A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (45) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
МІКОЛА НІКАЛАЕЎ | ||||
Папялушка выдавецтва «Беларусь» Чаропка, Вітаўт. Лёсы ў гісторыі. – Мінск: Беларусь, 2005. – 559 с.: іл. Старэйшыя памятаюць, наколькі маленькі быў спіс імёнаў гістарычных дзеячаў, якіх у савецкія часы ведаў выпускнік сярэдняй школы. Нават гістарычны факультэт педінстытута, на жаль, вельмі няшмат дадаваў да гэтага спісу (а магілёўскі педінстытут яшчэ і ствараў у галовах блытаніну, як відаць па сённяшніх выступленнях аднаго з найлепшых яго выпускнікоў). Пасля ўзнікнення незалежнай беларускай дзяржавы сітуацыя палепшылася. Гісторыкі паведамілі грамадству шмат пра якіх таленавітых і адданых сыноў нашае Радзімы. Надышла чарга літаратараў – расплюшчыць вочы сучаснікам на асаблівасці лёсу славутых продкаў і іх характары. З тым, каб мы некага палюбілі і паставілі сабе за ўзор і нават за ідэал, а як найменш – ведалі б пра сумненні і пакуты, здзяйсненні і няўдачы, мары і расчараванні сваіх герояў. За справу ўзяўся літаратар Вітаўт Чаропка, і неўзабаве на паліцах кнігарань з’явілася падрыхтаваная выдавецтвам «Беларусь» яго тоўстая кніжка «Лёсы ў гісторыі». Перш чым звярнуцца непасрэдна да гэтага твора, акрэслім прычыну тае няпростае сітуацыі, у якую трапляе любы наш пісьменнік-гісторык, а менавіта наяўнасці дыяметральна супрацьлеглых ацэнак тых самых падзей (і людзей), што засталіся ў спадчыну ад расійскай і польскай навукі. Таленавітыя польскія і расійскія пісьменнікі і гісторыкі мінулага, як і сучасныя, спакушаюць абраць для сябе найлепшае з іх набытку і спыніцца на гэтым, скарыстаць для беларускай гісторыі. I найвялікшай перамогай робіцца тая праца, якая, не абмінаючы папярэднікаў-суседзяў, прапануе свой адлік і памер, свой погляд на падзею і асобу. Надзвычай важныя робяцца і пытанні рэдактуры гістарычных тэкстаў. Упарадкаваць беларускі тэкст з цытатамі на польскай, стараславянскай і расійскай мовах надзвычай цяжка менавіта праз блізкасць гэтых моваў, іх гістарычную пераплеценасць. Адкрываецца неймаверная прастора для плённага напаўнення сучаснай беларушчыны архаічнай і іншаземнай лексікай, а з другога боку – паўстае велізарная небяспека стварэння малачытэльных – праз неадшліфаванасць мовы – тэкстаў. Да малачытэльнасці даводзіць і неўнармаванасць напісання імёнаў гістарычных дзеячаў і назваў паселішчаў, нягледзячы на пазітыўную ролю «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» і «Беларускай энцыклапедыі». Бо як бы паслядоўна ні пісалі энцыклапедыі «Трокскае княства» ці «Трокскае ваяводства», фанетычны прынцып патрабуе ўтварэння ад назвы горада Трокі прыметніка «Троцкі»: Троцкае ваяводства, Троцкае княства, троцкі ваявода* . Некалі, у дрымучыя часы застою, філолагі-ленінцы баяліся зрабіць намёк на Льва Давыдавіча Троцкага, якога на загад I. Сталіна забіў НКВД. Няўжо і цяпер той страх не прайшоў? Для выдавецтва «Беларусь», у якім працуюць рэдактары кнігі В. Чаропкі, – не прайшоў. I ўвогуле – да рэдактуры такой важнай па змесце кнігі ў выдавецтве паставіліся без належнай увагі. Замест таго каб далучыць да рэдактуры гісторыка-прафесіянала і філолага высокай кваліфікацыі, рукапіс аддалі людзям, якія «не пацягнулі» складанага тэксту. Выйшлі прыкрасці. Рэдактары не параіліся з аўтарам, ці варта адну і тую ж асобу (маскоўскага цара Iвана IV) называць аж трыма рознымі спосабамі: Iванам Тыранам (с. 121, 173, 174), Iванам Жахлівым (с. 145, 159) і Iванам Грозным (с. 192, 193, 195). У выніку не вельмі дасведчаны чытач можа падумаць, што гаворка ідзе пра розных асоб. Калі рэдактары прынялі сумнеўнае, на наш погляд, рашэнне пісаць прозвішча друкара-немца Схёнфэлс (с. 198), а не Шонфэльс (арыгінальнае «Schönfels»), гэта яшчэ можна неяк зразумець, але калі расійскага пасла ў Польшчы Ота Магнуса фон Штакельберга яны разам з аўтарам называюць або Стаукелберг (с. 353), або Стацкелберг (с. 345), то з гэтым ужо пагадзіцца катэгарычна нельга. Увогуле, хочацца запытацца аўтара і выдаўцоў: вы адну і тую ж асобу называеце па-рознаму, каб чытача заблытаць, ці вам проста ўсё роўна? Але ж чытачу не ўсё роўна, якое было прозвішча шляхціча – «Гамрат» ці «Гармат» (на с. 103 ужываюцца абодва варыянты), як нам зваць знакамітага генерал-лейтэнанта – Мілаіл Вяльгорскі (так на с. 405) ці Міхал Валегорскі (так на с. 376)? А кароннага канцлера лічыць Замоўскім ці ўсё ж Замойскім (с. 203)? А славутага прыродазнаўцу як звалі – Жак Жылібер (с. 343) ці Жан Жыльбер (с. 335)? Прозвішча кракаўскага ваяводы-мяцежніка «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» піша «Зэбжыдоўскі» – навошта перарабляць яго ў «Жабрыдоўскага» (с. 204)? Пра прычыну наўмыснага і яўнага выкарыстання паланізмаў (Катаржына, замест Кацярына, Шымон замест Сымон ці Ваўжынец замест Лаўрэн) ужо і запытацца няёмка. Застаецца толькі меркаваць, што гэта рэверанс у бок збеларуселых палякаў. Як і напісанне прозвішча «Прзецлаўскі» замест Пшэцлаўскі (с. 468). Аднак «Цяраспаль» (с. 381) – гэта ўсё ж такі Цярэспаль («Тэрэсполь», калі на мясцовай гаворцы) – успомнім, што ад гэтага населенага пункта называюцца Цярэспальскія вароты Берасцейскай крэпасці. А мітрапаліта Пацея звалі не Iгнатам (як на с. 223 і 225), а Iпатам, альбо Iпаціем. Аднак жа вернемся да почату асобаў – у кнізе сапраўды сабраныя біяграмы тых, пра каго жыхар Беларусі павінен ведаць. Можна было б дадаваць, але адняць – нікога. Хаця часам, захапіўшыся пераказам біяграфіі славутага героя, аўтар забывае сказаць пра яго паслядоўную антыбеларускую пазіцыю. Гэта датычыць таго ж Тадэвуша Касцюшкі, які лічыў патрэбнымі і неадкладнымі прымусовыя меры па паланізацыі беларускага сялянства. Для характарыстыкі некаторых са сваіх герояў аўтар суадносіць славутыя персаналіі з часам. Леў Сапега «…ішоў наперадзе свайго часу», Iосіф Руцкі «…з’яўляецца чалавекам будучыні», Казіміра Семяновіча «…геній апярэдзіў час», а ў Антонія Тызенгаўза «…галоўная віна была ў тым, што ён нарадзіўся не ў свой час», – аднак гэтага малавата, каб назваць такі падыход аўтарскай канцэпцыяй, уласным адлікам, сваім поглядам на падзеі і асобы. У тэкстах асобных біяграм мы часта сустракаем паспешлівасць, недаказанасць або той умоўны лад, якога гісторыя, як вядома, не любіць. Напрыклад, з тэксту на с. 110 чытач-непрафесіянал не зразумее, чаму Глінскі меў права пасылаць да Забярэзінскага па авёс каралеўскім коням, на с. 35 не растлумачана, хто такі Вайдыла, за якога Ягайла аддаў Кейстутаву сястру, і чаму гэты шлюб абразіў троцкага князя. Вітаўт Чаропка, у якога не адняць літвінскага патрыятызму, не звярнуў увагі на таго адзінага Ягелона, які пахаваны на Радзіме, не знайшоў магчымасці паразважаць над комплексам непаўнавартасці, што ахапіў палякаў пасля таго, як над гэтым народам запанавала цалкам літвінская дынастыя (хаця між іншым адзначыў, што каралева Ядвіга памерла бяздзетная і Ягелоны – гэта дзеці літвінкі Софіі Гальшанскай). Кніга Вітаўта Чаропкі напісана ў наш час, для нашых сучаснікаў – пакалення, змененага, калі не сказаць разбэшчанага, тэлевізарам, кіно, відэа… Каб сучаснік не адкінуў «Лёсы ў гісторыі» пасля першых жа радкоў, мова кнігі павінна быць адшліфавана да максімальнай лёгкасці чытання, факты і думкі заключаны ў ясна зразумелыя вобразы. Чаму ж асобныя навелы-біяграмы так цяжка чытаюцца? Можа, таму што ніхто не ўзяў на сябе цяжар перачытаць і ўдумацца ў сутнасць такіх, напрыклад, выразаў: «А 14 чэрвеня на рацэ Ведрашы каля Дарагабужа быў разбіты Канстанцінам Астрожскім перадавы трохтысячны атрад гетмана. Сам гетман і шмат важных паноў апынуліся ў палоне» (с. 92). Канстанцін Астрожскі быў геніяльны ваяр, але каб сам сябе разбіў і ўзяў у палон?!. Гэта вам не сучасны футбольны гол у свае вароты! Расказаўшы чытачам аб тым, як ажаніліся (спачатку таемна, а потым атрымалі публічнае прызнанне) кароль Жыгімонт Аўгуст і прыгажуня Барбара Радзівіл, Вітаўт Чаропка раптам піша ніжэй: «…Станіслаў Ажахоўскі быў асабістым непрыяцелям Радзівілаў, калі адгаварыў Жыгімонта Аўгуста ад шлюбу з Барбарай Радзівіл» (с. 153). Гэта, хутчэй за ўсё, не няведанне аўтарам гісторыі: «проста» замест слова «адгаворваў» напісалася «адгаварыў». А сэнс? Сэнс змяніўся! Тут паважаны Вітаўт Чаропка ўшчыльную наблізіўся да гісторыка Аляксандра Лукашэнкі, які ў прамове перад трэцім усебеларускім народным сходам пераблытаў Францыска Скарыну з Янкам Купалам і з высокай трыбуны тлумачыў, што наш першадрукар «жыў і працаваў у Піцеры». Часам недастаткова глыбокія веды аўтара-літаратара і адсутнасць гісторыка-рэдактара перашкаджаюць праўдзе. Ведае, напрыклад, В. Чаропка пра тое, што продкі Мамонічаў былі магілёўскія купцы, і піша: «Выдалі яго (Статут ВКЛ. – М. Н.) у віленскай друкарні магілёўскіх мяшчан Кузьмы і Лукаша Мамонічаў» (с. 215). Мана! Лукаш і Кузьма Мамонічы былі віленскія мяшчане, жылі ў Вільні ў сваіх дамах і былі нават членамі гарадскога самакіравання, што для мяшчан іншых гарадоў было немагчымым. Або ведае В. Чаропка пра магчымасць аднаму дэпутату сарваць сойм і піша: «…пасол… сарваў сойм, выкрыкнуўшы фатальнае для Рэчы Паспалітай «Ліберум вета» (свабода забароны)» (с. 266). Не зусім так. Выкрыкнуць дастаткова было адно слова «Veto!» – «Забараняю!». I права дазваляла – пастанова не прымалася. Калі сучасны пісьменнік не ўлічвае гістарычных рэалій, здараюцца казусы, накшталт такога: «З Варшавы на чале палка ўланаў прыбыў біскуп Юзаф Красоўскі» (с. 347). На чале палка можа быць палкоўнік ці іншы вайсковец, але не святар-япіскап! Здараюцца і большыя недарэчнасці, да прыкладу: «Патрэбны былі паўстанцы Прусіі для стабілізацыі ўнутранага становішча ў Расіі, а таму іх выпусцілі на волю» (с. 465). Чаму гэта Прусія так дбала пра Расію? А яшчэ ў кнізе Вітаўта Чаропкі і выдавецтва «Беларусь» чытач сустрэнецца з рэчамі зусім не зразумелымі, напрыклад, пры характарыстыцы Казіміра Ягайлавіча. «Быў праўдападобны» (с. 86) – гэта як? Або: Ягайла «…нёс цяжар караля» (с. 65) – гэта што? Або: «…ніколі б палякі не пагадзіліся даць Княству колвек самастойнасці» (с. 179) – хочацца запытаць у паважаных выдаўцоў і аўтара: «колвек» – гэта колькі? Апісваючы рэліквіі, якія знаходзіліся ў крыжы Ефрасінні Полацкай, В. Чаропка называе «кроплі Хрыста» (с. 8) – гэта што за аптэка? Як цытата з Нямцэвіча падаецца «…пекальная заўзятасць Масквы на Польшчу» – (с. 348), але што гэта значыць? Можа «пякельная», ад «пекла»? Адсутнасць рэдагавання прывяла да з’яўлення на старонках кнігі войска ў 11 мільёнаў 261 тысячу жаўнераў (с. 267) – не было ў Януша Радзівіла такога войска! А вось яшчэ пра войска: «Са сваім нешматлікім, але сапраўды вялікім войскам Хадкевіч…» (с. 230). Дык якое яно было на самай справе, Хадкевічава войска, – вялікае ці нешматлікае? Пісьменнік павінен ведаць мову, на якой піша, а рэдактар – бачыць недарэчнасці, якія пісьменнік уключыў у мову свайго твора, і па магчымасці выправіць і ўзгадніць іх. У кнізе В. Чаропкі гэтага не зроблена. I таму чытач сустракае замест «гонар» слова «чэсць» (с. 73), замест «уздыхнуў з палёгкай» – «уздыхнуў аблегчана» (с. 74), замест «прыкладаўся да чаркі» – «прымаў трунак» (с. 188). Таксама «абклалі» замест «узялі ў аблогу» (с. 42), «друкарскі станок» (с. 159) замест «друкарскага варштата», «самалічна» (с. 354) замест «асабіста», «браня» (с. 523) замест «зброя». «Віхура» з жаночага роду трасфармавалася ў мужчынскі: «…Яна трапіла ў віхур падзей» (с. 118). А зборнік «Ліманар», які Спірыдон Собаль надрукаваў у 1628 годзе, – у «Лімінор» (с. 277). Больш, чым хацелася б, звычайных памылак (lapsus calami), якія лёгка можна выправіць пры ўважлівым чытанні: патрэт (с. 239) на партрэт, Крозы (с. 235, 237) на Крожы, Смеленск (с. 45) на Смаленск, Vietuti (с. 399) на Virtuti і г. д. Часам адчуваецца, што аўтар і яго рэдактары не вельмі добра ведаюць значэнне ўжытага слова. Прыкладам: «былі ўзведзены шанцы» (с. 359) і на той жа старонцы «капаліся шанцы». Слова «шанцы» ў значэнні, якое мае на ўвазе В. Чаропка, сучасная беларуская мова не ўжывае, салдаты беларускага войска капаюць хады злучэння і акопы, але ўзводзяць умацаванні, насыпы, брустверы (хаця і з дапамогай «шанцавага інструменту»). А вось яшчэ адна вайсковая сітуацыя з «Лёсаў у гісторыі»: «…Сіротка прымаў удзел ва няўдалай аблозе Улы зімой…» (с. 187) – правільна не «ва аблозе», а «ў аблозе». Недасведчаны чытач запытае: чаму подзвігі Хадкевіча ў Вільні ўслаўляў «…вядомы казначэй…» (с. 233)? Думаецца, што тут аўтар і рэдактары не здужалі перакласці на беларускую мову польскае «казнадзей» – «прапаведнік». Вось і з’явiўся немаведама якога казначэйства «казначэй». Нязграбныя выразы, накшталт «Краіна нібыта апынулася пад акупацыяй» (с. 399), і тут жа аб Ясінскім, які для вярбоўкі паўстанцаў «выкарыстоўваў… і масонскія ложы, і картачны дом», не спрыяюць прыемнаму чытанню, а яўныя ляпсусы ад чытання адрываюць і выклікаюць смех. Чаго варта такое: «На шчасце Казіміра, ён неўзабаве памёр» (с. 81); «Траўгут… атрымаў загад ісці на Валынь, каб падтрымаць там тутэйшых паўстанцаў» (с. 492); «Эмігранцкія колы абкружылі Дамейку і цягалі па розных мерапрыемствах…» (с. 455). Часам стылістычныя памылкі мяжуюць з дазволеным, збіваюць увесь аповед на нізкі стыль: «Ён сам… хацеў… праз дачку ўлазіць ва ўнутраныя справы Вялікага княства Літоўскага» (с. 89, пра маскоўскага князя Iвана III); «…не гандляваў ён сваім сумленнем дзеля сытнага карыта» (с. 440, пра Адама Міцкевіча). Выглядае на тое, што свайго чытача В. Чаропка разам з выдавецтвам «Беларусь» бачыць у той жа пазіцыі, якую яны прыпісалі Сімяону Полацкаму: «Вось каму можна… прадаць «ума излишки» (с. 283). Тады чаму я назваў гэтыя заўвагі «Папялушка выдавецтва «Беларусь»? Ды таму, што кніга Вітаўта Чаропкі не такая ўжо благая. I калі яе першае выданне разглядаць як чарнавік, падрыхтоўчае да наступных, палепшаных перавыданняў, то апранутая ў добрую моўную і вобразную адзежку прыгажуня – гісторыя Беларусі яшчэ падорыць радасць сустрэчы з яе выдатнымі асобамі – нашымі продкамі. Шкада толькі, што Міністэрства інфармацыі Беларусі фінансавала выданне чарнавіка, а не кнігі, даведзенай да дасканаласці. |
(нар. у 1955 годзе ў Шчучыне) – загадчык аддзелу рэдкіх кніг Расейскай нацыянальнай бібліятэкі, Санкт-Пецярбург. Доктар гістарычных навук. Ягоная апошняя публікацыя ў «ARCHE» – «Партрэт у Гарадышчанскім касцёле» (2004. № 1). * Аўтар не зусім мае рацыю. Фанетычны прынцып у гэтым выпадку, згодна з сучаснымі афіцыйна прынятымі правіламі, працуе тады, калі назва, ад якой утвараецца прыметнік, паходзіць са славянскіх моваў (прылуцкі, але узбекскі). У выпадку з горадам Трокі гэта, відавочна, спрэчна, таму ў энцыклапедыстаў ёсць падставы пісаць «трокскі». – Заўв. рэд. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (45) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |