A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (44) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ПАВАЛ АБРАМОВІЧ | ||||
Жаночыя комплексы і непатрэбныя скарбы
Рублеўская, Людміла. Золата забытых магілаў. Паралельны раман // Дзеяслоў. №№ 9–10. 2004.
Рублеўская, Людміла. Скокі сьмерці. Гатычны раман // Дзеяслоў. №№ 18–19. 2005.
У «Золаце забытых магілаў» і «Скоках сьмерці» Людміла Рублеўская магла скарыстаць досьвед такіх сучасных літаратараў, як італьянец Умбэрта Эка і гішпанец Артура Пэрэс-Рэвэртэ – «каралёў гістарычных раманаў-дэтэктываў». Магла, але не скарыстала. «Імя Ружы» і «Клюб Дзюма, альбо Цень Рышэлье» падобныя да вежы. Калі чытач валодае разьвітым інтэлектам, ён здольны ўзьняцца на самы верх вежы і атрымаць асалоду ад сузіраньня далягляду. У выпадку, калі інтэлектуальныя здольнасьці чытача пакідаюць жадаць лепшага, яму досыць і першага-другога паверху вежы – У. Эка і А. Пэрэс-Рэвэртэ паклапаціліся, каб і тут чытач знаходзіў сабе занятак, весела і з карысьцю бавіў час. Няхай глядзіць калекцыі зброі ў галерэях ці гартае старажытныя кнігі з маляўнічымі мініятурамі, седзячы ля каміна. Чаму б не? А на вежу ён узьнімецца, калі захоча (дакладней, паразумнее) – празь некалькі гадоў ці дзесяцігодзьдзяў. Пабудова раманаў Рублеўскай прасьцейшая, чым у згаданых аўтараў. Кнігу «Золата забытых магілаў» аўтарка назвала «паралельным раманам», хоць гэты падзагаловак пасаваў бы і «Скокам сьмерці» – «гатычнаму раману» (вызначэньне, ізноў жа, аўтарскае). Кажу так, бо ў абодвух раманах падзеі разгортваюцца паралельна – у сёньняшнім дні і ў мінулым. Калі «сучаснасьць» у абодвух раманах Рублеўскай храналягічна амаль супадае з нашым часам, то «мінулае» – гэта XIX і XV стагодзьдзі: падзеі перад і пасьля паўстаньня Каліноўскага («Золата забытых магілаў») і гісторыя «вольнага» гораду Старавеску, на які абрынулася пошасьць («Скокі сьмерці»). Аповед мякка сьлізгае з дня сёньняшняга ў мінулае і зноў вяртаецца ў сучаснасьць. У мінулым героі змагаюцца і кахаюць, у сучаснасьці – шукаюць золата паўстанцаў («Золата забытых магілаў»), расьсьледуюць таямніцу старажытных гадзіньнікаў («Скокі сьмерці») і таксама кахаюць. Нічога складанага, мудрагелістага. Сюжэтная проза з простай, традыцыйнай будовай. Інтэлектуал, які любіць кнігі-лябірынты, кнігі, якія запрашаюць яго ў мінулае толькі дзеля таго, каб ён «пачуў размовы пра сэміётыку і іншыя мудрыя рэчы, пра Бахціна і Хёйзынгу» (Ю. Лотман – пра У. Эка), такі інтэлектуал не ўваходзіць у кола чытачоў Рублеўскай. Аднак ёсьць адна рэч, якая родніць Рублеўскую з Эка і Пэрэсам-Рэвэртэ: дэталёвая прапрацоўка гістарычнага фону: «Пакараньне было такім – вінаватаму разразалі жывот і прыбівалі канец кішкі да дрэва. А потым няшчаснага бізунамі ганялі па крузе, пакуль усе вантробы не наматаюцца на камель» («Золата забытых магілаў»), або «...высокая немаладая кабета... падала дзяўчыне кубак з чырвонага вэнэцыянскага шкла. Чырвоны колер мусіў дадаваць сілы зёлкам» («Скокі сьмерці»). Іншым разам Рублеўская кідаецца ў стылізацыі: яна апісвае гістарычных пэрсанажаў, а таксама падзеі мінулых часоў так, як уяўляе іх сабе чалавек XXI стагодзьдзя:
Чарнявы, як грак, Шарль з вусамі, закручанымі ў тугія чорныя колцы, бесклапотна зарагатаў – нібыта ў яго не было пятнаццаці франкаў доўгу за кватэру, і не прэтэндавалі на яшчэ два не заробленыя франкі зеляншчык і прачка, а ў дом на віа Тарэ-дзі-Нона, у Залаты дом з чароўнай Зізі, яго проста больш у доўг ня пусьцяць. Гэтак жа бесклапотна засьмяяўся і Анры, рудаваты мажны барадач у саламяным капелюшы-канат’е. Няхай у кішэні – ані сантыма, Бог любіць сьпеўных птушак і заўсёды спашле ім нешта на кавалак хлеба... і келіх абсэнту («Золата забытых магілаў»).
Расейскі бэлетрыст Б. Акунін неяк патлумачыў, чаму ў якасьці галоўнага пэрсанажа для новага цыклю сваіх раманаў ён абраў манашку. «Я ня ўмею апісваць сэксуальных сцэнаў», – прызнаўся ён. Галоўныя гераіні «Золата забытых магілаў» і «Скокаў сьмерці» – разьведзеныя маладыя жанчыны з вышэйшай адукацыяй (адна – гісторык, другая – журналістка), ганарлівыя, закамплексаваныя, адзінокія: «Я ніколі не зайздросьціла дзяўчатам, якія былі прыгажэйшыя за мяне. Зайздрасьці не было і цяпер. Але... нейкая туга. (...) А мне застаецца гэты паўпусты тралейбус, мокры асфальт, што ляціць за вокнамі, быццам чорная рака, і ўсе лістапады, па якіх я буду блукаць – сама, сама, сама...» («Скокі сьмерці»). Нуль сэксуальнасьці: «Паліна заколвала ў цяжкі вузел цёмныя валасы і апранала доўгія сукенкі. (...) Ёй хацелася быць падобнай на віктарыянскую клясную даму, якую-небудзь міс Тэмпл: годнасьць, бездакорныя манеры. Трымай дыстанцыю, мінак» («Золата забытых магілаў»). Эратычных сцэнаў у сваіх раманах Рублеўская, як і Акунін, не прадугледжвала (ці не таму, што ня ўмее іх апісваць?), вось чаму галоўныя гераіні ў яе такія, а ня іншыя. У той жа час трэба нагадаць, што пэўная частка чытачоў (і частка, трэба сказаць, вялікая) амурных, прыгодніцкіх, дэтэктыўных, фэнтэзійных і іншых твораў заўсёды чакае, калі ж нарэшце Ён і Яна зьліюцца ў экстазе. І аўтар ня можа ня ўлічваць гэтага чытацкага «чаканьня». Аўтар мусіць спраўдзіць надзеі тых, для каго піша. Рублеўская ігнаруе гэтых чытачоў, хоць дае ім падставу падумаць, што любоўныя жарсьці ў яе кнігах усё ж будуць. Яна ж апісвае маладых жанчын, а не манашак! Дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што адна амурная сцэна (на два раманы) усё-ткі ёсьць. Вельмі пурытанская сцэна. Што цікава, яна апісана празь перажываньні... мужчыны:
Ноч палала на вуснах, быццам ноч Рыму, падпаленага шалёным цэзарам. І Вінцэсь зноў і зноў патанаў у невымоўнай пяшчоце і амаль невыноснай жарсьці, і зоры сыпаліся на іх праз галінкі ялінаў, зь якіх склалі будан... Такое было іх каханьне – цудоўнае, п’янкое, з прысмакам сьмерці («Золата забытых магілаў»).
Нацыянальная «жаночая» проза яскрава ілюструе закамплексаванасьць беларускіх жанчын.
Дэтэктыўныя лініі ў раманах Рублеўскай мацнейшыя, чым, напрыклад, у амэрыканца Дэна Браўна, аўтара нашумелага бэстсэлера «Код да Вінчы». Толькі вось сцэна ля магілы Ганор’я Рашчынскага («Золата забытых магілаў») «пастановачная»: «добрыя» героі, якія выкапалі золата паўстанцаў Каліноўскага, уважліва слухаюць, як узброеныя злодзеі, што пад’ехалі на джыпе, каб захапіць тыя скарбы, самі апавядаюць пра свае злачынствы, замест таго каб адразу «прыбраць» сьведкаў. Але падобную «пастановачнасьць», мастацкую ўмоўнасьць мы ўжо назіралі ў фіналах раманаў Агаты Крысьці – калі Эркюль Пуаро, а таксама злачынцы і сьведкі, седзячы ў пакоі, па чарзе нясьпешна аднаўляюць ход падзеяў. Канон жанру, зь ім не паспрачаесься.
Абодва раманы Рублеўскай прысьвечаны адвечным «беларускім» пытаньням. Нават апісаньні прыроды маюць выразную «нацыяналістычную» афарбоўку: «Трава пад нагамі не шапацела, а ламалася, і калолася неміласэрна, як маскалі пад Воршай...» («Золата забытых магілаў»). У «Золаце...» занадта шмат дэкляратыўнасьці, аўтарскай зададзенасьці. Іншым разам гэта шкодзіць стварэньню дакладных псыхалягічных партрэтаў. Вось які дыялёг адбываецца паміж беларускімі паўстанцамі, якія трымаюць аблогу расейцаў.
– Цікава, ці будуць расказваць легенды пра нас? – азваўся Стась Людвісар ад суседняга акна.
– Вядома! Мы ж будзем героямі ў новай вольнай краіне! – аптымістычна заявіў Марка.
– Хлопчыкі!.. – сумна зазначыў пан Вакула. – Рыхтуйцеся да таго, што праз сто гадоў ніхто ня ўспомніць вашага сёньняшняга геройства ў гэтай вежы. Магчыма, і вежы самой ня будзе.
– Ну, вы яшчэ скажыце, што нашыя нашчадкі ў гэтым будынку ўчыняць тэатар ды будуць паказваць апэрэткі, – запярэчыў Вінцэсь. – Ня можа ж такога быць, каб тыя, хто будзе жыць пасьля нас, перасталі цаніць сваю волю! Колькі народу за яе загінула, колькі рознага кшталту суворавы бязьвінных тут панішчылі! Не, я не магу паверыць, што гэта забудзецца.
«Ня веру!» – як казаў Станіслаўскі. Віной таму, хутчэй за ўсё, не адсутнасьць таленту, а спэцыфічны патрыятызм аўтаркі, пад уплывам якога «Золата...» ператварылася ў раман ідэяў. Нездарма галоўныя героі знаходзяць сэнс жыцьця ў каханьні, адмаўляючыся ад улады, якую ўвасабляе золата. А вось па-мастацку кволых вобразаў ці апісаньняў у «Скоках сьмерці» амаль няма. Рублеўская, відавочна, усьвядоміла свае пралікі і засяродзілася на эстэтычным. Містычнае, злавеснае, змрочнае апісана вельмі пераканальна, падзеі разьвіваюцца дынамічна, набліжэньне катастрофы зачароўвае. Сам вобраз скокаў сьмерці, дарэчы, («Ляціць шалёны карагод... Трымаемся мы ўсе за рукі, жывыя і нябожчыкі, і кіруе нашымі скокамі нехта нябачны і бязьлітасны, прагнучы ўлады») жахліва-запамінальны, шматплянавы, супастаўляльны з вобразам «дзікага паляваньня».
«Давялося пачуць сумную фразу ад калегі-літаратара: «Калі б Караткевіч належаў да сёньняшняга пакаленьня, яго б ніхто ня ведаў». І вы ведаеце, я гатовая пагадзіцца», – піша Рублеўская (Советская Белоруссия. 2005. № 212). З аднаго боку, пісьменьніца цьвяроза глядзіць на рэчы, усьведамляючы, што час літаратурацэнтрычнай культуры незваротна мінае. Таму, не ўпадаючы ў гістэрыю альбо дэпрэсію, як большасьць сёньняшніх беларускіх інтэлектуалаў старэйшага веку, яна спакойна і мэтанакіравана рэалізуе праграму-мінімум, выкарыстоўваючы велізарны рэсурс «Советской Белоруссии», а менавіта ўсяляк заахвочвае людзей да чытаньня айчыннай клясычнай літаратуры, выхоўвае павагу да апошняй: «Не адкрыю новых ісьцін, калі скажу, што трэба чытаць, выдаваць, нарэшце, проста шанаваць нацыянальную клясыку. (…) У нас ёсьць беларуская клясычная літаратура... Скарб незаменны, неацэнны». З другога боку, Рублеўская перакананая, што «вышыні ніхто не скасоўваў» і што літаратура, у якой узьнімаюцца адвечныя пытаньні, сёньня па-ранейшаму патрэбная. Як пісьменьніца, яна не пакідае спробаў выканаць праграму-максымум: напісаць беларускамоўны празаічны твор, роўнавялікі ці, прынамсі, ня горшы за Караткевічаў. А яшчэ, падобна аўтару «Дзікага паляваньня караля Стаха» і «Чорнага замку Альшанскага», – выхаваць чытача-грамадзяніна прыгодніцка-дэтэктыўным раманам. Толькі вось Караткевіч пісаў свае творы фактычна ўва ўмовах адсутнасьці цікавай беларускай літаратуры, тады як Рублеўскай даводзіцца працаваць у час, калі адны цікавяцца замежнай літаратурай, а другія не цікавяцца літаратурай зусім. Караткевіч вечна сварыўся з партыйнымі функцыянэрамі, дырэктарамі выдавецтваў, меў вялікія непрыемнасьці праз сваіх літаратурных герояў, але ўрэшце ягоныя кнігі праходзілі цэнзуру, траплялі ў плян, выдаваліся вялікімі накладамі і даходзілі да беларускага чытача. Камуністычная сыстэма забясьпечвала пераклад і распаўсюджваньне кніг Караткевіча – яго выдавалі па-гішпанску і па-віетнамску, ён карыстаўся попытам ува «ўсесаюзнага» чытача. Караткевічу было лягчэй. |
крытык літаратуры. Рэгулярна друкуецца ў «ARCHE». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (44) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |