A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (44) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
АНДРЭЙ КАТЛЯРЧУК | ||||
Нацыянальнае канструяваньне Міцкевіча або What Tomas Venclova did not say in Harvard
У красавіку 1998 г. амэрыканскі прафэсар літоўскага паходжаньня Томас Вэнцлава выступіў ува ўнівэрсытэце Гарварду зь лекцыяй «Зноў пра родную дзяржаву: Міцкевічава Літва і Міцкевіч у Літве». Вэнцлава закрануў вельмі важнае пытаньне, а менавіта рэцэпцыю творчасьці Адама Міцкевіча літоўскім нацыянальна-культурным рухам XIX – пачатку XX ст., паказаў практычна невядомы на Захадзе працэс яе прысваеньня гэтым рухам, ролю перакладаў твораў Міцкевіча на літоўскую мову. Лекцыя Вэнцлавы даступная сёньня ў беларускім перакладзе1.
Чаму паўстала патрэба зьвярнуцца да яе зьместу зноў? Прычына – ацэнка Вэнцлавам беларускай рэцэпцыі Міцкевіча. Калі частка «Міцкевіч у Літве» не выклікае пытаньняў, то «Літва Міцкевіча» зьдзіўляе сваёй тэндэнцыйнасьцю. У лекцыі Вэнцлавы беларусы ствараюць адно этнаграфічны фон творчасьці Міцкевіча ды паўстаюць пасіўнымі статыстамі ягонай спадчыны. Каб ня быць галаслоўным, дамо некалькі прыкладаў. Па-першае, зьвесткі пра пераклады Міцкевіча на беларускую мову ў Літве і Беларусі XIX ст. у Вэнцлавы адсутнічаюць. Па-другое, няма спасылак на вядомыя тэксты пра стаўленьне да паэзіі Міцкевіча беларускамоўных пісьменьнікаў. Сучаснае паняцьце «Беларусь» пераносіцца Вэнцлавам на XIX ст. Ён піша, што Міцкевіч практычна не заўважаў існаваньня Беларусі і толькі аднаго разу скарыстаўся гэтым паняцьцем як культурна-гістарычным. Гэта няпраўда, дастаткова пагартаць лекцыі Міцкевіча, чытаныя ім у Калеж-дэ-Франс. Як вядома, у XIX ст. тэрмін «Беларусь» абазначаў толькі ўсходнія абшары сучаснай краіны (Полацак, Магілёў, Ворша), землі былога Беларускага япіскапства зь пераважна праваслаўным сялянствам. У той самы час беларусы насялялі ўсе апроч Жмудзі культурна-геаграфічныя правінцыі ВКЛ, гэта значыць Літву, Палесьсе, Падляшша і ўласна Беларусь. Зьвесткі пра «Беларусь», як пра Палесьсе ці Валынь, вельмі рэдкія ў Міцкевіча, бо паэт паходзіў зь Літвы і пісаў пра Літву. Да таго ж вядома яго нэгатыўнае стаўленьне да шэрагу ягоных знаёмых «беларускіх» шляхціцаў, бо пераважна праваслаўная Беларусь, якая сталася часткай Расеі ў 1772 г., была адзінай у часы Міцкевіча вобласьцю расейскамоўнай адукацыі ў Літве. Вэнцлава слушна піша, што Літва ў сэнсе былога ВКЛ для Міцкевіча складалася зь дзьвюх моўных частак: літоўскай і беларускай. Ён таксама прызнаецца, што паняцьце «літоўскі» ў Міцкевіча часта мела на ўвазе «носьбітаў славянскіх дыялектаў». Але стаўленьне да беларусаў у дасьледчыка адбываецца паводле формулы «зьверху ўніз»: літоўская гаворка ўжо ў XIX ст. паўстае як разьвітая «мова», у той час як беларуская мова XIX ст. атаесамляецца выключна зь неразьвітымі славянскімі гаворкамі. Вэнцлава – магчыма, несьвядома – ненавукова разважае, кажучы пра «літоўскую мову ў XIX ст.» і проціпастаўляючы яе «ўсходнеславянскім (русінскім) дыялектам... якія пазьней разьвіліся ў беларускую мову, што захавалася галоўным чынам сярод сялянаў». Між тым, у XIX ст. не існавала розьніцы паміж літаратурным статусам літоўскіх і беларускіх гаворак. Абедзьве мясцовыя літаратуры жывіліся выключна дзейнасьцю асобных энтузіястаў. Кніжкі друкаваліся ў аўтарскіх вэрсіях, на аснове розных дыялектаў і рознай графікі. Пры гэтым беларуская творчасьць выглядала нават больш стандартызаванай у параўнаньні зь літоўскай з прычыны вялікай лексычнай розьніцы паміж літоўскімі і жамойцкімі гаворкамі. Культурны канфлікт, што паўстаў у XIX – пачатку XX ст. на землях гістарычнай Літвы, разглядаецца Вэнцлавам у рэчышчы «сацыяльнага канфлікту паміж літоўскамоўнымі сялянамі і польскай (палянізаванай) шляхтай краю, што быў канфліктам дзьвюх розных нацыяў, кожная зь якіх мела ўласнае мінулае і ўласную будучыню». Вэнцлава паказвае, як паралельна з канфліктам ішло творчае пераасэнсаваньне Міцкевіча на літоўскай глебе. Увесь зьмест лекцыі будуецца на барацьбе і сынтэзе «дзьвюх» канцэпцыяў ліцьвінства: польскамоўнага, зьвязанага культурна з ВКЛ, і этнічна літоўскага. Трэцяга чыньніка, гэта значыць ліцьвінаў-беларусаў, у дыскурсе Вэнцлавы няма. Выглядае, што беларусы былі толькі дэмаграфічна-культурным фонам для творчасьці Міцкевіча, ды, у адрозьненьне ад літоўцаў, заставаліся па-за межамі інтэлектуальнага руху Літвы. Лягічная і галоўная выснова лекцыі: «Паэт, які выйшаў з шматэтнічнага і шматкультурнага Вялікага Княства і адлюстроўваў яго цэльнасьць і адзінства, сёньня можа стацца сымбалем міжэтнічнай згоды ды сяброўства паміж дзьвюма незалежнымі сучаснымі дзяржавамі [Польшчай і Літвой]». Беларусі ў праве на спадчыну паэта адмоўлена. Заўважым, што акурат лекцыі такога аўтарытэтнага кшталту ствараюць вобраз беларускай культуры на Захадзе. Як здарылася, што Вэнцлава, вядомы, між іншым, сваім прыхільным стаўленьнем да беларушчыны, праігнараваў у выкладзе беларускі аспэкт «Міцкевічыяны»? Цяжка ўявіць, што прафэсар славістыкі ня ведаў пра існаваньне беларускіх перакладаў і водгукаў на творчасьць «літоўскага генія», што паходзяць з XIX – пачатку XX ст. Праўда, найбольш грунтоўныя зборнікі, што падсумоўваюць досьледы жыцьця і творчасьці Міцкевіча ў Беларусі, выйшлі ў 1997–1998 гг., і Вэнцлава мог не пасьпець іх заўважыць2. Але існуе процьма ранейшых беларускіх і замежных публікацыяў на гэты конт, а самі тэксты даступныя нават у школьных хрэстаматыях3.
|
гісторык, супрацоўнік унівэрсытэцкага коледжу Sцdertцrn у Стакгольме. Неўзабаве ў выдавецтве гэтага ўнівэрсытэту мае выйсьці яго кніга «In the Shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17th Century».
|
На маю думку, гэтая крыўдная для беларусаў ацэнка будуецца на двух літоўскіх мітах. Першы – гэта міт ВКЛ як этнічна літоўскай дзяржавы, дзе беларусы былі толькі дэмаграфічным балястам, а беларускай шляхты (эліты) не існавала ў прыродзе. Тут думкі амэрыканскага вучонага дзіўным чынам сышліся з ацэнкай беларускага прэзыдэнта. Як і Вэнцлава, Лукашэнка шчыра перакананы, што беларусаў прыгняталі ў ВКЛ4. Па-другое, гэта сучасны літоўскі міт беларусаў як «ізгояў гісторыі». Як кажа сам Вэнцлава, за саветамі літоўцаў зьдзіўлялі ў БССР дзьве рэчы:
— большая колькасьць дэфіцытных тавараў, па якія яны стала прыяжджалі ў Заходнюю Беларусь; — татальная русіфікацыя гарадзкога насельніцтва ды занядбаныя касьцёлы і цэрквы. Тым часам як літоўцы змагаліся за родную мову, шанавалі свае гістарычныя і рэлігійныя традыцыі, беларусы прадаліся за «кілбасы», кажучы словамі Ларысы Геніюш. Дзяржава Лукашэнкі ўмацоўвае такую пазыцыю, дзеля чаго краіна Беларусь апынулася сёньня па-за межамі эўрапейскай супольнасьці. Тым ня менш, хоць у XIX ст. беларускі рух меў элітарны характар, але ён такі існаваў. Паспрабуем дапоўніць тэкст Вэнцлавы. Яшчэ пры жыцьці Адама першы пераклад (паэму «Конрад Валенрод») зь Міцкевіча зрабіў Арцём Вярыга-Дарэўскі. Паўстанец 1863 г., ён быў ліцьвінам, але ліцьвінам беларускамоўным – нашчадкам русінскай шляхты ВКЛ. Ён шчыра падтрымліваў першыя крокі беларускага руху, быў сярод падпісчыкаў на беларускае выданьне 1859 г. «Пана Тадэвуша» ў перакладзе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Свае творы Вярыга-Дарэўскі — у адрозьненьне ад большасьці тагачасных пісьменьнікаў краю – пісаў не на польскай, а на «беспэрспэктыўнай», як здавалася, беларускай мове – штодзённай мове дробнай шляхты Беларусі і большай часткі Літвы. Гэтую родную для яго мову па старой звычцы Вярыга-Дарэўскі называў «літоўскай». У створаным ім «Альбоме» (фактычна хрэстаматыі беларускай літаратуры) Дарэўскі карыстаўся псэўданімам «Беларуская дуда», называючы сябе «літоўцам». Зьвяртаючыся ў 1858 г. да калегаў па літаратуры, што насуперак абставінам спрабавалі пісаць па-беларуску, ён падкрэсьліваў, што беларуская мова – родная мова для «літоўцаў»:
Нашы, браценькі-літоўцы, Бо нашто нам губаў мова, Дзе чуваці душы слоўцы?! Гэтыя радкі ніколі сур’ёзна не аналізаваліся. Між тым, для пакаленьня Вярыгі-Дарэўскага, як і для пакаленьня ягоных бацькоў (значыць, сучасьнікаў Міцкевіча) тут не было ніякай супярэчнасьці. Быць гістарычным ліцьвінам азначала прыхільна ставіцца да ўсіх галінак тутэйшай традыцыі: польскай, беларускай, літоўскай і габрэйскай. Так было падчас Рэчы Паспалітай, так было ў беларускай культуры XIX ст., якая надалей жыла пад дахам шляхецкіх традыцыяй. Толькі мадэрны нацыяналізм пачатку XX ст. разьбіў гэтую еднасьць, запатрабаваўшы ад тутэйшай шляхты і іншага жыхарства жорсткага этнічнага вызначэньня. Дарэўскі належыць да найбольш трагічных постацяў беларускай літаратуры. Пісаў ён шмат, але з прычынаў царскай цэнзуры і абыякавасьці мэцэнатаў з шляхты да беларускага друку ягоныя творы не друкаваліся і пераважна загінулі. Арышт і сібірская катарга паставілі на ягонай творчасьці крыж. Тым ня менш, як сьведчыў аўтарытэтны знаўца беларушчыны XIX ст. Адам Кіркор, пераклад «Конрада Валенрода» Вярыгі-Дарэўскага быў папулярны сярод дробнай шляхты Літвы і Беларусі ды хадзіў у шматлікіх сьпісах. Паэма была створана Міцкевічам эзопавай мовай. Дзея адбываецца ў сярэднявеччы, ліцьвіны змагаюцца супраць супольных з расейцамі ворагаў-немцаў. Як вядома, галоўны герой паэмы ліцьвін Валенрод інфільтруецца ў Крыжацкі ордэн пад маскай немца з мэтай разбурыць яго знутры. Ужо ў першых радкох паэт дэкляруе, што справа Літвы ня мае будучыні і яе гісторыя цалкам у мінулым. Як падкрэсьлівае Вэнцлава, акурат гэтыя хітрыкі ўсонілі царскую цэнзуру, і паэма была выдадзена ў Пецярбурзе. Але Міцкевічава ідэя была ясная, і хутка рух «валенродзтва» зрабіўся вельмі папулярны сярод радыкальнай моладзі гістарычнай Літвы: вучыцца і рабіць кар’еру сярод маскоўцаў, каб потым разбурыць імпэрыю зь яе нутра. Невядома, як з этнічнымі літоўцамі (прынамсі Вэнцлава не пакідае нам прыкладаў), але гэтай думкай Міцкевіча кіраваўся не адзін дзясятак ліцьвінаў-беларусаў. Заўважым, што кіраўнікі літоўскага паўстаньня 1863 г. Каліноўскі, Серакоўскі і Ўрублеўскі былі не з этнічнай Літвы. Агульнавядома, што яны выдавалі першую нелегальную газэту да тутэйшых жыхароў Літвы на беларускай мове, а таксама газэту і ўлёткі на польскай мове і трохі па-літоўску. Менш вядома, што кіраўнікі паўстаньня будавалі сваё жыцьцё паводле формулы Міцкевіча. Валенродзтва сталася галоўнай рысай іх дапаўстанцкага жыцьця. Актыўны ўдзел у нелегальных і нават тэрарыстычных арганізацыях пасьпяхова сумяшчаўся з імпэрскай кар’ерай. Каліноўскі быў выхаванцам прэстыжнага юрыдычнага факультэту Пецярбурскага ўнівэрсытэту, які падрыхтаваў за сваю гісторыю процьму найвышэйшых урадоўцаў Расеі, між іншым сёньняшняга прэзыдэнта Пуціна. Серакоўскі скончыў Імпэратарскую акадэмію Генштабу і напярэдадні паўстаньня служыў афіцэрам Генштабу. Урублеўскі скончыў Пецярбурскі лясны інстытут. Як расейскамоўны і ляяльны «заходнярус» ён атрымаў працу дырэктара расейскай вучэльні ў падляскай Саколцы, бастыёне расейскага культурнага змаганьня з палякамі. У 1890-х гг. над перакладам «Конрада Валенрода» працаваў Адам Гурыновіч. На беларускай мове захаваўся кавалак зьбеларушанай паэмы, а менавіта песьня «Вілія». Гурыновіч нарадзіўся ля берагоў гэтай ракі ў шляхецкай ліцьвінскай сям’і. Удзень Гурыновіч старанна рабіў імпэрскую кар’еру. Ён скончыў непапулярную сярод шляхты расейскамоўную Віленскую рэальную вучэльню, працягваў навучаньне ў Пецярбурскім тэхналягічным інстытуце. Гэтая прэстыжная ВНУ рыхтавала кіраўнічыя кадры для стратэгічна важнай чыгункі. Туды набіралі толькі абсалютна ляяльных да ўраду асобаў, тым больш з Паўночна-Заходняга краю. У паслужной даведцы на Гурыновіча тады не было ніякага кампрамату. Затое ўвечары малады беларус кіраваў нелегальнай шматэтнічнай суполкай студэнцкай моладзі Літвы і Беларусі ў горадзе на Няве ды марыў пра скон імпэрыі. Таксама ў вольны час наш Адам пісаў гісторыю паўстаньня 1863 г. У паўстаньні Гурыновіча, між іншым, цікавіла тэма валенродзтва яго кіраўнікоў. Нататкі былі знойдзены паліцыяй падчас арышту маладога рэвалюцыянэра ў Вільні, у чэрвені 1893 г., як небясьпечнага дзяржаўнага злачынцу, 24-гадовага хлопца перавезьлі зь Літвы ў Пецярбург ды кінулі ў Петрапаўлаўскую крэпасьць. Ягоная стаўка на валенродзтва скончылася правалам. Да перакладаў «Конрада Валенрода» таксама актыўна зьвяртаўся ў раньні пэрыяд творчасьці Янка Купала. Ён аддаў даніну валенродзтву – ягоны Мікіта Зносак у «Тутэйшых» выпісаны пад уплывам гэтай паэмы Міцкевіча. Вершы Міцкевіча перакладаў на родную мову слуцкі шляхціц, гадаванец пратэстанцкіх пансіёнаў Швайцарыі Альгерд Абуховіч. Ёсьць зьвесткі, што яшчэ пры жыцьці Міцкевіча невядомы аўтар пераклаў на беларускую мову Міцкевічаву баляду «Пані Твардоўская». Што цікава, наш пераклад быў зроблены не з арыгіналу, а праз украінскі пераклад рэктара Харкаўскага ўнівэрсытэту Пятра Гулак-Арцямоўскага. Наш пераклад 70-х гг. ХІХ ст. хадзіў у рукапісных сьпісах ды быў надрукаваны на пачатку ХХ ст. «Нашай Нівай». Праз чатыры гады пасьля сьмерці Міцкевіча ў Вільні на беларускай мове выйшла паэма «Пан Тадэвуш» у перакладзе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Гэта першы ў сьвеце пераклад паэмы на замежную славянскую мову. Перакладчык абгрунтаваў патрэбу выданьня твору на беларускай мове наступнымі прычынамі: — твор Міцкевіча апісвае «норавы і звычаі нашых літоўскіх гаспадароў» на пачатку XVIII ст.; — пераклад адрасуецца пісьменным чытачам, што, валодаючы лацінкай, маюць праблемы з польскай мовай; — кола гэтых чытачоў не абмяжоўваецца заможным сялянствам, а пашыраецца на беларускамоўных ліцьвінаў, на «нашу засьцянковую шляхту, якая, жывучы ў лясным зацішшы, найчасьцей карыстаецца ў хатнім ужытку народнай гаворкай»; выданьне паэмы на беларускай мове прызначаецца «паном і простаму народу»; — заахвоціць дробную «літоўскую і беларускую шляхту» і каталіцкае сялянства да асьветы па-беларуску. Такім чынам, Дунін-Марцінкевіч завочна спрачаецца зь Міцкевічам і колам ягоных аматараў – палянізаванай заможнай шляхтай Беларусі і Літвы. Менскі аўтар дэкляруе пасьля вякоў палянізацыі наяўнасьць значнай групы беларускамоўнай «літоўскай і беларускай шляхты» ды спадзяецца на яе прыхільнасьць. У спалучэньні прыметнікаў «літоўскі» і «беларускі» Дунін-Марцінкевіч першым вырашае геаграфічную разьяднанасьць этнічна беларускай эліты. Знаходка Марцінкевіча адаптаваная сучаснай беларускай гістарыяграфіяй. Паняцьце «літоўскі» ў яго мае тыповы для XIX ст. гістарычны і геаграфічны сэнс. Літоўскі шляхціц – гэта беларускамоўны нобль Менскага, Гарадзенскага, Наваградзкага ваяводзтваў. «Беларускі» шляхціц жыве на землях гістарычнай Беларусі (там, дзе Полацак, Віцебск, Амсьціслаў, Ворша і Гомель). Пры гэтым перакладчык ігнаруе наяўнасьць у краі балцкамоўнай «літоўскай і жамойцкай» шляхты. Невыпадкова пераклад дачакаў толькі адну прыхільную рэцэнзію буйнога літоўскага дзеяча Мікалаюса Акялайціса, але яна сьвет ня ўбачыла5.
|
2 Год Адама Міцкевіча. Адам Міцкевіч і Беларусь: Зборнік артыкулаў. – Мінск, 1997; Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 1998.
3 Stankiewicz, Stanisław. Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej. – Wilno, 1936; Брага, Сымон [Вітаўт Тумаш]. Міцкевіч і беларуская плынь польскай літаратуры. – Нью-Ёрк, 1957; Лойка, Алег. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. – Мінск, 1959;
4 Гл. тэкст выступу А. Лукашэнкі падчас сустрэчы са студэнтамі Магілёўскага ўнівэрсытэту: Комсомольская правда в Беларуси. 2005. 24 ноября. Таксама цікавая рэакцыя на яе беларускага гісторыка Алеся Краўцэвіча на радыё «Свабода»
|
Дунін-Марцінкевіч кладзе яшчэ адзін вельмі важны камень у падмурак беларушчыны. Ён вызначае этнічныя межы бацькаўшчыны. Усе ведалі, дзе праходзілі межы ВКЛ. Але вызначэньне этнічных межаў беларускіх і літоўскіх земляў было нявырашаным пытаньнем. Этнічны абшар беларускага народу Марцінкевіч акрэсьлівае басэйнамі «Дняпра, Дзьвіны, Бярэзіны, Сьвіслачы, Вяльлі і часткова Нёману». Акрэсьліваньне вельмі цікавае. З аднаго боку, перакладчык прызнае, што частка Панямоньня належыць літоўцам ды немцам. Зь іншага боку, ён прэтэндуе на шэраг этнічна літоўскіх і латыскіх земляў Віленшчыны і Латгаліі. Дзіўнага тут нічога няма, бо тое самае рабілі і тагачасныя літоўскія дзеячы, даводзячы абшары свайго народу да гарадоў Gardinas, Naugardukas і Brastas – г. зн. Горадні, Наваградку і Берасьця. Праблема дакладных этнічных межаў краю была вырашана навукова толькі на пачатку XX ст. Заўважу, што зь беларускага этнічнага арэалу Марцінкевіч выключаў Палесьсе (берагі Піны і Прыпяці) зь яго ўкраінскімі дыялектамі.
Першае выданьне Міцкевіча па-беларуску было і першай калектыўнай дэманстрацыяй падтрымкі беларускай культуры. Гаворка ідзе пра сьпіс падпісчыкаў на пераклад. Гэтая крыніца годная дысэртацыі. Карыстаючыся сучаснымі мэтадамі, на падставе сьпісу можна акрэсьліць геаграфічны эпіцэнтар пражываньня прыхільнікаў беларушчыны, іх сацыяльнае і рэлігійнае паходжаньне, адсачыць далейшы асабісты лёс і стаўленьне да беларускага руху. У першай і адзінай вядомай частцы сьпісу 79 прозьвішчаў. Абсалютную большасьць падпісантаў складае шляхта. Сярод іх 11 каталіцкіх сьвятароў і ніводнага праваслаўнага (выданьне было лацінкаю). Нешляхецкія колы прэзэнтуюць 3 сялянаў і 5 настаўнікаў. Геаграфічны абшар падпіскі ахоплівае Менск, Вільню, Магілёў, Віцебск, Полацак, Смаленск, Лепель і нават неславянскае Коўна. Радзіма Міцкевіча, Наваградак, а таксама Горадня, Пінск і Берасьце ў сьпісе адсутнічаюць. Найбольш адданы патрыёт беларушчыны пражываў у Менску. Гэта быў царскі ўраднік, судзьдзя менскай цывільнай палаты Дмахоўскі, які замовіў ажно 12 асобнікаў паэмы. Сьпіс 1859 г. моцна адрозьніваецца ад сьпісу падпісчыкаў «Нашай Нівы» 1906 г. – пераклад Дуніна-Марцінкевіча быў арыентаваны, галоўным чынам, на шляхту, а аўтары «Нашай Нівы» бачылі ў сваіх чытачах перадусім сялянскі люд. У 1892 г. свой пераклад «Пана Тадэвуша» выдаў у Аўстрыі Аляксандар Ельскі. Гэты выхаванец славутай Менскай клясычнай гімназіі і расейскі афіцэр выйшаў у адстаўку ў 30 гадоў. Акурат Ельскі ў 1885 г. у польскім пецярбурскім часопісе «Kraj» надрукаваў першы літаратуразнаўчы артыкул, прысьвечаны рэцэпцыі Міцкевіча ў Беларусі: «Адам Міцкевіч на Беларусі». Там жа беларускай лацінкай друкаваліся фрагмэнты зь ягоных перакладаў зь Міцкевіча. У адрозьненьне ад Дуніна-Марцінкевіча, Ельскі вызначае больш шырокія этнічныя межы беларускага народу. На ягоную думку, беларусы апанавалі апроч цэнтральных абшараў Літвы і Беларусі таксама берагі палескай Прыпяці і падляскай Нарвы. Ельскі прызнае, што «Беларусь мае неаспрэчнае права ганарыцца Міцкевічам, бо гэты велізарны дух вырас і сфармаваўся як паэт на глебе нашай карэннай літоўскай славяншчыны». Нагадаю: гэта было сказана ў 1885 г. аўтарам, які на тагачасныя паняцьці жыў у Літве, у Замосьці пад Менскам Літоўскім. На прыклад Дуніна-Марцінкевіча Ельскі таксама напісаў прадмову да свайго выданьня «Пана Тадэвуша». Як перакладчык аргумэнтаваў патрэбу ў зьбеларушаным Міцкевічу? Для Ельскага Міцкевіч – «паляк з роду», які нарадзіўся «на Літоўскай Русі». Аўтар піша, што дзякуючы Міцкевічу палякі атрымалі выдатны эпас, які шмат разоў быў надрукаваны па-польску. Між тым беларусы, «братні народ Міцкевіча, каторы быў яму найбліжшы да сэрца», так і не дачакалі выданьня на роднай мове. Як адзначае Ельскі, першы пераклад Дуніна-Марінкевіча «прапаў марна», і ён вырашыў зноў перакласьці і надрукаваць «Пана Тадэвуша» па-беларуску. Чаму? Па-першае, Ельскі падкрэсьлівае, што паэма Міцкевіча апісвае ня Польшчу, а Літву і Беларусь і ўсе яе станы. Пераклад Міцкевіча павінен служыць доказам крэўнасьці беларускай і польскай моваў і пакліканы прымусіць беларусаў палюбіць «сваю родную, занядбаную, сьвятую беларускую мову, каторая спрадвеку ня толькі была вашаю ў сёлах, але яе ўжывалі самыя даўнія манархі краю і іх вяльможы». У адрозьненьне ад Марцінкевіча, Ельскі адрасуе сваё выданьне сялянам. Аўтар нават дыстанцуецца ад сваіх чытачоў: «Ваш старадаўні беларускі язык, мусіць, варты чагось, калі можна на яго склад ператлумачыць найцальнейшыя паэтычныя творы вялікіх пісацялей. Праз умілаваньне свайго языка ўмілуйце ж і афяраванага Вам у беларускай шаце «Пана Тадэвуша», у каторым жыве ўся быліна дарагога нам і Вам краю». Такім чынам, што зьмянілася ад часоў Дуніна-Марцінкевіча да часоў Ельскага? Па-першае, беларускамоўная шляхта імкліва палянізуецца. Новы пераклад рэалізаваны зноў лацінкай, але прызначаны толькі сялянам, да таго ж каталіцкай яе частцы. Большасьць беларускіх сялянаў, г. зн. праваслаўных, надалей заставаліся па-за Міцкевічам. За адно пакаленьне (34 гады) беларуская мова перастае быць штодзённай мовай дробнай шляхты. Ліцьвін Міцкевіч тварыў у тыя часы, калі ані беларускага, ані літоўскага літаратурнага руху не было. Культурна ён быў сынам ВКЛ, якое 500 гадоў зьяўлялася часткай польскага палітычнага поля і ў якім беларуская шляхта была толькі часткай эліты нароўні з этнічна літоўскай і польскай (з XVII–XVIII стст.). Паэт востра рэагаваў на гвалтоўнае зьнішчэньне Рэчы Паспалітай і быў настроены па-антырасейску і антынямецку да фанатызму. Польскае пытаньне ў XIX ст. было як курдзкае ў XXI. Польскай дзяржавы не існавала, і ніхто з рэальных палітыкаў не даваў веры ў магчымасьць яе адраджэньня. З пункту гледжаньня расейскай улады ўтапіст Міцкевіч быў тэрарыстам і бунтаўніком, які да таго ж памёр падчас арганізацыі чарговай змовы супраць імпэрыі. У гэтых умовах пераствараць творы паэта на тутэйшыя мовы (беларускую і літоўскую) было мужным учынкам. Менавіта таму пераклады Ельскага друкаваліся ў Аўстрыі. Увесь наклад перакладу «Пана Тадэвуша» Дуніна-Марцінкевіча быў сканфіскаваны і зьнішчаны. Захаваліся 4 унікальныя асобнікі, адзін зь якіх, як высьветліў Генадзь Кісялёў, паходзіць са збораў каталіцкай сэмінарыі ў Жмудзі, г. зн. беларускім перакладам цікавіліся і этнічныя літоўцы. Для Міцкевіча як польскага супэрпатрыёта будучыня беларускай і літоўскай моваў была ясная. Дзьвюхмоўная шляхта краю мусіла перш за ўсё пільнавацца пальшчызны. Беларускія і літоўскія сяляне мусілі як мага хутчэй авалодаць польскай мовай. У сваім запавеце, балядзе «Дудар», ён марыў, каб просты люд з-пад Наваградку і Коўны навучыўся чытаць ды смакаваць ягоныя творы па-польску. Міцкевіч памыліўся, і сёньня ў гэтых мясьцінах ягоныя творы чытаюць пераважна ў перакладах. Таму перакладчыкі Міцкевіча на беларускую і літоўскую мовы вялі завочную палеміку зь вялікім паэтам. Сваімі перакладамі нашы аўтары даводзілі ў XIX ст. жыцьцяздольнасьць «сялянскіх» моваў. Такім шляхам на пачатку XX ст. пайшоў іншы Міцкевіч, Якуб Колас, калі пад уплывам «Пана Тадэвуша» напісаў беларускі эпас «Новая зямля». Дакладна тое самае зрабіў літоўскі паэт і дзеяч Антанас Баранаўскас паэмай «Анікшчайскі бор». Большая частка нашых перакладчыкаў Міцкевіча паходзіла з гістарычнай Меншчыны і Наваградчыны (Слуцкае княства). Ёсьць тыпалягічная розьніца паміж літоўскімі і беларускімі перакладамі. Этнічна літоўскі рух, як сьпялейшы ў палітычнам сэнсе і этнічна неславянскі, арыентаваўся на балцкія творы Міцкевіча накшталт паэмы «Жывіла» ці публіцыстычнай «Кнігі народу польскага і пілігрымства польскага». У беларускім асяродзьдзі цэнтральнае месца заняў блізкі культурна «Пан Тадэвуш» ды прыгодніцкі «Конрад Валенрод». Аналіз Ніны Тэйлар (гл. спасылку 3) давёў моцны ўніяцкі, значыць, адназначна беларускі, падтэкст паэмы Міцкевіча «Дзяды». Выяўляецца, у час стварэньня паэмы праваслаўныя сьвятары ў Літве зацята змагаліся з уніятамі, каб перанесьці сьвяткаваньне невядомых расейскай царкве лістападскіх Дзядоў на вясну (Радаўніца). Міцкевіч паходжаньнем належаў не да дробнай (яшчэ адзін міт савецкага літаратуразнаўства), а заможнай шляхты. Бацькоўская камяніца ў Наваградку была самым шыкоўным прыватным будынкам места. Ягоны дзядзька, заможны наваградзкі судзьдзя Мэдард Растоцкі, апекаваўся маладым сваяком. Іншы ўплывовы дзядзька, прафэсар Маеўскі, дастаў паэту дзяржаўную расейскую стыпэндыю на навучаньне ў Віленскім унівэрсытэце. Сацыяльная розьніца мела свой лінгвістычны аспэкт. Калі для дробнага шляхціца з усходу Беларусі Яна Баршчэўскага беларуская мова была штодзённай мовай дзяцінства, для заходніка Міцкевіча як месьціча і заможнага шляхціца яна была другараднай мовай зносінаў зь сялянамі і мовай сяброўскіх вечарынак. Якія стасункі зьвязвалі Міцкевіча зь беларускай і літоўскай мовамі? Па-першае, ён у нейкай ступені валодаў кожнаю зь іх. Па-беларуску гаварылі сяляне і месьцічы Наваградзкага краю. Па-беларуску дэклямаваў паэту свае вершы ягоны найлепшы сябра Ян Чачот. Ён жа напісаў знакамітае беларускае віншаваньне «Едзе міленькі Адам». Міцкевіч выказваў камплімэнты беларускай мове ў сваіх парыскіх лекцыях (1840–1844). З гэткай самай павагай адгукаўся Міцкевіч у тых лекцыях і да літоўскай мовы. Але гэта ўсё дробязь у параўнаньні з грунтоўнымі лекцыямі Міцкевіча ў Калеж-дэ-Франс чэскай і сэрбскай літаратураў, ня кажучы пра родную пальшчызну. Ведаючы беларускую мову, Міцкевіч па-беларуску не пісаў. Адзіны сказ Міцкевіча беларускай лацінкай, што знайшлі ў сховішчах Варшавы, «na boэym sudzie usim u sraku budzie», не пасуе да школьных хрэстаматыяў. Не пісаў Міцкевіч і па-літоўску. Запісы рукой паэта трох літоўскіх песьняў, выяўленыя ў 1927 г. у Парыжы, сьведчаць, што Міцкевіч валодаў літоўскай мовай. Яе – пра што піша Вэнцлава – Адам засвоіў падчас 4-гадовай працы ў Коўне. Першае ж знаёмства паэта з балцкімі дыялектамі адбылося, відаць, на Наваградчыне, дзе на той час яшчэ было некалькі балцкамоўных вёсак. Але ў будучыню беларускай і літоўскай літаратураў Адам ня верыў. Калі ягоны парыскі сябра, жамойцкі шляхціц Кіпрыян Незабытоўскі зьвярнуўся з просьбай дапамагчы выдаць кніжку сваіх твораў па-літоўску, Міцкевіч адказаў маўчаньнем. Не зьдзіўлюся, калі навукоўцы знойдуць падобны дакумэнт у перапісцы зь Міцкевічам іншага ягонага знаёмага па Парыжы, паэта і фальклярыста Аляксандра Рыпінскага, шляхціца з Полаччыны, што друкаваў свае кніжкі ў Францыі ды Брытаніі. Літоўскія і беларускія дзеячы сярэдзіны XIX ст. называлі Міцкевіча «нашым паэтам, што піша па-польску». Становішча зьмянілася ў канцы XIX ст. Лідэр літоўскіх нацыяналістаў Вінцас Кудзірка назваў у 1898 г. Міцкевіча «здрайцам» ды «чужым і непатрэбным нам геніем». У 1897 г. гэтак сама выказаўся вялікі ўкраінскі паэт Іван Франко. Ён надрукаваў у венскай газэце «Die Zeit» артыкул, прысьвечаны творчасьці Міцкевіча, між іншым, і ягонай паэме «Конрад Валенрод», дзе назваў Адама «паэтам здрады». На думку Франка, галоўнай мэтай паэмы было жаданьне Міцкевіча апраўдацца перад палякамі за сваё супрацоўніцтва з расейцамі і сяброўскія сувязі з расейскай элітай. Як вядома, паэт, прызнаны ў Расеі дзяржаўным злачынцам, да эміграцыі працаваў у Маскве ў канцылярыі вайсковага генэрал-губэрнатара ды бавіў час у раскошных салёнах Пецярбургу – «гораду сатаны», паводле яго ўласнага прызнаньня. Выгадны габсбурскай уладзе (у 1848 г. Міцкевіч прыклаў руку да антыаўстрыйскага паўстаньня ў Італіі і Польшчы) і ўкраінскай інтэлігенцыі артыкул Франка выклікаў буру пратэстаў палякаў Галіччыны. Франко патрапіў пад абструкцыю, на яго кар’еры журналіста быў пастаўлены крыж. Роля Міцкевіча для беларускага нацыянальнага руху дагэтуль грунтоўна не прааналізаваная. На буйной менскай канфэрэнцыі 1998 г., прысьвечанай Міцкевічу, толькі два навукоўцы (Мікола Нікалаеў і Захар Шыбека) паставілі пытаньне пра тое, ці была яна шкодная. Творчасьцю Міцкевіча абгрунтоўваліся польскія праекты асыміляцыі беларусаў. Зь сьвяткаваньня 55-х угодкаў сьмерці Міцкевіча пачаў у 1905 годзе сваю працу Віцебскі польскі тэатар6. У 1917 г. пасьля прагляду п’есы «Дзяды» каталіцкая моладзь Менску масава запісвалася ў польскі корпус, часта нават добра ня ведаючы польскай мовы7.
|
5 Кісялёў, Генадзь. Рэпрэсаваны «Пан Тадэвуш» – колькі засталося экземпляраў? // Год Адама Міцкевіча. Адам Міцкевіч і Беларусь. Мінск, 1997. С. 97.
|
Успрыманьне Міцкевіча на ягонай бацькаўшчыне ў XX ст. залежала ад палітычнай каньюнктуры. У Савецкай Беларусі з дапамогай Міцкевіча грамілі беларускіх нацыяналістаў8. Для лукашыстаў паэт зрабіўся «певцом славянского единства»9. У Ковенскай Літве Міцкевіч стаўся рупарам этнічнага рэваншызму. Літоўцы старанна – пра што піша Вэнцлава – рэдагавалі тэксты паэта, «ачышчаючы» іх ад усякіх праяваў польскасьці. Дагэтуль на помніку Міцкевічу ў Вільні запіс зроблены толькі па-літоўску.
Ці належыць Міцкевіч сучаснай Беларусі? Дакладна так, як Шапэн належыць Польшчы. З 1859 па 1996 гг. па-беларуску выйшла друкам агулам 148 публікацыяў твораў Міцкевіча. Сёньня паэзія Міцкевіча – абавязковы складнік беларускай школьнай праграмы. Самае поўнае ў сьвеце права лічыць Міцкевіча сваім паэтам мае перадусім польская этнічная меншасьць Беларусі. Вялікі ліцьвін дзякуючы зьбегу гістарычных абставінаў выгадаваўся палякам. Але яшчэ далёкі продак Адама, праваслаўны шляхціц, русін Іван Міцкевіч вадзіў па Наваградчыне ў 1654–1667 гг. казацкія аддзелы ды супрацоўнічаў з гетманам Украіны10. Сёньня для земляка паэта шанец засвоіць з маленства польскую мову зноў мінімальны. Між тым, яшчэ 60–70 гадоў таму ваяводзкі Наваградак займаў у Польшчы адно зь першых месцаў паводле накладаў твораў Міцкевіча. У арыгінале, вядома. У той самы час адзіны тагачасны пераклад «Пана Тадэвуша» на беларускую мову быў створаны за кратамі гарадзенскай турмы былым польскім дэпутатам і беларускім нацыяналістам Браніславам Тарашкевічам. Вэнцлава добра паказаў, як літоўскі літаратурны і нацыянальны рух, увесь час дыстанцуючыся ад Міцкевіча, адначасова сілкаваўся ягонымі ідэямі. Тое самае тычыцца і беларусаў. Цяжка знайсьці іншыя, акрамя «Пана Тадэвуша» ці «Дзядоў», творы, якія зрабілі такі магутны ўплыў на беларускую літаратуру XIX – пачатку XX стст. Зь перавыданьня беларускага перакладу «Пана Тадэвуша» разбудоўвалі сваю дзейнасьць першыя буйныя арганізацыі беларускіх нацыяналістаў, што паўсталі на золку XX ст.: пецярбурская суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» ды віленская «Наша Ніва». Сёньня вядзецца беларуска-польскі і літоўска-польскі культурны дыялёг. Лекцыя Вэнцлавы даводзіць вялікую патрэбу дыялёгу паміж сучаснымі літоўскімі і беларускімі інтэлектуаламі. У тым, што супрацоўніцтва дагэтуль няма, ёсьць віна абодвух бакоў. |
6 Romanowski, Andrzej. Year 1905 and the revival of Polish culture between the Neman and the Dnepr Rivers // Canadian Slavonic Papers. 1999. March. 7 Шыбека, Захар. Адам Міцкевіч і беларуская гісторыка-культурная традыцыя // Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. Мінск, 1998. С. 187. 8 Гельтман, Самуил. К вопросу о национал-большевизме // Бальшавік Беларусі. 1927. № 6–7. С. 65–90. 9 Такім жа чынам аўтары сайту прэзыдэнта Беларусі зьляпілі з пратэстанцкага дзеяча ВКЛ XVI ст. Сымона Буднага змагара за ўзьяднаньне славянскіх народаў. 10 Metryka Litewska. Księga wpisów № 131 / Opracował Andrzej Rachuba. Warszawa 2001. № 421. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (44) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |