A R C H E П а ч а т а к № 6 (46) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


6-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • гісторыя • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


гісторыя

  КШЫШТАФ КАСАЖЭЦКІ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаная гравюра «Аблога Ляховічаў 1660 г.» са збораў кракаўскага Фонду XX Чартарыскіх (Fundacja XX Czartoryskich). «ARCHE» дзякуе сакратару фонду Катажыне Мігач (Katarzyna Migacz) за спрыяньне гэтай публікацыі. Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Кшыштаф Касажэцкі
Кампанія 1660 году ў Літве


УСТУП ДЛЯ БЕЛАРУСКАГА ЧЫТАЧА

Летам 2005 году я атрымаў ліст, у якім выдавецтва «Arche» зь Беларусі папрасіла ў мяне дазволу на пераклад і выданьне маёй кнігі «Kampania roku 1660 na Litwie». Гэта стала для мяне вельмі прыемнай нечаканасьцю і сапраўдным гонарам.

Зь вялікім задавальненьнем я прывітаў надзею, што мая кніга мае шанец патрапіць у рукі чытача зь Беларусі, паколькі пераважная большасьць апісаных у кнізе падзей адбываецца менавіта на яе сёньняшніх тэрыторыях. З гэтай прычыны шмат беларускіх чытачоў зможа бязь цяжкасьці лякалізаваць іх у канкрэтных мясьцінах свайго краю і праз старонкі кнігі паглядзець на некалькі нязьмерна багатых на падзеі гадоў гісторыі беларускіх зямель другой паловы ХVІІ стагодзьдзя. Зьмест кнігі датычыць нашай супольнай гісторыі, тых часоў, калі землі сёньняшняй Польшчы і Беларусі складалі адзін арганізм у рамках даўняй Рэчы Паспалітай. Гэта былі часы, калі яе грамадзянін, які паходзіў зь зямель цяперашняй Польшчы, і той, які нарадзіўся дзесьці на землях цяперашняй Беларусі, меў тыя самыя правы, удзельнічаў у тых самых соймах, выбіраў агульнага манарха, абараняў адну айчыну, правы і свабоды, якія яна яму гарантавала і якімі ён ганарыўся.

Землі, якія расьцягваліся ад Падляшша на захадзе да Смаленшчыны і Севершчыны на ўсходзе, уваходзілі з часоў вялікай літоўскай экспансіі ХІІІ–ХІV ст. у склад Вялікага Княства Літоўскага. Імкнучыся на ўсход, літоўскія загоны, вялікую частку якіх складалі ваяры з занятых яшчэ ў ХІІІ ст. беларускіх зямель, разьмешчаных на Дзьвіне і на захад ад Бярэзіны, увайшлі на землі, ахопленыя ўплывамі маскоўскіх князёў, якія з ХІV ст. паволі, але няспынна нарашчвалі сілы. Яшчэ мала каму вядомыя ўладары на мяжы ХІV–ХV ст. спынілі марш ліцьвінаў на ўсход. Зрабіць гэта было лягчэй, бо ў той час вялікія літоўскія князі павінны былі абараняць сэрца свайго краю ад усё больш магутных атакаў крыжакоў. Унія з Польшчай дазволіла супольнымі сіламі адолець моц крыжацкага закону і ў пачатку ХV ст. ліквідаваць сьмяротную небясьпеку зь ягонага боку.

Як паказалі чарговыя стагодзьдзі, сапраўдная пагроза для літоўскага панаваньня знаходзілася на ўсходзе – у Маскве. Скінуўшы татарскае іга, маскоўскія князі няспынна ўмацоўваліся. Пад канец ХV ст. на ідэалягічнай глебе яны дамагліся таго, што вялікія літоўскія князі прызналі іх вялікімі князямі і царамі. У Вільні разумелі небясьпеку, якая вынікала з гэтага, бо адначасова Рурыкавічы з Масквы ўсё больш адкрыта выступалі са сваімі прэтэнзіямі як адзіныя законныя ўладары рускіх зямель. Вялікая іх частка знаходзілася ў руках Літвы, і было вядома, што раней ці пазьней дойдзе да вайны за іх. Заўважальная пад канец ХV ст. слабасьць Літвы і яе досыць няўдалыя пачынаньні ў дачыненьні да прымежных рускіх князёў прывялі да першай вайны. Войскі Івана ІІІ Суровага дабіліся пэўных посьпехаў і вырвалі кавалак зямель ва ўладароў зь Вільні. Далейшыя гады прынесьлі чарговыя посьпехі. У 1550 г. ліцьвіны панесьлі цяжкую паразу над Вядрошай. Гэта стала сапраўдным шокам, бо першы раз маскоўскія войскі нанесьлі ліцьвінам цяжкую паразу ў полі. Праз пару гадоў быў страчаны Смаленск, які быў своеасаблівай брамай у глыб Літвы. Толькі дапамога польскіх войскаў дазволіла стрымаць маскоўскі наступ. Зь іх падтрымкай былі адбітыя захопнікі ў 30-я гады ХVІ ст., калі яны наблізіліся да Менску і нават падышлі недалёка да Вільні. У пачатку другой паловы ХVІ ст. у атаку на Літву рушылі войскі цара Івана ІV Жахлівага. Сытуацыя Вялікага Княства Літоўскага станавілася драматычнай, а праз страту Полацку пад пагрозай апынулася сама Вільня. Станавілася ўсё больш зразумелым, што бяз польскай дапамогі ВКЛ ня здолее даць адпор мацнейшаму праціўніку, якім у той час было Вялікае Княства Маскоўскае. Толькі наступ караля Стэфана Баторага ў 1579–1581 г. на чале літоўскіх і польскіх сілаў дазволіў разьбіць і разграміць праціўніка.

Глыбокі крызыс, які хутка пасьля гэтага ахапіў Маскву, аддаліў пагрозу. У пачатку ХVІІ ст. ён нават схіліў швэдаў і Рэч Паспалітую да інтэрвэнцыі. Здавалася, што дасягнутыя посьпехі польска-літоўскіх войскаў і заняцьце Масквы і Смаленску могуць прывесьці нават да ўзьнікненьня уніі Рэчы Паспалітай з Масквой. Аднак, з аднаго боку, неразуменьне культурнай і рэлігійнай адметнасьці маскоўскага насельніцтва, гвалт польскіх і літоўскіх войскаў, амбіцыі караля Жыгімонта ІІІ Вазы, а з другога боку, падазронасьць і антыпатыя ў дачыненьні да каталіцкіх інтэрвэнтаў з боку пераважнай большасьці маскоўскага грамадзтва прывялі ўрэшце да паўстаньня і доўгай вайны. Была страчаная Масква, але захаваны Смаленск і шырокія землі на ўсходзе, страчаныя ў ХVІ ст. Спроба адбіць іх Масквой у 1632–1634 г. закончылася паразай, якая, здавалася, на доўгі час пацьвярджала абсяг панаваньня Рэчы Паспалітай і дасягнутую ёй перавагу над усходнім суседам.

Новы разьдзел ва ўзаемнай гісторыі адкрыў 1648 г. і казацкае паўстаньне Багдана Хмяльніцкага ва Ўкраіне. У адрозьненьне ад ранейшых, яно прынесла вялікія паразы войскам Рэчы Паспалітай. У Маскве ўважліва назіралі за разьвіцьцём падзей. Спачатку расейцы меркавалі нават аказаць падтрымку палякам, паколькі баяліся падобных выбухаў у сябе. Аднак паступова непакой саступаў месца надзеі на тое, што Рэч Паспалітая пагрузіцца ў глыбокі крызыс, які дазволіць Маскве выцягнуць з гэтага максымальную выгаду. Ужо ў 1650 г. у Варшаву прыбыло пасольства братоў Пушкіных, якое прынесла правакацыйныя патрабаваньні ў дачыненьні да польскага боку. Вялікая параза Хмяльніцкага пад Берастэчкам у 1651 г. затармазіла маскоўскія прэтэнзіі, але польскія паразы ў наступныя гады і ўсё глыбейшы ўнутраны крызыс прымусілі зноў умяшацца ў справы Рэчы Паспалітай.

Тым часам Хмяльніцкі, зразумеўшы, што ня можа перамагчы Рэч Паспалітую, а яго татарскі саюзьнік зусім не жадае яму ў гэтым шчыра дапамагаць, пачаў зьвяртацца да цара Аляксея Міхайлавіча з прапановамі прыняць яго і Ўкраіну ў сваё падданства. У Маскве выкарысталі нагоду і ў канцы 1653 г. згадзіліся з гэтым. Для ўжо вельмі аслабленай Рэчы Паспалітай гэта азначала чарговую вайну з моцным суседам. А для Масквы надыходзіла пара помсты за ўсе паразы першай паловы ХVІІ ст. Царскія войскі ўвайшлі ў літоўскія межы на мяжы траўня і чэрвеня 1654 г. Яны мелі вялізную перавагу. Маштаб посьпехаў зьдзівіў самога цара. Былі разьбітыя невялікія літоўскія сілы, заняты Полацак, здабыты Смаленск і шэраг фартэцый на ўсходзе і поўначы Літвы. Да канца году маскоўскія войскі абаперліся аб лінію Дзьвіны і Бярэзіны. Такім чынам, яны дасягнулі мяжы зямель, якія ў той час лічыліся спадчынна падпарадкаванымі цару, на якія ён заяўляў прэтэнзіі як на сваю вотчыну. Гэтую здабычу ўдалося абараніць, калі зімой 1654–1655 г. рушыў літоўскі наступ. Вясной царскія арміі, падмацаваныя казацкімі палкамі пайшлі ў чарговы наступ. Літоўскі супраціў быў нязначны. Пала Вільня, Горадня, Коўна, царскія войскі падышлі нават пад Берасьце-Літоўскае. Ад далейшага маршу і заняцьця Жамойці іх стрымала агульнае зьнясіленьне і, перш за ўсё, уваходжаньне ў рэшту літоўскіх зямель швэдзкіх войскаў. Такім чынам, амаль усё Вялікае Княства Літоўскае апынулася пад уладай Аляксея Міхайлавіча, а мясцовая літоўская і беларуская шляхта апынулася перад вялікай дылемай: застацца вернымі пераможанаму польскаму каралю, які ўцёк за межы краю, ці прысягнуць на вечную вернасьць новаму гаспадару – маскоўскаму цару. Надзвычай імклівая зьмена падзей прыводзіла да таго, што гэтае пытаньне станавілася асабліва істотным. Рэч Паспалітая ўздымалася з упадку і распачынала наступ супраць швэдаў. Восеньню 1656 г. яна ўклала замірэньне і антышвэдзкі хаўрус з Масквой, а цару паабяцалі выбраць яго на польскі трон і хутка распачалі супольныя дзеяньні супраць швэдаў у Інфлянтах. Заставалася толькі пытаньне, ці хаўрус, укладзены ў прымусовай сытуацыі і на вельмі цяжкіх для Рэчы Паспалітай умовах, зможа вытрываць выпрабаваньне часу і абсалютна супрацьлеглыя памкненьні абедзьвюх дзяржаў.

У кнізе зроблена спроба адказаць на гэтыя пытаньні, а таксама паказаць фактары, якія прывялі да спыненьня супрацоўніцтва і выбуху змаганьняў паміж Рэччу Паспалітай і Расеяй у 1658 г. Апісваюцца ваенныя дзеяньні гэтага году і змаганьні, якія вяліся ў 1659 годзе. Ад падзей, зьвязаных з пачаткам наезду князя Івана Хаванскага позьняй восеньню таго году, пераходжу да ўласна зазначанай у назьве тэмы. Яна ахоплівае наезд Хаванскага, яго дзеяньні на Наваградчыне, а потым наступ літоўскіх і польскіх войскаў, які дазволіў прагнаць маскоўскія войскі за Дзьвіну і Дняпро. У яго рамках знаходзяцца апісаньні бітваў пад Палонкай, на Басі, пад Талочынам і Друцкам, а таксама меншых сутыкненьняў. На разьвіцьцё падзей на літоўскіх і беларускіх землях, у тым ліку і ваенных, уплывала мноства фактараў. Таму я стараўся паказаць нязвыклую складанасьць тагачасных палітычных дачыненьняў паміж трыма бакамі, якія ваявалі на польскіх і літоўскіх землях – Швэцыяй, Рэччу Паспалітай і Расеяй. Падзеі ў Літве і Беларусі былі цесна зьвязаны з сытуацыяй ва Ўкраіне і са своеасаблівым дыпляматычным спаборніцтвам паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай, якое мела на мэце хутчэйшае заключэньне міру са Швэцыяй. Дзеяньні літоўскіх гетманаў былі моцна абумоўленыя канфліктам літоўскага магнацтва з каралеўскім дваром. На паводзіны самога войска вялізны ўплыў мелі праблемы з платай, якія ўсё больш настойліва непакоілі яго, праблемы з абяцанымі ўзнагародамі, а таксама выкарыстаньне найвышэйшымі вайскаводцамі жаўнераў у сваіх палітычных канфліктах. Як па літоўскім, так і па маскоўскім баку немалую ролю адыгрывала ўзаемная антыпатыя і нават проста варожасьць паасобных вайскаводцаў. Праблемаў было больш – я згадаў найважнейшыя.

Кніга мае разбудаваную частку, прысьвечаную падзеям, што папярэднічалі ўласна 1660 году. Было б цяжка зразумець падзеі гэтага году без паказаньня ранейшых. Да таго ж я пастараўся, маючы на ўвазе зацікаўленьне беларускага чытача, дапоўніць і паправіць апісаньне падзей, якія адбываліся на беларускіх землях у 1658–1659 г. Яны былі сапраўды багатыя на такія захапляльныя, але так малавядомыя падзеі, як паўстаньне Івана Нячая, абарона Старога Быхава ці выправа корпусу Сасноўскага. Надзвычай цікавая з розных прычын гісторыя паўстаньня насельніцтва Беларусі ў тыя гады супраць маскоўскага прыгнёту. Яго паходжаньне і разьвіцьцё, прычыны пазыцыяў ад вернасьці цару да рашучага супраціву – усё гэта патрабуе грунтоўных дасьледаваньняў. У параўнаньні з польскім выданьнем я значна дапоўніў апісаньне гэтых выпадкаў. Дапамагло мне ў гэтым і тое, што пасьля публікацыі кнігі ў Польшчы я атрымаў доступ да чарговых архіўных крыніц, якія дадалі новай інфармацыі.

Разумею, што гэтая праца не вычэрпвае праблемы і ў шмат якіх месцах яе, напэўна, можна паправіць і дапоўніць. Гэта – поле для чарговых гісторыкаў, а цікавыя матэрыялы надалей хаваюцца ў архівах і бібліятэках розных краін. У гэтым месцы я жадаю сардэчна падзякаваць спадару Генадзю Сагановічу, кніга якога «Невядомая вайна 1654–1667» у свой час натхніла мяне на гэтыя дасьледаваньні.

Маю надзею, што праца сустрэнецца з зычлівым прыёмам беларускіх чытачоў. Як я зазначыў вышэй, яна датычыць фрагмэнту нашай супольнай гісторыі. Кніга напэўна выкліча шмат пытаньняў і камэнтароў. Гэта добра, бо яны заўсёды ствараюць нагоду для канструктыўнай дыскусіі, якая можа высьветліць шмат яшчэ малавядомых эпізодаў нашай гісторыі. І ў гэтым ёсьць патрэба, бо вайна 1654–1667 г. паміж Рэччу Паспалітай і Расеяй надалей застаецца вельмі слаба дасьледаванай і ўвесь час шукае сваіх гісторыкаў.

Кшыштаф Касажэцкі.

Поўны тэкст кнігі «Кампанія 1660 году ў Літве»
чытайце ў папяровым «ARCHE»

Замовіць у распаўсюднікаў

Замовіць у інтэрнэт-кнігарні knihi.net

  Нарадзіўся ў 1967 г. у Аструдзе. Выпускнік Хрысьціянскай тэалягічнай акадэміі ў Варшаве і Інстытуту гісторыі Варшаўскага ўнівэрсытэту. З 2000 году дактарант у Інстытуце гісторыі Варшаўскага ўнівэрсытэту пад кіраўніцтвам праф. др. габ. Тадэвуша Васілеўскага. Займаецца гісторыяй вайсковай справы Новага часу, гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага ў ХVІІ–ХVІІІ ст. і функцыянаваньнем магнацкіх уладаньняў, між іншым Радзівілаў і Сабескіх. Аўтар навуковых і навукова-папулярных артыкулаў, прысьвечаных гэтым тэмам.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 6 (46) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/07/25