A R C H E П а ч а т а к № 5 (45) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


5-2006
" да Зьместу "

 



поствыбары • крытыка • эсэістыка • аналітыка • палеміка • літаратура

 


эсэістыка

  АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны здымак Андрэя Лянкевіча. Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Андрэй Хадановіч
Кожны чацьверты – прэзыдэнт, альбо Плошча Элегантнай Перамогі


Памятаю, у маім раньнім дзяцінстве, што прыпала на гады савецкага застою, у Беларусі на ўзроўні афіцыйнай прапаганды была неймаверна папулярная тэма вайны. Колькасьць ваенных песень на тэлебачаньні й радыё проста не паддавалася падліку. Кінастудыю «Беларусьфільм» невядомыя дасьціпнікі тады перайменавалі ў «Партызанфільм», бо яна й напраўду выдавала вялікую колькасьць кінастужак з пазытыўнымі героямі, што хаваліся ў лясы, пускалі пад адхон цягнікі й стралялі значна лепей, чым беларускія біятляністы на апошняй алімпіядзе ў Турыне.

Вяршыняю гэтай ідэалягічнай працы зь беларускім насельніцтвам быў такі выхаваўчы момант: беларусам, асабліва дзеткам, рэгулярна, з нагоды й без нагоды, нагадвалася страшная лічба ваенных ахвяраў. Менавіта згадка пра ахвяры вайны станавілася найважнейшым момантам беларускай савецкай ініцыяцыі, якім было прыняцьце ў шэрагі піянэраў. Гэта найгоршых менскіх вучняў прымалі ў піянэры проста ў школе, пад музыку горнаў і стук барабанаў. Найлепшых з гэтай мэтаю звычайна адвозілі ў Музэй Вялікай Айчыннай вайны, дзе зьведваньне заляў, прысьвечаных зьверствам нямецка-фашысцкіх захопнікаў, было неабходнай псыхалягічнаю прыступкай да ўрачыстага павязваньня піянэрскага гальштука. Відаць, менавіта пачуцьцё гневу й помсты павінна было стаць той моцнай адмоўнай эмоцыяй, якая на стадыі чытаньня дзіцячай «мантры» – клятвы піянэраў Савецкага Саюзу – павінна была сублімавацца ў цалкам стваральны энтузіязм юнага будаўніка камунізму.

Але саміх вялікіх «шчасьліўчыкаў» піянэрважатыя вывозілі ажно ў мэмарыяльны комплекс Хатынь. Гледзячы на вечны агонь, слухаючы набат хатынскіх званоў, узіраючыся ў бясконцыя могілкі беларускіх спаленых вёсак, піянэры мусілі памятаць галоўнае: у сьвеце па-ранейшаму цягнецца вечны бой дабра са злом, сьвятла зь цемраю, і яны, юныя піянэры, цяпер апынуліся зусім побач з гэтай лініяй фронту. (Такі сабе атэістычны аналяг несьмяротнага афарызму Ф. Дастаеўскага пра тое, што д’ябал з Богам змагаецца, а поле бітвы – душы людзей. Афарызму, які зноў стаўся ў нас папулярным і ўсё часьцей выкарыстоўваецца ў ідэалягічных праграмах беларускага тэлебачаньня.)

Але вернемся да хатынскай ініцыяцыі піянэраў. Найвышэйшай эмацыйнай кропкаю мэмарыялу мусілі быць нават не сымбалічныя дахі спаленых хатаў і ня помнікі ахвярам канцэнтрацыйных лягераў, а тры нявінныя бярозкі, якія, здавалася б, могуць выклікаць толькі самыя сьветлыя эмоцыі. Але ўвесь «фокус» стваральнікаў мэмарыялу ў тым, што іх мусіла быць чатыры. Падкрэсьлена адсутная ў правільным квадраце чацьвертая бярозка ўва ўсёй жахлівай матэрыяльнасьці сымбалізавала тое, чаго няма, – кожнага чацьвертага зьнішчанага ў вайне жыхара Беларусі (тады не казалі пра галакост і не ўдакладнялі нацыянальнасьці ахвяраў).

І не было ў гэтым сымбалі нічога выпадковага. Рэч у тым, што выраз «кожны чацьверты» зрабіўся самым частотным і важным слоганам савецкай ідэалёгіі на тэрыторыі БССР – так бы мовіць, з улікам нацыянальна-гістарычнай спэцыфікі. Фраза, тысячу разоў увасобленая ў мэмарыяльных надпісах, тэкстах сумных дзіцячых песень і (таксама сумных) падручніках па гісторыі, зрабілася беларускім нацыянальным брэндам і ў даведзеным да аўтаматызму выглядзе ўвайшла ў нашую падсьвядомасьць. Таму ўжо любое ўжываньне словазлучэньня «кожны чацьверты» машынальна цягнула за сабой працяг – «беларус»… альбо «мёртвы», што ў гэтым кантэксьце, на жаль, успрымалася амаль як сынонімы.

І цяпер, праз чвэрць стагодзьдзя, знаёмы слоган па-ранейшаму раз-пораз гучыць у нас і па-ранейшаму выклікае акрэсьленае поле асацыяцыяў, першая зь якіх – савецкае дэжа вю й выразнае адчуваньне, што Вялікая Айчынная вайна так і ня скончылася ў галовах некаторых беларускіх палітыкаў. І гаворка нават не пра пампэзнае сьвяткаваньне ўладай чарговых угодкаў перамогі, і нават не пра тое, што вайна – незаменны фундамэнт, на якім робяцца ўсе спробы пабудаваць новую беларускую афіцыйную ідэалёгію. (Чаго варты хаця б абавязковы ўнівэрсытэцкі курс «Вялікая Айчынная вайна ў кантэксьце Другой сусьветнай» – страшны сон сёньняшніх беларускіх студэнтаў!) Гаворка пра тое, што да болю знаёмы слоган нечакана ўсплыў у сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі 19 сакавіка.

Упершыню пра Хатынь у гэтым кантэксьце мне нагадалі вынікі нібыта «аб’ектыўных» сацыялягічных электаральных дасьледаваньняў. Нам, шараговым гледачам беларускага тэлебачаньня, ня проста паведамілі, што, паводле папярэдніх зьвестак, каля 76 % беларускіх выбарцаў зьбіраюцца зноў прагаласаваць за А. Р. Лукашэнку. Для большага ўражаньня нам паказалі гэта на адпаведнай дыяграме. І тут ужо проста немагчыма было не згадаць пра тры хатынскія бярозкі. Вось яны – тры чвэрці электарату, якія «правільна» галасуюць, а вось астатняя чвэрць – незапоўненая насычаным колерам, а таму як бы пустая – гэта тыя, хто прагаласуюць за каго-небудзь яшчэ; у гэтым выпадку, ня важна за каго, важна – супраць каго. У сьвятле ўсяго сказанага вышэй у мяне ўзьнікаюць сумневы: «кожны чацьверты – супраць» – гэта безэмацыйная статыстыка альбо хутчэй прыхаваная пагроза? Каму ж са студэнтаў пасьля курсу «Вялікая Айчынная вайна» захочацца быць «кожным чацьвертым»?!

Атмасфэра страху, які прысутнічае ў Беларусі не як абстракцыя, а вельмі нават канкрэтна, становіцца найлепшай школаю палітычнага канфармізму. Так, зьвяртаюць на сябе ўвагу зьмены, што адбыліся з наймаладзейшым пакаленьнем, што ідзе галасаваць. Здаецца, у яго выразна паболела і абыякавасьці, і беспрынцыповасьці.

Ёсьць уражаньне, што вырасла першае, выбачайце за немілагучнасьць, падлукашэнкаўскае маладое пакаленьне, здольнае спакойна заплюшчваць вочы на тое, што абражала іх раўналеткаў дзесяць гадоў таму.

Ня так даўно я знайшоў для сябе два тэрміны ці, хутчэй, два вобразы, якія пазначаюць дзьве супрацьлеглыя грамадзкія зьявы: «паўзучы» канфармізм і волю да супраціву, – а таксама перагукваюцца зь менскаю тапаграфіяй. Першы такі вобраз – кантамінацыя плошчы Перамогі (што ў Менску лепей нагадвае пра Другую сусьветную?) і гучнай заявы прэзыдэнта пра сваю «элегантную перамогу». Выйшла Плошча Элегантнай Перамогі, прычым маецца наўвеце ня пляц, дзе б паставілі помнік Лукашэнку-пераможцу, а хутчэй геамэтрычны сэнс слова «плошча» – усё новыя й новыя плошчы, на якія пашыраецца й распаўзаецца згаданы вышэй канфармізм. Супрацьлеглы яму вобраз – плошча Незалежнасьці, з галоўным акцэнтам таксама на геамэтрычным сэнсе слова «плошча». Плошча Незалежнасьці як такая сабе «прастора свабоды», яшчэ (ці ўжо) не захопленая сындромам «элегантнай перамогі».

Але й наўпроставы тапаграфічны сэнс выразаў таксама істотны. Так, за апошнія гады я двойчы меў уражаньне, што ў Менску выразна паменела «тэрыторыі незалежнасьці». Упершыню ў час перайменаваньня станцыі мэтро «Плошча Незалежнасьці» назад у «Плошчу Леніна» – нібыта першы падрыхтоўчы этап да перайменаваньня на савецкі капыл і самой плошчы. І другі раз – калі, здавалася б, «незалежнасьці» паболела – прынамсі на менскіх будынках. Я пра цынічнае перайменаваньне праспэкту Скарыны ў праспэкт Незалежнасьці – падарунак на 60-я ўгодкі Перамогі, які сам сабе зрабіў прэзыдэнт Лукашэнка. Што й казаць, яшчэ адна «элегантная перамога», гэтым разам – над беларускай гісторыяй. Дарэчы, пра «паўзучы» канфармізм і «элегантныя перамогі» мы крыху й пагаворым.

Сёньня толькі лянівы ў нас не сьмяецца з прадажнасьці беларускай эстрады, якая дзеля грошай і піяру ўдзельнічала ў прапагандысцкім туры па гарадах «За Беларусь!», сама назва якога надта ж перагукалася зь перадвыбарным лёзунгам прэзыдэнта. І няма чаго дзівіцца, бо артысты эстрады, мякка кажучы, ня тыя творцы, ад якіх чакаюць прынцыповасьці й крытычнасьці. Можна наракаць на такія канцэрты й адначасна радавацца, што там амаль не гучала беларускамоўных песень, можна цынічна жартаваць з выключнай безгустоўнасьці такіх імпрэзаў. Маўляў, найбольшую эфэктыўнасьць такія канцэрты «за бацьку!» маглі б мець у дзіцячых дамах, але маленькая публіка, якая б, у адрозьненьне ад артыстаў, шчыра крычала б «мы за бацьку!», а заадно й «мы за маці!», пакуль ня мае права галасаваць, а таму гэта ўсё даводзілася цярпець дарослым «сіротам».

Усякі сьмех заканчваецца, калі да выкарыстанай уладаю «папсы» далучаюцца маладыя рок-сьпевакі, калі лідэры не найгоршых маладых рок-камандаў ператвараліся ў вядоўцаў на ўжо згаданых канцэртах «За Беларусь!». Тут мне напраўду ўжо ня сьмешна, бо канфармізм пашыраецца на раней чужыя яму тэрыторыі.

Прыкладна такім самым чынам толькі лянівы ў нас не сьмяяўся са створанага рэжымам Саюзу пісьменьнікаў Беларусі (ня блытаць з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў – гэта цяпер зусім розныя арганізацыі!). Так, касьцяк яго склалі графаманы й расейскамоўныя літаратары, якім, відаць, здавалася, быццам у законнай пісьменьніцкай арганізацыі іх недаацэньваюць. Цяпер у іх ёсьць шанец разьлічваць, як у савецкія часы, на льготы й узнагароды з боку ўлады – за верную службу. Але вось ужо ў марыянэткавы саюз паціхеньку папаўзьлі першыя маладыя небяздарныя паэты – у абмен на стыпэндыі ды іншыя (зрэшты, мізэрныя) спакусы. І тут яшчэ пакуль можна пасьмейвацца, згадваючы фаўстаўскую дамову з д’яблам, параўноўваючы ўмовы кантрактаў ды сумна іранізуючы з інфляцыі душаў, якія цяпер прадаюцца амаль што задарма.

Дзе мне перастае быць сьмешна, дык гэта калі наваствораны саюз прысабечвае права называцца адзінаю сапраўднаю беларускай літаратурай. Калі наша Міністэрства адукацыі забараняе школам і ўнівэрсытэтам арганізоўваць сустрэчы з усімі літаратарамі, апроч сяброў згаданай арганізацыі. Калі ўсё ідзе да перагляду школьнай літаратурнай праграмы ўва ўсім, што датычыць жывых пісьменьнікаў, на падставе іх ляяльнасьці да рэжыму. Гаворка не пра погляды літаратараў ды іх уплыў на працэс школьнага выхаваньня. Гаворка пра тое, што замест адносна нядрэнных вершаў і прозы нашы школьнікі будуць вымушаны чытаць вельмі дрэнныя.

Але зусім ужо ня сьмешыць, здавалася б, супрацьлеглая зьява, калі самыя таленавітыя творцы з найбольш вядомымі імёнамі дазваляюць палітыцы выкарыстоўваць сябе больш вытанчаным чынам – калі рэдукуюць сваю творчасьць толькі да палітычнага супраціву, калі выказваюць не графаманскае падхалімства, як іх згаданыя калегі, а, наадварот, поўную меру сваёй глыбокай нянавісьці да прэзыдэнта і яго рэжыму. Я пра тонкіх лірыкаў, не абы-якіх мастакоў-жывапісцаў, якія замест мастацтва займаюцца палітычным кічам, больш за тое – неймавернымі высілкамі свайго таленту падымаюць гэты палітычны кіч амаль да ўзроўню мастацтва. Дарэчы, робячы гэта цалкам сьвядома. Пашыраная сярод такіх заангажаваных у палітыку творцаў думка: буду рады, калі ў Беларусі нарэшце настане такі момант, калі мае злабадзённыя творы перастануць быць актуальныя. Але маю падазрэньне, што палітычная злабадзённасьць – ня што іншае, як форма іншага, ужо мастацкага канфармізму. У выніку, некалькі пакаленьняў нашых не найгоршых мастакоў і літаратараў і напраўду будуць мець вялікія творчыя праблемы, як толькі палітычная сытуацыя ў краіне зьменіцца да лепшага. Будучым чытачам-гледачам-слухачам цяжка будзе патлумачыць, у чым была «фішка», у чым сакрэт колішняй папулярнасьці, у чым заслуга перад вечнасьцю таго ці іншага сьпевака-мастака-паэта. Сёньня мастацкая рызыка як крытэр эстэтычнай дасканаласьці падмяняецца ў нас рызыкаю ў прамым сэнсе – палітычнай рызыкаю пацярпець за свае перакананьні ў краіне з дэфіцытам свабоды слова. Але рызыкаваць жыцьцём, выступаючы супраць улады, у прынцыпе, можа й графаман, і сам факт рызыкі яшчэ ня робіць яго геніем.

Ёсьць нешта хваравіта перабольшанае ў тым, якое вялікае месца займае прэзыдэнт у сьвядомасьці абсалютна ўсіх, хто думае пра сёньняшнюю Беларусь – як у самой краіне, так і за яе межамі. Лукашэнка даўно зрабіўся такой сабе «беларускай нафтаю», адзіна магчымай у нас свабодна канвэртаванай валютай. Увесь палітычны дыскурс, усе інтэлектуальныя дыскусіі круцяцца наўкол яго. Больш за тое, усё, пра што ў Беларусі не гаворыцца адкрыта, таксама круціцца наўкол яго, бо шмат хто, маючы сваю ўнутраную цэнзуру, дакладна ведае, якіх пытаньняў лепей не чапаць, каб ня мець праблемаў. Перад намі пэрсона, якая «корміць» усіх палітыкаў, інтэлектуалаў, творцаў, незалежна ад іх каштоўнасьцяў і палітычнай ці мастацкай арыентацыі.

Ёсьць нешта нездаровае ўва ўсіх гэтых кухонных размовах пра пэрсанальную адказнасьць адной асобы за ўсё, што ў нас адбываецца; пра тое, «што Беларусь выратуе толькі снайпэр» і г. д. Ці не зашмат гонару для аднаго? Такая сабе форма псыхічнай залежнасьці ад Лукашэнкі, сама нянавісьць да якога часам мае падазрона інтымны характар. Так рамантычныя багаборцы замахваліся на Бога. Так цяжкія падлеткі бунтуюць супраць бацькі. (Дарэчы, само беларускае слова «бацька» ўсё шырэй ужываецца ў сьвеце безь перакладу – часам іранічна, а часам і на поўным сур’ёзе.)

Беларусь – гэта тая краіна, дзе фрайдызм нарэшце перамог, і нам ня варта недаацэньваць пэўных выкладак венскага доктара. Дзесяцігодзьдзямі нас ня толькі патрыятычна, але й эстэтычна прывучалі да мэтафары «краіна-маці», выхоўвалі кроўна-сыноўскае стаўленьне да антрапаморфнай Айчыны жаночага роду. Чаго дзівіцца, калі пасьля зьяўляецца прэзыдэнт-«бацька», які ставіць сымбалічнае цела краіны ўва ўсе магчымыя позы «Камасутры», а потым – «как чэсный чалавек!» – проста абавязаны зь ёй ажаніцца, прычым пажыцьцёва. Натуральна, і лютая нянавісьць да яго з боку патрыятычна скіраванай інтэлігенцыі будзе мець інтымна-сямейны характар. Мы маем клясычную нянавісьць-рэўнасьць сына да бацькі. Нянавісьць-рэўнасьць, якая шматкроць узмацняецца, бо дзеці пачуваюцца ня роднымі, а хутчэй пасынкамі.

Адным словам, Лукашэнка як галоўная інфармацыйная нагода Беларусі – у гэтым найперш была яго нязьменная «элегантная перамога». І ня так важна, хвалілі ці лаялі яго ў тралейбусах пасьля чарговага шматгадзіннага тэлевыступу. Важна, што згадвалі. Тут усё як у рэкляме. Брэнд фігуруе ў сьвядомасьці пакупнікоў і без праблемаў «перамагае», пакуль у сьвядомасьці не зьяўляюцца брэнды-канкурэнты. А як толькі яны зьяўляюцца, вечны аргумэнт сярэдняга беларускага абываталя «калі не Лукашэнка, дык хто?» ужо не выглядае такім непрабіўным.

Даўно заўважана, што мэдыі – гэта тое акенца, празь якое выглядае ў сьвет наш сярэднестатыстычны сучасьнік. Да нядаўняга часу дзяржаўныя мэдыі не пакідалі беларусам надта багатага выбару, так што сьвет у іхным люстэрку выглядаў альбо жахлівым (бясконцыя цунамі, паводкі, тэракты ў навінах з-за мяжы), альбо стабільным, але жахліва нецікавым (ход уборачных работаў, сьвяткаваньне дажынак і г. д. у навінах зь Беларусі). Выбары неймаверна ажывілі жыцьцё беларускага тэлегледача. Яшчэ ніколі яго так не палохалі жахлівым Захадам, масонскімі змовамі, міжнароднымі фінансавымі вараціламі-сатаністамі й Амэрыкай, што проста прадала душу д’яблу. Яшчэ ніколі цікаўны да ўсяго пікантнага абываталь ня чуў такіх выкрывальніцкіх матэрыялаў пра супрацоўнікаў варожых Беларусі пасольстваў, пра сэксуальную арыентацыю эўрапейскіх дэмакратаў, пра шкодніцкую дзейнасьць беларускай апазыцыі зь літаратарамі й рок-гуртамі ўключна. Яшчэ ніколі (прынамсі са сталінскіх часоў) не рабілася такой спробы нацкаваць увесь беларускі народ на інтэлігенцыю як слой. (Я маю наўвеце фільм «Духоўная вайна» з празрыстай аналёгіяй: ворагі Хрыста фарысэі – інтэлектуалы. Пасьля такога заставалася толькі абвесьціць Лукашэнку новым мэсіем і заклікаць беларускі электарат не ўкрыжоўваць яго 19 сакавіка.) Дзякуй ім, сьціплым тэлевізійным байцам ідэалягічнага фронту! Няпроста змагацца з усім сьветам, абараняючы адзін маленькі, але горды палітычны рэжым, калі ўся твая зброя – БТР (БелТэлеРадыё).

Але няма правілаў без выключэньняў. Auditur et altera pars – хай будзе выслуханы й іншы бок. І на хранічна нецікавым Белтэлебачаньні (на жаль, на кароткі час) зьявілася сапраўды цікавая праграма – палітычныя выступы кандыдатаў у прэзыдэнты. Уражаньне выйшла калясальнае. Бацькі тэлефанавалі сваім дзецям і жыва абмяркоўвалі тое, што дзеялася проста ў іх на вачах. Некалькі дзён калегі й знаёмыя смакавалі кожнае слова з прамоўленага – перадусім, апазыцыйнымі кандыдатамі. Палітычны дыскурс пранік нават у даволі інтымныя сфэры беларусаў, што даўно ўжо так не хваляваліся зь перадвыбарнай нагоды. Напрыклад, мы з жонкаю атрымалі паштоўку са сьвяточным віншаваньнем, што канчалася заклікам: «Галасуйце за Мілінкевіча!».

Што да саміх апазыцыйных кандыдатаў (дазвольце ўжо, я буду так называць і Мілінкевіча, і Казуліна, хоць апазыцыйнасьць апошняга выглядае не такой бясспрэчнай), то яны адказна падышлі й грунтоўна падрыхтаваліся да зваротаў да нацыі. І калі першы паспрабаваў прэзэнтаваць уцямную палітычную праграму, то другі паказаў сапраўдную клаўнаду палітычнага папулізму, прычым папулізму экстра-клясы. Яскравы палітычны ход – паспрабаваць быць большым Лукашэнкам, чым сам Лукашэнка. Зрэшты, чаму й не. Ёсьць жа ў нас у Менску два праспэкты Машэрава – стары й новы, перайменаваны, якія, да таго ж, яшчэ й перакрыжоўваюцца, так што большасьць жыхароў у іх цяпер блытаецца. Яскравым палітычным ходам такога сабе Казуліна было б перайменаваньне кандыдата ў прэзыдэнты: маўляў, «шаноўныя грамадзяне, прашу лічыць мяне Лукашэнкам будучыні, а таго, старога, калі ласка, лічыце неактуальным!».

«Ці мела гэта ўсё хоць найменшы плён? Ці магчыма заіснаваць у масавай сьвядомасьці ўсяго за месяц агітацыі, калі супернік мае неабмежаваныя інфармацыйныя магчымасьці? Што рабіць зь непразрыстай працэдурай выбараў, фальсыфікацыя якіх, відаць, становіцца беларускім нацыянальным спортам? Ці здольнае беларускае грамадзтва на вуліцах адстойваць свой выбар і свае каштоўнасьці, як гэта здарылася ўва Ўкраіне й некаторых іншых краінах? І ці дастатковая для людзей матывацыя – бараніць другое месца свайго кандыдата?»

Такія й іншыя пытаньні маглі б выказаць і выказваюць шматлікія скептыкі. І зноў прывід хатынскіх бярозак красамоўна паўстае перад вачыма. Ці ня будуць яны цяпер выклікаць асацыяцыі яшчэ і з найсымпатычнейшым удзельнікам чацьверкі прэтэндэнтаў, апазыцыйным кандыдатам, які так і не скарыстаўся магчымасьцю ператварыцца калі не ў прэзыдэнта, то прынамсі ў адну з найважнейшых і найаўтарытэтнейшых палітычных фігураў у Беларусі?

У адказ мне хочацца працытаваць мудрага правакатара Валянціна Акудовіча:

Свабоду нельга заваяваць – яе можна толькі дачакацца (ці не дачакацца). Але яе можна дачакацца адно ў тым разе, калі мы яе будзем чакаць, і чакаць менавіта як свабоду. Толькі ня трэба блытаць чаканьне з пасіўным перабываньнем у абыякавасьці. Калі мы моцна некага чакаем, дык рыхтуемся да сустрэчы. Чаканьне свабоды – гэта падрыхтоўка да сустрэчы з свабодай. Свабода ніколі не прыходзіць туды, дзе яе не чакаюць… І калі мы ў сваім мностве станем чакаць свабоду – яна Беларусі не праміне!

Пры канцы хачу падзяліцца адным назіраньнем. Неяк так сталася, што паўсюль, дзе я бываў, дзе бывалі мае сябры й калегі, зьявілася вялікая колькасьць каляндарыкаў з выяваю Аляксандра Мілінкевіча. Здаецца, гэтых каляндарыкаў было вельмі шмат, болей, чым рэальна трэба для ўдакладненьня даты альбо дня тыдня. І я дазволіў сабе такую думку: вось жа, так ці іначай выбары прэзыдэнта адбудуцца, а каляндарыкі застануцца. Уявіце сабе, упершыню – вялікая колькасьць каляндарыкаў з прыстойным палітыкам, чый твар мае шанец запомніць вялікая колькасьць дагэтуль палітычна абыякавых людзей. Упершыню – палітычны каляндарык, якім ня сорамна карыстацца. Напрыклад, як закладкай у кніжцы. І гэта не іранічная зьнявага, а камплімэнт, калі ўлічыць, які інтымны працэс для чалавека – чытаньне. Калі ўлічыць, якім прыгожым і моцным сымбалем была, ёсьць і будзе закладка – разьдзяляльная лінія паміж мінулым і будучыняй.

  паэт. Апошняя кніжка вершаў – «From Belarus with Love»
(Кіеў: Факт, 2005).
Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (45) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/07/14