A R C H E П а ч а т а к № 5 (45) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


5-2006
" да Зьместу "

 



поствыбары • крытыка • эсэістыка • аналітыка • палеміка • літаратура

 


эсэістыка

  АНДРЭЙ БАРАНАЎ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны здымак Андрэя Лянкевіча. Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Андрэй Баранаў
3 дні, 3,5 ночы і 10 сутак, альбо Як я стаў аптымістам


Усім тым, хто падтрымліваў мяне падчас сакавіцкіх падзей.
Мама і тата, Генадзь, Танечка, Аліна, Цукер, Хімік, Марына, Вадзім,
Аляксей, Максім, Наташа – гэты тэкст для вас.

«Яны паверылі, што могуць перамагчы, і перамаглі
Тацыт

Найбольш у жыцці мне шанцавала з 20 па 24 сакавіка 2006 года. На працы былі выхадныя, і я мог спакойна дняваць і начаваць на Плошчы. Каб стаць самым перакананым аптымістам у Беларусі.

ПРАЛОГ. 20.03, КАЛЯ 20:40,
КАСТРЫЧНІЦКАЯ ПЛОШЧА
(ЦЯПЕР ПЛОШЧА ІМЯ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА)

«Сёння нашы актывісты паставілі першыя чатыры намёты. Мы будзем стаяць усю ноч. Людзі, я прашу вас – не пакідайце моладзі!» – сарваным голасам крычаў у мікрафон Вячаслаў Сіўчык.

З процілеглага боку праспекта глядзелі праз бінокль «камандас». У мяне былі планы на выхадныя. Хацелася адпачыць. Я паслухаў, паглядзеў і вырашыў ехаць дахаты…

…Каб вярнуцца праз дзве гадзіны з цёплымі рэчамі і ежай.

I. На Плошчы

ПЕРШАЯ НОЧ, 20.03–21.03

Палаткі паставілі злева ад выхаду са станцыі метро «Кастрычніцкая». Моладзь абкружыла іх жывым ланцугом (далей – «перыметр», ачапленне, вонкавае кола аховы). Сталі ў тры рады. Частка людзей заставалася на прыступках Белсаўпрафа. Шмат хто бадзяўся туды-сюды, бо стаяць было халодна. І трошкі страшна.

Былі гітары, людзі грэліся спевамі. Аснова рэпертуару – «N.R.M.» і Цой. Музыку праз калонкі адключылі.

Ужо праз дзве гадзіны прынеслі першы тэрмас з гарачай гарбатай. І бутэрброды. Маладая сямейная пара, па-мойму з імі нават было дзіця. За ноч такіх перадач было яшчэ з дзесятак.

Амаль адразу пачаліся правакацыі. Усчалася бойка каля выхаду з метро. Унутры мястэчка быў нехта з мегафонам, ён усіх супакойваў. Ну і часам заводзіў, каб не змерзлі.

На хаду з’яўляліся лозунгі і крычалкі. Зноў жа каб сагрэцца. На трактары са снегаачышчальнікамі народ загудзеў: «Трактары з народам!» Ці проста так: «Разам мы сіла, з намі Радзіма».

Мілінкевіч з Казуліным то з’яўляліся, то знікалі. Па чарзе. Ахоўнікаў Казуліна часта прымалі за гэбістаў – праз скураныя курткі, рацыі і голеныя патыліцы. У Мілінкевіча яўнай аховы відаць не было. Толькі жонка.

Казулін схадзіў у разведку. Выведаў, што за Палацам Рэспублікі стаяць аўтобусы са спецназам. Чакаюць каманды. Дзякуй, супакоіў.

Моладзь ставіла пытанні да кандыдатаў рубам. «Мы тут стаім, мерзнем. А вы што будзеце рабіць?» Казулін адказваў, што ўжо гатова рэзалюцыя аб канстытуцыйным перавароце ў Беларусі. Што будзем патрабаваць паўторных выбараў. Ці пераліку галасоў. У размовах з моладдзю часта ўжываў «Понимаете…». Цытаваў радкі з Аркадзя Гайдара – «Нам бы день простоять да ночь продержаться». Трымаўся упэўнена, часам аж занадта.

Пасля пайшла чутка, што а чацвертай гадзіне пачнецца «псіхалагічная атака». Прыйдзе спецназ, будзе грукаць дубінкамі і нас пужаць. Спецназ у тую ноч так і не прыйшоў.

Міліцыя трымала дыстанцыю. Хапалі з-за рога, на падыходах да Плошчы, калі людзі ішлі ў туалет ці неслі ежу. І тады, і ў наступныя дні тэрыторыя ўнутры гарадка была, бадай, самай бяспечнай на кіламетр вакол.

Пад раніцу, каб сагрэцца, рабілі «сінхронныя прысяданкі». Усім перыметрам. Тупалі нагамі ў рытм фразы: «We will rock you». Бегалі вакол перыметра са сцягамі. Мацней трымаліся лакцямі. Крычалі мала, проста ціха размаўлялі…

ПЕРШАЯ РАНІЦА, 21.03

«Вітаю, вольная нацыя!» – раніцай а 6-й гадзіне пракрычаў у мікрафон Мілінкевіч.

Уключылі гімн «Магутны Божа» ў выкананні Кругловай.

Нехта трапна заўважыў, што надпіс «Подзвігу народу жыць у вяках» на музэі ВАВ цяпер набудзе новае значэнне.

«Ведаеш, раніцай 21-га, калі гучаў «Магутны Божа», я ўпершыню адчуў патрыятызм», – прызнаваўся мне пазней знаёмы А. Р.

ДЗЕНЬ, 21.03

Той жа раніцай кіраўніцтва Белсаўпрафа папрасіла зняць калонкі з прыступак. Гук перанеслі да выхаду з «Кастрычніцкай», разам з пультам і дынама-машынай.

Пад’ехала машына хуткай дапамогі. Пад’ехала і стала. Магчыма, то была спроба запалохвання, пра такую ўлоўку я недзе чытаў. Тлумачыў сваім «калегам» гэты трук.

Кожны аўтобус сустракалі апладысментамі. Прысядалі, каб былі відаць палаткі. Запрашалі далучацца.

Пачалі тэлефанаваць сябрам і знаёмым. Класна было казаць у слухаўку: «Мы пратрымаліся ноч. Прыходзьце». Рэакцыя была амаль аднолькавай: «Ні фіга сабе! Ну вы малайцы!»

Вадзіцелі штохвілінна падтрымлівалі нас сігналамі. Побач дзяжурыў дэпээснік, які іх пасля спыняў.

З раніцы людзі панеслі гарбату і ежу. Мой знаёмы, Хімік, прынёс гарачую кашу. Адзін намёт адвялі пад цёплыя рэчы. Паклалі абрус на брук. Не ставала лыжак і шклянак. Увогуле, спачатку бракавала ўсяго. Акрамя энтузіязму.

Ды-джэя, які быў 20-га ўвечары, арыштавалі. Адзін хлопец узяўся яго падмяніць. Спачатку зусім ніяк, але праз некалькі гадзін «увайшоў у ролю» і надалей працаваў вельмі прафесійна. Размаўляў простай і зразумелай беларускай мовай, часам трапна жартаваў, падтрымліваў парадак – малайчына!

Кожны, хто хацеў нешта рабіць, знаходзіў працу на свой густ. Адны стаялі ў перыметры і кантактавалі з людзьмі. Другія малявалі расцяжкі. Трэція арганізоўвалі харчаванне. Чацвёртыя прымалі перадачы. І гэтак далей.

Маёй працай былі стасункі з людзьмі (усё ж прадавец па прафесіі). Дапамагаў людзям, што стаялі ў перыметры. Уявіце: дзяўчына-падлетак з расцяжкай, не надта ўпэўненая ў сабе, да таго ж стомленая. Да яе падлятае пенсіянер-сталініст і пачынае «гнабіць». Я падыходзіў, перацягваў ягоную увагу на сябе і ветліва адпраўляў дахаты. Такая вось «праца з цяжкімі кліентамі». Прымаў перадачы, тлумачыў людзям сітуацыю, падымаў настрой паплечнікам. Карацей, рабіў тое, што ўмеў лепш за ўсё.

Рэпер-хрысціянін вельмі добра спяваў песню: «Где Ты, Бог мой, в которого я верю?». Пасля ён прапанаваў усім разам падняць далонь і памаліцца. Хоць і не веру ў Бога, а ўсё ж далонь падняў. Цяпер разумею, чаму ў цяжкія часы людзі звяртаюцца да нябёсаў.

Мужчына падышоў да перыметра, сказаў мне: «Ведаеце, я вас выдатна разумею і падтрымліваю. Але ў вас занадта эмацыйная лозунгі. Трэба больш канкрэтна – «Закон. Парадак. Парламент». Сказаў і пайшоў. Хто яго ведае, мабыць, у чымсьці яго праўда?

Перад пачаткам мітынгу зайшоў адпачыць у палатку. «Божа мой, яшчэ ж пазаўчора ты быў звычайным маладым кар’ерыстам. Сумняваўся, ці варта наогул прыходзіць на Плошчу. Вырашаў нейкія свае дробныя праблемы. Вагаўся, разважаў, нешта выдумваў, пралічваў. Цяпер ляжыш у палатцы на галоўнай плошчы горада, апрануты ў чужы кажух – падарунак ад народу. Праз люк намёта відаць, як годна лунаюць нацыянальныя сцягі. Засвяціўся на ўсіх камерах. Што будзе далей – невядома. Хоць ясна, што ўсё будзе добра».

…За апошнія пяць гадоў я ніколі не пачуваўся больш спакойна, упэўнена і рашуча, чым у тыя дні на Плошчы.

ВЕЧАР, 21.03

Мітынг 21-га пачаўся з дыпламатаў, якія так і не захацелі прамаўляць. Ясная рэч, былі Мілінкевіч з Казуліным. Выступленні чаргаваліся з «музычнымі паўзамі».

І тады, і надалей агульнаму настрою больш за ўсё пасаваў рок-н-рольны драйв. У асноўным круцілі беларускі рок. Лідэрамі «хіт-параду» былі «N.R.M.». Дыск «Песні свабоды» мы ведалі амаль на памяць. У тэму гучалі «Queen» (асабліва «Show Must Go On»), «Океан Ельзи», «Кино», «Воплі Відоплясова».

Казулін паведаміў пра хуткі разгон, заклікаў да «юношеской мудрости» і прапанаваў пакінуць лагер, каб прыйсці усім на мітынг 25-га. Яго «паслалі» ўсёй Плошчай. Невядомая дзяўчына выхапіла мікрафон. Сказала, «Вы, спадар Казулін, усю мінулую ноч нас пужалі». Плошча загула: «За-ста-ём-ся!» – і пытанне было вырашана. Казуліна я больш не бачыў.

Тады ж вырашылі мітынг 25-га перанесці на 12 гадзін замест 18:30.

Уразіў зварот да малодзі ад Ніла Гілевіча.

Па Плошчы хадзіла легенда пра дзяўчыну, якая паверыла бэтэшнай казачцы пра 20 тысяч рублёў, прыйшла па іх і «загрымела» на суткі. Ці праўда гэта – не ведаю.

Студэнты БДУІР перадавалі прывітанне намесніку дэкана Будніку, які «хадзіў па аўдыторыях і пагражаў, каб нікога не было на Плошчы».

Слава Сіўчык сказаў у мікрафон, што да нас едуць войскі. Зноў папрасіў людзей заставацца у гарадку. Навіна не выклікала панікі. Народ вакол гарадка працягваў стаяць. Калі па праспекце праязджала цяжкая машына, нехта пажартаваў: «Не пужайцеся, гэта не войскі, гэта ў рэзідэнцыю вязуць валідол».

Людзі ўсё неслі і неслі перадачы. Пад футрамі, у кішэнях, у дыпламатах. Ніколі ў жыцці не еў столькі шакаладу, колькі там, стоячы ў перыметры.

Мужчына, супрацоўнік Гідраметцэнтра, перадаў мне таемна запіску. У ёй сцвярджалася, што сакавіцкія маразы прагназаваліся даўно і сталі адным з чыннікаў пераносу выбараў.

Слава Сіўчык з Уладзімірам Арловым прапанавалі надаць Кастрычніцкай плошчы імя Кастуся Каліноўскага. Плошча падтрымала прапанову, і на наступны дзень з’явіўся адпаведны, па-мастацку зроблены транспарант з партрэтам нацыянальнага героя.

Двое здаровых бізнесменаў у добрых дублёнках запыталі без хітрыкаў: «Што вам трэба набыць? Грошы – не праблема».

Хлопцы і дзяўчаты казалі: «Прабачце, што не можам быць з вамі. Вы малайцы, стойце далей, калі ласка!»

Людзі падыходзілі да гарадка і глядзелі квадратнымі вачыма. Колькі б там ні гаварылі пра колер беларускай рэвалюцыі, у рэальнасць яе мала хто верыў. Ведаю па сабе. «Няўжо такое магчыма ў нас?» – чыталася ў вачах.

НОЧ, 21.03–22.03

На ноч засталося пад 300 чалавек. Музыку, у адрозненне ад першай ночы, пакінулі. У нейкі момант мястэчка стала падобным да дыскатэкі. Тады дзяўчына-ды-джэйка заклікала ўсіх мужчынаў стаць у перыметр.

Увечары зрабілі «вароты» (у выглядзе двух дужых хлопцаў). Праз іх пускалі людзей у гарадок. Праходзіць маглі толькі тыя, хто збіраўся застацца на ноч. Праз перыметр пускалі толькі тых, каго ведалі асабіста ці за каго мог паручыцца нехта з гарадка.

Прыйшлі «энэрэмшчыкі» ў поўным складзе, але без інструментаў. Праспявалі «a capella» пару хітоў і прыпеў новай песні:

Хай варожыць гадзючнік варожы,Усё роўна мы пераможам!Усё роўна мы пераможам,Бо іначай быць проста не можа.

Андрэй Хадановіч таксама трымаўся малайцом. Спяваў вясёлыя песні пад гітару.

Паспрабаваў паспаць у намёце. Паварочаўся дзве гадзіны, плюнуў і пайшоў зноў на перыметр. Усё адно цяплей.

Адліваў у легендарны люк. Не вельмі зручна, але ў цэлым – гігіенічна.

Мілінкевіч правёў ноч разам з жонкай на Плошчы. Хадзіў, размаўляў з моладдзю. Я з ім таксама парукаўся, як у ачапленні стаяў.

Ноччу нехта паставіў свечкі вакол перыметра. Выглядала надзвычай прыгожа.

Група з 12 чалавек спрабавала выйсці здабыць вады, іх ледзь не павязалі. Вызваляць іх пайшлі яшчэ 30 чалавек і журналісты. Вызвалілі.

Правакатараў у другую ноч было няшмат. У параўнанні з наступнымі.

Здымачная група БТ шукала найлепшы ракурс, каб «забіць» нас сваёй інфармацыйнай зброяй. Ад іншых журналістаў іх можна было адрозніць па камерах без лагатыпаў. Ды што там, нават па тварах.

Міліцыянераў навідавоку было 3–4 чалавекі, і мы ім былі патрэбныя не больш, чым яны нам.

ДЗЕНЬ–ВЕЧАР, 22.03

Раніцай пайшоў адпачыць. Як прыехаў, даведаўся, што наш люк ужо заварылі. БТ апавядала казкі, як мы залілі станцыю метро «Кастрычніцкая», таму там не спыняюцца цягнікі. Што адчынены люк-сарцір на Плошчы мог спрычыніцца да экалагічнай катастрофы. Цырк на дроце.

Раніцай, калі бракавала людзей, паэт Андрэй Хадановіч разам з усімі стаяў у перыметры, і не ён адзін. На Плошчы не было месца «элітарнасці».

Гадзін у 16 мне патэлефанаваў знаёмы падлетак. Сказаў, што ў яго ёсць дакладная інфармацыя і яе трэба ўсім расказаць. На Кірава стаяць дзесяць аўтобусаў са спецназам. Будзе зачыстка. Я сказаў, каб ён не падымаў панікі. На наступны дзень пытаюся: «Ну і дзе твае аўтобусы?»

Прайшла чутка, што нейкія бабулькі дабаўляюць у гарбату пурген. Паколькі люк быў завараны, з туалетам былі праблемы. Таму мы на поўным сур’ёзе прасілі іх спачатку пакаштаваць гарбату самім. Дарэчы, самай класнай «пужалкай» за ўвесь час Плошчы быў міфічны газ «Тайфун-7», які нібыта дзейнічае, як пурген.

Дзяўчаты хадзілі знутры перыметра і раздавалі людзям з ачаплення ежу і гарбату. Не ўтрымаюся, скажу вялікі дзякуй вам усім, прыгажуні! Прабачце, што не заўсёды елі тое, што вы нам прапаноўвалі. Не было куды.

Людзі робяцца асабліва прыгожымі, калі робяць прыгожыя ўчынкі. Дзякуй усім, хто нас падтрымліваў. Цёплымі рэчамі запоўнілі дзве палаткі. Каўбасы было столькі, што мы фізічна не маглі ўсю спажыць, прасілі больш не несці. Людзі перадавалі цыгарэты, вусцілкі, дыскі з музыкай.

Неяк прынеслі дзявочыя гігіенічныя пракладкі. Народ пачаў класці іх у абутак замест вусцілак.

Спрабавалі перадаваць грошы, але ў гэтым мы ўсім адмаўлялі. У лагеры не было скарбніка.

Сябар патэлефанаваў, кажа: «У мяне ёсць намёт, каму можна яго перадаць?» Я ўзяў намёт пад сваю адказнасць. Дзве ночы грэўся ў ім і нават трошкі паспаў. Дзякуй, Цукер!

НОЧ, 22.03–23.03

На ноч музыку зноў пакінулі, але зрабілі цішэйшаю, чым у мінулы раз. Дзяўчына і хлопец – начныя ды-джэі – нарадзілі ідэю незалежнай УКХ-станцыі, дзе магла б перадавацца музыка Плошчы.

Стаялі ў перыметры разам з Віктарам, праектным менеджэрам. Яго апаноўвалі песімістычныя думкі, ён прадумваў розныя варыянты таго, «як нас пакладуць тварам на асфальт». Я пераконваў яго ў бессэнсоўнасці такіх разваг. Сёння нас разгоняць, заўтра ці паслязаўтра – што мяняецца цяпер? Сыходзіць? Мы маглі толькі тупа стаяць, пераступаючы з нагі на нагу ды разглядаючы правакатараў.

А паглядзець было на што. Хадзіў тып у доўгім паліто з п’янай дзяўчынай. Вочы ў дзяўчыны былі цвярозыя. Пасля аказалася, што «тып» – адзін з рэдактараў БТ.

Бамбіза з разгону спрабаваў прабіцца ў лагер з чатырма бутэлькамі шампанскага. Натуральна, здымачная група была побач… Нехта ў скураной куртцы патаптаў свечкі, што паставілі ноччу ля перыметра.

Цырк працягваўся. Здаровы мужчына ў жоўтай куртцы а чацвёртай гадзіне ночы катаўся на лёдзе (коўзанка яшчэ трымалася). П’яны? Здаецца, цвярозы, і ўсё пазіраў на нас.

А той жа чацвёртай гадзіне ночы няголены дзядок правакаваў юнакоў на размовы, распальваючы іх. З цягам часу яго пачалі сустракаць песняй: «Хто ён, Дзед-Барадзед, абышоў белы свет, а цяпер у позні час завітаў да нас». Стары моцна бянтэжыўся.

Паспрабаваў паспаць у палатцы, але зноў не выйшла. Увогуле, ледзьве ўяўляю, як мы змаглі столькі пратрымацца на тым марозе, амаль не адчуваючы стомы. Напэўна, прычына ў маладосці.

На раніцу вельмі ў тэму ўключылі «Старога Ольсу», песню «Тры дні, тры ночы».

ДЗЕНЬ–ВЕЧАР, 23.03

З раніцы мястэчка пусцела. Многія ішлі на працу і вучобу. Самымі блізкімі людзьмі на сьвеце здаваліся тыя, хто прыходзіў з 6 да 11 гадзін і станавіўся побач у ачапленне.

На мяне раптам навалілася стома і песімізм. Нас было мала. Людзі стаялі панурыя і змерзлыя. Праз калонкі гучала нешта зусім вялае. Высілкам волі я сабраў у кулак рэшткі аптымізму і пачаў праз сілу ўсміхацца. Пасля пачаў крычаць «Мы выстаім!» людзям, што праходзілі вакол, і суседзям па перыметры. Думаю, мяне прымалі за п’янага, бо твар абветрыўся і пачырванеў. Цяпер трошкі смешна ўспамінаць, але тады гэтым трукам сапраўды ўзняў настрой. Сабе і паплечнікам.

У ранішніх выпусках АНТ нам далі добрую «рэкляму». Хутка на плошчу пачалі сцягвацца людзі. Часам агрэсіўныя, збольшага – зацікаўленыя. Узышло сонца, і пачаў раставаць лёд катка. Здавалася, што лёд раставаў і ў душах. Людзі падыходзілі да мікрафона і ўголас гаварылі аб набалелым. Пачаўся, так бы мовіць, «народны мітынг».

Адна кабета галасавала за Лукашэнку і падтрымлівала ягоную палітыку. Ды ўсё ж ніяк не магла зразумець – за што арыштавалі ды збілі яе сына, які выпадкова апынуўся ў раёне Плошчы.

Прыходзіў непрыемны тып са штаба Казуліна, вёрз у мікрафон лухту на Мілінкевіча, яго жонку і штаб. Прагналі.

Рок-гурт «Голая манашка» арганізаваў імправізаваны акустычны канцэрт. Мабыць, і не надта імправізаваны, бо інструменты ў музыкаў былі з сабой. Хлопцы з гурта, у тым ліку і вакаліст Хведар Жывалеўскі, перад тым прастаялі ноч у ачапленні.

Мяне пазней часта пыталі пра чорныя сцягі, што таксама луналі над Плошчай. Гэта былі анархісты, і сцягі былі не чорныя, а чырвона-чорныя. Таксама яны трымалі расцяжку «Забастовка за свабоду». На маё пытанне «Навошта?» хлопец упэўнена адказваў, што «на такіх акцыях павінны быць радыкальныя лозунгі, гэта мне яшчэ мой бацька казаў, які ў 1991-м падымаў рабочых». Я не стаў спрачацца, а транспарант у хуткім часе кудысьці знік сам сабой.

Шмат хто гаварыў у лагеры пра замежных журналістаў, у якіх 24-га скончыцца акрэдытацыя. Ваякі хадзілі па коўзанцы і нешта мерылі.

Адна дзяўчына расказвала сяброўцы: «Маці сказала схадзіць на Плошчу, каб нармальнага хлопца знайсці».

Пад’ехала камера СТВ. Да карэспандэнткі падышлі хлопец і дзяўчына. Павіталіся з ёю як добрыя знаёмыя. Рэпарцёрка паказала ім паперку з тэкстам. «Выпадковыя прахожыя» па чарзе сказалі ў камеру што патрабавалася. Па-сяброўску развіталіся і пайшлі па сваіх справах.

Аператары БТ паспрабавалі пранікнуць у лагер, паздымаць «быт». Іх заўважылі і выперлі.

Сярод самаробных агітматэрыялаў Плошчы выдзяляўся плакат «Нашы ў Піцеры!», дзе Скарына намаляваны на фоне Меднага Вершніка (нагадаю, што Лукашэнка на апошняй «Усебеларускай сходцы» абмовіўся, быццам Скарына працаваў у Пецярбургу).

Мужчына сталага веку, выкладчык гісторыі, сказаў мне: «Хлопцы, вы нават не разумеееце да канца, што вы зрабілі за гэтыя дні. Дзякуй вам!» Праўда, іншыя пенсіянеры казалі нам у твар, што мы «страну перед всем миром опозорили».

Большую частку таго дня бадзяўся па лагеры, шукаў і знаходзіў сабе розную дробную працу. Дзяўчаты шукалі скотч, каб прымацаваць сцяг. Прынёс ім скотч, аж гляджу – а сцяг амерыканскі. Пытаюся: «Навошта?» – кажуць, нейкі дзядзька прынёс. Угаварыў схаваць сцяг куды далей. Вось была б класная «карцінка» для БТ!

Агітпрадукцыі не ставала. Людзі хацелі аднесці на працу лістоўкі, плакаты з Шэйманам ды Паўлючэнкам і г. д. Патэлефанаваў сяброўцы, яна прынесла з Управы БНФ бел-чырвона-белыя стужкі, якімі мы ўпрыгожылі палаткі.

Мітынг 23-га прайшоў на ўздыме. Сфармулявалі і зачыталі патрабаванні да ўлады ад жыхароў мястэчка: адпусціць палітвязняў, правесці паўторныя выбары, унесці папраўкі ў Выбарчы кодэкс, распусціць ЦВК. Паводле маіх назіранняў, кожны вечар на мітынг прыходзіла ўсё больш людзей. І кожную ноч ўсё больш людзей заставалася ў лагеры.

Самы непрыемны момант быў, калі збілі Колю Ільіна. Ён праносіў праз натоўп біятуалет і атрымаў моцны ўдар у галаву. Ляжаў сярод намётаў, вакол мітусіліся фельчары, фотакарэспандэнты, праваабаронцы. Ад паездкі ў бальніцу адмовіўся.

Нехта прынёс мангал, і мы пачалі смажыць сасіскі. Увечары сачыў за чысцінёй праходаў ля «кухні», каб там не гуртаваліся аматары патусавацца. Урэшце стаміўся, стаміў іншых і пайшоў адпачываць у палатку.

Мая маці казала пасля: «У мяне не было ніякага кепскага прадчування. Я ўбачыла, як наладжваўся быт, як удасканальвалася арганізацыя. Мне здавалася, вы зможаце прастаяць столькі, колькі спатрэбіцца».

Мой бацька, які быў далёка не ў захапленні ад майго ўдзелу ў «палітыцы», перадаў, што ганарыцца мною.

НОЧ, 23.03–24.03

Паспаць не ўдалося, бо ўсіх мужчынаў папрасілі стаць у перыметр. Настрой пасля мітынгу быў аптымістычны, нягледзячы на стому.

Правакатары сваім «крэатывам» выклікалі горкі смех. Было адчуванне, што знаходзішся ў тэатры абсурду. А другой гадзіне ноч п’яны нягоднік у кепцы спрабуе прайсці ў гарадок. Два нашы хлапцы трымаюць яго ў «жалезных» абдымках, але не пускаюць.

Некаторыя набіраліся такога нахабства, што ледзьве не білі ў твар хлопцаў з ачапленнія. Жлоб у скураной куртцы даводзіў, што ён працуе на заводзе і яму ўсё падабаецца, а тут «студэнты, якія сядзяць на карку ў дзяржавы, і яны незадаволеныя». Стары знаёмы, «дзед-барадзед», таксам хадзіў навокал, шукаючы наіўных ахвяр.

Як толькі з’яўляўся правакатар і пачынаў вышукваць слабыя месцы ў коле, людзі пачыналі гаманіць, перадаючы вестку далей па перыметры: «Пра-ва-ка-тар».

А другой гадзіне ночы адбыўся «стыхійны мітынг» актывістаў БРСМ. 10 чалавек махалі дзяржаўным сцягам, крычалі малазразумелыя лозунгі і каментавалі ў камеры БТ паводзіны «апазіцыі».

Побач стаяў хлопец з Украіны. Размаўляў па-ўкраінску. Вітальнае слова ў мікрафон сказаў госць з Ірландыі. Часта паўтараў: «Fight for freedom!» («Змагайцеся за свабоду!»).

Мы стаялі ды жартавалі. Але тры ночы недасыпу давалі аб сабе знаць. Часам пачынаў упадаць у «лёгкі транс». Урэшце папрасіў дазволу адпачыць хаця б пару гадзін. Тым больш што ўсе правакатары кудысьці зніклі. Бухнуўся ў палатку і амаль заснуў…

II. Па-за Плошчай

ЗАЧЫСТКА

Разгон мы пасля называлі «маскі-шоў». Нават песьню «Вольныя танцы» перарабілі ў «Чорныя маскі».

…Калі ўсім сказалі станавіцца ў кола аховы, я спачатку не адрэагаваў. Вельмі хацеў спаць. Але па голасе зразумеў, што адбываецца нешта надзвычайнае. Быў чуваць грукат цяжкіх машын. Калі вылез з палаткі, наўкола ўжо стаялі аўтазакі і ланцуг «пакемонаў» («Это что за покемон? Это минский наш ОМОН!»).

Ды-джэй папрасіла ўсіх сесці на брук. Гэта, відаць, было правільна. Калі чалавек сядзіць, большая частка высілкаў «пакемона» ідзе на яго выцягванне, а не на збіццё.

Мяне выхапілі з ланцуга і шпурнулі ў аўтазак. Там ужо стаялі, часам ляжалі людзі. Мы хутка зарыентаваліся, што трэба ўсім стаць на ногі, бо інакш падушымся. Побач са мной былі людзі з драпінамі на тварах. Мы супакойвалі адзін аднаго. Людзі званілі бацькам і знаёмым. Праз шчыліну люка спрабавалі высветліць, куды едзем.

Ціхенька спявалі, здаецца, «Паветраны шар». Трымаліся як маглі. Нехта нагадаў, што палонныя ў нямецкі лагерах цярпелі ў шмат разоў большыя пакуты і вытрымлівалі. Здаецца, дзейнічала. Людзі раптам задумаліся пра работу і вучобу.

Кажуць, адна дзяўчына прасіла прэзерватыў, каб схаваць мабільнік.

Байка ад сукамерніка А. Р. «Пачала Плошчу ачапляць міліцыя. Мой знаёмы: «Зараз будуць мянтошыць». Пад’ехалі аўтазакі. «Рыхтуйся», – кажа. Цягнуць у аўтазакі. Ён зноў: «У аўтобусах паб’юць». Едзем у аўтобусе: «Выйдзем, прагоняць праз строй». Стаім ля акрэсцінскай сценкі. «Відаць, – кажа, – па нырках адфігачаць». Карацей, так яго ніхто і не крануў».

Вядома, што выпрабаванні альбо ламаюць чалавека, альбо робяць яго мацнейшым. Стоячы тварам да акрэсцінскай сценкі, думаў: «Першае – дацярпець да прыбіральні. Другое – трымаць галаву проста. Выйдзе і першае, і другое – малайчына, арышт вытрымаў».

Невядомы камандзір менскага ПМСН, праходзячы міма шэрага, сказаў: «Ну что, будете знать, что минский ОМОН – это не шайка пидорасов». З таго часу мы іх так і называлі.

Сваімі вушамі чуў, як адзін пээмэсэнавец казаў другому: «Чего смеешься, может, через два года сами будем стоять лицом к стенке».

А яшчэ адзін прадэкламаваў па-беларуску: «Ва ўсе часы на любой вайне справа жаўнера – страляць».

Як ехалі на суд, убачылі велізарны натоўп ля Акрэсціна. Казулін падышоў да аўтобуса, прыклаў руку да шыбы. Дзякуй вам, людзі, бо ваша падтрымка ў тыя секунды дапамагла нам спакойна праседзець нашы суткі.

СУД

У судзе стала зразумела: змаганне часова скончана, трэба атрымаць як мага меншы тэрмін. Адзін са знаёмых прыдумаў класную адмазку: маўляў, прыйшоў на Плошчу, каб на добрай апаратуры паслухаць беларускую музыку. Да таго ж маю хворае сэрца. Сямёра сутак.

Другі знаёмы, юрыст, пачаў спрачацца з суддзёй і даказваць, што артыкул 167 да ягонай сітуацыі не падыходзіць. Трынаццаць сутак.

Усім астатнім далі па дзесяць. У іншых судах давалі «ўсім па пятнаццаць». Беларускі палітычны суд у гэтым сэнсе падобны на латэрэю. Штраф давалі ў выключных выпадках – толькі жанчынам з дзецьмі.

Знаёмы сукамерніка прыйшоў на Плошчу п’яны за 20 хвілін да «маскі-шоў». Шукаў сябра ў гарадку. Яго палічылі за правакатара і не пускалі. Калі ў мікрафон сказалі сесці, ён таксама сеў. Крыкнуў пару разоў «Міліцыя з народам». Трапіў на суткі.

Міліцыянеры расказвалі байку. Мужыка затрымалі а трэцяй гадзіне ночы ў цэнтры Менска з палаткай і вудай. «Куды ідзеш?» – «На рыбалку». – «А чаму сцяг на вудзе?» – «Бярэ лепш».

Ехалі з суда паўз Кастрычніцкую плошчу, убачылі «пустое месца», людзей, якіх адцясняў спецназ, кветкі. І раптам падумалася: «Ні фіга ж сабе кашу мы заварылі!»

ЗА КРАТАМІ

Яшчэ перад тым, як трапіць за краты, мы з хлопцамі дамовіліся, што адседзім максімальна цікава і весела. Так яно і выйшла.

У камеры (ці «Хаце», як мы яе называлі) мы арганізавалі сапраўдную міні-дзяржаву. Раз у двое сутак выбіралі пахана. Як старшыня ЦВК, я сачыў за чысцінёй працэдуры. Спачатку вылучалі кандыдытаў, пасля дэбаты, потым галасаванне. Новы пахан прымаў прысягу Хаты:

«Заступаючы на пасаду пахана 39-й хаты, абяцаю клапаціцца аб дабрабыце Хаты, абараняць правы жыхароў Хаты і прынцыпы дэмакратыі. Жыве Хата!»

Падчас выбараў палітычнае жыццё ў камеры віравала. Асабліва актыўнай была «курэцкая» апазіцыя, якая ў розныя часы складала ад 40 % да 25 % насельніцтва камеры. Курцы змагаліся за права курыць дзе і калі ім захочацца. Большасць, якая складалася з некурцоў, ім перашкаджала.

У Хаты быў гімн – «Сёння ў нашай хаце свята». Сьпявалі яго падчас інаўгурацыі і кожны раз, як прыносілі перадачу.

У першы дзень адседкі В. В. разам з А. М. вырашылі распачаць галадоўку. На знак пратэсту супраць таго, што не перадаюць передачы. Напісалі заяву. Пачаставаліся ранішнім сняданкам. Пераглянуліся і пачалі галадаць. Прагаладалі аж 20 хвілін, адчыняюцца дзверы – прынеслі перадачу. Усе на яе накінуліся, апроч «галадоморцаў». Праз паўгадзіны – новая перадача. Тыя глядзяць на яе, як ваўкі, але трымаюцца. На трэцяй перадачы было прынята рашэнне схаваць заяву і адкласці галадоўку на няпэўны тэрмін.

Маці перадала мне кніжку паэм Янкі Купалы, вечарамі чытаў яе ўголас замест калыханкі. Заснуць пад такія творы было цяжка. Па-першае, «трылерныя» сюжэты (пра застрэленую Бандароўну, зарэзанага Машэку і г. д.). Па-другое, надзвычай сакавітыя эратычныя апісанні.

Моцна сумавалі без дзяўчат. Неяк раніцай чуем – нехта па батарэі выбівае «Жыве Беларусь!». Мы ў адказ таксама. Ажно раптам думка працінае: «А раптам гэта дзяўчаты?» Робім «мазгавы штурм» – як давесці ім, што тут мужыкі? Урэшце адстукалі 14 удараў, як на літару «М». А ў адказ цішыня. Працяг гісторыі будзе ніжэй.

Нават за кратамі было чуваць, як позна ўвечары, часам а 3-й гадзіне ночы, сустракалі вызваленых. Мы зразумелі, што, выйшаўшы з турмы, трапім у зусім іншую краіну.

Як высветлілася, фізкультура – самы танны і карысны спосаб падтрымліваць добры настрой. 30 адцісканняў ад падлогі і 30 прысяданняў робяць жыццё за кратамі нашмат багацейшым на пачуцці.

Выразалі з «Саўбелкі» партрэты «дзяржаўных дзеячаў». Абклеілі імі прыбіральню, назвалі «Парашаўскім трыбуналам».

Арганізавалі турэмнае радыё па вентыляцыі. Вось некаторыя «аб’явы»:

«Гаворыць радыёстанцыя «Вольны Шклоў». Слухайце нас кожны вечар на частаце 82,6 лУКаВэ».

«А цяпер прагноз надвор’я. На наступныя суткі ў камеры № 39 чакаецца мінус адзін чалавек. У камеры № 40 – мінус 7 чалавек».

«Першы беларускі касманаўт АГЛ сёння адправіўся да продкаў падчас інаўгурацыі».

«Паважаныя пасажыры, адыдзіце, калі ласка, ад краю платформы. На пуцях метрапалітэна высокае напружанне. Жыве Беларусь».

Падчас радыёвыступу АГЛ з нейкай камеры закрычалі: «У карцэр!»

Карацей, вы ўжо зразумелі, што адміністрацыйны арышт – надзвычай неэфектыўная мера для «палітычных».

СВАБОДА!

Як выходзілі з камер на вуліцу, успомнілася показка: «Чым так смярдзіць? – Гэта свежае паветра, сэр!» Снегу на зямлі амаль не засталося, людзі бралі ў рукі яго апошнія кавалачкі.

Сустракалі нас цудоўна, з шампанскім, цукеркамі, агнямі і воклічамі «Жыве Беларусь!».

Першы дзень пасля вызвалення лётаў як на крылах. Уключыў тэлефон: за гадзіну – тры званкі падтрымкі. Дамаўляемся сустрэць нашага сябра, які трапіў на 13 сутак. Абяцанне выконваем.

Пасля выхаду размаўляем са знаёмымі, якія таксама сядзелі. Аказалася, і яны тады вырашылі, што перастукваюцца з дзяўчатамі. Рэвалюцыянеры, вучыце марзянку!

ЭПІЛОГ

Калі б нехта спытаў, што далі мне 3,5 сутак на Плошчы і 10 сутак на Акрэсціна, я б адказаў адным словам: аптымізм. Не гарбата і кава, а аптымізм і вера ў свае сілы былі «палівам» Плошчы. Людзі, што стаялі на Плошчы, сапраўды верылі ў магчымасць зменаў і таму здолелі гэтыя змены наблізіць. Шмат яшчэ трэба зрабіць, але свой Рубікон мы ўжо перайшлі.

Плошча змяніла мае погляды на кіраванне людзьмі. На свае вочы я ўбачыў моц самаарганізацыі. Калі людзей яднае энтузіязм і высокая мэта, патрэба ў загадчыках знікае. Кожны знаходзіць справу па здольнасцях і робіць яе так добра, як можа.

Плошча запатрабавала ад беларусаў рашучасці, трываласці і бескампраміснай веры ў перамогу. А таксама адчування свабоды на ўзроўні інстынкту. Натуральна, супраціў перастаў быць справай купкі інтэлектуалаў. Лідэрамі Плошчы былі звычайныя людзі з надзвычайнай рашучасцю, якія ў патрэбны момант казалі: «Гэта я бяру на сябе».

…У ноч вызвалення, напяваючы «Океан Ельзи», напісаў у «турэмным» дзённіку:

«Захаваць, захаваць стрыжань свабоды ўнутры сябе. Захаваць пачуццё таго, што можаш перамагчы любыя цяжкасці. Захаваць вольнае паветра, якім дыхаў ноччу ля Акрэсціна. Я не здамся без бою».

  прадавец, жыве ў Менску. Браў удзел у пратэстах Сакавіка-2006 як удзельнік мітынгаў і абаронца намётавага мястэчка, быў затрыманы, праседзеў 10 сутак на Акрэсьціна. Гэтыя запісы былі зробленыя ім у турме і пасьля выхаду з турмы. Гэта ягоная першая публікацыя ў «ARCHE».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (45) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/05/14