A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (43) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
АНАТОЛЬ ТРАФІМЧЫК | ||||
Развянчанне брэнду беларускага Таджыкістана Парашкоў C. А. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск: Беларуская навука, 2003. – 444 с.
Любая рэцэнзія праз сваю жанравую спецыфіку надзелена пэўнай ступенню эмацыйнасці – ці то яна станоўчая, ці то наадварот. Любое выданне, якое бярэцца для напісання рэцэнзіі, з першага ж судакранання, знаёмства з аўтарамі, рэцэнзентамі (калі ёсць) etc., ужо выклікае нейкія спярша эмоцыі, а пасля – думкі. Гэтаксама сталася з падручнікам (відаць, найлепей так маркіраваць выданне, якое, паводле анатацыі, «носіць вучэбны характар») па «Гісторыі культуры Беларусі» C. А. Парашкова, выдадзеным пад грыфам Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. А. Куляшова ў менскім выдавецтве «Беларуская навука». Першая асацыяцыя пры знаёмстве з выходнымі звесткамі кнігі (у прыватнасці, з месцам выдання) была з жартаўлівай прапановай Юрася Барысевіча пабудаваць Савецкі Саюз у «асобна ўзятай краіне», дзе Магілёўская вобласць з’яўлялася б Таджыкістанам. Да таго ж асабістае знаёмства з нашым усходам ужо было: на банкеце, які ладзіўся пасля літаратуразнаўчай канферэнцыі ў МДУ (люты 2002 г.), мяне ажно страсянула, калі рэй павялі ў духу панславізму «старэйшыя браты» з Расіі (прычым нацыянальна настроеныя «асобы» талерантна, «па-беларуску», нават слова не сказалі папярок); ды калі да ўсяго наладзілі дыскатэку пад спевы найвульгарнейшага расійскага гурта «Рукі ўверх» – сапраўдны шабас. Не вытрымаўшы хаўрусу такой «эліты», я пасунуў, не спужаўшыся марозу, на вакзал чакаць цягніка. Далей настала чарга рэцэнзентаў. Іх склад разнародны, што тым больш штурхае да высвятлення пытання, чыя ж пазіцыя перамагла. Бо калі імёны г. Я. Галенчанкі ды А. У. Рагулі гучаць у беларускім гістарыяграфічным дыскурсе нейтральна, то прозвішча П. Ц. Петрыкава хутка ўжо стане сінонімам даследчыкаў, што пішуць «новую старую гісторыю» (дэфініцыя польскага гісторыка В. Сьляшынскага). Дастаткова зірнуць на адну з апошніх публікацый беларускага гісторыка-«аксакала»1, каб пераканацца, што яе аўтар – шчыры homo soveticus, а не гісторык. А прозвішча, якое носіць яшчэ адзін рэцэнзент, даўно ўжо стала імем агульным, хадзячай назвай, ці, як сёння модна казаць, брэндам (прашу прабачэння ў яго носьбіта – А. Л. Абэцэдарскай, так разумею, дачкі сумнавядомага Л. С. Абэцэдарскага). Структурна падручнік не адрозніваецца ад падобных выданняў: традыцыйныя «Уводзіны», 9 раздзелаў асноўнай часткі, кароткае «Заключэнне», спіс выкарыстанай літаратуры з амаль 100 пазіцый, дастаткова багаты слоўнік тэрмінаў (с. 371–443). Ва ўводзінах пасля разважанняў стасоўна дэфініцыі «культура» аўтар пераходзіць да разгляду беларускай гісторыі культуры, адзначаючы, што яна «прайшла асноўныя этапы, характэрныя для еўрапейскай культуры» (с. 5). Далей аўтар закранае метадалагічную праблему вывучэння гісторыі культуры, звяртаючы ўвагу на тое, што такі метадалагічны падыход, які «склаўся за савецкі час» («гаварыць пра культуру, па-першае, як выключна пра культуру мастацкую і, па-другое, як пра «надбудову» – ідэалагічную ілюстрацыю ўсёмагутнасці эканамічнага базіса»), «пакуль утрымліваецца ў тыповых праграмах курсаў «Гісторыя Беларусі» і «Гісторыя культуры Беларусі», якія зацверджаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь для вышэйшых навучальных устаноў» (с. 7). Такім чынам, чытачу даецца зразумець, у якім рэчышчы выкладаецца матэрыял. Аднак абнадзейвае прыслоўе «пакуль», якое пранікла быццам бы выпадкова, праз недагляд рэцэнзента і за якім можа хавацца і сапраўдная пазіцыя аўтара. Пазначаны і мэты, якім служыць гэтае выданне, перадусім – павышэнне нацыянальнай свядомасці насельніцтва, у першую чаргу – моладзі (с. 8). Структурызацыя працы збольшага прывычная для беларускай гістарыяграфіі. Як павялося, першасная ўвага ў гісторыі Беларусі першай паловы ХХ ст. надзяляецца ўсходняй частцы краіны, а вось «тэму, якую ўмоўна можна назваць «Культурнае развіццё (жыццё) Заходняй Беларусі» аўтар «свядома не ўводзіць і падрабязна не разглядае» (с. 9), за чым можа стаяць або яго некампетэнтнасць, або адсутнасць магчымасці больш-менш аб’ектыўна рэпрэзентаваць тую тэму ў гэтым выданні. Будаўнікі «светлай будучыні» з пункту гледжання варункаў, створаных для развіцця беларускай нацыянальнай культуры савецкай уладай, паўсталі б адыёзнейшымі за польскіх шавіністаў ІІ Рэчы Паспалітай, што ў сучасным афіцыёзе лічыцца «няправільным».
|
гісторык, супрацоўнік Баранавіцкага ўнівэрсытэту. 1 Петриков П. Т. Основные направления историографии Беларуси конца ХХ – начала ХХІ веков // Сучасныя праблемы гістарыяграфіі гісторыі. Матэрыялы Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі 28 лістапада 2003 года. Мінск, 2003. Частка 2. С. 499–508. |
Не абышлося і без даніны створанай прэзідэнтам Беларусі дзяржаўнай ідэалогіі2 (с. 11–13). Наогул подых цяперашняга ідэалагічнага дыктату практычна не адчуваецца ў першых раздзелах, але ўзмацняецца пры набліжэнні да перыядаў ці момантаў, якія не страцілі палітычнага значэння.
Першы раздзел «Культура беларускіх зямель у ІХ–ХІІІ стст.» (с. 13–51) пасля палітычнай прэамбулы (з яе пачынаецца кожны з раздзелаў, бо сацыяльна-палітычны кантэкст сапраўды ў многім дэтэрмінуе развіццё культуры) коратка апісвае прыход хрысціянства на землі Русі і ў гэтай сувязі распаўсюджванне пісьменства, якому надзяляецца значная ўвага. Аднак аўтар не наважваецца нават згадаць спрэчкі адносна старажытнасці «Слова аб паходзе Ігаравым», хоць сёння яго стварэнне ў ХІІ ст. хутчэй не даказана, чым даказана, тым больш, што пры наяўнасці сур’ёзных контрверсій С. Парашкоў звычайна не пазбягае іхняе згадкі. Рэч, мусіць, у такім жа падыходзе да «Слова…» ў свежай акадэмічнай «Гісторыі Беларусі»3. Раздзел другі «Развіццё культуры Беларусі ў ХІV – першай палове ХVІІ ст.» (с. 52–129) звяртае ўвагу, што «пэўны час дамінуючае становішча ў Вялікім княстве Літоўскім займалі цэнтральныя (беларускія) землі» (с. 53). Адпаведным чынам акрэсліваецца роля, якую адыгрывала старабеларуская мова ў ВКЛ, і расказваецца пра асноўныя пісьмовыя помнікі тае эпохі, іх стваральнікаў. Прычым, на «працэсах, якія адбываліся ў гэты час вакол беларускай мовы» аўтар прыпыняецца падрабязней (с. 55–58). Беларуская культура эпохі Адраджэння слушна асвятляецца ў шчыльнай сувязі з агульнаеўрапейскай. Перыяд, які разглядаецца ў наступным раздзеле (другая палова ХVII – XVIII стст., С. 130–165), «быў вельмі складаным для Беларусі». Аднак гэта не значыць, што культурнае развіццё ў Беларусі прыходзіла ў заняпад. Наадварот, яно часамі было імклівейшым, чымся ў Кароне Польскай, пра што сведчыць прыведзены, прыкладам, факт узвядзення ў Нясвіжы першага ў цэлай Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока – касцёла езуітаў (с. 138). У той жа час аўтар дае зразумець чытачу, што паланізацыя і акаталічванне для развіцця беларускай культуры не спрычыняліся да яе заняпаду ў такой ступені, як пры наступе візантыйска-азіяцкай расійшчыны. Напрыклад, што тычыцца беларускай іканапіснай школы, дык адзначаецца спыненне яе развіцця як самабытнай з’явы «ў выніку забароны уніяцтва і насаджэння праваслаўнай царквой на Беларусі псеўдавізантыйскіх форм мастацтва» (с. 143), хоць гэты факт «перабег» з наступнага раздзела. Рэзюмуючы сказанае ў раздзеле, аўтар дае высокую ацэнку развіццю культуры ў Беларусі ў ХVII–XVIII стст., хоць у канцы XVIII ст. яго «стрымлівала палітыка царскіх улад, а таксама інтэнсіўная паланізацыя, што закрывала шлях беларускай культуры» (с. 164). Праўда, прыведзеныя прыклады з’яўляюцца найлепшым доказам таго, што першы чыннік (расійскі імперыялізм) быў большай перашкодай, чым польскі фактар. На самым пачатку раздзела «Культура Беларусі першай паловы ХІХ ст.» (с. 166–202) гаворыцца пра мэты і інтарэсы Расійскай імперыі на далучаных у канцы ХVІІІ ст. землях, а менавіта – «дасягненне пэўнага сацыльна-эканамічнага і культурна-этнічнага адзінства расійскага і беларускага грамадства» (с. 166). Ды неўзабаве, забягаючы наперад, аўтар, нягледзячы на канстатаванне жорсткага ўціску пад прэсам расійскай культурнай палітыкі (пры далейшым працягу значных уплываў пальшчызны) заключае: «І ўсё ж у дачыненні да нацыянальна-культурнага развіцця беларускага народа далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі аб’ектыўна адыграла станоўчую ролю» (с. 169). Маўляў, «яно стварыла такую сітуацыю, якая востра паставіла праблему нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў» (с. 169). Далейшае ж асвятленне працэсаў у сферы культуры адбываецца збольшага палітычна нейтральна і блізка да аб’ектыўнасці. Раздзел «Культура Беларусі другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. Рух за беларускае культурнае адраджэнне» (с. 203–241) дакладней ахоплівае храналагічны перыяд з 1861 г. (добры дзесятак гадоў выпадае, што не адпавядае назве) да восені 1917 г. Пасля азначэння паняцця «нацыя» ідзе грунтоўны і паказальны (трохі большы за папярэднія) агляд палітычнай, эканамічнай, сацыяльна-дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі, паказчыкі якой сведчылі «пра эканамічнае нераўнапраўе беларускай нацыі, яе малую канкурэнтаздольнасць не толькі ў эканамічным, але і ў культурным жыцці» (с. 206). Асобна падкрэсліваецца склад інтэлігенцыі «Северо-Западного края», сярод якой беларусы складалі 15,8 % (трэція пасля яўрэяў – 55,1 % і расейцаў – 19,3 %) з усіх разам 9 тыс. (с. 207). Дый тыя паўтары тысячы інтэлігентаў-беларусаў, як уважае аўтар, «не дараслі да асэнсавання сваіх асобных ад расійскай рэчаіснасці ці польскай ідэі дзяржаўна-палітычных ідэалаў» (с. 207), «важнай асаблівасцю» чаго С. Парашкоў лічыць «страту пераемнасці». Найбольшая ўвага ў раздзеле надаецца апошнім гадам дваццаці азначанага перыяду: толькі да гэтага часу развіццё беларушчыны змагло набыць імклівасць, якая засведчыла, што беларусы не толькі не міф, але нацыя са сваёй шматвяковай гісторыяй і культурай. Шостым раздзелам «Культурнае будаўніцтва на Беларусі (кастрычнік 1917–1941 гг.)» (с. 242–303) аўтар чарговы раз пацвярджае, што ён ці то не надта абазнаны ў палітычных працэсах (якія не страцілі актуальнасці і сёння), ці то, шукаючы «залатую сярэдзіну», свядома дапускае супярэчлівыя сцверджанні. Кажучы, што пасля «Кастрычніцкай рэвалюцыі ўзнікла рэальная магчымасць нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа» (с. 242), С. Парашкоў не толькі не падмацоўвае аргументамі гэтую тэзу, але і надалей фактычна канстатуе, што бальшавіцкая ўлада ад пачатку пераследавала беларускі нацыяналізм. Аўтар аддае ёй належнае ў правядзенні адукацыйнай палітыкі. Але за голай статыстыкай не раскрываецца фактычны ўзровень намінальнай адукацыі і сутнасць працэсаў, у ходзе якіх зжываліся нацыянальныя элементы (пра гэта – адным сказам) і татальна насаджалася русіфікацыя і ідэалагізацыя навучання. Дый наогул, як сведчаць сучасныя даследаванні, беларусізацыя – гэта быў усяго толькі сродак для выяўлення і элімінацыі яе перадумоў і праваднікоў, ужыванне якога пасля выканання яго функцыі было згорнута4. C. Парашкоў сцвярджае, што дасягненні беларусізацыі і многія яе дзеячы былі знішчаны, беларуская мова шляхам рэформы наблізілася да расейскай, але ўпарта не хоча належна ацаніць нанесеную саветамі шкоду беларускай культуры, хоць і прызнае яе «непапраўнай» (с. 294).
|
2 Пра яе яшчэ мала хто ведае, але шмат гавораць. Часцей за ўсё яе прынцып выводзіцца ад адваротнага: адваротнага апазіцыйным палітыкам, адваротнага заходнім тэндэнцыям і ўрэшце адваротнага гісторыкам, якія «скажаюць» гісторыю. 3 Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. / Рэдкал: М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. Мінск: Экаперспектыва, 2000. С. 309–310. |
У раздзеле «Развіццё культуры БССР у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе (1945–1956 гг.)» (с. 304–319) аўтар канстатуе прасякнутасць культурнага жыцця Беларусі «сталінскім таталітарызмам ва ўсіх кірунках літаратуры, асветы, навукі, мастацтва», паноўнай ідэалогіяй і класава-партыйным падыходам (с. 319).
Наступны перыяд (другая палова 1950-х – першая палова 1980-х гг.), як і папярэдні, не атрымаў разгорнутага асвятлення, заняўшы паўтара дзесятка старонак (с. 320–334), хоць, як правіла, у сінтэзах з гісторыі ступень увагі ў меры набліжэння да сучаснасці ўзрастае. У гэтым раздзеле аўтар дыпламатычна пазбягае ацэнкі палітычнай сітуацыі, у якой развівалася нацыянальная культура, адзначаючы супярэчлівасць яе развіцця, і побач з адзначэннем поспехаў кажа пра правядзенне русіфікацыі і «празмернай ідэалагізацыі», абмежаванне «свабоды творчасці», «дэфіцыт нацыянальнай культуры», «страту нацыянальнай свядомасці» (с. 334). Гэта наводзіць на думку, што розныя раздзелы рэцэнзавалі розныя рэцэнзенты, таму і сустракаюцца непаслядоўнасці. Затое апошні раздзел «Сучаснае культурнае жыццё Беларусі» (с. 335–366) нібыта «кампенсуе» ўсе ранейшыя ідэалагічныя «недапрацоўкі». Паводле яго можна падумаць, што ўздым навуковага і культурнага развіцця настаў з сярэдзіны 1990-х гг. (чытай: пасля абрання прэзідэнтам А. Лукашэнкі), хоць аўтар, падводзячы рысу раздзела, адзначае наяўнасць недапрацовак у дзяржаўнай палітыцы, але іх не называе. Так, наступствы ўвядзення расійскай мовы другой дзяржаўнай «тактоўна» абмінаюцца. Іншы раз інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці: Парашкоў гаворыць пра ліберальныя варункі для літаратурнай творчасці (с. 347), хоць вядома, што Славамір Адамовіч апынуўся за кратамі менавіта за верш, чым паўтарыў лёс згаданага на С. 273 Алеся Дудара. Не чутно ў кніжцы і голасу «сумлення беларускай нацыі» – Васіля Быкава. Найбагацейшы пласт культуры (перадусім фолк- і рок-музыкі, мастацкай літаратуры, гісторыі) таксама застаецца па-за ўвагай, відавочна, з прычыны нелаяльнага стаўлення іх дзеячаў да сённяшняй дзяржаўнай палітыкі. Гэта, мусіць, іх С. Парашкоў называе нігілістамі (с. 348, 359). Галоўнае, што можна і нават неабходна вынесці з падручніка, – гэта ўсведамленне неспрыяльных, за выключэннем рэдкіх часавых адрэзкаў, умоў развіцця беларускай культуры, пры якіх яе выжыванне з’яўляецца ці не найлепшым доказам яе самабытнасці і значнасці, нягледзячы на сумненні і абвяржэнні нігілістаў, у тым ліку самага высокага рангу. І ўсё ж недахопы гэтай кнігі з грыфам дзяржаўнай установы можна «спісаць» на этап сучаснай навукі і культуры афіцыйнай Беларусі, які трэба перажыць. Яе аўтар у пэўнай ступені разбурае стэрэатып, які склаўся ў многіх беларускіх інтэлектуалаў пра ўсё, што made in Магілёў, як пра нешта глыбока непаўнавартаснае. |
4 Клімаў І. Беларусізацыя ў дакументах // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 8. Сш. 1–2 (14–15). 2001. С. 273–295. Гл. таксама: Беларусізацыя: 1920-я гады: Дакументы і матэрыялы. Мінск: БДУ, 2001. – 270 с. |
Пачатак Цалкам Форум |
|
№ 3 (43) - 2006
| |
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |