A R C H E П а ч а т а к № 6 (46) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


6-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • гісторыя • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  ДЗЯНІС МЕЛЬЯНЦОЎ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаная гравюра «Аблога Ляховічаў 1660 г.» са збораў кракаўскага Фонду XX Чартарыскіх (Fundacja XX Czartoryskich). «ARCHE» дзякуе сакратару фонду Катажыне Мігач (Katarzyna Migacz) за спрыяньне гэтай публікацыі. Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Дзяніс Мельянцоў
Заходняе вымярэнне беларускага пытання

Prospects for Democracy in Belarus / Joerg Forbrig, David R. Marples, and Pavol Demeš (eds.). - Bratislava: German Marshall Fund of US; Heinrich Böll Stiftung, 2006.

УВОДЗІНЫ

Сакавіцкія падзеі 2006 года ў Менску выклікалі шмат супярэчлівых эмоцый як унутры Беларусі, гэтак і па-за яе межамі. Для некага гэтыя выбары сталіся суцэльным расчараваннем: расчараваннем у беларускай палітычнай апазіцыі, якая не здолела скарыстаць пратэстныя настроі і арганізаваць джынсавую рэвалюцыю, расчараваннем у Захадзе, які недастаткова зрабіў для таго, каб беларуская рэвалюцыя стала рэальнасцю і адрэагаваў не зусім адэкватна на гвалтоўныя дзеянні беларускіх уладаў, расчараваннем ва ўласным народзе, які прамяняў каштоўнасці свабоды і дэмакратыі на стабільнасць і чысціню менскіх вуліц. Для іншых выбары і паслявыбарныя акцыі пратэсту сталіся аптымістычным сігналам, які недвухсэнсоўна прадэманстраваў глыбінныя змены ў свядомасці людзей і запаліў надзею на хуткія перамены. Для гэтых апошніх сакавіцкія падзеі сталіся пачаткам своеасаблівай «рэвалюцыі духу».

Як бы там ні было, але прэзідэнцкія выбары 2006 года нікога не пакінулі абыякавымі. Яны справакавалі не толькі беспрэцэдэнтную хвалю палітызацыі насельніцтва, але і прыцягнулі ўвагу ўсёй сусветнай супольнасці да сітуацыі ў нашай краіне. Не будзе перабольшаннем сказаць, што менавіта на працягу апошніх некалькіх месяцаў Беларусь выйшла на адно з першых месцаў у міжнародным парадку дня, стала прадметам дыскусій на разнастайных прадстаўнічых форумах і асноўнай крыніцай навін для міжнародных інфармацыйных агенцтваў. Менавіта за апошнія некалькі месяцаў «беларускае пытанне» канчаткова выкрышталізавалася ў еўрапейскай і сусветнай палітыцы.

Крышталізацыя гэтага пытання, зрэшты, расцягнулася амаль на дзесяцігоддзе. За гэты час ЗША, Еўрапейскі Саюз і шматлікія міжнародныя структуры ўжывалі разнастайныя інструменты і падыходы ў мэтах уздзеяння на беларускі ўрад, каб вярнуць яго на шлях дэмакратызацыі і рынкавых рэформаў. Аднак гэтыя высілкі аказаліся марныя, і зараз Захад вымушаны мець справу з моцным і кансалідаваным палітычным рэжымам у Беларусі, які да таго ж вельмі непрыязна ставіцца да сваіх «дэмакратызатараў».

Пакідаючы праблему Беларусі на перыферыі сваёй замежнай палітыкі, заходнія лідэры тым не менш спадзяваліся на тое, што гэтае пытанне вырашыцца само сабой, калі скончыцца другі і апошні тэрмін прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, і гэты, такі непрыемны для дэмакратычных краін, палітык вымушаны будзе сысці, адкрываючы сваім сыходам магчымасці для дэмакратызацыі Беларусі і далучэння яе да еўра-атлантычных структур. Не маючы ілюзій наконт прыроды пабудаванай у Беларусі палітычнай сістэмы, большасць заходніх аналітыкаў і палітычных дзеячаў тым не менш разлічвала на тое, што культурная і геаграфічная прыналежнасць нашай краіны да Еўропы не дазволіць спадару Лукашэнку шукаць шляхоў забеспячэння сабе пажыццёвай улады паводле прыкладу некаторых яго азіяцкіх калегаў. Аднак пасля рэферэндуму 2004 года і асабліва пасля сёлетніх выбараў стала відавочна, што яны памыляліся ў сваіх разліках.

Прэзідэнцкія выбары – 2006, такім чынам, сталі паваротным пунктам ва ўспрыняцці заходнім светам Беларусі і беларускага рэжыму. Падзеі сакавіка гэтага года прадэманстравалі марнасць спадзяванняў на тое, што «беларускае пытанне» вырашыцца само сабою, а таксама паказалі неабходнасць правядзення больш актыўнай, а галоўнае паслядоўнай і эфектыўнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Якой павінна быць гэтая палітыка, каб яна прывяла да канчатковай мэты – дэмакратызацыі Беларусі? Як збалансаваць санкцыі ў дачыненні да беларускага ўрада з праграмамі развіцця для грамадзянскай супольнасці? Якім чынам прадухіліць самаізаляцыю Беларусі? У чым прычыны неэфектыўнасці папярэдніх стратэгій? Менавіта з гэтых пытанняў складаецца «праблема Беларусі» (або «беларускае пытанне») у міжнароднай палітыцы. Адначасова гэтыя пытанні з’яўляюцца цэнтральнымі для зборніка артыкулаў «Перспектывы дэмакратыі ў Беларусі», які быў выдадзены неўзабаве пасля выбараў у Славакіі пры падтрымцы Нямецкага фонда Маршала і Фундацыі Генрыха Бёля.

1

Пры першым, хуткім праглядзе кніга пакідае ўражанне гэтакага дапаможніка па Беларусі, накіраванага на чытача, не вельмі абазнанага ў беларускай праблематыцы. Гэтае ўражанне падмацоўвае таксама і вокладка, на якой намаляваная мапа Еўропы колеру дэніма з выдзеленай белым колерам Беларуссю. Для тых, хто не надта арыентуецца ў геаграфіі. Значная частка зборніка складаецца з артыкулаў, якія падаюць факталогію падзей выбарчага перыяду, апісваюць храналогію развіцця сітуацыі ў Беларусі, даюць даведку наконт палітычных партый без аніякіх прэтэнзій на аналіз сітуацыі.

Але больш дэталёвае азнаямленне з выданнем дазваляе выявіць яго шматузроўневасць: з аднаго боку, зборнік мае на мэце пашырэнне аб’ектыўнай і нейтральнай інфармацыі пра палітычныя працэсы ў Беларусі, а з іншага – шэраг глыбокіх аналітычных артыкулаў робяць унёсак у больш поўнае разуменне сітуцыі ў Беларусі і накіраваны на спрыянне выпрацоўцы спецыялістамі больш адэкватнай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Такая шматузроўневасць дазваляе выданню прыцягнуць увагу максімальна шырокай аўдыторыі чытачоў.

Апрача ўсяго іншага, кніга яшчэ цікавая і тым, што гэта, бадай, самае першае выданне, прысвечанае апошнім прэзідэнцкім выбарам. А свежыя ўражанні заўжды самыя цікавыя, тым больш калі яны зыходзяць ад сур’ёзных аўтараў і складаюць аснову для рэагавання міжнароднай супольнасці на беларускія падзеі. Хуткасць выдання гэтай кнігі сведчыць таксама пра запатрабаванасць аналізу сітуацыі ў Беларусі з боку заходняй аўдыторыі, што, відаць, абумоўлена разуменнем неабходнасці пошуку новых падыходаў і стратэгій у дэмакратызацыі нашай краіны.

Фармальна зборнік прысвечаны перспектывам дэмакратыі ў Беларусі. Не гледзячы на гэта аўтары і ўкладальнікі не здолелі абмінуць тэмы прэзідэнцкіх выбараў і паслявыбарчых падзей, якія, відавочна, і сталі нагодай для выдання гэтай кнігі. Тэма выбараў і тэма джынсавай рэвалюцыі ў Беларусі сталі тымі чыннікамі, якія прыцягнулі міжнародны інтарэс да краіны і актывізавалі абмеркаванне «беларускага пытання» на самым высокім узроўні. Таму натуральнымі выглядаюць пошукі стратэгій дэмакратызацыі Беларусі, якія адштурхоўваюцца ад аналізу апошніх выбараў, перадвыбарнай сітуацыі ў краіне і пратэстаў у Менску, якія былі выкліканыя фальсіфікацыяй вынікаў выбараў.

Ва ўводзінах укладальнікі зборніка Ёрг Форбрыг, Дэвід Марплз і Павал Дэмеш падкрэсліваюць, што менавіта дзякуючы выбарам у сакавіку 2006 года адбыліся важныя зрухі на многіх узроўнях, якія не могуць не адбіцца на далейшых дэмакратычных пераўтварэннях.

Па-першае, апазіцыя і грамадзкія групы аказаліся здольныя зарганізаваць масавыя акцыі пратэсту, нягледзячы на прэсінг улады. Прыкметай спеласці апазіцыі можна лічыць і тое, што яна здолела аб’яднацца і правесці выбарчую кампанію, якая зрабіла Аляксандра Мілінкевіча пазнавальным для большасці грамадзян краіны. Важным момантам стала таксама ўключэнне грамадзянскай супольнасці ў барацьбу за дэмакратыю. У выніку, сумесныя высілкі прывялі да магчымасці масавага пратэсту ў Менску.

Па-другое, рэжым Аляксандра Лукашэнкі зазнаў значную эвалюцыю, якая характарызуецца шырокім ужываннем прэвентыўных захадаў у дачыненні да апазіцыі і ўзмацненнем рэпрэсій. Аднак, паводле меркавання ўкладальнікаў зборніка, падаўленне акцый пратэсту нельга разглядаць як сілу кіроўнай улады. Гэта, хутчэй, прыкмета нервовасці. А той факт, што рэпрэсіі закранулі не ізаляваную групу, а ўсё большую колькасна частку грамадства, дазваляе прагназаваць паступовую дэлігітымацыю рэжыму і рост недаверу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

Па-трэцяе, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі і іх наступствы прыцягнулі больш сур’ёзную ўвагу з боку міжнароднай супольнасці.

Кніга адкрываецца прадмовай Аляксандра Мілінкевіча і артыкулам вядомага беларускага палітолага Віталя Сіліцкага. Абодва гэтых тэксты таксама прысвечаныя беларускай рэвалюцыі і пакліканыя ўвесці замежнага чытача ў кантэкст унутрыбеларускай сітуацыі. Будучы абсалютна рознымі паводле стылю і жанру, гэтыя тэксты падобныя сваім мэсіджам. Яго сэнс заключаецца ў тым, што пасля падзей сакавіка 2006 года Беларусь ужо не будзе такой самай, якой яна была напярэдадні выбараў, што спад грамадзянскага пратэсту нельга разглядаць як паразу джынсавай рэвалюцыі, бо гэта толькі пачатак. Пачатак «рэвалюцыі духу», якая ўрэшце прывядзе да вызвалення.

Артыкулы першай часткі кнігі далей паглыбляюць аналіз унутранай сітуацыі ў Беларусі напярэдадні выбараў. Другая частка кнігі засяроджвае ўвагу на міжнародным кантэксце беларускіх падзей, як да выбараў, гэтак і пасля іх. У трэцяй частцы змешчаны больш дэталёвы разгляд саміх прэзідэнцкіх выбараў і акцый пратэсту, якія былі імі выкліканыя. Апошняя частка зборніка прысвечана пошуку стратэгій і падыходаў у вырашэнні «беларускага пытання». Цэнтральным для артыкулаў гэтай часткі з’яўляецца пытанне, якім чынам Захад увогуле і Еўропа ў прыватнасці могуць эфектыўна дапамагчы зрабіць дэмакратыю ў Беларусі жыццяздольнай перспектывай.

Аўтараў кнігі і адпаведна артыкулы можна падзяліць на тры групы, зыходзячы з прафесійнай прыналежнасці аўтараў і глыбіні аналізу, пададзенага ў тэкстах. Такім чынам, першая група будзе складацца з навукоўцаў-аналітыкаў, артыкулы якіх будуць найбольш цікавыя для спецыялістаў, знаёмых з беларускай праблематыкай (ім мы надамо большую ўвагу). Да другой групы мы аднясём афіцыйных асоб і полісімэйкераў. У тэкстах гэтай групы нас больш за ўсё будзе цікавіць факталагічны бок і афіцыйная пазіцыя той інстытуцыі, якую рэпрэзентуе аўтар. Да апошняй групы належаць актывісты-інсайдэры і прадстаўнікі фондаў. Гэта група аўтараў найбольш набліжаная да палявых умоваў беларускай рэчаіснасці і таму цікавая перадусім інфармацыяй з першых рук і поглядам знутры на апісваныя падзеі, хаця, трэба прызнаць, іх тэксты часта не могуць пазбегнуць пэўнай долі перадузятасці і ангажаванасці. Таму не будзем забываць пра гэты момант падчас разгляду артыкулаў гэтай групы.

2

Да найбольш цікавых тэкстаў прафесійных палітолагаў, якіх мы аднеслі да першай групы аўтараў, варта аднесці артыкулы Віталя Сіліцкага, Робіна Шэфарда, Дзмітрыя Трэніна і Дова Лінча. Ім мы прысвецім найбольшую ўвагу.

Беларускі палітолаг Віталь Сіліцкі ў сваім артыкуле «Знакі надзеі, а не каляровая рэвалюцыя» дае вычарпальны аналіз падзей 19–25 сакавіка 2006 года ў Менску. У прынцыпе, тыя, хто набыў гэтую кнігу толькі дзеля аналізу «беларускай рэвалюцыі», могуць далей не чытаць. У артыкуле аналізуецца палітычная сітуацыя ў Беларусі і робяцца рэалістычныя і абгрунтаваныя прагнозы будучага развіцця. Галоўная ідэя, якую аўтар праводзіць праз увесь тэкст, заключаецца ў тым, што сакавіцкія акцыі пратэсту – гэта не каляровая рэвалюцыя, а толькі пачатак «рэвалюцыі духу», якая пакладзе канец дыктатуры.

Фундаментальным фактарам, які папярэдзіў каляровую рэвалюцыю ў Беларусі, варта прызнаць тое, што Лукашэнка мог разлічваць на значную падтрымку беларусаў і выйграць выбары, нават калі б яны былі сумленныя. У паразе масавага пратэсту трэба вінаваціць перадусім не апазіцыю ці сілавыя структуры, а эканамічны рост і сацыяльную стабільнасць, якія здолела забяспечыць існая ўлада.

Беларускі выпадак нельга параўноўваць з ранейшымі каляровымі рэвалюцыямі, у прыватнасці з Памаранчавай рэвалюцыяй ва Ўкраіне. Гэта з’явы зусім рознага парадку, бо, у адрозненне ад даволі слабых палітычных рэжымаў у Грузіі і Ўкраіне, у Беларусі мы маем моцную кансалідаваную аўтакратыю, якая фармуе кардынальна адрозныя ўмовы палітычнай барацьбы. Такія маналітныя рэжымы не могуць прайграць выбары: яны звычайна заканчваюць сваё існаванне ў выніку вонкавага ўмяшальніцтва, унутранай дэзарганізацыі або смерці лідэра. Але разам з тым, рэжым адчувае і недахоп ва ўласнай легітымацыі, бо ў гэтай справе ён не можа абаперціся ні на што, акрамя выбараў. Таму палітычная апазіцыя павінна намінальна захоўвацца, каб выбары заставаліся альтэрнатыўнымі і дзейны прэзідэнт заўсёды меў апанента, якога можна перамагчы падчас выбарчай гонкі.

Нягледзячы на цяжкія ўмовы дзейнасці, апазіцыя здолела зрабіць некалькі сціплых, але важных у беларускай сітуацыі дасягненняў: яна здолела дамагчыся адзінства, а перадвыбарная кампанія скансалідавала апанентаў дзейнай улады. На выхадзе, такім чынам, апазіцыя атрымала двух лідэраў. Аднак, як справядліва зазначае спадар Сіліцкі, аб’ядноўвацца дэмакратычным сілам трэба было нашмат раней, калі ўлада была не настолькі кансалідаванай і ейная вертыкаль не ўздымалася гэтак непрыступна.

Наконт адзінства апазіцыі і кансалідацыі яе высілкаў можна, аднак, і паспрачацца. Чаго варта адна толькі сварка двух дэмакратычных кандыдатаў у разгар «Майдану». Ці варта казаць, што ніводзін палітык у цвярозым розуме не стане публічна сварыцца са сваім калегам-лідэрам у такі адказны і пераломны момант. Калі толькі гэты палітык не пераследуе нейкую невядомую ўсім астатнім мэту. Завялікая цана кампрамісу была заплачана ў рэгіёнах, дзе пасля абрання Мілінкевіча адзіным кандыдатам у рэгіянальных штабах давялося працаваць разам былым непрымірымым супернікам, што не дадало эфектыўнасці гэтай працы.

Малалікасць «менскага Майдану» аўтар апраўдвае, галоўным чынам, цяжкімі ўмовамі для дзейнасці апанентаў Лукашэнкі: закрыццём газет, амаль татальнай блакадай Інтэрнету і мабільнай сувязі. З гэтым можна пагадзіцца толькі часткова. Насамрэч незалежная прэса ўсё яшчэ існуе (не будзем тут спрачацца наконт умоваў), карыстальнікаў Інтэрнету en masse не трэба агітаваць, і яны ведаюць, што блакаду інфармацыйных сайтаў можна проста абысці пры дапамозе ананімайзера. Мабільную сувязь, дзякуй Богу, пакуль што не адключаюць, а калі і былі 19 сакавіка часовыя цяжкасці з дазвонам, дык толькі з-за вялікай канцэнтрацыі людзей на Кастрычніцкай плошчы. Адну з прычынаў таго, што пратэсты былі дастаткова малалікія і яны не перараслі ў аналаг Памаранчавай рэвалюцыі, Віталь Сіліцкі ўжо назваў – гэта захаванне стабільнасці і падтрымка курсу ўлады значнай часткай насельніцтва. Іншая ж прычына палягае ў слабасці апазіцыі і адсутнасці ў яе плана дзейнасці ў выпадку народнага пратэсту. Пра гэта казалі потым і самі апазіцыянеры, блізкія да штаба адзінага кандыдада, і гэта таксама было бачна няўзброеным вокам увечары 19 сакавіка.

В. Сіліцкі ўпэўнены, што пратэсты – гэта нават не спроба рэвалюцыі. Як вядома, любая рэвалюцыя ўяўляе сабой сітуацыю, калі дзве палітычныя сілы або два палітыкі адначасова выстаўляюць прэтэнзіі на суверэнную ўладу над адной тэрыторыяй. У беларускім выпадку гэтага не адбылося, бо апазіцыя не дэкларавала сваёй перамогі. Гаворка ішла толькі пра лічбы, з якімі перамог Лукашэнка. Дэмакратычныя сілы падчас акцый пратэсту патрабавалі толькі перападліку галасоў ці перагаласавання, чаго было мала для мабілізацыі яе прыхільнікаў. Бо ўсім зразумела, што ўлада ад гэтага не зменіцца.

Як бы там ні было, але пратэсты аказалі пэўны ўплыў і на апазіцыю, і на грамадства. Па-першае, беспрэцэдэнтныя па сваёй масавасці рэпэсіі супраць удзельнікаў акцый пратэстаў прывялі да радыкалізацыі часткі грамадства, якая мае патэнцыял для таго, каб стаць рухавіком далейшых зменаў у краіне.

Па-другое, у выніку выбараў адбылося сталенне грамадзянскай супольнасці. Яно ў вялікай ступені ёсць адваротным бокам недастатковага прафесіяналізму палітычных лідэраў. Паколькі лідэры аказаліся негатовыя зарганізаваць і ўзначаліць акцыі пратэсту, гэтым давялося займацца грамадскім актывістам і простым грамадзянам.

Па-трэцяе, адбылася актывізацыя дэмакратычна настроеных грамадзянаў, якія знайшлі выйсце сваёй энергіі ў новых формах дзейнасці і камунікацыі з грамадскасцю. Не чакаючы распараджэння апазіцыйных структур, яны пачалі самаарганізоўвацца і праводзіць флэш-мобы і іншыя акцыі.

Па-чацвёртае, упершыню Інтэрнет стаў важным сродкам інфармавання і арганізацыі. Шмат якія ініцыятывы і ідэі ўпершыню з’яўляліся на інтэрнет-пляцоўках і потым увасабляліся ў канкрэтную дзейнасць.

Яшчэ адзін важны момант, які закранае ў сваім артыкуле Віталь Сіліцкі, – гэта сацыяльныя наступствы больш як дзесяцігадовага кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Разглядаючы палітычную сітуацыю ў Беларусі, аглядальнікі і аналітыкі звычайна звяртаюць увагу на інстытуцыйныя фактары (такія, як выбары) і рэпрэсіўны характар палітычнай сістэмы, забываючы, аднак, пра цэлае пакаленне, якое паспела вырасці пры цяперашнім рэжыме, а таксама пра сістэму залежнасці ад дзяржавы цэлых пластоў грамадства, у тым ліку і тых, якія звычайна разглядаюцца ў якасці пра-дэмакратычных электаральных групаў.

Барацьба за дэмакратыю ў Беларусі не безнадзейная. У існых варунках Памаранчавая рэвалюцыя тут немагчымая, але загаданая раней «рэвалюцыя духу» можа даць свае вынікі.

Супрацоўнік амерыканскага Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў Робін Шэфард (Robin Shepherd) у артыкуле «ЗША і апошняя дыктатура Еўропы» прапануе свой пункт гледжання на стратэгію Злучаных Штатаў у дачыненні да Беларусі. Ён ставіць пытанне: чаму такая адносна нязначная для ЗША ў стратэгічным і эканамічным плане краіна заняла такое высокае месца ў парадку дня цяперашняй адміністрацыі? Беларусь не ўяўляе сабой непасрэднай пагрозы для Амерыкі, і яна не была абвінавачана ў фінансаванні тэрарызму. Каб зразумець палітыку ЗША, што да Беларусі ў апошнія гады, трэба звярнуць увагу на праграму глабальнай свабоды і дэмакратыі, прэзэнтаваную прэзідэнтам Бушам падчас ягонай інаўгурацыйнай прамовы ў студзені 2005 года, і палітыку ЗША ў дачыненні да Расіі. Першая – усталёўвае шырокія тэарэтычныя межы для палітыкі ў адносінах Беларусі. Другая – дапамагае патлумачыць тыя цяжкасці, якія ўзнікаюць на шляху ператварэння тэорыі ў практыку.

Шэфард прапануе думку, што палітыка ЗША ў дачыненні да Беларусі будзе заўжды ўваходзіць у супярэчнасць з палітыкай у дачыненні да Расіі, пры тым што апошняя нашмат важнейшая для Амерыкі, чым першая. Аўтар вызначае прынамсі чатыры абсягі, у якіх важнасць Расіі для ЗША з’яўляецца выключнай. Гэта:

– абмен дадзенымі выведкі і агульнае супрацоўніцтва ў вайне з тэрарызмам;

– нераспаўсюд зброі масавага знішчэння і іншых небяспечных тэхналогій;

– пераарыентацыя паставак энерганосьбітаў далей ад Блізкага Ўсходу: Расія з’яўляецца буйнейшай крыніцай і транзітнай краінай для нафты і газу, таму яе важнасць для ЗША выключна вялікая;

– доўгатэрміновае стрымліванне Кітая.

Успрыняцце міжнародных рэалій афіцыйных асоб, якія прымаюць вонкавапалітычныя рашэнні, можа і не адпавядаць рэчаіснасці. Тым не менш такое ўспрыняцце існуе. І зыходзячы з гэтага не цяжка ўбачыць, што Расія адыгрывае найважнейшую ролю ў шэрагу найбольш актуальных для ЗША вонкавапалітычных праблем.

У вачах Масквы Беларусь – гэта апошні саюзнік на заходнім напрамку. Пасля страты Украіны ў 2004 годзе Беларусь засталася адзінай краінай у Еўропе, праз якую падтрымліваюцца настальгічныя ілюзіі імперскай велічы Расіі. Транзіт нафты і газу таксама маюць значэнне, але рэальнае палітычнае значэнне Беларусі для Расіі заключаецца менавіта ў псіхалагічным моманце.

Для ЗША, такім чынам, Беларусь паўстае, з аднаго боку, як аб’ект прыкладання праграмы свабоды і дэмакратыі, а з другога – як фактар, які ўскладняе адносіны з Расіяй.

Дык што могуць зрабіць ЗША, каб паспрыяць зменам у Беларусі? Якую палітыку ў дачыненні да Беларусі варта ўжыць?

Такія радыкальныя захады, як вайсковая аперацыя, натуральна, не могуць сур’ёзна разглядацца, часткова з-за блізкасці краіны да Расіі, а таксама з-за таго, што рэжым Лукашэнкі, пры ўсіх яго недахопах, не з’яўляецца ваяўнічым. Беларусь не звязана з тэрарызмам ці распаўсюдам зброі масавага знішчэння, яна не ўяўляе пагрозы (і наўрад ці будзе ўяўляць) для ЗША і іх грамадзянаў. Шэфард упэўнены, што Буш вельмі хацеў бы змяніць рэжым у Менску, але Лукашэнка не разглядаецца як нешта настолькі важнае, каб надаваць яму прыярытэт сярод іншых вонкавапалітычных задач. Таму палітыка Злучаных Штатаў была скіравана на падтрымку «дэмакратычных працэсаў», а не альтэрнатыўных кандыдатаў.

Кажучы больш канкрэтна, палітыка адміністрацыі была пабудаваная вакол стварэння ўнутраных умоваў для дэмакратычных перамен шляхам улівання мільёнаў долараў у праграмы падтрымкі. У адміністрацыі ЗША саспела, урэшце, разуменне таго, што трэба арыентавацца на доўгатэрміновыя стратэгіі ў дачыненні да Беларусі, а не на «аднаразовыя акцыі» па падтрымцы апазіцыі падчас выбараў. Да 2001 года пераважаў менавіта такі падыход, калі ўся дапамога і дзейнасць, скіраваная на спрыянне дэмакратычным пераўтварэнням, была арыентаваная на выбары і акцыі, з імі звязаныя. У той час як стратэгія беларускага прэзідэнта, пакліканая кансалідаваць ягоную ўладу ў краіне, была разлічаная зусім не на выбары, а на паступовую пакрокавую працу ў прамежках паміж імі. Такім чынам, улады былі на крок уперад дэмакратызатараў. Усвядоміўшы гэты просты факт, ЗША сталі засяроджваць сваю ўвагу на перыяд паміж выбарамі, развіццё і падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў.

На думку Шэфарда, Беларусь выклікае дадатковую занепакоенасць у ЗША яшчэ і тым, што яна засталася адзінай недэмакратычнай краінай у Еўропе. Сапраўды, калі Вашынгтон не ў стане даць рады з маленькай Беларуссю Аляксандра Лукашэнкі, ці можа ісці гаворка пра паспяховую дэмакратызацыю Кітая, вялікага Сярэдняга Усходу ці нават Расіі? Што будзе далей рабіць Вашынгтон з Беларуссю?

Шэфард прагназуе, што да канца другога тэрміну Буша буйнейшыя блокі амерыканскай палітыкі наўрад ці істотна зменяцца, калі толькі ў Беларусі не адбудзецца дэмакратычнай рэвалюцыі. Нягледзячы на пахаладанне адносін з Расіяй у апошнія некалькі месяцаў, яны ўсё роўна застаюцца занадта важнымі для вонкавай палітыкі ЗША, каб рызыкаваць імі з-за Беларусі. Адзінай магчымасцю зменаў у такіх варунках можа быць трансфармацыя Масквой свайго курсу ў дачыненні да Беларусі, асабліва калі Пуцін зразумее, што Лукашэнку засталося кіраваць лічаныя дні або што занадта дорага і надалей субсідаваць свайго скандальнага саюзніка.

Урэшце, толькі самі беларусы могуць сябе вызваліць.

Шэфард лічыць, што цяжка прыдумаць, што яшчэ маглі б зрабіць Штаты для спрыяння дэмакратычным пераменам у Беларусі. На яго думку, увядзенне эканамічных санкцыяў было б добрым інструментам уплыву на афіцыйны Менск, аднак лідэры беларускай апазіцыі не пагодзяцца на такі крок. Аўтар, відаць, не дапускае думкі, што тых сумаў, якія выдаткоўвае ўрад ЗША для падтрымкі дэмакратычных сілаў у Беларусі (Шэфард прыводзіць лічбу ў 11,8 мільёнаў долараў у 2005 годзе), можа быць недастаткова для эфектыўнай працы ў тых умовах, якія ён сам апісвае. Для параўнання: на вяшчанне на Кубу цягам бліжэйшых двух гадоў прадугледжаныя сродкі ў памеры 67 мільёнаў долараў, на глушэнне радыёстанцыі «Свабодная Азія» В’етнаму выдаткоўваецца больш за 9 мільёнаў долараў...

Палітыка Расіі ў адносінах да Беларусі больш грунтоўна разглядаецца ў артыкуле дырэктара Маскоўскага цэнтра Карнегі Дзмітрыя Трэніна. Аўтар у даволі спрошчанай форме паказвае беларускага прэзідэнта ў ролі палітычнага эквілібрыста, які здольны адшукаць выйсце з любой, нават самай складанай для сябе, сітуацыі, выйсці пераможцам з найскладанейшай вонкавапалітычнай бітвы і павярнуць на карысць сабе любое дзеянне апанента. Тым не менш, шмат якія тэзісы аўтара выглядаюць цалкам справядлівымі. Напрыклад такі, што Масква ўважае Беларусь занадта важнай для сябе, каб дазволіць сабе адкрытыя сутыкненні з Лукашэнкам. Але аргументацыя гэтага тэзісу падаецца занадта наіўнай. На думку Трэніна, расійскае кіраўніцтва баіцца, што беларускі лідэр адвярнецца ад свайго ўсходняга суседа і пачне шукаць паразуменне з Захадам, які, магчыма, даруе Лукашэнку яго грахі ў абмен на ўключэнне Беларусі ў еўраатлантычныя структуры. Аўтар забываецца, што прынцыпы Realpolitik ужо не зусім рэлевантныя сучасным міжнародным стасункам і што большасць заходніх дэмакратый у сваіх вонкавапалітычных дзеяннях кіруюцца не толькі імператывамі нацыянальных інтарэсаў, але і каштоўнасцямі, як бы банальна гэта не прагучала. Беларускі лідэр гэта таксама разумее, ці, хутчэй, інстынктыўна адчувае, і таму не спадзяецца на тое, што Захад раскрые яму насустрач свае абдымкі, нават калі ён пакаіцца ў сваіх папярэдніх памылках і адновіць дэмакратычнае кіраванне ў краіне. Некаторыя «памылкі» не даруюцца.

Паводле Трэніна, паміж 2003 і 2005 гадамі адбыліся важныя змены ва ўнутранай і вонкавай палітыцы Расійскай Федэрацыі, якія прывялі да далейшай палітычнай цэнтралізацыі і пагаршэння адносін з Захадам. У вонкавай палітыцы Расія пакінула заходнюю арбіту і прыняла рашэнне будаваць уласную «сонечную сістэму». Асабліва яскрава гэтыя амбіцыі праявілі сябе пасля Ружовай рэвалюцыі ў Грузіі і Памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне. У такіх умовах вонкавапалітычная важнасць Беларусі для Расіі (нават калі браць адзін толькі псіхалагічны момант) павялічылася шматкроць, што не прамінуў выкарыстаць беларускі лідэр, правёўшы ўвосень 2004 года канстытуцыйны рэферэндум з мэтай падоўжыць уласныя паўнамоцтвы. І хаця першапачаткова Пуцін быў праціўнікам гэтай ідэі, яму нічога іншага не заставалася, акрамя як пагадзіцца з «волевыяўленнем» беларускага народу.

Пасля трох каляровых рэвалюцый, якія адбыліся на прасторах былога Савецкага Саюза, і пасля паўстання Супольнасці дэмакратычнага выбару (куды ўвайшлі Грузія, Украіна, Польшча і Літва) сярод расійскай кіроўнай эліты яшчэ больш пашырылася адчуванне таго, што гэтыя падзеі ёсць не чым іншым, як вынікам ужывання Захадам палітычных тэхналогій з мэтай вырваць былыя савецкія рэспублікі з расійскай сферы ўплыву. Згуляўшы на такіх ацэнках расійскіх эліт, Аляксандр Лукашэнка паказаў сябе ў якасці слабога звяна ў новым балта-чарнаморскім cordon sanitaire, якім Захад намагаецца ізаляваць Расію ад Еўропы. Ідэя палягала ў тым, што Беларусь падчас ягонага кіравання будзе выконваць ролю своеасаблівага бар’еру, які не дасць пабудаваць такі кардон. У адваротным выпадку змена рэжыму ў Беларусі прывядзе да таго, што Масква атрымае «другую Украіну».

Што датычыць выбараў 2006 года, то Масква стрымлівалася ад любых крокаў, якія маглі б пашкодзіць становішчу Лукашэнкі перад 19 сакавіка. Сюды можна аднесці і захаванне цэнаў на прыродны газ на ўзроўні 2005 года, і падтрымку беларускага прэзідэнта ў расійскіх медыях, і візіт афіцыйнай расійскай дэлегацыі напярэдані выбараў. Аднак «сакрушальная перамога» Лукашэнкі на трэціх па ліку выбарах не выклікала ў расійскага боку ні радасці, ні захаплення. Хутчэй, было пачуццё расчаравання з-за таго, што ён здолеў зрабіць гэта яшчэ раз.

Паводле меркавання Трэніна, падчас другога тэрміну Пуціна Лукашэнка здолеў значна ўзмацніць свае пазіцыі ў адносінах з Масквой. Ён вынайшаў новыя спосабы эксплуатаваць тэму расійска-беларускага саюза ў мэтах кансалідацыі ўласнага кіравання і папярэджання рэальнай інтэграцыі дзвюх краін. Гэты факт моцна раздражняе Расію, і ў асяроддзі кіроўнай эліты спее пачуццё, што з Беларуссю трэба нешта рабіць.

Але аўтар тут крыху хлусіць, забыўшыся на тое, што менавіта Пуцін здолеў сарваць з Лукашэнкі маску славянскага інтэгратара і манапалізаваць інтэграцыйнае поле. Пасля заяў Пуціна пра тое, што ён згодны на поўную інтэграцыю і ўключэнне Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі, беларускі лідэр даў задні ход і пачаў ператварацца ў незалежніка. Перавод расійска-беларускіх дачыненняў у больш прагматычнае рэчышча, пазбаўленае ідэалагізаванай рыторыкі, а таксама газавыя канфлікты з Масквой пакінулі Лукашэнку няшмат месца для манеўру на інтэграцыйным полі.

Разважаючы пра будучыя сцэнары беларуска-расійскіх дачыненняў, Трэнін зазначае, што Масква наўрад ці адмовіцца ад падтрымкі Лукашэнкі, якога шмат хто ў расійскім кіраўніцтве разглядае ў якасці меншага зла ў параўнанні з празаходняй арыентацыяй беларускіх апазіцыйных палітыкаў. Расійскія аглядальнікі, аднак, не ў стане праігнараваць асноўны вынік выбараў 2006 года, які палягае ў тым, што Лукашэнка можа захаваць уладу, але ён не здольны кіраваць пажыццёва. Беларусь – гэта не Цэнтральная Азія. У параўнанні з папярэднімі выбарамі, апазіцыя пасталела і здолела аб’яднаць свае высілкі. Лукашэнка, як і пабудаваная ім патэрналісцкая сістэма, былі выбарам пасіўнай часткі электарату. Больш актыўныя людзі выступаюць за перамены. І дасягненне крытычнай масы – гэта толькі справа часу. Дэманстрацыйны эфект дэмакратычнага атачэння Беларусі таксама адыграе істотную ролю.

Паводле Трэніна, Крамлю варта было б выкарыстаць інтэргацыю ў якасці інструмента для перамен. Беларусам павінна быць зроблена сур’ёзная і шчодрая прапанова, якая растлумачвае перавагі супольнага рынку з Расіяй і выкарыстання расійскага рубля. Крэмль павінен у той жа час недвухсэнсоўна выказацца ў абарону незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Важна таксама, каб Масква публічна заклікала да аднаўлення палітычных свабод і прыватна дала зразумець Лукашэнку, што яна не падтрымае далейшага падаўжэння яго прэзідэнцкага мандата. Вось толькі застаецца не зусім зразумелым, ці пагодзіцца Лукашэнка на гэткія прапановы, і, нават калі пагодзіцца, ці здолее здзейсніць такі кардынальны паварот ва ўнутранай палітыцы. Думаецца, што цяжкасці ўзнікнуць таксама і з тым, як спалучыць «незалежнасць і суверэнітэт» з выкарыстаннем расійскага рубля ў якасці адзінай валюты, эмісійны цэнтр якой будзе знаходзіцца ў Маскве.

Але галоўнае пытанне, якое ўзнікае пасля такіх «шчодрых» прапаноў, – ці здольная краіна, якая сама скатваецца да аўтарытарызму, быць натхняльнікам і прыкладам дэмакратычных пераўтварэнняў? Напэўна ж, не. Яна хутчэй будзе схільная пераймаць у суседа «карысны досвед» аўтарытарнага кіравання, напрацаваны за столькі гадоў спробаў і памылак.

Аўтарам яшчэ аднаго артыкула, які прыцягвае ўвагу сваёй арыгінальнасцю, з’яўляецца супрацоўнік еўрапейскага Інстытута даследаванняў у галіне бяспекі Доў Лінч (Dov Lynch). Разглядаючы стратэгіі ЕС у дачыненні Беларусі, ён высоўвае цікавы тэзіс, што Еўрапейскага Саюза папросту не існуе ва ўспрыняцці беларускай кіроўнай эліты і простых грамадзян. Сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе выглядае чымсьці нерэалістычным для большасці насельніцтва, а краіны, якія яго складаюць, успрымаюцца як нешта варожае для Расіі і Беларусі. Адпаведна, для ЕС узнікае праблема, з якой ён раней ніколі не сутыкаўся: якім чынам дэмакратызаваць краіну, якой у якасці ўмовы нельга паабяцаць сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе?

У 2006 годзе еўрапейцы канчаткова зразумелі, што выбары ў Беларусі не з’яўляюцца выбарамі ў тым сэнсе, у якім іх прызвычаіліся ўспрымаць у Еўропе. І што ў цяперашніх умовах гэтыя кантраляваныя «плебісцытарныя спектаклі» не пакідаюць ніякай надзеі на дэмакратызацыю. Увага ЕС да Беларусі заўсёды была эпізадычнай і прывязанай да электаральнага цыклу. Цяпер гэтая практыка павінна быць спыненая, і ЕС павінен надаваць увагу Беларусі незалежна ад электаральнага працэсу. Аўтар настойвае на тым, што цяперашняя палітычная дактрына ў дачыненні да Беларусі, якая была прынятая ў 1997 годзе, даўно састарэла і патрабуе карэннага пераасэнсавання. З таго часу сітуацыя на міжнароднай арэне істотна змянілася, ЕС прайшоў этап пашырэння, адбыліся таксама змены і ва ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў самой Беларусі, якія яшчэ больш актуалізавалі «беларускае пытанне».

Аўтар прызнае, што ЕС амаль не мае ў сваім распараджэнні рычагоў уздзеяння на сітуацыю ў Беларусі. Праблема палягае яшчэ і ў тым, што Лукашэнку абсалютна не турбуюць тыя спробы ўздзеяння, якія чыніць Еўропа. Больш таго, сама логіка кіравання беларускага прэзідэнта супярэчыць падыходам да палітычнага працэсу, прынятым у ЕС. Ёсць разуменне і таго, што Лукашэнка карыстаецца падтрымкай значнай часткі насельніцтва, і таму будзе даволі цяжка, калі ўвогуле магчыма, уплываць на яго паводзіны.

Гэта, аднак, зусім не азначае, што не трэба выпрацоўваць новай эфектыўнай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. І перш за ўсё ЕС павінен стаць «рэальным» акторам для беларускага рэжыму. Акторам, якога нельга ігнараваць. Па-другое, ЕС павінен стаць «рэальным» акторам у падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных сілаў. Фінансавая падтрымка Еўрасаюза да гэтае пары была абмежаваная, і яе было нялёгка атрымаць. Маштаб і формы еўрапейскай падтрымкі павінны быць перагледжаныя. Урэшце, Еўрапейскі Саюз павінен стаць «рэальнасцю» ў сэнсе той альтэрнатыўнай будучай мадэлі развіцця, якая можа быць прапанаваная беларускаму грамадству. І яшчэ адзін момант, які важна зразумець: «беларускае пытанне» для Еўрапейскага Саюза – гэта не пытанне пашырэння, але пытанне вонкавай палітыкі, якая, як вядома, знаходзіцца толькі ў стане распрацоўкі.

Лінч прапануе таксама цэлы шэраг канкрэтных крокаў, рэалізацыя якіх дазволіць Еўрапейскаму Саюзу больш адэкватна ўплываць на беларускую сітуацыю і спрыяць развіццю дэмакратычных працэсаў у краіне. Паколькі аб’ём і фармат гэтага тэксту не дазваляе спыніцца больш дэталёва на кожнай з прапаноў, адзначым толькі стварэнне агенцтва на карысць дэмакратыі. Стварэнне такога агенцтва магло б паспрыяць дэмакратызацыі суседніх з ЕС краін, на якія не распаўсюджваецца працэс пашырэння і якія адначасова не далучаныя да еўрапейскай палітыкі суседства. Агенцтва магло б кіравацца супольна Радай Еўропы, Еўракамісіяй і Еўрапарламентам і фінансавацца зыходзячы з канкрэтных задач, якія перад ім стаяць. Патрабаванні да праектаў, якія будуць фінансавацца гэтым агенцтвам па дэмакратыі, павінны ўлічваць усе цяжкасці прасоўвання дэмакратыі ў неспрыяльных умовах. Застаецца спадзявацца на тое, што гэтыя прапановы Лінча знойдуць разуменне і сярод асоб, што прымаюць рашэнні ў ЕС.

3

Другая група аўтараў, куды мы аднеслі, нагадаем, афіцыйных асоб і полісімэйкераў, цікавая не столькі аналізам беларускай сітуацыі і крытыкай падыходаў да яе вырашэння, колькі цяперашняй пазіцыяй той установы, якую рэпрэзентуе той ці іншы аўтар. Зразумела, што дыпламат або чыноўнік маюць магчымасць казаць далёка не ўсё тое, што яны ведаюць ці хочуць сказаць. Таму варта не забывацца на гэта падчас азнаямлення з іх тэкстамі.

Яскравым прыкладам тэксту такога роду з’яўляецца артыкул Пірка Тапіола (Pirkka Tapiola), галоўнага дарадцы па Украіне, Беларусі і Малдове палітычнага аддзела высокага прадстаўніка ЕС па вонкавай палітыцы і палітыцы бяспекі Хаўера Саланы.

У сваім інфарматыўным, але вытрыманым у вельмі дыпламатычных і карэктных танах артыкуле сп. Тапіола сцвярджае, што Еўрапейскі Саюз даслаў афіцыйнаму Менску недвухсэнсоўны мэсідж аб гатоўнасці Саюза будаваць сапраўднае партнёрства, у тым ліку і праз інструменты еўрапейскай палітыкі суседства. Паводле аўтара артыкула, асноўная філасофія ЕС у дачыненні да Беларусі заключаецца ў моцным жаданні спрыяць развіццю Беларусі ў якасці еўрапейскай краіны з моцнай грамадзянскай супольнасцю, развітай дэмакратыяй, вяршэнствам закона і рэальнай рынкавай эканомікай. Аднак беларускія ўлады адмовіліся адкрыць краіну, і менавіта яны, на думку Тапіолы, з’яўляюцца перашкодай на шляху да лепшай будучыні для грамадзянаў Беларусі.

Апрача іншага, Тапіола засяроджваецца на апісанні выбарчага працэсу ў Беларусі, парушэнняў, а таксама рэакцыі ЕС і іншых міжнародных структур на падзеі ў краіне. Кажучы пра палітыку ЕС у дачыненні да Беларусі, сп. Тапіола падкрэслівае прынцыповае значэнне двух яе кірункаў: несупрацоўніцтва з адказнымі за фальсіфікацыю выбараў і гвалт у адносінах да апанентаў улады, праца з насельніцтвам і грамадзянскай супольнасцю. Пры гэтым ЕС не будзе разглядаць ніякія формы санкцый, што маглі б негатыўным чынам адбіцца на насельніцтве, а таксама будзе супраціўляцца далейшай ізаляцыі Беларусі.

Тапіола лічыць, што Беларусь цяпер знаходзіцца на раздарожжы: з аднаго боку, улада яшчэ больш кансалідавала сваю моц, а з другога – з’явіліся новыя магчымасці для палітычных перамен. Палітыка ў дачыненні да Беларусі не можа будавацца на адных толькі санкцыях. Іх трэба збалансаваць далейшымі акцыямі і праграмамі па падтрымцы беларускага насельніцтва. ЕС разумее, што дэмакратычныя змены не адбудуцца за адну ноч, таму патрэбны паслядоўны доўгатэрміновы падыход. На думку Тапіолы, важнай ёсць таксама супраца з ЗША, якія падзяляюць мэты ЕС у дачыненні да Беларусі (пабудова моцнай, дэмакратычнай і квітнеючай Беларусі). Шмат хто робіць спробы знайсці непаразуменні ў партнёрстве ЕС–ЗША па Беларусі. Але насамрэч розніца толькі ў нюансах, мэта ж – адна.

Аўтар справядліва адзначае, што Расія застаецца адзінай краінай у рэгіёне з моцным патэнцыялам уплыву на Беларусь, заснаваным на моцных гістарычных і эканамічных сувязях, элементах супольнай культурнай спадчыны. Расія, разам з гэтым, з’яўляецца стратэгічным партнёрам ЕС. На саміце Расія–ЕС, які адбыўся ў 2005 годзе, бакі дамовіліся, апрача ўсяго іншага, працаваць на карысць стабільнасці ў рэгіёне, заснаванай на супольных каштоўнасцях. Для ЕС, па словах Тапіолы, канцэпт стабільнасці шчыльна звязаны з кансалідацыяй дэмакратыі. У гэтым кантэксце ЕС працягвае звязваць сваю заклапочанасць пытаннем дэмакратыі з Расіяй.

Выглядае так, што ў прыведзеным лагічным ланцужку выпадае адзін элемент. А менавіта той, дзе гаварылася б пра тое, што ЕС лічыць Расію краінай з кансалідаванай дэмакратыяй. Толькі ў такім разе было б лагічна спадзявацца на Расію ў справе дэмакратызацыі Беларусі. Магчымасць недэмакратычнай Расіі дэмакратызаваць яшчэ больш недэмакратычную Беларусь мы ўжо абмяркоўвалі вышэй. Таму было б цікава даведацца пра расійскае разуменне паняцця «стабільнасць», якую было вырашана падтрымліваць на саміце-2005. Гэтае разуменне Крамля добра патлумачыў Дзмітры Трэнін у гэтай жа кнізе, прывёўшы ў якасці прыкладу дзейнасці на карысць стабільнасці падтрымку Пуціным рэжыму Іслама Карымава пасля крывавага падаўлення апошнім выступлення ў Андзіжане. Ці варта казаць, што такое разыходжанне ў інтэрпрэтацыі паняццяў не паспрыяе пераменам у Беларусі?

Пытанні еўрапейскай дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці сярод гэтай групы аўтараў закранаюцца таксама ў артыкулах супрацоўніка Дзярждэпартамента ЗША Дэвіда Крамэра (David J. Kramer) і дэпутата нямецкага бундэстага Маркуса Мекеля (Markus Meckel). У той час як першы больш дэталёва паглыбляецца ў праблему каардынацыі дзеянняў ЗША і Еўрапейскага Саюза ў справе дапамогі Беларусі, другі засяроджвае сваю ўвагу на прапанове стварэння еўрапейскай фундацыі ў падтрымку дэмакратыі, якая б дапамагла пераадолець існы недахоп інструментаў для спрыяння дэмакратычным пераўтварэнням у суседніх з ЕС краінах. Цікавыя некаторымі фактамі і прапановамі, гэтыя тэксты, аднак, не ўтрымліваюць нічога прынцыпова новага для

4

Да трэцяй групы (актывісты-інсайдэры і прадстаўнікі фондаў) можна аднесці толькі два тэксты. Гэта артыкул Балаша Ярабіка (Balazs Jarabik), прысвечаны разгляду эфектыўнасці міжнароднай дапамогі Беларусі, і артыкул Андрэя Саннікава і Іны Кулей, які апавядае пра ролю грамадзянскай супольнасці ў барацьбе за свабоду.

Галоўным тэзісам у артыкуле супрацоўніка Інстытута фундацыі Понціса Балаша Ярабіка з’яўляецца канстатацыя правалу папярэдніх стратэгій ЗША і ЕС, накіраваных на дэмакратызацыю Беларусі. У тым, што Лукашэнка здолеў ператварыць Беларусь у «квазітаталітарны рэжым», сп. Ярабік вінаваціць Захад, які доўгі час не праяўляў дастатковага інтарэсу да «беларускага пытання». Аўтарам таксама ўздымаецца праблема фінансавай дапамогі, прывязанай да выбараў, і адсутнасці доўгатэрміновых стратэгій дэмакратызацыі. Больш за ўсё крытыкі дасталося Еўропе, якая ўвогуле амаль не цікавілася Беларуссю і якая не здольная эфектыўна распараджацца рэсурсамі, выдаткаванымі на дапамогу дэмакратычным сілам. Паводле Ярабіка, ЕС занадта засяродзіўся на падтрымцы грамадзянскай супольнасці праз вялікія праекты, якія праходзяць дзяржаўную рэгістрацыю ў Беларусі, у той час як трэба падтрымліваць дэмакратычны рух праграмамі малых грантаў.

У артыкуле Іны Кулей і Андрэя Саннікава абвяшчаецца аб пачатку новай фазы развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Праўда, застаюцца не зусім зразумелымі крытэры выдзялення гэтай новай фазы. Аўтары падкрэсліваюць выключна цяжкія ўмовы, у якіх развіваюцца недзяржаўныя арганізацыі, і менавіта гэта вымусіла іх далучыцца да палітычнай апазіцыі ў іх змаганні за свабоду. З першых жа радкоў кідаецца ў вочы некарэктнае ўжаванне ў дачыненні да беларускай палітычнай сістэмы тэрміна «таталітарны рэжым», што для магістра палітычных навук Іны Кулей, па ідэі, павінна быць непрымальным.

Кулей і Саннікаў адстойваюць ідэю адзінства палітычнай апазіцыі і грамадскіх арганізацыяў у Беларусі. Прычым менавіта ўлада аб’яўляецца вінаватай у тым, што падштурхнула НДА да палітычнай дзейнасці і справакавала новы ўзровень палітычнай барацьбы. Як і належыць тэкстам грамадскіх актывістаў, ён насычаны пафаснымі абаротамі, а таксама французскімі і лацінскімі выразамі.

* * *

У цэлым кніга пакідае добрае ўражанне. У тэкстах пераважнай большасці заходніх аналітыкаў прысутнічаюць адэкватныя ацэнкі беларускай сітуацыі і, у прыватнасці, выбараў 2006 года і паслявыбарных падзей. Прысутнічае разуменне небяспекі самаізаляцыі Беларусі, а таксама неабходнасці распрацоўкі доўгатэрміновых стратэгій, накіраваных на паступовыя змены ўнутры краіны, у тым ліку і пры дапамозе суседніх з Беларуссю дэмакратый. На жаль, гэтага пакуль нельга сказаць пра афіцыйных асоб у ЕС, якія адказваюць за прыняцце вонкавапалітычных рашэнняў. Але дзякуючы такім кнігам, як гэта, ёсць спадзяванне, што гэта толькі часовая праблема.
  магістар гуманітарных навук у галіне міжнародных стасункаў, навуковы супрацоўнік Цэнтру па праблемах эўрапейскай інтэграцыі пры ЭГУ, асьпірант катэдры міжнародных стасункаў БДУ.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 6 (46) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/06/18