A R C H E | П а ч а т а к | № 7-8 (47-48) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ТОМ КАРОЗЕРС | ||||
Аўтакраты даюць адпор У студзені 2006 года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў контраверсійны закон, які прадугледжвае павелічэнне кантролю над дзеючымі ў краіне расійскімі і замежнымі недзяржаўнымі арганізацыямі (НДА). У адпаведнасці з ім усе НДА павінны загадзя інфармаваць урад пра кожны запланаваны імі праект. Дакумент дэманструе яшчэ адну прымету засмучальнага працэсу – паступовага вяртання краіны да аўтарытарызму. Гэты закон сведчыць таксама пра не менш трывожную, але нашмат больш шырокую тэндэнцыю. Пасля двух дзесяцігоддзяў няўхільнага распаўсюджвання праграм пабудовы дэмакратыі на ўсім свеце ўсё больш урадаў пачынаюць падаўляць такога роду намаганні ў сваіх краінах. Трымальнікі ўлады (некаторыя з іх займаюць выбарныя пасады) цяпер адкрыта асуджаюць дапамогу заходніх дэмакратый як нелегітымнае палітычнае ўмяшанне. Заходнія НДА высылаюцца ці пераследуюцца, мясцовым арганізацыям забараняюць карыстацца сродкамі замежных фондаў альбо іх караюць за атрыманне дапамогі. Ад гэтага супраціўлення, якое набірае абароты, яшчэ можна толькі чакаць перарастання ў сістэматычную ці арганізаваную кампанію. Але прыхільнікі такой палітыкі яўна вучацца адзін у аднаго і абменьваюцца вопытам. Каталізатарам падобнага супраціўлення, несумненна, сталіся нядаўнія «каляровыя» рэвалюцыі ў Грузіі, Украіне і Кіргізіі, а таксама шырока распаўсюджаныя падазрэнні ў тым, што асноўную закулісную ролю ў ініцыяванні гэтых рэвалюцый адыгралі амерыканскія арганізацыі, такія, як Нацыянальны дэмакратычны інстытут (National Democratic Institute, NDI), Міжнародны рэспубліканскі інстытут (International Republican Institute, IRI), «Дом свабоды» (Freedom House) і інстытут «Адкрытае грамадства» (Open Society Institute). Палітыкі ад Кітая да Зімбабвэ, імкнучыся апраўдаць новыя абмежаванні на атрыманне заходняй дапамогі няўрадавымі арганізацыямі і апазіцыйнымі групамі, адкрыта спасылаюцца на сваю занепакоенасць тым, што такія падзеі могуць перакінуцца на іх краіны. Аднак гаворка ідзе пра з’явы намнога больш шырокага плана, чым проста боязь «аранжавага». Тактыка пашырэння дэмакратыі, узятая на ўзбраенне прэзідэнтам Джорджам Бушам-малодшым як адзін з цэнтральных кірункаў знешняй палітыкі Белага дома, відавочна, спрыяла росту трывогі на ўсім свеце. Некаторыя аўтакратычныя ўрады дамагліся значнай заходняй падтрымкі, сцвярджаючы, што процідзеянне распаўсюджванню заходняй дэмакратыі з’яўляецца не пратэстам супраць дэмакрытыі як такой, а процістаяннем амерыканскаму ўмяшанню. Больш таго, пастаянна парушаючы законнасць у сябе ў краіне і за мяжой, адміністрацыя Джорджа Буша нанесла такі ўдар па глабальным вобразе ЗША як сімвале дэмакратыі і правоў чалавека, што легітымнасць справы распаўсюджвання дэмакратыі знізілася яшчэ больш. Прычыны, што прывялі да такога процістаяння, не адназначныя, і рэакцыя на гэты пратэст таксама павінна быць шматбаковая. Каб інстытуты, якія займаюцца прасоўваннем дэмакратыі, працавалі ў наступным дзесяцігоддзі гэтак жа эфектыўна, як і ў папярэднім, ім варта ўсвядоміць, наколькі змяніліся міжнародныя абставіны, у якіх ім належыць дзейнічаць. А гэта азначае пераасэнсаваць тыя ці іншыя метады. Бушава адміністрацыя таксама павінна паглядзець у твар некаторым непрыемным фактам – напрыклад, зразумець, як прэзідэнцкая «праграма развіцця свабоды» ўспрымаецца на ўсім свеце, і сур’ёзна заняцца ўмацаваннем даверу.
ПРОСТА ГАВОРАЦЬ «НЕ»Найбольш сістэматычнае і магутнае супраціўленне зыходзіць з пуцінскай Расіі. Прыняцце новага закона аб НДА – гэта ўсяго адзін з серыі захадаў, ажыццёўленых Масквой апошнім часам з мэтай абмежаваць колькасць і дзейнасць арганізацый, занятых у сферы прасоўвання дэмакратыі. Крытыку Крамля за вывады, зробленыя па выніках маніторынгу выбараў у Расіі і суседніх краінах, зведала таксама Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). Некалькі амерыканскіх арганізацый, закліканых распаўсюджваць дэмакратыю, зазналі нязначныя, але яўныя нападкі з боку расійскіх уладаў. Урад Пуціна бэсціць расійскія НДА, што працуюць у галіне правоў чалавека альбо па іншых казытлівых у палітычным плане пытаннях, за атрыманне сродкаў з-за мяжы, а высокія расійскія чыны асудзілі замежную дапамогу дэмакратыі як падрыўную і антырасійскую дзейнасць. Прэзідэнт Пуцін таксама папярэджвае сваіх калегаў – лідэраў аўтакратычных рэжымаў у сумежных краінах – пра небяспекі, якімі пагражае дазвол ажыццяўляць такую дапамогу. Расія пачала фармаваць у гэтай галіне ўласны патэнцыял, накіроўваючы на выбары наглядальнікаў і палітычных кансультантаў. Прыхільнікі Пуціна характарызуюць ягоную кампанію супраць інстытутаў, што пашыраюць дэмакратыю, як неабходную меру бяспекі: бо ЗША ж нібыта імкнуцца абкружыць Расію празаходнімі ўрадамі і падарваць яе палітычны рэжым.Расія – не адзіная краіна, якая дае адпор заходняму прасоўванню дэмакратыі; падобнае зрабілася звычайнай рэччу на постсавецкай прасторы. Прэзідэнт Узбекістана Іслам Карымаў згортвае як большасць заходніх праграм, так і работу большай часткі мясцовых прадэмакратычных структур: у 2005 годзе спынена дзейнасць больш як 60 % узбекскіх НДА. Падкантрольныя дзяржаве сродкі масавай інфармацыі абвінавачваюць ЗША ў тым, што апошнія падрываюць суверэнітэт Узбекістана, выкарыстоўваючы дэмакратызацыю ў якасці траянскага каня. Тым часам у Беларусі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка таксама забараніў атрыманне большай часткі дапамогі, што аказваецца звонку з палітычных матываў, і бязлітасна падаўляе дзейнасць апазіцыі і незалежнай грамадзянскай супольнасці. Спачатку Лукашэнка паставіў усё замежнае фінансаванне мясцовых НДА пад дзяржаўны кантроль, а ў 2003 годзе і зусім забараніў у Беларусі атрыманне замежнай падтрымкі любой дзейнасці, звязанай з палітыкай ці адукацыяй. У красавіку 2005 года ўрад Таджыкістана абвясціў новыя правілы, якія абавязваюць замежныя арганізацыі і пасольствы інфармаваць улады, перш чым наладжваць якія-небудзь кантакты з мясцовымі палітычнымі партыямі, НДА ці СМІ. Таджыкскія газеты, падкантрольныя дзяржаве, абвінавацілі Злучаныя Штаты ў злачыннай падтрымцы ўкраінскіх і кіргізскіх актывістаў ды пахвалілі Беларусь за яе супраціўленне ўмяшанню з боку Захаду. Прэзідэнт суседняга Казахстана Нурсултан Назарбаеў увёў строгія абмежаванні на супрацоўніцтва паміж замежнымі арганізацыямі і казахстанскімі палітычнымі партыямі. У адным са сваіх выступленняў ён далучыўся да рэгіянальнага хору галасоў, якія перасцерагалі замежныя НДА ад спробаў дэстабілізаваць сітуацыю ў постсавецкіх краінах. Дэмакратычнае садзейнічанне сустракае супраціўленне і за межамі былога Савецкага Саюза. Адзін з яго актыўных удзельнікаў – Кітай. У красавіку 2005 года кітайская газета «Жэньмінь жыбао» заклеймавала «дэмакратычны наступ» Злучаных Штатаў на дзяржавы – колішнія рэспублікі Савецкага Саюза і на іншыя краіны як своекарыслівую, гвалтоўную і амаральную авантуру. Паводле паведамленняў, у маі мінулага года Камуністычная партыя Кітая намеціла шэраг мераў супраць намаганняў ЗША і Еўропы па прасоўванні «каляровых» рэвалюцый у КНР і суседніх з ёй дзяржавах. Пекін адклаў прыняцце новага закона, які б змякчыў правілы функцыянавання НДА і ўзмацніў кантроль над рознымі мясцовымі арганізацыямі, што атрымліваюць фінансавую дапамогу звонку. Гэтыя крокі закранулі і праваабарончую групу, якая карыстаецца падтрымкай Нацыянальнага фонду за дэмакратыю (National Endowment for Democracy, NED) – недзяржаўнай структуры, што спансуецца ўрадам ЗША і заклікана падтрымліваць дэмакратыю на ўсім свеце. Пекін таксама робіць больш жорсткімі абмежаванні для замежных СМІ: ён нарошчвае стварэнне перашкод замежнаму радыёвяшчанню і адмяніў раней прынятае рашэнне аб выданні ў краіне замежных газет. Падобныя абмежаванні ўвялі і ўрады іншых дзяржаў Азіі: напрыклад, у Непале пасля 15 гадоў адноснай адкрытасці ўрад нядаўна зацвердзіў новыя правілы, якія рэзка абмяжоўваюць дзейнасць для спрыяння дэмакратыі. Тая самая тэндэнцыя прасочваецца і ў Афрыцы. Прэзідэнт Зімбабвэ Роберт Мугабэ выслаў з краіны ўсе заходнія НДА і спыніў дзейнасць многіх мясцовых арганізацый, якія атрымлівалі замежную дапамогу, пад маркай таго, што праз гэтыя групы заходнія «каланіяльныя гаспадары» вядуць сваю падрыўную работу. У снежні 2004 года парламент Зімбабвэ прыняў закон, які забараняе мясцовым НДА атрымліваць дапамогу звонку. Мугабэ яго яшчэ не падпісаў, але працягвае свае выступленні супраць нібыта рэальнага ўмяшання Захаду. Напярэдадні агульнанацыянальных выбараў у маі 2005 года з Эфіопіі былі высланы прадстаўнікі IRI, NDI і Міжнароднага фонду выбарчых сістэм (International Foundation for Election Systems, IFES). Прэм’ер-міністр Мелес Зенаўі заявіў па эфіопскім тэлебачанні, што «пасля выбараў у краіне не адбудзецца ні «ружовай», ні «зялёнай», ні якой-небудзь іншай «каляровай» рэвалюцыі». А ў Эрытрэі ўрад увёў летась новы закон, згодна з якім мясцовым НДА забаронена займацца якой-небудзь іншай дзейнасцю, апроч аказання матэрыяльнай дапамогі, і перакрываюцца каналы атрымання імі вонкавага фінансавання. У жніўні Асмара (сталіца Эрытрэі) звярнулася да Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці з просьбай спыніць яго работу. Улады заявілі пра сваю занепакоенасць тым, што агенцтва нацэлена сярод іншага на садзейнічанне ўдзелу грамадзянаў у эканамічным і палітычным жыцці. У Паўднёвай Амерыцы прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес перыядычна рэзка крытыкуе Злучаныя Штаты, сцвярджаючы, што пашырэнне дэмакратыі – частка амерыканскай кампаніі па адхіленні яго ад улады. Чавес абвінавачвае такія арганізацыі, як NED і IRI, у падтрымцы венесуэльскай апазіцыі і выступае з пагрозамі на адрас многіх мясцовых НДА, якія фінансуюцца з-за мяжы. Як і Пуцін, Чавес не здавольваецца тым, што блакуе атрыманне амерыканскай дапамогі ў сябе ў краіне. Буйныя сумы нафтадолараў ён выкарыстоўвае для падтрымкі антыамерыканскіх партый і кандыдатаў у Балівіі, Перу, Эквадоры і іншых краінах, спадзеючыся на экспансію таго, што ён называе «баліварыянскай рэвалюцыяй». Чавес – гэта крайні прыклад, але насцярожанасць у сувязі з распаўсюджваннем дэмакратыі Вашынгтонам расце ва ўсім рэгіёне, які багаты на антыамерыканскія настроі і знаходзіцца пад усё большым уплывам урадаў левага кірунку. Праявай росту скептыцызму сталася леташняя адмова Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў прыняць прапанову ЗША аб заснаванні новага рэгіянальнага механізму маніторынгу за выкананнем урадамі дэмакратычных нормаў.
БАЧЫЦЬ СВЕТ У АРАНЖАВЫМ КОЛЕРЫУ чым жа прычына гэтага глабальнага супраціўлення пашырэнню дэмакратыі? Нядаўнія рэвалюцыі ў Грузіі, Украіне і Кіргізіі, безумоўна, мелі вялікае значэнне. Драматычныя ўзбурэнні там прадэманстравалі, што могуць зрабіць шырокія масы простых грамадзянаў, якія адважна аб’ядналіся дзеля дэмакратыі. Але, па меры таго як множыліся паведамленні пра падтрымку Злучанымі Штатамі найважнейшых грамадзянскіх і палітычных арганізацый у гэтых краінах, «каляровыя» рэвалюцыі абумовілі ўзнікненне ідэі аб тым, што ценявой рухальнай сілай падобных падзей таксама з’яўляюцца ЗША.Магчыма, асцярогі з нагоды таго, што дапамога ў распаўсюджванні дэмакратыі ёсць не чым іншым, як зброяй Вашынгтона, абвастрыліся акурат у сувязі з «каляровымі» рэвалюцыямі, але слушней успрымаць іх як кульмінацыю больш працяглай тэндэнцыі. У эпоху шпаркай дэмакратычнай экспансіі канца 1980-х – пачатку 1990-х гадоў, калі пашырэнне дэмакратыі ўпершыню сталася прыкметнай з’явай, актывістам гэтага працэсу даводзілася працаваць альбо ў аўтарытарных грамадствах, цалкам закрытых для распаўсюджвання дэмакратыі, альбо ў краінах, што перажывалі пачатковы этап дэмакратызацыі. У другім выпадку дзверы часцей за ўсё былі шырока расчынены. З цягам часу многія з краін, што сталі на шлях дэмакратызацыі, эвалюцыянавалі ў іншы, прамежкавы тып – паўаўтарытарную дзяржаву, які атрымаў пашырэнне ў дзяржавах – былых рэспубліках СССР, на Балканах, на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары. Для гэтых рэжымаў характэрна адмысловае палітычнае балансаванне. Лідэры даюць грамадзянам сваіх краін столькі палітычных свабод, колькі дастаткова, каб зарабіць сабе пэўны палітычны капітал і набыць легітымнасць у якасці рэфарматараў. Як правіла, гэта азначае рэгулярнае правядзенне выбараў і дазвол стварыць некалькі апазіцыйных партый, шэраг незалежных грамадзянскіх арганізацый і адну-дзве незалежныя газеты. Але гэтыя рэжымы працягваюць досыць моцна ўтрымліваць рычагі ўлады, каб не ўзнікалі ніякія сур’ёзныя пагрозы іх кіраванню. Ва ўмовах такой паўаўтарытарнай палітыкі многія прадэмакратычныя арганізацыі адчулі сябе загнанымі ў тупік. З часам, аднак, адны з самых дасведчаных групаў – NDI, IRI, IFES, Freedom House – навучыліся ўжываць больш эфектыўныя падыходы. Яны валодалі вопытам раней праведзеных паспяховых кампаній, такіх, як дапамога праціўнікам генерала Аўгуста Піначэта на чылійскім плебісцыце ў 1988 годзе ці падтрымка апазіцыі сандзінісцкаму праўленню на выбарах у Нікарагуа ў 1990-м. НДА абралі тактыку тэхнічнага і арганізацыйнага садзейнічання на месцах шырокаму колу грамадзянскіх і палітычных арганізацый, якія разам працуюць для таго, каб кінуць выклік сваім урадам на выбарах. Гэтая дапамога мела на мэце ўзмацніць мясцовыя арганізацыі некалькімі ўзаемадапаўняльнымі спосабамі. Па-першае, НДА дапамагалі дамагчыся незалежнага маніторынгу на выбарах, у тым ліку паралельнага падліку галасоў, дзеля таго каб грамадзяне маглі, прынамсі, даведацца пра сапраўдныя вынікі галасавання. Па-другое, яны забяспечвалі падтрымку незалежным грамадзянскім групам, уключаючы новыя дынамічныя студэнцкія арганізацыі, якія маглі б спрыяць шырокаму грамадзянскаму ўдзелу ў выбарчым працэсе. Па-трэцяе, яны навучалі палітыкаў з апазіцыйных партый, часам давалі ім абсталяванне ці аказвалі іншую матэрыяльную дапамогу, каб садзейнічаць эфектыўнаму правядзенню кампаній. НДА таксама падтрымлівалі сумесную работу апазіцыйных партый і стварэнне шырокіх кааліцый. Гэтая тактыка была ўвасоблена ў жыццё ў канцы 1990-х гадоў: спачатку (не цалкам) супраць прэзідэнта Славакіі Уладзіміра Мечыяра і прэзідэнта Харватыі Франьё Туджмана, а затым (у больш поўным аб’ёме) супраць прэзідэнта Сербіі Слабадана Мілошавіча. Амерыканскія і еўрапейскія прадэмакратычныя арганізацыі разгарнулі ўмела скаардынаваную і шчодра прафінансаваную (ад 60 да 100 млн долараў) кампанію, каб дапамагчы сербскім грамадзянскім і палітычным групам пры дапамозе выбараў адхіліць ад улады Мілошавіча, які ўжо знаходзіўся пад ціскам эканамічных санкцый і дыпламатычных карных мераў Захаду. Калі пачаліся выбары-2000, усе элементы склаліся ў адзінае цэлае: з заходняй дапамогай сербскія грамадзянскія арганізацыі пераканалі шырокія масы простых грамадзянаў падтрымаць перамены і ўдзельнічаць у выбарчым працэсе. Апазіцыйныя партыі дзейнічалі больш паспяхова, чым раней; незалежны маніторынг перашкодзіў спробам Мілошавіча адмовіцца прызнаць вынікі выбараў. Дзеля гэтага аўтакратычнага лідэра адхілілі ад улады ў ходзе ў цэлым мірнай «электаральнай рэвалюцыі». З тых часоў заходнія арганізацыі ўжывалі падобную тактыку (хоць нідзе больш яна не фінансавалася настолькі шчодра і не падмацоўвалася такім магутным дыпламатычным ціскам) у Азербайджане, Беларусі, Грузіі, Кіргізіі і Украіне, за што іх часта абвінавачвалі ў незаконным палітычным умяшанні. У адказ яны звяртаюць увагу на тое, што дзейнічаюць не ўпотай, а адкрыта; мэты ж заключаюцца не ў дасягненні канкрэтных вынікаў галасавання, а ў забеспячэнні правядзення дастаткова свабодных і сумленных выбараў. На думку НДА, знешняя дапамога неабходна, каб ураўнаважыць шанцы кандыдатаў і стварыць гарантыі супраць маніпулявання выбарным працэсам з боку ўладаў. Ісціна, аднак, заключаецца ў тым, што, хоць большасць заходніх актывістаў, якія змагаюцца за пашырэнне дэмакратыі, магчыма, на самай справе зацікаўлены перш за ўсё ў правядзенні сумленных і свабодных выбараў, часцяком яны спадзяюцца, што іх намаганні павысяць імавернасць адхілення аўтакратаў ад улады. Матывы дзеянняў урадавых ведамстваў ЗША, якія фінансуюць многія інстытуты, што займаюцца распаўсюджваннем дэмакратыі (але не кіруюць імі непасрэдна), такія ж складаныя – ад прынцыповых меркаванняў да прагматычных у залежнасці ад канкрэтнай краіны і адказных асоб. Не дзіва, што гэтыя тонкасці не зразумелыя тым, на каго якраз і накіраваны іхнія намаганні. Аўтакраты схільны разглядаць такую дзейнасць як узгодненыя кампаніі па адхіленні іх ад улады, кампаніі, якія падахвочваюцца ці, прынамсі, падтрымліваюцца ўсёмагутнымі заходнімі ўрадамі, асабліва амерыканскім.
БЕСПАДСТАЎНЫЯ СТРАХІ?Тлумачачы прычыны процідзеяння прадэмакратычным захадам, лідэры аўтакратычных рэжымаў рэгулярна спасылаюцца на сваю заклапочанасць замежным уплывам і пагрозай нестабільнасці. Узнікае натуральнае пытанне: ці сапраўды гэтыя аўтакраты баяцца, што адносна сціплыя заходнія праграмы навучання дэмакратыі і фінансавая дапамога часцяком слабым грамадзянскім і палітычным арганізацыям падарве іх уладу, ці такія асцярогі – толькі зручнае апраўданне рэпрэсіўных захадаў, што ўчыняюцца? Адказ на гэтае пытанне залежыць ад канкрэтнай краіны.Для некаторых дзяржаў, асабліва большых, такіх, як Расія і Кітай, слушным з’яўляецца, бадай, другое. Кіраўніцтва ў Маскве і ўлады ў Пекіне моцна ўтрымліваюць стырно ўлады і не маюць сур’ёзнай апазіцыі. Наступ Крамля на садзейнічанне Захаду ў пашырэнні дэмакратыі – гэта хутчэй спосаб падаць расіянам пераход да аўтарытарнага праўлення як меру, накіраваную на абарону нацыянальнай бяспекі. У Маскве, магчыма, былі напалоханы ўкраінскай аранжавай рэвалюцыяй 2004 года, але там у большай ступені асцерагаліся страты ўплыву ў суседніх дзяржавах, чым палітычнага мяцяжу ў Расіі. Больш таго, зганьбіўшы аранжавую рэвалюцыю як вынік «падкопаў» ЗША, Пуцін змог паказаць у пазітыўным ключы тое, што на самай справе аказалася адным з яго самых страшных вонкавапалітычных пралікаў, а менавіта падтрымку прайгралага боку на ўкраінскіх выбарах. Дакладна гэтаксама спасылкі кітайскага кіраўніцтва на «каляровыя» рэвалюцыі, хутчэй за ўсё, не больш чым зручнае тлумачэнне матываў пашырэння кампаніі супраць лібералізацыі, якая праводзіцца ўжо некалькі гадоў. У іншых выпадках, асабліва калі гаворка ідзе пра малыя, слабейшыя краіны, рэальныя асцярогі, мабыць, і праўда існуюць. Жупел спрытных амерыканскіх агентаў, якія цішком рыхтуюць рэвалюцыі, здаецца, сапраўды наводзіць жах на некаторых уплывовых палітычных лідэраў, нават нягледзячы на тое, што на самай справе заходняя дапамога ў пашырэнні дэмакратыі не такая ўжо і вялікая. Хоць сёлета Вашынгтон, як чакаецца, патраціць больш за мільярд долараў на праграмы пашырэння дэмакратыі, сродкі размяркоўваюцца паміж больш чым 50 краінамі і выкарыстоўваюцца па шырокім спектры напрамкаў, у тым ліку для рэалізацыі праграм у галіне ўдасканальвання работы судоў і садзейнічання ўрадавым намаганням дзеля дэцэнтралізацыі. Як і ўсе віды замежнай падтрымкі палітычным, эканамічным і сацыяльным рэформам, такая дапамога зусім не чароўны эліксір. Яна можа спрыяць умацаванню існых грамадзянскіх арганізацый і апазіцыйных партый. Але яна не здольна стварыць такія інстытуты там, дзе іх няма, або ўмацаваць іх, калі яны прынцыпова слабыя. Нават у выпадку з Сербіяй (а гэта высокая планка з пункту гледжання інтэнсіўнасці і маштабу праграм дэмакратычных перамен) дапамога звонку адыграла толькі другарадную ролю, падтрымаўшы мужных і ўмелых кіраўнікоў мясцовых актывістаў. І тыя самыя віды дапамогі дагэтуль аказваліся значна менш эфектыўнымі ў такіх краінах, як, напрыклад, Беларусь, дзе палітычная апазіцыя і грамадзянская супольнасць адносна слабыя, а рэжым вельмі моцны. Тым не менш вельмі шмат хто ў свеце (не толькі аўтакраты, якія адчуваюць пагрозу свайму праўленню) скептычна ставяцца да замежнай дапамогі ў галіне дэмакратыі. Яны мяркуюць, што калі Злучаныя Штаты вырашаць сфармаваць палітычны ландшафт у адносна слабых краінах, то ім гэта ўдасца. У многіх дзяржавах цяперашняя напорыстая хваля дэмакратычнай дапамогі выклікае ў памяці тайныя аперацыі ЗША часу халоднай вайны. Тады Вашынгтон сапраўды спрабаваў, і часта паспяхова, паўплываць на зыход выбараў ці скінуць законныя ўрады. Негатыўнае ўражанне ўзмацняецца тым, што некаторыя заходнія НДА альбо з прычыны пыхі, альбо з жадання пераканаць сваіх спонсараў ва ўласнай значнасці схільны перабольшваць сваю ролю ў палітычных падзеях, тады як у сапраўднасці яны мала паўплывалі на сітуацыю. Матэрыялы, што з’яўляюцца ў заходніх СМІ, час ад часу падаюць амерыканскія праграмы распаўсюджвання дэмакратыі як асноўны фактар пераходу пэўных краін да дэмакратыі. Гэтыя публікацыі таксама робяць унёсак у фармаванне падобных скажоных уяўленняў.
МАЯК ДЛЯ НАРОДАЎ СВЕТУ ПАЦЬМЯНЕЎ?Супраціўленне дэмакратычнаму ўздзеянню можна расцаніць як рэакцыю недэмакратычных урадаў на ўсё больш настойлівую форму аказання такой дапамогі. Але ёсць і іншая крыніца, з якой яно нараджаецца і жывіцца. Гэта і ўсё большая занепакоенасць грамадскасці ў сувязі з самой ідэяй распаўсюджвання дэмакратыі, і настроі, якія за апошнія некалькі гадоў ахапілі колішні Савецкі Саюз, Заходнюю Еўропу, Блізкі Усход і іншыя рэгіёны. Вялікая доля адказнасці за гэтыя настроі ляжыць на прэзідэнту Бушу, які імкнецца распаўсюдзіць дэмакратыю ў адпаведнасці са сваімі ўяўленнямі.Прынятае ў Вашынгтоне паняцце «пашырэнне дэмакратыі» пачало разглядацца ў іншых краінах не як адлюстраванне амерыканскіх памкненняў прынцыповага характару, а як больш добрапрыстойны сінонім тэрміна «змена рэжыму», які азначае ўстараненне «праблемных» урадаў шляхам ужывання ваеннай сілы ці іншымі сродкамі. Больш таго, паколькі ідэя пашырэння дэмакратыі была выкарыстана Белым домам як галоўнае абгрунтаванне ўступлення ў Ірак, яе пачалі непасрэдна асацыяваць з амерыканскай інтэрвенцыяй і акупацыяй. Адміністрацыя Буша дала зразумець, што зацікаўлена ў скіданні іншых замежных рэжымаў, якія пагражаюць бяспецы Злучаных Штатаў, у прыватнасці ў Іране і Сірыі, і гэты факт паказаў задачы прэзідэнта Буша ў сферы пашырэння свабоды ў яшчэ больш пагрозлівым і варожым святле. Справядлівасць такога вываду пацвярджаецца тым, што, калі Буш і ягоныя галоўныя дарадцы пералічваюць «фарпосты тыраніі», у іх ліку нязменна аказваюцца ўрады, недружалюбна настроеныя да ЗША. У той жа час дружалюбныя, але не менш рэпрэсіўныя рэжымы, у прыватнасці ў Саудаўскай Аравіі, не згадваюцца. У выніку многія дзяржавы, як аўтакратычныя, так і дэмакратычныя, пачалі асцерагацца ўсяго комплексу амерыканскіх праграм пабудовы дэмакратыі, нават калі ў мінулым тыя не выклікалі спрэчак і пярэчанняў. Урады, што прагнулі заблакаваць гэтыя праграмы ў сваіх уласных інтарэсах, атрымалі магчымасць падаць свае крокі як апраўданае супраціўленне агрэсіўнаму ўмяшанню ЗША. І чым больш прэзідэнт Буш гаворыць пра распаўсюджванне дэмакратыі як пра сваю асабістую задачу, тым лягчэй лідэрам дэспатычных дзяржаў ачарняць гэтую ідэю, гуляючы на надзвычайна нізкім узроўні папулярнасці амерыканскага лідэра за мяжой. Бушава адміністрацыя яшчэ больш падарвала пазіцыі змагароў за дэмакратыю сваімі крокамі, якія кідаюць цень на Злучаныя Штаты як сімвал дэмакратыі і абароны правоў чалавека. Пры тым што амерыканскі прэзідэнт неаднаразова заяўляў аб адданасці мэтам свабоды, сам ён наносіў адзін удар за другім па амерыканскіх дэмакратычных прынцыпах і нормах. Прыкладамі таму служаць катаванні зняволеных і затрыманых на аб’ектах ЗША ў Іраку і Афганістане; сотні людзей, якія ўтрымліваюцца на амерыканскай базе Гуантанама (Куба) у становішчы прававой няпэўнасці; выдача арыштантаў – замежных грамадзянаў (часам таемна выкрадзеных за мяжой) у краіны, пра якія вядома, што там практыкуюцца катаванні; стварэнне сеткі тайных амерыканскіх турмаў за мяжой; праслухоўванне без санкцый спецыяльнага суда на тэрыторыі ЗША і дзівоснае леташняе супраціўленне Белага дома прыняццю закона, які забараняе жорсткае, негуманнае і зневажальнае абыходжанне з любым зняволеным, што знаходзіцца ў амерыканскай турме. Усе гэтыя дзеянні, разам узятыя, нанеслі адчувальны ўдар па прэстыжы Амерыкі ў свеце. Гэты факт, які з усёй яснасцю і горыччу ўсведамляе кожны, хто хоць бы нядоўгі час праводзіць за мяжой, здаецца, не вядомы ці не прыносіць неспакою прэзідэнту Бушу і яго атачэнню (за выключэннем, бадай што, дзяржсакратара Кандалізы Райс). Аднак шкода, нанесеная рэпутацыі ЗША дзеяннямі цяперашняй адміністрацыі, палегчыла замежным аўтакратам задачу барацьбы супраць распаўсюджвання дэмакратыі, узброіўшы іх простым пытаннем: «Ці можа дзяржава, якая катуе людзей за мяжой і парушае правы чалавека ў сябе дома, указваць іншым краінам, як АСЦЯРОЖНА ДАВАЦЬ АДПОРТакім чынам, якой жа павінна быць рэакцыя Злучаных Штатаў? На гэтае пытанне ёсць два адказы, гэтак жа як у самой праблемы ёсць два ўзаемазвязаныя, але розныя аспекты – захады некаторых урадаў з мэтай спыніць дэмакратычнае садзейнічанне і рост недаверу на ўсім свеце да распаўсюджвання дэмакратыі ў цэлым.Што да першага аспекту, то Вашынгтон павінен уважліва адсочваць захады, якія робяцца іншымі ўрадамі з мэтай перашкодзіць аказанню дапамогі ў галіне развіцця дэмакратыі, а таксама выпрацаваць паслядоўны, які б улічваў усе нюансы, спосаб выказвання нездаволенасці такімі захадамі і па магчымасці дабівацца іх адмены. Нядаўна Бушавай адміністрацыі ўдалося пераканаць Пуціна змякчыць некаторыя палажэнні расійскага закона аб НДА. Белы дом досыць паспяхова справіўся з гэтай задачай, але яго намаганні, тым не менш, уяўлялі сабой хутчэй аднаразовыя дзеянні, чым частку сістэмнага плана рашэння больш агульнай праблемы. Барацьба з кампаніямі, накіраванымі супраць прасоўвання дэмакратыі, патрабуе тонкага, дыпламатычнага падыходу. Калі ў адных абставінах вынікаў можна дамагчыся публічнымі заявамі ці даючы жорсткі адпор, дык у іншых выпадках такая лінія толькі падбухторыць нацыяналістычныя настроі і акажацца контрпрадукцыйнай. Адказныя асобы ў ЗША павінны быць разважлівымі ў сваіх чаканнях, якія датычацца адпаведных дзеянняў замежных урадаў, а вырашыць, што менавіта з’яўляецца разумным, не заўсёды лёгка. Дэмакратычную палітычную практыку рэгулююць адносна выразныя міжнародныя нормы, зафіксаваныя ў цэлым шэрагу шматбаковых і рэгіянальных пагадненняў. Але няма ўсталяванага зводу нормаў, што датычаць прымальных формаў удзелу ў працэсе дэмакратызацыі за мяжой. На самай справе розніца паміж разумнымі і неразумнымі абмежаваннямі на замежную палітычную дапамогу застаецца надзвычай невыразнай. Просты ціск на іншыя ўрады з тым, каб вымусіць іх кіравацца амерыканскімі ці іншымі заходнімі стандартамі, не прынясе чаканага плёну. Рамкі наяўных агульных стандартаў, як правіла, занадта вузкія, каб заходнія праваднікі дэмакратыі маглі ўплываць на замежныя ўрады ў той меры, у якой яны імкнуцца. Ці заахвочваў бы Вашынгтон прысутнасць на амерыканскіх выбарах замежных арганізацый (асабліва тых, што фінансуюцца ўплывовым, магчыма, варожым урадам), якія забяспечваюць і падтрымліваюць правядзенне кампаній дзеля адукацыі выбаршчыкаў? Ці вітаў бы ён аказанне матэрыяльнай дапамогі амерыканскім палітычным партыям і навучанне іх членаў, паралельны падлік галасоў і дадатковыя намаганні для мабілізацыі сваіх грамадзянаў? Каб пазбегнуць абвінавачанняў за ўжыванне гэтага двайнога стандарту, амерыканцам варта падкрэсліваць два моманты (і шчыра верыць у іх). Па-першае, яны павінны ўказваць на тое, што пашырэнне дэмакратыі – справа не толькі Злучаных Штатаў, як гэта пастаянна падкрэслівае прэзідэнт Буш. У супольнасць актыўных змагароў за дэмакратыю ўваходзяць, поруч з міжнароднымі аб’яднаннямі, многія дзяржавы сталай дэмакратыі. Амерыканскія арганізацыі звычайна працуюць поплеч ці сумесна з еўрапейскімі і міжнароднымі, такімі, як АБСЕ і Праграма развіцця ААН. Па-другое, яны павінны падкрэсліваць, што сутнасць настойлівага садзейнічання дэмакратыі заключаецца ў тым, каб дапамагаць (ці ствараць стымул) урадам, якія парушаюць дэмакратычныя нормы, прытрымлівацца іх, а не ў тым, каб фармаваць у краіне ўмовы, якія дазваляюць іншай дзяржаве кантраляваць палітычныя працэсы, што адбываюцца ў гэтай краіне. Але незалежна ад таго, наколькі паспяхова праваднікі дэмакратыі адстойваюць сваю рацыю, шмат хто ў краінах – аб’ектах дапамогі будзе сумнявацца ў легітымнасці іх дзеянняў. Тыя, хто заняты прасоўваннем дэмакратыі, магчыма, лічаць, што парушэнне дэмакратычных прынцыпаў абмяжоўвае права краіны спасылацца на свой суверэнітэт, з тым каб перашкодзіць знадворнаму ўздзеянню. Не выключана, што такая ідэя заваёўвае папулярнасць у краінах сталай дэмакратыі. Аднак яна наўрад ці атрымае шырокую падтрымку ў краінах, што сталі на шлях развіцця, і посткамуністычных, дзе суверэнітэт дбайна абараняецца ўрадамі ўсіх палітычных масцей. Такім чынам, заходнія абаронцы дэмакратыі стаяць перад цяжкім выбарам, які ім яшчэ належыць сфармуляваць ці адкрыта абмеркаваць. Ці варта ім і надалей праводзіць мэтанакіраваныя мудрагелістыя кампаніі для падтрымкі апазіцыі дэспатычным правіцелям іншых дзяржаў? Альбо яны павінны стрымаць імпэт, каб не выклікаць рэакцыю ў адказ, здольную прывесці да таго, што іх дзейнасць акажацца цалкам заблакаванай ва ўсё большай колькасці краін? Пытанне зводзіцца да таго, як найлепшым чынам забяспечыць максімальна шырокі ахоп і эфектыўнасць садзейнічання.
ВЯРТАННЕ ДА СВЯТЛАМагчымасці адміністрацыі Буша зменшыць шырокую нездаволенасць канцэпцыяй прасоўвання дэмакратыі вельмі абмежаваныя. Цесна асацыяваць гэтую ідэю з амерыканскай інтэрвенцыяй людзі будуць аж да канца прэзідэнцкага тэрміну Джорджа Буша. Больш таго, нават калі ў найбліжэйшыя некалькі гадоў у Іраку ўсталюецца адносна стабільны, мірны і дэмакратычны рэжым, Вашынгтону не варта спадзявацца, што гэта зменіць глыбока ўкарэненае ўяўленне пра нелегітымнасць і непажаданасць ужывання сілы ў мэтах распаўсюджвання дэмакратыі. Бушава каманда і большая частка міжнароднай супольнасці прынцыпова разышліся ў думках па гэтым пытанні, і гэтае разыходжанне будзе і надалей аказваць сур’ёзнае адмоўнае ўздзеянне на стаўленне многіх людзей да прэзідэнцкай «праграмы развіцця свабоды».Прэзідэнт Буш, аднак, можа вярнуць у вядомай ступені давер да сябе, калі прадэманструе, што для яго распаўсюджванне дэмакратыі сапраўды справа прынцыпу, а не проста зручны сродак апраўдаць ужыванне супраць недружалюбных урадаў ваеннай сілы ці іншай тактыкі змены рэжыму. Гэта не азначае, што трэба засяродзіцца выключна на высокіх ідэалах і ігнараваць практычныя інтарэсы. Але неабходна хоць бы нейкая крыха паслядоўнасці ў дзеяннях. У сваёй другой інаўгурацыйнай прамове Буш, здаецца, прызнаў гэта, абвясціўшы пра намер адмовіцца ад няўдалай практыкі падтрымкі аўтакратычных рэжымаў, якія служылі інтарэсам ЗША ў сферы эканомікі і бяспекі. Заявіўшы, што рэпрэсіўнае грамадства спараджае экстрэмізм, здольны ператварыцца ў антызаходні тэрарызм, ён паабяцаў адстойваць свабоду ўсюды. Але пакуль Буш гэтага абяцання не выканаў. З нагоды сітуацыі ў найбольш значных краінах – Расіі, Кітаі, Пакістане і Саудаўскай Аравіі – адміністрацыя рабіла даволі мяккія (у найлепшым выпадку) заявы пра неабходнасць правядзення там палітычных рэформаў. Адначасова Белы дом працягваў па-старому весці справы ў гэтых краінах. Тое самае можна сказаць пра адносіны ЗША з Егіптам, Казахстанам і Азербайджанам. На адбытых там мінулай восенню выбарах балатаваліся праамерыканскія палітыкі-аўтакраты (Хосні Мубарак і Нурсултан Назарбаеў на прэзідэнцкіх выбарах у Егіпце і Казахстане адпаведна, партыя Ільхама Аліева на парламенцкіх у Азербайджане). Да гонару Бушавай адміністрацыі, яна дала зразумець усім тром, што пажадана правядзенне свабодных і сумленных выбараў. Але ўрэшце і егіпецкі, і казахстанскі, і азербайджанскі лідэры разыгралі тыповую партыю дружалюбных тыранаў, якія зведваюць нязначны ціск з боку амерыканцаў, нездаволеных іхнімі недэмакратычнымі паводзінамі. Усе трое пайшлі на некалькі сціплых пазітыўных зменаў у самым пачатку выбарчага працэсу, але затым – на апошнім, вырашальным этапе выбараў – нанеслі скрышальны ўдар па апазіцыйных групах, падраблялі бюлетэні і рабілі іншыя захады для забеспячэння сваёй безумоўнай перамогі. Сутыкнуўшыся з такой тактыкай, Бушава адміністрацыя таксама вярнулася да старога сцэнара: залішне расхвальвала нязначныя поспехі і прымяншала буйныя паразы. З тых часоў амерыканскія дзеячы рэдка згадваюць пра тыя падзеі публічна. Здаецца, што ўсім тром прэзідэнтам не давядзецца плаціць колькі-небудзь значную цану за свае паводзіны, якія супярэчылі дэмакратычным прынцыпам. Вядома, нерэальна чакаць, што ўсе крокі Вашынгтона на шляху прасоўвання дэмакратыі будуць абсалютна паслядоўныя. Але прэзідэнт Буш, які, рызыкуючы сваёй рэпутацыяй, заявіў, што барацьба з тэрарызмам патрабуе адмаўлення ад выгадных сувязяў з дружалюбнымі тыранамі, павінен зрабіць нешта, каб выканаць сваё абяцанне. Відавочна, што рэзкае згортванне адносін з важнымі для ЗША ўрадамі немагчымае і непажаданае. Але калі амерыканскае кіраўніцтва амаль ніяк не рэагуе на фальсіфікацыю вынікаў галасавання, гэта толькі падмацоўвае пашыранае меркаванне пра яго крывадушнасць. Бушава адміністрацыя магла б умацаваць свой статус дэмакратычнай дзяржавы, навёўшы парадак ва ўласных справах. У гэтым плане нанесены ўрон таксама наўрад ці будзе адноўлены ў найбліжэйшы час: такія дзеянні, як катаванні затрыманых іракцаў амерыканскімі салдатамі, не сатруцца з памяці замежных наглядальнікаў. Але адміністрацыя можа і павінна выправіць становішча. Якія захады ў бок карэкцыі варта зрабіць – досыць відавочна. Гэта шэраг мераў, пачынаючы з канчатковай адмовы ад жорсткага абыходжання са зняволенымі і затрыманымі ў турмах за межамі ЗША і канчаючы раскрыццём інфармацыі пра сакрэтныя месцы зняволення, пра выдачу людзей замежным дзяржавам, пра незаконныя выкраданні і несанкцыянаваныя праслухоўванні на тэрыторыі ЗША. Кожная краіна, сутыкнуўшыся з пагрозай тэрарызму, імкнецца знайсці адпаведны баланс паміж бяспекай і павагай да грамадзянскіх свабод. Але калі Бушава адміністрацыя не ліквідуе яўнай супярэчнасці паміж уласнай упартай схільнасцю да парушэння правоў асобы дзеля барацьбы з тэрарызмам і спробамі ўнушыць іншым краінам, што свабода – гэта проціяддзе ад тэрарызму, то яе праграма пашырэння дэмакратыі так і застанецца на хісткім падмурку. А антыдэмакратычнае супраціўленне будзе тым часам нарастаць.
З англійскай пераклаў Сяргей Петрыкевіч |
дырэктар праекту «Дэмакратыя і вяршэнства права» ў Фондзе Карнэгі за міжнародны мір. Яго апошняя кніга – «Прасоўваньне законнасьці за мяжой: у пошуку веды» (Promoting the Rule of Law Abroad: In Search of Knowledge. – Washington, DC: Carnegie Endowment for International Peace, 2006). Гэты артыкул апублікаваны ў часопісе «Foreign Affairs», № 2 (сакавік–красавік) за 2006 год. © Council on Foreign Relations Inc. Артыкул друкуецца з ласкавай згоды аўтара і выданьня. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 7-8 (47-48) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |