Украіна мала чым розьніцца ад большасьці краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у якіх пасьля краху камуністычных рэжымаў пачалося кардынальнае пераасэнсаваньне гістарычнага мінулага. Тэма «Вялікай Айчыннай вайны» ад абвяшчэньня ў жніўні 1991 г. незалежнасьці ўкраінскай дзяржавы й дагэтуль перабывае ў цэнтры палкіх грамадзкіх дыскусіяў і палітычнай барацьбы, досыць яскрава адлюстроўваючы ня толькі нявырашанасьць праблемы новай «украінскай ідэі», але й вызначэньне стратэгічных арыентацыяў у сыстэме каардынатаў Захад–Усход. Уласна, Другая сусьветная вайна застаецца водападзелам у гістарычнай памяці ўкраінцаў, расколваючы іх палітычна, ідэалягічна і сьветапоглядна.
АД СТАЛІНА ДА ХРУШЧОВА:
МІТ ПРА ВАЙНУ ЯК ЛЕГІТЫМІЗАЦЫЯ РЭЖЫМУ
У міжваенны пэрыяд бальшавікам так і не ўдалося сфармаваць ува УССР гамагеннае грамадзтва з адзінай савецкай ідэнтычнасьцю. Ані пэрманэнтныя чысткі ворагаў, ані фармаваньне нацыянальна падфарбаванага савецкага патрыятызму ня мелі вялікага посьпеху. Пераважна сялянская паводле сацыяльнага складу Ўкраіна, што перажыла ў 1930-я гг. калясальную ў сваіх маштабах і наступствах гуманітарную катастрофу – галадамор, ахвярамі якога сталі ня менш за 3,5 мільёны асобаў, заставалася ў сталінскай імпэрыі патэнцыйна «слабым зьвяном». Далучэньне Заходняй Украіны да СССР напярэдадні нямецкага ўварваньня толькі дадало савецкай уладзе новых праблемаў.
Нацысцкая акупацыя 1941–1944 гг. рэзка аддзяліла Ўкраіну ад Расеі як палітычна, так і мэнтальна, вывеўшы яе на некалькі гадоў з-пад уплыву савецкай ідэалёгіі і прапаганды. Узровень ляяльнасьці ўкраінскага насельніцтва да сталінскай улады выявіўся невысокім: гэта яскрава засьведчыла і масавая здача чырвонаармейцаў у палон на пачатковым этапе вайны, і тое, што больш за 90 % насельніцтва (зь іх 5,6 мільёна – вайсковаабавязаныя) засталіся на акупаванай немцамі тэрыторыі, і надзвычай нізкі ўзровень супраціву новаму акупанту. Масавай зьявай зрабіўся і нацыянальна-вызвольны рух у заходніх рэгіёнах, пік якога прыпаў якраз на пэрыяд аднаўленьня сталінскай улады ўва Ўкраіне.
Аднак перамога ў вайне з гітлераўскай Нямеччынай стварыла новыя ўмовы для легітымізацыі камуністычнага рэжыму. Вайна зь яе шматлікімі рэальнымі й мітычнымі праявамі гераізму й ахвярнасьці была цудоўным матэрыялам для стварэньня патрыятычных сымбаляў і ўзораў калектыўнай памяці. Больш за тое, барацьба савецкіх народаў з ворагам давала магчымасьць, не ігнаруючы мясцовай спэцыфікі, а, хутчэй, наадварот, акцэнтуючы на ёй увагу, ствараць мадэль супольнага патрыятызму – супольнай савецкай ідэнтычнасьці. Такім чынам, міт пра Вялікую Айчынную вайну, што стаяў на ідэалягемах пра маральна-палітычнае адзінства савецкага грамадзтва, кіроўную ролю кампартыі, адзінства партыі й народу, фронту і тылу, пра палымяны савецкі патрыятызм і масавы гераізм, дружбу народаў СССР і г. д. мусіў адыграць істотную ролю ў кансалідацыі савецкага грамадзтва.
Скіраваны на кансалідацыю ўсяго насельніцтва СССР у адзіны савецкі народ, міт вайны фармаваў уяўленьне пра супольных ворагаў і супольных герояў, аднак кожная нацыянальная рэспубліка і кожны савецкі этнас стваралі свой малы міт, які мусіў арганічна дапаўняць гэтую калясальную ідэалягічна-прапагандысцкую пабудову.
Ствараць украінскі савецкі міт кіраўніцтва рэспублікі распачало яшчэ ў часе вайны, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе складнікі, уласьцівыя афіцыйнай культуры памяці пра вайну: адпаведную інтэрпрэтацыю гісторыі, узьвядзеньне пантэонаў і мэмарыялаў, прызначэньне новых сьвятаў і памятных датаў. Першы камуніст рэспублікі Мікіта Хрушчоў ня толькі выклаў у прамовах ідэйныя ўстаноўкі, што тычыліся ролі й месца Ўкраіны і яе кампартыі ў Вялікай Айчыннай вайне, але й заклаў падваліны для мэмарыяльнага ўвекавечаньня памяці пра вайну. На просьбу Хрушчова і з асабістага дазволу Сталіна ў Кіеве, у нядоўгім часе пасьля вызваленьня гораду, былі пахаваныя героі абароны ўкраінскай сталіцы: генэралы Кірпанос, Патапаў, Тупікоў (у 1957 г. іх перапахавалі ў Парку славы, спраектаваным для гэтага як рытуальнае месца пакланеньня зь Вечным агнём і Магілай невядомага салдата). Крыху пазьней у Кіеве пахавалі й героя яго вызваленьня Мікалая Ватуціна, які загінуў увесну 1944 г. ад ранаў, атрыманых у сутычцы з украінскімі нацыяналістамі (да распаду СССР прычыны сьмерці начальніка І Украінскага фронту ня дужа афішавалі, а цяпер надпіс на помніку «Генэралу Ватуціну ад украінскага народу» праварадыкалы часам інтэрпрэтуюць недвухсэнсоўна).
Увосень 1943 г. да дня вызваленьня Кіева, а потым увосень 1944 г. да даты канчатковага вызваленьня Ўкраіны ад немцаў у ЦК Камуністычнай партыі Ўкраіны (КПУ) быў складзены маштабны плян узьвядзеньня манумэнтаў вызваліцелям: «пантэону героям Айчыннай вайны», бюстаў генэралам, што бралі ўдзел у вызваленьні ўкраінскіх гарадоў, асобных манумэнтаў «Слава» і «Перамога», а таксама помнікаў героям партызанскай вайны ў шматлікіх населеных пунктах Сумскай, Чарнігаўскай, Сталінскай і Варашылаўградзкай вобласьцяў. У Кіеве меліся збудаваць манумэнт «Перамога», які б увасабляў «барацьбу ўкраінскага народу супраць іншаземных захопнікаў і дапамогу расейскага народу, іншых народаў СССР і Вялікага Сталіна ўкраінскаму народу ў вызваленьні тэрыторыі Савецкай Украіны». Хоць далёка ня ўсё з заплянаванага тады зьдзейсьнілі, але ўжо на 1 лістапада 1947 г. у рэспубліцы было ўпарадкавана 31 688 брацкіх і 64 670 асобных магілаў савецкіх воінаў, узьведзена 2 613 помнікаў, 9 861 надмагільле, усталявана 52 549 магільных знакаў. Усе гэтыя магілы й помнікі з часам будуць ператвораныя ў рытуальныя месцы пакланеньня.
У гады вайны Хрушчоў таксама ініцыяваў увядзеньне «агульнанародных нацыянальна-дзяржаўных сьвятаў украінскага народу»: Дня вызваленьня Кіева (6 кастрычніка) і дня вызваленьня Ўкраіны (14 лістапада), якія дзяржава сьвяткуе і дагэтуль. Заснаваць да гэтых сьвятаў спэцыяльны нагрудны знак «За вызваленьне Кіева» і мэдаль «За вызваленьне Ўкраіны» Сталін не дазволіў, але вартая ўвагі тая акалічнасьць, што сярод нерасейцаў толькі для ўкраінцаў зрабілі выключэньне, заснаваўшы «нацыянальны» «Ордэн Багдана Хмяльніцкага». (Эстонцам, якія прасілі, на ўкраінскі ўзор, заснаваць ордэн у гонар свайго нацыянальнага героя Лембіта, адмовілі.)
Ужо стаўшы першым сакратаром ЦК КПСС, Мікіта Хрушчоў у 1961 г. дабіўся для Кіева званьня гораду-героя. Гэтае пачэснае званьне заснавалі ў 1945 г. і прысвоілі «за гераічную абарону ў Вялікай Айчыннай вайне» толькі Ленінграду, Севастопалю, Валгаграду-Сталінграду і Адэсе. Гэты крок даўся Хрушчову не бяз пэўных ускладненьняў, бо ў колішніх сталінскіх маршалаў абарона Кіева асацыявалася з наймаштабнейшым за ўсю вайну акружэньнем і паразай савецкага войска, калі ў палон трапіла больш за паўмільёна салдатаў. Паколькі немцы практычна не бамбілі і не абстрэльвалі Кіеў цяжкой артылерыяй, места амаль не зазнала руйнаваньня. Тысячы месьцічаў выйшлі паглядзець на ваяроў вэрмахту, калі тыя ўваходзілі ў горад, і нямала кіяўлянаў танцавала і сьпявала, цешачыся з падзеньня сталінскага рэжыму. Багата дзе насельніцтва сустракала нямецкіх салдатаў хлебам-сольлю, і, іроніяй лёсу, адным з такіх месцаў была будучая Плошча Славы. Дарэчы, непрыемнае ўражаньне пакідала і тое, што абаронай украінскай сталіцы кіраваў генэрал Андрэй Уласаў, які ў хуткім часе стаў здраднікам № 1 у сталінскай імпэрыі.
Маскву ўзнагародзілі званьнем гораду-героя толькі ў часы Брэжнева – у 1965 г. Тады сама, да дваццацігодзьдзя перамогі, пачэснае званьне крэпасьці-героя было нададзена Берасьцю. Сам жа горад Берасьце, дзе ў першыя дні вайны адбылося некалькі антысавецкіх выступленьняў, вядома, такой пашаноты не дачакаўся.
Прэтэнзію партыі на кіроўную ролю ў грамадзтве істотна падтачыла катастрофа 1941 г., што і абумовіла асаблівую табуяванасьць падзеяў пачатковага пэрыяду ў афіцыйнай культуры памяці пра вайну. Паэтам Канстанціну Сіманаву і Яўгенію Далматоўскаму яшчэ падчас вайны адмовілі ў просьбе зьняць фільм пра 1941 г. Усё зьвязанае з гэтай тэмай старанна правяралі. Таксама ўвосень 1945 г. намесьнік упаўнаважанага Саўнаркаму СССР у справе захаваньня вайсковай таямніцы спыніў друкаваньне № 4–5 часопісу «Українська література». Пасьля праверкі зь яго вынялі аповесьць Зіновія Цецерука «Запіскі ваеннапалоннага». У аповесьці вялося пра пакуты былога камандзіра Чырвонай арміі, які добраахвотна здаўся ў палон і згадзіўся разьміноўваць мінныя палі. Пасьля шматлікіх уцёкаў з канцлягераў і трынаццаці месяцаў блуканьня па акупаванай тэрыторыі герой аповесьці перайшоў лінію фронту і вярнуўся «да сваіх». Бядой аўтара стала «занадта праўдзівае» апісаньне пачатковага пэрыяду вайны. Сцэны добраахвотнай здачы чырвонаармейцаў у палон, лібэральнага стаўленьня немцаў да ваеннапалонных-украінцаў, якіх масава адпускалі дадому, адсутнасьць прыкладаў «гераічнай барацьбы савецкага народу і Чырвонай арміі з фашысцкімі захопнікамі» і нават самога намёку на партызанаў – герой аповесьці так і ня змог іх адшукаць – выклікалі абурэньне ў цэнзараў. Яны прызналі публікацыю «сур’ёзнай памылкай рэдакцыі і палітычна шкодным творам».
У пасьляваенны пэрыяд катастрофу 1941 г. улада прыхоўвала яшчэ больш старанна. Напрыклад, у 1948 г., перагледзеўшы першую сэрыю фільму «Маладая гвардыя», Сталін прапанаваў рэжысэру Сяргею Герасімаву выдаліць найбольш удалыя, на думку творцы, сцэны, зьвязаныя з правалам партыйнага падпольля і панічнага адступленьня савецкіх войскаў. «Адступалі, – казаў Сталін, – толькі на папярэдне падрыхтаваныя пазыцыі й плянамерна».
Гэтая тэма заставалася забароненай і пасьля сьмерці Сталіна. Хоць у першай комплекснай гістарычнай працы з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, напісанай ува УССР у 1956 г., гісторык Мікола Супруненка і спрабаваў дасьледаваць прычыны паразаў на пачатку вайны, ён амаль усё зьвёў да памылак самога Сталіна. У кніжцы аб’ёмам 27 друкаваных аркушаў пачатковаму пэрыяду вайны было прысьвечана толькі 20 старонак.
Для відавочна катастрафічнага 1941 г. савецкія гісторыкі знайшлі ўдалы эўфэмізм – «пэрыяд часовых няўдачаў», і чым далей, тым ахвотней тлумачылі савецкія паразы «вераломнасьцю нямецкага нападу на міралюбную савецкую краіну» і колькаснай перавагай ворага.
Ідэалягічныя цэрбэры ўвесь час сачылі, каб вялікая таямніца камуністычнага рэжыму ня выйшла на сьвятло. Так, на пачатку 1970-х Галоўліт прызнаў «палітычна нясьпелым» і забараніў друкаваць верш «Памяць», у якім паэт ад імя салдата-франтавіка кажа, што яму сорамна насіць узнагароды, калі ён згадвае пра 1941 г.; тады герой запытвае сябе, хто ж вінаваты ў ахвярах 1941 г.? А пасьля таго, як у 1971 г. часопіс «Вітчизна» (№ 11–12) зьмясьціў аповесьць пісьменьніка-партызана Юр’я Збанацкага «Мы зь легенды», двойчы герой Савецкага Саюзу партызан Аляксей Фёдараў наладзіў аўтару сапраўднае шальмаваньне за тое, што той наважыўся паставіць пад сумнеў масавасьць партызанскага руху і спрабаваў апісаць складанасьці яго станаўленьня ў 1941 г.
Істотным момантам зьяўляецца тое, што менавіта маштабная савецкая параза на пачатковым этапе вайны, а таксама неляяльнасьць да сталінскага рэжыму, якую выявіла значная частка мясцовага насельніцтва, надалей сталі важкай прычынай пэрманэнтнай гіпэрбалізацыі партызанскай тэмы ўва ўкраінскай савецкай гістарыяграфіі. Жаданьне партыйных гісторыкаў пераканаць у існаваньні магутнага народнага супраціву нямецкай акупацыі ўва Ўкраіне часам патыхала «перасолам». Напрыклад, у 1957 г. дзеля «памылак у асьвятленьні гістарычных падзеяў і зьяваў» Галоўліт не дапусьціў да друку працу «Народная барацьба ўва Ўкраіне ў гады Вялікай Айчыннай вайны», падрыхтаваную АН УССР. Акрамя шэрагу заўваг, зьвязаных з залічэньнем да «кіраўнікоў і арганізатараў партызанскай барацьбы сумнеўных асобаў», істотнай заганай быў прызнаны дакладны паказ руйнаваньня фабрык і заводаў, нібыта зыніцыяванага партызанамі. Выходзіла, што народныя мсьціўцы вывелі з ладу больш за 1600 заводаў, фабрык, электрастанцыяў і г. д. «Складалася такое ўражаньне, – зазначалі цэнзары, – нібыта ня гітлераўцы зьнішчылі прамысловасьць Украіны, а партызаны».
Увогуле, і сталінскія генэралы, і партакраты як падчас вайны, так і пасьля яе сканчэньня, ставіліся да партызанаў безь вялікага піетэту. У нейкай меры гэта тлумачылася пэўнай падазронасьцю да іх праз сталае знаходжаньне на акупаванай тэрыторыі, часткова – празь зьняважлівае стаўленьне да «народных мсьціўцаў» як да напаўбандытаў, у атрадах якіх пануе дух «партызаншчыны» – гэты своеасаблівы антыпод вайсковай і партыйнай дысцыпліны. І за сваю глярыфікацыю партызанскі рух зноў-такі мусіць дзякаваць Хрушчову, які намагаўся ўзмацніць украінскі савецкі патрыятызм, адначасова шукаючы падтрымкі рэспубліканскай партыйнай эліты, верхаводамі якой сталі прадстаўнікі партызанскіх кланаў.
Супольнымі намаганьнямі ўкраінскай улады і «творчай інтэлігенцыі» партызанская тэма перарасла ў сапраўдны міт пра «ўсенародную барацьбу ў тыле нямецкіх войскаў на акупаванай тэрыторыі Ўкраіны». Мэмуары і раманы ўдзельнікаў партызанскага руху ўва Ўкраіне – Сідара Каўпака, Аляксея Фёдарава, Пятра Вяршыгары ды іншых, што зьявіліся ўжо ў першыя паваенныя гады, перавыдаваліся ў рэспубліцы ўсё большымі й большымі накладамі. Адначасова расла й колькасьць украінскіх партызанаў. Лічба ў 220 тысяч удзельнікаў партызанскага руху, якую Мікіта Хрушчоў апрылюдніў на XVI зьезьдзе кампартыі Ўкраіны, неўзабаве перастала задавальняць новых кіраўнікоў, бо, у параўнаньні зь Беларусьсю, дзе партызанаў налічылі ўдвая болей, рэспубліка паўставала ў невыгодным сьвятле. І напярэдадні дваццатай гадавіны Перамогі кіеўская філія Інстытуту гісторыі партыі пачала зьбіраць у вобласьцях сьведчаньні пра ўдзел грамадзянаў Украіны ў партызанскім руху і падпольлі. Аднак зьвесткі, што прыйшлі з абласных архіваў, выклікалі ў Кіеве зьбянтэжанасьць. Напрыклад, у Запароскай вобласьці здолелі адшукаць толькі 337 партызанаў і 44 падпольшчыкі, а таксама 285 асобаў, якія спрыялі ім у гады вайны. Дырэктар інстытуту Іван Назарэнка ня змог схаваць расчараваньня і раздражнёна напісаў на дакумэнце: «Няўжо так было?»
У Запарожжа паслалі супрацоўніка інстытуту, які «растлумачыў заданьне ЦК» мясцоваму кіраўніцтву. Пералічылі і... знайшлі яшчэ 192 056 удзельнікаў усенароднай барацьбы 1941 г., многія зь якіх, як сьцьвярджалася, пасьля сталі партызанамі і падпольшчыкамі. Дзякуючы такой альхіміі была выведзеная новая, абсалютна фантастычная лічба: адпаведна 501 тысяча ўкраінскіх партызанаў і 100 тысячаў падпольшчыкаў.
Памнажаючы ўкраінскіх партызанаў, улада адначасова намагалася не засяроджваць увагу на іх нацыянальным складзе, паколькі этнічныя ўкраінцы складалі тут прапарцыйна значна меншую частку, чым іх наагул было ў рэспубліцы. Украінцы, якія складалі да 72 % насельніцтва УССР, нават на завяршальным этапе вайны паводле колькасьці ў партызанскіх атрадах рэдка дацягвалі да 50 %. Напрыклад, у злучэньні Міколы Папудранкі было 43 % расейцаў, 41 % украінцаў і 10 % беларусаў. У злучэньнях Сідара Каўпака і Фёдара Ўшакова ўкраінцы таксама саступалі ў колькасьці расейцам. Адпаведна, і сялянаў, зь якіх на 2/3 складалася насельніцтва Ўкраіны, у партызанскіх атрадах было недзе 50 %.
Затушоўваньне нацыянальнага моманту было тыповай праявай псэўдаінтэрнацыяналісцкай гістарычна-ідэалягічнай канцэпцыі «дружбы народаў», прызначанай фармаваць адзіную савецкую ідэнтычнасьць, што пачала стварацца ў Савецкім Саюзе яшчэ ў 1930-я. Характэрны выпадак здарыўся ў гады вайны з Аляксандрам Даўжэнкам. У 1942 г. ён перадаў у рэдакцыю часопісу «Знамя» аповесьць «Перамога», у якой ішлося пра гераічныя дзеяньні адной вайсковай часткі, што амаль цалкам складалася з украінцаў. Зважаючы на поўную акупацыю УССР і значнае зьмяншэньне колькасьці ўкраінцаў у Чырвонай арміі, Даўжэнка, мабыць, хацеў узьняць баявы дух мільёнам сваіх суграмадзянаў, якія апынуліся за межамі бацькаўшчыны. Але тагачасны кіраўнік Агітпрапу Георгі Аляксандраў раскрытыкаваў твор «за штучны адрыў барацьбы ўкраінскага народу ад расейскага і іншых народаў СССР» і забараніў яго, «як палітычна памылковы і шкодны».
Пасьля вайны быў сфармаваны велічны міт пра «дружбу народаў СССР як адзін з складнікаў перамогі». Паводле колькасьці публікацыяў гэты сюжэт ня меў сабе роўных. У межах адной толькі тэмы «партыйнае кіраўніцтва над узмацненьнем дружбы народаў і супрацоўніцтва савецкіх народаў у пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны» за сорак пасьляваенных гадоў пабачыла сьвет 90 манаграфіяў і брашураў, 95 артыкулаў, 210 гістарычна-партыйных і агульнагістарычных публікацыяў. Над стварэньнем міту працавалі цэлыя інстытуты. Напрыклад, у Інстытуце гісторыі Ўкраіны, апроч аддзелу Вялікай Айчыннай вайны, існаваў яшчэ спэцыяльны аддзел дружбы народаў. Дзякуючы іх «плённай працы», аж да пачатку перабудовы так і не ўдалося дакладна вызначыць, колькі ж украінцаў было ў шэрагах Чырвонай арміі на розных этапах вайны; якім быў нацыянальны склад савецкіх франтоў, што біліся ўва Ўкраіне; колькі грамадзянаў УССР налічвалася ў генэралітэце і афіцэрскім корпусе, ня кажучы ўжо пра этнічны кантэкст людзкіх стратаў, палону, калябарацыі і г. д.
Яшчэ адзін аспэкт праблемы быў у жаданьні старых камуністычных гісторыкаў пазьбегнуць разгляду «нясвоечасовых пытаньняў». Звыклыя да ідэалягічнай каньюнктуры, гэтыя гісторыкі кіраваліся тэзай, што ісьціна, якая не адпавядае партыйным інтарэсам, нікому не патрэбная, прынамсі, нясвоечасовая. Калі ў 1994 г. аўтару давялося абараняць дысэртацыю «Нацыянальныя праблемы ў Чырвонай арміі ў гады вызваленьня Ўкраіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», адзін з такіх навукоўцаў, доктар гістарычных навук Іван Хмель, абураны адсутнасьцю ў тэксьце панятку «Вялікая Айчынная вайна», заклікаў маладых дасьледнікаў: «Дайце нам спачатку памерці, а ўжо потым пішыце, як вам захочацца».
Табуяваная была і праблема міжнацыянальных адносінаў ды нацыянальных меншасьцяў у гады вайны. Дэпартацыі крымскіх татараў і немцаў Украіны, украінска-польская разьня на Валыні заставаліся таямніцаю за сямю пячаткамі, – як, зрэшты, і трагедыя галакосту. Увогуле, выцясьненьне памяці пра катастрофу габрэйства было вельмі прыкметным момантам афіцыйнай гісторыі вайны. Толькі ў 1966 г. пабачыў сьвет раман кіеўскага пісьменьніка Анатоля Кузьняцова «Бабін Яр», які асьвятляў тэму, але ў хуткім часе яго забаранілі, і аўтар мусіў эміграваць. Не ў апошнюю чаргу такое замоўчваньне было выклікана нежаданьнем улады прызнаваць габрэяў галоўнай ахвярай нацысцкай акупацыі – не ў апошнюю чаргу й таму, што гэта магло, на думку партыйных ідэолягаў, прынізіць міт Вялікай Айчыннай вайны, аднавіўшы ў сьвядомасьці масаў даўнейшыя антысэміцкія стэрэатыпы пра «саветы як габрэйскую ўладу», тым больш што нацысцкая прапаганда ўпарта насаджвала ўяўленьне пра «жыдабальшавізм», ад якога немцы, маўляў, прыйшлі вызваліць украінцаў. Таму ўлада лічыла за лепшае называць шматлікія пахаваньні габрэяў магіламі «мірных савецкіх грамадзянаў – ахвяраў гітлераўскага акупацыйнага рэжыму». Ува ўхваленай у 1945 г. пастанове Саўнаркаму УССР усталяваць манумэнт у памяць пра ахвяраў Бабінага Яру пра габрэяў няма ні слова, а калі ў 1976 г. помнік нарэшце быў узьведзены, нацыянальная прыналежнасьць ста тысячаў забітых наагул ня згадвалася. Толькі ў часы перабудовы й галоснасьці пра галакост загаварылі на ўвесь голас. Тады сама высьветлілася, што ў адной магіле з габрэямі ў Бабіным Яры ляжаць сотні ўкраінскіх нацыяналістаў, расстраляных немцамі.
Асаблівасьць украінскай гістарычнай памяці вайны была ў тым, што яна ад пачатку дваілася: на афіцыйна-савецкую і прыхавана-нацыяналістычную. Нацыянальна-вызвольны рух, які за часамі нямецкай акупацыі ахапіў заходнія вобласьці Ўкраіны і дасягнуў апагею пасьля вяртаньня сталінскага рэжыму, стварыў за гады вайны цэлую сыстэму мітаў з уласнымі героямі й сымбалямі, пантэонамі й сьвятамі, што грунтаваліся на ідэі ахвярнай барацьбы ўкраінскага народу «супраць двух імпэрыялізмаў – сталінскага і гітлераўскага – за незалежную ўкраінскую дзяржаву». Нездарма савецкая ўлада, вярнуўшыся ўва Ўкраіну, адразу падбала пра зьнішчэньне ўсяго, што нагадвала б пра гэтую барацьбу. Напрыклад, усё той жа Хрушчоў прапанаваў ператварыць курганы, якія насыпалі сваім героям украінскія паўстанцы, у помнікі савецкім салдатам, зьбіваючы для гэтага з магілаў крыжы і трызубы і мантуючы на іх месца пірамідкі з чырвонымі зоркамі.
Тэма ворагаў і здраднікаў займала асаблівае месца ўва ўкраінскім савецкім міце. Зрэшты, калі савецкая гістарыяграфія і акцэнтавала ўвагу на нечым нацыянальным, дык гэта былі «нацыянальныя ворагі». Да іх, апроч уласна краінаў-агрэсараў (гітлераўскай Нямеччыны і яе сатэлітаў), былі залічаныя ўсе нацыянальныя рухі часоў Другой сусьветнай вайны, што мелі выразна антыімпэрскі, антысавецкі характар і высоўвалі лёзунг разьвіцьця сваіх нацыяў па-за межамі сталінскай імпэрыі. Не аналізуючы палітычна-ідэалягічных прычынаў пашырэньня ў гады вайны ўплыву ўкраінскага нацыяналізму, савецкая гістарыяграфія падавала гэты маштабны народны рух як дзеяньні вартай жалю жменькі здраднікаў радзімы, калябарантаў і крымінальнікаў. Цягам амаль 50 гадоў камуністычная прапаганда зь лёгкага пяра партыйнага функцыянэра Дзьмітрыя Мануільскага фармавала ўва Ўкраіне вобраз «украінска-нямецкага буржуазнага нацыяналіста, што дапамагаў фашыстам» (таму зусім не выпадкова ў савецкай Украіне ўрадавая прэмія для гісторыкаў была названая ў гонар менавіта гэтага партыйнага прыстасаванца і прафэсійнага фальсыфікатара гісторыі). Дзейнасьць Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) і створанай пры яе ўдзеле Ўкраінскай паўстанцкай арміі (УПА) іншых характарыстык, апроч «антынародная, крывавая, злачынная», ня мелі. Прыдуманыя ў савецкай публіцыстыцы штампы кшталту «жоўта-блакітныя вурдалакі», «штатныя юды», «пазначаныя пячаткаю праклёну», «саюз трызуба і свастыкі» і г. д. меліся затаўраваць і ўкрыць вечнай ганьбай украінскі вызвольны рух.
Жахлівыя і крывавыя старонкі працяглай барацьбы сталінскай імпэрыі з гэтым рухам, зьвесткі пра сотні тысячаў забітых, закатаваных, дэпартаваных мусілі навек застацца засакрэчанымі. Вядома, што інфармацыя пра пляны Сталіна дэпартаваць усіх (!) украінцаў за неляяльнасьць, якая ўпершыню прагучала ў сакрэтным дакладзе Хрушчова на ХХ зьезьдзе КПСС, так і засталася без адпаведнага аналізу і камэнтароў.
АД НЭАСТАЛІНІЗМУ ДА ПЕРАБУДОВЫ:
МІТ ПРА ВАЙНУ – «СЬВЯТАРНАЯ КАРОВА» КАМУНІСТЫЧНАЙ ІДЭАЛЁГІІ
Насуперак таму, што культ памяці вайны зарадзіўся яшчэ ў сталінскія часы, тады ён не набыў сапраўднага пашырэньня. Сталін выкарыстоўваў памяць вайны выключна для пашырэньня ўласнага культу вайскова-палітычнага генія, і ён ня меў патрэбы ні ў разгортваньні ў грамадзтве магчымых дыскусіяў вакол памылак пачатковага этапу Другой сусьветнай і нямецка-савецкай войнаў, ні ў параўнаньні з папулярнымі палкаводцамі й героямі Вялікай Айчыннай. Таму амаль да самай сьмерці тырана вайну ў Савецкім Саюзе актыўна не эксплюатавалі ані літаратура, ані кінэматограф, ані навука. Прыкладам, ужо ў 1949 г. была распушчаная спэцыяльная Камісія дзеля вывучэньня Айчыннай вайны, створаная ў 1942 г. пры АН УССР, а выставу-музэй «Партызаны Ўкраіны ў Вялікай Айчыннай вайне», што займалася зьбіраньнем дакумэнтаў і ўспамінаў, – зачынілі.
Што да сьвята перамогі, дык зь ім спачатку таксама ня склалася. Як вядома, саюзьнікі першымі падпісалі капітуляцыю зь немцамі – 7 траўня 1945 г. у штаб-кватэры генэрала Эйзэнгаўэра. І толькі на наступны дзень аналягічны акт быў укладзены ў савецкай стаўцы ў Бэрлін-Карлгосьце ў прысутнасьці маршала Жукава. Сталін загадаў ладзіць сьвяткаваньне 9 траўня як «дня перамогі савецкага народу», але ўжо ў 1948 г. яго пазбавілі статусу выходнага.
Пік стварэньня міту вайны прыпаў на брэжнеўскі пэрыяд, калі пасьля «адлігі» да ўлады прыйшлі нэасталіністы – вэтэраны Вялікай Айчыннай, якія запраўлялі палітычным жыцьцём краіны цягам 1970 – 1980-х гг. Менавіта ў пэрыяд застою памяць пра вайну ператварылі ў сапраўдны культ. У якасьці спосабу падтрымкі й легітымізацыі міту пра перавагі камуністычнай сыстэмы «Вялікая Айчынная вайна» пацясьніла нават «Вялікую Кастрычніцкую Сацыялістычную рэвалюцыю». Як трапна заўважыла адна нямецкая дасьледніца, «міт вайны нёс у сабе ідэнтыфікацыйны і дысцыплінарны ўплыў на зусім не гамагеннае і наагул апалітычнае савецкае грамадзтва».
Угрунтаванае на героіцы вайны выхаваньне ў моладзі савецкага патрыятызму суправаджалі маўклівы скептыцызм жывых сьведкаў Другой сусьветнай і амаль поўная блякада ад «варожых інфармацыйных уплываў». Паступова пад ціскам магутнай прапагандысцкай машыны грамадзтва апынулася ў палоне гэтага давершанага міту. Актыўнымі чыньнікамі й адначасова інструмэнтам фальсыфікацыі volens nolens зрабіліся савецкія вэтэраны, якія разам зь вяртаньнем у 1965 г. сьвяткаваньняў «Вялікай Перамогі» аднавілі прызабытую з часоў разьвянчаньня культу асобы традыцыю насіць ордэны і мэдалі. Вэтэраны, якіх за часамі Хрушчова грамадзтва зусім занядбала, адчулі эўфарыю ад магутнай дозы падкрэсьленай пашаны і грамадзкага прызнаньня. Але ўрэшце само грамадзтва заплаціла за гэтую ўяўную і штучную «рэабілітацыю памяці» яшчэ больш жорсткай забаронай на праўду.
Хоць на момант распаду СССР ніводная іншая гістарычная тэма не магла параўнацца з тэмай Вялікай Айчыннай вайны колькасьцю публікацыяў – 20 тысячаў бібліяграфічных пазыцыяў агульным накладам адзін мільярд асобнікаў, – сярод гэтых стосаў друкаванай прадукцыі дарэмна было шукаць нешта пра горкую праўду вайны. Любыя спробы адысьці ад афіцыйнай інтэрпрэтацыі караліся. Дасьледнікі ўва Ўкраіне, напалоханыя пэрспэктываю сесьці ў лужыну праз «страту палітычнай пільнасьці», як чорт ладану баяліся хоць якіх «наватарскіх» публікацыяў на тэму вайны.
Але з найбольшай нагляднасьцю моц манумэнтальнага савецкага міту вайны прадэманстравалі падзеі эпохі перабудовы. Пераўтварэньні, што адбываліся ў краіне, на думку іх ініцыятараў, ня мусілі зачапіць самых падвалінаў савецкага ладу, а асабліва яго падставовых мітаў. Крытыка сталінізму й таталітарызму была дазволеная, аднак без замаху на інтэграцыйныя каштоўнасьці савецкай гісторыі. 21 сьнежня 1988 г., на піку гарбачоўскай галоснасьці, калі старонкі савецкай прэсы былі перапоўненыя сэнсацыйнымі матэрыяламі пра так званыя «белыя плямы» айчыннай гісторыі, Галоўліт СССР пастанавіў унесьці істотныя дадаткі ў наяўны «Пералік ведамасьцяў, забароненых для адкрытай публікацыі». Згодна з гэтым дакумэнтам, да сакрэтных былі залічаныя практычна ўсе ценевыя й непрывабныя старонкі з гісторыі вайны – пра страты асабовага складу, ацэнкі маральна-псыхалягічнага стану савецкіх войскаў (матэрыялы асаблівых аддзелаў і судова-сьледчых органаў), дзейнасьць заградатрадаў і штрафных батальёнаў і г. д.
Дасьледнікі, якім давялося працаваць тады ў архіве Мінабароны СССР у падмаскоўным Падольску, мусяць добра памятаць таўшчэзныя фаліянты з старанна расьпісанымі шматлікімі забаронамі на выкарыстаньне тамтэйшых дакумэнтаў. Найперш немагчыма было выкарыстоўваць тыя, што маглі хоць трохі «дыскрэдытаваць Чырвоную армію». Характэрны прыклад: працаўнікі архіву выдалілі з сшытка аднаго дасьледніка выпіскі пра тое, што закарпацкія ўкраінцы, якіх мабілізавалі палявыя ваенкаматы, ішлі на зборны пункт басанож па сьнезе. Менавіта ў гэтым факце (хіба армія ня мела ботаў?!), а не ў незаконнасьці такой «добраахвотнай» мабілізацыі грамадзянаў іншай дзяржавы, архіўныя працаўнікі бачылі «дыскрэдытацыйны момант».
Зразумела, што, не дасьледаваўшы ўсіх гэтых пытаньняў, не было як нават і марыць пра стварэньне хоць нейкай навуковай карціны мінулай вайны. Аднак пра гэта ў Савецкім Саюзе, насуперак усёй перабудове і галоснасьці, не ішлося. Наадварот: пабачыўшы руйнаваньне немалой колькасьці савецкіх мітаў і кардынальныя зрухі ў грамадзкай сьвядомасьці, якія яно выклікала, усё яшчэ ўладная Кампартыя рабіла адчайныя спробы захаваць адну з наймацнейшых ідэалягічных фартэцыяў – міт пра «Вялікую Айчынную вайну». Лёгіка была простая. На фоне шквалу выкрывальных матэрыялаў пра злачынствы камуністычнай сыстэмы «вялікая перамога партыі й народу ў Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюзу» здавалася ці не адзіным аргумэнтам на карысьць старой ідэалёгіі і сыстэмы ўлады.
Украінская кампартыя была ў тыя часы адным з самых рэтраградных атрадаў КПСС, нават без намёку на дэмакратызацыю. Больш за тое, адчуваючы небясьпечныя вятры пераменаў, украінскія камуністы намагаліся засьцерагчыся ад якіх-небудзь магчымых зьменаў, закансэрваваўшы свой статус-кво. У 1985 г., на пачатку перабудовы, дырэктар Інстытуту гісторыі Ўкраіны Юры Кандуфор і загаднік аддзелу «Вялікай Айчыннай вайны» колішні партызан Усевалад Клакоў выступілі ў «Весьніку АН УССР» з праграмным мэтадалягічным артыкулам, абгрунтоўваючы тэзу пра тое, што гісторыя Ўкраінскай ССР ваеннага часу мусіць заставацца «неад’емнай часткай гісторыі СССР, а выдзяленьне нацыянальнага сюжэту ў супрацьвагу палажэньню пра непарыўнасьць і ўзаемазалежнасьць гістарычнага працэсу разьвіцьця кожнай рэспублікі Савецкага Саюзу ў цэлым была б памылковай».
Аднак грамадзкія працэсы, што адбываліся ў краіне, грунтоўна прайшліся па такой пазыцыі «мудрага печкура». Дэмакратызацыя і галоснасьць адыгралі вырашальную ролю ў актывізацыі гістарычнай памяці ў нацыянальных рэспубліках, у прыватнасьці ўва Ўкраіне. Пасьля скасаваньня ў 1987 г. сумнавядомага артыкулу 58/10-11 (пра «антысавецкую дзейнасьць»), а ў 1990-м – 6-га артыкулу Канстытуцыі СССР (пра вядучую і накіроўваючую ролю Камуністычнай партыі) у краіне ўзьніклі сотні іншых новых альтэрнатыўных, у тым ліку антысавецкіх выданьняў. Плынь непадкантрольнай інфармацыі, найперш той, што тычылася нядаўняга мінулага, зрабілаў сапраўдны пераварот у палітычнай і гістарычнай сьвядомасьці грамадзтва. Чым вастрэйшай рабілася палітычная барацьба між камуністамі і дэмакратамі, тым часьцей у гэтае супрацьстаяньне была ўцягнутая і тэма Другой сусьветнай вайны. Асаблівая роля тут належала публіцыстам, журналістам, пісьменьнікам і тым гісторыкам, якія адгукнуліся на выклік часу. Дзьве асноўныя тэндэнцыі вызначалі ўкраінскую спэцыфіку гэтага пэрыяду. Па-першае, галоўную ўвагу пачалі надаваць месцу Ўкраіны і ўкраінцаў у вайне. Спачатку гэтую тэму краналі выключна ў кантэксьце крытыкі сталінізму, аднак паступова яна ўпісвалася ў кола незалежніцкіх тэндэнцый, што нарасталі ў краіне. Напрыклад, публікацыі пра стварэньне ў 1944 г. на загад Сталіна Наркамату абароны УССР нагадалі грамадзкасьці пра эфэмэрны і фіктыўны статус украінскай савецкай дзяржаўнасьці, а таксама былі сугучныя з заклікамі пэўных палітычных сілаў пра неабходнасьць фармаваньня ўласных рэспубліканскіх узброеных сілаў.
«Архіўная рэвалюцыя» – вывядзеньне з спэцсховішчаў значнага масіву раней засакрэчаных дакумэнтаў – дала магчымасьць зазірнуць у гэтыя «ікс-файлы» і пабачыць зусім іншую карціну мінулай вайны, істотна паспрыяўшы дэвальвацыі старых савецкіх мітаў. Напрыклад, зашмальцаваная тэза пра «авангардную ролю камуністаў ува ўсенароднай барацьбе на акупаванай тэрыторыі» лопнула як мыльная бурбалка, калі выявілася, што амаль чвэрць колішніх сяброў КП(б)У – 142 134 чалавекі – засталася на захопленай ворагам тэрыторыі, а большасьць зь іх – 113 890 чалавек – спакойна перабыла нямецкую акупацыю. У адным толькі пралетарскім Варашылаўградзе паводле стану на 15 красавіка 1943 г. легальна, пасьля рэгістрацыі ў гестапа, жыло 750 былых камуністаў і 350 камсамольцаў.
Калі гаворка ідзе пра руйнаваньне савецкай мадэлі гісторыі, нельга абысьці яшчэ адной надзвычай важнай тэмы – пачатку Другой сусьветнай вайны, 1939–1940 гг. Савецкія ідэолягі засакрэчвалі яго ня менш за падзеі 1941 г., і гэта невыпадкова. Гэты пэрыяд у СССР традыцыйна разглядалі як перадваенны – пярэдадзень «Вялікай Айчыннай вайны», калі міралюбны СССР у варожым капіталістычным атачэньні старанна рыхтаваўся да будучых грозных выпрабаваньняў, нарошчваючы вайскова-эканамічную магутнасьць і ўзмацняючы свае заходнія межы ў «вызвольных паходах» Чырвонай арміі ў Заходнюю Ўкраіну і Заходнюю Беларусь, Паўночную Букавіну, Бэсарабію, Прыбалтыку і Фінляндыю.
Наўмыснае перанясеньне акцэнту на савецка-нямецкую вайну парушала цэльнасьць гістарычнага працэсу, затое ўдала ўпісвалася ў палітычна-ідэалягічны кантэкст савецкай мітатворчасьці. Яно мела на мэце схаваць відавочную датычнасьць сталінскага рэжыму да разьдзьмухваньня Другой сусьветнай вайны, якая да чэрвеня 1941 г. мела выразна захопніцкі, несправядлівы і імпэрыялістычны характар, і непасрэдны ўдзел у ёй СССР. (Падобна, не выпадкова ў часы Брэжнева назву «Другая сусьветная вайна» пачалі пісаць усю з малой літары, затое ў назьве «Вялікая Айчынная вайна» два словы – зь вялікай). Сканструяваная савецкімі ідэолягамі гістарычная схема імгненна страціла б прывабнасьць, калі б з «сталінскай шафы» выцягнулі старанна схаваны «шкілет»: дакумэнты пра таемнае пагадненьне 1939 г. між Сталіным і Гітлерам, што тычыліся падзелу Эўропы. Цалкам усьведамляючы гэта, савецкае кіраўніцтва ня толькі часоў сталінізму ці брэжневізму, але й эпохі гарбачоўскай галоснасьці старанна хавала гэтыя матэрыялы, вызначальныя для разуменьня мэханізму ўзьнікненьня вайны ў Эўропе. Узьняць заслону над таямніцай пакту Рыбэнтропа–Молатава не наважыўся і сам Гарбачоў. Арыгіналы сакрэтных пратаколаў, што пацьвярджалі існаваньне такой змовы, грамадзкасьць атрымала ўжо ў незалежнай Расеі. Такім чынам, падзеі канца 1930-х гісторыкі пачалі разглядаць зусім у іншым ракурсе: два тыраны – Гітлер і Сталін, – злачынна змовіўшыся, фактычна распалілі ў Эўропе пажар вайны, што зрабілася сусьветнай. Ні савецкія падштурхоўваньні нацыстаў да агрэсіі, ні агрэсіўныя дзеяньні самога СССР на пачатку Другой сусьветнай вайны зусім не былі вымушанымі абароннымі захадамі. Іх вызначыла сама прырода камуністычнага рэжыму, які заўжды ахвотна выкарыстоўваў пэрыяды палітычнай нестабільнасьці, каб пашырыць «фронт сацыялізму».
Апроч «дружбы з Гітлерам», гісторыя пачатковага пэрыяду Другой сусьветнай вайны і без таго поўная непрывабных і палітычна нязручных для савецкай прапаганды сюжэтаў. Да іх належала і супраца райхсвэру з Чырвонай арміяй цягам 1920-х – пачатку 1930-х гг., і баявое ўзаемадзеяньне Вэрмахту і Чырвонай арміі падчас разгрому Польшчы ў 1939 г. Зусім ня ўпісваліся ў карціну «трыюмфальнага шэсьця» савецкай улады ў далучаных заходніх рэгіёнах масавыя рэпрэсіі й дэпартацыі палітычна нядобранадзейных элемэнтаў, што ахапілі да аднаго мільёна асобаў. У мясарэзку сталінскіх рэпрэсіяў трапілі й 22 тысячы польскіх палонных афіцэраў, нялюдзка закатаваных у савецкіх турмах: энкавэдысцкія каты ў скураных фартухах уначы забівалі стрэлам у патыліцу палякаў, зьвязаных калючым дротам, а потым скідалі трупы ў таемныя магілы. Сымбалем гэтай трагедыі стала Катынь – месца пад Смаленскам, дзе загінулі 4 тысячы чалавек. Дакумэнты пра гэтае злачынства сталінізму супраць чалавецтва былі старанна схаваныя й пабачылі сьвятло толькі ў 1996 г. Нарэшце, зусім не ўрачысты выгляд мела вайна зь Фінляндыяй 1939–1940 гг., якую СССР разьвязаў пасьля правакацыі савецкіх спэцслужбаў у памежным мястэчку Майніла – амаль такой самай, якую зрабілі нацысты ў Гляйвіцы напярэдадні ўварваньня ў Польшчу. Міжнародная супольнасьць справядліва расцаніла «Зімовую вайну» як агрэсію, і калі савецкая авіяцыя разбамбіла 20 фінскіх гарадоў (тады загінулі і былі параненыя амаль 3000 цывільных асобаў), СССР з ганьбай выгналі зь Лігі нацыяў. Даволі супярэчлівай і цалкам адрознай ад савецкай схемы выявілася і так званая «вызвольная місія Чырвонай арміі ў Эўропе». Падзеі фінальнага пэрыяду вайны, калі адначасова з вызваленьнем ад нацызму аднавілася жорсткае сталінскае заваяваньне Эўропы, нярэдка суправаджалі маштабныя савецкія злачынствы.
Дый афіцыйныя мэтады пашырэньня савецкага ўплыву былі разнастайнымі: ад эканамічнай дапамогі прамаскоўскім «урадам народнай дэмакратыі» да зьнішчэньня ўзброенай апазыцыі й дэпартацыі патэнцыйна неляяльных сацыяльных і нацыянальных групаў, кшталту немцаў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы.
Адначасова камуністычны міт вайны, які паступова падточвала зь сярэдзіны чым далей, тым мацнейшая савецкая альтэрнатыўная гісторыя, руйнаваўся і звонку, пад ціскам іншай, адкрыта антысавецкай і нацыяналістычнай тэндэнцыі, непасрэдна зьвязанай з актуалізацыяй тэмы АУН-УПА. У Заходняй Украіне, як і ў рэспубліках Балтыі, Чырвоную армію публічна вінавацілі ў акупацыі. У лютым 1990 г. пад будынкам Вярхоўнай Рады ў Кіеве правыя палітычныя аб’яднаньні й партыі зладзілі несанкцыянаваны мітынг, удзельнікі якога называлі савецкае войска акупацыйным, бо яно «выхоўвае ў сваіх шэрагах манкуртаў», і заклікалі стварыць уласныя ўкраінскія ўзброеныя сілы, спасылаючыся на досьвед украінскай вайсковай гісторыі княжага і казацкага пэрыядаў, а таксама Ўкраінскай паўстанцкай арміі часоў Другой сусьветнай вайны.
Зазначым, што асаблівую ролю ў папулярызацыі АУН-УПА адыграла ўкраінская дыяспара, адкуль, запаўняючы інфармацыйны вакуўм, у край хлынулі эміграцыйныя выданьні, напісаныя пераважна ў часы «халоднай вайны». Праўда, сярод патоку тае літаратуры былі і цалкам акадэмічныя найноўшыя працы – напрыклад, сынтэз канадзкага прафэсара ўкраінскага паходжаньня Арэста Субтэльнага, у якім гісторыя Другой сусьветнай вайны падавалася ў незвычайным «украінацэнтрычным ракурсе». Кніга Субтэльнага выйшла ў Кіеве ўжо ў першы год украінскай незалежнасьці і, з прычыны адсутнасьці найноўшай канцэпцыі ўкраінскай гісторыі, некалькі гадоў была ледзьве не адзіным дапаможнікам для студэнтаў і школьнікаў новай Украіны.
Зафарбоўваньне «белых плямаў» украінскай гісторыі ўрэшце выклікала істотныя трансфармацыі ў грамадзкай сьвядомасьці й падарвала давер да камуністычнага рэжыму. Дынаміка зьменаў палітычных настрояў ад крытыкі сталінізму да крытыкі савецкай сыстэмы агулам і далей – да ўсьведамленьня ідэі незалежнай Украіны і нават да ўкраінскага нацыяналізму як альтэрнатывы старой камуністычнай ідэалёгіі – выявілася надта імклівай і нечаканай для ўлады.
Затое цалкам прагназавана ўзрастала папулярнасьць тэмы АУН-УПА. На захадзе Ўкраіны шматлікія мітынгі з заклікамі адрадзіць нацыянальную сымболіку і прызнаць Украінскую паўстанцкую армію ўдзельніцай Другой сусьветнай вайны пачаліся яшчэ ў часы перабудовы. У Кіеве на Майдане Незалежнасьці (тады яшчэ плошчы Кастрычніцкай рэвалюцыі) жвава гандлявалі нацыяналістычнай літаратурай, сьцяжкамі, значкамі з бандэраўскай і аунаўскай сымболікай. Пра тое, што ў грамадзтве насьпявае раскол, красамоўна сьведчыла рэзкае завастрэньне пры канцы 1980-х – на пачатку 1990-х гг. спрэчак адносна АУН і УПА. Усьведамляючы ўсю выбуховасьць гэтага працэсу, КПУ зрабіла шэраг легальных і нелегальных спробаў даць адпор «антысавецкай і бандэраўскай прапагандзе». Абкамам было загадана забясьпечыць публікацыю контрапагандысцкіх артыкулаў у прэсе, выступы навукоўцаў на тэлебачаньні і, нягледзячы на дэфіцыт паперы, выдаць сэрыю кніжак «Праўда пра АУН-УПА», «Кніга памяці ахвяраў АУН-УПА», зборнік аповедаў «Сумленьне», што выкрываў бандэраўцаў і г. д.
НЕЗАЛЕЖНАЯ ЎКРАІНА: МІТ ВАЙНЫ І ВАЙНА МІТАЎ
Абвешчаная ў жніўні 1991 г. незалежнасьць Украіны не зьняла з парадку дня праблему АУН-УПА, наадварот, яе абмеркаваньне перарасло ў адкрытае палітычнае супрацьстаяньне. Каменем спатыкненьня засталося пытаньне пра афіцыйнае прызнаньне АУН і УПА. У грамадзтве разгарнулася дыскусія пра тое, чыя барацьба была галоўнай і вызначальнай у гісторыі змаганьня за ўкраінскую дзяржаўнасьць – тых украінцаў, якія ваявалі пад чырвонымі сьцягамі, ці тых, каго натхнялі на барацьбу жоўта-блакітныя.
Палярнасьць ацэнак адбівалася ўва ўзаемных лексычных штампах, якія актыўна ўводзіліся: савецкіх вэтэранаў кляймілі як «акупантаў», «страчанае пакаленьне», «ворагаў украінскай незалежнасьці»; затое ўдзельнікаў АУН-УПА – як «калябарантаў», «здраднікаў украінскага народу», «фашысцкіх паслугачоў». У 1992 г., напярэдадні і падчас сьвяткаваньня 50-годзьдзя стварэньня УПА, некалькі заходнеўкраінскіх абласных і раённых радаў зьвярнуліся да Вярхоўнай рады з просьбай афіцыйна прызнаць удзельнікаў нацыянальна-вызвольнай барацьбы 1920-х –1950-х гг. У адказ кіраўніцтва Саюзу вэтэранаў Украіны даслала ў Вярхоўную раду сэрыю пратэстных лістоў супраць «бандэрызацыі Ўкраіны».
Нязгода пануе і ў самім вэтэранскім руху. Адкрыта прак амуністычная арыентацыя кіраўніцтва Саюзу вэтэранаў Украіны, для якога барацьба за памяць пра вайну азначае барацьбу за камуністычныя каштоўнасьці й аднаўленьне чагосьці накшталт СССР, выклікала раскол. У кастрычніку 1996 г. у Кіеве адбыўся ўстаноўчы зьезд Усеўкраінскага аб’яднаньня вэтэранаў Другой сусьветнай вайны, на якім было абвешчана пра жаданьне «адмежавацца ад праімпэрскіх дзеяньняў і намераў адрадзіць Савецкі Саюз вэтэранскай арганізацыі, якую ўзначальвае таварыш Герасімаў», а таксама «аб’яднаць намаганьні ўсіх вэтэранаў, якія вызнаюць і падтрымліваюць Канстытуцыю Ўкраіны і яе незалежнасьць і тым самым спрыяюць кансалідацыі ўкраінскага грамадзтва».
Увогуле для сучаснай Украіны, якая дэкляруе вернасьць дэмакратычным прынцыпам, характэрная плюралістычная гістарыяграфія. Што праўда, тут таксама адчуваецца палярызацыя ня столькі навуковых думак, колькі палітычных пазыцыяў. З аднаго боку, відавочныя спробы перамадэляваць з пункту гледжаньня «ўкраінацэнтрызму» старую савецкую схему «Вялікай Айчыннай вайны» і нават яе базавы міт. Скажам, у падручніку для старшаклясьнікаў і абітурыентаў «Гісторыя Ўкраіны» (Кіеў, 1999) яго аўтары А. Чайкоўскі і В. Шаўчэнка сьцьвярджаюць, што «народ назваў вайну Вялікай Айчыннай вайною, бо бараніў у ёй сваю айчыну-Ўкраіну». Мітычнай можна лічыць і трактоўку выхаду УССР на міжнародную арэну (то бок уступленьне ў ААН, што адбылося найперш дзякуючы кулюарным гульням Сталіна, а ня ў выніку «прызнаньня ўкладу ўкраінскага народу ў барацьбу з фашызмам» і г. д.).
Зь іншага боку, такому падыходу супрацьстаіць інтэгральная нацыяналістычная канцэпцыя, прыхільнікі якой намагаюцца выкінуць з памяці вайны ўсё савецкае, замяніўшы яго героікай АУН і УПА. Прыхільнікі пэўнай прамежкавай мадэлі намагаюцца замірыць правых і левых, акцэнтуючы ўвагу на «гераізьме і ахвярнасьці» ўсіх украінцаў, што біліся зь нямецкімі захопнікамі ў гады вайны і ў шэрагах Чырвонай арміі, і ўва УПА, у выніку чаго ў гістарычнай пэрспэктыве паўстала магчымасьць стварыць незалежную Ўкраіну. Зрэшты, на зьмену старому савецкаму міту вайны прыйшлі новыя постсавецкія і нацыяналістычныя міты.
Гульня на двух палёх гістарычнай памяці сталася звыклай справай для ўкраінскіх уладцаў, якія аднолькава аддавалі належнае і нацыяналістычным, і савецкім юбілеям і датам. Больш за тое, улада навучылася дастасоўваць гэтыя сьвяты да сваіх каньюнктурных інтарэсаў. Скажам, адзначаючы гадавіну абвяшчэньня Карпацкай Украіны, прэзыдэнт Кучма прысвоіў званьне Героя Ўкраіны яе першаму прэзыдэнту Аўгустыну Валошыну, што загінуў у 1945 г. у катоўнях маскоўскага НКВД. Адначасова такое ж званьне атрымаў і кіраўнік Саюзу вэтэранаў генэрал Іван Герасімаў. Акрамя таго, Кучма рашуча зацьвердзіў новае сьвята, Дзень партызанскай славы, насуперак савецкай традыцыі не падзяляць ваяроў Чырвонай арміі і партызанаў. У гэтым выпадку сьвяткаваньне ў сучаснай Украіне 22 верасьня Дня партызанскай славы стала чарговай саступкай леваму электарату, бо яно дэ-факта процістаўляла савецкіх партызанаў паўстанцам УПА, якія сьвяткуюць свой дзень на тры тыдні пазьней. Тагачасны прэзыдэнт падбаў і пра падпольшчыкаў. 18 літага 2002 г. ён аддаў распараджэньне «Пра сьвяткаваньне 60-годзьдзя стварэньня падпольнай моладзевай арганізацыі «Маладая гвардыя» і асабіста ўзяў удзел ува ўрачыстасьцях. А 60-годзьдзе УПА, якое на ўзроўні грамадзкіх арганізацыяў сьвяткавалі ў тым самым 2002 г., праігнараваў.
У часе другога прэзыдэнцкага тэрміну і асабліва пасьля «касэтнага скандалу» Кучмаў рэжым апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі. Гэтая акалічнасьць значна паспрыяла ўзмацненьню арыентацыі найвышэйшай улады Ўкраіны на Расею. Акцэнт на тэмах расейска-ўкраінскага баявога братэрства ў гады вайны, а таксама супольнага савецкага мінулага стаў звычайнай справай. Аднаўленьне ўва Ўкраіне колішняга Дня савецкай арміі, 23 лютага, які ў новай глянцавай абгортцы выявіўся Днём абаронцы айчыны, назіральнікі расцанілі ня толькі як унутранапалітычную піяр-акцыю да прэзыдэнцкіх выбараў 1999 г., але і як жэст, зьвернуты да паўночнага суседа. Кульмінацыяй гэтае палітыкі стаў прыезд у Кіеў увосень 2004 г. расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна на сьвяткаваньне 60-годзьдзя вызваленьня Ўкраіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у самы разгар прэзыдэнцкіх выбараў.
Насуперак усяму, прыхільнікі савецкіх мітаў ужо прайгралі бітву за гістарычную памяць новага пакаленьня. Яшчэ на досьвітку незалежнасьці, дбаньнем тагачаснага Міністэрства адукацыі з праграмаў і падручнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы былі выкінутыя старыя савецкія схемы, таксама была легітымізаваная тэма АУН-УПА. Варта адзначыць, што якраз на тых падручніках была выхаваная цэлая генэрацыя ўдзельнікаў Памаранчавай рэвалюцыі. Адным з галоўных складнікаў украінскай мадэлі Другой сусьветнай вайны стала перанясеньне націску з 22 чэрвеня 1941 г. на 17 верасьня 1939 г. – дзень уступленьня СССР (і Ўкраіны) у Другую сусьветную вайну. Гэтаму пэрыяду надаецца значная ўвага і ў асьвятленьні праблемы далучэньня заходнеўкраінскіх земляў, і ў асуджэньні жорсткай саветызацыі гэтага краю, масавых рэпрэсіяў супраць мірнага насельніцтва. Сталін і Гітлер падаюцца ў адной цеснай зьвязцы: як таталітарныя дыктатары, аднолькава адказныя за распальваньне вайны. У большасьці падручнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы назва «Вялікая Айчынная вайна» замененая на нэўтральныя і менш эмацыйныя – «Другая сусьветная» ці «нямецка-савецкая» вайна. Адыход ад савецкай мадэлі памяці пра вайну назіраем і ў замене старых герояў-сымбляў новымі. Клясычныя савецкія героі – Гастэла, Матросаў, Касмадзям’янская, героі-панфілаўцы і г. д. – на старонках украінскіх падручнікаў саступілі месца героям нацыянальна-вызвольнай барацьбы. (Некаторыя – як «легендарны савецкі разьведчык» Мікалай Кузьняцоў, забіты за тое, што правакаваў нямецкія рэпрэсіі супраць украінскіх нацыяналістаў у Роўне, – ператварыліся ў антыгерояў.) У многіх школьных падручніках зьмешчаныя партрэты начальніка УПА Рамана Шухевіча і лідэра АУН Сьцяпана Бандэры.
У кантэксьце гістарычнай памяці пра вайну нельга абысьці датычную да яе тэму сталіншчыны. Калектыўная і індывідуальная памяць украінцаў цесна зьвязвае з Сталінам галадамор 1933 г., а некаторыя гісторыкі называюць людзкія страты, якія прынёс Украіне сталінскі рэжым, большымі за яе ахвяры ў Другой сусьветнай вайне. У адрозьненьне ад Расеі, дзе дзейнасьць Сталіна пазытыўна ацэньвае амаль палова насельніцтва, ува Ўкраіне роля «стваральніка вялікай Перамогі», якая прыпісвалася «правадыру народаў», не дадае яму вагі. Дастаткова згадаць, які выбух абурэньня выклікала ўва Ўкраіне паведамленьне пра тое, што ўрад Крыму хоча ў гонар 60-годзьдзя Ялцінскай канфэрэнцыі за грошы расейскіх бізнэсоўцаў паставіць у Лівадыі помнік Вялікай тройцы работы адыёзнага маскоўскага скульптара Зураба Цэрэтэлі. Адна толькі думка пра тое, што ў іх незалежнай краіне можа зьявіцца помнік Сталіну, падалася ўкраінцам блюзьнерскай.
Палітычны і цывілізацыйны раскол украінскага грамадзтва, у прыватнасьці ў пытаньні памяці пра вайну, чарговы раз прадэманстравалі нядаўнія прэзыдэнцкія выбары. Згадаем, як, маніпулюючы настроямі русіфікаванага ўсходу, праўладныя сілы для дыскрэдытацыі выбарчага блёку «Наша Ўкраіна» вынайшлі налепку «нашызму» і зьвярнуліся да ўжываньня фашысцкай сымболікі, калі на вуліцах Данецку былі разьвешаныя плякаты з выявай Юшчанкі ў эсэсаўскай форме, а відэакліп з кадрамі Вялікай Айчыннай і песьняй Ёсіфа Кабзона прарочыў Украіне пасьля Юшчанкавай перамогі грамадзянскую вайну. У сваю чаргу, «Наша Ўкраіна» ў рэклямным роліку абяцала ачысьціць Украіну ад бандытаў, як яе ачысьцілі ад фашысцкіх зграй дзяды і бацькі.
Насуперак прагнозам, падзелу нацыі на «бандэраўцаў» і «чырвоных» не адбылося. Як мэтафарычна выказаўся Зьбігнеў Бжэзінскі, на Майдане Незалежнасьці «нацыяналізм абняўся з дэмакратыяй». Майдан аб’яднаў усіх прыхільнікаў незалежнай і дэмакратычнай Украіны. Мой сябар – гісторык зь Нямеччыны, які працаваў ува Ўкраіне ў разгар Памаранчавай рэвалюцыі й натхнёна мітынгаваў на Майдане, – на пытаньне, чаму ён тут апынуўся, адказваў напаўжартам: «Бо я ўкраінска-нямецкі буржуазны нацыяналіст!»
Новае кіраўніцтва Ўкраіны заяўляе пра сваю рашучасьць парваць з старым міталягізаваным мінулым і савецкімі традыцыямі, што тычацца ідэалягічнага расколу грамадзтва на сваіх і чужых. У інаўгурацыйнай прамове прэзыдэнт Юшчанка паставіў у адзін зьместавы кантэкст ГУЛАГ і Аўшвіц, галадамор і галакост, раўназначна асудзіўшы злачынствы як сталінскага, так і гітлераўскага рэжымаў.
Зь перамогай рэвалюцыі на парадку дня паўстала пытаньне пра нацыянальнае прымірэньне, прынамсі на гістарычным грунце. Каменем спатыкненьня тут і надалей застаецца праблема прызнаньня АУН-УПА. Зразумела, што сёньняшні склад Вярхоўнай Рады (ды яшчэ зважаючы на блізкасьць парлямэнцкіх выбараў) наўрад ці яе вырашыць. Зразумела таксама, што замірыць вэтэранаў УПА і Чырвонай арміі адны толькі прэзыдэнцкія ўказы, відавочна, ня здатныя. Нядаўняе сьвяткаваньне 60-годзьдзя перамогі прадэманстравала, якім складаным будзе шлях грамадзтва да згоды. Што тут казаць пра неканструктыўную і правакацыйную пазыцыю камуністаў, калі нават ува ўладных вярхах няма еднасьці: варта згадаць толькі намер міністра адукацыі (сацыяліста) увесьці адзіны падручнік па гісторыі й вярнуць у школьны курс «Вялікую Айчынную вайну». Відаць, атрымаем такога сабе памаранчавага «траянскага каня» з усімі адпаведнымі наступствамі. Але ня маем іншага шляху, апроч як пераглядаць замшэлыя канцэпцыі і ствараць уласную візію ўкраінскай гісторыі. Годзе ўжо глядзець маскоўскімі вачыма, гэта, зрэшты, ня толькі палітычна немэтазгодна, але й ненавукова – і пэрыпэтыі ўкраінскага міту вайны даводзяць гэта найбольш яскрава.
З украінскай пераклаў Андрэй Скурко