A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (44) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ВІТАЛЬ ЗАЙКА | ||||
Беларуская разьяднанасьць і таталітарызм-light
Хто беларускі пэсыміст? – Той, хто думае, што горш ужо няма куды.
Чаму мы дагэтуль ня выйшлі шчыльнымі радамі, не занялі свой пачэсны пасад між народамі, ня сталі людзьмі звацца? Не адну беларускую галаву і ўдзень, і ўначы турбуюць гэтыя пытаньні, якія маюць падставы зрабіцца клясычнымі, кшталту знакамітых расейскіх пра «кто» і «что».
Становішча ў сёньняшняй Рэспубліцы Беларусі ў грамадзка-палітычнай дзялянцы ня можа не выклікаць аналёгіяў з савецкім часам, тым больш што кіраўніцтва раз-пораз нагадвае масам пра сваю пераемнасьць з савецкім ладам. Той, савецкі таталітарызм сёньня, праз 15 гадоў, зьмяніў лёгкі таталітарызм, таталітарызм-light. З апазыцыйнымі партыямі, незалежнымі (хай і прыціснутымі) газэтамі, з альтэрнатыўнымі кандыдатамі на прэзыдэнцтва. Спосаб і мэтады кіраваньня, эканамічная практыка і вонкавапалітычныя прыярытэты рэжыму Лукашэнкі таксама паказваюць на савецкую спадчыну. Гэтая спадчына, якую так удала напоўніцу скарыстаў і працягвае скарыстоўваць рэжым, недастаткова вывучаная і прааналізаваная, нягледзячы на блізкае знаёмства зь ёю бальшыні насельніцтва краіны, а можа, і дзякуючы гэтаму знаёмству. Аналёгія ні ў якім разе ня можа быць тоеснасьцю. Часы і людзі, безумоўна, памяняліся. Але ключ да разуменьня становішча, і праз гэта – да пошуку новых ідэяў і канцэптаў, ляжыць, так бы мовіць, у «савецкім сэйфе». Прыгадаем, чым была савецкая сыстэма, прынамсі, у найбольш знаёмай інкарнацыі «эпохі застою». Гэта быў кшталт галавы швайцарскага сыру, зробленага з таталітарызму, але ў якім кожны індывід меў сваю дзюрачку зь нейкай ступеньню свабоды, абмежаванай савецкім рэжымам, якую трошкі маглі пашырыць індывідуальныя здольнасьці чалавека. За выняткам крайніх выпадкаў фанатычных камуністаў пераважная большасьць грамадзтва жыла ў культуры, адрознай ад афіцыйнай савецкай. Але гэта была ня контракультура, як у Польшчы часоў надзвычайнага стану, а паралельная культура, што займала нішы ўсярэдзіне вялізнага корпусу савецкай цывілізацыі. Людзі пад саветамі адчувалі іррэлевантнасьць «пабудовы камуністычнага грамадзтва», «удасканаленьня матэрыяльна-тэхнічнай базы», «эканомнай эканомікі» ды іншых абстрактных формулаў камуністычнай ідэалёгіі ў дачыненьні да свайго штодзённага жыцьця, якое ішло сваім парадкам, адрозна ад дырэктываў ідэалягічных тэарэтыкаў. Падвышэньне ўзроўню жыцьця, пачынаючы з 1960-х гадоў, дало пэўную прастору (свае кватэры, лецішчы) і час (адзін, а потым два гарантаваныя выходныя плюс адпачынак), на якія ўзьдзеяньне афіцыйнай прапаганды й савецкага ідэалягічнага апарату было даволі абмежаваным. Утварылася пэўная «часапрастора» свабоды, якой яшчэ было далёка да свабодаў вольнага сьвету, але якая аддаліла грамадзтва ад наскрозь таталітарных часоў камуналак і даносчыцтва. Людзі маглі весьці цалкам нармальнае жыцьцё, рабіць кар’еру, гадаваць дзяцей, захоўваючы пэўную дыстанцыю ад афіцыйнай ідэалёгіі. Сёньняшняя беларуская сытуацыя адметная тым, што агульная тэндэнцыя рэжыму Лукашэнкі да ўзмацненьня кантролю над грамадзтвам, стварэньне грамадзкага настрою абложанай фартэцыі ёсьць працэсам, адваротным працэсу аслабленьня ідэалягічных цугляў у эпоху «позьняга сацыялізму». Дванаццаць гадоў улады Лукашэнкі паказалі, што навядзеньне пажаданага для рэжыму «парадку» ў межах параўнальна невялікай тэрыторыі мажліва нават без эксцэсаў сталінскіх часоў. Дастаткова стварыць паўсюдную кантрактную сыстэму і прыняць пару-тройку ўказаў – і глядзіш, «да Вас пацягнуцца людзі». У апошнія гады існаваньня рэжыму вялікая частка грамадзтва пачала адчуваць, што Лукашэнка – усур’ёз і надоўга, і што трэба неяк будаваць жыцьцё, рабіць выгляд, што ў нас усё нармальна, і нават лепш, чым у суседзяў. Пра суседзяў, дарэчы. Дзесяцігодзьдзе, і нават болей ледзь не штодзённых паведамленьняў пра катаклізмы, войны й нястачы на ўсход ад Крычава і афіцыйныя прапагандысцкія заявы пра беспрацоўе й галечу на захад і на поўнач ад Сапоцкіна стварылі ілюзію заможнага й бясьпечнага жыцьця ў Беларусі. На гэтую ілюзію сярэднестатыстычны грамадзянін Беларусі гатовы абмяняць і свабоду, і свае чалавечыя правы. Дагэтуль Лукашэнка датрымліваў негалоснае пагадненьне позьняга савецкага часу, што ўлада ня лезе ў справы грамадзяніна, а грамадзянін не прэтэндуе на справаздачнасьць улады перад ім. Але ў шэрагу апошніх ініцыятываў улада, здаецца, перакрочыла рысу пагадненьня. Гэты сярэднестатыстычны грамадзянін разумее, што як мінімум частка афіцыйнай ідэалёгіі рэжыму, «інтэграцыйнае танга» і «пацалункі за энэрганосьбіты» – рэч няшчырая і фальшывая. І, хутчэй за ўсё, ня вечная. Але ўзмоцнены кантроль рэжыму над грамадзтвам, зьнішчэньне незалежных СМІ і маргіналізацыя палітычнай апазыцыі змушаюць грамадзяніна думаць перш за ўсё пра ўласны лёс, а не пра лёс бацькаўшчыны. Энтузіязм і спадзяваньні больш «сумятлівых» і менш таталітарных 1990-х гадоў замяніла ў ХХІ стагодзьдзі прыстасаванства і страх. Сярод некаторых колішніх непрыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі адбылася пэўная «зьмена вехаў», згортваньне палітычнай актыўнасьці. Асноўная ж частка насельніцтва працягвае займацца тым, чым і дагэтуль займалася ўсё жыцьцё – адаптацыяй. Кожны ратуецца паасобку, сям’я застаецца асноўнай крыніцай сілаў і ўзаемадапамогі. Што ж перашкаджае салідарнасьці, што разьядноўвае? Існуе мноства плоскасьцяў, на якіх ёсьць апазыцыі паводле прыкметы стаўленьня да пэўных веравызнаньняў, беларусізацыі, палякаў, Захаду, Расеі, камунізму, СССР і г. д. Успрыняцьце носьбітаў адрозных думак хоць і залежыць ад асабістых рысаў канкрэтнай асобы, тым ня менш, у пэўным сэнсе палярызуе грамадзка актыўную частку насельніцтва Беларусі адносна двух ідэалягічных полюсаў – незалежніцкага, праэўрапейскага, і постсавецкага, прарасейскага. Да пэўнай ступені разьяднальную ролю выконвае сацыяльнае паходжаньне грамадзянаў Беларусі, водападзел між горадам і вёскай і ўзаемнае непрыняцьце, часам падсьвядомае, паміж некаторымі прадстаўнікамі адпаведных групаў. Ня зьнік да канца і стары падзел на «ўсходнікаў» і «заходнікаў». Часам ураджэнцы ўсходніх абласьцей больш схільныя давяраць «землякам», чымся ўраджэнцам заходніх абласьцей, і наадварот, хоць гэта тычыцца пераважна асобаў сярэдняга і старэйшага веку. Усе пералічаныя тут рэчы, безумоўна, шырока вядомыя, але я не прыгадваю талковай працы – сацыялягічнай, антрапалягічнай ці нейкай іншай, якая была б прысьвечаная аналізу і ўзаемаадносінам разнастайных групаў у межах беларускага грамадзтва. Разам з тым, разнастайнасьць не цікавіць і сёньняшнюю ўладу, для якой, нягледзячы на прынагодныя заявы пра Беларусь як «радзіму ста нацыянальнасьцяў», больш выгадна паказваць народ як маналіт, што нязьменна галасуе за «ўсенароднага прэзыдэнта». Адзіным новым ці, прынамсі, мадыфікаваным падзелам у параўнаньні з папярэднімі часамі ёсьць падзел на палітычна пасіўную і палітычна актыўную часткі грамадзтва. Палітычна актыўная частка ў савецкі час вызначалася адзінкавымі дысыдэнтамі й колькасна большай групай габрэяў-«адмоўнікаў», з аднаго боку, а з другога – пераважна партыйнымі публіцыстамі й ідэолягамі. Да апошніх варта адносіць ня ўсіх «ідэолягаў», а хіба партыйных бюракратаў кшталту Івана Антановіча і літаратараў Эдуарда Скобелева і Ўладзімера Бегуна, што выходзілі за межы агульнапрынятай кампартыйна-ідэалягічнай рутыны ў змаганьні з «нацыяналізмам і сіянізмам» і ўкладалі ў гэтае змаганьне, што называецца, усю душу. Сёньня палітычна актыўная частка грамадзтва значна вырасла ў параўнаньні з савецкім часам, і адбылося гэта пераважна за кошт асобаў, што падзяляюць эўрапейскія й нацыянальныя каштоўнасьці. Нават цяпер, у пэрыяд спаду палітычнай актыўнасьці, параўнальна з 1990-мі гадамі, на актывістаў апазыцыі насельніцтва не глядзіць як на вар’ятаў, як было з дысыдэнтамі ў савецкія гады. Тым ня менш, у апошні час заўважаецца пэўны рост актыўнасьці сярод беларускіх грамадзянаў менавіта ў падтрымку рэжыму Лукашэнкі й ягоных антыэўрапейскіх, антыбеларускіх «каштоўнасьцяў». Як канкрэтны прыклад можна прывесьці блогерства ў «Жывых дзёньніках» (Live Journal). За апошні год там павялічылася колькасьць беларускіх блогераў, якія выказваюць захапленьне Лукашэнкам і становішчам у Беларусі. Невядома, наколькі арганічная гэтая тэндэнцыя, але яна, безумоўна, да пэўнай ступені адлюстроўвае імкненьне асобаў адаптавацца да існай сыстэмы. І тут варта зноў вярнуцца да савецкіх аналёгіяў. Адаптацыя яшчэ ня значыць поўнай падтрымкі. Прапагандысцкія накруткі рэжыму сёньня спрацоўваюць, бо дзякуючы, скажам, праблемам грузінскай энэргетыкі або нестабільнасьці палітычнага жыцьця ўва Ўкраіне няцяжка наскубсьці адмоўных карцінак пра «дэмакратызаваных» суседзяў – газ з Расеі застаецца параўнальна танным, а Лукашэнка з сваімі харызматычнымі рысамі стаіць на галаву вышэй за ўсіх лідэраў постсавецкай, а можа, і постсацыялістычнай прасторы. Дык вось, Савецкі Саюз ляснуў, як толькі былі крыху аслабленыя ланцугі, і з-за фасаду савецкага ладу вылезла жахлівая праўда пра пабудову гэтага ладу. Савецкае грамадзтва ўжо пры канцы 1970-х і на пачатку 1980-х гадоў не ўспрымала сацыялістычных каштоўнасьцяў за «намінальны кошт», і было гатовае да краху СССР, пачынаючы нават не зь перабудовы, а значна раней – з «адлігі» і анэкдотаў, як гэта выдатна паказаў у сваёй нядаўнай кнізе антраполяг Аляксей Юрчак¹. Тое ж з поўным правам можна сказаць і пра сёньняшнюю Беларусь. Няшмат знойдзецца людзей – нават у лягеры прыхільнікаў Лукашэнкі, – якія за намінальны кошт прымаюць ягоную «дзяржыдэалёгію». І цалкам магчыма, што новыя факты, скажам, пра зьніклых або пра банкаўскія рахункі, выклічуць актыўнае супрацьдзеяньне рэжыму з боку былых прыхільнікаў. Хоць гэтага нельга выключыць цалкам, але беларускі таталітарызм-light дзеля шэрагу прычынаў мае зашмат перашкодаў на сваім шляху, каб пераўтварыцца ў «нармальны» таталітарызм сталінскага альбо мааісцкага кшталту. Але ня гэта ўсё ж ёсьць мэтай маіх развагаў. Турбуе мяне вось якая рэч: калі Лукашэнка сыдзе з палітычнага поля, ці будуць сёньняшнія палітычныя партыі й палітычныя дзеячы ў стане пераняць справы, запоўніць вакуўм пасьля гэтай моцнай і значнай (у адмоўным сэнсе) фігуры? Ці здолеюць яны пераканаць народ у слушнасьці дэмакратычнага і нацыянальнага выбару для краю, ці ня народзяць іхныя памылкі чараду палітыкаў і партыяў, ахвочых «продолжать дело Лукашенко»? У прынцыпе, разнастайнасьць поглядаў ня лічыцца ў сусьветным дэмакратычным грамадзтве нейкай заганай ці недахопам нацыі, этнічнай групы. Аднак брак салідарнасьці, адсутнасьць кампрамісаў у крытычныя для жыцьця супольнасьці моманты паказвае на сур’ёзныя праблемы, якія сапраўды ёсьць непажаданай для нацыянальных інтарэсаў краіны зьявай. Калі за нацыянальныя інтарэсы Беларусі ўважаць пабудову дэмакратычнага грамадзтва, захаваньне і разьвіцьцё нацыянальнай культуры і рынкавыя эканамічныя адносіны, дык недалучэньне часткі апазыцыйных дэмакратычных сілаў да сваіх калегаў па дэмакратычным лягеры можна лічыць выступам супраць гэтых інтарэсаў. Гэты крок і брак волі да кампрамісаў – сцэнар і наступных прэзыдэнцкіх выбараў – нават калі яны будуць цалкам свабодныя. «Зайздрасьць – першая беларуская хвароба», – казаў некалі мой дзед. Я спадзяюся, вельмі спадзяюся, што зьяўленьне другога апазыцыйнага кандыдата было выклікана заўважанымі памылкамі ў тактыцы калегаў па апазыцыі, сваёй «узважанай пазыцыяй у найважнейшых пытаньнях жыцьця краіны», упэўненасьцю ў сваёй перамозе і г. д.². Спадзяюся на гэта, але не выключаю, з свайго нью-ёрскага «далёка», што вінаватая тут і першая наша хвароба. Між тым, усім беларусам, усім жыхарам Беларусі можна пераадолець і гэтую, і ўсе іншыя хваробы. Бо пры ўсёй шматлікасьці й разнастайнасьці таго, што нас падзяляе, усё ж мацнейшае тое, што нас лучыць. Гэта супольная наша зямля, супольны гістарычны лёс, і галоўнае – супольная будучыня. Будучыня. Як ні патэтычна гэта гучыць.
Нью-Ёрк |
дасьледнік беларуска-жыдоўскіх дачыненьняў. Супрацоўнік нью-ёрскага «Цэнтру габрэйскай гісторыі». ¹ Yurchak, Alexei. Everything was forever, until it was no more: the last Soviet generation. – Princeton, NJ: Princeton University Press, 2006.
² Сайт Казуліна. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (44) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |