A R C H E П а ч а т а к № 3 (43) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


3-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка•крытыка•гісторыя•эсэістыка•літаратура•палеміка•рэцэнзіі

 


крытыка

  АЛЕСЬ СМАЛЯНЧУК

У афармленьні вокладкі выкарыстаны фрагмэнт карціны Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 г.» (1955). Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1,2’2006)
   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Алесь Смалянчук
Навошта Лукашэнку Трашчанок?


Трещенок Я. И. История Беларуси. В двух частях. Часть 1. – Могилев: МГУ, 2004. – 296 с.

История Беларуси. В двух частях. Часть 2. / Под ред. Я. И. Трещенка. – Могилев: МГУ, 2005. – 310 с.

Хваля ідэалагічнай істэрыі апошніх гадоў вынесла на паверхню гістарычнай адукацыі асобу дацэнта Магілёўскага універсітэта Якава Іванавіча Трашчанка. Напачатку гэта выклікала толькі ўсмешкі гісторыкаў з акадэмічнага асяроддзя. Адзін Генадзь Сагановіч адчуў небяспеку і тры гады таму на старонках «Народнай волі» звярнуў увагу, як на лабіраванне поглядаў магілёўскага дацэнта прадстаўнікамі дзяржаўных структур, так і на баязліва-абыякавую пазіцыю кіраўніцтва Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Урэшце якраз яно і дало «пуцёўку ў жыццё» пісанням Я. Трашчанка. Сёння мы маем ужо некалькі ягоных падручнікаў гісторыі Беларусі, якія актыўна навязваюцца Міністэрствам адукацыі ВНУ. Апошні з іх (История Беларуси. В двух частях. Часть 2) выйшаў з друку летам 2005 г.

Пісаць звычайную навуковую рэцэнзію на падручнікі Я. Трашчанка немагчыма. Напрыклад, згаданая другая частка «Гісторыі Беларусі», рэкамендаваная Міністэрствам адукацыі ў якасці «вучэбнага дапаможніка для студэнтаў», на самай справе ўяўляе сабой палітычны памфлет. Дзеля дакладнасці трэба адзначыць, што ў напісанні «пособия» апроч Я. Трашчанка ўдзельнічалі таксама Аляксандр Вараб’ёў, Марыя Мацюшэўская і Наталля Пурышава. Яны з’яўляюцца аўтарамі ІІ раздзела («Усталяванне савецкай сацыяльна-эканамічнай і сацыякультурнай сістэмы ў Беларусі»). Гэта адзіны раздзел, які сваёй інфармацыйнай насычанасцю нагадвае тэкст падручніка. Якаў Трашчанок напісаў раздзелы І («Станаўленне беларускай дзяржаўнасці»), ІІІ («Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны і паваеннага аднаўлення. 1941–1953 гг.)» і IV («Нарастанне крызісу савецкай сістэмы. Распад СССР і абвяшчэнне суверэннай Рэспублікі Беларусь»). Ён жа стаў аўтарам шматлікіх «гістарыяграфічных адступленняў», а таксама рэдактарам выдання. Рэцэнзентамі былі прафесары Яўген Новік і Мікалай Сташкевіч, а таксама супрацоўнікі кафедраў гісторыі Беларусі Берасцейскага і Віцебскага універсітэтаў (загадчыкі адпаведна П. Рамановіч і В. Акуневіч).

«Феномен Трашчанка» ў першую чаргу цікавы як эпізод эвалюцыі «дырэктыўнай гістарыяграфіі». На адной з канферэнцый Беларускага гістарычнага таварыства Андрэй Кіштымаў задаў цікавае пытанне: Навошта сённяшняму рэжыму Трашчанок, калі ёсць Абэцэдарскі?1. Пытанне сапраўды вартае таго, каб на ім засяродзіцца. Як суадносяцца погляды Я. Трашчанка з характэрнымі рысамі і канцэпцыяй беларускай савецкай гістарыяграфіі? Ці выявіліся здольнымі сучасныя прадстаўнікі «дырэктыўнай гістарыяграфіі» на мадэрнізацыю савецкай версіі мінулага Беларусі? Дзеля адказу на гэтыя пытанні звернемся да тэксту згаданага падручніка2.

  (нар. у 1959 на Слонімшчыне) – доктар гістарычных навук, прафэсар катэдры тэорыі і гісторыі права Беларускага інстытуту правазнаўства (Гарадзенская філія). Аўтар кніг «Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905–1907 гг.» (2000), «Паміж краёвасьцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 – люты 1917» (2001, перавыдадзеная ў 2004).
   
На пачатку кнігі Я. Трашчанок двойчы прыгадаў вядомага нямецкага гісторыка ХІХ ст. Леапольда Ранке і ягоны прынцып апавядаць толькі тое, што было на самай справе. Я. Трашчанок нібыта вяртаецца ў рэчышча рамантычнага пазітывізму пазамінулага стагоддзя і абяцае «зразумець і прыняць тое, што было на самай справе» (с. 4, 53). Аднак знаёмства з тэкстам вельмі хутка пераконвае ў максімальнай палітызаванасці падручніка. Цяжка змагацца з уражаннем, што тэкст пісаў нават не палітычна ангажаваны гісторык, а нейкі палітык. У прыватнасці, тэкст перанасычаны кампліментамі на адрас мудрага палітычнага курса прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Менавіта А. Лукашэнка з’яўляецца найчасцей згадванай постаццю айчыннай гісторыі ХХ–ХХІ стст.

Адначасна Якаў Іванавіч актыўна падкрэслівае ўласную «аб’ектыўнасць». На ягоную думку, існуюць дзве «ідэалагічныя схемы» інтэрпрэтацыі гісторыі паслярэвалюцыйнай Беларусі – «савецкая» і «нацыяналістычная». Я. Трашчанок як сапраўдны «аб’ектыўны гісторык» не прымае ні першай, ні другой. «Савецкую» версію ён адмаўляецца прыняць, бо ў ёй «міфалагізаваная... гісторыя партыі фактычна замяніла грамадзянскую гісторыю» (с. 26). Яшчэ больш рэзка рэдактар і аўтар «дапаможніка» крытыкуе версію «нацыяналістычную». Калі «савецкая» канцэпцыя, на думку аўтара, патрабуе «сур’ёзнага карэгавання і пераасэнсавання», то другая «ілжывая па сваёй сутнасці і не адлюстроўвае рэальнага гістарычнага працэсу» (с. 30).

Якаў Трашчанок быццам уздымаецца над «ідэалагічнымі схемамі» і апавядае чытачу, як «усё было на самай справе». Прэтэнзіі на звышаб’ектыўнасць некалі былі характэрныя для тыповых прадстаўнікоў савецкай гістарыяграфіі. Толькі ў СССР «дырэктыўныя» гісторыкі адчувалі сябе носьбітамі «ісціны ў апошняй інстанцыі» альбо старанна гралі гэтую ролю. Міжволі згадваецца Лаўрэнці Абэцэдарскі і ягоная брашура «У святле неабвержных фактаў» (Менск, 1969). Характэрнай рысай савецкай гістарыяграфіі было фармальнае панаванне культу гістарычнага факту. Вось толькі месца пошуку гэтага факту і сродкі, якімі валодаў гісторык, вызначаліся не ў навуковых лабараторыях, а ў партыйных кабінетах прыхільнікаў «адзіна правільнай» марксісцка-ленінскай ідэалогіі. А гэта вельмі істотны момант кожнага гістарычнага даследавання, бо месца (дзе шукаць) і сродкі (як шукаць) істотна ўплываюць на селекцыю фактаў. У тагачасных працах тэарэтычныя падыходы звычайна замяняліся падборам неабходных цытат з класікаў або з партыйных дакументаў, а «даследаванне» абмяжоўвалася пошукам фактаў, якія пацвярджалі гэтыя цытаты. Нормай была тэарэтычная і метадалагічная галеча гістарыяграфіі. Я. Трашчанок пайшоў далей за сваіх савецкіх папярэднікаў. Ужо «Уводзіны» пачынаюцца цытаваннем колішняга генеральнага сакратара ЦК КПСС Ю. Андропава, далей сустракаюцца цытаты з твораў У. Леніна, Ф. Дзяржынскага, В. Кнорына ды інш. «правільных» палітыкаў савецкай эпохі. Затое ў тэкстах Я. Трашчанка няма аніводнай спасылкі на сучасную беларускую ды іншыя гістарыяграфіі. Тэкст пераконвае, што на самай справе дацэнт Трашчанок займаецца рэанімацыяй савецкіх ідэалагемаў у іх найгоршай версіі.

У першую чаргу гэта ідэалагема савецкай беларускай дзяржаўнасці: «Рэальная беларуская дзяржава з’явілася на мапе свету як савецкая сацыялістычная рэспубліка…» (с. 4). Дзеля параўнання зноў згадаем Лаўрэнція Абэцэдарскага: «Толькі дзякуючы перамозе Кастрычніка беларускі народ атрымаў права на самавызначэнне, аж да дзяржаўнага аддзялення, стварыў сваю рабоча-сялянскую дзяржаву...»3. А вось што пісаў іншы прадстаўнік «дырэктыўнай гістарыяграфіі» БССР 80-х гг. ХХ ст.: «...Утварэнне Беларускай ССР было… абумоўлена перамогай Вялікага Кастрычніка і трыумфам ленінскай нацыянальнай палітыкі, у выніку чаго беларусам была дадзена магчымась не толькі развіваць сваю культуру і карыстацца роднай мовай, але і стварыць нацыянальную дзяржаўнасць»4.

  1 Захар Шыбека, адказваючы на пытанне А. Кіштымава, заўважыў, што ў працах Я. Трашчанка, Я. Новіка ды некаторых іншых прысутнічае фактычнае апраўданне царызму і спроба сумясціць савецкую канцэпцыю з поглядамі, напрыклад, М. Каяловіча ды іншых прадстаўнікоў афіцыёзу часоў Расійскай імперыі (IV канферэнцыя БСГ была прысвечаная аналізу беларускай савецкай гістарыяграфіі. Гл. Гістарычны альманах. Том 10. 2004. с. 9–10).

2 История Беларуси. В двух частях. Часть 2. / Под ред. Я. И. Трещенка. – Могилев: МГУ, 2005. – 310 с.

   
Аднак тэкст «дапаможніка» дазваляе казаць пра пэўны адыход Я. Трашчанка ад класічнай савецкай ідэалагемы. У першых двух раздзелах падручніка ён актыўна навязвае чытачам ідэю штучнасці беларускай рэспублікі. Маўляў, Беларусь нават не была нацыянальнай ускраінай Расіі («Яе традыцыйна лічылі толькі этнаграфічна своеасаблівай вобласцю ўласна Расіі…» (с. 31)), дзеячы беларускага нацыянальнага руху не мелі падтрымкі («Тут нацыянал-сепаратысты не мелі ніякага ўплыву ў народных масах» (с. 31 і далей)). БНР ацэньваецца як дапаможная структура нямецкай акупацыйнай адміністрацыі (с. 37), а БССР – як рэалізацыя палітычнай волі І. Сталіна, абумоўленая геапалітычнымі супярэчнасцямі ў «буферным» Заходнім краі» (с. 33). Я. Трашчанок нават параўнаў БССР з Далёкаўсходняй рэспублікай (с. 42). На думку аўтара і рэдактара «Гісторыі Беларусі», уласна беларускі народ не жадаў аддзялення ад Расіі і не імкнуўся да дзяржаўнага самавызначэння (с. 43, 52 і далей).

Следам за савецкімі гісторыкамі Я. Трашчанок асудзіў дзеячаў беларускага руху як «нацыянал-сепаратыстаў», якія нібыта былі перакананымі праціўнікамі народнай улады, камуністычнай ідэі і інтэрнацыяналізму (с. 28 ды інш.). Зразумела, што пры гэтым яны не мелі ніякага ўплыву і арыентаваліся на знешнія антырасійскія сілы (Антанта, Польшча, Нямеччына). Напрыклад: «Беларускія нацыяналістычныя гурткі ніякага рэальнага ўплыву ў масах не мелі. Беларуская сацыялістычная грамада, хоць і гучна называла сябе партыяй, захоўвала дробнагуртковы, дробнаінтэлігенцкі характар і не здолела набыць шырокай сацыяльнай базы» (с. 22). Відавочна здзеклівасць і абсурднасць тэрміналагічных «знаходак» Трашчанка. Але больш цікава тое, што ў гэтай «характарыстыцы» беларускага нацыянальнага руху заўважная пэўная мадэрнізацыя савецкай канцэпцыі. Беларускі рух трактуецца не проста як «антынародная дробнабуржуазная стыхія», а як галоўным чынам антырасійская сіла. Тэкст падручніка прымушае згадаць пра ідэалогію «заходнерусізму» ў яго найбольш антыбеларускім варыянце.

Аўтар імкнецца даказаць, што самавызначэнне Беларусі ў першай чвэрці ХХ ст. адбывалася насуперак волі беларускага народу. За ўсім гэтым стаіць яшчэ адна прынцыповая ідэя беларускай савецкай гістарыяграфіі: беларусы не былі стваральнікамі ўласнай гісторыі. У савецкі час яны трактаваліся як аб’ект уздзеяння розных сацыяльных, палітычных і нацыянальных сілаў і ніколі не ўспрымаліся ў якасці суб’екта гісторыі. Менавіта так трактуе беларусаў і Якаў Трашчанок. Фактычна, у ягонай інтэрпрэтацыі гісторыі яны («беларускі народ») толькі аднойчы ажыццявілі сваю волю, а менавіта падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 г. Але і ў гэтай сітуацыі беларусы выступаюць як цалкам абесчалавечаная тэарэтычная канструкцыя. І тут можна заўважыць адраджэнне не найлепшых традыцый беларускай савецкай гістарыяграфіі. У пэўным сэнсе менавіта яна ініцыявала «масавыя рэпрэсіі» супраць гістарычных постацяў, якія, за выключэннем камуністычных дзеячаў, практычна зніклі са старонак гістарычных працаў. Адпаведна, у падручніку Я. Трашчанка толькі аднойчы згадваюцца Вацлаў Ластоўскі, браты Луцкевічы, «камуністы-нацыяналісты» А. Чарвякоў і З. Жылуновіч. А вось Янка Серада, Язэп Варонка, Раман Скірмунт і Язэп Лёсік згаданыя выключна як аўтары тэлеграмы нямецкаму імператару Вільгельму ІІ (25 красавіка 1918 г.), г. зн. як «калабарацыяністы» (с. 37).

У пошуках абгрунтавання сваіх ацэнак і суджэнняў Я. Трашчанок звычайна звяртаецца да расійскай гісторыі. Напрыклад: «Ва ўмовах Расіі дзяржаўная цэнтралізацыя ажыццяўлялася на феадальным эканамічным грунце… Станаўленне абсалютызму адбывалася на фоне вызвалення краіны ад мангола-татарскага ярма і не магло пазбегнуць уплыву Залатой Арды на ўсе бакі жыцця» (с. 94); «Расійская мадэль арганізацыі соцыуму не раз даводзіла сваю адэкватнасць айчынным умовам. Самымі жыццяздольнымі нязменна выяўляліся інстытуты, што ідуць каранямі менавіта ў мясцовую традыцыю (напрыклад, артэльная арганізацыя працы, народныя сходы і г. д.). Так, у гісторыі Расіі дзяржаўная ўлада значыла больш, чым на Захадзе…» (с. 97) ды інш. Традыцыі Полацкай зямлі і Вялікага Княства Літоўскага ігнаруюцца. Расійская гістарычная адметнасць у тэкстах Трашчанка цалкам падмяняе беларускую. А дзеля разумення асаблівасцяў савецкай эпохі ён звяртаецца да рысаў расійскага нацыянальнага характару (с. 8–12).

Хутка пачынаеш разумець, што аўтара цікавіць не лёс Беларусі, а лёс той еўразійскай дзяржавы, якая напачатку называлася Расійскай імперыяй, а потым Савецкім Саюзам. Палітычная гісторыя нашай краіны для Якава Трашчанка – гэта толькі нагода, каб паразважаць пра лёс «вялікай Расіі», асудзіць «сепаратыстаў» і «знешнія антырасійскія» сілы, якія прычыніліся да краху Імперыі. Пра гэта сведчыць таксама выкарыстанне аўтарамі тэрміну «краіна». Ён адначасна ўжываецца як сінонім Расійскай імперыі, СССР і (зрэдку) Беларусі.

Шкадаванне пра распад Імперыі лагічна перацякае ў тэзіс пра непазбежнасць «рэінтэграцыі вялікай еўразійскай агульнасці народаў» (с. 3, 53, 295 ды інш.). Гэты тэзіс рэфрэнам гучыць ва ўсіх раздзелах падручніка. Паводле Я. Трашчанка, у авангардзе працэсу рэінтэграцыі ідзе беларукі народ пад кіраўніцтвам А. Лукашэнкі. «Ядром» гэтага працэсу ён лічыць Расію, а яго найважнейшым этапам – стварэнне саюзнай расійска-беларускай дзяржавы (с. 61). «Гісторыя Беларусі» паступова ператвараецца ў гісторыю знішчэння і адраджэння Імперыі. За псеўдагістарычнымі аргументамі хаваецца заклік да ліквідацыі незалежнай беларускай дзяржавы.

Цалкам у згодзе з канцэпцыяй «заходнерусізму» рэдактар выдання падводзіць чытача да высновы, што ўласна беларускай гісторыі ніколі не існавала. Такім чынам, Беларусь перастае быць ужо і аб’ектам даследавання. Гэта асабліва відавочна пры знаёмстве з IV раздзелам кнігі, прысвечаным гісторыі Беларусі 1953–1991 гг. З 24 старонак гэтага раздзела толькі чатыры (?!) распавядаюць пра сітуацыю ў Беларусі. Астатнія прысвечаныя гісторыі Расіі (=СССР) і перапоўнены аўтарскімі разважаннямі пра «гістарычную вялікасць» Сталіна і створанай ім планава-бюракратычнай партыйнай сістэмы (с. 272), пра інтрыгана Хрушчова (с. 272), пра дысідэнтаў, якія высмейвалі не толькі сістэму, але і «саму Айчыну» (с. 277), пра гарбачоўскую перабудову, якая ператварылася ў дэмантаж існуючага ладу (с. 277), пра «цынічнага дэмагога» Ельцына (с. 284) ды інш. Аўтар старанна ўзнаўляе ідэалагемы ўжо сучаснай расійскай нацыяналістычнай публіцыстыкі.

Трэба адзначыць, што ідэі «заходнерусізму» былі неад’емнай часткай беларускай савецкай гістарыяграфіі. Як адзначаў яшчэ Міхась Біч, гэты «метадалагічны гібрыд» канчаткова аформіўся ў пасляваенныя дзесяцігоддзі і цалкам адпавядаў устаноўкам ідэолагаў КПСС-КПБ на стварэнне выхаванага ў камуністычна-імперскім духу расійскамоўнага «савецкага народа» як новай гістарычнай супольнасці. Пры гэтым «нацыянальныя гістарычныя каштоўнасці і арыенціры былі амаль цалкам выкінуты з айчыннай гісторыі. Спробы аб’ектыўнай навуковай ацэнкі з’яваў і дзеячаў нацыянальнай гісторыі заканчваліся палітычнымі абвінавачваннямі і рэпрэсіямі»5. Аднак у савецкай гістарыяграфіі «заходнерусізм» быў толькі дадаткам да марксісцка-ленінскай ідэалогіі. Той жа Л. Абэцэдарскі ў сваіх вядомых працах «Беларусы ў Маскве ХVII в.» (Менск, 1957) і «Нарысы руска-беларускіх сувязяў другой паловы XVI–XVII стст.» (Менск, 1978) адным з першых надрукаваў звесткі пра перасяленне беларусаў у Маскву і пра іх значны ўклад у развіццё культуры гэтага горада. Вядома і тое, што чалавек, які дзякуючы таленавітым эсэ У. Арлова ўспрымаецца сёння як нейкі антынавуковы кашмар і жудасны сімвал палітызаванасці гістарычнай навукі, рэзка крытыкаваў погляды галоўнага «заходнерускага» ідэолага Міхаіла Каяловіча. А вось у падручніку Якава Трашчанка «заходнерусізм» адыгрывае дамінуючую ролю.

  3 Абэцэдарскі Л. У святле неабвержных фактаў. Мінск, 1969. с. 40–41.

4 Бродко И. А. Критика буржуазной фальсификации истории образования БССР. Минск, 1987. с. 41.

   
Рэдактара падручніка ўдала дапаўняюць малодшыя калегі. Іх з’яўленне дапамагае зразумець, што «феномен Трашчанка» нельга расцэньваць толькі як рэанімацыю асобы, інтэлектуальнае развіццё якой спынілася гадоў пятнаццаць таму. Мы маем дачыненне хутчэй з пэўнай з’явай сацыяльна-культурнага жыцця, зрэшты, добра вядомай тым, хто жыў у савецкую эпоху.

Аляксандр Вараб’ёў у параграфе, прысвечаным міжпартыйнай барацьбе на тэрыторыі Беларусі ў канцы ХІХ ст. – 1920-х гг., галоўную ўвагу ўдзяліў дзейнасці агульнарасейскіх партый. БССР і тут выглядае як частка Расеі, народ якой ніколі не падтрымліваў «сепаратыстаў» з Беларускай Сацыялістычнай Грамады ды іншых «Нацыяналістычных» партый (с. 80 ды інш.). Наталля Пурышава, раскрываючы праблемы станаўлення беларускай савецкай культуры, заўважыла, што ў перыяд БНР культура мела «сепаратысцкі, антырускі характар і імкнулася абуджаць у масах нацыяналістычныя настроі», што, зразумела, «не сустракала ўхвалы ў насельніцтва» (с. 104). Беларусізацыя 20-х гг. ХХ ст., на думку даследчыцы, была выключна прымусовай і мела адваротны эфект. Кіраўнікоў гэтай палітыкі адрознівала «нацыянальная абмежаванасць» (с. 112). Якаў Трашчанок у падсумаванні гэтай тэмы падкрэсліў несамастойнасць беларускай культуры, для якой нібыта «мадэльным узорам» стала «вялікая руская культура», а таксама (у меншай ступені) – польская і ўкраінская (с. 148). Беларускую нацыянальную культуру ён ахарактарызаваў як «гістарычную навацыю, якая не існавала ніколі раней» (с. 149). Марыя Мацюшэўская, апавядаючы пра цяжкі стан насельніцтва Заходняй Беларусі пад польскай уладай, здолела пазбегнуць нават згадкі пра Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду і пра беларускі вызвольны рух наогул. Паводле М. Мацюшэўскай, паратунак для беларусаў прыйшоў у верасні 1939 г. разам з пераможнай Чырвонай арміяй. Зразумела, што аўтар тэксту таксама «забылася» згадаць, што гэты паход быў рэалізацыяй сумеснага сталінска-гітлераўскага плана па развязванні Другой сусветнай вайны. Дарэчы, цалкам у адпаведнасці з савецкай ідэалагемай гэтая вайна пачалася летам 1941 г., а не ў верасні 1939 г.

Асвятленне лёсу Беларусі ў Другой сусветнай вайне зроблена Я. Трашчанком амаль цалкам у адпаведнасці з нормамі савецкай гістарыяграфіі. Аўтар не пасаромеўся нават адкрытага паклёпу, абвінаваціўшы с. Станкевіча, К. Езавітава ды інш. у тым, што іх рукі «залітыя крывёй беларускага народу». Ф. Кушаль быў названы «афіцэрам СС», які «актыўна ўдзельнічаў у расправах над мірным насельніцтвам» (с. 238). Падобная хлусня ў адносінах да беларускай калабарацыі была амаль нормай для той часткі савецкіх прапагандыстаў-гісторыкаў, якія рамяство даследчыка пастаянна блыталі з функцыямі пракурора. Да таго ж мелі абсалютную ўпэўненасць, што адказваць за паклёп ім не давядзецца.

Уся гісторыя ХХ ст. бачыцца аўтару і рэдактару «дапаможніка» як бясконцая барацьба з ворагамі народу. Гэта таксама вяртае нас да канцэпцыі беларускай савецкай гістарыяграфіі. Варта нагадаць, што гістарычная навука ўспрымалася савецкімі і партыйнымі кіраўнікамі, а таксама значнай часткай гісторыкаў як сродак ідэалагічнай барацьбы з г. зв. «буржуазнымі фальсіфікатарамі», якія ў Беларусі звычайна выступалі як «буржуазныя нацыяналісты». У выніку для савецкай гістарыяграфіі было характэрным выключна канфрантацыйнае бачанне мінулага. Многія гістарычныя падзеі тлумачыліся пры дапамозе вобраза ворага, які ў залежнасці ад канкрэтнага эпізоду набываў сацыяльнае, нацыянальнае або рэлігійнае аблічча. Ворагам № 1 у падручніку дацэнта з Магілёва таксама з’яўляюцца «нацыяналісты». Знік толькі прыметнік «буржуазныя».

На працягу ўсяго падручніка дзеячы беларускага руху характарызуюцца выключна як нацыяналісты-радыкалы або як нацыянал-сепаратысты, якія імкнуцца пасеяць зерне нацыянальнай варожасці і экстрэмізму. У гісторыі БССР 40–90-х гг. ХХ ст. Я. Трашчанок заўважыў дзве спробы «нацыяналістычнага рэваншу». Першую ён звязаў з калабарацыяй на акупаванай нямецкімі войскамі тэрыторыі Беларусі ў час Другой сусветнай вайны, а другую ўбачыў у спробе нацыянальна-культурнага Адраджэння ў «парламенцкі перыяд» гісторыі Рэспублікі Беларусь. Гэты перыяд ён характарызуе як час «ашалелага прымусу», «спробы рэабілітацыі здраднікаў-калабарантаў і нават забарон на прафесіі паводле моўнай прыкметы», «разгрому сістэмы гуманітарнай адукацыі і навукі» (с. 151) і г. д.

Другое месца ў намінацыі «ворагі беларускага народу» цалкам згодна з савецкай канцэпцыяй займаюць палякі. У гэтым месцы варта спыніцца і згадаць «польскі сюжэт» у першай частцы «Гісторыі Беларусі», прысвечанай «дасавецкаму перыяду»6. Ва ўмовах адсутнасці «беларускіх нацыянал-сепаратыстаў» ролю галоўнага ворага сталі адыгрываць польскія памешчыкі і каталіцкае духавенства. Паводле Я. Трашчанка, першыя з іх давялі беларускіх сялянаў да мяжы фізічнага выраджэння, а другія з дапамогай Берасцейскай уніі спрабавалі духоўна знішчыць беларусаў і завяршыць працэс паланізацыі. Паўстанне 1863 г. у Беларусі і Літве разглядаецца Якавам Іванавічам як выключна польскае паўстанне, у падаўленні якога актыўна ўдзельнічалі беларускія сяляне, якія пры гэтым кіраваліся «вякамі назапашанай нянавісцю да польскага пана». Беларусь наогул трактуецца аўтарам як «яблык спрэчкі ў вечным расійска-польскім супрацьстаянні». Аўтар сцвярджае, што ў гэтае супрацьстаянне «польскія шавіністы» нібыта паспрабавалі ўцягнуць усе па-антырасійску настроеныя еўрапейскія колы7.

  5 Біч М. Аб нацыянальнай канцэпцыі гісторыі і гістарычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 1. с. 17.

   
У другой частцы свайго падручніка ён дамаляваў вобраз «польскага ворага» сюжэтам пра польскую экспансію на ўсход у 1919–1920 гг. і абвінавачваннем палякаў у генацыдзе палонных чырвонаармейцаў. Насуперак вядомым гістарычным фактам пра тое, як савецкая Расія гандлявала беларускай зямлёй на перамовах у Рызе, Я. Трашчанок сцвердзіў, што менавіта яна і выратавала Беларусь (с. 50).

Аўтар і рэдактар «дапаможніка» паспрабаваў захаваць і мадэрнізаваць вобраз «польскага ворага» як аднаго з галоўных у беларускай гісторыі. Пры гэтым варта задумацца, чаму гісторыка, погляды якога вагаюцца паміж «заходнерусізмам» і вялікадзяржаўным расійскім шавінізмам, наогул хвалюе праблема паланізацыі. Зразумела, не таму, што яму баліць душа за лёс беларускай культуры. Хутчэй, мы маем справу з асуджэннем палякаў і палітыкі паланізацыі ў Беларусі толькі таму, што яны «сапсавалі» частку адзінага «рускага народу», вынікам чаго і стала з’яўленне беларусаў. Падобна, што апошні тэзіс, які нарадзіўся яшчэ ў ХІХ ст. падчас актыўных намаганняў афіцыйных ідэолагаў даказаць легітымнасць расійскага валодання беларускай зямлёй, і сёння з’яўляецца ідэйным падмуркам разважанняў аўтараў тыпу Трашчанка. На самай справе, антыпольскасць вялікарасійскіх шавіністаў грунтавалася (і грунтуецца!) на тым, што прысутнасць палякаў і каталіцкага касцёла ў беларускай гісторыі прынамсі з апошняй чвэрці ХІХ ст. істотна перашкаджала завяршэнню русіфікацыі Беларусі.

Таксама ўражвае імкненне Я. Трашчанка апраўдаць савецкі таталітарызм і дыктатуру. Яго разважанні зводзяцца да двух аргументаў. Па-першае, таталітарны рэжым спыніў «рэвалюцыйную стыхію», і бальшавікі сталі ратавальнікамі Расіі; а па-другое, таталітарызм адпавядаў «векавой ментальнасці народу з яго традыцыйным маральным максімалізмам, схільнасцю ўпадаць у крайнасці, вечнай надзеяй на строгага і справядлівага правіцеля» (с. 215). Магчыма, Якаў Іванавіч менавіта гэтую асаблівасць савецкага ладу меў на ўвазе, калі пасля разважанняў пра прыроду таталітарызму заўважыў, што «многае, некрытычна адкінутае ў 90-я гг., паступова вяртаецца ў наша жыццё сёння» (с. 215–216).

Найбольш відавочны адыход ад канцэпцыі беларускай савецкай гістарыяграфіі заўважны ў адносінах да ролі Рускай праваслаўнай царквы і праваслаўя наогул. Якаў Трашчанок рашуча асудзіў савецкае «багаборства», і нават назваў РПЦ сярод фактараў перамогі над нацысцкай Нямеччынай (с. 255). Яшчэ больш высока ён ацаніў станоўчую ролю праваслаўя ў «дасавецкім перыядзе» гісторыі. У першай частцы падручніка праваслаўе характарызавалася як «вырашальны фактар этнічнага з’яднання ўсходніх славян, кансалідацыі старажытнарускай народнасці»8. Адпаведна, адыход ад праваслаўя непазбежна абарочваўся «культурнай, моўнай, этнічнай асіміляцыяй»9.

  6 Трещенок Я. История Беларуси. Досоветский период. Часть 1. – Могилев, 2003.

7 Тамсама. с. 92.

   
Відавочная спроба мадэрнізаваць гістарыяграфічную савецкасць з дапамогай «заходнерусізму» і вялікарасійскага шавінізму, дапоўненымі добрай дозай праваслаўнага фанатызму. Аднак «феномен Трашчанка» не абмяжоўваецца толькі гістарыяграфічнымі навацыямі ў духу ідэалогіі адраджэння Імперыі. Фактычна, мы сустракаемся з такой родавай прыкметай беларускай савецкай гістарыяграфіі, як ідэалагічнае абслугоўванне ўладнага рэжыму. Як некалі заўважыў вядомы расійскі гісторык Юры Афанасьеў, «партыі і савецкай дзяржаве былі патрэбныя гісторыкі, для якіх палітычная мэтазгоднасць была крытэрам (…) больш важным, чым гістарычная праўда. Прычым, гэтае патрабаванне закладвалася ў падмурак і прафесійнай адукацыі, і фармавання маральных якасцяў асобы. Гісторык мог лічыцца прафесіяналам толькі ў той ступені, у якой ён быў «байцом партыі». Падобныя абставіны нярэдка прыводзілі да прафесійнай і маральнай дэфармацыі»10.

Сёння месца былой камуністычнай ідэалогіі заняла, паводле Я.Трашчанка, «узважаная дзяржаўна-патрыятычная ідэалогія, якая выключае ўсякія праявы экстрэмізму – як нацыянальнага, так і сацыяльна-класавага» (с. 151). Менавіта сучасны варыянт г. зв. «дзяржаўнай ідэалогіі», якую Рышард Радзік ахарактарызаваў як эклектычны збор канфармісцкіх пазіцый у дачыненні да ўлады11, робіцца арыенцірам для сучасных прадстаўнікоў «дырэктыўнай гістарыяграфіі». Разгубленасць першага дзесяцігоддзя незалежнасці, звязаная з тым, што гісторыкаў пачалі раптам ацэньваць паводле іх навуковага патэнцыялу, а не паводле здольнасці даводзіць начальніка да ідэалагічнага аргазму, паступова прайшла. Уладны рэжым, нарэшце, стварыў доўгачаканы арыенцір у выглядзе «дзяржаўна-патрыятычнай» ідэалогіі. І многія гісторыкі ахвотна пачалі вяртацца да звыклай з часу БССР ролі паслугача ўлады. Намаганнямі былых і сучасных гісторыкаў-прапагандыстаў навуку зноў спрабуюць звесці да ролі сродка ідэалагічнага выхавання. Ці здадуць беларускія гісторыкі чарговы іспыт на сумленнасць і гонар?

  8 Трещенок Я. История Беларуси. Досоветский период… с. 67.

9 Тамсама. с. 10.















10 Афанасьев Ю. Феномен советской историографии // Советская историография. / Под ред. Ю. Афанасьева. Москва, 1996. с. 25.

11 Радзік Р. Дапаможнік па дзяржаўнай ідэалогіі // Беларускі гістарычны агляд. Т. 11. Сшытак 1–2 (20–21). Менск, 2004. с. 326.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 3 (43) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/05/14