A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (44) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
НЯРЫЮС ПРАКЯВІЧУС | ||||
Сярэдненькія карты апазыцыі Апошнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі часова прыцягнулі да яе ўвагу сусьветных СМІ, якія пераважна засяроджваліся на праблеме справядлівых і свабодных выбараў. Гэты артыкул прысьвечаны асноватворным, на маю думку, пытаньням беларускай палітыкі і іх адлюстраваньню ў прамовах кандыдатаў. Дапісваўся ён 25 сакавіка і адлюстроўвае стан рэчаў на гэты момант.
У артыкуле пераважна выкарыстоўваюцца матэрыялы, зьмешчаныя на ўэб-сайтах прэтэндэнтаў¹ і на адмысловым прысьвечаным выбарам сайце інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Я разглядаў найперш перадвыбарныя прамовы кандыдатаў, іх інтэрвію і адказы на пытаньні, у тым ліку апублікаваныя на сайце радыё «Свабода». Агульная інфармацыя пра падзеі ўзятая з розных СМІ – ад выразна праўладнай «Советской Белоруссии» да адкрыта антыўрадавага радыё «Свабода».
Як доўгатэрміновы назіральнік выдатных прамоўніцкіх здольнасьцяў А. Лукашэнкі, рызыкну акрэсьліць шырокія сацыяльныя слаі, якія прэзыдэнт лічыць сваёй базай падтрымкі і да якіх часта зьвяртаецца. Найперш гэта беларускія грамадзяне, якія дома гавораць па-расейску («это наш русский язык»). Іх доля, паводле вынікаў перапісу 1999 г., складае 62,8 %. Згаданы сэгмэнт насельніцтва неаднародны: сюды ўваходзяць і расейцы, што жывуць у Беларусі, і іншыя расейскамоўныя нацыянальныя меншасьці, і перадусім расейскамоўныя беларусы. Хоць гэтыя групы і неабавязкова цалкам падтрымліваюць прэзыдэнта, ягоная палітыка наагул прапануе ім пэўныя перавагі. Саюз з Расеяй надае ўпэўненасьці расейцам, культурная палітыка дзьвюхмоўя абяцае роўны статус нацыянальным меншасьцям («здесь их не будут считать чужими»); расейскамоўныя беларусы могуць захаваць свой культурны status quo (а ў нечым і прывілеяванае становішча). Фактычнае вяршэнства ў грамадзтве расейскай мовы здымае неабходнасьць вывучаць другую мову – беларускай мовай дома карыстаюцца ўсяго 3,2 % небеларусаў (72 % зь іх – палякі). Апроч таго, А. Лукашэнка можа прыцягнуць на свой бок тых, хто лічыць сябе савецкімі грамадзянамі – у гэтай катэгорыі ёсьць і беларусы, і небеларусы. Прасякнутыя настальгіяй па мінулым заявы прэзыдэнта («мы, советские люди, в свое время встали на защиту главного права человека») умацоўваюць іх самавызначэньне і абяцаюць савецкага тыпу роўнасьць паміж карэнным насельніцтвам і новымі перасяленцамі («мы по духу самый интернациональный народ»). У пэўнай ступені палітыка А. Лукашэнкі здымае таўро «меншасьці» зь небеларускамоўнага насельніцтва. Для А. Лукашэнкі палітыка саюзу з Расеяй мае пэўную мяжу. Ён не жадае ўводзіць расейскую валюту – «Это же самоубийственный шаг!». Як кажа Лукашэнка, канчатковае ўлучэньне Беларусі ў склад Расеі можа стварыць праблемы для самой Расеі – «наши националисты и Запад ждут, они бы тогда… развернули «национально-освободительную борьбу за независимость». Прэзыдэнт часта падкрэсьлівае, што за інтэграцыяй стаяць прагматычныя матывы – «прежде всего… огромнейшие рынки для нашей продукции». Яе канчатковая мэта – абарона выключна беларускіх інтарэсаў: «И в этих союзах мы пойдем настолько далеко, насколько это соответствует интересам нашего государства и нашего народа». А. Лукашэнка зьвяртаецца і да тых, хто разьлічвае на моцнае ўмяшаньне дзяржавы ў эканоміку і пераразьмеркаваньне ВУП. Іх таксама можна падзяліць на некалькі падгрупаў. Доўгі час жыцьцё прэзыдэнта было зьвязанае зь вёскай, і таму ён у вялікай ступені атаесамляе сябе зь сялянствам: «Это великие труженики, которые своим трудом кормят не только себя, но и остальное население страны. Это наши родители». Вялікая ўвага да вясковага насельніцтва абумоўленая хаця б ягонай доляй у агульным складзе жыхароў Беларусі – 30,7 % паводле перапісу 1999 г., але яно ўвесь час скарачаецца. Досьвед сельскага насельніцтва ў іншых рэспубліках былога СССР і ў посткамуністычных краінах паказвае, што рынкавыя рэформы нясуць яму мала выйгрышаў і значныя страты: аслабленьне сыстэмы сацыяльнай бясьпекі, заняпад інфраструктуры і павелічэньне разрыву ўва ўзроўні дабрабыту ў параўнаньні з горадам. І А. Лукашэнка вельмі часта пра гэта кажа. Прэзыдэнт таксама заўжды падкрэсьлівае сваю ролю ў захаваньні ў Беларусі буйных прадпрыемстваў. Буйная вытворчасьць Усходняй Эўропы шмат пацярпела ў працэсе пераўтварэньняў, і беларусаў, якія працуюць на падобных прадпрыемствах, могуць пужаць пэрспэктывы эканамічнай лібэралізацыі. Лукашэнка часта сьцьвярджае, што падтрымлівае прыватызацыю толькі тады, калі яна прыносіць дастатковы прыбытак дзяржаве, а таксама пры ўмове захаваньня сацыяльнай сыстэмы: «Мы не даем уничтожать «социалку», требуем строить детские садики, заводские амбулатории». А. Лукашэнка ўсяляк зьвяртае ўвагу на сацыяльную роўнасьць у Беларусі, зьвязваючы яе з палітычнай стабільнасьцю: «Почва для радикалов есть там, где народ живет хуже, чем должен жить, и где народ это осознает». Калі браць абсалютныя лічбы, найбольш эканамічна не абароненым групам і тым, хто атрымлівае сацыяльныя выплаты, у большасьці эўрапейскіх краінаў жывецца лепей, але, калі глядзець адносна, у Беларусі іх становішча больш выгоднае. Людзі часта ацэньваюць свой дабрабыт, параўноўваючы сябе зь іншымі. Да таго ж ніхто ня можа гарантаваць, што эканамічнае разьвіцьцё без Лукашэнкі адразу ж палепшыцца. Нарэшце, тая роля, якую адыгрывае дзяржава ў сацыяльна-эканамічным жыцьці, патрабуе вялікага бюракратычнага апарату, у тым ліку і разгалінаваных сілаў бясьпекі. А. Лукашэнка толькі нядаўна стаў казаць пра дэбюракратызацыю: «Настало время разобрать завалы. Дебюрократизировать страну» . Пры тым, што палітыка Лукашэнкі стварае падставы для разрастаньня дзяржаўнага апарату і надае яму асаблівы сацыяльны статус, адносіны паміж прэзыдэнтам і чынавенствам нельга назваць бясхмарнымі. Імкненьне прэзыдэнта захоўваць асабісты кантроль над дзяржчыноўнікамі на ўсіх узроўнях вядзе да частых кадравых перастановак і рэпрэсіяў супраць тых, хто страціў давер ці неэфэктыўна працуе (а працаваць больш эфэктыўна беларускім чыноўнікам, мабыць, цяжка, калі ўзяць пад увагу, што ўлада часта вызначае невыканальныя мэты). Аднак гэты працэс сэлекцыі сее страх, адсякае няверных і не дае сфармавацца апазыцыі ўва ўладных структурах. А. Лукашэнка рэгулярна пераконвае вайскоўцаў, што апазыцыя ўяўляе для іх пагрозу, «считают, что армию у нас можно распустить», «все «откосили» от армии». Тое, што прэзыдэнту дванаццаць гадоў удаецца ўтрымліваць уладу, у значнай ступені тлумачыцца наяўнасьцю шырокіх сацыяльных слаёў, якім даспадобы ягоная палітыка. Важна таксама адзначыць, што яны накладаюцца і на іншыя: беларускамоўнае насельніцтва больш шматлікае ў сельскіх раёнах, але яно пераважна падтрымлівае А. Лукашэнку за ягоную аграрную палітыку. А заможныя расейскамоўныя бізнэсоўцы, відаць, падтрымліваюць прэзыдэнта за ягоную культурную і замежную палітыку. Таму агульную колькасьць патэнцыйных праціўнікаў Лукашэнкі вызначыць цяжка. Можна разгледзець вынікі плебісцытаў 1995 і 1996 гг. – яны менш аспрэчваліся, чым вынікі наступных выбараў. Рэфэрэндум 1995 г. прывёў да кардынальнай зьмены нацыянальных сымбаляў і наданьня расейскай мове статусу другой дзяржаўнай. Па першым пытаньні супраць выказалася 989 тысячаў выбарцаў, па другім – 614 тысячаў. Відаць, гэтыя лічбы адлюстроўваюць найменшы ўзровень непрыманьня лукашэнкаўскай культурнай і замежнай палітыкі. На рэфэрэндум 1996 г. выносілася пытаньне наконт продажу зямлі. Большасьць выбарцаў выказалася супраць – «за» прагаласавала толькі 949 тысячаў чалавек. Верагодна, як мінімум столькі выбарцаў не ўхваляюць эканамічнай палітыкі А. Лукашэнкі. Вядома, на зыход галасаваньня магло паўплываць агульнае стаўленьне да А. Лукашэнкі і ўзьдзеяньне дзяржаўных СМІ. Але ў пэўнай ступені гэтым лічбам можна давяраць і сёньня – гэта выяўляецца ў палітычных падзеях у Беларусі. Хоць зь цягам часу прэзыдэнт Лукашэнка і страціў некаторую долю падтрымкі, але палітычныя пытаньні застаюцца. Іншымі словамі, нават калі А. Лукашэнка сыдзе з палітычнай сцэны, ягоныя ідэі застануцца запатрабаваныя, і апазыцыі, бадай, трэба браць гэта ў разьлік.
Кандыдаты ў прэзыдэнты паказалі сваё палемічнае майстэрства ў абмеркаваньні актуальнай праблемы цаны на прыродны газ. Здавалася б, пытаньне простае, але яно непасрэдна зьвязанае з асноватворнымі праблемамі беларускага грамадзтва. З гледзішча міжнароднай палітыкі, цэны на газ – пераважна вынік таго, што Расея мае ў Беларусі свае інтарэсы, а Лукашэнка праводзіць прарасейскую палітыку. У эканамічным ракурсе дзякуючы нізкім цэнам на газ беларуская прадукцыя больш канкурэнтаздольная. Калі б апазыцыя знайшла альтэрнатыўнае прэзыдэнцай палітыцы рашэньне, яна, магчыма, пераканала б грамадзянаў, што здольная кіраваць дзяржавай лепш за А. Лукашэнку. Лукашэнка некалькі разоў зьвяртаўся да пытаньня цэнаў на расейскія прыродныя рэсурсы (напрыклад, у інтэрвію «Российской газете»). Ён адзначае, што асноўная прычына («многие называют не в последнюю очередь») падвышэньня цаны на газ для Ўкраіны – яе празаходняя арыентацыя. Прэзыдэнт сьцьвярджае, што рух Украіны ў бок НАТО прывядзе да вялікіх стратаў у расейскай абароннай прамысловасьці – «российские компании и государство российское потеряют миллиарды долларов». Далей ён згадвае прысутнасьць у Беларусі расейскіх вайсковых аб’ектаў («трепетно относились и относимся к стратегическим объектам, которые обеспечивают реальную оборону Российской Федерации»), за якія Расея ня плаціць, – «вы ни копейки не платите». Наяўнасьць беларускага войска таксама разглядаецца як плюс для Расеі. Прэзыдэнт падкрэсьлівае, што з эканамічнага гледзішча Расеі таньней транспартаваць газ празь Беларусь, чым праз Украіну. Саюз Расеі і Беларусі таксама ўскосна – праз праблему роўных умоваў канкурэнцыі – зьвязаны з цэнамі на газ: «Если у нас будет цена на газ в два раза выше, чем у российских потребителей, какая же это будет конкуренция?» Паводле канчатковых падлікаў А. Лукашэнкі, калі ўлічваць усе паслугі Беларусі для Расеі, тая мусіць сплаціць 750 мільёнаў даляраў. Уражвае меркаваньне С. Гайдукевіча наконт пэрспэктываў газавай прамысловасьці ў Беларусі: «Газопровод без газа – груда металла и не больше». Ніжэйшыя цэны на газ ён лічыць вынікам прарасейскай палітыкі, а яе зьмена, на думку Гайдукевіча, прывяла б да эканамічнай катастрофы – «цена на газ стала бы просто астрономической». А. Казулін сьцьвярджае, што Беларусь зашмат спажывае прыроднага газу. Ён зьвязвае нізкія цэны на газ з продажам беларускіх прадпрыемстваў Расеі і даводзіць, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве цэны ўсё адно вырастуць. Ніякіх канкрэтных рашэньняў праблемы А. Казулін не прапаноўвае. А. Мілінкевіч мяркуе, што нізкія цэны на газ – жыцьцёва важнае для А. Лукашэнкі пытаньне: «Бязь іх у яго няма палітычнай будучыні». На думку А. Мілінкевіча, цэны на газ трэба зьвязаць з коштам транспартаваньня газу па тэрыторыі Беларусі і з магчымасьцю будаўніцтва новых газаправодаў. Ён таксама разглядае як казырныя карты ў перамовах з Расеяй транзыт газу ў Калінінградзкую вобласьць і прысутнасьць у Беларусі расейскіх вайсковых аб’ектаў. У дадатак Мілінкевіч спадзяецца на агульнае паляпшэньне эканамічнай сытуацыі: «Мы что, неспособны зарабатывать достаточно денег, чтобы платить за газ по нормальным ценам?» Пры глыбейшым разглядзе відавочна, што ніводны з прэтэндэнтаў ня здолеў прапанаваць сур’ёзнай альтэрнатывы падыходу А. Лукашэнкі. Пазыцыя А. Мілінкевіча выглядае больш аргумэнтаванай, але ягоным прапановам бракуе канкрэтнасьці, яны недалёка ідуць ад ідэяў самога А. Лукашэнкі (казырная карта – паслугі для Расеі). С. Гайдукевічу і А. Казуліну амаль няма чаго сказаць па гэтай праблеме.
Палітычныя лёзунгі і прынцыпы С. Гайдукевіча вельмі нагадваюць Лукашэнкавы: «должен быть вожак, который все возьмет на себя», «стабильность, порядок и благополучие». Ён абвінавачвае НДА ў тым жа, што і прэзыдэнт: «Приоритетной задачей стало получение финансирования от влиятельных зарубежных фондов». Пагарда С. Гайдукевіча да г. зв. аб’яднанай апазыцыі таксама вельмі сугучная з прэзыдэнтавай: «От полного политического бессилия, от своей неизвестности, от обиды, что ничего другого предложить белорусскому народу они не могут». Ён апісвае традыцыйную апазыцыю пагразлай у карупцыі, поўнай антырасейскіх настрояў: «Рвутся к власти и нацелены своими опекунами на решение одной единственной задачи – разрушение белорусско-российского союза». Такім чынам, С. Гайдукевіч дапамагае А. Лукашэнку крытыкаваць традыцыйную апазыцыю, спрабуючы захаваць відочнасьць канструктыўнай апазыцыі. Іншымі словамі, прысутнасьць С. Гайдукевіча павінна засьведчыць, што А. Лукашэнку падтрымліваюць і тыя сацыяльныя групы, што не залежаць наўпрост ад улады. Як А. Лукашэнка ў 1994 г., С. Гайдукевіч падкрэсьлівае праблему бюракратыі і яе карумпаванасьці: «Целая армия совершено ненужных чиновников, имеющих значительные властные полномочия, но недовольных своей зарплатой». Гэтую двухсэнсоўную заяву можна разумець або як прапанову скараціць дзяржапарат, або як абяцаньне павялічыць чыноўнікам заробкі. Аднак любая апазыцыя заўсёды абвінавачвае ўлады ў карупцыі, а сам Лукашэнка ўсімі спосабамі імкнецца паказаць, як ён з усіх сіл стараецца трымаць чыноўнікаў пад кантролем. Таму дзяржслужбоўцы не ўспрымаюць заявы С. Гайдукевіча як пагрозу. Ім таксама няма рэзону зьмяняць свой наяўны status quo на Гайдукевіча. Для яго прыярытэт – паглыбленьне інтэграцыі ў міжнародныя структуры, на чале якіх стаіць Расея. Ён адкрыта выказвае сымпатыі да Расеі: «Уважаю В. В. Путина и рад за дружественную Россию». Культурная палітыка акрэсьленая гэтак жа адназначна: цяперашняе дзьвюхмоўе («самим выбирать язык образования, творчества»). У гэтых пытаньнях С. Гайдукевіч, мабыць, яшчэ далейшы ад традыцыйнай апазацыі, чым А. Лукашэнка, які часьцяком крытыкуе расейскую эканамічную сыстэму. Таму фігура С. Гайдукевіча, відаць, менш прымальная для расейскамоўнага, але зарыентаванага на незалежнасьць беларускага насельніцтва – а менавіта яно, відавочна, і складае касьцяк беларускага грамадзтва. Але культурная і замежная палітыка адыгрывае ў С. Гайдукевіча другасную ролю. На што ён найперш зьвяртае ўвагу і за што крытыкуе прэзыдэнта, дык гэта за эканамічную палітыку («республика начинает пробуксовывать»). С. Гайдукевіч падае сябе прыхільнікам рынкавых рэформаў: «Надо развивать частную собственность». Ён падкрэсьлівае, што пры стварэньні «аграгарадкоў», як таго хоча прэзыдэнт (увогуле С. Гайдукевіч падхоплівае шмат ягоных ідэяў), эфэктыўнае плянаваньне немагчымае, і выступае за разьвіцьцё прыватнага сельскагаспадарчага сэктару. Ён бачыць у зьмяншэньні і спрашчэньні падаткаў спосаб барацьбы зь ценявой эканомікай і стымул для разьвіцьця эканомікі ўвогуле. З выказваньняў С. Гайдукевіча можна ўскосна зрабіць выснову, што падатковая палітыка не павінна залежаць ад формы ўласнасьці. Ён таксама заяўляе, што адукацыя павінна больш дакладна адпавядаць патрэбам рынку працы. Палітык прапануе правесьці ясную мяжу паміж платнай і бясплатнай мэдыцынай («люди так и не понимают, что можно получить бесплатно, а за что должны доплачивать») і разьвіваць крэдытаваньне жыльлёвага будаўніцтва і рынак жыльля ўвогуле. Хоць шмат якія ідэі С. Гайдукевіча скіраваныя на падтрымку сацыяльнай арыентацыі беларускай дзяржавы, прапанаваныя ім захады могуць у канчатковым выніку мець адваротны эфэкт. Выглядае, што С. Гайдукевіч больш за А. Лукашэнку гатовы адмовіцца ад некаторых мэханізмаў дзяржаўнага кантролю, у прыватнасьці, ён больш схільны да прыватызацыі. Калі прыняць ва ўлік ягоныя прарасейскія сымпатыі і жаданьне паглыбіць інтэграцыю («обеспечение максимальной открытости экономик, через устранение барьеров на пути взаимной торговли, деловой и общественной инициативы»), падобная палітыка абавязкова прывяла б да паглынаньня беларускай прамысловасьці расейскім капіталам. Тут пазыцыя С. Гайдукевіча, відаць, далёка разыходзіцца з чаканьнямі большасьці беларускіх грамадзянаў. Аднак гэта, мабыць, заўважыць ня кожны чытач, бо на паверхні С. Гайдукевіч выглядае прыхільнікам цяперашняй сацыяльна арыентаванай палітыкі. Ідэі С. Гайдукевіча маглі б уяўляць найбольшую небясьпеку для прэзыдэнта, калі б палітычнае кіраўніцтва Расеі вырашыла адмовіцца ад падтрымкі Лукашэнкі і шукаць прыхільнага да Расеі, але больш паслухмянага палітычнага лідэра. З увагі на шматбаковую залежнасьць Беларусі ад Расеі, А. Лукашэнка наўрад ці змог бы захаваць кантроль над дзяржнамэнклятурай і сіламі бясьпекі, калі б Расея адкрыта заявіла, што ня будзе дапамагаць Лукашэнку. Аднак сам С. Гайдукевіч наўрад ці падышоў бы на ролю стаўленіка Расеі, бо мае вельмі нязначныя адміністрацыйныя і эканамічныя рэсурсы. На цяперашні момант ён, бясспрэчна, грае на баку прэзыдэнта. Ён увогуле высока ацэньвае дасягненьні ўлады – і таму ня можа складаць ёй сур’ёзнай канкурэнцыі: навошта прыхільнікам А. Лукашэнкі адмаўляцца ад спрыяльнага status quo, рызыкаваць і ставіць на С. Гайдукевіча?
Рыторыка А. Казуліна шмат у чым нагадвае стыль прэзыдэнта, што сілкуецца асабістай харызмай: «власть мучилась, не знала, что со мной делать»; «они дрогнули, потому что за мной – народ», «открою двери в цивилизованный мир». Абяцаньне захаваць парадак і вобраз моцнага чалавека – гэта адказ на абвінавачаньні, што апазыцыя дэстабілізуе дзяржаву: «рука у меня не менее твердая и сильная, чем у Лукашенко», «придется применять навыки морской пехоты», «я привык идти до победного конца». Упэўненасьць у сабе, якую дэманструе А. Казулін, часам сягае ўзроўню мэсіянскіх відзежаў – «есть власть от Бога, а есть от дьявола», «белорусам… недостает Светлого правителя». Паказальнае і ягонае зацікаўленьне астралёгіяй: «Я как ученый сам интересуюсь астрологией и поддерживаю дружеские отношения с крупными специалистами в этой области знаний». Цяжка сказаць, што ў заявах Казуліна сапраўды раскрывае ягоную асобу, а што выкарыстоўваецца як мэханізм сьвядомай маніпуляцыі сьвядомасьцю аўдыторыі. Па-мойму, тут прысутнічае і тое, і другое. А. Казулін зьверху ўніз паглядае на іншыя апазыцыйныя сілы: «Еще более далека от народа и старая оппозиция… за 15 лет не смогла добиться ничего, кроме поражений». Ён паўтарае абвінавачаньні ўлады: «У меня нет таких гигантских средств на раскрутку и рост популярности, как у Милинкевича». А. Казулін часам называе апазыцыю «яны». У некаторай ступені гэта можа тлумачыцца жаданьнем дыстанцыявацца ад мінулых паразаў апазыцыі або прыцягнуць на свой бок шырэйшыя за звычайныя апазыцыйныя колы. А. Казулін ўжывае на адрас А. Лукашэнкі разнастайныя абразьлівыя эпітэты, нават называе яго «крымінальным аўтарытэтам», абвінавачвае яго ў шмат якіх злачынствах, у тым ліку і ў асабістай карумпаванасьці («требую вернуть деньги народу»). Пагоня за эфэктнымі фігурамі маўленьня часам прыводзіць яго да абсурдных заяваў: «Даже картошка выродилась за время его правления». Крытыка перарастае ў прыхаваныя пагрозы: «цепляться за кресло, не думая не то что о народе, а даже о своих собственных детях и внуках». Зь іншага боку, А. Казулін падкрэсьлівае, што ён супраць канфрантацыі («моя священная цель – спасти республику от крови и революции»), што ня лічыць акцыі пратэсту за самамэту. Перад выбарамі А. Казулін сьцьвярджаў, што, каб дамагчыся зьмены ўлады, на вуліцы павінны выйсьці як мінімум 100 тысячаў маніфэстантаў, іначай усё скончыцца толькі праліцьцём крыві («когда выйдет 20–30 тысяч человек и две тысячи подготовленных бойцов»). Ён прызнае некаторыя станоўчыя вынікі кіраваньня А. Лукашэнкі – «сумел создать сильную власть, уберечь страну от социальных потрясений, укрепить суверенитет и независимость государства». Пазыцыя А. Казуліна часьцяком выглядае супярэчлівай – гэта зьвязана са складаным становішчам самой беларускай апазыцыі. А. Казулін шматкроць запэўнівае цяперашніх дзяржслужбоўцаў, што яны будуць працягваць працаваць і пасьля ягонай перамогі («90 % чиновников сохранит свои позиции») – апроч зацятых прыхільнікаў А. Лукашэнкі: «от цепных псов мы избавимся». Казулін даводзіць, што ў апаратчыкаў, прызначаных паводле прынцыпу асабістай адданасьці, за Лукашэнкам няма ўпэўненасьці ў будучыні («Сегодня на должности, завтра – не угодил – и пошел вон. Все заслуги Лукашенко приписывает себе, все просчеты – разносы и наказание – вам»). Гэтая заява гучыць яшчэ мацней, калі згадаць лёс самога А. Казуліна. Зь іншага боку, ён кажа пра завысокія заробкі дзяржчыноўнікаў і іх залішнія паўнамоцтвы ў сфэры бізнэсу. Ён вельмі вобразна абяцае пакараць за фальсыфікаваньне вынікаў выбараў («возмездие за предательство своего народа»). Агульны тон звароту да намэнклятуры, відаць, павінен яе абнадзеіць. У сфэры замежнай палітыкі А. Казулін крытыкуе прэзыдэнта за тое, што ён канфліктуе зь іншымі краінамі, у тым ліку і з Расеяй («особенно хочу извиниться перед Россией»). Казулін падкрэсьлівае ролю Расеі ў забесьпячэньні стабільнасьці ў Беларусі («стабильность держится на безвозмездной помощи Российской Федерации и преференциях, которые она оказывает») і нават сьцьвярджае, што А. Лукашэнка культувуе ў Беларусі антырасейскія настроі. Лёзунг замежнай палітыкі Казуліна – «Россия стратегический союзник, Европа – стратегический партнер». Ён бачыць Беларусь як мост паміж Захадам і Ўсходам, што досыць тыпова для ўсходнеэўрапейскіх палітыкаў. А. Казулін выступае за інтэграцыю ў Эўразьвяз (хоць і ў далёкасяжнай пэрспэктыве), але супраць уваходжаньня Беларусі ў НАТО. Ён крытыкуе А. Лукашэнку за завышаныя выдаткі на абарону: «Зачем же нам комбайны на воздух пускать?» А. Казулін адназначна адказвае на пытаньне пра нацыянальныя сымбалі: «Нацыянальная сымболiка нашай краiны – бела-чырвона-белы сьцяг і Пагоня». Дзьвюхмоўе часова застанецца: «В Беларуси пока должны оставаться два государственных языка». Аднак ён не прывязвае беларускую мову да беларускага патрыятызму і сам пераважна карыстаецца расейскай мовай. У суме ягоны падыход да пытаньняў культурнай і замежнай палітыкі здаецца дваістым. Падобна, што ён хоча прыцягнуць на свой бок выбарцаў з абодвух лягераў. На думку А. Казуліна, эканамічнаму разьвіцьцю перадусім замінаюць дзяржаўнае рэгуляваньне і падатковая сыстэма. Але пры гэтым ён абяцае захаваць і нават умацаваць наяўную сыстэму сацыяльнага забесьпячэньня. Дадатковыя прыбыткі на гэтыя мэты павінна даць больш эфэктыўнае выкарыстаньне фінансавых рэсурсаў і фондаў, падкантрольных прэзыдэнту. А. Казулін прапануе прыватызаваць сельскую гаспадарку («У нас столько земли! Ее нужно отдать хозяину»). Ён мяркуе, што яна павінна стаць больш канкурэнтнай галіной. Пляны зьвярнуць увагу на разьвіцьцё рэгіёнаў («разве рационально все вкладывать только в столицу») зводзяцца пераважна да адміністрацыйнай рэформы пры захаваньні цэнтралізацыі – «Вместо шести областей сделаем приблизительно 40 волостей, которые будут напрямую подчиняться правительству». Выглядае, што праблемы сельскай гаспадаркі Казуліна мала абыходзяць. А. Казулін прызнае, што прэзыдэнт карыстаецца высокай падтрымкай у пэнсіянэраў і што падтрымліваць іх – у ягоных інтарэсах («он из страны выжимает все соки, чтобы выдать хоть маленькую пенсию, но вовремя»). Хоць Казулін і сьцьвярджае, што пэнсіі малыя, але не прапаноўвае канкрэтных спосабаў іх павялічыць – «я соберу группу пенсионеров, которые предложат, как лучше должно быть». І наадварот, як выхадзец з навуковага асяродзьдзя, А. Казулін надае шмат увагі сыстэме адукацыі і, у прыватнасьці, студэнцтву. Яму Казулін абяцае, што беларускія дыплёмы будуць прызнаваць за мяжой, а навучальны працэс зробіцца стабільным. А. Казулін, бадай, больш за якога іншага лідэра апазыцыі нагадвае правадыроў г. зв. «каляровых рэвалюцыяў». Ён прыйшоў у апазыцыю з уладнай эліты, яго лепей ведаюць у грамадзтве, чым большасьць традыцыйных апазыцыянэраў. Кар’ера навукоўцы дазваляе яму ўсталёўваць кантакт са студэнцкай моладзьдзю. Некаторыя заявы А. Казуліна прымушаюць сумнявацца ў ягонай адданасьці прынцыпам дэмакратыі. Ягоная сутычка зь сілавікамі 2 сакавіка і тое, што ён ачоліў шэсьце да спэцпрымальніка на Акрэсьціна 25 сакавіка, сьведчаць, што пры пэўных умовах Казулін можа выяўляць схільнасьць да агрэсіўных захадаў. Ён спрабуе зьвяртацца да ўсіх сацыяльных слаёў, выкарыстоўвае папулісцкую рыторыку. Праграмныя заявы А. Казуліна, асабліва ў галіне эканомікі, даволі расплывістыя, але ён раздае багата абяцаньняў. Калі эканамічная сытуацыя ў Беларусі значна пагоршыцца і вулічныя акцыі пратэсту апазыцыі займеюць шырэйшую падтрымку, А. Казулін або іншы падобны апазыцыйны лідэр можа стаць магутным праціўнікам цяперашняй улады.
А. Мілінкевіч успрымае дэмакратыю як самакаштоўнасьць і як спосаб палепшыць сацыяльна-эканамічнае становішча («Укрепившаяся демократия станет тем универсальным инструментом, с помощью которого со временем будут решаться и социально-экономические проблемы»). Ён крытыкуе прэзыдэнта за непрадказальнасьць і ўнікае азначэньня «рэвалюцыя» датычна беларускіх падзеяў: «Пастаянна падкрэсьліваю, што мы супраць рэвалюцый». Ён пярэчыць заявам улады, што апазыцыя – гэта крыніца нестабільнасьці, імкнецца ня даць падставаў для рэпрэсіяў супраць апазыцыі і, трэба меркаваць, прыцягвае больш грамадзянаў у шэрагі апазыцыі. А. Мілінкевіч абяцае па магчымасьці захаваць узрослыя заробкі мэнэджараў («будем думать… как поддержать, прежде всего материально»), а заробкі намэнклятуры разглядае як магчымую крыніцу эканоміі («до ограничения аппетитов государственных чиновников»). Тое ж датычыцца і сілаў бясьпекі: «численность различных «сил правопорядка» необходимо постепенно сокращать». Войска трэба паступова скарачаць – «[армия] будет профессиональной, мобильной и не очень большой». Афіцэрам ён абяцае дапамогу ў пошуках новай працы. А. Мілінкевіч заяўляе, што скарачэньні мусяць пачацца з тых, хто парушаў закон (трэба меркаваць, з тых, хто ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць апазыцыі). Журналісты, якія працуюць на ўладу, таксама не атрымліваюць ніякіх гарантыяў: «Не найдут себе работы по специальности в силу естественных причин». А. Мілінкевіч зрэдчас згадвае, што пры цяперашнім прэзыдэнту становішча намэнклятуры зрабілася нестабільным: «Кто из них может быть уверенным, что завтра его не уволят и не посадят?» Але гэтая заўвага не скасоўвае агульнага нэгатыўнага мэсыджу Мілінкевіча да дзяржчынавенства. Дзьвюхмоўе, на думку Мілінкевіча, сьведчыць пра сёньняшні неспрыяльны стан рэчаў («отражает сегодняшнюю языковую ситуацию в Беларуси»), які зь цягам часу выправіцца («проведение продуманной политики по популяризации белорусского языка и культуры, расширению сферы его применения в государственной, общественной жизни и в быту»). Статус расейскай і іншых моваў павінен гарантавацца агульнай дзяржаўнай падтрымкай нацыянальных меншасьцяў: «обеспечим условия для свободного развития национальных меньшинств, их культур и языков». Тут А. Мілінкевіч ненашмат адыходзіць ад традыцыйных поглядаў беларускай апазыцыі. Заява пра роўнасьць розных рэлігійных канфэсіяў мае на ўвазе, што за А. Лукашэнкам праваслаўная царква карыстаецца прывілеямі і што такі стан павінен зьмяніцца – «не будет ущемлять интересы и права представителей других конфессий, как и создавать государственные привилегии православию». У сваіх публічных заявах і дзеях А. Мілінкевіч раз-пораз ужывае рэлігійныя элемэнты. Ён досыць выразна фармулюе сваё стаўленьне да мінулага: «следующим президентом Беларуси будет не советский человек, а белорус». Але вяртаньне дзяржаўнай сымболікі пачатку дзевяностых ён зьвязвае з будучым рэфэрэндумам ці з прыняцьцем адпаведнага закону парлямэнтам. Вайсковую прысутнасьць Расеі А. Мілінкевіч разглядае як непрыемнасьць, якую давядзецца трываць, пакуль дзейнічаюць цяперашнія афіцыйныя дамоўленасьці («сослужим очень дурную службу Беларуси, если после прихода к власти начнем не соблюдать внешнеполитические договоренности предыдущего правительства»). Пытаньне ўваходжаньня ў НАТО разглядаецца ў сьвятле патрабаваньняў Канстытуцыі – «По Конституции Беларусь – нейтральное государство, поэтому вопрос вструпления в военный блоки не может стоять в принципе». Значыць, застаецца адкрытам пытаньне вайсковага саюзу з Расеяй. Далучэньне да Эўразьвязу Мілінкевіч бачыць як доўгатэрміновую мэту. Ён просіць Расею паверыць, што ад новай улады для яе будзе больш карысьці («предсказуема, договороспособна, открыта и дружественна»), але канкрэтна не тлумачыць, чаму. Наадварот, на думку Мілінкевіча, эканамічная інтэграцыя збольшага беспасьпяховая («вынiку ад гэтага будаўнiцтва няма, базы эканамiчнай няма»), а пэўныя эканамічныя пагадненьні выклікаюць падазрэньне («адыгрываюць ролю прыкрыцьця розных карупцыйных схем»). Ён таксама выступае супраць увядзеньня адзінай валюты. Увогуле А. Мілінкевіч мяркуе, што расейскае кіраўніцтва не жадае, каб Беларусь заставалася незалежнай краінай («многiя ў Маскве не гатовы да такой пастаноўкi пытаньня»). Бачаньне А. Мілінкевічам функцыяў дзяржавы пераважна адпавядае лібэральнай канцэпцыі: «функции обеспечения безопасности, обороны и правопорядка, обучения детей и лечения больных, социальной поддержки тех, кто в силу разных причин не в состоянии зарабатывать себе на жизнь». Ён таксама верыць у нэалібэральную ідэю, што скарачэньне падаткаў у выніку вядзе да росту дзяржаўных даходаў. Ня дзіўна, што ён ускладае вялікія надзеі на прыцягненьне замежных інвэстыцыяў і крэдытаў. А. Мілінкевіч прапануе правесьці прыватызацыю стратных малых і сярэдніх прадпрыемстваў (у іншым выпадку ён сьцьвярджае, што яны павінны прыватызоўвацца ў першую чаргу), а вялікія пакінуць пад кантролем дзяржавы. Банкруцтва непрыбытковых прадпрыемстваў, зь ягонага гледзішча, – нармальная зьява: «Банкі не павінны крэдытаваць хранічна стратныя прадпрыемствы». Супрацоўнікі падлеглых прыватызацыі кампаніяў збольшага пакінутыя самі на сябе: «Получат возможность трудиться на приватизированном предприятии в качестве наемного работника или перейдут на новое место работы». На думку А. Мілінкевіча, даходы ад прыватызацыі павінны пайсьці на выплату пэнсіяў і кампэнсацыяў тым, хто страціў свае ашчаджэньні падчас развалу СССР. Зь іншага боку, А. Мілінкевіч абяцае захаваць наяўную сыстэму сацыяльнага забесьпячэньня, улучна зь бясплатнай адукацыяй і бясплатным мэдыцынскім абслугоўваньнем у дзяржаўных установах. Ён прапануе рэгуляваньне цэнаў на карысьць вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі і рост дзяржаўных інвэстыцыяў у сельскія раёны. Калгасы застануцца: «Мы никогда не повторим печальный опыт Литвы, когда они в антикоммунистическом порыве взяли и ликвидировали все колхозы». На думку Мілінкевіча, дзяржава павінна падтрымліваць і прыватны, і грамадзкі сэктар. Моладзі прапануюцца адмена кантрактнай сыстэмы і магчымасьці паехаць за мяжу. А. Мілінкевіч спадзяецца, што будучыя перамены на лепшае ў Беларусі зробяць немагчымай «уцечку мазгоў». А. Мілінкевіч зрабіў пэўны прарыў у дыскурсе апазыцыі. Замест ідэалізацыі будаўніцтва беларускай нацыянальнай дзяржавы ён прагматычна прапануе зьвярнуць увагу на каштоўнасьці і погляды большасьці грамадзянаў. Вынік – больш «зручная для карыстальніка» апазыцыя. Аднак узважанасьць Мілінкевіча часам даходзіць да скрайнасьці, ператвараецца ў неканкрэтнасьць. Вось досыць характэрны адказ на пытаньне пра ягоныя ідэалягічныя прыхільнасьці: «Я – беспартийный человек, который мечтает о том, чтобы в свободной демократической Беларуси люди разных убеждений… могли беспрепятственно выражать свои идеологические взгляды, пропагандировать свои политические программы». І пра стаўленьне да легалізацыі марыхуаны: «Вырашэньне такіх пытаньняў у дэмакратычных краінах знаходзіцца ў кампэтэнцыі парлямэнту, а не прэзыдэнта». А. Казулін адказаў на гэтае пытаньне проста: «Адмоўнае». Яшчэ адна праблема Мілінкевіча ў тым, што зьмена формы, у якой падаецца ідэя, не абавязкова азначае зьмену яе зьместу. Здаецца, што ён выказваецца за дзьвюхмоўе і добрыя стасункі з Расеяй ня шчыра, а вымушана, і залішне натхнёна гаворыць пра магчымасьці рынкавай эканомікі. Апошняе дадае яму прыхільнасьці заходніх дэмакратыяў, але ў бліжэйшай пэрспэктыве зьмяншае ягоныя шанцы. Перш чым перамога Мілінкевіча стане рэальнай, мусяць адбыцца значныя зьмены ў эканоміцы і ў міжнароднай сытуацыі. Магчыма, ягоныя шанцы вырастуць, калі Лукашэнка стане праводзіць больш адкрытую прарасейскую палітыку і калі для кіраўніцтва Расеі Беларусь страціць цікавасьць.
Перш чым абмяркоўваць магчымыя вынікі беларускіх падзеяў, трэба ўдакладніць паняткі. І падчас выбарчай кампаніі, і пасьля абвяшчэньня вынікаў у паветры лунала слова «рэвалюцыя». Я асабіста вызначыў бы дзьве рысы, што адрозьніваюць рэвалюцыю ад іншых тыпаў зьмены ўлады: кардынальную зьмену палітычнай (а часам і сацыяльна-эканамічнай) структуры і шырокую народную падтрымку пераменаў. Зыходная колькасьць апазыцыі не настолькі істотная – лістападаўскія падзеі 1917 г. у Расеі распачала адносна нешматлікая партыя, але ў выніку адбыліся ўсёахопныя грамадзкія пераўтварэньні… З гэтага гледзішча ўсе антыкамуністычныя трансфармацыі напрыканцы васьмідзясятых ўва Ўсходняй Эўропе падпадаюць пад азначэньне рэвалюцыі. За выключэньнем Румыніі, яны былі пераважна мірныя, бо ўлады залежалі ад падтрымкі Савецкага Саюзу, які і стварыў гэтыя рэжымы. Ня дзіва, што ў Румыніі, якая за часам Нікалаэ Чаўшэску неаднойчы дэманстравала сваю незалежнасьць ад савецкага хаўрусьніка, падзеі пайшлі па самым крывавым сцэнары. На маю думку, галоўных актораў у антыкамуністычных рэвалюцыях шэсьць: уладная групоўка (палітычныя кансэрватары), ніжэйшае рангам чынавенства (пераважна памяркоўнае), войска і сілы бясьпекі, дысыдэнты (найчасьцей інтэлектуальныя і рэлігійныя), шырокая грамадзкасьць (найперш працоўныя) і вонкавыя гульцы (Савецкі Саюз і заходнія дзяржавы). Схематычна антыкамуністычныя рэвалюцыі адбываюцца паводле наступнага сцэнару: рэпрэсіі супраць дысыдэнтаў выклікаюць незадаволенасьць шырокай грамадзкасьці, палітычныя пратэсты перарастаюць у масавыя дэманстрацыі і страйкі, сілы бясьпекі ня ў стане стрымаць пратэстаў (замала патронаў ці бессаромнасьці), на зьмену здыскрэдытаванай уладнай групоўцы прыходзіць ніжэйшае рангам чынавенства, яно пачынае перамовы зь лідэрамі дысыдэнтаў. Канчатковы зыход залежыць ад маштабаў народнай незадаволенасьці і моцы дысыдэнцкага руху. Там, дзе ён быў слабейшы, новая чыноўніцкая эліта даўжэй пратрымалася ўва ўладзе. Вядома, гэта проста схема, якая ня цалкам падыходзіць пад кожны асобны выпадак. Аднак яна дазваляе зьвярнуць увагу на некаторыя істотныя пытаньні. Посьпех і пераважна негвалтоўны характар антыкамуністычных рэвалюцыяў палягаў у адчужанасьці ўлады ад пераважнай большасьці насельніцтва, наяўнасьці шчырых дысыдэнцкіх груповак і разгалінаванасьці (вэртыкальнай і гарызантальнай) камуністычнай уладнай сыстэмы. Трэба ўлічваць і ролю вонкавых гульцоў: Савецкі Саюз, апошні хаўрусьнік камуністычных рэжымаў, ад іх адмовіўся, а патрэба ў эканамічнай дапамозе з Захаду адыграла істотную ролю ў тым, каб не дапусьціць рэпрэсіяў і захаваць вынікі рэвалюцыяў у доўгатэрміновай пэрспэктыве. СМІ назвалі нядаўнія выступленьні ў посткамуністычных Грузіі (2003 г.), Украіне (2004 г.) і Кыргызстане (2005 г.) «каляровымі рэвалюцыямі». На маю думку, яны наўрад ці покуль што падпадаюць пад азначэньне рэвалюцыі, бо не прынесьлі трывалых структурных зьменаў. Ад антыкамуністычных рэвалюцыяў яны адрозьніваюцца некаторымі ключавымі чыньнікамі. Па-першае, незадаволенасьць уладай хоць і мае шырокараспаўсюджаны характар, але больш яскрава выяўляецца ў пэўных рэгіёнах і сацыяльных групах. Гэта стварае падставы для напружанасьці пасьля зьмены ўлады, дазваляе сумнявацца ў яе законнасьці. Па-другое, коўдру дысыдэнцкага руху перацягнулі на сябе былыя ўрадоўцы, далёка не абавязкова аддадзеныя ідэалам дэмакратыі. Узьнікае небясьпека, што новае кіраўніцтва ня будзе трымацца дэмакратычных працэдураў. Па-трэцяе, усе «каляровыя рэвалюцыі» адбыліся пры паўаўтарытарных рэжымах з простай структурай, арганізаванай вакол палітычнага лідэра, але пры некаторай наяўнасьці плюралізму па-за сыстэмай улады. Зьяўляецца пагроза інстытуцыйнай нестабільнасьці і ўжываньня гвалтоўных захадаў на пераходным этапе. Да таго ж лік краінаў, дзе могуць адбыцца падобныя трансфармацыі, даволі абмежаваны. І нарэшце, хоць гэта і не настолькі істотна, «каляровыя рэвалюцыі» плянаваліся, а ня ўспыхвалі раптоўна. І для ўлады, і для дысыдэнтаў антыкамуністычныя рэвалюцыі пачаліся зьнянацку, а перавароты ў камуністычных краінах былі рэакцыяй на загадзя вызначаныя падзеі – парлямэнцкія ці прэзыдэнцкія выбары. З гледзішча гэтых крытэраў тое, што адбылося ў 1989 г. у Румыніі – пераходны выпадак паміж антыкамуністычнай і «каляровай» рэвалюцыяй.
З увагі на вышэйсказанае Беларусь патэнцыйна больш падпадае пад катэгорыю «каляровай», а не антыкамуністычнай рэвалюцыі. Апазыцыя не карыстаецца ўсеагульнай падтрымкай насельніцтва. Яна здолела вывесьці на вуліцы, паводле ейных жа падлікаў, да 30 тысячаў сваіх прыхільнікаў. Гэта значна менш, чым у камуністычных краінах у васьмідзясятыя (да прыкладу, у сярэдніх памераў правінцыйным горадзе Тымішаары пратэставалі дзясяткі тысячаў чалавек). Трэба зважаць і на тое, што апазыцыя засяродзіла ўсю ўвагу на сталіцы і пераважна ня думала пра акцыі пратэсту ў рэгіянальных цэнтрах (у некаторых зь іх удзельнічала да сотні маніфэстантаў). Можна казаць пра пагрозу з боку сілаў бясьпекі, але напрыканцы васьмідзясятых у колішніх камуністычных краінах яна была ня меншай. Стыль кіраваньня А. Лукашэнкі, які вымагае ад намэнклятуры асабістай адданасьці, не дазваляе ўзьнікнуць у яе шэрагах апазыцыйным асяродкам – яны маглі б зрабіць пераходны працэс больш гладкім. А ў такой сытуацыі дысыдэнтам няма з кім дамаўляцца. Вонкавы ўплыў зыходзіць, галоўным чынам, ад Расеі, якая падтрымлівае Лукашэнку. Заходнія краіны абмежавалі кантакты з уладай, таму ў іх мала мэханізмаў узьдзеяньня і мала інфармацыі. Аднак Беларусь, здаецца, ня цалкам трапляе і ў катэгорыю «каляровых рэвалюцыяў». На сёньня дысыдэнцкі рух уяўляе сабою сумесь антыкамуністычнай апазыцыі васьмідзясятых і ўрадоўцаў, што страцілі свае пасады ў дзевяностых. Большасьць зь іх не настолькі добра вядомыя ў грамадзтве, як лідэры «каляровых рэвалюцыяў». Улада амаль не дапушчае праяваў плюралізму ў грамадзтве. Альтэрнатыўныя каналы інфармацыі абмежаваныя, таму апазыцыі складаней мабілізоўваць і накіроўваць сваіх прыхільнікаў. Ёсьць іншыя чыньнікі, што сьведчаць за сцэнар «каляровай рэвалюцыі». Беларуская апазыцыя актывізуе сваю дзейнасьць падчас выбараў, бо яны даюць, бадай, адзіную магчымасьць доступу да дзяржаўных СМІ. Сілы апазыцыі сканцэнтраваныя ў сталіцы – там адбываецца большасьць значных падзеяў. Нарэшце, адзінства намэнклятуры выступае перашкодай да цалкам негвалтоўнай зьмены ўлады. Усё гэта ўскладняе задачу тым, хто дамагаецца пераменаў. Аднак і беларуская апазыцыя таксама зрабіла шэраг арганізацыйных памылак, асабліва ў тыдзень пасьля выбараў. Хоць зыход выбараў быў прадказальны, па абвяшчэньні афіцыйных вынікаў лідэры апазыцыі заблыталіся ў сваіх мэтах. А. Казулін і А. Мілінкевіч называлі прынамсі чатыры розныя мэты адначасова: пералік бюлетэняў, другі тур, новыя выбары і стварэньне альтэрнатыўнага ўраду. Дзіўна арганізоўваліся і масавыя акцыі: тая, што адбылася 19 сакавіка (верагодна, найбольш шматлікая), скончылася прапановай правесьці гэткую ж дэманстрацыю 20 сакавіка, потым «дзень Х» быў адкладзены да 25 сакавіка. Двойчы адкладаючы «дзень Х», лідэры апазыцыі выявілі няўпэўненасьць наконт мэты акцыяў пратэсту. Ня дзіва, што апошняя дэманстрацыя – 25 сакавіка – сабрала менш удзельнікаў, чым папярэднія, хоць улада і пазьбягала адкрыта ўжываць гвалт (маленькі «намётавы гарадок» зьліквідавалі ўначы). Апроч таго, улада добра падрыхтавалася як з гледзішча кантролю над каналамі інфармацыі, гэтак і разгортваньня сілаў бясьпекі. Некаторыя назіральнікі адзначалі, што апазыцыя падчас выбарчай кампаніі выявіла значны творчы патэнцыял. Я ўдакладніў бы – у параўнаньні з ранейшай дзейнасьцю апазыцыі, але не ў абсалютным вымярэньні. А значыць, улада добра ведала, чаго чакаць. Дзяржаўныя СМІ прывязалі апазыцыю да кантэксту «каляровых рэвалюцыяў», асабліва да расколаў паміж іх лідэрамі і неэфэктыўнай палітыкі, і досыць пасьпяхова высьмеялі яе сымбалі – сіні колер і джынс. У СМІ прайшла кампанія па абвінавачаньні апазыцыі ў падрыхтоўцы да тэрактаў, лідэры апазыцыі мусілі апраўдвацца, так што здавалася – яны ўвогуле нічога не зьбіраюцца рабіць. Улада, ведаючы, што папярэднія «каляровыя рэвалюцыі» адбываліся ў сталіцах, перадысьлякавала ў Менск сілы бясьпекі. Улада была падрыхтаваная не дапусьціць масавага збору людзей на Кастрычніцкай плошчы, якую абрала апазыцыя, і адрэзала «намётавы гарадок» ад падтрымкі звонку. Улада прывяла ў гатоўнасьць шматлікія сілы бясьпекі, але паўстрымалася іх задзейнічаць, верагодна, таму, што чакала «каляровай рэвалюцыі». Адзін зь яе галоўных элемэнтаў – блякада ці захоп урадавых будынкаў, бо гэта выяўляе бездапаможнасьць улады, паказвае сілам бясьпекі, што ўлада больш не кантралюе сытуацыю, а ўладзе – што яна ня можа разьлічваць на сілы бясьпекі. Апроч таго, пасіўныя прыхільнікі апазыцыі тады больш не баяцца далучыцца да актыўнага пратэсту. Беларуская ўлада не праяўляла слабасьці. Таму спробу А. Казуліна трапіць на Ўсебеларускі народны сход і ачоленае ім шэсьце да спэцпрымальніка на Акрэсьціна спынілі гэткімі гвалтоўнымі захадамі. Ліквідацыя «намётавага гарадка» найхутчэй абумоўленая тым, што ўлада ня здолела б не дапусьціць яго ўмацаваньня, калі б дэманстрантам дазволілі зноў сабрацца на Кастрычніцкай плошчы. Становішча апазыцыі ў параўнаньні з уладай неяк нагадвае гульца, які трымае карты адкрытымі. Вядома, калі карты сапраўды добрыя, ён усё роўна выйграе. Але мне здаецца, што апазыцыя мела на руках у лепшым выпадку сярэдненькія карты. Калі б за беларускай апазыцыяй стаяла выразная большасьць насельніцтва, усе гэтыя памылкі ня мелі б надта вялікага значэньня.
Пераклала з ангельскай V.K. |
палітоляг, супрацоўнік унівэрсытэцкага коледжу «Södertörn» у Стакгольме. Яго апошні аналіз у «ARCHE» меў назоў «Перадвыбарныя памылкі апазыцыі» (6/2005). Гэты аналіз быў напісаны адмыслова на замову «ARCHE». ¹ president.gov.by; kozylin.com; milinkevich.org. |