A R C H E П а ч а т а к № 6 (46) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


6-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • гісторыя • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  ЮРЫ ЧАВУСАЎ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаная гравюра «Аблога Ляховічаў 1660 г.» са збораў кракаўскага Фонду XX Чартарыскіх (Fundacja XX Czartoryskich). «ARCHE» дзякуе сакратару фонду Катажыне Мігач (Katarzyna Migacz) за спрыяньне гэтай публікацыі. Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Юры Чавусаў
Здані і надзеі Кастрычніцкай плошчы

Ганебная капітуляцыя 2001 году чорнай плямай дыскрэдытавала беларускую апазыцыю ўсе пяць год і чорнай зданьню паўставала ў пэрспэктыве 2006 году.

Кампанія 2001 году сымбалічна скончылася, калі Валянціна Палевікова, кіраўніца штабу апазыцыйнага кандыдата Ганчарыка, папрасіла моладзь, якая захапіла будынак Белсаўпрафу, «ачысьціць памяшканьне». Фармальнае абвяшчэньне вынікаў выбараў з боку Ярмошынай ня значыла пасьля гэтага ўжо анічога. Адметнасьць беларускіх выбараў 2006 году ў тым, што момант іх рэальнага заканчэньня ня можна вызначыць дакладна.

Шмат хто з апазыцыйных актывістаў сярэдняга зьвяна былі гатовыя пайсьці хоць на што, абы не паўтарылася ганьба 2001-га. Лідэры (тыя самыя), разумелі гэта і пераконвалі адзін аднаго, што ўжо цяпер мы будзем стаяць да канца. Яны стаялі да канца і захавалі твар, але гэта не пазбаўляе ад неабходнасьці аналізу вынікаў гэтага стаяньня.

Што ж лічыць заканчэньнем выбарчай кампаніі? Палітычны сэзон пакінуў нам некалькі памятных датаў, якія можна лічыць кропкай у выбарчай кампаніі апазыцыі. Зь іншага боку, канчатковая кропка не пастаўленая дагэтуль, вынікі не падсумаваныя, высновы ня зробленыя, старонка не перагорнутая. Канец дня галасаваньня? Паўстаньне намётавага гарадка? Альбо ягоны разгон? Сутыкненьні зь міліцыяй, абвяшчэньне пра стварэньне шырокага грамадзянскага руху і арышт кандыдата Казуліна 25 сакавіка робяць і гэтую дату адметнай. Паступовае згасаньне масавых вулічных пратэстаў? Пачатак разыходжаньняў сярод удзельнікаў кааліцыі і патрабаваньне скліканьня новага Кангрэсу дэмакратычных сілаў? Калі трэба сьвяткаваць заканчэньне выбарчай кампаніі, няясна. Ярмошына зноў апынулася пабочнай асобай. «Колькі там намалявалі? 83 адсоткі? Малавата… ну добра, перадайце салатку», – рэагавалі на ярмошынскія лічбы ўдзельнікі выбаркамаўскіх пасядзелак на выбарчых участках у ноч з 19 на 20 сакавіка.

Несумненна тое, што лукашэнкаўскі рэжым быў заклапочаны зусім не электаральнай перамогай, на якую столькі ўвагі зьвяртаў палітычны штаб апазыцыі, а ўтрыманьнем улады пасьля выбараў. Магчымую рэвалюцыю трэ было задушыць, але зрабіць гэта легітымным чынам:

Следует контролировать весь цикл продвижения кандидата, начиная с исследования электоральных настроений и заканчивая не днем выборов, а несколькими неделями после их. Необходимо не только добиться желаемого результата, но и утвердить его в общественном сознании, чтобы не осталось сомнений в легитимности президентских выборов – 2006»1.

1

  палітоляг. Падчас славутых сёлетніх падзеяў на Кастрычніцкай плошчы быў затрыманы і асуджаны на 10 сутак за дробнае хуліганства.
   
Першыя высновы, абагульненьні, задаволеныя заявы і гнеўныя абвінавачаньні – вось чым адзначанае заканчэньне кампаніі. Дзякуй богу, амаль абышлося без дурных спробаў нажыць капітал на абвінавачаньнях асобных удзельнікаў кампаніі ў раскраданьні грошай2. Гэтым разам аналіз кампаніі збольшага ўтрымліваецца ў рамках прыстойнасьці, што дазваляе спадзявацца на ягоны рацыянальны характар і плённыя вынікі. Але плённымі будуць толькі тыя вынікі, якія дазволяць выпрацаваць якасна новую стратэгію на наступны пэрыяд.

Месца структураў грамадзянскай супольнасьці – адзін з ключавых момантаў гэтай будучай стратэгіі дэмакратычных сілаў, вакол якога адбываецца шмат спрэчак. Прынцыповае значэньне ў гэтых дыскусіях мае апэляцыя да новых людзей – герояў Плошчы, вязьняў Акрэсьціна, удзельнікаў намётавага гарадка, флэш-мобаў і інтэрнэт-супольнасьцяў. Здаецца, цяпер кожная больш-менш аўтарытэтная апазыцыйная структура мусіць мець у сваім складзе некалькіх вязьняў Акрэсьціна і як мінімум аднаго Героя Плошчы (які быццам бы каардынаваў працу намётавага гарадка). А лепей мець некалькіх Герояў Плошчы – тады можна ствараць іх аб’яднаньне, каардынаваць іх дзейнасьць, казаць пра выкарыстаньне гэтага новага рэсурсу.

Лічыцца, што новыя грамадзкія сілы, заснаваныя на самаарганізацыі, павінны вызначаць пляны апазыцыі на наступны пэрыяд. Эфэктнасьць флэш-мобаў, імгненных акцыяў пратэсту без аніякіх прыкметаў каардынацыйнага цэнтру дапамагла зразумець пэрспэктыўнасьць новых формаў грамадзкай дзейнасьці. «Самаарганізацыя» – самае моднае слова ў большасьці пасьлявыбарных аналізаў палітычнай і грамадзкай дзейнасьці. Гэтую славутую «самаарганізацыю» перацягваюць, нібы коўдру, шматлікія пасьлявыбарныя палітычныя праекты. Палітыкі з традыцыйных палітычных партыяў і з былога штабу адзінага кандыдата збольшага ставяцца да гэтага працэсу насьцярожана. Яны не крытыкуюць яго публічна, але схільныя ігнараваць новых людзей альбо настроеныя проста ангажаваць іх да працы ў старых партыйных структурах.

2

Незалежныя аналітыкі засьведчылі вялікі пазытыўны мабілізацыйны эфэкт наяўнасьці адзінага дэмакратычнага кандыдата, аднак выказваюцца нараканьні на спазьненьне з вызначэньнем кандыдата і марудную працу ягонага штабу ў пэрыяд між Кангрэсам дэмакратычных сілаў і афіцыйным пачаткам выбарчай кампаніі. Большасьць пагаджаецца, што вулічныя пратэсты («Плошча») насуперак рыторыцы палітыкаў былі непадрыхтаваныя, адсутнічаў суб’ект, які б узяў на сабе адказнасьць за гэты працэс. Усхваленьне «самаарганізацыі» дамінуе ў дыскусіях, хоць часам выказваецца скепсіс наконт устойлівасьці «самаарганізаваных» сетак і структураў, колькасьці прыцягнутых новых людзей. Аднак большасьць пагаджаецца, што фактар grassroots3 стане новым штуршком для разьвіцьця беларускага грамадзянскага сэктару ў наступны пэрыяд і яго ня варта разглядаць як просты новы «прызыў-2006» у шэрагі партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Новыя грамадзянскія сілы маюць больш энэргетыкі, чым традыцыйныя партыі і НДА, дэманструюць большую гнуткасьць у стратэгіі і тактыцы. Але ж пакуль імаверных дадзеных адносна памераў самаарганізаваных, спантанных рухаў і ступені іх устойлівасьці няма.

Паказальнымі ў дачыненьні да ролі няўрадавых ініцыятываў і грамадзянскіх кампаніяў у межах выбараў былі тыя вынікі нацыянальных сацыялягічных апытаньняў. Апытаньні адлюстравалі невялікую бачнасьць праведзеных грамадзянскіх кампаніяў (гл. Табліцу 1; памылка рэпрэзэнтатыўнасьці – 3 %).

  1 Цытата з дапаможніка «Выборы-2006: некоторые аспекты избирательных технологий», што распаўсюджваўся ў якасьці мэтадычнага (у дадатак да ідэалягічнага ды прапагандысцкага) матэрыялу ў органах, што займаліся забесьпячэньнем абраньня А. Лукашэнкі на трэці прэзыдэнцкі тэрмін.

2 Выключэньне – думка спадара Калякіна, кіраўніка штабу адзінага кандыдата: «В числе недостатков избирательной кампании, проведенной оппозицией, Сергей Калякин назвал ограниченность ресурсов, которых было «в 10–15 раз меньше, чем необходимо», отсутствие единого плана проведения кампании, слабую работу креативной и пресс-групп. Кроме того, по словам политика, «все проекты по мобилизации людей оказались фикцией». «Никто реальной работы не вел, хотя и получили под это ресурсы», – заявил Калякин». – «Оппозиция поставила сама себе «уд». У адказ на гэтую тэзу застаецца толькі спытаць шаноўнага кіраўніка штабу, колькі «рэсурсаў» было неабходна для рэалізацыі кампаніі пры адсутнасьці пляну правядзеньня кампаніі.

3 «Grassroots», у тэорыі няўрадавых арганізацыяў, – створаныя па ініцыятыве зьнізу грамадзянскія структуры бяз пэўнай арганізацыйнай пабудовы, часьцей за ўсё безь фіксаванага сяброўства, якія не імкнуцца стаць «прафэсійнай» няўрадавай арганізацыяй.

   
Табліца 1. Бачнасьць перадвыбарных грамадзянскіх кампаніяў* (Belarus Brief. Civil Society Monitoring. May 17, 2006. – Pontis Foundation)
  Ці заўважылі вы дзейнасьць наступных кампаніяў? (Рэпрэзэнтатыўнае апытаньне 19–27 красавіка 2006 году)
  Так Не Няма адказу/Цяжка адказаць
Джынс-Салідарнасьць 12,0 71,9 16,1
За Беларусь — без Лукашенко 14,6 69,2 16,2
Нам лгут 5,4 76,9 17,7
Он свободен (карыкатуры) 6,6 74,7 18,7
Хопіць 9,9 72,6 17,5
Я за свабоду 10,4 72,4 17,2

3

Малы ўплыў грамадзянскага сэктару ў Беларусі – не сакрэт. Усьведамленьне абмежаванасьці ягоных магчымасьцяў можа быць падставай для выпрацоўкі рэалістычных плянаў дзейнасьці. Аднак найбольш трывожным сыгналам у пасьлявыбарнай аналітыцы саміх няўрадавых арганізацыяў зьяўляецца брак крытычнага стаўленьня да сваёй дзейнасьці. Пры гэтым, у адрозьненьне ад папярэдніх часоў, ужо нават не прынята крытыкаваць дзейнасьці канкурэнтаў: калі паслухаць грамадзкіх актывістаў, усе грамадзянскія кампаніі былі пасьпяховыя, пастаўленыя задачы былі выкананыя. Але калі задачы былі выкананыя, а рэжым у краіне не зьмяніўся, значыць, нешта ня так было на стратэгічным узроўні.

Напэўна, своеасаблівым вынікам унутрыарганізацыйнага аналізу ўдзелу ў выбарчых дзеяньнях стаў гучны самароспуск «Зубра». Рэпрэсіі і новая грамадзка-палітычная сытуацыя вымагаюць распрацоўкі новых формаў дзейнасьці, пад якія трэба будаваць асобныя структуры, новыя структуры, не падобныя да тых, што ствараліся ў Беларусі раней.

На парадку дня стаіць стварэньне агульнанароднага дэмакратычнага руху, які будзе здольны аб’яднаць мільёны прыхільнікаў дэмакратычных зьменаў. Мы заклікаем грамадзкія дэмакратычныя ініцыятывы стаць часткай гэтага руху. У якасьці першага кроку моладзевы рух «Зубр» заяўляе аб перапыненьні дзейнасьці пад сваім брэндам і працягу супраціву ў межах новага агульнанацыянальнага руху,

– гаворыцца ў зуброўскай заяве4.

  * У якасьці камэнтара да табліцы адзначым неверагодна вялікую папулярнасьць сьціплай падкампаніі «За Беларусь – без Лукашенко» – гэта можа тлумачыцца толькі блытанінай у грамадзкай сьвядомасьці, хутчэй за ўсё мы назіраем эфэкт распаўсюджанасьці пралукашэнкаўскай кампаніі «За Беларусь» (у розных варыянтах). Выклікае зьдзіўленьне таксама адносна вялікі паказчык вядомасьці зусім камэрнай кампаніі «Он свободен».
   
Аднак контуры новага агульнанацыянальнага руху застаюцца вельмі туманныя. Заявы палітыкаў з Аб’яднаных дэмакратычных сілаў аб працягу дзейнасьці ў фармаце шырокага агульнанацыянальнага руху (альбо кампаніі) «За свабоду» пад лідэрствам Мілінкевіча сьведчаць пра прызнаньне палітыкамі той ролі, якую могуць граць грамадзянскія структуры ў палітычнай барацьбе. Аднак, пагаджаючыся з важнасьцю грамадзкай дзейнасьці, партыйныя дзеячы хочуць ізноў будаваць вэртыкальную піраміду, дзе наверсе будуць палітычныя партыі і адзіны кандыдат, пад іх кіраўніцтвам будуць працаваць няўрадавыя арганізацыі і ініцыятывы, а ў полі будуць дзейнічаць кіраваныя з цэнтру атрады грамадзкіх партызанаў. Уся гэтая сыстэма павінна абапірацца на структуру штабоў, якая склалася падчас выбарчай кампаніі. Натуральна, такая канцэпцыя (апагеем яе рэалізацыі стала скандальная абвестка пра стварэньне пры штабе Мілінкевіча «каардынацыйнага цэнтру па правядзеньні флэш-мобаў») выклікала вострую крытыку з боку грамадзкіх структураў і шараговых актывістаў, а таксама выклікала незадаволенасьць акрэсьцінцаў, удзельнікаў намётавага гарадка, флэш-мобэраў. Сілы самаарганізацыі гатовыя супрацоўнічаць з грамадзянскімі структурамі, карыстаючыся перш за ўсё іх тэхнічнай дапамогай (матэрыяльнае забесьпячэньне дзейнасьці, кансультацыі і юрыдычная дапамога, дапамога рэпрэсаваным), але зусім ня хочуць працаваць у вэртыкальна-адміністратыўнай схеме пад началам палітычнага цэнтру.

Працэс выпрацоўкі канцэпцыі абвешчанага палітычнымі сіламі грамадзка-палітычнага руху неапраўдана зацягнуўся. Адбілася і хісткасьць унутры самой кааліцыі, бо Аб’яднаная грамадзянская партыя яўна настроеная на перафарматаваньне ўсяго дэмакратычнага руху і рэвізію вынікаў Кангрэсу дэмакратычных сілаў: заканчэньне выбараў павінна, на іх думку, стаць заканчэньнем мандата Мілінкевіча. У падмацаваньне гэтай тэзы прыводзяцца аргумэнты з таго ж шэрагу захапленьня новымі грамадзянскімі сіламі і аргумэнты пра неабходнасьць інтэграцыі ў дэмакратычны рух гэтых сілаў, таксама як і групы былога кандыдата Казуліна. У такіх умовах кааліцыя ня здольная прыйсьці да ўнутранага пагадненьня адносна выгляду будучага палітычнага суб’екту, што робіць немагчымым фармуляваньне канкрэтнага парадку дня на бліжэйшы пэрыяд. Максымум канкрэтыкі, які дазваляюць сабе палітыкі, – гэта ініцыяваньне шэрагу традыцыйных кампаніяў сацыяльна-эканамічнай тэматыкі і доўгае чаканьне эвэнтуальнага эканамічнага крызісу, які быццам бы адбудзецца з-за зьмяненьня замежнаэканамічнай каньюнктуры. Апазыцыйныя палітычныя структуры арыентаваныя на відавочную пасіўнасьць у будучай барацьбе, яны відавочна згубілі ініцыятыву.

У гэтых умовах паўстае шэраг пытаньняў адносна тых заяваў аб працягу працы, якія зыходзяць з палітычных партыяў. Запіс у які рух быў зьдзейсьнены падчас пратэставай акцыі 25 сакавіка? Чаму ўсе пазначаныя тэрміны для прэзэнтацыі пасьлявыбарных дзеяньняў пратэрмінаваныя? Чаму заявы розных суб’ектаў кааліцыі пра будучую стратэгію такія супярэчлівыя і неканкрэтныя?

Незадаволенасьць такім станам рэчаў паўстае і ў саміх палітычных колах: гучны розгалас атрымаў «ультыматум», высунуты шэрагам функцыянэраў Партыі БНФ на адрас старога кіраўніцтва з абвінавачаньнямі ў няздольнасьці да працягу палітычнай барацьбы, у няўменьні выкарыстаць здабытыя падчас кампаніі дасягненьні, у нежаданьні праводзіць карэгаваньне старых мэтадаў дзейнасьці5. Адказ з боку саміх палітыкаў зь лягеру штабу адзінага кандыдата прагучаў досыць млява і невыразна. Але і ў гэтай групы няма ніякага канкрэтнага пляну працы, іх галоўны рэсурс – тая самая незадаволенасьць і чаканьне новых лідэраў. Іх галоўны плюс – яны дэманстратыўна бяруць пад улік фактар новых сілаў самаарганізацыі і імкнуцца абаперціся на гэты новы рэсурс, хоць таксама, імаверна, перабольшваюць ягонае значэньне.

  4 Заява моладзевага руху «Зубр».
   
У сваю чаргу, у адрозьненьне ад палітыкаў, грамадзкія цэнтры плянаваньня згодныя прыняць існаваньне новых плыняў грамадзянскага супраціву і разглядаць новыя сілы самаарганізацыі як самастойны фэномэн. Альтэрнатыўная канцэпцыя руху прасоўваецца з боку грамадзкіх структураў, сутыкаючыся пры гэтым з супрацівам партыйных лідэраў. Згодна зь ёй, палітычныя і грамадзкія сэгмэнты і структуры павінны быць раўназначныя паводле статусу, адзіны лідэр павінен граць выключна ролю сымбалю, ганаровага манарха, які каралюе (асьвячае сваім ужо адносна высокім рэйтынгам дэмакратычную дзейнасьць), але не кіруе, а асновай усёй дзейнасьці павінна стаць вызначэньне мэтаў дэмакратычнай супольнасьці. У такой схеме кіраваньне атрадамі грамадзкіх партызанаў не ажыцьцяўляецца. Яны дзейнічаюць аўтаномна, згодна з публічна абвешчанай стратэгічнай мэтай.

Гэтыя дзьве канцэпцыі руху розьняцца прынцыповым чынам. Калі першая, канцэпцыя палітыкаў, пабудаваная згодна з прынцыпам адміністратыўнай вэртыкалі, як гэта было ў часе выбарчай кампаніі, то другая сумяшчае ў сабе тры структурныя адзінкі, адрозныя сыстэмай пабудовы – палітычная вэртыкаль, грамадзянская сетка, аўтаномнае валянтэрскае поле. Першая канцэпцыя выключае зь дзейнасьці шырокія масы пратэстоўцаў, другая – скіраваная на выкарыстаньне рэсурсу спантаннага грамадзкага пратэсту. Фактычна, ва ўмовах пазыцыі чаканьня палітычнай кааліцыі і барацьбы ўнутры яе другая канцэпцыя пачала рэалізоўвацца без удзелу палітыкаў, бо пакліканая яна была менавіта самім жыцьцём.

4

Пакуль апазыцыя перабывае ў здранцьвеньні, лукашэнкаўская адміністрацыя пасьпела пераацаніць працэсы, што адбыліся падчас палітычнай кампаніі. Відавочная недаацэнка ўладамі пратэставага патэнцыялу ў быццам бы задаволеным эканамічным станам грамадзтве прымушае іх зьвяртаць пільную ўвагу на грамадзянскі супраціў. Акрамя рэпрэсіўных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца шырока і творча, акрамя ідэалягічнай работы, якая ператварылася ў кармушку для «ўнутранай партыі» былых палітрукоў і навуковых камуністаў, паўстала патрэба ў афармленьні канцэпцыі перафарматаваньня грамадзкай актыўнасьці і незадаволенасьці рэжымам у бясьпечнае рэчышча. Першай ластаўкай у гэтым кірунку сталася заява лукашэнкаўскага ідэоляга Праляскоўскага пра пабудову ў Беларусі карпаратыўнай дзяржавы6. Далей гэтая тэза была працягнутая ў пасланьні кіраўніка дзяржавы парлямэнту, у якім большая палова часу была прысьвечаная пытаньням грамадзянскай супольнасьці замест звыклых праклёнаў на адрас палітычнай апазыцыі.

  5 Алесь Міхалевіч: «Сёньня стварылася ўнікальная магчымасьць стварэньня шырокага грамадзкага руху, аб’яднанага агульнапрызнаным лідэрам. Гэты рух павінен разбудоўвацца і напаўняцца ня толькі функцыянальным, але й арганізацыйным зьместам. Нельга жыць ад сьвятаў да сьвятаў, ад выбараў да выбараў. Мы хочам падштурхнуць лідэраў да актыўных дзеяньняў». (Мы ўзялі адказнасьць за Плошчу, мы гатовыя ўзяць адказнасьць за Краіну. Гутарка з камэндантам намётавага мястэчка Алесем Мазурам і ягонымі паплечнікамі. // Наша Ніва. 2006. № 18. 19–25 траўня)

   
Рэжым бачыць, адкуль для яго зыходзіць пагроза ўнутры краіны. Бадай што ўпершыню за апошнія гады мы пабачылі А. Лукашэнку ў абароне. Аднак ён рыхтуе контратаку. Яшчэ рана рабіць высновы адносна таго, якая менавіта тактыка ў гэтым кірунку будзе абраная. Але сарамлівыя заявы пра тое, што прапрэзыдэнцкі рух альбо партыя не павінны стварацца адміністратыўным шляхам зьверху, а павінны ісьці зьнізу – найлепшы сыгнал пра тое, што ў хуткім часе такія ініцыятывы зьявяцца. Фармаваньне лукашэнкаўскай грамадзянскай супольнасьці прадугледжвае ня толькі разьвіцьцё прыдзяржаўных грамадзкіх аб’яднаньняў, але і новыя формы працы. Зразумела, у гэтым працэсе таксама шмат адміністратыўнай гульні, барацьбы інтарэсаў унутры лукашэнкаўскай каманды – шмат хто з зайздрасьцю глядзіць на гаспадарку спадароў Арды й Козіка ды хоча стварыць нейкую падобную гаспадарку для сабе. Але такія структуры, напэўна, зь цягам часу будуць адыгрываць усё большую палітычную функцыю – дастаткова прыгадаць, якую ролю падчас пратэстаў на плошчы 19–20 сакавіка выконвала сотня экіпіраваных байцоў з шэрагаў няўрадавага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя вэтэранаў падразьдзяленьняў спэцыяльнага прызначэньня войскаў МУС «Гонар». Праз грамадзкія структуры рэжым можа дасягаць сваіх мэтаў, у тым ліку і мэты процідзеяньня апазыцыі. Таксама празь іншыя грамадзкія структуры рэжым будзе імкнуцца адолець пратэставыя, рэвалюцыйныя настроі, што высьпяваюць у грамадзтве.

З апошніх заяваў Лукашэнкі вынікае стратэгія барацьбы з пагрозамі для рэжыму адзінаасобнай улады. Рэжым адчувае небясьпеку не ў палітычных партыях, не ў традыцыйных структурах грамадзянскай супольнасьці і ня ў новых сілах самаарганізацыі натоўпу – галоўная сьмяротная пагроза палягае ў аб’яднаньні ўсіх гэтых рэсурсаў у межах адзінай стратэгіі, кансалідаванага пляну канкрэтных дзеяньняў, каб зьмяніць палітычны рэжым.

* * *

Беларускі дэмакратычны рух – гэта нацыянальны рух, уключаны ў сусьветны дэмакратычны працэс. Супярэчнасьці ў гэтым няма, бо інтарэсы нацыянальнага адраджэньня вымагаюць пераходу да дэмакратычнага разьвіцьця, у працэсе барацьбы з дыктатурай нараджаецца беларуская нацыя. Грамадзянская супольнасьць у гэтым кантэксьце выконвае ролю авангарду, своеасаблівага аналягу пралетарыяту.

Дзеячы структураў грамадзянскай супольнасьці былі для «каляровых рэвалюцыяў» тым, чым быў пралетарыят для рэвалюцыяў сацыялістычных. Аднак пралетарыят гэты аб’яднаны зусім не эканамічнымі фактарамі, таму і лёзунгі рэвалюцыі не павінны быць эканамічнымі, а каштоўнаснымі.

У 2006 годзе, нягледзячы на агульнае прызнаньне рэвалюцыйнай стратэгіі, палітыкі фактычна засталіся ў межах электаральнай стратэгіі. Рэвалюцыя так і ня стала рэальным пунктам парадку дня. Задача здабыцьця электаральнай бальшыні кідала партыйцаў у бок эканамічных лёзунгаў. Рэвалюцыйныя сілы грамадзянскай супольнасьці спрацавалі дарма – іхныя памкненьні аказаліся не патрэбныя палітычным сілам. Адбылося несупадзеньне паміж электаральнай тактыкай палітыкаў і рэвалюцыйнай тактыкай сілаў грамадзянскай супольнасьці.

Вынікі кампаніі-2006 захавалі гонар палітычнай апазыцыі: людзі ёй паверылі, выйшлі па яе закліку на плошчу, ахвяравалі сабой дзеля мэтаў дэмакратыі і свабоды. У гэтым сэнсе кампанія не была правальнай – дэмакраты шчыра зрабілі ўсё, што маглі. Аднак гэтага аказалася недастаткова. Мерыць дасягненьні кампаніі ў тысячах арыштаваных, дзясятках крымінальных справаў і ступені гістэрыкі рэжыму можна. Аднак для зьмяненьня сытуацыі патрэбная новая стратэгія дзейнасьці, і фармуляваць яе трэба неадкладна.

  6 Перадача Першага нацыянальнага тэлеканалу БТ «Жесткий разговор», этэр ад 30 сакавіка 2006 году.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 6 (46) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/06/17