A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (45) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
РЫШАРД КАПУСЬЦІНСКІ | ||||
Імпэратар
Забудзь мяне,
Ой, нэгусаў нэгус, Назіраючы паводзіны паасобных курэй у куратніку, можна пераканацца, што ніжэйшых рангам курэй дзяўбуць і што яны саступаюць месца вышэйшым рангам. У ідэальным выпадку маем адналінейны герархічны шэраг, на пачатку якога стаіць звышкурыца, якая дзяўбе ўсіх астатніх, тыя ж куры, якія стаяць усярэдзіне шэрагу, дзяўбуць ніжэйшых рангам, але паважаюць вышэйшых. У канцы шэрагу знаходзіцца курыца-папялушка, якая мусіць саступаць усім астатнім. Адольф Рэманэ.«Адмысловыя шляхі хрыбетных» Чалавек прызвычайваецца да ўсяго, калі толькі дасягне належнай ступені пакоры. К. Г. ЮнгДэльфін, калі хоча заснуць, плавае па паверхні вады, задрамаўшы, паволі апускаецца на марское дно, там, абуджаны ўдарам цела аб дно, зноў выплывае на паверхню, выплыўшы, засынае, а зноў апусьціўшыся на дно, у той жа спосаб прачынаецца і так у руху адпачывае. Бэнэдыкт Хмялёўскі. «Новыя Атэны, альбо Поўная акадэмія ўсякай навукі»
Вечарамі я слухаў тых, хто ведаў двор імпэратара. Калісьці яны былі людзьмі палацу альбо мелі права ўваходу туды. Іх засталося няшмат. Частка загінула, расстраляная карнымі аддзеламі. Іншыя ўцяклі за мяжу альбо сядзяць у вязьніцы, якая знаходзіцца ў лёхах таго ж самага палацу: з салёнаў іх скінулі ў сутарэньні. Былі таксама й тыя, што схаваліся ў гарах ці жывуць у кляштарах, пераапранутыя ў манахаў. Кожны стараецца выжыць па-свойму, па меры даступных яму магчымасьцяў. Толькі жменька засталася ў Адыс-Абэбе, дзе – як высьвятляецца – найлягчэй падмануць чуйнасьць уладаў. Я наведваў іх, калі было ўжо цёмна. Даводзілася мяняць машыны і вопратку. Этыёпы – вельмі недаверлівыя людзі, і яны не хацелі верыць у шчырасьць маіх намераў: я хацеў знайсьці сьвет, які быў зьменены аўтаматамі Чацьвертай дывізіі. Гэтыя аўтаматы ўсталяваныя на амэрыканскіх джыпах, побач зь сядзеньнем кіроўцы. Іх абслугоўваюць стралкі, прафэсія якіх – забіваць. Ззаду сядзіць салдат, які прымае праз радыёстанцыю загады. Джып адкрыты, і таму кіроўцу, стралка і радыста бароняць ад пылу цёмныя матацыклетныя акуляры, якія зьверху прыкрывае каска. З гэтай прычыны іх вачэй не відаць, і іх зарослыя шчацінай чарнявыя твары ня маюць выразу. Гэтыя тройкі ў джыпах так звыклыя да сьмерці, што іх кіроўцы водзяць машыны, як самагубцы, на найвышэйшай хуткасьці ўваходзяць у крутыя павароты, езьдзяць вуліцамі супраць руху, усё разьлятаецца ў бакі, калі набліжаецца такая ракета. Лепей не трапляцца ім у поле абстрэлу. З радыёстанцыі, якую трымае на каленях салдат ззаду, праз трэск і піск гучаць нэрвовыя галасы і крыкі. Невядома, ці ня ёсьць якісьці ўрывак з гэтага хрыплага булькатаньня загадам адкрыць агонь. Лепей зьнікнуць. Лепей збочыць у завулак і перачакаць. Цяпер я ўнураўся ў зьвілістыя і поўныя бруду завулкі, заходзячы ў дамы, якія звонку рабілі ўражаньне кінутых, здавалася, што ніхто ў іх не жыве. Я баяўся: калі за гэтымі дамамі назіралі, мяне маглі забраць разам зь іх жыхарамі. Гэта зусім магчыма, бо яны часта прачэсваюць якісь завулак ці нават цэлыя кварталы гораду ў пошуках зброі, падрыўных улётак і людзей старога рэжыму. Усе дамы цяпер пільнуюць адно аднаго, падглядаюць, падслухоўваюць. Гэта вайна дамоў, так яна выглядае. Я сядаю пры акне, а мне адразу: калі ласка, зьмяніце месца, вас відаць з вуліцы, так у вас лёгка трапіць. Праяжджае машына, спыняецца, чуваць стрэлы. Хто гэта быў – тыя ці гэныя? А хто цяпер тыя, а хто ня-тыя, іншыя, якія супраць тых, бо за гэных? Машына ад’яжджае, брэшуць сабакі, усю ноч у Адыс-Абэбе брэшуць сабакі, гэта сабачае места, поўнае пародных і зьдзічэлых, скаўтунелых, зьедзеных паразытамі і малярыяй сабак. Без патрэбы паўтараюць, каб я зважаў: ніякіх адрасоў ці прозьвішчаў, не апісваць нават твараў, ані што высокі, што нізкі, што худы, што лоб гэткі, што рукі ў яго такія, што позірк тое, што ногі гэтае, што калені, ужо няма перад кім на калені.
Ф.: Гэта быў маленькі сабачка японскай пароды. Яго звалі Лулу. Ён меў права спаць у імпэратарскай пасьцелі. Падчас розных цырымоніяў ён уцякаў з каленяў імпэратара і сікаў саноўнікам на боты. Спадарам саноўнікам нельга было ані здрыгануцца, ані зрабіць ніякага жэсту, калі яны адчувалі, што ў боце мокра. Маёй функцыяй было хадзіць сярод шэрагаў саноўнікаў і выціраць сікуны з ботаў. Для гэтага служыла анучына з атлясу. Гэта было маім заняткам дзесяць гадоў.
Л. К.: Імпэратар спаў у ложку са сьветлага арэху, вельмі вялікім. Ён быў такі дробны і кволы, што яго ледзь было відаць, ён губляўся ў пасьцелі. Пад старасьць ён стаў яшчэ меншы, важыў пяцьдзясят кіляў. Ён усё менш еў і ніколі ня піў алькаголю. У яго не згіналіся калені, і калі ён быў адзін, ён валачыў ногі і перавальваўся з боку на бок, нібы ідучы на хадулях, але калі ён ведаў, што хтосьці на яго глядзіць, ён найвялікшымі высілкамі змушаў цягліцы да пэўнай элястычнасьці, каб ягоны рух быў годным і каб імпэратарская постаць, наколькі магчыма, трымалася беззаганна вэртыкальна. Кожны крок быў змаганьнем паміж валачэньнем і годнасьцю, паміж нахілам і вэртыкальлю. Дастойны гаспадар ніколі не забываўся пра свой старэчы дэфэкт, якога ён не хацеў паказваць, каб не аслабіць прэстыжу і павагі да Караля Каралёў. Але мы, служба спальні, маглі за ім падглядаць і ведалі, колькі высілкаў каштуюць яму гэтыя стараньні. Ён меў звычку спаць мала і рана ўставаць, калі на дварэ яшчэ было цёмна. Увогуле, сон ён уважаў за крайнасьць, якая толькі дарма забірала ў яго час, які ён ахвотней аддаў бы на выкананьне кіроўных і прадстаўнічых абавязкаў. Сон быў прыватным, камэрным умяшаньнем у жыцьцё, якое мела цячы сярод дэкарацыяў і агнёў. Таму ён прачынаўся як бы незадаволены тым, што спаў, раздражнёны самім фактам сну, і толькі далейшыя справы дня вярталі яму ўнутраную раўнавагу. Дадам, аднак, што імпэратар ніколі не паказваў ані найменшага раздражненьня, гневу, злосьці ці фрустрацыі. Магло б падацца, што ён ніколі не зазнае такіх станаў, што яго нэрвы халодныя і мёртвыя, як сталь, альбо што іх няма ўвогуле. Гэта была прыроджаная рыса, якую гаспадар наш здолеў разьвіць і ўдасканаліць згодна з прынцыпам, што ў палітыцы нэрвы – гэта прыкмета слабасьці, якая заахвочвае супраціўнікаў і дае падуладным сьмеласьць дасьціпнічаць па закутках. А гаспадар ведаў, што досьціп – гэта небясьпечная форма апазыцыі, і таму трымаў сваю псыхіку ў беззаганнай норме. Ён уставаў а чацьвертай, а пятай, а калі выяжджаў за мяжу – нават а трэцяй ночы. Пазьней, калі становішча ў краіне рабілася ўсё горшым, ён усё часьцей выяжджаў, увесь палац займаўся толькі падрыхтоўкай імпэратара да новых падарожжаў. Абудзіўшыся, ён націскаў званок пры начным століку – гэтага гуку чакала ўжо чуйная служба. У палацы запальвалі сьвятло. Гэта быў сыгнал для імпэрыі, што найдастойнейшы гаспадар распачаў новы дзень.
І. М.: Імпэратар распачынаў дзень праслухоўваньнем даносаў. Ноч – небясьпечны час змоваў, і Хайле Сэлас’е ведаў, што тое, што адбываецца ўначы, важнейшае за тое, што адбываецца ўдзень, удзень усе былі ў яго на воку, а ўначы гэта было немагчыма. З гэтай прычыны ён надаваў ранішнім даносам вялікае значэньне. Тут трэба патлумачыць адну рэч: шаноўны гаспадар ня меў звычкі чытаць. Для яго не існавала напісанага і друкаванага слова, усё яму трэба было дакладаць вусна. Гаспадар наш не наведваў школаў, яго адзіным настаўнікам – і тое толькі ў дзяцінстве – быў францускі езуіт мансэньёр Жэром, пазьнейшы біскуп Харэру і сябра паэта Арцюра Рэмбо. Гэты сьвятар ня здолеў прышчапіць імпэратару навыку чытаньня, што, зрэшты, было тым цяжэйшае, што Хайле Сэлас’е ўжо ад хлапечых гадоў займаў кіраўнічыя пасады і ня меў часу на сыстэматычныя заняткі. Але мне падаецца, што рэч была ня толькі ў браку часу і навыкаў. Звычай вуснай справаздачы меў тую перавагу, што ў выпадку патрэбы імпэратар мог заявіць, што саноўнік такі й такі паведаміў яму штосьці зусім іншае, чым гэта мела месца ў рэчаіснасьці, а той ня мог абараніцца, ня маючы ніякіх пісьмовых доказаў. Вось жа, імпэратар прымаў ад сваіх падуладных ня тое, што яны яму казалі, але тое, што, на ягоную думку, мусіла быць сказана. Шаноўны гаспадар меў сваю канцэпцыю і да яе дапасоўваў усе сыгналы, якія выходзілі з атачэньня. Падобна было і зь пісаньнем, бо манарх наш ня толькі не карыстаўся ўменьнем чытаць, але таксама й нічога не пісаў і нічога ўласнаручна не падпісваў. Хоць ён валадарыў паўстагодзьдзя, нават найбліжэйшыя асобы ня ведаюць, як выглядаў яго подпіс. У гадзіны выкананьня кіроўных абавязкаў пры імпэратару заўсёды быў міністар пяра, які запісваў усе ягоныя загады і даручэньні. Тут я мушу патлумачыць, што падчас рабочых аўдыенцыяў дастойны гаспадар гаварыў вельмі ціха, ледзь варушачы вуснамі. Міністар пяра, стоячы за паўкроку ад трона, быў вымушаны набліжаць вуха да імпэратарскіх вуснаў, каб пачуць і запісаць рашэньне імпэратара. Апроч таго, словы імпэратара былі, як правіла, няясныя і двухзначныя, асабліва тады, калі ён не хацеў займаць выразнай пазыцыі, а сытуацыя вымагала, каб ён выказаў сваё меркаваньне. Можна было захапляцца спрытнасьцю манарха. На запыт якогась саноўніка аб імпэратарскім рашэньні ён не адказваў наўпрост, але гаварыў так ціха, што голас яго дасягаў толькі падсунутага блізка, як мікрафон, вуха міністра пяра. Гэны запісваў скупыя і цьмяныя мурканьні ўладара. Рэшта была ўжо толькі пытаньнем інтэрпрэтацыі, а гэта была справа міністра, які надаваў рашэньню пісьмовую форму і перадаваў яго ніжэй. Той, хто кіраваў міністэрствам пяра, быў найбліжэйшай даверанай асобай імпэратара і меў вялізную ўладу. З таемнай кабалы манаршых словаў ён мог складаць адвольныя рашэньні. Калі імпэратарскі ход асьляпляў усіх трапнасьцю і мудрасьцю, ён быў чарговым пацьверджаньнем беспамылковасьці абранца Бога. Калі ж адкульсьці з паветра, зь якіхсьці куткоў да манарха пачынаў дабягаць шолах нараканьня, дастойны гаспадар усё мог зваліць на галаву міністра. Апошні быў найбольш зьненавіджанай асобай двара, бо грамадзкая думка, перакананая ў мудрасьці і дабрыні шаноўнага гаспадара, менавіта міністра абвінавачвала ў зласьлівых і бяздумных рашэньнях, якіх было безьліч. Што праўда, служкі шапталіся, чаму Хайле Сэлас’е ня зьменіць міністра, але ў палацы пытаньні можна было задаваць толькі зьверху ўніз, ні ў якім разе не ў адваротным кірунку. Уласна кажучы, калі ўпершыню было ўголас прамоўленае пытаньне ў іншым, чым дагэтуль, кірунку, гэта было сыгналам, што выбухнула рэвалюцыя. Але я забягаю ў будучыню, тым часам як мушу вярнуцца да той ранішняй хвілі, калі на прыступках палацу зьяўляецца імпэратар і рушыць на раньні шпацыр. Уваходзіць у парк. У гэты самы момант да яго набліжаецца шэф палацавай выведкі – Салямон Кедыр – і складае свае данясеньні. Імпэратар ідзе прысадамі, а крок за ім – Кедыр, які гаворыць і гаворыць. Хто з кім сустракаўся, дзе гэта было, пра што яны размаўлялі. Супраць каго інтрыгуюць. Ці можна гэта ўважаць за змову. Кедыр паведамляе таксама пра працу аддзелу вайсковых шыфраў. Гэты аддзел, які належыць да ўстановы Кедыра, расшыфроўвае шыфраваныя размовы, якія вядуць міжсобку дывізіі: варта ведаць, ці не высьпявае там думка аб перавароце. Дастойны гаспадар ні пра што не пытаецца, нічога не камэнтуе, ідзе і слухае. Часам спыніцца перад клеткай з ільвамі, каб кінуць ім пададзеную прыслужнікам цялячую нагу. Глядзіць на львіную драпежнасьць і ўсьміхаецца. Пасьля набліжаецца да прывязаных за ланцуг леапардаў і дае ім ялавічных рэбраў. Тут гаспадар мусіць зважаць, бо падыходзіць блізка да драпежнікаў, якія могуць быць непрадказальнымі. Урэшце ідзе далей, а за ім ідзе Кедыр, працягваючы сваю справаздачу. У пэўны момант гаспадар ківае галавой, і гэта ёсьць знакам Кедыру: той мае ісьці. Кедыр кланяецца і зьнікае ў прысадах, адступаючы такім чынам, каб не павярнуцца сьпінай да манарха. Дакладна ў гэтую хвілю, дачакаўшыся сваёй чаргі, з-пад дрэва выходзіць міністар прамысловасьці і гандлю – Маканэн Хабтэ-Вальд. Ён набліжаецца да манарха, які працягвае свой шпацыр, і складае яму данясеньні, ідучы за крок ад яго. Хабтэ-Вальд мае прыватную сетку інфарматараў, якую ён утрымлівае з прычыны страсьці да інтрыганства, якая зжырае яго, а таксама каб выслужыцца перад шаноўным гаспадаром. Цяпер ён на падставе сваёй інфармацыі апавядае імпэратару, як прайшла мінулая ноч. Наш гаспадар зноў ні пра што не пытаецца і нічога не камэнтуе, проста ідзе і слухае са складзенымі ззаду рукамі. Бывае, наблізіцца да чарады флямінга, але палахлівыя гэтыя птушкі адразу ўцякаюць, і імпэратар усьміхаецца пры паглядзе на істотаў, якія адмаўляюць яму ў пакоры. Урэшце, ідучы далей, ён ківае, Хабтэ-Вальд замаўкае і, адступаючы задам, зьнікае ў прысадах. І тут жа як з-пад зямлі вырастае згорбленая постаць адданага даносчыка Ашы Вальдэ-Мікаэля. Гэты саноўнік ажыцьцяўляе нагляд над урадавай палітычнай паліцыяй, якая спаборнічае з палацавай выведкай Салямона Кедыра і вядзе вострую канкурэнтную барацьбу з прыватнымі сеткамі даносчыкаў накшталт той, якой валодае Маканэн Хабтэ-Вальд. Занятак, якому аддаваліся гэтыя людзі, быў цяжкім і небясьпечным. Яны жылі ў страху не данесьці чагосьці ў пару і трапіць у няласку, альбо што канкурэнт данясе лепей, і тады імпэратар падумае: чаму Салямон падаў мне сёньня столькі прысмакаў, а Маканэн прынёс адно пустазельле? Не сказаў, бо ня ведае, ці маўчаў, бо ён сам у змове? Ці дастойны гаспадар мала спазнаў на ўласнай скуры такіх выпадкаў, калі яму здраджвалі найбліжэйшыя і найбольш давераныя людзі? І таму імпэратар караў за маўчаньне. Але, зь іншага боку, бязладныя плыні словаў нудзілі і раздражнялі імпэратарскае вуха, таму нэрвовая балбатня таксама не была добрым выйсьцем. Ужо сам выгляд гэтых людзей выдаваў, у якой небясьпецы яны жывуць. Нявыспаныя, змучаныя, яны дзейнічалі ў сталым напяцьці, у гарачцы, у пагоні за ахвярай, у духаце нянавісьці і страху, якая атачала іх паўсюль. Адзінай іх астояй быў імпэратар, але імпэратар мог прыкончыць іх адным жэстам рукі. О так, літасьцівы гаспадар не аблягчаў ім жыцьця. Як я ўжо згадваў, падчас ранішняга шпацыру Хайле Сэлас’е, слухаючы данясеньні аб стане змоваў у імпэрыі, ніколі не задаваў пытаньняў і не камэнтаваў атрыманай інфармацыі. Цяпер скажу, што ён ведаў, што робіць. Гаспадар хацеў атрымаць данос у чыстым стане, гэта значыць, праўдзівы данос, а калі б ён пытаўся ці выказваў сваё меркаваньне, даносчык пачаў бы паслужліва зьмяняць факты, каб яны адпавядалі ўяўленьням імпэратара, і тады ўсё даносчыцтва зрабілася б такім адвольным і суб’ектыўным, што манарх ня мог бы даведацца, што ж насамрэч адбываецца ў дзяржаве і ў палацы. Ужо пад канец шпацыру імпэратар выслухоўвае тое, што апошняй ночы прынесьлі людзі Ашы. Корміць сабак і чорную пантэру, пасьля дзівіцца на атрыманага нядаўна мурашкаеда – падарунак прэзыдэнта Ўганды. Схіляе галаву, і Аша сыходзіць – скурчаны, няпэўны, ці ён сказаў больш, ці менш, чымся данесьлі сёньня яго найбольш зацятыя ворагі – Салямон, вораг Маканэна і Ашы, і Маканэн, вораг Ашы і Салямона. Апошняе кола шпацыру Хайле Сэлас’е робіць ужо ў адзіноце. У парку віднее, чэзьне туман, у траве запальваюцца сонечныя агеньчыкі. Імпэратар разважае, гэта час складаньня тактыкі і стратэгіі, разьвязаньня асабовых галаваломак і падрыхтоўкі наступнага ходу на шахматнай дошцы ўлады. Ён абдумвае зьмест паведамленьняў, атрыманых ад даносчыкаў. Мала важных рэчаў, яны найчасьцей даносяць адзін на аднаго. У нашага гаспадара ўсё пазначанае ў галаве, ягоны розум – гэта кампутар, які захоўвае кожную дэталь, запамінае найменшыя дробязі. У палацы не было ніякага аддзелу кадраў, ні папак, ні анкет. Усё гэта імпэратар насіў у сваіх мазгах, усю найпатаемнейшую картатэку людзей эліты. Як цяпер яго бачу, як ён ідзе, спыняецца, падымае твар угару, нібы занураючыся ў малітву. О Божа, збаў мяне ад тых, хто, поўзаючы на каленях, хавае нож, які хацеў бы ўбіць мне ў сьпіну. Але як пан Бог можа дапамагчы? Усе людзі, якія атачаюць імпэратара, менавіта такія: на каленях і з нажом. На вяршыні ніколі не бывае цёпла. Там дзьмуць халодныя вятры, кожны стаіць скурчаны і мусіць пільнаваць, каб сусед ня скінуў яго ў бездань.
Т. К.-Б.: Дарагі сябра, ясна, што памятаю. Гэта ж было амаль учора. Амаль учора, век таму назад. У гэтым горадзе, але ўжо на іншай плянэце, якая аддалілася. Як усё мяшаецца – часы, месцы, сьвет разьляцеўся на кавалкі, якіх ужо ня склеіць. Толькі ўспаміны, гэта адзінае, што ацалела, адзінае, што застаецца з жыцьця. Я шмат часу праводзіў пры імпэратару, як чыноўнік міністэрства пяра. Мы пачыналі працу а восьмай, каб усё было гатова да дзявятай, калі прыедзе манарх. Гаспадар наш жыў у новым палацы, насупраць «Афрыка-Холу», а афіцыйныя працэдуры праводзіў у старым палацы, збудаваным імпэратарам Мэнэлікам, які стаяў на суседнім узгорку. Нашая ўстанова была ў гэтым старым палацы, дзе месьцілася бальшыня імпэратарскіх установаў, бо Хайле Сэлас’е хацеў усё мець пад рукой. Ён прыяжджаў на адным з дваццаці сямі аўтамабіляў, якія складалі ягоны прыватны парк. Ён любіў машыны, найбольш цаніў «ролс-ройсы» з прычыны іх паважных і годных лініяў, але дзеля разнастайнасьці карыстаўся таксама «мэрсэдэсамі» і «лінкольн-кантынэнталямі». Нагадаю, гаспадар наш першым увёз машыны ў Этыёпію і заўжды зычліва ставіўся да энтузіястаў тэхнічнага прагрэсу, на якіх наш традыцыйны народ, на жаль, паглядаў падазрона. Ды што там, імпэратар ледзь ня страціў улады і нават жыцьця, калі ў дваццатых гадах прывёз з Эўропы першы самалёт! Просты аэраплян тады палічылі творам шатана, і па магнацкіх дварах пачалі плесьціся змовы супраць гэткага шалёнага манарха, ледзь не кабаліста і чарнакніжніка. Ад таго часу шаноўны гаспадар мусіў асьцярожней даваць выйсьце сваім піянэрскім амбіцыям, пакуль, з прычыны непрыязнасьці, якую ўсякая навіна будзіць у пажылым чалавеку, не пакінуў гэтых пачынаньняў амаль цалкам. Вось жа, а дзясятай раніцы ён прыяжджаў у стары палац. Перад брамай яго чакаў натоўп падданых, якія намагаліся ўручыць імпэратару пэтыцыі. Тэарэтычна гэта быў найкарацейшы шлях пошуку справядлівасьці і дабрыні ў імпэрыі. Народ у нас непісьменны, а справядлівасьці шукае, як правіла, бедната, дык гэтыя людзі на гады ўлазілі ў даўгі, каб заплаціць канцылярысту, які запісаў бы іх скаргі і просьбы. Апроч таго, быў клопат з пратаколам, бо звычай загадваў маленькім людзям кленчыць перад імпэратарам тварам да зямлі, а як з гэтай пазыцыі падаць канвэрт у лімузін, які праяжджаў паўзь іх? Праблема разьвязвалася наступным чынам: імпэратарскі аўтамабіль запавольваў хаду, за акном паказваўся поўны дабрыні твар манарха, а ахова, якая ехала ў наступнай машыне, забірала частку канвэртаў з рук, якія выцягвала грамада, частку, бо гэтых рук быў лес. Калі натоўп падпаўзаў занадта блізка да імпэратарскага картэжу, гвардыя мусіла адштурхоўваць і праганяць нахабнікаў, бо меркаваньні бясьпекі, а таксама веліч ягамосьця вымагалі, каб праезд адбываўся плаўна і без пазаплянавага замаруджаньня. Тады машыны ўяжджалі на прысады, якія беглі ўгару, і спыняліся на дзядзінцы палацу. Тут імпэратара таксама чакаў натоўп, але зусім іншы, чым тая галота перад брамай, якую бязьлітасна разганялі адборныя гвардзейцы з Імпэратарскай гвардыі. Гэты натоўп, які вітаў манарха на дзядзінцы, складалі людзі з імпэратарскага атачэньня. Мы ўсе зьбіраліся тут раней, каб не спазьніцца да прыезду імпэратара, бо гэтая хвіліна мела для нас асаблівае значэньне. Кожны хацеў абавязкова паказацца, бо спадзяваўся быць заўважаным імпэратарам. Не, пра нейкае адмысловае заўважаньне нават і ня марылі: шаноўны гаспадар заўважыў, падыходзіць і пачынае размову. Не, аж такое не! Скажу адкрыта – мы прагнулі хоць мінімальнага заўважаньня, папросту найменшага, абсалютна абы-якога, зусім другаснага, нязначнага, якое не накладала на імпэратара ніякіх забавязаньняў, мімалётнага, як доля сэкунды, але ўсё ж такога, каб пасьля адчуць унутранае ўзрушаньне і каб трыюмфальная думка апанавала нас: я быў заўважаны! Якой моцы гэта пасьля дадавала! Якія неабмежаваныя магчымасьці гэта стварала! Бо, прыпусьцім, вока дастойнага гаспадара прасьлізнула па твары, толькі прасьлізнула! Уласна кажучы, можна было б падумаць, што нічога не было, але зь іншага боку – як жа не было, калі прасьлізнула! Адразу ж адчуваеш, як падвышаецца тэмпэратура твара, кроў ідзе ў галаву, сэрца б’ецца мацней. Гэта найлепшыя доказы таго, што нас даткнулася вока заступніка, але што там, у гэтую хвілю доказы ня маюць значэньня. Важнейшым ёсьць працэс, які мог адбыцца ў памяці нашага гаспадара. Вось жа, было вядома, што гаспадар, дзякуючы таму, што ён не карыстаўся ўменьнем чытаць і пісаць, меў фэнамэнальна разьвітую зрокавую памяць. І на гэтым дары прыроды мог будаваць надзеі ўладальнік твара, па якім прабегла імпэратарская зрэнка, бо ўжо можна было лічыць, што якісьці мімалётны сьлед, хаця б толькі невыразны цень, адбіўся ў імпэратарскай памяці. Цяпер трэба было цярпліва і рашуча так манэўраваць у натоўпе, так прасьлізгваць і праціскацца, так прабівацца і праштурхоўвацца, каб штораз падсоўваць свой твар, манэўруючы і маніпулюючы ім такім чынам, каб імпэратарскі позірк, нават мімаволі і несьвядома, заўважаў, заўважаў і заўважаў. Пасьля трэба было чакаць, пакуль прыйдзе такі момант, калі імпэратар падумае: зараз, зараз, твар знаёмы, а прозьвішча ня ведаю. І, скажам, спытае пра прозьвішча. Толькі пра прозьвішча, але гэтага дастаткова! Цяпер твар і прозьвішча злучацца, і паўстане асоба, гатовы кандыдат на прызначэньне. Бо адзін твар – гэта ананім, адно прозьвішча – гэта абстракцыя, а тут трэба матэрыялізавацца і канкрэтызавацца, набыць кшталт, форму, здабыць асаблівасьць. О, гэтага лёсу найбольш чакалі, але як жа цяжка было яго зьдзейсьніць. Бо на тым дзядзінцы, дзе атачэньне вітала імпэратара, ахвотных падсунуць свой твар былі дзясяткі і – безь перабольшаньня – сотні, твар цёрся аб твар, вышэйшыя цясьнілі ніжэйшых, цямнейшыя прыцямнялі сьвятлейшых, твар пагарджаў тварам, старэйшыя высоўваліся паперадзе маладзейшых, слабейшыя саступалі мацнейшым, твар ненавідзеў твар, паспалітыя сутыкаліся з шляхетнымі, драпежныя з кволымі, твар душыў твар, але нават прыніжаныя, адштурхоўваныя, трэцярадныя і пераможаныя, нават яны, у пэўным аддаленьні, што праўда, накінутым правам герархіі, але прасоўваліся наперад, высоўваючыся то тут, то там з-за твараў першарадных і тытулаваных, хоць бы толькі краёчкам, вухам ці кавалкам скроні, шчакой ці сківіцай, абы бліжэй да імпэратарскай зрэнкі! Калі б літасьцівы гаспадар захацеў агарнуць паглядам усю сцэну, якая адкрывалася перад ім пасьля выйсьця з аўтамабіля, ён убачыў бы, што ня толькі цягнецца да яго пакорная і заразом разгарачаная ставусная магма, але і што за гэтай цэнтральнай і высока тытулаванай групай, направа і налева, перад ім і за ім, далей і зусім далёка, у дзьвярах, у вокнах, пад дзьвярыма і на сьцежках цэлыя масы лёкаяў, кухоннай прыслугі, прыбіральнікаў, садоўнікаў і паліцыянтаў таксама падсоўваюць свае твары пад яго позірк. І гаспадар наш на ўсё гэта глядзіць. Ці ён дзівіцца? Сумняюся. Ён таксама калісьці быў часткай ставуснай магмы. Ці ня мусіў ён падсоўваць свой твар, каб ува ўзросьце ўсяго дваццаці чатырох гадоў стаць пераемнікам трона? А канкурэнцыя была пякельная! Цэлае зборышча дасьведчаных натабляў дабівалася кароны. Але яны сьпяшаліся, адзін перад адным, скакалі сабе, аж трымцелі з ног да галавы, нецярпліўцы, каб хутчэй, хутчэй на трон! Найасаблівейшы гаспадар умеў чакаць. А гэта архіважная здольнасьць. Бяз гэтага ўменьня чакаць, цярплівай, нават пакорнай згоды на тое, што шанец можа зьявіцца толькі праз гады, няма палітыка. Дастойны гаспадар чакаў дзесяць гадоў, каб здабыць права пераемніка трона, а пасьля чатырнаццаць гадоў, каб стаць імпэратарам. У суме – амаль чвэрць стагодзьдзя асьцярожных, але энэргічных крокаў да кароны. Я кажу – асьцярожных, бо гаспадара адзначала скрытнасьць, далікатнасьць і маўклівасьць. Ён ведаў палац, ведаў, што кожная сьцяна мае вушы, што з-за фіранак за ім уважліва сочаць невідочныя вочы. Таму ён мусіў быць спрытным і хітрым. Перадусім нельга было заўчасна адкрыцца, выявіць прагнае імкненьне да ўлады, бо гэта адразу яднае канкурэнтаў і мабілізуе іх на барацьбу. Яны ўдараць і зьнішчаць таго, хто высунуўся наперад. Не, гадамі трэба ісьці ў шэрагу, сачыць, каб ніхто ня высунуўся наперад, і пільна чакаць зручнага моманту. У трыццатым годзе гэтая гульня прынесла гаспадару карону, якую ён захоўваў наступныя сорак чатыры гады.
Калі я паказаў прыяцелю тое, што пішу пра Хайле Сэлас’е – а хутчэй, твор пра імпэратарскі двор і яго заняпад – ён спытаўся, ці адзін я наведваў гэтых людзей, якія хаваліся. Адзін? Гэта было б немагчыма! Белы чалавек, замежнік – ніхто зь іх не ўпусьціў бы мяне за парог бяз важкіх рэкамэндацыяў. І ўжо ні ў якім разе ніхто не захацеў бы дзяліцца са мной сваімі гісторыямі (увогуле этыёпаў цяжка схіліць да шчырасьці, яны ўмеюць маўчаць, як кітайцы). Адкуль бы я ведаў, дзе іх шукаць, дзе яны, кім былі, што могуць расказаць?
Не, я быў не адзін, у мяне быў праваднік.
Цяпер, калі ён ужо не жыве, я магу назваць яго імя: Тэфэра Гебрэвольд. Я прыехаў у Адыс-Абэбу ў сярэдзіне траўня тысяча дзевяцьсот шэсьцьдзесят трэцяга. Праз колькі дзён тут мелі сабрацца прэзыдэнты незалежнай Афрыкі, і імпэратар рыхтаваў горад да гэтай сустрэчы. Адыс-Абэба тады была вялікай, на колькі соцень тысячаў жыхароў, вёскай, якая ляжала на ўзгорках, сярод эўкаліптавых гаёў. На траўніках пры галоўнай вуліцы Чэрчыль-Роўд пасьвіліся статкі кароў і коз, і машыны мусілі спыняцца, калі качэўнікі пераганялі цераз дарогу грамады спалоханых вярблюдаў. Ішоў дождж, і ў бакавых вуліцах машыны буксавалі ў клейкай брунатнай гразі, вязнучы штораз больш і ўрэшце складаючы калёны ўтопленых, нерухомых аўтамабіляў.
Імпэратар разумеў, што сталіца Афрыкі мусіць выглядаць значна пышней, і загадаў пабудаваць колькі сучасных гмахаў, а таксама ўпарадкаваць найважнейшыя вуліцы. На жаль, будаваньне расьцягнулася да бясконцасьці, і калі я аглядаў рыштаваньні, што стаялі ў розных месцах гораду, і людзей, якія на іх працавалі, мне ўспомнілася сцэна, якую апісаў Іўлін Ўо, калі ў тысяча дзевяцьсот трыццатым годзе прыехаў у Адыс-Абэбу паглядзець на каранацыю імпэратара:
«Здавалася, што горад пачалі будаваць толькі цяпер. На кожным рагу стаялі напалову скончаныя будынкі. Некаторыя ўжо былі кінутыя, пры іншых працавалі грамады абарваных тубыльцаў. Аднойчы папаўдні я бачыў дваццаць ці трыццаць такіх людзей, якія пад кіраўніцтвам майстра-армяніна прыбіралі купы друзу і каменьня, якімі быў завалены двор перад галоўным уездам у палац. Праца палягала ў тым, што яны мусілі напоўніць друзам драўляныя насілкі і пасьля высыпаць яго на кучу, якая знаходзілася за пяцьдзясят ярдаў далей. Майстар кружляў між людзей, трымаючы ў руках даўгі кій. Калі ён мусіў адысьціся на хвілю, усё адразу ж спынялася. Гэта не азначала, што людзі пачыналі сядаць, размаўляць, класьціся на зямлю, не, яны папросту заміралі на тым месцы, дзе знаходзіліся, яны нерухомелі, як каровы на пашы, часам упадалі ў летаргію, трымаючы ў руках цагліну. Урэшце зьяўляўся майстар, і тады яны зноў пачыналі рухацца, але вельмі марудна, як постаці ў запаволеным фільме. Калі майстар біў іх кіем, яны не прасілі літасьці, не пратэставалі, толькі трохі прысьпешвалі свае рухі. Удары спыняліся, і тады яны вярталіся да павольнага тэмпу, а калі майстар зноў сыходзіў, адразу нерухомелі і заміралі».
Гэтым разам вялікі рух панаваў пры галоўных вуліцах. Па баках вуліцаў рухаліся гіганцкія бульдозэры, якія бурылі найбліжэйшыя мазанкі, ужо апусьцелыя, бо напярэдадні паліцыя выгнала іх жыхароў з гораду. Пасьля брыгады муляраў будавалі высокі мур, каб закрыць ім пазасталыя мазанкі. Іншыя брыгады фарбавалі мур у нацыянальныя ўзоры. Места пахла сьвежым бэтонам і фарбай, стыгнучым асфальтам і водарам пальмавага лісьця, якім аздаблялі прывітальныя брамы.
З нагоды сустрэчы прэзыдэнтаў імпэратар даў уражальны прыём. На гэты прыём спэцыяльныя самалёты прывезьлі з Эўропы віны і ікру. За 25 тысячаў даляраў з Галівуду запрасілі Мірыям Макэбу, каб яна пры канцы бяседы прасьпявала правадырам песьні племені зулу. Былі запрошаныя больш за тры тысячы асобаў, герархічна падзеленых на колькі вышэйшых і ніжэйшых катэгорыяў, кожнай катэгорыі адпавядаў асобны колер запрашэньня і прызначалася асобнае мэню.
Прыём адбываўся ў старым палацы імпэратара. Госьці ішлі паўз доўгія шэрагі Імпэратарскай гвардыі, узброенай шаблямі і алебардамі. Асьветленыя пражэктарамі трубачы гралі на вежах імпэратарскі гейнал. На ўнутраных галерэях тэатральныя трупы прадстаўлялі гістарычныя сцэны з жыцьця памерлых імпэратараў. З бальконаў дзяўчаты ў народных строях абсыпалі гасьцей кветкамі. Неба выбухала букетамі фаервэркаў.
Калі ў Вялікай залі госьці ўжо ўселіся пры сталах, зайгралі фанфары, і ўвайшоў імпэратар, маючы па правую руку Насэра. Гэта была незвычайная пара: Насэр – высокі, масіўны, уладны мужчына, з пасунутай наперад галавой, з усьмешкай на шырокіх шчаках, і побач дробная, нават чэзлая і ўжо аслабленая гадамі постаць Хайле Сэлас’е, яго худы, выразны твар, вялікія, бліскучыя, праніклівыя вочы. За імі парамі ўвайшлі засталыя кіраўнікі. Заля ўстала, усе пляскалі ў далоні. Гучалі авацыі ў гонар еднасьці і імпэратара. Пасьля пачалася ўласна бяседа. Адзін цемнаскуры афіцыянт прыпадаў на чатырох гасьцей (у афіцыянтаў ад хваляваньня і стрэсу ўсё ляцела з рук). Сэрвіз быў срэбны, у даўнім харарскім стылі, на сталах ляжала колькі тонаў каштоўнага антычнага срэбра. Некаторыя хавалі прыборы ў кішэні, адзін браў лыжку, іншы – відэлец.
Нагрувашчаныя горы мяса і садавіны, рыбы і сыроў уздымаліся на сталах. Шматпавярховыя торты сплывалі салодкай стракатай глязурай. Вытанчаныя віны расьсейвалі каляровы бліск і асьвяжальны пах. Музыка грала, выстраеныя блазны куляліся на радасьць разьвяселеным бяседнікам. Час мінаў за размовамі, сьмехам і спажываньнем.
Файна было.
Падчас гэтай імпрэзы я хацеў знайсьці спакойнае месца і ня ведаў, дзе яго шукаць. Я выйшаў зь Вялікай залі на двор праз бакавыя дзьверы. Была цёмная ноч, імжэў дробны дождж, травеньскі, але халодны. Ад гэтых дзьвярэй пачынаўся лагодны схіл, а колькі дзясяткаў мэтраў ніжэй стаяў дрэнна асьветлены барак, бязь сьценаў. Ад бакавых дзьвярэй, зь якіх я выйшаў, да самага бараку стаяў шэраг афіцыянтаў, якія перадавалі адзін аднаму талеркі з адкідамі зь бяседнага стала. На гэтых талерках у бок бараку плылі косткі, агрызкі, рэшткі салатаў, рыбіныя галовы і мясныя недаедкі. Я пайшоў у бок бараку, пасьлізгваючыся ў гразі і раскіданых рэштках ежы.
Каля самога бараку я заўважыў, што цемра за ім варушыцца, што штосьці ў гэтай цемры рухаецца, буркоча і булькае, уздыхае і чвякае. Я зайшоў за барак.
У гушчыні ночы, у гразі і дажджы стаяў цесны натоўп басаногіх жабракоў. Мыйшчыкі посуду, якія працавалі ў бараку, кідалі ім рэшткі з талерак. Я глядзеў на натоўп, які працавіта і засяроджана еў агрызкі, косткі і рыбіныя галовы. У гэтай бяседзе была ўважлівая, руплівая канцэнтрацыя, трохі гвалтоўная і запамінальная біялёгія, голад, які спаталяўся ў напяцьці, у напрузе, у экстазе.
Афіцыянты часам мелі пярэрвы, плынь талерак перапынялася, і натоўп на хвілю супакойваўся, цягліцы разьнявольваліся, нібы камандзір даваў каманду «спаволь». Людзі выціралі мокрыя твары і прыводзілі да ладу закарузлыя ад дажджу і бруду лахманы. Але плынь талерак зноў пачыналася – бо там, наверсе, таксама трывала вялікае жаваньне, чвяканьне й сёрбаньне – і натоўп зноў браўся за блаславёную і руплівую працу спажываньня.
Я змок і таму вярнуўся ў Вялікую залю, на імпэратарскі прыём. Паглядзеў на срэбра і золата, на аксаміт і пурпур, на прэзыдэнта Касавубу, на свайго суседа, нейкага Ае Мамлае, удыхнуў пах кадзілаў і руж, паслухаў пераканальную песьню племені зулу, якую сьпявала Мірыям Макэба, пакланіўся імпэратару (гэта было прынцыповае патрабаваньне пратаколу) і пайшоў дадому.
Па ад’езьдзе прэзыдэнтаў (а ад’езд гэты адбываўся пасьпешліва, бо доўгае знаходжаньне за мяжой часам сканчалася стратай пасады) імпэратар запрасіў нас – гэта значыць групу замежных карэспандэнтаў, якая прыехала сюды з нагоды першай канфэрэнцыі кіраўнікоў дзяржаваў Афрыкі – на сьняданак. Гэтую навіну і запрашэньні нам прывёз у «Афрыка-Хол», дзе мы бавілі дні і ночы ў безнадзейным і нэрвовым чаканьні сувязі з нашымі сталіцамі, мясцовы апякун, начальнік зь Міністэрства інфармацыі – гэта і быў Тэфэра Гебрэвольд, высокі статны амгара, звычайна маўклівы і замкнёны. Але гэтым разам ён быў узрушаны, усхваляваны. Я зьвярнуў увагу на тое, што вымаўляючы імя Хайле Сэлас’е, ён кожны раз урачыста схіляў галаву. «Гэта цудоўна! – гукнуў грэка-турка-кіпра-мальтыец Іва Сварзыні, які афіцыйна працаваў на няісную агенцыю МІВ, а фактычна на выведку італьянскага нафтавага канцэрну ENI, – будзе магчымасьць паскардзіцца чуваку, як нам тут арганізавалі сувязь». Я мушу дадаць, што асяродак такіх карэспандэнтаў, якія дасьледуюць найдалейшыя закуткі сьвету, складаецца зь людзей цынічных і жорсткіх, якія ўсё бачылі, усё перажылі, якія, каб выконваць сваю справу, мусяць увесь час змагацца з тысячай перашкодаў, пра якія бальшыня людзей мае слабае ўяўленьне, і таму нішто ня можа іх устурбаваць ці ўзрушыць, а даведзеныя да вычарпаньня і злосныя, яны насамрэч былі гатовыя наскардзіцца імпэратару на ганебныя варункі працы і сапраўды марную дапамогу мясцовых уладаў. Але нават такія людзі час ад часу мусяць задумвацца над сваімі ўчынкамі. І якраз такі момант надышоў цяпер, калі пасьля словаў Сварзыні мы заўважылі, што Тэфэра зьбялеў, схіліўся і пачаў нэрвова і няскладна штосьці казаць, з чаго – урэшце – удалося зразумець, што калі мы данясём на яго, імпэратар загадае адсячы яму галаву. Ён паўтараў і паўтараў гэта. У нашай групе меркаваньні падзяліліся. Я агітаваў за тое, каб пакінуць яго ў спакоі і ня браць жыцьцё чалавека на сваё сумленьне. Бальшыня была такой жа думкі, і ўрэшце мы вырашылі, што ў размове з імпэратарам абмінём гэтую тэму. Тэфэра прыслухоўваўся да дыскусіі, і яе вынік павінен быў яго ўсьцешыць, але, як кожны амгара, ён таксама быў натуры недаверлівай і скептычнай – а гэтыя рысы выяўляліся асабліва ў дачыненьні да замежнікаў, – і пайшоў ён ад нас прыгнечаны і роспачны. І вось наступнага дня мы выходзім ад імпэратара, адораныя срэбнымі мэдальёнамі зь ягоным гербам. Цырымоніймайстар праводзіць нас доўгім калідорам да парадных дзьвярэй. Пры сьцяне стаіць Тэфэра ў такой паставе, у якой падсудны прымае цяжкі вырак суду, пот на змарнелым твары. «Тэфэра! – крычыць разьвяселены Сварзыні, – мы цябе вельмі хвалілі. (Што было праўдай.) Атрымаеш павышэньне!» – і ляпае яго ў дрыготкія плечы.
Пасьля, пакуль ён быў жывы, я наведваў яго кожны раз, калі прыяжджаў у Адыс-Абэбу. Ужо пасьля зрыненьня імпэратара ён пэўны час працаваў, бо – на шчасьце для яго – яго выкінулі з палацу ў апошнія месяцы панаваньня Хайле Сэлас’е. Але ён ведаў усіх людзей з атачэньня імпэратара, некаторыя зь іх былі ягонымі сваякамі. Як амгара, якія цэняць шляхетнасьць, ён умеў выказаць удзячнасьць і ўсімі спосабамі стараўся адплаціць за тое, што ў свой час мы ўратавалі яму галаву. Неўзабаве пасьля дэтранізацыі я спаткаўся з Тэфэрам у гатэлі «Рас», у сваім пакоі. Места перажывала эўфарыю першых месяцаў рэвалюцыі. Вуліцамі цягнуліся шумныя маніфэстацыі, адныя падтрымлівалі вайсковы ўрад, іншыя дамагаліся яго адстаўкі, былі дэманстрацыі за аграрную рэформу, і дэманстрацыі за тое, каб аддаць старую каманду пад суд, і дэманстрацыі, якія заклікалі раздаць бедным маёмасьць імпэратара, ад самага ранку вуліцы запаўняліся разгарачаным тлумам, выбухалі сутычкі, канфлікты, лёталі камяні. Тады, у пакоі, я сказаў яму, што хацеў бы знайсьці людзей імпэратара. Тэфэра быў зьдзіўлены, але згадзіўся ўзяць гэта на сябе. Пачаліся нашыя падазроныя вандроўкі. Мы былі парай калекцыянэраў, якія прагнулі знайсьці вырачаныя на зьнішчэньне карціны, каб зрабіць зь іх выставу даўняга мастацтва ўладараньня.
Прыкладна ў гэты час выбухнула шаленства фэташы, якое пазьней разраслося да нечуваных у сьвеце памераў, а яго ахвярай сталі мы ўсе – жывыя людзі, незалежна ад колеру скуры, узросту, полу і стану. Фэташа – гэта амгарскае слова, якое азначае рэвізію. Раптам усе пачалі абшукваць адно аднаго. Ад рана да ночы, нават ад рана да рана, паўсюль, безь перадыху. Рэвалюцыя падзяліла людзей на лягеры, і пачалася барацьба. Не было ані барыкад, ані акопаў, ані іншых выразных лініяў падзелу, і таму кожны сустрэты чалавек мог быць ворагам. Гэтую атмасфэру агульнай пагрозы ўзмацняла яшчэ і хваравітая падазронасьць, якую кожны амгара жывіць у дачыненьні да іншага чалавека (таксама і да другога амгары), якому ніколі ня можна давяраць, верыць на слова, разьлічваць на яго, бо намеры людзей злыя і падступныя, людзі – гэта змоўцы. Філязофія амгараў пэсымістычная, сумная, таму іх пагляды сумныя і пры гэтым чуйныя і пільныя, твары іх сур’ёзныя, рысы напятыя, ім рэдка надараецца ўсьміхацца.
Усе маюць зброю, закаханыя ў зброю. Багатыры мелі на дварах цэлыя арсэналы і ўласныя, прыватныя арміі. У кватэрах афіцэраў таксама можна ўбачыць арсэналы: аўтаматы, калекцыі пісталетаў, скрыні гранатаў. Яшчэ колькі гадоў таму рэвальвэры купляліся ў крамах, як любы іншы тавар – дастаткова было заплаціць, ніхто ні пра што не пытаўся. Зброя плебсу горшая і часта вельмі старая – розныя крэмневыя стрэльбы, паляўнічыя ружжы, флінты, дубальтоўкі, цэлы музэй на сьпінах. Бальшыня з гэтага антыкварыяту не прыдатная для ўжытку, бо ніхто ўжо не вырабляе для іх боепрыпасаў. Таму на рынку набой часам даражэйшы за вінтоўку, набоі – найкаштоўнейшая валюта на рынку, больш жаданая, чым даляры. Бо што даляр? Даляр – гэта папера, а набой можа ўратаваць жыцьцё. Дзякуючы набоям нашая зброя набывае сэнс, а мы набіраем вагі.
Жыцьцё чалавека – якую яно мае вартасьць? Іншы чалавек існуе настолькі, насколькі ўяўляе сабой перашкоду на нашым шляху. Жыцьцё няшмат значыць, хоць лепей пазбавіць яго ворага, перш чым той пасьпее ўдарыць па нас. Кожнае ночы страляніна (а таксама і на працягу дня), пасьля на вуліцы ляжаць забітыя. «Нэгусе, – кажу я нашаму кіроўцу, – зашмат страляюць. Гэта нядобра». Але ён маўчыць, нічога не адказвае, я ня ведаю, што ён думае. Яны спрактыкаваныя ў тым, каб бяз дай прычыны выцягнуць пісталет і стрэліць.
Забіць.
А можа, можна было б іначай, можа, можна было б бяз гэтага? Але яны ў гэты спосаб ня думаюць, іх думка не ідзе ў кірунку жыцьця, толькі ў кірунку сьмерці. Сьпярша спакойна размаўляюць, пасьля пачынаецца спрэчка, бойка, а ўрэшце чуваць стрэлы. Адкуль столькі зацятасьці, агрэсіі, нянавісьці? І ўсё без рэфлексіі, бяз хвілі роздуму, без тармазоў, на злом галавы.
Вось жа, каб авалодаць сытуацыяй і раззброіць апазыцыю, улады абвясьцілі ўсеагульную фэташу. Нас увесь час, бесьперапынна абшукваюць. На вуліцы, у машыне, перад домам (і ў доме), перад крамай, перад поштай, перад уваходам у бюро, у рэдакцыю, у царкву, у кіно. Перад банкам, перад рэстаранам, на рынку, у парку. Кожны можа нас абшукаць, бо мы ня ведаем, хто мае на гэта права, а хто не, і лепей не пытацца, бо гэта пагаршае справу, лепей паддацца. Увесь час нас хтосьці абшуквае, нейкія абарваныя хлопцы, з кіямі, нічога ня кажуць, толькі затрымліваюць нас і разводзяць рукі ў бакі, паказваючы, што мы таксама маем разьвесьці рукі ў бакі – гэта значыць, стаць у пазыцыю для асабістага надгляду, і тады яны пачынаюць даставаць усё з торбы, з кішэні, аглядаць, дзівіцца, моршчыць ілбы, ківаць галовамі, раіцца, пасьля абмацваюць нам сьпіны, жываты, ногі, боты, ну і што? і нічога – мы можам ісьці далей, да наступнага разьвядзеньня рук, да наступнай фэташы. Адзіна што гэтая наступная фэташа можа быць ужо праз колькі крокаў, і тады ўсё пачынаецца ад пачатку, бо фэташы не сумуюцца ў адно генэральнае раз-назаўсёды-ачышчэньне, апраўданьне, дараваньне, мы мусім штораз, штопарумэтраў, штоколькіхвілінаў, зноў а зноў ачышчацца, апраўдвацца, атрымліваць дараваньне. Найбольш нясьцерпныя фэташы на дарогах, калі мы едзем аўтобусам. Дзясяткі затрыманьняў, усе выходзяць, увесь багаж адчыняюць, разрываюць, раскладаюць, разгортваюць, перакопваюць. Нас абшукваюць, абмацваюць, аблапваюць, ціскаюць. Пасьля ў аўтобусе ўтоптваньне багажа, які разбух, як цеста ў дзежцы, а пры чарговай фэташы вывальваньне ўсяго, выбіваньне нагамі на дарогу барахла, кошыкаў, памідораў, збаноў (выглядае гэта як спантанна і хаатычна раскладзены прыдарожны кірмаш), і шуканьне, і цісканьне, і шнараньне. Фэташы так спаскуджваюць язду, што на палове дарогі мы ўжо хацелі б вярнуцца, але як вярнуцца, застацца ў чыстым полі, у небасяжных гарах, каб стаць лёгкай здабычай разбойнікаў? Часам фэташы ахопліваюць цэлыя кварталы, і тады гэта паважная справа. Такія фэташы робіць войска, якое шукае сховішчы зброі, таемныя друкарні і анархістаў. Падчас такой апэрацыі чуваць стрэлы, а пасьля відаць забітых. Калі хтосьці няўважлівы – і хай ён нават сама нявіннасьць – патрапіць пад такую акцыю, яму забясьпечаны цяжкія хвіліны. Людзі ідуць павольна, з паднятымі ўгару рукамі, ад адной рулі да іншай, чакаючы на вырак. Але найчасьцей маем справу з фэташай аматарскай, зь якой можна асвоіцца і прызвычаіцца. Шмат людзей са сваёй ініцыятывы робяць іншым фэташу, то бок абшуканку-абмацанку, гэта фэташысты-самотнікі, якія дзейнічаюць па адным, па-за агульным плянам арганізаванай фэташы. Мы ідзём вуліцай, і раптам нас спыняе нейкі незнаёмы чалавек і разводзіць рукі. Няма рады – мы таксама мусім разьвесьці рукі – гэта значыць, прыняць пазыцыю для рэвізіі. Тады ён нас абмацвае, абскубвае, абцісквае, а пасьля ківае галавой, маўляў, мы вольныя. Відаць, хвілю таму ён падазраваў у нас ворага, а цяпер пазбыўся падазрэньня і пакінуў нас у спакоі. Можна ісьці далей, забыўшы пра гэтае банальнае здарэньне. У маім гатэлі адзін з вартаўнікоў вельмі любіў мяне абшукваць. Часам, сьпяшаючыся, я хутка ўбягаў у фае і мчаў на свой паверх, у пакой, тады ён гнаўся за мной, і перш чым я пасьпяваў павярнуць ключ у замку, уціскваўся ўсярэдзіну і там рабіў мне фэташу. Я сьніў фэташы. Мяне аблапвала мноства цёмных, брудных, прагных, паўзучых рук, якія танчылі, капаліся, ціскалі, скубалі, казыталі, за горла хапалі, аж пакуль я не абуджаўся мокры ад поту і ня мог заснуць да раніцы.
Але нягледзячы на гэтыя перашкоды я надалей хадзіў па хатах, якія мне адчыняў Тэфэра, і слухаў аповеды пра імпэратара, якія паходзілі ўжо нібы зь іншага сьвету.
А. М.-М.: Як лёкай трох дзьвярэй я быў найважнейшым зь лёкаяў, якія працавалі ў Залі аўдыенцыі. Гэтая заля мела тры пары дзьвярэй, і былі тры лёкаі, якія адчынялі і зачынялі іх, але я меў першую пазыцыю, бо праз мае дзьверы праходзіў імпэратар. Калі найасаблівейшы гаспадар пакідаў Залю, я адчыняў дзьверы. Мой прафэсіяналізм палягаў у тым, каб адчыніць дзьверы ў належную хвілю, каб злавіць патрэбны момант. Калі б я адчыніў дзьверы заўчасна, гэта магло б выклікаць абуральнае ўражаньне, што я прашу імпэратара пакінуць Залю. Калі б, зноў жа, я адчыніў дзьверы запозна, найасаблівейшаму гаспадару давялося б запаволіць хаду, а можа, нават спыніцца, што было б прыніжэньнем годнасьці гаспадара, якая вымагае, каб рух першай асобы быў роўны і не спатыкаў ніякіх перашкодаў.
Г. С.-Д.: Час паміж дзявятай і дзясятай гадзінай раніцы наш гаспадар бавіў у Залі аўдыенцыі, раздаючы прызначэньні, і таму гэты час называўся гадзінай прызначэньняў. Імпэратар уваходзіў у Залю, у якой яго ўжо чакалі чыноўнікі, якія прыйшлі на вышэйшае распараджэньне, яны стаялі ў шэраг і пакорна кланяліся. Наш гаспадар сядаў на трон, і калі ён ужо быў сеўшы, я падсоўваў яму падушку пад ногі. Гэтае дзеяньне павінна было выконвацца маланкава хутка, каб ня ўзьнікла моманту, у які ногі дастойнага манарха завісьлі б у паветры. Мы ўсе ведаем, што наш гаспадар меў нізкую паставу, тады як займанае ім становішча вымагала, каб ён захоўваў вышэйшасьць за сваіх падданых таксама і ў проста фізычным сэнсе, і таму троны гаспадара мелі высокія ножкі і высока пастаўленыя сядзеньні, асабліва тыя, якія засталіся па імпэратару Мэнэліку, які быў мужчынам надзвычайнага росту. Вось жа, паўставала супярэчнасьць паміж неабходнай вышынёй трона і фігурай шаноўнага гаспадара, супярэчнасьць найбольш раздражняльная і клапатлівая якраз у раёне ног, бо ня можна ж было падумаць, каб належную годнасьць захавала асоба, у якой ногі боўтаюцца ў паветры, як у малога дзіцяці! Якраз падушка і разьвязвала гэтую далікатную і гэтак важную праблему. Я быў падушкавым найшляхетнейшага гаспадара на працягу дваццаці шасьці гадоў. Я суправаджаў імпэратара ў падарожжах па сьвеце, і, уласна кажучы, – скажу гэта з гордасьцю – гаспадар наш нікуды ня мог вырушыць безь мяне, бо ягоная годнасьць вымагала, каб ён увесь час сядзеў на троне, а ён ня мог сядзець на троне без падушкі, а падушкавым быў я. Я авалодаў адмысловым пратаколам у гэтай справе і нават меў надзвычай карысныя веды што да вышыні паасобных экзэмпляраў трона, якія дазвалялі мне хутка і трапна падбіраць падушкі адпаведнага памеру, каб ня здарылася абуральнай недарэчнасьці: паміж падушкай і нагамі імпэратара такі засталася шчыліна! На маім складзе было пяцьдзясят дзьве падушкі рознага фармату, таўшчыні, матэрыі і колеру. Я сам даглядаў варункі, у якіх яны захоўваліся, каб там не завяліся блохі – дакучлівая бяда нашага краю, – бо наступствы такой нядбаласьці маглі б скончыцца прыкрым скандалам.
Т. Л.: My dear brother, гадзіна прызначэньняў наводзіла дрыжыкі на ўвесь палац! Для адных гэта было дрыжаньне ад радасьці і глыбока пачуцьцёвай асалоды, для іншых – дрыжаньне ад страху і катастрофы, бо ў гэтую гадзіну шаноўны гаспадар ня толькі ўзнагароджваў, абдорваў і прызначаў, але таксама й ганіў, здымаў і паніжаў. Дрэнна я кажу! Насамрэч не было падзелу на ўзрадаваных і спалоханых; радасьць і страх адначасна напаўнялі сэрца кожнага выкліканага ў Залю аўдыенцыі, бо ён ня ведаў, што менавіта яго чакае. У тым палягала найглыбейшая мудрасьць нашага гаспадара, што ніхто ня ведаў свайго дня, свайго прызначэньня. Гэтая няпэўнасьць і няяснасьць намераў манарха прыводзілі да таго, што палац бесьперапынна пляткарыў і губляўся ў здагадках. Палац дзяліўся на фракцыі і групоўкі, якія вялі міжсобку бязьлітасныя войны, узаемна паслабляючы і зьнішчаючы адна адну. А якраз гэта і было трэба нашаму дастойнаму гаспадару. Гэтая раўнавага, якая забясьпечвала яму сьвяты спакой. Калі якаясьці групоўка брала верх, гаспадар неўзабаве абдорваў ласкай процілеглую групоўку і зноў вяртаў стан раўнавагі, які паралізоўваў узурпатараў. Гаспадар наш націскаў клявішы – то белую, то чорную – і здабываў з фортэпіяна гарманічную мэлёдыю, якая супакойвала яго вуха. А ўсе паддаваліся гэтаму націсканьню, бо адзіным сэнсам іх існаваньня была імпэратарская ўхвала, і калі б імпэратар адмовіў у ёй, яны яшчэ тым жа самым днём зьніклі б з палацу бязь сьледу. Так, яны не былі кімсьці самі па сабе. Яны былі відочныя для люду толькі датуль, дакуль іх асьвятляў бліск манаршай кароны. Хайле Сэлас’е быў канстытуцыйным абраньнікам Бога і дзеля гэтай вышыні ня мог зьвязаць сябе зь якойсьці фракцыяй, хоць паслугоўваўся то адной, то другой больш, чымся іншымі, але калі адна з падтрымліваных груповак надта далёка заходзіла ў сваёй звышстараннасьці, тады імпэратар ганіў яе і мог нават фармальна асудзіць. Гэта асабліва датычыла фракцыяў ястрабаў, якія гаспадар наш прызначаў для падтрыманьня парадку. Бо прамовы імпэратара былі лагодныя, сардэчныя і цешылі народ, які ніколі ня чуў, каб з вуснаў гаспадара зьляталі гнеўныя словы. А сардэчнасьць ня спосаб кіраваць імпэрыяй, хтосьці мусіць утаймоўваць апазыцыю і дбаць пра найвышэйшыя інтарэсы імпэратара, палацу і дзяржавы. Гэта і рабілі фракцыі ястрабаў, аднак, не разумеючы тонкіх намераў імпэратара, грузьлі ў памылках, а дакладней – у памылцы згушчэньня фарбаў. Прагнучы здабыць ухвалу гаспадара, рупліўцы хацелі навесьці абсалютны парадак, тады як дастойнаму гаспадару патрэбны быў парадак у прынцыпе, гэта значыць – парадак, але з пэўным маргінэсам непарадку, на якім магла б выяўляцца манаршая лагоднасьць і паблажлівасьць. Вось таму, калі групоўка ястрабаў пачынала наступаць ужо на гэты маргінэс, яна спатыкала няўхвальны позірк уладара. У палацы былі тры асноўныя фракцыі: арыстакратаў, бюракратаў і так званых асабістых людзей. Крайне кансэрватыўная фракцыя арыстакратаў, якая складалася з буйных земляўласьнікаў, канцэнтравалася, галоўным чынам, у Кароннай радзе, а яе лідэрам быў расстраляны ўжо князь Каса. Фракцыя бюракратаў, найбольш схільная да зьменаў і найбольш адукаваная, бо частка яе прадстаўнікоў мела вышэйшую адукацыю, запаўняла міністэрствы і імпэратарскія ўстановы. Нарэшце, фракцыя асабістых людзей была асаблівасьцю нашай улады, спароджанай самім імпэратарам. Дастойны гаспадар, прыхільнік моцнай дзяржавы і цэнтральнай улады, мусіў весьці хітрую і спрытную барацьбу з групоўкай арыстакратаў, якая хацела кіраваць правінцыямі і мець слабага, павольнага імпэратара. Але ён ня мог змагацца з арыстакратыяй яе ўласнымі рукамі, і таму ўвесь час набіраў у сваё атачэньне ў якасьці асабістых прызначэнцаў і абраньнікаў людзей з народу, маладых і хуткіх, але найніжэйшага паходжаньня, ну, кагосьці з найапошнейшага плебсу, часта выбіранага як першы-лепшы з натоўпу, які зьбіраўся, калі гаспадар наш сустракаўся з народам. Гэтыя асабістыя людзі імпэратара, выцягнутыя наўпрост з нашай роспачнай і мізэрнай правінцыі ў салёны найвышэйшага двара, сустракаючыся тут з натуральнай нянавісьцю і варожасьцю даўніх арыстакратаў і хутка пакаштаваўшы смак раскошы палацу і яўнага абаяньня імпэратара, зь нечуванай папросту гарачнасьцю і нават страсьцю служылі імпэратару, ведаючы, што яны сядзяць тут і не ў адзінкавых выпадках займаюць найвышэйшыя дзяржаўныя пасады толькі і вылучна з волі дастойнага гаспадара. Менавіта ім імпэратар давяраў пасады, якія вымагалі найбольшай ляяльнасьці. У Міністэрстве пяра, Імпэратарскай палітычнай паліцыі, Адміністрацыі палацу працавалі гэтыя людзі. Яны выкрывалі ўсе змовы і падкопы, зьнішчалі саманадзейную і зласьлівую апазыцыю. Заўваж, журналісту, што імпэратар ня толькі сам прымаў рашэньні аб усіх прызначэньнях, але калісьці кожнаму асабіста паведамляў аб іх. Ён, толькі ён! Ён прызначаў людзей на вяршыні герархіі, але таксама і на сярэднія і нізкія ўзроўні, ён прызначаў начальнікаў поштаў, дырэктараў школаў, кіраўнікоў паліцыйных пастарункаў, усіх найзвычайнейшых чыноўнікаў, загадчыкаў, дырэктараў бровараў, шпіталяў, гатэляў, яшчэ раз паўтару – усіх, ён, асабіста. Іх выклікалі ў Залю аўдыенцыі на гадзіны прызначэньняў, і тут, пашыхтаваныя ў бясконцы шэраг – бо гэта была маса, маса людзей! – яны чакалі прыбыцьця імпэратара. Пасьля кожны па чарзе падыходзіў да трона, выслухоўваў, усхваляваны і схілены ў паклоне, на якую пасаду імпэратар яго прызначае, цалаваў дабрадзея ў руку і, адступаючы задам, кланяючыся, сыходзіў. Нават самае нязначнае прызначэньне мела імпэратарскае аўтарства, і гэта таму, што крыніцай усялякай улады была не дзяржава і ніякая іншая ўстанова, а толькі найасабісьцейшы дастойны гаспадар. Як жа бязьмерна важнае гэтае права! Бо з таго моманту побач з імпэратарам, калі ён абвяшчаў прызначэньне і даваў сваё блаславеньне, нараджалася агульная міжлюдзкая повязь, што праўда, рэглямэнтаваная правіламі герахіі, але ўсё-ткі повязь, а зь яе вынікаў адзін прынцып, якім кіраваўся наш гаспадар, узвышаючы ці скідаючы людзей: прынцып ляяльнасьці. Дружа мой, можна было б скласьці бібліятэку даносаў, якія гадамі плылі да імпэратарскага вуха, супраць найбліжэй да яго пастаўленай асобы, міністра пяра – Вальдэ Гіёргіса. Гэта была найбольш крывадушная, агідная і карумпаваная постаць, якую калі-кольвек насілі паркеты нашага палацу. Само складаньне даносу на гэтага чалавека пагражала крайне сумнымі наступствамі. Як жа ж мусіла быць дрэнна, калі нягледзячы на гэта – даносілі. Але вуха гаспадара заўжды было закрытае. Вальдэ Гіёргіс мог рабіць, што хацеў, а разбэшчанасьць яго ня мела межаў. Аднак асьлеплены ўласнай пыхай і беспакаранасьцю, аднаго разу ён узяў удзел у сходзе фракцыі змоўнікаў, аб чым палацавая выведка паведаміла шаноўнаму гаспадару. Гаспадар чакаў, пакуль Вальдэ Гіёргіс сам раскажа яму пра свой учынак, але той не згадаў пра гэтую справу ані словам, альбо – іначай кажучы – парушыў прынцып ляяльнасьці. І наступнага дня гаспадар пачаў гадзіну прызначэньняў са свайго ўласнага міністра пяра, чалавека, які амаль дзяліў уладу з дастойным гаспадаром: з пазыцыі другой асобы ў дзяржаве Вальдэ Гіёргіс зьляцеў на пасаду малога чыноўніка ў глухой правінцыі поўдня. Выслухаўшы прызначэньне – а ўявім сабе, як ён мусіў у той момант душыць зьдзіўленьне і жах, – ён згодна са звычаем пацалаваў дабрадзея ў руку і, адступаючы задам, кланяючыся, пакінуў палац раз і назаўсёды. А возьмем такую постаць, як князь Імру. Гэта была, магчыма, найвыбітнейшая індывідуальнасьць у эліце, чалавек, варты найвышэйшых ушанаваньняў і пасадаў. І што з таго, калі – як я згадваў – ласкавы гаспадар ніколі не кіраваўся прынцыпам здольнасьцяў, але заўсёды і выключна прынцыпам ляяльнасьці. Вось жа, невядома адкуль і чаму князь Імру раптам пачаў пахнуць рэформай і, не пытаючы імпэратара пра згоду, раздаў сялянам частку сваёй зямлі. А гэта значыць, змаўчаўшы аб чымсьці перад імпэратарам і зрабіўшы штосьці на ўласную руку, раздражняльным і проста абуральным чынам парушыў прынцып ляяльнасьці. І вось літасьцівы гаспадар, які рыхтаваў быў для князя высокапачэсную пасаду, мусіў выкінуць яго з краіны і трымаў яго на чужыне дваццаць гадоў. Зазначу тут, што гаспадар наш ня быў супраць рэформаў, наадварот – ён заўсёды з сымпатыяй ставіўся да прагрэсу і паляпшэньняў, але ён ня мог сьцярпець, каб хтосьці браўся за рэформы на ўласную руку, бо гэта, па-першае, стварала пагрозу адвольнасьці і анархіі, а па-другое – магло выклікаць уражаньне, што ў імпэрыі існуюць якіясь іншыя дабрадзеі, апроч дастойнага гаспадара. З гэтай жа прычыны, калі ўмелы і разумны міністар хацеў правесьці ў сваім абсягу хоць найменшую рэформу, ён мусіў так абставіць справу, так прэзэнтаваць яе імпэратару, так асьвятліць і сфармуляваць, каб у агульнапрызнаны, неаспрэчны і відавочны спосаб вынікала, што ласкавым і руплівым ініцыятарам, творцам і змагаром за рэформу ёсьць асабіста яго імпэратарская мосьць, нават калі б насамрэч гаспадар наш ня надта арыентаваўся, пра што дакладна ідзецца. Але ж ня ўсе міністры мелі розум! Трапляліся людзі маладыя, не знаёмыя з традыцыяй палацу, і такія, кіруючыся ўласнымі амбіцыямі, а таксама прагнучы здабыць прызнаньне народу – як быццам імпэратарскае прызнаньне не было адзіным, якога варта дамагацца! – самавольна спрабавалі тую ці іншую дробязь рэфармаваць. Як быццам яны ня ведалі, што такім чынам парушаюць прынцып ляяльнасьці і хаваюць ня толькі сябе, але і саму рэформу, якая, ня маючы імпэратарскага аўтарства, ніколі ня мела шанцаў на ажыцьцяўленьне. Скажу адкрыта, што літасьцівы гаспадар больш любіў дрэнных міністраў. А больш таму, што гаспадар наш любіў выгадна вылучацца. А як жа ён мог бы выгадна вылучацца, калі б яго атачалі добрыя міністры? Народ страціў бы арыентацыю, у каго шукаць дапамогі, на чыю дабрыню і мудрасьць спадзявацца. Усе былі б добрыя і мудрыя. Які ж балаган усчаўся б тады ў імпэрыі! Заміж аднаго сонца сьвяціла б пяцьдзясят, і кожны складаў бы ўшанаваньні прыватна абранай плянэце. О не, дарагі дружа, няможна паддаваць народ такой згубнай адвольнасьці! Сонца павінна быць адно, такім ёсьць парадак прыроды, а ўсе іншыя тэорыі – толькі безадказная і супраціўная Богу ерась. Але можаш быць пэўны, што гаспадар наш вылучаўся, і вельмі прывабна і добра вылучаўся, і таму народ ня блытаў, хто ёсьць сонцам, а хто – ценем.
З. Т.: Гаспадар наш у момант прызначэньня бачыў перад сабой схіленую галаву таго, каго ставіў на высокую пасаду. Але нават далёкасяжны пагляд найсьвятлейшага гаспадара ня мог убачыць, што далей рабілася з гэтай галавой. Тым часам галава, якая ў Залі аўдыенцыі выконвала рухі ўніз-уверх, за дзьвярыма хутка мяняла пазыцыю, уздымалася ўгару, застывала і набывала моцны і рашучы выгляд. Так, дружа, дзіўнай была магутнасьць імпэратарскага прызначэньня! Бо тая звычайная галава, якая дагэтуль рухалася так натуральна і свабодна, такая гнуткая і нескаваная, так схільная да паваротаў, паклонаў, схілаў і згінаў, цяпер, памазаная прызначэньнем, зазнавала надта дзіўную рэдукцыю, рухаючыся адгэтуль толькі ў двух кірунках: вэртыкальна ўніз у прысутнасьці дастойнага гаспадара і вэртыкальна ўгару – прысутнасьці засталых. Пастаўленая на гэтую адзіную вось «зямля–неба» галава не магла паварочвацца адвольна, і калі б вы падышлі да яе ззаду і зьнянацку гукнулі: – Гэй, чалавеча! – ён ня мог бы павярнуць галавы ў ваш бок, але мусіў бы годна спыніцца і толькі разам з усім целам навесьці галаву ў кірунак вашага голасу. Увогуле, працуючы чыноўнікам пратаколу ў Залі аўдыенцыі, я зьвярнуў увагу, што прызначэньні выклікаюць фізычныя зьмены ў чалавеку, і прычым зьмены прынцыповыя, і так мяне гэта зацікавіла, што я пачаў бліжэй да гэтага прыглядацца. Перадусім зьмяняецца фігура чалавека. Даўней худая і тонкая, цяпер яна пачынае зьмяняцца ў бок квадрата, у бок квадратнага сылюэту. Гэта масіўны, салідны квадрат – сымбаль павагі і цяжару ўлады. Ужо з сылюэту відаць, што гэта не абы- хто, а ўвасабленьне годнасьці і адказнасьці. Гэтай зьмене фігуры спадарожнічае агульнае запаволеньне рухаў. Чалавек, адзначаны імпэратарам, ужо ня будзе скакаць, бегаць, дрыгацца, сваволіць. Не, крок паважны, ногі цьвёрда ставяцца на зямлю, лёгкі нахіл цела наперад, які азначае гатовасьць супрацьстаяць перашкодам, рухі рук разьмераныя, вольныя ад нэрвовай і бязладнай жэстыкуляцыі. Рысы твару таксама робяцца паважнейшымі і нібыта застываюць, твар стаецца заклапочаны і замкнёны, аднак захоўвае здольнасьць да часовага пераключэньня да ўхвалы і аптымізму, але наагул неяк так складзены і пастаўлены, што не стварае магчымасьці псыхалягічнага кантакту, няможна пры ім разьняволіцца, уздыхнуць спакойна. Зьмяняецца таксама й позірк. Іншая стае яго даўжыня і іншы вугал падзеньня. Позірк гэты цяпер падаўжаецца да якогасьці зусім недасяжнага для нас пункту, і таму, размаўляючы з прызначэнцам, паводле агульнавядомых правілаў оптыкі мы ня будзем ім заўважаныя, бо фокус ягонага зроку будзе знаходзіцца дзесьці там, за намі. Мы таксама ня можам быць ім успрыманыя, бо кут падзеньня ягонага зроку вельмі разгорнуты, і падчас размовы позірк яго праходзіць дзесьці па-над нашай галавой, і тут выяўляецца дзіўны прынцып пэрыскопа, бо нават калі ён ніжэйшага росту, усё адно ён паглядае па-над нашай галавой, у бясконцую далечыню, альбо перасьледуе якуюсьці асаблівую думку. У кожным разе, мы адчуваем, што нават калі ягоныя думкі не глыбейшыя, яны напэўна важнейшыя і больш адказныя, і мы здаем сабе справу з таго, што ў такой сытуацыі спроба перадачы нашых думак была б бессэнсоўнай і дробязнай. Таму мы змаўкаем. Але імпэратарскі фаварыт таксама ня схільны да размовы, бо адной з праяваў прызначэньня ёсьць зьмена спосабу маўленьня, месца поўных і ясных сказаў цяпер займаюць разнастайныя аднаскладовыя рэплікі, мармытаньні, пакашліваньні, раптоўныя змаўканьні, шматзначныя паўзы, цьмяныя словы і такая рэакцыя на ўсё, нібы ён гэта даўно і лепей ведаў. Вось жа, мы пачуваемся збыткоўнымі і сыходзім, а ягоная галава ў жэсьце разьвітаньня перасоўваеца па восі ў кірунку вэртыкальна ўгару. Здаралася, аднак, што літасьцівы гаспадар ня толькі павышаў, але таксама – выявіўшы неляяльнасьць – і паніжаў, на жаль, альбо – прабач мне, дружа, прастамоўе – з трэскам выкідаў на брук. І тады можна было ўбачыць, што брук мае пэўную цікавую ўласьцівасьць, а менавіта, што пад уплывам сутыкненьня з брукам праявы прызначэньня адступалі, зьнікалі фізычныя зьмены, выкінуты на брук вяртаўся да нормы, і ў ім нават зьяўлялася нэрвовая і, можа, трохі перабольшана выказваная схільнасьць да братаньня, нібы ён хацеў затушаваць усю справу, нібы ён хацеў махнуць рукой і сказаць, ах, забудзем пра гэта, нібы гэта датычыла нявартай згадкі хваробы.
М.: Ты пытаесься, дружа, чаму ў апошні пэрыяд улады імпэратара гэны Аклілу, які ня меў ніякіх функцыяў і паходзіў з плебсу, меў больш улады, чым князь Маканэн, які кіраваў урадам і быў выбітным арыстакратам? Бо ступені ўлады ў палацы вызначаліся не паводле герархіі пасадаў, але паводле колькасьці допускаў да найсьвятлейшага гаспадара. Такі быў наш лад унутры палацу. Казалі: важнейшы той, хто часьцей мае імпэратарскае вуха. Часьцей і даўжэй. За гэтае вуха розныя групоўкі вялі найбольш зацятыя бойкі, вуха было найвышэйшай стаўкай у гульні. Дастаткова было – але гэта было нялёгка! – прысунуцца да магутнага вуха і шапнуць. Шапнуць і ўсё – усяго толькі. Хай яно кудысьці западзе, хай там будзе, хоць як мімалётнае ўражаньне, як дробнае зярнятка. Але прыйдзе час, калі ўражаньне ўтрываліцца, а зернейка прарасьце, і тады мы зьбяром ураджай. Гэта былі вельмі далікатныя захады, якія вымагалі чуцьця, бо гаспадар наш, нягледзячы на сваю невычэрпную, надзвычайную энэргію і трываласьць, усё ж заставаўся людзкой істотай з натуральна абмежаванай ёмістасьцю вуха, якое нельга было празьмерна расьцягваць і перагружаць, не раздражняючы гаспадара і не выклікаючы ў яго адмоўных рэакцыяў. Таму колькасьць допускаў была абмежаваная, і таму няспынным было змаганьне за падзел імпэратарскага вуха. Хада гэтага змаганьня была адной з найжывейшых тэмаў палацавых плётак, а таксама адбівалася хцівым рэхам у горадзе. Вось быў такі Абэе Дэбалк, нізкі чыноўнік Міністэрства інфармацыі, дык ён ацэньваўся на чатыры допускі штотыдзень, а ягоны шэф ня мог разьлічваць больш як на два допускі. Імпэратар меў давераных людзей, часта пастаўленых на вельмі пасрэдныя пасады, але надзвычай магутных дзеля вялікай колькасьці допускаў, пра якую не маглі марыць іх міністры і нават чальцы Кароннай рады. Захапляльныя вяліся войны. Заслужаны генэрал Абіе Абэбэ меў тры допускі штотыдзень, а ягоны супраціўнік – генэрал Кебэдэ Гебрэ (абодва цяпер расстраляныя) – толькі адзін. Але групоўка Гебрэ так павяла справу, так падкопвала выбітную, але марнеючую ўжо групоўку Абэбэ, што той апусьціўся сьпярша да двух, а пасьля толькі да аднаго допуску, а Гебрэ, які выслужыўся ў Конга і меў высокія міжнародныя адзнакі, падскочыў аж да чатырох допускаў. Я, дружа мой, у найлепшыя часы мог разьлічваць на адзін допуск штомесяц, хоць мяне памылкова ацэньвалі нават вышэй, але і гэта была значная пазыцыя, бо пад беспасярэднімі, найкаштоўнейшымі допускамі складалася герархія пасярэдніх, друга-, трэце- і далейрадных допускаў, а там таксама былі звадкі, кіпцюры, захады, падкопы. О, калі пра кагосьці было вядома, што ў яго ёсьць вялікая колькасьць беспасярэдніх допускаў, дык такому ўсе ў пас кланяліся, нават калі ён ня быў міністрам. А той, у каго колькасьць допускаў падала, ужо ведаў, што літасьцівы гаспадар перасоўвае яго па нахіленай лініі. Дадам, што ў дачыненьні да сваёй някідкай фігуры і адпаведнай прапарцыйнай галавы шаноўны гаспадар меў вушы вялікага памеру.
І. Б.: Я быў капшуковым Абы Ганы Емы – богабаязнага скарбніка і спавядальніка імпэратара. Абодва шляхетныя паны былі аднолькавага веку, а таксама мелі падобны рост і выгляд. Выказваньне пра якое-кольвек падабенства да шаноўнага гаспадара, абранца Бога, гучыць як годная кары дзёрзкасьць, але ў выпадку Абы Ганы магу сабе дазволіць гэтую сьмеласьць, бо імпэратар адорваў майго гаспадара глыбокім даверам, і доказам нават пэўнай інтымнасьці іх адносінаў быў той факт, што Аба Гана меў неабмежаваную колькасьць допускаў да трона, меў папросту, можна так сказаць, бесьперапынны допуск. Будучы адначасна вартаўніком касы і спавядальнікам незабыўнага гаспадара, Аба меў доступ і да душы, і да кішэні імпэратара, гэта значыць, мог назіраць царственную асобу ў яе поўнай і годнай цэласьці. Як капшуковы я заўсёды спадарожнічаў Абе падчас выкананьня ягоных фіскальных абавязкаў, несучы за сваім гаспадаром капшук з найлепшай ягнячай скуры, які бунтаўнікі пазьней выставілі напаказ вуліцы. Я апекаваўся таксама іншым, вялікім мехам, які напаўнялі дробнымі манэтамі напярэдадні нацыянальных сьвятаў, якімі былі: дзень народзінаў імпэратара, дзень яго каранацыі і, урэшце, дзень яго вяртаньня з выгнаньня. З гэтых нагодаў састарэлы наш уладар вырушаў у найбольш ажыўлены і людны квартал Адыс-Абэбы, які завецца Мэрката, дзе на спэцыяльна збудаваным памосьце я ставіў гэты мех, які было цяжка цягаць і які выдаваў мэталічныя гукі. Найлітасьцівейшы гаспадар чэрпаў зь яго жмені медзякоў і кідаў іх у зборышча жабракоў ды іншай прагнай галоты. Аднак хцівы натоўп усчынаў такі гармідар, што гэты акт міласэрнасьці заўсёды сканчаўся градам паліцыйных дручкоў на галовы распаленага напіраючага плебсу, і тады засмучаны гаспадар пакідаў памост, часта не апаражніўшы мяха нават да паловы.
В. А.-Н.: ...дык вось, скончыўшы пункт прызначэньняў, наш нястомны гаспадар пераходзіў у Залатую залю і пачынаў там гадзіну касы. Гэтая гадзіна прыпадала паміж дзясятай і адзінаццатай раніцы. У гэты час дастойнаму гаспадару таварышаваў набожны Аба Гана, а яму, у сваю чаргу, дапамагаў яго капшуковы, які ад яго не адыходзіў. Калі хтосьці меў добры нюх і чуйны слых, дык мог чуць, як палац наш пахне і шамоча грашыма. Але тут патрэбная была надзвычайная чульлівасьць, нават уява, бо грошы ў сваёй матэрыяльнай форме не ляжалі стосамі па кутах салёнаў, дый міласьцівы гаспадар ня быў схільны адорваць фаварытаў пачкамі даляраў. Не, гаспадар наш ня меў ніякіх такога кшталту схільнасьцяў! Хоць, дарагі дружа, табе гэта можа падацца незразумелым, нават капшук Абы Ганы ня быў скарбонкай бяз дна, і цырымоніймайстры мусілі ўжываць розныя захады, каб імпэратар не трапляў у няёмкія сытуацыі зь фінансавых прычынаў. Вось жа, памятаю, як па сканчэньні будовы імпэратарскага палацу, які называўся Генэтэ Леўл, гаспадар наш выплаціў заробкі замежным інжынэрам, але не палічыў патрэбным заплаціць нашым мулярам. Гэтыя бедакі сабраліся перад фасадам збудаванага імі палацу і пачалі прасіць, каб і ім выплацілі належнае. Тады на бальконе зьявіўся галоўны майстар палацавага цырыманіялу і заклікаў іх перайсьці на задні бок палацу, дзе літасьцівы гаспадар рассыпле ім грошы. Усьцешаны натоўп перайшоў на загаданае месца, што дазволіла дастойнаму гаспадару безь непрыстойных перашкодаў выйсьці празь пярэднюю браму і паехаць у стары палац, дзе яго ўжо пакорна чакаў увесь двор. Паўсюль, куды б ні рушыў наш гаспадар, народ паказваў сваю разбэшчаную і ненаедную хцівасьць, просячы то хлеба, то ботаў, то быдла, то ахвяраваньня на будову дарогі. А гаспадар наш любіў наведваць правінцыі, любіў дапускаць да сябе простых людзей, уведваць іх клопаты, цешыць іх абяцаньнямі, хваліць пакорлівых і працавітых, ганіць лянівых і непаслухмяных уладам. Але гэтая схільнасьць літасьцівага гаспадара вышчэрблівала скарбніцу, бо правінцыі трэба было сьпярша падрыхтаваць, падмесьці, пафарбаваць, закапаць сьмецьце, патруціць мух, збудаваць школу і даць дзятве форму, аднавіць муніцыпальны будынак, пашыць сьцягі і намаляваць партрэты шаноўнага манарха. Было б нягодна, калі б наш гаспадар зьяўляўся дзесьці неспадзявана, вылазіў бы з-пад зямлі, не раўнуючы мізэрны зборшчык падаткаў, от, дакрануўся б да жыцьця, якім яно ёсьць. Можна было б уявіць сабе зьдзіўленьне й пярэпалах мясцовых натабляў! Іх дрыжыкі, іх страх! А ўлада ж ня можа працаваць у атмасфэры небясьпекі, улада – гэта пэўная ўмоўнасьць, абапертая на ўсталяваныя правілы. Уяві сабе, дарагі дружа, што асаблівы гаспадар меў бы звычку рабіць неспадзяванкі. Скажам, манарх ляціць на поўнач, дзе ўсё ўжо падрыхтаванае, пратакол вытрыманы, цырыманіял адпрацаваны, правінцыя блішчыць, як люстра, і тут раптам, у самалёце, шаноўны гаспадар кліча пілёта і кажа яму: сыне, паварочвай машыну, ляцім на поўдзень. А на поўдні няма нічога! Нічога гатовага! Поўдзень развалены, запэцканы, абадраны, чорны ад мух. Губэрнатар паехаў у сталіцу, натаблі сьпяць, паліцыя распаўзлася па вёсках і рабуе сялянаў. Як жа прыкра было б літасьціваму гаспадару! І якое зьняслаўленьне яго годнасьці! І нават – асьмелімся сказаць – нават папросту сьмех! У нас ёсьць такія правінцыі, дзе народ гнятліва дзікі, голы і паганскі і без настаўленьняў паліцыі мог бы дапусьціцца да абразы яго вялікасьці. Ёсьць іншыя правінцыі, дзе неачэсанае сялянства, убачыўшы манарха, уцякло б са страху. І падумай, дружа, вось зацны гаспадар выйшаў з самалёта, а наўкола пустэча, ціша, чыстае поле, як вокам скінуць – ні жывой душы. Няма да каго зьвярнуцца, пагутарыць, пацешыць, няма прывітальнае брамы, няма нават аўтамабіля. Што рабіць, як сябе паводзіць? Паставіць трон і разаслаць дыван? Атрымаецца яшчэ горш, бо сьмяшней. Трон дадае годнасьці, але толькі праз кантраст з пакорай, якая яго атачае, менавіта пакорлівасьць падуладных стварае магутнасьць трона і надае ёй сэнс, безь яе трон – толькі дэкарацыя, нязручны фатэль з выцертым плюшам і скрыўленымі спружынамі. Трон у бязьлюднай пустэльні – гэта кампрамэтацыя. Сесьці на яго? Чакаць, што будзе? Спадзявацца, што хтосьці зьявіцца і ўзьнясе хвалу? Да таго ж няма нават машыны, каб дабрацца да найбліжэйшай сялібы і знайсьці свайго намесьніка. Шаноўны гаспадар ведае, хто ягоны намесьнік, але як яго так раптоўна знайсьці? Дык што ж застаецца нашаму гаспадару? Агледзецца наўкола, сесьці ў самалёт і такі паляцець на поўнач, дзе ўсё чакае ўва ўзбуджанай і нецярплівай гатовасьці: і пратакол, і цырыманіял, і правінцыя як люстра. Ці выпадае дзівіцца, што ў гэтай сытуацыі літасьцівы гаспадар не рабіў неспадзяванак? Хай бы, скажам, агаломшыў то адных, то другіх, то тут, то там. Сёньня агаломшыў правінцыю Бале, праз тыдзень агаломшыў правінцыю Тыгрэ. Бачыць: усё разваленае, бруднае, чорнае ад мух. Выклікае натабляў правінцыяў у Адыс-Абэбу, на гадзіну прызначэньняў, ганіць іх і зьнімае. Вестка пра гэта разыходзіцца па ўсёй імпэрыі. І які вынік? А такі, што натаблі па ўсёй дзяржаве перастаюць што-кольвек рабіць і толькі глядзяць у неба, ці не падлятае дастойны гаспадар. Люд марнее, правінцыя занепадае, але гэта ўсё дробязі ў параўнаньні са страхам перад гневам гаспадара. І што яшчэ горш, адчуваючы няпэўнасьць і пагрозу, ня ведаючы цяпер ні дня, ні гадзіны, злучаныя супольнымі непарадкамі і страхам, пачынаюць наракаць, крывіцца, вохкаць, пляткарыць пра здароўе міласьцівага гаспадара, а ўрэшце змаўляцца, пад’юджваць да бунтаў, баламуціць і рабіць падкопы пад, на іх погляд, неласкавы трон, які – о, якія ж дзёрзкія гэтыя думкі – жыць ім не дае. Таму, каб запабегчы хваляваньням у імпэрыі і ўнікнуць паралюшу ўлады, гаспадар наш прыняў гэтак плённы кампраміс, які даваў падвойны спакой – яму і натаблям. Цяпер усе бунтаўнікі супраць манаршай улады закідаюць найсьвятлейшаму гаспадару, што ён у кожнай правінцыі меў прынамсі адзін палац, які заўсёды быў гатовы прыняць імпэратара. Праўда, можа, была ў гэтым пэўная надмернасьць, бо – скажам – у сэрцы пустыні Агадэну быў збудаваны раскошны палац, які ўтрымліваўся больш за дзесяць гадоў, заўсёды з прыслугай і запасам сьвежых харчоў, а нястомны гаспадар прабавіў там толькі адзін дзень. Але прыпусьцім, што маршрут вандроўкі дастойнага гаспадара калі-небудзь пралёг бы так, што яму выпала б начаваць у сэрцы пустыні. Ці тады неабходнасьць гэтага палацу не была б відавочнай? На жаль, наш неасьвечаны люд ніколі не зразумее права найвышэйшых рацыяў, а менавіта яно кіруе дзеяньнямі манархаў.
Э.: Залатая заля, спадару Капучыцкі, гадзіна касы. Побач з імпэратарам стаіць сталага ўжо веку Аба Гана, а за ім яго капшуковы. У другім канцы залі таўкуцца людзі, нібыта бязладна, але кожны памятае сваё месца ў чарзе. Можна сказаць, натоўп, бо ласкавы гаспадар штодня прымаў безьліч падуладных, калі быў у Адыс-Абэбе, палац быў перапоўнены, віраваў бурлівым – хоць і падпарадкаваным натуральнай герархіі – жыцьцём, паўзь дзядзінец працякалі плыні машынаў, у калідорах таўкліся дэлегацыі, у пачакальнях балбаталі амбасадары, чыноўнікі цырыманіялу гойсалі з гарачкай уваччу, зьмяняліся варты, прыбягалі ганцы з папкамі дакумэнтаў, уваходзілі міністры, неяк так папросту і сьціпла, нібы гэта былі звычайныя людзі, сотні падданых спрабавалі ўсунуць саноўнікам то пэтыцыю, то данос, відаць было генэралітэт, чальцоў Кароннай рады, аканомаў імпэратарскіх маёнткаў, намесьнікаў, ну, словам, натоўп, усхваляваны, узбуджаны натоўп. Усё гэта зьнікала ў адзін момант, калі дастойны гаспадар пакідаў сталіцу і вырушаў з замежным візытам альбо выяжджаў у правінцыю закладаць камень, адкрываць дарогу ці пазнаваць клопаты люду, цешыць і заахвочваць. Палац умомант пусьцеў і замяняўся ў макет палацу, у рэквізыт, дваровая прыслуга прала і разьвешвала на вяроўках бялізну, дваровыя дзеці пасьвілі на газонах козы, чыноўнікі цырыманіялу сядзелі па гарадзкіх барах, вартаўнікі завязвалі брамы ланцугамі і спалі пад дрэвамі. Гаспадар вяртаўся, грымелі фанфары, і палац зноў ажываў. У Залатой залі ў паветры заўсёды адчувалася электрычнасьць. Адчуваўся ток, які праходзіў праз скроні выкліканых і наводзіў на іх дрыготку, а крыніцай гэтага току быў відочны кожнаму капшук з найлепшай ягнячай скуры. Людзі па чарзе падыходзілі да шчодрага гаспадара, кажучы, для якой мэты ім патрэбныя грошы. Гаспадар наш слухаў, а пасьля задаваў дадатковыя пытаньні. Тут прызнаю, што міласьцівы гаспадар быў надзвычай дробязны ў фінансавых справах. Любыя выдаткі ў імпэрыі, якія перавышалі суму дзесяць даляраў, вымагалі яго асабістай згоды, а міністар, які прыходзіў да імпэратара па згоду на выданьне нават аднаго даляра, мог разьлічваць толькі на ўхвалу. Аддаць міністэрскую машыну на рамонт – трэба згода імпэратара. Замяніць у горадзе трубу, якая працякае, – трэба згода імпэратара. Купіць прасьцірадлы ў гатэль – павінна быць згода імпэратара. Дружа, як жа ты, мусіць, дзівісься проста надзвычайнай працавітасьці і гаспадарлівасьці састарэлага гаспадара, які бальшыню свайго манаршага часу праводзіў за вывучэньнем рахункаў, праслухоўваньнем каштарысаў, адкіданьнем прапановаў, роздумамі аб людзкой хцівасьці, хітрасьці, навязьлівасьці. Аднак гаспадар наш у гэтых справах ніколі не выяўляў ні нуды, ні стомы. Заўсёды ўспадала на вока яго жывая цікаўнасьць, дапытлівасьць і ўзорная ашчаднасьць. Ён меў нейкую асаблівую цягу да фінансаў, і ягоны міністар фінансаў, Елма Дэрэса, належаў да групы людзей з найбольшай колькасьцю допускаў да імпэратара. Аднак тым, хто быў у патрэбе, гаспадар наш працягваў шчодрую руку. Выслухаўшы адказы на дадатковыя пытаньні, літасьцівы гаспадар паведамляў просьбіту, што разьвяжа яго фінансавыя цяжкасьці. Ашчасьліўлены чалавек складаў найглыбейшы паклон. Тады шчодры гаспадар паварочваў галаву ў бок Абы Ганы і шэптам называў яму суму грошай, якую набожны саноўнік меў дастаць з капшука. Аба Гана засоўваў руку ў капшук, даставаў грошы, укладаў іх у канвэрт і падаваў узрушанаму шчасьліўцу, які – паклон за паклонам, задам, задам, спатыкаючыся, шоргаючы – выходзіў. А пасьля, спадару Капучыцкі, на жаль, чуваць было плач гэтых мізэрных няўдзячнікаў. Бо ў канвэрце знаходзілася толькі малая частка той сумы, якую – як прысягалі гэтыя ненаедныя рвачы – абяцаў ім шчодры гаспадар. Але што рабіць – вярнуцца? Складаць пэтыцыю? Абвінаваціць найбліжэйшага імпэратарскаму сэрцу саноўніка? Нічога падобнага не было магчымае. О, якая ж тады нянавісьць атачала богабаязнага скарбніка і спавядальніка! Бо, не адважваючыся запляміць годнасьць нашага гаспадара, грамадзкая думка вінаваціла яго – Абу Гану – у сквапнасьці і ашуканстве, у тым, што ён так плытка сягаў у капшук, што так доўга ў ім перабіраў, прасяваў грошы праз пальцы, якія ўтваралі густое сіта, і што ўвогуле з такой неахвотай засоўваў туды руку, нібыта капшук быў поўны ядавітых гадаў, а пасьля хутка і нават ня гледзячы, бо ён меў адчуваньне вагі манэт і памераў банкнот, уручаў канвэрт і даваў знак да паклонна-назад-скіраванага аддаленьня. Таму, калі яго расстралялі, думаю, ніхто не аплакваў яго, апроч міласьцівага гаспадара. Пусты канвэрт! Спадару Капучыцкі, ці вы ведаеце, што значаць грошы ў беднай краіне? Грошы ў беднай краіне і грошы ў багатай краіне – гэта дзьве розныя рэчы! Грошы ў багатай краіне ёсьць каштоўнымі паперамі, за якія вы на рынку купляеце тавары. Вы папросту пакупнік, нават мільянэр ёсьць толькі пакупніком. Ён можа купляць больш, але ён застаецца адным з тых, хто купляе, і толькі. А ў беднай краіне? У такой краіне грошы – гэта цудоўны, густы, дурманны, усыпаны вечным цьветам жываплот, якім можна адгарадзіцца ад усяго. Праз гэты жываплот вы ня бачыце паўзучай беднасьці, ня чуеце смуроду нэндзы, ня чуеце галасоў, якія гучаць зь людзкога дна. Але адначасна вы ведаеце, што ўсё гэта існуе, і вы адчуваеце гордасьць за свой жываплот. Калі ў вас ёсьць грошы, гэта значыць, у вас ёсьць крылы. Вы райская птушка, якая выклікае подзіў. Ці можаце вы сабе ўявіць, каб у Галяндыі натоўп людзей сабраўся паглядзець на багатага галяндца? Ці ў Швэцыі, ці ў Аўстраліі? А ў нас – так. У нас, калі зьявіцца князь, людзі пабягуць, каб пабачыць яго. Пабягуць, каб пабачыць мільянэра, і пасьля будуць доўга хадзіць і казаць – я бачыў мільянэра. Грошы ператвараюць для вас уласную краіну ў экзатычную зямлю. Усё пачынае зьдзіўляць вас – тое, як людзі жывуць, тое, пра што яны турбуюцца, і вы будзеце казаць: не, гэта немагчыма. Бо вы ўжо будзеце належаць да іншай цывілізацыі, а вы ж ведаеце закон культуры: дзьве цывілізацыі ня здолеюць добра пазнаць і зразумець адна адну. Вы пачняце глухнуць і сьлепнуць. Вы будзеце добра пачувацца ў сваёй аточанай жываплотам цывілізацыі, але сыгналы другой цывілізацыі будуць для вас такімі незразумелымі, як быццам бы іх высылалі жыхары Вэнэры. Калі вам захочацца, вы зможаце стаць адкрывальнікам у сваёй уласнай краіне. Вы можаце стаць Калюмбам, Магелянам, Лівінгстанам. Але я сумняюся, каб вам гэтага захацелася. Такія вандроўкі небясьпечныя, а вы ж не вар’ят. Вы ўжо чалавек сваёй цывілізацыі, вы будзеце яе бараніць і змагацца за яе. Вы будзеце паліваць свой жываплот. Вы ўжо дакладна такі садоўнік, які трэба імпэратару. Вы ня хочаце страціць пер’я, а імпэратару патрэбныя людзі, якім шмат чаго ёсьць губляць. Наш літасьцівы манарх раскідваў беднаце медзякі, але людзей палацу адорваў багатымі дарамі. Ён даваў ім маёнткі, землі, сялянаў, зь якіх яны маглі зьбіраць падаткі, даваў золата, тытулы, капітал. І хоць кожны, давёўшы сваю ляяльнасьць, мог разьлічваць на шчодрыя падарункі, усё адно ўвесь час былі сваркі паміж групоўкамі, сталае змаганьне за прывілеі, сталае зьдзірства і рвацтва, і ўсё з прычыны гэтай патрэбы райскай птушкі, якая апаноўвае кожнага чалавека. Найасаблівейшы наш уладар з задавальненьнем глядзеў на гэтую штурханіну. Ён любіў, каб людзі двара памнажалі сваю маёмасьць, каб расьлі іх рахункі і распухалі кашалькі. Я ня памятаю выпадку, каб шчодры манарх зьняў кагосьці з пасады і прыціснуў яго галаву да бруку з прычыны карупцыі. Хай сабе карупцыя, абы толькі быў ляяльны! Манарх наш, дзякуючы сваёй унікальнай памяці, а таксама бясконцай плыні даносаў, дакладна ведаў, хто колькі мае, але бухгальтэрыю гэтую пакідаў для сябе, ніколі яе не ўжываючы, калі падуладны паводзіў сябе ляяльна. Але калі ён адчуваў хоць бы цень неляяльнасьці, адразу ўсё канфіскоўваў; адбіраў у здрадніка райскую птушку! Дзякуючы гэтай бухгальтэрыі кароль каралёў трымаў усіх у сваіх руках, і ўсе пра гэта ведалі. Быў, аднак, у палацы і такі выпадак: адзін з найбольш шляхетных нашых патрыётаў, вялікі партызанскі правадыр у гады вайны з Мусаліні – Тэкеле Вольда Гаварыят, несымпатычны імпэратару, адмаўляўся прымаць найміласьцівейшыя падарункі, адкідаў прывілеі і ніколі не выяўляў схільнасьці да карупцыі. Гэтага на загад міласьцівага гаспадара гады трымалі ў вязьніцы, а пасьля сьцялі яму галаву. Г. Х.-М.: Нягледзячы на тое, што я быў высокім чыноўнікам цырыманіялу, завушна мяне называлі зязюляй дастойнага гаспадара. Гэта пайшло стуль, што ў імпэратарскім кабінэце стаяў швайцарскі гадзіньнік, зь якога выскоквала зязюля, паведамляючы пра надыход чарговай гадзіны. Вось жа, я меў гонар выконваць падобную ролю, калі гаспадар наш прысьвячаў сябе імпэратарскім абавязкам. Калі надыходзіў час, калі згодна з усталяваным пратаколам імпэратар павінен быў перайсьці ад адной дзейнасьці да наступнай, я падыходзіў да яго, некалькі разоў кланяючыся. Гэта быў сыгнал для ўдумлівага гаспадара, што адна гадзіна сканчаецца і надыходзіць час распачаць наступную. Насьмешнікі, якія ў любым палацы ахвотна кпяць зь ніжэйшых за сябе, дасьціпна казалі, што паклоны ёсьць маім адзіным заняткам і нават сэнсам існаваньня. Бо я насамрэч ня меў іншага абавязку апроч таго, што ў пэўную хвілю павінен быў скласьці паклон перад шаноўным гаспадаром. Так, гэта праўда. Але я мог бы адказаць ім – калі б займаны мною ўзровень даваў права на такую сьмеласьць, – што мае паклоны мелі функцыянальны і рацыяналізацыйны характар, што яны служылі агульнай, дзяржаўнай, то бок найвышэйшай мэце, тады як двор быў поўны саноўнікаў, якія старанна кланяліся без усялякага часавага парадку, абы толькі здарылася нагода, і да гэтай гнуткасьці карка іх падштурхоўвала не вышэйшая патрэба, але толькі падхалімства, лісьлівасьць і надзея на павышэньне ці падарунак. Я нават мусіў зважаць, каб у гэтым масавым і няспынным паклоньніцтве не згубіўся мой інфармацыйны і рабочы паклон, каб настырныя падхалімы не адапхнулі мяне назад, бо літасьцівы гаспадар, не атрымаўшы ў пару ўсталяванага сыгналу, мог бы згубіць арыентацыю і зацягнуць адну дзейнасьць на шкоду іншаму, ня менш важнаму занятку. Але, на жаль! Мая добрасумленнасьць у выкананьні абавязку давала невялікі плён, калі ішлося пра заканчэньне гадзіны касы і пачатак гадзіны міністраў. Гадзіна міністраў была прысьвечаная справам імпэрыі, але якія там справы імпэрыі, калі тут куфэрак адкрыты, а вакол яго таўчэцца безьліч фаварытаў і абраньнікаў! Ніхто ня хоча пайсьці з пустымі рукамі, пайсьці без падарунку, без канвэрта, не атрымаўшы, ня ўзяўшы. Часам гаспадар наш рэагаваў на гэтую пажадлівасьць нязлоснай лаянкай, але ніколі не ўпадаў у гнеў, бо ведаў, што дзякуючы адкрытаму куфэрку яны мацней вакол яго яднаюцца і пакорней яму служаць. Гаспадар наш ведаў, што сыты будзе бараніць сытасьць, а дзе ж можна было насыціцца лепей, чым у палацы? Але і сам манарх вызнаваў сытасьць, аб якой сёньня столькі галасу ўздымаюць разбуральнікі імпэрыі. І скажу табе, дружа, чым далей, тым горай. Бо чым больш разбураліся падваліны імпэрыі, тым больш заўзята абраньнікі перлі да куфэрка. Чым нахабней бунтаўнікі ўздымалі галовы, з тым большай стараннасьцю фаварыты набівалі кішэні. Чым бліжэй было да канца, тым страшнейшае рвацтва і нічым не гамаванае зьдзірства. Заміж, дружа, брацца за стырно ды ветразі, бо відаць, што карабель тоне, кожны з нашых вяльможаў напакоўвае свой кашэль і аглядаецца ў пошуку прыстойнай шлюпкі. І такая ўжо ў палацы ўсчалася гарачка, такая ішла атака на куфэрак, што нават калі хто ня мкнуўся да багацьця, іншыя яго ўцягвалі, падбухторвалі і так напіралі, што і ён урэшце для спакою і прыстойнасьці таксама штосьці паклаў у кішэнь. Бо неяк так, дарагі дружа, павярнулася, што прыстойным было браць, а ганьбай – ня браць, што ў тым, хто ня браў, бачылі якуюсьці ўбогасьць, якуюсьці млявасьць, якуюсьці жаласную і вартую шкадаваньня імпатэнцыю. А той, хто меў, зноў жа, хадзіў з такой мінай, нібы хацеў рысануцца сваёй мужчынскай сілай і з упэўненасьцю ў сабе сказаць – на калені, бабскі народ! Неяк яно так павярнулася, і як жа мяне ганіць за тое, што ў гэтай пануючай атмасфэры я з такой цяжкасьцю і недапушчальным спазьненьнем закрываў гадзіну касы, каб літасьцівы гаспадар мог распачаць гадзіну міністраў.
П. Х.-Т.: Гадзіна міністраў пачыналася аб адзінаццатай і заканчвалася апоўдні. Не было ніякіх клопатаў са скліканьнем міністраў, бо згодна са звычаем гэтыя саноўнікі ўжо ад рана былі ў палацы, і розныя амбасадары часта скардзіліся, што ня могуць наведаць міністра ў ягоным бюро, каб вырашыць зь ім свае пытаньні, бо сакратар нязьменна адказваў: міністра выклікалі да імпэратара. Факт, што наш ласкавы гаспадар любіў усіх мець навідавоку, любіў, каб усе былі пад рукой. На міністра, які адрываўся ад палацу, глядзелі нядобра, такі міністар ня мог доўга ўтрымацца на сваёй пасадзе. Але міністры – крый Божа! – зусім і не спрабавалі адрывацца. Той, хто дайшоў да такога гонару, ужо загадзя ведаў прыхільнасьці манарха і пільна стараўся да іх дапасоўвацца. Той, хто хацеў узысьці па прыступках палацу, мусіў спачатку авалодаць нэгатыўнай ведай, гэта значыць, мусіў перадусім ведаць, чаго нельга – яму і ягоным падданым: чаго нельга сказаць ці напісаць, чаго нельга зрабіць, чаго нельга прагледзець ці занядбаць. Толькі з гэтай нэгатыўнай веды нараджалася веда пазытыўная, хоць, можа, ня надта ясная, клапатлівая, бо імпэратарскія фаварыты цьвёрда ступалі па грунце забаронаў, але з надзвычайнай асьцярожнасьцю і нават няпэўнасьцю ўваходзілі на грунт пастулятаў і прапановаў. Тут яны адразу пачыналі аглядацца на дастойнага гаспадара, чакаючы, што ён скажа. А з прычыны таго, што гаспадар наш меў звычку маўчаць, чакаць, адкладаць, яны таксама маўчалі, чакалі, адкладалі. І жыцьцё палацу, хоць і рухавае й гарачкавае, па сутнасьці таксама было поўнае маўчаньня, чаканьня, адкладаньня. Кожны міністар выбіраў такія калідоры, у якіх былі найбольшыя шанцы спаткаць шаноўнага гаспадара і скласьці яму паклон. Асаблівую руплівасьць у выбары гэтых маршрутаў выяўляў такі міністар, якому шапнулі, што на яго пайшоў данос аб неляяльнасьці. Такі міністар ужо цэлыя дні праседжваў у палацы, няспынна шукаючы рабалепнага спатканьня зь міласьцівым гаспадаром, каб сваёй заўсёднай прысутнасьцю паблізу яго даводзіць поўную няслушнасьць і зласьлівасьць даносу. Найасаблівейшы гаспадар меў звычку прымаць кожнага міністра асобна, бо тады выкліканы саноўнік сьмялей даносіў на сваіх калегаў, і дзякуючы гэтаму манарх наш меў магчымасьць лепей арыентавацца ў дзейнасьці апарату імпэрыі. Што праўда, прыманы на аўдыенцыю міністар найбольш ахвотна гаварыў не пра ўласную ўстанову, але пра непарадкі, якія пануюць у суседніх установах, але якраз дзякуючы гэтаму гаспадар наш, размаўляючы з усімі саноўнікамі, урэшце атрымліваў жаданую агульную карціну. Зрэшты, ня мела значэньня, ці якісьці саноўнік на вышыні ў выкананьні сваіх задачаў, ці не, пакуль ён выяўляў непахісную ляяльнасьць. Літасьцівы гаспадар адорваў зычлівасьцю і пратэкцыяй міністраў, якія не вылучаліся вынаходлівасьцю і праніклівасьцю, бо разглядаў іх як элемэнт, які стабілізуе жыцьцё ў імпэрыі, згодна з наступным прынцыпам: манарх наш, як усім вядома, заўжды быў прыхільнікам рэформаў і разьвіцьця. Зазірні, дарагі дружа, у аўтабіяграфію, прадыктаваную імпэратарам у апошнія гады жыцьця, і ты пераканаесься, што мужны гаспадар змагаўся з барбарствам і цемнатой, якая панавала ў гэтай краіне (выходзіць у іншы пакой і прыносіць выдадзены ў Лёндане Ullendorrf-ам салідны том пад назвай «My life and Ethiopia’s progress» – «Маё жыцьцё і прагрэс Этыёпіі», гартае старонкі і расказвае далей). Вось, напрыклад, наш гаспадар успамінае, што ўжо ў пачатку сваёй манаршай кар’еры забараніў адсячэньне рук і ног, што было традыцыйным пакараньнем нават за дробныя правіны. Пасьля ён піша, што забараніў надалей падтрымліваць звычай, які палягаў у тым, што чалавек, прызнаны вінаватым у забойстве – а гэта быў толькі прысуд грамады, бо судоў не было, – мусіў быць публічна пакараны сьмерцю праз пасячэньне, прычым пакараньне павінен быў выканаць найбліжэйшы чалец сям’і, гэта значыць, што сын забіваў у гэты спосаб бацьку, маці – сына. Заміж гэтага гаспадар наш уводзіць дзяржаўных катаў, прызначае спэцыяльныя пункты пакараньняў і загадвае, каб сьмяротны прысуд выконваўся агнястрэльнай зброяй. Пасьля: купляе за ўласныя грошы (гэта ён падкрэсьлівае) дзьве першыя друкарні і даручае распачаць выданьне першай у гісторыі краіны газэты. Пасьля: адкрывае першы банк. Пасьля: уводзіць у краіне электрычнае сьвятло, сьпярша ў палацы, пазьней у іншых будынках. Пасьля: скасоўвае звычай закоўваць вязьняў у ланцугі і жалезныя калодкі. Адгэтуль вязьняў пільнуюць вартаўнікі, аплачваныя з імпэратарскае казны. Пасьля: выдае дэкрэт, у якім асуджае гандаль нявольнікамі. Пастанаўляе ліквідаваць гэты гандаль да тысяча дзевяцьсот пяцідзясятага году. Пасьля: скасоўвае дэкрэтам звычай, называны ў нас ліебашай. Гэта датычыла выкрываньня злодзеяў. Чараўніцы давалі малым хлопчыкам таемныя зёлкі, і тыя, адурманеныя, ачмурэлыя, кіраваныя надпрыроднай сілай, заходзілі ў які-небудзь дом і паказвалі на злодзея. Выкрытаму, згодна з традыцыяй, адсякалі рукі і ногі. Уяві сабе, дружа, жыцьцё ў краіне, у якой, будучы абсалютна бязьвінным чалавекам, ты ў любы момант можаш быць асуджаны на адсячэньне рук і ног, вось ідзеш сабе вуліцай, хапае цябе за калашыну ачмурэлае дзіця, і натоўп адразу ж пачынае цябе секчы, сядзіш сабе ў хаце, сьнедаеш, увальваецца п’яны хлопец, выцягваюць цябе на падворак і сякуць; толькі калі ты ўявіш сабе гэтае жыцьцё, зразумееш глыбіню пералому, які зьдзейсьніў шаноўны гаспадар. А ён далей рэфармуе: скасоўвае прымусовую працу, увозіць першыя аўтамабілі, стварае пошту. Захоўвае пакараньне бізуном у публічных месцах, але асуджае мэтад афарсата. Калі дзесьці здаралася злачынства, сілы аховы парадку атачалі вёску ці мястэчка і мардавалі жыхароў голадам, пакуль хтосьці не пакажа вінаватага. Але адныя пільнавалі іншых, каб ніхто не данёс, бо кожны баяўся, што менавіта яго могуць прызнаць вінаватым, і так пільнуючы, трымаючы адно аднаго, масава паміралі ад голаду. Гэта быў мэтад афарсата. Гаспадар наш асуджаў такую практыку. На жаль, кіруючыся імкненьнем да разьвіцьця, дастойны гаспадар дапусьціў пэўную неасьцярожнасьць. У нашай краіне даўней не было ні публічных школаў, ні ўнівэрсытэту, і таму імпэратар пачаў пасылаць маладых людзей за мяжу, каб яны там набіраліся навукі. Калісьці наш гаспадар сам кіраваў гэтым рухам, выбіраючы маладзёнаў з шляхетных і ляяльных сем’яў, але пазьней – ох, о сучасныя часы, адно боль галаўны ад іх! – такі пачаўся націск, такая штурханіна, каб выехаць за мяжу, што літасьцівы гаспадар паступова губляў кантроль над гэтай несьвядомай маніяй і папугайскай модай, якая апанавала моладзь, і насамрэч – усё больш гэтых маладзёнаў выпраўляліся па навуку то ў Эўропу, то ў Амэрыку. І – а як жа іначай! – з гадамі пачаліся турботы. Бо, не раўнуючы чарнакніжнік, гаспадар наш выклікаў надпрыродную і зьнішчальную сілу, якой аказаўся эфэкт канфрантацыі. Гэтыя людзі вярталіся дадому поўныя нядобранадзейных ідэяў, неляяльных паглядаў, шкадлівых думак, неразважных і разбуральных для парадку праектаў, і ледзь агледзеўшыся па імпэрыі, хапаліся за галовы і крычалі – сьвяты Божа, як штосьці такое ўвогуле можа існаваць! Вось табе, дружа, яшчэ адно пацьверджаньне няўдзячнасьці моладзі. З аднаго боку, столькі клопату нашага гаспадара, каб даць ім доступ да ведаў, з другога – адплата ў выглядзе абуральнага крытыканцтва, абразьлівых капрызаў, падрываньня, адпрэчваньня. Лёгка ўявіць сабе горыч, якой гэтыя паклёпнікі напаўнялі нашага манарха. Найгоршае, што гэтыя галапупкі, напханыя чужымі нашым звычаям дзівацтвамі, пачалі ўносіць у імпэрыю якісьці неспакой, якуюсьці непатрэбную рухавасьць, якоесьці бязладзьдзе, якуюсьці прагу да супраціўных начальству дзеяньняў, і якраз тут дастойнаму гаспадару прыходзілі на дапамогу тыя міністры, якія не вылучаліся вынаходлівасьцю і праніклівасьцю. Не, яны прыходзілі не сьвядома і наўмысна, але, хутчэй, спантанна і міжвольна, але як жа гэта было істотна для захаваньня спакою ў імпэрыі. Бо было дастаткова, каб такі фаварыт дастойнага гаспадара выдаў бяздумны дэкрэт. Дэкрэт моцай свайго аўтарытэту пачынае дзейнічаць, а дзейнічаючы, натуральна, робіць шкоду, выклікае балаган, лямант, масу клопатаў, катастрофу. На шчасьце, гэта бачаць тыя мудрагельныя галапупкі, і ўжо ўяўляючы сабе ўсю фатальнасьць блізкіх наступстваў, кідаюцца на ратунак, бяруцца за выпраўленьне, пачынаюць рамантаваць, латаць, аднаўляць. І вось, заміж згубна марнаваць свае сілы на самавольны рух наперад, заміж ажыцьцяўляць свае непрадказальныя і разбуральныя для парадку фантазіі, нашы буркуны мусяць закасваць рукавы і брацца за аднаўленьне. А працы пры аднаўленьні заўсёды процьма! Вось жа, яны аднаўляюць і аднаўляюць, пасьля абліваюцца, нэрвы сабе расхістваюць, тут бегаюць, там лётаюць і так забегаюцца, запрацуюцца, закруцяцца, што фантазіі зь іх гарачых галоваў паволі выпарваюцца. А цяпер паглядзім, дружа, уніз. Там ніжэйшыя чыноўнікі імпэрыі таксама якіясьці дэкрэты прымаюць, а грамада корпаецца, лётае і аднаўляе, аднаўляе. Вось у чым палягала стабілізуючая роля вылучаных дастойным гаспадаром фаварытаў. Гэтыя прыдворныя, прымушаючы асьвечаных фантазэраў і неадукаванае грамадзтва займацца аднаўленьнем, зводзілі ўсе нядобранадзейныя парывы да нуля, бо адкуль яшчэ браць сілы на парывы, калі ўся энэргія вычэрпваецца на аднаўленьне? Вось так, дарагі дружа, утрымлівалася блаславёная і богаўгодная раўнавага ў імпэрыі, у якой мудра і літасьціва валадарыў наш найвышэйшы гаспадар. Гадзіна міністраў, аднак, наводзіла на пакорных саноўнікаў трывогу, бо ніводны міністар ня ведаў, навошта канкрэтна яго выклікалі, і калі ягоная прамова не падабалася дастойнаму гаспадару, альбо калі ён адчуваў у ёй якоесьці круцельства, махлярства, наступнага дня ў гадзіну прызначэньняў міністар мог быць зьменены. Зрэшты, гаспадар наш і так меў звычку ўвесь час міністраў перасоўваць і перасоўваць, і гэта для таго, каб яны нідзе не награвалі сабе месца і не пасьпявалі атачыць сябе натоўпам сваякоў ды землякоў. Шчодры гаспадар хацеў захоўваць выключнае права прызначэньня і павышэньня, таму скоса глядзеў, калі якісьці саноўнік убаку і паціху спрабаваў прызначаць і павышаць. Такая самавольнасьць, якая неадкладна асуджалася, пагражала тым, што ўва ўраўнаважаную шаноўным гаспадаром сыстэму закрадзецца якаясьці нерэгулярнасьць, якаясьці клопатная дыспрапорцыя, і што гаспадару нашаму, заміж аддавацца найвышэйшым справам, давядзецца папраўляць і выраўноўваць.
Б. К.-С.: Апоўдні, як шатнік імпэратарскага суду, я апранаў на плечы выдатнага гаспадара чорную тогу, якая сягала зямлі, у якой манарх распачынаў гадзіну – да першай папаўдні – найвышэйшага і кончага суду, які на нашай мове называецца чэлот. Гаспадар наш любіў гэтую гадзіну справядлівасьці і, калі быў у сталіцы, ніколі не забываўся на судовы абавязак, нават за кошт іншых, а як жа ж важных, абавязкаў. Згодна з традыцыяй нашых імпэратараў, міласьцівы гаспадар праводзіў гэтую гадзіну стоячы, выслухоўваючы справы і абвяшчаючы выракі. У нашай гісторыі імпэратарскі двор быў вандроўным абозам, які пераяжджаў зь месца на месца, з адной правінцыі ў іншую, у залежнасьці ад данясеньняў імпэратарскай выведкі, задачай якой было высьветліць, у якіх мясьцінах чакаліся добрыя ўраджаі і дзе былі заўважаныя добрыя прыплоды скаціны. У такія блаславёныя месцы прыбывала вандроўная сталіца імпэрыі, і імпэратарскі двор разьбіваў свае незьлічоныя намёты. Пасьля, калі запасы збожжа і мяса ў гэтым жыцьцядайным месцы былі ўжо вычарпаныя, імпэратарскі двор, кіруючыся зьвесткамі паўсюльпрысутнай выведкі, згортваў намёты і пераяжджаў у іншую ўраджайную правінцыю. Нашая сталіца Адыс-Абэба якраз і была апошняй такой стаянкай двара вельміслаўнага імпэратара Мэнэліка, які загадаў пабудаваць на гэтым месцы горад і першы з трох палацаў, якія аздабляюць гэты горад. Яшчэ ў вандроўны пэрыяд адзін з намётаў, чорнага колеру, быў вязьніцай, у якой трымалі людзей, падазраваных у асабліва небясьпечных для існаваньня манархіі правінах. Тады імпэратар, замкнёны ў залатой клетцы, бо ніводзін сьмяротны ня мог бачыць найясьнейшага аблічча, праводзіў гадзіну суду перад чорным намётам. Наш жа гаспадар выступаў у якасьці найвышэйшага суду ў спэцыяльна для гэтай мэты прызначаным будынку, які прылягаў да галоўнага палацу. Стоячы на ўзвышэньні, літасьцівы гаспадар выслухоўваў справы, як іх прадстаўлялі бакі, і абвяшчаў вырак. Гэта адпавядала працэдуры, усталяванай тры тысячагодзьдзі таму ізраільскім царом Салямонам, нашчадкам якога па простай лініі – як сьцьвярджала канстытуцыйнае права – быў наш шчодры гаспадар. Выракі, якія манарх агалошваў на месцы, былі кончыя і не падлягалі абскарджваньню, а калі выракам было сьмяротнае пакараньне – выконваліся неадкладна. Кара гэтая падала на галовы змоўцаў, якія бязбожна і не лякаючыся анатэмы хацелі захапіць уладу. Але літасьць гаспадара выяўляла сваю зычлівую сілу, як здараўся выпадак, калі – ці то празь няўважлівасьць варты, ці то дзякуючы неверагоднай спрытнасьці – які-небудзь маленькі чалавек апынаўся перад абліччам найвышэйшага судзьдзі і, просячы справядлівасьці, даносіў на натабляў, якія яго прыгняталі. Тады шчодры гаспадар прысуджаў вымову гэтым натаблям, а наступнага дня, у гадзіну касы, загадваў Абу Гану выплаціць пакрыўджанаму багатую міласьціну.
М.: А трынаццатай гадзіне дастойны гаспадар пакідаў стары палац і накіроўваўся ў юбілейны палац – сваю рэзыдэнцыю – на абед. Імпэратара суправаджалі чальцы найвышэйшай сям’і і запрошаныя да стала саноўнікі. Стары палац хутка пусьцеў, калідоры апаноўвала ціша, вартавыя ўпадалі ў паўдзённую дрымоту.
Ідзе, ідзеУ людзей часта назіраецца страх падзеньня. Аднак падаць здараецца нават найлепшым прафэсіяналам фігурнага коўзаньня; мы сутыкаемся з падзеньнямі таксама і ў штодзённым жыцьці. Падаць бязбольна трэба ўмець. У чым палягае бязбольнае падзеньне? Гэта кіраванае падзеньне, г. зн. пасьля значнага парушэньня раўнавагі мы скіроўваем цела ў той бок, падзеньне на які будзе найменш балючым. Падаючы, разьнявольваем цягліцы і скурчваемся, хаваючы галаву. Падзеньне паводле апісаных правілаў ня ёсьць небясьпечным. Аднак імкненьне ўнікнуць падзеньня любой цаной часта ёсьць прычынай балесных падзеньняў, якія адбываюцца ў апошнюю хвілю, без падрыхтоўкі. З. Асінскі, В. Староста.«Канькабежны спорт і фігурнае коўзаньне»
Зашмат выдаецца законаў, замала даецца прыкладаў. Сэн-Жуст, «Выбраныя творы».
Ёсьць у дзяржаве асобы, пра якіх нічога не вядома апроч таго, што іх нельга абражаць. К. Краўс, «Афарызмы».
Прыдворныя ўсіх эпох адчуваюць адну вялізную патрэбу: гаварыць так, каб нічога не сказаць. Стэндаль, «Расін і Шэксьпір».
І пайшлі за марнасьцю, і змарнелі. Ерамія 2.5.
Хоць бы яшчэ рабілі штосьці добрае, занадта доўга вы тут сядзіце. Таму я кажу – ідзеце, мы ўжо хочам пазбыцца вас. Напрамілы бог – убірайцеся! Кромвэль, «Чальцам Парлямэнту,называнага Доўгатрывалым».
Ф. У.-Х.: Так, гэта быў шасьцідзясяты год. Страшны год, дружа. Зласьлівы чарвяк завёўся ў здаровым і сакавітым плодзе нашай імпэрыі, і ўсё пакацілася так фатальна і зьнішчальна, што плод гэты, заміж соку, сплыў крывёю. Спусьцім сьцягі да паловы машты і схілім галовы. Пакладзём руку на сэрца. Сёньня мы ўжо ведаем, што тады мы бачылі пачатак канца і што тое, што адбылося пазьней, было абсалютна немінучым. У той час я служыў шаноўнаму гаспадару як чыноўнік міністэрства цырыманіялу, у дэпартамэнце картэжаў. На працягу ўсяго пяці гадоў маёй пільнай і бездакорнай службы я столькі зазнаў пакутаў, што дашчэнту пасівеў! А ўсё таму, што калі гаспадар наш выяжджаў з замежным візытам ці пакідаў Адыс-Абэбу, каб адзначыць сваёй прысутнасьцю якую-небудзь правінцыю, у палацы пачыналася найбольш зацятая і беспардонная барацьба за месца ў імпэратарскім картэжы. Барацьба гэтая заўсёды адбывалася ў два туры, гэта значыць: у першым нашыя натаблі і вяльможы змагаліся за саму прысутнасьць у картэжы, за ўнясеньне ў сьпіс дэлегацыі, а ў другім – ужо толькі пераможцы адборачнага туру спаборнічалі міжсобку за здабыцьцё адпаведна высокага і годнага месца ў сьвіце. Самы верх картэжу, яго першыя шэрагі, не ствараў для нас, чыноўнікаў, ніякіх цяжкасьцяў, бо тут выбар рабіў выключна літасьцівы гаспадар, а ягоныя рашэньні нам штораз перадаваў ад’ютант імпэратара праз кабінэт прыдворнага цырымоніймайстра. Верх гэты складалі чальцы імпэратарскай сям’і і Кароннай рады, адзначаныя міністры, а таксама тыя саноўнікі, якіх асаблівы гаспадар хацеў лепей трымаць блізка сябе, калі ў яго ўзьнікла было ў дачыненьні да іх падазрэньне, што ў ягоную адсутнасьць яны могуць ладзіць у сталіцы змову. Не было ў нас ускладненьняў таксама і з рабочай, службовай канцоўкай картэжу, у якую ўваходзілі людзі аховы, кухары, падушкавыя, шатнікі, капшуковыя, носьбіты прэзэнтаў, сабачнікі, тронавыя, лёкаі і служкі. Але паміж верхам і канцоўкай існавала чыстае поле, пустое месца ў сьпісе, і менавіта гэтую свабодную прастору імкнуліся апанаваць фаварыты і прыдворныя. Мы, картэжныя, жылі як паміж жорнамі, чакаючы толькі, каторы нас раздушыць. Бо мы павінны былі ўлучаць у сьпіс прапанаваныя прозьвішчы і перасылаць яго вышэй. Таму на нас навальваўся натоўп фаварытаў і атакаваў то просьбамі, то пагрозамі, яны то лямантавалі, то прысягалі адпомсьціць, адзін прасіў зрабіць ласку, іншы падсоўваў грошы, адзін абяцаў залатыя горы, другі пагражаў даносам. Няспынна званілі заступнікі фаварытаў, і кожны загадваў улучыць у сьпіс свайго абраньніка, і лютаваў пры гэтым, і пагражаў. Але цяжка дзівіцца з заступнікаў, яны ж самі рабілі гэта пад ціскам, бо на іх упарта націскалі нізы, дый яны спаборнічалі міжсобку, бо якое ж было б прыніжэньне, калі б адзін заступнік уціснуў свайго фаварыта ў сьпіс, а другі – не. Так, жорны распачыналі рух, а ў нас, картэжных, сівелі ачмурэлыя галовы. Кожны з магутных заступнікаў мог змалоць нас у пыл, а ці ж была наша віна, што не ўдавалася ўлучыць у картэж палову імпэрыі? А калі ўжо ўсіх неяк удалося ўпіхнуць і сьпіс трохі ўтрэсься, прыгладзіўся, зноў пачыналася валтузьня, ператасоўка, перасоўваньне, выперадкі, новыя звадкі і прэтэнзіі. Бо тыя, хто быў ніжэй, хацелі вышэй, хто быў нумар 43, хацеў быць 26, хто 78, жадаў 32, хто 57, мкнуўся на 29, хто 67, пёр проста на 34, хто 41, пхаўся на 30, хто 26, спадзяваўся на 22, хто 54, падкопваўся пад 46, хто 39, паціху апярэджваў 26, хто 63, караскаўся на 49, і так угару, угару без канца. У палацы кіпеньне, асьляпленьне, па калідорах беганіна, нарады груповак, бо складаецца сьпіс дэлегацыі, і ўвесь двор толькі гэтым і заняты аж да хвілі, калі па салёнах і бюро разыдзецца вестка пра тое, што дастойны гаспадар выслухаў сьпіс, загадаў зрабіць канчатковыя папраўкі і кіўнуў галавой на знак згоды. Цяпер ужо нічога нельга зьмяніць, і кожны ведае, якое яму выпала месца. Лёгка пазнаць паводле хады і маўленьня, хто ўлучаны ў картэж, бо з гэтай нагоды адразу складалася, хоць і кароткачасовая, картэжная герархія, якая пачынала жыць побач з герархіяй допускаў і герархіяй тытулаў, бо палац наш утвараў цэлы пучок, цэлы сноп герархіяў, і калі хтосьці падаў на адным промні, то на іншым захоўваў сваё становішча і ўздымаўся, і такім чынам кожны знаходзіў сваё задавальненьне і напаўняў сябе гордасьцю. Пра таго, хто быў улучаны ў сьпіс, іншыя казалі з подзівам і зайздрасьцю: глядзіце, ён будзе хадзіць у картэжы! А калі гэтае вылучэньне здаралася зь ім некалькі разоў, то гэты саноўнік ставаў аточаным пашанай картэжным вэтэранам. Уся калякартэжная мітусьня гвалтоўна ўзмацнялася, калі гаспадар наш выпраўляўся з замежным візытам, зь якога прывозілі багатыя прэзэнты і пачэсныя ўзнагароды, а якраз тады, у канцы шасьцідзясятага году, імпэратар выпраўляўся зь візытам у Бразылію. У двары шапталіся, што там будзе шмат бяседаў, закупаў, пажывы, таму такое пачалося спаборніцтва за месца ў картэжы, такая гарачая і хвацкая сутычка, што ніхто не заўважыў, як у самым нутры палацу завязалася страшная змова. Але ці сапраўды ніхто, мой дружа? Пазьней выявілася, што Маканэн Хабтэ-Вальд пранюхаў штосьці яшчэ раней. Пранюхаў, схапіў і данёс. Гэта была дзіўная постаць – нябожчык Маканэн. Міністар, абраньнік, які меў столькі допускаў да манарха, колькі хацеў, сапраўдны ўлюбёнец нашага гаспадара, і адначасна саноўнік, які ніколі ня думаў аб напханьні сваіх кішэняў. Але гаспадар наш, хоць ён і не любіў сьвятых у сваім атачэньні, выбачаў яму гэтую слабасьць, ведаючы, што дзівацкі гэты фаварыт ня мае часу займацца грашыма, бо цалкам апантаны адзінай думкай – як найлепей служыць імпэратару! Маканэн, дружа, быў аскетам улады, ахвярнікам палацу. Ён хадзіў у старой вопратцы, езьдзіў на старым «фальксвагене», жыў у старым доме. Літасьцівы гаспадар любіў усю гэтую простую сям’ю Маканэна, якая паходзіла зь нізоў грамадзтва, і аднаго зь яго братоў, якога звалі Аклілу, прызначыў на пасаду прэм’ера, а іншага, якога звалі Акалу, зрабіў міністрам. Сам Маканэн таксама быў міністрам прамысловасьці і гандлю, але ўстановай гэтай займаўся рэдка і неахвотна. Увесь свой час ён прысьвячаў разбудове сваёй прыватнай сеткі інфарматараў, выдаючы на гэта ўсе грошы, якія ў яго былі. Маканэн стварыў дзяржаву ў дзяржаве, меў сваіх людзей у кожнай установе, ува ўправах, у войску і ў паліцыі. Над зьбіраньнем і ўпарадкаваньнем даносаў ён працаваў дзень і ноч, мала спаў, меў змораны твар і выглядаў, як цень. Ён спальваў сябе гэтай дзейнасьцю, негаваркі, падобны да крата, без паказухі і выхваляньня, шэры, кіслы, схаваны ў паўзмроку, сам, як паўзмрок. Найглыбей ён стараўся пранікнуць у іншыя, канкурэнтныя выведныя сеткі, падазраючы там кінжал і здраду і – як пацьвердзілася цяпер – падазраючы слушна, цалкам паводле прынцыпу нашага гаспадара – калі добра ўнюхацца, то паўсюль сьмярдзіць. Так... Далей ён апавядае, што ў шафе Маканэна, у прыватнай шафе гэтага фанатычнага калекцыянэра даносаў, раптам пачала пухнуць папка зь імем Гермамэ Нэвай. Дзіўнае жыцьцё ў папак, кажа ён. Ёсьць такія, якія гадамі гібеюць на паліцы, тоненькія і выцьвілыя, як сухое лісьце, замкнёныя, пакрытыя пылам, у забыцьці чакаюць дня, калі, так ніколі дагэтуль і ня кратаныя, урэшце будуць падраныя і кінутыя ў печ. Гэта папкі людзей ляяльных, якія вялі ўзорнае і адданае імпэратару жыцьцё. Адкрыйма разьдзел «Учынкі»: нічога адмоўнага. Адкрыйма разьдзел «Выказваньні»: аніводнай паперкі. Скажам, ёсьць адзін аркуш, але на ім, на загад шаноўнага гаспадара, міністар пяра напісаў – фатына бэрэ, гэта значыць – мазок пяром, спроба пяра. Гэта значыць, што гаспадар наш палічыў запіс практыкаваньнем маладога працаўніка Маканэна, які яшчэ не навучыўся, калі і на каго можна даносіць. Альбо аркуш ёсьць, але скасаваны, як перакрэсьлены вэксаль. Бывае таксама, што папка, гадамі худая і зжаўцелая, у пэўны момант ажывае, паўстае зь мёртвых, пачынае набіраць вагу, тлусьцее. Такая папка пачынае дрэнна пахнуць. Гэты знаёмы пах, які выходзіць зь месца, дзе была адбытая неляяльнасьць. На гэты пах у Маканэна абвостраны, чуйны нюх. Ён бярэ сьлед, сочыць, узмацняе нагляд. Часта жыцьцё такой папкі, якая пачала расьці і набрала вагу, сканчаецца гэтак жа раптоўна, як і жыцьцё яе галоўнага героя. Абое зьнікаюць – ён са сьвету, а яго папка – з шафы Маканэна. Ёсьць якаясьці адваротная прапарцыйнасьць паміж таўшчынёй папак і людзей. Той, хто, змагаючыся з палацам, танчэе, худзее і марнее, мае штораз таўсьцейшую папку. Той жа, хто настроены ляяльна і пры нашым гаспадару з годнасьцю абрастае дабротамі, мае папку тонкую, як абалонка бурбалкі. Я згадаў, што Маканэн заўважыў, што папка Гермамэ Нэвая раптам пачала пухнуць. Гермамэ паходзіў з шляхетнай, ляяльнай сям’і, і, калі ён скончыў школу, літасьцівы гаспадар паслаў яго на вучобу ў Злучаныя Штаты. Там ён скончыў унівэрсытэт і вярнуўся ў краіну ўва ўзросьце трыццаці гадоў. Ён будзе жыць яшчэ шэсьць гадоў.
А. В.: Гермамэ! Гермамэ, містэр Рычард, належаў да тых нядобранадзейных людзей, якія, вяртаючыся ў імпэрыю, хапаліся за галаву. Але хапаліся таемна, а навонкі выказвалі ляяльнасьць і казалі тое, што ў палацы ад іх чакалі пачуць. І шаноўны гаспадар – ах, як жа я гэта сёньня яму закідаю! – дазволіў сябе гэтым закалыхаць. Калі Гермамэ стаў перад ім, міласьцівы гаспадар паглядзеў на яго добрымі вачыма і прызначыў яго губэрнатарам акругі ў паўднёвай правінцыі Сыдама. Там добрая зямля і буйная кава. Пачуўшы пра гэтае прызначэньне, усе ў палацы казалі, што наш усёмагутны ўладар адкрыў перад маладым чалавекам дарогу да найвышэйшых ушанаваньняў. Маючы імпэратарскае блаславеньне, Гермамэ паехаў, і спачатку было ціха. Цяпер яму трэба было толькі цярпліва чакаць – цярплівасьць была вартасьцю, якая ў палацы высока цанілася, – калі літасьцівы гаспадар пакліча яго да сябе і павысіць на ступень вышэй. Але дзе там! Прайшоў нейкі час, з Сыдама пачалі прыяжджаць натаблі. Прыяжджалі і круціліся каля палацу, асьцярожна распытваючы хто кузэнаў, хто знаёмых, ці можна скласьці на губэрнатара данос. Далікатная гэта справа, містэр Рычард, скласьці на свайго начальніка данос! Ня можна так проста з моста стукнуць, наўдачу, бо акажацца, што губэрнатар мае ў палацы моцнага заступніка, а той раззлуецца, назаве натабляў баламутамі і яшчэ насварыцца на іх. Таму яны спачатку паўсловамі, шэптам, потым штораз сьмялей, але ўсё яшчэ нефармальна, толькі так сабе, для падтрыманьня размовы, пачалі паведамляць, што Гермамэ бярэ хабар і за гэты хабар будуе школы. Цяпер уявіце сабе заклапочанасьць гэтых натабляў. Бо зразумела, што губэрнатар зьбірае даніну і ўсе натаблі зьбіраюць даніну. Улада нараджае грошы, так было ад пачатку сьвету. Але тут зьяўляецца ненармальнасьць – губэрнатар аддае даніну на школы. А прыклад зьверху ёсьць загадам для падуладных, гэта значыць, што ўсе натаблі маюць аддаваць сваю даніну на школы! А яшчэ дапусьцім на хвілю ганебную думку і ўявім, што ў іншай правінцыі зьявіцца другі Гермамэ і пачне раздаваць свой хабар. І вось мы ўжо маем бунт натабляў, якія пратэстуюць супраць прынцыпу аддаваньня хабару, і ў выніку – канец імпэрыі. Прыгожая пэрспэктыва – спачатку колькі грошай, а ўрэшце – падзеньне манархіі. О, не! Усе ў палацы сказалі – о, не! І дзіўная справа, містэр Рычард, бо шаноўны гаспадар не сказаў нічога. Выслухаў, але не азваўся ні словам. Маўчаў, гэта значыць, даваў яму яшчэ адзін шанец. Але Гермамэ ўжо ня здолеў устаць на дарогу паслухмянасьці. Праз пэўны час зноў зьявіліся натаблі з Сыдама. Зьявіліся з паведамленьнем, што Гермамэ далёка зайшоў: пачаў раздаваць безьзямельным сялянам абложныя землі, то бок, зрабіў замах на ўласнасьць. Гермамэ выявіўся камуністам. О, страшная гэта справа, мой ты любачка. Сёньня раздасьць аблогі, заўтра забярэ зямлю ў памешчыкаў, а скончыць імпэратарскімі маёнткамі! Гэтым разам шчодры гаспадар ня мог больш маўчаць. Гермамэ быў выкліканы ў сталіцу на гадзіну прызначэньняў і сасланы губэрнатарам у Джыджыгі, дзе ён ужо ня мог раздаваць земляў, бо гэтую акругу насяляюць толькі качэўнікі. Падчас цырымоніі Гермамэ дазволіў сабе парушэньне, якое павінна было абудзіць у шаноўным гаспадару найвялікшую чуйнасьць – выслухаўшы прызначэньне, ён не пацалаваў манарха ў руку. На жаль
Далей ён сьцьвярджае, што менавіта тады Гермамэ завязаў змову. Ён ненавідзіць гэтага чалавека, але захапляецца ім. Было ў ім штосьці, што прыцягвала іншых. Палымяная вера, дар перакананьня, адвага, рашучасьць, хуткасьць. Дзякуючы гэтым рысам ягоная постаць вылучалася на тле шэрай, дагодлівай і палахлівай масы згоднікаў і падхалімаў, якія напаўнялі палац. Першай асобай, якую Гермамэ здабыў для сваіх плянаў, быў ягоны старэйшы брат – генэрал Мэнгісту Нэвай, начальнік імпэратарскай гвардыі, афіцэр бясстрашнага тэмпэрамэнту і надзвычайнай мужчынскай прыгажосьці. Затым абодва браты залучылі на свой бок начальніка імпэратарскай паліцыі – генэрала Цыгуе Дыбоў, а неўзабаве пасьля гэтага – начальніка аховы палацу, палкоўніка Воркнэха Гебаеху і іншых людзей з атачэньня імпэратара. Дзеючы ў строгай кансьпірацыі, змоўнікі стварылі рэвалюцыйную раду, якая на момант замаху налічвала дваццаць чатыры асобы. У бальшыні гэта былі афіцэры адборнай імпэратарскай гвардыі і палацавай выведкі. Найстарэйшым чалавекам у гэтай групе быў Мэнгісту, якому было сорак чатыры гады, але кіраўніком да канца заставаўся малодшы за яго Гермамэ. Ён сьцьвярджае, што Маканэн пачаў штосьці падазраваць і данёс імпэратару. Тады Хайле Сэлас’е выклікаў палкоўніка Воркнэха і спытаўся, ці гэта праўда, але Воркнэх адказаў: нічога падобнага. Воркнэх належаў да асабістых людзей, імпэратар увёў яго наўпрост з грамадзкіх нізоў у салёны палацу і бязьмежна яму верыў, магчыма, гэта быў адзіны чалавек, якому ён сапраўды верыў, бадай, таксама і з прычыны пэўнай псыхічнай выгоды – падазронасьць да ўсіх мучае, трэба камусьці давяраць, бо трэба хоць пры кім адпачываць. Імпэратар ня даў веры данясеньням Маканэна таксама і таму, што ў той час падазраваў у змове не братоў Нэвай, але саноўніка Эндэлькачэва, у якім пачало выяўляцца пэўнае лібэральнае саслабленьне, зьмяншэньне стараннасьці, маркотнасьць і нібыта ўпадак духу. Застаючыся пры гэтым падазрэньні, імпэратар улучыў Эндэлькачэва ў картэж, каб мець яго навідавоку падчас візыту ў Бразылію. Ён згадвае, што дэталі таго, што адбылося пасьля, знаходзяцца ў паказаньнях генэрала Мэнгісту, складзеных пазьней перад ваенным судом. Па адлёце імпэратара Мэнгісту раздаў пісталеты афіцэрам сваёй гвардыі і загадаў ім чакаць далейшых загадаў. Гэта было ў аўторак, трынаццатага студзеня. Вечарам гэтага дня ў імпэратарскай рэзыдэнцыі Мэнэн сабралася на вячэру імпэратарская сям’я і група найвышэйшых саноўнікаў. Калі яны селі за стол, прыбыў пасланец Мэнгісту зь весткай, што імпэратар падчас падарожжа захварэў, што ён памірае і што ўсіх просяць сабрацца ў палацы, каб асэнсаваць сытуацыю. Пасьля прыбыцьця на месца ўсе былі арыштаваныя. Адначасна афіцэры гвардыі рабілі арышты ў рэзыдэнцыях іншых саноўнікаў. Але як бывае ў такой нэрвовай сытуацыі, пра многіх натабляў забыліся. Колькі чалавек здолелі ўцячы з гораду альбо схавацца ў дамах знаёмых. Апроч таго, бунтаўнікі позна адлучылі тэлефоны, і людзі імпэратара пачалі дамаўляцца і арганізоўвацца. Перадусім, яшчэ той жа ночы, праз брытанскую амбасаду яны паведамілі пра замах імпэратару. Хайле Сэлас’е перапыніў візыт і рушыў у зваротны шлях, але не сьпяшаўся, чакаў, пакуль рэвалюцыя праваліцца. Празь дзень апоўдні найстарэйшы сын імпэратара і наступнік трона Асфа Восэн ад імя паўстанцаў прачытаў па радыё адозву. Асфа Восэн быў чалавекам слабым, млявым, безыдэйны. Паміж ім і бацькам была ўзаемная няпрыязь, шапталі, што імпэратар мае сумневы, ці гэта насамрэч яго сын. Штосьці там не супадала ў датах паміж яго падарожжамі і тэрмінам шчасьлівага нараджэньня ў імпэратаркі першага нашчадка. Пазьней саракашасьцігадовы гаспадар тлумачыўся перад суровым бацькам, кажучы, што бунтаўнікі загадалі яму чытаць адозву, трымаючы пісталет ля яго скроні. «Апошнія некалькі гадоў, – чытаў Асфа Восэн тое, што яму напісаў Гермамэ, – у Этыёпіі панаваў застой. Атмасфэра незадаволенасьці і расчараваньня штораз больш нарастала сярод сялянаў, гандляроў, чыноўнікаў, у войску і ў паліцыі, сярод студэнцкай моладзі, сярод усяго грамадзтва... Нідзе не відаць поступу. Гэта ёсьць вынікам таго, што жменька саноўнікаў загрузла ў эгаізьме і нэпатызьме, заміж таго, каб працаваць для агульнага дабра. Народ Этыёпіі доўга чакаў дня, калі настане ліквідацыя беднасьці і адсталасьці, але з усёй безьлічы абяцаньняў ніводнае не было рэалізаванае. Ніводзін іншы народ няздольны на такую цярплівасьць...» Асфа Восэн абвясьціў, што створаны народны ўрад, і паведаміў, што ён ачоліў яго. Аднак няшмат людзей мелі тады радыё, і словы адозвы патанулі бяз рэха. У горадзе было спакойна. Гандаль квітнеў, на вуліцах панаваў звычайны рух і гармідар. Бальшыня людзей ні пра што ня чула, іншыя ня ведалі, што думаць пра ўсю гэтую гісторыю. Для іх гэта была палацавая справа, а палац заўсёды быў недаступны, недасяжны, непранікальны, незразумелы і месьціўся на іншай плянэце. Яшчэ таго ж дня Хайле Сэлас’е даляцеў да Манровіі і ўсталяваў радыйны кантакт са сваім зяцем – генэралам Абіе Абэбэ, губэрнатарам Эрытрэі. Тым часам зяць ужо вёў перамовы з групай генэралаў, якая на базах, што атачалі сталіцу, рыхтавала атаку на бунтаўнікоў. На чале гэтай групы стаяць генэралы Мэрыд Мэнгеша, Асэфа Аена і Кебэдэ Гебрэ, усе пародненыя з імпэратарам. Ён тлумачыць, што бунт усчала гвардыя і што паміж гвардыяй і войскам існаваў востры антаганізм. Гвардыя была асьвечаная і добра аплачваная, а войска цёмнае і беднае. Цяпер генэралы выкарыстоўваюць гэты антаганізм, каб кінуць войска супраць гвардыі. Яны кажуць салдатам – гвардзейцы хочуць улады, каб можна было вас эксплюатаваць. Тое, што яны кажуць, цынічна, але пераконвае войска. Салдаты крычаць – хочам загінуць за імпэратара! Энтузіязм у аддзелах, якія неўзабаве рушаць на сьмерць. Надыходзіць чацьвер, трэці дзень паўстаньня. Палкі, якімі камандуюць ляяльныя генэралы, уваходзяць у прадмесьці сталіцы. Ваганьні ў лягеры бунтаўнікоў. Мэнгісту не загадвае абараняцца, ня хоча праліцьця крыві. У горадзе яшчэ спакойна, рух нармальны. Кружляе самалёт, які раскідвае ўлёткі. На ўлётках словы праклёну, які кінуў на бунтаўнікоў патрыярх Базыліяс, галава царквы, сябар імпэратара. Імпэратар з Манровіі (Лібэрыя) ужо даляцеў да Форт-Ламы (Чад). Атрымлівае ад зяця паведамленьне, што можна прыляцець у Асмару. У Асмары спакой, усе пакорна чакаюць. Але ў імпэратарскім DC-6 псуецца рухавік. Імпэратар вырашае ляцець на трох рухавіках. Апоўдні Мэнгісту прыяжджае ўва ўнівэрсытэт і сустракаецца са студэнтамі. Паказвае ім кавалак сухога хлеба. Гэта, кажа, мы сёньня далі есьці саноўнікам, каб яны ўведалі, чым харчуецца наш народ. Кажа, вы мусіце нам дапамагчы. У горадзе выбухае страляніна. Пачынаецца бітва за Адыс-Абэбу. На вуліцах гінуць сотні людзей. Пятніца, шаснаццатага студзеня, ёсьць апошнім днём паўстаньня. Ад ранку ідуць баі паміж аддзеламі войска і гвардыі. Папаўдні пачынаецца штурм палацу, у якім абараняецца рэвалюцыйная рада. Палац штурмуе танкавы батальён, якім камандуе зяць імпэратара – капітан Дэрэджы Хайле-Марыяма. Сабакі, здавайцеся! – крычыць капітан зь вежы танка. Падае, прашыты чаргой са станковага кулямёта. Унутры палацу разрываюцца артылерыйскія снарады. Калідоры і пакоі напаўняе грукат, дым і полымя. Далейшая абарона немагчымая. Бунтаўнікі ўрываюцца ў зялёны салён, у якім знаходзяцца арыштаваныя ў аўторак саноўнікі з імпэратарскай сьвіты. Адкрываюць па іх агонь. Гіне васямнаццаць найбліжэйшых людзей імпэратара. Тады правадыры змовы і расьсеяныя аддзелы гвардыі пакідаюць тэрыторыю палацу і адступаюць з гораду ў бок пакрытых эўкаліптавым лесам узгор’яў Энтота. Набліжаецца вечар. Самалёт, у якім ляціць імпэратар, прызямляецца ў Асмары.
А. В.: О, гэтым судным днём, містэр Рычард, наш ляяльны і пакорны народ прадставіў пераканаўчы доказ адданасьці шаноўнаму гаспадару. Бо калі гэтыя разьбітыя ўшчэнт здраднікі кінулі палац і пачалі ўцякаць у бок блізкага лесу, распаленае нашым патрыярхам грамадзтва рушыла за імі ў пагоню. Ніякіх там танкаў ды гармат, дружа, хто што меў пад рукой, той тое браў і далучаўся да перасьледу. Дручкі, камяні, дзіды і кінжалы, – усё пайшло ўва ўжытак. Людзі вуліцы, якіх літасьцівы гаспадар адорваў гэтак шчодрай міласьцінай, з зацятасьцю і нянавісьцю ўзяліся разьбіваць аблудныя галовы гэтых паклёпнікаў і бунтаўнікоў, якія хацелі забраць у іх Бога і рыхтавалі ім немаведама якое жыцьцё. Бо калі б ня стала нашага гаспадара, хто б даваў ім міласьціну і падбадзёрваў словамі суцяшэньня? А ідучы крывавым сьледам гэтых уцекачоў, горад цягнуў за сабой вёску, і вось такая была карціна, што навакольныя сяляне, хапаючы, што было пад рукой, хто дручок, хто нож, і кідаючы праклёны на паклёпнікаў, таксама кідаліся ў бой, каб адпомсьціць за зьнявагу, якую зазнаў шчодры гаспадар. Зграі абложаных гвардзейцаў бараніліся ў лясох, пакуль ім хапала боепрыпасаў, але пазьней частка здалася, а іншыя загінулі ад рук салдатаў і грамады. Тры, а можа пяць тысячаў гэтых людзей трапілі ў турмы, а яшчэ столькі ж загінула на радасьць гіенаў і шакалаў, якія нават з далёкіх мясьцінаў зьбягаліся на бяседу ў прыгарадныя лясы. І яшчэ доўга, цэлымі начамі, лясы гэтыя вылі і хіхікалі. А тыя, хто абразіў годнасьць слаўнага гаспадара, пайшлі, дружа, у пекла. Генэрал Дыбоў, напрыклад, той загінуў яшчэ падчас штурму палацу, а ягонае цела чэрнь павесіла перад брамай Першай дывізіі. Пазьней выявілася, што палкоўнік Воркнэх пасьля ўцёкаў з палацу дабраўся да прадмесьця, але там яго атачылі і хацелі ўзяць жыўцом. Але ён, містэр Рычард, ня даўся. Страляў да канца, забіў яшчэ колькі салдатаў, а калі ў яго застаўся апошні набой, усунуў рулю ў рот, стрэліў і ўпаў мёртвы. Ягонае цела павесілі на дрэве перад катэдрай Сьвятога Юр’я. Дзіўная гэта рэч, але гаспадар наш так і не паверыў у здраду Воркнэха. Пазьней шапталі, што ён яшчэ праз шмат месяцаў клікаў у спальню начную прыслугу і загадваў выклікаць палкоўніка. Гаспадар наш прыехаў з Асмары ў Адыс-Абэбу ў суботу вечарам, калі ў горадзе яшчэ было чуваць страляніну, а на плошчах адбываліся экзэкуцыі здраднікаў. На твары манарха было відаць заклапочанасьць, стому і смутак з прычыны зробленай яму крыўды. Ён ехаў у сваім аўтамабілі, сярод калёны танкаў і бронемашынаў. Увесь горад выйшаў, каб скласьці яму пакорныя і ўмольныя ўшанаваньні. Увесь горад кленчыў на зямлі, б’ючы чалом аб брук, і я, таксама стоячы на каленях у гэтым натоўпе, чуў енкі і крыкі жаху, уздыхі і выгукі. Ніхто не адважыўся зірнуць у твар шаноўнаму манарху, а ля брамы палацу князь Каса, хоць ён і не правініўся, бо змагаўся і меў чыстыя рукі, пацалаваў чаравікі імпэратара. Яшчэ той жа ночы наш усёмагутны ўладар загадаў застрэліць сваіх улюбёных ільвоў, якія, заміж бараніць падыходы да палацу, упусьцілі ў яго здраднікаў. А цяпер ты пытаесься пра Гермамэ. Гэты злы дух разам са сваім братам і нейкім капітанам Бае з імпэратарскай гвардыі выбраліся з гораду і хаваліся яшчэ тыдзень. Яны маглі перасоўвацца толькі ўначы, бо за іх адразу ж прызначылі ўзнагароду пяць тысячаў даляраў, і таму ўсе іх шукалі, бо гэта былі вялікія грошы. Яны спрабавалі дабрацца да поўдня, пэўна, хацелі перайсьці ў Кенію. Але праз тыдзень, калі яны хаваліся ў кустах, ужо колькі дзён бязь ежы, млеючы са смагі, бо яны баяліся зьявіцца ў якой-небудзь вёсцы, каб здабыць харчоў і вады, яны былі аточаныя сялянамі, якія перасьледавалі іх і хацелі іх злавіць. І тады, як паказаў Мэнгісту, Гермамэ вырашыў усё скончыць. Гермамэ, так ён паказаў, зразумеў, што на крок апярэдзіў гісторыю, што пайшоў хутчэй за іншых, а калі хтосьці, ідучы са зброяй у руках, прасунецца на крок наперад за гісторыю, той мусіць загінуць. Вось жа, Гермамэ, калі сяляне ўжо падбягалі, каб іх злавіць, сьпярша стрэліў у Бае, пасьля ў брата, а пасьля застрэліўся сам. Сяляне думалі, што страцілі ўзнагароду, бо ўзнагарода была за ўзятых жыўцом, а тут, дружа, бачаць тры трупы. Аднак забітыя былі толькі Гермамэ і Бае. Мэнгісту ляжаў з тварам, залітым крывёю, але яшчэ жыў. Сяляне сьпешна завезьлі іх у сталіцу і прывезьлі Мэнгісту ў шпіталь. Пра ўсё паведамілі нашаму гаспадару, які, выслухаўшы гэта, сказаў, што хоча бачыць цела Гермамэ. Згодна з гэтым загадам трупы прывезьлі ў палац і кінулі на сходы перад галоўным уваходам. Тады літасьцівы гаспадар выйшаў з палацу, стаяў і доўга глядзеў на мёртвае цела. Маўчаў, задуменны, ні слова, людзі, якія пры ім стаялі, ня чулі, каб ён штосьці сказаў. Пасьля здрыгануўся і пайшоў назад, у глыб будынку, загадаўшы лёкаям зачыніць галоўныя дзьверы. Пазьней я бачыў цела Гермамэ, павешанае на дрэве перад катэдрай Сьвятога Юр’я. Там стаяў натоўп людзей, якія зьдзекаваліся са здраднікаў, пляскалі ў далоні і крычалі непрыстойнасьці. А яшчэ застаўся Мэнгісту. Гэты, у сваю чаргу, выйшаўшы са шпіталю, паўстаў перад ваенным судом. Падчас разьбіраньня ён трымаўся горда і, насуперак палацавым звычаям, не выказваў пакоры ці жаданьня маліць літасьці дастойнага гаспадара. Ён казаў, што не баіцца сьмерці, бо ад моманту, калі ён вырашыў выступіць супраць несправядлівасьці і зрабіць пераварот, ён лічыўся з тым, што загіне. Казаў, што яны хацелі зрабіць рэвалюцыю, і казаў, што ён яе не дачакаўся, але аддасьць кроў, зь якой вырасьце зялёнае дрэва справядлівасьці. Яго павесілі трыццатага сакавіка, на сьвітанку, на галоўным рынку гораду. Разам зь ім павесілі шэсьць іншых гвардзейскіх афіцэраў. Ён ані на каліва ня быў да сябе падобны. Стрэл брата выбіў яму вока і зьнявечыў увесь твар, які цяпер быў зарослы чорнай ускудлачанай барадой. Другое вока пад ціскам вяроўкі вылезла наверх.
Расказваюць, што ў першыя дні па вяртаньні імпэратара ў палацы панаваў надзвычайны рух. Прыбіральшчыкі шаравалі падлогу, саскрабаючы плямы крыві, якая ўвабралася ў паркет, лёкаі здымалі падраныя і абпаленыя фіранкі, грузавікі вывозілі купы разьбітай мэблі і скрыні пустых гільзаў, шкляры ўстаўлялі новыя шыбы і люстры, муляры тынкавалі вышчарбленыя кулямі сьцены. Паволі зьнікаў спрад гару і пах пораху. Доўга адбываліся ўрачыстыя пахаваньні тых, хто загінуў, да канца захоўваючы ляяльнасьць; тым часам целы паўстанцаў хавалі па начах у невядомых, таемных месцах. Найбольш было выпадковых ахвяраў – падчас вулічных баёў загінулі сотні цікаўных дзяцей, кабет, што ішлі на рынак, мужчынаў, якія ішлі на працу альбо бесклапотна грэліся на сонцы. Страляніна сьціхла, войска патрулявала вуліцы гораду, які са спазьненьнем, ужо па факце, пачынаў перажываць жах і шок. Далей расказваюць, што пачаліся тыдні арыштаў, якія абуджалі паніку, зьнясільваючых дазнаньняў, брутальных допытаў. Панавала няпэўнасьць, страх, людзі шапталіся, пляткарылі, успаміналі падрабязнасьці замаху, дадаючы да іх, хто што мог, па меры сваёй фантазіі і адвагі, зрэшты, дадаючы па кутах, бо ўсякае абмеркаваньне апошніх падзеяў афіцыйна асуджалася, а паліцыя – зь якой ніколі ня варта жартаваць, нават калі яна сама да таго заахвочвае, што ў гэтым выпадку і так ня мела месца – прагнучы ачысьціцца ад падазрэньняў ва ўдзеле ў змове, стала яшчэ больш небясьпечная і працавітая, чым звычайна, дый не бракавала таксама ахвотнікаў, якія дадаткова пастаўлялі камісарыятам перапалоханых кліентаў. Усе чакалі, што зробіць імпэратар і якой будзе ягоная адозва, апроч звароту да запалоханай і заплямленай здрадай сталіцы, які ён абнародаваў адразу па вяртаньні і ў якім ён выказаў свой боль і шкадаваньне да купкі аблудных авечак, якія, легкадумна адарваўшыся ад статку, згубілі дарогу ў камяністай і акрэсьленай крывёю пустэльні.
Г. О.-Э.: Заўсёды было праявай годнай кары дзёрзкасьці і супраціўных звычаям паводзінаў, калі хтосьці глядзеў імпэратару ў вочы, але цяпер, пасьля таго, што здарылася, нават найбольшы сьмяльчак у палацы не адважыўся б на такое. Усе адчувалі сорам за тое, што дапусьцілі змову, і страх перад справядлівым гневам нашага гаспадара. І гэтая сарамліва-палахлівая немагчымасьць пагляду пачала апаноўваць усіх у дачыненьні да ўсіх, бо спачатку ніхто ня ведаў, у якім ён становішчы, гэта значыць, каго цяпер шаноўны гаспадар прыме, а каго выкіне, чыю ляяльнасьць зацьвердзіць, а чыёй не прызнае, каму дасьць вуха, а каго пакіне без аніводнага допуску, і таму кожны, ні ў кім цяпер ня ўпэўнены, лічыў за лепшае не глядзець нікому ў вочы, і ўва ўсім палацы запанавала неглядзеньне, нябачаньне, у-паркет-утарапленьне, столяў-разгляданьне, на-мыскі-ботаў-пазіраньне, праз-акно-адлятаньне. Калі б я цяпер пачаў прыглядацца да кагосьці, у гэтым адразу абудзілася б падазроная думка-пытаньне – чаму гэта ён так уважліва да мяне прыглядаецца, у чым мяне падазрае, у чым можа мяне абвінаваціць, і каб апярэдзіць маю ўяўную дбайнасьць, гэты чалавек – на якога я цалкам нявінна паглядзеў, з чыстай цікаўнасьці ці забыўшыся – не паверыць у нявіннасьць і цікаўнасьць, але, адчуваючы падазрэньне, адкажа на дбайнасьць звышдбайнасьцю і адразу ж пабяжыць ачышчацца, а як тады можна было ачысьціцца, калі не запэцкаўшы таго, пра каго мы думалі, што ён хоча нас запэцкаць? Так, глядзеньне правакавала і шантажавала, кожны баяўся падняць вочы, каб ня ўбачыць дзесьці ў паветры, у куце, за фіранкай, у шчыліне бліскучага, як кінжал, вока. А яшчэ па ўсім палацы лунала, як грымоты зь цёмнай хмары, гучнае пытаньне, на якое не было адказу: хто правініўся, хто ўдзельнічаў у змове? Уласна кажучы, падазраванымі былі ўсе, і да таго ж падазраваныя слушна, калі нават трое найбліжэйшых і найбольш давераных людзей нашага гаспадара, якіх ён уважаў за сваіх сыноў і якімі так ганарыўся, прыставілі пісталеты да яго скроні. Мэнгісту, Вокнэх і Дыбоў належалі да той жмені найвышэйшых абраньнікаў, якія ў любы момант мелі допуск да шаноўнага гаспадара, і нават – калі была патрэба – унікальнае права ўваходу ў спальню і абуджэньня яго падчас сну! Цяпер уяві сабе, дружа, зь якім адчуваньнем літасьцівы гаспадар адгэтуль клаўся ў свой ложак, ніколі ня ведаючы, ці прачнецца наступным ранкам. О, якія ж ганебныя цяжары, якія прыкрасьці і невыгоды нясе ажыцьцяўленьне ўлады! І як мы маглі ратавацца ад падазрэньня? Ад падазрэньня няма ратунку! Любыя паводзіны, любыя ўчынкі толькі паглыбляюць падазрэньне, топяць нас штораз больш. Пачнём апраўдвацца, але дзе там! Адразу пачуем пытаньне: а гэта, сыне, ты так старанна апраўдваесься? Відаць, маеш на сумленьні штосьці, што хацеў бы схаваць. Альбо вырашым выявіць чынную пазыцыю і добрую волю, і адразу пачуем заўвагу – а што гэта ён так стараецца сябе паказаць? Відаць, хоча схаваць свае подласьці, гнюснасьці, думае, як бы затаіцца. І зноў дрэнна, нават яшчэ горш. Прычым – я кажу – усе мы былі падазраваныя, абвінавачваныя, хоць найласкавейшы гаспадар не казаў наўпрост, адкрыта, ані слова, але абвінавачаньне гэтае адчувалася ў ягоных вачах і ў такім пагляданьні на падуладных, што кожны курчыўся, прыпадаў да зямлі і думаў са страхам – на мяне нагаварылі. Паветра зрабілася цяжкое, густое, ціск нізкі, паралізуючая атмасфэра расчараваньня, якіясьці крылы апалі, штосьці трэснула, унутры трэснула. Наш праніклівы гаспадар ведаў, што пасьля такога ўдару частка людзей пачне апускацца, пачне расчароўвацца, рабіцца маркотнымі і маўклівымі, страціць руплівасьць, паддасца ваганьням і пытаньням, сумневам і маруднасьці, аслабленьню і разбэшчаньню, і таму пачаў у палацы чыстку. Гэта не была хуткая і поўная чыстка, бо дастойны гаспадар быў супраць усялякай бязбожнай і галасьлівай гвалтоўнасьці, а хутчэй дазаваная і прадуманая замена, дзеля якой старыя прыдворныя ня мелі спакою і жылі ў сталым страху, і заразом палац адкрываўся для новых людзей. Гэта былі людзі, якія хацелі добра жыць і рабіць кар’еры. Яны наплывалі з усёй краіны, накіроўваныя ў палац даверанымі намесьнікамі імпэратара. Не знаёмыя блізка са сталічнай арыстакратыяй, якая пагарджала імі з прычыны іх нізкага грамадзкага становішча, грубасьці і тапорнага мысьленьня, яны адчувалі страх і няпрыязь да тутэйшых салёнаў. Хутка яны таксама ўтварылі ўласную групоўку, якая трымалася асобы найвыдатнейшага гаспадара. Шчодрая ласка шаноўнага ўладара давала ім пачуцьцё ўсёмагутнасьці, чароўнае, але заразом як жа рызыкоўнае для любога, хто захоча парушыць вячэрнюю атмасфэру арыстакратычнага салёну ці занадта доўга і занадта навязьліва дражніць таварыства, якое там зьбіраецца. О, трэба вялікая мудрасьць і тактоўнасьць, каб заваяваць салён. Мудрасьць альбо аўтаматы, у чым, дарагі дружа, ты сёньня можаш пераканацца, гледзячы на наша змучанае места. Паступова вось гэтыя асабістыя людзі, абраньнікі нашага гаспадара, пачалі запаўняць установы палацу, насуперак бурчаньню чальцоў Кароннай рады, якія ўважалі новых фаварытаў за людзей трэцяга гатунку, неадпаведных вымогам, якім павінен адпавядаць шчасьлівец, пакліканы на службу ў атачэньні караля каралёў. Аднак гэтае бурчаньне было адно доказам проста непрыстойнай наіўнасьці чальцоў памянёнай рады, якія ўгледжвалі слабасьць у тым, у чым гаспадар наш бачыў акурат сілу, і не маглі зразумець прынцыпу ўзмацненьня празь зьніжэньне, ня памятаючы дыму і агню, які толькі ўчора распалілі тыя, хто здаўна быў узвышаны, але аказаўся аслаблены. Важнай і карыснай рысай новых людзей было і тое, што яны ня мелі ніякіх плямаў у біяграфіі, ніколі ня бралі ўдзелу ў змовах, не цягнулі за сабой вылінялых хвастоў, нічога ня мусілі сарамліва хаваць за падшыўкай, ды што там, яны нават ня ведалі пра змовы, бо адкуль, калі дастойны гаспадар забараніў пісаць гісторыю Этыёпіі? Занадта маладыя і выхаваныя ў далёкай правінцыі, яны не маглі ведаць, што сам гаспадар наш прыйшоў да ўлады дзякуючы змове, калі ў тысяча дзевяцьсот шаснаццатым годзе з дапамогай заходніх амбасадаў зладзіў дзяржаўны пераварот і скінуў законнага наступніка трона Лыджа Іясу. Што перад пагрозай італьянскага ўварваньня ён публічна прысягнуў праліваць кроў за Этыёпію, пасьля чаго, калі тыя ўварваліся, паехаў караблём у Англію і прабавіў час вайны ў спакойным мястэчку Бат. І такі ў ім пазьней утварыўся комплекс у дачыненьні да партызанскіх правадыроў, якія, застаўшыся ў краіне, змагаліся з Італіяй, што калі ён вярнуўся на трон, ён паступова ліквідаваў іх ці аддаляў, заразом узвышаючы калябарантаў. І што сярод іншых такім чынам ён зьнішчыў вялікага правадыра Бэтвадэда Нэгаша, які ў пяцідзясятых гадах выступіў супраць імпэратара і хацеў абвясьціць рэспубліку. Шмат розных здарэньняў прыходзяць мне на памяць, але ў палацы нельга было пра іх размаўляць, а – як я казаў – новыя людзі не маглі іх ведаць, дый ня надта гарачую выяўлялі цікавасьць. І таму, што яны ня мелі даўніх сувязяў, адзіным шанцам іх існаваньня была прывязанасьць да трона. Іх адзінай астояй – сам імпэратар. Такім чынам найвыдатнейшы гаспадар выклікаў да жыцьця сілу, якая ў апошняе лета яго панаваньня падтрымала падсечаны Гермамэ імпэратарскі трон.
З. С.-К.: ...і таму, што чыстка працягвалася, кожнага дня, калі набліжалася гадзіна прызначэньняў – а значыць, і звальненьняў, – нас, старых палацавых чыноўнікаў, апаноўвала застольная дрыготка. Кожны сядзеў за сталом і дрыжаў над сваім лёсам, гатовы ўчыніць усё, каб толькі з-пад ягоных лакцей не дасталі гэты прадмет мэблі. Калі адбываўся працэс Мэнгісту, за сталамі панавала боязь, што генэрал пачне цьвердзіць, быццам усе былі ў змове, а нават аддалены ўдзел, нават схаванае і ціхае ўхваленьне сканчалася вяроўкай. Таму калі Мэнгісту, нікога не назваўшы, замоўк аж да дня Апошняга Суду, з-за сталоў вырваўся акрылены ўздых палёгкі. Але на месца страху перад шыбеніцай прыйшоў страх перад уласным, асабістым зьнішчэньнем. Цяпер шчодры гаспадар ужо ня кідаў у сутарэньні, але звычайна пасылаў з палацу дадому, а гэта азначала асуджанасьць на нябыт. Дагэтуль ты быў чалавекам палацу, а значыць, кімсьці важным, вылучаным, меў імя, ты ўплываў і фармаваў, цябе шанавалі і выслухоўвалі, і ўсё гэта давала пачуцьцё існаваньня, прысутнасьці ў сьвеце, паўнаты жыцьця, яго вагі і прыдатнасьці. І вось гаспадар наш выклікае цябе на гадзіну прызначэньняў і назаўжды пасылае дадому. У адну сэкунду ўсё зьнікае, ты перастаеш існаваць. Ніхто ўжо не назаве твайго імя, ніхто ня вылучыць і не ўшануе. Паўторыш тыя ж самыя словы, якія ты казаў учора – але ўчора іх выслухалі з глыбокай пашанай, а сёньня на іх ня зьвернуць увагі. На вуліцы людзі абыякава мінаюць цябе, і ты ўжо ведаеш, што найменшы правінцыйны чыноўнік можа зрабіць табе скандал. Гаспадар наш ператварыў цябе ў слабае, безабароннае дзіця і выпусьціў у зграю шакалаў. Пакажы, што ты можаш! А яшчэ, крый Божа, пачнуць дакопвацца, вынюхваць, скрэбці. Часам я зноў думаю, што, можа, яно й лепей, каб паскрэблі. Бо калі пачнуць скрэбці, можна зноў пачаць існаваць, хай нэгатыўна і вусьцішна, але пачаць існаваць, перастаць тануць, выставіць галаву на паверхню, каб сказалі: бачце, а гэты яшчэ існуе! У адваротным выпадку што застаецца? Збыткоўнасьць, мізэрнасьць, сумневы ў тым, што жыцьцё было. З гэтай прычыны ў палацы панаваў такі страх перад безданьню, што кожны стараўся трымацца нашага гаспадара, ня ведаючы яшчэ, што ўвесь двор – што праўда, з годнасьцю і паволі – ссоўваецца на край бездані.
П. М.: ...і па сутнасьці, дружа, ад той хвілі, калі з палацу пайшоў дым, нас пачала ахінаць якаясьці адмоўнасьць. Мне цяжка сфармуляваць, у чым яна палягала, але паўсюль адчувалася адмоўнасьць, паўсюль яе было відаць, на тварах людзей, нібы зьменшаных і пакінутых, безь сьвятла і энэргіі, у тым, што людзі рабілі і як гэта рабілі, таксама была адмоўнасьць, у тым, што казалі, ня кажучы, у іх непрысутным, скурчаным, выключаным быцьці, у іх згаслым існаваньні, у іх караткасяжным, нізкаплянкавым мысьленьні, у іх прысядзібным, малазямельным корпаньні, у іх занядбанасьці і ў засмучанасьці, ува ўсёй навакольнай атмасфэры, ува ўсёй нерухомасьці, нягледзячы на рух, у штодзённай працы, у клімаце, у турботах, ува ўсім адчувалася адмоўнасьць, якая ахінала нас. І хоць імпэратар надалей выдаваў дэкрэты і рабіў захады, рана ўставаў і не спачываў, усё адно ўсё заканчвалася адмоўна, штораз больш адмоўна, бо ад таго дня, калі Гермамэ скончыў жыцьцё, а ягонага брата павесілі на галоўнай плошчы гораду, паміж людзьмі і паміж рэчамі пачалі паўставаць адмоўныя дачыненьні. Людзі нібыта не маглі апанаваць рэчы, якія існавалі-не-існавалі ўласным зласьлівым існаваньнем, якое ўцякала зь людзкіх рук. Зачараваная сіла гэтых рэчаў была такая, што ўсе пачуваліся бязраднымі перад іх самачынным правам зьяўленьня і зьнікненьня і не маглі ані зламаць, ані падпарадкаваць гэтай сваволі. І гэтае пачуцьцё бясьсільнасьці, гэтае сталае прайграваньне, адставаньне ад лепшых, уганяла іх у яшчэ большую адмоўнасьць, у здранцьвелую арніталёгію – у асавеласьць, панурасьць, у курапаткавае хаваньне. Нават размовы змарнелі, страцілі жывасьць і дыханьне. Размовы пачыналіся, але як бы не заканчваліся. Заўсёды даходзілі да невідочнага, але адчувальнага пункту, за якім наступала маўчаньне, і ў гэтым маўчаньні ўтрымлівалася цьверджаньне, што ўсё ўжо вядомае і яснае, але яснае ў цёмны спосаб, вядомае непазнавальна, уладнае ў сваёй бязраднасьці, і пацьвердзіўшы гэтыя праўды хвілінай маўчаньня, размова зьмяняла кірунак і закранала іншую тэму, нікчэмную, пабочную тэму-адкід. Палац асядаў, гэта адчувалі ўсе мы, вэтэраны шаноўнага гаспадара, якіх лёс ахаваў ад чысткі, адчувалася падзеньне тэмпэратуры, жыцьцё штораз дакладней афармлялася ў рытуалы, але рабілася ўсё больш папяровым, нікчэмным, адмоўным.
Затым ён кажа, што хоць імпэратар лічыў, што сьнежаньскага перавароту не было, і ніколі не вяртаўся да гэтай тэмы, замах братоў Нэвай выклікаў усё больш разбуральныя для палацу наступствы. Зь цягам часу наступствы гэтага перавароту не слабелі, але ўзмацняліся, робячыся прычынай далейшых зьменаў у жыцьці двара і імпэрыі. Аднойчы ўражаны, палац ніколі ўжо ня зьведаў сапраўднага, лагоднага спакою. Паступова зьмянялася й сытуацыя ў горадзе. У таемных даносах паліцыі зьявіліся першыя згадкі пра хваляваньні. На шчасьце – як ён кажа – гэта яшчэ не былі хваляваньні вялікага, падрыўнога маштабу, але хутчэй – на пачатку – здрыгваньні, дробныя ваганьні, двухзначныя шолахі, шэпты, хіхіканьні, якаясьці празьмерная ацяжэласьць, расслабленасьць, пасіўнасьць, расхістанасьць, якоесьці пазьбяганьне і адмаўленьне, што выяўлялася ўва ўсім гэтым. Ён прызнае, што на падставе гэтых рапартаў цяжка было рабіць захады для падтрыманьня парадку, бо данясеньні гэтыя былі занадта цьмяныя і нават забаўна нявінныя, яны толькі паведамлялі, што штосьці вісіць у паветры, але выразна не называлі, што і дзе – а куды ж без такога ўдакладненьня паслаць танкі і ў якім кірунку загадаць адкрыць страляніну? Найчасьцей рапарты цьвердзілі, што гэтыя шолахі і шэпты паходзілі з унівэрсытэту – новай і адзінай у гэтай краіне вышэйшай навучальнай установы, у якой, зрэшты, немавед адкуль зьявіліся скептычныя і непрыхільныя адзінкі, гатовыя кідацца абразьлівымі і няспраўджанымі паклёпамі, абы толькі засмуціць імпэратара. Далей ён кажа, што манарх, які, нягледзячы на шаноўны ўзрост, захоўваў зьдзіўляльную для атачэньня праніклівасьць, лепей за найбліжэйшых яго людзей разумеў, што надыходзяць новыя часіны і што час сабрацца, абнавіцца, паскорыцца і дагнаць. Зраўнацца і нават перагнаць. Так – упарта паўтарае ён – нават перагнаць! Прызнаецца – сёньня пра гэта ўжо можна казаць – што частка палацу паставілася да гэтых амбіцыяў зь няпрыязьзю і бурчэла сама сабе, што заміж паддавацца спакусе ўсялякіх няпэўных навінак і рэформаў лепей было б утаймаваць выяўляныя моладзьдзю замежныя поцягі і зьнішчыць неразважнае меркаваньне, што краіна павінна выглядаць іначай, што краіну трэба зьмяніць. Імпэратар, аднак, ня слухаў ані гэтага арыстакратычнага бурчаньня, ані ўнівэрсытэцкага нараканьня, уважаючы, што ўсялякія крайнасьці шкодныя і супярэчныя прыродзе, і, выяўляючы прыроджаную разважнасьць і празорлівасьць, пашырыў поле сваёй улады і павялічыў увагу да новых абсягаў, што выявілася, напрыклад, ува ўвядзеньні папаўднёвых рэжымных гадзінаў, паміж чацьвертай і сёмай, а менавіта гадзіны разьвіцьця, міжнароднай гадзіны, а таксама вайскова-паліцыйнай гадзіны. Для гэтай жа мэты імпэратар стварыў адпаведныя міністэрствы і ўправы, дэлегатуры, аддзелы, прадстаўніцтвы і камісіі і пасадзіў у іх мноства новых людзей, добра выхаваных, адданых і ляяльных. Палац запоўніла чарговае пакаленьне фаварытаў, якія энэргічна мкнуліся рабіць кар’еру. Гэта быў, успамінае П. М., пачатак шасьцідзясятых гадоў.
П. М.: Якаясьці манія, дружа, агарнула гэты шалёны і непрадказальны сьвет, манія разьвіцьця. Усе хочуць разьвівацца! Кожны думае, як бы разьвіцца, прычым не звычайна, згодна з законам божым, што чалавек нараджаецца, разьвіваецца і памірае, але разьвіцца нечувана, дынамічна і магутна, разьвіцца так, каб усе захапляліся, зайздросьцілі, абмяркоўвалі, галовамі ківалі. Адкуль гэта ўзялося – невядома. Людзьмі авалодаў нейкі статкавы інстынкт, нейкае прагнае асьляпленьне, бо досыць, каб дзесьці на другім канцы сьвету хтосьці разьвіўся, і адразу ўсе хочуць разьвівацца, адразу напіраюць, штурмуюць, жадаюць, каб іх таксама разьвілі, каб іх узьнялі і зраўналі, і варта, дружа, занядбаць гэтыя галасы, і тут жа маеш бунты, крыкі, перавароты, адмаўленьні, расчараваньні і сабатаж. Але ж наша імпэрыя існавала сотні, нават тысячы гадоў бязь яўнага разьвіцьця, і тым ня менш яе ўладароў шанавалі, атачалі боскай славай. І імпэратар Зэра Якаб, і Товадрас, і Ёганэс – усіх атачалі. Каму б прыйшло да галавы ўпасьці перад манархам ніц і маліць, каб той яго разьвіў! Але цяпер сьвет пачаў зьмяняцца, з чаго дастойны гаспадар з прыроджанай беспамылковасьцю здаў сабе справу і ласкава пагадзіўся на гэтае разьвіцьцё, заўважаючы карысьць і чароўнасьць каштоўнай навіны, і таму, што ён заўсёды меў слабасьць да ўсялякага прагрэсу, нават больш за тое – любіў прагрэс, у ім і гэтым разам выразна выявілася добрая прага дзейнасьці і нехаваныя амбіцыі, каб праз гады сыты і ўсьцешаны народ гукнуў з прызнаньнем: гэй, гэта ён нас разьвіў! Вось жа, у гадзіну разьвіцьця – паміж чацьвертай і пятай папаўдні – гаспадар наш выяўляў асаблівую жывасьць і вынаходлівасьць. Ён прымаў карагоды плянавікоў, эканамістаў, фінансістаў, размаўляў, пытаўся, заахвочваў і хваліў. Адныя плянавалі, другія будавалі, ну, словам, пачалося разьвіцьцё не на жарт. Нястомны гаспадар езьдзіў і адкрываў то новы мост, то гмах, то лётнішча, надаючы гэтым аб’ектам сваё імя – мост імя Хайле Сэлас’е ў Агадэне, шпіталь імя Хайле Сэлас’е ў Харэры, заля імя Хайле Сэлас’е ў сталіцы, і так – што паўстала, тое атрымала імя імпэратара. А яшчэ ён нарожныя камяні закладаў, поступ будаўніцтва даглядаў, стужкі пераразаў, ва ўрачыстым запуску трактара ўдзел узяў, і паўсюль, як я казаў, размаўляў, пытаўся, заахвочваў і хваліў. У палацы павесілі мапу разьвіцьця імпэрыі, на якой – калі шаноўны гаспадар націскаў гузік – запальваліся агеньчыкі, стрэлкі, зоркі, кропкі, і ўсе яны мігцелі, зіхацелі, каб саноўнікі маглі пацешыць вока, хоць некаторыя бачылі ў гэтым толькі доказ зьдзівачаньня манарха, але, напрыклад, розныя замежныя дэлегацыі, то афрыканскія, то сусьветныя, яўна атрымлівалі асалоду ад выгляду мапы і, выслухаўшы тлумачэньні імпэратара пра агеньчыкі, стрэлкі, зоркі і кропкі, размаўлялі, пыталіся, заахвочвалі і хвалілі. І ішло б гэта так гадамі, на радасьць слаўнага гаспадара і яго саноўнікаў, калі б ня нашыя ныцікі-студэнты, якія ад часу сьмерці Гермамэ штораз больш пачалі галовы ўздымаць, розныя жахлівыя рэчы балбатаць, неразумна і дужа абразьліва супраць палацу выступаць. Маладзёны гэтыя, заміж выказваць удзячнасьць за выгоду асьветы, паплылі каламутнымі і здрадлівымі водамі паклёпу і падбухторваньня. На жаль, дружа, гэта сумная праўда, што, не заўважаючы, што гаспадар наш скіраваў імпэрыю на дарогу разьвіцьця, студэнты пачалі закідаць палацу дэмагогію і ашуканства. Пра якое, казалі яны, гаварыць разьвіцьцё, калі беднасьць аж крычыць! Якое ж гэта разьвіцьцё, калі народ прыгнечаны нэндзай, цэлыя правінцыі гінуць з голаду, мала хто мае хоць бы пару ботаў, усяго жменька падданых умее чытаць і пісаць, хто менш-больш сур’ёзна захварэе, памірае, бо няма ні шпіталяў, ні лекараў, наўкола цемра, барбарства, прыніжэньне, прыгнёт, дэспатызм і сатрапія, эксплюатацыя і роспач і так далей у гэтым стылі, дарагі чужынец, закідалі, ачарнялі, і зь цягам часу штораз нахабней, штораз больш дзёрзка і непакорна выступалі супраць прыхарошваньня і падсалоджваньня, карыстаючыся з дабрыні шаноўнага гаспадара, які толькі рэдка загадваў страляць па гэтай узбунтаванай чэрні, якая з кожным годам усё большай а большай масай вывальвалася з брамы ўнівэрсытэту. Урэшце прыйшоў час, калі яны выступілі зь дзёрзкай прыхамацьцю рэфармаваньня. Разьвіцьцё, абвясьцілі яны, немагчымае без рэформаў. Трэба селяніну даць зямлю, скасаваць прывілеі, дэмакратызаваць грамадзтва, ліквідаваць фэўдалізм і вызваліць край з-пад замежнай залежнасьці. З-пад якой такой залежнасьці, пытаюся, калі мы былі незалежныя? Мы былі незалежнай дзяржавай тры тысячы гадоў! Вось такая легкадумная і пустая балбатня. Зрэшты, пытаюся, як рэфармаваць, каб усё не пасыпалася? Як гэта зрушыць, каб не развалілася? Ці хтосьці можа задаць сабе такое пытаньне? Зь іншага боку, адначасна разьвіваць і накарміць таксама цяжка, бо адкуль браць грошы? Ніхто ня бегае па сьвеце і не раскідвае даляраў. Імпэрыя мала вытварае і ня мае чым гандляваць. Дык як напоўніць скарбніцу? Вось праблема, якой наш усёмагутны ўладар займаўся з зычлівым і абачлівым клопатам, надаючы ёй найвышэйшае значэньне, што няспынна выяўлялася падчас міжнароднай гадзіны.
Т.: Якое ж цудоўнае міжнароднае жыцьцё! Досыць паўспамінаць нашыя візыты – лётнішчы, вітаньні, кветак-рассыпаньне, у-абдымкі-кіданьне, аркестры, кожная хвіліна адшліфаваная пратаколам, а далей – лімузіны, прыёмы, тосты напісаныя і перакладзеныя, параднасьць і бліск, пахвалы, даверныя размовы, сусьветныя тэмы, этыкет, раскоша, прэзэнты, апартамэнты, урэшце стома, натуральна, пасьля ўсяго дня стома, але якая ж мілая і разьняволеная, якая выкшталцоная і ганаровая, якая дастойная і годная, якая – так! – міжнародная! А наступным днём – адведзіны, дзяцей лашчаньне, падарункаў прыманьне, гарачка, праграма, напяцьце, але прыемнае, паважнае, якое на момант вызваляе ад палацавых клопатаў, адсоўвае айчынныя засмучаньні, дазваляе забыць пра пэтыцыі, групоўкі, змовы, хоць найзычлівейшы гаспадар, ушаноўваны гаспадарамі, асьвятляны фотаўспышкамі, заўсёды дапытваўся пра дэпэшы з паведамленьнямі, што ў імпэрыі, што зь бюджэтам, што ў войску, што ў студэнтаў. Гэтай міжнароднай раскошы даставалася нават мне, які хадзіў у картэжы ўсяго толькі ў якасьці дзясятніка шостага дзясятку, восьмага рангу, дзявятага ўзроўню. Зьвярні ўвагу, дружа, што гаспадар наш асабліва любіў замежныя падарожжы. Ужо ў дваццаць чацьвертым годзе, будучы першым манархам у нашай гісторыі, які пакінуў межы імпэрыі, міласьцівы гаспадар ушанаваў сваім візытам краіны Эўропы. Была ў гэтым нейкая фамільная схільнасьць да падарожжаў, перанятая ад бацькі, нябожчыка князя Маканэна, колькі разоў пасыланага імпэратарам Мэнэлікам за мяжу для перамоваў з урадамі іншых дзяржаваў. Дадам, што нястомны гаспадар наш ніколі не губляў гэтай схільнасьці, і нават, насуперак звычайнаму парадку лёсу, калі пад старасьць людзі ўсё ахвотней застаюцца ўдома, зь цягам часу ўсё больш і больш падарожнічаў, рабіў візыты, наведваў найбольш аддаленыя краіны, да такой ступені забаўляючыся ў гэтых вандраваньнях, што зласьлівыя журналісты з замежнай прэсы называлі яго лятучым амбасадарам уласнага ўраду і пыталіся, калі ён зьбіраецца наведаць сваю імпэрыю! Але ж гэта яшчэ адпаведны момант, дружа, каб разам выказаць шкадаваньне з нагоды недарэчнасьці, нават бурклівасьці іншаземных газэтаў, якія, заміж кіравацца збліжэньнем, разуменьнем, гатовыя на любую подласьць і надзвычай ахвотна мяшаюцца ўва ўнутраныя справы. Я цяпер разважаю, чаму шаноўны гаспадар, нягледзячы на цяжар гадоў, які клаўся на яго сьпіну, усё часьцей і часьцей падарожнічаў, рабіў візыты. Усяму віною гэтая бунтарская пыха братоў Нэвай, якая назаўсёды парушыла лагодны спакой імпэрыі, бязбожна і безадказна тыцнуўшы на яе адсталасьць, недаразьвітасьць. А колькі вышэйпамянёных журналістаў адразу ж гэта падхапілі і нашага гаспадара ачарнілі. А студэнты да гэтага дарваліся і прачыталі, хоць і невядома, як дарваліся, бо найласкавейшы гаспадар цалкам забараніў імпарт усялякіх нагавораў, і пачаліся выступы, крытыка, балбатня пра застой, пра разьвіцьцё. Але гаспадар наш сам адчуваў дух часу і неўзабаве пасьля таго крывавага і ганебнага для імпэрыі бунту наказаў распачаць поўнае разьвіцьцё. А наказаўшы, ня меў іншага выйсьця, як толькі рушыць у вандраваньні ад сталіцы да сталіцы ў пошуках дапамогі, пазыкаў, капіталаў, бо імпэрыя нашая басаногая, худабедная, галадраная. І тут гаспадар наш выявіў сваю перавагу над студэнтамі, даводзячы ім, што можна разьвіваць і не рэфармаваць. А як гэта, спытаеш, дружа, магчыма? А так, што калі здабыць замежны капітал, каб ён будаваў фабрыкі, ніякая рэформа непатрэбная. І калі ласка – рэформаў гаспадар наш не дапусьціў, а фабрыкі будавалі, будавалі, то бок было разьвіцьцё. Досыць праехацца з цэнтру гораду ў бок Дэбрэ Зэйт – стаяць адна пры адной, сучасныя, аўтаматычныя! Але цяпер, калі шаноўны гаспадар ужо скончыў жыцьцё ў так недарэчнай закінутасьці, магу прызнацца, што ў мяне былі таксама і ўласныя думкі на тэму імпэратарскіх падарожжаў і візытаў. Гаспадар наш глядзеў глыбей і праніклівей, чымся хто-кольвек з нас. І гэтак гледзячы, разумеў, што штосьці заканчваецца і што ён занадта стары, каб стрымаць лявіну, якая надыходзіць. Усё больш стары і бясьсільны. Стомлены, вычарпаны. Ён усё больш патрабаваў збаўленьня, палёгкі. І гэтыя візыты былі вызваленьнем, ён мог уздыхнуць, перавесьці дух. Мог пэўны час не чытаць даносаў, ня слухаць рыку маніфэстацыяў і стрэлаў паліцыі, мог пэўны час не глядзець на твары падліз і падхалімаў. Ён ня мусіў, хоць бы адзін дзень ня мусіў разьвязваць неразьвязальнае, папраўляць непапраўнае, аздараўляць невылечнае. У гэтых аддаленых краінах ніхто ня ладзіў супраць яго змоваў, ніхто не вастрыў нажа, ён нікога ня мусіў вешаць. Ён мог спакойна пакласьціся спаць, ведаючы, што ўстане жывы, мог сесьці з прыязным прэзыдэнтам і паразмаўляць зь ім як чалавек з чалавекам. Вось так, дружа, дазволь мне яшчэ раз захапіцца міжнародным жыцьцём. Хіба безь яго можна было б зьнесьці цяжар панаваньня? І дзе ж, урэшце, чалавеку шукаць прызнаньня і разуменьня, калі не ў далёкім сьвеце, у чужых краёх, падчас гэтых інтымных размоваў зь іншымі ўладарамі, якія на наш смутак адкажуць спачувальным смуткам, бо самі маюць падобныя клопаты і турботы? Але ўсё гэта таксама не выглядала так, як я тут апавядаю. Бо калі мы ўжо дайшлі да гэтай ступені шчырасьці, прызнаемся, што ў апошнія гады панаваньня нашага дабрадзея посьпехаў было штораз менш, расчараваньняў штораз больш. І нягледзячы на стараньні, манаршых дасягненьняў не прыбывала, а як жа ў сёньняшнім сьвеце абгрунтаваць самога сябе, ня маючы дасягненьняў? Пэўна, можна прыдумляць, у два разы перабольшваць, тлумачыць, але тады адразу падымаюцца падбухторшчыкі і ўзводзяць паклёп, і такое нейкае пачалося падступства і непрыстойнасьць, што хутчэй дадуць веры падбухторшчыкам, чымся словам трона. Вось жа, найвышэйшы гаспадар больш любіў выяжджаць за мяжу, бо там, выступаючы, спрэчкі залагоджваючы, разьвіцьцё рэкамэндуючы, братоў-прэзыдэнтаў на добры шлях настаўляючы, клопат пра лёс народу выказваючы, ён, з аднаго боку, ратаваўся ад пакутлівых айчынных турботаў, зь іншага боку, атрымліваў збавенную кампэнсацыю ў выглядзе найвышэйшай раскошы і зычлівых пахвалаў іншых урадаў і двароў. Бо выпадае памятаць, што гаспадар наш, нягледзячы на цяжар так доўгага жыцьця, нават у хвіліны найбольшых выпрабаваньняў і расчараваньняў ніколі ня кідаў барацьбы і, нягледзячы на гэтае знуджаньне і патрэбу кампэнсацыяў, ані на момант ня думаў адступіцца ад трона, а насупраць, па меры памнажэньня цяжкасьцяў і апазыцыі з асаблівай пільнасьцю выконваў абавязкі вайскова-паліцыйнай гадзіны, падчас якой ён умацоўваў трываласьць імпэрыі і неабходны парадак.
Б. Х.: Найперш падкрэсьлю, што гаспадар наш, будучы найвышэйшай асобай у імпэрыі, якая стаяла па-над законам – бо, сам становячы адзіную крыніцу закону, ён не падлягаў яго нормам і вызначэньням, – быў найвышэйшым ува ўсім, што існавала, што было пакліканае да жыцьця Богам ці людзьмі, а значыць, таксама і найвышэйшым галоўнаначальнікам арміі і паліцыі. З абедзьвюх функцыяў вынікаў абавязак асаблівага клопату і ўважлівага нагляду за гэтымі інстытуцыямі, пагатоў што студзеньскія здарэньні далі сьведчаньне ганебнага непарадку, абразьлівага парушэньня субардынацыі і нават блюзьнерскай здрады, якія завяліся ў шэрагах Імпэратарскай гвардыі і ў паліцыі. На шчасьце, аднак, генэралы войска ў гэтай неспадзяванай гадзіне выпрабаваньня давялі сваю ляяльнасьць, умагчыміўшы імпэратару годнае, хоць і балючае вяртаньне ў палац, але ўратаваўшы нашаму гаспадару трон, цяпер яны пачалі дакучаць дабрадзею, дамагаючыся адплаты за гэтую службу. Бо ў войску панавала такая прыземленасьць, што ляяльнасьць пералічалі на грошы і нават чакалі, што шчодры гаспадар з уласнай ініцыятывы будзе ім штораз больш набіваць кішэні, ня памятаючы, што прывілеі карумпуюць, а карупцыя пляміць гонар мундура. І гэтая дзёрзкасьць і нахабства генэралаў арміі перадавалася таксама кіраўнікам паліцыі, якія таксама прагнулі карумпаванымі, прывілеямі абсыпанымі быць, кішэні сабе набіваць. А ўсё таму, што яны бачылі прагрэсуючую слабасьць палацу і спрытна выснавалі, што цяпер яны часта могуць быць патрэбныя нашаму манарху і што ў канцавым выніку яны становяць найнадзейнейшую, а ў крытычных хвілінах – адзіную астою ўсёўладнай улады. Тады абачлівы гаспадар мусіў увесьці вайскова-паліцыйную гадзіну, падчас якой ён раздаваў вышэйшым афіцэрам шчодрыя міласьці і выяўляў клопат пра стан гэтых інстытуцыяў, якія забясьпечвалі парадак і ўнутраную стабілізацыю, блаславёную народам. З дапамогай міласьцівага гаспадара вышэйпамянёныя генэралы наладзілі сабе такое добрае жыцьцё, што ў нашай імпэрыі, у якой жыло трыццаць мільёнаў сялянаў і ўсяго сто тысячаў салдатаў і паліцыянтаў, сялянства атрымлівала толькі адзін адсотак дзяржаўнага бюджэту, а войска і паліцыя – сорак. З гэтай прычыны студэнты мелі чарговую пажыву для пустога разумнічаньня, ачарненьня. Але ці слушна? Гэта ж наш гаспадар стварыў першую ў гісторыі краіны рэгулярную армію, аплачваную з адной, імпэратарскай касы. Перад ім існавала толькі войска, набіранае з паспалітага рушаньня, якое на заклік рушыла з усіх куткоў імпэрыі на поле бітвы, рабуючы па дарозе што можна было, разараючы спатыканыя вёскі, забіваючы сялянаў, вынішчаючы быдла. Пасьля такіх пераходаў, а ім не было канца, манархія выглядала як журботнае пабоішча, ляжала ў руінах і ніколі не магла ўстаць на ногі. Шаноўны ж гаспадар асуджаў рабаўніцтва, забараніў склікаць паспалітае рушаньне і даверыў ангельцам місію стварэньня сталага войска, што й адбылося пасьля выгнаньня італьянцаў. Дастойны гаспадар душы ня чуў у сваёй арміі, ахвотна прымаў парады і любіў апранаць імпэратарска-маршальскі мундур, аздоблены каляровымі шэрагамі ордэнаў і мэдалёў. Аднак яго імпэратарская вышыня не дазваляла яму занадта падрабязна заглыбляцца ў дэталі жыцьця кашараў і дасьледаваць становішча простага салдата і ніжэйшых афіцэраў, а палацавая машына, якая расшыфроўвала вайсковыя шыфры, відавочна барахліла, бо зь цягам часу высьвятлялася, што імпэратар ня ведаў, што адбываецца за мурамі дывізій, а гэта – на жаль – пазьней фатальна адбілася на лёсах трона і імпэрыі.
П. М.: ...а ў выніку дбаньня нашага дабрадзея пра разьвіцьцё сілаў парадку і ягонай шчодрасьці на гэтай ніве столькі гэтых паліцыянтаў разьвялося ў апошнія гады ягонага панаваньня, столькі паўсюль зьявілася вушэй, якія тырчэлі зь зямлі, прыклейваліся да сьценаў, ляталі ў паветры, віселі на клямках, віжавалі ўва ўстановах, хаваліся ў натоўпе, пільнавалі ў брамах, тоўпіліся на рынках, што людзі – каб бараніцца ад пошасьці даносчыкаў – невядома як, дзе і калі, бяз школаў, бяз курсаў, бяз плытак і слоўнікаў навучыліся другой мовы, хутка, як паліглёты, апанавалі новую мову, засвоілі яе і дасягнулі ў ёй нечуванага ўмельства, так што мы, простыя і неасьвечаныя, раптам сталі дзьвюхмоўным народам. Гэта было вельмі карысна ў жыцьці, нават ратавала жыцьцё, ратавала спакой і дазваляла існаваць. Кожная з моваў мела розную лексыку і розны сэнс, і нават розную граматыку, і тым ня менш усе давалі сабе рады з гэтымі цяжкасьцямі і ўмелі ў належны час выказацца на належнай мове. Адная мова служыла для вонкавага маўленьня, другая – для ўнутранага, першая была салодкай, а другая – горкай, першая – лагоднай, а другая – хрыплай, адная – высунутай угару, а другая – падціснутая да горла. І ўжо кожны вырашаў паводле раскладу і акалічнасьцяў, ці пэўную мову выцягнуць, ці схаваць, ці паказаць, ці закрыць.
М.: І падумаць толькі, Вашаць, што пасярод гэтага росквіту, разьвіцьця, пасярод гэтай абвешчанай нашым манархам памыснасьці і дабрабыту раптам выбухае паўстаньне. Як гром зь яснага неба! У палацы зьдзіўленьне, неразуменьне, беганіна, клопатаў процьма, шаноўнага гаспадара пытаньне – адкуль узялося паўстаньне? А як жа нам, слугам пакорным, на гэта адказаць? Усякае можа здарыцца зь людзьмі, а значыць, можа здарыцца і з імпэрыяй, і вось якраз у шэсьцьдзесят восьмым годзе здарылася, што ў правінцыі Годжам сяляне ўзялі ўладу за горла. Усім натаблям гэта здавалася цалкам незразумелым, бо народ жа ў нас мірны, пакорны, набожны, да паўстаньняў зусім ня-схільны, а тут – я кажу – ні села ні пала – бунт! У нашай традыцыі пакора – гэта найважнейшая рэч, і нават дастойны гаспадар, будучы падлеткам, боты свайму бацьку цалаваў. А калі старэйшыя елі, дзеці мусілі стаяць тварам да сьцяны, каб не ахапіла іх бязбожная спакуса зраўнацца з бацькамі. Я ўспамінаю пра гэта, Вашаць, каб ты зразумеў, што калі ўжо ў такой краіне падданыя пачынаюць абурацца, для гэтага мусіць быць якаясьці надзвычайная прычына. Вось жа, тут прызнаем, што гэтай прычынай аказалася пэўная няўклюдная звышстараннасьць міністэрства фінансаў. Гэта былі гады выкананьня загаду на разьвіцьцё, якое прынесла нам столькі засмучэньняў. А чаму засмучэньняў? А таму што гаспадар наш, выступаючы за разьвіцьцё, абуджаў апэтыты і прыхамаці падуладных, а тыя, ахвотна даючы будзіць свае апэтыты, думалі, што разьвіцьцё – гэта прыемнасьці і ласункі, і давай дамагацца стравы і паправы, грошай і дабротаў. А найбольшыя засмучэньні выклікалі посьпехі асьветы, бо большала тых, хто скончыў школу, і іх трэба было расьпіхваць па ўстановах, у выніку чаго бюракратыя разбухала, стала вялізнай і выцягвала з імпэратарскай касы ўсё больш грошай. А як жа чыноўнікаў выганяць, калі гэта найбольш трывалае і ляяльнае апірышча? Чыноўнік у кутку штосьці абмяркуе, сам сабе пабурчыць, але калі яго заклікаць да парадку – замаўчыць, а калі трэба – устане і падтрымае. І прыдворных таксама няможна гнаць, бо гэта найбліжэйшая палацавая радня. І афіцэраў таксама няможна – бо гэтыя забясьпечвалі спакойнае разьвіцьцё. І вось гэтак у гадзіну касы зьбіралася безьліч людзей, а капшук ужо скурчыўся дашчэнту, бо з кожным днём літасьцівы гаспадар мусіў плаціць за ляяльнасьць штораз большыя грошы. І таму што кошты ляяльнасьці расьлі а расьлі, паўставала пільная патрэба павелічэньня даходаў, і акурат тады міністэрства фінансаў загадала сялянам плаціць новыя падаткі. Сёньня мне ўжо можна сказаць, што гэта было рашэньне выдатнага гаспадара, але што імпэратар як ласкавы дабрадзей ня мог выдаваць прыкрых і непамысных пастановаў, усялякі дэкрэт, які накладаў новы цяжар на плечы народу, выдаваўся пад шыльдай якогасьці міністэрства. Калі народ ня мог зьнесьці гэтага цяжару і пачынаў бунтаваць, шчодры гаспадар лаяў міністэрства і зьмяняў міністра, хоць ніколі не рабіў гэтага адразу, каб не ствараць прыніжальнага ўражаньня, што манарх дазваляе расьперазанаму натоўпу наводзіць парадак у палацы. Хутчэй, наадварот – калі ён меркаваў, што ёсьць патрэба паказаць манаршую ўсёмагутнасьць, ён павышаў найбольш непапулярных саноўнікаў, ставячы іх на высокія пасады, не раўнуючы хацеў сказаць – а вось вам, глядзіце, хто тут напраўду ўладарыць, робячы магчымым немагчымае! – і такім чынам ласкава жартуючы з падуладнымі, шаноўны гаспадар даводзіў сваю сілу і павагу. І вось, Вашаць, з правінцыі Годжам прыходзяць паведамленьні, што сяляне хвалююцца, бунтуюць, зборшчыкам падаткаў галовы разьбіваюць, паліцыянтаў вешаюць, натабляў праганяюць, маёнткі паляць, ураджаі зьбіраюць. Губэрнатар рапартуе, што бунтаўнікі штурмуюць установы, дзе зловяць імпэратарскіх людзей, там на іх сварацца, катуюць, пасьля чвартуюць. Чым даўжэйшая, відаць, пакора, маўчаньне, цяжараў трываньне, тым большая пасьля незычлівасьць і лютасьць. А ў сталіцы ўжо студэнты выступаюць, бунтаўнікоў хваляць, пальцам на двор тыцкаюць, паклёпнічаюць. Добра, што гэтая правінцыя далёка, таму можна было яе адрэзаць, войскам аблажыць, агонь адкрыць, паўстаньне ў крыві патапіць. Але перш чым гэта было зроблена, вялікі страх адчуваўся ў палацы, бо ніколі не вядома, як далёка разьліецца такі кіпень, і таму абачлівы гаспадар, гледзячы, як хістаецца імпэрыя, найперш паслаў у Годжам карнікаў, каб сялянам галовы паздымаць, але пасьля з увагі на незразумелы супраціў бунтаўнікоў загадаў новыя падаткі адклікаць і насварыўся на міністэрства за згаданую звышстараннасьць. Шаноўны гаспадар лаяў чыноўнікаў, якія не разумелі аднаго простага прынцыпу – прынцыпу другога меха. Бо народ ніколі не абураецца з той прычыны, што нясе цяжкі мех, ніколі не абураецца з прычыны эксплюатацыі, бо ён ня ведае жыцьця без эксплюатацыі, ня ведае, што яно існуе, а як жа можна жадаць чагосьці, чаго няма ў нашай уяве? Народ абурыцца толькі тады, калі раптам адным рухам хтосьці паспрабуе закінуць яму на плечы другі мех. Селянін тады ня вытрымае, упадзе тварам у гразь, але сарвецца і схопіць сякеру. Прычым, Вашаць, ён сякеру схопіць не таму, што гэтага другога меха ён ужо аніяк ня можа зьнесьці, не, ён бы яго зьнёс! Селянін сарвецца, таму што ў яго з гэтай нагоды зьявіцца такое адчуваньне, што, хочучы раптам і нібыта цішком закінуць яму другі мех на плечы, ты спрабаваў яго ашукаць, паставіўся да яго як да бяздумнай жывёлы, растаптаў рэшткі яго патаптанай годнасьці, палічыўшы яго за дурня, які ня бачыць, ня чуе, не разумее. Чалавек хапаецца за сякеру ня дзеля абароны сваёй кішэні, а толькі дзеля абароны сваёй людзкасьці, так, Вашаць, і таму гаспадар наш зганіў чыноўнікаў, якія дзеля ўласнай выгады і фанабэрыі заміж патроху, малымі мяшэчкамі цяжар дадаваць адразу, фанабэрыста цэлы мех на плечы закінуць спрабавалі. Цяпер жа гаспадар наш, каб захаваць у імпэрыі спакой у будучыні, загадаў чыноўнікам рабіць мяшэчкі і толькі па малым мяшэчку ды зь перапынкамі цяжар дадаваць, пільна гледзячы на твары носьбітаў: ці вытрымаюць яшчэ трохі, ці ўжо не, ці яшчэ крышку дакласьці, ці даць перадыхнуць. У гэтым, Вашаць, палягала ўся штука, каб ня так адразу, груба, з ботамі, усьляпую, але літасьціва, клапатліва, па тварах чытаючы, калі можна дакласьці, калі закруціць, а калі адкруціць. І гэтак, датрымліваючыся ўказаньняў манарха, праз пэўны час, калі кроў ужо ўвабралася і вецер разагнаў дым, зноў пачалі чыноўнікі падаткаў дадаваць, але ўжо патроху, паволі, лагодна, асьцярожна, а сяляне ўсё зьнесьлі і не адчувалі абразы.
З. С.-К.: Вось жа, у год пасьля гэтага паўстаньня ў Годжаме, якое, паказаўшы зацяты і бязьлітасны твар люду, узрушыла палац і нагнала страху вышэйшым саноўнікам – але ня толькі ім, бо і ў нас, шараговых чыноўнікаў, мароз па скуры пайшоў – мяне напаткала асаблівае няшчасьце, бо сын мой, Хайлу, у тыя змрочныя гады студэнт унівэрсытэту, пачаў думаць. Менавіта так, пачаў думаць. Мушу патлумачыць табе, дружа, што думаньне ў тыя часы было дакучлівай невыгодай, нават пакутлівым калецтвам, і натуральна, высокі гаспадар у сваім бесьперапынным клопаце пра дабро і карысьць падуладных ніколі ня кідаў стараньняў абараніць іх ад гэтай невыгоды і калецтва. Навошта ж ім было марнаваць час, які яны павінны былі аддаваць справе разьвіцьця, навошта парушаць свой унутраны спакой і забіваць галаву ўсялякімі нядобранадзейнымі думкамі? Нічога прыстойнага і лагоднага не магло атрымацца з факту, што хтосьці вырашыў думаць ці неабачліва і дзёрзка далучыўся да таварыства тых, хто думаў. І гэткую неасьцярожнасьць, на жаль, зрабіў мой легкадумны сын, што першай заўважыла мая жонка, якой матчын інстынкт падказаў, што над нашым домам зьбіраюцца цяжкія хмары, і якая пэўнага дня сказала мне, што Хайлу хіба пачаў думаць, бо ён яўна пасмутнеў. А тады было так, што тыя, хто аглядаўся па імпэрыі і раздумваў аб тым, што іх атачала, хадзілі смутныя і задуменныя, зь нейкай неспакойнай задумлівасьцю ў паглядзе, нібыта прадчуваючы штосьці неакрэсьленае, невыказнае. Найчасьцей такія твары спатыкаліся сярод студэнтаў, якія – дадамо тут – рабілі нашаму гаспадару ўсё больш непрыемнасьцяў. Нават дзіўна, што паліцыя ня выйшла на гэты сьлед, на гэтую сувязь паміж думаньнем і настроем, бо калі б яна своечасова зрабіла гэтае адкрыцьцё, то магла б лёгка абясшкодзіць памянёных думаньнікаў, якія сваёй вечнай бурклівасьцю, скаргамі і зласьлівай маруднасьцю ў выказваньні задавальненьня столькі засмучэньняў і клопату прыносілі шаноўнаму пану. Імпэратар, аднак, выяўляючы большую кемлівасьць, чым ягоныя паліцыянты, разумеў, што смутак можа схіляць да думаньня, расчараваньня, наплявацельства, апушчанасьці, і таму наказваў ладзіць па ўсёй імпэрыі забавы, пацехі, танцы, сьвяты. Сам дастойны гаспадар загадваў палац асьвятляць, убогіх частаваў, да весялосьці заахвочваў. А тыя, наеўшыся, натанчыўшыся, гаспадара свайго хвалілі. І гэта трывала гадамі, і так ужо гэтыя пацехі людзям галовы пазатыкалі, пазашпунтоўвалі, што яны, калі сустракаліся, толькі пра забаўляньне гутарылі, сьмехам выбухалі, дзівы ўспаміналі, байкі паўтаралі. Хоць бедната, але сьмехата. Хоць і блага, але брага. Хоць і гола, ды вясёла. Ды толькі тым, хто думаў і бачыў, як усё шарэе, гібее, у гразі качаецца, лішаём пакрываецца, ані да жартаў не было, ані да весялосьці. Пры гэтым яны яшчэ ўсім настрой псавалі, да думаньня іх схіляючы, але іншыя хоць і ня думалі, але мудрэйшыя былі, не давалі сябе ўцягнуць, і калі студэнты балбатаць пачыналі, мітынгаваць, тыя вушы затыкалі і як хутчэй зьнікалі. Бо навошта ведаць, калі лепей ня ведаць? Навошта цяжэй, калі можна лягчэй? Навошта гаварыць, калі лепей памаўчаць? Навошта ўдавацца ў справы імпэрыі, калі ў сваёй хаце столькі справаў, клопатаў? Вось жа, дружа, гледзячы, якой небясьпечнай дарогай рушыць мой сын, я стараўся яго адводзіць, адцягваць, да забавы заахвочваць, на экскурсіі пасылаць, як на мяне, дык ужо лепей бы ён начному жыцьцю аддаўся, чым гэтым пякельным змовам і маніфэстам. Уяві сабе маю засмучанасьць, прыгнечанасьць з таго, што бацька ў палацы, а сын у антыпалацы, што бацька выходзіць на вуліцу, ахоўваны паліцыяй ад уласнага дзіцяці, якое ў шэсьцях ходзіць, каменем цэліць. Я казаў яму: ды супакойся ж ты з гэтым думаньнем, ні да чога яно не даводзіць, кінь думаньне, бярыся за свавольства, паглядзі на іншых, якія мудрых слухаюць, якія яны сьветлыя ходзяць, твары маюць бясхмарныя, сьмехам душацца, забавамі жывуць, а калі ўжо якая заклапочанасьць на іх находзіць, дык толькі як бы сабе кішэнь напхаць, а да такіх турботаў і клопатаў гаспадар заўсёды ласкава ставіцца і пра тое, як бы цяжкую долю аблегчыць, падданых абагрэць, бесьперапынна думае. А як жа, кажа мне Хайлу, можа быць супрацьлегласьць паміж чалавекам, які думае, і чалавекам мудрым, калі ён ня думае, то значыць, што ня мудры. Акурат мудры, кажу, адно што ён думкі ў бясьпечнае месца скіраваў, ува ўтульны куток, у зацішша, а не паміж млынавых колаў, якія з грукатам усё зьнішчаюць, і там свае думкі так убіў, утрамбаваў, што ніхто ня можа дачапіцца, абвінаваціць яго, а ён і сам ужо забыў, дзе яны, і бязь іх навучыўся жыць. Але дзе там! Хайлу жыў ужо ў іншым сьвеце, бо ў тым часе ўнівэрсытэт, разьмешчаны паблізу палацу, замяніўся ў сапраўдны антыпалац, і толькі адважныя людзі туды заходзілі, бо прастора паміж дваром і вучэльняй усё больш нагадвала поле бітвы, на якім вырашаліся лёсы імпэрыі. Ён вяртаецца да сьнежаньскіх падзеяў, калі начальнік імпэратарскай гвардыі Мэнгісту Нэвай прыйшоў ува ўнівэрсытэт, каб паказаць студэнтам сухі хлеб, які паўстанцы далі есьці найбліжэйшым людзям манарха. Гэты выпадак быў узрушэньнем, якое студэнты запомнілі назаўсёды. Адзін з найбольш давераных афіцэраў Х. С. прадстаўляў ім імпэратара – боскую асобу са звышнатуральнымі якасьцямі – як чалавека, які цярпеў у палацы карупцыю, быў абаронцам адсталай сыстэмы і мірыўся з галечай мільёнаў падуладных. Ад таго дня яны пачалі барацьбу, і ўнівэрсытэт ужо ня ведаў спакою. Бурлівы канфлікт паміж палацам і вучэльняй, які трываў амаль чатырнаццаць гадоў, паглынуў дзясяткі ахвяраў і скончыўся толькі са зьвяржэньнем імпэратара. У тыя гады існавалі два партрэты імпэратара. Адзін – вядомы міжнароднаму грамадзкаму меркаваньню – прадстаўляў імпэратара як трохі экзатычнага, але дзельнага манарха, які адзначаўся невычэрпнай энэргіяй, жывым розумам і глыбокай чульлівасьцю, які даў адпор Мусаліні, здабыў імпэрыю і трон, меў амбіцыі разьвіваць сваю дзяржаву і адыгрываць важную ролю ў сьвеце. Другі – фармаваны паступова, спачатку невялікай часткай айчыннай грамадзкай думкі – паказваў манарха як уладара, гатовага рашуча бараніць сваю ўладу, любой цаной, і перадусім як дэмагога і тэатральнага патэрналіста, які словамі і жэстамі прыкрываў прадажнасьць, тупасьць і сэрвілізм кіраўнічай эліты, ім створанай і пешчанай. Абодва гэтыя партрэты, зрэшты, як гэта бывае ў жыцьці, былі праўдзівыя, Х. С. быў складанай асобай, для адных ён быў поўны чароўнасьці, у іншых выклікаў нянавісьць, адныя яго багомілі, іншыя пракліналі. Ён кіраваў краінай, у якой былі вядомыя толькі найбольш брутальныя мэтады барацьбы за ўладу (ці яе ўтрыманьня), у якой вольныя выбары замянялі кінжал і атрута, дыскусію – стрэл і шыбеніца. Ён быў прадуктам гэтай традыцыі, сам практыкаваў яе. І заразом ён разумеў, што ёсьць у гэтым якаясьці немагчымасьць, якаясьці несумяшчальнасьць з новым сьветам. Але ён ня мог зьмяніць сыстэмы, якая трымала яго пры ўладзе, а ўлада была для яго па-над усім. Адсюль уцёкі ў дэмагогію, у цырыманіял, тронавыя прамовы пра разьвіцьцё – такія пустыя ў гэтым краі гнятучай беднасьці і цемры. Ён быў надзвычай сымпатычнай постацьцю, праніклівым палітыкам, трагічным бацькам, хваравітым скнарам, выракаў нявінных на сьмерць, вінаватых аблашчваў, вось такія капрызы ўлады, лябірынты палацавай палітыкі, двухзначнасьці, цемры, ніхто ў іх не пранікне.
З. С.-К.: Адразу пасьля паўстаньня ў Годжаме князь Каса хацеў сабраць ляяльных студэнтаў і зрабіць маніфэстацыю ў падтрымку імпэратара. Усё было ўжо гатовае, партрэты і транспаранты, калі дастойны гаспадар даведаўся пра гэта і сувора насварыўся на князя. Ні пра якія маніфэстанцыі не магло быць і мовы. Пачнуць з падтрымкі, а скончаць абразамі! Пачнуць зь віватаў, а пазьней прыйдзецца агонь адкрываць. І калі ласка, дружа, – яшчэ раз шаноўны ўладар давёў сваю вартую подзіву праніклівасьць. Бо ўва ўсеагульным балагане маніфэстацыю ўжо ня здолелі адклікаць. І калі рушыла шэсьце падтрымкі, якое складалася з паліцыянтаў, пераапранутых у студэнтаў, да яго адразу далучылася вялікая збунтаваная студэнцкая маса, і зламысная гэтая чэрнь скіравалася да палацу, і не было іншага выйсьця, як выставіць войска і загадаць навесьці парадак. У злашчаснай сутычцы, якая скончылася кровапраліцьцем, загінуў лідэр студэнтаў – Тылахум Гізаў. І якая ж іронія лёсу, што палегла таксама колькі тых паліцыянтаў, зусім не вінаватых! Я памятаю, што гэта было ў канцы сьнежня шэсьцьдзесят дзявятага году. Назаўтра я перажыў вельмі страшны дзень, бо Хайлу і ўсе ягоныя сябры пайшлі на пахаваньне, і такі натоўп сабраўся каля труны, што зь яго зрабілася новая маніфэстацыя, а нельга ўжо было далей дазваляць сталага хваляваньня, узрушэньня сталіцы, таму дастойны гаспадар паслаў бронемашыны і даў загад на надзвычай жорсткае ўсталяваньне парадку. І ў выніку гэтай надзвычайнай жорсткасьці загінула больш за дваццаць студэнтаў, і не зьлічыць было параненых і арыштаваных. Гаспадар наш загадаў на год закрыць вучэльню, чым уратаваў жыцьцё многім маладым людзям, бо калі б яны вучыліся, мітынгавалі, на палац наступалі, зноў манарх мусіў бы адказваць дручкамі, стралянінай, кровапраліцьцем.
РаспадДзіўная рэч, як надзвычай бясьпечна пачуваліся ўсе гэтыя жыхары найвышэйшых і сярэдніх паверхаў грамадзкага гмаху ў момант, калі выбухнула рэвалюцыя; з усёй наіўнасьцю духу яны разглагольствуюць пра цноты люду, пра яго лагоднасьць, адданасьць, пра яго нявінныя забавы, калі над імі ўжо вісіць год дзевяцьсот трэці: камічнае і страшнае гэта відовішча. Таквіль, «Стары рэжым і рэвалюцыя».
І было там штосьці яшчэ, штосьці невідочнае, якісьці ўладны дух гібелі, які хаваўся ўнутры. Конрад, «Лорд Джым».
У некаторых жа прыдворных Юстыніяна, якія былі пры ім у Палацы да позьніх гадзінаў, было ўражаньне, што заміж яго яны бачаць чужую здань. Адзін зь іх сьцьвярджаў, што імпэратар раптоўна зрываўся з трона і пачынаў хадзіць па залі (бо ён сапраўды ня мог доўга ўседзець на месцы); раптам галава Юстыніяна зьнікала, але цела далей хадзіла наўкола. Прыдворны, мяркуючы, што яго падманвае зрок, доўгі час стаяў зьбянтэжаны і бязрадны, аднак пасьля, калі галава вярталася на сваё месца на тулаве, са зьдзіўленьнем пераконваўся, што ён зноў бачыць тое, чаго хвілю таму не было. Пракопі з Цэзарэі, «Сакрэтная гісторыя».
Потым задай сабе пытаньне: дзе ж гэта ўсё цяпер? – Дым, попел, паданьне, альбо нават ужо і паданьнем ня ёсьць. Марк Аўрэль, «Роздумы».
Нічыя сьвечка не гарыць да самага ранку. І. Андрыч, «Консулы іх імпэратарскіхвялікасьцяў».
М. С.: Я шмат гадоў быў мінамётчыкам яснавяльможнага гаспадара. Мінамёт я ставіў паблізу ад месца, дзе літасьцівы гаспадар даваў бяседы для прагных да ежы беднякоў. Калі бяседа канчалася, я выстрэльваў угару сэрыю снарадаў. У момант выбуху з гэтых снарадаў вылятала каляровае воблака, якое, рассыпаючыся, павольна падала на зямлю – гэта былі стракатыя хусткі з выявай імпэратара. Людзі тоўпіліся, штурхаліся, выцягвалі рукі, кожны хацеў вярнуцца дадому, адораны цудоўна спушчаным зь неба партрэтам імпэратара.
А. А: Ніхто, абсалютна ніхто, дружа, не прадчуваў, што надыходзіць канец. Ці хутчэй, штосьці там прадчувалася, штосьці ў галаве круцілася, але такое няяснае, невыразнае, што быццам увогуле не было ніякага адчуваньня надзвычайнасьці. А ўжо ж даўно блукаў па палацы камэрдынэр, штораз гасячы якіясьці агні, але зрок да гэтага згасаньня прызвычайваўся, і прыходзіла выгодная ўнутраная згода, што відочна-невідочна так усё мусіць быць пагашанае, зацемненае, паўзмрочна азмрочанае. У дадатак да гэтага ў імпэрыю пракраліся дэмаралізуючыя непарадкі, якія ўсяму палацу рабілі шмат клопатаў, а больш за ўсіх нашаму міністру інфармацыі, спадару Тэсфае Гебрэ-Эгзы, расстралянаму пазьней пануючымі сёньня бунтаўнікамі. Пачалося з таго, што ў семдзесят трэцім годзе, летам, прыехаў да нас журналіст зь лёнданскай тэлевізіі, нейкі Джонатан Дымбэлбі. Гэты тып даўней ужо бываў у імпэрыі, робячы хвалебныя фільмы пра нашага ўсёмагутнага ўладара, і таму нікому да галавы не прыйшло, што такі журналіст, які сьпярша хваліць, асьмеліцца пазьней зганіць, але такая ўжо, відаць, подлая натура гэтых людзей бяз годнасьці й веры. Так ці інакш, гэтым разам Дымбэлбі, заміж паказваць, як наш гаспадар разьвіцьцё даглядае і пра дабрабыт простых людзей клапоціцца, зьнік недзе на поўначы, адкуль нібыта вярнуўся ўсхваляваны і ўстурбаваны і адразу ж паехаў у Англію. Не мінула і месяца, як з нашай амбасады прыйшло данясеньне, што спадар Дымбэлбі паказаў у лёнданскай тэлевізіі свой фільм пад назвай «Схаваны голад», у якім гэты беспрынцыпны паклёпнік апусьціўся да дэмагагічнай штучкі, паказваючы тысячы людзей, якія паміраюць з голаду, а побач шаноўнага гаспадара, які бяседуе з саноўнікамі, пасьля паказаў дарогі, на якіх ляжаць дзясяткі шкілетаў памерлых ад голаду беднякоў, і адразу ж па гэтым нашыя самалёты, якія прывозяць з Эўропы шампанскае й ікру, тут – цэлае поле канаючых тубыльцаў, там – наш манарх, які падае мяса сваім сабакам са срэбнай місы, і так уперамешку: раскоша – нэндза, багацьце – роспач, карупцыя – сьмерць. У дадатак спадар Дымбэлбі заяўляе, што галадамор выклікаў сьмерць ужо ста, а можа і дзьвюхсот тысячаў людзей і што яшчэ столькі ж могуць у найбліжэйшыя дні падзяліць іх лёс. Паводле данясеньня амбасады, пасьля фільму ў Лёндане выбухнуў вялікі скандал, зьявіліся звароты да парлямэнту, газэты б’юць у звон, дастойнага гаспадара ганьбяць. Тут, дружа, відаць усю безадказнасьць замежнай прэсы, што гадамі, як і спадар Дымбэлбі, манарха нашага хваліла, і раптам, без аніякай нагоды і пачуцьця меры – зганіла. Чаму так? Чаму такая здрада і амаральнасьць? Далей амбасада даносіць, што зь Лёндану вылятае цэлы самалёт эўрапейскіх журналістаў, якія хочуць убачыць галадамор, пазнаць нашую рэчаіснасьць, а таксама высьветліць, куды дзяюцца грошы, якія іхныя ўрады давалі шаноўнаму гаспадару, каб ён разьвіваў, даганяў і пераганяў. То бок, коратка кажучы, умяшаньне ўва ўнутраныя справы імпэрыі! У палацы ўзрушэньне, абурэньне, але слаўны гаспадар загадвае захоўваць спакой і разважнасьць. І вось мы чакаем, якія будуць найвышэйшыя рашэньні. Адразу гучаць галасы, што трэба перадусім адклікаць амбасадара з прычыны такіх прыкрых і трывожных данясеньняў, якія ўносяць столькі неспакою ў жыцьцё палацу. Аднак міністар замежных справаў выступае супраць, аргумэнтуючы тым, што такое адкліканьне напалохае астатніх амбасадараў, якія ўвогуле перастануць даносіць што-кольвек, а мусіць жа дастойны гаспадар ведаць, што пра яго кажуць у розных частках сьвету. Тады азываюцца чальцы Кароннай рады, якія жадаюць самалёт з журналістамі разьвярнуць і ўсёй гэтай блюзьнерскай кодлы ў імпэрыю не пускаць. Але як жа тут, кажа міністар інфармацыі, не ўпусьціць, яны яшчэ большы крык уздымуць і міласьцівага гаспадара яшчэ горш зганяць. Рада ў раду, вырашылі прапанаваць літасьціваму гаспадару наступнае разьвязаньне: упусьціць, але запярэчыць. Так, сказаць што няма голаду! Трымаць іх у Адыс-Абэбе, паказываць разьвіцьцё, і хай пішуць толькі тое, што ў нашых газэтах здолеюць вычытаць. А прэсу, дружа, мы мелі ляяльную, скажу нават – узорна ляяльную. Праўду кажучы, не было яе шмат, бо на трыццаць зь лішкам мільёнаў падуладных штодзень друкавалася дваццаць пяць тысячаў асобнікаў газэтаў, але гаспадар наш выходзіў з такога прынцыпу, што нават найбольш ляяльнай прэсы не выпадае даваць зашмат, таму што з гэтага можа выпрацавацца навык чытаньня, а тады ўжо толькі крок да навыку думаньня, а вядома ж, якія гэта выклікае невыгоды, расчараваньні, клопаты і засмучэньні. Бо, скажам, штосьці можа быць ляяльна напісанае, але неляяльна прачытанае, хтосьці пачне чытаць ляяльныя рэчы, а пасьля захоча неляяльных, і так пойдзе дарогай, якая яго ад трона будзе аддаляць, ад разьвіцьця адцягваць, да бунту весьці. Не, не, гаспадар наш ня мог дапусьціць такой распусты, такога ўвядзеньня ў аблуду і таму ўвогуле ня быў энтузіястам надмернага чытаньня. Неўзабаве мы перажылі сапраўднае нашэсьце замежных карэспандэнтаў. Я памятаю, што адразу па іх прыезьдзе адбылася прэсавая канфэрэнцыя. Як выглядае, пытаюцца, праблема сьмерці ад голаду, якая косіць людзей? Мне пра гэта нічога не вядома, адказвае міністар інфармацыі, і мушу табе, дружа, сказаць, што ён ня быў далёкі ад праўды. Па-першае, сьмерць ад голаду сотні гадоў была ў нашай імпэрыі рэччу штодзённай і натуральнай, і ніколі нікому да галавы не прыходзіла ўздымаць вэрхал з гэтай нагоды. Наступала засуха, і зямля высыхала, быдла падала, сяляне паміралі – звычайны, згодны з законамі прыроды і адвечны парадак рэчаў. З прычыны гэтай адвечнасьці, нармальнасьці ніводны з натабляў не асьмеліўся б займаць увагу яснавяльможнага гаспадара тым, што хтосьці там у яго памёр з голаду. Натуральна, сам дастойны гаспадар наведваў правінцыі, але ня меў звычаю спыняцца ўва ўбогіх раёнах, дзе панаваў голад, дый, апроч таго, што можна ўбачыць падчас такіх афіцыйных адведзін? Людзі з палацу таксама ў правінцыю ня езьдзілі, бо досыць чалавеку пакінуць палаца, і тут жа на яго напляткараць, наданосяць, так што калі вернецца, убачыць, што ворагі перасунулі яго бліжэй да бруку. Дык адкуль жа мы маглі ведаць, што на поўначы пануе якісьці надзвычайны голад? Ці можам мы, пытаюцца карэспандэнты, паехаць на поўнач? Няможна, тлумачыць міністар, бо поўна разбойнікаў на дарозе. І зноў мушу сказаць, што ён ня быў далёкі ад праўды, бо апошнім часам даносілі пра памнажэньне ўва ўсёй імпэрыі ўсялякіх збройных нядобранадзейных элемэнтаў, якія хаваліся пры трактах. Пасьля гэтага міністар павёз іх на экскурсію па сталіцы, паказваў ім фабрыкі і нахвальваў разьвіцьцё. Але яны, дзе там – разьвіцьця ня хочуць, ім голад падавай, нічога больш іх не абыходзіць, хочуць мець голад і ўсё! Ну, кажа міністар, голаду вы ня ўбачыце, адкуль жа возьмецца голад, калі разьвіцьцё! Але тут, дружа, новая гісторыя здарылася. Гэтае наша збунтаванае студэнцтва паслала на поўнач сваіх дэлегатаў, а тыя напрывозілі і фатаграфіяў, і страшных гісторый аб тым, як памірае народ, і ўсё гэта цішком, употайкі карэспандэнтам перадалі. І пачаўся скандал, няможна ўжо было казаць, што няма голаду. Зноў карэспандэнты атакуюць, здымкамі размахваюць, пытаюцца, што ўрад у справе голаду зрабіў. Найвышэйшы гаспадар, адказвае ім міністар, надае гэтай справе найвышэйшае значэньне. Але канкрэтна! канкрэтна! – крычыць без аніякай павагі гэты пеклам народжаны зброд. Гаспадар наш, спакойна кажа міністар, у адпаведны час паведаміць, якія яго вялікасьцю плянуюцца пастановы, загады, даручэньні, не міністрам жа вырашаць такія рэчы і вызначаць хаду справаў. Урэшце карэспандэнты паляцелі і голаду блізка ня бачылі. І ўсю гэтую справу, так спакойна і годна адбытую, міністар палічыў посьпехам, прэса ж наша назвала перамогай. Міністар заўсёды неяк так рэчы прэзэнтаваў, што ўсё заканчвалася посьпехам і ўсё было добра, і мы баяліся, што калі б міністра гэтага ня стала, то адразу смуткам павеяла б, што пазьней спраўдзілася, калі мы яго пазбавіліся. Разваж яшчэ, Вашаць, што – паміж намі кажучы – някепска для лепшага парадку і большай пакоры падуладных народ трохі на дыеце патрымаць, пагаладаць прымусіць. Сама наша рэлігія загадвае палову дзён у годзе трымаць строгі пост, а запавет наш кажа, што хто пост парушае, робіць цяжкі грэх і ўвесь пачынае сьмярдзець серай пякельнай. У посны дзень няможна есьці больш за адзін раз, і тое нічога апроч кавалка праснака з прыправай з карэньняў. А чаму такую суворую рэлігію накінулі нам сьвятыя айцы, загадаўшы ўвесь час цела ўтаймоўваць? А таму, што чалавек паводле натуры ёсьць злой істотай, якую пякельная асалода прымушае паддавацца спакусам, а найперш спакусе непаслухмянасьці, валоданьня і распусты. Бо дзьве прагі буяюць у душы чалавека – прага агрэсіі і прага ашуканства. Калі не дазволіць яму крыўдзіць іншых, ён будзе сабе самому рабіць крыўду, калі не сустрэне нікога, каго можна было б ашукаць, ён сам сябе ў думках ашукае. Салодкі чалавеку хлеб ашуканства, кажа кніга прыпавесьцяў, а потым пяском напаўняецца рот яго. Як жа даць рады з гэтай страшнай істотай, якую ўяўляе сабой чалавек, якой ёсьць усе мы, як жа яе ўтаймаваць і ўціхамірыць? Як раззброіць гэтую шэльму, як яе абясшкодзіць? Ёсьць толькі адзін спосаб зрабіць гэта, дружа, – аслабіць чалавека. Так, забраць у яго сілы, бо, ня маючы іх, ён ня зможа чыніць зла. І якраз пост аслабляе, галаданьне пазбаўляе сілаў. Такая наша амхарская філязофія, і гэтага вучаць нашыя айцы. І ўсё гэта спраўджанае досьведам. Чалавек, які галадае ўсё жыцьцё, ніколі ня будзе бунтаваць. На поўначы не было ніякага бунту. Ніхто там ня ўзьняў ані голасу, ані рукі. Але калі толькі падуладны пачне есьці дасыта, а пасьля ты захочаш забраць у яго місу, ён адразу падымецца на бунт. У галаданьні тая карысьць, што ў галоднага думкі толькі пра хлеб, ён увесь паглынуты думкамі пра ежу, ён выдае на гэта рэшткі сілаў і яму ўжо не стае ні галавы, ні волі шукаць асалоды ў спакусе непаслухмянасьці. Вось падумай, хто зьнішчыў нашу імпэрыю, хто яе разбурыў? Ані тыя, хто меў шмат, ані тыя, хто ня меў нічога, а толькі тыя, хто меў трохі. Так, так, трэба заўсёды сьцерагчыся тых, хто мае трохі, бо гэта найгоршая, найбольш прагная сіла, гэта яны найбольш зацята мкнуцца ўгару.
З. С.-К.: Вялікае незадавальненьне, нават абурэньне, ганьбаваньне панавалі ў палацы з прычыны гэтай неляяльнасьці эўрапейскіх урадаў, якія дазволілі спадару Дамбэлбі і кампаніі ўзьняць такі вэрхал на тэму галадамору. Частка саноўнікаў выступала за тое, каб надалей адмаўляць усё, але гэта ўжо было немагчыма, калі сам міністар паведаміў карэспандэнтам, што яснавяльможны гаспадар надае голаду найвышэйшае значэньне. Тады ўжо далей новым шляхам ісьці і клікаць замежных дабрадзеяў на дапамогу! Самі ня маем, хай жа іншыя дадуць, колькі могуць. І не мінула шмат часу, як прыйшлі памысныя весткі. То якіясьці самалёты прыляталі са збожжам, то якіясьці караблі з мукой і цукрам. Прыехалі лекары і місіянэры, людзі з дабрачынных арганізацыяў, студэнты з замежных вучэльняў, а таксама карэспандэнты, якія выдавалі сябе за санітараў. Усе яны рушылі на поўнач, у правінцыі Тыгрэ і Вола, а таксама на ўсход, у Агадэн, дзе, кажуць, цэлыя плямёны гінуць галоднай сьмерцю. У імпэрыі ўсчаўся міжнародны рух! Адразу скажу, што ў палацы не было з гэтай нагоды вялікага задавальненьня, бо заўсёды дрэнна ўпускаць столькі іншаземцаў, бо яны з усяго дзівяцца ды яшчэ й крытыкуюць. І ўяві сабе, містэр Рычард, прадчуваньне не падманула нашых саноўнікаў. Бо калі гэтыя місіянэры, лекары і санітары – апошнія, як я згадаў, былі пераапранутыя карэспандэнты – дабраліся на поўнач, яны ўбачылі, як кажуць, рэч для іх найбольш нечуваную, а менавіта тысячы людзей, якія паміралі з голаду, і побач рынкі і крамы, поўныя харчоў. Ёсьць харчы, ёсьць харчы, кажуць, але быў дрэнны ўраджай, сяляне ўсё сабранае мусілі аддаць паном, і таму ў іх нічога не засталося, а спэкулянты выкарысталі сытуацыю і так падвысілі цэны, што мала хто можа купіць хоць бы жменю збожжа, і адсюль усё няшчасьце. Прыкрая справа, містэр Рычард, бо гэта нашыя натаблі былі тымі спэкулянтамі, а хіба ж можна так называць афіцыйных прадстаўнікоў шаноўнага гаспадара? Афіцыйны і – спэкулянт? Не, не, няможна так казаць! Таму, калі крык гэтых місіянэраў, санітараў дайшоў да сталіцы, у палацы адразу загучалі галасы, якія заклікалі ўсіх гэтых дабрадзеяў, філёзафаў з імпэрыі выдаліць. Але як жа – кажуць іншыя – выдаліць? Немагчыма ж спыніць акцыю супраць голаду, калі літасьцівы гаспадар надае ёй найвышэйшае значэньне! І зноў невядома, што рабіць, выдаліць – дрэнна, пакінуць – таксама дрэнна, нейкая такая запанавала нерашучасьць і няяснасьць, калі раптам новы пярун б’е. Гэтыя санітары, місіянэры ўздымаюць крык, што транспарты з мукой і цукрам да галодных не даходзяць. Штосьці такое адбываецца, кажуць дабрадзеі, што дапамога зьнікае па дарозе, і трэба высьветліць, куды яна зьнікае, і вось ужо на ўласную руку пачынаюць шнырыць, умешвацца, нос соваць. Зноў выяўляецца, што спэкулянты цэлыя транспарты ў свае склады засылаюць, цэны шрубуюць, кішэні набіваюць. Як гэта выкрылі, цяжка сёньня прасачыць, хіба мусілі адбыцца нейкія ўцечкі. Бо ўсё было так арганізавана, што імпэрыя, натуральна, дапамогу прымае, але разьмеркаваньнем дароў займаецца сама, а куды пойдзе мука і цукар, нікому няможна дазнавацца, бо гэта будзе ўважацца за ўмяшаньне. Аднак тут нашы студэнты ў бой рушаць, выходзяць на вуліцы, ладзяць шэсьці, выкрываюць карупцыю, патрабуюць суду над вінаватымі, ганьба! ганьба! крычаць, канец імпэрыі абвяшчаюць. Паліцыя іх дручкамі лупцуе, арыштоўвае. Крыкі, хваляваньні. У гэтыя дні, містэр Рычард, мой сын Хайлу рэдка дома бываў. Унівэрсытэт ужо быў у стане адкрытай вайны з палацам. Гэтым разам пачалося з зусім мізэрнай справы, з малога, нікчэмнага здарэньня, такога малога, што проста ніякага, што ніхто б яго не заўважыў, ніхто б нават не падумаў, але, відавочна, прыходзяць такія моманты, калі найменшае здарэньне, драбніца дробная, поўнае глупства выклікае рэвалюцыю і распальвае вайну. Таму рацыю меў наш начальнік паліцыі, спадар генэрал Ілма Шыбэшы, калі загадаў шукаць дзіркі ўва ўсім, не ленавацца, а пільна шукаць, дзьмуць на халоднае і заўсёды датрымлівацца прынцыпу, што калі зерне пачынае пускаць расток, належыць адразу, не чакаючы, пакуль ён вырасьце, яго сьцяць. Але і генэрал шукаў, ды, відаць, не знайшоў. А мізэрнае тое здарэньне палягала ў тым, што амэрыканскі корпус міру зладзіў ува ўнівэрсытэце паказ найноўшай моды, хоць усялякія сходы, сустрэчы былі забароненыя. Але ж дастойны гаспадар ня мог забараніць амэрыканцам зрабіць паказ, і гэтую мірную і такую бяскрыўдную імпрэзу студэнты выкарысталі, каб сабраць вялізны натоўп і рушыць на палац. І ад гэтага моманту ўжо не ўдавалася разагнаць іх па дамох, яны ўжо мітынгавалі, зацята і імпэтна штурмавалі, больш ужо не саступалі. А генэрал Шыбэшы з гэтай прычыны валасы на сабе рваў, бо нават яму не прыйшло да галавы, што рэвалюцыя можа пачацца з паказу моды! Але менавіта так гэта ў нас выглядала. Бацьку, кажа мне Хайлу, гэта пачатак вашага канца! Мы так больш жыць ня можам. Мы пакрытыя ганьбай. Гэтая сьмерць поўначы і ашуканства двара пакрылі нас ганьбай. Край тоне ў карупцыі, людзі паміраюць з голаду, на кожным кроку цемра і барбарства. Нам сорамна за гэтую краіну, кажа, мы саромеемся гэтай краіны. Але, кажа, у нас няма іншай краіны, мы самі мусім выцягнуць яе з гразі. Ваш палац нас перад сьветам скампрамэтаваў, гэты палац ня можа далей існаваць. Мы ведаем, што ў войску неспакойна і ў горадзе неспакойна, і цяпер мы ня можам адступіць. Ня можам далей саромецца. Так, містэр Рычард, у гэтых маладых, шляхетных, але такіх безадказных людзях успадала на вока глыбокае пачуцьцё сораму за стан бацькаўшчыны. Для іх ужо існавала толькі дваццатае стагодзьдзе, а можа, нават гэтае чаканае дваццаць першае стагодзьдзе, у якім запануе блаславёная справядлівасьць. Усё іншае ім ужо не пасавала, ужо раздражняла іх. Яны ня бачылі вакол сябе таго, што хацелі б убачыць. І цяпер, відаць, пастанавілі так сьвет уладкаваць, каб можна было глядзець на яго з задавальненьнем. Эх, маладыя людзі, містэр Рычард, вельмі маладыя людзі!
Т. Л.: І сярод гэтага галаданьня, місіянэраў і санітараў-крычаньня, студэнтаў-мітынгаваньня, паліцыі-са-студэнтамі-змаганьня дастойны гаспадар наш выправіўся зь візытам у Эрытрэю, дзе быў прыняты сваім унукам, галоўнаначальнікам флёту Эскіндэрам Дэстам, і зьбіраўся адбыць марскую паездку на адміральскім караблі «Этыёпія», адылі завесьці ўдалося толькі адзін рухавік, і вандроўку давялося скасаваць. Гаспадар наш, аднак, перасеў на францускі карабель «Пратэст», на палубе якога вячэру ў яго гонар даў вядомы адмірал з Марсэлю – Іель. Наступнага дня, ужо ў порце Масава, слаўны гаспадар, які з гэтай нагоды ўзьвёў сябе ў чын вялікага адмірала імпэратарскага флёту, пасьвячаў сем кадэтаў у афіцэры ваеннага флёту, павялічваючы такім чынам нашую марскую моц. Там жа ён прызначыў гэтых няшчасных натабляў з поўначы, якіх місіянэры ды санітары абвінавачвалі ў спэкуляцыі і абкраданьні ахвяраў голаду, на высокія пасады, каб давесьці іх невінаватасьць і ўціхамірыць замежнае пляткараньне, ачарненьне. Вось жа, усё нібыта прасоўвалася, разьвівалася памысна і прыхільна і ў найвышэйшай ступені ўдала і ляяльна, імпэрыя расла і нават – як падкрэсьліваў наш гаспадар – квітнела, калі раптам прыходзіць паведамленьне, што гэтыя замежныя дабрадзеі, якія ўзялі на сябе няўдзячную задачу накарміць наш ненаедны люд, узбунтаваліся і затрымліваюць пастаўкі: з той прычыны, што наш міністар фінансаў, спадар Елма Дэрэза, каб узбагаціць імпэратарскую скарбніцу, загадаў дабрадзеям плаціць за ўсякую дапамогу высокія мыты. Хочаце дапамагаць, кажа міністар, дапамагайце, але вы мусіце за гэта заплаціць! А яны кажуць, як плаціць?! за дапамогу, якую мы даем, яшчэ і плаціць? А так, кажа міністар, такія правілы. Як гэта – кажа міністар – хочаце так дапамагаць, каб імпэрыя нічога з гэтага ня мела? І тут разам зь міністрам наша прэса голас уздымае і збунтаваных дабрадзеяў дакарае, што яны, дапамогу затрымліваючы, народ наш на жахі нэндзы і галодную сьмерць выракаюць, супраць імпэратара выступаюць, ува ўнутраныя справы ўмешваюцца. А ўжо, дружа, пайшла вестка, што паўмільёна людзей з голаду памерла, што нашыя газэты адразу на ганебны рахунак гэтых бясслаўных місіянэраў, санітараў запісалі. І тут жа манэўр, які палягаў у тым, што наш урад памянёных альтруістаў абвінаваціў у галадаморы, спадар Гебрэ-Эгзы ацаніў як посьпех, што ў адзін голас пацьвердзілі ўсе нашы газэты. І ў гэты час, калі столькі гаварылі і пісалі пра новы посьпех, шаноўны гаспадар, пакінуўшы гасьцінную палубу францускага карабля, вярнуўся ў сталіцу, вітаны, як заўжды, пакорна і ўдзячна, і тым ня менш – сёньня мне можна гэта сказаць – у гэтай пакорнасьці адчувалася ўжо пэўная няяснасьць, якаясьці невыразная двухзначнасьць, якаясьці – скажам так – пакорная непакорнасьць, дый удзячнасьць ужо не выяўлялася старанна, хутчэй нават стрымана і буркліва, так, сапраўды, удзячнасьць выказвалі, але якая ж гэта была пасіўная, якая млявая, якая няўдзячная ўдзячнасьць! І гэтым разам – а як жа! – калі праяжджаў картэж, людзі падалі ніц, але куды ім было да ранейшага паданьня! Калісьці, дружа, гэта было паданьне-ўпаданьне, у-пыл, у-попел-ператварэньне, у-дрыжыках, у-трымценьні-ляжаньне, увесь гэты вулічны люд у нішто замяняўся, рукі выцягваў, літасьці маліў. А цяпер? Пэўна ж, падалі, але неяк так без жыцьця, сонна, быццам нехаця, па звычцы, для сьвятога спакою, павольна, ляніва, папросту адмоўна. Так, падалі адмоўна, ніяк, крывадушна, выглядала, што падалі, а ў глыбіні душы стаялі, нібыта ляжалі, але ў думках сядзелі; нібыта поўная пакорнасьць, але ў сэрцах упартасьць. Аднак ніхто ў картэжы гэтага не заўважаў, а калі б нават заўважыў пэўную млявасьць і маруднасьць падуладных, то нікому пра гэта не сказаў бы, таму што любое выказваньне сумнеўных думак сутыкалася ў палацы з дрэнным прыёмам, бо саноўнікі, як правіла, мелі мала часу, а калі ў кагосьці зьяўляўся сумнеў, усе мусілі адкладаць убок іншыя заняткі і як хутчэй брацца за расьсейваньне, разьвейваньне гэтага сумневу, каб зьнішчыць яго дашчэнту, а таго, каго ахапілі сумневы і слабасьць, падбадзёрыць і ўмацаваць. Вярнуўшыся ў палац, шаноўны гаспадар прыняў данос ад міністра гандлю – Кетэмы Іфры, які абвінаваціў міністра фінансаў у тым, што той, накладаючы высокія мыты, выклікаў спыненьне дапамогі ахвярам голаду. Аднак наш усёмагутны ўладар ані словам ня зганіў спадара Елмы Дэрэзы, нават відаць было задавальненьне на манаршым твары, бо гаспадар наш заўсёды непрыязна глядзеў на гэтую дапамогу, таму што ўвесь той розгалас, які ёй спадарожнічаў, усё гэта ўздыханьне, галавой ківаньне з нагоды няшчасных ахвяраў галадамору псавала пачцівы і прывабны вобраз імпэрыі, якой нішто не замінала ісьці шляхам разьвіцьця і даганяць і нават пераганяць. Таму ніякай дапамогі, падтрымкі ўжо не патрабавалася, а гэтым ахвярам галадамору павінна было хапіць таго, што літасьцівы гаспадар наш асабіста надаў найвышэйшае значэньне гэтай праблеме, што ўжо было асаблівым стаўленьнем да іх лёсу, нават вышэйшым за найвышэйшае, і давала падуладным супакаяльную і ўмацавальную надзею, што калі б ні зьявілася ў іх жыцьці нейкая гнятлівая бяда, нейкія турботы, якія выклікаюць скаргі, слаўны гаспадар дадасьць ім так патрэбнага духу, а менавіта надаўшы гэтай бядзе ці турботам найвышэйшае значэньне.
Д.: Апошні год! Так, але хто ж мог тады прадбачыць, што гэты семдзесят чацьверты год будзе нашым апошнім годам? Так, адчувалася якаясьці туманнасьць, якаясьці цьмяная адметная няўдаласьць, якаясьці нават адмоўнасьць, ды ў паветры неяк так то цяжка, то нэрвова, то напяцьце, то друзласьць, то разьвіднее, то пацямнее, але каб з гэтага так раптам проста ў бездань? І ўсё? І няма? І вось ужо глядзіце, а палацу ня бачыце. Шукаеце яго і не знаходзіце. Пытаецеся, і ніхто вам не адкажа, дзе ён. А пачалося – уласна кажучы, ідзецца пра тое, што гэта столькі разоў пачыналася, але не заканчвалася, столькі было пачаткаў і ніводнага кончага фіналу, і праз гэтае бясконцае пачынаньне, праз такую колькасьць пачаткаў без канца ўзьнікла ў душы прызвычаеньне, суцяшэньне, што заўсёды выкруцімся, вытрымаем, што не аддамо таго, што маем, бо найгоршае ператрываем. Але ўрэшце гэта прызвычаеньне аказалася аблудай. Вось жа, у сьнежні памянёнага году генэрал Бэлета Абэбэ, паехаўшы на інспэкцыю ў Агадэн, спыніўся ў Годэ, у тамтэйшых кашарах. Назаўтра ў палац прыходзіць нечуваная навіна – генэрал арыштаваны салдатамі, якія прымушаюць яго харчавацца тым, што ім даюць есьці. Ежа, відавочна, такая кепская, што ўзьнікае асьцярога, што генэрал расхварэецца і памрэ. Імпэратар пасылае дэсантны аддзел сваёй гвардыі, які вызваляе генэрала і адвозіць яго ў шпіталь. Цяпер, мой любачка, павінен быў бы выбухнуць скандал, бо ўсёмагутны ўладар у вайскова-паліцыйную гадзіну ўсю ўвагу прысьвячаў арміі, увесь час павышаў вайсковыя заробкі і павялічваў вайсковы бюджэт, і раптам высьвятляецца, што ўсе падвышэньні панове генэралы клалі ў кішэнь, зьбіраючы вялікія багацьці. Адылі імпэратар ніводнага генэрала не пакараў, а тых салдат з Годэ загадаў распусьціць, разагнаць. Пасьля гэтага прыкрага і вартага забыцьця інцыдэнту, які сьведчыў пра пэўную несубардынацыю ў войску – а мы мелі найбольшую армію ў чорнай Афрыцы, прадмет нехаванай гордасьці найясьнейшага гаспадара, – запанаваў спакой, але запанаваў толькі на кароткі час, бо празь месяц прыходзіць у палац новае паведамленьне, таксама нечуванае! У паўднёвай правінцыі Сыдама, у гарнізоне Нэгеле салдаты абвяшчаюць бунт і арыштоўваюць вышэйшых афіцэраў. Пачалося з таго, што ў гэтай трапічнай мясьціне высахлі салдацкія студні, а афіцэры забаранілі салдатам браць ваду са сваёй студні. Салдаты ад смагі ашалелі і ўсчалі паўстаньне. Ужо і туды трэба было б выслаць дэсант імпэратарскіх гвардзейцаў, каб уціхамірылі, утаймавалі, але напомню табе, мой любачка, што гэта той страшны і такі незразумелы месяц люты, калі ў самой сталіцы адбываюцца здарэньні такога раптоўнага і падрыўнога характару, што ўсе забыліся пра тую непаслухмяную салдатню, якая ў далёкім Нэгеле, дарваўшыся да афіцэрскай студні, абпіваецца вадой. Куды там, калі выпала заняцца здушэньнем бунту, які выбухнуў зусім блізка ад нашага палацу. Якой жа дзіўнай была прычына гвалтоўнага хваляваньня, якое апанавала вуліцу! Міністар гандлю ўсяго толькі падвысіў цану бэнзіну. У адказ таксоўшчыкі адразу пачынаюць страйк. Наступнага дня страйкуюць ужо й настаўнікі. Адначасна на вуліцу выходзяць ліцэісты, якія нападаюць на гарадзкія аўтобусы і паляць іх, а аўтобуснае таварыства, дазвольце нагадаць, было ўласнасьцю дастойнага гаспадара. Паліцыя намагаецца ўтаймаваць гэтыя выбрыкі, хапае пяць ліцэістаў і для пацехі скочвае іх з узгорку, страляючы па хлопцах, якія куляюцца па схіле, зь іх трое паміраюць на месцы, а двое цяжка параненыя. Па гэтым здарэньні надыходзяць судныя дні, бязладзьдзе, роспач і абразьлівасьць! У падтрымку ліцэістаў рушаць шэсьцем студэнты, у якіх ужо не навука і ўдзячная пільнасьць у галаве, а толькі як бы паўсюль нос соваць ды непакорна падкопваць. Цяпер яны валяць проста на палац, таму паліцыя страляе, дручкамі іх лупцуе, арыштоўвае, сабакамі цкуе, але нічога не дапамагае, і вось, каб непакорных уціхамірыць, залагодзіць, літасьцівы гаспадар загадвае скасаваць павышэньне цаны на бэнзін. Але што з таго, калі вуліца ня хоча супакойвацца! Да гэтага ўсяго, як гром зь яснага неба, прыходзіць вестка, што ў Эрытрэі ўзбунтавалася Другая дывізія. Яны займаюць Асмару, арыштоўваюць свайго генэрала, садзяць пад замок губэрнатара правінцыі і абвяшчаюць праз радыё бязбожную адозву. Жадаюць справядлівасьці, павышэньня заробкаў і людзкіх пахаваньняў. У Эрытрэі цяжка, любачка, там войска змагаецца з партызанамі, мноства народу гіне, таму здаўна існавала праблема пахаваньня, а менавіта, каб абмежаваць надмерныя кошты вайны, права на пахаваньне мелі толькі афіцэры, тады як целы звычайных салдатаў пакідалі гіенам і сьцярвятнікам, і менавіта гэтая няроўнасьць выклікала цяперашні бунт. Наступнага дня да бунтаўнікоў далучаецца ваенны флёт, а яго галоўнаначальнік, унук імпэратара, уцякае ў Джыбуці. Вялікая прыкрасьць, што чалец найвышэйшай сям’і мусіць ратавацца такім непачцівым, ганебным чынам! Але лявіна, любачка, коціцца далей, бо ўжо ў той самы дзень усчынае бунт авіяцыя, самалёты лятаюць над горадам, і ходзяць плёткі, што яны скідаюць бомбы. Наступным жа днём бунтаваць пачынае нашая найвялікшая і найважнейшая Чацьвертая дывізія, якая адразу атачае сталіцу, жадае павышэньня заробкаў і патрабуе аддаць пад суд міністраў і іншых саноўнікаў, якія, як кажуць узлаваныя салдаты, брыдка загрузьлі ў карупцыі і павінныя стаць каля ганебнага слупа. Ну, калі ўжо Чацьвертая дывізія запалала, гэта значыць, што агонь ужо каля палацу і трэба хутка ратавацца. Таму той жа ночы наш шчодры гаспадар абвяшчае павышэньне салдацкіх заробкаў, каб яны вярнуліся ў кашары, і загадвае ім захоўваць спакой і лагоднасьць. Сам жа, клапоцячыся пра лепшы выгляд двара, загадвае прэм’еру Аклілу падаць у адстаўку разам з усім урадам, а гэтае пакараньне мусіла дацца яму зь цяжкасьцю, бо Аклілу, хоць грамадзкасьць яго не любіла і ганіла, усё-ткі быў вялікім улюбёнцам і гадаванцам імпэратара. Адначасна гаспадар наш прызначыў на пасаду прэм’ера саноўніка Эндэлькачэва, які меў рэпутацыю асобы лібэральнай, выкшталцонай і красамоўнай.
Н. Л. Э.: Я ў той час выконваў функцыі тытулярнага чыноўніка аддзелу разьлікаў у бюро вялікага камэргера двара. З прычыны зьмены ўраду ў нас была процьма працы, бо наш аддзел займаўся наглядам за выкананьнем інструкцыяў імпэратара што да прынцыпаў, чарговасьці і колькасьці згадваньня паасобных саноўнікаў і натабляў. Справай гэтай мусіў асабіста займацца наш гаспадар, бо кожны саноўнік хацеў, каб яго заўжды згадвалі, прычым як мага бліжэй да імя ўсёмагутнага ўладара, і ўвесь час былі сваркі, зайздрасьць і інтрыгі вакол таго, каго згадалі, а каго не, колькі разоў і на якім месцы. І хоць мы мелі строгія інструкцыі трона і дакладна акрэсьленыя нормы што да таго, каго і як часта можна згадваць, такая ўжо панавала сквапнасьць і адвольнасьць, што на нас, звычайных чыноўнікаў, саноўнікі ціснулі, каб іх дзесьці там без чаргі і звыш нормы згадаць. Згадай мяне, згадай, кажа то адзін, то другі, а калі табе штосьці будзе трэба, можаш на мяне разьлічваць. І як жа зьдзіўляцца, што ў нас узьнікала спакуса то таго, то гэтага звыш ліміту згадаць і здабыць сабе высокага заступніка. Аднак рызыка была вялікая, бо праціўнікі пільнавалі адно аднаго, лічылі, хто колькі разоў быў згаданы, і калі выкрывалі нейкае перавышэньне, адразу ішлі з даносам да шаноўнага гаспадара, а той альбо караў, альбо супакойваў. Урэшце вялікі камэргер выдаў загад увесьці для саноўнікаў карты згадваньня, запісваць там, колькі разоў кожны быў згаданы, і штомесяц падаваць справаздачы, на падставе якіх дастойны гаспадар выдаваў дадатковыя інструкцыі, каму ўбавіць, а каму дадаць. А цяпер нам трэба было зьнішчыць карты ўсяго кабінэту Аклілу і ўвесьці новыя карты. Тут на нас асаблівы ціск пачаўся, бо новыя міністры зь вялікім імпэтам дамагаліся, каб іх згадвалі, і кожны стараўся то ў прыёме ўдзел узяць, то ў іншай урачыстасьці, каб яго з гэтай нагоды згадалі. Я ж, адразу пасьля зьмены кабінэту, аказаўся на бруку, бо з прычыны незразумелага і такога недапушчальнага зацямненьня розуму адзін раз не згадаў новага міністра двара, спадара Яханэса Кіданэ, а той так раззлаваўся, што, нягледзячы на мае просьбы зьлітавацца, загадаў мяне выгнаць.
сакавік-красавік-травень
С.: Ня трэба табе тлумачыць, дружа, што мы палі ахвярай д’ябальскай змовы. Калі б ня гэта, палац прастаяў бы яшчэ тысячу гадоў, бо ніводзін палац не развальваецца сам па сабе. Але таго, што я ведаю сёньня, я ня ведаў учора, калі нас несла да згубы, а мы ў аглушэньні, асьляпленьні, у пякельным учадзеньні, верачы ў сваю моц, самі сябе ўзвышаючы, ня бачылі канца! Усе шэсьцямі ходзяць: студэнты, работнікі, мусульмане, усе правоў жадаюць, страйкуюць, мітынгуюць, урад ганьбяць. Прыходзіць паведамленьне пра мяцеж у Трэцяй дывізіі, якая стаіць у Агадэне. Цяпер у нас ужо ўсё войска ўзбунтаванае, супраць улады настроенае, толькі імпэратарская гвардыя яшчэ захоўвае ляяльнасьць. З прычыны гэтай нахабнай анархіі і паклёпніцкай агітацыі, якая выходзіць па-за ўсялякія межы дапушчальнага, у палацы пачынаецца шаптаньне, саноўнікаў перагляданьне, у паглядах немае пытаньне – што цяпер будзе? што рабіць? Увесь прыдушаны, прыгнечаны двор напоўніўся шэптам, тут шу-шу, там шу-шу, ніхто ўжо нічога ня робіць, толькі па калідорах соваюцца, па салёнах зьбіраюцца і паціху штосьці абмяркоўваюць, дыскутуюць, на народ сварацца. І такое нарастала паміж палацам і вуліцай узаемнае ганьбаваньне, абвінавачваньне, зайздрасьць і незычлівасьць, якая ўсё атручвала. Я б сказаў, што паволі, паволі ў палацы ўтвараюцца тры фракцыі. Першая – гэта людзі кратавыя, заўзятая і непадатлівая групоўка, якая дамагаецца навядзеньня парадку і настойвае на тым, каб арыштаваць падбухторшчыкаў, пасадзіць за краты бунтаўнікоў, біць дручкамі і вешаць. На чале гэтай фракцыі дачка імпэратара – Тэнэнэ Ворк, шасьцідзесяцідвухгадовая дама, вечна злая і бязьлітасная, якая заўсёды папракала шаноўнага гаспадара ягонай дабрынёй. У другой фракцыі групуюцца людзі сталовыя – гэта групоўка лібэралаў, людзей слабых і да таго ж схільных да філязофіі, якія ўважаюць, што трэба запрасіць бунтаўнікоў за стол і паразмаўляць, выслухаць, што яны кажуць, і штосьці ў імпэрыі зьмяніць і паправіць. Тут найгучнейшы голас мае князь Мікаэль Імру, адкрыты розум, натура, схільная да ўступак, ён шмат бываў у сьвеце, ведаў разьвітыя краіны. Нарэшце, трэцюю фракцыю складаюць людзі коркавыя – якіх, я б сказаў, у палацы найбольш. Гэтыя нічога ня думаюць, але лічаць, што хваля падзеяў будзе несьці іх, як корак па вадзе, і ўрэшце ўсё неяк наладзіцца, а яны памысна даплывуць да гасьціннага порту. І калі двор ужо падзяліўся на кратавых, сталовых і коркавых, кожная групоўка пачала выказваць свае меркаваньні, але выказваць патаемна і нават падпольна, бо ясны гаспадар не любіў ніякіх фракцыяў, таму што не цярпеў балбатні, ціску і ўсялякага настойваньня, якое парушала спакой. А з той прычыны, што гэтыя фракцыі ўтварыліся і пачалі міжсобку змагацца, сварыцца, кіпцюры паказваць, рукамі размахваць, усё ў палацы на хвілю ажыла, даўная бадзёрасьць вярнулася, па-свойску зрабілася.
Л. К.: У той час гаспадар наш з усё большай цяжкасьцю падымаўся ўжо з ложка. Ён дрэнна спаў альбо ўвогуле цэлую ноч ня спаў, а пасьля драмаў на працягу дня. Нам ён нічога не казаў, нават падчас ежы ў атачэньні сям’і – зрэшты, сам ён ужо амаль нічога ня еў – таксама мала гаварыў, усё больш маўчаў. Толькі ў гадзіну даносаў ён ажыўляўся, бо ягоныя людзі цікавыя цяпер прыносілі весткі, кажучы, што ў Чацьвертай дывізіі завязалася таемная змова афіцэраў, якія маюць агентаў ува ўсіх гарнізонах і ў паліцыі ўсёй імпэрыі, але хто ўдзельнічае ў гэтай змове, даносчыкі сказаць не маглі, у такой вялікай таямніцы тады ўсё трымалася. Шаноўны гаспадар, казалі пазьней даносчыкі, ахвотна іх слухаў, адылі ніякіх загадаў не даваў, а слухаючы, сам ні пра што не пытаўся. Іх зьдзіўляла таксама, што нічога з гэтых даносаў не выходзіла: слаўны гаспадар, заміж даваць загады на арышты і вешаньне, хадзіў па садзе, карміў пантэры, птушкам зерне сыпаў і ўвесь час маўчаў. А калі настала сярэдзіна красавіка, сярод бесьперапынных вулічных хваляваньняў гаспадар наш загадаў зладзіць у палацы ўрачыстасьць з нагоды абвяшчэньня свайго наступніка. У вялікай тронавай залі сабраліся саноўнікі і натаблі, чакаючы і перашэптваючыся аб тым, каго імпэратар прызначыць сваім пераемнікам – а гэта была навіна, бо дагэтуль гаспадар наш усялякія чуткі, плёткі што да пераемнасьці трона заўсёды асуджаў і ганіў. Цяпер жа, быўшы гэтым у найвышэйшай ступені ўзрушаны, так што ледзь чуваць было ягоны дрыготкі і ціхі голас, найласкавейшы гаспадар абвясьціў, што, зважаючы на свой паважны век і штораз часьцейшыя заклікі назваць свайго пераемніка, ён прызначае – па сваім пабожным сконе – наступнікам трона свайго ўнука Зэру Якоба. Гэты дваццацігадовы маладзён тады навучаўся ў Оксфардзе, адасланы з краіны пэўны час таму дзеля таго, што, ведучы тут занадта свавольнае жыцьцё, прыносіў расчараваньні свайму бацьку князю Асьфе Восэну, адзінаму ўжо сыну імпэратара, які, аднак, быў назаўсёды скуты паралюшам і знаходзіўся ў жэнэўскім шпіталі. І хоць такая была воля нашага гаспадара, старыя саноўнікі і сівыя чальцы Кароннай рады пачалі шаптаць і нават употайкі пратэставаць, кажучы, што пад такім малакасосам служыць ня будуць, бо гэта было б прыніжэньнем і абразай для іх паважнага веку і шматлікіх заслуг. Тут жа пачала фармавацца фракцыя праціўнікаў пераемнасьці, якая раздумвала, як бы пасадзіць на трон дачку імпэратара, гэтую кратавую даму – Тэнэнэ Ворк. І адразу зьявілася іншая фракцыя, якая хацела ўзьвесьці на трон іншага ўнука імпэратара – князя Маканэна, які ў той час навучаўся ў Амэрыцы, у афіцэрскай школе. І вось, дружа, пасярод гэтых раптам узьніклых інтрыг вакол пераемнасьці трона, празь якія ўвесь двор паглынулі такія шалёныя спрэчкі, што ніхто ўжо ня думаў аб тым, што адбываецца ў імпэрыі, хоць бы нават на найбліжэйшых да палацу вуліцах, цалкам неспадзявана, так усіх зьдзівіўшы, ну як жа нечакана! у горад уваходзіць войска і ўначы арыштоўвае ўсіх міністраў даўняга ўраду Аклілу, пад замок бяруць нават самога Аклілу, а таксама дзьвесьце генэралаў і вышэйшых афіцэраў, вядомых надзвычайнай ляяльнасьцю да імпэратара, якая ніколі ня ставілася пад сумнеў. Ніхто яшчэ не пасьпеў апрытомнець ад шоку пасьля гэтага небывалага здарэньня, як прыходзіць вестка, што змоўнікі арыштавалі начальніка генэральнага штабу, генэрала Асэфу Аену, найбольш ляяльнага да імпэратара чалавека, які ўратаваў яму трон падчас сьнежаньскіх падзеяў, зьнішчыўшы групу братоў Нэвай і разграміўшы імпэратарскую гвардыю. У палацы пануе страх, трывога, зьбянтэжанасьць, прыгнечанасьць. Кратавыя ціснуць на імпэратара, каб ён штосьці зрабіў, загадаў адбіць арыштаваных, разагнаць студэнтаў, а змоўнікаў павесіць. Літасьцівы гаспадар усе парады выслухоўвае, падтаквае, суцяшае. А сталовыя кажуць, што гэта апошні момант, каб сесьці за стол, змоўнікаў угаварыць, імпэрыю паправіць, палепшыць. І гэтых найшляхетнейшы гаспадар выслухоўвае, падтакваючы, суцяшаючы. Дні мінаюць, а змоўнікі то таго, то гэтага з палацу забіраюць, арыштоўваюць. Тады зноў кратавая дама выдатнаму гаспадару дакучае, што ён, маўляў, ляяльных саноўнікаў не бароніць. Але відаць, дружа, так ужо ёсьць, што чым большую ляяльнасьць хтосьці выяўляе, тым больш ён пад удар падстаўляецца, бо калі яго якаясьці фракцыя прыцісьне, гаспадар яго бяз слова кіне, але княжна, відаць, гэтага не разумела, бо на абарону ляяльных уставала. А быў ужо травень, то бок самы час прыводзіць да прысягі кабінэт прэм’ера Маканэна. Але імпэратарскі пратакол паведамляе, што цяжка будзе іх да прысягі прывесьці, бо палова міністраў альбо ўжо арыштаваная, альбо за мяжу ўцякла, альбо так у палац і не зьявілася. Самога ж прэм’ера студэнты выклікаюць, камянямі яго закідваюць, бо Маканэн ніколі ня ўмеў выклікаць да сябе прыхільнасьць. Адразу ж пасьля павышэньня неяк яго разьдзьмула, штосьці там унутры так паднялося, што ён разбухнуў, павялічыўся, а зрок так угару скіраваўся і закаламуціўся, што ён нікога не пазнаваў, нікога да сябе блізка не падпускаў, нікому не дазваляў з сабой па-свойску пагутарыць. Якаясьці вышэйшая сіла перасоўвала яго па калідорах, заводзіла яго ў салёны, куды ён уваходзіў і адкуль выходзіў недаступны, недасяжны. А дзесьці зьявіўшыся, ён пачынаў набажэнства вакол сябе і да сябе, а іншыя ўжо яго падтрымлівалі, заахвочвалі, распалялі сваім пакланеньнем, пакорнасьцю. Ужо тады было вядома, што Маканэн не ўтрымаецца доўга, бо яго не хацелі ані салдаты, ані студэнты. Ня памятаю, ці адбылося ўрэшце гэтае прывядзеньне да прысягі, бо штораз якогасьці зь яго міністраў пад замок саджалі. Ты мусіш ведаць, дружа, што хітрасьць нашых змоўнікаў была надзвычайная. Калі яны кагосьці арыштоўвалі, то адразу абвяшчалі, што робяць гэта ад імя імпэратара, і падкрэсьлівалі сваю ляяльнасьць да нашага гаспадара, чым рабілі яму вялікую радасьць, бо калі Тэнэнэ Ворк прыходзіла да бацькі сварыцца на войска, той яе асуджаў, хвалячы вернасьць і адданасьць сваёй арміі, новы доказ чаго ён неўзабаве атрымаў, калі ў пачатку траўня ваенныя вэтэраны зладзілі перад палацам маніфэстацыю ляяльнасьці, выгукаючы лёзунгі ў гонар вялікага гаспадара, а дастойны манарх, выйшаўшы на балькон, дзякаваў арміі за яе нязломную ляяльнасьць і зычыў далейшай памыснасьці і посьпехаў.
чэрвень-ліпень
У. З.-В.: У палацы прыгнечанасьць, рукі апускаюцца, трывожнае чаканьне, што будзе заўтра, і тут раптам гаспадар наш склікае дарадцаў, закідае ім, што яны на разьвіцьцё забываюцца, і так іх насварыўшы, абвяшчае, што будзем ставіць плаціны на Ніле. Якія плаціны ставіць, бурчаць самі сабе зьбянтэжаныя дарадцы, калі правінцыі галадаюць, народ хвалюецца, сталовыя шэпчуць, што трэба імпэрыю паправіць, афіцэры змову ладзяць, натабляў арыштоўваюць. І адразу па калідорах чуваць непакорныя нараканьні, што лепей было б нашых галадоўнікаў падтрымаць, а ад гэтых плацінаў адмовіцца. На гэта міністар фінансаў тлумачыць, што калі паставіць памянёныя плаціны, можна будзе ваду на палі пусьціць, і тады такі ўраджай можна будзе атрымаць, што і галадоўнікаў больш ня будзе. Ну так, наракаюць тыя, хто наракаў, але колькі ж гэта гадоў трэба, каб плаціны паставіць, тым часам народ з голаду памрэ. Не памрэ, тлумачыць міністар фінансаў, дагэтуль не памёр, значыць і цяпер не памрэ. А калі, кажа, мы гэтых плацінаў не паставім, то як жа тады дагонім, перагонім? Але з кім жа нам ганяцца, наракаюць тыя, хто наракаў. Як з кім? кажа міністар фінансаў, з Эгіптам. Але Эгіпет, любачка, багацейшы за нас, і тое не з уласнай кішэні плаціны ставіў, а мы адкуль грошы возьмем на нашы плаціны? Тут міністар раззлаваўся на тых, хто сумняваўся, наракаў, і пачаў ім даводзіць, якая важная гэта справа – займацца разьвіцьцём, і што калі мы гэных плацінаў не паставім, ніякага разьвіцьця ня будзе, тады як гаспадар наш наказаў, каб мы ўсе бесьперапынна разьвіваліся, ні хвіліны не спачываючы, сэрца, душу аддаючы. І тут жа міністар інфармацыі абвясьціў пастанову шаноўнага гаспадара новым посьпехам, і я нават памятаю, што ў вокамгненьне ў сталіцы паразьвешвалі такі лёзунг: як паставім мы плаціны, будзе дабрабыт у краіне, хай паклёпнікі цікуюць – разьвіцьця не загамуюць! Адылі гэтая справа так разьюшыла афіцэраў-змоўнікаў, што імпэратарскую раду, створаную найясьнейшым гаспадаром для нагляду за будаўніцтвам гэтых плацінаў, яны колькі дзён пазьней узялі пад арышт, заявіўшы, што з гэтага толькі яшчэ большая карупцыя магла б атрымацца і яшчэ горшае галаданьне народу. Я ж заўсёды меркаваў, што гэты ўчынак афіцэраў мусіў нашаму гаспадару асаблівую прыкрасьць зрабіць, таму што, адчуваючы, што гады ўсё большым цяжарам кладуцца на яго плечы, ён хацеў пакінуць па сабе ўнушальны манумэнт, які б ува ўсіх будзіў подзіў, каб яшчэ праз шмат гадоў кожны, каму б пашчасьціла дабрацца да імпэратарскіх плацінаў, мог закрычаць – глядзеце, хіба толькі сам імпэратар здольны быў такія цуды ўзьвесьці, цэлыя горы ўпоперак ракі паставіць! А калі іначай зрабіць, прыслухацца да шаптаньняў, нараканьняў, што лепей накарміць галодных, чым ставіць плаціны, то галодныя тыя, хоць і наеўшыся, усё адно калісьці памерлі б, не пакінуўшы ніякага сьледу ні па сабе, ні па нашым гаспадару.
Доўга раздумвае, ці імпэратар ужо тады думаў пра свой сыход. Ён жа прызначыў наступніка трона і загадаў будаваць сабе вечны помнік у выглядзе гэтых плацінаў на Ніле (да чаго ж марнатраўная задума з увагі на іншыя, пільныя патрэбы імпэрыі!). Аднак мяркуе, што ход быў пра штосьці іншае. Прызначаючы наступнікам трона зусім маладога ўнука, імпэратар хацеў пакараць свайго сына за няслаўную ролю, якую той адыграў у сьнежаньскіх падзеях шасьцідзясятага году. Даючы загад на будаваньне плацінаў на Ніле, імпэратар хацеў давесьці сьвету, што імпэрыя расьце і квітнее, а ўсялякія нагаворы пра беднасьць і карупцыю – гэта толькі зласьлівая балбатня ворагаў манархіі. Кажа, што ў сапраўднасьці думка аб сыходзе была абсалютна чужая натуры імпэратара, які разглядаў дзяржаву як свой асабісты твор і верыў, што з сыходам ягонай асобы гэтая краіна разваліцца і зьнікне. Хіба ж мог ён зьнішчыць уласны твор? І апроч таго, пакідаючы муры палацу, добраахвотна падставіцца пад удары ворагаў, якія толькі гэтага й чакалі? Не, ні пра які сыход не магло быць мовы, насупраць, пасьля кароткіх прыступаў старэчай дэпрэсіі імпэратар як бы ўваскрасаў, ажываў, узбадзёрваўся, і нават відаць было на яго старым твары гордасьць за тое, што ён такі спраўны, прытомны і ўладны. Прыйшоў чэрвень – месяц, калі змоўнікі, канчаткова ўзмацніўшыся, аднавілі свае хітрыя атакі на палац. Гэтая ўсёзьнішчальная хітрасьць палягала ў тым, што ўсё разбурэньне сыстэмы яны рабілі зь імем імпэратара на вуснах, нібыта выконваючы ягоную волю і пакорна зьдзяйсьняючы яго думкі. Цяпер яны, заяўляючы, што робяць гэта ад імя імпэратара, стварылі камісію для дасьледаваньня карупцыі сярод саноўнікаў, падлічвалі іх рахункі, зямельныя ўладаньні і ўсе іншыя багацьці. Людзей палацу агарнуў жах, бо ў беднай краіне, у якой крыніцай багацьця ёсьць не эфэктыўная вытворчасьць, але надзвычайныя прывілеі, ніводны саноўнік ня мог мець чыстага сумленьня. Баязьлівейшыя думалі ўцячы за мяжу, але вайскоўцы закрылі лётнішча і ўвялі забарону выезду з краіны. Пачалася новая хваля арыштаў, кожнай ночы зьнікалі людзі палацу, двор усё больш пусьцеў. Вялікае ўзрушэньне выклікала навіна аб арышце князя Асратэ Касы, які ўзначальваў Каронную раду і быў другой пасьля імпэратара асобай манархіі. У вязьніцы апынуўся таксама міністар замежных справаў Мінас’е Хайле і больш за сто іншых саноўнікаў. У той жа час войска заняла радыёстанцыю і ўпершыню абвясьціла, што на чале руху абнаўленьня стаіць каардынацыйны камітэт узброеных сілаў і паліцыі, які дзейнічаў – як яны надалей сьцьвярджалі – ад імя імпэратара.
К.: Цэлы сьвет, дружа, устаў на галаву, і ўсё таму, што дзіўныя знакі зьявіліся на небе. Месяц і Юпітэр, перабываючы на сёмым і дванаццатым месцах, заміж схіляцца ў кірунку трыкутніка, пачыналі злавесна ўтвараць фігуру квадрата. З гэтай прычыны індусы, якія пры двары тлумачылі знакі, адразу з палацу ўцяклі, пэўна, таму, што баяліся шаноўнага гаспадара нядобрай варажбой раззлаваць. Але княжна Тэнэнэ Ворк, мусіць, надалей з гэтымі індусамі мела сустрэчы, бо бегала ўзрушаная па палацы і намаўляла старога гаспадара, каб ён арыштоўваць ды вешаць загадаў. Астатнія кратавыя таксама націскалі і ўжо нават на каленях дастойнага гаспадара малілі, каб ён змоўнікаў спыніць, за краты кінуць загадаў. Адылі якое ж было іх аняменьне, якое неразуменьне, калі яны ўбачылі, што слаўны гаспадар цяпер пачаў увесь час у вайсковым мундуры хадзіць, ордэнамі зьвінець, булаву насіць, нібы хочучы паказаць, што ён надалей сваёй арміяй камандуе, на чале стаіць і загады выдае! Нічога, што гэтая армія супраць палацу выступае, так, выступае, але пад яго кіраўніцтвам, верная, ляяльная армія, якая ўсё робіць ад імя імпэратара! Узбунтаваліся? так, але ўзбунтаваліся ляяльна! Вось жа, дружа, шаноўны гаспадар хацеў панаваць над усім, нават калі быў бунт – панаваць над бунтам, панаваць над паўстаньнем, хоць бы нават тое паўстаньне супраць яго ўласнага панаваньня скіравана было. Кратавыя бурчаць, што якоесьці зацямненьне розуму гаспадара нашага агарнула, калі ён зразумець ня можа, што такім чынам ён сваім уласным падзеньнем кіруе. Але літасьцівы гаспадар, нікога ня слухаючы, прымае ў палацы дэлегацыю гэнага камітэту, які па-амхарску называўся «Дэрг», замыкаецца ў сваім кабінэце і давай з гэтымі змоўнікамі раіцца! І тут, дружа, з сорамам табе прызнаюся, што ў той самы момант у калідорах можна было пачуць бязбожнае і абуральнае шаптаньне, быццам бы дастойны гаспадар, мусіць, звар’яцеў, бо ў дэлегацыі той былі звычайныя капралы і сэржанты, а хіба ж можна было падумаць, каб найясьнейшы гаспадар сеў за адзін стол з вайскоўцамі такіх нізкіх чыноў! Цяжка зараз сказаць, аб чым гаспадар наш з гэтымі людзьмі раіўся, але адразу пасьля гэтага пачаліся новыя арышты, а палац яшчэ больш абязьлюдзеў. Пасадзілі пад замок князя Мэсьфіна Шылешы, а гэта быў вялікі гаспадар, які меў уласную армію, цяпер, аднак, раззброеную. Пасадзілі пад замок князя Ворку Сэлас’е, які меў нязьмерныя зямельныя ўладаньні. Арыштавалі зяця імпэратара, генэрала Абіе Абэбэ, міністра абароны. Урэшце арыштавалі прэм’ера Эндэлькачэва і колькі яго міністраў. Цяпер ужо штодня кагосьці арыштоўвалі, увесь час паўтараючы, што ад імя імпэратара. Кратавая дама за бацькам хадзіла, настойвала, каб ён цьвёрдасьць паказаў. Бацьку, казала, устань і пакажы цьвёрдасьць! Але, шчыра кажучы, якую ж у такім паважным веку цьвёрдасьць паказаць можна? Гаспадар наш ужо толькі мяккасьцю мог паслугоўвацца і давёў сваю вялікую мудрасьць, калі, заміж каб спрабаваць здушыць супраціў цьвёрдасьцю, ён, хутчэй, прымірэнчую мяккасьць выяўляў, каб у такі спосаб змоўнікаў улагодзіць. А чым больш гэтая дама цьвёрдасьці патрабавала, з тым большай злосьцю яна на мяккасьць глядзела, і нішто не магло яе ўціхамірыць, нэрвы ёй супакоіць. Але літасьцівы гаспадар ніколі ў гнеў не ўпадаў, насупраць, заўсёды гэтую кабету хваліў, суцяшаў, падбадзёрваў. Цяпер змоўнікі ўсё часьцей у палац прыходзілі, а гаспадар наш іх прымаў, выслухоўваў, хваліў за ляяльнасьць, заахвочваў. З гэтай прычыны найбольшую радасьць сталовыя выказвалі, увесь час заклікаючы за стол сядаць, імпэрыю папраўляць, жаданьні бунтаўнікоў выконваць. І кожны раз, калі сталовыя маніфэст у такім духу прапаноўвалі, слаўны наш гаспадар хваліў іх за ляяльнасьць, суцяшаў і заахвочваў. Але і сталовых войска ўжо папатрапала, так што і іх галасы ўсё слабей чуваць было. У гэты час салёны, калідоры, ганкі і дзядзінцы з кожным днём усё больш пусьцелі, і неяк ніхто бараніць палац ня браўся. Ніхто ня крыкнуў, што трэба брамы зачыніць і зброю выставіць. Людзі паглядалі адно на аднаго, думаючы: а можа яго возьмуць, а мяне пакінуць? А калі шум супраць бунтаўнікоў уздыму, адразу мяне пасадзяць, а іншых у спакоі пакінуць? Лепей ціха сядзець і нічога ня ведаць. Лепей не скакаць, каб пасьля ня плакаць. Лепей не гукаць, каб не шкадаваць. Толькі часам усе да гаспадара хадзілі, пытаючыся, што рабіць, а ўсёмагутны ўладар скаргі нашы выслухоўваў, хваліў і заахвочваў. Пазьней, аднак, усё цяжэй было атрымаць аўдыенцыю, бо дастойны гаспадар, стомлены ўжо выслухоўваньнем такой колькасьці скаргаў – увесь час толькі нараканьні, патрабаваньні і даносы, – найахвотней прымаў амбасадараў іншых краінаў і ўсялякіх замежных пасланьнікаў, бо тыя прыносілі яму палёгку, хвалячы яго, суцяшаючы, падбадзёрваючы. Гэтыя амбасадары, а таксама змоўнікі былі апошнімі людзьмі, зь якімі гаспадар наш перад сваім сыходам размаўляў, і згодна пацьвердзілі, што бачылі яго ў добрым здароўі і ў цьвярозым розуме.
Д.: Рэшта кратавых, якая яшчэ ў палацы заставалася, па калідорах хадзіла, да дзеяньня заклікала. Трэба рушыць, казалі, у атаку пераходзіць, супраць бунтаўнікоў выступіць, іначай сумна ўсё скончыцца, зьнікне. Але як перайсьці ў атаку, калі ўвесь двор у абароне засеў, як жа можна даць рады, калі такая бязраднасьць, як жа слухаць сталовых, якія да зьмен заклікаюць, калі яны ня кажуць, што зьмяніць і дзе ўзяць сілы для гэтага? Усе зьмены маглі зыходзіць толькі ад манарха, вымагалі яго згоды і падтрымкі, бо іначай яны ставалі здрадай і сустракалі асуджэньне. Тое ж самае з усякімі міласьцямі – толькі гаспадар наш мог іх раздаваць, і калі хто чагосьці ад трона не атрымаў, то іншым спосабам дасягнуць гэтага ня мог. Таму засмучанасьць панавала сярод прыдворных – калі гаспадара нашага ня стане, хто будзе іх ласкамі адорваць і іх маёмасьць памнажаць? І так тады хацелася ў нашым абложаным, аблаяным палацы пасіўнасьць пераламаць, з чымсьці годным выступіць, думкай бліснуць, жыцьцяздольнасьць выявіць! Хто яшчэ быў здольны, хадзіў па калідорах, лоб моршчыў, думку гэтую шукаў, галаву сабе ламаў, пакуль урэшце не нарадзілася такая ідэя, што трэба гадавіну адсьвяткаваць! А што ж гэта за думка, пачалі крычаць сталовыя, гадавінай зараз займацца, калі гэта апошні момант, каб за стол сядаць, імпэрыю ратаваць, папраўляць! Але коркавыя палічылі, што гэта будзе годная праява жыцьцяздольнасьці, якая выкліча павагу сярод падуладных, і давай гэтую гадавіну ладзіць, бяседу для бедных гатаваць. Нагодай жа, дружа, было тое, што гаспадар наш скончыў восемдзесят другі год жыцьця, хаця студэнты, якія ў старызьне нейкай корпацца пачалі, адразу вэрхал усчалі, маўляў, гэта ня восемдзесят, а дзевяноста другі год, бо, крычалі яны, гаспадар наш калісьці гадоў сабе ўбавіў. Але яд студэнцкі ня мог атруціць гэтага сьвята, якое міністар інфармацыі, будучы яшчэ нейкім цудам на волі, адразу ацаніў як посьпех і найлепшы прыклад гармоніі і ляяльнасьці. Ніякія перашкоды ня ў стане былі перамагчы гэтага міністра, бо ён быў такі кемлівы, што ў найбольшай страце ўмеў згледзець карысьць, і ўсё ў яго было так спрытна павёрнута, што ў паразе ён бачыў перамогу, у няшчасьці – шчасьце, у беднасьці – заможнасьць, у няўдачы – посьпех. І калі б ня гэтае паварочваньне, як жа можна было б тое сумнае сьвята цудоўным назваць? У той дзень падаў халодны дождж і слаўся туман, калі гаспадар наш выйшаў на балькон палацу прачытаць тронавую прамову. Побач зь ім на бальконе стаяла толькі змоклая, прыгнечаная жменька саноўнікаў, бо рэшта ўжо была пад арыштам альбо ўцякла са сталіцы. Ніякага натоўпу не было, толькі служба двара і трохі салдат з імпэратарскай гвардыі, якія стаялі на ўскрайку дзядзінцу, што зеўраў пусткай. Шаноўны гаспадар наш выказаў спачуваньне правінцыям, якія галадаюць, і сказаў, што будзе рабіць усё магчымае, каб імпэрыя магла надалей плённа разьвівацца. Ён таксама дзякаваў арміі за ляяльнасьць, хваліў сваіх падданых, заахвочваў і зычыў усім посьпехаў. Але гаварыў ён ужо так ціха, што праз шум дажджу ледзь чуваць было асобныя словы. І ведай, дружа, што ўсё гэта я забяру з сабой у магілу, бо я ўсё яшчэ чую, як голас нашага гаспадара ўсё больш яму здраджвае, і бачу, як па яго старым твары сплываюць сьлёзы. І тады, так, тады я ўпершыню падумаў, што ўсё канчаецца ўжо напраўду. Што ў той дажджлівы дзень адыходзіць цэлае жыцьцё, халодны і ліпкі туман накрывае нас, а Месяц і Юпітэр, стоячы на сёмым і дванаццатым месцах, утвараюць фігуру квадрата.
Увесь гэты час – а гэта лета семдзесят чацьвертага году – ідзе вялікая гульня двух спрытных і хітрых партнэраў – старога імпэратара і маладых афіцэраў з «Дэргу». З боку афіцэраў гэта гульня падыходу, яны стараюцца аблажыць старога манарха ў ягоным бярлогу – палацы. А з боку імпэратара? Ягоны плян вельмі тонкі, але пачакайма, праз хвілю мы ўведаем і яго задуму. А пазасталыя асобы? Іншыя ўдзельнікі гэтай захапляльнай і драматычнай гульні, уцягнутыя ў яе хадой падзеяў, няшмат разумеюць з таго, што адбываецца. Саноўнікі і фаварыты гойсаюць па калідорах палацу, бязрадныя і спалоханыя. Памятайма, што палац быў сядзібай пасрэднасьцяў, зборышчам людзей другасных, а такія ў хвіліны крызісу заўжды губляюць галаву і стараюцца толькі ўратаваць уласную скуру. Пасрэднасьць у такія моманты вельмі небясьпечная, бо, адчуваючы пагрозу, яна робіцца бязьлітаснай. Гэта акурат тыя кратавыя, якіх не стае на штосьці большае, як адразу распачаць страляніну і кровапраліцьце: іх асьляпляе страх і нянавісьць, а да дзеяньня падштурхоўваюць найніжэйшыя сілы – подласьць, зацяты эгаізм, страх перад стратай прывілеяў і ганьбай. Дыялёг з гэтымі людзьмі немагчымы, пазбаўлены сэнсу. Другую групу становяць сталовыя – людзі добрай волі, але паводле натуры пасіўныя, расхлябаныя, падатлівыя і няздольныя выйсьці па-за схемы палацавага мысьленьня. Гэтых найбольш б’юць, з усіх бакоў б’юць, адсоўваюць і зьнішчаюць, бо яны спрабуюць рухацца ўва ўжо конча расколатай сытуацыі, у якой два скрайнія праціўнікі – кратавыя і паўстанцы – ужо ня хочуць іх паслуг, з той прычыны, што памкненьнем скрайнасьцяў ёсьць сутычка, а не замірэньне. Вось жа, сталовыя таксама нічога не разумеюць і ня значаць, іх таксама перарасла і адсунула ў бок гісторыя. Пра коркавых няма чаго сказаць, гэтыя плывуць туды, куды іх цягне плынь, гэта касяк тактычнай малечы, якую нясе, цягне ўва ўсіх кірунках, якая стараецца, намагаецца хоць як-небудзь выжыць. Вось фаўна палацу, супраць якой выступае група маладых афіцэраў – спрытных, разумных людзей, амбітных разгарачаных патрыётаў, сьведамых страшнага становішча бацькаўшчыны, дурасьці і бязраднасьці эліты, карупцыі і разбэшчанасьці, беднасьці і прыніжальнай залежнасьці краіны ад мацнейшых дзяржаваў. Яны самі, будучы часткай імпэратарскай арміі, належаць да ніжэйшых слаёў эліты, яны таксама карысталіся прывілеямі, і да змаганьня іх падштурхоўвае не галеча, якой яны беспасярэдне не адчуваюць, але пачуцьцё сораму і маральнай адказнасьці. Яны маюць зброю і вырашаюць выкарыстаць яе напоўніцу. Змова завязваецца ў штабе Чацьвертай дывізіі, кашары якой знаходзяцца ў прадмесьцях Адыс-Абэбы, зрэшты, досыць блізка ад палацу імпэратара. Група змоўнікаў доўгі час дзейнічае ў максымальна шчыльнай кансьпірацыі – нават дробная, алюзійная ўцечка магла б прывесьці да рэпрэсіяў і сьмяротнай кары. Паступова змова пранікае ў іншыя гарнізоны, а пазьней – у шэрагі паліцыі. Здарэньнем, якое паскорыла канфрантацыю з палацам, была трагедыя галадамору ў паўночных правінцыях краіны. Звычайна кажуць, што прычынай масавых сьмерцяў ад голаду ёсьць пэрыядычныя засухі, якія спрычыняюцца да неўраджаю. Гэты погляд прадстаўляюць эліты краінаў, што галадаюць. Аднак ён няслушны. Прычынай голаду найчасьцей ёсьць несправядлівае ці няправільнае разьмеркаваньне запасаў, нацыянальнай маёмасьці. У Этыёпіі было шмат зерня, але яно было схаванае багатырамі, а пасьля выкінутае на рынак па падвойных цэнах, не даступных для сялянства і гарадзкой беднаты. Падаюць лічбу, якая сягае соцень тысячаў людзей, якія памерлі проста побач з поўнымі збожжа сьвірнамі. На загад мясцовых натабляў паліцыя дабівала цэлыя грамады яшчэ жывых чалавечых шкілетаў. Гэтая сытуацыя скрайняй крыўды, жаху, роспачнага абсурду стае сыгналам для выступу афіцэраў-падпольшчыкаў. Бунт адну за адной ахоплівае ўсе дывізіі, а менавіта армія была галоўным апірышчам імпэратарскай улады. Пасьля кароткага пэрыяду ашаламленьня, зьдзіўленьня і ваганьняў Х. С. пачынае здаваць сабе справу з таго, што ён губляе найважнейшы інструмэнт улады. Спачатку група «Дэрг» дзейнічае ўпоцемках, яны хаваюцца ў падпольлі, не вядомыя іншым, яны самі ня ведаюць, наколькі вялікая частка арміі стане на іх бок. Таму яны мусяць дзейнічаць асьцярожна, прасоўвацца крадком, употайкі, крок за крокам. За імі студэнты і работнікі – гэта важна, але бальшыня генэралітэту і вышэйшых афіцэраў супраць падпольшчыкаў, а генэралітэт надалей камандуе, выдае загады. Крок за крокам – вось тактыка гэтай рэвалюцыі, накінутая сытуацыяй. Калі б яны выступілі адкрыта і адразу, дэзарыентаваная частка арміі, ня ведаючы, пра што ідзецца, магла б адмовіць ім у падтрымцы ці нават іх зьнішчыць. Паўтарылася б драма шасьцідзясятага году, калі войска страляла ў войска, а палац дзякуючы гэтаму праіснаваў яшчэ трынаццаць гадоў. Зрэшты, у самім «Дэргу» таксама няма адзінства – так, усе хочуць зьнішчыць палац, хочуць зьмяніць анахранічную, вычарпаную, бязрадна гібеючую сыстэму, але трываюць спрэчкі аб тым, што зрабіць з асобай імпэратара. Імпэратар стварыў вакол сябе міт, сілу і жывучасьць якога не было як спраўдзіць. Ён быў папулярнай у сьвеце, поўнай асабістага шарму, паўсюдна шанаванай постацьцю. Апроч таго, ён быў галавой царквы, абраньнікам Бога, уладаром душ. Падняць на яго руку? Гэта заўсёды заканчвалася праклёнам і шыбеніцай. Гэтыя хлопцы з «Дэргу» сапраўды былі людзьмі вялікай адвагі. І ў якойсьці ступені – адчайнымі людзьмі, бо пазьней яны ўспамінаюць, што, вырашаючы выступіць супраць імпэратара, ня верылі ў свой посьпех. Можа быць, Х. С. штосьці ведаў пра сумневы і разьбежнасьці, якія разьдзіралі «Дэрг», урэшце, ён меў надзвычай разьвітую выведную сетку. Але можа быць, што ён кіраваўся толькі інстынктам, сваім праніклівым тактычным пачуцьцём, вялікім досьведам? А калі было іначай? Калі ён папросту не адчуваў у сабе сілаў для далейшай барацьбы? Здаецца, што ён адзін ува ўсім палацы разумеў, што хвалі, якая паднялася гэтым разам, ён ужо ня можа супрацьстаяць. Усё рассыпалася, у яго былі пустыя рукі. Таму ён пачынае саступаць, больш за тое – перастае кіраваць. Ён стварае бачнасьць свайго існаваньня, але найбліжэйшыя ведаюць, што ў сапраўднасьці ён нічога ня робіць, ня дзейнічае. Ягонае атачэньне зьбітае з панталыку гэтай бязьдзейнасьцю, яно губляецца ў здагадках. То адна, то другая фракцыя прадстаўляе яму абсалютна процілеглыя аргумэнты, а ён усіх з аднолькавай увагай слухае, падтаквае, усіх хваліць, суцяшае, заахвочвае. Ён пускае падзеі на самацёк – узвышаны, аддалены, замкнёны, выключаны, як быццам ён рухаецца ўжо ў іншым вымярэньні, у іншым часе. Быць можа, ён хоча ўстаць па-над канфліктам, каб даць дарогу новым сілам, якіх ён усё адно ня можа стрымаць? Можа, ён разьлічвае, што ўзамен за гэтую паслугу яны пазьней ушануюць, прымуць яго? У любым разе, застаўшыся адзін, ён, стары, якому няшмат засталося жыць, ужо ня будзе для іх небясьпечны. Значыць, ён хоча застацца? Ацалець? Пакуль вайскоўцы пачынаюць з дробных правакацыяў: арыштоўваюць па абвінавачаньні ў карупцыі колькі звольненых міністраў ураду Аклілу. Неспакойна чакаюць рэакцыі імпэратара. Але Х. С. маўчыць. Гэта значыць, што ход удаўся, першы крок быў зроблены. Асьмялеўшы, яны ідуць далей – адгэтуль тактыка паступовага дэмантажу эліты, павольнага, але руплівага спустошваньня палацу пушчаная ў рух. Саноўнікі, натаблі зьнікаюць адзін за адным: пасіўныя, бязвольныя, чакаючы сваёй чаргі. Пасьля ўсе яны спатыкаюцца пад арыштам у Чацьвертай дывізіі, у гэтым новым, асаблівым, няўтульным антыпалацы. Перад брамай кашараў, проста каля каляінаў чыгункі Адыс-Абэба-Джыбуці, якія праходзяць у гэтым месцы, стаіць даўгі шэраг шыкоўных лімузінаў: гэта княжны, жонкі міністраў, генэралаў, усхваляваныя і напалоханыя, прывозяць сваім мужам і братам – вязьням новага парадку – ежу і вопратку. На гэтыя сцэны лупіць вочы натоўп узрушаных і зьдзіўленых разявак: вуліца яшчэ ня ведае, што насамрэч адбываецца, гэта яшчэ не дайшло да яе. Імпэратар усё яшчэ ў палацы, а афіцэры працягваюць кіраваць у штабе дывізіі, абдумваюць наступныя крокі. Вялікая гульня працягваецца, але набліжаецца яе апошні акт.
жнівень-верасень
М. В.-І.: І вось пасярод прыгнечанасьці, здушанасьці, якая напаўняла палац, ахінала прыдворных панурым смуткам, раптам прыяжджаюць швэдзкія дактары, якіх слаўны гаспадар даўно яшчэ паклікаў з Эўропы і якія ў выніку нейкай незразумелай затрымкі прыбылі толькі цяпер, каб праводзіць у нашым двары заняткі гімнастыкай. Заўваж, дружа, што ўжо тады ўсё ў руінах ляжала, а хто са сьвіты яшчэ пад арыштам не сядзеў, усё адно ні дня, ні гадзіны сваёй ня ведаў і толькі бачком, крадком калідорамі соваўся, каб афіцэрам на вочы ня трапіць, бо яны цяпер хапалі, замыкалі, нікому ўцячы не давалі. А тут маеш – сярод усёй гэтай аблавы, гэтага паляваньня, даводзіцца гімнастыкай займацца! Хто ж здольны зараз якойсьці гімнастыкай займацца, калі гэта апошні момант, каб за стол сядаць, імпэрыю папраўляць, дарабляць, спраўнай рабіць! Але такая ўжо была воля нашага гаспадара, а таксама ўсёй Кароннай рады, каб усе людзі двара пра здароўе сваё дбайна клапаціліся, дабротамі прыроды багата карысталіся, колькі трэба ў выгодах і дастатку адпачывалі, добрым паветрам дыхалі, а найлепей – замежным, і ашчаджаць на гэтым грошы літасьцівы гаспадар наш забараняў, шматкроць паўтараючы, што жыцьцё людзей палаца ёсьць найвялікшым скарбам імпэрыі і найвышэйшай каштоўнасьцю манархіі. І ў гэтым духу гаспадар наш даўно яшчэ такі дэкрэт выдаў, што мы мусім гэтай гімнастыкай займацца, і не скасаваў яго з прычыны паноўнага гармідару і ўсё большых клопатаў, і нам давялося – апошнім, хто заставаўся ў палацы, – раніцай на гімнастыку станавіцца і, рукамі, нагамі махаючы, найвялікшы скарб імпэрыі да гнуткасьці, спрытнасьці прымушаць. Убачыўшы, што насуперак нахабным захопнікам, якія паволі авалодвалі палацум, гімнастыка прагрэсуе, міністар інфармацыі ацаніў гэта як посьпех і падбадзёрлівы доказ непарушнай еднасьці нашага двара. Яшчэ ў памянёным дэкрэце загадвалася, што калі хтосьці, выконваючы дзяржаўныя абавязкі, хоць бы трохі ператоміцца, адразу павінен перадышку браць, у выгоднае, утульнае месца паехаць, там адпачываць, удыхаць і выдыхаць ці нават, у вопратку простую ўбраўшыся і паспалітым стаўшы, да самой прыроды набліжацца. А калі хтосьці пра адпачынак забываўся ці з прычыны надта руплівай службы яго закідваў, таго шаноўны гаспадар ганіў, дый іншыя прыдворныя нагадвалі, каб скарбу імпэрыі не марнаваў і найкаштоўнейшую нацыянальную каштоўнасьць ашчаджаў. Але як жа цяпер можна было да прыроды набліжацца і адпачываць, калі афіцэры нікога з палацу не выпускалі, а калі хтосьці крадком дадому ўцякаў, там яго падпільноўвалі і пад арышт бралі? А найгоршая рэч, якая вынікала з памянёнай гімнастыкі, палягала ў тым, што калі група прыдворных у якімсьці салёне зьбіралася і там рукамі, нагамі махала, адразу змоўнікі заходзілі і ўсіх пад арышт гналі. Іх дні зьлічаныя, а яны гімнастыкай займаюцца! – сьмяяліся афіцэры, даходзячы да такога дзёрзкага зьдзеку. І гэта ўжо было найлепшым доказам таго, што афіцэры ніякіх каштоўнасьцяў не шануюць і супраць імпэрыі выступаюць, чым нават швэдзкія дактары засмучаныя былі, бо кантракты згубілі, хоць і радаваліся, што жыцьцё захавалі. А каб бунтаўнікі ўсіх за адзін раз не забралі, вялікі камэргер двара хітры выкрут прыдумаў, загадаўшы займацца гімнастыкай толькі ў малых групках, і тады, калі адныя афіцэрам трапяцца – іншыя ацалеюць і, ператрываўшы найгоршае, палац у сваім уладаньні ўтрымаюць. Адылі, дарагі дружа, нават гэты спрытны і хітры манэўр урэшце ня надта дапамог, бо бунт ужо да вялікай дзёрзкасьці дайшоў, палац наш заўзята атакуючы і з надзвычайнай зласьлівасьцю цкуючы. Настаў жнівень, то бок пачаліся апошнія тыдні панаваньня нашага ўсёмагутнага ўладара. Але ці слушна я выбіраю словы, кажучы пра яго панаваньне ў гэтыя апошнія ўжо дні заняпаду? Магчыма, цяжэй за ўсё вызначыць, дзе праходзіць мяжа паміж панаваньнем сапраўдныя, такім, якому ўсё паддаецца, панаваньнем, якое стварае сьвет альбо зьнішчае сьвет; дзе ёсьць гэтая мяжа паміж панаваньнем жывым, вялікім, хоць і страшным, і бачнасьцю панаваньня, пустой пантамімай уладараньня, выкананьнем ролі статыста для самога сябе, усяго толькі выкананьнем ролі, нябачаньнем сьвету, нячуцьцем, толькі ўгляданьнем у сябе. А яшчэ цяжэй сказаць, у які момант пачынаецца гэты пераход ад усёмагутнасьці да немачы, ад памыснасьці да няфарту, ад бліску да паціны. І ніхто ў палацы ня быў здольны адчуць гэтага, бо ўсе мелі нейкі такі зрок, што да самага канца ў немачы бачылі ўсёмагутнасьць, у няфарце – памыснасьць, у паціне – бліск. І нават калі б хтосьці меў іншы пагляд, хіба ж мог бы ён, не паддаючы сваю галаву небясьпецы, прыпасьці да нашага манарха і сказаць: любачка, ты немачны, няшчасьце на цябе насоўваецца, пацінай ты пакрываесься! Так, у гэтым палацы была такая бяда, што праўду туды не пускалі, а пасьля, перш чым людзі апрытомнелі, іх ужо пад арышт узялі. Гэта таму, дружа, што ў кожным усё было зручна перагароджанае, разьдзеленае: бачаньне ад думаньня, думаньне ад маўленьня, і ў чалавеку ўжо не было такога месца, дзе б гэтыя тры сутнасьці маглі спаткацца і азвацца чутным голасам. Але на мой пагляд, дружа, нашыя няшчасьці пачаліся тады, калі слаўны гаспадар дазволіў студэнтам сабрацца на тым паказе моды і тым самым даў ім нагоду сабраць натоўп і пачаць маніфэстацыю, з чаго ўжо нарадзіўся вось гэты звадніцкі рух. А ўся памылка была ў тым, што ня трэба было дапускаць ніякага руху, таму што мы маглі існаваць толькі ў нерухомасьці, таму што чым больш нерухомая нерухомасьць, тым даўжэйшае і трывалейшае нашае існаваньне. І дзіўныя былі дзеяньні нашага гаспадара, бо ён сам лепей за ўсіх ведаў гэтую праўду, пра што можна было меркаваць хоць бы з таго, што яго ўлюбёным каменем быў мармур. Мармур жа зь яго маўклівай, нерухомай, старанна адпаліраванай паверхняй увасабляў мару дастойнага гаспадара аб тым, каб усё наўкола было такім жа нерухомым і маўклівым, гэтак жа гладкім, роўна абрэзаным, на стагодзьдзі вызначаным, усталяваным, веліч аздабляльным.
А. Г.: Вы мусіце ведаць, містэр Рычард, што тады, у пачатку жніўня, унутраны выгляд палацу ўжо страціў усю сваю годнасьць і ўражальную паважнасьць. Такі запанаваў балаган, што рэштка чыноўнікаў цырыманіялу, якая яшчэ заставалася, не магла навесьці ніякага парадку. Гэтае бязладзьдзе таму ўзьнікла, што палац стаў апошнім месцам прытулку для саноўнікаў і натабляў, якія зьяжджаліся сюды з усёй сталіцы і нават з усёй імпэрыі, спадзеючыся, што побач з гаспадаром нашым яны будуць у большай бясьпецы, што імпэратар іх уратуе і выклапача ім свабоду ў дзёрзкіх афіцэраў. Цяпер саноўнікі і фаварыты ўсіх рангаў, ступеняў і катэгорыяў без аніякай пашаны да сваіх высокіх пасадаў і тытулаў покатам спалі на дыванах, на канапах і фатэлях, накрываючыся парт’ерамі і фіранкамі, з чаго ўвесь час узьнікалі сваркі і звадкі, бо частка людзей не давала фіранкі з вокнаў здымаць, маўляў, палац зацямняць трэба, бо збунтаваная авіяцыя можа ўсіх бомбамі закідаць, на што іншыя з гневам адказвалі, што ня могуць заснуць, не накрываючыся, а трэба прызнаць, што ночы былі надзвычай халодныя, таму нягледзячы ні на што фіранкі з вокнаў усё ж сьцягвалі і імі накрываліся. Адылі сваркі гэтыя і ўзаемныя лаянкі былі ўжо пустыя, бо афіцэры хутка ўсіх мірылі, забіраючы іх пад арышт, дзе рассвараныя саноўнікі ні на якія пакрывалы разьлічваць не маглі. У гэтыя дні, штодня раніцай, патрулі Чацьвертай дывізіі прыяжджалі ў палац, збунтаваныя афіцэры выходзілі з машынаў і загадвалі саноўнікам сабрацца ў тронавай залі. Сход саноўнікаў! сход саноўнікаў у тронавай залі! неслася па калідорах гуканьне чыноўнікаў цырыманіялу, якія ў той час служылі ўжо афіцэрам. На гэтае гуканьне частка саноўнікаў хавалася па кутах, але рэшта, загорнутая ў тыя парт’еры, фіранкі, зьяўлялася на месца сходу. Тады спадары афіцэры зачытвалі сьпіс і названых саноўнікаў забіралі пад арышт. Але спачатку колькі адбывала – столькі прыбывала, бо хоць штодзень з палацу пад арышт забіралі, увесь час новыя саноўнікі прыбывалі, думаючы, што палац ёсьць самым надзейным месцам і што шаноўны гаспадар іх ад афіцэрскай дзёрзкасьці абароніць. Трэба прызнаць, містэр Рычард, што слаўны гаспадар наш, цяпер заўсёды ў мундур апрануты, часам у парадны мундур, цырыманіяльны, часам у палявы, баявы, у якім ён быў звычайна манэўры назіраў, заходзіў у салёны, дзе асавелыя, спалоханыя саноўнікі ляжалі на дыванах, сядзелі на канапах, распытваючы адзін аднаго, што зь імі будзе, калі скончыцца чаканьне, і там іх суцяшаў, заахвочваў, памыснасьці зычыў, найвялікшую ўвагу ўдзяляў, з асабістым клопатам да іх ставіўся. Адылі, калі ён у калідоры патруль афіцэраў спатыкаў, то іх таксама заахвочваў, памыснасьці зычыў і, дзякуючы арміі за ляяльнасьць, выказваную ў дачыненьні да яго, запэўніваў, што справы войска ёсьць прадметам яго асабістага клопату. На што кратавыя са злосьцю і ядам гаспадару нашаму шапталі, што афіцэраў вешаць трэба, бо яны імпэрыю зьнішчылі, што літасьцівы манарх таксама з увагай слухаў, заахвочваў, памыснасьці зычыў і, дзякуючы за ляяльнасьць, падкрэсьліваў, што вельмі высока іх цэніць. І гэтую нястомную рухавасьць шаноўнага гаспадара, якой ён спрычыняўся да агульнай памыснасьці, ніколі не ашчаджаючы парадаў і ўказаньняў, спадар Гебрэ-Эгзы ацаніў як посьпех, убачыўшы ў ёй доказ жывучасьці нашай манархіі. На жаль, гэтымі сваімі посьпехамі міністар так ужо афіцэраў раззлаваў, што яны яго пад арышт забралі і больш яму гаварыць не далі. Прызнаюся вам, містэр Рычард, што ў якасьці чыноўніка міністэрства забесьпячэньня палацу ў той апошні месяц я зазнаваў найчарнейшыя дні, бо немагчыма было вызначыць асабовы склад нашага двара, колькасьць саноўнікаў штодзень зьмянялася: адныя прыбывалі, прасьлізгвалі ў палац, спадзеючыся там уратавацца, іншых афіцэры пад арышт бралі, а часта бывала і так, што хтосьці ўначы прасьлізнуў, а апоўдні яго ўжо забралі, і з гэтай прычыны я ня ведаў, колькі харчоў браць са складоў; таму часам ежы не хапала, і тады саноўнікі крычаць пачыналі, што міністэрства ўжо ў змове з бунтаўнікамі і хоча іх голадам замарыць, а, зноў жа, калі ежы лішак быў, афіцэры ганілі мяне за тое, што марнатраўства ў двары пануе, так што я зьбіраўся ў адстаўку падаць, але жэст аказаўся збыткоўным, бо і так нас усіх з палацу павыганялі.
І. І.: Нас была ўжо толькі жменька, якая чакала кончага і найстрашнейшага выраку, калі – хвала Богу! – зьявіўся праменьчык надзеі ў асобе мэцэнатаў, якія ўрэшце, пасьля доўгіх абмеркаваньняў, падрыхтавалі праект зьменаў канстытуцыі і прыйшлі да нашага гаспадара з гэтым праектам, які грунтаваўся на тым, каб ператварыць нашу адзінаўладную імпэрыю ў канстытуцыйную манархію, зрабіць моцны ўрад, а шаноўнаму гаспадару пакінуць столькі ўлады, колькі яе маюць брытанскія каралі. Тады дастойныя панове за чытаньне праекту ўзяліся, падзеленыя на малыя групы і схаваныя ў сукрытых месцах, бо калі б афіцэры вялікую грамаду заўважылі, то пасадзілі б яе пад арышт. На жаль, дружа, прачытаўшы гэты праект, кратавыя адразу ў апазыцыю сталі, кажучы, што абсалютную манархію трэба ўтрымаць, усю ўладу, якую ў правінцыях мелі натаблі, – захаваць, а гэтыя выдумкі пра канстытуцыйную манархію на ўзор заняпалай брытанскай імпэрыі – кінуць у агонь. Тут, аднак, сталовыя пачалі на кратавых кідацца, кажучы, што гэта апошні момант, каб імпэрыю на канстытуцыйны шлях скіраваць, дарабіць, страўнай зрабіць. І так сварачыся, пайшлі да міласьцівага гаспадара, які якраз дэлегацыю мэцэнатаў прымаў, у дэталі гэнага праекту з асаблівай увагай заглыбляўся, высока гэтую ідэю ацэньваючы, а цяпер, выслухаўшы прэтэнзіі, якія прадставілі кратавыя, і лісьлівасьці, якія выказалі сталовыя, усіх пахваліў, заахвоціў і пазычыў памыснасьці. Аднак хтосьці, мусіць, ужо зьлётаў да афіцэраў з даносам, бо як толькі мэцэнаты з імпэратарскага кабінэту выйшлі, адразу вайскоўцаў спаткалі, а тыя ў іх праект забралі, дадому ісьці загадалі і забаранілі больш у палац прыходзіць. А дзіўна гэтае бытаваньне ўнутры палацу выглядала, быццам бы толькі само ў сабе і для сябе існуючае, бо калі ў якасьці чыноўніка палацавай пошты я выяжджаў у места, то бачыў там звычайнае жыцьцё, па вуліцах машыны езьдзілі, дзеці зь мячом гулялі, на рынку людзі прадавалі, куплялі, старыя сядзелі й гаманілі, а я кожны дзень пераходзіў з аднаго сьвету ў другі, з аднаго быту – у іншы, сам ужо ня ведаючы, каторы рэальны, і адчуваючы толькі тое, што досыць было выйсьці ў места, убачыць людзей, якія ідуць вуліцай, занятыя сваім клопатам, і я адразу губляў увесь палац з вачэй, палац кудысьці зьнікаў, нібыта яго не існавала, я нават баяўся, што калі вярнуся зь места, яго ўжо ня будзе.
Э.: Апошнія дні ён быў у палацы ўжо адзін, афіцэры пакінулі пры ім толькі старога камэрдынэра ягонай спальні. Відавочна, у «Дэргу» ўзяла перавагу тая група, якая хацела закрыць палац і зрынуць імпэратара. Прозьвішчы гэтых афіцэраў у той час былі невядомыя, не абвяшчаліся, яны да канца дзейнічалі ў поўнай кансьпірацыі. Цяпер толькі кажуць, што гэтай групай кіраваў малады маёр, якога звалі Мэнгісту Хайле-Марыям. Там былі яшчэ іншыя афіцэры, але сёньня яны ўжо не жывуць. Я памятаю, як гэты чалавек прыяжджаў у палац капітанам. Ягоная маці служыла ў палацы. Не магу сказаць, дзякуючы каму яму ўдалося скончыць афіцэрскую школу. Худы, дробны, заўсёды ўнутрана напяты, але вытрыманы, ува ўсякім разе, такое ён рабіў уражаньне. Ён дасканала ведаў структуру двара, добра ведаў, хто ёсьць кім, каго і калі арыштаваць, каб палац перастаў дзейнічаць, каб ён страціў уладу і сілу, каб ён замяніўся ў збыткоўны макет, які – як ты сёньня можаш убачыць – стаіць пакінуты і гібее. Дзесьці ў першыя дні жніўня ў «Дэргу», мусіць, былі прынятыя кончыя рашэньні. Камітэт вайскоўцаў – гэты самы «Дэрг» – складаўся з ста дваццаці дэлегатаў, выбраных на сходах дывізіяў і гарнізонаў. Яны мелі сьпіс пяціста саноўнікаў і прыдворных, якіх паступова арыштоўвалі, ствараючы вакол імпэратара ўсё большую пустку, пакуль урэшце ён не застаўся ў палацы адзін. Апошнюю групу, ужо з найбліжэйшага атачэньня імпэратара, пасадзілі пад арышт у сярэдзіне жніўня. Яны забралі тады начальніка аховы імпэратара, палкоўніка Тасэва Ваё, ад’ютанта нашага манарха, генэрала Асэфу Дэмісіе, галоўнаначальніка імпэратарскай гвардыі – генэрала Тадэсэ Лему, асабістага сакратара Х. С. – Салямона Гебрэ-Марыяма, прэм’ера Эндэлькачэва, міністра найвышэйшых прывілеяў – Адмасу Рэту і яшчэ чалавек з дваццаць іншых. Адначасна яны распусьцілі Каронную раду і іншыя інстытуцыі, падпарадкаваныя беспасярэдне імпэратару. Ад гэтага моманту яны пачалі праводзіць падрабязную рэвізію ўсіх установаў палацу. Найбольш кампрамэтуючыя дакумэнты яны знайшлі ўва ўправе найвышэйшых прывілеяў, гэта было тым лацьвей, што Адмасу Рэта сам зь вялікай руплівасьцю пачаў усё выдаваць. Калісьці прывілеі разьмяркоўваў толькі сам манарх асабіста, але па меры прагрэсуючага заняпаду імпэрыі рвацтва і зьдзірства сярод натабляў так вырасла, што Х. С. быў ужо ня ў стане ўсё кантраляваць і часткова перадаў разьмеркаваньне прывілеяў у рукі Адмасу Рэты. Апошні, аднак, ня меў той геніяльнай памяці, якой валодаў імпэратар, якому нічога ня трэба было запісваць, і таму вёў дакладныя сьпісы раздачы зямлі, дамоў, прадпрыемстваў, валюты і ўсялякіх іншых падарункаў, якія атрымлівалі саноўнікі. Усё гэта цяпер трапіла ў рукі вайскоўцаў, якія адразу пачалі вялікую прапагандысцкую кампанію што да карупцыі ў палацы, агалошваючы гэтыя надзвычай кампрамэтуючыя дакумэнты. Такім чынам яны выклікалі сярод насельніцтва настроі гневу і нянавісьці, пачаліся маніфэстацыі, вуліца прагнула шыбеніцаў, ствараўся клімат жаху і апакаліпсісу. Нават добра было, што ўрэшце вайскоўцы ўсіх нас з палацу выгналі, можа быць, дзякуючы гэтаму я захаваў жыцьцё.
Т. В.: Прызнаюся табе, любачка, што я ўжо даўно ведаў, што справы ідуць да горшага, таму што бачыў, як сябе паводзяць спадары саноўнікі, якія кожны раз, калі зьбіраліся чорныя хмары, адразу ў грамаду зьбіваліся, міжсобку гаманілі, адзін аднаго пераконвалі, адзін аднаму падтаквалі і ўжо нават нас, прыслугу, пра навіны зь места не пыталі, бо баяліся пачуць страшныя весткі, зрэшты, навошта ж ужо было пытацца, калі ўсё адно нічога нельга было зрабіць, усё развальвалася. У гэты час коркавыя іншых суцяшалі, маўляў, калі ў нас цяпер паралюш, то і добра – гэтак мы ў палацы найдаўжэй утрымаемся, бо прырода паралюшу такая, што ён мае найбольшую ўстойлівасьць, сваім цяжарам усялякі рух пераможа, пакорны люд у дрымоце ўтрымае, так што нам, бадай, удасца перавекаваць, абы толькі ў самы час, там, дзе трэба, саступаць, ліхога не дражніць, а нават яму патураць. Так бы, пэўна, і было, як панове коркавыя казалі, калі б ня гэтая зацятасьць афіцэраў, гэтыя руплівыя хапуны, якія яны ў палацы чынілі, вялікія вышчарбы, якія яны ў шэрагах саноўнікаў рабілі, пакуль увесь двор ня вычысьцілі, так што нікога ўжо ў ім не засталося, толькі слаўны гаспадар наш са сваім апошнім прыслужнікам.
Найцяжэй было знайсьці гэтага чалавека, які, такі ж стары, як і яго гаспадар, жыве цяпер у такім забыцьці, што шмат людзей, якіх я пытаў пра яго, пацепвалі плячыма, сьцьвярджаючы, што ён даўно памёр. Ён служыў імпэратару да апошняга дня, гэта значыць да той хвілі, калі вайскоўцы вывезьлі манарха з палацу, а яму сказалі забраць свае рэчы і ісьці дадому. У другой палове жніўня афіцэры затрымліваюць апошніх людзей з атачэньня Х. С. Яны пакуль яшчэ не чапаюць імпэратара, бо ім трэба час, каб падрыхтаваць да гэтага грамадзкую думку: горад павінен разумець, чаму яны зрынаюць манарха. Афіцэры здаюць сабе справу з таго, чым ёсьць магічнае мысьленьне люду і якія небясьпекі яно ў сабе хавае. Магічнасьць гэтага мысьленьня палягае ў тым, што асоба найвышэйшага надзяляецца – часта несьвядома – рысамі боскасьці. Найвышэйшы ёсьць найлепшым, мудрым і шляхетным, беззаганным і ласкавым. Гэта толькі саноўнікі дрэнныя, усякая бяда – іх справа. Ба, ды калі б найвышэйшы ведаў, што ягоныя людзі вырабляюць, ён адразу паправіў бы зло, адразу жыцьцё стала б лепшае! На жаль, гэтыя хітрыя нікчэмнасьці ўсё ўтойваюць ад свайго гаспадара і таму паўсюль столькі вусьцішы, таму жыцьцё так цяжка зносіць, таму яно такое нізкае і няшчаснае. Магічнасьць гэтага мысьленьня палягае ў тым, што, у сапраўднасьці, у адзінаўладнай сыстэме менавіта гэты найвышэйшы ёсьць першай прычынай усяго, што адбываецца. Ён дасканала ўсё ведае, а нават калі чагосьці ня ведае, то толькі таму, што ня хоча ведаць, таму, што яму гэта нявыгадна. Не было ніякай выпадковасьці ў тым, што атачэньне імпэратара ў бальшыні складалася зь людзей подлых і тупых. Подласьць і тупасьць былі ўмовай узвышэньня, паводле гэтага крытэру манарх падбіраў сваіх фаварытаў, за гэта ён іх узнагароджваў, прывілеямі адорваў. Ніводнага кроку ў палацы не было зроблена, ніводнага слова не было прамоўлена безь ягонага ведама і згоды. Усе гаварылі ягоным голасам, нават калі розныя рэчы гаварылі, бо і сам ён гаварыў розныя рэчы. Іначай быць не магло, бо ўмовай знаходжаньня ў атачэньні імпэратара было вызнаваньне культу імпэратара, а той, хто гэты культ вызнаваў слабей, страчваў руплівасьць – губляў месца, выпадаў, зьнікаў. Х. С. жыў сярод сваіх ценяў, ягоная сьвіта была памножаным ценем манарха. Кім былі спадары Аклілу, Гебрэ-Эгзы, Адмасу Рэта апроч таго, што яны былі міністрамі Х. С.? Яны былі нікім апроч таго, што былі міністрамі Х. С. Але менавіта такіх людзей імпэратар хацеў мець каля сябе, толькі яны маглі спаталяць яго пыху, яго любоў да сябе, яго страсьць да сцэны і люстра, да жэсту і п’едэстала. І вось цяпер афіцэры сустракаюцца сам-насам з імпэратарам, стаяць перад ім вочы ў вочы, пачынаецца апошняя сутычка. Прыйшла хвіліна, калі ўсе ўжо мусяць зьняць маскі і паказаць свае твары. Гэтыя дзеяньні суправаджаюцца непакоем і напяцьцем, бо паміж бакамі ўтвараюцца новыя дачыненьні, яны пераходзяць у невядомую сытуацыю. Імпэратар ня можа нічога здабыць, але ён яшчэ можа абараняцца, абараняцца безабароннасьцю, бязьдзейнасьцю, толькі тым, што ён ёсьць, правам гаспадара палацу, правам даўнасьці, а таксама тым, што ён зрабіў незвычайную паслугу – ён жа маўчаў, калі бунтаўнікі абвяшчалі, што робяць рэвалюцыю ад яго імя, ён ніколі не пратэставаў, не крычаў, што гэта хлусьня, і менавіта гэтая камэдыя ляяльнасьці, якую месяцамі гралі вайскоўцы, вырашальным чынам аблегчыла ім задачу. Афіцэры, аднак, вырашаюць ісьці далей, ісьці да канца: хочуць зьняць маску з боства. У грамадзтве, так прыгнечаным беднасьцю, нястачаю і няшчасьцямі, як этыёпскае, нішто так не кранае ўявы, нішто не выклікае большага гневу, абурэньня і нянавісьці, чым карціна карупцыі і прывілеяў эліты. Нават няўмелы і бяздарны ўрад, калі б ён толькі захоўваў спартанскі лад жыцьця, мог бы існаваць гадамі, аточаны прызнаньнем люду. Бо ў прынцыпе стаўленьне людзей да палацу, як правіла, пачцівае і паблажлівае. Але ўсякая талеранцыя мае свае межы, якія саманадзейны, фанабэрысты палац лёгка і часта пераступае. І тады настрой вуліцы гвалтоўна зьмяняецца з паслухмянага на непакорны, зь цярплівага – на мяцежны. Але вось надыходзіць момант, калі афіцэры вырашаюць агаліць Караля Каралёў, выпатрашыць яго кішэні, адкрыць і паказаць людзям таемныя сховы ў кабінэце імпэратара. У гэты самы час стары Х. С., якога штораз шчыльней абкладваюць, блукае па вымерлым палацы ў таварыстве свайго камэрдынэра Л. М. Л. М.: Дык вось, Вашаць, калі ўжо апошніх спадароў саноўнікаў забіралі, з розных кутоў, закуткоў іх выцягваючы, у грузавікі запрашаючы, адзін з афіцэраў кажа мне, каб я з дастойным гаспадаром заставаўся і, як заўжды было, усякія паслугі яму чыніў, і гэта сказаўшы, разам зь іншымі афіцэрамі паехаў. Я адразу пайшоў у найвышэйшы кабінэт, каб выслухаць волю майго ўсёмагутнага гаспадара, адылі нікога там не знайшоў, і далей калідорамі ідучы і разважаючы, куды ж мой гаспадар быў пайшоў, бачу, што ён стаіць у галоўнай прывітальнай залі і глядзіць, як салдаты зь яго гвардыі свае рэчы зьбіраюць, заплечнікі пакуюць і да выйсьця рыхтуюцца. Як жа гэта так, думаю, сыходзяць з рэчамі, гаспадара нашага без аніякай абароны пакідаюць, калі ў горадзе столькі зладзейства ўсякага і хваляваньняў разнастайных? Пытаюся іх тады: а вы што, шаноўныя, зусім сыходзіце? Зусім, кажуць, але пост пры браме застаецца, так што калі які саноўнік захоча ў палац пранікнуць, яго ўжо тыя зловяць. А я бачу, што дастойны гаспадар стаіць, глядзіць, ані слова ня кажа. Тады яны паклон нашаму гаспадару складаюць і са сваім клункамі сыходзяць, а яснавяльможны гаспадар глядзіць ім усьлед моўчкі, а пасьля вяртаецца ў свой кабінэт без адзінага слова.
На жаль, аповед Л. М. бязладны, стары ня можа скласьці свае вобразы, перажываньні і ўражаньні ў зьвязнае цэлае. Бацьку, ну ўспомні дакладна! – настойвае Тэфэра Гебрэвольд. (Ён называе Л. М. бацькам з прычыны яго ўзросту, а не сваяцтва.) Вось жа, Л. М. памятае, напрыклад, наступную сцэну: аднойчы ён застаў імпэратара ў салёне, той стаяў і глядзеў у акно. Л. М. падышоў і таксама зірнуў у акно: убачыў, што ў палацавым садзе пасьвяцца каровы. Відавочна, места ўжо аббегла вестка, што палац будуць закрываць, і праз гэта пастухі асьмеліліся да таго, што прыгналі ў сад быдла. Хтосьці, мусіць, сказаў ім, што імпэратар ужо ня важны і можна дзяліцца яго маёмасьцю, прынамсі, дзяліцца палацавай травой, якая стала ўласнасьцю народу. Імпэратар цяпер аддаўся доўгім мэдытацыям («яго індусы калісьці гэтага вучылі, на адной назе стаяць казалі, нават дыхаць забаранялі, казалі вочы заплюшчваць»). Нерухомы, ён гадзінамі мэдытаваў у сваім кабінэце (мэдытаваў, – задумваецца камэрдынэр, – а можа, драмаў), Л. М. не асьмельваўся ўваходзіць і перашкаджаць. Усё яшчэ трываў сэзон дажджоў, цэлымі днямі ліло, дрэвы стаялі ў вадзе, ранкі былі туманныя, ночы халодныя. Х. С. надалей хадзіў у мундуры, на які накідваў цёплы ваўняны плашч. Яны ўставалі як і раней, як шмат гадоў – на досьвітку, і ішлі ў палацавую капліцу, дзе Л. М. уголас чытаў штораз іншыя фрагмэнты Кнігі Песьняў: «Госпадзе! – як пабольшала ворагаў маіх! як многа іх на мяне паўстае!» «Умацуй мае крокі на дарогах Сваіх, хай ногі мае не пахіснуцца». «Не пакідай мяне; бо засмучаньне блізкае; бо няма каму ўратаваць». Пасьля Х. С. сыходзіў у свой кабінэт, сядзеў там за вялікім сталом, на якім стаяла больш за дзясятак тэлефонаў. Аднак усе яны маўчалі, можа, былі адключаныя. Л. М. сядзеў пад дзьвярыма, чакаў, ці не азавецца званок, які выклікаў яго ў кабінэт, каб атрымаць якое-небудзь даручэньне ад манарха.
Л. М. Але, Вашаць, тымі днямі толькі спадары афіцэры з розных нагодаў заходзілі, сьпярша да мяне прыходзілі, каб я пра іх візыт слаўнаму гаспадару паведаміў, пасьля ўваходзілі ў кабінэт, а там гаспадар наш рассаджваў іх у выгодныя фатэлі. Гэтыя афіцэры тады заяву зачытвалі, у якой яны дамагаліся, каб шчодры гаспадар грошы аддаў, якія, маўляў, ён за пяцьдзясят гадоў незаконна прыўласьціў, разьмяшчаючы іх па розных сусьветных банках, а таксама хаваючы іх у самім палацы ды ў дамах саноўнікаў і натабляў. А ўсё гэта, маўляў, аддаць трэба, бо гэта ўласнасьць народу, з крыві і поту якога тыя грошы ўзяліся. Якія ж грошы, літасьцівы гаспадар кажа, мы ніякіх грошай ня мелі, усё на разьвіцьцё ішло, каб даганяць і пераганяць, і разьвіцьцё гэтае было абвешчана посьпехам. Якое там разьвіцьцё, афіцэры крычаць, усё гэта пустая дэмагогія, дымавая заслона, кажуць, каб двор мог узбагачацца! І адразу з фатэляў устаюць і дыван вялікі, пэрсыдзкі, з падлогі ўздымаюць, а там пад усім дываном скруткі даляраў шчыльна паўтыканыя, аж падлога зялёнай здавалася. Яны тут жа тыя даляры ў прысутнасьці шаноўнага гаспадара сэржантам пералічыць і запісаць загадалі і ў нацыяналізацыю забралі. Але яны адразу зьехалі, а тады дастойны гаспадар наш мяне ў кабінэт паклікаў і грошы, якія ён у стале трымаў, паміж кніжкамі схаваць загадаў. А скажу вам, што гаспадар наш, які называўся нашчадкам караля Салямона, меў вялікі збор Сьвятога Пісаньня, на ўсе мовы сьвету перакладзенага, во туды мы грошы і паўтыкалі. Але спадары афіцэры, о-о-о! гэта былі спрытныя скуралупы! Наступнага дня прыходзяць, заяву зачытваюць, звароту грошай патрабуюць, бо, як яны кажуць, трэба мукі для галадоўнікаў купіць. Адылі гаспадар наш, за сталом седзячы, ні слова ня кажа, пустыя шуфляды паказвае. Тут афіцэры з фатэляў падрываюцца, шафы з кніжкамі адкрываюць, з усіх Бібліяў даляры вытрасаюць, а сэржанты лічаць, запісваюць, у нацыяналізацыю забіраюць. Гэта ўсё мала, кажуць афіцэры, трэба рэшту грошай аддаць, то бок тыя, якія ў швайцарскіх і ангельскіх банках на прыватных рахунках нашага гаспадара ляжаць, якія на паўмільярда даляраў, а можа і больш, ацэньваюцца. Тут яны літасьцівага гаспадара намаўляюць, каб ён адпаведныя чэкі падпісаў, і такім чынам, кажуць, гэтыя грошы маюць быць вернутыя народу. Ды адкуль жа столькі грошай, шаноўны гаспадар пытае, калі ён грошы толькі на лячэньне хворага сына, які ў швайцарскім шпіталі ляжыць, перасылаў. Ладныя ж гэта грошы, адказваюць, і ўжо ўголас чытаюць ліст са швайцарскай амбасады, у якім напісана, што шчодры гаспадар наш у тамтэйшых банках на сваіх рахунках сто мільёнаў даляраў мае. Так вось яны спрачаюцца, пакуль дастойны гаспадар у мэдытацыю не ўпадае, вочы заплюшчвае, дыхаць перастае, тады афіцэры з кабінэту выходзяць, але абяцаюць вярнуцца. А калі гэтыя абдзіральнікі гаспадара нашага зьяжджалі, у палацы ціша наставала, але гэтая ціша нядобрая была, бо тады крыкі, галас з вуліцы чуваць было, бо ў горадзе маніфэстацыі розныя хадзілі, галота ўсялякая швэндалася, гаспадара нашага праклінала, злодзеем яго называла, на дрэве вешаць хацела. Ашуканец, аддай нам нашыя грошы! крычалі, альбо таксама – павесіць імпэратара! скандавалі. Тады я стараўся ў палацы ўсе вокны пазачыняць, каб гэтыя непрыстойныя і паклёпніцкія крыкі да вушэй шаноўнага гаспадара не даходзілі, крыві яму не каламуцілі. А яшчэ адразу ў капліцу гаспадара майго праводзіў, якая ў найбольш зацішным месцы была, і там, каб гэты блюзьнерскі вэрхал заглушыць, словы прарокаў яму ўголас чытаў. «Ня ўсе словы, якія кажуць людзі, бяры да сэрца твайго; і хай цябе не абыходзіць, хоць бы і слуга твой ліхасловіў». «Гэта – поўная пустата, дзея аблуды; у час наведаньня іх яны зьнікнуць». «Успомні, Госпадзе, што над намі зьдзейсьнілася; паглядзі, падзівіся на паганьбеньне нашае. Аціхла радасьць сэрца нашага: карагоды нашыя ў енк абярнуліся. Упаў вянок з галавы нашай; ад гэтага вось зьнемаглося нашае сэрца; ад гэтага нашыя вочы зацьміліся». «Як паблякла золата, як зьмянілася золата высакароднае! камяні сьвяцілішча рассыпаны па ўсіх ростанях. Тыя, што елі салодкае, млеюць на вуліцах; а тыя, каго спавівалі ў пурпуры, на сьметніках сьпяць». «Ты бачыш усю помсьлівасьць іхную, усе намыслы іхныя супраць мяне; Ты чуеш, Госпадзе, лаянку іхную! Ты чуеш словы тых, што паўстаюць на мяне; я для іх – песьня. Укінулі жыцьцё маё ў яму і закідалі мяне камянямі». І так, Вашаць, гэта слухаючы, стары гаспадар у дрымоту ўпадаў, так я яго і пакідаў, ідучы ў сваё памяшканьне, каб радыё паслухаць, бо ў тыя дні радыё ўжо адзінай сувязьзю было, якая паміж палацам і імпэрыяй засталася.
Усе тады слухалі радыё, а тыя нямногія, хто мог сабе дазволіць купіць тэлевізар (ён надалей застаецца ў гэтай краіне сымбалем найвялікшай раскошы), глядзелі тэлевізію. У той час, на зломе жніўня і верасьня, кожны дзень прыносіў шчодрую порцыю выкрыцьцяў пра жыцьцё палацу і імпэратара. Сыпаліся лічбы і прозьвішчы, нумары банкаўскіх рахункаў, назвы маёнткаў і прыватных фірмаў. Паказвалі дамы натабляў, назьбіранае там багацьце, зьмесьцівы таемных сховаў, купы ювэлірных вырабаў. Часта гучаў голас міністра найвышэйшых прывілеяў – Адмасу Рэты, які, адказваючы на пытаньні камісіі для расьсьледаваньня карупцыі, казаў, які з саноўнікаў што і калі атрымаў, дзе і на якую суму. Цяжкасьць, аднак, палягала ў тым, што не было як усталяваць выразную мяжу паміж бюджэтам краіны і прыватнай скарбніцай імпэратара, усё тут было расплывістае, няяснае, двухзначнае. За ўрадавыя грошы саноўнікі будавалі сабе палацы, куплялі маёнткі, езьдзілі за мяжу. Найбольшыя багацьці назьбіраў імпэратар. Па меры таго, як большаў ягоны век, расла ягоная сквапнасьць, ягоная старэчая, жаласьлівая прагнасьць. Можна было б казаць пра гэта з сумам і паблажлівасьцю, калі б ня той факт, што Х. С. забіраў зь дзяржаўнай касы мільёны, робячы – ён і ягоныя людзі – гэтае драпежніцтва сярод цьвінтароў памерлых ад голаду людзей, цьвінтароў, якія было відаць з вокнаў палацу. У канцы жніўня вайскоўцы абвяшчаюць дэкрэт аб нацыяналізацыі ўсіх палацаў імпэратара. Іх было пятнаццаць. Такі ж самы лёс напаткаў прыватныя прадпрыемствы Х. С., у тым ліку – бровар імя Сьвятога Юр’я, гарадзкую аўтобусную кампанію ў Адыс-Абэбе, фабрыку мінэральных водаў у Амба. Затым афіцэры складаюць імпэратару візыты і вядуць зь ім доўгія размовы, настойваючы, каб ён забраў з замежных банкаў свае грошы і перадаў іх у скарбніцу дзяржавы. Праўдападобна, ніколі ня будзе вядома, якую дакладна суму імпэратар трымаў на сваіх рахунках. У прапагандысцкіх выступах казалі пра чатыры мільярды даляраў, але гэта выглядае на грубае перабольшаньне. Хутчэй, ішлося пра колькі соцень мільёнаў. Намаганьні вайскоўцаў скончыліся няўдачай: імпэратар гэтых грошай ураду ня даў, яны да сёньня застаюцца ў замежных банках. Аднаго дня, успамінае Л. М., у палац прыйшлі афіцэры і сказалі, што вечарам тэлевізія пакажа фільм, які Х. С. павінен паглядзець. Камэрдынэр перадаў гэтую вестку імпэратару. Манарх ахвотна пагадзіўся выканаць волю сваёй арміі. Вечарам ён сеў у фатэль перад тэлевізарам, пачалася праграма. Паказвалі дакумэнтальны фільм Джонатана Дымбэлбі «Схаваны голад». Л. М. запэўнівае, што імпэратар паглядзеў фільм да канца, пасьля аддаўся мэдытацыі. Той ночы з адзінаццатага на дванаццатае верасьня слуга і ягоны гаспадар – двое старых у пакінутым палацы – ня спалі, бо гэта была навагодняя ноч, паводле этыёпскага календара пачынаўся Новы год. З гэтай нагоды Л. М. расставіў у палацы ліхтары, запаліў сьвечкі. Пад ранак яны пачулі шум матораў і скрыгат танкавых тракаў па асфальце. Пасьля настала ціша. А шостай пад палац пад’ехалі вайсковыя аўтамабілі. Трое афіцэраў у палявых мундурах накіраваліся ў кабінэт, у якім імпэратар быў ад сьвітанку. Там, пасьля ўступных паклонаў, адзін зь іх зачытаў яму акт дэтранізацыі. (Тэкст, апублікаваны пазьней у прэсе і прачытаны праз радыё, гучаў наступным чынам: «Нягледзячы на тое, што народ у добрай веры разглядаў трон як сымбаль еднасьці, Хайле Сэлас’е І выкарыстаў аўтарытэт, годнасьць і гонар трона для сваіх асабістых мэтаў. У выніку краіна апынулася ў стане беднасьці і заняпаду. Апроч таго, 82-гадовы манарх, з увагі на ўзрост, ня ў стане выконваць свае абавязкі. У зьвязку з гэтым Яго Імпэратарская Вялікасьць Хайле Сэлас’е І з дванаццатага верасьня тысяча дзевяцьсот семдзесят чацьвертага году пазбаўляецца трона, а ўладу пераймае Часовы вайсковы камітэт. Этыёпія перадусім!») Імпэратар, стоячы, уважліва выслухаў словы афіцэра, пасьля выказаў усім падзяку, сказаў, што армія ніколі не падманвала ўскладаных на яе спадзяваньняў, і дадаў, што калі рэвалюцыя добрая для народу, то ён за рэвалюцыю і ня будзе супраціўляцца дэтранізацыі. У такім выпадку, сказаў афіцэр (ён быў у рангу маёра), прашу Вашу Імпэратарскую Вялікасьць пайсьці за намі! Куды? спытаў Х. С. У бясьпечнае месца, патлумачыў маёр. Ваша Імпэратарская Вялікасьць убачыць. Усе выйшлі з палацу. Пры пад’езьдзе стаяў зялёны «фольксваген». За стырном сядзеў афіцэр, які адчыніў дзьверкі і прытрымаў пярэдняе сядзеньне, каб імпэратар мог сесьці ўсярэдзіну. Як жа! жахнуўся Х. С., я маю ехаць на гэтым? Гэта быў той раніцай адзіны ягоны жэст пратэсту. Аднак пасьля ён замаўчаў і ўсеўся ў глыбіні машыны. «Фольксваген» рушыў за джыпам, у якім ехалі ўзброеныя салдаты, такі ж джып ехаў ззаду. Яшчэ не было сёмай, усё яшчэ дзейнічала камэнданцкая гадзіна, таму яны ехалі пустымі вуліцамі. Імпэратар вітаў жэстам рукі тых нешматлікіх людзей, якія сустракаліся па дарозе. Урэшце калёна зьнікла ў браме кашараў Чацвертай дывізіі. На загад афіцэраў Л. М. спакаваў у палацы свае рэчы, пасьля чаго з клункам за плячыма выйшаў на вуліцу. Спыніў таксоўку і папрасіў адвезьці яго дадому на Джымма-Роўд. Тэфэра Гебрэвольд апавядае, што ў той жа дзень апоўдні прыехалі двое паручнікаў і зачынілі палац на ключ. Адзін зь іх паклаў ключ у кішэнь, яны селі ў джып і паехалі. Два танкі, якія былі прыехалі пад браму палацу ноччу і якія на працягу дня людзі абсыпалі кветкамі, вярнуліся на сваю базу.
Этыёпія. Хайле Сэлас’е надалей верыць, што ён – імпэратар Этыёпіі. Адыс-Абэба, сёмага лютага тысяча дзевяцьсот семдзесят пятага (Агенцтва «France Presse»). – Хайле Сэлас’е бавіць апошнія месяцы жыцьця ў атачэньні сваіх салдат у памяшканьнях старога палацу Мэнэліка, што месьціцца на ўзгорках Адыс-Абэбы. Паводле паведамленьняў відавочцаў, гэтыя салдаты – як за найлепшых часоў імпэрыі – надалей складаюць паклоны каралю каралёў. Дзякуючы гэтым жэстам, як паведаміў прадстаўнік міжнароднай арганізацыі дапамогі, які склаў яму візыт і наведаў іншых вязьняў, якія знаходзяцца ў палацы, Хайле Сэлас’е працягвае верыць, што ён – імпэратар Этыёпіі. Нэгус знаходзіцца ў добрым здароўі, пачаў шмат чытаць – нягледзячы на свае гады, ён чытае без акуляраў – і час ад часу дае парады салдатам, якія яго ахоўваюць. Варта дадаць, што гэтых салдатаў зьмяняюць штотыдзень, бо стары манарх захаваў свой талент пераконваньня. Як і ў даўнія часы, кожны дзень былога імпэратара ўзяты ў рамкі непарушнай праграмы і праходзіць згодна з пратаколам. Кароль каралёў устае на досьвітку, затым удзельнічае ў ранішняй імшы, а пазьней занураецца ў чытаньне. Часам пытаецца пра навіны што да хады рэвалюцыі. Былы ўсёмагутны ўладар дагэтуль паўтарае тое ж, што заявіў у дзень сваёй дэтранізацыі: «Калі рэвалюцыя добрая для народу, я за рэвалюцыю». У былым кабінэце імпэратара, за колькі мэтраў ад будынку, дзе знаходзіцца Хайле Сэлас’е, дзесяць кіраўнікоў «Дэргу» няспынна абмяркоўваюць справу абароны рэвалюцыі, бо ў зьвязку з пачаткам вайны ў Эрытрэі паўсталі новыя небясьпекі. Побач замкнёныя ў клетках ільвы імпэратара страшным рыкам дамагаюцца штодзённай порцыі мяса. З другога боку старога палацу, паблізу будынку, занятага Хайле Сэлас’е, знаходзяцца іншыя памяшканьні колішняга двара, дзе ў сутарэньнях сядзяць пад арыштам вяльможы, саноўнікі і натаблі, чакаючы свайго далейшага лёсу.
«The Ethiopian Herald»: Адыс-Абэба, дваццаць восьмага жніўня тысяча дзевяцьсот семдзесят пятага (ENA). – Учора памёр былы імпэратар Этыёпіі – Хайле Сэлас’е І. Прычынай скону была недастатковасьць кровазвароту.
З польскай пераклаў Алесь Пяткевіч |
жывая легенда польскай журналістыкі, сёлетні намінант на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры, адзін з самых пасьпяховых польскіх рэпартэраў, чалавек, адораны ўнікальным пачуцьцем інфармацыі, клімату і падзеяў. Наш суродзіч – нарадзіўся 4 сакавіка 1932 году ў Пінску. Скончыў гістарычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту. Яго апошняя кніжка мае назву «Аўтапартрэт рэпартэра» (2003). Раман «Імпэратар», які гэтта прапануецца ўвазе чытачоў «ARCHE», быў напісаны ў 1978. Гэты адзін з найбольш вядомых твораў Капусьцінскага быў перакладзены больш як на 30 моваў, у тым ліку японскую і пэрсыдзкую. Пераклад друкуецца з ласкавай згоды аўтара. Больш пра асобу Рышарда Капусьцінскага можна даведацца на старонцы www.kapuscinski.hg.pl. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (45) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |