A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (44) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
АЛЕСЬ АНЦІПЕНКА | ||||
Пэрспэктыўны праект «Саюзнай дзяржавы»?
Зьяўленьне гэтага чалавека на беларускай палітычнай сцэне было нечаканым, але надзвычай шумным. Аніяк не заўважаны раней у дзейнасьці палітычнай апазыцыі, незалежнага беларускага грамадзтва ці інтэлектуальнай супольнасьці краіны, гэты былы савецкі і лукашэнкаўскі функцыянэр хутка робіцца «дэмакратычным» палітыкам і адначасова ўвасабленьнем «новай» беларускай апазыцыі, ньюсмэйкерам ды асобай, заангажаванай у беларускую культуру. І вось ужо шмат хто захапляецца энэргічнай асобай спадара А. Казуліна, сьмелага палітыка і рашучага апазыцыянэра.
Шчыра прызнаюся: я таксама ў свой час быў моцна зьдзіўлены адным праектам, – выданьнем збору твораў Васіля Быкава. Здавалася б, навошта прагматычнаму палітыку займацца мэцэнацтвам?! Але справа, відаць, – не ў мэцэнацтве. Моцны ход быў зроблены. І вось ужо вакол новай палітычнай фігуры некалькі беларускіх літаратараў ды ажно два дзейныя літаратурныя генэралы. Разам яны і «легалізавалі» ў беларушчыне новага палітыка. Ператварылі яго ў «знакавую фігуру» апазыцыйнай беларускай культуры. Надалей сытуацыя робіцца яшчэ больш сэнтымэнтальнай – прэтэндэнт загаварыў на беларускай мове! Тут ужо і сумневаў аніякіх быць ня можа. Кожны, хто хоць крыху знаёмы зь піяр-тэхналёгіямі, ня мог не адзначыць элемэнтарнасьці ходу – «раскруткі» прэтэндэнта ў шырокім, пазапалітычным, але выразна апазыцыйным кантэксьце. Карацей кажучы, клясыка жанру. Надалей жанр вымагае драматызацыі дзеяньня, шумных публічных акцыяў (прыцягненьне ўвагі гледачоў да асобы героя) і пэрыпэтыяў, гэта значыць, сутыкненьняў з канкурэнтнымі палітычнымі дыскурсамі і іх падмены сваім уласным. Апошняе дасягаецца выразнай блізінёй да пазыцыяў галоўных канкурэнтаў за прэзыдэнцкую пасаду. А таму на сёньня сп. Казулін – гэта ўжо як бы А. Мілінкевіч і А. Лукашэнка, разам узятыя. Гэта і ёсьць «эфэкт Казуліна», паводле ўдалага выразу аднаго ананімнага аналітыка, які разьмясьціў свае развагі з нагоды прэзыдэнцкай кампаніі на сайце www.belintellectuals.com. Пасьпяховасьць праекту, між іншым, дае падставы гаварыць пра тое, што палітык А. Казулін – «усур’ёз і надоўга». Застаецца зразумець бадай што адно, чый гэта праект і навошта ён патрэбны? Перадусім відавочна, што праект зьяўляецца прадуктам дзейнасьці прафэсійных піяр-тэхнолягаў. Такіх, прынамсі, у А. Мілінкевіча няма. Да таго ж, ажыцьцяўленьне такога «сьмелага» праекту вымагае і пэўных палітычных гарантыяў бясьпекі галоўнаму герою. А гарантам у нашай краіне зьяўляецца, як вядома, толькі адзін чалавек. І тут мы падыходзім да вельмі хісткага моманту ў выкладенай гіпотэзе. Найлепш гэты момант выявіў маскоўскі журналіст П. Шарамет: «Разговоры о том, что Козулин – это проект Лукашенко, ведут только клинические идиоты» («Александр Козулин – новая жертва или новый лидер?», www.belaruspartizan.org). Аргумэнт, безумоўна, моцны. Хто ж гэта захоча выглядаць «клінічным ідыётам»? Але адзначым, што ён не зьяўляецца аргумэнтам рацыянальным. А любая іррацыянальная аргумэнтацыя заўсёды хавае нейкую неагучаную пазыцыю. Пазыцыю гэтую калі не агучылі, дык пазначылі ў Маскве дзьве вядомыя асобы: сп. Караганаў ды сп. Паўлаў, спэцыялісты ў беларускай сытуацыі з гэбэшным мінулым. Яны паабяцалі давесьці да ведама сп. Пуціна факт зьбіцьця кандыдата на прэзыдэнта А. Казуліна. «Ну, і што?» – запытаецца паспаліты чытач. І адкажа: «Пуцін жа падтрымлівае А. Лукашэнку». Правільна. Але навошта тады даводзіць да ведама сп. Пуціна?! Гэта мажліва, калі Аляксандар Рыгоравіч у чарговы раз парушыў нейкія папярэднія дамоўленасьці пра недатыкальнасьць аднаго з кандыдатаў і зноў перакрочыў мяжу. Праект, гэткім чынам, трэба папросту вярнуць у раней вызначанае рэчышча. Ці не выглядае тады сытуацыя такім чынам, што Масква мела два выбарчыя праекты ў Беларусі? Цалкам верагодна. У белакаменнай ня могуць не разумець, што час сп. Лукашэнкі сыходзіць. Далейшай ягонай падтрымкай яна сур’ёзна рызыкуе папсаваць свой міжнародны імідж. Неабходны новы і пэрспэктыўны лідэр для Беларусі. Зразумела, што не цяпер, але надалей можа і спатрэбіцца. А. Мілінкевіч на гэтую ролю яўна не падыходзіць. Не падыходзіць, відавочна, і С. Гайдукевіч. Караля, як вядома, робіць сьвіта. У сьвіце сп. Казуліна не стае покуль некалькіх функцыянальна значных асобаў са «старой» апазыцыі. Ці зьявяцца яны ў найбліжэйшай пэрспэктыве, невядома. Але некаторыя ўжо ёсьць. У выпадку неабходнасьці, папоўніць каманду будзе нескладана: у Беларусі ніколі не было дэфіцыту ў маргінальных палітыках. Але дагэтуль трэба вырашыць галоўную на сёньня задачу: нэўтралізаваць і выціснуць з палітычнага поля рэальную палітычную апазыцыю, якую рэпрэзэнтуе А. Мілінкевіч. Найлепшы спосаб яе выціснуць – замяніць «новай». У выкананьні гэтай задачы супадаюць, хаця і паводле зусім розных матывацыйных падставаў, інтарэсы трох бакоў: дзейнай улады, часткі «старой» беларускай апазыцыі і стратэгічных плянавікоў зь белакаменнай. Калі ж пасьля гэтых прэзыдэнцкіх выбараў пазначаную вышэй задачу ўдасца вырашыць, дык «праект Казуліна» набудзе новую якасьць. Ён можа ператварыцца ў пэрспэктыўны праект «Саюзнай дзяржавы». |
(нар. у 1953 г. у Слаўгарадзе) – філёзаф. У 1975 г. скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт, у 1982 г. – асьпірантуру Інстытуту філязофіі і права НАН Беларусі. Кандыдат філязофскіх навук.
Зьмешчаны ніжэй тэкст быў напісаны 8 сакавіка 2006 году. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (44) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |