A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (45) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ДАНІЛА ЖУКОЎСКІ | ||||
Апокрыф знявераных Праз глухія мясціны Палесся, ваколіцы багатай Манкевіцкай эканоміі, няспешна праточваецца рэвалюцыйная хваля 1863 года: патаемныя перавозкі зброі, наіўна-ўзнёслыя маладзёны, натхнёныя павевамі сталічнага студэнцкага вальнадумства, сакрэтныя паўстанцкія цыркуляры, гвалтоўныя дзеянні супраць улады, наплыў войскаў, паразы, пераслед... Даўно, вельмі даўно, у рамантычным ХІХ стагоддзі, нашы высакародныя і вальналюбныя продкі чарговым разам кінулі («былі» – удакладніў бы тут сп. Вячорка, трапляючы ва унісон са сп. Наварычам) выклік маскоўскаму прыгнятальніку. Іх не спыняла, што магутная імперыя набірае сілу ды імкліва пашыраецца, не бянтэжыла, што трыццаць гадоў таму спроба вызваліцца скончылася паразаю і рэпрэсіямі. Яны натхняліся (былі) ідэямі свабоды, роўнасці, братэрства... Не так гэта было, дарагі чытач. А нават калі і так, ці ў гэтым клопат? Што натхняе чалавека варушыць пісьменніцкім пяром попел мінулых стагоддзяў? «Літоўскі воўк» падтрымоўвае два варыянты адказу. Чытаючы, лёгка паддацца думцы, быццам мэта раманіста – заглыбіцца ў гісторыю, уваскрасіць на кніжных старонках пару паўстання, паказаць чытачу людзей далёкай, але важнай для нацыянальнай свядомасці эпохі з іхнімі звычаямі, клопатамі, каштоўнасцямі, забабонамі і г. д. Мы разам з пісьменнікам вандруем у часе і прасторы, зазіраем у галовы людзей, чытаючы іх думкі і... нешта там сваё з усяго гэтага выводзім. Некаторыя моманты, што праўда, бянтэжаць ужо на першых старонках. Аўтар круціць сюжэтам, строіць жарты з чытача, выдаючы чорнае за белае, штораз адмаўляючы ўласныя словы і да т. п. Але чытач трывае і знарочыста лапідарныя, а lа Янка Маўр, рэзюмэ напачатку раздзелаў, і сюжэтныя выкрутасы, і аўтарскія кепікі, бо чуў жа неаднойчы пра «запанавалы ў літаратуры постмадэрнізм». Ён адносіць усё на рахунак літаратурнай моды і цярпліва заглыбляецца ў тэкст, спадзеючыся на фінал, які дасць адказы на ўсе недаўменні. Прачытаўшы, спадзявацца на фінал немагчыма. Канчаткова пераважае здагадка, што пісьменніка хвалявала не столькі далёкая гісторыя, колькі часы нядаўнія, што аўтар не столькі імкнуўся наблізіць да нас падзеі амаль стопяцідзесяцігадовай даўніны, колькі выказацца на тэмы, што не даюць спакою грамадству Беларусі апошнія дзесяцігоддзі. Выказацца, але не просталінейна-публіцыстычна ці, барані Божа, завострана-мітынгова – трэба было прэзентаваць свой асабісты і ўсебакова ўзважаны адказ на галоўнае для пісьменніка пытанне часу: «З кім ты, дзеячу культуры?» гэтак, каб да словазлучэння аніяк нельга было дадаць «грамадскі дзеяч». Пачну з агульных рэчаў: чытаючы, не вельмі засяроджваешся на тым, чаму пісьменнік паставіў у цэнтр дзеяння напаўадрэзаны ад свету куток Палесся, абмінуўшы больш насычаныя падзеямі мясціны. Дачытаўшы, набываеш перакананне: тут не толькі мастацкая палеміка з рамантычным асвятленнем паўстання, спрэчка са знакамітымі папярэднікамі кшталту Караткевіча, Якімовіча або незлічонымі легіёнамі польскамоўных аўтараў. Наварыч не толькі кіруе з нябёсаў патрыятычнай гіперпатэтыкі на грэшную зямлю будзённасці і рэалізму, але ставіць пад сумнеў саму мэтазгоднасць усхвалення «інсурэкцыі». Пад ягоным скептычным агнём не ўзнёсласць паўстанцкага міфа, а само паўстанне, і мо нат не асобна 1863– 1864 гадоў, а Паўстанне ўвогуле. Мастак слова не спрачаецца. Ён стварае гуляючы і гуляе ствараючы, і ў сваёй, дашчэнту сваёй (заўсёды, бо мае поўную магчымасць дамаляваць для сябе неабходныя карты) гульні імкнецца выглядаць джэнтльменам. Выбарам месца дзеяння ён звяртаецца да людзей, захопленых паўстанцкай рамантыкай: калі мы ў гэтым воўчым куце ўбачым, шаноўныя, што паўстанне на карысць людзям, тады ўсім сумневам будзе пакладзены канчатковы і незваротны крэс; тады і я вам паверу, і іншых – пераканаю. Мэтазгоднасць гвалтоўнага эксцэсу супроць магутнай улады выпрабоўваецца ў самы радыкальны спосаб, але ж не без захавання выгляду аб’ектыўнасці: дадатныя з усіх бакоў героі, не дурні, не злачынцы ідуць і змагаюцца. Глядзіце, думайце... Але ж і чытач ужо трохі абазнаны ў сітуацыі: спрычыніліся да таго хаця б фармалістычныя піруэты першых раздзелаў. Пісьменнік ніколі не выставіў бы вынікаў «выпрабавання», калі б тыя яго не задавальнялі. Ён абсалютны гаспадар раманнага сусвету, і гатовасць прызнаць неабходнасьць узброенага супраціву – поза і пустая дэкларацыя. Элегантнасць ягонай перамогі над уласнымі героямі не большая, чым можна чакаць пры гэткай няроўнасці сілаў. Нарэшце, варта спыніцца на пазначэнні жанру. Сёння раманам можна назваць што заўгодна – і тэарэтычна падмацаваць выбар. На тым самым грунце кожны выбар можна аспрэчыць. Пазначэнне «Літоўскага ваўка» раманам падаецца недакладным з прычыны ці не абсалютнай статычнасці характараў. Нават выключныя ўзрушэнні нічога не мяняюць, і на апошніх старонках мы бачым герояў практычна гэткімі самымі, што і напачатку. Але ў гэткай непадатнасці на змены хаваецца не недахоп майстэрства пісьменніка, а пэўная мараль і ідэйная пазіцыя, што і кіруе нас да іншага жанру. «Літоўскі воўк» выглядае на аповесць-прыпавесць: мо крыху старамодна, але з іншага боку цалкам у рэчышчы з класікамі апошніх дзесяцігоддзяў. Раман жа гэта хіба толькі таму, што спалучэнне «гістарычны раман» гучыць прывабліва. З іншага боку, пэўная раманная манументальнасць адчуваецца ў агульным кантэксце творчасці пісьменніка. Ідэалы і кампрамісы: вось вакол чаго кружляе аўтарская думка. «Літоўскі воўк» чытаецца як падсумаванне жыццёвага досведу, як адказ паразумнелага з гадамі аўтара «Рабунькі» на пытанне пра тое, што для нас сапраўды важна. Забягаючы крыху наперад, сп. Наварыч пасунуўся аж так далёка, што прызнае за ідэалам першаснасць: пакуль не з’явіцца, не загарыцца ў душы чалавека дасканалы паводле вызначэння вобраз – не паўстане на ягоных касцях брыдчэйшы, але жывучы кампраміс. Але ў астатнім ягоныя прыхільнасці цалкам на баку апошняга.
Але пяройдзем да дробязяў, што бянтэжаць і інтрыгуюць. У раздзеле XVI (п. 7) я «зачапіўся» за згадку пра «кітайскую пагрозу». «...Выбачайце, баюся, каб на тым жа Далёкім Усходзе так званыя нашы нашчадкі па-кітайску не загаварылі», – кажа спраўніку капітан жандараў Фогель. Хай сабе капітан рэпрэзентуе ў рамане асвечаную частку імперскага апарату, выяўляе сябе гуманістам, інтэлектуалам і загараецца каханнем да дзяўчыны-шляхцянкі, але ягонае мысленне павінна было вызначацца выключнай неартадаксальнасцю, каб у 1864 годзе казаць гэткія рэчы. На той момант да імперыі яшчэ належала Аляска, Уладзівастоку не споўнілася пяці гадоў, а назва Далёкі Усход успрымалася хутчэй як калька з замежнай мовы (Far East, Extreme Orient). Кітай жа шкуматалі ўсе каланіяльныя дзяржавы, бо на той час гэта была слабая, адсталая і дрэнна кіраваная дзяржава. Як там ні хацелася б сп. Наварычу, але ён і капітан Фогель – не адно і тое ж. Але пасыл зразумелы: стратэгічныя пытанні выжывання славянаў маюць прыярытэт па-над дробнымі клопатамі невялікіх народаў пра сваю незалежнасць. Капітан Фогель мог пераймацца лёсам славянаў, але наўрад ці атаясамліваў гэткую пагрозу з кітайцамі. Клопат Наварыча ў тым, што боязі жандарскага капітана з 1863 года нам наўрад ці зразумелыя на ўзроўні падсвядомых жахаў. Аналіз вайны 1812 года ў раздзеле XIV (п. 2). З аднаго боку, усё нармальна: падзеі адбываліся на гэтай зямлі, Банапарт рабіў палітычныя захады, каб мабілізаваць на свой бок насельніцтва былой Рэчы Паспалітай… Стоп! А ці згадваецца ў «Літоўскім ваўку» тая Рэч Паспалітая? Але ж – аднойчы згадваецца. Гэтаксама аднойчы – Вялікае Княства. Аніводнага разу – Крымская вайна, на той час зусім нядаўняя, найярчэйшы прыклад таго, што Захад, «Еўропа», можа пры пэўных абставінах аб’яднацца, каб супрацьстаяць Расіі. Вайна, якая паводле саміх расійцаў паспрыяла ўсведамленню неабходнасці глыбокіх зменаў ва ўнутранай палітыцы. Разуменне шляхецкасці як «немужыцкасці», якое штораз дэманструецца ў шэрагу эпізодаў, таксама ёсць толькі ягонай найпрымітыўнейшай, звыродлівай формаю. Адчуванне шляхецкасці ў ХІХ стагоддзі ўлучала ўпэўненасць у сваім прызначэнні належаць да эліты, што мусіць дзейсна спрычыняцца да дзяржаўных справаў. Ці не да гэтай «адвечнае» ролі шляхты паспяхова апелявалі што правадыры вызвольных рухаў, што... захопнікі, прапаноўваючы прадстаўнікам найвышэйшых станаў скораных народаў працоўныя месцы? Ці ж не гэта штурхала Бенёўскага на сталец Мадагаскара? Ці не адчуваннем, што выконваюць ад нараджэння вызначаную функцыю, суцяшаліся Чэрскі, Зан, Вільчыцкі, здабываючы для Расійскай імперыі геаграфічныя звесткі, выконваючы выведча-дыпламатычныя місіі? Цяжка назваць рэканструкцыю Наварыча адэкватнай гістарычным крыніцам, хутчэй гэта рэалізацыя аўтарскай задумы коштам тэндэнцыйнай маніпуляцыі гістарычнымі фактамі. Ад валюнтарызму церпіць дакладнасць апісання матываў чалавечых учынкаў (бо як жа растлумачыць гатовасць шляхты ісці на збройны супраціў без апоры на гістарычную памяць пра шляхецкую Рэч Паспалітую, пра залатую вольнасць і г. д., без свежых прыкладаў, што імперыя не ўсёмагутная). Але нашмат цікавей, што аўтар выйграў ад сваёй гістарычнай «несумленнасці». Бо ўважлівае чытанне пераконвае, што ўсе гэтыя «недакладнасці» ёсць свядомай ахвярай фігуры дзеля дасягнення галоўнае мэты. Фігура важкая – твор жа нібыта гістарычны. Якая мэта апраўдвае гэткі крок? Калі казаць пра асвятленне нетраў гісторыі, пра ўзнаўленне ў свядомасці чытача гістарычных падзей, настрояў людзей мінулага, іхняе псіхалогіі, дык «Літоўскі воўк» атрымае невысокую адзнаку. Наварыч-гісторык выразна схіляецца да пэўнага грамадска-палітычнага табару і зусім не імкнецца актуалізаваць нязручныя для сябе гістарычныя паралелі (перш за ўсё – спалучаныя з канцэпцыямі ВКЛ і шляхецтва). Калі шукаць рэакцыю на сучаснасць, раман выйдзе нашмат цікавейшы. Асвятленне гістарычных падзей выглядае цалкам падпарадкаваным расійскім гістарыяграфічным канцэпцыям, і гэта не можа выклікаць станоўчых эмоцыяў. Але выбар на карысць мовы каланіяльнага дыскурсу ёсць выдатнай дэманстрацыяй грамадзянскай пазіцыі. І сапраўды, прыярытэты Наварыча-сучасніка (прашу – аніякіх паралеляў!) канцэнтруюцца вакол ідэй «нерасхіствання лодкі», супрацоўніцтва з рэальнай сілаю, адмоўнага стаўлення да нефармальнай палітычнае актыўнасці і – рэзка адмоўнага стаўлення да палітыкаў. Пісьменніка перапаўняюць непрыхільныя пачуцці да дзеячаў, чыя ахвярнасць выклікае ахвяры перш за ўсё сярод іхніх прыхільнікаў, да прапаганды, якая найбольш і найперш падманвае шараговых прапагандыстаў, да высакародных лозунгаў, што маўчаць пра пакуты, якія выкліча іхняе ўвасабленне. Ён не хавае горычы, што да палітыкаў-самавукаў, агітатараў-дылетантаў, ваёўнікаў, не знаёмых са зброяю, без якіх, аднак, не бывае ніводнага рэвалюцыйнага руху. Атрымоўваецца паслядоўная кансерватысцкая пазіцыя, якая ўяўным дабротам рэвалюцыйных праектаў пераканана і настойліва супрацьпастаўляе спакой і стабільнасць існага ладу: Наварыч шырока выкарыстоўвае сімволіку сямейнага жыцця, спакой якога парушаюць што амурныя, што палітычныя фантазіі маладзёнаў. Пэўны дысананс стварае ваўчыная тэма. Малады воўк (як актуальна, па-сучаснаму гэта гучыць...) Інсургент пакутуе, пазбаўлены волі. Сімпатыі сп. Наварыча, які ўвогуле не хавае свайго захаплення Лесам і Зверам, на баку ваўка, але пагроза ідэйнага канфлікту лёгка здымаецца: Інсургент не столькі несвабодны, колькі адарваны ад свайго натуральнага асяроддзя. Там, у лесе, пануе справядлівы лад, дзе воўк мае сваё месца. Тут, у штучным асяроддзі, яму наканавана быць несвабодным. Тыя, хто змясціў звера ў неўласцівыя ўмовы, учынілі зло. Вось такая філасофія. Пакуль улада не парушае натуральную хаду рэчаў, няма чаго наракаць на яе, бо ўлада не робіць зла. Пры такой уладзе чалавек заўсёды знойдзе сваё месца пад сонцам, выпрабаванне ж ейнае моцы дзеля дробных несправядлівасцяў – памылка, даравальная хіба што дзіцяці. (Згадаем, з якім спачуваннем аўтар апісвае пакуты маладога валанцёра Людвіка Бароўскага і з якім уздымам – ягонае вызваленне ад пераследу ўладамі.) Гэткі непатрабавальны падыход да ўлады, натуральна ж, вельмі распаўсюджаны, вельмі старажытны і вельмі павярхоўны. Ягоныя недахопы даўно вычарпальна раскрытыкаваныя, дастаткова згадаць тут, што з’яўленне ў грамадстве незадаволеных ёсць надзейнаю пазнакаю, што ўлада далёкая ад ідэалу. Але старажытнасць ці недакладнасць не робяць ідэалагічную канструкцыю менш прыцягальнаю для людзей пры ўладзе. Ім філасофія «Літоўскага ваўка» павінна спадабацца. І сапраўды, як мы ведаем, спадабалася.
У рамане сапраўды ёсць на чым спыніцца воку. Найбольшым дасягненнем, на мой погляд, ёсць сцэна пачастунку «пад гарэхам» (раздзел VIII) і спалучаныя з ёю эпізоды. Беларускім сучасным пісьменнікам традыцыйна ўдаюцца сцэны з выпіўкаю, але цымус тут у іншым. Сабраныя за адным шчодрым сталом субяседнікі вельмі хутка апынаюцца ў настроі братэрства і ўзаемаразумення. Іх ахоплівае жаданне быць разам у думках, падабацца адно аднаму. Хваля застольнага красамоўства непазбежна ўзносіць усіх, незалежна ад пасадаў, да ўзроўню шчырых вольналюбівых спічаў – і ўсё сказанае з поўным разуменнем і згодаю забываецца ранкам. Забываецца ўсімі, акрамя маладога хлопца, які ўпершыню ў сваім кароткім дарослым жыцці сутыкнуўся з гэтай рытуалізаванай крывадушнасцю. Сцэна вартая, бы той санет, цэлай паэмы. Не памылюся, думаю, калі скажу, што нешта такое колісь перажыта самім аўтарам у бурлівы перабудовачны час. З іншага боку, гэтая з жыцця ўзятая сцэна выпісаная паводле старажытнага канону каланіяльных раманаў, і ейная крыштальная дасканаласць прыхоўвае падман. Сапраўдныя людзі больш разнастайныя, а гэтак выглядалі арабы, індыйцы, егіпцяне ў вачах супляменнікаў Кіплінга: людзі Усходу ўсе аднолькава прымітыўныя, нетрывалыя ў сваіх думках, эмацыйныя. Створаныя, каб імі кіраваў нехта іншы. Гэтак наўрад ці варта ўяўляць сябе самім «тубыльцам», хіба што іх цікавіць прэмія імя Сэсіла Родса. Для тутэйшага гэта праблема не палітычных перакананняў, а душэўнае раўнавагі: патрэбная нейкая процівага наканаванасці каланіяльнага лёсу. У «Літоўскім ваўку» процівагі няма. Адчуваецца зададзенасць асноўнае думкі: не дараслі мы да паўстання. Відавочная адсутнасць пошуку, як жа дарасці. Моцнае ўражанне пакідае эпізод з уцёкамі Людвіка Бароўскага з роднага дому. Але ягоны пафас збіваецца здзекліва-жартоўным аповедам пра шляхецкую «вайну за метэарыт». І дзіўна – аўтар нібыта і сам дэмаскаваў несапраўднасць гэтае пародыі на славуты «апошні наезд на Літве» (які й сам быў у нейкім сэнсе пародыяй), нібыта й растлумачыў чытачу, што інсцэнацыя ёсць спрытным прыкрыццём для вызвалення паўстанцаў з дапамогаю найнадзейнейшае зброі – хабару, але атмасфера сапраўднага змагання, непадробнага рызыкавання жыццём дзеля ідэалу надзейна і незваротна знішчана. Ідэал свабоды перакрыты каларытным каланіяльным кампрамісам – праграма «Літоўскага ваўка» не дапускае іншага зыходу. Наварыч глыбока і шчыра спачувае чалавеку, як жывому стварэнню, якому пагражае страшная небяспека, але ён не збіраецца спачуваць той ідэі, якой гэты чалавек кіруецца. Удаўся малы эпізод, калі замаскаваны замежнікам паўстанец дэманструе капітану жандараў Месяц праз тэлескоп, дастаўка якога служыць прыкрыццём для грузу зброі. Здзіўленне жандара і ўся атмасфера імправізаванага астранамічнага вечара выпісаныя лаканічна, але вельмі выразна. Не робячы на гэтым акцэнту, Наварыч абыгрывае сімвалізм спакою таямнічай Прыроды, супрацьпастаўляючы яго мітусліваму палітыкаванню людзей. Але ў іншых месцах ідылічныя малюнкі дзікае прыроды ўжо не выглядаюць нязмушана і арганічна, бо не нагэтулькі ўплеценыя ў дзеянне. Настойлівае супрацьпастаўленне спакою Натуры людской мітусні зноў абуджае адчуванне знарочыстай дыдактычнасці. Аналіз яскравых момантаў рамана зноў і зноў выводзіць на памкненне аўтара ўсебакова абгрунтаваць бессэнсоўнасць супраціву ўладзе Імперыі. Улада можа набываць форму адміністрацыйна-мілітарную, можа – больш вытанчаную (урокі гісторыі, асабісты прыклад), але пры самым корані ляжыць наша прыроднае прызначэнне падначальвацца, якое ўлада адно толькі рэалізуе. Адмова добраахвотна падпарадкавацца ёсць, гэткім чынам, гвалтам над уласнаю прыродаю. Дастаткова скарыцца – і ўлада не будзе адчувацца як шкодная сіла, а чалавек атрымае магчымасць спажыць дабрадзействы стабільнасці і парадку. Натуральна, вышэйсказанае ёсць толькі рэканструкцыяй. Сп. Наварыч быў бы кепскім пісьменнікам, калі б пісаў гэтак вычарпальна-просталінейна. Ідэі выкладаюцца далікатна і нібыта ненастойліва. Толькі паўсюдная прысутнасць іх літаральна ў кожным раздзеле пераконвае, што пазіцыя выключна паслядоўная, і дзеля гэтага мусіць быць дастаткова распрацаванаю й лагічна завершанаю. Толькі поўная адсутнасць хістанняў ды ідэйных супярэчнасцяў падказваюць, наколькі падпарадкаваны раман служэнню адной думцы. І адно бясспрэчны талент апавядальніка дазваляе насуперак гэткай ідэйнай скіраванасці захавацць займальнасць аповеду, штораз прыбіваючы адчуванне пустаты і сухасці (а дакладней, неакрэсленага напачатку расчаравання, выкліканага непрыманнем Наварычавай ідэйнай надбудовы). Раман нікуды не кліча беларуса, больш за тое – ставіць крыж на кожным зародку спадзявання. Ён прапануе забыцца на велічнае мінулае (бо яго не было), ціха жыць як набяжыць (бо будучыня таксама пазбаўленая велічы) і не марыць пра нешта большае, бо ў марах адно пустата і спакуса. У нейкай сваёй глыбейшай інтэнцыі гістарычны раман «Літоўскі воўк» імкнецца адахвоціць нас чытаць гістарычныя раманы. А можа – чытаць увогуле? |
крытык літаратуры. Асноўная прафэсійная ідэнтычнасьць — намесьнік дырэктара па якасьці гарадзенскага шклозаводу. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 5 (45) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |