A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (44) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ДЗМІТРЫЙ КРЫВАШЭЙ | ||||
Праблема выбару і мяжы
Вялікі А. Ф. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944–1946 гг.). – Минск: БДПУ, 2005. – 319 с.
Адной з галоўных праблем ва ўсе часы была і застаецца праблема тэрытарыяльная. Сусед з суседам вадзіцца з-за мяжы паміж агародамі, а гісторыя ведае шмат фактаў, калі тэрытарыяльныя прэтэнзіі служылі прычынай памежных канфліктаў і войнаў.
Кніга Анатоля Вялікага прысвечана менавіта мяжы. А дакладней, уплыву працэсаў урэгулявання савецка-польскай мяжы на этнасацыяльныя працэсы на беларуска-польскім памежжы. У манаграфіі яскрава вылучаюцца дзве асноўныя праблемы: вызначэнне мяжы і этнічныя працэсы. На маргінесе застаюцца пытанні міжэтнічных кантактаў насельніцтва рэгіёна. У кнізе чатыры раздзелы. У першым разглядаюцца праблемы вызначэння дзяржаўнай мяжы паміж Савецкім Саюзам і Польшчай. Змест раздзела выразна дэманструе нацыянальна-дзяржаўную пазіцыю аўтара. Ён падрабязна спыняецца на аналізе пазіцыі Менска ў пытанні беларуска-польскага ўчастка савецка-польскай мяжы і доказна сцвярджае той факт, што «заходняя мяжа Беларусі вызначалася на аснове не двухбаковага беларуска-польскага, а савецка-польскага дагавора. З гэтага вынікае, што кіраўніцтва Беларусі не мела права самастойна вызначаць межы рэспублікі. Яны вызначаліся ў Маскве» (c. 42). Ведучы гаворку аб адхіленнях мяжы на карысць Польшчы, аўтар заўважае, што яны «былі зроблены не коштам тэрыторыі Расіі, а коштам тэрыторыі Беларусі» (c. 20). Аналізуючы мерапрыемствы па выпрацоўцы беларуска-польскага «Пагаднення аб эвакуацыі беларускага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы і польскіх грамадзянаў з тэрыторыі БССР» ад 9 верасня 1944 г. і яго змест, аўтар прытрымліваецца думкі, што яно было падпісана з ініцыятывы Крамля. Пры гэтым ён не адмаўляецца ад таго, што гэтая выснова дастаткова хісткая (c. 54). Ідучы далей у аналізе і параўнаннях, аўтар выказвае наступную (зноў жа хісткую) думку аб тым, што «савецкі бок пры абмеркаванні ўмоў беларуска-польскага пагаднення аб «эвакуацыі» скарыстаў у якасці ўзору савецка-германскае міжурадавае пагадненне аб абмене насельніцтвам паміж СССР і Германіяй, якое было падпісана краінамі 16 лістапада 1939 г.» (c. 56). Важным метадалагічным пытаннем для аўтара ёсць пытанне пра выбар тэрміна, які б больш дакладна апісваў працэсы значных этнічных перамяшчэнняў, якія былі штучна распачатыя ў адпаведнасці з савецка-германскімі пагадненнямі. Аўтар адхіляе тэрміны «эвакуацыя» і «рэпатрыяцыя» і спыняецца на «перасяленні», «абмене насельніцтвам». Паралельна з гэтымі развагамі аўтар, на наш погляд, вельмі слушна адзначае, што «ўсе зацікаўленыя бакі (…) перш за ўсё турбавала праблема не людзей, якія падлягалі перасяленню, а тэрыторыі. (…) Лёсы соцень тысяч людзей па абодва бакі мяжы, іх жаданні, волевыяўленне не клапацілі нікога. Фактычна яны сталі заложнікамі палітычных рашэнняў» (c. 45). У наступных двух раздзелах прадстаўлена гісторыя практычнага ажыццяўлення перасялення асоб польскай нацыянальнасці ў Польшчу. На нашу думку, выкладанне матэрыялу ў іх недастаткова паслядоўнае. На першы погляд, змест раздзелаў разбіты паводле храналагічнага прынцыпу – мяжою з’яўляецца вясна 1945 г. Пры бліжэйшым знаёмстве са зместам відаць пэўная блытаніна. Напачатку другога раздзела, які ў цэлым прысвечаны праблеме перасялення ў перыяд 1944 – пачатку вясны 1945 гг., аўтар асобную частку аддае пад аналіз эвалюцыі стратэгіі партыйнага кіраўніцтва БССР у адносінах да «польскага насельніцтва, якое засталося ў рэспубліцы». Спрабуючы даць адзнаку колькасці польскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі, ён звяртаецца да архіўных дакументаў 1946 г., палемізуе з П. Эберхардам і Т. Кручкоўскім, а таксама распавядае аб ліквідацыі польскага школьніцтва ў Беларусі ў 1947–1948 гг. На наш погляд, гэтая частка павінна быць змешчаная (згодна з храналагічным падыходам) у канцы трэцяга раздзела. Наступныя главы прысвечаны больш жыццёвым праблемам, асноўнай з якіх ёсць вырашэнне пытання «ехаць ці заставацца?» (раздзел 2, глава 2). Менавіта з гэтай главы яскрава заўважаецца змена аўтарскіх сімпатый – ён займае пазіцыю паляка – жыхара Беларусі.
|
кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзелу нацыянальна-культурнага разьвіцьця Беларусі Інстытуту гісторыі НАН Беларусі. У 2000 г. абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Разьвіцьцё культурных сувязяў Рэспублікі Беларусі з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Эўропы |
Апісваючы тэмпы падачы заяў на перасяленне, аўтар вызначае як пераломны перыяд вясну 1945 г. Пры тлумачэнні гэтага факту ён пакідае па-за ўвагай значны вонкавапалітычны фактар. Згодна з Я. Мірановічам, да сярэдзіны 1945 г. мясцовыя палякі (пераважна на тэрыторыі Заходняй Беларусі) разглядалі запіс на перасяленне як «своеасаблівую форму ціхага плебісцыту, які павінен быў прадэманстраваць польскасць заходніх раёнаў БССР»¹ і такім чынам паўплываць на вырашэнне тэрытарыяльнага пытання на карысць Польшчы. У сувязі з гэтым колькасць тых, хто звярнуўся ў камісіі па перасяленні, была нязначнай. Сітуацыя змянілася пасля Крымскай канферэнцыі, калі стала зразумелай марнасць спадзяванняў, – лічбы выраслі ў разы. Пра тое, што сяляне на пункты рэгістрацыі прыходзілі «не столькі для таго, каб зарэгістравацца на выезд у Польшчу, колькі для таго, каб засведчыць сваю прыналежнасць да польскай нацыянальнасці», піша і А. Вялікі (c. 73).
Сп. Вялікі згадвае пра Крымскую канферэнцыю, калі распавядае пра польскае падполле як фактар, які рабіў магутны ўплыў на працэсы перасялення. Аналіз дзейнасці польскага падполля дазволіў аўтару вылучыць два перыяды, мяжою якіх стала канферэнцыя ў Крыме. На думку аўтара, у першы перыяд «лонданскі ўрад і падполле не пакідалі надзеі на вяртанне ўсходняй мяжы, якая існавала напярэдадні 17 верасня 1939 г. Падполле, выконваючы палітычны загад лонданскага ўрада, скіроўвае дзейнасць на забарону палякам рэгістравацца і выязджаць у Польшчу» (c. 109). У другі перыяд «падполле, наадварот, прыкладае намаганні, каб усё польскае насельніцтва рэгістравалася і выязджала ў Польшчу» (c. 110). Такія дзеянні Арміі Краёвай аўтар характарызуе не толькі як антысавецкія, антыбеларускія, але і як антыпольскія (c. 113). Вось такія два меркаванні двух паважаных гісторыкаў. Я. Мірановіч не заўважыў таго, пра што гаворыць А. Вялікі, цытуючы паведамленні прадстаўнікоў савецкай улады (разглядаючы, такім чынам, гэты працэс з яе пазіцый). Наколькі, усё ж такі, быў значны ўплыў польскага падполля? Магчыма, ісціна ляжыць пасярэдзіне? Асобная частка прысвечана аналізу пазіцыі Каталіцкага Касцёла, якая «істотна паўплывала на рашэнне вернікаў у пытанні перасялення» (c. 115–116). Аўтар заўважае цікавую тэндэнцыю: святары не аддзяляліся ад прыхаджанаў у рашэнні выехаць ці застацца. «Калі большасць вернікаў прыходаў заставалася ў Беларусі, то разам з імі заставаліся і святары» (c. 122). Даследчык распавядае пра меркаванне савецкіх уладаў пра тое, што рымска-каталіцкія святары, якія заставаліся ў Беларусі, мелі прамое ўказанне Ватыкана не выязджаць з рэспублікі. Аднак ён вельмі асцярожна падыходзіць да гэтага: «Можна меркаваць, што размовы з кіраўніцтвам епархій святары мелі, і іх рашэнне выязджаць ці заставацца залежала як ад кіраўніцтва епархій, так і ад саміх святароў» (c. 120). Аўтар шляхам аналізу дакументаў вызначае сукупнасць фактараў, якія вымушалі палякаў з’язджаць з Беларусі. Галоўнымі з іх былі сацыяльна-эканамічныя, грамадска-палітычныя, канфесійныя, этнічныя, роднасныя і іншыя. Сп. Вялікі падрабязна спыняецца на іх аналізе і прыходзіць да высновы, што «дамінуючымі неабходна прызнаць сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя» (c. 221). Разам з гэтым даследчык адзначае, што «частку палякаў вымушала пераязджаць высокае пачуццё нацыянальнай самасвядомасці» (c. 103). Менавіта гэтае пачуццё было найбольш выкрышталізавана ў інтэлігенцыі, якая складала, паводле падлікаў Я. Чарнякевіча, што прыводзіць А. Вялікі, каля ј ад усіх перасяленцаў (c. 163). У гэтым месцы было б цікава параўнаць працэс перасялення з Беларусі палякаў з працэсам перасялення з Польшчы беларусаў. На жаль, аўтар не выкарыстоўвае параўнаўчага аналізу пры правядзенні даследавання. Выезду беларусаў з Польшчы прысвечаны асобны, апошні раздзел. У ім і знаходзім адказ на ўзніклае пытанне – «абсалютную большасць зарэгістраваных і пераселеных складала бядняцкая і серадняцкая часткі сялянства. (…) Прадстаўнікі інтэлігенцыі (урачы, настаўнікі, інжынерна-тэхнічныя работнікі і заможнае сялянства) фактычна праігнаравалі перасяленчую акцыю» (c. 204–205). Акрамя гэтага, «магчымасцю перасялення ў БССР таксама скарыстаўся і партыйна-савецкі, прафсаюзны, камсамольскі актыў, які ўдзельнічаў у сацыялістычных пераўтварэннях на Беласточчыне ў 1939–1941 гг. (c. 204–205). Як можна заўважыць, пераезд у Беларусь адбываўся з цалкам кан’юнктурных пазіцый. Ехалі ці з надзеяй на лепшае жыццё ў «краіне роўных магчымасцяў», ці ў мэтах выратавання ад помсты. А дзе ж пачуццё нацыянальнай самасвядомасці?! Імкненне да ўз’яднання? Трэці раздзел манаграфіі прысвечаны аналізу другога перыяду працэсу перасялення палякаў, які пачаўся ўвесну 1945 г. Ён характарызуецца ўвядзеннем жорсткага кантролю над працэсам з боку партыйных і савецкіх органаў. Першым крокам быў разгляд на паседжанні бюро ЦК КП(б)Б 5 красавіка 1945 г. пытання «Аб недахопах у працы па перасяленні грамадзянаў польскай нацыянальнасці ў Польшчу». Шмат разважаючы пра вызначэнне нацыянальнай прыналежнасці мясцовага насельніцтва, аўтар спыняецца і на праблеме суаднясення веравызнання з нацыянальнай прыналежнасцю. Менавіта яна паслужыла прычынай больш уважлівага стаўлення камісій па перасяленні да тых, хто імкнуўся выехаць. З чэрвеня 1945 г. для атрымання эвакадакументаў неабходна было падаць даваенныя дакументы (да 1939 г.) ці даведку мясцовых уладаў, якія пацвярджалі нацыянальнасць. Гэта значна ўскладніла магчымасці выезду. Распавядаючы аб перашкодах, якія беларускія ўлады ставілі на шляху перасялення палякаў, аўтар толькі ў канцы раздзела згадвае аб прычыне такіх перамен. Зразумела, што яны былі эканамічнага характару – «недапушчэнне выезду ў Польшчу працаздольнага і гаспадарлівага насельніцтва, якое разглядалася як танная рабочая сіла ў аднаўленні разбуранага вайной гаспадарчага комплексу Беларусі» (c. 151). У гэтым раздзеле аўтар не прыводзіць ніякіх доказаў гэтага тэзіса. Гэта звязана з тым, што дакументы па гэтым аспекце праблемы цытаваліся значна раней, калі ішла гаворка пра матывы пераезду палякаў (раздзел 2, глава 4). Зноў жа, непаслядоўнасць у падачы матэрыялу не дазваляе аргументаваць высновы. На старонках 100–102 аўтар якраз і спыняецца на прыкладах, якія характарызуюць цяжкое становішча кадравай напружанасці ў сувязі з масавым выездам настаўнікаў, медработнікаў, работнікаў прамысловасці, інжынерна-тэхнічнага комплексу. Зноў да гэтых пытанняў аўтар вяртаецца ў частцы 3 раздзела 3. Асобным, адарваным ад папярэдняга зместу з’яўляецца чацвёрты раздзел манаграфіі, які прысвечаны даследаванню праблемы перасялення беларусаў з тэрыторыі Польшчы ў Беларусь. Аўтар зноў прыгадвае перадгісторыю пытання, беларуска-польскае пагадненне ад 9 верасня 1944 г. і пратакол ад 25 лістапада 1945 г., распавядае пра вялікую колькасць работнікаў спецслужбаў. Як і ў выпадку з палякамі, якіх не хацелі заўважаць беларускія ўлады, улады Польшчы не заўважалі беларусаў. Аднак існавалі і значныя адрозненні. Даследчык адзначае, што «ў дзеяннях польскіх левых сіл, якія прыйшлі да ўлады, і лонданскага эмігранцкага ўрада, нягледзячы на адрозненні, выразна праглядалася адна мэта – стварэнне ў Польшчы аднанацыянальнай дзяржавы і гэтым самым пазбаўленне ад усіх праблем, звязаных з беларусамі як нацыянальнай меншасцю» (c. 178). |
1 Mironowicz E., Tokć S., Radzik R. Zmiana struktury narodowościowej na pograniczu polsko-białoruskim w XX wieku. – Białystok: Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku, 2005. – 89 s. |
Шкада, што аўтар не знаёмы са зборнікам дакументаў «Нацыянальныя і рэлігійныя пытанні на Беласточчыне 1944–1948 гг. у ацэнках уладаў Польскай Рэспублікі»². Сабраныя ў зборніку архіўныя крыніцы яскрава дэманструюць змену дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да беларусаў. У першыя дні пасля вызвалення ўлада беларусам дазваляла амаль усё: браць уладу ў гмінах, адкрываць школы, ствараць тэатральныя калектывы, заклікала браць удзел у палітычным і грамадскім жыцці. Усё змянілася, калі была падпісана дамова аб «эвакуацыі» паміж БССР і Польшчай. Усё, што беларускае, стала трактавацца як часовае. Каб пазбегнуць перасялення, беларусы пачалі называць сябе палякамі праваслаўнага веравызнання, асімілявацца сярод палякаў.
Аўтар апавядае пра метады, з дапамогай якіх беларускі ўрад імкнуўся заахвоціць беларусаў Польшчы да перасялення, пра спробы далучыць да гэтага працэсу Праваслаўную Царкву, пра складаныя польска-беларускія адносіны і пераслед беларусаў. Сярод шматлікіх прычын, якія стрымлівалі беларусаў ад пераезду, спадар Вялікі называе «прывязанасць» да сваёй маёмасці, роднасныя, сяброўскія сувязі (c. 197). Цікава, чаму пра гэтыя прычыны не згадваецца, калі вядзецца размова пра выпадкі добраахвотнай адмовы палякаў ад перасялення (c. 150–151)? Шмат увагі надаецца дзейнасці польскіх бандаў на тэрыторыі Польшчы. Пры гэтым аўтар зноў жа не здолеў распавесці пра гэта ў адным месцы. Матэрыял раскіданы (гл., напрыклад, c. 173, 186, 198), што не спрыяе добраму ўспрыняццю матэрыялу. «Калі ў павеце не было польскіх воінскіх частак, беларускае сялянства вёскамі прасілася на выезд, каб пазбавіцца ад гвалту і рабункаў, а калі ўсталявалася ўлада ў гмінах і паветах, ад эвакуацыі сталі адмаўляцца», – цытуе аўтар архіўныя дакументы (c. 212). У выніку дзейнасці разнастайных фактараў лічба беларусаў, якія перасяліліся ў БССР, склала толькі 27 806 чалавек. Лічба палякаў, што пакінулі Беларусь, склала 238 782 чалавекі. У высновах даследчык задаецца пытаннем пра тое, што прынесла Беларусі перасяленчая акцыя? Зыходзячы з пазіцый простага чалавека, яна «разарвала трывалыя і ўстойлівыя роднасныя, сяброўскія, суседскія сувязі, парушыла векавы лад жыцця, значна змяніла традыцыйную структуру насельніцтва. (…) Для соцень тысяч людзей гэта была асабістая трагедыя» (c. 223). У канцы кнігі прыведзены біяграфічныя звесткі пра асобных дзеячаў, пра якіх згадваецца ў тэксце. Акрамя гэтага, у кнізе змешчаны 53 дадаткі ў выглядзе табліц. |
2 Sprawy narodowościowe i wyznaniowe na Białostocczyznie, 1944–1948 w ocenie władz Rzeczypospolitej Polskiej: Wybór dokumentów: Sytuacyjne sprawozdania Wojewody Białostockiego w Białymstoku oraz Powiatowych starostów Białostockiego, Bielskopodlaskiego i Sokolskiego w latach 1944–1948. [Zebr.]: Grzegoz Sosna. – Bałystok: Ryboly, 1996. – 95 s. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (44) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |