A R C H E П а ч а т а к № 5 (45) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


5-2006
" да Зьместу "

 



поствыбары • крытыка • эсэістыка • аналітыка • палеміка • літаратура

 


эсэістыка

  АРКАДЗЬ ЦЕПЛЯКОЎ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны здымак Андрэя Лянкевіча. Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аркадзь Цеплякоў
«Лё Бэлярюс», або
Cherchez la femme!

Нарыс аб францускай беларусістыцы


Перад тым як пачаць гутарку аб беларусістыцы ў Францыі, было б добра нагадаць чытачу, якое месца наагул займае Беларусь у францускай грамадзкай думцы. Яшчэ да так званых апошніх выбараў у Беларусі, адказ на гэтае пытаньне не заняў бы шмат часу й зьвесьці б яго было можна да банальнага сьцьвярджэньня: амаль ніякое.

Беларусь – гэта нейкі saisonstaat, які паявіўся ніадкуль. Больш адукаваныя грамадзяне, напэўна, скажуць пра Менск – ah oui! La capitale c’est Minsk!¹

На Захадзе пануе абсалютная блытаніна што да нашай краіны, і Францыя ў гэтым не зьяўляецца выняткам. У рэдкіх крыніцах, у якіх згадваецца Беларусь, можна напаткаць цэлы вахляр акрэсьленьняў: «Ruthénie Blanche», «Russie Blanche», «Biélorussie» і ўрэшце клапатлівае для францускамоўных «Bélarus». Сталася як з францускім віном – гэтакі дыяпазон стварыў пэўную дэзарыентацыю. Калі гаворыцца паводле новае моды «бэлярус» замест калішняга «бьелёрюс» – прыметнік «белы» згубляецца на карысьць «belle» – прыгожая! – і адназначна асацыюецца зь нейкімі прыгожымі расейкамі. Як тут не згадаць пра сінявокую...

А во калі пачынаецца гутарка пра гістарычную Літву – у французаў мімавольна вырываецца характэрнае ім о! ля! ля!

У прэсе й да афіцыйнай тэрміналёгіі часьцей за ўсё ўжываецца слова «Biélorussie». Толькі амбасада РБ у Парыжы ўпарта ўжывае й падкрэсьлівае афіцыйны назоў «République du Bélarus». Да таго ж новы назоў перамяніў род. Бо калі з граматычнага пункту гледжаньня «Бьелёрюсі» жаночага роду, то ўжо «Бэлярюс» – мужчынскага...

Гммм, карацей кажучы, французы наагул мала цікавяцца іншымі краінамі. А яшчэ менш экзатычнымі. Экзотыка можа прыцягнуць іх увагу толькі тады, каля яна замешчана на каляровых старонках каталёгаў модных агенцыяў падарожжаў. Аднак у сьпісах модных турыстычных кірункаў РБ не знайсьці зь ліхтаром у белы дзень.

Яшчэ да нядаўняга часу Беларусь наагул не існавала ў францускай масавай сьвядомасьці. Як гэта ні парадаксальна, але за сваё палітычнае існаваньне ў галовах парыжанаў яна як адзінка міжнароднае супольнасьці, павінна «падзякаваць» лукашэнкаўскаму рэжыму. «Апошняя дыктатура Эўропы» нейкі час паяўляецца на старонках «Le Monde», «Le Figaro» ды «Libération», найбуйнейшых штодзённых агульнанацыянальных выданьняў. І менавіта яны ствараюць францускую l’opinion publique. Калі быць верным францускаму картэзіянскаму духу, то трэба адзначыць, што як ідзе гутарка аб нечым, г. зн. што гэтае «нешта» існуе сапраўды. Такім чынам, можна пачаць гутарку аб беларусістыцы ў Францыі.

Тутэйшая беларусістыка малавядомая ня толькі ў Беларусі, але і ў Эўропе. Пазытыўным выняткам можа быць францускамоўны ўнівэрсытэт Ляваль (Université Laval) у канадзкім Квэбэку. Але гэта ўжо іншая тэма й, перада ўсё, іншы культурны кантэкст. У Канадзе заўсёды было шмат эмігрантаў з усходняе Эўропы. Актыўнасьць беларускае ды іншых нацыянальных супольнасьцяў у Паўночнай Амэрыцы тлумачыцца іншым ад эўрапейскага разуменьнем уласнае identité. Застанёмся, аднак, у Эўропе, дзе сярэдняя і ўсходняя часткі кантынэнту традыцыйна больш цікавілі нямецкіх дасьледчыкаў. Французы заўсёды зьвярталі свае погляды ў расейскім кірунку. З францускае пэрспэктывы Расея выглядала больш прывабліва, а яе «белая» іміграцыя дасканала асымілявалася ў францускае грамадзтва і прынесла разам з сабой «вялікарасейскія» погляды ў дачыненьні да краінаў былога Савецкага Саюзу. Сярод францускіх асяродкаў славістыкі заўсёды панавала расейская мова і, у значна меншай ступені, польская. На навуковых калёквіюмах, прысьвечаных славістыцы, часьцей за ўсё можна сустрэць амаль выключна спэцыялістаў ад Расеі, усіх колераў і пакрояў. Сорак пяць гадоў расейскае гегемоніі на ўсходнеэўрапейскай прасторы абумовілі выбар кірункаў сацыялягічных, палітычных да мовазнаўчых дасьледаваньняў заходніх навуковых асяродкаў.

Ня толькі беларусам, але й прыбалтам і ўкраінцам не пашанцавала з палітычнай каньюнктурай у Францускай Рэспубліцы. Да нядаўняга часу прафэсійна займацца вывучэньнем гэтых краінаў раўнялася набыцьцю рэпутацыі ціхага і нешкадлівага вар’ята. Беларусіст у амаль 99 % выпадкаў быў (і, на жаль, усё яшчэ застаецца) асуджаны на беспрацоўе. Вядома, што ў такіх умовах аматараў не было й ня ёсьць шмат. Гэтым тлумачыцца адсутнасьць студэнтаў, якія б жадалі вывучаць беларускую культуру і яе мову ў францускіх унівэрсытэтах. Уласна кажучы, і прапановы як такой няма. Магчымасьць такая існуе толькі ў сталіцы.

Пасьля ўвядзеньня ў Беларусі расейскае мовы ў якасьці другой афіцыйнай, тыя рэдкія французы, якія былі зацікаўленыя Беларусьсю – галоўным чынам студэнты элітнага інстытуту палітычных дасьледаваньняў у Парыжы («Sciences Po») – наагул згубілі матывацыю да вывучэньня беларускай мовы. Француз з натуры сваёй – чалавек рацыянальны (картэзіянская спадчына абавязвае!) і практычны: навошта яму ламаць галаву, вывучаючы дзьве вельмі цяжкія для яго мовы, калі хопіць адной расейскай?! А яна больш распаўсюджаная, таму і больш практычная з падарожніцкага пункту гледжаньня. Да таго ж не сакрэт, што студэнт па сваёй дэфініцыі – чалавек лянівы і маласэнсоўных рэчаў рабіць ня будзе.

Пра францускіх беларусістаў можна гаворыць менавіта ў гэтых антрапалягічных катэгорыях нешкадлівага вар’яцтва. Агулам кажучы, сытуацыя французаў, якія займаюцца беларускай праблематыкай, нагадвае жыцьцё іх калегаў па прафэсіі ў самой РБ. Калі ня ўсё, то большасьць трымаецца на энтузіязьме. На ўдзячную публічнасьць і выгадныя кантракты няма чаго й разьлічваць. Няма тут чаму дзівіцца: становішча беларускай мовы і культуры за мяжой зьяўляецца дакладным адбіцьцём сытуацыі ў самой краіне. Нейкай promotion беларускае культуры на ўрадавым узроўні за межамі РБ не вядзецца. Дый аб чым гаворка, калі столькі праблемаў унутры самога грамадзтва – носьбіта гэтае ж культуры.

Француская беларусістыка, як асобная галіна дасьледаваньняў, да 1991 году не існавала. Беларусь зрэдку згадвалі ў курсах расейскай або польскай гісторыі. Сам назоў «Беларусь» быў, так бы мовіць, канфіскаваны на карысьць або Русі, або Літвы, або Польшчы, або Расеі. Нават славутая пераправа Напалеона празь Бярэзіну, нават вядомы полк «Нармандыя–Нёман» не прывучылі французаў, што паміж Масквой і Варшавай існуе й існавала асобная краіна. Тыя рэдкія тэксты, у якіх згадвалася Беларусь, былі пад уплывам польскіх ды расейскіх гістарычных і нацыянальных мітаў. У 1991 годзе пасьля паўстаньня незалежнае Беларусі прэстыжны парыскі Інстытут усходніх моваў і цывілізацыяў (INALCO – Institut National des Langues et Civilisations Orientales) быў змушаны post factum увесьці курс беларускае мовы. Гэтая вельмі сур’ёзная навучальная ўстанова закваліфікавала беларускую мову ў катэдру... Эўразіі, у рубрыку «Расея». Беларуская мова вывучалася разам з татарскай ці асэтынскай. Украінская ды балтыйскія мовы ўжо раней выкладаліся катэдрай Сярэдняе і Ўсходняе Эўропы. Увядзеньне ў Беларусі расейскае мовы ў 1995 годзе ў якасьці афіцыйнай толькі пацьвердзіла гэты «пэдагагічны» выбар.

Што тычыцца неакадэмічных сфэраў, варта згадаць існаваньне беларускага таварыства «Хаўрус», якое сталася клюбам прадстаўнікоў даваеннае беларускае эміграцыі. Аднак усур’ёз гаварыць аб нейкім яго якасна новым унёску ў беларускія дасьледаваньні або ўплыве на грамадзкую думку Францыі не выпадае. «Хаўрус» застаўся месцам настальгічных i гермэтычных спатканьняў пры гарбаце ў парыскім прадмесьці.

У 1996 годзе група зь некалькіх зацікаўленых Беларусьсю маладых францускіх дасьледчыкаў заснавала штоквартальны бюлетэнь «Perspectives Biélorussiennes». Гэтае выданьне мелася запоўніць інфармацыйны вакуўм у дачыненьні да Беларусі ў францускамоўнай прасторы і зьвярталася да францускамоўных чытачоў, неабавязкова беларускага паходжаньня. І ў гэтым быў новы важны момант. Дагэтуль Беларусьсю цікавіліся выключна тыя, хто меў беларускія карані. Усе іншыя, хто жадаў запазнацца бліжэй зь беларускай культурай, разглядаліся францускай палітычна-акадэмічнай намэнклятурай дый самой беларускай дыяспарай як асобы небясьпечныя або маральна нездаровыя.

Бюлетэнь меўся інфармаваць французаў аб навінах у шматлікіх галінах беларускага жыцьця: культурнага, палітычнага, гаспадарчага дый турыстычнага. З апошняга шмат чаго ня выйшла, і выданьне nolens volens эвалюцыянавала ў палітычным кірунку. Мэтай «Perspectives Biélorussiennes» стала разбурэньне мітаў аб Беларусі: Лукашэнка гэта ня новы Сталін, а Беларусь гэта не Расея і ня Польшча. Чаму на гэтым абшары паўстаў нейкі сацыялягічны Jurassic Park? Як вытлумачыць гэтае зьяўленьне? Во такія пытаньні ставіць перад сабой бюлетэнь. Артыкулы палемізуюць з ідэалягічнымі мітамі, сфабрыкаванымі ці то ў лукашэнкаўскай РБ, ці то ў самой Францыі. Вось некалькі прыкладаў зь іх.

– Беларусы генэтычна іншыя ад усіх асталых эўрапейцаў, таму і патрабуюць нейкай іншай формы грамадзкага жыцьця.

– Лад жыцьця беларусаў дасканала дастасаваны да абшараў, на якіх яны жывуць. Іх нібыта непаўторныя цноты (талеранцыя, працавітасьць, прывязанасьць да традыцыяў і падданства) тлумачыць ня больш і ня менш... вільготнасьць іхнага клімату!

– Беларусы – гэта простыя людзі, вяскоўцы, дзеля якіх «высокая» культура не існуе і якія маюць тую ўладу, якой заслугоўваюць. Таму няма чаго ім навязваць «цывілізаваныя» канцэпцыі, бо яны нічога зь іх не разумеюць, бо хопіць ім сваіх нескладаных паняцьцяў.

– Найлепшая для іх форма ўлады павінна мець рысы патэрналізму.

– Міралюбівы беларускі народ абараняе сваю духоўнасьць перад маральна-прагнілай драпежнай зацікаўленасьцю агрэсіўнага Захаду.

(Нічога ў гэтым новага няма. Ужо нямецкі філёзаф і гісторык Ёган Готфрыд Гэрдэр вільготным кліматам тлумачыў бязвольнасьць усіх славянаў.)

«Perspectives Biélorussiennes» стараецца паказаць францускай публіцы, што беларусы – звычайныя людзі, як усе іншыя. У зьміталягізаванай гістарыяграфіі даводзіцца распачынаць усё з самага пачатку, з дэ-абра-кадабра-ізацыі гісторыі і рэчаіснасьці Беларусі, у якой дасюль пануюць чорна-белыя колеры.

Бюлетэнь выходзіць дзякуючы ахвярнасьці некалькіх навукоўцаў, сярод якіх трэба згадаць перадусім Віржынію Шыманец і Жана-Шарля Ляльмана. Фінансавая незалежнасьць выданьня забясьпечвае свабоду навуковага пошуку.

У сярэдзіне 1990-х гадоў паўстала асацыяцыя «France – Belarus». Але пасьля наведваньня іх інтэрнэт-парталу – бо менавіта гэтую форму камунікацыі абрала гэтая няўрадавая асацыяцыя – застаецца ўражаньне, што беларусы ходзяць апранутыя ў нацыянальныя строі, п’юць гарэлку й заядаюць гурком. Сайт гэты вельмі палітычна карэктны: беларушчына зрэдукаваная ў ім да нядзельнага post-vodka нешкадлівага фальклёру. Гэтая інтэрнэт-ініцыятыва абмяжоўваецца толькі агульнымі зьвесткамі пра РБ. У нармальных умовах гэтымі справамі займаюцца прадстаўніцтвы нацыянальных турыстычных агенцыяў. Але РБ ня мае свайго «Office National du Tourisme»² у Францускай Рэспубліцы.

  нарадзіўся ў 1972 годзе ў Жагані (Польшча). Выпускнік Кракаўскай Вышэйшай школы філязофіі «Ignatianum» і факультэту рэлігіязнаўства «Centre Suvres» у Парыжы, дактарант Ліёнскага ўнівэрсытэту імя Жана Мулена. Філёзаф, перакладчык. Супрацоўнічае з парыскім месячнікам «Études». Піша па-беларуску, мае беларускае карэньне.

¹ А так! Менск – гэта сталіца ! (фр.)

   
Сярод найбольш значных і цікавых пачынаньняў на ніве францускай беларусістыкі трэба абавязкова назваць так званы «Беларускі збор» (Collection Biélorussie), які выдаецца з 2000 году дзякуючы асабістым намаганьням вышэй ужо згаданых В. Шыманец ды Ж.-Ш. Ляльмана. Першая кніга, прысьвечаная Беларусі, выйшла ў сьвет у 1997 годзе ў выдавецтве «L’Harmattan» пад назвай «Parlons biélorussien: langue et culture» («Гаворым па-беларуску: мова і культура») аўтарства В. Шыманец і А. Гужон. У той час «Беларускі збор» яшчэ не існаваў, і кніга выйшла ў сэрыі «Гаворым па...», прызначанай азнаёміць францускую публіку з дагэтуль малавядомымі мовамі й культурамі. Беларуская кніжка сталася 31-й па ліку ў гэтай сэрыі і 5-й з тых, што былі прысьвечаныя культурам і мовам краінаў былога СССР. Па сёньняшні дзень у беларускім зборы выйшла 10 кніжак. Вось некалькі зь іх.

– «L’Aperçu de l’histoire politique du Grand-Duché de Lituanie» («Агляд палітычнае гісторыі ВКЛ») Ігара Лялькова (травень 2000).

– «Chroniques sur la Biélorussie contemporaine» («Хроніка сучаснае Беларусі»), выдадзеная ў 2001 годзе калектыўная праца пры ўдзеле В. Шыманец і А. Гужон ды Ж.-Ш. Ляльмана, якая ў храналягічным парадку падае гістарычныя падзеі першага дзесяцігодзьдзя беларускай дзяржаўнасьці і спрабуе вытлумачыць беларускую сытуацыю праз аналіз палітычных дыскурсаў і народных жартаў на тэму лукашэнкаўскай улады. У кнізе гумар разглядаецца як спосаб зьняцьця псыхічнай напружанасьці ад жыцьця ў аточанай ворагам крэпасьці пад назвай РБ.

– Выдадзеная ў лютым 2002-га «Le petit parlement biélorussien: les Biélorussiens au parlement polonais entre 1922–1930» («Малы беларускі парлямэнт: беларусы ў польскім парлямэнце ў 1922–1930 гадох») Бруна Дрвэскі са знакамітай прадмовай пяра Даніеля Бавуа (Daniel Beauvois).

– «L’École artistique de Vitebsk (1897–1923)» («Віцебская мастацкая школа 1897–1923»). Кніга Клер Лё Фоль (Claire Le Foll), у якой гутарка вядзецца, між іншым, аб культурным асяродзьдзі Віцебшчыны, якое паўплывала на творчасьць Шагала з Малевічам, якія ў Францыі асацыююцца выключна з расейскай культурай.

– «Le théâtre en Biélorussie: fin du XIXe siècle – années 1920» («Тэатар у Беларусі: канец ХІХ стагодзьдзя – 20-я гады ХХ ст.») В. Шыманец, травень 2003.

Апошняя кніга, якая выйшла ў верасьні 2003 году, – гэта пераклад Эвы Сорэн (Eve Sorin) на францускую мову апавяданьняў Васіля Быкава «Le menu sable jaune et autres nouvelles».

«Беларускі збор» стараецца падаць беларускую рэчаіснасьць зь першае, так бы мовіць, крыніцы, без расейскага ці яшчэ якога іншага пасярэдніцтва. Францускія аўтары, чые кніжкі выйшлі ў гэтай калекцыі, самі асабіста працавалі ў беларускіх архівах. І ў гэтым яны ўжо піянэры – бо, згодна з францускай акадэмічнай традыцыяй, яны маглі б цалкам добра карыстацца даступнымі ўжо выданьнямі і паслугоўвацца існымі клішэ. У адсутнасьці гэтых клішэ галоўная вартасьць збору. Напрыклад, у кнізе аб Віцебскай мастацкай школе француз са зьдзіўленьнем даведваецца, што творчасьць Шагала шмат у чым адлюстроўвае культурны плюралізм, характэрны для Беларусі, у якім габрэйскі элемэнт адыграў вельмі важную ролю.

Адзначым таксама той факт, што ўпершыню французы пішуць пра Беларусь для французаў. Гэта якасна новы культурны фэномэн. Так яны таксама пазбаўляюць, у пэўнай меры, беларусаў комплексаў адносна ўласнае нібыта вясковае культуры.

Апрача калекцыі «Беларускі збор», «L’Harmattan» таксама апублікаваў чатыры кнігі на беларускую тэматыку. «Беларусь: дрэйфоўная незалежнасьць» («La Biélorussie: une indepéndance a la dérive») аўтарства Вів’ян ду Кастэль (Viviane Du Castel) нагадвае, што пасьля абвяшчэньня Беларусьсю незалежнасьці ў 1991 годзе яе вонкавая палітыка вызначаецца пад уплывам Расеі і залежыць ад дачыненьняў Захад–Усход. Сёньняшняя РБ выкарыстоўваецца як інструмэнт расейскае замежнае палітыкі дзеля яе, г. зн. Расейскай Фэдэрацыі, бясьпекі.

Вядомы амэрыканскі псыхоляг Эрых Фром назваў свой найважнейшы твор «Escape from freedom» – «Уцёкі ад свабоды». Беларускі фэномэн можна акрэсліць парафразай гэтай назвы «Escape from Nation» – «Уцёкамі ад нацыі». З аднаго боку, сьведамасьць сваёй іншасьці не дазваляе беларусам стацца расейцамі ці палякамі, а з другога – над беларусамі цяжэе гістарычны комплекс ніжшыні.

«Perspectivеs Biélorussiennes» шмат увагі прысьвяцілі так званай ідэалёгіі беларускай дзяржавы, уведзенай у навучальныя ўстановы РБ.

Застаецца пытаньне, які водгук займела гэтая «Collection Biélorussie» у францускім інтэлектуальным асяродзьдзі. Францускі інтэлектуальны сьвет даволі, так бы мовіць, «клясавы». Існуе падкрэсьленая герархія: тая ці іншая школа ці выдавецтва маюць свой асобны статус. Рэпутацыя выдавецтва «L’Harmattan» пакуль далёкая ад прэстыжу. Публікуецца ўсё і абы-што: вартыя рэчы разам з графаманіяй. Нічога дзіўнага, бо штотыднёва «L’Harmattan» выдае да 30 тытулаў усіх кірункаў. Сапраўдны млын! Што з гэтае арматанаўскае мукі выпечэцца пра Беларусь – час пакажа. Але ў Францыі паявілася альтэрнатыўная і якасная крыніца інфармацыі пра Беларусь.

Нельга абвінавачваць францускіх беларусістаў у выбары «кепскага» выдаўца. Гэта сьведчыць толькі аб тым, якое месца займае беларуская праблематыка ў францускім грамадзтве. Іншыя выдавецтвы наагул не цікавяцца беларускай праблематыкай. Вось і не застаецца асаблівага выбару.

Гэтыя 10 кніг з «Collection Biélorussie» – амаль адзіныя даступныя для францускамоўных чытачоў выданьні пра Беларусь. Набыць іх можна праз інтэрнэт-кнігарню www.amazon.fr.

Краіны, згубленыя паміж Эўразьвязам і Расейскай Фэдэрацыяй, зноў пачалі цікавіць францускую публіку пасьля ўкраінскай Памаранчавай рэвалюцыі. Ужо каля двух гадоў у Францыі можна назіраць абуджэньне інтарэсу да Беларусі таксама на ўзроўні грамадзкіх асацыяцыяў ці культурных ініцыятываў.

Добрым індыкатарам грамадзкіх настрояў зьяўляецца ўжо вышэй згаданы парыскі Інстытут палітычных дасьледаваньняў, дзе рыхтуюцца будучыя эліты Францыі. У 2005 годзе паўстала група з чатырох студэнтаў, якія ажыцьцявілі цэлы праект пра прычыны таго, чаму сучасная Беларусь сама апынулася ў самаізаляцыі. Плён іхняй працы можна знайсьці на сайце «Погляды на Беларусь».

З 2004 году існуе асацыяцыя «Парыж–Менск» якая займаецца распаўсюджваньнем навінаў пра тое, што дзееца ў Беларусі ў палітычным вымярэньні. Асацыяцыя выдае «Беларускі кур’ер» («Le Courrier de la Biélorussie»).

З зусім нядаўніх падзеяў трэба нагадаць арганізаваную парыскай «&Euacute;cole Normale Superieure» канфэрэнцыю, прысьвечаную Беларусі і Ўкраіне й іх месцу ў эўрапейскай супольнасьці, якая адбылася ў сёлетнім сакавіку.

Сам факт разгляду гэтых нацыяў асобна ад Расеі ўжо рэвалюцыйны для францускага кантэксту. На канфэрэнцыю завітаў амбасадар РБ у Парыжы сп. Шых, які паўтарыў вывучаныя на памяць фразы, што Беларусь як дзяржава існавала пад назовам Вялікага Княства Літоўскага, бо ягонай афіцыйнай мовай была беларуская.

У Францыі Беларусь трэба адкрываць з самага пачатку. І Інтэрнэт застаецца месцам спатканьня ўсіх, каму не абыякавы лёс Беларусі. Сярод цытаваных вышэй сайтаў не знайсьці, аднак, значнае прысутнасьці афіцыйнага Менску. У адрозьненьне ад іншых краінаў, якія інвэстуюць у свой імідж за мяжой, РБ занятая сваім унутраным макіяжам. Сярод імпрэзаў, зьвязаных зь Беларусьсю, дзе выступаў амбасадар РБ у Францыі, можна згадаць адну значную падзею: «Дні культуры Беларусі», якія адбыліся 16–20 красавіка 2002 году ў памяшканьні «Espace Pierre Cardin» дзякуючы фінансавай падтрымцы францускага кутур’е...

А калі гаворка аб модзе, то вось і зноў павяртаемся да cherchez la femme! Цяжка ўлавіць спрыяльную каньюнктуру, а яшчэ цяжэй яе ўтрымаць, бо яна зьменлівая. Застаецца спадзявацца, што тэндэнцыя росту зацікаўленасьці Беларусьсю пратрымае даўжэй капрызаў і модаў. І што яна таксама дачакаецца свайго п р э с т ы ж у. Перадусім у самой Б е л а р у с і.

  ²Нацыянальная агенцыя турызьму. (фр.)
Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (45) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/05/14