A R C H E П а ч а т а к № 3 (43) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


3-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка•крытыка•гісторыя•эсэістыка•літаратура•палеміка•рэцэнзіі

 


літаратура

   

У афармленьні вокладкі выкарыстаны фрагмэнт карціны Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 г.» (1955). Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1,2’2006)
   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Гутарка з пісьменнікам Анатолем Кудраўцом
«Не вечна беларускую культуру будуць таптаць генеральскія боты»


— Вы нарадзіліся ў першы дзень 1936 года, а можа нават і ў саму навагоднюю ноч…

— Болей скандальнага пытання ў адносінах да мяне нельга і прыдумаць: калі нарадзіўся? Усё было добра, калі я вучыўся ў Аколіцкай пачатковай, а потым – у Каўбчанскай сямігадовай школах. Толя Кудравец і Толя Кудравец... Але пасля заканчэння Каўбчанскай сямігодкі, калі мне і майму аднакласніку Толю Марозу былі выдадзены Пахвальныя граматы, і ён, і я надумаліся паступаць у Слуцкае педагагічнае вучылішча, узніклі праблемы. Да пашпарта я яшчэ не дарос, а «метрыку» павінен быў мець. Але «метрыкі» ў мяне не было: усе архівы – і сельсавецкія, і раённыя згарэлі ў часе вайны. На пытанне «хто я?» адказвала школа, тая ж Пахвальная грамата, а вось «дзе? калі?» – павінен быў адказаць нехта іншы. Гэтым «нехта» былі дзве сімпатычныя (так у мяне засталося ў памяці) жанчынкі (а можа, дзяўчыны) у белых халатах, якія па «наружнаму віду» павінны былі вызначыць і ўзаконіць год і дзень майго нараджэння. Год вызначалі яны, а месяц і дзень чалавек меў права выбіраць сам. Не ведаю, дзе там хавалася хітрасць і ў чым яна заключалася, але калі я сказаў, што нарадзіўся ў 1936 годзе, у абедзвюх белахалатніц палезлі ўгору бровы. Справа ў тым, што перада мной у іх на прыёме быў хлапец, на галаву, а то і болей вышэйшы за мяне. Ён даказваў, што нарадзіўся ў 1937 годзе. Ён выйшаў – я зайшоў. І сам сказаў, што нарадзіўся ў 1936 годзе. «Ну вось, а ты сумнявалася. Бачыш: там – трыццаць сёмы, а тут – трыццаць шосты...» Гэта, па ўсім, быў працяг іхняй дыскусіі, пачатку якой я не чуў. А чаму я назваў 1936 год? Віной была аб’яўка ў газеце, што ў Слуцкае педвучылішча прымаюцца асобы ад 14 да 30 гадоў. На той момант Анатолю Кудраўцу яшчэ не было чатырнаццаці (у школу я пайшоў у шэсць з хвосцікам), і я баяўся, што ў педвучылішча мяне могуць не прыняць. Далей было шмат розных праблем, звязаных з гэтай круглай датай... Я нават хацеў вярнуцца да мамінай даты (26 сакавіка), але патрэбны былі сведкі і г. д., і нехта мудры ўгаварыў мяне не браць лішняга клопату, што я і зрабіў.

— У свой час Вас падтрымаў Янка Брыль...

— Вельмі важна, калі на пачатку творчай дарогі нехта з Маэстраў цябе заўважыць. А яшчэ болей – пахваліць. Я быў тым шчаслівым чалавекам. Мяне не толькі ўбачыў, але і пахваліў сам Янка Брыль. Падкрэсліваю: САМ. Бо для мяне Брыль быў і тады, застаецца і цяпер чалавекам строгай маральнай асновы, што звязваецца са словам «беларус». Не нейкае размытае, што хочуць навязаць беларусу, нешта «памяркоўнае», усяяднае, згодніцкае «чего изволите», а сапраўднае, годнае, мужыцкае Я. Я тады ўжо добра ведаў, чытаў-перачытваў яго апавяданні, яго «Марылю», яго «Маці», каб зрабіць выснову, што значыць слова такога мастака.

— Вы доўга не затрымліваліся на адным працоўным месцы...

— Дзіўна падумаць, але так выходзіла, што я не шукаў месца працы, а месца працы шукала мяне. На трэцім курсе універсітэта, былі мы тады на сельгаспрактыцы, зграбалі салому, «Калгасная праўда» надрукавала мае вясковыя замалёўкі, выдзеліла другую прэмію (першай рэдкалегія нікому не прысудзіла), і мяне запрасілі (галоўны рэдактар Фясько В. І.) на сталую працу. Там я цэлы год і працаваў, сумяшчаючы працу з вучобай. Пасля заканчэння універсітэта (1963) мяне ўзяў на працу ў літрэдакцыю Белрадыё Мікола Матукоўскі. А далей усё пайшло, як пайшло.

На Белрадыё я не затрымаўся, бо ўбачыў, што радыё – бяздонная бочка: колькі ні кідай – усё мала, а толку як з той жа пустой бочкі: прабарабаніў, хто пачуў, хто не пачуў. Словам, усё ўпустую.

Потым быў «ЛіМ» з Нічыпарам Пашкевічам. Як ні дзіўна, гэты строгі крытык любіў падхалімаў. Такім я, дзякаваць Богу, не стаў і не мог стаць. Неяк сустрэў Алесь Бажко і сказаў, што ў выдавецтве «Беларусь» у яго рэдакцыі (мастацкай літаратуры) ёсць месца рэдактара па прозе. Я і пайшоў. Здаецца, і Нічыпар Пашкевіч з гэтай прычыны не надта перажываў.

Міколу Ткачову (дырэктару выдавецтва «Мастацкая літаратура», якое стварылася на базе трох рэдакцый выдавецтва «Беларусь») давялося доўга патаптацца, каб уламаць мяне ісці да яго галоўным рэдактарам. Незадоўга да таго я прыйшоў адказным сакратаром у «Маладосць» на месца Уладзіміра Юрэвіча, і праца там мне падабалася (Алесь Асіпенка, Васіль Зуёнак, Вера Палтаран, Сцяпан Кухараў, Янка Раманоўскі, Пятро Лысенка – што табе трэба?), але пасля трэцяй сустрэчы, якая скончылася ў ягонай прасторнай кватэры закуссю з рачной івасі, якую, кажуць, любіў Чэрчыль, я «па-зямляцку» падняў рукі ўгору і здаўся.

— Як «вярстаўся» тэматычны план «Мастацкай літаратуры» ў пачатку 1970-х?

— Тэматычныя планы складаліся з таго, што было. Першы год, наколькі памятаю, было 170 назваў, потым 190, потым за 200. Намеснікам галоўнага, як было і ў выдавецтве «Беларусь», заставаўся Уладзімір Шахавец, а я над ім начальнікам. Праблемы часцей за ўсё ўзнікалі не на полі мастацкасці, а на полі, скажам так, маральнасці. Пахмяліцца хочацца заўсёды, калі нешта было ўчора і ёсць ахвота і ахвотнікі, а яны не зводзіліся, і часам узнікалі сітуацыі чыста камедыйныя.

У плане была паэтычная кніжка Сцяпана Гаўрусёва. Рэдактар Іван Калеснік, загадчык рэдакцыі паэзіі Уладзімір Паўлаў, намеснік галоўнага рэдактара ўсё той жа «дзядзька Шах». Заставалася распісацца Кудраўцу – і кніга ідзе ў набор. Кудравец надумаўся пачытаць рукапіс і схапіўся за галаву, так усё ў ім было няроўна і разбэрсана. Сабраўся ўвесь калектыў: аўтар, рэдактар, загадчык, намеснік галоўнага – што рабіць? Сілы былі няроўныя: адзін (галоўны рэдактар) супраць чатырох. Ты слова – яны як мінімум чатыры, і ўсе паэты, усе «класікі». Праз гадзіну бясплённай гаварыльні я знайшоў бяспройгрышны ход: выдавецтва заказвае Сцяпану Гаўрусёву рэцэнзію на зборнік вершаў Сцяпана Гаўрусёва і плаціць ганарар за рэцэнзію. Нейкі час Сцяпан Захаравіч пазіраў на галоўнага, як на блазна. Потым рашуча мацюкнуўся: «Пайшоў ты... Колькі часу даеш на дапрацоўку?» – «Як толькі будзе гатова, адразу ў набор...»

Праз тры месяцы Сцяпан Захаравіч вярнуўся з Каралішчавіч з новым зборнікам.

— Як здарылася, што Вас запрасілі на працу ў ЦК КП Беларусі?

— Па ўсім, галоўным віноўнікам, што я трапіў на працу ў ЦК КПБ, быў Іван Мележ. Бо гэта ён неяк зайшоў у выдавецтва і сказаў, звяртаючыся да мяне: «Ну, ты хутка будзеш кіраваць намі». Я пасмяяўся, а праз тыдзень мяне паклікаў загадчык аддзела культуры ЦК Марцалеў с. В. і пасля нядоўгай гаворкі, як і што ў выдавецтве, павёў на пяты паверх да сакратара па ідэалогіі Кузьміна А. Т. Там мне ўжо прыпякло добра, але было позна.

— Гэта Вы паспрыялі, каб на працу ў ЦК КПБ патрапіў Сяргей Законнікаў?

— З’яўленне Сяргея Законнікава, як і Алеся Жука, у апараце ЦК КПБ адбылося без ніякай актыўнай маёй ролі. У мяне спыталі: «Як Вы ацэньваеце гэтых хлопцаў?» – я адказаў, што хлопцы таленавітыя і чэсныя. Далей усё ішло па старых правераных шляхах: хто бацька, хто маці, судзімы, рэпрэсаваны і г. д. Як даведаўся пазней, бацькі самога Машэрава былі рэпрэсаваныя. З аднаго боку – баявы Герой Савецкага Саюза, з другога, калі б некаму захацелася калупнуць... бацькі сасланыя і г. д.

З ЦК мяне ніхто не выстаўляў. Я рады быў магчымасці пайсці адтуль, тым болей – галоўным рэдактарам «Нёмана». Гэта была ганаровая высылка.

— Пра Вашую творчасць пісалі бадай усе вядомыя тагачасныя крытыкі. Міхась Стральцоў нават адзначыў, што ў «Сачыненні на вольную тэму» абазначаны адзін са шляхоў выхаду з крызісу… раманнай думкі». Наколькі я зразумеў, Стральцоў пад крызісам меў на ўвазе моду на «грувасткія «эпапеі», што маюць нахіл да храналагічнай бясконцасці.

— Болей чым хто мяне разумеў Міхась Стральцоў. Гаварыў ён мала, але заўсёды пакідаў прастору для думак. Сваіх і чужых. Міхась Стральцоў страшэнна не любіў бясконцых эпапеяў, запеў якім даў Міхась Лынькоў, а пасля пайшло-паехала – і рэвалюцыя, і вайна – цягні дзень за днём, як ката за хвост – ён упіраецца, крычыць што ёсць сілы, а яны цягнуць... «Сачыненне на вольную тэму» з’явілася ў нейкім плане і яго адказам на шматкіламетровыя палотны. Міхась Стральцоў быў першым чытачом майго рамана, ён быў вельмі ашчадны да папяровай плошчы.

Яшчэ што пра Стральцова. Асмелюся быць нейкім суддзёю. Пасля таго, як ён вярнуўся з «хіміі» і тыцкаўся то ў «Полымя», то ў «Маладосць», то ў «ЛіМ», і ніхто не сказаў яму таго слова, якое б нейкім чынам падтрымала яго, заставаўся толькі «Нёман», рускамоўны «Нёман», якім кіраваў тады Кудравец, даў чалавеку магчымасць жыць і выжыць.

Потым была Вера Сямёнаўна Палтаран. Як у жанчыны, эмоцыі ў яе беглі наперадзе. Болей таго, яна часам бачыла тое, што ёй хацелася бачыць, а не тое, што было, але калі яна злавалася – злавалася па-мужчынску крута. Адзін вядомы пісьменнік і той, каго нельга было не надрукаваць, напісаў аповесць пра нешта непражытае, а Вера Сямёнаўна была дзяжурная па нумары, і я трапіўся ёй пад гарачую руку. Яна накінулася на мяне, быццам гэта я напісаў тое: «Анатоль Паўлавіч, дык гэта ж ананізм!..»

— Што Вы лічыце сваёй галоўнай творчай удачай?

— Думаю, «Раданіца». Яна мне далася лёгка, і мне здавалася, што далей іх, такіх «Раданіц», будзе шмат. І калі Мікола Гамолка прапанаваў аформіць дакументы на вылучэнне Саюзам пісьменнікаў аповесці на Дзяржаўную прэмію, я адмовіўся гэта зрабіць.

— Як Вы ацэньваеце стварэнне СПБ Чаргінца? Ці было гэта для Вас нечаканасцю?

— Што датычыцца стварэння клона СП. Кожны чалавек мае права стварыць свой саюз – хоць нумізматычны, хоць спартовы, хоць міліцэйскі і г. д. Я лічыў, што генералы маюць трошкі больш здаровага сэнсу. Хаця сумненні былі. Бо той жа генерал, стаўшы старшынёй Літфонду, прапанаваў вылучыць сябе на нейкую фіктыўную прэмію зноў жа фіктыўнай саюзнай дзяржавы і дамогся, каб галасаванне было адкрытае, каб бачыць: «тот, кто не с нами, тот против нас». Безумоўна, гэта была сур’ёзная праверка і генералітэту, і яго радавых. Кандыдатура генерала не прайшла. Па прычыне элементарнай: калі няма дзяржавы, то якая можа быць прэмія? Праўда, яна адзначана дзесяццю тысячамі долараў... А гэта ўжо грошы. Літаратуру ствараюць не генералы, літаратуру ствараюць радавыя, або, на крайні прыклад, лейтэнанты. Нельга змешваць спорт і літаратуру. Футбольны мяч круглы, а алфавіт, скажам так, рознакаліберны.

— Як беларуская літаратура будзе развівацца далей?

— Усялякія прагнозы – справа рызыкоўная. Яшчэ не так даўно я думаў, што беларуская літаратура – гэта «Новая зямля» і «Адвечная песня». Мне здавалася, што жыццё ідзе ад жыцця. Пасля я пераканаўся, што жыццё ідзе ад ідэі. Аркадзь Куляшоў – самы геніяльны з паэтаў пасляваеннага перыяду, і не толькі ў беларускім абсягу. Яму Твардоўскі зайздросціў, а Твардоўскі талент выключны. Сёння ён непатрэбны, але як толькі задыміцца Урал, яго знойдуць. Аркадзь Куляшоў «знайшоў» «Александрыну». Час патрабуе свайго. Гэты час знайшоў Мулявіна – рускага, русака, які прачытаў беларускую «Александрыну», куляшоўскую «Александрыну», якая стала «Александрынай» сусветнай.

Літаратура будзе развівацца. Як бульба. У пограбе яна спіць, вынеслі на сонца – і пайшла ў рост. Літаратура развіваецца не самахоць: яе клічуць – яна расце. Не паклікала б жыццё Багушэвіча, і яго магло не быць. Так і з Купалам, і з Коласам, і Танкам, і Мележам, і Быкавым, і пакаленнем так званых «шасцідзесятнікаў». Тоўстыя раманы ў век тэлевізара і Інтэрнета цяжка чытаюцца. Але гэта не значыць, што іх ніхто не напіша.

— Ці маеце дзе друкавацца?

— Пытанне з друкаваннем ёсць, але яно не такое страшнае, як здаецца. Галоўнае – напісаць твор. Праўда, хацелася б і ганарар за яго які-небудзь атрымаць. Але сёння ўсе дзяржаўныя ганарары ці ў «холдынгу», ці яшчэ ў каго.

— І традыцыйнае пытанне пра планы.

— А планы... Напісаныя дзве кніжкі – навелы пра пісьменнікаў, апавяданні. Адна праляжала чатыры гады ў выдавецтве «Кніга», дырэктар з года ў год абяцаў выдаць, а цяпер ужо, здаецца, і сам не дырэктар... Але... будзем аптымістамі. Не вечна ж беларускую культуру, літаратуру будуць таптаць генеральскія боты.

Гутарыў Алесь Аркуш

  нарадзіўся ў вёсцы Аколіца Клічаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Рабіў рэдактарам на Беларускім радыё, у газэце «Літаратура і мастацтва», выдавецтве «Беларусь», часопісе «Маладосць», галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», загадчыкам сэктару мастацкай літаратуры ЦК КПБ. Больш за дваццаць гадоў быў галоўным рэдактарам часопісу «Нёман». Аўтар кніг прозы «На зялёнай дарозе» (1968), «Раданіца» (1971), «Дзень перад сьвятам» (1975), «Зімы і вёсны» (1976), «На балоце скрыпелі драчы» (1979), «За чужымі далямі» (падарожныя нарысы, 1981), «Сачыненьне на вольную тэму» (раман, апавяданьні, 1985), «Блакітны вярблюд» (1990). Пераклаў на беларускую мову «Падарожжы Гулівэра» Дж. Сўіфта (1974), ншыя творы.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 3 (43) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/05/27