A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (44) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
Так сталася, што пасьля пэўнага ажыўленьня канца другое паловы 1980-х – пачатку 1990-х спынілася актыўнае дасьледваньне гісторыі Беларускае Сацыялістычнае Грамады. Пасьля артыкулу Міхася Біча «Стары змаганец», прысьвечанага рэвалюцыйнай дзейнасьці Аляксандра Бурбіса (Мастацтва Беларусі. 1986. № 3), супольнага артыкулу Міхася Біча і Станіслава Рудовіча «Беларуская Сацыялістычная Грамада» ў Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, другое часткі супольнага расейска-беларускага дасьледаваньня «Кастрычнік 1917 і лёс палітычнай апазіцыі» (1993), у складаньні якога істотную ролю адыграў Мікалай Сташкевіч, пасьля перадруку ў зборніку «На суд гісторыі» (Менск, 1994) успамінаў Сьцяпонаса Кайрыса ды Юльяны Вітан-Дубейкаўскай пра Цётку, больш істотных публікацыяў з гісторыі беларускага сацыялістычнага руху не надаралася. Таму нельга было не парадавацца, што летась абаронена дысэртацыя Андрэя Ўнучка, прысьвечаная «Нашай Ніве» і, значыць, партыі, якая стварыла «Нашу Ніву».
Калі ў БССР, пачынаючы з 1929 г., дасьледаваньні і публікацыі крыніцаў з гісторыі БСГ былі пад забаронай, калі на эміграцыі беларускія гісторыкі дасьледваннямі з гісторыі БСГ не практычна не займаліся1, дык у пасьляваеннай Польшчы гэтая праца вялася. Перш за ўсё я маю на ўвазе працы Аляксандры Бэргман і асабліва Юр’я Туронка. Тут нельга не адзначыць дыскусію ў газэце «Ніва» (1981), у якой палеміка ішла вакол асобы Івана Луцкевіча, яго месца ў гісторыі беларускага руху, а таксама вакол замоўчваньня Антонам Луцкевічам факту існаваньня Беларускай Рэвалюцыйнай Партыі – папярэдніцы Беларускае Рэвалюцыйнае Грамады і Беларускае Сацыялістычнае Грамады. Такая дыскусія была немагчымая ў БССР. У Заходняй Беларусі нямала ўвагі гісторыі БСГ надаваў Антон Луцкевіч. Ягоныя працы гэтай тэматыкі найбольш поўна прадстаўленыя ў кнізе «Да гісторыі беларускага руху» (Менск, 2003). Калі згадваць публікацыі партыйных дакумэнтаў, дык тут на памяць прыходзяць артыкул Аляксандра Шлюбскага «Да гісторыі БСГ» (Полымя. 1925. № 5) і зборнік «Сацыялістычны рух на Беларусі ў праклямацыях 1905 году», укладзены Міхалам Мялешкам (Менск, 1927). У1927 г. зьявіўся і артыкул А. Шлюбскага «Новыя матэрыялы да гісторыі «Нашае Долі» (Полымя. № 3). А далей публікацыі спыніліся. І толькі ў 1993 г. ў трэцяй частцы дасьледаваньня «Кастрычнік 1917 і лёс палітычнай апазіцыі» зьявіліся публікацыя праграмы БСГ 1917 г., а яшчэ праз восем гадоў – у зборніку выбраных твораў Цёткі – Валянціна Коўтун апублікавала пяць улётак БСГ2. Каб палегчыць работу дасьледчыкаў, насьпела патрэба скласьці бібліяграфію і выдаць зборнік дакумэнтаў і матэрыялаў да гісторыі БСГ. Што тычыцца зборніка, дык ён ужо складзены. Пакуль знойдзецца фундатар, які возьмецца гэтую кнігу выдаць, лічу патрэбным пазнаёміць аматараў гісторыі і адмыслоўцаў зь яе структурай і з матэрыяламі, што не публікаваліся ў друку або публікаваліся надта даўно і захоўваюцца адно ў архівах.
ІСтруктура задуманай кнігі «БСГ у дакумэнтах і матэрыялах» даволі простая.Першы разьдзел складаюць праграмныя дакумэнты партыі, дакумэнты яе канфэрэнцыяў і ІІІ зьезду, партыйных камітэтаў. У гэты ж разьдзел уключаныя і праекты дакумэнтаў. У другім разьдзеле ўтрымліваюцца чатырнаццаць партыйных улётак, а таксама дзьве праклямацыі, якія партыя распаўсюджвала напачатку ХХ ст. У трэцім разьдзеле друкуюцца артыкулы, якія мелі калі не дырэктыўны, дык праграмны характар. Як тлумачэньне аграрнай праграмы БСГ, у гэтым разьдзеле публікуецца таксама артыкул А. Луцкевіча «Места і вёска» (1923). Самы вялікі разьдзел – чацьверты. Тут будуць зьмешчаныя ўспаміны і артыкулы або фрагмэнты ўспамінаў і артыкулаў, прысьвечаных гісторыі БСГ. Іх аўтары – сябры партыі Аляксандар Бурбіс, Зьміцер Жылуновіч, Антон Луцкевіч, Фэлікс Стацкевіч, Яўген Хлябцэвіч, а таксама Зігмас Анагрэціс і Аляксандар Шлюбскі. У пятым разьдзеле будзе выдрукаваная біяграма Аляксандра Бурбіса, а ў шостым – нэкралёгі.
ІІПраграмных дакумэнтаў, дакумэнтаў зьездаў і канфэрэнцыяў БСГ, а таксама партыйных камітэтаў БСГ выяўлена пакуль што няшмат. Мы ведаем, што дакумэнты партыі ў 1913 г. былі здадзеныя на захаваньне «несумленнаму чалавеку, які іх прысабечыў і адмовіўся вярнуць». Тым ня менш, захаваўся самы першы праграмны дакумэнт беларускага руху ХХ стагодзьдзя – зварот Беларускае Рэвалюцыйнае Партыі «Да інтэлігенцыі». Апублікаваны ў часопісе польскіх сацыялістаў «Przedświt», гэты зварот перадрукаваны ў кнізе д-ра Ю. Туронака «Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusi» (Варшава, 1992). Тэкст звароту, сапраўды, сьведчыць, што БРП была не палітычнай, а хутчэй культурніцкай арганізацыяй. Мне ўжо даводзілася пісаць3, што інсьпіратар гэтага дакумэнту Вацлаў Іваноўскі хутчэй разьлічваў на паступовы, эвалюцыйны ход падзеяў і дзейнічаў у адпаведнасьці з клясычнаю схемаю: асьвета–прапаганда–агітацыя. Гэта быў слушны крок. Іншы – таксама слушны – падыход быў у братоў Луцкевічаў. І гэта абумовіла адзначаныя А. Луцкевічам, а потым і Ю. Туронкам пэўныя рознагалосьсі паміж беларускімі сацыялістамі і «падзел працы» паміж імі: калі Вацлаў Іваноўскі, не парываючы сувязі з палітычнай арганізацыяй, засяродзіўся на выдавецка-асьветнай працы «Кругу беларускае народнае прасьветы і культуры», дык браты Луцкевічы (у першы чарод Іван), не адпрэчваючы Кругу, прыступілі да тварэньня ўласна палітычнае арганізацыі – Беларускае Рэвалюцыйнае Грамады. Ня будзем перабольшваць гэтых рознагалосьсяў. Браты Луцкевічы хутка ўсьвядомілі, што «голай палітыкай», якой спрабавалі займацца яны, і адным кнігавыдавецтвам, якім займаўся В. Іваноўскі, ува ўмовах Беларусі многага не дасягнеш. Спалучаючы ўласна палітычную працу з асьветнай, дзеячы БСГ ажыцьцявілі свой самы знакаміты палітычны і культурна-асьветніцкі праект – выданьне газэты «Наша Ніва»4.
|
1 Вылучым брашуру Антона Адамовiча «Як дух змаганьня Беларусi»: (Да 100-х угодкаў нараджэньня I. Луцкевiча)» (Нью-Ёрк: Выданьне газэты «Беларус», 1983). Яна карысная занатаванымі ў ёй сьведчаньнямі Вацлава Іваноўскага 2 Усе ўлёткі надрукаваныя кірыліцаю, але вядома, што кожная зь іх выдавалася, як правіла, кірыліцаю і лацінкаю. Так, у кнізе апублікаваны тэкст улёткі «Чым цар ратуецца», аднак у архіве маецца і яго адпаведнік «Czym car ratujecca» (НАРБ, ф. 325, воп. 1, адз. захав. 26, арк. 1). |
На жаль, да нас не дайшла праграма Беларускае Рэвалюцыйнае Грамады. Затое мы маем два тэксты – беларускі і расейскі – нарысу праграмы Беларускае Сацыялістычнае Грамады. У заплянаваным зборніку яны перадрукоўваюцца з кнігі «Сацыялістычны рух на Беларусі ў праклямацыях 1905 году» і з працы Фёдара Турука «Белорусское движение» (Масква, 1921), факсымільна перавыдадзенай у 1994 г. у Менску.
У сваіх успамінах «За дваццаць пяць гадоў» А. Луцкевіч даволі падрабязна піша пра канфэрэнцыю БСГ, якая адбылася «ў маі ці ў чэрвені» 1906 г. у Вільні, аб перамовах БСГ з ППС у Літве і літоўскімі сацыял-дэмакратамі. Зь ягонае ж працы «Да гісторыі Беларускае Рэвалюцыйнае (пасля Сацыялістычнае) Грамады. Даты і факты»5 мы ведаем, што ў тым самым годзе на гектографе была надрукаваная справаздача аб канфэрэнцыі на расейскай мове. З гэтага тэксту вынікае, што канфэрэнцыя праходзіла 3–4 чэрвеня. Само гектаграфаванае выданьне выявіць пакуль што не ўдалося, а вось яго тэкст, пісаны рукою А. Луцкевіча, захоўваецца ў БДАМЛМ (Ф. 3. Воп. 1. Адз. захав. 139. Арк. 5–8). Праўда, пакуль што ня высьветлена, ці зьяўляецца рукапіс А. Луцкевіча тым тэкстам, зь якога друкавалася улётка 1906 г., ці гэта сьпісак зь яе. Луцкевічава пазнака пад тэкстам справаздачы «Издание ІІ Краіоваго Комитета. Июнь 1906 г.» яснасьці не дадае. Гэтая справаздача выкарыстоўвалася М. Бічом пры напісаньні артыкулу «Беларуская Сацыялістычная Грамада» для ЭГБ, але паводле законаў жанру у сьпісе літаратуры яна не паказаная. Прапаную гэты дакумэнт увазе чытачоў «ARCHE». Ува ўспамінах «За дваццаць пяць гадоў» А. Луцкевіч піша, што ў 1906 г. адбылася яшчэ адна партыйная канфэрэнцыя – у канцы лета. Калі чэрвеньская канфэрэнцыя праходзіла на кватэры Цёткі, дык другая – на кватэры Івана Кастэцкага (Кудлы). На жаль, мы ня маем справаздачы аб гэтай канфэрэнцыі. А між тым на ёй, як піша Луцкевіч, разглядалася пытаньне пра выданьне легальнае газэты. Аднак мы ведаем, што пытаньне аб выданьні газэты было вырашана на канфэрэнцыі ў чэрвені. Не дадае яснасьці і артыкул А. Луцкевіча «1906–14/ІХ–1926», у якім аўтар паведамляе, што ўлетку 1906 г., калі «ў Вільні адбывалася канфэрэнцыя Беларускае Сацыялістычнае Грамады», «Іван Луцкевіч выступіў з праектам папробаваць выйсьці з падпольля на легальны грунт і распачаць выдаваньне сваей газэты па-беларуску». Паводле А. Луцкевіча, на канфэрэнцыі ў канцы лета разглядалася і пытаньне пра экспрапрыяцыю, учыненую менскімі грамадаўцамі «бязь ведама і згоды ЦК». Але з «Успамінаў» Ф. Стацкевіча мы ведаем, што экс адбыўся ў 1907 г. Да таго ж чэрвеньская канфэрэнцыя 1906 г., як мы можам пераканацца, даручала ўсім партыйцам «обратить самое серьезное внимание на усиление партийных финансов», дзеля чаго прапаноўвала і «устройство экспроприаций правительственных денег». Ведаючы, што Луцкевіч, пакладаючыся на памяць, іншы раз зблытваў даты падзеяў, нельга сказаць, што канфэрэнцыя сапраўды адбылася ў канцы лета 1906 г. і з тым самым парадкам дня, пра які Луцкевіч піша. Але гэта не выключае самога факту канфэрэнцыі. Патрэбныя дадатковыя росшукі. Дакладна нам вядома пра Докшыцкую канфэрэнцыю 1907 г. Думаю, гісторыкі зь цікавасьцю супаставяць, што пра яе пісалі А. Луцкевіч і Ф. Стацкевіч (фрагмэнты ягоных «Успамінаў» будуць надрукаваныя ў «ARCHE»). У гады рэакцыі партыйныя канфэрэнцыі і зьезды фармальна не праводзіліся. Першая ж канфэрэнцыя пасьля зьвяржэньня царызму адбылася, як пісаў А. Бурбіс у працы «Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху», «у сакавіку ў Менску». Мы ж можам сказаць, што канфэрэнцыя прайшла 25 сакавіка 1917 г. – у першы дзень Зьезду беларускіх нацыянальных арганізацыяў. У НАРБ захаваўся камунікат «Конференция организаций Белорусской Социалистической Грамады» (Ф. 325. Воп. 1. Адз. захав. 2. Арк. 5–6). Ён быў прызначаны для друку і даволі падрабязна выкладае прынятыя рашэньні. Пры раздрукоўцы тэксту гэтага камунікату на машынцы рабілася некалькі закладак. У НАРБ (Тамсама. Адз. захав. 7. Арк. 14) захоўваецца фрагмэнт яшчэ аднае раздрукоўкі. Паміж ім і адпаведнаю часткаю тэксту, які публікуецца ў «ARCHE», няма ніякіх істотных адрозьненьняў. Асобнае і больш падрабязнае гаворкі заслугоўвае Петраградзкая канфэрэнцыя БСГ, што адбылася 4–6 чэрвеня 1917 г. Як вынікае зь ліста Маскоўскага камітэту БСГ «Усім камітэтам, арганізацыям і членам Беларускай Сацыялістычнай Грамады»6 , канфэрэнцыя зьбіралася як зьезд, які прыняў праграму партыі і абраў ЦК. Пра гэта мы чытаем таксама ў артыкуле Зьм. Жылуновіча «Алесь Бурбіс (рэвалюцыйная характарыстыка)» (Полымя. 1927. № 2). Пра тое ж піша ў нэкралёгу «Памяці А. Бурбіса. 20/ІІІ–1922 г.» Палута Бадунова. І з артыкулу Зьм. Жылуновіча, і з нэкралёгу П. Бадуновай мы ведаем, што супроць таго, каб канфэрэнцыя ў Петраградзе была кваліфікаваная як зьезд, рашуча выступілі «старыя заснавацелі БСГ», у першую чаргу кіраўнік Маскоўскага камітэту А. Бурбіс, які да таго ж 7 ліпеня 1917 г. выступіў з адмысловым лістом у газэце «Вольная Беларусь». У выніку гэтае інтэрвэнцыі зьезд быў перакваліфікаваны ў канфэрэнцыю, прынятая ім праграма партыі – у праект праграмы, а ЦК – у Часовы ЦК БСГ. Да зьезду ў Петраградзе на машынцы быў раздрукаваны праект праграмы партыі «Чего хочет Белорусская Социалистическая Грамада» (НАРБ. Ф. 325. Воп. 1. Адз. захав. 7. Арк. 13). Асаблівасьці стылю паказваюць, што гэты тэкст быў перакладам зь беларускае. На зьезьдзе (канфэрэнцыі) у Петраградзе праект быў дапрацаваны, аднак зь ведамых прычынаў яго зноў назвалі праектам праграмы, беларуская і расейская вэрсіі якога надрукаваныя ў брашуры «Чаго хоча Беларуская Сацыялістычная Грамада» (Менск: Выданьне Менскай арганізацыі Бел. Сац. Грамады, 1917)7. І толькі на ІІІ зьезьдзе партыі, у дзень бальшавіцкага перавароту (25 кастрычніка) праграма стала афіцыйным дакумэнтам партыі. У лістападзе яе выдалі ў Менскай друкарні інвалідаў па-расейску. Ня выключана, што мелася і беларуская вэрсія праграмы, але яна пакуль што ня выяўленая. Ува ўкладзенай мною кнізе зьмешчаныя ўсе праекты і канчатковы тэкст праграмы партыі. На жаль, дагэтуль не ўдалося адшукаць тэксту статуту БСГ – ні прынятага на ІІ зьезьдзе партыі, ні папраўленага ІІІ зьездам. Для паўнаты карціны партыйнага жыцьця ў 1917 г. у заплянаванай кнізе будуць надрукаваныя і ліст Маскоўскага камітэту «Усім камітэтам, арганізацыям і членам Беларускай Сацыялістычнай Грамады», і «Ліст Маскоўскага камітэту БСГ да партыйных арганізацыяў»8. Праект праграмы партыі пісалі ў Менску. Але вядомы таксама праект, пісаны нібыта А. Бурбісам. Машынапіс захоўваецца ў БДАМЛМ (Ф. 3. Воп. 1. Адз. захав. 139. Арк. 11–14). На ім рукою А. Луцкевіча пазначана: «Праект пісаны ў 1917 годзе А. Бурбісам пры ўчасьці Маскоўскае арганізацыі БСГ (Дыла?). Папраўкі на гэтым экзэмпляры зроблены, здаецца, рукой Цішкі Гартнага». Аднак на зьезьдзе ў кастрычніку перамог менскі праект. Зноў-такі, для адлюстраваньня паўнаты ідэйных пошукаў, ува ўкладзенай кнізе прадугледжана публікацыя таксама і нібыта Бурбісавага праекту праграмы. Публікуецца і пратакол ІІІ зьезду БСГ (дасюль яго пераказы друкаваў у сваіх працах «Дваццацілецьце Беларускае Сацыялістычнае Грамады» і «За дваццаць пяць гадоў» Антон Луцкевіч). ІІІ зьезд БСГ скончыў працу ў дзень бальшавіцкага дзяржаўнага перавароту. 27 кастрычніка 1917 г. БСГ разам з Часоваю Цэнтральнаю Беларускаю Вайсковаю Радаю, Беларускім Выканаўчым Камітэтам Заходняга Фронту і Беларускай Народнай Партыяй Сацыялістаў прыняла «Грамату да Беларускага Народу», у якой заклікала «сабраць усе жывыя сілы нашае Бацькаўшчыны дзеля абароны і ўтрыманьня нашых вольнасьцяў», «не дапусьціць, каб віхор разладу згубіў нашу сьвятую нацыянальную справу абарону вольнасьцяў і правоў Беларускага Народу». Гэты дакумэнт, публікаваны ў «Белорусском движении» Ф. Турука, будзе зьмешчаны і ўва ўкладзеным зборніку дакумэнтаў і матэрыялаў. Тут ён апускаецца. З пратаколу ІІІ зьезду БСГ мы ведаем, што з партыі быў выключаны кіраўнік Бабруйскага камітэту Фабіян Шантыр. Тут друкуецца «Адозва Цэнтральнага арганізацыйнага камітэту Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў Бабруйску і Выканаўчага камітэту Бабруйскай Рады Салдацкіх Дэпутатаў»9. Ужо сама назва – Цэнтральны арганізацыйны камітэт Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў Бабруйску – падказвае, што бабруйскія грамадаўцы меліся стварыць альтэрнатыўную БСГ. Апрача таго, яны заклікалі да «сазыва на Беларусі зьезду прадстаўнікоў салдацкіх, сялянскіх і рабочых дэпутатаў». Шкада, дакумэнт не датаваны, але думаецца, што ён быў рэакцыяй на падпісаную Выканаўчым Камітэтам Вялікай Беларускай Рады, Выканаўчым Камітэтам Цэнтральнай Вайсковай Беларускай Рады і Беларускім Выканаўчым Камітэтам Заходняга Фронту адозву «Ко всему Народу Белорусскому»10, у якой утрымлівалася ідэя Краёвае Рады, а для яе абраньня прапаноўвалася склікаць 5 сьнежня 1917 г. зьезд прадстаўнікоў усяго беларускага народу. Так у БСГ вызначаўся рэзкі падзел на два крылы. Зрэшты, ён пачаўся трохі раней у Петроградзе, дзе пачалося рэальнае стварэньне Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі на чале з дэлегатам ІІІ зьезду Аляксандрам Чарвяковым. Пройдзе яшчэ колькі месяцаў – і ў Петраградзе будзе заснаваная першая Беларуская сэкцыя Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў)... А на Ўсебеларускім зьезьдзе вызначыцца «група Шантыра», якая, што праўда, істотнага ўплыву на яго працу не зрабіла. Шантыр і Чарвякоў, а таксама абраны на ІІІ зьезьдзе старшыня ЦК БСГ Язэп Дыла стануць народнымі камісарамі ўва ўрадзе першай БССР (студзень–люты 1919 г.).
Ажыўленьне працы БСГ на тэрыторыі, акупаванай у 1915 г. нямецкімі войскамі, пачалося ў канцы таго ж году. Аднавіў працу Віленскі камітэт партыі. Ёсьць падставы меркаваць, што ўжо 6 студзеня 1916 г. на аснове прафсаюзных арганізацыяў паўстала Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Работніцкая Група як аўтаномная адзінка ў Віленскім камітэце. Лідэры партыі А. Луцкевіч і І. Луцкевіч узначальвалі – адпаведна – таемны Беларускі Народны Камітэт і легальны Беларускі клюб. Шырмаю для БНК быў Беларускі Камітэт Дапамогі Ахвярам Вайны на чале з А. Луцкевічам. У Вільні ўжо ў канцы 1915 г. пачалі распрацоўваць мадэлі будучай незалежнай дзяржавы. Меркавалася, што гэта будзе беларуска-літоўская канфэдэрацыя або фэдэрацыя; распрацоўвалася ідэя Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора11. Этапнаю падзеяй была канфэрэнцыя Беларускага Народнага Камітэту, Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Работніцкай Групы і Віленскага камітэту Беларускай Сацыялістычнай Грамады на пачатку верасьня 1917 г. Унівэрсал гэтае канфэрэнцыі быў у свой час апублікаваны12. Будзе ён зьмешчаны і ўва ўкладзенай мною кнізе. Ня выключана, што менавіта на гэтай канфэрэнцыі прынятыя «Асновы праграмы Беларускай Сацыялістычнай Грамады», машынапіс якіх ляжыць у БДАМЛМ (Ф. 3. Воп. 1. Адз. захав. 139. Арк. 15). Аўтарам гэтага дакумэнту (або яго праекту) без сумневаў зьяўляецца А. Луцкевіч, аднак яго рукапіс або праўлены рукою Луцкевіча машынапіс пакуль што ня знойдзеныя. Гісторыку беларускае сацыялістычнае думкі будзе цікава параўнаць гэты тэкст з праграмаю БСГ, прынятаю на ІІІ зьезьдзе партыі і з праектам А. Бурбіса. Як вядома, літоўцы вялі сэпаратную палітыку, і ў сярэдзіне верасьня 1917 г. стала вядома, што немцы далі дазвол на скліканьне Літоўскае нацыянальнае канфэрэнцыі і на фармаваньне Краёвае Рады (Тарыбы), у якой беларусам прадугледжвалася адно-адзінае месца. З ініцыятывы беларускіх сацыялістаў 16 верасьня ў Вільні адбыўся мітынг сацыялістычных і дэмакратычных арганізацыяў. Накіды рэзалюцыі гэтага мітынгу і яе тэкст, пісаныя А. Луцкевічам, таксама захоўваюцца ў БДАМЛМ (Ф. 3. Воп. 1. Адз. захав. 140. Арк. 84, 91, 88). Хоць тэкст рэзалюцыі і не падпісаны партыяй, усё ж мэтазгодна было ўлучыць яго ўва ўкладзеную кнігу. Яшчэ адзін дакумэнт зь дзейнасьці Віленскага камітэту БСГ – гэта «Прывітаньне з нагоды 20-х угодкаў арганізаванага жыдоўскага работніцкага руху». 2 кастрычніка 1917 г. у Работніцкім клюбе на Вароняй, 5 ладзілася сьвяткаваньне 20-х угодкаў Бунду. На гэтую ўрачыстасьць былі запрошаныя і беларускія сацыялісты (БДАМЛМ. Ф. 3. Воп. 1. Адз. захав. 139. Арк. 18). Вось Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Работніцкая Група і Віленская Група (чамусьці не камітэт. – А. С.) БСГ і склалі прынагоднае віншаваньне, чарнавік якога, пісаны рукою А. Луцкевіча, захоўваецца ў БДАМЛМ (Ф. 3. Воп. 1. Адз. захав. 139. Арк. 17). Думаецца, адзінаццаць апублікаваных ніжэй дакумэнтаў увойдуць у шырокі навуковы ўжытак.
ДАДАТКІ
№ 1 <ОТЧЕТ О КОНФЕРЕНЦИИ БСГ 3–4 ИЮНЯ 1906 г.>
Конференция БСГ, созванная по инициативе ІІ Кр<аевого> Комитета 3 и 4 июня 1906 года и состоявшая из 15 лиц (представительства ЦК, І К<раевого> Ком<итета>, Минского Рабочего Ком<итета>, ІІ Кр<аевого> К<омитета>, Виленск<ой> группы раб<очих>, Вил<енской> орг<анизации> учащ<ейся> молодежи, С.-Петерб<ургской> гр<уппы>, местных организ<аций>: Лидского у<езда>, Дисненского у<езда> и Бельского у<езда>), приняв следующий порядок дня: І Тактика, ІІ Отношение к ППС в Литве, ІІІ Работа на местах и ІV Организация – и рассмотрев все указанные вопросы, приняла следующие резолюции:
І. По тактике:
1) Конф<еренция> БСГ, не переставая самым энергичным образом бойкотировать Госу<дарственную> Думу как неудовлетворяющую политическим воззрениям конференции форму народного представительства, все-таки будет поддерживать в населении те революционные требования, которые могут предлагаться некоторыми революционными элементами в Го
Рассмотрев вопрос о высылке в Думу наказов и ходоков от крестьян, Конфер<енция> пришла к заключению, что эта мера имеет большое революционное значение в смысле развития самосознания крестьян и что она совершенно не идет вразрез с тактикой БСГ по отношению к Г<осударственной> Думе. Поэтому Конф<еренция> постановила:
а) поручить Комитетам и агитаторам партии и впредь содействовать высылке крестьянских наказов и ходоков в Г<осударственную> Думу;
b) поручить областным комитетам выработать общую форму наказов.
2) Не признавая принципиально никакой работы каких бы то ни было организаций самодержавно-бюрократического правительства, конф<еренция> считает необходимым бойкотировать как пассивно, так и активно те землеустроительные комиссии, которые предполагаются по проекту Стишинского.
ІІ. Отношение к ППС в Литве.
Рассмотрев директивы Конфер<енции> ППС в Л<итве>13 , данные комиссии для выработки аграрной политики в нашем крае, Конфер<енция> БСГ признала, что руководящие принципы ППС в Литве по этому вопросу настолько расходятся с принципами БСГ, что слияние па почве общей аграрной политики невозможно. Однако, признавая, что политические принципы у ППС в Л<итве> и у БСГ общи, Конф<еренция> БСГ признает вполне возможным сообща бороться за осуществление таковых.
ІІІ. Работа на местах.
Были выслушаны доклады представителей местных комитетов о работе на местах и решено принять самые энергичные меры к тому, чтобы использовать существующее революционное настроение крестьянства в целях слияния крестьянского движения за землю с общим политическим движением.
ІV. Организация.
а. Конф<еренция> поручает областным комитетам твердо стоять на почве организационного устава, принятого ІІ съездом БСГ, причем поставить дело на следующих основаниях. Во главе всех работ партии в данной области стоит законспированный областной комитет. В местах, имеющих большие рабочие организации, для руководства ими учреждаются Рабочие Комитеты, строго законспированные, при которых находятся рабочие советы, состоящие из представителей районных рабочих организ<аций>. Делами каждой местности заведуют местные комит<еты>, находящиеся в зависимости от областных комит<етов> и составляемые обл<астными> ком<итетами> из лиц, принадлежащих к партии. Областные ком<итеты> для содействия себе учреждают из партийных людей комиссии для дел техники, финансов и т. д.
b. Конф<еренция> БСГ требует от ЦК отчета в его деятельности перед областн<ыми> ком<итетами> в самом коротком времени14.
c. Конф<еренция> поручает всем обратить самое серьезное внимание на усиление партийных финансов, для чего предлагает: 1) устройство экспропр<иаций> правит<ельственных> денег; 2) обложение симпатиков; 3) сбор денег с организованных людей; 4) издание подписных листков; 5) коммерч<еские> предприятия; 6) издание каждым комит<етом> кассовых отчетов.
d. Конф<еренция> высказывает пожелание скорейшего созыва новой конфер<енции>, так как настоящая конф<еренция> была созвана в очень короткое время, а потому не все местные организации могли быть представлены на ней. При том Конф<еренция> считает, что более частые конференции могут принести большую пользу ввиду настоящего политического момента.
e15. Конф<еренция> высказывает свое весьма сильное пожелание, чтобы ЦК поскорее приступил к изданию партийного органа.
№ 2
1) Так как борьба со старым режимом еще не закончена вполне, то конференция считает необходимым поддержать борьбу Временного Правительства со старым порядком за упрочение нового. Трудовой же народ должен оказывать организованное давление на Временное Правительство, обязавшееся осуществить все политические свободы и созвать в самом скором времени Учредительное Собрание.
2) Поддерживая Временное Правительство в борьбе за укрепление нового строя, конференция БСГ считает крайне необходимым энергично готовиться к Учредительному Собранию, пропагандируя федеративную республику и автономию Белоруссии, обращение всех земель в общенародное пользование и восьмичасовой рабочий день; минимум заработной платы; уравнение в правах всех народностей и т. п.
3) Пролетариат и трудовое крестьянство должны быть готовы дать ответ реакционным попыткам господствующих классов, для чего они должны организоваться на почве классовой борьбы за осуществление программы-минимум БСГ.
4) По вопросу о войне конференция высказалась следующим образом: конференция БСГ считает войну в настоящий момент войною революционной России с германским милитаризмом, имеющею целью защитить добытую Великой Революцией свободу от покушений извне, признавая, что немедленное прекращение войны на основе самоопределения национальностей и без территориальных приобретений возможно только по свержении немецким народом реакционного Вильгельма и воинствующего прусского милитаризма, считает необходимым вести в настоящее время вести войну самым энергичным образом до момента устранения опасности для свободы России и до очищения захваченных у нас и наших союзников территорий. Одновременно конференция БСГ признает необходимым бороться с аннексионистскими стремлениями как в России, так и в других странах, так как только мир без аннексии и контрибуций может быть прочным и длительным миром.
5) По аграрному вопросу высказываясь принципиально за общенародную собственность на землю и за то, что земля должна быть передана тем, кто сам на ней работает без наемной рабочей силы, конференция БСГ стоит за немедленную тщательную разработку аграрного вопроса в партийных организациях и за передачу его на суд трудового крестьянства. Конференция считает, что окончательное решение этого вопроса и способ перехода земли народу принадлежит краевому сейму автономной Беларуси. В настоящий момент конференция БСГ решила принять все меры к предотвращению неорганизованных анархических выступлений на почве аграрных отношений и самым верным средством считает мощную организацию трудового крестьянства.
6) Высказываясь за автономную Беларусь в федеративной Российской Республике, конференция решила заняться тщательной разработкой этого вопроса, установлением границ автономной Беларуси и войти в связи с разрешением этого вопроса в сношение с соседями (литовцами, украинцами и др.).
7) Приветствуя народившееся среди русских социалистических партий стремление к образованию единой социалистической партии, конференция постановляет подвергнуть этот вопрос детальному и тщательному обсуждению.
8) Конференция БСГ призывает всех своих членов как к внутренней организационной работе, так и к самой энергичной и немедленной организации пролетариата и трудового крестьянства.
№ 3
Маскоўскі Камітэт БСГ па сагласу зь Петраградзкім і Мінскім клікаў усе арганізацыі БСГ на ІІІ партыйны Зьезд у Маскве 21–23 ліпеня (іюля). Абвесткі аб гэтым былі зроблены: 1) праз прадстаўніка Камітэту ўсім дэлегатам арганізацый БСГ, быўшым на зьезьдзе беларускіх арганізацый і партый у Мінску 8–10 ліпеня (іюля) г. г., 2) асобнымі павесткамі Маскоўскага Камітэту, разасланымі 6 ліпеня па ўсім адрасам, якія меў Маскоўскі Камітэт, і 3) абвесткамі ў сталічных сацыялістычных газэтах і ў «Известиях» Саветаў Дэпутатаў па ўсей Расеі (было паслана ўсім гэтым газэтам і надрукавана ў шмат якіх, як гэта ведама Маскоўскаму Камітэту).
Нягледзячы на ўсё гэта, на ІІІ партыйны Зьезд у Маскву ніхто не прыехаў. Як бы ні глядзець на прашкоды, якія ставіць цяперака грамадзянскай справе сучасны мамэнт, утрымываючы людзей на мейсцах, адным гэтым тлумачыць самы факт нельга. Маскоўскі Камітэт лічыць, што найбольшая прычына такога індыфэрэнтызму ляжыць у тым легкадумным поглядзе на паважную партыйную працу, які знайшоў свае найлепшае заяўленьне16 ў рабоце Петраградзскай Канфэрэнцыі17, «з налёту» мяняўшай праграму старой партыі, выбраўшай Цэнтральны Камітэт і нават прадстаўніка на міжнародную сацыялістычную канфэрэнцыю ў Стакгольме. Выходзючы з гэтага і дбалы18 аб добрае імя старой рэвалюцыйнай партыі БСГ, Маскоўскі Камітэт адкладае ІІІ партыйны зьезд яшчэ на некатары невялікі час з тым, што са сваей стараны ён прыложыць усе сілы дзеля таго, каб пэрсанальна сабраць на гэты Зьезд усіх, хто разьдзяляе погляд Маскоўскага Камітэту, т. е. што перш-наперш партыйная грамадзянская справа – гэта важная грамадзянская служба Бацькаўшчыне, а не палітычная забава; другое, што толькі партыйны зьезд як паўнамоцны, сувэрэнны партыйны орган (а не выпадковае савяшчаньне і не Канфэрэнцыя нават) мае права мяняць праграму, перапраўляць Статут, рабіць выбар цэнтральных устаноў партыі і таксама выбіраць прадстаўнікоў на сацыялістычныя канфэрэнцыі. Калі і гэтым разам ён дачакаецца такой самай дбаласьці аб партыйнай грамадзянскай справе, ён парве саўсім з маладымі арганізацыямі БСГ, і павядзе партыйную сацыялістычную працу тою пуцінаю, якой патрабуе і партыйная мінуўшчына старой рэвалюцыйнай партыі, і сталы партыйны розум, і сьвядомасьць аграмаднай важнасьці для рэвалюцыі і дэмакраціі агулам, у тым ліку і для беларускай.
|
3 Гл.: Сідарэвіч А. Народзіны Беларусі // Народная Воля. 2003. 10 студзеня. 4 Пра непазьбежнасьць спалучэньня палітычнае і культурна-асьветніцкае працы ўва ўмовах Беларусі пісала ў 1908 г. Роза Люксэмбург. Адзначаючы «вельмі нізкі» культурны ўзровень беларускага народу і тое, што адсутнасьць «самастойнага навукова-літаратурнага жыцьця на беларускай мове», як і адсутнасьць уласна беларускай буржуазіі ды гарадзкое інтэлігенцыі, «робяць ідэю нацыянальнай беларускай аўтаноміі проста невыканальнай», яна паказвала, што «Беларуская грамада вымушана была найперш пачаць ад заснаваньня «Асьветніцкага таварыства» дзеля пашырэньня элемэнтарнае асьветы сярод беларускіх сялян». Пад асьветніцкім таварыствам яна мела на ўвазе менавіта «Круг беларускае народнае прасьветы і культуры». (Гл.: Каўка А. Роза Люксэмбург і беларускае пытаньне // Наша Ніва. 2005. 1 красавіка). 5 Гл.: Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы. Менск, 2003.
6 НАРБ. Ф. 325. Воп. 1. Адз. захав. 7. Арк. 18. 7 Некалькі асобнікаў гэтае брашуры захоўваюцца ў НАРБ. 8 Тамсама. Арк. 16–17. 9 НАРБ. Ф. 325. Воп. 1. Адз. захав. 7. Арк. 15. 10 Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории национального и революционного движения белоруссов. Рэпрынт: Менск, 1994. С. 97–100.
11 Больш падрабязьней пра гэта гл.: Сідарэвіч А. Антон Луцкевіч і гісторыя беларускага руху // Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху. С. 14–17; я г о ж: Антон Луцкевіч: ад краёўства да незалежніцтва. 12 Гл.: Літаратура і мастацтва. 1990. 23 лістап. 13 Слова было напісана спачатку цалкам. 14 У рукапісе пасьля гэтага слова стаяць шэсць кропак. 15 У рукапісе – c.
|
З таварышоўскім вітаньнем
Маскоўскі Камітэт БСГ. P. S. Па сагласу з другімі Камітэтамі тэрмін зьезду атрымаеце тэлеграфна.
№ 4 <ЛІСТ МАСКОЎСКАГА КАМІТЭТУ БСГ ДА ПАРТЫЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ>Таварышы. Маскоўскі Камітэт БСГ як Арганізацыйны Камітэт па созыву зьезду паведамляе таварышоў, што ІІІ партыйны зьезд БСГ (ІІ быў у 1906 року ў Вільні19), назначаны на 21 ліпеня і неадбыўшыся, перанесены на 17 жніўня (аўгуста) і адбудзецца ў Маскве.
ПРАГРАМА ЗЬЕЗДУ 1. Перагляд партыйнай праграмы, прынятай на ІІ парт. зьезьдзе. – есьцека даклады Арг. Камітэту па зямельнаму і нацыянальнаму пытаньням і два рэдакцыйных праекты паправак у старую праграму – адзін прапанованы на Петраградзкай нарадзе і другі Арг. Камітэту20. 2. Арганізацыя партыі БСГ (яе формы, узаемныя адносіны і жыцьцё). – ёсьць праект паправак у стары партыйны статут, апрацованы Арг. Камітэтам. 2. Выбары ў Цэнтральныя Ўстановы БСГ. 3. Тактыка БСГ. а) стасунак да вайны, да Часовага ўраду, да агульнарасейскіх устаноў рэвалюцыйнай дэмакраціі (радаў дэпутатаў), да агульнарасейскіх сацыялістычных і нацыянальна-сацыялістычных партый; б) стасунак да партый суседніх зь Беларусьсю народаў (латышоў, літоўцаў, палякаў, украінцаў, жыдоў); в) стасунак да рожных «беларускіх» партый і арганізацый. – Арганіз. камітэт зьезду прыгатуе праекты рэзалюцый па гэтым пытаньням і агульны даклад. Добра было б яшчэ да гэтага ўсяго мець асобныя даклады аб партыях народаў, сумежных з намі, боручыхся зь беларускім рухам. 5. Прадвыбарная кампанія партыі ў Устаноўчае (Учрэдзіцельнае) Сабраньне. а) становішча ў Беларусі на мяйсцох (нашы партыйныя сілы, другія сацыялістычныя партыі і арганізацыі на Беларусі, іншыя палітычныя сілы ў Беларусі, арганізацыя і становішча мяйсцовых устаноў Ураду); б) блёкі з аднымі і барацьба з другімі – агульнабеларуская і мяйсцовая; в) тэхніка выбарнай кампаніі і выбары асобнага партыйнага Камітэту па выбарам дзеля агульнага кіраваньня прадвыбарнай кампаніяй; г) апрацаваньне сьпіску партыйных кандыдатаў у Устан. Сабраньне. – Арганізац. Камітэт бярэ на сябе толькі агульны даклад па тэхніцы і прынцыпах прадвыбарнай кампаніі: зь мейсц трэба атрымаць увесь матэр’ял па пункту а) і сьпісак мяйсцовых партыйных кандыдатаў у У. С. 6. Кампанія па выбарам у установы мяйсцовага самаўпраўленьня (гарадзкога, местачковага, земскага). а) як прайшла частка гэтых выбараў на Беларусі і што зрабілі ў гэтым нашы сілы; б) якія выбары яшчэ адбудуцца, становішча партыйных сіл на мейсцах; в) тэхніка кампаніі і прынцыпы яе; Арганіз. Камітэт просіць прывязьці з сабою матэрыял зь мейсц. 7. Расейскі Інтэрнацыянал (Рада нацыянальна-сацыялістычных партый у Петраградзе і канфэрэнцыя гэтых партый 5 жніўня гэтага року). – Арганіз. камітэт чакае дакладу па гэтаму пытаньню ад дэлегатаў БСГ, што будуць на канфэрэнцыі нац.-сац. партый. 8. Міжнародная сацыялістычная канфэрэнцыя ў Стакгольме і выбары на яе нашага прадстаўніка. 9. Партыйная прэса і выдавецтвы БСГ. – Арг. Камітэт дасьць даклад аб газэце і даложыць праект партыйнага выдавецтва. Ля партыйнага архіву добра было б атрымаць па 2 экз. усіх мяйсцовых партыйных выданьняў. Дзеля гэтага просім прывязьці рожныя афішы, лятучкі, адозвы, усё, што выйшла за час рэвалюцыі. 10. Грашовыя справы БСГ. 11. Усе іншыя пытаньні, якія захоча паставіць і апрацаваць зьезд. Трэці партыйны зьезд будзе першым зьездам БСГ, скліканым свабодна, безь перашкод, якія калісьці ставіла жыцьцё ў часе панаваньня самадзяржаўнага парадку. З 1906 року прайшло шмат часу, многае зьмянілася ў Расеі і ў нас на Беларусі, у БСГ выйшлі21 новыя маладыя элемэнты. Практыка партыйнага жыцьця з 1 сакавіка месяца паказала, што робяцца абмылкі, нямашка сталага погляду на шмат якія справы, што партыйная моладзь часам забывае традыцыі старой рэвалюцыйнай партыі, есьцека рожнадум’я і сярод кіруючых партыйнаю працаю арганізацый. Мы стаімо прад выбарамі ў Устаноўчае Сабраньне. Дзеля ўсяго гэтага, каб стаць моцнаю сілаю, каб заняць на Беларусі тое мейсца, якое належыць БСГ як старой рэвалюцыйнай партыі працоўнага люду Беларусі і лічачай сябе адной з армій вялікага сусьветнага Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу, і каб заняць гэтае мейсца па праву, нам трэба зрабіць працу ІІІ зьезду прадукцыйнай, трэба даць на зьезд свае лепшыя сілы, даць прадстаўнікоў ад кожнай партыйнай арганізацыі, зьехацца ўсім нашым тэарэтыкам і практыкам як мінуўшчыны, так і цяперашнім. Памятайце, таварышы, што ў вашых руках будучына БСГ, а зь ею і будучына працоўнай беднаты бацькаўшчыны нашай Беларусі, а значыць і самой Беларусі. Дэлегатаў просім прысылаць з мандатамі, бо ня маючыя мандатаў ня будуць мець пастанаўляючага голасу. Вельмі просімо дэлегатаў прыехаць яшчэ 16 жніўня (аўгуста) і зьяўляцца па адрасу Маскоўскага Камітэту БСГ: Масква, Зубаўская пл., д. № 1 (Новікава), кв. 26. Пытацца Александра Лаврентьевича Бурбиса. Парадны ход з вуліцы, побач з крамай «Каапэрацыя», над парадным ходам вывеска «Сберегательная касса», тэл. Камітэту 3-14-85 чы № 3-23-49, пытацца А. Л. Бурбіса.
Арганізацыйны камітэт
ІІІ зьезду БСГ.
№ 5 Аляксандар БУРБІСПРАЕКТ ПРАГРАМЫ БЕЛАРУСКАЙ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ГРАМАДЫ Кожнаму з нас вядома, што жывецца на сьвеце горай ад усіх – гэта працавітай бядноце, а ляпей, як усім, жывецца паном-памешчыкам ды капіталістам (грашавікам). Тым часам кожны таксама ведае, што людзі на сьвеце ўсе роўныя і аднакія між сабою і душою, і целам, і ўсім устройствам сваім. Чаму ж, калі гэтак, жыцьцё іх устроена не аднакава? Чаму ёсьць паміж людзьмі дужа дрэнны падзел, падзел на багатых і бедных? І ці справядліў такі падзел, ды адкуль ён узяўся? Усе мы згодны ў тым, што падзел людзей на бедных і багатых ня толькі рэч несправядлівая, а навэт і праступная. А ўзялася яна вось адкуль: калісь, спакон вякоў, людзі былі цёмныя ды жылі, як зьвяр’ё: ня мелі ні гарадоў, ні сёлаў, ні хатаў; елі ўсё, што пападалася пад руку, усякае зельле ды зьвяр’ё. Жылі яны паасобку ды ня мелі гуртоўнае сілы. Такое жыцьцё мела шмат нявыгад для барацьбы зь дзікімі сіламі прыроды, як агонь, паводкі, засуха і інш., так і з варагамі ад другіх суседзяў. Сазнаўшы гэта, патрошку людзі прыйшлі да думкі, што трэба лучыцца ў гурты ды грамады, каб вясьці спорую барацьбу з усіма сваімі варагамі. Гэта лучэньне скора прынясло ім вялікую карысьць: барацьба з прыродаю давала ім пабеду над ею. Жыцьцё паступавала ўперад і ўперад. Але, на бяду ўсяго чалавецтва, у сьвеце зьявіўся такі закон, які павёў людзкое жыцьцё па дужа дрэннаму шляху. Вядома – больш усяго памагалі гэнаму закону самі людзі, і вось як: калі толькі людзі злучыліся для агульнага грамадзкага жыцьця, дык хітрэйшыя ад іх, кемкія і дападкія, пачалі захопліваць сабе і землю, і другое дабро ды разам з гэстым вылічваць сябе з радоў другіх. Далей-болей, гэты хітрэйшыя ды зваротлівейшыя людзі забралі ў свае рукі ня толькі больш зямлі22, на якой набудавалі дамоў, а і памаленьку ды патрошку і ўласьць над сваімі братамі. Гэту сваю ўласьць з кожным часам яны пашыралі, а потым давялі да таго, што тыя ж самыя людзі разьдзяліліся на два станы: багачоў-прыгнятацеляў і бедных-працоўнікаў, слабейшых і мацнейшых23. І на зямлі пачалося дрэннае права – гэта права моцнага над слабшым. І гэта права моцных над слабшымі, бач багатых над беднымі – чаго ўсяго дзіўней – падтрымоўвалася самімі беднымі. Вядома, такі парадак людзкога жыцьця на сьвеце быў выгадзен толькі тым, хто скарыстаў сваею хітрасьцю да праназаватасьцю выбіцца між сваімі суседзямі ды захапіць больш зямлі і валадарства – і зусім нявыгадным ён мусіў быць ля беднага працавітага люду. Хоць гэта і азнавалася працавітай беднатою, але, пад умовы ды ўгаворы папоў у цэрквах і касьцёлах, перавернутых у дамы зацьменьня розуму людзкога – даводзіла да таго, што яна, бедната24 , маўчала і мірылася з пануючым парадкам. Праўда, ня ўсім удавалася зацьміць вочы, бачучыя праўду. І многа, перш патрошку, потым болей і болей, стала зьяўляцца людзей, якія спадціху, а далей і чутна казалі адзін другому і ўсім працавітым бедняком, што такі парадак дужа благі, што ён зусім не ад бога дадзен, што яго трэба пераіначыць так, каб на сьвеце стала справядлівасьць, каб усе людзі зажылі роўна багата, роўна шчасьліва. Гэты думкі сустракалі у многіх спагаду і часта-густа забіралі людзей за жывое: пачыналіся паўстаньні на багачоў і ўласьнікаў. Вядома, гэтыя паўстаньні канчаліся ўсьмірэньнем нездавольных; на старане маленькае кучкі багачоў ды начальнікаў меліся папы, туманіўшыя голаву цёмным, і войска. Валадыроў паўстаньня, бач тых людзей, якія хацелі шчаснага жыцьця і справядлівасьці ля работнікаў ды сялян і ля ўсіх бедных працоўнікаў, салдаты – сыны працавітага народу – вешалі і расстрэльвалі па прыказаньню начальства. Аднак і гэта не памагала: з кожным часам недавольных рабілася болей і болей, з кожным часам паўстаньні рабіліся часьцей ды крапчэйшымі бывалі. Нельга было гаварыць адкрыта – гаварылі ціха, падгаворвалі другім. Пачалі вырабляць пляны і стройныя формы, у якія складалі свае дамаганьні, а потым25 намецілі сьветлую мэту – сацыялізму: такі парадак жыцьця на сьвеце, пры яком мусяць быць усе людзі роўнымі, усе дабро супольным. Ніхто ня можа сказаць ні на чога, што яно мае26, уласнае. Усе27 – мусі быць у28 ўсіх. А намеціўшы сабе мэту – сацыялізм29 і вырабіўшы пляновую пуціну барацьбы за гэту мэту – людзі пачалі лучыцца ў стройныя, крэпкія грамады, у круг іх. І гэты злучаныя грамады, як пашыраліся, прымалі назову партый. Многа было ўсякіх партыяў, якія ставілі сабе мэтаю барацьбу за агульналюдзкое шчасьце на зямлі. Але ніводная ад такіх партыяў ясна і зразумела, навукова даказана не аформіла будучыны чалавецтва, як зрабіла гэта партыя сацыялістаў30. Яна гуртавалася здавён, бесьперасьціханьня вяла сваю пропаведзь і шырыла свае31 ідэі. У скоры час прыхільнікаў яе знайшлося па ўсім сьвеце, сярод усіх народаў. Сацыялістычныя партыі заўсюды бралі валадарства паўстаньнем працавітага люду супроць багацеяў ды правіцельства, напраўлялі гэта паўстаньне па роўнаму джаралу і многага дабіваліся ім. Такія паўстаньні пачалі зваць – рэвалюцыямі. Кожны чуў, што такія рэвалюцыі былі ў усіх народаў, і асобна вядомая ды прымячацельная ад іх – гэта была рэвалюцыя француская32. Цяпер, як бачым, і мы, грамадзяне Вялікае Расейскае Рэспублікі, дайшлі да цяперашніх свабод праз рэвалюцыю нечуваную ў усім сьвеце – Вялізарную Расейскую Рэвалюцыю. Самую большую вагу і самую вялікшую працу над стварэньнем яе пранясьлі на сабе сацыялістычныя партыі. Як я ўжэ казаў, такія партыі маюцца ў усіх краёх і сярод усіх народаў. Ёсьць яна і ў нас, беларусаў. Завецца яна: БЕЛАРУСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЯ ГРАМАДА. Як і яе сёстры – партыі іншых народаў, – Беларуская Сацыялістычная ГРАМАДА маець сваей мэтай сацыялізм, але розьніцца ад другіх тым, што яна лучыць у сабе такіх беларусаў-сацыялістаў, якія маюць пракананьне, што дарога да сацыялізму бліжэй і вярней, калі яе пралажыць праз нацыянальнае самаапрадзяленьне ўсіх народаў, а знача і беларускага ў асобку33. Ідэі сацыялізму, калі іх зьясьняць на родным языку кожнага народу – бліжэй да яго лучацца, ясьней паказваюцца; грамата і прасьвячэньне народу на родным языку скарэй і паўней прывіваецца. Бо кожны народ маець асобную душу, асобае ўразуменьне згодна свае душы, акружваючага яго. Мы, беларусы, у ліку 9 м<ільёнаў> ёсьць таксама народ асобны, маючы свой язык, свой уклад жыцьця. Вось мы, беларускія сацыялісты, і мусім ісьці да ўсялюдзкога братэрства праз свой народ. Наагул жа мы стаімо і борамся за правы людзкія разам з усіма, баронім і замацовываем самую шырэйшую свабоду ўва ўсім жыцьці і маем мэтай – сацыялізм. Праграма наша гэтакая: №341. Канфіскацыя зямель казённых, удзельных, манастырскіх, царкоўных і памешчычых і аддача іх працавітаму народу на фундамэнце сацыялізацыі. Перадача зямлі народу ідзець праз Краёвую Беларускую РАДУ, выбраную на фундамэнце простага, роўнага, тайнага, агульнага і прапарцыянальнага ізьбірацельнага права35. № 2. Зямлі даецца кожнаму столькі, колькі ён можа абрабіць яе сваімі рукамі. Ля павелічэньня ўраджаю, ля паляпшэньня гаспадаркі даецца гасударствам помач грашыма і сьвядомымі ў гаспадарсьцьве людзьмі; таксама адкрываецца шырокая пазычка грошы народнымі банкамі. № 3. Забясьпечаньне хворых, калек і ўсіх немагушчых працаваць на гасударсцьвенны кошт. № 4. Дарэмная доктарская помач усім. № 5. Самае шырокае падтрыманьне і патураньне свабодным супалкам: пазычковым, перакупным, гандлярным, хаўрусным банкам; поўнае права ля сялянскіх і гарадзкіх супалак абкладаць налогам уласнасьць багачоў, каб яна ля іх рабілася некарыснай і пераходзіла ў рукі працавітых. № 6. Аддача ў распараджэньне жыхароў вады, сьвету, дарог і інш. № 7. Васьмігадзінны рабочы дзень на хвабрыках і ў меньнях. № 8. Найменшы заработак, прызнаны законам (мінімальная заработная плата). № 9. Здаровыя варункі працы: чыстыя сухія хаты і ўсе будыніны; забарона працы дзяцям да ўстаноўленага ўзросту; а жанкам у некаторых хвабрыках, дзе варункі шкодзяць здароўю, недазвол працаваць зусім, у другіх жа даваць пабыўку бяз працы некулькі часу да радзін і посьля радзін. Кожнатыднёвы спачынак. Нагляд за работаю фабрычнай інспэкцыі, выбранай самімі работнікамі. № 10. Свабода і непакаранасьць забастовак, а таксама плата за час забастоўкі. № 11. Установа гасударсьцьвеннага падаходнага налогу на даходы і насьледзтва. Адмена косьвеннага налогу, бач таго, што бярэцца з тавараў; адмена пошлін-налогу на тыя тавары, што ідуць з-за граніцы. Гэта ў так званых эканамічных пытаньнях. Палітычныя пытаньні Бел. Сац. Грамады вось якія: № 12. Свабода слова, друку, сходак, супалак; недатычнасьць лічнасьці і яе дому. № 13. Агульнае ізьбірацельнае права на фундамэнце тайнага, роўнага, простага і агульнага галасаваньня на асновах прапарцыянальнага прадстаўніцтва. Устаноўчае Сабраньне36. № 14. Адлучэньне цэркві ад гасударства. № 15. Права выбарнасьці чыноўнікаў і начальства; адказнасьць іх перад ізьбірацелямі і падсуднасьць пры віне ды зьмена. № 16. Дарэмнасьць суду для ўсіх. № 17. Дарэмнае, агульнае прымусовае абучэньне. У нацыянальных пытаньнях ГРАМАДА стаіць. Лічучы за Беларусь вось які абшар: губ. Мінскую, Вітэбскую, і Магілёўскую цаліком, Віленскую і Гродзенскую чуць не цаліком37; Чарнігаўскай – Навазыбкаўскі і Старадубскі паветы; Смаленскай – Парэчанскі; Пскоўскай – Вялікалуцкі; Ковенскай – Новааляксандраўскі; Сувалкскай – Аўгустоўскі і Курляндзкай – Ілуцкі (ля поўнага апрадзяленьня граніц павінна быць выбрана асобная камісія з суседзямі), патрабуе: № 1. Аўтаноміі Беларусі з Краёвай Абласной Радай, выбары ў якую мусяць быць прапарцыянальныя; агульная з Расеяй манэта і міністэрства ўнешніх спраў; такі ж спосаб арганізацыі абароны ў хаўрусе і еднасьці з усей Расеяй. Перадача законаў, датычных Беларусі, Устаноўчым Сабраньнем – Краёвай Радзе38. № 3. Краёвая Рада павінна ўвясьці: абучэньне на родным языку ў пачаткавых школах; вышэйшыя школы і гімназіі для падгатоўкі ўчыцялёў на родным беларускім языку; родны язык у судох і другіх краёвых устаноўчых мяйсцох і г. д. Адным словам, Беларуская Сацыялістычная ГРАМАДА лічыць карысным усе тыя спосабы барацьбы, якія вядуць к перадачы працавітай бядноце усіх срэдств, вядучых да цывілізацыі, да прагрэсу (поступу), да ўсялюдзкога шчасьця на зямлі самымі карацейшымі пуцінамі. Дык вось, таварышы, браты і грамадзяне беларусы, якая плятформа Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Пэўна – яна можа быць прынята ўсім працавітым сялянствам і работнікамі39, бо яна хоча ля іх усяго болей шчасьця. Дык прылучайцеся ўсе да яе. Чымсь больш вас злучыцца, тым вялікшая будзе наша сіла і тым скарэй мы даб’емся таго, чаго хочам. Дык крычэм усім: ПРАЦАВІТАЯ БЯДНОТА ЎСІХ КРАЁЎ – ЗЛУЧАЙСЯ.
№ 6
ПРАТАКОЛ III ЗЬЕЗДУ БЕЛАРУСКАЙ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ГРАМАДЫЗьезд адкрыўся 14 кастрычніка 1917 года ў Мінску ў «Беларускай хатцы» (Захараўскі зав., 6). На зьезьдзе былі прадстаўнікі ад гэткіх арганізацый Грамады: Масква – Яз. Дыла; Петраград – Варонка Яз., Зьм. Жылуновіч, Б. Тарашкевіч; Слуцк – Р. Астроўскі; Мінск – А. Прушынскі (Алесь Гарун), Смоліч, П. Бадунова, Л. Сівіцкая; Гэльсінгфорс – Муха; ХII армія – Мамонька, Дадон; Барысаў – Шыцёнак; N дывізія – Мікалайчук; Бабруйск – Шантыр, Талчынская і Крычко; Бакшты – Бычкоўскі і Чэрнік; Нарвская арганіз. (Петраград) – Чарвякоў; Х армія – Рак-Міхайлоўскі; Мінская дружына – В. Адамовіч; N этапн. батальён – Платон і інш. Апроч таго, з дарадчым голасам былі сябры: Бандарчык, Шыла, Дварчанін, Ласко, В. Лявіцкая, Данілевіч i Галавач. Зьезд пачаўся ў 6 гадз. вечара прамоваю прадстаўніка арганізацыйнага камітэту па скліканьню зьезду. Пасьля былі выбары прэзыдыуму. За старшыню выбралі Язэпа Дылу – аднагалосна, яго намесьнікамі – Мамоньку і Жылуновіча, пісарамі – Талчынскую і Смоліча. Працу сваю зьезд пачаў з разгляду партыйнага статуту. Зроблены былі некаторыя зьмены, глаўным чынам рэдакцыйнага характару ў праекце паправак і дадаткаў да статуту, распрацаваным Маскоўскім Камiтэтам. На першым сходзе прынята палавіна статуту, §§ 1–11. На другі дзень зьезд, часова спыніўшы разгляд статуту, пачаў разглядаць праект паправак да партыйнае праграмы. Прыняўшы за аснову праект паправак, распрацаваны Петраградзкай канфэрэнцыяй БСГ 4–6 чэрвеня 1917 г., зьезд зрабіў зьмены ў прадмове і ў §§ 1, 2, 3, 4, 6, 7, 8 і 12. Разгледзіўшы справу сябра Шантыра, абгаворанага адным зь сяброў БСГ, зьезд прызнаў, што ён нічога супольнага з гэтым абгаворам ня мае. На трэці дзень – 16 кастрычніка разглядалі агульную праграму. Пасьля доўгіх дэбатаў прыняты былі асноўныя прынцыпы рашэньня зямельнай справы: 1) Уся зямля – усяму народу. 2) Зямельнаю справаю загадуе Краёвая Рада. 3) Надзяленьня не вышэй працоўнай і не ніжэй харчоўнай нормы. Далейшае распрацаваньне даручана рэдакцыйнай камісіі з тт. Варонкі, Смоліча, Тарашкевіча, Шантыра і Дылы. На сходзе 17 кастрычніка была разгледжана справа с. Шантыра, выключанага 16/Х за неўшанаваньне сходу Цэнтральнай Рады Беларускіх Арганізацый з Грамадзкай фракцыі Рады. Разгледзіўшы прысланы с. Шантырам з гэтага поваду ліст на імя зьезду, у якім ён сумысьля абражае ІІІ партыйны БСГ, зьезд пастанавіў – выключыць Шантыра з ліку сяброў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. З прычыны вайсковага беларускага зьезду Заходняга фронту праца III партыйнага зьезду спынілася на тыдзень. У гэтым часе працавалі толькі рэдакцыйная камісія і прэзыдыюм зьезду, якія і падгатавалі ўвесь патрэбны матар’ял да пленуму. Апошні сход III партыйнага зьезду адбыўся 25 кастрычніка і цягнуўся цэльны дзень. Па дакладу рэдакцыйнае камісіі былi прыняты папраўкі ў §§ 12, 13, 20, 22, 23 і 27 агульнай часткі партыйнай праграмы, нанова рэдагаваны §§ 14, 27 гэтай часткі і § 2 з нацыянальнае праграмы; пасьля прынята ўся зьмененая праграма ў цэласьці – аднагалосна. Разгледзіўшы справу партыйнага дэвізу, пастаноўлена зьмяніць яго гэтак: «Працоўная бедната ўсіх народаў, злучайся!» Пасьля таго былі разгледжаны апошнія §§ статуту партыі і ўрэшце ён увесь прыняты аднагалосна. Дзеля ўсіх гэтых зьменаў мусіла пераіначыцца і нумарацыя §§ праграмы і статуту. Устанавіць новую нумарацыю §§, а таксама зрэдагаваць і выдаць праграму і статут пастаноўлена даручыць Цэнтр. Камітэту партыі. Разгледзіўшы справу аднашэньня БСГ да нацыяналізацыі войска, прынялі гэткую пастанову: III партыйны зьезд БСГ вітае ўтварэньне беларускай народнай арміі і жадае, каб яна сталася рэвалюцыйнаю гвардыяй працоўнага народу беларускага i памагла яму дабіцца яго нацыянальных і сацыяльных мэтаў. Заслухаўшы адчот прадстаўніка часовага Цэнтр. Камітэту Грамады Яз. Варонкі аб чыннасьці ЦК, зьезд пастанавіў: лічыць выбары празь Петраградзкую канфэрэнцыю БСГ 4–6 чэрвеня 1917 году «Часовага Цэнтральнага Камітэту БСГ» зробленымі дзеля вымогаў партыйнай працы і палітычнага мамэнту, а чыннасьць яго ўхваліў. Усе пытаньні сучаснага мамэнту зьезд пастанавіў перадаць на кампэтэнцыю выбранага зьездам ЦК. Таксама на кампэтэнцыю ЦК здана апошняя рэдакцыя партыйных праграмы і статуту. У канцы выбраны Цэнтр. К-т Бел. Сац. Гр. у ліку 12 сяброў: Прушынскі Алесь (Ал. Гарун), В. Адамовіч, П. Бадунова, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Смоліч, I. Мамонька, Муха, Яз. Дыла, Зьм. Жылуновіч, Яз. Варонка, Б. Тарашкевіч і Мік. Шыла, а кандыдатамі да іх: Яўх. Ласко, Лузгін, Бандарчык, Пятроўскі, Петрашкевіч і Турук. У 8 гадз. веч. 25 кастрычніка III партыйны зьезд БСГ закрыўся, споўніўшы сваю працу.
Старшыня зьезду Яз. Дыла. Пісар А. Смоліч.
№ 7
Працоўная бедната ўсіх народаў, злучайся!
ПРАГРАМА БЕЛАРУСКАЙ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ГРАМАДЫ (прынятая партыйным Зьездам 14–25 кастрычніка 1917 году ў Мінску)
Беларуская Сацыялістычная Грамада задаецца справай увядзеньня сацыялістычнага парадку цераз разьвіцьцё клясавай барацьбы і сацыяльную рэвалюцыю. Тым часам Беларуская Сацыялістычная Грамада дамагаецца вось якіх рэформаў:
(ПРАГРАМА-МІНІМУМ)§ 1. Вольнасьць слова, друку, сходак, грамадаў і хаўрусаў, незачэпнасьць асобы, дому, перапіскі, вольны выбар прафэсіі; вольнасьць сумленьня. § 2. Роўнае права ўсіх грамадзян, як мужчын, так і жанок, не зважаючы на кляс, нацыю і веру. § 3. Агульнае, простае, роўнае, патаемнае і прапарцыянальнае выбарчае права для кожнага даросшага 18 гадоў грамадзяніна, мужчын і жанок, пры выбарах у заканадаўчыя ўстановы і ў органы мяйсцовага самаўпраўленьня. § 4. Беспасярэдняе ўчасьце самога народу ў выдаваньні законаў: права заканадаўчай ініцыятывы і ўжываньне рэфэрэндуму для рашэньня найбольш важных справаў. § 5. Установа ў Расеі Дэмакратычнай Фэдэратыўнай Рэспублікі. § 6. Аўтаномія тэрытарыяльная і пэрсанальная для ўсіх нацый; аўтаномія асобных краёў і грамадаў, вызначаных эканамічнымі і бытавымі варункамі. § 7. Установа міжнароднага суду, каб разьбіраў спрэчкі між гасударствамі. § 8. Адмена ваеннай службы і ўстанова заместа войска ўсенароднай міліцыі з тэрытарыяльна-нацыянальнаю сыстэмаю ваеннай службы і набору. § 9. Агульнае, абавязковае і дармовае навучаньне ўсіх дзяцей ува ўсіх школах; аплата іхняга пражыцьця, пакуль яны знаходзяцца ў школе. § 10. Выбарнасьць чыноўнікаў мяйсцовымі жыхарамі; атветнасьць іх перад судом і зьмена, калі таго патрабуе народ. § 11. Выбарнасьць судзьдзяў; дармовы суд і адвакацкая абарона; плата тым, каго бязьвінна асудзяць; зьніштажэньне кары сьмерцю ўва ўсіх судох. § 12. Аддзяленьне цэрквы ад гасударства; сьвецкая навука ў школах, аб’яўленьне веры прыватнай справай кожнага чалавека.
§ 13. Неадкладная забарона куплі і прадажы зямлі. § 14. Уся зямля пераходзіць бяз выкупу ў уладанне ўсяго народу. § 15. Уся зямля надзяляецца ў карыстаньне толькі тым гарадзянам, якія ўласнаручна на ёй працуюць; разьмер надзяленьня – не вышэй за працоўную норму і не ніжэй за харчовую. § 16. Асобны падатак на найбольш прыбытковую (ураджайную, падгароднюю і г. д.) зямлю такога разьмеру, каб падраўнаваць аплату працы на беднай і багатай зямлі (канфіскацыя зямельнай рэнты). § 17. Усей зямельнай справы на Беларусі павінна даглядаць Беларуская Краёвая Рада, выбраная ўсім народам праз агульнае, роўнае, простае, патаемнае і прапарцыянальнае галасаваньне. Рада заведуе сама кавалкамі, патрэбнымі для перасяленьня, а рэшту атабранай зямлі перадае ў распараджэньне мяйсцовых органаў самаўпраўленьня. § 18. Пераход бяз выкупу ўсіх лясоў, рэк, азёраў і капальняў у ўсенароднае ўладаньне на распараджэньне Краёвай Рады. § 19. Дапамога арганізацыі і разьвіцьцю вытворчай (производительной) каапэрацыі; пашырэньне ідэі сацыялізацыі ўсяго вытвору праз школу і зашкольную прасьвету. § 20. Шырокае падтрыманьне і пашырэньне хаўрусных (каапэратыўных) арганізацый, хаўрусных крамаў, крэдытовых таварыстваў і г. д. § 21. Рабочы дзень – 8-мігадзіновы, і меншы на тых прадпрыемствах, дзе гэта неабходна; штотыднёвы адпачынак ня менш як 42 гадзіны, пэўны мінімум заработнай платы. § 22. Поўная забарона звышурочнай працы; забарона начной працы (з 9 гадз. вечара да 6 гадз. раніцы), акрамя тых выпадкаў, калі на такую працу дадуць згоду рабочыя. § 23. Забарона дзяцінай працы да 16-гадовага веку. Найбольшы рабочы дзень – 6 гадзінаў для работнікаў ад 16 да 18 гадоў. § 24. Забарона жаночай працы ў тых заводах, дзе праца шкодна для жанкі. Асвабаджэньне ад працы ў працягу 4-х месяцаў перад радзінамі і 6 тыдняў пасьля радзінаў з захаваньнем заработку за гэты час і бясплатнай дакторскай дапамогай. Отпускі ў часе працы сколькі будзе патрэбна каб карміць дзіця. § 25. Вольнасьць і бяскарнасьць забастовак; захаваньне заработнай платы за ўвесь час забастоўкі; заводзкі альбо прамысловы суд, якога выбіраюць работнікі. § 26. Выбарная інспэкцыя дзеля нагляду за фабрыкамі і заводамі. Выбарная дакторская камісія дзеля нагляду за тым, каб работнікі жылі і працавалі ў здаровых хатах і майстэрнях. § 27. Залажэньне біржаў працы і перадача іх у рукі работнікаў. § 28. Устанаўленьне крымінальнай адказнасьці капіталістаў за парушэньне законаў па ахове працы. § 29. Шырокая дапамога таварыствам і хаўрусам, што працуюць на карысьць працоўнага народу. § 30. Гасударственнае забесьпячэньне для асобаў, няздольных да працы; гасударственнае страхаваньне ад безрабоцьця, няшчасных здарэньняў і прафэсійных хваробаў. § 31. Завядзеньне паступовага падатку на даходы і спадчыну. Адмена няпростых падаткаў на тавары, апроч падатку на рэчы дзеля роскашы.
Дзеля таго, што сацыяльныя і палітычныя рэформы могуць удацца і ўмацавацца толькі пры радыкальным падняцьці культурнага ўраўня народных масаў, Беларуская Сацыялістычная Грамада лічыць патрэбным: § 32. Шырокае разьвіцьцё Беларускай народнай культуры як ядынай дарогі да разьвіцьця грамадзкасьці і агульнага падняцьця культуры масаў. § 33. Заканадаўчае прызнаньне права беларускай мовы на разьвіцьцё і выкарыстаньне ў школе, судзе, адміністрацыйных і грамадзкіх установах Беларусі. § 34. Шырокае самаўпраўленьне (аўтаномія) Беларусі з заканадаўчым органам Краёвай Радаю, выбранай на аснове агульнага, роўнага, простага, патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права, для мяйсцовага заканадаўства, распрацаваньня і разьвіцьця законаў, выданых Расейскім Парлямэнтам. § 35. Каб не было мытных граніцаў паміж Беларусяй і іншымі часткамі Расейскай Фэдэрацыі. § 36. Поўныя палітычныя і эканамічныя правы для ўсіх нацый, жывучых на Беларускай зямлі.
№ 8 <АДОЗВА ЦЭНТРАЛЬНАГА АРГАНІЗАЦЫЙНАГА КАМІТЭТУ БЕЛАРУСКАЙ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ГРАМАДЫ Ў БАБРУЙСКУ І ВЫКАНАЎЧАГА КАМІТЭТУ БАБРУЙСКАЙ РАДЫ САЛДАЦКІХ ДЭПУТАТАЎ>Таварышы сяляне, працаўнікі і салдаты беларусы. Ад самых пачаткаў руху беларускага рэвалюцыйна-нацыянальнага адраджэньня і да нашых дзён нашы паны (буржуазея), апіраючыся на сваіх прыслужнікаў з дэмакратычнага лагеру, стараюцца захапіць гэты рух у свае рукі і, даўлеючы на нацыянальнае чуцьцё дэмакратыі, хочуць спыніць у нашым краі яе клясавую барацьбу. У палітыцы быўшых Нацыянальнага Камітэту, Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый і цяперашняй Вялікай Беларускай Рады, гдзе ўслужлівая частка дэмакратыі, самазванна прыкрываючыся імянем Беларускай Сацыялістычнай Грамады, ідзе ў згодзе з панамі, – стала вядзецца праца к заглушэньню на Беларусі клясавай барацьбы дэмакратыі як чыста сацыялістычнай, для чаго гэтыя арганізацыі стараліся трымаць прабуджаўшыяся да нацыянальнай сьвядомасьці масы на дарозе шавінізму і крыклівага патрыятызму. Таварышы, мэты сацыялістычнай дэмакратыі і буржуазеі ня могуць іці адным шляхам. Для сацыялістычнай дэмакратыі барацьба за ідэал сацыялізму ўсё, а для буржуазеі яна сьмертны вораг. Спыніць жа клясавую барацьбу дэмакратыі – гэта значыць: ня даць хлебаробам зямлі, працаўнікам – абарону іх эканамічных інтарэсаў, салдатам – абарону іх грамадзкіх і карпарацыйных праў. Для нас, Беларускай рэвалюцыйнай дэмакратыі, нацыянальнае адраджэньне цесна зьвязана з клясаваю барацьбою. Дух нашай нацыі, Беларуская народнасьць і культура, праз доўгія вякі зьдзеку над гаротным народам, былі захованы толькі ў шэрых працаўнічых масах. Наша буржуазея ў прошлым адраклася ад усяго гэтага і прылучылася часьцю да польскай, а часьцю да расейскай культур. Беларуская рэвалюцыйная дэмакратыя, стаўшы раз на шлях адраджэньня сваей нацыянальнасьці, беручыся за асвабаджэньне свайго чалавечага імені і сваей народнасьці – душы народу, без каторых яна як народ жыць ня можа, разам павінна бароцца і за сацыяльную праўду. А ў гэтым усім нам з панамі і іх прыслужнікамі не па дарозе. Браты, ніякага хаўрусу з буржуазеяю. Мы толькі самі зможам каваць сваю долю, свае шчасьце. Не, не вялікія рады маюць кіраваць прабуджаным гаротным беларускім народам, а ён сам сабою, праз свае Рады салдацкіх, сялянскіх і рабочых дэпутатаў. Стаючы на абароне інтарэсаў беларускіх дэмакратычных мас, Цэнтральны арганізацыйны камітэт БСГ у Бабруйску заве вас, таварышы, да хутчэйшай працы сазыва на Беларусі зьезду прадстаўнікоў салдацкіх, сялянскіх і рабочых дэпутатаў, каторы адзін толькі можа быць правамочным. Помніце, таварышы, што толькі Рады салдацкіх, сялянскіх і рабочых дэпутатаў змогуць затрымаць за народам зямлю і абараніць заваяваньні рэвалюцыі.
Цэнтральны арганізацыйны камітэт Беларускай Сац. Грамады ў Бабруйску.
Выканаўчы камітэт Бабруйскай Рады Салдацкіх Дэпутатаў.
№ 9 Працавітая бедната ўсіх краёў, злучайся!АСНОВЫ ПРАГРАМЫ БЕЛАРУСКАЙ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ГРАМАДЫ Згодне з партыйнай праграмай, прынятай у 1905 г. другім зьездам БСГ, і пастановамі пазьнейшых зьездаў і канфэрэнцый40 аснаўныя пункты праграмы Беларускай Сацыялістычнай Грамады ёсьць гэткія: Беларуская Сацыялістычная Грамада ў барацьбе з капіталам, ідучы поруч з рабочымі масамі ўсяго сьвету, мае на мэце дайсьці такога ладу, пры каторым фабрыкі, заводы, варштаты, усялякая прылада да работы і зямля станавілі б меньне ўсяго працоўнага народу. Арганізуючы дзеля гэтай мэты работнікаў і сялян, Беларуская Сацыялістычная Грамада стаўляе сабе гэткія задачы:
A41. У работніцкай справе:
|
16 Мусіла б быць выяўленьне. 17 Гаворка пра Петраградзкую партыйную канфэрэнцыю БСГ 4–6.06. 1917 г. 18 Мусіла б быць дбаючы. 19 ІІ зьезд БСГ адбыўся ў канцы 1905 г. у Менску. 20 Гаворка аб праекце праграмы БСГ, зацьверджаным Петраградзкай партыйнай канфэрэнцыяй 4–6.06.1917 г. Праектам аргкамітэту можна лічыць тэкст, складзены А. Бурбісам (гл. ніжэй). 21 Мусіла быць прыйшлі. 22 Гэтае слова ўпісанае замест выкасаванага поля. 23 Словы слабейшых і мацнейшых упісаныя. 24 Гэтае слова ўпісанае. 25 Словы а потым упісаныя замест выкасаванага «ды». 26 У сучаснай мове «маё». 27 У сучаснай мове «ўсё». 28 Гэтае слова ўпісанае. 29 У машынапісе – «сацыялізмы». 30 Далей на машынцы выкасаваны сказ: «Згуртаваў гэту партыю вялікі вучоны». 31 Гэтае слова ўпісанае. 32 Маецца на ўвазе Вялікая француская рэвалюцыя. 33 Словы а знача і беларускага ў асобку ўпісаныя. 34 Гэты знак, мабыць, замяняе знак параграфа. 35 У машынапісе гэты сказ узяты ў квадратныя дужкі. Відавочна, меркавалася, што ён будзе асобным параграфам. 36 Гэты сказ упісаны. 37 Гэтае слова ўпісанае замест выкасаванага «ўсе». 38 Гэты сказ упісаны. 39 Коска тут упісаная замест кропкі. 40 Слова «зьездаў» тут лішняе; што ж тычыцца канфэрэнцыяў, дык яны праводзіліся ў 1906 і 1907 гг.; ня выключана, што канфэрэнцыі ладзіліся таксама падчас штогадовых купальскіх сустрэчаў актыву БСГ у Вільні ў пэрыяд рэакцыі і, асабліва, новага рэвалюцыйнага ўздыму.
|
Кіруючыся да сваей аканчацельнай мэты: пераходу ўсіх фабрык, заводаў, варштатаў і прылады да працы з рук капіталу да народу, БСГ дабіваецца ўжо цяпер такіх варункаў працы, каторыя далі бы магчымасьць рабочым масам арганізавацца, жыць поўным культурным жыцьцём і бараніцца ад духовага і фізычнага заняпаду. Дзеля гэтага БСГ стаўляе ў сваей праграме гэткія дамаганьня на сягоньняшні дзень:
1) 8-гадзінны рабочы дзень; 2) агранічэньне працы нялетніх і забарона працы дзяцей; 3) устанаўленьне мінімальнай заработнай платы; роўная плата для мужчын і кабет пры роўнай рабоце; 4) поўная свабода рабочых арганізацый і забастовак; абавязковыя для абедзьвюх старон пасрэдніцкія суды між работнікамі і фабрыкантамі; 5) забясьпечаньне работнікаў на прыпадак утраты здольнасьці да працы, хваробы, старасьці і безрабоцьця; 6) агульная і прафэсіянальная навука работніцкіх дзяцей на кошт гасударства.
B. У зямельнай справе: Уважаючы, што зямля і ўсялякае захованае ў ей багацьце павінна станавіць меньне ўсяго народу, БСГ жадае: 1) зь вялізарных абшараў казённых, духоўных, дворных і іншых зямель павінен быць утворан нацыянальны зямельны фундуш, распарадак каторым прыналежыць да краёвага Сэйму, выбранага ўсім народам агульнай, роўнай, беспасрэднай і прапарцыянальнай падачай галасоў; 2) Краёвы Сэйм пастанаўляе, у якім парадку павінен адбывацца пераход усіх зямель на ўласнасьць народу; 3) права на зямлю мае кожын, хто сам яе вырабляе; у першы чарод здаволіваюцца безьзямельныя і малазямельныя хлебаробы; 4) пры новым зямельным устройстве Краёвы Сэйм кіруецца да найвышэйшай вытворчасьці сельскай гаспадаркі (арганізацыя рацыянальных фэрм, камасацыя42, асушка, ірыгацыя і т. д.)43 і культурнага падняцьця хлебаробаў; 5) лясы, воды і ўкрытае ў зямлі прыроднае багацьце (руда, мінэралы і т. д.) становяць агульную ўласнасьць народу і падлягаюць распарадку Краёвага Сэйму.
C. У справе палітычнага ладу: Уважаючы, 1) што толькі незалежны гасударствены быт у постаці дэмакратычнай рэспублікі можа найлепей забясьпечыць правядзеньне ў жыцьцё памянёных дамаганьняў і 2) што Беларусь з эканамічна-гаспадарчага і праўна-дзяржаўнага пагляду становіць адзін суцэльны арганізм зь Літвой, і што пры сучасным палажэньні толькі захаваньне гэтай еднасьці Беларуска-Літоўскіх зямель дае магчымасьць найбольш поўнага разьвіцьця творчых сіл насялючых іх народаў, Беларуская Сацыялістычная Грамада жадае незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі і Літвы ў пастаці дэмакратычнай рэспублікі, абнімаючы ўсе Беларускія і ўсе Літоўскія землі – незалежне ад разьдзелу іх ваенным фронтам. Каб правясьці новы лад, павінен быць склікан у Вільні Ўстаноўчы Сэйм Беларусі і Літвы, зложаны з дэпутатаў усіх нацыянальнасьцей, выбраных агульнай, роўнай, тайнай, беспасрэднай і прапарцыянальнай падачай галасоў. Гасударствены лад у будучай Беларуска-Літоўскай незалежнай дэмакратычнай рэспубліцы павінен быць збудован на гэткіх асновах: 1) аддача ўсей уласьці ў рукі народу; 2) унутранае разгранічэньне аўтаномных Беларускай і Літоўскай зямель паводлуг матчынай мовы жыхароў; 3) роўныя правы для ўсіх нацыянальнасьцей краю; нацыянальная аўтаномія для нацыянальных меншасьцей; 4) прызнаньне ўрадовых правоў за ўсемі мясцовымі мовамі; забясьпечаньне школьнай навукі ў матчынай мове вучняў.
Віленскі Камітэт Беларускай Сацыялістычнай Грамады.
Вільня, у верасьні 1917 г.
№ 10 <РЭЗАЛЮЦЫЯ МІТЫНГУ САЦЫЯЛІСТЫЧНЫХ І ДЭМАКРАТЫЧНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ 16 ВЕРАСЬНЯ 1917 г.>Сабраўшыеся на мітынгу 16 верасьня ў салі Работніцкага Клюбу прадстаўнікі сацыялістычных і дэмакратычных кругоў літоўскай, беларускай, польскай і жыдоўскай нацыянальнасьцей прынялі гэткую рэзалюцыю аб будучыні Літвы: Сабраўшыеся кіруюцца глыбокім пераконаньнем, што толькі дайшоўшы палітычнай самабытнасьці Літвы і збудаваўшы яе ўнутранае жыцьцё на асновах праўдзівага дэмакратызму, можна падняць наш Край з упадку і забясьпечыць яму найлепшыя варункі дзеля разьвіцьця яго творчых сіл, падняцьця дабрабыту і поўнага здаволеньня культурна-нацыянальных патрэб усіх пражываючых у Літве нацыянальнасьцей: літоўскай, беларускай, польскай і жыдоўскай. Сабраўшыеся пераконаны, што сучасная вайна пры сваім канцы забясьпечыць Літве права свабодна пастанавіць самой аб сваей долі згодне агульнага кліча дэмакрацыі Эўропы. Урэшце, сабраўшыеся станоўча заяўляюць, што разьвязаць пытаньне аб будучыні Літвы, аб яе ўнутраных парадках, яе адносінах да суседніх дзяржаў і асновах супольнага бытаваньня з сумежнымі краямі правамочан толькі ўстаноўчы сэйм Літвы44, выбраны свабодна ўсім45 насяленьнем Літоўска-Беларускіх зямель46 бяз розьніцы нацыі, веры і полу агульнай, роўнай, тайнай, простай і прапарцыянальнай падачай галасоў. Сабраўшыеся горача пратэстуюць проці кожнай спробы захвату вярхоўных правоў прадстаўніцтва Краю – яго ўстаноўчага сэйму, скуль бы яна ні выходзіла.
№ 11 <ПРЫВІТАНЬНЕ З НАГОДЫ 20-Х УГОДКАЎ АРГАНІЗАВАНАГА ЖЫДОЎСКАГА РАБОТНІЦКАГА РУХУ>Вільня, 2 кастрычніка 1917 г.
Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Работніцкая Група і Віленская Група Беларускай Сацыялістычнай Грамады шлюць свой шчыры прывет і горача вітаюць Таварышоў-Жыдоў з прычыны дваццацілецьця арганізаванага жыдоўскага работніцкага руху, каторы палажыў нялічаныя ахвяры ў барацьбе з капіталам за спаўненьне работніцкіх ідэалаў. Работнікі беларусы высказываюць сваю цьвёрдую веру, што ў дружным змаганьні за правы працоўнага народу ў нашым Краю Жыдоўскі і Беларускі пралетарыят будзе заўсёды ісьці разам у імя агульнага пралетарыяцкага кліча «Працавітая бедната ўсіх краёў, злучайся!»
Падрыхтоўка да друку і камэнтары Анатоля Сідарэвіча
|
41 У машынапісе гэты разьдзел пазначаны лічбаю І. 42 Камасацыя (польск. komasacja) – ліквідацыя цераспалосіцы празь зьвядзеньне ўсіх частак сялянскага надзелу ў адзін участак з пазьнейшым выхадам сялянскага двара на хутар або ў малы пасёлак. 43 У машынапісе дужкі тут няма. 44 Гэтае слова ўпісанае алоўкам. 45 Гэтыя два словы ўпісаныя алоўкам. 46 Словы Літоўска-Беларускіх зямель упісаныя замест выкасаваных усіх разарваных вайной часьцей Літвы.
АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ гісторык, даўны аўтар «ARCHE». Укладальнік кнігі «Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху» (Менск, 2003). Падрыхтаваў да друку чарговыя два томы твораў Антона Луцкевіча. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (44) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |