.

Што па-ранейшаму моцна хвалюе, дык гэта заўважнае разыходжанне паміж тым, як людзі ўспрымаюць дэмакратыю «інстытуцыйна» і «эмацыйна». Хоць яны дзейнічаюць у адпаведнасці з новымі інстытуцыйнымі рамкамі, але адначасова выказваюць нецярпімасць да іншадумства і відавочную памяркоўнасць у дачыненні моцных лідэраў і кіравання пры дапамозе дэкрэтаў (асабліва ў Беларусі). Яны могуць вітаць выбары і шматпартыйнасць, аднак пры гэтым ні на каліва не давяраць ніводнаму з узроўняў улады і не ўдзельнічаць у галасаванні. А такім чынам касуецца партнёрства паміж уладамі і звычайнымі грамадзянамі – сваё права выбару і прыняцця рашэнняў народ «дэлегуе» прызначаным на пасады чыноўнікам. Іншымі словамі, хоць у грамадстве ўкараніліся і прымаюцца інстытуты дэмакратыі, аднак людзі не маюць да іх даверу і не адчуваюць з імі сувязі.

Выявілася, што насельніцтва Беларусі больш падрыхтаванае служыць ідэям дэмакратыі «як інстытутам» і «з абавязку». Аднак у сваіх поглядах яно выглядала больш «аўтарытарна» настроеным і, нягледзячы на адукаванасць, пачувалася менш далучаным да актуальнага палітычнага працэсу. Украінцы прадэманстравалі большую крытычнасць і лепшую дасведчанасць. Аднак, насуперак гэтаму, 75 % апытаных лічыць, што «ўдзел у палітыцы» не мае ніякага дачынення да правоў і абавязкаў грамадзян.

ДАСЛЕДАВАННІ Ў ФОКУС-ГРУПАХ
У 1999 І 2003 гг.
8

  * Артыкул напісаны ў 2003 г. - Заўв. перакл.
   
Даследаванні ў фокус-групах распрацоўваліся такім чынам, каб параўнаць і ацаніць глыбінныя погляды і перакананні людзей. Апытаных папрасілі акрэсліць, што для іх азначае дэмакратыя, ацаніць стан дэмакратыі ў іх уласнай краіне, выказаць свае каштоўнасныя арыентацыі і, нарэшце, ацаніць сваю сувязь з нацыянальнымі лідэрамі. Вынікі аказаліся ў адным рэчышчы з дадзенымі нацыянальных апытанняў і дапамаглі з агульнай карціны па ўсёй краіне вылучыць пэўныя меркаванні на асабовым узроўні. Галоўныя вынікі адлюстроўваюць разыходжанні паміж насельніцтвам Украіны і Беларусі ў разуменні дэмакратыі і ў каштоўнаснай арыентацыі. Магчыма, тут крыюцца прычыны, чаму дэмакратыя не замацавалася ў Беларусі і чаму Украіна па-ранейшаму марудна рухаецца да дэмакратыі.

УЯЎЛЕННЕ ПРА ДЭМАКРАТЫЮ

У абедзвюх краінах фокус-групы выявілі добрае разуменне таго, што мусіць мець на ўвазе дэмакратыя з інстытуцыйнага гледзішча. Гэта асабліва справядліва ў выпадку Украіны, дзе некалькі апытаных зазначыла, што дэмакратыя – гэта «калі паважаюцца правы чалавека»; «адзіная магчымасць паўплываць на прыняцце ўладамі рашэнняў – праз выбары. Таму мы мусім дабівацца свабодных і справядлівых выбараў»; «гэта сіла ідэі і вяршэнства закону» і, нарэшце, «гэта свабода слова, выказвання і СМІ». Інакш кажучы, падаецца, ува Украіне інстытуцыйныя атрыбуты дэмакратыі трывала замацаваліся ва ўяўленнях людзей, а апытаныя былі б супраць поўнай забароны ці адмены партый, парламента або выбараў. Тым не менш была і пэўная колькасць нетыповых адказаў – ад абагульненага азначэння дэмакратыі як «абсалютнай свабоды» або «ўлады грошай» да акрэслення яе як формы дзяржавы, дзе нельга «забіваць» ці «рэпрэсаваць».

Беларусы прадэманстравалі іншае разуменне дэмакратыі. Шмат для каго яна аказалася «цяжкай для разумення» і азначала «абсалютны парадак», «падпарадкаванне правілам», «дысцыпліну, высокамаральнасць», «павагу да іншых» і «роўнасць і адукацыю». Для іншых гэта быў «механізм падпарадкавання меншасці большасцю», а таксама «сіла рэпрэсій», «неэфектыўнае прадстаўніцтва», «грамадскі гвалт» і «ўсёдазволенасць». Пераважаў лейтматыў «парадку і паслухмянасці правілам» і «абавязкаў і адказнасці».

АЦЭНКА ДЭМАКРАТЫІ Ў СВАЁЙ КРАІНЕ

Украіна зноўку была «лідэрам» у разуменні «інстытуцыйных» механізмаў функцыянавання дэмакратыі. Хаця шмат хто з украінцаў і апісваў рэальны стан рэчаў як «крымінальную дэмакратыю», «бязладную дэмакратыю», «кланавую дэмакратыю» і «карумпаваную дзяржаву», яны верылі ў даўгавечнасць дэмакратыі ў сваёй краіне і прыводзілі абгрунтаваныя тлумачэнні, чаму яе бракуе. Некаторыя з апытаных сцвярджалі, што «нам трэба памяняць законы» і «судовую сістэму, якая павінна быць незалежнай і бесстаронняй», змяніць не структуру, а «сэнсавае напаўненне» парламента, прэзідэнцкай адміністрацыі і пасады прэзідэнта, – фактычна, «усіх галін улады» – каб «пазбавіцца былых камуністаў», якія перашкаджаюць дэмакратызацыі. Усе адзінадушна пагаджаліся, што асноўная прычына маруднага руху да дэмакратыі – у «савецкім менталітэце» людзей і стэрэатыпах мінуўшчыны.

Большасць надавала парламенту «не проста вялікае, а вельмі вялікае значэнне». Але пры гэтым рэспандэнты заўважалі, што «трэба разабрацца, як зрабіць яго больш эфектыўным і як яго кантраляваць», бо ўрэшце «мы іх кормім» (!). Аднак падобныя заявы ўраўнаважваліся супрацьлеглымі: «парламент неэфектыўны, таму нам патрэбны адзін моцны лідэр са сваёй камандай» і «дэпутаты нам патрэбныя толькі для таго, каб дапамагаць прэзідэнту». Адсюль вынікае, што хаця прадстаўнічая і заканадаўчая ўлада лічыцца істотнай для грамадства, тым не менш яе дасюль разглядаюць як дапаможны сродак да лідэрства аднаго чалавека, а ключавой фігурай уяўляецца прэзідэнт.

Беларусы зноў-такі выяўляюць іншае разуменне механізмаў дэмакратыі. Па-першае, яны не здолелі апісаць цяперашняе становішча ў краіне: даваліся агульныя адказы, накшталт «развалены калгас», «дзяржава «без ідэалогіі», «у якой няма імя». Некаторыя казалі, што «ніколі не разважалі ў гэткім вялікім маштабе» і ім патрэбны час, «каб пачытаць і занатаваць штосьці па гэтым пытанні» (!). У адказах на пытанне, што належыць зрабіць, каб палепшыць сітуацыю ў краіне, рэспандэнты прыгадвалі «маральнае выхаванне», «адукацыю грамадства» і «больш дысцыпліны», нароўні з «дзяржаўным органам, каб назіраць за працэсам (як у старыя часы)», «моцнай выканаўчай уладай» і «моцнымі лідэрамі». Яны таксама заяўлялі, што сённяшнім беларусам не хапае «культуры», «супольнай ідэі, ідэалогіі» і «сацыяльнай абароненасці».

Ацэньваючы ролю парламенту і дэпутатаў, шмат хто заўважаў, што «нам не патрэбныя цяперашнія дэпутаты», «яны ўсе карупцыянеры і няздары», і «мы іх не ведаем». Наагул, «яны нам не патрэбныя», бо «яны не вырашаць нашых канкрэтных праблем, для нас гэта зробіць выканаўчая ўлада». «Магчыма, нам патрэбны Вярхоўны савет9, аднак не мясцовыя дэпутаты», «у іх няма ніякай улады пры цяперашніх законах».

  8 У кожнай з краін даследаванні ў фокус-групах праводзіліся з фокусам на кіраўніках дзяржавы – г. зн. А. Лукашэнку ў Беларусі і Л. Кучму ва Украіне. Каб праверыць вынікі, па кожным кіраўніку праводзілася апытанне дзвюх групаў рэспандэнтаў. Выбарка рэспандэнтаў адлюстроўвала агульны сацыяльна-дэмаграфічны профіль групавой лаяльнасці да лідэра (вызначаны ў працэсе апытанняў грамадскай думкі). Групы для кожнага інтэрв’ю складаліся з 8–9 чалавек, адабраных на падставе станоўчых адказаў на наступныя пытанні:

1. Ці падтрымлівалі вы гэтага лідэра?

2. Ці галасавалі вы за гэтага лідэра на апошніх выбарах?

Удзельнікі адбіраліся пры дапамозе «snowball method», групавыя інтэрв’ю доўжыліся ў сярэднім дзве гадзіны і запісваліся як на аўдыё, так і на відэа.

   
Уражвае розніца ў поглядах рэспандэнтаў у Беларусі і ва Ўкраіне, асабліва ў ацэнцы патрэбы ў дэмакратычных інстытутах. Ува Украіне, якім бы «неэфектыўным» ці «вялікім» ні быў парламент, «нам нізавошта нельга ад яго пазбаўляцца – яго належыць рэфармаваць», «мы павінны кантраляваць сітуацыю». Між тым у Беларусі адчуваецца бездань, што раздзяляе простых грамадзян і ўладу – а тая зводзіцца да адной асобы. Як сведчаць факты, хаця беларусы, магчыма, і гатовыя пагадзіцца з інстытуцыйнымі атрыбутамі дэмакратыі, яна яшчэ не стала жыццёва неабходнай, арганічнай часткай іх жыцця. Яны не пазбавяцца ад парламента ці партый не таму, што разумеюць іх істотнасць для функцыянавання дэмакратыі, а таму, што тыя ўжо існуюць, а старыя рэчы зазвычай не выкідаюць – а раптам у адзін цудоўны дзень прыдадуцца?

КАШТОЎНАСЦІ І ПЕРАКАНАННІ

Рэспандэнтам задаваліся пытанні, як яны ўяўляюць функцыянальныя дачыненні паміж парламентам і прэзідэнтам, як ставяцца да аднаасобнай улады, асабліва ў надзвычайных сітуацыях, і якім яны бачаць ідэальнага лідэра. Украінцы зноўку былі на першым месцы паводле колькасці адмоўных адказаў на пытанне, ці можа ў надзвычайнай сітуацыі ўлада лідэра выходзіць за рамкі закона, а таксама ў каментарах кшталту «ніхто не можа быць па-над законам – ні пры якіх абставінах», бо ў адваротным выпадку «гэта непазбежна прывядзе да дыктатуры». У Беларусі, наадварот, большасць станоўча ацаніла магчымасць перадачы паўнамоцтваў прэзідэнту ў выпадку надзвычайнай сітуацыі. Рэспандэнты прыгадвалі, што раней гэткія паўнамоцтвы атрымлівалі дэ Голь, Гітлер, Сталін і Джордж У. Буш.

У абедзвюх краінах меркаванні наконт аднаасобнага кіравання наагул падзяліліся. Пры гэтым адна частка сцвярджала, што «адна галава – добра, а дзесяць – лепей», а «апазіцыя будзе абавязкова трымаць лідэра пад кантролем» (Украіна). Аднак пераважала меркаванне іншых рэспандэнтаў: «павінен быць адзін моцны лідэр», «які падпарадкоўваецца закону» (Украіна, Беларусь).

Сярод прыкладаў ідэальных кіраўнікоў ува Украіне прыводзілі Пятра Першага, Джона Ф. Кенедзі, Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку. Пра беларускага прэзідэнта казалі, што ён умее «трымаць народ пад кантролем», «не абапіраецца на алігархаў», а ў выніку «мае некарумпаваны ўрад», «ён наагул добры кіраўнік». Беларусы згадвалі Маргарэт Тэтчэр, Сталіна, Леніна і зноў-такі Аляксандра Лукашэнку. Адзін нават заўважыў: «Я шчыра не ўяўляю сабе, як можа існаваць якая-небудзь іншая альтэрнатыва нашаму прэзідэнту Лукашэнку» (мужчына, 65 год).

І нарэшце, пры адказе на пытанне, ці павінен прэзідэнт, сыходзячы ў адстаўку, прызначаць наступніка, думкі зноў разышліся. Як украінскія, так і беларускія ўдзельнікі апытання адзначылі, што яны б віталі спадкаемцу, «калі б гэта быў нармальны чалавек і... у дэмакратычнай краіне». Іншыя – невялікая колькасць – адзначылі, што «мы мусім самі выбіраць сваіх прэзідэнтаў», аднак «можна прымаць рэкамендацыі прэзідэнта, што пакідае пасаду».

Вынікае, што «эмацыйна» рэспандэнты ў абедзвюх краінах яшчэ не гатовыя да дэмакратыі, бо падтрымліваюць моцную, аднаасобную ўладу і не вызначыліся адносна вяршэнства закону падчас крызісу. Беларусь ізноўку прадэманстравала схільнасць да традыцыйных асабістых шчыльных дачыненняў паміж уладаром і падуладнымі.

ШЧЫЛЬНАЯ ПОВЯЗЬ, ШТО ЛУЧЫЦЬ «ЦЯБЕ І ТВАЙГО ПРЭЗІДЭНТА»

Нарэшце, параўнанне даследаванняў у фокус-групах у 2000 і 2003 гг., а таксама вынікаў нацыянальных апытанняў паказвае: нішто пакуль не «закранула» блізкай сувязі, якая яднае прэзідэнта і ягоны народ. Хаця шмат хто незадаволены вынікамі кіравання Кучмы за апошнія восем гадоў, 18 % апытаных ува Украіне прызналіся, што зноўку б за яго прагаласавалі, і называлі яго надзейным, паслядоўным, вартым даверу і дасведчаным. Аднак у абгрунтаванні падтрымкі прэзідэнту выявілася новая тэндэнцыя: замест «мне падабаецца ягоная праграма», як у 2000 г., апытаныя ў 2003 г. адказвалі: «іншай альтэрнатывы няма» або «ён – найменшае зло».

У Беларусі, адрозна ад Украіны, рэспандэнты часта адзначалі, што прэзідэнт – адкрыты, шчыры і варты даверу – дагэтуль застаецца для іх кумірам, хаця і прызнавалі, што шмат у чым ён не апраўдаў надзей тых, хто за яго галасаваў. Некаторыя сцвярджалі, што іх думка пра прэзідэнта «змянілася... у лепшы бок», і што яны працягваюць верыць ягоным абяцанням: «Ён вельмі клапатлівы: ён даў нам усё, што нам трэба» (жанчына, 74 гады).

Наагул, тым не менш, можна назіраць павелічэнне крытычных ацэнак: «Мне часта сорамна, што ў мяне такі прэзідэнт», «асабліва калі людзі пытаюцца: «Што адбываецца ў Беларусі?», пытаюцца, чаму знікаюць людзі і калі здарыцца аб’яднанне Беларусі і Расіі, мне сорамна, я не магу знайсціся, што адказаць» (мужчына, 46 гадоў); «Я мяркую, ён ужо зрабіў усё, што мог, і выгарэў. Ён нічога лепшага не зробіць. Нічога не зменіцца» (жанчына, 54 гады). Некаторыя тым не менш падтрымлівалі ягоную «асцярожнасць» і паступовасць у рэфармаванні сістэмы, асабліва што датычыць Саюза Расіі і Беларусі і ўвядзення расійскага рубля. Іншыя адзначалі, што «на сёння рэальнай альтэрнатыввы гэтаму прэзідэнту няма, і я мяркую, нам давядзецца прагаласаваць за яго і трэці раз» (мужчына, 67 год). Адбыўся відавочны зрух у грамадскай думцы: рэспандэнты адышлі ад ранейшага любоўнага пакланення перад сваім лідэрам і палкай яго абароны, што выяўляліся ў 2000 г., у прыватнасці, у выказваннях такога кшталту:

Я лічу, што шмат у якіх выпадках яго проста няправільна інфармуюць. Ён не можа адзін усяго пракантраляваць. А тыя, што вакол яго, заўсёды яму кепства робяць (жанчына, 53 гады, снежань 2000 г.).

Хаця ён [Аляксандр Лукашэнка] і тыран, ён наш, свой [тыран], і… гэта грэе нам сэрцы» (мужчына, 44 гады, снежань 2000 г.).

У 2003 г. беларускі прэзідэнт атрымліваў ужо больш крытычныя ацэнкі, але яны ўсё ж бліжэйшыя да «крытычнага адабрэння», чым сапраўднай крытыкі:

Я разумею, што гэта цяжка… Аднак ён не выканаў таго, што абяцаў, цяпер паўсюль больш бюракратыі, колькасць міліцыі вырасла ў тры разы, а цана жылля падвоілася. Я разумею, што яму патрэбная добрая каманда, але ж ніхто яго не прымушаў выбіраць сабе кепскую (мужчына, 65 гадоў, красавік 2003 г.).

Я дагэтуль веру ў яго і ў ягоныя абяцанні і заявы. Аднак я не спадзяюся на нешта лепшае. Толькі і засталося, што надзея... і ты сам (жанчына, 48 гадоў, красавік 2003 г.).

Падсумоўваючы, можна сказаць, што хаця, магчыма, і адбыліся некаторыя змены ў кірунку прымання інстытуцыйных формаў дэмакратыі і абмежаванай крытыкі палітыкі, што праводзяць улады, гэта мала што змяніла ў эмацыйных прыхільнасцях і каштоўнаснай арыентацыі людзей. Яны па-ранейшаму вераць у блізкую повязь, што лучыць іх з лідэрам, і спадзяюцца на яго як на адзінага, хто можа прынесці краіне стабільнасць і мір.

Такое становішча спрыяе росквіту дэмакратыі-дэмагогіі, што стварае ілюзію дэмакратыі. Выбарцы вераць, што ўсталявалі блізкую сувязь з уладай, і такім чынам праз выбары маюць квазі-кантроль над сістэмай. Аднак насамрэч улада па-ранейшаму бачыць у людскім даверы магчымасць надаць законную моц свайму аўтакратычнаму кіраванню, што і робіць пры дапамозе дэкрэтаў і маніпулявання. Каб падтрымліваць у выбарцах надзею, рупліва прапагандуецца «нібы»-дэмакратычная абгортка дзеянняў улады. Між тым, унутраныя механізмы сістэмы, цяпер ужо замацаваныя на прававым узроўні, служаць падмуркам іншай, аўтарытарнай, улады.

Абедзве сістэмы, беларуская і ўкраінская, працягваюць дзейнічаць са згоды народу і ў рамках Канстытуцыі (так, прэзідэнт не можа і не будзе ўносіць змены ў Канстытуцыю, калі за гэта не прагаласуе большасць на падставе народнага волевыўлення). Адзін з рэспандэнтаў у 2000 г. назваў гэтую мадэль «дэмакратычны аўтарытарызм», то бок «дэмакратычны спосаб выбраць аўтарытарнага лідэра». Мы разглядаем яго як ілюзорную форму дэмакратыі, прыклад «дэмакратыі-дэмагогіі». Гэтая квазідэмакратыя фармальна стварае ўмовы для масавага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці і выжывае дзякуючы маніпуляванню, падману і, калі спатрэбіцца, рэпрэсіям. Насамрэч рэжым карыстаецца дэмакратычнымі нормамі і грамадскім ухваленнем, каб прыстасаваць сістэму да ўласных мэтаў. І найлепшы спосаб дасягнуць сваёй мэты ён бачыць у тым, каб захаваць вяршэнства прэзідэнцкай улады над усімі іншымі інстытутамі ўлады і ў імя сваёй даўгавечнасці забяспечыць як мага даўжэйшае знаходжанне прэзідэнта на пасадзе. Да таго ж, напрыклад, прэзідэнт выступае як увасабленне і гарант стабільнасці ў краіне, таму яго адхіленне ад улады расцэньваецца як падрыў нацыянальных інтарэсаў. Як заўважыў Арыстоцель, хаця дэмакратыя і ёсць адхіленнем ад канстытуцыйнага кіравання, яна тым не менш застаецца найбольш дапушчальным адхіленнем, дзе нармальная роля ўрада – «дзейнічаць у інтарэсах грамадзян, аднак гэта не абавязкова значыць дзейнічаць у адпаведнасці з іх жаданнямі, бо ўлада можа лепш разумець, што служыць інтарэсам грамадзян, чым яны самі».

З ангельскай мовы пераклала Аляксандра Каласоўская паводле: Journal of Communist Studies and Transition Politics. Vol. 20. No. 1. March 2004. P. 122–142.

  9 Звярніце ўвагу на вяртанне старой назвы парламента.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 3 (43) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/05/14