A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (44) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
АРКАДЗЬ ЦЕПЛЯКОЎ | ||||
Дэміталягізацыя езуітаў у Беларусі
Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1564–1995 / Opracował Ludwik Grzebień przy współpracy zespołu jezuitów. – Kraków: Wydział Filozoficzny TJ, 1996.
Jésuites et Biélorusses: à la lisière de la civilisation ou au carrefour des cultures, par Constantin Simon. – Meudon: «Plamia» revue du Centre d’Études Russes St Georges, 1999.
У гісторыі рымска-каталіцкай царквы, бадай, ніводны манаскі ордэн не выклікаў столькі бурлівых эмоцыяў, як Таварыства Ісуса. Афіцыйны назоў манаскай супольнасьці – «Societas Jesu» – сёньня мала што гаворыць сярэднестатыстычнаму (калі такі наагул існуе) жыхару Беларусі. А вось слова «езуіт» больш вядомае нашым суайчыньнікам і азначае зазвычай не каталіцкага законьніка, а толькі хітраватага і няшчырага чалавека або – найчасьцей – нейкага цемрашала. Сэнс зьмяніўся разам са зьмяненьнем самога грамадзтва і самой мовы. І, як часта бывае ў гісторыі мэнтальнасьцяў, на тое былі свае прычыны. Езуітаў міжволі карціць параўнаць з касмапалітамі – усім вядома, што ў савецкі пэрыяд, асабліва падчас сталінскага тэрору, слова «касмапаліт» зрабілася лаянкавым на тэрыторыі савецкай сатрапіі, а самі «грамадзяне сьвету» сталіся ворагамі «народна-патрыятычнай улады». Параўнаньне лёсаў гэтых двух словаў і тых, каго яны абазначаюць, толькі звонку выглядае недарэчна. Каб зразумець, чаму і як дайшло да паўстаньня езуіцкага міту і хто таму спрыяў, трэба вярнуцца ў XVI–XVIII стст.
Пры канцы 90-х гг. мінулага ўжо стагодзьдзя ў Кракаве выйшла манумэнтальная энцыкляпэдыя аб езуітах на абшарах сёньняшніх Польшчы, Літвы, Беларусі і Ўкраіны. Выданьне гэтае – плён шматгадовай калектыўнай працы пад кіраўніцтвам польскага езуіцкага гісторыка Людвіка Гжэбеня. Здавалася б, на тэму езуітаў было ўжо напісана шмат тэкстаў і цяжка знайсьці нешта новае, аднак вялікі плюс гэтай кнігі палягае ў тым, што яе аўтарам удалося сабраць разам шматлікія факты і біяграфічныя зьвесткі пра ўсіх езуітаў, якія працавалі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай з самага пачатку заснаваньня Ордэну. Факты пададзеныя «сухой» архіўнай мовай, без прыхарошваньняў. Артыкулы, у той ці іншай ступені зьвязаныя зь Беларусьсю, маюцца амаль на кожнай старонцы – і перадусім гэты факт можа зацікавіць беларускіх чытачоў. Другі плюс энцыкляпэдыі ў тым, што яе аўтары мелі доступ да архіўных крыніцаў генэральнай курыі Таварыства Ісуса ў Рыме, куды была дастаўленая большасьць дакумэнтаў, зьвязанных зь дзейнасьцю езуітаў Беларускай правінцыі¹. У 1999 г., гэтым разам у Францыі, таксама выйшла праца на беларускую тэматыку аўтарства амэрыканскага езуіта, гісторыка ўкраінскага паходжаньня Канстанціна Сымона, выкладчыка папскай калегіі Русікум у Рыме. Сваю працу ён апублікаваў па-француску на старонках часопісу «Пламя», выдаванага Цэнтрам расейскіх дасьледаваньняў у Мэдоне пад Парыжам. Эўрапейскія гістарыёграфы з самых пачаткаў існаваньня Ордэну, які быў зацьверджаны папам Паўлам ІІІ у 1540 годзе, дзяліліся на два супрацьлеглыя лягеры: апалягетаў Таварыства або яго адназначных ворагаў. Такі стан рэчаў у гістарычнай навуцы ў пэўным сэнсе трывае да сёньняшняга дня: візія езуітаў зрэдукавалася да двух колераў: чорнага ці белага. Савецкая і сучасная афіцыйная беларуская гістарыяграфія неяк асабліва не адарвала сымпатыяй айцоў езуітаў, называючы іх не інакш як орудием полонизации беларускага насельніцтва. Нават захаваныя да сёньня езуіцкія барочныя касьцёлы і калегіюмы – апошнія сьведкі дзейнасьці езуітаў у Беларусі – часта акрэсьліваюцца ледзь не як агідныя сьляды іншаземнага засільля. Варта, аднак, нагадаць, што тры зь пяці каталіцкіх катэдраў сёньняшніх беларускіх дыяцэзіяў² – былыя езуіцкія касьцёлы.
|
нарадзіўся ў 1972 годзе ў Жагані (Польшча). Выпускнік Кракаўскай вышэйшай школы філязофіі «Ignatianum» і факультэту рэлігіязнаўства «Centre Sèvres» у Парыжы, дактарант Ліёнскага ўнівэрсытэту імя Жана Мулена. Філёзаф, перакладчык. Супрацоўнічае з парыскім месячнікам «Études». Піша па-беларуску, мае беларускія караньні. 1 Пасьля скасаваньня Ордэну ў 1773 г. і падзелаў Рэчы Паспалітай езуіты, якія апынуліся на тэрыторыі Расейскай імпэрыі, былі аб’яднаныя ў так званую Беларускую правінцыю. У езуіцкай гістарыяграфіі да сёньняшняга дня ўжываецца паняцьце «беларускія айцы».
|
Рэчаіснасьць, як вядома, заўсёды больш складаная, чым набор некалькіх стэрэатыпаў. Ордэн паўстаў як адказ рымскай царквы на пратэстанцкую рэформу. Ягоным асноўным заданьнем была асьвета каталіцкага кліру, які, у адрозьненьне ад пратэстанцкіх пастыраў, быў мала адукаваны. Таму досыць хутка езуіцкая дзейнасьць сканцэнтравалася вакол школаў. Езуітам удалося стварыць вельмі пасьпяховую сыстэму навучаньня, якая доўга служыла мадэльлю для эўрапейскіх адукацыйных установаў. Дастаткова згадаць «Ratio studiorum» – езуіцкую пэдагагічную праграму, якая ўпершыню падкрэсьлівала неабходнасьць рознабаковага выхаваньня вучняў у каталіцкіх школах, дзе акрамя рэлігіі выкладаліся рыторыка, мовы, матэматыка, філязофія, мастацтвы і інш.
У савецкай гістарыяграфіі езуіты заўсёды асацыяваліся, кажучы палітычным жаргонам, зь нейкай рэакцыйнай групоўкай. Насамрэч, карыстаючыся паняткамі зь сёньняшняй паліталёгіі, можна хутчэй гаварыць пра «левае» крыло каталіцкай царквы. Яшчэ да скасаваньня Ордэну ў XVIII ст. езуіты стварылі ў Паўднёвай Амэрыцы нешта накшталт сацыяльнай дзяржавы для аўтахтоннага насельніцтва. У гісторыю гэтая хрысьціянская рэспубліка ўвайшла пад назвай Парагвайскіх Рэдукцыяў (Las Reducciónes del Paraguay), чым прыцягнула гнеў гішпанскай і партугальскай каляніяльных уладаў. У 1773 г. пад ціскам Бурбонаў Клімэнт XIV скасаваў Таварыства Ісуса. Варта таксама нагадаць, што і ў сучасную эпоху, у XX ст., езуіты былі заангажаваныя ў рух так званае тэалёгіі вызваленьня, чым наклікалі на сябе гнеў папы Яна Паўла ІІ, якому бліжэйшы быў кансэрватыўны «Opus Dei»; і паставілі пад пагрозу існаваньне свайго Ордэну на пачатку 80-х гг., калі Таварыствам кіраваў гішпанец Пэдра Арупэ. У сваёй місійнай дзейнасьці езуіты карысталіся прынцыпам так званай інкультурацыі. Каб пасьпяхова праводзіць катэхізацыю, трэба зьвяртацца да людзей на зразумелай ім мове і ўжываць блізкія ім паняткі. Дзеля гэтага езуіты вывучалі мясцовыя культуры. Звычайна экспартаваная культура застаецца вонкавай культурай. Але гэткае вонкавае, павярхоўнае хрысьціянства было ў супярэчнасьці з духоўнымі практыкаваньнямі, якія прапісаў Ігнацы зь Ляёлы, заснавальнік Ордэну. Ігнацы быў перадусім містыкам, а не палітыкам, як яго часта ўяўляюць. Усьведамленьне гэтага духоўнага й містычнага вымярэньня вельмі важнае, каб зразумець сутнасьць езуіцкае місіі. Духоўныя практыкаваньні зьяўляюцца падставай манаскага жыцьця езуітаў, і тыя запрашаюць верніка праз мэдытацыі жыць і служыць у поўным значэньні слова hic et nunc – і ўсё гэта дзеля большае хвалы Бога³. Практыкаваньні адрасаваныя ўсім вернікам, яны папулярныя да сёньняшняга дня і называюцца рэкалекцыямі. Таму другім пасьля асьветніцтва прыярытэтам езуіцкай дзейнасьці былі так званыя народныя місіі. Езуіцкае «місіянэрства» – гэта не абавязкова падарожжа ў далёкія і экзатычныя краіны, а папросту распаўсюджваньне эвангельскай добрай весткі там, куды скіроўвае жыцьцё.
|
2 Сёньня ў Беларусі існуе тры дыяцэзіі і адна архідыяцэзія, у якой дзьве катэдры – у Менску і ў Магілёве. 3 A.M.D.G. Ad maiorem Dei gloriam – гэта дэвіз Таварыства Ісуса.
|
Ці не найбольш вядомы ў сусьветнай гісторыі прыклад езуіцкай інкультурацыі – Матэо Рычы, італьянскі езуіт XVI ст., які прыбыў у Кітай у якасьці місіянэра і якому ўдалося зрабіць навуковую кар’еру пры двары кітайскага імпэратара. Варта дадаць, што ён быў першым іншаземцам, якому было афіцыйна дазволена прамаўляць пра Хрыста ў сталіцы Паднябеснае. Рычы быў сьвятаром, падарожнікам, астраномам і – у сучасным значэньні слова – лінгвістам. Ён быў першым эўрапейцам, які стварыў слоўнік кітайскае мовы. Дарэчы, першы слоўнік літоўскай мовы быў таксама створаны езуітам Канстанцінам Шырвідам у 1620 г., а ягоная граматыка ўжывалася яшчэ да канца XIX ст. Першыя езуіты, якія прыбылі на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага ў 1569 г. на запрашэньне віленскага біскупа Валяр’яна Пратасевіча, паходзілі з Аўстрыйскае правінцыі Таварыства Ісуса4 , і гэтых нямецкамоўных езуітаў цяжка a priori абвінавачваць у палянізацыі. У 1608 г. афіцыйна была заснаваная Літоўская правінцыя. Правінцыя магла аўтаномна, без дапамогі звонку, займацца выхаваньнем кандыдатаў у Ордэн. На практыцы гэта значыла, што большасьць законьніцкай моладзі была мясцовага паходжаньня. Такім чынам, у езуіцкіх калегіюмах на землях ВКЛ (як і ў іншых правінцыях) было шмат людзей рознага этнічнага паходжаньня: ліцьвінаў, палякаў, жмудзінаў, латышоў, немцаў. А калі дадаць да гэтае лічбы езуітаў-прафэсараў гішпанцаў, італьянцаў ды іншых, якія таксама выкладалі ў калегіюмах, то і выходзіць цалкам «касмапалітычнае хрысьціянскае асяродзьдзе». Тагачасная Літоўская правінцыя пакрывала тэрыторыю ўласна Літвы, Беларусі, Жмудзі, а таксама частку Інфлянтаў і Прусаў, а пазьней і Мазовіі са сталіцай Варшавай. Але менавіта ў Вільні знаходзілася рэзыдэнцыя езуіцкага правінцыяла. Прысутнасьць езуітаў у Беларусі цалкам адпавядала сусьветнай місіі таварыства. Віленскі арцыбіскуп Пратасевіч жадаў, каб езуіты затармазілі на падуладных яму землях развой пратэстанцкай рэформы, якая пасьпяхова шырылася сярод ліцьвінаў. Ён таксама спадзяваўся, што зьяўленьне езуітаў прынясе асьвету й вышэйшую культуру мясцоваму мяшчанству. Ужо ў 1570 г., праз год пасьля прыбыцьця, езуіты заснавалі Віленскі калегіюм. Варта дадаць, што да гэтае даты ў Літве практычна не было ніводнае школы ў сучасным сэнсе гэтага слова, і мясцовая шляхта была вымушана пасылаць сваіх сыноў на вучэньне за мяжу або ў Польшчу. У 1579 г. Віленскі калегіюм быў павышаны да рангу ўнівэрсытэту з правамі акадэміі. Гэта была адзіная ўстанова такога ўзроўню ўва ўсім Вялікім Княстве. У заснавальніцкай хартыі кароль Сьцяпан Батура пісаў, што ў мурох акадэміі могуць вучыцца ня толькі ягоныя каталіцкія падданыя, але й жыхары суседніх «ерэтычных і схізматычных» земляў. Значная колькасьць студэнтаў акадэміі былі ўласна беларусамі. Вывучаючы сёньня каталёгі езуіцкіх калегіюмаў, можна зь лёгкасьцю заўважыць, што больш за палову вучняў былі рускага (Ruthenus) паходжаньня. Усходняя суседка Рэчы Паспалітай менавалася тады «Moscovia» і панятак «Ruthenia» да яе не адносіўся. Але сярод студэнтаў былі таксама і маскоўцы, якіх менавіта так і акрэсьлівалі ў езуіцкіх школьных рэестрах. Рэакцыя на прысутнасьць езуітаў у нашай частцы Эўропы не забавілася. Шмат антыезуіцкіх памфлетаў друкавалася ў XVIII ст. у Пецярбурзе. Так, напрыклад, у 1765 г. быў выдадзены памфлет супраць езуітаў з Амсьціслава, якія абвінавачваліся ў тым, што жывасілам заганяюць рускіх мужыкоў у каталіцкія касьцёлы. Выданьне было падпісана нейкім Жазэфам Бурдыёнам. Пазьней выявілася, што пад гэтым псэўданімам хаваўся сам Вальтэр, праціўнік езуітаў, а замоўцам памфлету была Кацярына ІІ. Можна толькі падазраваць, якія матывы падштурхнулі францускага пісьменьніка ўступіць у абарону «забабонных сялянаў» у глухім куце беларускай зямлі. Посьпехі езуітаў на ніве ўніяцтва не адказвалі палітычным запатрабаваньням расейскай кароны. Каб апраўдаць падзел Рэчы Паспалітай, паўстае ідэалёгія аб’яднаньня праваслаўных народаў. Падобная сытуацыя паўторыцца пазьней, у верасьні 1939 г. – у выглядзе дамовы Молатава–Рыбэнтропа. У расейскай вялікадзяржаўніцкай, а пазьней і ў савецкай ідэалягічнай гістарыяграфіі езуіты прыраўноўваліся ледзь не да саміх д’яблаў і «памагатых заходніх імпэрыялістаў». Але ці сапраўды ўсё было так страшна? Да сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя езуіты стварылі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага шырокую сетку навучальных установаў і амаль цалкам засяродзілі ў сваіх руках сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Езуіты зрабілі велізарны ўклад у беларускую культуру, зь іхных школаў выйшаў шэраг знакамітых вучоных, грамадзкіх дзеячаў і пісьменьнікаў, імёны якіх пазьней значна паўплывалі на развой беларускай нацыянальнай культуры. Дзякуючы ім у Беларусі да 1820 г. існавала высокаразьвітая сыстэма эўрапейскай адукацыі (каля 10 вышэйшых гуманітарных школаў, зь іх дзьве акадэміі і 7 гімназіяў), якая была зьнішчаная пасьля далучэньня Беларусі да Расеі. Але ня толькі праз школы езуіты прычыніліся да развою беларускай культуры. Літаратурная спадчына езуітаў ня можа пакінуць абыякавым. Безумоўна, уплыў Рэфармацыі быў важным чыньнікам разьвіцьця эўрапейскіх нацыянальных літаратураў, але і езуіцкая Контрарэфармацыя пазытыўна паўплывала на нацыянальнае пісьменства. Выдавецкая дзейнасьць езуітаў не абмяжоўвалася толькі выданьнем кніг на польскай ці лацінскай мовах. Вядомы італьянскі езуіт Антоніё Пасэвіна, аўтар слыннага твору «Moscovia», які двойчы быў у Вільні, прапанаваў віленскім езуітам перакласьці тэалягічныя трактаты на рускую мову. Першым зьявіўся пераклад трактату Генадзя Схалярыя (Genadius Scholarius), канстантынопальскага патрыярха, аб працэсіі Сьвятога Духу. Ужо ў 1585 г. быў перакладзены на старабеларускую вядомы ўва ўсёй Эўропе катэхізіс аўтарства нямецкага езуіта Пятра Канізія «Катехізм ілі наука всем православным хрістіяном к поученію вельмі полезно». Пераклад быў выкананы Васілём Амаскім, езуітам беларускага паходжаньня. У Вільні езуіты апублікавалі яшчэ некалькі палемічных трактатаў, напісаных па-руску, каб абараніць Берасьцейскую унію. Адзін зь іх быў названы «Унія, альбо Выклад преднейшых артыкулов ку з’едноченю греков с костелом рымскім нальзашчых» і пабачыў сьвет у 1595 г. Калі ў той час у Масковіі таму, хто вяшчаў «ерась», выразалі язык, езуіты арганізоўвалі тэалягічныя дыспуты, на якія запрашалі праваслаўных і пратэстантаў. У адрозьненьне ад пратэстантаў і праваслаўных, езуіты паспрыялі развою і сьвецкай літаратуры. Вялікую ролю ў гэтым адыграў тэатар. Езуіты асаблівую ўвагу надавалі драматычнаму мастацтву. Тэатар быў важным элемэнтам сьветапогляду чалавека эпохі барока. Большасьць п’есаў была напісана па-польску, але часта з так званымі беларускімі «інтэрмэдыямі», у якіх пэрсанажы гаварылі «простай» мовай. Дарэчы, гэта тычылася і літоўскай мовы. Акрамя драматычных твораў рэлігійнай тэматыкі па-руску, паўстала таксама шмат камэдыяў. Пісаліся яны часта на ўсім зразумелай мове, каб падкрэсьліць актуальнасьць высьмейваных заганаў. Інсцэніроўка адной зь першых такіх п’есаў, названай «Сымон Гардзілюд», адбылася ў 1584 г. у Вільні, і напісаў яе езуіт польскага паходжаньня Каспар Пянткоўскі. Галоўны пэрсанаж твору – віленскі мяшчанін-мізантроп. Езуіцкі тэатар быў важным элемэнтам выхаваўчай праграмы. Сярод іншых сьвецкіх твораў варта згадаць «Дыскурс жыдовін з скоморохом і Сенько Налевайко». Абедзьве п’есы былі напісаныя гарадзенскім езуітам Якубам Пылінскім, друкаваліся яны лацінкай. Што тычыцца літургіі, езуіты ўжывалі «простую» мову ў сваіх казанях, калі зьвярталіся да простых грамадзянаў. Калі ўжо ў другой палове XVIII ст. беларуская мова фактычна выйшла з афіцыйнага ўжытку на абшарах ВКЛ, езуіты працягвалі друкаваць кнігі па-беларуску. У езуіцкіх выдавецкіх рэестрах з гэтага пэрыяду ёсьць шмат назоваў па-руску, друкаваных лацінкай. У 1774 г. у Полацку быў апублікаваны зборнік царкоўных гімнаў, напісаны ў «полацкім дыялекце», які быў названы «Kantyczka, abo Nabożne pieśni w narzeczu połockim». Гэта ці не найбольш вядомае сярод дасьледчыкаў беларускай культуры выданьне з апошніх гадоў існаваньня Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Шмат славутых сыноў Вялікага Княства Літоўскага былі вучнямі езуітаў. Сярод іх быў таксама Сымон Полацкі, які вучыўся ў Віленскай акадэміі. У сваіх нататках ён пералічыў сярод сваіх настаўнікаў трох езуіцкіх прафэсараў тэалёгіі, якія выкладалі ў Вільні ў 1653 г.: Казімера Каяловіча, Лукаша Залускага і Ўладзіслава Рудзінскага. У часе пазьнейшай кар’еры пры двары маскоўскага цара Сымону Полацкаму часта даводзілася быць аб’ектам атак кансэрватыўнага маскоўскага патрыярха Якіма, які акрэсьліваў Сымона Полацкага як чалавека, «сапсаванага езуіцкім навучаньнем». Скасаваньне Ордэну, падзелы Рэчы Паспалітай і пазьнейшае выгнаньне езуітаў з тэрыторыі Расейскай імпэрыі паклалі канец гэтым пачынаньням. Ужо шмат пазьней, у міжваенную пару, у Альбярціне каля Слоніму дзейнічала ўсходняя місія Таварыства Ісуса. У 30-х гг. ХХ ст. тут выдаваўся па-беларуску часопіс «Да злучэньня». З 1938 г. ён друкаваўся лацінкай. Польскія ўлады пільна сачылі за гэтымі езуіцкімі ініцыятывамі. У складаным палітычным кантэксьце XX ст. беларусы разглядаліся як зрусіфікаваныя палякі або як апалячаныя расейцы, і ўсе, хто прычыніўся да развою беларускай ідэнтычнасьці, прызнаваліся за ворагаў. І езуіты зноў патрапілі ў чорныя сьпісы. У XVII і XVIII стст. яшчэ цяжка гаварыць пра паўстаньне беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці. Беларускае адраджэньне прынята датаваць канцом XIX – пачаткам XX стст. Аднак многія выдатныя асобы, якія паспрыялі гэтым працэсам, былі так ці інакш зьвязаныя з таварыствам. І нават калі цяжка абгрунтаваць тэзу, што езуіты сьвядома спрыялі станаўленьню беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, то ўсё ж можна сказаць, што яны да яе прычыніліся a posteriori. Які, здавалася б, сёньня інтэрас выцягваць гісторыю езуітаў з далёкай мінуўшчыны. Мне падаецца, што самы непасрэдны: сёньня ідэалягізаваная гістарыяграфія прычыняецца да пазбаўленьня беларусаў іх эўрапейскай гісторыі, у якой Таварыства Ісуса займае годнае месца. Уся гісторыя беларусаў зводзіцца да шматлікіх помнікаў Леніну, параскіданых па ўсёй краіне, якія стаяць на скрыжаваньнях вуліцаў ды на пляцах, што нясуць цяжар савецкіх шыльдаў. Застаецца шкадаваць, што выдадзеная ў Кракаве ў 1996 г. энцыкляпэдыя не знайшла водгукаў у беларускай навуковай крытыцы. Але кнігай зацікавіліся літоўскія выдаўцы, і цяпер рыхтуецца яе пераклад на літоўскую мову. Дарэчы, ужо ў польскім кракаўскім выданьні прадмова напісаная ў двух моўных варыянтах: па-польску і па-літоўску. Шкада, што няма беларускае вэрсіі. Тлумачыцца гэта можа й вельмі банальна: кніга гэтая – плён супрацоўніцтва польскіх і сучаснай літоўскай правінцыяў Таварыства Ісуса, а Беларусь ужо ня ёсьць іх часткай. У адрозьненьне ад Польшчы і Літвы, пра заходнеэўрапейскія краіны нават ня згадваючы, няма сёньня ў Беларусі ніводнай езуіцкай школы. Два айцы-езуіты працуюць у парафіях Гарадзеншчыны, адзін зь іх зьяўляецца каталіцкім капэлянам гарадзенскае турмы... |
4 Правінцыя – гэта царкоўны тэрмін, які абазначае тэрытарыяльную адзінку Ордэну. На землях Рэчы Паспалітай існавалі дзьве правінцыі: Польская і Літоўская. Даты заснаваньня, адпаведна, 1575 і 1608 гады. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (44) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |