A R C H E | П а ч а т а к | № 7-8 (47-48) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ПАВАЛ АБРАМОВІЧ | ||||
Хлопчык і Давыд-Гарадок Дранько-Майсюк, Леанід. Нэрвовы раман //
Дзеяслоў. № 15. 2005. Апавяданьне «Нэрвовы раман» – пра вызваленьне ад любоўнай жарсьці і вяртаньне да творчасьці, паэзіі. Калі б Дранько-Майсюк засяродзіўся толькі на гэтым, твор, безумоўна, атрымаўся б. Аднак аўтар спрабуе адлюстраваць у невялікім мастацкім тэксьце і іншыя тэмы: шлях Беларусі ў Эўропу, рэлігія ў жыцьці грамадзтва, псыхалёгія заможных і інш. Роздуму, арыгінальнага погляду на іх няма, ёсьць толькі жменя няўдалых афарызмаў і эмацыйных воклічаў, накшталт «грошы – гэта паэзія багатых» ці «Цяпер толькі й чуеш: у Эўропу! У Эўропу! Але, калі сур’ёзна, то з чым жа мы туды прыйдзем? З эмоцыямі, нараканьнямі і бясконцымі крыўдамі?! Што мы можам там прапанаваць істотнага?!.». Гэтыя фразы раскіданыя па тэксьце немаведама для чаго (аўтар, відаць, спадзяваўся, што яны ўзыдуць, як жытнёвыя зярняткі), іншым разам не зьвязаныя зь сюжэтам, а таму адцягваюць увагу чытачоў. Цэльнага аповеду не атрымліваецца – адна толькі няўцямнасьць, парывістасьць. Можа быць, аўтар да гэтага і не імкнуўся, бо галоўны пэрсанаж стомлены каханьнем, жанчынай, ён нэрвуецца, кепска пачуваецца. Ёсьць адкуль узяцца разбэрсанасьці ў думках, словах, учынках… На жаль, тэма донжуанства і донкіхоцтва, у якой Дранько-Майсюк лічыцца абазнаным, у «Нэрвовым рамане» выглядае ізаляванай, не далучанай да асноўнай сюжэтнай лініі. Героі – самі па сабе, думкі аўтара – ім наўздагон:
…ёсьць проста мужчыны і дасканалыя мужчыны. Першыя – донжуаны, другія – донкіхоты. Каб стаць дасканалым, мужчына павінен пераадолець у сабе донжуана. Шлях сапраўднага мужчыны – гэта шлях ад донжуана да донкіхота, а не наадварот.
Гэтая тэорыя пакідае галоўнага пэрсанажа раўнадушным – жанчыны яго наагул пачалі раздражняць, ён хоча пабыць на самоце. Але аўтару ў апавяданьні гэтыя тэарэтычныя выкладкі для нечага спатрэбіліся. А калісьці ў адным са сваіх вершаў са зборніка «Тут» (1990) Дранько-Майсюк аптымістычна заяўляў: «Усё – падман, усё – падман, // І толькі не падман – каханьне! // Я напісаць хачу раман // Пра абяцаньне-спадзяваньне». І цьвёрда абяцаў: «Я напішу, я напішу // Ня проста добра, а выдатна, // Але ж я вас не ўзварушу // Ні першай сцэнай, ні астатняй». «Узварушыць» сапраўды не атрымалася – ня толькі каханую, але і чытача. «Нэрвовы раман» – празаічнае ўвасабленьне дадзенага паэтам пятнаццаць гадоў таму абяцаньня – не атрымаўся. І ў прамым (як мастацкі твор), і ў «літаратурным» (паміж героямі) сэнсе. Іншае апавяданьне Дранька-Майсюка, адзначанае «Дзеясловам», – «Хлопчык і яго бацькі» – быццам напісана ня ім, а другім аўтарам. Там, у «Нэрвовым рамане», – мітусьня і няўпэўненасьць, неба, зацягнутае хмарамі, тут – спакой і раўнавага, сонечнасьць. Героі першага апавяданьня сьпяшаюцца жыць і адчуваць, аўтар не пасьпявае за імі (вось у чым загана!), а пэрсанажы другога, наадварот, не нэрвуюцца, не мітусяцца, кожнае іх слова ўзважанае, прасякнутае сэнсам, і аўтар жыве (менавіта жыве!) між імі як свой, як крэўны, дыхаючы «на поўныя грудзі». Можа, яны, героі апавяданьня «Хлопчык і яго бацькі», пачуваюцца так упэўнена, таму што яны – вяскоўцы, іх лад жыцьця прадвызначаны і непарушны, а аўтару так лёгка, таму што ён фактычна апісвае сваю сям’ю і дзяцінства? Кажу так, бо заканамерна правесьці паралелі між гэтым творам, з аднаго боку, і такімі вершамі Дранька-Майсюка, як «Гарышча», «Пыл праз хату жануць пастухі…», «Комін», «Проза радасьці», – з другога. Шмат супольных рысаў, дэталяў, аднак самае галоўнае – вобразы бацькоў, іх аўра, словы, учынкі. Вось герой верша «Проза радасьці» вяртаецца з гораду дахаты і бачыць, спыніўшыся ля весьнічкаў у вечаровым паўзмроку, што «на ганку перад грушаю сядзяць бацькі», чуе іх гаману. Бацька з асалодаю паліць, нясьпешна абмяркоўвае з маці надзённыя справы (ня словы тут галоўныя, а інтанацыі, фон!). У апавяданьні «Хлопчык і яго бацькі», дзе тая ж адзіная груша на падворку і тата хлопчыка гэтак жа шмат курыць, той жа нешматслоўна-манумэнтальны дыялёг пра гаспадарку:
— І калі падлогу на кухні зробім? – гледзячы на агонь, нібыта сама ў сябе пытаецца Маці.
Наструніўшыся, Бацька на тое кажа:
— Зробім… Паедзем, прадамо свае кветкі, заробім і зробім! І ня толькі падлогу, усё зробім!
— Гэта нешта нялюдзкае, калі надоўга пакідаеш сваю хату і свой гарод!
— Мусіш пакідаць! – зноў закурыўшы, Бацька бярэцца за ланцужкі насьценнага гадзіньніка.
Па ўсёй хаце (два пакоі і кухня) бяжыць, разьліваецца мякка-супакойны шургат – шурггг, і яшчэ раз, толькі трохі карацей – шург.
У адрозьненьне ад «Нэрвовага раману», галоўная ідэя якога (творчасьць – вышэй за ўсё) амаль нябачная пад кучай друзу, у «Хлопчыку і яго бацьках» нішто не замінае любавацца прыгажосьцю – аўтар знайшоў адказы на хвалюючыя пытаньні жыцьця, зьвярнуўшыся да свайго дзяцінства. І, не саромеючыся, не выдумляючы, не дадаючы лішняга, здолеў аднавіць яго. У выніку гэтага сымбалічнага «вяртаньня» быў створаны якасны мастацкі тэкст. Дабрыня і сям’я – вось што ўратуе сьвет, кажа Дранько-Майсюк. Праблемам рэлігіі, веры, як і ў «Нэрвовым рамане», аўтар прысьвячае тут шмат увагі. Аднак куды падзеліся ранейшыя шаблённасьць, дыдактычнасьць? Вось Настаўнік (раней ён быў сьвятаром) апавядае хлопчыку пра Боскае пакараньне фараона і ягонага народу, і хлопчык, у хату якога праз паводку наплыла-напаўзла незьлічоная колькасьць жабаў, роспачна ўдзыхае: «Мусіць, і мяне Гаспод пакараў!» Вось малеча ідзе па вёсцы і бачыць, што сяляне дрэнна абыходзяцца з жывымі істотамі (Каваль б’е каня, бо ён не даецца; Гаспадар аддае на бойню карову, таму што яна ўцякае са статку; Дзядзька паліць пацука), і думае: «Не, я так рабіць ня буду!» Вось бацькі хлопчыка рыхтуюцца да ад’езду: маці сьвятой вадой кропіць хату і гаспадарчыя пабудовы, бацька варожыць, каб даведацца, ці будзе шчасьлівым няблізкае падарожжа ў заробкі. І ўсё гэта прамоўлена пісьменьнікам так важна, так кранальна, намалявана з такім літаратурным майстэрствам, што разумееш: беларускія пісьменьнікі, якія нарадзіліся ў вёсках альбо мястэчках, а потым перабраліся на сталае жыцьцё ў горад, у сталіцу, яшчэ ня хутка здолеюць пісаць урбаністычную прозу. Яны сотнямі нябачных нітак зьнітаваныя са сваёй радзімай, і таму насьценны гадзіньнік у бацькоўскай хаце ў Давыд-Гарадку дасюль значыць для Дранька-Майсюка значна больш, чым старыя адрасы Менску, якія ён спрабуе апісаць у «Нэрвовым рамане». Пісьменьнік уяўляе сваіх бацькоў – там, далёка-далёка, яны сядзяць пад грушай, чакаюць сына, думаюць пра будзённае. Малюнак жывы, шматколерны, дэталёвы, і ўсе думкі, памкненьні літаратара, увесь ён імкнецца туды, на радзіму. А Менск… Менск не выкрышталізоўваецца ва ўяўленьні пісьменьніка-вяскоўца, застаецца terra incognita. Як пісаць пра яго, як яго палюбіць, зразумець – невядома. Аўтар спрабуе апавесьці гісторыю пра дачыненьні з разумнай, ганарлівай і эмацыянальнай спадарыняй Эл, гісторыю, якая разгортваецца сярод казіно і пляцаў. Паралельна насычае тэкст згадкамі пра Купалу, Галчыньскага і Чарэнца, развагамі пра характар беларускай жанчыны, пра тое, што Эвангельле мусіць перамагчы царкву і г. д., карацей, сапраўды жадае напісаць інтэлектуальны раман, цікавы сучасьнікам-гараджанам, аднак зьбіваецца, нэрвуецца, бо выходзіць па-мастацку квола, непераканаўча, і ён адчувае гэта. А гадзіньнік у роднай хаце дагэтуль цікае, адлічвае гадзіны, вёска плыве ў часе і прасторы, набліжаецца, а не аддаляецца, і – не адпускае… Выбар «Дзеяслова» мне падаецца правільным: толькі азнаёміўшыся зь бездапаможным «Нэрвовым раманам», можна зразумець прыгажосьць апавяданьня «Хлопчык і яго бацькі», якое пераканаўча сьведчыць: тэма вёскі па-ранейшаму займае цэнтральнае месца ў нацыянальнай літаратуры. Беларускі пісьменьнік сталага веку дагэтуль выпадае з гарадзкога жыцьця, бо ягонае сэрца «там, дзе зацішак, спакой» (так называлася апавяданьне Міхася Стральцова, герой якога, інжынэр-плянавік, «зьбягае» ў адпачынак, каб наведаць родную вёску). Таму, ці трэба нэрвавацца? |
крытык літаратуры. Рэгулярна друкуецца ў «ARCHE». |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 7-8 (47-48) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |