A R C H E П а ч а т а к № 5 (45) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


5-2006
" да Зьместу "

 



поствыбары • крытыка • эсэістыка • аналітыка • палеміка • літаратура

 


крытыка

  ПАВАЛ АБРАМОВІЧ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны здымак Андрэя Лянкевіча. Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Абрамовіч
Пра вырадкаў і людзей


Глёбус, Адам. сУчаснікі. – Менск: Логвінаў, 2006. – 142 с.

«Мае самыя любімыя літаратурныя творы, – пісаў у «Словах пігмэя» Акутагава, – гэта тыя, у якіх адчуваецца, што аўтар – чалавек. Чалавек – з мозгам, сэрцам і сапраўднымі пачуцьцямі…»

Да пісьменьніка Адама Глёбуса можна ставіцца па-рознаму, аднак бясспрэчна адно: за ягонымі творамі, калі карыстацца яснымі ўзважанымі крытэрамі, прапанаванымі Акутагава, бачыцца чалавек. І гэта асабліва тычыцца кнігі «сУчасьнікі», адным з пэрсанажаў якой зьяўляецца сам аўтар. Ненапышлівыя словы «...перапэцканым у цыбулю нажом рэжу сваю правую нагу, каб кроў, каб праз боль спыніцца, і не парэзаць чужога» (навэля «Ядзя і мячык») прамоўлены чалавекам, які здольны спыніць зло, што сыходзіць ад яго самога. Непрыдуманае пачуцьцё, яркі мастацкі вобраз.

НЕМАГЧЫМАСЬЦЬ АДНОСІНАЎ ПАМІЖ ПІСЬМЕНЬНІКАМ І КРЫТЫКАМ

Калі Глёбус толькі-толькі пачаў друкаваць «сУчасьнікаў» у «Нашай Ніве», а было тое восемь-дзевяць гадоў таму, мне падалося, што гэтыя навэлі малавартасныя, і яны адцягваюць увагу Глёбуса, графіка-манумэнталіста па адукацыі, ад галоўнага: стварэньня раману пра сучасную Беларусь (такую місію я «навязаў» гэтаму пісьменьніку). Ня дзіва, што калі Глёбус пачаў з 2002 году выкладаць у Інтэрнэце «сУчасьнікаў», я абрынуўся на яго зь яшчэ большай крытыкай. Я няспынна агітаваў яго пісаць раман, пакінуўшы гэтае паскудзтва (маю на ўвазе «сУчасьнікаў»), іншым разам, сonfiteor, выходзячы за межы прыстойных паводзінаў, парушаючы прафэсійную этыку, але ў выніку заслужыў падзяку ад самога пісьменьніка: на сайце litara.net Глёбус згадвае маё прозьвішча ў ліку тых, хто дапамагаў яму будаваць «Дом».

Я пачаў успрымаць «сУчасьнікаў» як паўнавартасны мастацкі твор толькі пасьля таго, як у адным з эўрапейскіх раманаў прачытаў наступнае: «...адносіны паміж людзьмі (у сучасным грамадзтве. – П. А.) паступова робяцца немагчымымі, што вельмі спрыяе памяншэньню колькасьці гісторыяў і здарэньняў, якія ў суме складаюць чыёсьці жыцьцё... Жанр раману не прыстасаваны для таго, каб апісваць раўнадушша альбо пустэчу; трэба было вынайсьці нейкую іншую мадэль, больш роўную, больш ляканічную, больш маркотную» (Мішэль Уэльбэк. «Пашырэньне прасторы барацьбы»). Такім чынам, пакуль я заклінаў і заклікаў, у эўрапейскім рамане паглыбляўся крызіс. Першымі гэта заўважылі самі пісьменьнікі. Жыцьцё зноў аказалася складанейшым за літаратуру. Ці пачаў я пасьля гэтага пакрысе пагаджацца з тым, што Глёбус знайшоў адпаведную форму(лу) для свайго новага тэксту («больш ляканічную, больш маркотную», калі казаць словамі француза Ўэльбэка)? Магчыма.

О, ледзь не забыўся: Глёбус зрабіў мяне пэрсанажам «сУчасьнікаў» – выйшаў цудоўны вобраз блазнаватага крытыка-самавука. А што яшчэ застаецца рабіць у час, калі адносіны паміж пісьменьнікам і крытыкам паступова робяцца немагчымымі?

АЎТАР, КНІГА, ЧЫТАЧЫ: ХТО КАГО АДУЖАЕ?

Глёбус лічыць, што «сУчасьнікі» – гэта ня нон-фікшн, а менавіта мастацкі тэкст. «Таму, – кажа пісьменьнік, – пэўныя факты я наўмысна скажаю дзеля мастацкага вобразу. Часам трансфармую прозьвішчы герояў» (Народная воля. 2005. № 184). Як вядома, у слова «скажэньне» два значэньні. Пісьменьнік абраў адно, чытачы, якія сталі прататыпамі герояў кнігі, – другое. Вось і маем «этымалягічны канфлікт»: Глёбус упэўнены, што ў сваёй кнізе ён радыкальным чынам перапрацаваў, зьмяніў факты, а чытачы – што ў «сУчасьніках» інфармацыя пададзена лжыва, няправільна¹.

  крытык літаратуры. Рэгулярна друкуецца ў «ARCHE».
   
Сапраўды, успрыняцьце пісьменьнікам уласнай кнігі, з аднаго боку, і стаўленьне да ягонага твору чытачоў – з другога, амаль заўсёды не супадаюць. Да таго ж, як сьведчыць гісторыя сусьветнай літаратуры, пісьменьнік можа колькі заўгодна дэкляраваць нешта наконт сваёй кнігі, але насамрэч ня мець улады над ёю – гэта можа яскрава выявіцца яшчэ ў часе працы над творам.

Аднак сёньня я ўжо ня схільны лічыць, што Глёбус, быццам альхімік, правёў няўдалы вопыт, і ў выніку атрымаў зусім не паслухмянага Галема, а стогаловую істоту, якая мае ўласную душу, няхай і перакрыўленую, скажоную, і якая сыпле праклёнамі на адрас свайго творцы. Уся справа ў інтэрпрэтацыях, прапанаваных чытачамі і крытыкамі. Глёбус жа ставіў перад сабою канкрэтныя задачы. Па-першае, ён імкнуўся «паказаць шэрасьць, абыякавасьць і нудоцтва» (Народная воля. 2005. № 184). Гэтыя словы многае вытлумачаюць, і шкада, што перакананьне, быццам трапіць у «сУчасьнікі» – тое модна, тое cool, якое я ніколі не падзяляў, да гэтага часу папулярнае ў калялітаратурных беларускіх колах.

Па-другое, да ліку галоўных мастацкіх праблемаў, якія Глёбус вырашаў у гэтай кнізе, можна аднесьці праблему крыўды і абразы, а таксама «гульні з крыўдаю». Ім прысьвечана «геапаэтычнае эсэ» «Крыўда», і тое, што яно зьмешчана ў «сУчасьніках» у якасьці аўтарскай прадмовы, зусім не выпадкова. «Пакрыўдзіць азначае паказаць крывое, намаляваць адхіленьне ад нормы, навесьці крытыку ў карыкатурнай форме і застацца пры ўсім пры тым праўдзівым», – аб гэтых словах Глёбуса трэба памятаць, калі чытаеш «сУчасьнікаў».

…У 1799 годзе «Дыярыё дэ Мадрыд» даў мудры камэнтар да сэрыі афортаў «Капрычас» Францішка Гоі, спрабуючы тым самым хоць часткова абараніць мастака і ягоную творчасьць ад нападак гледачоў і крытыкаў. «Няма патрэбы папярэджваць публіку, якая не зусім недасьведчаная ў мастацтве, – тлумачыла выданьне, – што ў ніводнай кампазыцыі гэтай сэрыі мастак ня меў на мэце высьмеяць недахопы нейкай канкрэтнай асобы. Сапраўды, таленту было б занадта цесна ў рамках гэткай задачы...»

Сёньня Глёбусу прад’яўляюць тыя ж абвінавачваньні, што і Гоі калісьці. Многім цяжка паверыць, быццам у «сУчасьніках» Глёбус ня зводзіў рахункаў з сваімі ворагамі ў жыцьці і літаратуры, што ў кнізе ён вырашаў найперш мастацкія задачы, а таксама ўлічваў густы сваіх «ідэальных чытачоў» (выраз Умбэрта Эка)². Аднак памятайма: пісьменьніка можна крытыкаваць зыходзячы толькі з тых крытэраў, якія ён сфармуляваў сам. «Кнігу перачытваюць, газэту – праглядаюць», – калісьці сказаў Глёбус.

Калі вы возьмецеся перачытваць «сУчасьнікаў», значыцца, гэта мастацкі твор.

«ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА»

Нягледзячы на тое, што кніга «сУчасьнікі» мае наклад 500 асобнікаў, яна выбухнула ў беларускай літаратурнай прасторы быццам бомба – у многім дзякуючы радыкальнаму абнаўленьню Глёбусам свайго «ваеннага арсэналу», то бок мастацкага мэтаду. Дамавікі-агенты, якія перасьледавалі беларусаў і падпільноўвалі іх ўсюды, дзе толькі можна, былі звольнены, бо пісьменьнік вырашыў паназіраць-пасачыць за паспалітымі людцамі самастойна. Глёбусу ўдалося – цяпер яму вядомы ўсе словы, учынкі, звычкі, правіны іншых людзей. «Хіба ж гэта людзі? – пярэчыць Глёбус. – Ведзьмакі лысагорскія гэта, а ня людзі, сУчасьнікі, адным словам»³. Трапная характарыстыка, аднак у кнізе дзеюць ня толькі сУчасьнікі, якія ўвасабляюць пошласьць, мяшчанства і выродзтва, але й тыя, хто могуць па праву «людзьмі звацца». Іх аўтар вывеў пад уласнымі прозьвішчамі і «зьмясьціў» у асобнай главе «Настаўнікі».

Трапіць у «сУчасьнікі» лёгка. Крыўдаваць можна бясконца. А вось перастаць ілгаць самім сабе і іншым, зрабіцца шчырым і адказным, навучыцца саромецца і сьмяяцца, дараваць і кахаць – тое навука. Кніга Глёбуса і пра гэта таксама. Пра пошукі самога сябе і свайго месца ў жыцьці. «Варта шукаць дастойныя заняткі і прысьвячаць ім сваё жыцьцё», – упэўнены ён (навэля «Вера Маркава і заняткі»).

  ¹ Асабліва не спадабалася чытачам, што ў прозьвішчах Глёбусавых «сУчасьнікаў» лёгка «прачытваюцца» прозьвішчы прататыпаў – пісьменьнік зьмяніў толькі адну-дзьве літары. Ці ж гэта мастацкая трансфармацыя? Давайце паглядзім на праблему зь іншага боку: у беларускай публіцыстыцы і літаратурна-мастацкай крытыцы яшчэ з савецкіх часоў укаранілася благая звычка не называць аніякіх прозьвішчаў наагул – толькі Н. і М. дый канструкцыі накшталт «адзін чалавек неяк мне сказаў». Да прыкладу, артыкул Людмілы Рублеўскай «Вышыні ніхто не скасоўваў» (Советская Белоруссия. 2005. № 212) густа «перасыпаны» выразамі «довелось услышать грустную фразу от коллеги-литератора…», «один известный критик как-то честно мне признался…», «не так давно в Москве маститые критики разных жанров собирались на конференцию…», «как завершил свою статью один российский критик…» і інш. Вось такая тыпізацыя з боку журналістаў і крытыкаў. Што тычыцца беларускай літаратуры, то яна заўсёды была больш, чым літаратура. І таму я на баку Глёбуса – ён зрабіў усё правільна і прафэсійна.

² Апошніх Глёбус ахарактарызаваў так у часе он-лайнавай канфэрэнцыі на радыё «Свабода», якая адбылася 6 ліпеня 2005 году: «Мае беларускія чытачы любяць крыўду, асабліва любяць назіраць, калі нехта некага крыўдзіць. Назіраюць і сьмехам душацца, гады. Для такіх чытачоў я і выдаю кнігу «сУчасьнікі».

³ Постынг ад 05.10.2003, 16:08.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (45) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/07/14