A R C H E | П а ч а т а к | № 7-8 (47-48) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
МІЛАН ОТАГАЛ | ||||
Праграмная арыентацыя дысыдэнцтва 1969-1989 гадоў
Пераломным момантам у разьвіцьці камуністычнай сыстэмы ў Чэхаславакіі быў 1968 год, калі адбылася спроба структурнай рэформы сацыялізму савецкага тыпу. Скончылася яна беспасьпяхова. Пасьля ўмяшаньня войскаў пяці краінаў Варшаўскай дамовы 21 жніўня 1968 году надыходзіць новы этап т. зв. нармалізацыі, альбо рэальнага сацыялізму. Зьмянілася становішча ўсіх сілаў грамадзтва. Камуністычная партыя Чэхаславакіі зноў пераўтварылася ў бюракратычна-цэнтралістычную арганізацыю, якая зрабілася паслухмяным інструмэнтам Масквы. «Інструкцыя аб крызавым разьвіцьці партыі і грамадзтва», прынятая пасьля XIII зьезду, абвясьціла контрарэвалюцыйным ня толькі працэс адраджэньня, але і кожную будучую спробу рэформы сацыялізму. У адрозьненьне ад камуністычных партыяў Польшчы й Вугоршчыны, Кампартыя Чэхаславакіі, такім чынам, была няздольная рэагаваць на разьвіцьцё, асабліва пасьля прыходу Міхаіла Гарбачова. Не магла яна зрабіцца партнэрам і астатніх сілаў грамадзтва ў пераадоленьні крызы савецкай сыстэмы. Насельніцтва пасьля акупацыі ўпала ў дэпрэсію і пачало страчваць веру ў сацыялізм наагул. Пасьля брутальнага задушэньня дэманстрацыі 21 жніўня 1969 году яно надоўга перастала граць ролю грамадзкага суб’екту. Зьмянілася і становішча апазыцыйных сілаў. Новае кіраўніцтва КПЧ на чале з Густавам Гусакам засяродзіла свае высілкі на тым, каб адхіліць ад улады і ўвогуле выключыць з грамадзкага жыцьця рэфарматараў і ўсіх тых, хто падтрымліваў працэс адраджэньня. Гэта рабілася з дапамогай так званых «праверак», падчас якіх з КПЧ было выгнана каля паўмільёна чальцоў, якія былі пакараныя і матэрыяльна. Так узьнік шматлікі пласт грамадзянаў, якія ня мелі роўных правоў з астатнімі. Напрыклад, іхныя дзеці не маглі вучыцца ці займаць пэўныя пасады, іхныя заробкі не павінныя былі перавышаць пэўную суму. Гэтая «партыя выгнаньнікаў» зрабілася патэнцыялам паўсталай апазыцыі, якая ў тых умовах магла дзейнічаць толькі нелегальна. З улікам пасіўнасьці грамадзянаў і адсутнасьці ў іх інтарэсу да грамадзкіх справаў, страху перад магчымым перасьледам і ў цэлым спрыяльнай сацыяльнай сытуацыі, у нас ня ўзьнік дый ня мог узьнікнуць масавы апазыцыйны рух. Апазыцыя была, такім чынам, у значнай ступені ізаляваная ад грамадзтва і засяродзілася перадусім на праграмнай сфэры.
Адной зь першых супраць надыходу нармалізацыі публічна выступіла група чальцоў КПЧ (напрыклад, Ян Тэсарж, Любамір Когаўт, Карал Кінцл) і беспартыйных (напрыклад, Вацлаў Гавал, Рудольф Батцек), якая 21 жніўня 1969 году выдала адозву, названую «Дзесяць пунктаў». Хоць аўтары дакумэнту і дыстанцыяваліся ад савецкай сыстэмы, але зусім не ад сацыялізму. Яны падтрымалі «Праграму дзеяньняў» і працэс адраджэньня, які лічылі сур’ёзнай спробай спалучэньня сацыялізму і дэмакратыі. Але яны не прызнавалі вядучай ролі КПЧ – яе становішча ў грамадзтве не павінна было забясьпечвацца законам, а давер грамадзянаў партыя мусіла атрымаць праз сваю дзейнасьць. Аўтары выказалі асьцярогу, што зноў, як і ў 1950-я гады, будзе парушацца законнасьць, таму яны лічылі важнай задачай забесьпячэньне правоў чалавека і грамадзяніна. Паспрыяць гэтаму мусіла ратыфікацыя міжнародных пактаў аб грамадзянскіх, эканамічных і культурных правох. Акцэнт на гэтых правох зьяўляецца ўласным унёскам і заслугай гэтай пэтыцыі. Аўтары задумаліся і над пытаньнем, што рабіць у гэтай сытуацыі. Яны дыстанцыяваліся ад нелегальных мэтадаў барацьбы і падкрэсьлілі, што іх праграмай ня ёсьць адмаўленьне. Паколькі яны прыйшлі да высновы, што ў наяўных абставінах ня могуць дзейнічаць публічна, то заклікалі грамадзянаў, каб яны засяродзіліся на тых праблемах, на вырашэньне якіх яны маглі паўплываць, але якія тычыліся перадусім сфэры асабістага жыцьця. «І пры палітычнай несвабодзе, – пісалі яны, – разьвіты народ можа абараняцца тым, што практычнымі ўчынкамі непалітычнага характару будзе прасоўваць свой стыль жыцьця, сваю жыцьцёвую філязофію, свой характар»1. Яны маглі, напрыклад, паляпшаць сваё жытло, памнажаць і культываваць свае захапленьні і г. д. У гэтай канцэпцыі мы знаходзім некаторыя зародкі непалітычнай палітыкі, якая характарызавала дзейнасьць пэўнае часткі дысыдэнцтва ў пазьнейшы пэрыяд. Камуністычныя функцыянэры лічылі гэты выступ праявай свабоднае волі, чаго ў час аднаўленьня рэжыму не маглі стрываць. У дачыненьні да аўтараў былі прынятыя жорсткія захады. Лудзек Пахман, Ян Тэсарж і Рудольф Батцек былі арыштаваныя, але да суду справа не дайшла, і празь дзесяць месяцаў іх адпусьцілі. |
(Milan Otáhal) — доктар філязофіі, працуе ў Інстытуце найноўшай гісторыі АН Чэскай Рэспублікі. |
У адрозьненьне ад гэтай адозвы, якая была выдадзеная адзіночкамі і адрасаваная заканадаўчым і партыйным органам, у апазыцыйным руху, які ўзьнікаў, дзейнічалі арганізаваныя групы, якія не прызнавалі новага кіраўніцтва партыі, і адрасатам іх праграмных адозваў былі самі грамадзяне. Гэтыя групы маглі дзейнічаць і дзейнічалі толькі нелегальна. Да першых належаў Рух рэвалюцыйнае моладзі (часам яго называюць таксама Рэвалюцыйнай сацыялістычнай партыяй Чэхаславакіі), створаны пад кіраўніцтвам Пэтра Ула студэнтамі філязофскага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту Янам Фролікам, Эганам Ч’ерным, Пэтрушкай Шустравай ды іншымі. Гэты рух узьнік пад уплывам няўдалае студэнцкае забастоўкі ў лістападзе 1968 году. Спачатку ён дзейнічаў легальна, але паступова сышоў у падпольле. На праграму руху моцна паўплывалі «новыя левыя» на Захадзе і трацкізм. Яго ўдзельнікі лічылі цэнтралістычнай, бюракратычнай і аўтарытарнай ня толькі сталінскую сыстэму, але і працэс адраджэньня, пры якім улада была ў руках сілавога бюракратычнага цэнтру, якім зьяўлялася Камуністычная партыя. Таму на парадку дня мусіла быць антыбюракратычная рэвалюцыя, мэтай якой было адабраць у бюракратыі яе палітычную і эканамічную ўладу і такім чынам зьнішчыць яе як сацыяльную клясу. Адначасова мусілі быць скасаваныя апоры ейнай улады, г. зн. дзяржаўны апарат, Народная міліцыя, Дзяржбясьпека, армія, і ўведзенае ўсеагульнае ўзбраеньне народу. Новая сыстэма павінна была грунтавацца на прынцыпе самакіраваньня. Органамі ўлады мусілі зрабіцца рады працаўнікоў – прычым як на працоўных месцах, так і ў населеных пунктах. Паводле меркаваньня ўдзельнікаў руху, антыбюракратычная рэвалюцыя не магла прайсьці ў Чэхаславакіі ізалявана, яна мусіла закрануць увесь савецкі блёк і суправаджацца антыімпэрыялістычнай барацьбой на Захадзе і рэвалюцыйнай барацьбой у краінах трэцяга сьвету. Вырашальную ролю ў гэтай барацьбе мела адыграць працоўная кляса, але важным складнікам рэвалюцыйнага руху павінныя былі таксама зрабіцца студэнты й моладзь. Значэньне Руху рэвалюцыйнае моладзі не ў ягонай праграме, якая і ў 1968 годзе не зьвярнулася да грамадзянаў, а ў тым, што ён адмаўляў пасіўнае стаўленьне да грамадзкага жыцьця і не жадаў адступацца ад права ўплываць на грамадзкія падзеі. Удзельнікі Руху актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку дэманстрацыі 21 жніўня 1969 году, падрыхтавалі няўдалую забастоўку супраць арыштаў палітычных апанэнтаў рэжыму. Сваёй дзейнасьцю яны даказалі, што толькі актыўны адпор можа запаволіць рэалізацыю т. зв. нармалізацыі. Гэта ж было і галоўнай прычынай, зь якой улада прыняла захады ў дачыненьні да гэтай арганізацыі. У сьнежні 1969 году яе ўдзельнікі былі арыштаваныя, а іх працэс быў першым палітычным парцэсам у Чэхаславакіі пасьля прыходу Густава Гусака. Гэтаму адпавядала і пакараньне: Пэтар Ул быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі. Адным са складнікаў апазыцыйнага руху, які знаходзіўся ў стадыі фармаваньня, была група былых сяброў Чэхаславацкай сацыялістычнай партыі ў Брне. Яны выступалі пад назвай Чэхаславацкага руху за дэмакратычны сацыялізм. Ягонымі прадстаўнікамі былі, апроч астатніх, Мілан Шылган, Яраслаў Мэзьнік, Пэтар Вурм. Другі кірунак рэпрэзэнтавалі экс-камуністы, якія былі самай шматлікай часткай апазыцыі, аднак ня мелі адзінага меркаваньня наконт таго, як рэагаваць на наяўную сытуацыю. Галоўную пазыцыю сярод іх заняў Сацыялістычны рух чэхаславацкіх грамадзянаў, рэпрэзэнтаваны Яраславам Шабатам, Міланам Гюблам і Янам Тэсаржам. Абодва гэтыя кірункі прымыкалі да сацыялізму, але разумелі яго па-рознаму. Брненская група сфармулявала сваё ўяўленьне ў «Малой праграме дзеяньняў Чэхаславацкага руху за дэмакратычны сацыялізм», якая ўзьнікла ў сярэдзіне 1970-х гадоў. Сацыялізм яны разумелі нетрадыцыйна: як пэрманэнтнае імкненьне ўпарадкаваць грамадзкае жыцьцё такім чынам, каб стварыць аптымальную прастору для найпаўнейшага разьвіцьця асобы. Яны выказваліся за дэмакратыю ня толькі ў палітычнай, але і ў эканамічнай сфэры. Пагадзіліся з нацыяналізацыяй, але трымаліся прынцыпаў сумеснага прыняцьця рашэньняў і самакіраваньня на дзяржаўных прадпрыемствах. Дзяржава мусіла гарантаваць роўнасьць умоваў для ўсіх і сацыяльную абарону грамадзянаў. Яны таксама лічылі важным забесьпячэньне правоў і свабодаў грамадзянаў. І экс-камуністы сфармулявалі свае ўяўленьні ў «Малой праграме дзеяньняў». У ёй яны далучыліся да працэсу адраджэньня, у якім пачаў спраўджвацца сэнс сацыялізму, г. зн. свабода і дэмакратыя. Пад сацыялізмам яны разумелі такую палітычную сыстэму, пры якой усе будуць роўныя. Ён павінен грунтавацца на грамадзкім і прадпрымальніцкім самакіраваньні. Экс-камуністы таксама падкрэсьлівалі значэньне правоў чалавека і грамадзяніна, якія лічылі неад’емнай часткай сацыялізму.
|
1 PECKA, J. – PREČAN, V. (eds.): Proměny pražského jara: Sborník studií a dokumentů o nekapitulatských postopjích v československé společnosti 1968–1969. |
Прадстаўнікі абодвух гэтых кірункаў усьведамлялі, што для рэалізацыі праграмы неабходна стварыць сілу, якая б магла зрынуць рэжым нармалізацыі. Брненскія сацыялісты прыйшлі да высновы, што яго нельга перамагчы традыцыйнымі арганізацыйнымі структурамі, якімі былі палітычныя партыі. Гэта значыць, яны выключалі дасягненьне ўсенароднага адзінства – галоўнай умовы рэвалюцыйнага выступу, якую павінен быў увасабляць ідэалягічна і арганізацыйна нетрадыцыйны рух, так званы авангард, які б аб’яднаў «усе эмансыпаваныя прагрэсіўныя сілы, зацікаўленыя ў такім цесным супрацоўніцтве»2. У пляне палітычнай арыентацыі гэтыя групы павінныя былі спалучаць агульную сыстэму каштоўнасьцяў і актуальную праграму ў агульных рысах. Авангард ня мог быць часткай рэжыму, бо ягонай задачай было мэтанакіравана працаваць на падзеньне рэжыму. Для экс-камуністаў асноўным пытаньнем таксама было стварэньне сілы, якая б магла зрынуць рэжым Гусака. Вырашальным у той пэрыяд было запаўненьне тае пустэчы, якая ўзьнікла пасьля распаду пасьлястудзеньскага руху, новай арганізацыйнай структурай, створанай патэнцыйным «авангардам апазыцыі», якая, на іх думку, улучала дзясяткі тысячаў грамадзянаў, якія хоць і маглі быць сацыяльнай базай руху, але не маглі ім кіраваць. Гэтую ролю мусіў узяць на сябе «авангард авангарду», гэта значыць нейкая галоўная група, што магло нагадваць ролю камуністычнае партыі, хаця ад прынцыпу вядучае ролі яны адмовіліся. І для экс-камуністаў асновай руху мусілі быць сацыялістычныя групы, але нават яны не выключалі магчымасьці супрацоўніцтва з інакш арыентаванымі. Акрамя таго, галоўнай сілай рэвалюцыйных пераменаў мусіла быць «маса прамысловых вытворцаў», і таму апазыцыйны рух павінен быў абараняць перадусім правы рабочых, г. зн. змагацца супраць зьніжэньня заробкаў і за прафсаюзную дэмакратыю, засяродзіцца на заснаваньні дэмакратычных органаў у форме радаў працаўнікоў і прасоўваць эканамічную рэформу3. Значэньне гэтага маніфэсту ў тым, што ён сфармуляваў стратэгію і тактыку сацыялістычнага руху, а таксама падкрэсьліў ды вызначыў канкрэтныя патрабаваньні, якія адпавядалі інтарэсам рабочых. На «Малую праграму дзеяньняў Чэхаславацкага руху за дэмакратычны сацыялізм» адрэагавалі і астатнія групы экс-камуністаў. Частка зь іх адхіліла думку аб арганізаваным апазыцыйным руху і меркавала, што барацьба за аднаўленьне сацыялізму, з улікам міжнародных умоваў, будзе пасьпяховая ізноў у межах камуністычнай партыі, як гэта ўжо здарылася ў 1968 годзе. Другі кірунак лічыў сытуацыю зь міжнароднага пункту гледжаньня недастаткова сьпелай для стварэньня ўласнага апазыцыйнага руху, бо ён мог бы быць лёгка задушаны ўладай. Яго прадстаўнікі раілі дачакацца больш спрыяльнае сытуацыі і галоўнае – зьменаў у Савецкім Саюзе як вырашальнага чыньніку для разьвіцьця Чэхаславакіі. Трэці кірунак таксама прытрымліваўся меркаваньня, што для палітычнае барацьбы ўнутры партыі няма ўмоваў, але выказваўся за заснаваньне арганізаванага апазыцыйнага руху дзеля націску на Гусакаў урад. Пазьней прыхільнікі гэтае лініі ва ўлётцы «Зварот да марксістаў Чэхаславакіі» прапанавалі заснаваць Саюз камуністаў Чэхаславакіі. Апошнім праграмным дакумэнтам экс-камуністаў ажно да ўзьнікненьня «Адраджэньня» была «Заява Сацыялістычнага руху чэхаславацкіх грамадзянаў да 21 жніўня 1973 году», якая была выдадзеная ў той час, калі галоўныя экс-камуністы знаходзіліся ў зьняволеньні. Па сутнасьці, яна заснаваная на тых самых прынцыпах, што і папярэднія дакумэнты. Ейныя аўтары хацелі далучыцца да працэсу адраджэньня, аднак гэтая заява адлюстроўвае зьмены ў суадносінах, якія адбыліся ў 1971–1973 гадах. Аўтары «Заявы» адзначалі, што ўнутрыпалітычная сытуацыя пагоршылася і ўяўляе сабой «змрочны вобраз грамадзтва маўклівых, абыякавых людзей, запалоханых пыхаю ўлады...». На падставе гэтага аналізу аўтары выказаліся супраць максымалісцкіх патрабаваньняў і за асобнае вырашэньне праблемаў, якое, канечне ж, павінна быць сродкам паляпшэньня ўзаемаразуменьня і разуменьня праблемаў іншых. Важнай задачай, акрамя таго, яны лічылі тое, каб грамадзяне, пацярпелыя падчас чыстак, атрымалі роўныя правы з астатнімі, каб яны маглі вярнуцца на ранейшыя месцы працы, а таксама да палітычнага і культурнага жыцьця4. |
2 Malý akční program Československého hnutí za demokratický socialismus. In: Soudobé dějiny, 3 Archiv ÚSD AV ČR, sbírka Vl. Tesařová. Malý akční program Socialistického hnutí československých občanů. |
Наколькі вядома, не існуе палітычных праграмаў, распрацаваных несацыялістычнымі групамі. Галоўнымі ініцыятарамі, а адначасова й носьбітамі супраціву нармалізацыйнаму рэжыму на гэтым этапе былі сацыялісты і асабліва экс-камуністы. Аднак іхныя праграмы, сутнасьцю якіх быў сацыялізм з элемэнтамі самакіраваньня, не адпавядалі тагачаснай сытуацыі. Хаця прадстаўнікі апазыцыі справядліва ўсьведамлялі, што для прасоўваньня праграмы трэба стварыць масавы рух, але нават гэта не было ў той час рэальным. Пасьля паразы ў працэсе адраджэньня людзі не хацелі змагацца ані за сацыялізм, ані супраць нармалізацыйнага рэжыму. Зрэшты, гэта даказаў правал адзінае сумеснае акцыі гэтых нелегальных групаў, прымеркаванае да выбараў восеньню 1971 году. Дзесяцітысячным накладам яны выдалі і распаўсюдзілі ўлётку з назваю «Заклік», у якой прасілі, каб людзі не ішлі на выбары, бо закон гэта дазваляе. Але масавы ўдзел у выбарах пацьвердзіў, што грамадзяне зьмірыліся з нармалізацыйным рэжымам.
Характэрным для гэтае апазыцыі было тое, што яна мела палітычны характар, мэтай якога было, адпаведна, зьняцьцё Гусакавага кіраўніцтва пры дапамозе стварэньня масавага рэвалюцыйнага руху. Гэта адрозьнівала яе ад апазыцыйнага руху, рэпрэзэнтаванага Хартыяй-77. Існаваньне апазыцыйнага руху пагражала рэалізацыі палітыкі аднаўленьня парадку. Аднак Гусакаў урад ня мог задушыць яго палітычнымі сродкамі, а таму скарыстаўся сілавымі. Большасьць апазыцыянэраў пры канцы 1971-га і на пачатку 1972 году была арыштаваная, а ўлетку таго ж году падчас палітычных працэсаў было асуджана 47 чалавек агулам на 118 гадоў зьняволеньня. Апазыцыя, сацыяльнай асновай якой былі экс-камуністы, такім чынам, была ліквідаваная, і гэта мела велізарныя наступствы для яе далейшага разьвіцьця. Пасьля аднаўленьня «парадку», як назваў першую фазу т. зв. нармалізацыі Мілан Шымэчка, надыходзіць этап пэўнае стабілізацыі рэжыму. Рэпрэсіі перасталі граць галоўную ролю ў стаўленьні Гусакавага ўраду да грамадзянаў, іх замяніла арыентацыя на грамадзтва спажыўцоў. У т. зв. грамадзянскай дамове рэжым патрабаваў, каб насельніцтва адмовілася ад удзелу ў грамадзкім жыцьці, а замест таго яму давалася прастора для самарэалізацыі ў прыватнай сфэры. Вынікам гэтага была пераацэнка каштоўнасьцяў у грамадзтве, якое адмовілася ад дэмакратыі, грамадзянскіх і чалавечых правоў, і засяродзілася на матэрыяльных каштоўнасьцях, на атрыманьне якіх яно выдаткоўвала ўсю сваю энэргію. Дзяржава была тады здольная гэтыя патрабаваньні задаволіць, даць насельніцтву сацыяльныя гарантыі і пэўны ўзровень жыцьця, які хоць і быў ніжэйшы, чым у заходніх краінах, але ў межах савецкага лягеру належаў да найвышэйшых. Адпор рэжыму мог пагражаць рэалізацыі інтарэсаў насельніцтва, таму яно не жадала падтрымліваць сілы, якія не хацелі мірыцца з такім станам. Разьвіцьцю апазыцыйнага руху не спрыяла ні атмасфэра, якая ўзьнікла ў выніку палітыкі Гусакавага ўраду, ні міжнародная сытуацыя, бо надышоў пэрыяд dйtente (паслабленьня міжнароднага напружаньня), калі абедзьве супэрдзяржавы пачалі абмяркоўваць асноўныя праблемы, і вынікі гэтага абмеркаваньня былі падведзеныя ў «Заключным пакце» на канфэрэнцыі ў Хэльсынкі. У такіх умовах зьмяніўся характар фармаваньня апазыцыі. Адбылася і зьмена паняцьцяў: апазыцыйны рух таго часу мы называем дысыдэнцтвам. Ягонай асновай ізноў зрабіліся пацярпелыя ад уціску грамадзяне, аднак экс-камуністы страцілі сваю вядучую ролю. Гэтаму паспрыяла і тое, што шэраг іх прадстаўнікоў знаходзіўся ў турме. Тым ня менш, яны захавалі пэўную незалежнасьць і былі, зрэшты, найлепей арганізаваныя, рэгулярна сустракаліся і абмяркоўвалі становішча і магчымыя варыянты выйсьця зь яго. Пэўную пустэчу, якая ўзьнікла пасьля зьнішчэньня апазыцыйнага руху першае фазы т. зв. нармалізацыі, пачалі запаўняць інтэлектуалы, якія найбольш пацярпелі ад нармалізацыйнага рэжыму. Сваё незадавальненьне яны выказвалі публічна, галоўным чынам у індывідуальных ці групавых лістах, скіраваных супраць карных захадаў, напрыклад супраць намеру рэжыму пазбавіць акадэмічных тытулаў выключна камуністаў. Адной з досыць буйных акцыяў быў ліст апазыцыйных інтэлектуалаў, які побач з экс-камуністамі падпісалі таксама Ян Патачка і Вацлаў Гавал. У ім яны патрабавалі публічнай дыскусіі аб кнізе Здэнька Млынаржа «Чэхаславацкая спроба рэформы». Гэтыя акцыі мелі абарончы, а не праграмны характар. Адначасова фармаваліся апазыцыйныя групкі на прафэсійнай глебе. У іх зьбіраліся пісьменьнікі, эканамісты, сацыёлягі, гісторыкі. Яны пачалі выдаваць часопісы, у якіх друкавалі вынікі сваёй прафэсійнае дзейнасьці і такім чынам захоўвалі пэўную пераемнасьць з 1960-мі гадамі, асабліва ў грамадзкіх навуках. Гэтая дзейнасьць – і пісаньне адкрытых лістоў, і самвыдат – таксама зандавала, куды можна рухацца, што рэжым згодны трываць. Сярод інтэлектуалаў, якія не былі сябрамі КПЧ і не ўтваралі арганізаванай групы, як экс-камуністы, вядучае месца пачаў займаць Вацлаў Гавал. Ягоны «Адкрыты ліст Густаву Гусаку», напісаны ў 1975 годзе, быў першай спробай аналізу нармалізацыйнага рэжыму. Гавал лічыў, што галоўнай прычынай, зь якой людзі прыстасаваліся да жыцьця ў рэальным сацыялізьме, быў страх за сваё існаваньне. Вонкавая кансалідацыя рэжыму была, такім чынам, дасягнутая толькі за кошт духоўнай і маральнай крызы грамадзтва. Аднак страх быў толькі адным з чыньнікаў, які фармаваў стаўленьне насельніцтва да нармалізацыйнага рэжыму. Матывацыя пераважнага стаўленьня грамадзянаў да рэжыму была, як напісаў Мілан Шымэчка, «дадзеная іх быцьцёвым улучэньнем у сыстэму, іх эканамічнай, а ўласна, і агульначалавечай залежнасьцю ад татальнае ўсёмагутнасьці дзяржавы рэальнага сацыялізму»5. |
4 Prohlášení. In: Listy, č. 5–6 (listopad 1978), s. 58–60. |
Складнікам апазыцыйнага руху зрабіўся андэграўнд, які са сваім памкненьнем да свабоднага выступу ў галіне альтэрнатыўнай культуры, асабліва музыкі, увайшоў у канфлікт з рэжымам. Ціск на яго даў штуршок для пэўнага зьяднаньня асобных апазыцыйных плыняў. Ужо ў 1973 годзе быў асуджаны тэарэтык гэтага руху Іван Марцін Іраўс, а ў працэсах у Плзэні ў 1975 годзе і ў Празе ў 1976 годзе перад судом паўсталі ўдзельнікі музычнага андэграўнду. Супраць іхнага перасьледу пратэставалі людзі, якія самі пацярпелі ад рэжыму і якія бачылі ў гэтых працэсах замах на свабоду ўвогуле. У калідорах суду сышліся людзі, розныя ў сваіх поглядах: дзеячы андэграўнду, экс-камуністы і інтэлектуалы лібэральна-дэмакратычнай арыентацыі – такім чынам, як сказаў Вацлаў Гавал, «там быў увесь духоўны падмурак Хартыі-77, зь якога Хартыя крыху пазьней і ўзьнікла»6.
Для зьяднаньня апазыцыі важнай перадумовай была такая праграма, зь якой пагадзіліся б асобныя групы. На яе паўплывалі звонку: у 1975 годзе прайшла хэльсынская канфэрэнцыя, якая прыняла «Заключны пакт». Адной зь яго частак быў т. зв. трэці кошык, які гарантаваў грамадзянскія і чалавечыя правы насельнікам усіх дзяржаваў, што яго падпісалі. Потым у 1976 годзе Чэхаславакія ратыфікавала пагадненьні ААН аб грамадзянскіх, эканамічных і сацыяльных правох. І менавіта гэтыя правы замест сацыялізму зрабіліся сумеснай праграмай, зь якой апазыцыя публічна выступіла ў студзені 1977 году, калі выдала «Дэклярацыю Хартыі-77». І хаця гэтае патрабаваньне было часткай праграмаў апазыцыі ў Польшчы, Савецкім Саюзе і пазьней у ГДР, Хартыя-77 у пэўным сэнсе ўяўляе сабой выключную зьяву ў Сярэдняй Эўропе. Гэта была рэакцыя на спэцыфічныя суадносіны ў Чэхаславакіі, дзе пасьля 1968 году ў выніку чыстак узьнікла вялікая група нераўнапраўных грамадзянаў, але ня ўзьнік масавы апазыцыйны рух, і дзе асновай і галоўнай сілай апазыцыі былі інтэлектуалы, якія ўносілі ў грамадзкае жыцьцё свае ўласныя ўяўленьні, якія, на іх думку, адпавядалі рэчаіснасьці і патрэбам грамадзтва. «Дэклярацыя Хартыі-77» аналізуе становішча ў захаваньні міжнародных пактаў аб грамадзянскіх і палітычных правах, але не надае ўвагі эканамічным і сацыяльным правам, якія тычыліся насельніцтва больш непасрэдна. Хартыя абвясьціла сябе вольнай, нефармальнай і адкрытай суполкай, яна ня мела статуту і арганізацыйнай структуры. Да яе належаў кожны, хто пагаджаўся зь яе Дэклярацыяй, браў удзел у яе працы і падтрымліваў яе. Сваіх мэтаў яна хацела дасягнуць праз дыялёг з уладай, пры гэтым і ня думала аб стварэньні масавага руху, які адзіны мог прымусіць камуністычны ўрад да дыялёгу. Хартыю-77 прынялі ня ўсе групы, незадаволеныя нармалізацыйным рэжымам. Для некаторых, асабліва для палітычных вязьняў, прычынай непрыняцьця была мінуўшчына асобных удзельнікаў – экс-камуністаў, якіх яны зьвязвалі зь перасьледам у 1950-я гады. Хартыю спачатку не прызналі каталікі, якія зьмянілі сваё меркаваньне, калі да яе пазытыўна паставіўся кардынал Францішак Томашак, і эвангелісты, чые прадстаўнікі баяліся, што Хартыя значна пагоршыць умовы для станоўчага ўзьдзеяньня царквы. Іх сымпатыі да Хартыі пачалі расьці толькі ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Ад пачатку існавала ідэйная апазыцыя Хартыі, прадстаўнікамі якой былі некаторыя некамуністычныя інтэлектуалы, асабліва з грамадзкіх навук, такія, як палітоляг Рудольф Кучара, філёзаф Здэнек Нойбаўэр, Алеш Гаўлічак і Пэтар Рэзэк і, перадусім, частка былых рэдактараў часопісу «Tvar». Іх галоўныя прэтэнзіі сфармуляваў Эмануэль Мандлер: «Найістотнейшае, чым мы папракалі Хартыю, была элітарнасьць. Пераадолець маральную крызу ў маштабе ўсяго грамадзтва не атрымаецца інакш, чым палітычна»7. Сур’ёзнай заганай Хартыі было тое, што яна ня выклікала водгуку ў Славакіі. Яна не заўважала спэцыфічных праблемаў славакаў, таму яе лічылі выключна чэскай справай. Іншай прычынай было тое, што славацкая апазыцыя была галоўным чынам зьвязаная з царкоўнымі коламі, якія захоўвалі дыстанцыю ў дачыненьні да Хартыі. |
5 ŠIMEČKA, M.: Obnovení pořádku: Příspěvek k typologii reálného socialismu. Köln 1979, s. 171. 6 HAVEL, V.: Proces. In: HAVEL, V.: O lidskou identitu: Úvahy, fejetony, protesty, polemiky, prohlášení a rozhovory z let 1969–1979. |
Прычынай, зь якой кіроўны цэнтар рэагаваў на Хартыю так гістэрычна, быў палітычны эфэкт «Дэклярацыі», якая патрабаваньнем чалавечых і грамадзянскіх правоў была скіраваная супраць самой сутнасьці таталітарнага рэжыму. На першым этапе ўлада разгарнула рэпрэсіі супраць тых, хто падпісаў «Дэклярацыю», каб зламаць іх рашучасьць і дамагчыся адрачэньня ад подпісу. Далейшым намерам было прымусіць грамадзянаў, каб яны публічна дыстанцыяваліся ад Хартыі і тым самым яе ізалявалі. Для камуністычных функцыянэраў былі асабліва важныя тыя пласты грамадзтва, якія мелі ўплыў на народ. Гэта былі галоўным чынам мастакі, акторы і музыкі, якія былі вымушаныя падпісаць т. зв. Антыхартыю, у якой адмежаваліся ад Хартыі-77 і выказаліся за пабудову сацыялізму.
Водгалас Хартыі-77 у грамадзтве быў малы, да лістапада 1989 году да яе далучылася каля дзьвюх тысячаў грамадзянаў. З аднаго боку, прычынай гэтага быў уціск падпісантаў – ім пагражала пакараньне ва ўсіх сфэрах жыцьця; з другога боку – сама канцэпцыя Хартыі. Яна ставіла перад грамадзянамі невырашальную дылему: ці жыць у праўдзе і тым самым паставіць пад пагрозу ня толькі сябе, але і сваю сям’ю і ўзяць на сябе рызыку магчымага арышту, альбо жыць у ілжы і спрычыніцца да «посьпехаў сацыялізму». Першы варыянт магла выбраць толькі малая групка грамадзянаў, пераважна інтэлектуалаў. Другую магчымасьць выбрала большасьць насельнікаў Чэхіі, бо яны залежалі ад рэжыму, хацелі, каб іх дзеці вучыліся, хацелі патрапіць на адпачынак у Баўгарыю, хацелі проста карыстацца тымі выгодамі, якія ім рэжым прапаноўваў. Хартыя, такім чынам, зрабілася закрытым згуртаваньнем маральна «чыстых» людзей, а дысыдэнцкі рух з уласнай віны апынуўся ў гета. Уладзе не ўдалося зламаць Хартыю, але, зь іншага боку, яна ня мусіла ўлічваць яе ў якасьці партнэра, бо Хартыя ня выклікала да жыцьця масавага грамадзкага руху, што было адзінай сілай, якую ўлада брала пад увагу. Разьюшаная рэакцыя ўлады, далейшае замоўчваньне Хартыі-77 і малы водгук у грамадзтве былі прычынай ідэйнага разьмежаваньня ўнутры гэтага руху. Адныя з вынікаў масавае кампаніі рабілі выснову, што Хартыі варта было б «прытармазіць» і дачакацца больш спрыяльных умоваў. Іншыя падкрэсьлівалі патрэбу зьмяніць Хартыю ў палітычны рух, які мусіць перайсьці да актыўных формаў і мэтадаў барацьбы. Гэтае канцэпцыі прытрымліваліся асабліва рэвалюцыйныя сацыялісты. Больш чым гадавое існаваньне Хартыі-77 дало стымул для падвядзеньня нейкіх вынікаў і адначасова для разважаньняў пра тое, што рабіць далей. Пабуджальнымі, але крытычнымі былі заўвагі Вацлава Бэнды, які на падставе аналізу сучаснага разьвіцьця прыйшоў да высновы, што Хартыя апынулася ў шызафрэнічнай сытуацыі. З «Дэклярацыі», на яго думку, вынікала, што хартысты ўсьведамлялі сапраўдную сутнасьць сыстэмы і палітычнае ўлады, аднак на практыцы дзейнічалі наадварот, быццам бы верылі, што зь ёй можна абмяркоўваць асноўныя патрабаваньні, нібыта яна магла выканаць тое, што абавязвалася. Таму Бэнда прапаноўваў ствараць незалежныя ад рэжыму ўстановы ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці. Гэтую канцэпцыю ён назваў «паралельны поліс». Пэтар Ул крытыкаваў сучасную сыстэму з рэвалюцыйна-сацыялістычных пазыцыяў як бюракратычную дыктатуру. На парадку дня, паводле ягоных уяўленьняў, была антыбюракратычная, гэта значыць палітычная, рэвалюцыя. Галоўную ролю ў ёй мусіў адыграць рэвалюцыйны авангард, які ў тагачасных абставінах павінен быў рэлізавацца ня ў якасьці рэвалюцыйнай партыі, а ў альтэрнатыўных суполках, незалежных ад дзяржавы, якія мусілі злучацца ў нацыянальным і міжнародным маштабах. Рашуча ўмяшаўся ў дыскусію Вацлаў Гавал са сваім эсэ «Сіла бясьсільных». Як і ў «Адкрытым лісьце», ён лічыў крызу экзыстэнцыйнай, а не палітычнай праблемай. Таму шляхам ягонага пераадоленьня мусіла стаць экзыстэнцыйная рэвалюцыя, мэта якой – маральнае адраджэньне і аднаўленьне тоеснасьці чалавека. Гавал недаацаніў значэньне палітыкі як ключавога інструмэнту грамадзкіх зьменаў і кіраваньня грамадзтвам, нават адмаўляўся зьвязваць уладу і палітыку, якую лічыў толькі інструмэнтам для прасоўваньня праўды. Аднак той, хто не цікавіцца ўладай, як падкрэсьліў Пэтар Фідэліюс, належыць не да палітыкі, а да амбону. Гавал таксама крытычна ставіўся да парлямэнцкае дэмакратыі і палітычных партыяў, іх мусілі замяніць новыя структуры, якія ўзьнікалі б ad hoc, здолу, як вынік аўтэнтычнай грамадзкай самаарганізацыі, як яе ўяўлялі дысыдэнцкія групы. Такі падыход складаў сутнасьць непалітычнай палітыкі. Канцэпцыя Гаўла была рэакцыяй інтэлектуала на т. зв. нармалізацыю. Яна не выходзіла з рэальнае сытуацыі, але была спробай абагульненьня досьведу й падыходаў часткі дысыдэнтаў, а не звычайных грамадзянаў. Таксама і з гэтай прычыны ад Хартыі-77 не вяла простая дарога да пераадоленьня таталітарнага рэжыму. Яе значэньне палягала ў тым, што яна ідэйна і палітычна зьяднала разнастайныя ініцыятывы і што ў той пэрыяд, калі не існавала палітычнае апазыцыі і людзі прыстасаваліся да жыцьця ў рэальным сацыялізьме, яна выкрывала сапраўдную сутнасьць нармалізацыйнага рэжыму. Чэхаславакія адразу зрабілася цэнтрам сусьветнае зацікаўленасьці, і гэта ўратавала шэраг дысыдэнтаў ад перасьледу. Хартыя паўплывала на спосаб мысьленьня шэрагу грамадзянаў, таму рэжым урэшце мусіў маўкліва прыняць яе да ўвагі, але ня мусіў садзіцца зь ёю за круглы стол. Нягледзячы на тое, што дысыдэнты мелі малы ўплыў на грамадзтва, улада лічыла іх галоўнай небясьпекай. Яны бесьперапынна былі аб’ектам ейнае ўвагі і перасьледу. Паслабленьне надышло ў сувязі з прыходам да ўлады ў Савецкім Саюзе Гарбачова. Грамадзяне пачалі выступаць публічна, пра што сьведчыць пэтыцыйны рух і дэманстрацыі. У новых умовах зноў паўстала пытаньне пра тое, што могуць і мусяць рабіць дысыдэнты. Адказам было ня толькі ўзьнікненьне новых незалежных ініцыятываў, але й дыскусія ўнутры Хартыі, у якой пачало граць усё больш заўважную ролю маладое радыкальнае пакаленьне, якое сваю дзейнасьць скіроўвала на канфрантацыю з рэжымам. Асабліва важную ролю адыграў андэграўнд, які стварыў уласны арганізаваны рух з каналамі камунікацыі і дыстрыбуцыйнай сеткай, сфармуляваў уласную праграму, арыентаваную на альтэрнатыўную культуру, і выдаваў уласны часопіс «Vokno». Тым ня менш, ён ня меў адпаведнага прадстаўніцтва сярод паўнамоцных прадстаўнікоў Хартыі, хоць ягоная вага ў апазыцыі і расла. Таму Анна Шабатава ў 1987 годзе прапанавала на функцыю паўнамоцнага прадстаўніка Хартыі дзеяча андэграўнду Францішка Старка. Але праз тое, што рэпутацыя андэграўнду была не найлепшая, асабліва бянтэжыў лад жыцьця ягоных прыхільнікаў, супраць Старка ўзьнікла моцная апазыцыя, якую ўтваралі каталікі вакол Вацлава Бэнды і рэформавыя камуністы вакол Рудольфа Сланскага. Гэтая апазыцыя забараніла яго прызначэньне на пасаду. Старак пазьней склаў ад імя маладых хартыстаў дакумэнт, названы «Ліст сарака», мэтай якога было забясьпечыць іх уплыў на дзейнасьць і агульную арыентацыю Хартыі. Праблема вырашылася на сустрэчы з «традыцыйнымі» прадстаўнікамі Хартыі, у праграме якой было два галоўныя пытаньні. Першае было прысьвечанае абмеркаваньню таго, якім чынам андэграўнд мог браць удзел у дзейнасьці Хартыі. Гэтую задачу мусілі вырашаць «Форумы Хартыі-77», каардынатарам якіх быў прызначаны Францішак Старак. Форумы мусілі быць адкрытыя як для новых людзей, так і для новых прапановаў. Менавіта ўцягненьне больш шырокага кола магло пасудзейнічаць пераадоленьню ізаляванасьці Хартыі і яе дэмакратызацыі. Улада справядліва баялася, што форумы прывядуць да актывізацыі хартыстаў, а таму прыкладала ўсе намаганьні, каб перашкодзіць іх правядзеньню. Другім пытаньнем, якое абмяркоўвалася на той сустрэчы, было стаўленьне да дэманстрацыяў, г. зн. ці будуць дысыдэнты толькі назіраць за імі або таксама ініцыяваць і склікаць. Вынікам была арганізацыя дэманстрацыі на Шкоўпавай плошчы. Стаўленьне да дэманстрацыяў было прычынай сур’ёзных нязгодаў сярод дысыдэнтаў асабліва ўлетку 1989 году. Разьняволеньне ў дачыненьнях прывяло да падзелу ў апазыцыйным руху і да ўзьнікненьня новых незалежных групаў. Пэўную процівагу Хартыі-77 уяўляла сабой т. зв. рэалістычная група, сканцэнтраваная вакол Э. Мандлера, якая публічна выступіла ў верасьні 1987 году зь лістом, дасланым Фэдэральнаму сходу, і назвалася Дэмакратычнай ініцыятывай. Мэтай акцыі было забясьпечыць камунікацыю і супрацоўніцтва паміж незалежнымі групамі. Ліст падпісалі і хартысты: Вацлаў Гавал, Пэтар Пітгарт, Рудольф Сланскі ды іншыя. Сваё месца ініцыятыва вызначыла ўжо ў 1986 годзе, калі ахарактарызавала сябе як пэўны кірунак грамадзкага мысьленьня, які шукае й фармулюе выйсьце для паляпшэньня жыцьця грамадзтва, але пры гэтым не жадае ўтвараць палітычнай апазыцыі, супрацьпастаўленай палітычнай уладзе ў дзяржаве. Ініцыятыва выдавала зборнікі, у якіх аналізавала нармалізацыйны рэжым. У адрозьненьне ад Вацлава Гаўла, Дэмакратычная ініцыятыва бачыла прычыну стабілізацыі рэжыму ў сацыяльнай дамове, згодна зь якой кожны, хто шанаваў звычаі, мог спрычыніцца да дабрабыту. Акрамя таго, пад крызай грамадзтва ініцыятыва разумела ня толькі крызу індывіда, але й народу, а таму важнай задачай лічыла аднаўленьне яго цэласнасьці. Сродкам гэтага мусіла стаць палітыка замірэньня і дараваньня, гэта значыць спыненьне дыскрымінацыі палітычных апанэнтаў і абмежаваных у правох грамадзянаў. Але гэта зусім не азначала прымірэньня з уладай. Акрамя народнага замірэньня, наступным пунктам праграмы Дэмакратычнае ініцыятывы была дэмакратызацыя дзяржавы і «нармалізацыя грамадзкага жыцьця», г. зн. легалізацыя малой прыватнай уласнасьці і ахова жыцьцёвага асяродзьдзя. Гэтыя захады павінныя былі прывесьці да паправак у нездавальняючыя законы, да легалізацыі незалежных групаў і лібэралізацыі ў эканамічнай галіне, а рэалізавацца яны мусілі ў т. зв. пераходны дэмакратызацыйны пэрыяд, які б скончыўся прыняцьцем канстытуцыі свабодна абраным парлямэнтам. Свабодныя выбары, разам з аднаўленьнем дзяржаўнага сувэрэнітэту, былі галоўным патрабаваньнем і новай праграмнай заявы ў верасьні 1989 году, калі гэтая група ператварылася ў палітычную партыю з назваю Чэхаславацкая дэмакратычная ініцыятыва. Штуршком да ўзьнікненьня Руху за грамадзянскую свабоду (РГС) было імкненьне пераадолець грамадзкую ізаляванасьць Хартыі-77 і стварыць арганізацыю, якая б ужывала палітычныя мэтады барацьбы. Акрамя таго, непасрэднай прычынай быў разгон трэцяга форуму Хартыі ў студзені 1988 году. Рух нараджаўся цяжка, і толькі 15 кастрычніка 1988 году выйшаў маніфэст «Дэмакратыя для ўсіх», празь які гэтая арганізацыя выйшла ў сьвет. Яго падпісалі 126 чалавек ня толькі з Чэхіі, але і Славакіі. Маніфэст выразна далучыўся да палітыкі, як да месца выражэньня і ўжываньня інтарэсаў грамадзтва. Ягоныя аўтары адмовілі замацаваньне вядучае ролі КПЧ у Канстытуцыі і падзел насельнітва на вышэйшыя і ніжэйшыя катэгорыі. Новая канстытуцыя, паводле іх уяўленьня, мусіла забясьпечыць дзяржаўны сувэрэнітэт. Маніфэст зьвярнуў увагу на дрэнны стан жыцьцёвага асяродзьдзя і выказаўся за плюралізм формаў уласнасьці, а значыць, і за прыватную ўласнасьць у малым і сярэднім бізнэсе. Ён таксама заклікаў да заснаваньня свабодных прафсаюзаў. Маніфэст выклікаў шырокую дыскусію, якая прайшла на старонках часопісу РГС «Альтэрнатыва». Яго не падпісалі ані чальцы Дэмакратычнае ініцыятывы, ані Пэтар Ул, прадстаўнік рэвалюцыйнага кірунку, які назваў яго «маніфэстам для абраных» і папракнуў яго аўтараў у тым, што ў ім няма ані слова аб сацыялізьме. Крытычна да яго паставілася і частка эміграцыі, якая чакала ад дысыдэнцтва хутчэй дзеяньняў, чым словаў. Маніфэст выразна спрычыніўся да палітыкі, але палітычныя патрабаваньні, уключна са скасаваньнем вядучае ролі партыі, ён толькі абвясьціў і ня вызначыў шляху, якім іх можна было рэалізаваць. Уласна кажучы, ён быў толькі сукупнасьцю ўяўленьняў пра тое, як павінна было б выглядаць будучае грамадзтва. Сярод насельніцтва ён ня выклікаў вялікага водгуку: усяго яго падпісала 949 чалавек, што, напрыклад, у параўнаньні з пэтыцыяй «Некалькі сказаў» было вельмі нязначнай колькасьцю. РГС быў ня цэласнай ідэйна арганізацыяй, а вольнай судружнасьцю палітычных групаў і клюбаў, якія не падпарадкоўваліся ніякаму цэнтру. Хутка ў ім пачалі вызначацца асобныя кірункі: вакол Вацлава Бэнды ўтварылася сялянска-дэмакратычная плынь, вакол Даніела Кроўпы і Паўла Брацінкі – грамадзка-дэмакратычная, а вакол Рудольфа Батцека – памяркоўна-сацыялістычная. Такім чынам, РГС быў доказам таго, што й сярод дысыдэнцтва пачала ўзмацняцца тэндэнцыя заснаваньня палітычных партыяў. На мяжы 1988–1989 гадоў зьявілася новая група – Клюб за сацыялістычную перабудову «Адраджэньне», – якая аб’яднала рэформавых камуністаў, актывістаў 1968 году. Падставай для яе ўзьнікненья стала гарбачоўская палітыка перабудовы й галоснасьці. «Адраджэньне» стаяла за сацыялізм, пад якім разумела дэмакратычнае самакіраваньне вольных людзей. Яно выказвалася за эфэктыўнае плюралістычнае гаспадараньне і забесьпячэньне грамадзянскае роўнасьці, справядлівасьці і сацыяльных гарантыяў, за разьвіцьцё прававой дзяржавы і ахову жыцьцёвага асяродзьдзя. Таксама важным яно лічыла судзейнічаць народнай згодзе ўсіх пластоў грамадзтва, мысьленчых і ідэйных плыняў. Прадстаўнікі «Адраджэньня» былі адзінымі, хто наладзіў кантакт з камуністычнымі функцыянэрамі, бо яны меркавалі, што і тыя падтрымаюць палітыку Гарбачова, а тым самым і «Праграму дзеяньняў» 1968 году. Для кіраўніцтва КПЧ гэта было непрымальным. Партыйную эліту непакоіла дзейнасьць «Адраджэньня», скіраваная ня толькі на выгнаньнікаў, але і на чальцоў КПЧ і проста на прадпрыемствы, таму яго лічылі галоўнай небясьпекай. Адраджэньне не распаўсюдзілася сярод шырокіх масаў насельніцтва, бо ні 1968 год, ні сацыялізм не былі для яго выйсьцем з крызы. Ягоны ўплыў быў абмежаваны вузкім колам рэформавых камуністаў. У апазыцыйным руху таксама дамагалася слова маладое пакаленьне. Яно мела іншыя ўяўленьні пра будучыню і пра тое, як іх рэалізаваць. Ягоныя прадстаўнікі былі іншымі, чым старэйшая генэрацыя дысыдэнтаў, і адчувалі, што іх ідэалы могуць сутыкнуцца з ідэаламі стрэйшага пакаленьня ці, у лепшым разе, быць паралельнымі. Гэтыя тэндэнцыі асабліва яскрава адлюстроўвала група «Чэскія дзеці». На знак пратэсту супраць фразаў і надзьмутасьці афіцыйных прамоваў яна карысталася вельмі простай і нават нядбалай мовай. Гэтая група асабліва цікавілася тымі формамі, у якіх ёй адмаўлялі, г. зн. набажэнствам, містыкай, усходнімі культамі. Свае ўяўленьні, якія адрозьнівалі яе ад астатніх незалежных групаў, яна сфармулявала ў «Маніфэсьце». Ягоныя аўтары выказаліся за манархію, вяртаньне маёмасьці цэрквам, ордэнам і шляхце. Аднаўленьне манархіі не было проста жартам, для аднаго з прадстаўнікоў групы – Пэтра Плацка – яно ўяўляла сабою трансцэндэнтную сутнасьць дзяржавы, безь якое яна дэгенэруе і робіцца проста грамадзтвам спажыўцоў. Кароль мусіў сымбалізаваць адзінства краіны і народу. У той пэрыяд былі заснаваныя яшчэ дзьве моладзевыя ініцыятывы: Міратворчы клюб Джона Ленана і Незалежная міратворчая судружнасьць «Ініцыятыва за дэмілітарызацыю грамадзтва», якія зрабілі акцэнт на захаваньні міру і дамагаліся раззбраеньня. Аднак і гэта не было той праграмай, якую б прынялі шырэйшыя слаі насельніцтва. Значэньне гэтых моладзевых незалежных ініцыятываў было перадусім у арганізацыі публічных акцыяў, падчас якіх яны апыналіся ў непасрэдным канфлікце з уладай. Гэтыя групы ўзялі актыўны ўдзел у арганізацыі першай буйной дэманстрацыі ў Празе 21 жніўня 1988 году. * * * Дысыдэнцкі рух ня быў для шырокіх слаёў насельніцтва ані праграмай, ані прыцягальнай дзейнасьцю, у грамадзтве ён застаўся ізаляваным, а значыць, не ўяўляў вялікае небясьпекі для ўлады. Дысыдэнцтва не было падрыхтаванае і да рэвалюцыйнае сытуацыі, якая ўзьнікла пасьля 17 лістапада 1989 году. Падзеньню камунізму асабліва паспрыяў абуджаны грамадзкі рух, які быў рэпрэзэнтаваны творчай інтэлігенцыяй і перадусім студэнтамі. Студэнты таксама першыя адрэагавалі на выбух аксамітнае рэвалюцыі і да самага заснаваньня Грамадзянскага форуму стаялі на чале народнага руху і далі яму праграму. Значэньне дысыдэнцтва, такім чынам, палягала перадусім у тым, што яно выкрывала сутнасьць таталітарнага рэжыму і даказала, што камуністы не змаглі цалкам зламаць супраціву нармалізацыйнаму рэжыму. З чэскай пераклала Тацяна Балашчанка |
7 HLUŠIČKOVÁ, R. – OTÁHAL, M. (eds.): |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 7-8 (47-48) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |