A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (46) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
АЛЯКСАНДР МАТЫЛЬ | ||||
Газавая атака на дэмакратыю
2006 год пачаўся для Украіны драматычна. Чацвёртага студзеня Кіеў і Масква падпісалі пагадненне, якое палажыла канец газаваму канфлікту паміж імі, што рабіўся ўсё вастрэйшы, і аднавіла расійскія пастаўкі газу ва Украіну і Еўропу. Літаральна праз тыдзень, дзесятага студзеня, Вярхоўная Рада пастанавіла адправіць у адстаўку ўрад Юрыя Еханурава нібыта за тое, што той пагадзіўся на нявыгадныя газавыя дамоўленасці. Віктар Юшчанка, у сваю чаргу, назваў рашэнне неканстытуцыйным і пастанавіў захаваць паўнамоцтвы цяперашняга ўраду да парламенцкіх выбараў 26 сакавіка.
ГАЗАВЫ ВЫБУХСкандал адносна паставак расійскага газу ва Украіну выспяваў на працягу 2005 года. Улетку 2004 года Расія, каб пераважыць шалі на карысць любага ёй кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне, пагадзілася была на незвычайна нізкую цану на свой газ – 50 амерыканскіх долараў за тысячу кубаметраў. Але ў самаабвешчаную расійскую сферу ўплыву ўмяшалася дэмакратыя: Віктар Януковіч выбары прайграў, і Расія, беспаваротна страціўшы Украіну, мусіла прадаваць ёй газ па шалёна нізкай цане, якую вызначала толькі для васалаў накшталт Беларусі. Не дзіва, што падкантрольны дзяржаве расійскі газавы манапаліст «Газпром» патрабаваў іх павялічыць. Не дзіва і тое, што новы ўкраінскі «аранжавы» ўрад настойваў на захаванні выгадных Украіне ўмоваў кантракту 2004 года.У сярэдзіне снежня 2005 года, не бачачы перспектыў перагляду пагаднення, «Газпром» павысіў стаўкі і паведаміў, што, калі Украіна не прыме павелічэння цаны ў пяць разоў, «Газпром» з 1 студзеня перастане пастаўляць ёй газ. Юшчанка адмовіўся, падкрэсліўшы, што адзіным справядлівым і эканамічна бясстратным выхадам з сітуацыі з’яўляецца паступовае павелічэнне цаны на працягу некалькіх гадоў. «Газпром» праігнараваў яго аргументы і ў першы дзень новага года зменшыў, як і абяцаў, падачу газу. Зрэшты, крыкі пратэсту з нагоды нястачы газу ў Еўропе хутка прымусілі яго адступіць. А неўзабаве Кіеў і Масква паведамілі пра дагавор, які павялічваў цану газу ўдвая і павышаў плату за ўкраінскі транзіт. Хоць спачатку пагадненне віталі як прарыў, што на пяць гадоў стабілізуе цэны на газ і плату за транзіт паміж Украінай і Расіяй, неўзабаве выявілася, што ў ім поўна дзірак. Перш за ўсё, цяжка было знайсці рацыянальную эканамічную прычыну падключэння да пагаднення «Расукрэнерга» ў якасці адзінага пастаўшчыка газу ва Украіне і дзякуючы гэтаму пазбыцца падазрэнняў, што адзіная роль гэтай сумнеўнай кампаніі – узбагачаць карумпаваных расійскіх алігархаў. Манапольны статус падкантрольнага Расіі пастаўшчыка, як здавалася, рабіў Украіну закладніцай злачыннай схемы. Далей тое, што спачатку рэкламавалася як пяцігадовая дамоўленасць аб пастаўках Украіне газу па цане 95 долараў за тысячу кубаметраў, аказалася паўгадавым пагадненнем. Гэта не толькі прадвяшчала аднаўленне расійска-ўкраінскай газавай спрэчкі ў чэрвені 2006 года, але і дадавала козыраў унутраным крытыкам украінскага ўраду. Як можна было, пыталіся яны, узгадняць цану на газ на паўгода, адначасова вызначаючы плату за транзіт на пяць год? Украінскі ўрад, натуральна, даводзіў, што гэтая дамоўленасць была найлепшай, на якую ён быў здольны. Сітуацыя пагоршылася яшчэ больш, калі 2 лютага «Нафтагаз Украіны» падпісаў дагавор з «Расукрэнерга», заснаваўшы сумеснае прадпрыемства пад назвай «Укргазэнерга». Дрэнна было ўжо тое, што ўкраінскія чыноўнікі бестурботна аб’ядналі намаганні з патэнцыяльна злачынным пачынам, але яны яшчэ і дамовіліся зрабіць «Расукрэнерга» эксклюзіўным пастаўшчыком цэнтральнаазіяцкага газу для Украіны ў цэлым і яе прамысловасці ў прыватнасці. Паколькі «Нафтагаз Украіны» цяпер атрымліваў менш выгадны спажывецкі рынак, рост яго запазычанасцяў здаваўся немінучы, як і зніжэнне здольнасці ўтрымліваць трубы, што перацінаюць тэрыторыю Украіны ўздоўж і ўпоперак. Да таго ж, быццам бы гэтага было мала, Украіна згадзілася замарозіць транзітную плату не на пяць гадоў, як прадугледжваў дагавор ад чацвёртага студзеня, а на трыццаць. Цяжка было пазбегнуць высновы, што ўкраінскія чыноўнікі – а менавіта міністр паліва і энергетыкі Іван Плачкоў ды старшыня «Нафтагазу» Аляксей Іўчанка – некампэтэнтныя ці карумпаваныя, а можа, і ўсё разам. Пазнейшыя спробы Юшчанкі і Еханурава растлумачыць, чаму гэтае газавае пагадненне добрае або, можа, нядрэннае ці, можа, цярпімае, здаваліся ў найлепшым выпадку непераканаўчымі, а ў найгоршым – сведчылі пра разгубленасць і страту палітычнага кантролю.
АДСТАЎКА ЎРАДУГазавае пагадненне за 4 студзеня дало Вярхоўнай Радзе нагоду адправіць урад Еханурава ў адстаўку. Але, відавочна, гаворка тут ішла пра большае. Усе палітычныя партыі завіхаліся ў пошуках палітычнай выгады, а газавы скандал падаваў у дрэнным святле іх усіх. Юшчанку можна справядліва крытыкаваць за тое, што згадзіўся на сумнеўныя ўмовы. Цімашэнцы можна закінуць, што яна не прадбачыла будучага крызісу, калі ўзначальвала ўрад. Януковічу можна залічыць у рахунак наіўныя запэўніванні, што інтарэсы Украіны патрабуюць моцнага саюзу з Расіяй – якая ў гэтым канфлікце так выразна прадэманстравала сваю варожасць. Адстаўка Еханурава была зручнай нагодай для Цімашэнка і Януковіча паспрабаваць перакласці ўсю віну на Юшчанку і адцягнуць увагу ад ўласных няўдач.Яшчэ больш ускладняе сітуацыю тое, што з 1 студзеня набыло моц канстытуцыйнае пагадненне, якім Юшчанка падчас Аранжавай рэвалюцыі заплаціў за тое, каб стары рэжым змірыўся з уласным сконам. Сёй-той з украінскіх аналітыкаў перасцерагаў, што трохмесячны прамежкавы перыяд паміж увядзеннем новай канстытуцыйнай сістэмы (якая нібыта давала Вярхоўнай Радзе паўнамоцтвы адправіць урад у адстаўку, але яшчэ не ўпаўнаважвала парламент ці прэзідэнта назначаць новы) і выбарамі парламента з канстытуцыйным правам прызначаць прэм’ер-міністра прадвяшчае клопат: не зразумела, якія прэрагатывы будуць мець у гэты перыяд Вярхоўная Рада і прэзідэнт, і гэта можа спрычыніцца да напружаных адносін паміж імі. Так і сталася, і хоць эксперты ва Украіне, здаецца, згодныя з поглядамі Юшчанкі і яго прыхільнікаў у тым, што Вярхоўная Рада, адправіўшы Еханурава ў адстаўку, выйшла за межы сваіх паўнамоцтваў, дакладна гэтага не ведае ніхто. А Канстытуцыйны суд, які адзіны мог бы прыняць адносна гэтага канчатковае рашэнне, не дзейнічае, бо не сфармаваны. Хутчэй за ўсё, пат паміж Вярхоўнай Радай і прэзідэнтам будзе захоўвацца да сакавіцкіх выбараў. Тым часам цяперашні ўрад будзе працаваць, захоўваючы поўныя паўнамоцтвы альбо выконваючы нейкую апякунскую ролю. Амаль дакладна будуць адкладзеныя ўсе вялікія палітычныя ініцыятывы, таму, напэўна, адтэрмінуецца ўступленне Украіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Зрэшты, у перадвыбарных умовах палітычная адвага ў любым разе мае дужа мала шанцаў. Затое лепшымі, чым здаецца на першы погляд, выглядаюць шанцы ўкраінскай дэмакратыі. Тлумныя палітыкі, можа, і мала спрыяюць дэмакратычным рэформам, аднак, урэшце, дэмакратыя патрабуе менавіта тлумных палітыкаў. Прыхільнікі дэмакратыі могуць суцяшацца падабенствам Украіны да дзвюх яе суседак па Цэнтральна-Усходняй Еўропе – Чэхіі і Венгрыі, дзе бязладдзе дэмакратычнай палітыкі практычна ніколі не заважае эфектыўнаму кіраванню. Яшчэ важнейшае тое, што, хоць першыя тры месяцы 2006 года стануць часам канстытуцыйнай разгубленасці, усе палітычныя актары ва Украіне прытрымліваюцца дэмакратычных правілаў гульні.
САКАВІЦКІЯ ВЫБАРЫСёння ёсць тры асноўныя гульцы са сваімі выбарчымі блокамі: Юшчанкава «Наша Украіна», Блок Юліі Цімашэнка і Януковічавы «Рэгіёны Украіны».(…) Праграмна найбліжэйшымі застаюцца Юшчанка і Цімашэнка, у большай ці меншай ступені адданыя дэмакратыі, рыначнай эканоміцы і празаходняй замежнай палітыцы. Асабістыя непаразуменні і нястрымная крытыка, якую справакаваў газавы скандал, маглі перашкодзіць такому саюзу, але ў палітыцы асабістыя прыхільнасці зазвычай адступаюць перад палітычнымі інтарэсамі, так што такая развязка ўсё яшчэ вельмі імаверная. І магчыма, што гэты варыянт мае таксама больш за ўсё шанцаў застацца стабільным. Нягледзячы на гэта, не адмаўляем і імавернасці двух іншых варыянтаў. У верасні 2005 года Юшчанка быў падпісаў замірэнне з Януковічам, каб дамагчыся ад яго фракцыі падтрымкі назначэння Еханурава прэм’ер-міністрам, потым, калі яна прагаласавала за адстаўку ўраду, адклікаў подпіс, але кааліцыя паміж імі і цяпер досыць мажлівая: зусім не відавочна, што галоўнай сілай у Партыі регіёнаў з’яўляецца Януковіч, а не Рынат Ахметаў, чыя прабізнэсовая арыентацыя імпліцытна накладаецца на глабалісцкія і празаходнія прыярытэты Юшчанкавага лагера. Нарэшце, магчыма таксама кааліцыя паміж Цімашэнкай і Януковічам. Гэтыя двое аб’ядналі намаганні з камуністамі, каб дамагчыся адстаўкі ўрада Еханурава, і гэтая акцыя можа азначаць гатоўнасць да супрацоўніцтва пасля выбараў. Не зважаючы на тое, хто ў сакавіку сфармуе ўрад, цалкам магчыма, што ён будзе недаўгавечны і гэта неўзабаве прывядзе да новых парламенцкіх выбараў. Амаль напэўна ўзнікнуць непаразуменні паміж Вярхоўнай Радай і прэзідэнтам, асабліва калі ўлічыць, што няяснасці канстытуцыйнай рэформы могуць мець зваротным эфектам узмацненне і Вярхоўнай Рады, і прэзідэнта, не даючы адназначных шляхоў да пераадолення канфліктаў. Тады ва Украіне можа пачацца перыяд зменлівых і нестабільных кааліцыйных урадаў і частых выбараў. Гэта не вельмі добра, але не абавязкова і дрэнна. Паўторныя выбары і магчымасць працаваць ва ўрадавай кааліцыі могуць мець інстытуцыйна пажаданы эфект, прымушаючы Януковіча – як і аранжавых творцаў палітыкі з залішнімі амбіцыямі – канчаткова і на практыцы ўкараніць дэмакратычныя правілы гульні.
ШТО ЎСЁ ГЭТА АЗНАЧАЕПакуль на працягу наступных месяцаў будзе ўтрасацца блытаная ўнутраная палітыка Украіны, варта памятаць, што менавіта паводзіны Расіі ў газавым канфлікце, а не ўнутраная палітыка Украіны будуць мець найглыбейшыя вынікі для Украіны, Расіі і Еўропы.Хоць «Газпром» красамоўна падкрэсліў глыбіню залежнасці ўкраінскай эканомікі ад расійскага газу, гэтая залежнасць ні для кога не навіна. Больш важна тое, што і «Газпром», і сумнеўныя ўмовы студзеньскіх і лютаўскіх пагадненняў далі зразумець, што павышэнне цэнаў на газ будзе працягвацца. На першы погляд, гэта жахлівая вестка для Украіны. І сапраўды, у кароткатэрміновай перспектыве пастаяннае павышэнне цаны панізіць тэмпы росту ВУП і павялічыць беспрацоўе ды інфляцыю. Але сярэднетэрміновыя вынікі будуць толькі на карысць Украіны – і, магчыма, таксама Юшчанкі. Украіна транжырыць энергію ў страшэнных колькасцях – у вялікай ступені дзякуючы штучна заніжаным цэнам на газ. Нізкія цэны таксама жывяць карупцыю. Не дзіва, што найбольшае супраціўленне павышэнне цэнаў на газ сустракае з боку карумпаваных алігархаў з расійскамоўнага ўсходняга прамысловага рэгіёну Украіны. Калі Расія і «Газпром» будуць настойваць на павышэнні цэнаў, Юшчанку, мабыць, удасца спаслацца на форс-мажор, а ўкраінскім алігархам – змірыцца і распачаць інвестыцыі ў энергазберагальныя прадпрыемствы. Паводзіны на перагаворах Расіі таксама развеялі ілюзіі адносна яе стаўлення да Украіны. Сябар ці партнёр не пагражаў бы суседу павялічыць цану ў пяць разоў у найлюцейшыя зімовыя маразы. Па іроніі, такімі дзеяннямі Расія не толькі выбіла глебу з-пад ног Януковіча, свайго найбліжэйшага саюзніка ва Украіне, які падчас канфлікту трымаўся нязвыкла ціха; яна, магчыма, паспрыяла ўзмацненню аранжавай версіі ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасці. Бо пакрыўджанымі будуць адчуваць сябе не толькі тыя, хто падтрымлівае дэмакратыю і рынак; магчыма, што сярод іх праціўнікаў многія цяпер захочуць процістаяць запалохванням Масквы, аб’яднаўшы намаганні з аранжавымі ўкраінцамі. Тады як для Украіны ў газавай сварцы паблісквае прамень надзеі, для Расіі і расіян яго няма. Канфлікт паказаў, што расійскія эліты бачаць сваю краіну вялікай дзяржавай, якая мае права дамагацца рэгіянальнай гегемоніі, звяртаючыся да найгрубейшых інструментаў рэальнай палітыкі ХІХ стагоддзя. Расійскі міністр абароны Сяргей Іваноў выказаў гэта простым тэкстам і даволі выразна ў сваім нядаўнім артыкуле «Расія мусіць быць моцнай» (Wall Street Journal, 2006. 11 January). З гэтага пункту гледжання Расія ў газавым канфлікце дбала не столькі пра цану на газ, колькі пра імкненне да рэгіянальнага панавання. І сапраўды, Украіна сталася не адзінай ахвярай маскоўскага ўціску. «Газпром» таксама прыпыніў пастаўкі газу ў Малдову і падняў цану для Грузіі. Энергія, відавочна, зрабілася палітычнай зброяй у руках расійскага прэзідэнта, які не так даўно аплакваў падзенне Савецкага Саюза – а не, напрыклад, дзве сусветныя вайны, сталінізм ці халакост – як найвялікшую трагедыю XX стагоддзя.
ДЭМАКРАТЫЯ Ў АБМЕН НА ГАЗГазавае пагадненне за 4 студзеня засведчыла, што кансорцыум у складзе Пуціна, «Газпрому» і «Расукрэнерга» паспяхова навязаў Украіне свае ўмовы. Але гэта яшчэ не ўсё. Фактычна пагадненне паказала, што Расіяй кіруе дыктатар у змове з «вялікім газам» ды алігархамі і што расійская дэмакратыя мёртвая. Расія не проста паводзіць сябе як рэгіянальны хуліган, яна ператварылася ў аўтарытарную дзяржаву, эліты якой старанна культывуюць у насельніцтва гіпернацыяналістычныя настроі. Пуцін паступова дэмантаваў рыпучыя дэмакратычныя інстытуты, якія атрымаў у спадчыну ад Ельцына, заткнуў рот СМІ, устанавіў жорсткія абмежаванні для няўрадавых арганізацый ды грамадзянскай супольнасці і пашырыў дзяржаўны кантроль над важнымі галінамі эканомікі Расіі.Тым часам Еўропу газавая спрэчка паставіла перад шэрагам нязручных рэалій, паказаўшы, што Украіна нікуды не дзенецца, а яе праблемы – асабліва ў адносінах з Расіяй – гэта адначасова і еўрапейскія праблемы. Таксама, як Аранжавая рэвалюцыя ў канцы 2004 года прадэманстравала, што Украіна мае дэмакратычныя празаходнія настроі, канфлікт 2006 года паказаў, што ў Еўропы няма іншага выбару, апроч як больш актыўна далучацца да вырашэння цяжкасцяў унутранай і асабліва замежнай палітыкі Украіны. Еўрасаюз, сцвярджае шырокае кола еўрапейскіх аналітыкаў, павінен нарэшце прызнаць неабходнасць выпрацоўкі доўгатэрміновай палітыкі ў дачыненні да Украіны, якая б адпавядала еўрапейскім каштоўнасцям і ўкраінскім жаданням. Гэта не абавязкова азначае запрасіць Украіну далучыцца да Еўрапейскага Саюза, але гэта ўсё-такі азначае сказаць украінцам – выразна і недвухсэнсоўна: калі яны дасягнуць адпаведнасці патрабаванням членства, іх заяўку з радасцю прымуць. Такі сігнал абсалютна нічога не каштуе ЕС і адначасова падказвае ўкраінскай грамадскасці, што няспынны і працяглы дэмакратычны працэс можа ў нейкі няпэўны момант будучыні прывесці да інтэграцыі ў Еўропу. Не менш важна тое, што газавы канфлікт паказаў: Еўропа не можа больш рабіць выгляд, нібыта Расія – лагодная дзяржава, а яе прэзідэнт, як сказаў пра Пуціна колішні нямецкі канцлер Герхард Шродэр у разгар Аранжавай рэвалюцыі, – «бездакорны дэмакрат». Расія выразна прадэманстравала, што яе эліты не зацікаўлены інтэгравацца ў Еўропу, гуляць паводле еўрапейскіх правілаў і далучацца да еўрапейскіх каштоўнасцяў. Ніводная сучасная еўрапейская краіна не пайшла б, нават маючы фармальныя апраўданні, на тое, каб пагражаць суседу пазбаўленнем жыццёва неабходнага прыроднага рэсурсу. Еўрапейцам цяпер давядзецца вызначыцца, як ураўнаважваць уласную адданасць правам чалавека, вяршэнству права і дэмакратыі з залежнасцю ад расійскага газу ды жаданнем жыць у згодзе з Масквой. Палітыка Еўрапейскага Саюза ў дачыненні да Украіны – краіны, якую ён лічыў за лепшае ігнараваць, пакуль Аранжавая рэвалюцыя не зрабіла гэта немагчымым, – стане выпрабаваннем здольнасці Еўропы ўзгадняць гэтыя процілеглыя прыярытэты. Цяпер ужо варта было б зразумець, што Расія аўтарытарная ў сябе дома і гегеманічная за мяжой. Таксама зразумець варта было б і тое, што Украіна дэмакратычная ў сябе дома і празаходняя за мяжой. Крытыкі ўварвання Злучаных Штатаў у Ірак ставілі пад сумненне законнасць пралівання крыві ў абмен на нафту. Наглядальнікі за эўрапейскай палітыкай могуць спытаць у сябе, ці законна ахвяраваць дэмакратыяй у абмен на газ.
|
палітоляг, намесьнік дырэктара Цэнтру вывучэньня глябальных зьменаў і адміністрацыі пры Ратгерскім унiвэрсытэце. Апошняя манаграфія – «Imperial Ends: The Decay, Collapse, and Revival of Empires» (New York: Columbia University Press, 2001). Гэты тэкст быў перакладзены з кіеўскага месячніка «Критика» (4/2006). |
Пачатак Цалкам Форум |
|
№ 6 (46) - 2006
| |
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |