A R C H E П а ч а т а к № 6 (46) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


6-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • гісторыя • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  НІНА ЗДАНОВІЧ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаная гравюра «Аблога Ляховічаў 1660 г.» са збораў кракаўскага Фонду XX Чартарыскіх (Fundacja XX Czartoryskich). «ARCHE» дзякуе сакратару фонду Катажыне Мігач (Katarzyna Migacz) за спрыяньне гэтай публікацыі. Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Ніна Здановіч
Віртуальны Полацак


Паняцце «віртуальная рэальнасць» трывала ўвайшло ў наш лексікон бадай што толькі ў апошняе дзесяцігоддзе. Большасць людзей разумее пад гэтым кампутарную рэальнасць. Аднак ёсць катэгорыя людзей, для якіх паняцце «віртуальная рэальнасць» існуе вось ужо два стагоддзі. Гэта археолагі. Асаблівасці прафесіі дазваляюць ім убачыць тое, што для астатніх людзей – не больш чым віртуальны свет.

Часам адчуванне такой «іншасці» археолага робіцца асабліва вострым. Памятаю, адна з полацкіх чыноўніц, стоячы над раскопам з печышчам, аўтарытэтна абвясціла: «Ну я же говорила, что здесь ничего не было!» (надта ж не хацелася, каб знайшлі сляды пабудоваў). А мне карцела залямантаваць: ды вы ж стаіцё ля печы XVIII стагоддзя! Але, згадаўшы славутае «Не кідайце перлаў сваіх перад...», я стрымалася, а ўвосень спакойна паклала ёй на стол контраргумент аб’ёмам на сорак старонак.

Таму давайце ўключым свой «археалагічны» камп’ютэр і паблукаем па вулках Полацка, паспрабуем «завітаць у госці» ў дамы да некаторых полацкіх месцічаў.

XVI – ПАЧАТАК XVII СТАГОДДЗЯ

Адчуванне «рэальнасці» такога дома кожны раз іншае. Упершыню, і вельмі востра, я адчула гэта ў 1980 годзе ў Мазыры, калі мы раскапалі паўзямлянку XII стагоддзя. Стоячы на каменных прыступках дома, я раптам зразумела, што мне хочацца пастукаць у няісныя дзверы, перш чым пераступіць цераз парог, справа ад якога былі бачныя сляды печы-каменкі, а злева, мяркуючы па кавалках шкляных бранзалетаў і слядах ад акаванага меддзю куфра, была «чыстая» палоўка.

З полацкім домам XVI стагоддзя было крыху інакш. Гадоў праз пяць пасля раскопак я чытала інвентар маёнтка Смаргонь пачатку XVII стагоддзя: «Дом у садзе. Перад домам ганак. Ля ўвахода ў сені дзверы на завесах з ручкаю і нутраным замком...». І раптам мне стала ўсё зразумела з тым полацкім домам, і з рознакаляровых шкельцаў склалася аб’ёмная мазаічная карціна. Перад вачыма паўстаў драўляны дом пад пляскатаю дахоўкай, размешчаны на адлегласці каля пяці метраў ад вуліцы Ніжнепакроўскай (цяпер Леніна). На прасторы паміж ім і вуліцай размяшчаўся кветнік і сад (мяркуючы па мацерыковых ямках). Акно (ці вокны) з трохкутнымі і прастакутнымі шыбкамі было зроблена ў паўднёвай сцяне і глядзела на Дзвіну. Уваход у дом быў з усходняга боку, уваходныя дверы зачыняліся трохкутным навясным замочкам.

Унутранае планаванне дома стварала адчуванне прадуманасці і ўтульнасці. Адразу за дзвярыма, справа, быў куток гаспадыні – кухня. Менавіта тут мы знайшлі найбольш кавалкаў кухоннага посуду, у тым ліку два амаль цэлыя моцна закураныя гаршкі. Відаць, як і звычайна, яны размяшчаліся на палічцы-«градцы», што вісела побач з печчу. За кухняй размяшчалася «святліца». Мяркуючы па адсутнасці слядоў капітальнай перагародкі, раздзяляліся яны лёгкай перагародкай з дошак. Памятаю яшчэ два свае адчуванні, звязаныя з гэтай часткаю дома: прысутнасць асобы гаспадара і «сям’і». Пра яго асобу гаварыў герб «Ляліва», што змяшчаўся на печы. Уявіце сабе: вы адчыняеце дзверы на «чыстую» палову – і якраз пасярэдзіне пакоя, насупраць вас, стаіць прыгожая, кампактная (метр на метр) печ з травяніста-зялёнай кафлі з гербам у цэнтры. Падлога ў пакоі драўляная, але ля самай печы дбайны гаспадар выклаў яе цаглянымі пліткамі. З той самай мэтай супрацьпажарнай бяспекі печ размяшчалася на адлегласці паўметра ад сцяны (уяўляеце, які ўтульны запечак утварыўся?). Дзве абутковыя падкоўкі (мужчынская і жаночая), знойдзеныя непадалёк ад печы, яшчэ раз нагадалі, што тут жыла сям’я.

Трагедыя адбылася з жыхарамі дома двойчы (падчас войнаў) – і абодва разы здарыўся пажар. Але першы раз, мабыць, гаспадары засталіся жывымі, бо аднавілі дом на тым самым месцы, у тых самых абрысах. Мабыць, дапамаглі і грошы, выхапленыя з падпечка, што хавалі ў кубышцы. Менавіта «выхапленыя», бо непатрэбную пасудзінку папросту выкінулі. Другі раз нешта здарылася з самімі гаспадарамі, бо жыццё тут не аднаўлялася аж да XVIII стагоддзя.

Раскопкі на пляцоўцы перад домам № 35 па вуліцы Леніна пакінулі адчуванне няскончанасці справы. Тут размяшчаўся не проста дом, а сядзібны комплекс, у які ўваходзілі тры дамы. Другі стаяў метраў за восем на поўнач ад першага. Мяркуючы па заглыбленасці пабудовы, «простай» печы з гаршковай кафлі і малой колькасці рэчаў, у доме маглі жыць служкі.

У трэці дом, што размяшчаўся на адлегласці чатырох метраў на захад ад першага, крыху наўскасяк, мне так і не ўдалося «ўвайсці». Вонкавы бок яго драўлянай сцяны выявіўся якраз у заходняй сценцы раскопу. Але на даследаванне не было ўжо ні грошай, ні часу. Па жменьцы знаходак (кавалак кафлі з тым жа гербам «Ляліва», кавалкі шклянога посуду) можна меркаваць, што ў ім жыў прадстаўнік таго ж роду, што і ў першым, верагодней за ўсё, сын. Мяркуючы паводле матэрыялаў інвентароў, такі сядзібны комплекс абгароджваўся плотам з брамаю. Вось і выходзіць, што на колішняй Ніжнепакроўскай у канцы XVI – сярэдзіне XVII стагоддзяў у засені саду стаяла прыгожая драўляная сядзіба.

XVII СТАГОДДЗЕ

Хрэстаматыйна вядома, што беларускі горад у XVII стагоддзі з драўлянага ператвараецца ў мураваны. Вось і ў Полацку я пераканалася ў гэтым чарговы раз, капаючы пляцоўку ля дзіцячай мастацкай школы (вуліца Карла Маркса, 1). Мяркуючы паводле печы, цагляны дом (ці дом на цагляным падмурку) быў пабудаваны тут у дваццатыя гады XVII стагоддзя. Ацяпляўся ён самай «шляхетнай» печкай з усіх, што мне давялося даследаваць. Уявіце сабе, што большасць паверхні печы выкладзена кафлямі з «Пагоняй». На кафлі – выкананая высокім рэльефам выява вершніка са шчытом адмысловай формы. Добра відаць, што форма для адліўкі рабілася ў простай праекцыі, з гатовай кафлі, на якой вершнік рухаўся ў левы бок, на захад. У выніку выйшла, што конь з прыўзнятымі пярэднімі нагамі рухаецца ўправа (на Маскву), але і меч вершнік трымае не ў правай, а ў левай руцэ. Мабыць, такі кірунак руху тады быў больш актуальны.

Другі тып кафлі з гэтай печы – са сцэнай палявання. На кафлі адлюстраваны рыцар, што сядзіць на кані, пакрытым чапраком, і кіруецца ўправа. Побач са стрэмем бяжыць сабака. Парасткі і кветкі спераду і ззаду ад каня, як і старанна намаляваная лінія ўнізе, ствараюць уражанне луга, па якім рухаюцца вершнік і сабака. Рыштунак вершніка і конская вупраж вымаляваны вельмі дэталёва. У наяўнасці кафляў з такім сюжэтам няма нічога дзіўнага, бо, як вядома, рыцар аднолькава добра павінен быў рабіць тры справы: ваяваць, баляваць і паляваць. І ўсе яны зафіксаваныя на выявах.

Якую форму мела тая «шляхетная» печ, сказаць немагчыма, таму што на яе месцы збудавалі іншую, а старую кафлю выкарысталі для забутоўкі, у падмурак. Бо, як вядома, век печы – каля пяцідзесяці гадоў, а пасля – рамонт ці перабудова. Пляцоўка каля сучаснага дома па вуліцы Карла Маркса, 1 лічылася вельмі прэстыжнай: яна была шчыльна заселена ад XVII да XIX стагоддзяў. Кожная з камяніц мела некалькі пакояў, а адпаведна і некалькі печаў. Застаецца толькі здзіўляцца іх разнастайнасці. Дарэчы, менавіта тут, ля мастацкай школы, для мяне набылі матэрыяльную абалонку славесныя вобразы-апісанні печаў. З пісьмовых крыніц я ведала, што ёсць так званыя «печы універсальныя» (звычайна з доўгім прастакутным ніжнім ярусам і квадратным верхнім) і «печы парадныя» (што мелі квадратны ў плане ніжні ярус, на які пастаўлены яшчэ адзін ярус аналагічнай формы, крыху меншы памерам). Ведала таксама, што будуюцца яны як у асобным пакоі, так і на мяжы двух памяшканняў. І вось у адным з памяшканняў мы раскапалі цагляны падмурак печы даўжынёй 185 сантыметраў і шырынёй адзін метр. З паўночнага (тарцовага, супрацьлеглага ад дарогі) боку ўпрытык да падмурка знайшлі кавалак падлогі з керамічных плітак памерам трыццаць на трыццаць і таўшчынёй пяць сантыметраў (ізноў – дбанне пра супрацьпажарную бяспеку). Таму мы мяркуем, што топка была менавіта ў тарцавым баку печы, і, магчыма, выходзіла ў іншае (непараднае) памяшканне. Гэта значыць, печ сваёй функцыяй адрозная ад папярэдняй, паколькі прызначалася для абагрэву некалькіх памяшканняў. Не выключана, што гэта і ёсць адна з «печаў з камінам», што вядомыя па інвентарах другой паловы XVII – XVIII стагоддзяў. У іншым памяшканні гэтага ж дома печ мела цыліндрычную форму і месцілася ў адным з кутоў.

Гэта быў вялікі дом, з капітальнымі перагародкамі і прыбудовамі, і размяшчаўся ён амаль на лініі сучаснага тратуара. А ззаду, за ім, у двары сучаснай мастацкай школы, у сярэдзіне XVII стагоддзя стаяў яшчэ адзін шляхецкі дом. Шляхецкі, таму што печ у ім была выкладзеная часткова з гербавай кафлі. Паводле вызначэння Дзяніса Дука, такі герб належаў роду Сяляваў. Памеры дома мы не змаглі вызначыць усё з тых жа фінансавых прычын, аднак пра гаспадароў пэўнае ўяўленне склалася. Трэба сказаць, што ў параўнанні з найбліжэйшымі суседзямі жылі яны больш сціпла. Відаць гэта хаця б з таго, што ў доме была адзіная універсальная печ (і кухонная, і парадная), а падлога ўздоўж яе была зроблена не з плітак, а проста з гліны, што ўласціва, хутчэй, простым месцічам, а не шляхце. Для нас, аднак, гэты дом адметны тым, што мы здолелі «зазірнуць» у склеп да гаспадароў. Ён знаходзіўся пад падлогаю. І нам не трэба была лесвіца, хаця яна знаходзілася тут жа, у хаце, і была даволі арыгінальнаю (гэта тоўстае бервяно з высечанымі ў ім прыступкамі). Разабраўшы падлогу, мы знайшлі ў склепе кадушку літраў на сорак. Што захоўвала там гаспадыня – гуркі ці капусту – не мела на той момант для нас істотнага значэння. Магчыма, дом быў пабудаваны пасля вайны 1654–1667 гадоў, і таму гаспадары не асабліва раскашавалі. Аднак печы і ў доме пры дарозе, і ў гэтым часткова былі складзены з адной і той жа кафлі – з выяваю букета ў вазе (гэта значыць будаваліся адначасова). Розніца была, аднак, у суадносінах. У доме пры дарозе гэта кафля, што была «стандартнай», масавай, а не замоўнай, складала менш за траціну пячнога набору (астатняя печ складалася з замоўнай геральдычнай кафлі з двухгаловымі арламі) і прызначалася, хутчэй за ўсё, для часткі печы, што выходзіла ў кухню ці сенцы. У другім доме яна была асновай пячнога набору, а гербавая кафля толькі дапаўняла яго (з яе выкладзены не больш за адзін кафляны рад). Пра заможнасць гаспадароў дома ўздоўж дарогі сведчыць яшчэ і наяўнасць вялікай колькасці дэкаратыўнай керамікі – талерак і збаноў, размаляваных белай глінай – ангобам – пад празрыстую паліву зеленаватага колеру. Выкарыстоўваўся ён для ўпрыгожвання памяшканняў – талеркі развешваліся на сценах або разам са збанамі ці, радзей, куфлямі расстаўляліся на паліцах у тых жа парадных памяшканнях. Мяркуючы паводле колькасці распісных фрагментаў, гаспадары не пашкадавалі на гэта грошай.

Даследаваць выяўленыя дамы да канца (дайсці да мацерыка, як кажуць археолагі) перашкодзіла вайна. Тая самая, як ні дзіўна, 1941–1945 гадоў. Рэч у тым, што падчас яе, а таксама пры зносе цэлага шэрагу дамоў, якія некалі стаялі пасярод вуліцы Карла Маркса (якраз на месцы сквера) была канчаткова разбурана старая дрэнажная сістэма ў гэтай частцы горада. Сляды яе мы знайшлі недалёка ад мастацкай школы: вялікую дубовую кадушку без дна, укапаную ў зямлю, і дубовыя трубы, што далучаліся да яе з розных бакоў. Вось і выходзіць, што ў тым, што сутарэнні суседніх дамоў перыядычна заліваюцца вадою, вінаватая ізноў вайна.

XVIII СТАГОДДЗЕ

Пра яго апавядаюць тры непадобныя адзін да аднаго дамы. Знаходзіліся яны ўсё на той жа Ніжнепакроўскай вуліцы. Два першыя былі традыцыйна драўляныя і размяшчаліся на пляцоўцы ля дома № 35, трэці (цагляны) – на другім баку дарогі, крыху на захад ад драўляных.

Драўляныя дамы былі збудаваныя праз некаторы час (прыблізна праз пяцьдзесят гадоў) пасля знішчэння дамоў XVI стагоддзя. Падобна на тое, што ўладар дома, збудаванага ўздоўж дарогі, застаўся верным ранейшай традыцыі – належаў да шляхецкага стану, пра што сведчыць наяўнасць гербавай кафлі ў печы. Праўда, на печы з зялёнай кафлі з лаўровымі вянкамі і белымі калонкамі па кутах была толькі адна гербавая кафля, але ўсё ж была! У развале печы знойдзена расійская манета – «денга» 1735 года.

Дзіўнае супадзенне (і ці супадзенне?), але менавіта такой манетай зроблены адбітак на печы дома, збудаванага ў глыбіні пляцоўкі. Гэта быў незвычайны ў нейкім сэнсе дом – вузкі і доўгі (прыкладна дзесяць на пяць метраў) і стаяў тарцом да дарогі. Але запомніўся ён мне не столькі захапленнем гаспадароў рэчамі (раскопкі дома далі рэкордную колькасць разнастайных знаходак – дзесяць тысяч), колькі амаль што фізічным адчуваннем прысутнасці ў доме дзяцей. Нідзе больш па Беларусі (не толькі ў Полацку) не знойдзена такой колькасці дзіцячых цацак і цацак-свісцёлак. Прычым, мяркуючы паводле таго, што знойдзены як гліняная лялька, так і свісцёлкі ў выглядзе вершнікаў, там жылі і дзяўчынка, і хлопчык. Свісцёлкі былі розных памераў (каб трымаць у пальцах ці ў далоні), а таксама розныя сюжэтна (конікі двух памераў і вершнік). Самае цікавае, што такія цацкі былі папулярныя ў полацкіх дзяцей у пачатку XVIII стагоддзя, бо кавалкі іх знаходзілі падчас раскопак у розных частках горада. Аднак самае каштоўнае – тое, што яны адлюстроўваюць мясцовую традыцыю вырабу керамікі – з размалёўкай белым ангобам. Падобна, што і гэтаму дому не пашанцавала з вайной – на гэты раз 1812 года. Месца, дзе ён стаяў, было часткова забрукавана камянямі (двор новага дома?), а над брукоўкай была знойдзена манета, выбітая ў 1811 годзе (гэта значыць, брукоўка зроблена не раней за гэтую дату).

Між тым, нідзе ў іншым месцы я не адчула так востра страшныя наступствы ВАЙНЫ для горада і чалавека, як на гэтай пляцоўцы ля дома № 35 па вуліцы Леніна. Але, з іншага боку, нідзе так не выявілася і сіла жыцця, таму што праз чатыры вайны (1632–1634, 1654–1667 гадоў, Паўночнай і вайны 1812 года) жыццё на гэтым месцы ізноў аднаўлялася.

Трэці дом па гэтай вуліцы – цагляны будынак канца XVIII стагоддзя – гэта так званы «Эканамічны дом», што ўваходіў у комплекс Богаяўленскага манастыра. Ён размяшчаўся з усходняга боку ад храма і над ім цяпер – зялёны газон. А шкада: дом быў вельмі арыгінальны паводле свайго канструкцыйнага вырашэння дзеля размяшчэння на даволі крутым схіле: яго вулічны фасад меў два паверхі, а дваровы – тры. Нават паўднёва-заходняя паўсутарэнная частка дома з самага пачатку мела жылую функцыю. Пра гэта сведчыць падмурак печы памерам 91 на 109 сантыметраў, зроблены з цэглы таго ж памеру, што і падмуркі дома. Складалася печ з гладкай кафлі з белай і зялёнай эмаллю. «Эканамічны дом» паспяхова перакачаваў у наступнае, XIX стагоддзе.

XIX СТАГОДДЗЕ

Менавіта ў гэты час (у канцы сямідзесятых гадоў XIX стагоддзя) і была прыстасаваная пад жыллё паўднёва-ўсходняя частка «Эканамічнага дома». Тут была збудаваная новая печ з белай гладкай кафлі і зроблены знутры прыступкі ў паўсутарэннае памяшканне. Умовы, зразумела, не асабліва камфортныя. Таму здаваліся кватэры людзям не вельмі заможным. З адным з іх мы «завочна» пазнаёміліся ажно праз стагоддзе – тут жыў рамізнік. У кватэры быў знойдзены медны паддужны звон з датаю 1887 і «рэкламным» надпісам на ім пра тое, што з ім будзе весялей паганяць конікаў. Знайшлі і частку няхітрага скарбу – манетку пяць капеек выпуску 1870 года.

Такім чынам, у XIX стагоддзі ўваходаў у дом было некалькі: цэнтральны пасярэдзіне галоўнага фасада з вуліцы і з боку двара, і бакавы з усходняга боку. Прычым, мяркуючы паводле рэштак дваровага фасада, дом быў вытрыманы ў найлепшых традыцыях класіцызму: увесь фасад раўнамерна праразалі высокія прастакутныя вокны (архітэктар спрабаваў кампенсаваць сырасць паўсутарэннага памяшкання добрым асвятленнем). Вузкі калідор, размешчаны па цэнтры дома, падзяляў яго на дзве роўныя часткі.

«Эканамічны дом» быў не адзіным цагляным домам на гэтай вуліцы. На ўсё той жа пляцоўцы ля дома № 35 адначасова з ім (пра што сведчаць аднолькавага памеру цагліны з муроўкі) быў цалкам збудаваны з цэглы ці з цагляным цокальным паверхам яшчэ адзін дом даўжынёю адзінаццаць метраў уздоўж дарогі. Муроўка захавалася на вышыню 180–190 сантыметраў. Будынак быў атынкаваны.

А калі рухацца ў кірунку да Сафійскага сабора, то праз квартал ад яго на мяжы XIX і XX стагоддзяў быў збудаваны вялікі цагляны дом, размешчаны на перакрыжаванні дзвюх вуліц. Гэта побач з існуючым цяпер домам па вуліцы Леніна, 25. У адпаведнасці з новай горадабудаўнічай традыцыяй абодва фасады дома размяшчаліся «пад шнурочак», па так званай «чырвонай лініі» вуліцы. Але запомніўся ён нават не сваімі шматлікімі вокнамі, а шыкоўнымі мадэрновымі печамі з антычнымі вазамі, лірамі і амурамі, што вянчалі кожную з трох печак.

Гэты будынак актыўна выкарыстоўваўся ў XX стагоддзі, яшчэ да вайны. Сляды гэтага ў выглядзе злепленых у клубок гаплікаў для палітонаў і пістонаў для чаравікаў мы знайшлі на колішнім складзе.

«Эканамічны дом» таксама захоўвае сляды падзей XX стагоддзя. Аказваецца, у часе вайны тут жыў нехта з герояў-падпольшчыкаў. Мы зразумелі гэта, калі падчас расчысткі падмурка ў закутку калідора з-пад яго пасыпаліся схаваныя там набоі. Што сталася з іх гаспадаром і чаму ён іх не выкарыстаў – невядома.

А яшчэ некаторы час (магчыма, адразу пасля вайны і да разбурэння) гэты дом выкарыстоўваўся пад школу. У заходняй частцы дома з боку двара знаходзіўся клас. Старая печка XVIII стагоддзя ўжо не функцыянавала ці была разбурана, таму ў куточку, на выхадзе ў калідор, склалі грубку і абшылі яе металёвымі лістамі. Наверх на печку часам ставілі драўляную скрыначку з чарніліцамі-невылівашкамі. Адна з такіх скрыначак завалілася за печку і дасталася археолагам ужо праз пяцьдзесят гадоў. Было відаць, што збіралі чарніліцы з розных месцаў, бо там былі і шкляныя, і нават парцалянавыя вырабы.

А яшчэ мы знайшлі сляды заняткаў дзяцей «зімовымі відамі спорту» – цэлая нізка іржавых канькоў ляжала ў куце аднаго з памяшканняў. Такія канькі добра памятае пакаленне «дзяцей вайны» – «снягуркі», што мелі дзве пляцовачкі каля носа і пад пяткаю і прывязваліся вяроўкамі да абутку – валёнак, боцікаў, чаравікаў – у каго што было.

А потым дом разбурылі. І на яго месцы пасадзілі дрэвы, якія вырасталі хутчэй за ўсіх – таполі. І карані дрэваў дабурылі тое, што пакінулі людзі. У канцы 1980-х пачалі рабіць праектную дакументацыю дзеля аднаўлення дома пад будынак для музея. І раскопкі праводзілі з гэтай жа мэтай. Але аднойчы прыйшоў тагачасны полацкі епіскап і сказаў дырэктару музея: «Будуйце, а потым мы адбярэм». Лепш бы ён крыху памаўчаў, і тады на цяперашняй пустцы стаяў бы прыгожы дом. А як бы яго выкарыстоўвалі – гэта была б справа дзесятая.

* * *

Прыгадваючы свае адчуванні падчас раскопак полацкіх дамоў – акрамя захаплення адкрыццямі – памятаю, бадай што, два. Першае – гэта пачуццё нейкай няёмкасці перад гаспадарамі – як бы ўварваўся ў чужы дом без дазволу і раскрыў усе іх сакрэты (вось гэтыя збіралі грошы ў кубышку і хавалі іх пад печчу, а гэтыя любілі папесціць дзяцей цацкамі), густы (наколькі гаспадыня любіла ўпрыгожваць свой дом ці наколькі гаспадар ганарыўся сваім родам). Другое пачуццё – шкадаванне. Шкадаванне, што ніколі і ніхто, акрамя цябе, не ўбачыць твой дом, твой віртуальны дом. Але раптам я прыгадваю словы, якія часта паўтарала мая мама: «Ніколі не кажы «ніколі», не заракайся». І на душы робіцца трохі лягчэй. І мне хочацца сказаць проста – да пабачэння, полацкія сядзібы.

  археоляг, спэцыялістка па беларускай кераміцы і кахлі. Выкладае ў Беларускім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка. Друкуецца ў «ARCHE» ўпершыню.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 6 (46) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/07/26