A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (45) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||||||||||||||||||
ГО КАШЫНА | ||||||||||||||||||||
Прэзэнтацыі беларускай мовы ў сучаснай беларускай літаратуры
Агульнавядома, што беларусы вызначаюцца слабой нацыянальнай сьвядомасьцю і неразьвітай этналінгвістычнай ідэнтычнасьцю. І пытаньне пра тое, ёсьць этна-лінгвістычная нацыянальная сьвядомасьць або яе няма, рэдка дзе набывае гэткую велізарную геапалітычную значнасьць, як у Беларусі.
З моўнага гледзішча Беларусь – найбольш зрусіфікаваная сярод былых савецкіх рэспублік. У Менску на вулічных указальніках і рэклямных шчытох можна ўбачыць шмат беларускіх словаў, але ў гутарках чуваць толькі расейскую мову. У вялікіх кнігарнях, прыкладам, у «Доме кнігі», сэкцыі беларускай літаратуры адводзіцца ня менш месца, чым расейскай ці якой іншай замежнай літаратуры. Але на кніжных кірмашах, больш чуйных да патрабаваньняў рынку, цяжка знайсьці беларускамоўную кнігу. У Беларусі Барыс Акунін, Віктар Пялевін і Харукі Муракамі карыстаюцца гэткай жа папулярнасьцю, што і ў Расеі. Як сьцьвярджае мовазнаўца Н. Б. Мячкоўская, галоўная функцыя беларускай мовы не камунікатыўная (быць сродкам зносінаў між людзьмі), а «этнічная» (выконваць ролю сымбалю, што яднае нацыю і адрозьнівае яе ад іншых)¹.
«АЎТАПЕРАКЛАД», АБО МОВА ЛІТАРАТУРНЫХ ГЕРОЯЎ– Больш ніколі не танцуйце лебедзя, – глуха сказаў ён. – Вам нельга.– Чаму? – Вам нельга гінуць. Нават на сцэне. Вы поўная жыцьця, сонца, вы шчырая да гэтага неба і гэтых людзей. І я ня ведаю, ці прыходзяць калі-небудзь дрэнныя думкі ў вашу галоўку. – Часам прыходзяць. – Ня веру, – сказаў ён. Уладзімер Караткевіч. «Маленькая балерына»
Гэта цытата зь беларускамоўнага твору У. Караткевіча «Маленькая балерына». Але дзеяньне адбываецца ў Маскве: Сталін вядзе рамантычную гутарку з галоўнай гераіняй. Нам даводзіцца ўяўляць, як насамрэч гучалі іх словы па-расейску. Калі падзеі ў літаратурным творы разгортваюцца за мяжою або сярод герояў зьяўляюцца іншаземцы, няма нічога дзіўнага, што аўтар перакладае іх рэплікі. Гэтую зьяву можна назваць «аўтаперакладам».
Калі Газавік са стажэрам выйшаў з кватэры, дык закурыў і сказаў:
– Адразу відаць, што ў хаце няма гаспадара.
– Лепш бы мы грошы і віно ўзялі, – у тон працягнуў стажэр.
– Сьлімак! – сказаў Газавік і ўдарыў стажэра кулаком у патыліцу. Адам Глёбус. «Газавік» (з «Дамавікамэрону»)
Беларуская мова ўжываецца ў самой краіне досыць абмежавана. У гэтым дыялёгу выбар мовы здаецца ненатуральным ці, прынамсі, абсалютна нечаканым. Амаль ва ўсіх аповедах з «Дамавікамэрону» дзеяньне адбываецца ў горадзе. Немагчыма ўявіць, каб усе героі – выхадцы з розных сацыяльных групаў – у жыцьці гаварылі па-беларуску. Значыць, пэўная частка тэксту – «аўтапераклад» з расейскай (ці трасянкі) на беларускую. Паколькі ў Беларусі ў штодзённым жыцьці пануе расейская мова або трасянка, аўтарам неяк цяжка – і псыхалягічна, і эстэтычна – пісаць толькі па-беларуску. Асабліва ненатуральна, быццам перакладзеныя з замежнай мовы, гучаць дыялёгі. У гэтым сэнсе «бясьпечныя» жанры, якія не парушаюць моўнага рэалізму, зводзяцца да: 1) гістарычнага раману, дзе беларуская мова выглядае больш натуральна;2) вясковай прозы, бо па-беларуску часьцей гавораць на вёсцы; 3) ваеннай прозы, бо гэты жанр спалучае рысы гістарычнага раману і вясковай прозы². Большасьць беларускае прозы ХХ ст. створаная акурат у гэтых жанрах. Да прыкладу, у гістарычную прозу ўклаліся У. Караткевіч і У. Арлоў, вясковую – І. Пташнікаў і І. Мележ, ваенную – В. Быкаў і А. Адамовіч. Каб сучасная гарадзкая літаратура стваралася выключна па-беларуску, усе яе героі павінны быць нацыянальна сьвядомымі беларускімі інтэлектуаламі. Іначай атрымліваецца ненатуральны «аўтапераклад», як у «Дамавікамэроне».
САЦЫЯЛЬНАЯ НЯРОЎНАСЬЦЬ ДЗЬВЮХ МОВАЎ, АБО КАЛІ Ў БЕЛАРУСКІ ТЭКСТ УСТАЎЛЯЮЦЦА РАСЕЙСКІЯ СЛОВЫ?Накіроўваючы на нашу зямлю ўсё новыя і новыя войскі, цар наказваў ваяводам на сваім шляху ўсё паліць і разбураць, а каб болей панішчыць – назад ісьці іншымі мясьцінамі. Захаваліся пісаныя ў Маскву граматы ваяводы Трубяцкога, дзе ён паведамляў цару: «Вокруг Слуцка велели мы все выжечь, а идучи дорогою до Слонима, села, и деревни, и хлеб, и сено по обе стороны жгли, и людей побивали, и разоряли совсем без остатку, а в Клецке в городе людей побили всех». Сваімі рабункамі ворагі давялі народ да страшнага голаду.Уладзімер Арлоў. «Адкуль наш род?»
У кнізе для дзяцей «Адкуль наш род» Уладзімер Арлоў ужыў расейскую мову ўсяго аднойчы. Словы захопніка ў перакладзе не на беларускую, а на сучасную расейскую мову надаюць ёй адмоўнае гучаньне. Падчас вайны ў сярэдзіне XVII ст. беларускія землі страцілі вялікую частку свайго насельніцтва. Але гэтая цытата прымушае яшчэ глыбей адчуць жахі той вайны, бо перагукаецца з апісаньнямі ў савецкім гістарычным дыскурсе бясчынстваў нацыстаў – а тут іх дзейсьніць маскоўскае войска.
Крама была зачынена, на дзьвярах бялеўся аркуш паперы. «Сынок, зірні, што там напісана», – сказаў Сьцяпан сыну. Сяргейка спрытна пабег, замільгалі ногі ў старых чаравічках – валёнкі ён зьняў з радасьцю.
– Ма-га-зин закрыт на переучёт, – гучна чытаў ён.
«Няўжо закрылася наша крама назусім?» – сумна падумаў Сцяпан, павярнуў на мост цераз ручай. Сын дагнаў яго, пайшоў побач. Леанід Левановіч. «Вяртаньне ў радыяцыю»
Нават тыя, хто ўвесь час гаворыць па-беларуску, ня могуць не сутыкацца з вышэйшай для Беларусі мовай – расейскай (або з трасянкай). У гэтым сэнсе беларуская мова знаходзіцца ў варожым іншамоўным атачэньні. Падзеі ў рамане «Вяртаньне ў радыяцыю» разгортваюцца ў радыяцыйна забруджанай вёсцы. Героі гавораць па-беларуску, але цыдулка на дзьвярох крамы напісаная па-расейску. Расейскія словы, нечакана ўзьніклыя ў беларускім тэксьце, нагадваюць пра іншы сьвет, дзе пануе чужая мова. Па-расейску можна перадаваць, напрыклад, непадуладную чалавеку вонкавую сілу (скажам, аварыю на атамнай станцыі). Але героі раману сапраўды ў жыцьці гавораць па-беларуску, то бок тут няма «аўтаперакладу». Небеларускія цытаты надаюць сьвету беларускамоўных пэрсанажаў безабароннасьці і крохкасьці.
ЧАСТАЕ ЗГАДВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫЯна была куды старэйшая за салдата, мела жвавы і востры позірк з-пад цёмных, непамаляваных броваў; на яе вуснах таксама не было прыкметна сьлядоў памады, і яны здаваліся ня надта выразнымі на худаватым твары. Вольная манера гаворкі і небеларуская мова давалі зразумець, што жанчына нетутэйшая, – хутчэй за ўсё з гораду. Але як яна апынулася тут? Што ёй трэба?(…) – А сякеры няма? – папыталася жанчына (…). Васіль Быкаў. «Ваўчыная яма»
Беларускамоўныя пісьменьнікі ў сваіх творах часта згадваюць саму беларускую мову. Васіль Быкаў у аповесьці «Ваўчыная яма» піша пра людзей, што жывуць у чарнобыльскай зоне, адкуль выселілі ўсіх жыхароў. У прыведзенай цытаце гаворыцца, што жанчына гаворыць не па-беларуску. Хоць з кантэксту зразумела, што кажа яна па-расейску, для аўтара больш істотна, што мова ейная – не беларуская. Значыць, калі яе словы падаюцца па-беларуску, гэта «аўтапераклад» з расейскай. Паколькі беларускамоўных у Беларусі адносна мала, беларускія аўтары вымушаныя адзначаць, на якой мове гавораць іх пэрсанажы.
Няўжо і надалей беларус будзе думаць, што Бог пачуе толькі, як па-польску ці па-расейску да Яго зьвяртаюцца? Таму і надпісы на помніках і крыжах у нас адпаведныя: ці па-заходняму, ці па-ўсходняму. А па-тутэйшаму толькі ў паэтаў. Вось і яшчэ адзін доказ, што беларус – паэт. Адам Глёбус. «Сьмерць – мужчына»
У гэтым урыўку апавядальнік таксама згадвае беларускую мову. Ён кажа, што беларусы – паэты, бо толькі паэты гавораць па-беларуску. Гэтую фразу можна разумець па-рознаму. Па-першае, аўтар піша пра вузкую сфэру ўжываньня беларускай мовы ў іранічным сьвятле, а па-другое, хараство мовы, якую рэдка пачуеш, параўнальнае з паэзіяй.
РОК-М’ЮЗЫКАЛ «НАРОДНЫ АЛЬБОМ» І ЛІТАРАТУРНЫЯ МАГЧЫМАСЬЦІ ШМАТМОЎЯ«Народны альбом» – рок-м’юзыкал, дзеяньне якога адбываецца ў Заходняй Беларусі падчас расейска-польскай вайны 1919–1920 гг. і за палякамі (1921–1939 гг.). Ён ніколі не выконваўся як тэатральная пастаноўка, але канцэрты і музычны альбом з удзелам многіх знакамітых рок-музыкаў, прыкладам, Лявона Вольскага, мелі вялікі посьпех. У параўнаньні зь літаратурай, кіно і іншымі відамі сучаснага беларускага мастацтва, беларускі рок карыстаецца большай папулярнасьцю, асабліва сярод моладзі.Варта адзначыць, што, апроч 21 песьні па-беларуску, у «Народны альбом» уваходзяць дзьве – па-расейску, адна – па-польску, адна песьня на ідышы і нават дзьве на трасянцы. Гэтая моўная мяшанка паказвае, наколькі заблытанае нацыянальнае самавызначэньне беларусаў: адзін зь іх шпіёніць на Польшчу, другі чакае, калі прыйдуць савецкія танкі, трэці ідзе ваяваць за незалежнасьць іншага народу… Ніводзін беларускі герой «Народнага альбому» ня мае дакладна акрэсьленай нацыянальнай сьвядомасьці, але ў іх так і бруіць жыцьцёвая энэргія. І таму скрозь увесь м’юзыкал адчуваецца нейкі «вясёлы нігілізм». Мабыць, вузкая сфэра ўжываньня беларускай мовы абмяжоўвае беларускамоўных аўтараў у выбары матэрыялу. Аднак адсюль вынікае што, калі беларуская літаратура будзе наўпрост, бяз «аўтаперакладу», апісваць шматмоўную рэчаіснасьць, гэта надасьць ёй новыя своеасаблівыя магчымасьці.
НЕЦЭНЗУРНЫ БЕЛАРУСКІ НАВАТВОРНЫ СЛЭНГ І МАГЧЫМАСЬЦІ НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЬЦІ«Што за жыцьцё, тваю маць… Ні рабіць, ні адпачыць па-людзку нельга. Ні выпіць, ні закусіць. Ні бабу прылашчыць… Пракляты Чарнобыль! Жылі б мы зь Верай, як людзі. Свая хата, вёска родная. Бесядзь з малых гадоў любая. І рыбу лавіў, і грыбы зьбіраў. А цяперыцька нельга (…)».Леанід Левановіч. «Вяртаньне ў радыяцыю»
Некаторыя сьцьвярджаюць, што ў беларускай мове адпачатку не было нецэнзурнага слэнгу, а ў сучаснай беларускай ён пераважна запазычаны з расейскай. Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў прапануе выключыць зь беларускай мовы ўвесь мат расейскага паходжаньня³. Але ў літаратурных творах па-беларуску актыўна прысутнічае нецэнзурная лексыка. Напрыклад, у прыведзенай вышэй цытаце лаянка «тваю маць» вельмі блізкая да аналягічнага расейскага выразу. Тым, хто ведае расейскі мат, ня цяжка здагадацца, што за слова хаваецца за шматкроп’ем у наступным непрыстойным вершыку:
У цыганкі хвартух новы, Рыгор Барадулін. «Як беларусы сэксам займаюцца»
«Народная творчасьць» па-беларуску ня надта разьвітая, бо чытачы заўсёды ставіліся да яе як да «нізкага жанру», які пры жаданьні можна пачытаць па-расейску. У колах часопісу «ARCHE» некаторыя спрабуюць ствараць парнаграфію па-беларуску.
Праз акно спальнага пакою мне было цудоўна відаць мноства вашых палавых актаў. Мне спадабаўся сваім тэмпэрамэнтам партнэр, і чэлес у яго нармальных памераў. Адам Глёбус. «Дамавік-3» (з «Дамавікамэрону»)
Прыхільнікі стварэньня парнаграфіі па-беларуску актыўна карыстаюцца ўласнабеларускім слэнгам, не ўжываным большасьцю. Верагодна, гэтыя словы пераважна знойдзеныя сярод этналінгвістычных матэрыялаў. Прыкладам, «Забыты слэнг», кавалак зь якога падаецца ніжэй, сабраны ў 70-я гг. ХХ ст. па беларускіх вёсках.
Самы знакаміты аўтар гэтай школы – Адам Глёбус, якога часта называюць «бацькам беларускай парнаграфіі». Ён дарэчна выкарыстоўвае непрыстойную лексыку. У цытаваным ніжэй урыўку актор з акторкай быццам граюць каханкаў, але насамрэч рэдкаўжываныя словы ў іх рэпліках маюць абсалютна супрацьлеглае значэньне. Сьвядома ўстаўляючы ў тэкст малазнаёмы слэнг, аўтар кпіць з таго, што людзі, якім у побыце не патрэбная беларуская мова, не разумеюць п’есы па-беларуску.
– Ты мая далігойла, – магнітафонным голасам сказаў актор і шырока раскінуў рукі. – Ты мой абізгал, – акторка стала на дыбачкі і выструнілася. Адам Глёбус. «Масавік» (з «Дамавікамэрону»)
Часопіс «ARCHE» друкаваў эратычную літаратуру, да прыкладу, «Нябожчык» Жоржа Батая і «Камасутру» ў перакладзе на беларускую з ужываньнем гэтага «адроджанага» слэнгу. Падобныя нецэнзурныя «нэалягізмы» ствараюць нейкае ўражаньне штучнасьці тэксту, але даюць беларускай літаратуры магчымасьць засвойваць новыя абсягі.
ПАСЬЛЯСЛОЎЕЦяжка было б сказаць, што беларускую мову і беларускую літаратуру чакае сьветлая будучыня. Улады праводзілі палітыку падтрымкі беларускай мовы толькі на пачатку 90-х гг. ХХ ст. Паволі зьніжаецца колькасьць патэнцыйных чытачоў беларускай літаратуры. Аднак нават калі беларускай мовай у побыце карыстаецца 5 % насельніцтва зь дзесяці мільёнаў, гэта досыць вялікая грамадзка-культурная супольнасьць.На літаратурныя творы ўзьдзейнічае і накладае свае абмежаваньні мова, на якой яны напісаныя. Мова, у сваю чаргу, разьвіваецца і ўзбагачаецца літаратурай, на гэтай мове створанай. Магчыма, цікавае пісьмо прыцягне да беларускай літаратуры новых чытачоў. Будзем назіраць, як новыя літаратурныя тэндэнцыі, што заўважаюцца ў беларускім року і парнаграфіі Адама Глёбуса, паўплываюць на моўную сытуацыю сярод маладзейшага пакаленьня беларусаў.
Пераклаў у скароце з ангельскай мовы Н. Я. паводле: Emerging Meso-Areas in the Former Socialist Countries // Histories Revived or Improvised? No. 7. The Slavic Research Center, Hokkaido University, Japan, 2005. |
(нар. у 1971 г.) спэцыялізуецца на дасьледаваньні беларускай літаратуры і расейскай літаратуры XIX ст. Бакаляўр (1994 г.), магістар (1996 г.) і доктар PhD (2002) Хакайдзкага ўнівэрсытэту. У 2001–2003 гг. працаваў у амбасадзе Японіі ў Менску. ¹ Мечковская Н. Б. Языковая ситуация в Беларуси: этнические коллизии двуязычия // Русское языкознание. 1994. № 3. C. 308. ² McMillin Arnold. Belarusian Literature in the 1950s and 1960s. Köln, 1999. P. 139–171. ³ Трусаў А. Месца і роля рускай мовы ў грамадскім жыцці Беларусі // Беларусіка. № 19. 2001. С. 244 – 247.
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (45) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |