![]() | |||
A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (43) - 2006![]() |
![]() |
|
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
![]() |
![]() |
![]() |
ВІТАЛЬ СІЛІЦКІ | |
Палітычная кухня прэзідэнцкіх выбараў
Нейкія дзіўныя гэты раз у нас прэзідэнцкія выбары. З аднаго боку, выбары як выбары – у Беларусі гэта даўно ўжо найперш адміністрацыйная працэдура. З іншага – калісьці было так, што надаць гэтай адміністрацыйнай працэдуры выгляд менавіта выбараў імкнулася найперш улада, а апазіцыя, ці яе большая частка, імкнулася гэты выгляд разбіваць. Цяпер улада нават амаль што і не саромеецца самой сябе. То збіраюць амаль два мільёны подпісаў, то абвяшчаюць будучае, «пасля выбараў», месца працы Шэймана нават перад датэрміновым галасаваннем. А вось апазіцыя, рэальная і фармальная – хай сабе, вядома, і не сцвярджае, што ўсё чыста і па законе, але паводзіць сябе так, як быццам бы ў гэтай адміністрацыйнай працэдуры ёсць нейкая канкурэнтнасць і прадказальнасць, іншымі словамі, займаецца выбарамі, якіх няма. Такі вось асіметрычны адказ уладзе... Дык ці ёсць насамрэч у гэтай працэдуры хоць нейкая інтрыга?
Дарэчы, пра збор подпісаў. Калі стала зразумела, што адбываецца і колькі нарэшце збярэцца за галоўнага кандыдата, найперш хацелася затэлефанаваць у адміністрацыю і спытацца, ці разумеюць яны, што сваімі рукамі робяць чорны піяр уласнай кампаніі. Мільён з тых двух можна было сабраць пры мінімальным ужыванні адмінрэсурсу. Мабілізавалі б працаўнікоў ЖЭСаў, далі б адрасы пенсіянераў, і хай падпісваліся б добраахвотна. А так колькасць падпісантаў сведчыць найперш пра тое, колькі грамадзянаў РБ могуць страціць працу пры найменшым непадпарадкаванні ўладзе. Некаторым сваім знаёмым на дзяржслужбе, якія дзяліліся са мной падобнымі думкамі, я раіў мацней сціскаць дулі ў кішэні. Аднак, казаць, што такую дулю трымаў кожны другі, таксама не выпадае. Калі ўлада ставіла задачу «ўбіць» у галовы беларусаў, што выбары мусяць праводзіцца так, а не інакш, што па-іншаму ўжо не будзе і наагул не бывае, то першыя поспехі на гэтым шляху ўжо відавочныя. Асабліва ўражвае пакорлівасць і абыякавасць маладога пакалення. Па вялікім рахунку, уражваць не павінна, але па інерцыі згадваюцца падзеі і моладзь сямі-дзесяцігадовай даўніны... Актывісты НДА, якім дзесяць год таму самім было дзесьці «наццаць», хапаюцца за сэрцы, чуючы разважанні аб палітыцы ўвогуле і аб выбарах у прыватнасці сваіх малодшых братоў, сястрычак і пляменнікаў. Здаецца, цяперашнія выбары – першыя, на якіх ва ўсёй красе праявіць сябе так званае лукашэнкаўскае пакаленне. У сэнсе, ніяк не праявіць. Улада трохі здзівіла сваёй прадказальнасцю. Усе яе захады (акрамя, магчыма, заўчаснага абвяшчэння галасавання), увесь змест прапаганды, усе канцэрты і лозунгі, страшылкі і агіткі – і нідзе нічога новага. Аднак прапагандысцкая машына – як тая беларуская эканоміка – трымаецца на старым багажы, а рэсурс яшчэ далёка не выпрацаваны. Гэта і нядзіўна – замарозіўшы грамадства ў пэўным стане, можна ўвесь час круціць адну і тую ж кружэлку. Вяртаючыся да пачатку артыкула, зазначу, што апазіцыя ўсё ж вымушаная гуляць у выбары, таму што ў адваротным выпадку ў ёй проста няма патрэбы. Калі апаненты ўлады назавуць рэчы сваімі імёнамі і, як кажуць, умыюць рукі, то навошта ўсе гэтыя партыі, кааліцыі, кандыдаты? Тады трэба вяртацца да дысідэнцкай практыкі савецкага часу – альбо шукаць метады палітычнай барацьбы па-за выбарчым календаром. Дзеля гэтага, аднак, патрэбныя моцныя каналы сацыяльнай камунікацыі і магчымасці грамадскай мабілізацыі, якіх у апазіцыі якраз і бракуе. Каб неяк паменшыць іх дэфіцыт, апазіцыя вымушаная ісці ў народ якраз тады, калі ёй гэта дазваляе ўлада – падчас афіцыйных выбарчых кампаній. Атрымліваецца замкнёнае кола. Дэфіцыт супольных, яднаючых каштоўнасцяў, веры, салідарнасці, самаадданасці і неабыякавасці. Ці могуць гэта зрабіць выбарчыя кампаніі, палітыкі наагул, прынамсі, у беларускіх умовах закручаных гаек? Пэўна, не, але без палітыкі, без выбараў, нават без гульні ў выбары, у грамадстве фармуецца дэфіцыт надзеі. Дык якая інтрыга магла б быць у такіх выбараў, які сюрпрыз маглі б яны прынесці і нам, і ўладзе, і грамадству, і свету? Па-першае, будзем рэалістамі, нечаканасцю была б сама выразная праява грамадскага супраціву. Збор подпісаў, дарэчы, ужо здзівіў тых, хто канчаткова пахаваў апазіцыю: не, яна яшчэ жывая. Але гэтага, вядома, мала. Па-другое, значнай падзеяй было б тое, што па выніках кампаніі выразна выкрышталізавалася б дэмакратычная альтэрнатыва, што апазіцыйная кааліцыя мела б працяг, а яе лідэр стаў бы прызнаным лідэрам, увасабленнем «іншай» Беларусі. Тады, можа, і адбылося б адраджэнне надзеі. На гэта яшчэ ёсць шанцы. Іншыя інтрыгі зводзяцца выключна да паводзінаў уладаў – каго зарэгіструюць і які будзе разбор палётаў пасля 19 сакавіка. Але гэта ўжо нават не інтрыга, а чаканне непазбежнага. Радыкалізацыі падзеяў чакаць цяжка. Сапраўды, апазіцыя пакуль працуе ў фармаце выбараў, а гэта значыць, цалкам прадказальна. Некаторыя рэчы самі па сабе выдаюць млявасць і апатыю, якія распаўсюдзіліся нават на апанентаў улады. Скажам, эканамічная праграма адзінага кандыдата, якая, мяркуючы па публікацыях у «Народнай Волі», прыводзіць да думкі, а навошта тады тая апазіцыя, калі ў Беларусі «расце вытворчасць, заробкі і выплачваюцца пенсіі»... Апазіцыя мусіць найперш апаніраваць: прызнаўшы, што чагосьці ламаць не варта, трэба ўсё ж выразней падкрэсліваць альтэрнатыву, а не спяваць біблейскае «не хлебам адзіным жывы чалавек»! Інакш гэта не апазіцыя, а місіянерства нейкае... Аднак, нягледзячы на сонны характар кампаніі, адзіны апазіцыйны прэтэндэнт відавочных памылак да апошняга часу не дапускаў. Хутчэй, можна было казаць не пра памылкі, а пра хранічныя хваробы беларускай апазіцыі. Напрыклад, палітычны прынцып фармавання перадвыбарных штабоў, у выніку якога некаторых дзеячаў і дустам вывесці немагчыма. Усіх называць не буду, аднак, напрыклад, які дурань мог дапусціць, што ў ліку «менеджэраў» ізноў усплылі тыя, хто «добрасумленна» заваліў кампанію Ганчарыка пяць год таму – гэта пытанне, якое задаюць многія. Аднак гэта дробязі ў параўнанні з іншымі. Першымі сваімі крокамі апазіцыя сапраўды прасунулася да фармавання той самай альтэрнатывы. Нягледзячы на ўсе памылкі, унутраныя спрэчкі і скандалы, адзіны быў вылучаны, кааліцыя пасля кангрэсу не развалілася, спадара Мілінкевіча тая частка грамадства, якая зарыентаваная на перамены, імкліва прызнавала за лідэра, а сам Мілінкевіч стварыў прывабны вобраз дэмакратычнай альтэрнатывы, наагул іншай Беларусі, у Еўропе. Скептыкі скажуць, што Мілінкевіч і наагул апазіцыя паводзяць сабе даволі вяла, што кампаніі бракуе нестандартных крокаў, дынамізму, што Мілінкевіч наагул праводзіць больш часу за мяжой, чым дома. Аднак любыя дзеянні, аб якіх не даведаецца грамадства, застануцца безвыніковымі. Склалася так, што інфармацыйную блакаду Мілінкевічу лягчэй за ўсё было прабіць менавіта за мяжой. Мілінкевіч сапраўды там выглядаў як лідэр, як іншы палітык. Спакойны, салідны, інтэлігентны. Для таго, каб чвэрць грамадства прызнала яго сваім – дастаткова. Большага пакуль што не прынесла, але невядома, ці дапамаглі б тут высмактаныя з пальца «інфармацыйныя нагоды». Дарэчы, як высветлілася з незалежных даследаванняў, усё большая частка грамадства, асабліва тыя, хто арыентаваныя на перамены, атрымліваюць навіны не з традыцыйных медыяў, а з Інтэрнету і замежных тэлепраграмаў. У доўгатэрміновай перспектыве прабіць інфармацыйныя бар’еры, выбудаваныя дзяржавай, ужо не ўяўляецца цалкам немагчымым. Калі, вядома, не запусцяць кітайскіх праграмаў. Крытыкі Мілінкевіча часцяком кажуць, што ён пакуль што не даў адказу на пытанне – што рабіць 19 сакавіка. Аднак для яго імкліва ўзнікае іншая праблема – Аляксандр Уладзіслававіч Казулін. Яе, дарэчы, аб’яднаная апазіцыя павялічыла, як кажуць, на роўным месцы. Супраць спадара Казуліна я нічога не маю. Ён грамадзянін Беларусі і, значыць, мае права балатавацца. Яго прэтэнзіі на палітычнае лідэрства таксама цалкам законныя. Але ёсць пытанні да Казуліна як дэмакратычнага палітыка. Па-першае, вельмі хуткі пераход у статусе з сталпоў рэжыму да галоўных апазіцыянераў. Казулін, вядома, не адзін такі, але, як мінімум, можна было б чакаць прабачэнняў за выключэнні студэнтаў, пацярпелых за палітычную дзейнасць падчас яго рэктарства ў БДУ. Па-другое, вельмі сумнеўны подыгрыш з боку ўладаў падчас высвятлення пытання ў барацьбе за лідэрства ў БСДП. Па-трэцяе, і самае галоўнае, даволі красамоўныя заявы, зробленыя спадаром Казуліным у пачатку лютага, што ўздымаюць пытанне: ці ён яшчэ адзін дэмакрат ці яшчэ адзін Гайдукевіч? Вось некалькі цікавых фактаў. Іміджавыя інтэрв’ю Казуліна з’яўляюцца не толькі ў «Народнай Волі», але і ў праўладнай газеце «Обозреватель». Гасціннасць, з якой аддала Казуліну свае старонкі газета, уладальнік якой некалькі год таму ледзь не пахаваў тую самую «Народную Волю», даволі паказальная. З цяжкасцю верыцца, што «Обозреватель» дазволіць камусьці крытыкаваць на сваіх старонках Лукашэнку з уласнай ініцыятывы. Аднак Казулін у сваім інтэрв’ю 3 лютага, як кажуць, «раскалоўся» і сапраўды пачаў агітацыю (як яшчэ назваць выкладанне ўласных планаў пасля магчымага абрання прэзідэнтаў) у стылі бэк-вакалу дзяржаўнай прапаганды. Чытаем: Казулін – «праціўнік дэстабілізацыі ў краіне» (маецца на ўвазе: Мілінкевіч за дэстабілізацыю); Мілінкевіч кіраваў рэсурснымі цэнтрамі і сядзеў на замежным фінансаванні (а то праказулінская заказуха ў «Народнай Волі» забяспечваецца беларускімі крыніцамі, і наагул: хто некалькі год сядзеў на тых ільготах, якія прапісаў калісьці БДУ Лукашэнка?); Мілінкевіч – вылучэнец БНФ (а то ў штабе Казуліна нацыяналістаў менш) і г. д. Цікава, што Казулін пачаў атаку на Мілінкевіча менавіта тады, калі рэзка ўзмацнілася атака афіцыёзу на апазіцыю, калі дзяржаўнае тэлебачанне запусціла ў эфір чарговы цыкл антыапазіцыйных дакументальных фільмаў. Карацей, адразу і не разбярэшся, альбо гэта Казулін, альбо Азаронак. Дык вось, галоўная памылка, якую здзейснілі Мілінкевіч і яго каманда, гэта пачатак перамоваў са штабам Казуліна да таго, як апошні выразна вызначыў сваю пазіцыю і праявіў, на якім баку ён насамрэч гуляе. Сеўшы за стол перамоваў, аб’яднаная апазіцыя прызнала Казуліна не толькі роўным сабе, але і дэмакратычным прэтэндэнтам, выпісаўшы яму індульгенцыю за ўсе астатнія ўчынкі падчас рэшты кампаніі. Сказаўшы А, трэба казаць і Б, і цяпер трэба пачынаць гульню ў аб’яднанне. А Казулін між тым выкарыстоўвае свае інфармацыйныя рэсурсы (дарэчы, калі б у Мілінкевіча сапраўды было столькі грошай, пра што намякае Казулін, «Народная Воля» выходзіла б зусім з іншымі матэрыяламі!), каб надалей ствараць вобраз «біпалярнай» апазіцыі. Як вынік, дэмакратычная альтэрнатыва падчас кампаніі канчаткова размываецца. Добра хоць тое, што Мілінкевіч часткова падправіў уласную памылку і прапанаваў Казуліну, каб адзін з кандыдатаў зняўся на карысць іншага. Казулін меў рацыю, калі назваў гэтую прапанову правакацыйнай, але гэтая правакацыя, здаецца, дапамагла высветліць, хто ёсць хто. Сапраўды, Казулін адыгрывае ў дадзенай кампаніі пэўную ролю, якая зусім не зводзіцца да мабілізацыі прыхільнікаў перамен. Дзеля таго, каб ён гуляў іншую ролю, штабу Мілінкевіча трэба было пазбягаць крокаў насустрач як мінімум да таго, калі Казулін сам бы вызначыўся, альбо «заціснуўшы» сябе ў рамкі апазіцыянера, альбо пачаўшы тую гульню, якую ён урэшце і пачаў. Але гэта ўжо ўмоўны лад. Нават калі Казулін – фігура, незалежная ад уладаў (у чым ён сам даў падставы сумнявацца), размыванне дэмакратычнай альтэрнатывы цяпер дазваляе ўладзе рэалізаваць сцэнары, што могуць не дазволіць апазіцыі нават рэалізаваць праграму-мінімум. Напрыклад, нерэгістрацыя Мілінкевіча: выбарчы бюлетэнь жа будзе выглядаць амаль так, як і на папярэдніх выбарах! Аднак, хутчэй за ўсё, зарэгістраванымі будуць усе чатыры кандыдаты. Шляхам статыстычнага «размыву» галасоў дэмакратычнага электарату на другое месца можна будзе вывесці, напрыклад, спадара Гайдукевіча. Пытанне, каго паставяць на трэцяе месца, Казуліна ці Мілінкевіча, ужо не прынцыповае. Пры такім раскладзе можна канчаткова забіць веру ў апазіцыю, а разам з тым веру і ў тое, што аб’яднанне, салідарнасць, адзінства чагосьці вартыя ў палітычнай барацьбе. Такім чынам, пытанне аб тым, што адбудзецца 19 сакавіка, адпадае само сабой. Паспрабуйце прымусіць кагосьці выйсці на вуліцы для таго, каб даказаць сваё кроўнае другое месца! Акрамя таго, няўдача на выбарах і на вуліцы можа выклікаць хуткі развал дэмакратычнай кааліцыі пасля выбараў. Згадваючы, колькі незадаволеных выбарам адзінага кандыдата было на Кангрэсе дэмакратычных сіл, з якой перавагай перамог Мілінкевіч, і як аб ім адгукаліся некаторыя кааліцыянты, можна сабе ўявіць, што тыя, хто лічыў сябе пераможаным у выніку гонкі за адзінага, проста спашлюцца на тое, на што спасылаліся прыхільнікі Домаша падчас паразы пяцігадовай даўніны: маўляў, кандыдат не той. Цяпер ламаць сітуацыю аб’яднанай апазіцыі можна хіба што радыкальнымі метадамі. Напрыклад, Мілінкевіч прапануе Казуліну, што ён добраахвотна здымае сваю кандыдатуру, але пры гэтым Казулін займае яго месца і становіцца кандыдатам ад дэмакратычных сілаў. Але трэба добра ведаць палітычную кухню як афіцыйнай, так і альтэрнатыўнай Беларусі, каб зразумець, што такога не адбудзецца. Дык ці застанецца ў гэтых выбараў інтрыга? Нечаканасці заўжды могуць быць. Але цяпер, здаецца, трэба прыкладаць звышвысілкі для дасягнення міні-вынікаў... |
палітэканом, доктар філязофіі унівэрсытэту Ратгерса. Яго апошні аналіз «Выбары навыварат» пасьля публікацыі на сайце «ARCHE» пабіў усе ранейшыя рэкорды наведвальнасьці. |
![]() |
||||
![]() |
||||
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 3 (43) - 2006 |
|
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |
|